|
Музейныя праекты ў Беларусі
другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст.
Ігар ГРАБЯНЧУК
(Светлагорск) На працягу другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст. у Беларусі ішоў актыўны працэс стварэння гісторыка-краязнаўчых музеяў. Але не ўсе планы іх арганізатарам удавалася здзейсніць. Аб’ект даследавання гэтага артыкулу — нерэалізаваныя музейныя праекты ў адзначаны перыяд.
Летам 1886 г. падчас раскопкаў у маёнтку Бяздзедавічы Лепельскага павету начальнік Полацкага кадэцкага корпусу А. Тыртаў (1834—1893) выказаў думку пра карысць заснавання ў Полацку, як найстаражытнейшым і цэнтральным горадзе Віцебскай губерні, гуртка аматараў айчыннай археалогіі і музею мясцовых старажытнасцяў. Пасля таго як уладамі будзе зацверджаны статут гуртка, Тыртаў абяцаў даць пад памяшканне для музею адну з залаў кадэцкага корпусу, а сваю кватэру прадаставіць для сходаў гуртка. Адзін з удзельнікаў раскопкаў прапанаваў увесці меркаваны археалагічны гурток у склад Маскоўскага археалагічнага таварыства ў якасці яго аддзелу. Сябрамі гуртка былі А. Тыртаў, М. Кусцінскі, А. Семянтоўскі, Н. Паўлін, А. Чарняўскі, а з маладога пакалення віцебскіх краязнаўцаў — П. Дружылоўскі, В. Волкаў, браты Красавіцкія, А. Сапуноў, А. Марэль1.
А. Тыртаў падаў праект стварэння ў Полацку «археалагічнага таварыства» ў Маскоўскае археалагічнае таварыства. Дакладныя звесткі пра далейшы лёс праекту адсутнічаюць.
Вядома таксама, што выкладчык Віцебскага кадэцкага корпусу І. Далгоў (1857—1911) вывучаў кладкі старажытнай Полацкай Сафіі, хадайнічаў перад мясцовым начальствам пра адкрыццё «падземнага музею»2.
Незвычайны музейны праект распрацоўваўся на мяжы 80—
90-х гг. ХІХ ст. Ён прадугледжваў стварэнне турэмнага музею ў Віцебску. У ім планавалася сабраць мадэлі і планы турмаў, адзіночных камераў, вопраткі, абутку і іншых рэчаў арыштанцкага побыту. Інфармацыя збіралася як пра тутэйшыя турмы, так і пра тыя, што знаходзіліся ў іншых рэгіёнах Расейскай імперыі. У прыватнасці, у музеі планавалася адлюстраваць умовы ўтрымання вязняў на востраве Сахалін, звесткі пра якія даставіў у Віцебск доктар медыцыны Супруненка. Праект застаўся нерэалізаваны3.
З нагоды 100-х угодкаў з дня народзінаў расейскага паэта А. С. Пушкіна Віцебская гарадская дума ў лютым 1899 г. прыняла пастанову пра стварэнне культурна-асветніцкага комплексу ў складзе публічнай бібліятэкі і музею. Спачатку лічылі, што бібліятэка будзе пабудавана як за кошт грамадскіх ахвяраванняў, так і пры дапамозе сродкаў з гарадскога бюджэту. Аднак прыйшлося справу вырашаць выключна з дапамогай прыватных унёскаў 4. Бібліятэка была адчынена толькі 29 студзеня 1905 г. Але ў яе статуце музей нават і не ўзгадваўся 5. Такім чынам, грамадская ініцыятыва стварэння новага музею не пайшла далей праекту ці, больш дакладна, выказанай ідэі. Магчыма, тут паўплываў і той фактар, што ў Віцебску ўжо існавалі два музеі — пры губернскім статыстычным камітэце і царкоўна-археалагічны. Аднак былі людзі, вельмі зацікаўленыя ў стварэнні новай музейнай установы. Напрыклад, адзін з фундатараў, віцебскі гісторык і краязнавец У. Стукаліч (1858—1918), выдаткаваў 100 руб. з умовай, што пры бібліятэцы будзе заснаваны гісторыка-археалагічны музей6.
У пачатку ХХ ст. набыло актуальнасць пытанне пра арганізацыю этнаграфічнага музею ў Вільні. Спачатку меркавалася стварыць яго пры публічнай бібліятэцы ў якасці другога музею на аснове невялікай этнаграфічнай калекцыі, сабранай яшчэ ў першы перыяд дзейнасці Паўночна-Заходняга аддзелу Расейскага геаграфічнага таварыства (РГТ) (1867—1876). Скрайні недахоп месца не дазваляў адчыніць гэты музей у памяшканні публічнай бібліятэкі. Наогул бібліятэка ў пачатку ХХ ст. апынулася перад пагрозай закрыцця для наведнікаў. Неабходна было будаваць новае памяшканне для бібліятэкі і музею. На сродкі, выдаткаваныя Віленскай навучальнай акругай, змаглі зрабіць толькі новы жалезны дах над музеем7.
Найбольш спрыяльныя магчымасці стварыць этнаграфічны музей у Вільні ўзніклі пасля прыезду ў гэты горад у 1910 г. вядомага беларускага этнографа і гісторыка Е. Раманава. Беларускія даследнікі ў сваіх працах часта спасылаліся на гэты факт. Аднак у іх паўтараецца адна і тая прычына няўдачы гэтага праекту: спыненне падрыхтоўчай працы на распараджэнне апекуна Віленскай навучальнай акругі Б.Э. фон Вольфа8. Чаму так адбылося? Даследнікі не даюць разгорнутага адказу на пытанне. Таму варта больш падрабязна прааналізаваць гэты эпізод.
Пра неабходнасць стварэння этнаграфічнага музею пры Віленскай публічнай бібліятэцы Е. Раманаў дакладваў Вольфу ў дакладной запісцы ад 3 жніўня 1906 г. Апякун Віленскай навучальнай акругі на яе не адрэагаваў. Тады 14 кастрычніка 1906 г. Раманаў паўтарыў заяву. На яго думку, праект мог быць рэалізаваны пры выкананні наступных умоваў: па-першае, будучы этнаграфічны музей павінен скласці самастойную ўстанову; па-другое, мець асобнае памяшканне, паколькі пры публічнай бібліятэцы няма ніводнага вольнага памяшкання; па-трэцяе, Раманаў лічыў, што «музей павінен знаходзіцца ў маім непасрэдным загадванні, на поўнай маёй адказнасці, з прадастаўленнем мне самастойнасці пры яго арганізацыі...»9.
Акрамя таго, першапачаткова Раманаў меў на мэце стварэнне музею толькі для «русской народности здешнего края», у той час як кіраўніцтва Віленскай навучальнай акругі выказала жаданне прэзентаваць у ім усе народнасці, якія насялялі край. У такім выпадку трохгадовы тэрмін для стварэння задуманага музею быў занадта малы.
Далей Е. Раманаў сфармуляваў пункт, загадзя асуджаны на няўдачу: «Стварэнне музею патрабуе ад мяне напружання ўсіх сваіх сілаў і ўсяго майго часу, пры шматлікіх раз’ездах; таму я павінен быць вызвалены ад паўсядзённых заняткаў у камісіі». Нарэшце, зноў узнікла пытанне пра крыніцы фінансавання праектаванага музею. Раманаў прыгадаў фон Вольфу, што звычайна, за выключэннем музею імператара Аляксандра ІІІ, займаючыся арганізацыяй музеяў, ён растрачваў значныя асабістыя сродкі на калекцыі і нават на абсталяванне. Утрыманне, прызначанае Раманаву на новым месцы службы, не давала магчымасці ажыццявіць новы музейны праэкт уласнымі высілкамі і на ўласны кошт. Адпаведна, «упраўленню акругі належыць адшукаць сродкі на набыццё і дастаўку этнаграфічных калекцыяў, фотаздымкаў, планаў ды інш. на ўладкаванне музейнага абсталявання, на музейныя каталогі і на гаспадарчыя выдаткі»10.
Можна было прадбачыць, што адказ Б.Э. фон Вольфа будзе адмоўны. Галоўную небяспеку апошні ўбачыў у тым, што можа быць нададзена «занадта вялікая самастойнасць для музею». Дзеля станоўчага вырашэння гэтага пытання патрэбна была згода загадчыка музею пры Віленскай публічнай бібліятэцы. Праблему фінансавых выдаткаў фон Вольф «вырашыў» у звычайным казённа-бюракратычным духу: Раманаў не называе канкрэтную лічбу, таму нельга сказаць, ці знойдзецца такая сума ў распараджэнні акругі. Пытанне ж пра вызваленне галоўнага арганізатара музею ад паўсядзённых заняткаў у камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай бібліятэкі было зусім рытарычным: «ці магчыма гэта — запытаць у старшыні камісіі»11. У выніку праект стварэння этнаграфічнага музею ў Вільні застаўся нерэалізаваны.
У пачатку ХХ ст. таксама распрацоўваўся цікавы праект Віленскага гарадскога музею. Ідэя стварэння такога музею ўзнікла ў 1900 г. у асяродку супрацоўнікаў гарадское думы. Гэты музей павінен быў адлюстроўваць гістарычныя лёсы Вільні й развіццё культуры ў горадзе.
Прадугледжваліся два варыянты размяшчэння новага музею. Паводле першага, для гэтай мэты магло быць выкарыстана адно з вялікіх памяшканняў былога францысканскага кляштару. Але на той час яно было прыстасавана пад жыллё для сем’яў гарадское беднаты. У другім выпадку гарадскі музей мог быць размешчаны ў закрытым касцёле Св. Міхала. Зразумела, што прыстасаванне абодвух памяшканняў пад музей вымагала вялікіх матэрыяльных выдаткаў.
Пасля абрання новага складу думы апошняя сваім рашэннем выкрасліла абодва праекты з каштарысу выдаткаў віленскай гарадской скарбніцы. Таму перад арганізатарамі паўстаў непазбежны выбар: «Або адкласці музей да лепшых часоў, або выдзеліць вялікія грошы на музейны будынак у крытычны для мясцовае скарбніцы момант, калі няма чым аплачваць самыя неадкладныя патрэбы гарадской гаспадаркі»12.
Была яшчэ адна магчымасць вырашэння праблемы. Польскае таварыства прыяцеляў навук у хуткім часе пасля свайго заснавання (1906 г.) атрымала ў падарунак ад графа Пржаздзецкага новы будынак, у якім, паводле жадання апошняга, павінна была размясціцца польская публічная бібліятэка. Аднак улады гэтага зрабіць не дазволілі. Таму ўзнік яшчэ адзін музейны праект. Паводле яго ва ўзгаданым будынку меркавалася размясціць новы вялікі музей, у якім былі б аб’яднаны зборы Таварыства прыяцеляў навук, гарадское думы, музей Таварыства навук і мастацтваў і прыватны музей А. Брадоўскага. І гэты праект таксама патрабаваў пошуку дадатковых сродкаў.
Дзеля вырашэння пытання гарадская дума 19 лістапада 1908 г. прызначыла камісію ў складзе Фалевіча, Антановіча, Войніча, Максевіча, Давідоўскага, Дамбоўскага і Іжыцкага-Германа. Сучаснікамі адзначалася недастатковая актыўнасць гэтай камісіі. Мажліва, гэта стала адной з прычынаў таго, што ў новым памяшканні размясціліся толькі музейныя зборы Таварыства прыяцеляў навук і Таварыства навук і мастацтваў13.
Ініцыятывы па стварэнні Віленскага гарадскога музею на гэтым не спыніліся. У чэрвені 1910 г. канцылярыя Міністэрства імператарскага двара разглядала справу пра зацвярджэнне праекту такога музею. Перад ім ставіліся дзве асноўныя мэты — навуковая і мастацкая. Першая прадугледжвала «збор і захаванне ў сістэматычным парадку ўсяго, што можа служыць матэрыялам для вывучэння г. Вільні і Паўночна-Заходняга краю ў яго мінулым і сучаснасці». Мастацкая заклікана была садзейнічаць «развою пачуцця вытанчанасці праз азнаямленне з сабранымі ў музеі выдатнымі ўзорамі мастацтва». Адпаведна музей планавалася падзяліць на 2 аддзелы — навуковы і мастацкі. У першы павінна было ўвайсці «ўсё, што мае дачыненне да вывучэння г. Вільні і Паўночна-Заходняга краю ў побытавых, гістарычных, эканамічных, прыродазнаўчых, навуковых ды інш. дачыненнях». У другім аддзеле арганізатары планавалі сабраць творы жывапісу, скульптуры, архітэктуры, музыкі й іншых галін мастацтва як арыгінальныя, так і копіі14.
Далей, згодна з праектам, музей на ўвесь час свайго існавання павінен быў размясціцца ў памяшканні, прадастаўленым яму горадам бясплатна. На ўтрыманне Віленскага гарадскога музею і на набыццё адпаведных яго мэтам прадметаў, калекцыяў і твораў патрабавалася штогод уносіць у агульны каштарыс гарадской скарбніцы неабходныя сумы. З такіх адлічэнняў гарадская дума і павінна была стварыць асобны капітал дзеля забеспячэння патрэбаў музею. Зразумела, прадугледжваліся і традыцыйныя для таго часу шляхі фінансавання: плата за наведванне, ахвяраванні ад прыватных асобаў, выручаныя грошы ад продажу выданняў музею — каталогаў, копіяў твораў мастацтва ды інш.
Пытанне пра загадванне вырашалася наступным чынам: «Віленскі гарадскі музей знаходзіцца ў загадванні асобнай музейнай камісіі, якая выбіраецца Віленскай гарадской думай з прадстаўнікоў гораду і асобаў, вядомых сваёй чыннасцю на ніве навукі і мастацтва ў такой колькасці, якая будзе неабходнай па складу да далейшае працы.
У склад камісіі ўваходзяць прадстаўнікі як мясцовай губернскай адміністрацыі, так і навучальнай акругі. Сябры камісіі выконваюць свае абавязкі бязвыплатна». Непасрэдна загадваць музеем павінен яго дырэктар, выбраны Віленскай гарадской думай і зацверджаны віленскім губернатарам. Калі апошняга кандыдатура з нейкіх прычынаў не задавальняла, ён мог прызначыць дырэктара музею аднаасобным рашэннем15.
Усе акалічнасці, што перашкодзілі ажыццяўленню гэтага праекту, пакуль высветліць не ўдалося. На запыт міністра імператарскага двара ў імператарскую Акадэмію мастацтваў даслаць заключэнне па яго сутнасці быў дадзены адказ: «З боку Акадэміі мастацтваў не сустракаецца перашкодаў да зацвярджэння праекту статуту Віленскага гарадскога музею ў пададзенай рэдакцыі. Адпаведную рэзалюцыю вынес і міністр імператарскага двара»16. Такім чынам, у Пецярбургу праект не выклікаў пярэчанняў, але і не быў рэалізаваны. У пачатку тэксту ёсць надпіс алоўкам: «Дзіўны дакумент, нікім не падпісаны»17. Магчыма, што акрамя традыцыйных фінансавых праблемаў, тут яшчэ адыгралі негатыўную ролю і асабістыя рознагалоссі паміж заснавальнікамі Віленскага гарадскога музею.
У пачатку ХХ ст. менскія краязнаўцы распрацоўвалі цікавы праект стварэння ў гэтым горадзе Палескага музею. Менская гарадская дума за 12 кастрычніка 1909 г. прыняла пастанову пра стварэнне адмысловай арганізацыйнай камісіі18. Яна разгледзела па гэтым пытанні заяву свайго галоснага В. Янчэўскага і інжынера Кузняцова. Аўтары даводзілі, што Палессе — гэта вялікі край, які заслугоўвае пільнага вывучэння, тым больш што хуткае прамысловае развіццё робіць сваю справу: «Чыста мясцовыя асаблівасці згладжваюцца, фізіяномія Палесся ўсё больш мяняецца і хутка застанецца толькі ва ўспамінах»19. У праекце адзначалася, што Палескі музей павінен мець этнаграфічнае, археалагічнае, заалагічнае і шмат іншых аддзяленняў. Тут жа планавалася размясціць бібліятэку, якая будзе захоўваць усю літаратуру пра Палессе.
Калі йдзецца пра матэрыяльны бок справы, дык аўтары праекту значныя надзеі ўскладвалі на дапамогу Менскай гарадской думы: прадастаўленне памяшкання — 600 руб., утрыманне вартаўніка — 240 руб., ацяпленне і асвятленне — 200 руб., а таксама выдзяленне «невялікай сумы на першапачатковае ўладкаванне» — 1000 руб. Гэтыя лічбы выводзіліся на першы год дзейнасці музею. У наступныя гады субсідыі гарадское думы не павінны былі перавышаць 1040 руб. у год. Працу па арганізацыі і захаванні музею бралі на сябе Янчэўскі і Кузняцоў.
Пры абмеркаванні праекту думкі галосных (дэпутатаў) падзяліліся. Адны выказваліся ў падтрымку праекту, але тут жа агаворваліся, што паколькі «...матэрыял для музею будзе знаходзіцца галоўным чынам у губерні і роля гораду будзе ў гэтай справе нязначная, таму і крыніцы выдаткаў на музей трэба запытаць або ў земства, або ў іншым месцы». Другія казалі пра недапушчальнасць такіх выдаткаў, калі горад не мае сродкаў на самыя пільныя патрэбы, напрыклад, на санітарнага ўрача. Трэція не падзялялі пункту гледжання на Менск як на цэнтр Палесся. Нарэшце, чацвёртыя наогул лічылі, што справа стварэння музею — цалкам грамадская, а не гарадская ініцыятыва20.
Урэшце было вырашана для разгляду пытання пра стварэнне Палескага музею выбраць камісію з дэпутатаў Янчэўскага (старшыня), Цывінскага, Браўдэ, Ульянава, Паўлоўскага, Абранпольскага і Свянціцкага. Камісіі было нададзена права запрашаць для кансультацыяў дасведчаных людзей. Аднак праект адкрыцця Палескага музею ў Менску таксама застаўся нерэалізаваным.
У пачатку ХХ ст. у беларускіх губернях заснаваннем гісторыка-краязнаўчых музеяў актыўна пачынаюць займацца розныя навуковыя таварыствы. Але далёка не ўсе свае праекты ім удалося ажыццявіць. Так, Таварыства вывучэння Беларускага краю, якое было заснавана ў Магілёве ў 1904 г. (паводле іншых звестках — у 1902-м) планавала «ўладкаванне гістарычных і прыродазнаўча-навуковых музеяў... бібліятэк і іншых установаў, а таксама арганізацыю экскурсіяў для вывучэння архіваў, помнікаў старасветчыны, раскопкаў і г. д.»21. На жаль, і гэтая шырокамаштабная праграма засталася неажыццёўленай.
Яшчэ адзін музейны праект звязаны з дзейнасцю Паўночна-Заходняга аддзелу РГТ, які аднавіў сваю дзейнасць у Вільні ў 1910 г. У тым жа годзе яго старшыня, папячыцель Віленскай навучальнай акругі Р. Лявіцкі, звярнуўся да ўсіх губернатараў краю з просьбай, каб яны зрабілі адпаведныя распараджэнні наконт выпадковых знаходак скарбаў ці археалагічных прадметаў. У такім выпадку трэба было падаваць інфармацыю ў аддзел, які з свайго боку абавязваўся дэталёва вывучаць кожны скарб і адсылаць у імператарскую археалагічную камісію. Пасля вяртання скарбаў з апошняй Паўночна-Заходні аддзел меў намер набываць найбольш цікавыя матэрыялы «для сваіх мэтаў»22. У літаратуры ёсць звесткі пра існаванне музею пры гэтым навуковым таварыстве23. На наш пагляд, гаворка ідзе толькі пра музейны праект. Факт існавання гісторыка-краязнаўчага музею пры Паўночна-Заходнім аддзеле РГТ у вывучаных намі крыніцах, у тым ліку матэрыялах архіву гэтага таварыства, не пацвярджаецца24.
У другой палове ХІХ ст. у Заходняй Еўропе сталі вельмі папулярнымі музеі «пад адкрытым небам». Гэта звязана з хуткай індустрыялізацыяй, што рабіла вельмі актуальнай справу захавання этнаграфічнай спадчыны еўрапейскіх народаў. Першы гэткі музей узнік у 1891 г. у шведскім горадзе Скансэне. З таго часу слова «скансэн» стала ўжывацца для назвы новага тыпу музею. Як адзначае гісторык і музеязнавец А. Лакотка, напрыканцы ХІХ ст. з’явілася ідэя стварэння такога музею і ў Беларусі25. На жаль, у тых гістарычных умовах яна і засталася ідэяй.
Сярод музейных праектаў, распрацаваных перад першай сусветнай вайной, заслугоўвае ўвагі план арганізацыі музею Белавежскай пушчы. Ён выкладзены ў лісце ўпраўляючага пушчай да нейкага Эміля Карлавіча ад 31 студзеня 1913 г. Дакумент захоўваецца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіву ў Горадні. Прозвішчы адрасата і аўтара ў ім, на жаль, не пазначаны.
У музеі меркавалася сабраць калекцыі флоры і фауны пушчы, а таксама ўсю найбольш значную інфармацыю пра пушчы, якая магла б зацікавіць наведнікаў. Тут павінны былі знаходзіцца наступныя аддзелы: 1) глебаў, тыповых для кожнага з лесагадоўчых тыпаў насаджэнняў; 2) калекцыі, якія вызначаюць покрыва кожнага тыпу насаджэнняў: моху, травы, кустоўя; 3) грыбоў і ягадаў; 4) драўнінных пародаў у калодках, а таксама на картках з паказаннем кары, ліста, плоду, насення і г. д.; 5) насельнікаў пушчы — жывёлаў, насякомых, птушак; 6) цікавых гістарычных знаходак; 7) паляўнічы аддзел і ў асобнай калекцыі — зброя браканьераў, спосабы ловаў і г. д. Зразумела, што арганізаваць такі музей немагчыма было без удзелу служачых маёнткаў пушчы.
Сабраныя матэрыялы павінны былі разбірацца і групавацца ва ўпраўленні пушчы. У выпадку ж паступлення цалкам сфармаваных калекцыяў, іх планавалася размяшчаць у музеі цалкам і заносіць у інвентарную кнігу ад імя даслаўшых. Браць тушы жывёлаў для вырабу чучалаў не рэкамендавалася да таго часу, пакуль упраўленне не знойдзе сродкі і адмыслоўцаў для гэтай справы. Напрыканцы свайго невялікага праекту аўтар адзначаў, што ў музеі неабходна мець карціны, гравюры, фотаздымкі, якія ілюструюць прыроду і жыццё ў пушчы26.
Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы ваеннага часу, у Беларусі ішла праца па ажыццяўленні шэрагу музейных праектаў і ў 1914—1918 гг. Найбольш у гэтым накірунку вылучалася Магілёўшчына, паколькі яна знаходзілася на найбольшай адлегласці ад тэатра ваенных дзеянняў. У лютым 1916 г. быў разасланы цыркуляр па Магілёўскай губерні пра стварэнне педагагічнага музею пры губернскім земстве. У ім казалася пра вялікую ролю настаўнікаў у справе збору этнаграфічных матэрыялаў для музею (старыя абразы, вопратка, абутак, галаўныя уборы, хатняе начынне, прылады працы, старыя манеты ды інш.). Пры знаёмстве з мясцовымі легендамі, казкамі, песнямі, вераваннямі і звычаямі рэкамендавалася рабіць запісы. Для музею таксама збіраліся запісы пра вайну, салдацкія лісты, ваенныя дзённікі27. Аднак у Магілёўскае губернскае земства да лютаўскіх падзеяў 1917 г. паступіла мала экспанатаў, што не дазволіла рэалізаваць гэтую задуму.
Таксама існаваў праект адкрыцця музею, прысвечанага першай сусветнай вайне. У хуткім часе пасля яе пачатку цыркуляр менскага губернатара пра стварэнне такога адмысловага музею атрымалі ўсе павятовыя спраўнікі і паліцмайстары. Адкрыць «музей Вялікай Айчыннай вайны» — менавіта так ён называецца ў крыніцы — планавалася пры лекарскім аддзеле Менскай губернскай управы.
Асноўнымі экспанатамі планаванай установы павінны былі стаць прадметы зброі і амуніцыі, снарады ці асколкі, друкаваныя выданні (брашуры, газеты, часопісы, карціны, геаграфічныя карты), лісты вайскоўцаў з фронту. Паліцмайстарам даручалася «аказваць магчымае садзейнічанне ў справе збору добраахвотных ахвяраванняў»28.
У фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музею захаваўся інвентарны вопіс музею Віцебскага вышэйшага педагагічнага інстытуту (ранейшага настаўніцкага інстытуту). Пра названы музей нідзе ў літаратуры ўзгадак няма. На жаль, гэтая крыніца не дае магчымасці адказаць дакладна на пытанні: музей быў афіцыйна адчынены ці толькі знаходзіўся на стадыі фармавання? З вопісу бачна, што музейныя экспанаты падзяляліся на 2 аддзелы: «Дагістарычная эпоха» (прылады працы каменнага веку, чарапы і косці чалавека і маманта, калекцыя курганнай керамікі) і «Эпоха гістарычная» (помнікі старадаўняга будаўніцтва, калекцыі манетаў, медалёў, знакаў і значкоў, пячатак, а таксама зброя і рыштунак, розныя паасобныя прадметы)29. Змест дакументу наводзіць на думку, што мы маем справу з чарнавым варыянтам класіфікацыі экспанатаў музею пры Віцебскім вышэйшым педагагічным інстытуце. Іншых звестак пра далейшы лёс гэтага музею пакуль не знойдзена.
Віцебскі краязнавец П. Красавіцкі (1873—1950) выказваў пажаданне адчыніць пры Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытуту вучэбны музей у дапамогу выкладання мясцовай царкоўнай гісторыі. На думку Красавіцкага, патрэбны такі ж музей і пры Віцебскай духоўнай семінарыі, што «было б вельмі карысна для пастыраў будучай царквы»30.
Такім чынам, у Беларусі на працягу другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст. было распрацавана даволі шмат разнастайных праектаў па арганізацыі новых гісторыка-краязнаўчых музеяў. Найбольш істотнай рысай ёсць тое, што ў пераважнай большасці яны ўзнікалі ў асяродку інтэлігенцыі і найбольш адукаванай часткі дзяржаўнага чынавенства. Грамадскія навуковыя таварыствы былі вельмі абмежаваныя ў сваіх магчымасцях у стварэнні такіх установаў. З іншага боку, ажыццяўленне музейных праектаў пры падтрымцы розных уладных структураў часта не мела належнага эфекту з-за пасіўнасці і абыякавасці значнай часткі «штатных» выканаўцаў. Да таго ж, шмат хто з чынавенства губернскага, а тым больш павятовага ўзроўню, успрымаў справу стварэння мясцовых музеяў як другасную, зусім не актуальную на фоне шматлікіх вострых сацыяльна-эканамічных праблемаў. Таму ў такіх умовах найменшыя шанцы на рэалізацыю былі якраз у тых праектаў, якія мелі выразную нацыянальную арыентацыю на задавальненне культурных патрэбаў этнічных супольнасцяў Беларусі. Зразумела, што названая тэма патрабуе далейшага даследавання дзеля выяўлення і аналізу новых архіўных і іншых дакументальных крыніцаў.
ЗАЎВАГІ
1 Сементовский А. По поводу учреждения Полоцкого археологического кружка // Витебские губернские ведомости. 1886. 13 сентября. С. 3.
2 Алексеев Л. Археология и краеведение Беларуси XVI в. — 30-е годы ХХ в. — Мн., 1996. — C. 152.
3 Внутренние известия [проект организации тюремного музея] // Витебские губернские ведомости. 1890. 28 июля. С. 5.
4 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску (далей — НГАБ у Мінску), ф. 2508, воп. 1, спр. 1253, арк. 6—18.
5 Тамсама, арк. 62—69.
6 Тамсама, арк. 49, 55.
7 Отчет Виленской публичной библиотеки и музея за 1908 г. — Вильна, 1909. — С. 10.
8 Бандарчык В. Гісторыя беларускай этнаграфіі (пачатак ХХ ст.). — Мн., 1970. — С. 33; Герасімовіч У. Музей у этнічнай камунікацыйнай сістэме // Славянскія культуры: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы [зб. арт.]. / Акад. навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. — Мн., 1996. — С. 323; Гужалоўскі А. Нараджэнне беларускага музея. Мн., 2001. — С. 84.
9 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (далей — ДГАЛ), ф. 567, воп. 12, спр. 9287, арк. 12.
10 Тамсама, арк. 14.
11 Тамсама, aрк. 12—14.
12 Werbena. Muzeum Zarząndu miejskiego // Goniec Wileński. 1909, 8 lutego. S. 3.
13 Тамсама.
14 Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбурзе (далей — РДГА ў С.-Пецярбурзе), ф. 472, воп. 43 (511/2840), спр. 88, арк. 2.
15 Тамсама.
16 Тамсама, арк. 1, 3.
17 Тамсама, арк. 2.
18 НГАБ, ф. 24, воп. 1, спр. 3639, арк. 107.
19 Сведения о деятельности Минской городской Думы состава 1909—1913 гг. — Мн., 1910. — С. 50.
20 Тамсама. С. 51.
21 Устав Общества изучения Белорусского края в городе Могилеве. Оттиск из № 3 циркуляров по Виленскому учебному округу за 1905 год. — Вильна, 1905. — С. 2.
22 Записки Северо-Западного отдела РГО: В 4-х кн. / Северо-Западный отдел Русского географического общества (РГО). — Вильна, 1910. Кн. 1. — С. 9—10.
23 Каспяровіч М. Краязнаўства. Нарысы. — Мн., 1929. — С. 26—27.
24 Аддзел рукапісаў бібліятэкі Віленскага універсітэта, F-34. GD 692, 700, 701, 712, 714—716.
25 Лакотка А. Беларускі дзяржаўны музей-запаведнік «Менка» // Беларускі гістарычны часопіс. 1995. № 2. С. 164—173.
26 Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, ф. 108, воп. 1, спр. 24, арк. 26—27.
27 НГАБ у Мінску, ф. 2085, воп. 1, спр. 64, арк. 2.
28 НГАБ у Мінску, ф. 299, воп. 3, спр. 1575, арк. 261.
29 Віцебскі абласны краязнаўчы музей, ф. 8, спр. 1.
30 Тамсама, арк. 37—42.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА |