БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 4-5/2003      Тэма нумару: Музеі і архівы

Уладзіслаў Плятар і раперсвільскі музей

Зміцер МАЦВЕЙЧЫК.
macviej@mail.ru

У выніку паразы паўстання 1830—1831 гг. у эміграцыі ў краінах Заходняй Еўропы апынулася шмат яго ўдзельнікаў. Сябры паўстанцкага ўраду, паслы на сойм Каралеўства Польскага, кіраўнікі ўзброеных аддзелаў, а таксама іншыя актыўныя дзеячы вымушаны былі пакінуць радзіму, каб не падпасці пад дзеянне царскіх рэпрэсіяў. Сярод іх было нямала і ўраджэнцаў земляў былога ВКЛ. Эмігранты па-за межамі радзімы вылучаліся вялікай актыўнасцю. Імі была ўтворана вялікая колькасць таварыстваў палітычнага, навуковага і культурнага накірункаў, выпушчана ў свет некалькі дзесяткаў перыядычных выданняў, створана школа для дзяцей эмігрантаў, бібліятэка, а таксама музей у швейцарскім горадзе Раперсвіль.

Дзейнасць музею застаецца па-ранейшаму недаследаванай у беларускай гістарыяграфіі. А яе значэнне нельга недаацэньваць. Заснаванне музею з’явілася ў свой час адной з самых значных падзей у навуковым і культурным жыцці эміграцыі з земляў былое Рэчы Паспалітай. Менавіта яму належыць заслуга ў збіранні помнікаў нацыянальна-вызвольнай барацьбы ў заходніх губернях Расейскай імперыі, якая на момант заснавання доўжылася ўжо больш за стагоддзе. У музеі было сабрана багата матэрыялаў, якія тычыліся дзейнасці эмігрантаў, а таксама закраналі гісторыю Рэчы Паспалітай да яе падзелаў. Вакол музею вяліся шырокія дыскусіі, якія садзейнічалі выданню публіцыстычных твораў, павышалі цікавасць еўрапейскай грамадскасці да беларускіх, польскіх, літоўскіх і ўкраінскіх земляў, што знаходзіліся пад панаваннем Расеі, Аўстра-Венгрыі й Прусіі. Галоўная заслуга ў стварэнні раперсвільскага музею належыць ураджэнцу Вільні Уладзіславу Плятару.

Граф Уладзіслаў Эварыст Плятар (Броэль-Плятар) паходзіў са старажытнага інфлянцкага роду, вядомага ў Беларусі, Літве і Польшчы. Ён нарадзіўся 7 лістапада 1808 г. у Вільні, сын Казімера Плятара, уладальніка маёнтку Дусяты ў Дзісенскім павеце. Вучыўся ў Віленскім універсітэце. Падчас паўстання 1830—1831 гг. быў актыўным яго ўдзельнікам. Вярнуўшыся ў пачатку 1831 г. з Ангельшчыны, дзе ён знаходзіўся на момант пачатку паўстання, уключаецца ў паўстанцкае жыццё. Пачаткова ён працуе ў аддзеле замежных справаў Нацыянальнага ўраду ў Варшаве. Затым служыў у вайсковым корпусе генерала М. Ражыцкага, потым — корпусе генерала Г. Дэмбінскага, з якім зноў вярнуўся ў Варшаву. Там ураджэнцамі Менскай губерні, што ў гэты час знаходзіліся ў сталіцы паўстання, у ліпені ён быў абраны паслом на сойм Каралеўства Польскага ад Вілейскага павету. З гэтага часу ён, нягледзячы на малады ўзрост, бярэ актыўны ўдзел у соймавых паседжаннях. Быў таксама сябрам Камітэту літоўска-расейскіх земляў, які быў утвораны з паслоў ад літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх земляў. Камітэт апекаваўся выхадцамі з гэтых тэрыторыяў, што апынуліся ў час паўстання ў Варшаве1.

Пасля паразы паўстання У. Плятар эміграваў у Францыю. Там працягваў сваю актыўную дзейнасць. Разам з малодшым братам Цэзарам і некалькімі пасламі з беларуска-літоўскіх земляў заснаваў у снежні 1831 г. у Парыжы Таварыства Літоўскае і Рускіх земляў (ТЛРЗ). Цэзар стаў старшынёй таварыства, Уладзіслаў кароткі час быў ягоным сакратаром2. У траўні 1832 г. як прадстаўнік эміграцыі накіраваўся ў Ангельшчыну, дзе аб’ехаў шмат гарадоў і паўсюль быў добра прыняты грамадскасцю. Вярнуўшыся ў Францыю ў пачатку 1833 г., прывёз з сабой адрас «да польскага народу», пад якім было пастаўлена каля ста тысяч подпісаў3.

Калі гаварыць пра палітычныя погляды і схільнасці Плятара ў эміграцыі, то ён належаў да кансерватыўнага (манархічнага, арыстакратычнага) лагеру, на чале якога стаяў князь Адам Чартарыйскі. Але цалкам дзеянні Чартарыйскага не падтрымліваў, ён, бадай, належаў да апазіцыйнай, ліберальнай плыні ў гэтым лагеры. Лібералы прызнавалі князя Чартарыйскага кіраўніком эміграцыі (супраць чаго выступалі эмігранцкія дэмакраты), згаджаліся ў асноўным з ягонымі дзеяннямі і поглядамі, але адмаўляліся прызнаваць «каралём у эміграцыі». У далейшым паміж А. Чартарыйскім і У. Плятарам неаднаразова ўзнікалі супярэчнасці, якія прывялі нават да часовага разрыву паміж імі. Чалавек дастаткова амбіцыйны, прамы ў выказваннях, часам рэзкі і нетактоўны, Плятар заўсёды выклікаў супярэчлівае стаўленне да сябе з боку сучаснікаў. К. Гофман у сваім дзённіку настойліва клеіць яму ярлык «фанфарона», але, тым не менш, і ўказвае на яго заслугі ў эміграцыі4.

У эміграцыі Плятар набыў вядомасць не толькі як палітычны дзяяч, але і як выдавец. У 1833 г. у яго з’яўляецца задума выпускаць перыядычнае выданне, якое б інфармавала французскае грамадства пра польска-ліцвінскую эміграцыю. Разгарнуўшы шырокую дзейнасць, Плятар атрымаў падтрымку з боку некалькіх пэраў Францыі, А. Чартарыйскага, прадстаўнікоў тагачаснай французскай інтэлектуальнай эліты. Будучае выданне вырашана было назваць «Le Polonais» («Паляк») (пазней да яго была дададзена другая частка назвы — «Journal des Intйrкt de la Pologne» — «Газета аб інтарэсах Польшчы»). Яно выходзіла на французскай мове, дзеля больш даступнага для шырокіх колаў Францыі і ўсёй Еўропы. Першы нумар «Le Polonais» выйшаў 1 ліпеня 1833 г. У праспекце абвяшчалася, што газета будзе займацца «польскай» і замежнай палітыкай у дачыненні да Польшчы, яе ранейшым і сучасным станам, айчыннай літаратурай і навукай, а таксама бягучымі навінамі з радзімы. Выходзіў «Le Polonais» раз на месяц, меў аб’ём ад 48 да 84 старонак. У французскай грамадскасці месячнік успрымаўся часта як орган усёй эміграцыі з земляў былое Рэчы Паспалітай, якім ён, аднак, не быў. З ім супрацоўнічалі і грамадскія дзеячы Францыі, на ягоных старонках з’явілася нямала літаратурных твораў, у тым ліку А. Міцкевіча, В. Гюго і інш., свае артыкулы ў ім друкавалі такія вядомыя эмігранцкія дзеячы, як А. Чартарыйскі, І. Дамейка, Ф. Уратноўскі, Ю. Нямцэвіч, а таксама сам Плятар5. Амбіцыі і звязаная з імі рэдакцыйная палітыка Плятара вялі да таго, што «Le Polonais» ператвараўся ў орган рэдактара. Некаторыя вядомыя дзеячы адыходзілі ад супрацоўніцтва з ім. Змены ў рэдакцыйнай палітыцы, супярэчнасці Плятара з А. Чартарыйскім (які ў значнай ступені аказваў газеце матэрыяльную дапамогу), пазіцыя нядобразычліўцаў, якія зайздросцілі хуткаму поспеху 25-гадовага ліцвіна, а таксама зніжэнне ў Еўропе цікавасці да нацыянальна-вызвольнай барацьбы на землях былое Рэчы Паспалітай і да яе прадстаўнікоў прывялі да зніжэння накладу, а потым і да закрыцця выдання. Апошні нумар «Le Polonais» выйшаў у чэрвені 1836 г.

У канцы 1840 г. Плятар пачынае працу па падрыхтоўцы новага выдання. 1 красавіка 1841 г. выйшаў першы нумар газеты «Dziennik Narodowy» («Нацыянальны дзённік»). Ён выходзіў штосуботу на чатырох старонках. Плятар быў яго адзіным уладальнікам і выдаўцом. Першым рэдактарам газеты быў Фелікс Уратноўскі (да 1843 г.) — выдавец збору ўспамінаў пра паўстанне на землях былога ВКЛ. Газета друкавала палітычныя навіны, літаратурныя творы, перадрукі з еўрапейскай прэсы, змяшчала таксама некралогі і лісты ў рэдакцыю. Профіль выдання можна ацаніць як ліберальна-манархічны; у першым нумары газеты абвяшчалася: «...святая вера нашых продкаў ёсць наша вера: манархічную ўладу мы лічым самым важным знакам сілы народу». З імем Плятара падчас выдавання «Dziennika» звязаны некалькі скандальных выпадкаў. Рэч у тым, што ў ім друкаваліся артыкулы, якія часам не падабаліся некаторым вядомым эмігранцкім дзеячам. Так, з-за публікацыяў у «Dzienniku» ў 1842 г. былі разарваны дачыненні Плятара з А. Чартарыйскім, а ў 1843 г. — з А. Міцкевічам. Рэвалюцыйныя падзеі 1848—1849 гг. паклалі канец існаванню газеты. Амаль уся рэдакцыя брала ўдзел у дапамозе рэвалюцыйнаму руху ў Польшчы. На той момант выйшлі ў свет 364 нумары «Dziennika»6.

Падчас паўстання 1863—1864 гг. Плятар, які на той час жыў ужо ў Швайцарыі, выступіў з ідэяй выпуску перыядычнага выдання для павышэння цікавасці Еўропы да падзеяў у беларускіх, польскіх і літоўскіх землях. У гэтым, як ні дзіўна, ён не знайшоў падтрымкі ў вышэйшых колах эміграцыі, а Уладзіслаў Чартарыйскі, сын А. Чартарыйскага, адмовіў яму ў супрацоўніцтве7. Тым не менш Плятар у лютым 1864 г. пачаў выпускаць у Цюрыху нямецкамоўную газету «Der Weisse Adler» («Белы Арол»). Ён хацеў выставіць яе органам у Швайцарыі паўстанцкага Нацыянальнага ўраду, але атрымаў адмову. У першым нумары, які выйшаў 6 лютага 1864 г., газета абвяшчала, што будзе прытрымлівацца прынцыпаў, дэклараваных Нацыянальным урадам, абараняючы палітычную й рэлігійную роўнасць, і дзейнічаць у духу «шчыра ліберальным». «Der Weisse Adler» лічыў сябе органам міжнародным і падкрэсліваў сваё служэнне вызваленчым ідэям па ўсёй Еўропе. У ім закраналіся падзеі нямецка-дацкай вайны, сітуацыя ў прыдунайскіх княствах, дзейнасць Дж. Гарыбальдзі, друкаваліся маніфесты парыжскіх рабочых і інш. Незалежніцкая пазіцыя газеты прывяла да таго, што яе забаранілі на тэрыторыі Прусіі. «Der Weisse Adler» займаў значнае месца ў тагачаснай швайцарскай прэсе, маючы наклад ад адной да шасці тысяч асобнікаў. З яе чэрпалі інфармацыю вядучыя цэнтральныя швайцарскія выданні. У чэрвені 1865 г. яна мусіла спыніць выхад з-за фінансавых праблемаў. Плятар не знайшоў матэрыяльнай падтрымкі і таму сам яе фінансаваў; на выхад ён выдаткаваў «з уласнае кішэні» 30 тысяч франкаў8.

Найбольш удалай у апошні перыяд жыцця была дзейнасць Плятара па стварэнні Польскага Нацыянальнага музею ў г. Раперсвіль.

Упершыню ідэя стварэння польскага музею па-за межамі радзімы была выказана амаль адразу пасля паўстання 1830—1831 гг. У 1836 г. на ўрачыстасці, прысвечанай насыпу кургана Касцюшкі ў Францыі, швайцарац Франц Зэльтнэр, ад’ютант Касцюшкі, палкоўнік, удзельнік паўстання 1830—1831 гг., выказаў думку стварэння ў Францыі польскага музею. Тады ідэя не атрымала шырокай падтрымкі9. Эмігранты яшчэ жылі надзеямі на хуткае ўзнаўленне паўстання на радзіме, і амаль усе іхныя намаганні былі накіраваны на падрыхтоўку гэтага. Але з цягам часу, калі станавілася відавочнай марнасць гэтых спадзяванняў, калі эмігранты разумелі, што эміграцыя зацягнецца надоўга, а, магчыма, стане пажыццёвай, яны больш увагі ўдзялялі стварэнню культурна-асветніцкіх установаў па-за межамі радзімы. Так, у 1842 г. была створана польская школа ў Парыжы10, крыху пазней — польская бібліятэка, а ў другой палове 
60-х гг. ХІХ ст. атрымала ўвасабленне і ідэя польскага музею.

У 1865 г. гісторык Агатон Гілер паўтарыў ідэю стварэння польскага нацыянальнага музею за мяжой. Гэтая думка была выклікана рабункам віленскім генерал-губернатарам М. Мураўёвым віленскага Музею старажытнасцяў пасля паўстання 1863—1864 гг. У газеце «Ojczyzna» Гілер пісаў: «З прычыны нянавісці захопнікаў да польскай гістарычнай памяці, што пацвярджаецца мноствам ранейшых і свежых фактаў, справай нацыянальнага абавязку становіцца стварэнне за мяжой у Францыі ці ў Швайцарыі “Нацыянальнага музею”, у якім помнікі старое мінуўшчыны мы маглі б захаваць ад знішчэння... і зберагчы іх у ім [музеі. — З. М.] да тае часіны, калі... зможам унесці іх у незалежную Польшчу»11.

Яшчэ ў 1844 г. Плятар набыў у Швайцарыі ля возера Цюрых вілу і перасяліўся туды. У апошні перыяд свайго жыцця ён хоць і працягваў займацца палітычнай дзейнасцю, але рабіў гэта не так актыўна, як у папярэднія гады. Больш увагі ён удзяляў створанаму ім музею, які задумваўся як помнік нацыянальна-вызвольнай барацьбы на землях былое Рэчы Паспалітай. Увекавечанне гэтай барацьбы Плятар пачаў у 1868 г. усталяваннем недалёка ад Раперсвіля калоны, прысвечанай 100-годдзю Барскай канфедэрацыі12. Працягваючы дзейнасць у гэтым накірунку, 18 ліпеня 1869 г. ён заключае дамову з уладамі швайцарскага кантону Сэн-Гален (St-Gallen), паводле якой яму пад музей перадаваўся ў арэнду на 99 гадоў першы паверх моцна разбуранага сярэднявечнага замка каля г. Раперсвіль за невялічкую плату ў 100 франкаў штогод, але з абавязкам адрэстаўраваць замак за свой кошт. Адной з умоваў быў дазвол на вольнае наведванне будучага музею жыхарамі Раперсвіля. Пасля гэтага Плятар пачынае актыўную дзейнасць па стварэнні музею. На момант адкрыцця былі адрэстаўраваны парадная лесвіца, адна зала і некалькі гаспадарчых памяшканняў. Апрача гэтага, была распачата актыўная прапаганда будучага музею. Плятар і ягоныя аднадумцы выступалі ў эмігранцкай і галіцкай прэсе. На просьбу Плятара паэт Тэафіл Ленартовіч напісаў адозву да польскіх дзеячоў культуры, у якой заклікаў іх да супрацоўніцтва з музеем13. Ідэя Плятара знайшла падтрымку ў шырокіх колах польскага грамадства, як у частках, захопленых Прусіяй, Аўстра-Венгрыяй і нават Расеяй, так і ў эміграцыі. Адусюль пачалі прыходзіць дары для музею14.

Канцэпцыю музею можна акрэсліць больш познімі словамі А. Гілера: «Музей павінен быць сховішчам народных помнікаў, прадстаўляць польскую навуку, мастацтва і гісторыю і адпаведнымі дзеяннямі імкнуцца да таго, каб стаць ачагом інтэлектуальнага жыцця ў кірунку польскіх традыцыяў самабытнасці і незалежнасці»15.

Урачыстае адкрыццё музею адбылося 23 кастрычніка 1870 г. Нягледзячы на тое, што музей на той час меў толькі дзве залы, ён прыцягваў значную ўвагу грамадскасці. Сярод яго наведнікаў былі прадстаўнікі розных дзяржаваў і народаў. Усяго ж у першыя месяцы існавання музею яго наведала каля паўтары тысячы чалавек. Мэты існавання свайго музею Плятар акрэсліў наступным чынам: «Установа [музей. — З. М.], прысвечаная мінуўшчыне, можа быць карыснай і для будучыні... яна аказвае паслугу гісторыі, збіраючы раскіданыя па свеце айчынныя помнікі, праявы народнага генія, захоўваючы іх у поўнай гарантыі цэласці і бяспекі для будучыні і нястомна служачы ўзбуджэнню думкі пра Польшчу»16.

У 1871 г. Плятар заключыў новую дамову з раперсвільскімі ўладамі, якая была дапоўнена дадатковымі артыкуламі ў 1886 і 1888 гг., паводле якой яму ў арэнду перадаваліся другі і трэці паверхі замка з абавязковай іх рэстаўрацыяй17.

У 1872 г., нягледзячы на зусім непрацяглае існаванне музею, ягоныя зборы дасягалі ўжо значных памераў. Яны папаўняліся шляхам набыцця прадметаў альбо (што практыкавалася значна часцей) праз прысыланыя дары рознымі асобамі і ўстановамі. У бібліятэцы музею захоўваліся аўтографы каралёў і вядомых дзеячоў Рэчы Паспалітай, карэспандэнцыя дзеячоў ХІХ ст., дакументы часоў войнаў Рэчы Паспалітай са Швецыяй, роду Лышчынскіх, грамадзянскія акты XVII—XVIII стст. і шмат іншых матэрыялаў, частка якіх захоўвалася ў сакрэтным архіве. У археалагічным аддзеле меліся знаходкі з раскопак у Вялікапольшчы і матэрыялы, што тычыліся старажытных славянаў, ахвяраваныя Таварыствам сяброў навук у Познані. Тут жа знаходзіўся нумізматычны збор, дапоўнены калекцыяй медалёў. Мелася і кніга, дзе запісваліся наведнікі18.

Займаўся музей і зборам этнаграфічных матэрыялаў. У ім знаходзіліся строі сялянаў з розных частак Рэчы Паспалітай, разнастайныя прадметы сялянскага побыту. Тут жа месціліся малюнкі і фотаздымкі жыхароў Украіны, Сілезіі й іншых мясцінаў у нацыянальных строях19.

На працягу 70—80-х гг., дзякуючы актыўнасці Плятара і паплечнікаў, калекцыі музею няспынна папаўняліся. У 1874 г. сюды трапілі багацейшыя зборы Леанарда Ходзькі, якія налічвалі сотні тамоў дакументаў па розных гістарычных эпохах і падзеях; з гэтага часу найбольш багатым у музеі стаў архіў. У 1879 г. у музей трапілі зборы Людвіка Крулікоўскага. У 1881 г. музей атрымаў зборы Крыстына Астроўскага разам з грашовай спадчынай амаль паўмільёна франкаў, якія іх уладальнік сваім тастамантам аддаваў на стыпендыі студэнтам-палякам, што вучыліся ў Швайцарыі. У музей трапіла й карэспандэнцыя І. Лялевеля, вядомага палітычнага эмігранцкага дзеяча Людвіка Мераслаўскага, самога У. Плятара і іншых асобаў; тут аселі дакументы польскага пасольства ў Парыжы, іншаземных камітэтаў дапамогі польска-ліцвінскім паўстанцам і эмігрантам 1831 і 1864 гг., архіў Польскага дэмакратычнага таварыства, архівы польскіх установаў, таварыстваў і іншых арганізацыяў у Францыі, Бельгіі, Англіі, Швайцарыі; тут меліся зборы, якія тычыліся М. Каперніка, Т. Касцюшкі, А. Міцкевіча і вялікая колькасць іншых матэрыялаў. Кніга паступленняў у музей рэгістравала па 2 тысячы прадметаў штогод20.

У гэты час у музеі асела багата дакументаў па паўстанні 1831 г. — дзённкі ўдзельнікаў паўстання, прыватная карэспандэнцыя, дакументы фамільных архіваў, урадавыя пастановы, дыпламатычныя ноты, лістоўкі і інш. Увогуле, у музеі было нямала матэрыялаў пра падзеі 1831 г. у літоўска-беларускіх землях. Сярод дакументаў польскіх генералаў 1831 г. меліся паперы Антонія Гелгуда і Генрыка Дэмбінскага — дзённыя загады, рапарты, карэспандэнцыя. Тут налічвалася шмат апісанняў паўстання яго ўдзельнікамі: «Апісанне літоўскай кампаніі палкоўнікам познаньскай конніцы» Аўгуста Бражанскага, твор невядомага аўтара «Экспедыцыя Хлапоўскага і Гелгуда ў Літву і паўстанне ў Літве», дзённік Міхала Лісецкага пра паўстанне ў Літве, дзённік Ігната Крываблоцкага пра паўстанне ў Белавежскай пушчы, лісты Габрыеля Агінскага да сваёй жонкі з апісаннем экспедыцыі корпусу А. Гелгуда, дзённік Міхала Яцкоўскага пра паўстанне ў Літве і пераход паўстанцкіх атрадаў у Прусію і інш.21.

Нямала было сабрана Плятарам і твораў, што тычыліся дзейнасці ўраджэнцаў беларуска-літоўскіх земляў ужо ў эміграцыі. Сюды трапілі паперы Таварыства Літоўскага і Рускіх земляў: спіс сапраўдных і ганаровых сябраў, дзённікі паседжанняў Таварыства, ягоная карэспандэнцыя, дакументы Літоўскага Вайсковага камітэту, які быў створаны пры ТЛРЗ, з копіямі пацверджаных вайсковых чыноў ліцвінаў; дзённік Міхала Ходзькі з экспедыцыі Ю. Заліўскага 1833 г., літаратурныя і публіцыстычныя творы Пятра Шрэтара, матэрыялы Леанарда Ходзькі да напісання біяграфіі філамата Тамаша Зана і некалькіх сотняў іншых асобаў; матэрыялы Фэлікса Уратноўскага да напісання гістарычных твораў, шмат іншых матэрыялаў22. Наяўнасць у музеі вялікай колькасці матэрыялаў па эміграцыі з земляў былое Рэчы Паспалітай вызначыла існаванне музею як асноўнага цэнтру даследавання дзейнасці эмігрантаў.

Паводле задумы стваральніка музей мусіў стаць яшчэ і выдавецкім цэнтрам, але гэтую задуму ўдалося рэалізаваць толькі часткова. Плятар планаваў выпускаць пры музеі штомесячны гістарычны часопіс на французскай мове23, але гэтая ідэя не была рэалізавана. Іншы дзяяч музею — А. Гілер — у 1875 г. прапанаваў стварыць часопіс для выдання гістарычных і батанічных працаў, што, на яго думку, стымулявала б павелічэнне колькасці даследаванняў у гэтых навуках. Але і гэтая прапанова засталася толькі ў задуме24. Тым не менш Плятару ўдалося пры жыцці выпусціць тры тамы «Альбому Нацыянальнага музею ў Раперсвілі» (т. 1 — 1872 г., т. 2 — 1876 г., т. 3 — 1881 г.; чацвёрты том выйшаў ужо пасля смерці Плятара, у 1894 г.), дзе друкаваліся гістарычныя творы, гістарычныя крыніцы, прапагандавалася ідэя музею, заклікаліся да супрацоўніцтва палітычныя й культурныя дзеячы, уздымаліся палітычныя праблемы і інш. Былі таксама выдадзены (у 1872 і 1906 гг.) падрабязныя шляхаводнікі па музеі з апісаннем ягонай гісторыі.

14 красавіка 1881 г. Плятар перадаў свой музей ва ўласнасць «польскага народу» з умовай, што, пакуль урад незалежнай Польшчы прыме яго, музей будзе існаваць як самастойная ўстанова пад кіраўніцтвам музейнае рады25.

У першыя два дзесяцігоддзі музей знаходзіўся ў дастаткова складаным фінансавым стане. Рэстаўрацыя і ўтрыманне замкавага будынку, набыццё новых прадметаў, выданне «Aльбому» патрабавала значных грашовых выдаткаў. Усё гэта клалася галоўным чынам на плечы самога Плятара. У 1872 г. ён паведамляў, што з часу заснавання музею выдаткаваў на яго з уласных сродкаў вялізную суму — 120 тысяч франкаў. Каб крыху палегчыць гэты фінансавы цяжар, ён заклікаў радзіму і эміграцыю да аказання фінансавай дапамогі музею, але значных поспехаў у гэтым не дасягнуў. Штогод яму ўдавалася збіраць толькі некалькі тысячаў франкаў26. Таму фінансаванне музею адбывалася пераважна са сродкаў самога Плятара.

Разам з ім дзейнічала і група аднадумцаў, якія дапамагалі пры стварэнні музею і падтрымлівалі ягоную дзейнасць: Юзаф Крашэўскі, Агатон Гілер, Генрык Букоўскі й іншыя. Сярод іх сваёй актыўнасцю вылучаўся польскі гісторык А. Гілер (1831—1887). Выказаўшы ў 1865 г. ідэю стварэння польскага музею за мяжой, ён усяляк падтрымліваў Плятара ў стварэнні і дзейнасці раперсвільскага музею. Маючы шырокія сувязі ў навуковым свеце, актыўна прапагандаваў ідэю музею ў Галіцыі. Жывучы і працуючы там у 1870-я гг., займаўся збіраннем разнастайных гістарычных прадметаў і партыямі адсылаў іх у Раперсвіль. У 1878 г. Гілер, вымушаны пакінуць Галіцыю, быў запрошаны Плятарам у Раперсвіль. Там ён жыў і працаваў да 1884 г., займаючыся прапагандай музею, павелічэннем і ўпарадкаваннем калекцыяў і бібліятэкі. Дзякуючы яму, музей у гэты час узбагаціўся вялікай колькасцю каштоўных прадметаў і дакументаў вядомых тагачасных палітычных, навуковых і культурных дзеячоў: С. Гашчынскага, Р. Зморскага, Л. Набеляка й іншых. З Галіцыі ён прывёз сваю багатую бібліятэку ў некалькі тысячаў тамоў і далучыў яе да бібліятэкі музею. Нямала зрабіў Гілер у гэты час і як публіцыст. Ягоныя артыкулы ёсць ва ўсіх трох прыжыццёвых тамах «Aльбому», а таксама ён быў рэдактарам трэцяга тому. Працягваў Гілер супрацоўнічаць з музеем і пасля вяртання ў Галіцыю ў 1884 г., планаваў нават жыць па паўгода пасля ўладкавання ў Галіцыі ўсіх бюракратычных фармальнасцяў, звязаных з яго вяртаннем. Але смерць у 1887 г. не дала рэалізавацца гэтым планам27. На працягу апошняга перыяду свайго жыцця Гілер быў найбольш адданым паплечнікам Плятара ў дзейнасці па арганізацыі раперсвільскага музею.

Адразу па заснаванні ўжо немалады Плятар пачаў клапаціцца пра ягоны лёс пасля сваёй смерці. З гэтай мэтай ён у 1872 г. звязаўся з кіраўніком Акадэміі навук, якая ў гэты час стваралася ў Кракаве, Юзафам Маерам. Плятар прапанаваў заключыць дамову, паводле якой Акадэмія пасля смерці ўладальніка возьме на сябе ўсе справы па кіраўніцтве і забеспячэнні дзейнасці музею. Прычым ён будзе лічыцца ўласнасцю «польскага народу». Аднак перапіска, якая доўжылася да восені 1873 г., не дала станоўчых вынікаў. Акадэмія адмовілася ад гэтай прапановы. Таму Плятар звярнуўся да Таварыства сяброў навук у Познані і ў Нацыянальную ўстанову (Zarz№du Narodowego) імя Асалінскіх у Львове, але і ад іх атрымаў адмовы. Галоўнай прычынай нежадання названых арганізацыяў апекавацца раперсвільскім музеем была палітычная прычына. Іхныя дзеячы апасаліся, што апека над установай, якая трымалася ідэі стварэння незалежнае Польшчы і адлюстроўвала гісторыю польскага нацыянальна-вызвольнага руху ва ўсіх частках былое Рэчы Паспалітай, можа прывесці да закрыцця гэтых арганізацыяў афіцыйнымі ўладамі. Нельга таксама не ўлічваць таго факту, што музей патрабаваў значных грашовых выдаткаў, якіх часта не мелі названыя арганізацыі. Кіраванне музеем з Галіцыі ці Познані ўскладнялася б і вялікай аддаленасцю ад гэтых земляў28.

Няўдачы Плятара ў зносінах з арганізацыямі з Польшчы, а таксама атакі на яго з боку кракаўскай газеты «Czas» прывялі да таго, што ў канцы 1873 г. ім была створана Рада музею. У яе склад увайшлі актыўныя паплечнікі Плятара: Стэфан Бушчынскі, А. Гілер, Ю. Крашэўскі, пазней да іх былі далучаны Уладзіслаў Тарноўскі і стакгольмскі антыквар, які часта дасылаў у музей каштоўныя прадметы, Генрык Букоўскі (у далейшым склад Рады неаднаразова змяняўся). Стварэннем гэтага органу Плятар імкнуўся падвысіць аўтарытэт музею і павялічыць наплыў дароў. На першым сходзе Рады, які адбыўся 7—9 верасня 1875 г., ён паведаміў, што паводле тастаманту пасля яго смерці да Рады пяройдзе кіраванне ўсімі справамі музею. Аднак стан Рады быў неакрэслены, таму Плятар заставаўся адзіным уладальнікам і кіраўніком. Гэта яскрава праявілася ў далейшым і прыводзіла часам да супярэчнасцяў паміж ім і сябрамі Рады.

У 1883—1884 гг. музей стаў прадметам дыскусіі, якая ахапіла шырокія слаі навуковай эліты Польшчы і эміграцыі. Галоўным было пытанне мэтазгоднасці існавання польскага музею ў Раперсвілі. Дыскусію распачаў кракаўскі навуковец Кароль Эстрэйхер. На старонках «Czasu» ён выступіў з крытыкай У. Плятара і створанага ім музею. Ён сцвярджаў бессэнсоўнасць і нават шкоднасць для радзімы існавання такой установы, як музей, які знаходзіўся ў далечыні ад асноўных цэнтраў польскай навукі і культуры. Ён горача пратэставаў супраць высылкі з Галіцыі дароў для музею. У адным са сваіх артыкулаў сцвярджаў: «...штучнае стварэнне польскіх збораў за мяжой... мне здаецца... забойчым для радзімы». На думку Эстрэйхера, усе раперсвільскія зборы неабходна было перавезці ў Нацыянальны музей у Кракаве, дзе яны, як ён лічыў, служылі б Айчыне ў значна большай ступені29.

У адказ раперсвільскія дзеячы на чале з Плятарам і А. Гілерам сцвярджалі, што перавезці музейныя зборы з Раперсвіля ў Польшчу будзе магчыма толькі пасля атрымання Польшчай незалежнасці. Перавоз у Кракаў, на іх думку, быў небяспечны, таму, як у выпадку вайны Аўстра-Венгрыі з Расеяй, яны маглі быць знішчаны. У Швайцарыі ж, якая не ўмешвалася ў вялікую еўрапейскую палітыку, зборы знаходзіліся ў бяспецы. А. Гілер пісаў у адной са сваіх палемічных брашур: «Польшча прынамсі мае адзін музей, адзін збор айчынных помнікаў, які знаходзіцца на нейтральнай зямлі, вольнай ад страху вайны і цалкам бяспечнай ад нападаў, якой з’яўляецца швайцарская зямля». Да таго ж, раперсвільскія зборы былі незалежныя ад палітычнае кан’юнктуры ў розных частках падзеленай Польшчы і маглі свабодна адлюстроўваць гісторыю польскага нацыянальна-вызвольнага руху30. Дыскусія не прывяла да істотных вынікаў.

Пры жыцці Плятара Раперсвіль быў значным палітычным цэнтрам эміграцыі. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічала палітычная дзейнасць заснавальніка музею, які на працягу большай часткі свайго жыцця быў, у першую чаргу, палітычным дзеячом. Пачатак існавання Раперсвіля як палітычнага цэнтру быў пакладзены ў 1868 г. адкрыццём Барскай калоны (крыху пазней яна была перанесена ў двор раперсвільскага замка). Пры музеі адзначаліся юбілейныя даты нацыянальна-вызвольнага руху на землях былое Рэчы Паспалітай. Раперсвіль стаў галоўным месцам святкавання 50-е гадавіны пачатку паўстання 1830—1831 гг. У ім удзельнічалі немцы, французы, італьянцы, швайцарцы, венгры. Прысутнічалі прадстаўнікі амаль усіх эмігранцкіх палітычных плыняў31. У «Aльбомe», які тройчы выходзіў пры жыцці Плятара, значная ўвага ўдзялялася развагам над палітычным лёсам Польшчы, абвяшчаліся палітычныя праграмы, ідэі й інш. Дзеячы музею актыўна ўдзельнічалі ў палітычных дыскусіях, выпускалі палітычныя брашуры. Ролю палітычнага цэнтру Раперсвіль страціў са смерцю У. Плятара і А. Гілера32.

У 1889 г. музей апынуўся ў вельмі цяжкім становішчы. Плятар пры жыцці значную частку часу прысвячаў і палітычнай дзейнасці, што негатыўна адбівалася на вядзенні музейных справаў. Не будучы добрым адміністратарам, ён не толькі патраціў увесь свой значны маёнтак, але і пакінуў на музеі вялікі доўг у 20 тысячаў франкаў33. Усе цяжкасці падалі на плечы новае Рады. Дырэктарам музею і старшынёй музейнага кіраўніцтва стаў Юзаф Галянжоўскі. Па-ранейшаму камплектаваннем і ўпарадкаваннем музейных калекцыяў займаўся ў значнай ступені Г. Букоўскі. Захавальнікам стаў Уладзімір Ружыцкі, бібліятэкарам — Зыгмунт Васілеўскі. Апрача іх у Раду ўвайшлі: Зыгмунт Ляскоўскі, Зыгмунт Мілкоўскі, Вацлаў Гаштаўт, Кароль Левакоўскі, фінансавы адміністратар Яўген Карытка. Амаль усе яны былі ўдзельнікамі паўстання 1863—1864 гг.34.

Найбольш значнай асобай у гісторыі раперсвільскага музею ў пасляплятараўскі перыяд быў ураджэнец Украіны Ю. Галянжоўскі (1834—1916). Ён быў актыўным удзельнікам паўстання 1863—1864 гг., належаў да кіраўніцтва ў заключны перыяд. Пасля паразы апынуўся ў Францыі, дзе ў першы час яшчэ спрабаваў узнавіць паўстанне. Потым займаўся арганізацыйна-фінансавай дзейнасцю ў «Crйdit Foncier de la France», дзе дасягнуў значных поспехаў і набыў шырокую вядомасць. З ім неаднаразова звязваўся Плятар па фінансавых пытаннях і, адчуваючы вялікі давер да яго і прымаючы пад увагу арганізатарскія здольнасці, прызначыў яго выканаўцам тастаманту і кіраўніком раперсвільскага музею пасля сваёй смерці. Варта адзначыць, што выбар атрымаўся ўдалым. Дзякуючы менавіта яму, у значнай ступені ўдалося палепшыць фінансавы стан музею і ўвогуле працягнуць яго жыццё35. Польскі гісторык А. Левак у сваіх працах называе Ю. Галянжоўскага «другім істотным заснавальнікам раперсвільскага музею»36.

Цяжкі стан музею пасля смерці Плятара быў выкарыстаны К. Эстрэйхерам. У 1889 г. ён узнавіў нападкі і ў «Czasіе» паўтарыў довады супраць раперсвільскага музею, якія прыводзіў у 1883 г., дадаючы, што «роля Раперсвіля скончылася са смерцю Плятара». На гэты раз на чале абаронцаў музею сталі Г. Букоўскі і Ю. Галянжоўскі. Яны сцвярджалі, што і па смерці Плятара музей не страціў сваёй місіі і сваёй каштоўнасці. Музей і на гэты раз удалося адстаяць37.

Для паляпшэння стану кіраўнікамі было створана Таварыства сяброў раперсвільскага музею. Яно складалася з сапраўдных, ганаровых сябраў і сябраў-карэспандэнтаў. Сапраўдныя сябры былі падзелены на дзве катэгорыі: звычайных сябраў, якія ўносілі ў музейную касу ад 5 да 300 франкаў штогод, і вечных сябраў, якія ўносілі 300 і больш франкаў. Ганаровыя сябры і сябры-карэспандэнты вызваляліся ад абавязку ўносіць грошы ў музейную касу, але мусілі маральна падтрымліваць музей. Асобнай катэгорыяй былі сябры-заснавальнкі — асобы, якія аказалі музею значную дапамогу ці перадалі значныя ахвяраванні. У 1902 г. была ўведзена катэгорыя «дапамагаючых» сябраў, якія плацілі штогод па 5 франкаў38.

Мерапрыемствы, праведзеныя Ю. Галянжоўскім, далі станоўчыя вынікі. Стан музею паляпшаўся. Гэтаму ў пэўнай ступені пасадзейнічала і дыскусія, навязаная К. Эстрэйхерам, бо яна прыцягнула ўвагу грамадскасці да цяжкага стану музею. У 1890 г. музей атрымаў значную грашовую суму ад Ф. Міхалоўскага, прыходзілі грашовыя ахвяраванні ад іншых асобаў, значная грашовая дапамога паступіла ад польскай эміграцыі ў Амерыцы, пачалі паступаць сродкі ад сябраў Таварыства. Гэта дазволіла ўмацаваць фінансавы стан музею, выплаціць даўгі, правесці рэстаўрацыю другога і трэцяга паверхаў (да чаго абавязвала дамова з раперсвільскімі ўладамі), а таксама прывесці ў належны стан першы паверх.

У музей працягвалі паступаць усё новыя экспанаты, пераважна падарункі розных асобаў. На закупку прадметаў штогод выдаткоўвалася толькі некалькі сотняў франкаў39. Былі выдадзены каталогі збораў музею, прысвечаных М. Каперніку, Т. Касцюшку, А. Міцкевічу. У 1895 г. у музей паступіў «самы каштоўны скарб» — сэрца Т. Касцюшкі. Разам з рукой кіраўніка паўстання 1794 г. яно было перададзена ў музей сям’ёй Марасіні, да якіх яны перайшлі ад хрэсніцы Касцюшкі Эміліі Зэльтнэр. Для такога каштоўнага дару пабудавалі спецыяльнае памяшканне — маўзалей Касцюшкі. Туды было перанесена сэрца 11 жніўня 1897 г. і ўмуравана ў паўночную сцяну. У цэнтры на пастаменце была пастаўлена урна, выкананая Вінцэнтам Траяноўскім, якая мела сымбалічнае значэнне. Меўся ў музеі таксама і пакой Касцюшкі, дзе былі змешчаны экспанаты, звязаныя з ім40.

На пачатак ХХ ст. музей меў наступную структуру. На першым паверсе знаходзіліся экспазіцыйныя залы. Адразу пасля ўваходу знаходзілася Лесвічная зала, дзе экспанаваліся некалькі бюстаў і партрэтаў заснавальнікаў музею, некалькі карцін на патрыятычныя тэмы. Найбольш вялікай на першым паверсе была Партрэтная зала, дзе змяшчаўся адзін з найбольш багатых прадметных збораў. Тут меліся карціны з выявамі каралёў Рэчы Паспалітай Стэфана Баторага, Жыгімонта ІІІ, Уладзіслава IV, Яна Казімера, Станіслава Ляшчынскага, Станіслава Аўгуста і інш., У. Плятара і А. Гілера, вядомых эмігранцкіх пісьменнікаў — Багдана Залескага, Андрэя Тавянскага і многіх іншых. Усяго ў музеі было сабарана некалькі дзесяткаў вялікіх партрэтных выяваў. Апрача гэтага, у музеі мелася каля дзвюх сотняў невялікіх бюстаў каралёў, гетманаў і князёў Польшчы, удзельнікаў паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гг. У гэты ж збор уваходзілі і іншыя партрэтныя выявы: гравюры, невялікія карціны і малюнкі, партрэты на медальёнах і г. д. Наступная зала мела назву Пакой мундыраў; тут змяшчалася невялікая колькасць этнаграфічных збораў, вайсковыя і грамадскія польскія мундыры, вайсковае адзенне вядомых дзеячоў, вайсковыя і юбілейныя харугвы. Пакой зброі таксама змяшчаў мундыры і харугвы, прыклады вайсковае зброі і амуніцыі XVI—XIX стст., зброю вядомых вайскоўцаў. Наступны пакой быў названы ў гонар мастака Гераніма Фалька; тут дэманстраваліся 117 ягоных твораў, а таксама творы іншых мастакоў. На першым паверсе ў зале, прысвечанай паэту Тэафілу Ленартовічу, знаходзіліся рэчы, звязаныя з ягонай творчасцю. На другім паверсе меліся залы, прысвечаныя А. Міцкевічу і М. Каперніку. Астатняя частка другога паверху, а таксама трэці паверх былі прыстасаваныя пад музейную бібліятэку і архіў. Менавіта тут і змяшчаўся гэты найбольш вялікі музейны збор.

Сапраўдным гонарам была бібліятэка, якая няспынна папаўнялася ад часу заснавання музею. У 1876 г. яна мела каля 18 тысяч тамоў друкаваных выданняў. Сярод іншага змяшчаліся рукапісы мемуараў і працаў, якія так і не былі надрукаваны і не дайшлі да нас41. На момант смерці Плятара ў бібліятэцы было сабрана каля 33 тысячаў тамоў і 1319 рукапісаў42. У 1927 г. тут мелася 91 тысяча друкаваных выданняў (кнігі, брашуры, лістоўкі, перыядычныя выданні), 27 тысячаў рукапісаў, дыпломаў і аўтографаў, 23 тысячы гравюраў, 1400 картаў і атласаў, каля тысячы нот, 10 тысячаў фатаграфіяў.

Раперсвільскі музей, дзякуючы свайму знаходжанню на тэрыторыі Швайцарыі, шчасліва перажыў першую сусветную вайну. Падчас яе ён быў адным з асяродкаў прапаганды ў Заходняй Еўропе польскае справы, усяляк абвяшчаючы правы Польшчы на самастойнае існаванне. Падчас вайны музей узбагаціўся тысячамі кніг, а пасля яе заканчэння ў яго зборы трапілі архівы польскіх арганізацыяў, якія да гэтага існавалі ў Швайцарыі.

Пасля стварэння незалежнай Польшчы паўстала пытанне пра выкананне волі заснавальніка музею і перавоз раперсвільскіх збораў на ейную тэрыторыю. 21 кастрычніка 1921 г. польскі сойм прыняў пастанову, у якой дзякаваў стваральнікам, працаўнікам і апекунам музею за працу, швайцарскім уладам за аказаную гасціннасць і прымаў музейныя зборы ва ўласнасць польскае дзяржавы. У 1927 г. усе зборы былі перавезены з Раперсвіля ў Польшчу і размешчаныя ў польскіх цэнтральных архівах, музеях і бібліятэках. Яны выкарыстоўваліся гісторыкамі дзеля напісання сваіх працаў43. Багацейшыя архіўныя зборы раперсвільскага музею былі знішчаны немцамі ў час другое сусветнае вайны: у 1939 г. падчас бамбёжкі Варшавы і ў 1944 г. падчас Варшаўскага паўстання. Ацалелі толькі некаторыя матэрыялы44.

Такім чынам, У. Плятару ўдалося рэалізаваць ідэю польскага музею ў эміграцыі, пра неабходнасць чаго не раз казалі розныя асобы. Яму ўдалося стварыць той асяродак навуковага, культурнага й палітычнага жыцця, які больш за паўстагоддзя гуртаваў мноства эмігранцкіх дзеячоў. Багацейшыя музейныя, архіўныя і бібліятэчныя зборы сталі падставай дзеля напісання вялікае колькасці гістарычных твораў. На працягу свайго існавання музей з’яўляўся адным з самых значных культурных цэнтраў эміграцыі з земляў былое Рэчы Паспалітай.

ЗАЎВАГІ

1 Puciata M. Skіad i dziaіalnoњж reprezentacji z ziem zabranych na sejmie 1830—1831 // Ksiкga pami№tkowa Koіa Historykуw Sіuchaczy Uniwersitetu Stefana Batorego. — Wilno, 1933. — S. 238, 247.

2 Barszczewska A. Rola Towarzystwa Litewskiego i Ziem Ruskich w popularyzacji wiedzy o Litwie i Biaіorusi na emigracji (1830—1836) // Zeszyty Naukowe Uniwersitetu Јodџkiego. Nauki humanistyczno-spoіeczne. — Јodџ. 1967. — Z. 53.

3 Polski sіownik biograficzny (PSB). T. 26. Cz. 4. — Wrocіaw, etc. 1981. — S. 686.

4 Hoffman K. Pamiкtnik z emigracji / wyd. E. H. Nieciowa // Rocznik biblioteki Polskiej Akademii Nauk w Krakowie. 1966. R. 12. S. 258, 318, 332.

5 Straszewska M. Їycie literackie Wielkiej Emigracji we Francji. 1831—1840. — Warszawa, 1970. — S. 276—282; Szostakowski S. Z kart Wielkiej Emigracji. Prasa obozu arystokratyczno-konserwatywnego w latach 1832—1848. — Olsztyn, 1974. — S. 78—83.

6 Szostakowski S. Z kart Wielkiej Emigracji... S. 133—138.

7 Czartoryski W. Pamiкtnik. 1860—1864. — Warszawa, 1960. — S. 150—151.

8 Borejsza J. W. Emigracja polska po powstaniu styczniowym. — Warszawa, 1966. — S. 73—77.

9 Muzeum Narodowe Polskie w Rapperswilu. — Krakуw, 1906. — S. 5—6; Lewak A. Straty biblioteki rapperswilskiej w zbiorach rкkopiњmiennych // Straty bibliotek i archiwуw warszawskich w zakresie rкkopiњmiennych џrуdeі historycznych. W 3 t. T. 3. — Warszawa, 1955. — S. 105.

10 Romer-Orzechowska H. Szkoіa batiniolska w Paryїu // Biblioteka Warszawska. 1909. T. 1. S. 68.

11 Florkowska-Franиiж H. Emigracyjna dziaіalnoњж Agatona Gillera po powstaniu styczniowym. — Wrocіaw, 1985. — S. 104—105.

12 Plater W. Pomnik i Muzeum w Rapperswyll // Album Muzeum Narodowego w Rapperswyll. — Poznaс, 1872. — S. XI.

13 Jуzef Ignacy Kraszewski, Teofil Lenartowicz. Korespondencja / wyd. W. Danek. — Wrocіaw—Warszawa—Krakуw, 1963. — S. 173, 190, 195—197, 200.

14 Plater W. Pomnik i Muzeum w Rapperswyll... S. XI.

15 Giller A. Muzeum Narodowe w Rapperswyllu // Album Muzeum Narodowego w Rapperswyllu. — Lwуw, 1876. — S. 588.

16 Plater W. Pomnik i Muzeum w Rapperswyll... S. ХІІ.

17 Muzeum Narodowe Polskie w Rapperswilu... S. 10.

18 Plater W. Pomnik i Muzeum w Rapperswyll... S. XV—XVI.

19 Giller A. Muzeum Narodowe w Rapperswyllu... S. 585.

20 Lewak A. Zbiory biblioteki rapperswilskiej. W 2 t. T. 1. — Warszawa, 1929. — S. XII—XIV.

21 Lewak A. Zbiory biblioteki rapperswilskiej... S. 52—53, 55—56, 83, 108; Яго ж: Џrуdіa repperswilskie do historii nowoїytnej // Przegl№d Wspуіczesny. 1931. № 116. S. 477—478; Wiкckowska H. Џrуdіa rкkopiњmienne do dziejуw powstania 1830/31 r. w Biblioteke rapperswilskiej // Ksiкga pami№tkowa ku uczczeniu 25-letniej dzialanoњci naukowej profesora Marcelego Handelsmana. — Warszawa, 1929. — S. 486—487, 490—491.

22 Lewak A. Zbiory biblioteki rapperswilskiej... S. 9—13, 61—66, 71, 163—164, 175, 268—269.

23 Plater W. Pomnik i Muzeum w Rapperswyll... S. XІХ.

24 Florkowska-Franиiж H. Emigracyjna dziaіalnoњж Agatona Gillera... S. 106—107.

25 Muzeum Narodowe Polskie w Rapperswilu... S. 11.

26 Plater W. Pomnik i Muzeum w Rapperswyll... S. XV.

27 Florkowska-Franиiж H. Emigracyjna dziaіalnoњж Agatona Gillera... S. 104—126.

28 Staszel J. Zwi№zki Muzeum Rapperswilskiego z Akademi№ Umiejкtnoњci // Rocznik biblioteki Polskiej Akademii Nauk. 1975. T. 21. S. 146—165.

29 Hulewicz J. Zwi№zki Karola Estreichera z Akademi№ Umiкtnoњci w Krakowie // Ksiкga pami№tkowa ku czci Karola Estreichera (1827—1908). Studia i rosprawy. — Krakуw, 1964. — S. 304—319.

30 Hulewicz J. Zwi№zki Karola Estreichera... S. 304—314.

31 Borejsza J. W krкgu wielkich wygnaсcуw (1848—1895). — Warszawa, 1963. — S. 149—151.

32 Groniowski K. Raperswil jako oњrodek polityczny (1868—1887) // Annales Universitatis Mariae Curiae-Skіodowska. Sectio F. Vol. XXXVII. — Lublin, 1982. — S. 393—410.

33 Muzeum Narodowe Polskie w Rapperswilu... S. 13.

34 Lewak A. Straty... S. 107—108; Яго ж: Muzeum Narodowe Polskie w Rapperswylu // Niepodlegіoњж. T. 17. Z. 45. 1938. S. 7—8.

35 PSB. T. 7. — Krakуw, 1948—1958. — S. 248—250.

36 Lewak A. Straty... S. 107; Яго ж: Muzeum Narodowe Polskie... S. 7.

37 Hulewicz J. Zwi№zki Karola Estreichera... S. 314—319.

38 Muzeum Narodowe Polskie w Rapperswilu... S. 14—16.

39 Lewak A. Straty... S. 109.

40 Muzeum Narodowe Polskie w Rapperswilu... S. 18, 24—25, 72—80.

41 Giller A. Muzeum Narodowe w Rapperswyllu... S. 590.

42 PSB. T. 26. Cz. 4. S. 689.

43 Lewak A. Muzeum Narodowe Polskie... S. 12—22.

44 Lewak A. Straty... S. 102—103.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster