БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 4-5/2003      Тэма нумару: Музеі і архівы

Беларускія скарбы Гувера

Сяргей ХОМІЧ

Не так даўно аўтару гэтага артыкулу давялося працаваць у архіве Гувераўскага інстытуту вайны, рэвалюцыі і міру пры Стэнфардскім універсітэце (ЗША). Заснаваны ў 1919 г. архіў змяшчае багацейшыя матэрыялы па гісторыі мноства краінаў свету. Ужо такія лічбы, як 30 кіламетраў стэлажоў і больш за 60 мільёнаў дакументаў, гавораць самі за сябе. Да Усходняй Еўропы й гісторыі СССР маюць дачыненне, зразумела, далёка не ўсе дакументы. І ўсё ж калекцыя Гувераўскага інстытуту лічыцца адной з буйнейшых у свеце па вывучэнні Расіі, Савецкага Саюзу і краінаў СНД.

Безумоўна, кожны архіў мае сваю спецыфіку. У выпадку з архівам Гувераўскага інстытуту асаблівасць у тым, што значную частку дакументаў складаюць прыватныя калекцыі: перапіска, успаміны, рукапісы, мемуары, артыкулы газет і часопісаў, перададзеныя ў архіў эмігрантамі. У свой час шмат хто з гэтых людзей адыгрываў істотную ролю ў палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці да- ці паслярэвалюцыйнай Расіі. Аднак, апынуўшыся ў лагеры супраціўцаў бальшавікоў ці разышоўшыся з новай уладай у поглядах на будучыню дзяржавы, яны мусілі пакінуць краіну, забраўшы з сабой вопыт, веды і памяць аб падзеях, удзельнікамі якіх яны былі.

Як вядома, савецкая гістарычная навука мемуарам асаблівай увагі не ўдзяляла. Не сказаць, каб у гістарычных даследаваннях яны не выкарыстоўваліся ўвогуле, але ў якасці сур’ёзнай, самастойнай крыніцы гісторыкі, асабліва тыя, хто займаўся савецкім перыядам, мемуары ніколі не разглядалі. Часткова гэта тлумачыцца тым, што добрых мемуараў у Савецкім Саюзе амаль не было. У 1920—1930 гг. такое захапленне, як запіс успамінаў ці вядзенне дзённіка былі справай небяспечнай. Калі гаварыць пра мемуары, што ўсё ж выдаваліся ў Савецкім Саюзе, то пасля ўмяшання цэнзара яны выходзілі шэрымі і нецікавымі. Іх аўтарамі і героямі маглі быць толькі «сапраўдныя» камуністы, якія не ведалі памылак і заўсёды вагаліся разам з лініяй партыі. Чытаць такія ўспаміны немагчыма. І галоўнае, гісторыку яны амаль нічога не даюць. Бо да таго, як мемуары пабачылі свет, цэнзар і рэдактар зрабілі ўсё магчымае, каб падзеі, якія апісваюцца ў кнізе, цалкам супалі з афіцыйна зацверджанай версіяй.

У англамоўнай гістарыяграфіі мемуары, наадварот, — крыніца каштоўная і самастойная. У сутнасці, гэта расказ сведкі падзеяў. У гэтай якасці ён не менш карысны, чым афіцыйныя дакументы з пячаткай, якія таксама далёка не заўсёды бываюць бездакорнымі. Акрамя таго, мемуары дазваляюць чалавеку, які іх чытае, адчуць атмасферу часу. Вобразна кажучы, успаміны — гэта соль, якой у гістарычнай страве не павінна быць шмат, але без якой апісаныя падзеі выглядаюць прэснымі і штучнымі. Таму аўтар спадзяецца, што ўспаміны пра падзеі ў Беларусі, якія склалі значную частку знаходак у архіве Гувераўскага інстытуту, адыграюць сваю ролю ў вывучэнні нашай гісторыі.

Артыкул не ставіць сваёй мэтай даць усебаковы аналіз матэрыялаў. Рэч у тым, што дакументы моцна розняцца як па часе стварэння, перыядзе, які яны апісваюць, так і па якасці апісання. Галоўная задача — увесці гэтыя матэрыялы ў навуковы зварот, зрабіць іх даступнымі для даследнікаў. У бальшыні выпадкаў дакументы цытуюцца на мове арыгіналу. Аўтар таксама імкнуўся трымацца храналагічнага прынцыпу, прапаноўваючы першымі тыя дакументы, апісаныя падзеі ў якіх адбыліся раней.

У гэтым сэнсе лагічна пачаць з 1917 г., паколькі менавіта гэты год падрабязна пададзены ва ўспамінах Вацлава Солскага (1897—1990) «1917 год у Заходняй вобласці і на Заходнім фронце».

Вацлаву Солскаму — польскаму сацыялісту і тыповаму прадстаўніку рэвалюцыйнай моладзі таго часу — у 1917 г. было ўсяго 20. Аднак юны ўзрост ні для яго, ні для мноства ягоных равеснікаў не стаў перашкодай для актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці. І гэта не дзіўна — у 1917 годзе хуткая палітызацыя грамадства мела вынікам імклівае амаладжэнне расейскіх палітычных партыяў. Сярэдні ўзрост бальшавікоў, напрыклад, быў не на шмат старэйшы за 30 гадоў. Фактычнаму кіраўніку бальшавіцкай працай у Заходняй вобласці В. Кнорыну ў 1917 г. было 27. І. Рэйнгольд і Р. Пікель да 1917 г. толькі-толькі пераадолелі 20-гадовы рубеж. Для разумення псіхалогіі і матываў паводзінаў бальшавікоў і іншых сацыялістычных партыяў факт гэты даволі важны, хоць у гістарычнай літаратуры належнай увагі ён не атрымаў. Да сённяшняга часу дзейнасць тых жа І. Рэйнгольда і Р. Пікеля аналізуецца такім чынам, быццам мы маем справу не з рамантычна настроенай, недастаткова адукаванай моладдзю, а з вопытнымі і сталымі палітыкамі. Відаць, сказваецца магія высокіх пасад, якія І. Рэйнгольд і Р. Пікель займалі ў Аблвыкамзаху, а затым ва ўрадзе ССРБ.

Вацлаву Солскаму маладосць таксама не перашкодзіла ўдзельнічаць амаль ва ўсіх найбольш значных падзеях палітычнага жыцця Заходняй вобласці. Актыўны сябра Польскага сацыялістычнага аб’яднання, ён, хоць і разыходзіўся з бальшавікамі ў тэарэтычных пытаннях, аднак з першых дзён свайго знаходжання ў Менску зблізіўся з сябрамі Менскага камітэту РСДРП(б) і пасля шчыльна супрацоўнічаў з імі. Солскі разам з бальшавікамі, хоць і не быў сябрам бальшавіцкае партыі, працаваў у Менскім савеце рабочых і сялянскіх дэпутатаў, удзельнічаў у арганізацыі Першага франтавога з’езду Заходняга фронту, прадстаўляў мінскіх бальшавікоў у камісіі па выбарах ва Устаноўчы сход, з’яўляўся сябрам Ваенна-Рэвалюцыйнага камітэту і генеральным сакратаром камісарыяту па польскіх справах пры Аблвыкамзаху. І нават выконваў даручэнні беларускіх бальшавікоў у Петраградзе, дзе сустракаўся з У. Леніным і Я. Свярдловым. Пра сяброўскія дачыненні з бальшавікамі гаворыць і той факт, што В. Солскаму дазвалялася прысутнічаць на некаторых закрытых паседжаннях Менскага камітэту РСДРП(б). Такім чынам, расказ В. Солскага ў некаторых выпадках, можа, адзіная магчымасць аднавіць логіку падзеяў 1917 г.

УСЯ РАСЕЯ ПОЙДЗЕ ПА ПРЫКЛАДУ ЗАХОДНЯЙ ВОБЛАСЦІ

Калі верыць В. Солскаму, то бальшавікі Заходняй вобласці ў 1917 г. былі зусім не такія, якімі іх пазней зрабіла савецкая гістарыяграфія. Палітычныя абставіны вымушалі менскіх бальшавікоў быць больш дэмакратычнымі і цярпімымі. Нават з прычыны сваёй малалікасці яны былі вымушаны супрацоўнічаць з іншымі палітычнымі партыямі. Пры гэтым на такую супрацу бальшавікі Заходняй вобласці глядзелі як на адзіна правільную. Так, В. Кнорын у размове з В. Солскім выказваў упэўненасць, што «вся Россия последует примеру Западной области и раскол большевиков и меньшевиков будет изжит» (1). Нават калі ў Петраградзе прыхільнікі У. Леніна пайшлі на разрыў з іншымі сацыялістычнымі партыямі, абвінваціўшы апошніх у здрадзе рэвалюцыі, бальшыня менскіх бальшавікоў, па ўспамінах В. Солскага, па-ранейшаму была ўпэўнена ў неабходнасці супрацы ўсіх сацыялістычных партыяў. У гэтым сэнсе характэрны выпадак з выдадзеным А. Мясніковым у чэрвені 1917 г. «Маніфестам да рабочых і салдатаў», у якім ён у нязвычным для таго часу тоне выступіў супраць эсэраў і меншавікоў, назваўшы апошніх «почти-социалистами». Паколькі маніфест не быў узгоднены з астатнімі сябрамі партыйнага кіраўніцтва вобласці і не адлюстроўваў поглядаў бальшыні бальшавікоў Заходняй вобласці, то А. Мяснікова за маніфест моцна крытыкавалі. Як успамінае В. Солскі, «особенно грубо выругал его — я случайно при этом присутствовал — Кнорин, что было тем более неожиданно, ввиду того, что Кнорин почти никогда не поднимал голоса и грубых выражений не употреблял».

Менш прынцыповымі, у параўнанні з кіраўніцтвам партыі ў Петраградзе, бальшавікі Заходняй вобласці былі настроены і ў пытанні пра вайну. Менскім бальшавікам даводзілася лавіраваць залежна ад сітуацыі на фронце і настрояў у грамадстве. Асабліва складаная сітуацыя для партыі склалася з пачаткам наступу на фронце. У гэты час у грамадстве ўзмацніліся патрыятычныя настроі, а стаўленне да бальшавікоў рэзка пагоршылася. У Менску на вуліцах арганізоўваліся «летучие митинги»: «какой-нибудь солдат или офицер с фронта рассказывал, что там происходит, собиралась немедленно толпа, ругающая большевиков. Такие митинги происходили почти каждый день в городском сквере в центре города...».

Рэакцыя бальшавікоў была даволі неспадзяваная нават для людзей, якія іх добра ведалі. Як успамінае В. Солскі, «ко всеобщему, в том числе и моему удивлению, они стали выступать на собраниях и в Минском Совете с весьма патриотическими речами. Они доходили даже до того, что обвиняли в пораженчестве военное командование и все другие партии» (2).

Няўзгодненасць пазіцыяў у пытанні пра вайну, неабходнасць лавіраваць паміж дырэктывамі зверху і настроямі мас, здаралася, ставілі бальшавікоў у камічнае становішча. Напрыклад, адразу пасля пачатку наступу ў Менскім савеце было склікана пленарнае паседжанне, на якім адзін з бальшавікоў выступіў супраць. Пасля гэтага выступлення бальшавік Б. Позерн, які вёў паседжанне, аб’явіў перапынак. За час перапынку В. Кнорын склаў іншую рэзалюцыю, цалкам супрацьлеглую па зместу. «В ней говорилось, что большевики, хотя они принципиально и стремятся к скорейшему заключению справедливого мира, все же поддерживают наступление на фронте, так как оно уже началось... Оглашение второй резолюции, поддерживающей приказ о наступлении, вызвало громкий и несмолкающий хохот всего зала» (3).

І ўсё ж у барацьбе з іншымі сацыялістычнымі партыямі за сімпатыі насельніцтва бальшавікі перамаглі. «Момантам ісціны», карэнным чынам змяніўшым суадносіны сіл і ўзняўшым папулярнасць бальшавікоў у грамадстве, стала карнілаўскае паўстанне. Унікальнасць моманту, яго значэнне былі відавочнымі для бальшавікоў з самага пачатку. Як піша В. Солскі: «Когда нам сообщили из Совета о восстании Корнилова, то Пикель чрезвычайно обрадовался. Я помню, что он воскликнул: “Великолепно! Корнилов нас спасет!”» (4). Нягледзячы на маладосць, Р. Пікель на гэты раз не памыліўся. З’яўляючыся партыяй ваеннага тыпу, прыхільнікі У. Леніна ахвотна браліся за вырашэнне ваенных пытанняў, ад якіх іншыя партыя лічылі за лепшае ўстрымацца. У сваю чаргу, насельніцтва ўжо зведала здольнасць бальшавікоў хутка мабілізоўваць значныя сілы і дамагацца пастаўленай мэты.

Тым не менш, нават у тых спрыяльных абставінах, што склаліся пасля разгрому карнілаўскага паўстання, члены Менскага камітэту РСДРП(б) пра захоп улады бальшавікамі нават не марылі. Ленінскую арыентацыю на паўстанне ў Заходняй вобласці не падтрымалі, а з брашурай правадыра «Ці ўтрымаюць бальшавікі ўладу?» яго менскія паслядоўнікі абышліся і ўвогуле непаважна. «Какие-то члены местного большевистского комитета обошли все книжные лавки и выкупили брошюру, а в газетном киоске на вокзале они ее просто конфисковали. Кнорин потом утверждал, что он тут ни при чем, что “какие-то дураки перестарались”. Но он не отрицал, что сам предпочел бы, чтобы брошюра Ленина была изъята из обращения» (5).

Рэвалюцыя ў Петраградзе для бальшавікоў Заходняй вобласці стала нечаканасцю. Тым больш што вядомыя члены Менскага камітэту РСДРП(б) у гэты час знаходзіліся ў Петраградзе на ІІ з’едзе Саветаў. Цікавая рэакцыя гараджанаў і салдатаў на паведамленні пра рэвалюцыю ў сталіцы. «Казалось, что город парализован. Не было никаких проявлений энтузиазма или хотя бы радости. Даже солдаты, поддерживающие новую власть, были угрюмы, неохотно разговаривали с прохожими. В Совете настроение было нервное, но тоже не приподнятое, не радостное. Я хорошо это помню, потому что кто-то обратил внимание Мясникова на “депрессию”. Мясников сказал, что радоваться нечему и что дело только начинается и еще не известно, как кончится» (6).

Як вядома, канкурэнцыю бальшавікам у Заходняй вобласці склаў Камітэт выратавання рэвалюцыі, з якім Менскі савет быў вымушаны лічыцца. Згодна версіі В. Кнорына, якую ён выказвае ў сваёй кнізе «1917 год в Белоруссии и на Западном фронте», браняпоезд пад кіраўніцтвам бальшавіка Пралыгіна, які прыбыў у Менск у першыя дні лістапада, меў у Беларусі тую ж ролю, што і крэйсер «Аўрора» ў Петраградзе — перацягнуў шалі вагаў на бок бальшавікоў. Аднак, на думку В. Солскага, прыбыццё поезда нічога ў ваенных адносінах не вырашала. «Он стоял на вокзале, потом его увезли на какие-то запасные пути... Бронепоезд имел одну или две пушки и несколько пулеметов. В случае вооруженной борьбы в городе его роль была бы минимальной». Выхад бальшавікоў з Камітэту выратавання і іх больш рашучыя дзеянні, лічыць В. Солскі, тлумачыліся не прыбыццём поезда, а тым, што з Петраграда ў гэты час былі атрыманы адпаведныя інструкцыі (7).

Дарэчы, у 1917 г., ды й пазней, бальшавікі Заходняй вобласці не заўсёды праяўлялі такую дысцыплінаванасць, як у прыведзеным вышэй выпадку. Часта яны дэманстравалі самастойнасць і незалежнасць ад цэнтру. У многім гэта тлумачыцца той агульнай атмасферай свабоды і рэвалюцыі, якая дала мноству людзей магчымасць знайсці новае прызванне ў жыцці, раскрыць здольнасці, пра якія яны раней не ведалі.

РЭВАЛЮЦЫЯ ЗРАБІЛА МЯСНІКОВА ШЧАСЛІВЫМ

У савецкай гістарыяграфіі звычайна не звярталася асаблівай увагі на асабістыя якасці тых ці іншых палітычных дзеячоў. Лічылася, што воля масаў больш важная і масы здольныя нівеляваць уплыў асобы. Хоць прыклад І. Сталіна, самы відавочны і блізкі, мусіў засведчыць якраз адваротнае: у гісторыі шмат залежыць ад канкрэтнага чалавека ці людзей, якія знаходзяцца на вяршыні ўлады. Рэвалюцыя стварыла ў Расеі цалкам новую палітычную эліту. Хто гэтыя людзі, якім было наканавана, выпадкова апынуўшыся ў Беларусі, пакінуць значны след у яе гісторыі? Ва ўспамінах В. Солскага прыватныя характарыстыкі бальшавікоў Заходняй вобласці — адзін з найбольш цікавых момантаў.

У 1917 г. сярод менскіх бальшавікоў самымі значнымі, на думку В. Солскага, былі Б. Позерн, К. Ландар і В. Кнорын. Б. Позерн, праўда, Заходнюю вобласць хутка пакінуў. Старшынёй Менскага Савету замест яго стаў К. Ландар, але і ён у Мінску не затрымаўся доўга. Фактычна ўсю арганізацыйную працу вёў В. Кнорын, які вызначаўся незвычайнай працаздольнасцю. «В здании Совета на первом этаже в конце коридора у него была маленькая комната, в которой он не только работал, но и обыкновенно ночевал. Его всегда можно было там найти. На собраниях он выступал редко, и оратор был неважный: у него был высокий, почти женский голос, и говорил он по-русски с сильным латышским акцентом. Но он держал в своих руках все нити, он же сносился с Петроградом и получал оттуда инструкции» (8).

Асаблівую цікавасць, улічваючы ролю, які гэты чалавек адыграў у беларускай гісторыі, уяўляе А. Мяснікоў. Як ён расказаў В. Солскаму, да рэвалюцыі бальшавіком не быў і палітыкай цікавіўся мала. Падчас вайны будучы кіраўнік Аблвыкамзаху служыў артылерыйскім прапаршчыкам. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі пакінуў войска і апынуўся ў Менску, дзе зблізіўся з бальшавікамі. Тут і раскрыліся яго лепшыя якасці арганізатара. Са словаў В. Солскага, «Мясников был человеком чрезвычайно способным, умным, схватывал все на лету. Потом он оказался также прекрасным оратором, говорящим по-русски безо всякого армянского акцента, что очень редко встречается среди армян. Таких было в то время много. Революционная волна захватывала людей, не занимавшихся ранее политикой. Они открывали в себе подлинные таланты руководителей масс и одновременно находили в себе жизненный путь, удовлетворяющий их гораздо более, нежели прежняя деятельность. Таких людей, как Мясников, революция сделала счастливыми. Он сам говорил мне это, да, это было видно по его улыбке, его движениям. Мясников был красив и был немного похож на Наполеона. Он знал это и очень этим гордился» (9).

Як відаць з успамінаў В. Солскага, бальшавікі Заходняй вобласці, гэта тычыцца й іншых рэгіёнаў Расеі таго часу, розніліся ініцыятыўнасцю і арганізацыйнымі здольнасцямі. Гэта былі людзі справы, здольныя не толькі выступаць на мітынгах, але і рэалізоўваць свае лозунгі на практыцы. Безумоўна, такія асобы былі і ў іншых сацыялістычных партыях, але сярод бальшавікоў іх было значна больш, што стала немалаважнай прычынай перамогі бальшавікоў у барацьбе за ўладу.

ГАЛОЎНАЙ НЕБЯСПЕКАЙ МЕНСКУ Ў НАЧНЫ ЧАС БЫЛІ «СКАКУНЫ»

Не меншую цікавасць, чым палітычная дзейнасць бальшавікоў Заходняй вобласці ці партрэты іх лідэраў ва ўспамінах В. Солскага, уяўляюць карціны жыцця гораду. Акрамя недахопу харчавання і дроў, адной з праблемаў Менску ў 1917 г. сталася рэзка ўзрослая злачыннасць. Летам улады гораду ў асобе органаў Часовага ўраду і гарадской Думы канчаткова страцілі аўтарытэт і сярод мірнага насельніцтва, і сярод злачынцаў. Праблема злачынства набыла такую вастрыню, што за справу мусіў узяцца Менскі савет, якому давялося змагацца не толькі са звычайнымі бандытамі, але й незвычайнымі — «скакунамі». Вось як апісвае В. Солскі гэты новы від злачынцаў і злачынстваў: «Скакуны орудовали в то время не только в Минске, но и в других городах, в том числе и в Петрограде. Я не знаю, кто изобрел особые, довольно ловко сконструированные стальные пружины, которые прикреплялись к подметкам сапог. Во всяком случае, изобретение было сделано в месяцы революции. Надевая сапоги с пружинами, скакуны могли прыгать довольно высоко и на большое расстояние... Скакуны занимались грабежом, своих жертв они не убивали, а отнимали у них одежду и обувь. Их так боялись, что никто никогда скакунам не сопротивлялся».

Статус Менску як цэнтру Заходняй вобласці накладваў значны адбітак на жыццё гораду. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі насельніцтва станавілася аб’ектам не заўсёды прадуманых эксперыментаў бальшавікоў. Так, напрыклад, у пачатку 1918 г. Аблвыкамзах прыняў дэкрэт аб абкладанні разавым падаткам у дзвесце рублёў усіх прыватнікаў — уладальнікаў фабрык, заводаў і г. д. Уплываў прыклад Петраграда, дзе падобныя захады рабіліся рэгулярна. Праўда, у Заходняй вобласці гэтая акцыя мела свае асаблівасці. Аблвыкамзах аб’явіў, што сабраныя грошы пойдуць на падарункі салдатам на фронце. Акрамя таго, прыватнікам абяцалі, што іхныя імёны будуць надрукаваны ў мясцовай прэсе ў якасці своеасаблівай рэкламы.

І дэкрэт, і збор сродкаў былі мерапрыемствам даволі бессэнсоўным. Салдатаў на фронце, аб чым бальшавікі добра ведалі, ужо не было — яны ўсе дэмабілізаваліся. Ды й грошы Аблвыкамзаху на той час былі зусім не патрэбны. Яшчэ ў снежні Петраград слаў у Менск грошы і К. Ландар і В. Кнорын хваліліся, што грошай у іх было «колькі заўгодна». Такім чынам, падатак быў справай, хутчэй, прынцыповай і палітычнай, чым эканамічнай (10).

Безумоўна, ва ўспамінах В. Солскага шмат белых плямаў, што ён і сам прызнае. Напрыклад, мемуары не закранаюць такі момант, як нацыянальная палітка бальшавікоў Заходняй вобласці. Аўтар піша, што гэтым проста не цікавіўся. У канцы 1917 г. ён больш думаў над тым, як трапіць у Германію, каб весці там агітацыйную працу. Як і некаторыя прадстаўнікі сацыялістычных партыяў, быў упэўнены, што Еўропа знаходзіцца напярэдадні рэвалюцыі, і калі гэта не здарыцца, то расейская рэвалюцыя загіне. Даволі хутка В. Солскаму надарылася магчымасць здзейсніць свой план. Германія аднавіла ваенныя дзеянні супраць Савецкай Расеі, і напрыканцы лютага нямецкія войскі занялі Менск. Солскі не эвакуяваўся, застаўся ў горадзе і стаў сведкам уступлення нямецкіх войскаў у горад: «Улицей шли солдаты в возрасте 40—45 лет, усталые и плохо одетые... Они еле волочили ноги. Спустя несколько месяцев, уже находясь в немецкой тюрьме, я узнал, что в этот последний год войны немецких солдат кормили настолько плохо, что они голодали форменным образом» (11).

На гэтым, бадай, мемуары заканчваюцца. Каб скончыць аповед пра гэтага чалавека, дадам, што, спрабуючы трапіць у Германію, ён быў затрыманы. З палону вярнуўся ў Савецкую Расею, дзе ўступіў у кампартыю і стаў вядомым журналістам. Але ў 1925 г. пакінуў СССР і з’ехаў на Захад. У 1945 г. пераехаў у Нью-Йорк, дзе і жыў да смерці (1990 г.).

Калі ў В. Солскага ўспаміны завяршаюцца ўступленнем нямецкіх войскаў у Менск, то мемуары Грыгорыя Арансона «У нямецкай акупацыі» прыблізна з гэтага моманту пачынаюцца. Член БУНДа і партыі меншавікоў Грыгоры Арансон (1987—1968) да Лютаўскае рэвалюцыі актыўна ўдзельнічаў у прафсаюзным руху. Лютаўскую рэвалюцыю сустрэў у Віцебску. Тут быў абраны ў Савет рабочых дэпутатаў і старшынёй Цэнтральнага бюро прафсаюзаў, дзе і працаваў да 10 студзеня 1918 г., пакуль на запрашэнне ЦК БУНДа не пераехаў у Мінск (12).

Успаміны Г. Арансона — гэта погляд на гісторыю Менску й нямецкай акупацыі ў асноўным з гледзішча гэбрайскага насельніцтва, БУНДа і гарадское Думы, у якой бундаўцы ў той час дамінавалі. Да гэтага часу аўтару не даводзілася сустракаць сур’ёзных даследаванняў пра дзейнасць гарадское Думы ў 1917 ці 1918 гг., хоць ад пазіцыі гэтага органу гарадскога самакіравання шмат залежала. І бальшавікі, і Рада БНР, і нават акупацыйная адміністрацыя былі вымушаны прымаць да ўвагі факт існавання Думы і яе ўплыў на гэбрайскае насельніцтва гораду. Успаміны Г. Арансона — магчымасць хоць часткова запоўніць прагал.

«БАЛЬШАВІКІ... НЕЯК НЕЗАЎВАЖНА, ЦІ НЕ Ў АДЗІН ДЗЕНЬ, ПАЧАЛІ ГУБЛЯЦЬ СВАЁ ЗНАЧЭННЕ»

У Менск Г. Арансон прыехаў перад акупацыяй гораду нямецкімі войскамі. У студзені 1918 г. галоўныя дыскусіі ў БУНДзе, дарэчы, як і ў іншых сацыялістычных партыях, былі звязаны з пытаннем аб адносінах да бальшавікоў. Разгон Устаноўчага сходу і закрыццё гарадское Думы выклікалі сярод сябраў БУНДа «живейший» пратэст. Тым не менш, нават у гэтай сітуацыі даволі моцнымі былі настроі на супрацоўніцтва з бальшавікамі. Бундаўцы глядзелі на бальшавікоў як на «романтиков революции, которые скоро обожгутся на ее пламени и усвоят более реалистический подход к русской жизни» (13).

Цяжка прадказаць, чым бы закончылася палеміка ў БУНДзе, але канец спрэчкам паклалі звесткі пра хуткую акупацыю Менску германскімі войскамі. «Эти слухи с разных сторон стали получать подтверждение и все скрашивали собою. В городе под впечатлением этих слухов поднималось волнение. Большевики, еще не успевшие повсюду распространить свои щупальца и стать прочным фактором местной жизни, как-то незаметно, чуть ли не в один день, начали терять свое значение» (14).

Як вядома, для мірнага насельніцтва не менш за іншаземныя войскі небяспечны перыяд безуладдзя, калі органы адной улады, якія займаліся падтрыманнем парадку, ужо пакінулі горад, а другой — яшчэ не прыйшлі. Гэты час горад знаходзіцца ў руках марадзёраў і бандытаў. З такімі трывожнымі прадчуваннямі, патаемна ад бальшавікоў, прадстаўнікі фракцыяў разагнанае гарадское Думы правялі нараду, на якой была абрана дэлегацыя для правядзення перамоваў з бальшавікамі. У яе склад увайшлі: гарадскі галава эсэр П. Кашчанка, ягоны намеснік эсэр А. Залманаў, старшыня Думы бундавец А. Вайнштэйн і ягоны намеснік вядомы нарадаволец С. Кавалік. Дэлегацыі было даручана сустрэцца з прадстаўнікамі Аблвыкамзаху і запатрабаваць, каб у выпадку эвакуацыі бальшавікоў з Менску, у горадзе заўчасна была адноўлена гарадская Дума. Акрамя таго, дэлегацыя павінна была дамагацца выдачы зброі для ўзбраення грамадзянскай міліцыі. Хутка такая сустрэча адбылася. Бальшавікі катэгарычна адхілілі прапанову аб аднаўленні Думы і адмаўлялі саму магчымасць эвакуацыі з Менску. Што, аднак, не перашкодзіла ім праз некалькі дзён з’ехаць у Смаленск.

Як відаць з дакументаў і матэрыялаў таго часу, бальшавікі пакінулі горад трохі заўчасна — паміж уцёкамі і прыходам немцаў мінула некалькі дзён. Гэты час быў выкарыстаны іншымі палітычнымі сіламі — палякамі й беларусамі, каб заявіць пра свае прэтэнзіі на ўладу. І першыя, і другія мелі адну і тую мэту — паставіць немцаў перад фактам ужо існуючай улады. Такі чынам, перыяд безуладдзя ў Менску быў вельмі кароткі. Хутка на змену прыйшло шматуладдзе. «Поляки и белорусы, по-видимому, и не делали попыток ни столковаться между собою, ни разделить сферы влияния. В результате город оказался во власти каких-то стихийных сил. Были учреждены две комендатуры: польская и белорусская. Обе издавали какие-то приказы населению. Я видел, например, первый приказ белорусской комендатуры совершенно невинного характера: об обязательной очистке снега. Но все это не было сплошь невинной игрой. На улицу, пугая обывателя, высыпали отряды молодых людей в нарядных костюмах. Евреи шарахались в испуге, опасаясь антисемитских выходок. С каждым часом атмосфера становилась все напряженнее. Население отсиживалось в домах, магазины не открывались. С часу на час ждали уличной борьбы за власть между молодыми людьми польской и белорусской национальности» (15).

Калі верыць Г. Арансону, то ўступленне ў Менск нямецкіх акупацыйных войскаў дало насельніцтву магчымасць уздыхнуць з палёгкай. «Внешне город повеселел и ожил. Магазины наполнились товарами... Местные купцы и посредники постепенно вступили в оживленные сношения с Вильно и другими пунктами старой немецкой оккупации, и оттуда стали получать все необходимое...

Обыватель в первое время совершенно не ощущал какого-либо давления со стороны оккупационного режима. Немецкие солдаты и офицеры были отменно вежливы, платили безо всяких разговоров за товары, заводили знакомства среди обывателей... При большевиках не рекомендовалось по вечерам без особой надобности выходить на улицу. Всегда можно было наткнуться на патруль, на обход, на придирчивые требования красногвардейцев. Немцы считали совершенно излишним регулировать движение в городе и опекать обывателя. Приближалась весна, молодежь заполняла улицы, Александровский сквер и Губернаторский сад. Беспечный смех и порой веселое пение слышались до глубокой ночи. Проходившие мимо немецкие патрули нисколько не мешали оживлению молодежи. Хочу еще прибавить, что немецкие солдаты особенно поразили нас следующим актом. Чуть ли не на второй день после прибытия войск на двух главных улицах города открылись небольшие по размеру, но очень привлекательные книжные лавки, в которых мы могли покупать разные немецкие газеты» (16).

Праўда, доўжылася такая ідылія нядоўга. Яна скончылася ці не на другі дзень пасля падпісання Брэсцкага міру. Акупацыйныя ўлады, якія да гэтага часу заляцаліся з насельніцтвам, адчулі сябе гаспадарамі краю і ўжо не цырымоніліся. Першымі гэта адчулі на сабе беларускія сяляне. Акупанты «начали усиленно отбирать хлеб и скот и на этой почве вызвали целый ряд столкновений. В ряде уездных пунктов над крестьянами совершались экзекуции в виду их неповиновения требованиям завоевателей. Кругом буквально стон стоял».

Затым надышла чарга гораду. Праблему недахопу працоўных рук акупацыйныя ўлады вырашалі самымі варварскімі сродкамі: «В течение нескольких дней на окраинах города, а отчасти и в центре, немецкие солдатские патрули ловили буквально арканами прохожих на улицах, особенно рабочих, преимущественно молодых. Сотни людей были взяты в эти дни в Минске, подвергнуты аресту, посажены в теплушки и отправлены неведомо куда на работу. По городу метались родные, жены и дети в поисках без вести пропавших братьев и мужей. Никаких списков имен схваченных на улицах людей немцы не вели и не могли, следовательно, дать никаких точных справок о том, кто именно схвачен. Место назначения этих людей также держалось в секрете» (17). Мінская Дума спрабавала даволі асцярожна пратэставаць супраць гэтага беззаконня, але безвынікова. Час яе існавання таксама падыходзіў да заканчэння.

Калі чытаеш мемуары Г. Арансона, параўноўваеш дзеянні нямецкіх акупацыйных уладаў у Беларусі з іх паводзінамі ў Літве ці Украіне, прыходзіш да высновы, што непаважнае стаўленне немцаў да мясцовых беларускіх органаў самакіравання і палітычных партыяў тлумачыцца адсутнасцю адзінства сярод палітычных арганізацыяў, якія дзейнічалі ў Беларусі. Нават перад знешняй сілай палітычныя партыі не змаглі аб’яднацца і выступіць разам. Сказвалася розніца ў праграмных устаноўках. Кожны раз, напрыклад, калі Г. Арансон піша пра Беларускую Раду і БНР, адчуваюцца рэзка негатыўныя адносіны да беларускага нацыянальнага руху. На думку аўтара мемуараў, лідары беларускага нацыянальнага руху імкнуліся адкалоць Беларусь ад Расеі. Для дзеячоў БУНДа гэта было найгоршым з магчымых грахоў, паколькі Беларусь без Расеі ўяўлялася ім «небольшой и душной клеткой» (18).

Сітуацыя была тупіковая. Супярэчнасці паміж беларускімі нацыянальнымі партыямі й гэбрайскімі арганізацыямі, якія прадстаўлялі бальшыню гарадскога насельніцтва, здаваліся невырашальнымі. Між тым, не перацягнуўшы на свой бок гарадское насельніцтва, беларускія нацыянальныя сілы не маглі разлічваць на перамогу ў маштабах усяе Беларусі. І наадварот, горад без падтрымкі вёскі станавіўся безабаронным перад знешняй пагрозай, што яшчэ раз даказалі далейшыя падзеі. Але пра гэта Г. Арансон ужо нічога не напісаў, паколькі ў чэрвені 1918 г. пераехаў у Маскву.

«...СОЛДАТЫ НА НЕГО МОЛЯТСЯ...»

Мемуары В. Солскага і Г. Арансона — дакументы, унікальныя нават для архіву Гувераўскага інстытуту. Знайсці добра падрыхтаваныя матэрыялы, у якіх асвятлялася б гісторыя Беларусі, складана. У асноўным беларускі след даводзіцца адшукваць па крупінках у дакументах, прысвечаных іншым падзеям. Як гэта, напрыклад, здарылася з дзённікам Мануіла Мургуліса. Аўтар дзённіка — член урада Паўночна-Заходняй вобласці М. Мургуліс вёў запісы з лістапада 1917 г. і да пачатку 1919 г. Заносіў у дзённік усё, што «лічыў цікавым і ў той жа дзень, калі адбывалася падзея». Безумоўна, у запісы пра дзеянні войскаў Юдзеніча не магла не трапіць такая каларытная асоба, як генерал Булак-Балаховіч. Не каментуючы, проста прывядзём некалькі вытрымак з дзённіку, якія, на наш погляд, нядрэнна характарызуюць гэтую адметную асобу.

«20 августа 1918 г. Завтракали с генералом Балаховичем (Лиазонов, Александров и я). Рассмотрел его подробнее. Человек лет 35, среднего роста, сухая военная выправка, стройный, лицо незначительное, широкие скулы, нижняя часть узкая с слегка прогнатической челюстью. Уши большие, оттопыренные, глаза темно-серые, лоб правильный, довольно хорошо развитый, ногти плоские, руки грязные. Казацкого покроя военный сюртук, желтые генеральские лампасы (ленточки двух Станиславов, две Анны, Владимира, двое Георгиев). Говорит с польским акцентом, житейски умен, крайне осторожен, говорит без конца в приемлемо хвастливом тоне, болтает. Перескакивая с темы на тему, пьет мало. Сообщил:

— методы его борьбы такие: он все время поддерживает связь с тылом большевиков, где имеет везде эмиссаров, которые разбрасывают прокламации, подготовляя крестьянские массы в его пользу, готовят переход красных войск к нему;

— отношение крестьян к нему любовное — верят в батьку, солдаты на него молятся, он в присутствии англичан заставил полк стать на колени и присягнуть в верности ему;

— Юденич требовал предания суду офицера, печатавшего фальшивые керенки. Балахович ответил: предавайте меня суду. Я приказал печатать, мне нужно было что-нибудь дать тем моим партизанам, которых я посылал в тыл большевикам;

— пришел я в Гдов, ко мне является раввин, благодарит за освобождение от большевиков, а я ему говорю — все это хорошо, мои войска нуждаются в деньгах, тащите завтра же, если не принесете — напомню вам о себе (рассказывая, копирует еврейский акцент, спохватывается, видя серьезные наши лица), принесли 35 тысяч вместо ста, вот в Пскове 500 тысяч собрали. У меня денег никогда нет — все раздаю. Подчас солдаты мне свои деньги приносят — возьми батька на табак. Видя, что я себе ничего не беру из денег, солдаты говорят — на все батька умен, а на деньги дурак» (19).

Пры той актыўнай знешнепалітычнай дзейнасці, якую праводзіў урад Беларускай Народнай Рэспублікі, было б дзіўна, калі б у архіў Гувераўскага інстытуту не трапілі дакументы, якія тычацца БНР. Пакуль іх, праўда, знойдзена зусім не шмат. Найбольш цікавыя знаходзяцца ў калекцыі М. Гірса — удзельніка мірнай канферэнцыі ў Парыжы 1919 г. і памочніка міністра замежных справаў расейскага ўраду С. Сазонава.

Адзін дакумент 1-га пешага беларускага палка, створанага ў Горадні ў 1919 г. Гэта рапарт ад 2 чэрвеня 1919 г. камандзіра палка Антонава на імя Галоўнакамандуючага літоўскай арміяй і польскага каменданта фартэцыі Горадні наконт раззбраення палка польскімі войскамі.

Сутнасць канфлікту ў тым, што польскія ўлады ў парушэнне папярэдняй дамоўленасці з літоўскім камандаваннем, у адпаведнасці з якой 1-шы пешы беларускі полк лічыўся літоўскай ваеннай адзінкай, пасля заняцця гораду запатрабавалі ад камандавання, каб полк далучыўся да польскай арміі. Адказам на адмову стала раззбраенне палка пад пагрозай прымянення ваеннай сілы. У сваім рапарце камандзір беларускага палка звярнуў асаблівую ўвагу на нетактоўныя паводзіны польскіх салдатаў і афіцэраў у дачыненні да беларускіх афіцэраў. «Разоружение было поручено простым солдатам, не умеющим себя прилично вести в обращении с офицерами». Акрамя таго, што польскія ўлады забралі зброю, яны таксама вывезлі ўсю маёмасць палка.

З дакументаў відаць, што толькі затрымка карэспандэнцыі дазволіла пазбегнуць узброенага сутыкнення паміж беларускім палком і польскімі войскамі. Тэлефанаграма літоўскага Генеральнага штабу, якая прадпісвала камандзіру палка аказаць супраціў пры пагрозе раззбраення палка, была дастаўлена са спазненнем — пасля таго, як полк быў раззброены (20).

Яшчэ адзін дакумент з калекцыі Гірса — гэта зварот Беларускай дэлегацыі на чале з А. Луцкевічам на мірнай канферэнцыі ў Парыжы да краін-пераможцаў з просьбай аб дапамозе ў арганізацыі беларускай арміі, галоўнай задачай якой павінна была стаць барацьба супраць бальшавікоў. Аўтары дакументу прапаноўвалі скласці аснову беларускай арміі з ваеннапалонных. Па падліках дэлегацыі БНР, колькасць беларусаў у лагерах для ваеннапалонных у Нямеччыне, Ангельшчыне, Францыі й іншых краінах Заходняй Еўропы складала ад 50 да 70 тысячаў. Не ўсе яны, праўда, падыходзілі для выканання задачаў, якія прадугледжвалася ўскласці на беларускую армію. Аўтары звароту прызнавалі, што «благодаря большевистской пропаганде, многие из бывших солдат царской армии непригодны для борьбы с большевиками». Тым не менш, ад 10 да 20% беларусаў-ваеннапалонных у лагерах Заходняй Еўропы маглі, на думку беларускай дэлегацыі, скласці касцяк будучай арміі. Дэлегацыя БНР прасіла аб выдзяленні грашовых сродкаў, а таксама дазвол краін-суседзяў фармаваць беларускае вайска на іхнай тэрыторыі, паколькі Беларусь на той час была занята «большевиками, литовцами, поляками и украинцами». Для пачатку ў дэлегацыі была згода латвійскага прадстаўніка ў Парыжы, які прапанаваў пачаць фармаванне беларускіх войскаў у Рызе (21).

Як вядома, краіны Антанты не падтрымалі прапанову беларускай дэлегацыі, зрабіўшы стаўку на Польшчу ў якасці галоўнай сілы ў барацьбе з бальшавікамі. Вынік таксама вядомы: для беларусаў польскія войскі сталі акупантамі, што ў немалой ступені паўплывала на паразу Польшчы ў вайне з Савецкай Расеяй.

МЯСЦОВАЯ ЎЛАДА ВЫРАШЫЛА ЎЗБРОІЦЬ ГЭБРАЙСКІЯ ПРАЦОЎНЫЯ МАСЫ

Менш за ўсё ў архівах Гувераўскага інстытуту матэрыялаў па 1920-х гг. Зрэдку ў калекцыі гісторыка Барыса Нікалаеўскага трапляюцца лісты з беларускіх гарадоў у «Сацыялістычны веснік». Карэспандэнцыя напісана на невялікіх кавалках паперы, алоўкам, чытаецца з цяжкасцямі. Часта сэнс ліста можна аднавіць толькі часткова. Ніжэй — тэкст аднаго з такіх лістоў, датаваны прыкладна снежнем 1922 г. і адпраўлены з Менску.

«У нас только что закончились выборы в Минское Единое Потребительское общество. Модус неслыханный: весь город составляет один избирательный округ, выборы мажоритарные, голосование открытое. При таких условиях социал-демократическая оппозиция не имела никаких шансов на успех: ведь можно было провести или весь список или никого. Все таки мы, Минская организация Бунда с-д, решили принять участие в избирательной кампании. Шли вместе с местной группой РСДРП и еврейскими объединенными социалистами. Составили общий список. Из 18 собраний мы участвовали в 10. На некоторых собраниях мы выставили 2—3 оратора. Агитационный успех у нас был значительный, на практический же мы и не надеялись. Рабочие терроризированы. Не желая голосовать за коммунистов и боясь голосовать за нас, часть рабочих воздержалась от голосования (у печатников, пищевиков и так далее), а в Совраб, Рабпрос и МедикСанТруд значительная часть избирателей, выслушав речи и поаплодировав и той и другой стороне, покинули собрание до начала выборов. Вообще абсентизм принял громадные размеры. Надо признать печальную истину: большинство рабочих аполитичны, они устали от политики, они относятся враждебно к партиям вообще.

Предстоят выборы местного Совета, готовимся к новой избирательной кампании.

Обратились в Совнарком Белоруссии по поводу погромов в нашем районе. Председатель Совнаркома Белоруссии Червяков нам ответил: Мы не стоим на точке зрения, что эти погромы специфически еврейские. Но, принимая во внимание, что от них страдают прежде всего евреи, если не исключительно евреи, местная власть уже раньше решила вооружить еврейские трудовые массы в городах и местечках Белоруссии. О выполнении этого решения мы, однако, пока ничего не слыхали» (22).

«ОПАСНЕЙШИЙ НАШ ПРОТИВНИК»

Не так шмат матэрыялаў і па 1930-х гг., што тлумачыцца закрытым характарам савецкага грамадства. Найбольш цікавыя дакументы, якія давялося знайсці аўтару артыкулу, звязаны з імем Аляксандра Фёдаравіча Рэпіна, таксама вядомага пад імёнамі Чакаліна і Алмазава.

Доўгі час А. Рэпін працаў у пагранвойсках НКВД у Беларусі. Біяграфія яго — тыповая для таго часу. Да бальшавікоў далучыўся яшчэ ў 1917 г., на іх баку змагаўся ў гады грамадзянскай вайны, затым перайшоў у Надзвычайную камісію. У пачатку 1924 г. быў накіраваны ў пагранахову, дзе і праслужыў 18 гадоў, большасць з якіх прайшла ў Савецкай Беларусі. Зімой 1929/30 г. быў Надзвычайным упаўнаважаным па правядзенні калектывізацыі ў Смаргоні. Са словаў А. Рэпіна, калектывізацыя стала першым ударам па ягоных перакананнях у беспамылковасці савецкай улады. У пачатку 1930 г. ён напісаў ліст у ЦК ВКП(б) з крытыкай метадаў правядзення калектывізацыі. Быў пазбаўлены працы, чакаў рэпрэсіяў, ад якіх яго пазбавіў артыкул Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў».

На граніцу ў БССР А. Рэпін вярнуўся толькі ў 1935 г. Падчас рэпрэсіяў 1937—1938 гг. зноў напісаў ліст у ЦК аб сваёй нязгодзе. Быў арыштаваны, пяць месяцаў праседзеў у турме. Зноў уратавала змена палітычнага клімату ў краіне пасля Пленуму ЦК 1938 г.

У вайну А. Рэпін служыў спачатку ў войсках НКВД, затым быў перакінуты ў тыл да немцаў ва Украіну. У лістападзе 1943 г. трапіў у палон. А. Рэпін тлумачыць гэта стратай пільнасці, калі выпадкова даведаўся пра загад вярнуцца ў Маскву і планаваны арышт. Затым былі турма гестапа, Расейская вызваленчая армія і амерыканскі палон. Па вызваленні застаўся ў Заходняй Германіі. У 1947 г. сустрэўся з гісторыкам Б. Нікалаеўскім, па рэкамендацыі якога запісаў некаторыя ўспаміны пра службу ў НКВД.

У асноўным А. Рэпін, які ўзяў сабе псеўданім Алмазаў піша пра агульную арганізацыю палітычнай паліцыі ў Савецкім Саюзе: структура МУС і МДБ, сістэма следства, метады вядзення допыту і г. д. Беларусь і падзеі ў рэспубліцы ў гэтых запісах сустракаюцца даволі рэдка. Акрамя таго, ва ўспамінах сустракаецца шэраг недакладнасцяў, пра некаторыя падзеі А. Рэпін расказвае з іншых словаў, на ўзроўні чутак. Таму ў гэтым артыкуле спынюся толькі на адным фрагменце, які мае дачыненне да Беларусі й выглядае даволі пераканаўча.

Размова ідзе пра прымяненне да падследных гіпнозу і спецыяльных лекаў для страты волі і атрымання прызнанняў. Са словаў А. Рэпіна, у Савецкім Саюзе гэтай праблемай займаўся Інстытут судова-эксперыментальнай медыцыны ў Маскве. Але такія доследы праводзіліся і ў Менску. Сведкам аднаго з іх стаў А. Рэпін. Вясной 1937 г. наркам унутраных справаў БССР Берман запрасіў А. Рэпіна папрысутнічаць на допыце.

«В назначенное время я был на месте. Следователь Ильинский сообщил мне, что будет допрашивать Голубка. Я знал этого человека уже несколько лет, несколько раз беседовал с ним. Голубок — талантливый белорусский актер и режиссер. Он создал театр, носивший его имя и пользовавшийся в народе огромной популярностью. В состав труппы он привлекал исключительно молодежь. Со своим театром он непрерывно объезжал города, местечки, села. Во всех пьесах подчеркивались гуманизм, чувство национальной гордости и жизненная сила этого несчастного, веками пребывавшего в рабстве народа. Голубок был убежденный национал-демократ и гуманист.

Арестован был как источник, питающий белорусский национализм. Предстоящий эксперимент с препаратом должен был лишь выяснить характер связей Голубка с Польшей, являлся ли Голубок польским агентом.

Препарат ему вспрыснули в соседней комнате под видом противотифозной прививки, а затем ввели к нам. От коренастой крепкой фигуры Голубка осталось не много. На худой костлявой фигуре одежда болталась как на вешалке. Глаза ввалились, на впалых щеках густая седая щетина бороды. Увидев меня, Голубок безразлично произнес: “И вы здесь”. Он сел и откинулся на спинку стула, наморщив лоб.

— Причиняет укол вам боль? — спросил следователь.

— Нет, просто странное ощущение. Голова кружится слегка, как бы в опьянении, слабость в суставах.

Голубок как бы погрузился во внутренне самосозерцание. Вошел Берман и сел сбоку стола. Голубок не обратил на него никакого внимания.

Берман: Скажите, Голубок, как вы встретили Октябрьскую революцию?

Голубок: С восторгом. Как избавительницу моего народа от ярма польских и русских помещиков. Белорусских помещиков, как вы знаете, не существовало. Я шел вместе с революцией.

Берман: А затем повернули в сторону?

Голубок: Не я, а революция повернула в сторону и устремилась куда-то в космос, забыв о своем народе.

Берман: Каково же ваше кредо?

Голубок: Я люблю мою страну и мой многострадальный народ. Целое тысячелетие белорусы служили, как рабы, чужеземным господам. Литовские, польские и русские князья, короли и цари сменяли друг друга. Революция вдохнула надежду: мы будем людьми, мы будет принадлежать самим себе, а не кому-то. Но недолго теплилась эта надежда. Народ хотят снова заставить служить кому-то, мировой революции. Белорусская природа бедна. Народ забит, невежествен, доведен до крайней нищеты. А вы предлагаете забыть свои нужды и принести себя в жертву на алтарь мировой революции.

Берман: С какой же вы целью объединились с поляками?

Голубок: (гневно) нет!

Берман: Но ведь это факт, что вы имели связь с Польшей.

Голубок: Да, я был связан с Белорусской Громадой в Польше. У нас общая цель.

Берман: Но Белорусская Громада в союзе с польским правительством против нас.

Голубок: Нет, Громада борется за свободу народа. Отдельные члены ее перебегают в лагерь врага, то есть, служат полякам. Но это не может очернить Громады. В компартии тоже отдельные члены ее становятся шпионами отдельных государств.

Берман: Вы неисправимый националист.

Голубок: Да, прежде всего служить своему народу. Это мое «кредо». Дальше допрос касался разных лиц в Польше, с которыми Голубок был связан. Голубок дал подробные объяснения. Он утверждал, что вся его деятельность сводилась к тому, чтобы при помощи театра воспитывать в молодежи национальное сознание и стремление к освобождению народа. Никаких партий он не создавал.

Я убежден, что Голубок говорил правдиво. “Опаснейший наш противник”, — сказал мне Берман, когда Голубка увели в камеру. Я слышал впоследствии, что Голубок умер в концлагере в Сибири» (23).

На заканчэнне ці не самыя адметныя дакументы з архіву Гувераўскага інстытуту па гісторыі Беларусі, якія, аднак, амаль невядомы беларускім даследнікам. Размова ідзе пра калекцыю польскага ўраду, у цяперашні час падзеленую на дзве часткі: Польшча. Калекцыя Міністэрства інфармацыі і дакументацыі; Польшча. Калекцыя Міністэрства замежных справаў. Гэтыя дакументы, якія маюць дачыненне да падзеяў 1939—1941 гг. у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне. Але напачатку некалькі словаў пра гісторыю ўзнікнення калекцыяў.

У верасні 1939 г. чырвоная армія заняла больш як палову тэрыторыі польскай дзяржавы. На працягу 21 месяца (з 17 верасня 1939 г. па 22 чэрвеня 1941 г.) савецкія ўлады дэпартавалі з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны некалькі сотняў тысячаў чалавек. Напад фашысцкай Германіі прымусіў СССР аднавіць дыпламатычныя адносіны з польскім урадам у выгнанні і ўспомніць пра лёс тысячаў польскіх грамадзянаў. Пачалося вяртанне дэпартаваных і стварэнне польскай арміі на тэрыторыі СССР. У 1942 г. каля 120 тысячаў палякаў-салдатаў новай польскай арміі й іхныя сем’і былі эвакуяваны ў Іран. Яшчэ раней на загад польскага ўраду ў Лондане сярод гэтых палякаў было арганізавана пісьмовае інтэрв’ю, у якім ім прапаноўвалася расказаць пра падзеі 1939—1941 гг., выжыванні ў савецкіх высылках, лагерах і турмах.

Праводзячы такое інтэрв’ю, польскія ўлады пераследавалі шырокія мэты. Па-першае, гэта была спроба ацаніць памеры дэпартацыяў і арыштаў сярод польскага насельніцтва ў Заходняй Беларусі й Заходняй Украіне з тым, каб дамагацца далейшага вызвалення польскіх грамадзянаў. З дапамогай інтэрв’ю была надзея раскрыць тайну знікнення 15 тысячаў польскіх афіцэраў, патрэба ў якіх адчувалася ў новаўтворанай польскай арміі.

Па-другое, інфармацыя аб палітычных пераўтварэннях у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне — а менавіта, арганізацыя выбараў у народны сход, мясцовыя і цэнтральныя органы ўлады, заканадаўчае афармленне ўз’яднання Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны з БССР і УССР, уключэнне гэтых тэрыторыяў у склад СССР — магла ў будучым адыграць важную ролю пры аднаўленні Польскае дзяржавы і вызначэнні яе межаў.

Акрамя таго, арганізатары інтэрв’ю добра разумелі унікальнасць ведаў пра Савецкі Саюз, якімі валодалі польскія грамадзяне пасля двух гадоў жыцця ў СССР. Для краінаў Захаду інтэрв’ю былі рэдкай магчымасцю лепш зразумець прыроду савецкага рэжыму.

Тое, што захоўваецца ў архівах Гувераўскага інстытуту, — толькі невялікая частка сабраных у свой час інтэрв’ю. На жаль, вялікая колькасць матэрыялаў страчана: загінула (затанула пры транспарціроўцы ў Лондан) ці бясследна знікла (канфіскавана савецкімі ўладамі падчас эвакуацыі польскай арміі з Расіі ў 1942 г.). Але і тыя 20 тысячаў інтэрв’ю, якія знаходзяцца цяпер у архіве інстытуту — каштоўная крыніца адносна падзеяў у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне.

Пакуль для беларускіх даследнікаў найбольш просты спосаб пазнаёміцца з матэрыяламі калекцыі — гэта кніга Яна Гроса «Revolution from abroad: the Soviet conquest of Poland’s western Ukraine and western Belorussia» («Рэвалюцыя з-за мяжы: савецкае заваяванне Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі»), напісаная на аснове інтэрв’ю палякаў. Яе аўтар канцэнтруе ўвагу на пяці галоўных тэмах: заняцце чырвонай арміяй тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны; арганізацыя выбараў; заахвочванне мясцовага насельніцтва да ўдзелу ў палітычным і грамадскім жыцці — сацыялізацыя; арышты і дэпартацыі. Хоць матэрыялы калекцыі не вычэрпваюцца гэтымі тэмамі.

«ЯНЫ ВЫГЛЯДАЛІ ВАРТЫМІ ЖАЛЮ»

Безумоўна, дакументы польскай калекцыі, як і іншыя, маюць сваю спецыфіку. Перш за ўсё, гэта ўражанні і вопыт польскага насельніцтва, якое больш за іншых страціла ад прыходу чырвонай арміі. У беларусаў, украінцаў ці гэбраяў быў свой верасень 1939 г. і сваё стаўленне да савецкага рэжыму. Тым не менш, рэакцыя на некаторыя з’явы была падобнай, бо іншай быць не магла. Калі, напрыклад, да прыходу чырвонай арміі адносіны ў беларусаў і палякаў былі розныя (пераважная бальшыня беларусаў шчыра вітала савецкіх салдатаў), то ўражанне ад знешняша выгляду і паводзінаў савецкіх салдатаў, наўрад ці істотна рознілася.

«Разарваная форма, брудныя шынялі, рукі, твары, яны мылі боты ў лужынах, падбіралі паперу на вуліцы і рабілі з яе цыгарэты, яны выглядалі вартымі жалю», — такімі запомніў савецкіх салдатаў дзесяцігадовы хлопчык са Львова (24).

А вось вытрымка са школьнага сачынення на тэму «Мае ўспаміны аб Расіі», напісанага 12-гадовым хлопчыкам — сведкам прыходу чырвонай арміі ў Лунінец:

«Салдаты бегалі па гароду ад магазіна да магазіна, куплялі, што маглі, галоўным чынам гадзіннікі, белы хлеб, каўбасу, тканіну, веласіпеды. Два салдаты зайшлі ў магазін і спыталі, колькі каштуюць гадзіннікі.

— Сто злотых.

— У нас няма злотых.

— Тады рублі таксама пойдуць.

Салдат пытае пра кошт другіх гадзіннікаў, пакуль нарэшце не кажа іншаму салдату: “Ведаеш, Коля, возьмем усе ручныя гадзіннікі”. Яны ўзялі 20 гадзіннікаў і пайшлі ў наступны магазін, дзе купілі некалькі скруткаў тканіны. Яны з цяжкасцю неслі іх, калі ўбачылі сасіскі.

— Коля, пойдзем купім сасісак!

— Ды няма тут сасісак. Толькі драўляны макет на вітрыне, як дома ў Маскве.

— Усё роўна пойдзем.

Яны заходзяць у магазін, пытаюцца, ці можна купіць сто грамаў сасісак.

— Чаму не?

— А пол кіло?

— Можна і пяць кілаграмаў.

— Тады кожнаму з нас па 10 кілаграмаў.

Яны абкручваюць сасіскі вакол шыі і нават вакол галавы. З цяжкасцю нясуць усё набытае, а калі канчаткова выбіваюцца з моцы, частку тавараў проста кідаюць».

Відавочна, з часам стаўленне беларусаў, гэбраяў, украінцаў і палякаў да савецкае палітыкі станавілася больш падобным. У значнай ступені гэтаму садзейнічала знаёмства з савецкай рэчаіснасцю. Першай масавай акцыяй, у якой было задзейнічана ўсё насельніцтва, сталі выбары ў народны сход.

Яўка і аднадушша ў сімпатыях да дэпутатаў ад улады дасягаліся рознымі метадамі. Галасаванню папярэднічала шумная кампанія па апрацоўцы насельніцтва: кожны дзень праводзіліся абавязковыя для наведвання шматгадзінныя мітынгі, за кожным домам быў замацаваны агітатар, адказны за яўку. Аднак найбольшае вынаходніцтва ўлады прадэманстравалі, арганізуючы кантроль за паводзінамі людзей на выбарчых участках. Так, на адным з участкаў Вілейкі кіраўнік мясцовага аддзелу НКВД казаў усім, хто прыйшоў на выбары: «Галасуйце па закону, а не па жаданню, ці будуць сумныя наступствы». У Дзісне людзей папярэджвалі, што калі яны каго-небудзь выкрасляць з бюлетэняў, то іх арыштуюць. Часта кабінкі для галасавання размяшчаліся ў асобным пакоі, ля ўваходу ў які стаяў супрацоўнік НКВД. Так што, жадаючых выкарыстаць сваё права на тайну волевыяўлення не знаходзілася. Шмат дзе ў Заходняй Беларусі тым, хто прыйшоў галасаваць, выдаваліся канверты, якія нельга было распячатваць. Выбарчыя камісіі таксама кантралявалі паводзіны галасуючых праз дзіркі ў кабінках для галасавання, у столі, з дапамогай пэўным чынам размешчаных люстэркаў.

Але нават гэтыя меры не гарантавалі стопрацэнтны вынік. Сябра адной выбарчай камісіі ў Беластоцкім ваяводстве — прадстаўнік польскага насельніцтва Фэлікс Зарэцкі ўспамінаў, што «калі урна была адчынена, то аказалася, што толькі 18 бюлетэняў былі добрыя, астатнія перакрэсленыя ці сапсаваныя надпісамі: “Далоў Сталіна, далоў камунізм, мы хочам Польшчу, няхай жыве Польшча!” Я думаў, бальшавікі ўзарвуцца ад злосці, калі яны чыталі некаторыя выказванні супраць Сталіна і бачылі, як мала бюлетэняў ім падыходзіць. Яны сталі шукаць выйсце і выбіраць бюлетэні, у якіх імя было выкраслена, а прозвішча засталося некранутым, кажучы, што гэтыя бюлетэні сапраўдныя. Нарэшце, бальшавік, старшыня камісіі, зрабіў так, што 50 працэнтаў былі сапраўднымі, а 50 працэнтаў — не. Тады я і другі сябра камісіі Яцкевіч Адольф не пагадзіліся і адмовіліся падпісваць пратакол. Мы спрачаліся дзве гадзіны, але, нарэшце, мы падпісалі 25 працэнтаў галасоў. Пасля гэтага старшыня сказаў нам: “Вы, польскія прыспешнікі, я вам гэта не дарую!”».

На жаль, рамкі артыкулу не дазваляюць больш падрабязна спыніцца на характарыстыцы матэрыялаў калекцыі польскага ўраду і іншых дакументаў з архіваў Гувераўскага інстытуту. У прынцыпе, гэта задача для адмысловага даследавання, як і вывучэнне архіваў іншых краінаў адносна наяўнасці там матэрыялаў па гісторыі Беларусі, патрабуе, на наш погляд, спецыяльнай дзяржаўнай праграмы. Пакуль жа для беларускай гістарычнай навукі доступ да архіваў нават суседніх краінаў — справа праблематычная. Спасылкі на архівы Расеі, Украіны, Літвы ці Польшчы ў працах беларускіх гісторыкаў, якія займаюцца ХХ ст., сёння сустракаюцца нават радзей, чым у савецкі час. Галоўнай крыніцай у бальшыні выпадкаў застаецца Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, матэрыяла якога не могуць даць адказу на ўсе пытанні. Як, дарэчы, не можа зрабіць гэтага й іншы архіў. Толькі спалучэнне матэрыялаў некалькіх архіваў дасць магчымасць запоўніць старонкі беларускай гісторыі, мноства якіх менавіта толькі з прычыны абмежаванасці крыніцаў да сённяшняга дня застаюцца спрэчнымі й маладаследаванымі.

ЛІТАРАТУРА

1—11. Hoover Institution Archives. Waclaw Solski collection, box 1, p. 25, p. 139, p. 95—96, p. 148, p. 174, p. 211, p. 223, p. 30, p. 33, p. 287—288, p. 303.

12—19, 22—23. Hoover Institution Archives. Boris Nicolaevsky collection. Box 662, file 3, p. 1—2; вox 786, file 10, p. 5, p. 6, p. 10, p. 13—15, p. 17, p. 31; вox 178, file 4, p. 530—534; вox 603, file 13; вox 233, file 6.

20—21. Hoover Institution Archives. Mikhail Girs Papers. Box 39, file 6.

24. Jan Gross Revolution from abroad: the Soviet conquest of Poland’s western Ukraine and western Belorussia. Princeton University Press, 2002. P. 45.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster