БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 4-5/2003      Тэма нумару: Музеі і архівы

Аб перспектывах навуковай рэканструкцыі музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні

Ганна ЗАПАРТЫКА

Гісторыя беларускіх музеяў і калекцыяў старасветчыны мае трагічны лёс. Славуты Беларускі музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні не стаў выключэннем. Ягоныя калекцыі сёння параскіданыя па розных краінах, захоўваюцца як у дзяржаўных, так і ў прыватных зборах. Музейшчыкі і архівісты, што займаюцца вывучэннем спадчыны музею імя А. Луцкевіча, выдатна разумеюць складанасць ягонай навуковай рэканструкцыі. Патрэбны агульныя намаганні спецыялістаў Беларусі, Літвы, Польшчы ды іншых краінаў пры фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы дзяржаўных структураў і міжнародных культурных фондаў, каб увасобіць гэты праект у жыццё. Найперш, безумоўна, гэта патрэбна нам, беларусам, бо музей імя І. Луцкевіча ствараўся як Беларускі нацыянальны музей, ён уяўляў сабой сымбаль нацыянальнага адраджэння Беларусі ў ХХ ст.

Музей пачынаўся з прыватнае калекцыі былога менскага гімназіста Івана Луцкевіча. За свае нядоўгія 38 гадоў жыцця гэты выбітны асветнік сабраў вельмі багатую калекцыю і перад смерцю завяшчаў яе Беларускаму навуковаму таварыству ў Вільні. Напачатку, з-за адсутнасці фінасавых сродкаў, гэты збор не быў належным чынам сістэматызаваны і ўпарадкаваны. Толькі ў 1921 г. музей імя І. Луцкевіча набыў памяшканні, калі з прыватнае кватэры быў перавезены ў былы Віленскі базыліянскі кляштар. З гэтага часу пачынаецца адлік гісторыі музею як арганізаванай навукова-мастацкай установы. З пачатку 1920-х гадоў колькасць мастацкіх экспанатаў, разнастайных дакументаў і фотаматэрыялаў значна павялічылася. У гэты час былі сфармаваны тэматычныя і адмысловыя аддзелы: дагістарычны, этнаграфічны, побытавы, рукапісаў і друкаў. Чыннасцю музею кіравала рада, якая працавала на правах секцыі Беларускага навуковага таварыства. З канца 1920-х гадоў яе складалі тры сябры: Антон Луцкевіч (дырэктар), Уладзімір Самойла (бібліятэкар) і казначэй Антон Неканда-Трэпка. У 1933 г. А. Луцкевіч падрыхтаваў і выдаў павадыр па музеі.

У Архіве актаў новых у Варшаве захоўваецца фонд матэрыялаў Міністэрства асветы і вызнанняў (ф. 7006), у матэрыялах якога ёсць анкеты музеяў даваеннай Польшчы 1937 г. Сярод іх маецца справаздачная анкета, напісаная рукой Антона Луцкевіча. Хоць і належаў музей Беларускаму навуковаму таварыству, але з-за сваёй культурнай значнасці атрымліваў ад узгаданага міністэрства ўрадавыя субсідыі, таму трымаў перад ім справаздачу. Паводле гэтай анкеты на 1 студзеня 1937 г. музей меў 4228 экспанатаў. Колькасць калекцыяў вызначалася наступнымі лічбамі: этнаграфія — 86, выяўленчае мастацтва — 161, скульптура — 65, мастацкія промыслы — 154, нумізматыка — 2492, археалогія — 184. Бібліятэка музею мела 10555 адзінак кніг і перыядычных выданняў1. Пры музеі існаваў таксама архіў, у якім захоўваліся рэдакцыйныя справы газет «Наша Ніва», «Гоман», «Голас беларуса», часапісаў «Крывіч», «Маланка» ды інш.; архівы беларускіх партыяў, розных нацыянальных камітэтаў, хаўрусаў, таварыстваў, іншых арганізацыяў, дакументы Віленскага народнага універсітэту, Беларускага навуковага таварыства, асабістыя калекцыі братоў Луцкевічаў, Лявона Вітан-Дубейкаўскага, Кляўдуша Душ-Душэўскага, Браніслава Тарашкевіча, асобныя дакументы Вацлава Ластоўскага, Аркадзя Смоліча, Паўла Жаўрыда ды многіх іншых.

Дагістарычны аддзел музею меў сфрагічную калекцыю пячатак (колькасцю 103), пярсцёнкаў, манетаў, старажытных крыжоў, абразоў, беларускага лубка віленскіх майстроў ХVІІ—ХІХ стст. Этнаграфічны аддзел захоўваў калекцыі народнай разьбы, музычных інструментаў, шкляных вырабаў. Аддзел побытавых рэчаў складаўся з узораў старога адзення, слуцкіх паясоў, старажытнай зброі, альбомаў, рэдкіх гравюраў і каштоўных фотаздымкаў. Аддзел рукапісаў і друкаў меў рэдкія рарытэты, пачынаючы ад XIV ст. Тут захоўвалася «Жухавіцкае Евангельле XIV ст.», помнік татарскі, рукапіс «Аль-Кітаб» XVI ст., Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., Біблія, выдадзеная на старабеларускай мове Францыска Скарыны 1517 г. у Празе, «Трыёдзь кветная» 1491 г., «Аглашэньні Тодара Студзіты», «Слуцкі памяньнік» 1513 г, «Актаіх» XV ст., «Віленскае Евангельле» XVI ст., «Апостал» XVI ст., «Трэбнік» 1545 г. і шмат іншае. Багатым быў збор і старажытных беларускіх граматаў.

19 верасня 1939 г. у Вільню ўвайшлі савецкія войскі, а 10 кастрычніка таго ж году была падпісана «Дамова пра перадачу Літоўскай Рэспубліцы г. Вільні й Віленскага краю ды аб узаемадапамозе паміж СССР і Літвой». Якраз у прамежак паміж гэтымі датамі былі арыштаваны ўсе сябры Навуковае рады Беларускага музею ў Вільні: А. Луцкевіч, Ул. Самойла, А. Неканда-Трэпка ды іншыя культурныя працаўнікі, якія апекаваліся беларускай музейнай справай. З успамінаў Марыяна Пецюкевіча вядома, што ў кастрычніку 1940 г. віленскі Беларускі музей быў перададзены пад загад Інстытуту літуаністыкі, што ўваходзіў у сістэму Народнага камісарыяту асьветы Літвы. Неўзабаве на базе Інстытуту літуаністыкі ствараецца Акадэмія навук Літоўскай ССР і музей імя І. Луцкевіча, як і іншыя музейныя ўстановы Вільні, пераходзіць пад яе загад. У пачатку траўня 1941 г. М. Пецюкевічу было прапанавана ўзначаліць музей. «Праца нашага сціплага калектыву даволі хутка пачала даваць добрыя вынікі. Нягледзячы, аднак, на такі ненармальны стан музею (маецца на ўвазе цеснае, цёмнае і вільготнае памяшканне ў базыліянскіх мурах на Вастрабрамскай, 9), мы дазволілі, шляхам выключэньня, карыстаць з нашых матэрыялаў вучоным, пісьменьнікам і журналістам»2. У пачатку вайны, пасля эвакуацыі М. Пецюкевіча, дырэктарам становіцца Янка Шутовіч. Усе ваенныя гады музей працаваў і быў адчынены для наведнікаў. У 1943 г. пераехаў у лепшае памяшканне на вул. св. Ганны, 4. Там яго і напаткала ліквідацыя.

Пасля прыходу ў Вільню ў ліпені 1944 г. савецкіх войскаў музей падпарадкоўваецца Камітэту па справах мастацтваў Літоўскай ССР, а крыху пазней — Наркамасветы Літоўскай ССР. У гэты ж перыяд для музею адводзіцца новы будынак — асабняк на вул. Касцюшкі, 16. Ордэр на яго быў атрыманы 6 кастрычніка 1944 г. 25 кастрычніка туды былі перавезены некаторыя экспанаты. «Але заняць будынак музею не далі, бо канчаткова ён быў прызначаны іншай арганізацыі. Дырэкцыя музею пастанавіла бараніцца — адстойваць свае правы на памяшканне пры вул. Касцюшкі, 16. Яна піша 4 лістапада заяву пракурору Літоўскай ССР у Вільні. Адказу ад пракурора ў справе, так важнай для музею, дырэкцыя не атрымала»3.

19 лістапада 1944 г. у Беларускі музей з’явілася ўрадавая дэлегацыя БССР з прапановай пераехаць у Менск. Дзеля канчатковага вырашэння гэтага пытання Я. Шутовіч прапанаваў 21 лістапада правесці нараду з удзелам прадстаўнікоў беларускай грамадскасці. Але 20 лістапада Янка Шутовіч быў арыштаваны (у Вільні ён з’явіцца толькі праз 12 гадоў). Праз некалькі дзён Наркаматам асветы Літоўскай ССР быў прызначаны новы дырэктар музею — Юозас Пятруліс. У гэтыя ж дні Саўнаркамам Літвы была ўтворана ліквідацыйная камісія, куды ўвайшлі: намеснік народнага камісара асветы М. Мешкаўскене, старшыня, гісторык Альбінас Даўкша-Пашкявічус, дырэктар музею АН Літвы К. Мякас. 24 лістапада 1944 г. на першым паседжанні названай камісіі былі разгледжаныя наступныя пытанні: 1. Прынцыпы адбору экспанатаў; 2. Тэхніка адбору экспанатаў; 3. Апісанне і падрыхтоўка да вывазу экспанатаў; 4. Інвентарызацыя выбраных для вывазу экспанатаў ды інш. У пратаколе гэтага паседжання ёсць такі запіс: «Усе экспанаты падзяліць на групы: 1) экспанаты, што маюць дачыненне да гісторыі літоўскага народу; 2) экспанаты, што маюць дачыненне да гісторыі беларускага народу; 3) экспанаты, што маюць дачыненне да гісторыі і літоўскага, і беларускага народаў; 4) экспанаты, што не маюць дачынення да гісторыі і беларускага, і літоўскага народаў. Экспанаты першай і чацвёртай групаў — пасля адбору — пакінуць у Літве. Падрыхтаваць да вывазу, калі такія ёсць, толькі іх дублікаты. Экспанаты другой групы падрыхтаваць да вывазу, пакінуць у Літве іх дублікаты пры ўмове іх наяўнасці». Дзеля выканання пункту 2 парадку дня паседжання ліквідацыйнай камісіяй былі запрошаны праф. Пакаркліс, праф. Яблоньскі, праф., д-р Я. Вальджус, дац. Кулікаўскас, праф. Вялюкас, мастак праф. Гудайціс, мастак Дрэма, бібліёграф Пошка, геолаг Чапуліце, музейны працаўнік Гвітаўжас. Для выканання тэхнічнай працы прыцягваліся супрацоўнікі Беларускага музею і Наркамасветы Літвы4.

Для працы ў ліквідацыйнай камісіі была запрошана дэлегацыя з Менску, якую ўзначаліў нехта Саблін, чалавек, па ўсім відаць, абыякавы і недасведчаны як у музейных справах, так і ў беларусаведных. Сваіх пазіцыяў дэлегацыя не выпрацавала і спакойна прыняла ўмовы літоўскай ліквідацыйнай камісіі. Экспанаты, адабраныя для вывазу ў БССР, былі адпаведна апісаны, сфатаграфаваны і зафіксаваны малюнкамі; быў зроблены інвентарны акт на дзьвюх мовах — літоўскай і рускай. У чэрвені 1945 г. ліквідацыйная камісія правяла яшчэ адно паседжанне. Знакаміты беларускі музей, які па каліву збіраўся на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, сфармаваны беларускімі патрыётамі і пачынальнікамі нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст., спыніў сваё існаванне.

Экспанаты, кнігі і дакументы Беларускага музею імя Івана Луцкевіча былі расцярушаны па музеях, бібліятэках і архівах, прынамсі, у Гісторыка-этнаграфічным музеі АН Літвы, Літоўскім дзяржаўным мастацкім інстытуце, Бібліятэцы АН Літвы (знакаміты беларускі фонд № 21), Дзяржаўным архіве Літвы — у Вільні; Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры й мастацтва, Дзяржаўным музеі Янкі Купалы, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ды інш. — у Менску. Пэўная частка экспанатаў, фотаздымкаў і дакументаў трапіла ў прыватныя рукі. Як сведчыць Я. Шутовіч, некаторыя мастацкія работы Язэпа Драздовіча, Рафала Яхімовіча, дрэварыт Паўла Комара 1750 г., карціну К. Брулова ды інш. забраў мастак Пётра Сергіевіч. Пасля частку гэтых рарытэтаў ён перадаў у Менск, у тагачасны Дзяржаўны мастацкі музей БССР (напрыклад, гістарычныя партрэты Канстанціна Астрожскага і Лява Сапегі).

Музей меў такі вялікі ўплыў на духоўнае станаўленне і нацыянальную свядомасць беларусаў, што і сёння ягоны лёс не перастае хваляваць навукоўцаў і культурную грамадскасць нашае краіны. З рэальнай культурнай установы ён ператварыўся ў сцяг нацыянальнай ідэі і застаецца для нас непаўторнай духоўнай крыніцай. Настаў час, калі мы павінны вырашыць праблемы аднаўлення музею імя І. Луцкевіча. Зразумела, што аднавіць як рэальную навуковую ўстанову ўжо немагчыма. Кожны час патрабуе свайго ўвасаблення. Гаворка пойдзе пра навуковую рэканструкцыю, што дасць мажлівасць навукоўцам карыстацца адпаведнай інфармацыяй у сваіх даследаваннях, а грамадскасці — убачыць і ўсвядоміць веліч гэтай культурнай спадчыны.

Першая такая спроба была ажыццёўлена музейшчыкамі, архівістамі, гісторыкамі ў 1996 г., калі ў Нацыянальным музеі гісторыі й культуры Беларусі была арганізавана выстава «Спадчына, якая належыць Беларусі», прысвечаная 75-м угодкам стварэння музею і 115-м угодкам з дня народзінаў ягонага заснавальніка Івана Луцкевіча. На выставе экспанаваліся рэчы, кнігі й дакументы знакамітага збору, што цяпер захоўваюцца ў музеях, архівах і бібліятэках Менску. Другі крок у гэтым накірунку — стварэнне каталогу ўсіх экспанатаў з музею, якія зберагаюцца ў межах Беларусі.

Паўстае пільная патрэба ў далучэнні беларускіх даследнікаў і музейшчыкаў да навуковага вывучэння каштоўнасцяў збору, што захоўваюцца цяпер за межамі Беларусі, у першую чаргу ў Літве.

Найважнейшай умовай рэканструкцыі павінна стаць стварэнне аб’яднанага каталогу ўсіх выяўленых рэчаў, мастацкіх твораў і дакументаў, што раней належалі Беларускаму музею ў Вільні. Для каталогу можна прапанаваць наступныя раздзелы: археалогія; нумізматыка і сфрагістыка; этнаграфія; мастацтва; мастацкія промыслы; іншыя малаколькасныя калекцыі. Апісанне прадметаў і мастацкіх твораў павінна адпавядаць сучасным патрабаванням. Каталог мусіць быць ілюстраваным.

Як было сказана, Беларускі музей меў бібліятэку з 10 555 тамоў. Навуковая рэканструкцыя яе патрабуе адмысловага падыходу. Узорам для ўвядзення ў навуковы ўжытак можа паслужыць складзены ў свой час Ф. Дабранскім самастойны анатаваны каталог Віленскай публічнай бібліятэкі з падрабязным апісаннем найбольш старажытных і значных кніг з гэтага знакамітага збору. Варты ўвагі і досвед Вацлава Ластоўскага, які ён выкарыстаў пры напісанні сваёй «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі».

Калі казаць пра архіўныя дакументы збору Луцкевіча, што цяпер захоўваюцца ў Літве, то іх вывучэнне пачалося яшчэ ў 1960-я гады. Так у 1963 г. Бібліятэка АН Літвы выдала кнігу «Собрание рукописей», у якой быў анатаваны й Віленскі беларускі фонд № 21 (2306 адзінак захавання). У названым фондзе — аўтографы, машынапісы беларускіх пісьменнікаў Яна Чачота, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Л. Гурыновіча, Янкі Лучыны, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Змітрака Бядулі, Міхася Машары, Цёткі (Алаізы Пашкевіч), Яўстафія Раманава; дакументы з чыннасці «Пецярбургскага таварыства студэнтаў беларусаў», «Таварыства працаўнікоў беларускага тэатру “Полымя”», «Беларускай драматычнай майстроўні» і інш. Некаторыя дакументы ёсць і ў Дзяржаўным архіве Літвы, іншых сховішчах. Шмат выяўлена ў архівах і бібліятэках Літоўскай Рэспублікі й беларускімі даследнікамі. Але тут яшчэ чакае вялікая праца па выяўленні і вывучэнні матэрыялаў былога Беларускага музею ў Вільні.

Рэканструкцыя архіўнай часткі Беларускага музею павінна ісці праз падрыхтоўку археаграфічных выданняў. Яны могуць складацца з наступных раздзелаў: дакументы беларускіх палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў; дакументы культурна-асветных, тэатральных, мастацкіх і выдавецкіх суполак; дакументы з асабістых архіваў удзельнікаў нацыянальнага руху, беларускіх пісьменнікаў, дзеячоў мастацтва, культуры, навукі ды інш.

Беларускі музей імя І. Луцкевіча стаў інтэрнацыянальнай з’явай у еўрапейскім культурным жыцці. Таму навуковая рэканструкцыя немагчымая без каардынацыі сумесных дзеянняў і намаганняў як беларускіх навукоўцаў, архівістаў, музейшчыкаў, так і калег з Літвы, Польшчы, іншых краінаў. Найперш патрэбна разуменне гэтай праблемы з боку дзяржаўных структураў Рэспублікі Беларусь. Менавіта беларуская дзяржава павінна парупіцца пра стварэнне навукова-даследчага асяродку, які б узяўся за рэзалізацыю праекту, забяспечыць працу фінансава і арганізацыйна. Канешне, неабходна тут разуменне нашых праблемаў і садзейнічанне ў навуковых пошуках спецыялістаў і афіцыйных службаў Літвы і Польшчы. Калі будзе створана аўтарытэтная інтэрнацыянальная ініцыятыўная група, то тады рэальна атрымаць матэрыяльную падтрымку дзеля рэалізацыі гэтай важнай справы і ад міжнародных культурных фондаў.

ЗАЎВАГІ

1 Лабачэўская В. Новыя звесткі пра зборы Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні // Спадчына. 1995. № 5; Інвентарная кніга Музея імя І. Луцкевіча Беларускага навуковага таварыства ў Вільні // Спадчына. 1995. № 2. С. 95—111; № 3. С. 138—156.

2 Пецюкевіч М. Успаміны пра Віленскі музэй // Спадчына. 1995. № 2. С. 80, 83.

3 Шутовіч Я. З успамінаў пра Віленскі беларускі музей (публ. Л. Луцкевіча) // Спадчына. 1995. № 1. С. 39.

4 Тамсама. С. 39—47.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster