БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 4-5/2003      Тэма нумару: Музеі і архівы

«Нашаніўскія» дакумзнты у фондах рукапіснага аддзелу Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы

Андрэй Унучак
unuchak@hotmail.com  

Гістарыяграфія «нашаніўскага пэрыяду» досыць багатая, на гэты час беларуская навука мае шмат напрацовак і распрацаваных аспэктаў гэтага пэрыяду нацыянальнай гісторыі. «Наша Ніва» — гэта пачатак фармаваньня беларускай нацыянальнай ідэі, прадвесьнік сучаснага беларускага культурнага адраджэньня.

Беларуская гуманітарная інтэлігенцыя цягам усяго ХХ ст. зьвярталася да гэтае тэмы, уводзячы ў навуковы зварот усё новыя зьвесткі й дакумэнты. Але, як гэта ні парадаксальна, да гэтага часу няма абагульняльнае гістарычнае працы, прысьвечанай «Нашай Ніве», няма сыстэмнага аналізу палітычнай і сацыяльна-эканамічнай публіцыстыкі выданьня. Недастаткова дасьледаваныя арганізацыйнае станаўленьне газэты, крыніцы фінансавага забесьпячэньня, дачыненьні нашаніўцаў з нацыянальнымі элітамі іншых краёвых народнасьцяў Беларусі ды інш.

Матэрыялы, якія захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі АН Літвы, могуць істотна дапамагчы ў больш поўным дасьледаваньні згаданых абсягаў.

Асноўная частка беларускіх матэрыялаў засяроджана ў фондзе № 21, дзе захаваліся разнастайныя зьвесткі пра «першую беларускую газэту з рысункамі» ды яе стваральнікаў. У гэтым фондзе захоўваюцца дакумэнты ў асноўным апошняга пэрыяду існаваньня газэты (1911—1915). Вялікую цікавасьць мае ліставаньне вядомага слонімскага беларуса Гальяша Леўчыка, які тады жыў і вучыўся ў Варшаве, з братамі Луцкевічамі. Ліставаньне з Антонам Луцкевічам датычыць пераважна пытаньняў ідэалёгіі беларускага нацыянальнага руху, а з Іванам Луцкевічам — зьбіраньня беларускай старасьветчыны і фінансаваньня «Нашае Нівы».

Так у лісьце за 17(30) студзеня 1913 г. Леўчык раіць А. Луцкевічу выдаць па-польску і па-расейску брашуру пра беларускае адраджэнне і беларускі рух, кшталту напісаных апошнім «Белоруссов» (1909), толькі дапоўненых і пашыраных. Ён піша, што такая брашура магла б стаць добрым дапаможнікам у нацыянальнай агітацыі сярод студэнцтва. Відаць, Галляш Леўчык лічыў выданьне гэткай працы справай надзвычай важнай, бо ў наступным лісьце да А. Луцкевіча за 13(26) лютага 1913 г. зноў узгадаў пра яе. А праз два гады зноў жа намаўляў А. Луцкевіча напісаць артыкул пра беларускі рух у расейскі часапіс «Национальные проблемы».

З гэтага ліставаньня вынікае яшчэ адна важная дэталь — Г. Леўчык займаўся пошукам фінансаў для «Нашае Нівы», ён шукаў у Варшаве фірмы, згодныя даць рэклямныя абвесткі для газэты. Яны таксама адлюстраваныя ў ягоным ліставаньні з Луцкевічамі. Апроч гэтага, Леўчык быў актыўна задзейнічаны І. Луцкевічам для пошуку культурных старажытнасьцяў. У сваіх лістах ён часта распавядае старэйшаму Луцкевічу пра знаходкі, не забываючыся пры гэтым даць ацэнку іх культурнай і матэрыяльнай вартасьці. Напрыклад, 15(28) верасьня 1911 г. ён піша І. Луцкевічу, што адшукаў у Слоніме ў мяшчанскай хаце «да 1000 старых папераў — ад 1500 да 1800 гг.», усе пра Слонім, і з гэтых папераў «каля 200 мо і па-беларуску (старым пісаным шрыфтам)», у дадатак знайшоў 5 каралеўскіх лістоў — «Стэпана Батораго, Казьмера, Уладыслава, Яна ІІІ» ды г. д. (Гл. дадатак.) На гэтыя знаходкі ён выйшаў празь нейкага Вацлава Бубноўскага. Такім чынам, можна прасачыць некаторыя моманты зьбіраньня будучага «Беларускага музэю» І. Луцкевіча і аднавіць пэўныя элемэнты мэханізму зьбіраньня матэрыялаў.

Дапаўняе нашыя веды пра сыстэму й мэханізм матэрыяльнага забесьпячэньня «Нашае Нівы» ліст І. Луцкевіча да Вацлава Іваноўскага, які можна датаваць канцом 1913 г. альбо пачаткам 1914 г. Зь ліста відаць, што І. Луцкевіч меў сувязі з аўкцыёнамі жывапісу ў Пецярбурзе і Лёндане. Акрамя гэтага, у той самай справе ёсьць зьвесткі пра пасярэдніцтва І. Луцкевіча зь нейкім Куштэлянам у продажы абшарніцкіх маёнткаў, напрыклад, маёнтку графа Тышкевіча ў Менскай губерні.

Каштоўнай крыніцай да гісторыі беларускай думкі і руху тае пары ёсьць лісты й рукапісы Аляксандра Ўласава за 1912—1914 гг. У звароце да рэдакцыі «Лепельского вестника» А. Уласаў прапануе гэтай мясцовай газэце ўзяць на рэалізацыю «Беларускі каляндар» на 1912 г. У звароце, апроч усяго, зьмяшчаюцца зьвесткі пра наклад названага «Календара»: за 1910 г. — 6 тыс. асобнікаў, за 1911 г. — 10 тыс., за 1912 г. — 15 тыс. Сярод рукапісаў рэдактара-выдаўца «Нашае Нівы» можна знайсьці разважаньні пра сялянскае землеўладаньне, пра школьную справу, нацыянальнае пытаньне, ёмістыя эканамічныя нататкі.

Апрача рукапісаў А. Уласава, узгаданы 21-шы фонд зьмяшчае напрацоўкі ідэёляга й галоўнага «пяра» нашаніўскага руху А. Луцкевіча. Сюды ўваходзіць, напрыклад, арыгінал ягонага артыкулу ў чэскі «Slovanski Prehled» (Рочнік ІХ, за 1909 г.). Артыкул напісаны па-расейску і мае назву «Национальное возрождение белоруссов». У гэтым артыкуле выкладаецца гісторыя й ідэалёгія беларускага руху. А. Луцкевіч дае палітычную ацэнку БСГ, выкладае погляд на «нацыянальную царкву» для беларусаў. Паводле думкі аўтара такой царквой можа стаць уніяцтва.

Важнай крыніцай, што асьвятляе нутранае ідэйнае станаўленьне беларускага руху, ёсьць ліст Вацлава Ластоўскага да А. Луцкевіча, які можна датаваць 1914 г. У ім Ластоўскі крытыкуе «краёвую» канцэпцыю будучыні Беларусі і агучвае ўласную «каставую» канцэпцыю разьвіцьця беларускага руху. Сутнасьць гэтай канцэпцыі ў тым, што беларускі народ складаецца з аднае «касты» — сялянаў, і таму толькі яны маюць права рэкрутаваць эліты і вырашаць лёс краю, а ідэя «аднаго краю зь пяцьцю нацыямі», на думку Ластоўскага, вядзе толькі да дэмаралізацыі руху, бо для беларусаў губляецца сэнс змаганьня за дзяржаву, дзе яны зноў будуць у падпарадкаваным становішчы.

Несумненную цікавасьць для дасьледніка «нашаніўскага пэрыяду» ўяўляе дзёньнік ідэёляга «краёвасьці» Міхала Ромэра (фонд № 138, справы №№ 2228—2230). Ромэр быў частым госьцем рэдакцыі «Нашай Нівы», блізка знаёмы з А. Уласавым і братамі Луцкевічамі. Асабліва цесныя дачыненьні ён меў зь Іванам Луцкевічам. Дзёньнікавыя запісы не былі прызначаныя для публікацыі, да таго ж яны рабіліся штодзённа «па сьвежых слядох» і таму заслугоўваюць даверу. Зьмест дзёньніка — гэта занатоўкі і апісаньне падзеяў з прыватнага і публічнага жыцьця М. Ромэра, а таксама рэфлексія на розныя ідэі, у тым ліку й грамадска-палітычныя. Напрыклад, зь ягонага дзёньніка мы можам даведацца пра наступны факт: 18(31) студзеня 1911 г. В. Іваноўскі быў у Вільні і заходзіў у рэдакцыю «Нашай Нівы», дзе адбылася ягоная сустрэча з Уласавым, братамі Луцкевічамі і Алесем Бурбісам. Цікавая таксама ромэрская пэрсанальная характарыстыка «нашаніўскае кампаніі». Зь ягонага дзёньніка даведваемся, што віленская кватэра старшыні мясцовага таварыства «Веды» Барыса Даніловіча часта была месцам сходу нашаніўцаў. Гэта звалася завітаць «на бліны да Даніловічаў». Тут жа можна знайсьці апісаньне «беларускай вечарыны» ў Вільні: аўтар падрабязна спыняецца на публіцы, якая прысутнічала на імпрэзе і падае свае ўражаньні. Ромэр — чалавек пабочны для беларускага руху, і ягоны асабісты погляд каштоўны тым, што можа быць параўнаны з апісаньнем вечарыны ў «Нашай Ніве».

М. Ромэр піша, што на пачатку лютага 1911 г. ён меў намер напісаць кнігу пра Беларусь накшталт сваёй «Litwy», і ў гэтай справе зьвярнуўся да нашаніўцаў (Уласава, братоў Луцкевічаў) па дапамогу і парады, апісвае таксама матывы, паводле якіх ён бярэцца за працу й мэты напісаньня гэтай кнігі. З дзёньніка мы даведваемся, калі і як І. Луцкевіч запрасіў Ромэра ў масонскую ложу.

Як ужо было сказана, Ромэр ня толькі апісваў падзеі й асобаў, але даваў ім свае характарыстыкі. Паводле ягоных уражаньняў, Іван Луцкевіч — рамантык, які можа часам «дадаць фантазіі дзеля эфэкту». Антон Луцкевіч, на думку Ромэра, — «беларускі эндэк ... халодны і напорысты палітык-нацыяналіст». Ва ўзгаданым дзёньніку мы таксама можам знайсьці інфармацыю пра тое, што напрыканцы лютага 1911 г. М. Ромэр пісаў артыкул пра «заходнерускія» выданьні «Крестьянин» і «Белорусская жизнь» у «Новую газету» на просьбу нашаніўцаў.

Важная інфармацыя зьмяшчаецца і ў другім томе дзёньніку. Ромэр тут узгадвае пра Царыка, які ўдзельнічаў у маёўцы віленскіх адвакатаў-краёўцаў. Гаворка ідзе пра Гаўрылу Царыка, успаміны якога пра беларускі рух былі надрукаваныя ў часапісе «Нёман» у 1998 г.

Хоць дзёньнік, паводле жанру, крыніца вельмі суб’ектыўная, але яна дазваляе ўдакладніць некаторыя факты таго часу, а таксама дае ўяўленьне пра эпоху, звычаі й атмасфэру, у якой жыла віленская інтэлігенцыя.

Яшчэ адной каштоўнай крыніцай да гісторыі беларускага руху зьяўляюцца статуты розных беларускіх арганізацыяў, як напрыклад, Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускага музычна-драматычнага гуртка. Тут жа захоўваецца праект статуту «Беларускага народнага брацтва». Усе гэтыя грамадзкія арганізацыі складалі аснову беларускага грамадзкага руху наконадні і ў пачатку першай сусьветнай вайны й былі створаныя дзеячамі нашаніўскага кола. Таму вельмі істотным пры вывучэньні гэтага пэрыяду зьяўляецца дасьледаваньне іх праграмных дакумэнтаў, дзе вызначаюцца мэты стварэньня арганізацыі, яе арганізацыйная структура і абсяг дзейнасьці. Напрыклад, Беларускі музычна-драматычны гурток (статут прыняты ў 1911 г.) ставіў за мэту ўздым культурнага ўзроўню беларускага народу. Дзеля яе дасягненьня, паводле статуту арганізацыі, ініцыятары ягонага стварэньня зьбіраліся ладзіць вечарыны, маёўкі, спэктаклі, маскарады ды г. д.; выпісваць часапісы й газэты, утварыць бібліятэку і чытальню; ладзіць культурны адпачынак для гурткоўцаў. Галоўным кіроўным органам абвяшчаўся сход, паміж сходамі гуртком кіравала рада сходу, што складалася з 12 сябраў і 4 кандыдатаў у сябры і абіралася тэрмінам на 1 год.

Праект статуту «Беларускага народнага брацтва» (1911) сведчыць пра тое, што гэтая арганізацыя была масонскага тыпу. Сваёй мэтай яна ставіла «эканамічнае, палітычнае й культурнае адраджэньне беларускага народу і краю». Адной з задачаў «Брацтва» было імкненьне да самага шырокага самакіраваньня краю. Арганізацыя прызнавала роўныя правы ўсіх нацыяў у Расейскай дзяржаве «і ў нашым краі». Арганізацыйная структура «Брацтва» была наступная: сойм, галоўная рада і гнёзды. Сябрам арганізацыі забаранялася адкрываць сваю прыналежнасьць да арганізацыі. Апрача статуту, «Брацтва» не павінна было мець ніякіх іншых пісаных дакумэнтаў. Кожны «брат» павінен абавязкова паведамляць старшыні пра найважнейшыя падзеі ў ягоным асабістым жыцьці. Падчас прыёму кожны новы «брат» зачытваў перад сябрамі «Брацтва» тэкст зацьверджанай прысягі: «Абецуюся і прысягаю любіць сваіх братоў і памагаць ім у кожнай патрэбі, не шкадуючы і жыцьця свайго. Усё, што будзе мне вядома, абецуюся дзержаць у тайне, хаця бы на судзе ў справах брацтва трэба было крыва прысягаць, і гэта павіннасьць ляжыць на мне і пасьля выхаду з брацтва. Абецуюся ўсе пастановы гнезда майго, Галоўнага ўраду і Сойму спаўняць паслухмяна».

Шмат дакумэнтаў, датычных беларускага руху, знаходзіцца ў фондзе аднаго з тэарэтыкаў і дзеяча «краёвасьці» Людвіка Абрамовіча. Напрыклад, тут захоўваецца ліст А. Луцкевіча ад 31(13) траўня 1913 г. да М. Ромэра і Я. Манькоўскага з патрабаваньнем склікаць «суд гонару» паміж ім і Л. Абрамовічам. Сутнасьць справы ў тым, што ў №№ 20—21 газэты «Przegl№d Wileсskie» за 1913 г., галоўным рэдактарам якога быў Л. Абрамовіч, выкрыта асоба А. Луцкевіча як рэдактара рускамоўнай «Вечерней газеты», што стала парушэньнем ранейшых дамоўленасьцяў. А. Луцкевіч просіць М. Ромэра і Я. Манькоўскага быць пасярэднікамі ў гэтай справе. М. Ромэр, у сваю чаргу, інфармуе пра гэта Л. Абрамовіча. «Суд гонару» адбыўся, і ў справе зьмяшчаецца пратакол паседжаньня дадзенага грамадзкага суда, падчас якога ўдалося прыйсці да згоды.

У гэтым жа фондзе зьмяшчаюцца нэкралёгі на сьмерць І. Луцкевіча з апісаньнем яго жыцьцяпісу.

У фондзе вядомага віленскага адваката Тадэвуша Ўрублеўскага ёсьць «Абвінаваўчы акт сына калежскага радцы Аляксандра Мікітавіча Ўласава і селяніна Мечыслава Станкевіча». Сутнасьць справы ў тым, што 24 чэрвеня 1908 г. М. Станкевіч прадаваў у мястэчку Шырвінты беларускія кнігі, не дазволеныя цэнзурай, быў затрыманы і паказаў, што кнігі ён атрымаў у рэдакцыі «Нашае Нівы». На падставе гэтай справы 4 траўня 1909 г. у рэдакцыі тыднёвіка быў праведзены ператрус, у якасьці сьведкі дапытаны В. Ластоўскі, які паказаў, што М. Станкевіч зьяўляецца агентам «Нашае Нівы» і што кнігі яму сапраўды далі ў рэдакцыі.

У тым жа фондзе знаходзіцца абвінаваўчы акт на Віктара Зелязея, дзеяча Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Справа ў тым, што на менскай кватэры бацькі Віктара, Адама Зелязея, 28 лютага 1908 г. быў праведзены ператрус і знойдзеныя друкі «Менскай мяшчанскай управы» і пячатка БСГ. Для гісторыка гэты акт мае бясспрэчную каштоўнасьць у тым, што ў ім падрабязна пералічаныя ўся друкаваная прадукцыя, знойдзеная жандарамі, і нават ёсьць сьціслы пераказ яе зьместу. Тут былі выяўленыя брашуры, якія «ўясьняюць задачы “Ўсерасейскага сялянскага саюзу”». У акце падкрэсьлена, што галоўная іх небясьпека ў тым, што яны пішуць пра прыватную ўласнасьць як пра найвышэйшае ліха. Жандары адшукалі Статут «Беларускага настаўніцкага саюзу», які быў арганізаваны 25 траўня 1907 г. У акце ёсьць інфармацыя пра мэты Саюзу — асьвета народу паводле дэмакратычных прынцыпаў, уздым грамадзкай самасьвядомасьці й культуры беларусаў. Выкладаньне Закону Божага абвяшчалася не абавязковым, першапачатковая адукацыя павінна давацца на беларускай мове. Былі таксама знойдзены палітычныя адозвы «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць» і «Чы будзе для ўсіх зямлі». У іх гаворыцца, што сяляне не павінны больш спадзявацца на цара, а трэба патрабаваць перадачы ўсяе зямлі ў рукі народу. Перададзенай зямлёй павінен загадваць Беларускі сойм у Вільні.

Такім чынам, можна сьцьвярджаць, што ў Бібліятэцы АН Літвы захоўваецца вялікая колькасьць каштоўных матэрыялаў да гісторыі беларускага вызвольнага руху «нашаніўскага пэрыяду». Бальшыня гэтых дакумэнтаў сканцэнтравана ў 21-м «беларускім» фондзе, але таксама прадстаўлены ў асабістых фондах віленскіх грамадзкіх дзеячоў. Вывучэньне гэтага комплексу дакумэнтаў значна пашырае нашыя веды пра беларускую нацыянальную справу і «Нашу Ніву», дазваляе ўдакладніць некаторыя моманты і прасачыць станаўленьне беларускай нацыянальнай ідэалёгіі.

ДАДАТАК

Ліст Гальляша Леўчыка (Слонім) Івану Луцкевічу (Вільня) за 28 верасьня 1911 Г.

г. Вильно Завальная ул. № 7
редакція газеты «Naša Niwa» «Наша ніва»

Iwanu Łuckiewiču Ивану Луцкевичу u Wilni
15/28/IX 1911 h. Słonim, četwier (albo chutčej adpišecie)

Darahieńki Bratko!

Što za hraf! Hetaho p. Bubnoŭskaho ja sam dobra znaju i jon mianie! Ich dwoh bratoŭ — jon staršy Wacław, a druhi małodšy hdzieści u dware u jakohaści kniazia. Tutaka žywieć ich baćko «padpolny adwakat». Jany z im nia ŭzhodzi. U ich i siastra hdzieści je. Ale u baćki Bubnoŭskaho ničoha niamašaka, jość tolki, kazaŭ, stary hadzinnik ad karala Jana, ale ja jaho jašče nia bačyu.— Tymčasam tutaka ŭ mieščan adnych ja znajšoŭ u staroj skryni čystuju kapalniu, ažni wysałapiŭ ja wočy! Da 1000 starych papieraŭ — ad 1500 h. da 1800 hodu. Ale ŭsio ab Słonimie. Je kala 200 mo — i pa biełarusku (starym pisanym šryftam). — Znajšoŭ 5 karaleŭskich listoŭ Stefana Batoraho, Kaźmiera, Uładysława, Jana III. — 5 karaleŭskich prywilehij z waskowymi piečaciami u błašankach, na parhaminie — adna u škury «kožanajŭ aprawi. — Šmat listoŭ Radziwiłaŭ, Sapiehaŭ, Patockaho, je nawiet list Čarneckaho, 2 prykazy karala Jana III drukawanyja; listy Wišniewieckaho. — Ažni mnie wałasy dybam stali, kali ja ich razhladaŭ. Paskładaŭ ja ich roŭno u torby, abwiazaŭ papieraj i znoŭ ułažyli my ich u skryniu. — Šmat je ad wilhaci pahniŭšych i zbutwieŭšych.— Ale, kab nie dać im nadta paznać, sto heta, ja skazaŭ: «... mo pryhadzicca kaliści jakomu wučonamu, ale treba byłob ich addaci ŭ muzej da Wilniŭ. — Chacia jany, zdajecca, zmiarkawali, sto heta warta hrošy.— Nu, ale, možna byłob, zdajecca, wymanić; chacia bez hrošy nie abyjdziecca. Ja canu im nia dawaŭ dziela niepaznaki. Woś ... jak zrabić, kab kupić usio heta?— Čysty «skarb-kładŭ. — Ja da paniedziełka tut prabudu. — Jak zrabić? Mo pryjedźcie bratko, pahladzimo! Tolki, cicha, ša! Raschod i karyść papałam! — jechać na Baranawičy, — da mianie, — ale biez mianie nie pakažuć!

Haljaš Leučyk.

Аддзел рукапісаў Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы, ф. 21, арк. 286, арк. 3—3 адв.

P. S. Аўтар выказвае падзяку сп. Галіне Сівалавай за магчымасьць працаваць у віленскіх архівах і бібліятэках.

КРЫНІЦЫ

Аддзел рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук Летувіскай Рэспублікі, f. 21, c. 286, а. 11; с. 260, а. 5; с. 286, а. 12; с. 286; с. 286, а. 3—4; с. 357, а. 3; с. 357, а. 7; с. 715; с. 715, а. 3; с. 715, а. 7; с. 715, а. 13; с. 715, а. 14; с. 715, а. 18; с. 336; с. 336, а. 9; с. 336, а. 16; с. 251, а. 1; с. 2075, а. 1; с. 2075, а. 6; с. 2070, а. 1; с. 2070, а. 4; с. 2070, а. 5; f. 138, с. 2228, т. 1, а. 1; с. 2228, т. 1, а. 22; с. 2228, т. 1, а. 40; с. 2228, т. 1, а. 46; с. 2228, т. 1, а. 47; с. 2228, т. 1, а. 53; с. 2228, т. 1, а. 54; с. 2229, т. 2, а. 283; f. 79, с. 4; с. 4, а. 4; с. 4, а. 3; с. 4, а. 6—7; с. 465; f. 155, с. 251; с. 336; с. 336, а. 1; с. 336, а. 2; с. 336, а. 3.

Царик Г. Воспоминания члена белорусского кружка в Вильне // Нёман. 1998. № 11—12. С. 221—232.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster