БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 4-5/2003      Тэма нумару: Музеі і архівы

Радзівілы, мастак Ксавэры Дамінік Гескі й Саксонія

Вольга БАЖЭНАВА

У сярэдзіне ХІХ ст., калі Уладзіслаў Сыракомля пісаў сваю знакамітую кнігу «Падарожжа па маіх былых ваколіцах», сям’я Гескіх ужо была авеяная паданнямі. У Нясвіжы пры двары князёў Радзівілаў у ХVІІІ ст. працавалі два пакаленні майстраў з сям’і, малодшы, сын Гескага-старэйшага Юзаф памёр каля 1810 г.

За Ксавэрам Дамінікам Гескім-старэйшым замацавалася аўтарства роспісаў касцёлу Божага Цела ў Нясвіжы, за малодшым — упрыгажэнне касцёлу дамініканцаў, які ў месце нясвіжскім, на жаль, не захаваўся.

Мінула багата часу з тых дзён, але мы вельмі мала наблізіліся да разгадкі таямніцы мастакоў Гескіх, не ведаем, хто яны, дзе вучыліся, скуль прыехалі ў Нясвіж і Беларусь.

Пачатак доследу ўсялякага невядомага пытання пачынаецца з прачытання архіўных дакументаў. Калі адпаведныя матэрыялы пашанцуе знайсці, паўстаюць два шляхі іхняга выкарыстання. Гэта прачытанне дакументаў з адлюстраваннем пераказаных у іх фактаў і супастаўленне гэтых жа фактаў з ужо вядомымі іншымі фактамі і матэрыяламі.

У выпадку аповеду пра сям’ю Гескіх паспрабуем скарыстацца абодвума спосабамі.

Найбольш значная калекцыя архіўных дакументаў пра сям’ю Гескіх знаходзіцца ў Архіве старажытных актаў у Варшаве (Archiwum Gіуwne Akt Dawnych, AGAD) — гэта больш за дзесятак лістоў Ксавэрыя Дамініка Гескага свайму патрону, князю Міхалу Казімеру Рыбаньку (1702—1762) і судовая позва, названая «Актам належнасці» 1794 г. ад сына мастака Юзафа Ксавэрыя Гескага. Адказ на пытанні пра паходжанне, навучанне і час прыбыцця ў Нясвіж мы паспрабуем атрымаць з ранніх лістоў 1740-х гадоў, напісаных на французскай і нямецкай мовах Гескім-старэйшым.

Найбольш поўны факталагічны выклад архіўных матэрыялаў пра сям’ю нясвіжскіх жывапісцаў вядомы з 1979 г., часу публікацыі трэцяга тому «Слоўніка польскіх мастакоў», фундаментальнага, не скончанага дагэтуль выдання Польскай акадэміі навук. Добрасумленная польская даследніца Сусана Прушынска склала для яго г. зв. слоўнікавы артыкул пра мастакоў. Максімальна сцісла яна працытавала архіўныя дакументальныя факты. Але пры гэтым, следам за Е. Лапаціньскім, паўтарыла тэзу пра гэбрайскае паходжанне Ксавэрыя Дамініка Гескага, выказаную навукоўцам у артыкуле 1957 г. пра замак у Белай Падляскай і заснаваную на кепска адчытаным з нямецкай мовы лісце. Гэты ліст, датаваны 1740 г., зрабіўся прадметам нашага ўважлівага аналізу. Даць рады з яго зместам сапраўды даволі складана. Неахайнасць почырку, няскончанасць выразаў, адсылкі да нейкіх невядомых сітуацыяў ускладняюць яго разуменне. Давялося звяртацца да беларускіх спецыялістаў па старанямецкай мове, але тэкст аказаўся складаным і для іх. Патрабаваўся вузкі знаўца прадмету. Гэтакі эксперт знайшоўся ў асобе доктара філалогіі, выкладчыцы факультэту германістыкі Варшаўскага універсітэту Эвы Гелер. Рэаліі лёсавызначальнага для Ксавэрыя Дамініка Гескага 1740 г. праясніліся ў кантэксце прачытанага ёю дакументу. І, зразумела, прыгадка гэбраяў у ім зусім не была звязаная з гэбрайскім паходжаннем майстра — насуперак меркаванню Лапаціньскага.

Звернемся да фактаў. Кантракт з Ксавэрам Дамінікам Гескім князь Радзівіл Рыбанька заключыў у 1727 г. (гэта пакінута С. Прушынскай па-за ўвагай). Кантракт згарэў падчас пажару дому Гескіх у 1790-я гг., і паведамляе пра яго толькі сын Гескага Юзаф-малодшы ў «Ноце належнасці» 1794 г. Мы спраўдзілі гэтую дату праз шэраг ускосных звестак, і яна падаецца цалкам праўдзівай. Дадатковыя абставіны высвятляюцца праз аднаўленне сваяцкіх сувязяў мастака, вызначэнне ягонага сямейнага статусу, кола знаёмых і сяброў. Сямейныя і прыяцельскія прыярытэты ў ХVІІІ ст. мелі досыць традыцыйны характар і шмат у чым вызначалі «жыццёвыя сцэнары» людзей.

Высвятляецца, што Ксавэры Дамінік Гескі прыбыў да двара князя Радзівіла разам з цесцем доктарам Андрэем Малерам, які да самай сваёй смерці ў 1743 г. быў прыдворным лекарам жонкі Рыбанькі Францішкі Уршулі. Князь высока ставіў прафесійныя якасці лекара. У адпаведным томе штодзённых запісаў свайго «Дыярыюшу» князь пакінуў поўныя жалю словы: «Доктар медыцыны Андрэй Малер, па нацыянальнасці саксонец, які служыў у мяне шаснаццаць гадоў (значыцца, з 1727 г.), лютэранін, адыходзіў у дзень святога Гаўрыіла ў смяротнай хваробе, і ўжо прыняў апошняе прычасце... Цела доктара з пышнаю цырымоніяй правёў да касцёлу айцоў езуітаў» (запіс 25 сакавіка 1743 г.). Гэтае сведчанне выключае гэбрайскае паходжанне Ксавэрыя Дамініка Гескага, паколькі ў асяродку лютэранаў такія звязы не былі прыняты. Да Андрэя Малера ёсць два лісты па-французску Ксавэрыя Дамініка Гескага, доктар называецца ў іх «дарагім папам», у іх апавядаецца пра жонку і дзяцей Гескага, а жонка, у сваю чаргу, робіць у лісце прыпіску. Апрача прыгаданага, захаваўся «віншавальны адрас» К. Д. Гескага таму ж Андрэю Малеру, пісаны на латыні ў 1741 г. Тэкст дэманструе класічную адукаванасць мастака, які не толькі вольна карыстаецца класічнаю мовай, але й выказвае думкі ў вобразах старажытнага свету, у прыватнасці, грэцкага. Ксавэры жадае цесцю дажыць да «ўзросту старога Нерона», доўгажыхара з «Адысеі» Гамера.

Калі доктар Андрэй Малер быў саксонцам, верагодна, што ён і яго зяць, мастак К. Д. Гескі, былі запрошаныя на двор Радзівілаў з Саксоніі. Князь Рыбанька ездзіў у 1727 г. у Дрэздэн, сталіцу саксонскіх курфюрстаў і каралёў Рэчы Паспалітае з саксонскае дынастыі. Там адбылася важная падзея — узнагароджанне князя ордэнам Белага Арла. Пра яе князь, на той час пярэмышльскі стараста, піша ў сваім «Дыярыюшы». Але пра заключэнне кантракту з мастаком ці запрашэнне яшчэ каго-кольвечы ў Нясвіж ён не згадвае.

Кантрактамі з рамеснікамі нямецкіх княстваў і Францыі займалася на той час набліжаная да Рыбанькі і ягонай маці княгіні Ганны Сангушкі асоба — Ян Яблоньскі. Паходжаннем з дробнай шляхты, напрыканцы кар’еры ён дасягнуў годнасці наваградскага чашніка і генерал-ад’ютанта польскае булавы. У 1722—1724 гг. ён спадарожнічаў маладому Міхалу Казімеру ў якасці скарбніка й пажа, быў саўдзельнікам шмат якіх княскіх прыгодаў і забаваў. Асоба Яна Яблоньскага знакавая для радзівілаўскага двара і ў іншых адносінах, паколькі менавіта ён заказваў і прывозіў вядомыя цяпер творы мастацтва да радзівілаўскіх рэзідэнцыяў у 1730-я гады. Пра гэта сведчаць яго шматлікія лісты. Жонка К. Д. Гескага Іаанна і жонка Я. Яблоньскага Элеанора знаёмыя між сабою і вітаюць адна адну ў прыпісках да мужавых лістоў.

І Андрэй Малер, і Ян Яблоньскі, дапамагалі Гескаму заняць адпаведнае месца пры двары князя М. К. Радзівіла. Цягам 1740—1742 гг. мастак знаходзіўся ў крытычнай сітуацыі, паколькі не меў пастаянных замоваў і адпаведнага статусу пры двары князя.

Трэба зазначыць, гэты перыяд не быў самым спрыяльным для нясвіжскага двара — там лютавала эпідэмія воспы, падчас якой хварэлі і дзеці мастака, і ўся княская сям’я. Апроч таго, на гэты перыяд прыпадае рэарганізацыя мастацкага двара Радзівілаў, падзел рамеснікаў і мастакоў паміж княгіняю Ганнай і братамі: нясвіжскім князем Міхалам Казімерам і слуцкім князем Геранімам Фларыянам Радзівіламі. Але і гэта яшчэ не ўсё. Тады ж пачынаюцца хваляванні дробнае шляхты, звязаныя з уціскам, што чыніў усемагутны скарбнік княгіні Ганны Шмойла Ісхавіч. Гісторыю жыцця апошняга расказала ў артыкуле «Кар’ера і заняпад жыдоўскага патэнтанту ва ўладаннях Радзівілаў ХVІІІ стагоддзя...» паважаны польскі гісторык-архівіст Тэрэза Зяліньская. Княгіня Ганна выказвала падтрымку гэбраям, якіх выкупляла ў Круляўцы, і давала ім магчымасць арандаваць маёмасць і весці гаспадарку на яе землях. Шмойла Ісхавіч карыстаўся неабмежаваным даверам Ганны, значна палепшыў яе эканамічнае становішча. Аднак пры гэтым ён і сам дасягнуў фінансавай магутнасці. Магчыма, ягоная кар’ера ў пэўнай ступені нагадвала гісторыю гэбрая Зюса, абмаляваную ў аднайменным рамане Л. Фейхтвангера. Паколькі ад Шмойлы Ісхавіча залежала выплата грашовых сродкаў мастакам, а ён актыўна даваў капіталы ў рост, і ў выніку нямала слуг пры двары, рамеснікаў, шляхты, ды і самі Радзівілы, апынуліся ад яго ў сур’ёзнай залежнасці. У лісце, перакладзеным для нас Эвай Гелер, К. Д. Гескі называў Шмойлу Ісхавіча «клятым гэбраем» і пісаў пра сваё прыніжанае становішча, калі ў яго няма працы і вялікія пазыкі. Пратэкцыя сябра Гескага і ягонага цесця забяспечылі яму месца суперінтэнданта на фаянсавай мануфактуры князя, пачынаючы з 1742 г. Пасля гэтага становішча Ксавэрыя Дамініка Гескага пры княскім двары стабілізавалася. Гескі забяспечыў адладжаную працу свержаньскай мануфактуры і ад 1744 г. пачаў атрымліваць замовы на манументальныя працы. Ён упрыгожыў роспісамі шэраг радзівілаўскіх палацаў, якія, на жаль, да нашых дзён не захаваліся. З 1746 г. Ксавэры Дамінік Гескі пачаў адказваць за працу ўсіх мастакоў радзівілаўскага двара, менавіта праз яго князь пераказваў адпаведныя распараджэнні, у яго руках знаходзіліся архітэктурныя праекты, менавіта ён сачыў, каб працы выконваліся «ў адпаведнасці з абрысам, атрыманым ад архітэктара». У 1750-я гг. К. Д. Гескі падпісваў свае лісты да князя як «прэм’ер маляж», г. зн., ён атрымаў тытул прыдворнага мастака князя.

Высновы пра прыбыццё мастака з князем з Саксоніі дазваляюць выказаць дапушчэнне пра некаторую залежнасць творчасці майстра ад стылістыкі мастацтва саксонскага двара. Заканадаўцам моды на двары саксонскіх курфюрстаў і польскіх каралёў таго часу быў французскі мастак Луі дэ Сільвестр (1669—1756). Ён прыехаў у Дрэздэн у 1716 г., а вярнуўся ў Францыю ў 1748, калі пасля смерці дырэктара Каралеўскай Акадэміі жывапісу і скульптуры Куапеля заняў у Парыжы ягонае пачэснае месца. Ці быў Гескі вучнем Луі дэ Сільвестра, цяпер вырашыць не ўяўляецца магчымым. Але тое, што стыль Гескага ў нейкай ступені знаходзіцца пад уплывам гэтага прыдворнага жывапісца, сведчыць карціна «Тайная вячэра» з нясвіжскага касцёлу Божага Цела. Паводле іканаграфіі «Тайная вячэра» Ксавэрыя Дамініка Гескага блізкая аднайменнаму твору Луі дэ Сільвестра, выкананаму для капэлы французскіх каралёў у Версалі і эскізу прыдворнай царквы ў Дрэздэне.

Такім чынам, супастаўленне шэрагу фактаў і дакументаў дазваляе нам уявіць Ксавэры Дамініка Гескага як прыдворнага мастака князя Міхаіла Казіміра Радзівіла, які сваімі сваяцкімі і сяброўскімі сувязямі быў глыбока ўкарэнены ў культуры нясвіжскага двара Радзівілаў. Памёр мастак на два гады пазней свайго партнёра, у 1764 г. Ужо ў 1740-я, калі ў мастака не было працы, ён палічыў, што не можа з’ехаць з Нясвіжа, паколькі вельмі шмат часу аддадзена гэтай зямлі. Так ён і пісаў у тых французска- і нямецкамоўных лістах, якія мы прыгадвалі ў артыкуле. У гісторыі беларускага мастацтва жывапісец К. Д. Гескі стаў найбольш вядомым майстрам жывапісу ХVІІІ ст., польскія гісторыкі мастацтва лічаць яго пачынальнікам нацыянальнай мастацкай школы жывапісу.

КРЫНІЦЫ

1. AGAD, AR, dz. V, nr. 5165. S. 3—4. List z Nieњwieїu K. D. Heski od 24.04.1740.

Ліст на старанямецкай мове гатычным шрыфтам, адрасаваны «дарагому бацьку», чытаецца вельмі цяжка. Паведамляюцца звесткі асабістага характару. (За магчымасць разабрацца са зместам ліста, прачытаць яго і зразумець, асаблівую падзяку выказваю доктару Эве Гелер з Варшаўскага універсітэту.)

2. Їieliсska T. Kariera i upadek їydowskiego potentanta w dobrach radziwiііowskich w XVIII w. // Kwartalnik Historyczny. 1991. T. 98. Z. 3. S. 33—49.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster