|
Твары маіх сяброў...
Фрагмэнты ўспамінаў
Юры ХАДЫКА
...Адкрыцьцё Беларусі выклікала ня толькі прыкрае адчуваньне занядбанасьці яе помнікаў. Але гарачае жаданьне з гэтым змагацца. Мы былі маладыя, прычым мы, фізыкі, былі абароненыя ад паглядаў Абэцэдарскага. Да таго ж сытуацыя пачала павольна мяняцца. Летам 1968 г. прынята Пастанова Савету Міністраў СССР пра падрыхтоўку й выданьне 200-томнага Зводу помнікаў гісторыі й культуры народаў СССР. Для Беларусі адводзілася 7 тамоў. Том на кожную вобласьць і горад Менск. Зьместам мусіла стаць інфармацыя пра археалягічныя й архітэктурныя помнікі, пра старажытнае мастацтва (г. зв. рухомыя помнікі), творы якога знаходзяцца ў культавых будынках, музэях ці прыватных зборах. А таксама шматлікія й маламастацкія помнікі ахвярам мінулае вайны. Выкананьне адказнага заданьня ўскладалася на Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру Акадэміі навук, які мог прыцягваць для выкананьня працы навукоўцаў унівэрсытэту, політэхнічнага інстытуту, іншых інстытутаў Акадэміі.
Гэта быў адзін з тых грандыёзных праектаў, якія магла яшчэ дазволіць сабе сыстэма, якая пачынала парахнець. Дзіўна толькі, што праект быў выразна гуманітарны і скіраваны на пэўнае ажыўленьне нацыянальных пачуцьцяў. Гэтай акалічнасьцю ён і ставіў беларускіх навукоўцаў у няёмкае становішча. У душах мноства зь іх жыў страх, народжаны сталінскім змаганьнем з нацдэмаўшчынай.
...Першую азнаямляльную экспэдыцыю ў Берасьцейскую вобласьць створаны сэктар Зводу помнікаў правёў у верасні 1969 г. Элеанора Вецер прывезла адтуль першыя ўзоры пашпартоў на помнікі архітэктуры й мастацтва. Неабходны пералік тэхнічных зьвестак і экфрасіс — слоўнае апісаньне мастацкіх якасьцяў помніка. У пачатку сьнежня мы асобна правялі сваю традыцыйную экскурсію энтузіястаў па Берасьцейшчыне, зьвяртаючы ўвагу ўжо і на мастацкія якасьці абразоў. Хоць берасьцейскае Палесьсе — сапраўдны запаведнік драўлянага дойлідзтва...
...Нарэшце, мы ў апошнім пункце экскурсіі — Століне. Столінская царква, на шчасьце, адчыненая. Яна даволі новая і завешана незвычайнымі абразамі. Дакладней, не ўся. А побач з рамесьніцкай маскоўскай вытворчасьцю некалькі сапраўды незвычайных. Са словаў сьвятара даведваемся, што такія абразы прывезены ім з зачыненай і зьнішчанай царквы, што знаходзілася на тэрыторыі вайсковага палігону. І што некалькі такіх жа абразоў ён захоўвае на вышках царквы. Зносім іх уніз. Гэта сапраўды мясцовая школа. Пазьней мы яе назвалі столінскай, і назва замацавалася. Чамусьці мы пачалі прасіць сьвятара аддаць абразы нам. Можа, толькі для трэніроўкі ў экфрасісе. Бо ўжо з кастрычніка працаваў сэмінар па вывучэньні старажытнабеларускага мастацтва. Як аддзячыць добраму чалавеку? Ён адчуў, што мы просім абразы не для гандлю ці прыватнага выкарыстаньня, і разумеў, што пад дахам царквы яны раней ці пазьней загінуць. І аддаў нам. Сярод іх былі цудоўныя «Багамаці Адзігітрыя», «Арханёл Міхаіл», «Укрыжаваньне», «Сашэсьце Сьв. Духу» і інш. Мы прывезьлі ў Мінск восем абразоў...
...Маленькія абразы нам дазволілі павесіць у рабочым пакоі сэктару Зводу, дзе кожны чацьвер зьбіраўся добраахвотніцкі сэмінар па вывучэньні старажытнабеларускага мастацтва. Ідэя арганізаваць яго паўстала ў верасьні 1969 г. Мы цьмяна адчувалі, што наша дапамога, калі добра падрыхтуемся, можа спатрэбіцца сэктару, які не адчуваў рэальнай складанасьці пастаўленай перад ім задачы. Акрамя таго, стварэньне сэмінару дазваляла працягнуць знаёмства зь беларускім мастацтвам у супрацоўніцтве з Элеанорай Вецер. У нас было шмат энтузіястаў такой справы...
...Нам далі дазвол на стварэньне сэмінару пры ўмове правядзеньня ў ім заняткаў па марксісцка-ленінскай філязофіі. Нягледзячы на бязглуздую ўмову, яна нас задаволіла, хоць удзел у сэмінары не вызваляў ад такіх самых заняткаў па месцы асноўнай працы. Акрамя гэтага, мы мусілі складаць плян нашых заняткаў і прымаць правяраючых з парткаму. На гэтых умовах стварэньне сэмінару ўхваліў і прэзыдэнт Акадэміі навук Мікалай Барысевіч. Таксама супрацоўнік Інстытуту фізыкі, дзе ён загадваў лябараторыяй і шмат гадоў быў намесьнікам дырэктара. Ягоную ролю ў стварэньні музэю цяжка перабольшыць.
...У 1969 г. на нас глядзелі як на цімураўцаў і, мабыць, думалі, што пры такіх жорсткіх умовах, якія былі пастаўлены, мы доўга не працягнем. Але мы думалі інакш. Плян быў хутка складзены. Ён прадугледжваў штотыднёвыя заняткі па чатырох цыклях. Адзін — гісторыя Беларусі. Другі — гісторыя сусьветнага мастацтва. Трэці — практычныя заняткі ў складаньні пашпартоў і архітэктурных абмераў. Чацьвёрты — марксісцка-ленінская філязофія. Апошні я ўзяў на сябе, бо і ў сваім інстытуце кіраваў такім сэмінарам. Практычнымі заняткамі па мастацтву кіравала сп. Элеанора. Адукацыйныя цыклы выконваліся мэтадам самаадукацыі. Нехта адзін рыхтаваў тэму, потым ішлі дадаткі й абмеркаваньне.
...У траўні 1970 г. мы закончылі тэарэтычную падрыхтоўку і ў чэрвені правялі два трэніровачныя выезды. Адзін зь іх быў у Новы Сьвержань. Вялікую вёску побач са Стоўбцамі. Дакладней, гэта — былое мястэчка з рынкавым пляцам, па бакох якога стаялі зачыненая царква і касьцёл ХVІ ст. У адным з гэтых выездаў брала ўдзел Натальля Гайда — славутая сьпявачка, якая толькі прыехала ў Беларусь і хацела мець уражаньне пра яе гісторыю і культуру. Дзяржаўны мастацкі музэй у тыя гады дэманстраваў гледачу толькі два старажытныя абразы і дзьве драўляныя скульптуры.
Набліжаўся час экспэдыцыяў, а канчатковага рашэньня пра наш удзел не было. А мы закупілі за свае грошы харчы, пісьмовыя прылады й фотаматэрыялы. Інстытут мог забясьпечыць нас толькі спальнікамі, мятровымі ліноўкамі, якія выкарыстоўваліся для кантрольнага фатаграфаваньня помнікаў вайны, вышыню якіх на месцы можна было вызначыць прыблізна. Ды штангамі, якія выкарыстоўваліся пры геадэзычных працах. Тэадалітаў не было. Мы былі ўзброеныя таксама палявымі біноклямі, што Інстытут фізыкі закупіў за грошы, якія мы зараблялі па гаспадарчых дамовах.
Наш лёс быў вырашаны ў апошні момант: атрымалі паперы на правядзеньне працаў у двух раёнах — Іванаўскім і Дарагічынскім. Транспарту не было прызначана ніякага. Змаганьне ішло да дня ад’езду — 2 ліпеня. Мабыць, сваёй упартасьцю мы «дасталі» кіраўніцтва інстытуту, і яно вырашыла сарваць нашу экспэдыцыю, каб прыкрыць і сэмінар. Зь вялікімі цяжкасьцямі ўдалося выбіць толькі грузавік на адны суткі. Ён павінен быў завесьці нас у Іванава і вярнуцца ў Менск.
Толькі ў другой палове дня мы выехалі на поўдзень Беларусі і позна ўвечары спыніліся каля ганку інтэрнату нейкай вучэльні, пустой у летні час. Што за людзі ў нас у Беларусі! Мы разбудзілі камэнданта, знайшоўшы яго дома; ён і адчыніў дзьверы. Занялі два пакоі, раскінулі спальнікі і заснулі.
Раніцаю (зразумела, сонечнай, бо ўсё гэта адбывалася ў маладосьці!) распрацавалі плян дзеяньняў. Стандартны ў далейшым, але ён дапамог нам выйсьці зь безвыходнага на першы погляд становішча з-за адсутнасьці транспарту. Утраіх, сп. Элеанора, Уладзімір Ляпарскі і я, пайшлі ў Іванаўскі райкам КПБ. Элеанора, як кіраўнік экспэдыцыі, я, як стараста сэмінару, і Валодзя, супрацоўнік Інстытуту фізыкі, як сябра КПСС, які мусіў ажыцьцяўляць ідэалягічнае прыкрыцьцё нашай авантуры. У першапачатным сэнсе гэтага слова. Сакратар пакруціў у руках нашыя паперы і пераадрасаваў нас да загадчыка аддзелу культуры, спаслаўшыся на адсутнасьць у яго часу з-за жніва. Гэта быў горшы варыянт у параўнаньні з тым, які рэалізаваўся ў суседнім Дарагічынскім раёне, дзе нашымі справамі займалася другі сакратар, ідэоляг раёну з большымі паўнамоцтвамі, чым загадчык аддзелу...
...У першы дзень транспарту ня мелі. Таму вырашылі пачаць працу зь вёскі Ляскавічы, якая знаходзілася не далей чым за 1 км ад мястэчка. Там мы атрымалі першы вопыт палявой працы. Прыгожая ляскавіцкая царква ХVІІІ ст. была зачыненая, прычым на два замкі. Адзін — сельсаветаўскі, другі — жыхароў вёскі. Царква была зачынена гвалтам нядаўна. У апошнія гады хрушчоўскай эпохі, калі была разгорнута шырокая кампанія барацьбы з рэлігіяй. Зачынена насуперак волі вяскоўцаў. Жанчыны літаральна сваімі целамі баранілі царкву і не далі яе разбурыць. Але навесіць вялізны замок перашкодзіць яны не маглі. Так і стаяла сіратліва гэтая прыгожая цэркаўка з драўлянай званіцаю перад уваходам, паступова занепадаючы. Прайшло ня менш за тры гадзіны, пакуль мы знайшлі старшыню сельсавету, які трымаў ключ ад аднаго замка, і ўгаварылі вернікаў прынесьці другі ключ. Працавалі потым пад іхным наглядам. Толькі па заканчэньні і ўрачыстага навешваньня абодвух замкоў адносіны да нас крыху пацяплелі і разгарнулася цікавая гутарка.
Некаторыя вясковыя жанчыны былі апрануты ў народныя строі. Мы тады яшчэ не зьбіралі этнаграфічныя рэчы, таму проста разгарнуўся невялікі гандаль. Удзельнікі экспэдыцыі набывалі паясы і цудоўныя тканыя ручнікі за сымбалічную цану — па 3—5 рублёў. Адна старая на нашу просьбу паспрабавала навязаць на галаву намітку — традыцыйны галаўны ўбор беларускіх жанчын, і высьветлілася, што забыла, як гэта робіцца.
Нельга было не заўважыць, што ў гаворцы мясцовых кабет адчуваецца моцны ўкраінскі акцэнт. Я не вытрымаў і запытаў у адной жанчыны, за каго яны сябе лічаць — беларусаў ці ўкраінцаў. «Та, не, — прасьпявала яна ў адказ, — мы білорусы». Мы ня ведалі тады, што сёньняшняя беларуска-ўкраінская мяжа адна са старэйшых у Эўропе. Устаноўлена яна ў сярэдзіне ХVІІІ ст. без уліку этнічнасьці насельніцтва, але абсалютна дэмакратычна.
...Мы прыбылі ў вялікую вёску Моладава. Агледзелі і зафіксавалі разбураны палац Скірмунтаў, прыгожую капліцу, якая была перароблена ў склад на гаспадарчым двары калгасу. Тым часам адчынілі царкву. Будынак даволі стары — канца ХVІІІ ст. Ёсьць сьвятар. Сярод абразоў адметных няма. Аднак фіксуем, што ёсьць. Раптам прыбягае Ляпарскі з паведамленьнем, што на званіцы знайшлі стары звон 1583 г.! Але з лацінскім тэкстам. Падымаюся і бачу вялікі звон, вышыня прыкладна метар, вельмі забруджаны. Спрабую на расчышчаным кавалку знайсьці якое-небудзь прозьвішча. Раптам разумею, што лацінскія літары складаюцца ў зразумелыя словы: «Звон добрагласным голасам звоне, ахвае Госпада нашага ў высшым Сіоне. Отдавай заўжды стварыцелю хвалу ў зацным Войнавым дому».
Гэта была лацінка. Адзін з найбольш раньніх прыкладаў выкарыстаньня ў беларускай пісьмовасьці лацінскага шрыфту. Факту, пра які мы, людзі з вышэйшай адукацыяй, ніколі ня чулі. Тэксты гэтага звону сталі тэмаю майго першага артыкулу. Яны былі панегірыкам Марціну Войну, сэнатару й асабістаму сакратару Жыгімонта Старога. У іх ухваляліся ягоныя грамадзкія заслугі і ўзорнае сямейнае жыцьцё. Ягоны сын Сымон загадаў майстру Марціну Хофману адліць гэты звон у Коўне і перадаць у царкву вёскі Моладава — галоўнай рэзыдэнцыі гэтага старажытнага роду.
...Тады, летам 1970 г., я бачыў перад сабою незвычайны стары звон. Ён трэснуў невядома зь якое нагоды. Праўда, найноўшую гісторыю мы хутка высьветлілі. Звон двойчы здымалі са званіцы. Падчас першай і другой сусьветных войнаў. Сяляне баяліся, што немцы канфіскуюць іхную каштоўнасьць. Апошні раз здымалі не вельмі ўдала, і звон упаў. Калі яго ізноў паднялі на званіцу пасьля вайны, высьветлілася, што званіць немагчыма. Хутка надышлі часы афіцыйнага атэізму. Званіць наогул забаранілі. На гістарычны звон сталі забывацца.
Мы зьнялі яго ў 1977 г. яшчэ раз. Калі ладзілі экспэдыцыі спэцыяльна для збору неабходных экспанатаў для Музэю старажытнабеларускай культуры, адкрыцьцё якога было канчаткова вырашана. Стаяла раньняя восень. У раёне нам далі папяровы дазвол на вываз звону, бо царква была ўжо зачынена, а ў дапамогу мужыка зь сякераю. З тае залатое пароды мужыкоў, якія сякераю могуць адрамантаваць трактар. Мы ўзьняліся на званіцу, якая па-здрадніцку хісталася. Пасьля некалькіх няўдалых спробаў усё ж здолелі асьцярожна апусціць звон проста ў адчыненыя дзверы «уазіка». Звон прастаяў два гады паміж двума шклянымі дзьвярыма прыбудовы, у якую быў пераведзены прэзыдыюм акадэміі на час капітальнага рамонту галоўнага будынку. Потым ён стаў адным з каштоўнейшых экспанатаў акадэмічнага музэю.
Але ненадоўга. У пачатку 1990-х гг., калі з афіцыйным атэізмам было скончана, вернікі моладаўскай царквы зьвярнуліся з просьбаю вярнуць ім звон. Гэтая ініцыятыва была падтрымана мітрапалітатам Філарэтам. І Вольга Церашчатава — дырэктар музэю — звон аддала. Яна парушыла музэйныя традыцыі. Але як чалавека яе можна зразумець. Шкада, але ён наўрад ці звоніць. Мабыць, проста вісіць. Такая гісторыя моладаўскага звону. Нечым падобная да гісторыі Беларусі.
Сярод моцных уражаньняў першай экспэдыцыі трэба згадаць і знаходкі першых датаваных абразоў. Апорных кропак, якія дазвалялі датаваць, хоць бы прыкладна, тыя творы, якія мы фіксавалі. Першым быў абраз Багамаці 1710 г. у вёсцы Бродніца. Потым цэлы музэй у вёсцы Безьдзеж Дарагічынскага раёну, дзе мы знайшлі сапраўдны скарб — абраз Параскевы-пятніцы 1658 г. Да таго ж з дароўным надпісам Антона Санковіча. Гэты чалавек, лаўнік магістрату г. Пінску, гандляваў зернем з Варшаваю. Безьдзеж ляжаў на адлегласьці аднадзённага шляху па старым гасьцінцы на Варшаву. І быў, мабыць, месцам, дзе гандляры спыняліся на адпачынак. Таму зразумела, чаму менавіта абраз Параскевы-пятніцы быў падараваны безьдзежскай царкве. Гэтая сьвятая лічылася апякункай гандлю і сямейнай згоды, бо ў свой час дала зарок маўчаньня і загінула «За Бога».
«За Бога» працягвалі гінуць і маўклівыя помнікі беларускай культуры. Наша экспэдыцыя зафіксавала ў вёсцы Дастоева старую і прыгожую царкву ХVІІІ ст. Там быў ахрышчаны бацька славутага расейскага пісьменьніка Дастаеўскага. Пра яе гістарычную і культурную каштоўнасьць было неадкладна паведамлена старшыні мясцовага калгасу. Аднак гэты мясцовы бай разбурыў царкву з тае нагоды, што царква замінае дзіцячаму садку, які быў нядаўна пабудаваны.
...Незаўважна праляцелі дваццаць дзён нашай экспэдыцыі. Мы выканалі працу. Акрамя таго, сабралі больш за 60 абразоў, узораў драўлянай пластыкі і фрагмэнтаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. ...Вынікі падвялі арыгінальным чынам. Мой добры сябра, зь якім мы разам вучыліся ва ўнівэрсытэце і працавалі ў адным пакоі, Казімір Адзярыха валодаў добрым мастацкім густам і каліграфічным почыркам. Ён прапанаваў зрабіць мастацкую справаздачу пра экспэдыцыю, выкарыстоўваючы малюнкі Віктара Сташчанюка. Галоўным чынам гэта былі відарысы драўляных цэркваў, якія хаваліся ў засені старых дрэваў і фрагмэнты дэкаратыўнай разьбы і чаканкі. Я зрабіў да гэтых малюнкаў кароткія анатацыі.
Казімір маляваў літары і пісаў тэкст, імітуючы старыя рукапісы. Мы зрабілі тры копіі з арыгіналаў Сташчанюка і сшылі іх у альбомы. Гэтыя прыгожыя падарункі аднесьлі дырэктару інстытуту Сьцяпанаву, акадэміку-сакратару Фёдараву і прэзыдэнту акадэміі Барысевічу. Нам было надзвычай важным іх добрае стаўленьне да нашае працы.
...На шляху празь вёску Жарабковічы на Ляхавічы нехта заўважыў некалькі вялікіх валуноў, што стаялі ўздоўж дарогі. Дарэчы, яны і сёньня там. Іх агляд паказаў, што на двух высечаны крыжы, манаграмы Хрыста і Марыі й лічба — 1683. Ужо два гады мы знаёміліся з гісторыяй Беларусі па афіцыйных падручніках і дарэвалюцыйных кнігах. Мы ня ведалі, што гэтыя крыніцы выкладаюць гісторыю ВКЛ выключна з расейскага пункту погляду, без аніякай спробы ўключыць гэтую гісторыю ў эўрапейскі кантэкст. Таму няўцям было, што 1683 г. — знакамітая дата ня толькі ў беларускай гісторыі.
У гэты год, у верасьні, пад сьценамі Вены адбылася рашучая бітва паміж 150-тысячным войскам турэцкага султана і аб’яднаным войскам імпэратара Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі германскага народу Леапольдам і караля польскага і вялікага князя літоўскага, рускага і жамойцкага Яна Сабескага. Пры гэтым вырашальную ролю адыграла армія Рэчы Паспалітай, дзе вялікім гетманам быў М. К. Пац. Той самы, які пабудаваў у Вільні сабор Пятра й Паўла на Антокалі і падараваў яму ганаровы трафей — баявыя турэцкія барабаны, пад грукат якіх янычары ішлі ў апошняю няўдалую атаку. Гэтая параза спыніла няўхільнае прасоўваньне мяжы Атаманскай імпэрыі на захад. Пасьля яе туркі толькі адступалі. Пакуль не пакінулі за сабой невялікі кавалак эўрапейскай зямлі вакол Стамбула. Менавіта гэтая перамога лічыцца гісторыкамі (нерасейскімі) найвялікшай перамогай у змаганьні заходняга сьвету зь ісламскай цывілізацыяй.
Што мы ведалі пра яе тады, у 1971 г.? Я скончыў мінскую школу з залатым медалём. Ведаў, што Сувораў узяў штурмам турэцкую крэпасьць Ізмаіл. Хоць ейны камэндант сказаў ганарлівую фразу, што хутчэй Дунай пацячэ ў адваротны бок, чым будзе пераможаны Ізмаіл. Ізмаіл здаўся. Але гэта не вырашыла зыход расейска-турэцкае вайны за Крым. Нам забівалі галовы рознай гістарычнай драбязой, каб мы ня чулі рэха вялікіх падзеяў, якія адбываліся на нашай зямлі, схавалі ад нас тое, чым мы маглі ганарыцца не праз Маскву ці Санкт-Пецярбург.
Зразумела, што знайсьці гэтыя зьвесткі не ўтварала занадта складанай задачы. Заставалася толькі зразумець, чаму пад Ляхавічамі зьявіліся памятныя камяні з датаю славутай перамогі. Дапамог менавіта Міхал Казімір Пац, вялікі гетман, пра ролю якога распавялі турэцкія барабаны, якія я пабачыў пры чарговым наведваньні Петрапаўлаўскага сабору. Верагодна, памятныя камяні пад Ляхавічамі ёсьць вайсковы мэмарыял XVII ст. У тыя далёкія часы войскі не перавозілі па чыгунцы. Таму, выканаўшы свой саюзьніцкі і патрыятычны абавязак пад Венаю, беларускія харугвы шмат тыдняў цягнуліся да хаты і везьлі на калёсах параненых сяброў. У тыя далёкія часы мэдыцына была недастаткова развітаю. Многія параненыя паміралі ў дарозе. Мабыць, харугвы спыніліся на кароткі адпачынак у Ляхавіцкай фартэцыі. Сёньня зруйнаванай дашчэнту, а калісьці даволі значнай на рацэ Ведзьма. Памерлых падчас адпачынку пахавалі побач з гасьцінцам, які ішоў на поўнач. У накірунку сталіцы княства. Пахавалі з той сьціпласьцю, якая ўласьцівая старажытным ваярам. Каб разгледзець манаграму і дату, трэба нахіліцца да зямлі. Дакладна так, як да славутага помніку тром сотням спартанцаў, якія баранілі Фермапілы ад пярсідзкага цара.
...Мы захапляліся мастацкімі якасьцямі знойдзеных абразоў. Хутка атрымалі і непасрэднае пацьверджаньне цудадзейнай сілы мастацтва. Нашым аўтобусам кіраваў пажылы і вельмі суворы чалавек. Ён катэгарычна адмаўляўся ехаць празь вялізныя лужыны, якіх не бракавала на палескіх прасёлках. Часам нам даводзілася выгружацца і пару кіламетраў цягнуцца да неабходнай нам царквы. І пакуль мы працавалі, дзядзька Пятро чакаў нас каля лужыны. Свае паводзіны ён тлумачыў тым, што яму застаўся толькі год да пенсіі і аўтобус ягоны стары, не прыстасаваны да язды па палескіх лужынах.
Аднойчы вярнуліся з чарговае вандроўкі зь некалькімі абразамі. Ня вельмі старымі. Недзе другой паловы ХVІІІ ст., калі распаўсюдзілася маляваньне алейнымі фарбамі на палатне. Па вяртаньні ў месца нашага базаваньня выставілі абразы побач з набытымі раней уздоўж сьцяны. Дзядзька Пятро, як звычайна, прыйшоў рэвізаваць нашыя трафэі і надоўга спыніўся каля аднаго абраза зь невыразнай выяваю. Лак з часам патрэскаўся і пацьмянеў. Але мы прывезьлі шмат растваральніку, з дапамогаю якога можна зрабіць выяву лепш бачнай. Абразы перад фатаграфаваньнем праціралі пінэнам. Калі ён высыхаў, выява набывала пачатковы выгляд.
Пабачыўшы, што дзядзька Пятро сіліцца разгледзець, я ўзяў бутэлечку пінэну, ватку і працёр паверхню палатна. З-пад муці праступіла выява старога лысага чалавека з добрым тварам, які сядзеў падпёршы рукою галаву, з вачэй яго каціліся буйныя сьлёзы. У куце, вышэй галавы, быў намаляваны невялікі чырвоны певень. «Хто гэта?» — глуха запытаў дзядзька Пятро. «Гэта ваш нябесны патрон, сьвяты Пётра», — адказаў я. «Чаму ён плача?» — «Таму што, не жадаючы таго, тройчы здрадзіў Хрысту, якога вельмі любіў. Хрыстос таксама любіў яго. Перад сваім арыштам ён папярэдзіў Пятра, што той тройчы адцураецца яго, перш чым прапяе певень. Так і здарылася. Пятро быў адзіным з вучняў Хрыста, які пайшоў за ім, калі Хрыстос быў схоплены жаўнерамі. Але тройчы, не жадаючы быць пазнаным ворагамі, адмовіўся ад свайго знаёмства з Хрыстом. І тады засьпяваў певень. Пятро ўзгадаў словы свайго настаўніка і заплакаў. Дарэчы, менавіта Пятру Хрыстос даручыў ключы ад раю. Так што, дзядзька Пятро, у вас там ёсьць блат», — закончыў я свой аповед. Дзядзька глядзеў на абраз, пакуль выява сьвятога Пятра ня зьнікла за бялёсаю заслонаю. Потым падняўся і моўчкі выйшаў на двор. Ён заўжды начаваў у аўтобусе, каб абараніць яго ад злачынцаў. Хоць якія злачынцы ў глыбінях Палесься? З таго вечару не было выпадку, каб дзядзька Пятро адмовіўся везьці нас куды-небудзь. Ці ж гэта не цуд?
...Падчас другой экспэдыцыі ў 1971 г. мы знайшлі першы абраз, выкананы пад моцным уплывам сярэднявечнага грэцкага мастацтва. «Багамаці Адзігітрыя — Смаленская» (ХV ст.). Дакладней, не знайшлі, а пацьвердзілі зьвесткі папярэдняй экспэдыцыі, што ў царкве маленькай вёсачкі на Століншчыне знаходзіцца сапраўдны шэдэўр. Пазьней ён быў вывезены ў Менск экспэдыцыяй Дзяржаўнага мастацкага музэю на чале з Надзеяй Высоцкай (сёньня — доктарам мастацтвазнаўства).
На Століншчыне ў адной глухой вёсцы мы знайшлі два абразы, датаваныя 1796 г. Яны не вылучаліся мастацкім узроўнем, але мелі карысьць і для гісторыі і для гісторыі мастацтва Беларусі. Яны паходзілі з аднаго іканаставу і былі датаваныя з адлегласьцю адзін месяц. Паколькі гэта былі «Хрыстос» і «Багамаці», галоўныя абразы ў іканаставе, паміж імі абразапісец ня мог ствараць іншых. З гэтага вынікала, што на адзін абраз мастак патрабаваў прыкладна месяц працы. Таму на напісаньне абразоў для ўсяго іканаставу яму спатрэбілася каля трох гадоў. Яшчэ два гады ішло на падрыхтоўку дошак. Усяго каля трох—пяці гадоў на аздабленьне царквы адным майстрам з двума памочнікамі.
Другая інфармацыя, што вынікала з укладчыцкіх надпісаў, наогул ашаламіла. На адным з абразоў стаяла дата 32 лютага. Мне адразу прыйшла на памяць аповесьць Гогаля, у якой героем выведзены ненармальны чалавек, які пісаў лісты і датаваў іх гэткімі ж бессэнсоўнымі датамі. Хто ж ня ведае, што ў лютым 28 ці 29 дзён? Гэтая праблема стала адной з тэмаў маіх росшукаў.
Даволі хутка я вызначыў, што каляндар старажытных рымлянаў да рэформы Юлія Цэзара быў вельмі недасканалы. Паўставала праблема дадаваць адзін ці два дні, каб каляндар не разыходзіўся з астранамічнымі зьявамі. Гэта рабілася перад надыходам Новага году, які адзначаўся 1 сакавіка. Далейшае станавілася зразумелым. У лютым 1796 г. зьявілася неабходнасьць дадаць каля дзесяці «лішніх» дзён, каб перавесьці Беларусь з грыгарыянскага календара, які ўжываўся з XVI ст., на прыняты ў царскай Расіі юліянскі каляндар. У лютым 1796 г. у Беларусі мусіла быць 39 дзён! Каб пацьвердзіць гэтую відавочную гіпотэзу, перагледзеў шмат гістарычных крыніцаў, у тым ліку шматтомнае выданьне Законаў Расейскай імпэрыі часоў Кацярыны ІІ. Але ні закону, ні ўказу не знайшоў. Не знайшоў ніводнай спасылкі на гэты факт ні ў расейскіх, ні, што яшчэ больш дзіўна, у працах беларускіх гісторыкаў. Факт каляндарнага гвалту, пераходу ад больш дасканалага да архаічнага календара, — такі характэрны з культуралягічнага гледзішча, стаў паступова губляцца ў гістарычных прыцемках. Таксама, як і шмат якія іншыя факты нашай мінуўшчыны. Адзін з брыдкіх прыёмаў гвалтоўнай русыфікацыі.
...Увосень 1971 г. стала вядома, што па выніках двух гадоў экспэдыцыйнае працы мусіць быць падрыхтаваны макет тома Зводу помнікаў Берасьцейскае вобласьці. Больш за тое, гэты макет трэба абмеркаваць на Ўсесаюзнай нарадзе прадстаўнікоў акадэмічных структураў, якія займаліся падрыхтоўкай выданьня. Стала вядома, што на сустрэчы ў Маскве быць ініцыятарамі такога абмеркаваньня адмовіліся прадстаўнікі ўсіх саюзных рэспублік, у тым ліку РСФСР. Не захацелі стаць прыкладам прадстаўнікі сталых мастацтвазнаўчых і гістарычных школаў Арменіі, Грузіі, Украіны, Расеі, спасылаючыся на вялікі аб’ём працы. А беларусы згадзіліся. Цяжка прыдумаць рацыянальнае вытлумачэньне гэткаму рашэньню. Акрамя, магчыма, таго, на якое ўказаў тагачасны міністар абароннай прамысловасьці СССР Плешакоў, які, пабачыўшы нейкую бязглуздую паперу, падрыхтаваную ягонымі памочнікамі, наклаў на ёй рэзалюцыю: «перш чым падпісваеце, закусвайце!».
Што праўда, то праўда. Піло начальства ў часы брэжнеўскага застою шалёна. Уменьне добра «закласьці за каўнер» і ўстаяць на нагах было адной з умоваў пропуску ў вышэйшыя эшалёны намэнклятуры. Прыклад падаваў Сам. Помню, у той год, калі ў выніку хітрых манеўраў, якія распрацаваў былы ўласны карэспандэнт «Известий» Матукоўскі, Менску нарэшце прысвоілі званьне «Горад-Герой», уручыць узнагароду прыехаў Генэральны сакратар ЦК КПСС. Пасьля ўрачыстага паседжаньня ў тэатры опэры й балету, шчырага застольля Брэжнева ў адкрытым лімузіне павезьлі на вакзал. Быць сьведкамі гэтай гістарычнай падзеі сагналі й навукоўцаў АН. Я стаяў на схіле дарогі крыху ніжэй за Палац прафсаюзаў і бачыў, як з вуліцы Янкі Купалы на праспэкт вылецеў шыкоўны аўтамабіль, у якім сядзеў чырванатвары Брэжнеў. У стане, калі мог павесіць яшчэ адну «Залатую Зорку» на сьцяг гораду. Ехаў у адкрытым аўтамабілі, і ўсе, хто стаяў на ходніках, маглі яго бачыць. Ня тое што сёньняшняга прэзыдэнта Беларусі.
...Першым дырэктарам Музэю старажытнабеларускае культуры пазьней стала Вольга Церашчатава (яна распрацоўвала і макет). Таму мушу расказаць яе біяграфію, вельмі характэрную для людзей, якія нарадзіліся ў сярэдзіне дваццатых гадоў мінулага стагодзьдзя...
Вольга Васільеўна нарадзілася ў 1926 г. у Лоеве. На самым поўдні Беларусі. Калі пачалася вайна, скончыла толькі няпоўную сярэднюю школу. Два з лішкам гады акупацыі для навукі былі страчаныя. Калі не лічыць навукаю майстэрства хавацца ад прымусовага ўгону ў Нямеччыну. Аднак позьняй восеньню 1943 г. усё-такі давялося капаць немцам акопы, якія не дапамаглі — Чырвоная армія неўзабаве вызваліла Лоеў. Ёй ішоў васемнаццаты год. Вельмі хацелася ўзяць удзел у вайне з захопнікамі. І яна запісалася ў разведшколу. Упершыню прыехала ў разбураны Менск, пачала вучыць азбуку Морзэ і асвойваць радыётэхніку. Аднак засылка ў тыл ворага яе мінула. Фронт прайшоў Польшчу, а дзейнасьць разведгрупы на тэрыторыі Германіі бяз веданьня нямецкай мовы была немагчымаю. Тым не менш у Германіі яна пабывала. Была радысткаю ў частках НКВД. Там яна выйшла замуж і нарадзіла сына.
Празь пяць гадоў вырашыла, што сямейнае жыцьцё не склалася. Акрамя таго, быць малаадукаванай афіцэрскай жонкаю не хацелася. Спрацаваў сындром прагі ведаў. Яна забрала двухгадовага сына. Звольнілася з войска і пакінула Эўропу. У Менску пачалося неверагодна цяжкае жыцьцё. Праўда, яе адразу ўзялі на працу ў Акадэмію навук, хоць і на пасаду сакратаркі, у аддзяленьне гуманітарных навук. Мабыць, спрацавала тое, што яна служыла ў спэцвойсках. Кагэбісцкае мінулае ня толькі дапамагала, але і складала шмат праблемаў у дачыненьнях зь людзьмі. Бо яна ніколі не хавала, дзе і кім служыла.
Заробку катастрафічна не хапала. Трэба было ўтрымліваць сябе і сына. А яшчэ плаціць за пакой, дзе яны жылі. Часу не хапала, бо яна адразу пайшла ў вячэрнюю школу, каб атрымаць атэстат сталасьці. Праца, вучоба, а яшчэ шыла адзежу на заказ. Яна мела швейную машынку і прыроджаны густ. Скончыла школу. Паступіла завочна ў Маскоўскі тэкстыльны інстытут. Потым у асьпірантуру Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру. Потым абараніла кандыдацкую дысэртацыю па даваеннай беларускай кніжнай графіцы. Гэта адбылося ў 1968 г.
...Перанясёмся ў былое мястэчка Лужкі на Шаркоўшчыне. Цяпер гэта вялікая вёска зь некалькімі вуліцамі, што даволі рэдка на Віцебшчыне. І велічнымі руінамі барочнага касьцёлу. А таксама з рэшткамі багатай сядзібы з мураванымі гаспадарчымі пабудовамі. Але найбольшае ўражаньне пакінула сьціплая каплічка на скрыжаваньні дарог. На насыпаным кургане вышынёй 6—7 м мураваная вежа метраў 5, якая заканчвалася альтанкай з чатырма арачнымі праёмамі, зь якіх бачна драўляная скульптура Хрыста, ён нёс свой крыж на плячох.
Гэткія велічныя помнікі былі пастаўлены на шляху адступленьня напалеонаўскай арміі з-пад Масквы. Зразумела, іх паставілі не французы, а нашыя суайчыньнікі, дзеці якіх бралі ўдзел у арміі Напалеона Банапарта. На славутым барадзінскім полі корпус пад камандай князя Юзафа Панятоўскага, брата апошняга караля Рэчы Паспалітай, стаяў насупраць войскаў генэрала Баграціёна — нашчадка грузынскай царскай фаміліі. Падчас бітвы корпус Панятоўскага прасунуўся далей за іншыя часткі францускай арміі. І зрабіў значны ўнёсак у перамогу Напалеона ў гэтай бітве. А потым ён усьцілаў трупамі сваіх жаўнераў пакутлівы шлях ад Масквы да Бярэзіны і далей на захад.
«Гора пераможаным!» — гаварылі старажытныя рымляне. Вайна 1812 г. стала для Беларусі не Айчыннай, а грамадзянскай. У шэрагах пераможнага расейскага войска змагаліся таксама дзясяткі тысячаў рэкрутаў зь Вялікага Княства. Браты супраць братоў, што было расплатаю за страту незалежнасьці. І далёкім правобразам таго, што адбывалася падчас Другое сусьветнае вайны.
Лужкі запомніліся таксама закінутай драўлянай каплічкаю на зарослых могілках. У адчыненым напаўразбураным будынку цудам захаваліся прыгожыя бакавыя дзьверы ад іканастава з выявамі арханёлаў Гаўрыіла з кветкаю белай лілеі і Міхаіла з вогненным мечам. Мы прывезьлі іх у Менск. І сёньня, заходзячы ў фонды Музэю старажытнабеларускае культуры, я міжволі спыняюся ля выяваў крылатых бязвусых юнакоў, перададзеных у празрыста-блакітнай колеравай гаме з акцэнтамі сьвежага зялёнага і чырвонага колераў. На поўначы Беларусі любілі гэткую празрыстую гаму. І дакладны востры малюнак.
...У красавіку 1974 г. стваральнікам музэю быў нанесены жахлівы ўдар. Разам зь яшчэ сямю «нацыяналістамі» з Акадэміі навук была звольнена Элеанора Вецер. І ў той жа дзень уся калекцыя вывезена. У 119-м пакоі прэзыдыюму, дзе адбываліся паседжаньні сэмінару і сьцены былі завешаны цудоўнымі абразамі, боўталіся толькі абрыўкі вяровак.
Запанавала «брыдота запусьценьня». Мы ня ведалі, што рабіць. Мінуў пэўны час, перш чым сасьпеў нейкі плян. Найперш мусілі знайсьці новага кіраўніка сэмінару зь ліку супрацоўнікаў сэктару Зводу помнікаў, каб прадоўжыць працу па зборы інфармацыі пра захаваныя творы мастацтва. Зрабіць хоць бы інвэнтар гэтых твораў па Беларусі, калі нельга зрабіць музэй. Ды і проста захаваць сэмінар — адзінае, што заставалася пасьля перажытага.
Крыху паразважаўшы, я прыйшоў да высновы, што найлепшай зьяўляецца кандыдатура Вольгі Церашчатавай. Менавіта яе экспэдыцыі, акрамя нашай добраахвотніцкай, прывозілі ў Мінск творы мастацтва, якія сьведчылі пра яе добры густ. Па-другое, яна была кіраўніком групы мастацтва ў сэктары Зводу, сябрам КПСС і былым супрацоўнікам КДБ. Такі кіраўнік мог бы ўмацаваць пазыцыі сэмінару ў Акадэміі навук. Але былі й перашкоды. Ва ўсіх ранейшых канфліктах, якія выклікаў сэмінар у кіраўніцтве сэктару й інстытуту, я выступаў на баку Элеаноры Іванаўны. Часта супроць Вольгі Васільеўны. І невядома, ці пагодзіцца яна забыць былыя крыўды. Тым больш што гэтыя канфлікты выклікалі палярызацыю ў асяродку супрацоўнікаў сэктару. Так, з Элеанорай Вецер была і Валя Нікіціна, будучая жонка Уладзіміра Караткевіча. Сама добры гісторык-археоляг. Ды і для мяне існавалі псыхалягічныя праблемы. Замена кіраўніка сэмінару ў пэўным сэнсе была здрадаю чалавеку, разам зь якім мы зрабілі сэмінар. Але трэба было выбіраць паміж надзеяй гэты сэмінар адрадзіць і працягнуць працу і псыхалягічнаю здрадай...
...Не марудзячы мы аднавілі свае паседжаньні. Колькасна сэмінар крыху скараціўся. Аднак у ім працягвалі ўдзельнічаць мае калегі Уладзімір Карэлін, Валерый Філіпаў, Ірына Быцева, супрацоўнікі Інстытуту ядзернай энэргетыкі Аляксандар Ярашэвіч і Эльза Максімава, якія далучыліся ў 1972 г. А таксама мая сястра Ларыса — матэматык, Казімір і я. Сп. Вольга прыцягнула да працы таксама супрацоўніцу сэктару Зводу Алу Лявонаву.
Такім чынам нам удалося захаваць працаздольны стрыжань сэмінару. Але яшчэ не было вядома, ці дазволяць нам экспэдыцыйную працу. Таму ў пачатку чэрвеня 1974 г. я зноў пайшоў да прэзыдэнта Акадэміі навук. Насупіўшыся, як звычайна, Барысевіч выслухаў просьбу і буркнуў: «Працягвайце зьбіраць». Меліся на ўвазе экспанаты. Гэта гучала як пераможны гімн. Нашыя пакуты і страты не былі дарэмныя. Мы маглі працягваць сваю працу, якой аддавалі ўвесь свой вольны час. Больш таго, тады я даведаўся, што архітэктары на загад Барысевіча ўжо заплянавалі памяшканьні будучага музэю ў новым акадэмічным корпусе. А жахлівы ўдар па нашай калекцыі й сэмінары быў нанесены таму, што ў траўні 1974 г. чакалася камісія ЦК КПСС па праверцы ідэалягічнай работы ЦК КПБ. І ніхто, нават прэзыдэнт Акадэміі навук, ня мог абараніць калекцыю сакральнага мастацтва, адзінае, што заставалася ад мастацкае спадчыны нашых продкаў. Бо кіраўніцтва Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру, а таксама сэктару Зводу не рызыкавала ўзяць на сябе адказнасьць за захаваньне сабраных помнікаў у акадэміі. Нягледзячы на тое, што гэтае мастацтва не было вывучанае і трэба было выдаваць тамы Збору помнікаў і ўжо запланаваную «Гісторыю беларускага мастацтва» ў 6-ці тамах. З гэтай жа прычыны была адмененая і акадэмічная канфэрэнцыя «Генэзыс беларусаў».
Такі жахлівы быў гэты час брэжнеўскага застою. Распрапагандаваны час мэліярацыі і эканамічнага росквіту. І патрыятычнага Пятра Машэрава. Людзі з акадэмічнымі званьнямі баяліся ўгнявіць маскоўскіх чыноўнікаў хоць якім-небудзь дачыненьнем да беларускага сакральнага мастацтва. І зусім ня мелі хоць бы каліва волі да супраціву магчымаму цемрашальству і шавінізму маскоўскіх рэвізораў, да абароны сваёй нацыянальнай годнасьці. Цалкам магчыма, што яны, рэвізоры, і не зьвярнулі б ніякай увагі на начыньне трох невялікіх пакояў у галоўным корпусе. Аднак спэцыялісты ў мастацтвазнаўстве, этнаграфіі й фальклёры, мабыць, баяліся, што рэвізорам хто-небудзь падкажа пра крамолу ў гэтых пакоях. Такі быў час.
...Сытуацыя, зручная для мэтанакіраванага збору помнікаў, склалася пасьля лета 1977 г., калі Вольга Церашчатава была афіцыйна прызначана кіраўніком музэйнай групы. З гэтага часу і пачаліся спэцыфічныя экспэдыцыі, мэта якіх была ў набыцьці неабходных нам помнікаў мастацтва і паралельна ў куплі помнікаў этнаграфіі і народнага мастацтва. Яны былі менш працяглыя, чым дасьледніцкія, і ладзіліся ў зручны час некалькі разоў на год. Мы ведалі, куды трэба ехаць і што прасіць. Тое, што прасіць ня трэба, мы ўжо сабралі. Атрымаць жа творы сакральнага мастацтва зь дзеючых храмаў было зусім ня проста. Нам дапамагала толькі тая атмасфэра грэблівай абыякавасьці, што панавала ў грамадзтве ў дачыненьні да нейкіх абразоў ды драўляных скульптураў. Ды старая беларуская традыцыя, якая забараняла гандаль храмавымі творамі. Таму нам іх альбо дарылі, альбо не. Але ніводнага разу не прапанавалі купіць. Часам мы сутыкаліся з адукаванымі сьвятарамі, якія добра разумелі сілу мастацтва і таму спрыялі магчымаму стварэньню музэю ў Менску. Хоць ніякіх доказаў гэтаму намеру мы прад’явіць не маглі.
Найчасьцей наш шлях ляжаў на Берасьцейшыну, дзе лепш за іншыя рэгіёны Беларусі захаваліся помнікі мастацтва. І дзе нас заўсёды чакаў добры прыём і падтрымка на цукровым заводзе ў Жабінцы. Намесьнікам дырэктара там працаваў мой даўні сябра Вячаслаў Калбасін. Добры геній нашых экспэдыцыяў. Гэта быў час, калі кіраўнікі вытворчасьці дамагліся пэўнай аўтаноміі ад ідэалягічных органаў. І мелі немалыя магчымасьці. Асабліва, калі квітнела іхняя вытворчасьць. Таму ў Жабінцы нас заўсёды чакаў заводзкі інтэрнат — як база экспэдыцыі. Магчымасьць запраўкі аўтобуса. А часам і асабісты «газік» намесьніка дырэктара, які мог завезьці 2—3-х чалавек у любы куток вобласьці.
...Быў цёплы пахмурны сьнежань 1977 г. На Берасьцейшчыне ішла незвычайная зімовая паводка. У гэты час мы здабылі два надзвычай важныя экспанаты. І абодва з дапамогаю Калбасіна. Спачатку мы ўтраіх — Вольга, Слава і я — паехалі ў Берасьце да благачыннага. Так па-расейску завецца старэйшы сьвятар па царкоўнай акрузе. Вольга Церашчатава была знаёмая зь ім. Сьвятар запрасіў на абед. Пакуль матушка Зіна, прыгожая, маладжавая бландзінка, частавала нас сваімі прысмакамі, бацюшка расказваў розныя гісторыі. А мы ўвесь час пераводзілі размову на маларыцкае Замілаваньне. Так завецца кананічная кампазыцыя багародзічнага абраза, дзе маці лашчыць немаўля Хрыста.
Нарэшце, бацюшка пагадзіўся зьезьдзіць з намі ў Маларыту і разам паглядзець на абраз, які так патрэбны ў Менску. Гэта быў першы крок, бо ў маларыцкай царкве малады сьвятар не згаджаўся без дазволу гэты абраз аддаць нам. Наш абраз стаяў у царкве каля левага клірасу ў новым кіёце. Так завецца зашклёная скрыня, у якую закрываюць каштоўныя творы. Калі мы адчынілі кіёт, то ўсякія сумневы зьніклі. У ніжняй частцы каўчэгу, абрэзанага, каб ікона зьмясцілася б у кіёце, які ня меў ніякай каштоўнасьці, быў бачны кінаварны грэцкі надпіс. Залачоны фон, працёрты зь цягам часу, быў зафарбаваны «бронзавай» фарбаю. Німб, упрыгожаны гравіраваным арнамэнтам, быў пазначаны кропкамі бялілаў. У царкве існуе традыцыя, якая не дазваляе маліцца, калі абраз мае бачныя пашкоджаньні. Таму сьвятар, ня маючы грошай, каб зрабіць новую пазалоту, запрасіў мясцовых умельцаў, якія і паднавілі абраз грубаю бронзаю. Аднак, бясспрэчна, перад намі быў твор прыкладна часоў Вітаўта, выкананы ў стылі позьняга палеалоскага адраджэньня. Стылю, які розьніўся густымі, амаль эмалевымі фарбамі і лёгкаю вытанчанаю графікай.
Так мы набылі самы старажытны абраз, які стаў сапраўднай пэрлінай экспазыцыі. Але лёс яго аказаўся сумным. У сьнежні 1991 г. музэй быў абрабаваны. Зладзеі скралі толькі адзін абраз. Нашае «Замілаваньне». Скралі толькі з-за беспрэцэдэнтнай абыякавасьці дырэктара Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру Станіслава Марцалева. На ягонае імя было пададзена шмат дакладных з просьбаю закратаваць шкляныя дзьверы ў залю мастацтва. Аднак, як вядома, мужык не перахрысьціцца, пакуль пярун ня грымне. Цяпер краты стаяць. Але дзе наш цудоўны абраз, невядома.
Лёс дзьвюх іншых сьвятыняў, якія мы прывезьлі з таго памятнага падарожжа, быў шчасьлівейшы. У старажытную вёску Зьдзітава мы прыехалі, калі ўжо згушчаліся раньнія зімовыя прыцемкі. Царква, пабудаваная каля 1540 г., аточаная векавымі дрэвамі, стаяла на беразе Днепра-Бугскага каналу. Пакуль сп. Вольга хадзіла па сьвятара, мы чакалі на ганку, назіраючы, як згасала на захадзе аранжава-ружовая палоска. Нарэшце зьявіўся высокі сівабароды сьвятар і адчыніў царкоўныя дзьверы. Мы зайшлі ўсьлед за ім у паўцёмнае невялікае памяшканьне. Змрок не расьсеяла і цьмянае сьвятло электрычнай лямпачкі. Але яго было дастаткова, каб пабачыць вялікі абраз «Багамаці Адзігітрыі Іерусалімскай» — галоўнай сьвятыні храму. Ён, канешне, быў замаляваны. І даволі неахайна. З-пад алейнага запісу праглядаліся першапачатковыя фарбы адзеньня, мафорыю і хітону. Фон абраза быў пакрыты буйным расьлінным арнамэнтам і моцна працёртай пазалотай. Язык не паварочваўся прасіць галоўную каштоўнасьць небагатага ўбраньня царквы. Пачала сп. Вольга. Яна гаварыла пра нашу мару стварыць Музэй старажытнабеларускае культуры. Пра тое, якую каштоўнасьць уяўляе для гісторыі мастацтва зьдзітаўскі абраз. І якое пачэснае месца ён зойме ў нашай экспазыцыі. Бацюшка слухаў, не спускаючы вачэй з абраза, даволі доўга. Потым цяжка ўздыхнуў і сказаў: «Ну, што ж, забірайце. Людзі сталі мала хадзіць у царкву. Можа, у Менску ён прынясе больш карысьці».
...Наступны прыклад гэтаму. У вёску Дзівін на поўдні Кобрынскага раёну мы прыехалі ўтрох — Слава Калбасін, Вольга і я. На «газіку» намесьніка дырэктара Жабінкаўскага цукровага заводу. Дзівін прыцягваў нас таму, што ў гэтай вялікай вёсцы былі аж дзьве царквы. Старая драўляная ў стылі беларускага барока з дзьвюма вежамі на фасадзе. Зачыненая. І мураваная, часоў Мураўёва-вешальніка, якая дзейнічала. У яе і было зьвезена начыньне старое царквы. Таму сьцены новай былі завешаны мноствам старых абразоў. Асабліва цікавы быў адзін. Прыкладна ХVІІ—ХVІІІ стст. Прысьвечаны сьв. Ануфрыю. З ім была зьвязаная сьмешная гісторыя.
У 1970 г. гэты абраз вывучаў доктар мастацтвазнаўства Віктар Шматаў, тады ўдзельнік экспэдыцыі В. Церашчатавай. Ён і выкарыстаў тэрмін «пачвара», каб абазначыць зьвера, які быў выяўлены ля ног сьвятога. Ягоны тэрмін «пачвара» я выкарыстаў пазьней для ёрніцкіх камэнтараў на Ўсесаюзнай нарадзе ў 1972 г. Бо ні Шматаў, ні Церашчатава ў тыя часы ня ведалі аднаго дробнага правіла абразапісаньня, якое патрабавала ачалавечваць аблічча зьвера, калі ён у нейкім сэнсе пераадольваў сваю зьвярыную прыроду. І ня ведалі агіяграфіі — жыційнага апісаньня сьв. Ануфрыя, дзе апавядалася пра яго пустэльніцкае жыцьцё ў пячоры на беразе Ніла ў поўнай гармоніі з навакольным сьветам. Так што, дзікі леў «служыў яму як сабака і лізаў яму пяты», як сьцьвярджала агіяграфія. Таму на абразе леў меў амаль чалавечы твар. Пазнаць у ім зьвера сапраўды было нялёгка.
І вось мы бачым гэты цікавы абраз, дзе выяўлены ўкленчаны аголены аскет з доўгай сівой барадою ля чорнай зяпы пячоры. Над ёю расьце пальма. Удалечыні бачна шэра-блакітная стужка Ніла. А перад укленчаным у малітоўнай позе сьвятым, прытаптаўшы хмарку, лунае анёлак зь цяжкімі ступнямі і далонямі. І неверагодным зьдзіўленьнем на твары. Анёлак трымае залатую чашу і працягвае абыякаваму сьвятому лыжачку зь ежаю. Бо ня можа зразумець, як можна ня есьці і ня піць, а толькі маліцца. А моліцца Ануфры новазапаветнай Тройцы, выяўленай у хмарным коле ў правым верхнім куце. З улікам сьвежага срэбнага фону, на якім разгортваецца падзея, «пачвары» ля ног сьвятога і некананічнага анёлка — гэта яскравы прыклад жывога, незасушанага сакральнага мастацтва. Прыклад проста неабходны для экспазыцыі, калі яна хоча адлюстраваць сапраўдную творчую шырыню беларускага абразапісаньня.
Пачынаем упрошваць маладога сьвятара ахвяраваць абраз для будучага музэю. Але безь вялікага посьпеху. Ён адмаўляецца, нягледзячы на тое, што ў царкве шмат абразоў. І што Ануфры відавочна ўніяцкі абраз, якія праваслаўныя не шануюць. Нічога ня дзейнічае. Тады я пускаю ў ход забаронены прыём. Пытаюся ў сьвятара, ці чуў ён пра арыянскую ерась. Ён чуў. А ці ведае, што апанэнтам Арыя, які абараняў праваслаўны погляд на трыадзінага Бога, быў менавіта Ануфры. Ён згаджаецца. «Чаму ж вы прапагандуеце арыянства?» — пытаюся, паказваючы пальцам у правы верхні кут абраза, дзе замест Тройцы засталіся толькі бог Саваоф і Хрыстос. Мясцовыя мужыкі, якіх сьвятар запрасіў паднавіць абраз, бо срэбра фону сьцерлася да чорнае паталі, замазалі алюмініеваю фарбай галубка — Духу Сьвятога. Сьвятар разгублена маўчыць. Не пярэчыць, што спрэчка ішла вакол асобы Хрыста, боскую прыроду якога Арый адмаўляў. А не вакол Духу Сьвятога. І нарэшце пакутліва махнуў рукой — забірайце.
...Але вернемся да зьбіральніцкае працы. Я ўжо казаў, што з прыходам у сэмінар Вольгі Церашчатавай мы пачалі зьбіраць таксама этнаграфічныя рэчы і народнае мастацтва — ганчарныя і ткацкія вырабы, лялькі і музычныя інструмэнты, вопратку і прылады працы. І гэта таксама аказалася вельмі цікавай справай. Мы шмат даведаліся, пра што не было магчымасьці тады прачытаць ні ў адной кнізе. Так, да прыкладу, аднойчы на Магілёўшчыне трапілі ў вялікую вёску, якая дзялілася на тры часткі — шляхту, мужыкоў і слабаду. У слабадзе сяліўся прышлы люд. Там не было ніякай этнаграфіі. Нешта было ў мужыкоў. А найбольш у шляхты. Як па колькасьці, так і па якасьці. Але галоўнае не ў гэтым. Калі чытаеш, што ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім кожны восьмы належаў да вайскова-служылага стану, г. зн. быў вольным і паўнапраўным грамадзянінам шляхоцкае рэспублікі, то міжволі паўстае пытаньне — куды зьніклі гэтыя мужныя і вольналюбівыя людзі, якія каралю гаварылі «пан-брат», а не «я — Ваш раб, Ваша высокаправасхадзіцельства». Нават з улікам таго, што расейскі цар Мікалай І пяцёх з шасьці шляхцічаў пазбавіў дваранскае годнасьці. Хацелася ведаць, у чым была іхняя роля, акрамя ўдзелу ў паспалітых рушэньнях, і як яны жылі.
Магілёўская вёска дала нам наглядны адказ. Хаты шляхты былі чысьцейшыя, а гасподы багацейшыя. У куфрах пажылых жанчын захоўваліся цудоўныяя андаракі, блузы, паясы, ручнікі і абрусы. Нават праз 150 гадоў пасьля страты сваіх прывілеяў «аднаконная» шляхта выконвала ролю правадніка культуры і абаронцы традыцыяў. Гэта надае мне жыцьцёвы і палітычны аптымізм. Цар Мікалай зрабіў нам паслугу, зламаўшы сацыяльныя перагародкі. Таму сёньня ў крыві кожнага беларуса ёсьць хоць кропля блакітнае крыві. Рана ці позна яна азавецца.
...Час адкрыцьця музэю набліжаўся. Мы ведалі, што прэзыдэнт Акадэміі навук жадае, каб экспазыцыя была гатовая да дня пяцідзесяцігодзьдзя Акадэміі, сьвяткаваньне якога было прызначана на сярэдзіну траўня 1979 г. На музэйную групу і на сэмінар наваліліся новыя нечаканыя задачы, якія мы часта вырашалі незвычайным спосабам. Пра гэта мае сэнс расказаць, дзеля гістарычнае праўды. Бо высьветлілася, што сабраць, расклясыфікаваць і прывесьці экспанаты да выставачнага выгляду яшчэ ня ўсё, што трэба для адкрыцьця музэю.
Першай і самай складанай была будаўнічая праблема. Пры першапачатковай замове архітэктару, мабыць, не было зроблена вычарпальных тлумачэньняў, што за музэй плануецца ў трохузроўневым будынку паміж дзьвюма 20-павярховымі вежамі на сутыку вуліцаў Акадэмічнай і Сурганава. Я ўжо казаў, што пра існаваньне пляну пабудовы памяшканьняў музэю я даведаўся напачатку лета 1974 г., калі сэмінар узначаліла В. Церашчатава. Але пра плян музэю мы даведаліся толькі тады, калі будынкі былі рэальна ўзьведзены. Высьветлілася, што ў адрозьненьне ад звычайнай практыкі ў акадэмічнага музэю фондасховішча месьціцца вышэй за экспазыцыйныя залі. Гэта яшчэ палова бяды, хоць і абцяжарвала задачу абсталяваньня фондасховішча аўтаматычнаю касэтнаю сыстэмай. Сапраўдная бяда чакала наперадзе.
Сп. Вольга ўжо мела права сачыць за вядзеньнем будаўнічых работ. Але і для яе стала нечаканасьцю, што два прасторныя памяшканьні фондасховішчаў у адзін дзень аказаліся перагароджаныя на тры меншыя кожны. Высьветлілася, што пажарны нагляд зразумеў тэрмін фондасховішча як склад. А склады згодна супрацьпажарным нормам ня могуць быць вельмі прасторнымі. Гэтая будаўнічая навацыя нішчыла нашу мару мець сучаснае фондасховішча. Узор касэтнай сыстэмы мы зь Церашчатавай бачылі ў польскім мястэчку Ланьцут зь яго цудоўным музэем, які месьціўся ў замку Любамірскіх — Патоцкіх. Ужо ў пачатку 70-х гг. замак быў цалкам адрэстаўраваны. Быў вернуты ягоны мастацкі інтэр’ер. У парку знаходзілася стайня, пераробленая на фондасховішча. Па падлозе былі пракладзеныя рэйкі, па якіх каталіся вялікія жалезныя рамы, зацягнутыя мэталёвымі сеткамі. Да іх мацаваліся абразы. Кожную раму пры патрэбе лёгка было выцягнуць, каб разгледзець той ці іншы твор. Потым рама вярталася назад. Такім чынам палову фондасховішча займалі шчыльна ўпакаваныя рамы. Палова была вольнаю. У Ланьцуце фондасховішча было проста велізарных памераў. Там месьціліся тысячы ўніяцкіх абразоў з цэркваў на паўдзённым усходзе Люблінскага ваяводзтва, зачыненых пры сацыялістычнай Польшчы.
Мы вырашылі ўдасканаліць гэтую сыстэму, праклаўшы рэйкі, па якіх коцяцца рамы не па падлозе, а пад стольлю. І зрабіць аўтаматыку, каб рамы не цягаць фізычнай сілай. Наш заказ быў выкананы на досьледнай вытворчасьці ЦКБ Акадэміі й аплочаны з тых грошай, якія зарабляла мая лябараторыя за ваенныя заказы. І цяпер мы былі пастаўленыя перад неабходнасьцю альбо адмовіцца ад ужо зробленай сыстэмы, альбо ісьці да пажарнікаў, каб яны далі дазвол пабудаваныя перагародкі зьнесьці.
Пераканаць пажарнікаў у тыя гады было амаль немагчымаю справай. Але не для сп. Вольгі. У рэшце рэшт, пажарнікі не вытрымалі яе націску і здаліся. Мы кінуліся да будаўнікоў — разбурайце перагародкі і вяртайцеся да першапачатковага пляну. «Дудкі, — пачулі мы ў адказ, — за перагародкі заплочана. Шукайце грошы на іх разборку, альбо разьбірайце самі». Грошы на аплату знайсьці складаней, чым разьбіць самім.
Так раніцаю аднае восеньскае суботы 1978 г. у недабудаваным музэйным будынку сабраўся наш сэмінар, узмоцнены добраахвотнікамі з маёй лябараторыі. І ўзброены малаткамі, сякерамі й прабойнікамі. Я расставіў наяўныя сілы ўздоўж перагародак, і праца закіпела. Праз гадзіну мы былі ў пыле з ног да галавы і мокрыя ад поту. Але толькі некалькім найбольш дужым фізычна хлопцам удалося прабіць невялікія адтуліны. Мы сабраліся на перакур. І тут Валодзя Карэлін, фатограф і штурман нашых экспэдыцыяў, усклікнуў: «Хлопцы! Мы забылі!». «Што?» — паспеў сказаць я. «Таран!» — выгукнуў Карэлін. Далей тлумачыць не было патрэбы. Некалькі мужыкоў зьбегалі па бервяно, і праз паўгадзіны ад чатырох сценак засталіся толькі груды бітай цэглы. Эфэктыўнасьць тарану ў параўнаньні з прабойнікамі неверагодная. І пераканаўчая дэманстрацыя пераваг калектыўных намаганьняў. Такім чынам будаўнічая праблема была вырашана, і ў фондасховішчы была ўсталявана сучасная касэтная сыстэма.
...Да цудаў, якія суправаджалі зьбіральніцкую працу, належыць, бясспрэчна, і вяртаньне з Масквы сямі беларускіх абразоў. Вяртаньне мастацкіх каштоўнасьцей наогул складанейшая праблема. Тым больш што паміж Беларусьсю й Расеяй пагадненьня аб рэстытуцыі музэйных каштоўнасьцей не было і няма сёньня. Але нам гэта часткова ўдалося. Калі не лічыць «Блакітнага Усьпеньня» ў Трацьцякоўцы, якое масквічы ўпорыста выдаюць за цьверскую школу, хоць абраз быў вывезены зь Менску, толькі экспазыцыя Гістарычнага музэю ўтрымлівала два беларускія абразы і адзін сармацкі партрэт. Гэта сьведчыла пра тое, што ў сховах музэю маглі быць і іншыя беларускія рэчы. І, як мы ведалі, у фондах абразоў налічвалася шэсьць тысячаў адзінак захаваньня.
Трапіць у фонды было няпроста. Доўгі час імі загадвала нехта Аўчыньнікава. Яе адрозьнівала ня толькі некантактнасьць, наогул характэрная для мноства музэйшчыкаў, але і невытлумачальная нелюбоў да Беларусі. Яна, напрыклад, у сваіх працах адмаўляла ў беларускім паходжаньні «шляхцічу горада Смаленска Станіславу Лапуцкаму» і прыпісвала творы яшчэ аднаго беларуса Васіля Пазнанскага армяніну Салтанаву. І вось сп. Вольга падчас аднае камандзіроўкі ў Маскву даведваецца, што Аўчыньнікаву адправілі на пэнсію, фонды ўзначаліў малады выпускнік Маскоўскага ўнівэрсытэту. Яна тут жа зьвяртаецца да дырэктара ДГМ Лавіцкага, якога ведала праз Горына, і дабіваецца згоды на наведваньне фондаў. Калі не будзе супраць новы загадчык Аляксей (...). Яна выклікае мяне зь Менску, і мы разам ідзём да Аляксея. Малады хлапец, крыху зьбянтэжаны ўвагаю да сваёй асобы, згаджаецца пусьціць нас у фонды. Але толькі на абмежаваны час. На 1,5—2 гадзіны, пакуль ён будзе заняты. Пры гэтым ён выказвае сумненьне ў тым, што нам удасца што-небудзь знайсьці.
Сапраўды, у велізарнай залі стаяць стэлажы, на якіх у два і тры паверхі разьмешчаны абразы, зьвезеныя з цэркваў Масквы. Аляксей зачыняе дзьверы, і мы застаёмся адны. І вырашаем не выцягваць абразы для агляду, а толькі абмацваць іх. Бо нашыя абразы маюць рэльефныя фоны і шырокія палі, якія аддзяляюць сьветлавыя вокны накладнымі броўкамі. Прыкметы, якія лёгка разпазнаюцца навобмацак.
Аляксей быў зьдзіўлены, калі вярнуўся і даведаўся, што мы прагледзелі ўсе стэлажы і выбралі сем твораў. Ягонае зьдзіўленьне яшчэ больш узрасло, калі зьвяраючы па кнізе ўліку ён пераканаўся, што ўсе абразы зь Беларусі. Больш за тое, два з трафейнага фонду ў Ноўгарадзе, куды былі зьвезены вернутыя з Германіі музэйныя каштоўнасьці. Гэтыя два абразы з царквы вёскі Латыгава (сёньня — у Віцебску) 1744 г. былі апісаныя яшчэ Міколам Шчакаціхіным. Таму можна прад’явіць прэтэнзіі былой дырэктарцы ДММ Аладавай, як яна шукала даваенную калекцыю менскага музэю і дзе яна зьнікла, у Германіі ці Расеі?
У той жа дзень сем нашых абразоў былі ў майстэрні Івана Горына, недалёка ад беларускага вакзалу. Мы закупілі на бліжэйшы цягнік купэ. Укуталі нашыя каштоўнасьці ў тыя анучы, што знайшлі ў Івана Пятровіча, і раніцаю нас ужо сустракала ў Менску Ірына Быцева, якая загадзя заказала таксі. Абразы былі даволі вялікія. Таму багажнік не зачыняўся. У такім выглядзе мы і даехалі да Акадэміі навук. Лёс гэтых абразоў і наш вопыт ставіць праблему рэстытуцыі на парадак дня ў незалежнай Беларусі. Але я пакуль не чуў, каб гэтым было заклапочана нашае міністэрства культуры.
...Нарэшце надышоў дзень адкрыцьця. У Менск на сьвяткаваньне 50-годдзя Акадэміі навук Беларусі зьехаліся прадстаўнікі АН СССР і акадэмій саюзнах рэспублік. Незадоўга перад абедам у залю народнага мастацтва ўваходзіць вялікая група гасьцей на чале з Барысевічам і Аляксандравым, які быў тады прэзыдэнтам саюзнай Акадэміі. Іх сустракае сп. Вольга і пад наглядам Марцалева пачынае экскурсію. І тут я бачу, што ад агульнага натоўпу адышоў невысокі пажылы чалавек, пазнаю ў ім Віктара Амбарцумяна, сусьветна вядомага астрафізыка, двойчы Героя Сацпрацы, прэзыдэнта Акадэміі навук Арменіі. Падышоў да яго і прапанаваў паказаць яму экспазыцыю. Калі абышлі і вярнуліся ў залю народнага мастацтва, я пабачыў, што трохзоркавы акадэмік Аляксандраў нерашуча стаіць каля століка, дзе мы загадзя паклалі Кнігу водгукаў. Тады я прапаную Амбарцумяну першаму пакінуць свой запіс. Мой разьлік на самастойнасьць і незалежнасьць армянскага прэзыдэнта спраўдзіўся. Ён спакойна падышоў да століка і пакінуў свой водгук. «Благодарю не только товарищей, показавших мне этот замечательный музей древней белорусской культуры, благодарю организаторов этого музея, раскрывающего глаза посетителей на богатейшие культурные традиции белорусского народа.
Я, представитель Армянскай Академии наук, знал и до сих пор, что у белорусов можно очень многому поучиться. Но, увидев музей, ухожу в восторге, жалея о том, что не могу более подробно ознакомиться с каждым из его экспонатов.
Да здравствует наша родная Беларусь, край древней и изящнейшей культуры».
За Амбарцумянам пачалі пакідаць водгукі іншыя. І тыя, хто быў у музэі ў той день і хто наведваў яго пазьней. 4 ліпеня пакінуў свой запіс Алесь Адамовіч: «Спатрэбіўся энтузіязм, адданасць свайму краю і талент адзінак, каб многія ўбачылі і зразумелі, што ў іх пад нагамі і вакол іх! Якія багацці культуры (ці цені былых багаццяў) меў і мае наш народ. Далей няхай не здарыцца так, што мы забудзем, хто гэта зрабіў для нас. І як гэта выдатна, што побач з нашай дарагой Вольгай Васільеўнай, што абараніла гонар гуманітарыяў, справу гэтую рабілі ... фізікі!»
12 ліпеня музэй наведаў Рыгор Барадулін. 23 жніўня Уладзімір Караткевіч прывёў Васіля Быкава. Потым былі Максім Танк і Ларыса Геніюш. Мітрапаліт Філарэт і Патрыярх Алексій ІІ. Ніна Сьняжкова і Алесь Петрашкевіч. У той час загадчык адзела культуры ЦК КПБ.
Музэй старабеларускай культуры пачаў сваё жыцьцё. Гэта адбылося 15 траўня 1979 г. Праз 10 гадоў пасьля стварэньня сэмінару па вывучэньні старажытнабеларускага мастацтва. Ірына Быцева — старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту фізыкі і пастаянны ўдзельнік сэмінару склала сьпіс аматараў. Тых, хто браў непасрэдны практычны ўдзел у стварэньні музэю. Такіх набралася каля 120 асобаў. Дзякуй ім усім. Бо ні да 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя, ні пазьней стварыць такі музэй было б немагчыма...
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА |