|
Пачаткі кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага
Мікола Нікалаеў
Валерый Антонаў
Артыкул другi
У «Спадчыне» № 5—6 (150) за 2002 г. быў надрукаваны артыкул М. Нікалаева «Пачаткі кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага». Прапануем увазе чытачоў працяг гэтага артыкулу, у якім зроблена спроба аналізу кніжнасці наступнага гістарычнага перыяду — эпохі Гедыміна і Альгерда. Праца напісаная двума аўтарамі — супрацоўнікамі Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбурзе Міколам Нікалаевым і Валерыем Антонавым.
Зразумела, смутная і крывавая пераходная эпоха Міндоўга—Войшалка была маласпрыяльнай для захавання існуючых альбо ўзнікнення новых помнікаў культуры. Таму наўрад ці мае рацыю В. Насевіч, калі кажа аб «бясспрэчным дамінаванні» Русі над Літвой у культурнай сферы ў другой палове XIII ст.1. Культурнае дамінаванне мае перадумовай, па-першае, пэўную нутраную сілу, пераконанасць, калі хочаце, агрэсіўнасць паноўнай культуры, па-другое, адзіную прастору культурнага ўзаемадзеяння, якая забяспечваецца найперш адзінствам дзяржаўнай улады і тэрыторыі. У XIII ст. нічога такога, вядома ж, яшчэ не было. Разрозненыя беларускія гарады пад заўсёднай пагрозай мангольскага ці галіцкага нашэсця маглі думаць толькі пра ратаванне рэшткаў старое культуры. Практычна адзінае паведамленне наконт кніг гэтага часу змешчана ў Галіцка-Валынскім летапісе, дзе апісваецца, як князь Уладзімір Васількавіч заснаваў «многы городы», у Камянцы паставіў царкву Дабравешчання Багародзіцы і «положи» ў ёй апракасныя (г. зн. з тэкстам у паслядоўнасці пры богаслужэнні) Евангелле і Апостал, а таксама Парэмійнік (богаслужбовыя тэксты Старога Запавету) і трохі загадкавы «съборникь отца своего». У Брэсце «постави ж церков святого Петра, и еуагелие да опракос оковано сребром... туто положи», і ў Бельску «поустрои церков иконами и книгами»2. Звесткі, безумоўна, выключна каштоўныя, але ў тым і справа, што іх у большай меры трэба залічыць да культуры, так бы кажучы, «антылітоўскай» — усе гэтыя гарады будаваліся ці ўзмацняліся ў 1270—1280-я гг. на паўночных крэсах Галіцка-Валынскай дзяржавы якраз супроць літоўскіх нападаў.
Да гэтага ж класу з’яваў трэба аднесці і факты вядзення пінскіх летапісных запісаў альбо нават стварэння найпазнейшай, пятай, рэдакцыі Галіцка-Валынскага летапісу (1292) дзесьці ў Пінскай зямлі, верагодна, у самім Пінску3. Апошняя гіпотэза грунтуецца, мяркуючы па ўсім, толькі на ўпамінанні пінскіх князёў у апісанні паходу на Літву пад 1274 г. («идоша же с ними князи Пиньсции и Туровьсцеи»4), што наўрад ці можа лічыцца пераканальным довадам. Па праўдзе кажучы, яшчэ ў XIX ст. М. Каяловіч упэўнена пісаў, што «рускія ўцекачы ад татарскіх гвалтаў зносілі з сабой у Літву сярод сваёй маёмасці і кнігі, у тым ліку невялікую колькасць летапісаў, і, у кожным выпадку, прыносілі ў Літву ўмельства і звычку да пісання летапісаў і чытання іх»5. Няясна, чаму вучоны зрабіў гэтую выснову, — у крыніцах няма звестак пра падобных уцекачоў, ратаванне імі помнікаў кніжнасці і да т. п., але тут не варта чапляцца да шаноўнага гісторыка: такое цалкам магло быць. Важна іншае — усе гэтыя факты і гіпотэзы адназначна паказваюць на тое, што ў эпоху набліжэння заняпаду Галіцка-Валынскага княства на нейкі момант адбылося ўзмацненне культурнага ўплыву яго паўночнай перыферыі, ад Бельска да Пінска, г. зн. тых земляў, якія неўзабаве ўвойдуць у склад ВКЛ. Ужо фармуецца фонд кніжных помнікаў, з якім Вялікае Княства ўступiць у перыяд свайго аформленага і стабільнага існавання. Пэўную ролю адыгралі ў гэтым і сувязі з Паўночна-Усходняй Руссю.
Ад канца стагоддзя да нас дайшлі два помнікі, адносна якіх можна дапусціць магчымасць іх пабытавання на землях ВКЛ у даволі ранні час. Евангелле 1270 г. (яно ж Евангелле Латыша, Сіманаўскае, Гарадзецкае)6 уяўляе сабой ілюмінаваны апракас, дзе акрамя традыцыйных мініятураў з выявамі евангелістаў маецца рэдкая ў кніжным мастацтве гэтага перыяду выява св. Сімона — патрона заказчыка кнігі. Кодэкс мае чатыры запісы і паметы перапісчыка Георгія7; выхадны запіс, датаваны 23 сакавіка 6778 (1270) г., у прыватнасці, кажа: «Писах же книгы сия аз, Гюрги, сын попов, глаголемаго Лотыша с Городища, стяжаниемь Симона черньца от святого Георгия, собе на спасение и всем крестияном на утеху»8. Кнізе нязменна прыпісваецца наўгародскае паходжанне (здаецца, толькі В. Ластоўскі знаходзіў у яе мове некаторыя віцебскія асаблівасці9); па ніжніх палях яе першых аркушаў ідзе пазнейшы ўладальніцкі (ці, больш дакладна, укладны) запіс скорапісам XVI ст.: «А си книга глаголимая еуангелия напрестолное Василя Слеповронскаго», і далей, пасля выскрабенага месца, дата: «1555 месяца июня двацат третего дня»10. Як адзначалася ў літаратуры, і летазлічэнне ад Нараджэння Хрыстовага, і характар графікі і мовы (канчатак -ия ў назоўным склоне: еуангелия) сведчаць пра бытаванне рукапісу «дзесьці на тэрыторыі сучаснай Украіны ці Беларусі»11. Варта заўважыць таксама, што адзіны ўкладны запіс з’явіўся амаль праз трыста гадоў пасля выхаднога. Гэта сведчыць пра рэдкія выпадкі змены ўладальнікаў рукапісу і, ускосна, пра адносна доўгі тэрмін яго бытавання ў ВКЛ.
Другі падобны прыклад з яшчэ больш складанай і блытанай гісторыяй (і гістарыяграфіяй) — Псалтыр з дадаткам 1296 г.12. Гэта буйны кодэкс у 338 аркушаў, з вялізным выхадным запісам пісца Захарыі13, які жыў дзесьці «на Волоце» і прафесійна, ледзь не з дзіцячых гадоў («из детьска обычая»), займаўся перапісваннем кніг. У навуковай літаратуры Псалтыр 1296 г. вядомы ад пачатку XIX cт. У 1896 г. Я. Карскі асцярожна дапусціў: «Па ўсёй верагоднасці, перапісчык... калісьці жыў у межах Заходняй Русі», а крыху пазней адзначыў, што ў мове помніка «сустракаюцца некаторыя тыповыя заходнерускія рысы... але ёсць і рысы наўгародскія...»14. Аднак ужо ў 1910-я гг. было ўстаноўлена (а ў нядаўні час падтрымана і развіта ў працах Л. Сталяровай), што апошнія два аркушы кодэксу з запісам Захарыі «першапачаткова не належалі да асноўнай часткі Псалтыра, а былі ўстаўлены ў яго пазней», а асноўная частка атрыбутуецца паводле малітоўнага і ўкладнога запісаў на папярэднім аркушы з імем пскоўскага баярына Кюра Канстанцінавіча, які вядомы па летапісах (загінуў у 1343 г.). Гэтым перыядам, такім чынам, і трэба датаваць увесь Псалтыр, акрамя двух аркушаў Захарыі15, і, такiм чынам, менавіта да пскоўскага рукапісу сярэдзіны XIV cт. адносяцца ўсе заўвагі наконт яго мовы і паходжання. Урэшце, такая выснова не выклікала агульнага прызнання. Яе ў сутнасці праігнаравалі аўтары Зводнага каталогу славяна-рускіх рукапісных кніг XI—XIII стст., не прыняў М. Розаў16, а М. Шчэпкіна катэгарычна заявіла, што ўсе запісы кодэксу выкананы «почыркам таго ж перапісчыка»17. Вырашэнне пытання ляжыць у галіне палеаграфіі; але нейкія, хоць даволі слабыя, заходнерусізмы магчыма знайсці і ў тэксце запісу Захарыі — як, напрыклад, напісанне погынет («венець цесарев скоро истлееть и сам погынет»18), больш блізкае да перакладаў Псалтыра ў ВКЛ, чым да агульнарускай традыцыі19. Канечне, моўныя асаблівасці могуць адлюстроўваць паходжанне самога перапісчыка, а не рукапісу.
Вось, бадай, і ўсе канкрэтныя факты і помнікі кніжна-пісьмовай культуры, што існавалі ў межах літоўскіх заваяванняў да таго моманту, калі вялікакняскі сталец заняў Гедымін, які паклаў пачатак новай і, галоўнае, адзінай дынастыі Літвы20. Амаль бесперапынны перыяд панавання Гедыміна (1316—1341) і яго трэцяга сына Альгерда (1345—1377) стаўся перыядам напружаных пошукаў новай дзяржавай культурнай самаідэнтыфікацыі — і ўнутры сябе, і ў стасунках з навакольным светам. Гэтыя пошукі, што даходзiлi часам да сутаргавых кiданняў, прымалі, натуральна, форму выбару рэлігіі — выбару паміж праваслаўнай і рымскай царквой. Прычым сам рэлігійны пачатак доўга заставаўся выключна ў плане формы, нейкай фармавальнай мадэлі — гэта якраз з тых выпадкаў, пра якія казаў П. Мілюкоў, калі рэлігія «ацэньвалася не згодна з унутраным сваім значэннем, а як сімвал грамадскай адасобленасці насельніцтва, што яе вызнавала»21. Толькі ў нашым выпадку трэба дадаць: і адасобленасці дзяржаўнай. Скажам, забягаючы наперад: задача гэтая ў поўным аб’ёме выканана не была — на Літве не знайшлося палітыка, роўнага Уладзіміру Святому. Пры канцы XIV ст. краіна стала аб’ектам барацьбы абедзвюх цэркваў, якая завяршылася (да часу, зразумела) своеасаблівым падзелам сфераў уплыву. Усё гэта мела вельмі сур’ёзныя наступствы, і культурныя таксама.
Звычайна падаюць справу такім чынам, што Гедымін нібыта больш сімпатызаваў каталікам, у той час як Альгерд схіляўся да праваслаўя, і каб не ягоная смерць, то... і г. д. Слушнасць тут ёсць, хоць рэальная карціна выглядае больш супярэчліва. Сапраўды, у перапісцы Гедыміна не раз упамінаецца пра касцёлы ў Вільні й Наваградку, якія ён будаваў альбо пасля войнаў адбудоўваў22. Але з самым пачаткам княжання Гедыміна супадае і небывалая да таго падзея ў гісторыі праваслаўнае царквы — у 1316 ці 1317 г. канстанцінопальскі патрыярх Іаан Гліка ставіць асобнага мітрапаліта для Літвы. Мітрапаліт Феафіл прыязджае ў Літву і размяшчае сваю катэдру ў Наваградку. Першы раз мітраполія праіснуе нядоўга, да смерці Феафіла (мусіць, у 1330 г.); паводле думкі некаторых гісторыкаў, яна не была скасавана, а проста «не змяшчалася» ў складанай гульні канстанцінопальскай палітыкі. У далейшым Альгерд адновіць барацьбу за мітраполію і паспрабуе захапіць нават кіеўскую катэдру, але ўся бурная гісторыя яго стаўленікаў — мітрапалітаў Феадарыта і Рамана — не можа засланіць той факт, што мітрапаліт у Наваградку не мог з’явіцца без згоды Гедыміна, а хутчэй за ўсё, і пастаўлены быў на яго патрабаванне. З іншага гледзішча, Альгерд быццам і сапраўды быў блізкі да рускай царквы. Абедзве яго жаніцьбы на праваслаўных рускіх князёўнах, знаходжанне пры другой яго жонцы, Улляне Цвярской, у якасці духоўніка, самога кіева-пячэрскага архімандрыта склалі яму трывалую рэпутацыю абаронцы праваслаўя23. Хроніка Быхаўца (XVI ст.) пераконвае, што Альгерд ахрысціўся яшчэ ў маладосці24, хоць тут жа апавядае, як ён пасадзіў за ваяводу ў Вільні каталіка Пятра Гаштольда, які адразу прывёў «z Lachow 14 mnichow franciszkan, y zalozy klasztor Matki Bozoj...»25. Альгерду належаць і такія сумніўныя, з праваслаўнага гледзішча, подзвігі, як расправа з «трыма літоўскімі пакутнікамі» (1347) і пакаранне смерцю 500 віленскіх мяшчанаў за забойства сямі францысканцаў. Думаем, лепшыя аўтарытэты ў гэтым пытанні — самі царкоўныя ўлады. І ў Канстанцінопалі, і ў Маскве, з якімі Альгерд часта знаходзіўся ў вострых канфліктах, яго шмат лаялі і бязбожным, і паганым, і вогнепаклоннікам, аднак ні разу не паўставала пытанне аб яго царкоўным асуджэнні, адлучэнні, нарэшце. Немагчымая, калі б Альгерд быў хрысціянінам, была б і кананізацыя — пры яго жыцці, у 1374 г.! — пакараных на яго загад «трох пакутнікаў». Але для Альгерда, як і для ягонага бацькі, язычніцтва ўжо не натуральны светапогляд племяннога грамадства, а хутчэй палітычная маска, спосаб уплыву і адначасова захавання «свабоды рук». Адсюль і своеасаблівая талерантнасць, вядома, у паняццях XIV ст., калі для аховы чужога культу можна дэманстратыўна адправіць на той свет паўтысячы суайчыннікаў26. І калі язычнік Гедымін будуе каталіцкія храмы ў Вільні і Наваградку, а язычнік Альгерд — праваслаўныя ў Віцебску27, гэтае язычніцтва, як неба ад зямлі, далёкае ад язычніцтва Віценя, які ўсяго за 20 гадоў да таго, захапіўшы падчас нападу на Польшчу мноства царкоўных адзенняў і пасудзін, загадаў, паводле слоў храніста, у знак пагарды «ўжываць іх кашчунным чынам»28.
Да эпохі Гедыміна і Альгерда належыць і першы бясспрэчны кніжны помнік ВКЛ — вялікае ілюмінаванае напрастольнае Евангелле, Лаўрышаўскае29, з’яўленне якога ў Наваградку, цэнтры праваслаўнае Літвы, звязана, верагодна, з дзейнасцю мітрапаліта Феафіла і наваградскага князя Карыята Міхаіла, сына Гедыміна. Кніга датуецца пачаткам ці першай паловай XIV ст. і знаходзіцца ў Бібліятэцы імя Чартарыйскіх у Кракаве30. Адносна асаблівасцяў мовы і арфаграфіі помніку існуюць розныя погляды: аўтары пачатку ХХ ст. згодна бачылі ў іх рысы ўласна крыўскія, з Паўночна-Усходняй Беларусі, у найноўшай жа літаратуры найперш падкрэсліваюцца яго паўднёварускія карані31.
Гісторыя рукапісу, і ў параўнальна нядаўні перыяд, досыць цьмяная. Час і абставіны, пры якіх ён апынуўся ў Чартарыйскіх, невядомыя. У 1842 г. акадэмік А. Вастокаў зрабіў першае навуковае апісанне Лаўрышаўскага Евангелля, апублікаваў шэраг прыпісак на ім і зазначыў: «…Евангелле разам з Пулаўскай бібліятэкай кн. Чартарыйскага перавезена ў С.-Пецярбург і знаходзіцца цяпер у імператарскай Публічнай бібліятэцы»32. Частка Пулаўскай бібліятэкі, сапраўды, увайшла ў 1833 г. у склад фондаў Публічнай бібліятэкі ў Пецярбурзе33, але ніякіх іншых звестак пра паступленне настолькі рэдкага помніку няма, і самой кнігі ў Рукапісным аддзяленні бiблiятэкi, здаецца, ніколі не было. Мажліва, яна знікла разам з тымі рукапісамі і старадрукамі, адсутнасць якіх выявіла «бутурлінская» рэвізія 1843—1844 гг. (што і стала, дарэчы, прычынай адстаўкі Вастокава)34. Ва ўсялякім разе, у 1882 г. рукапіс ужо ў Кракаве, на сённяшнім месцы захавання35.
Лаўрышаўскае Евангелле ўяўляе тып гэтак званага поўнага апракасу (лекцыянару), г. зн. змяшчае богаслужбовыя евангельскія чытанні на кожны дзень году, апроч шасці тыдняў Вялікага посту, для якіх прыводзяцца толькі суботнія і нядзельныя тэксты. Кніга складаецца з дзвюх частак. Першая ўключае чытанні ў парадку літургічнага году — ад Вялікадня да Вялікае суботы — і займае с. 3—320 рукапісу (на с. 1 і 2 знаходзяцца мініятуры). Другая частка значна меншая: с. 320—366. Тут змешчаны чытанні (альбо паказанні на адпаведныя месцы ў першай, асноўнай частцы) па днях каляндарнага вераснёвага году — ад 1 верасня да 29 жніўня (аркушы з тэкстамі на 30 і 31 жніўня не захаваліся).
Увогуле, поўны апракас — самая пашыраная разнавіднасць евангельскіх рукапісаў сярод стараславянскіх і рускіх кнігаў X—XIII стст. Але мастацкая аздоба Лаўрышаўскага кодэксу робіць больш складанае ўражанне і ў некаторых сваіх тэндэнцыях нават процістаіць мастацтву кнігі дамангольскай эпохі. Рукапіс мае 18 мініятураў; пры пачатку працы іх меркавалася большая колькасць, для чаго было пакінута свабоднае месца. Маскоўская даследніца Л. Яўсеева, якая правяла скрупулёзны аналіз і рэканструкцыю працы мініятурыста, прыйшла да высновы, што паказ евангельскіх сюжэтаў узыходзіць да візантыйскага мастацтва, хоць «прыёмы іх выканання вельмі спрошчаныя... Групоўка трохі выцягнутых фігураў у мініятурах Лаўрышаўскага Евангелля, агульная разрэджанасць кампазіцыяў, а таксама дынаміка і маштабнасць сцэнаў захоўваюць асаблівасці камнінаўскіх манументальных ансамбляў, як мы іх бачым у мазаіках XII ст. на Сіцыліі»36. Аднак пры гэтым адзначаецца: «Тэхніка мініятураў Лаўрышаўскага лекцыянару ўяўляе пераважна контурны малюнак пяром», што падобны да тэхнікі найдаўнейшых заходніх іканаграфічных узораў X—XIII стст. — у эльзаскай кнізе апошняй чвэрці XII ст., Вольфэнбютэльскіх аркушах каля 1230 г. і інш.37. Такая даволі нечаканая арыентацыя на заходнееўрапейскія ўзоры выразна сведчыць пра пачатак нейкага культурнага павароту, аслабленне аўтарытэту старажытнарускіх і візантыйскіх стэрэатыпаў, пошукі новых вобразаў і сродкаў выяўлення. Натуральна, гэта яшчэ не быў і не мог быць разрыў са старажытнарускай традыцыяй — нясмелыя прыкметы культурнай самастойнасці Літоўскай Русі спараджаліся, вядома, не ўздымам спецыфічнай заходнерускай культуры, а, наадварот, найцяжэйшым крызісам усёй рускай культуры і ментальнасці. У такіх выпадках радасць вызвалення непарыўна пераплятаецца з настальгіяй па страчанай супольнасці, адкінутае старое зноў пачынае прыцягваць да сябе і набываць каштоўнасць, а тое, што гэта ўжо каштоўнасць не жывога жыцця, а антыкварыяту, усведамляецца часам праз шмат дзесяцігоддзяў ці стагоддзяў. І таму характэрна, што ў малюнках Лаўрышаўскага Евангелля мы адначасова бачым відавочныя сувязі з паўночнарускім мастацтвам, як, напрыклад, у мініятуры, што ілюструе «прытчу аб слодычы гэтага свету»: чалавек на дрэве, якое вырастае з пашчы пачвары і якое грызуць белая і чорная мышы, сімвалы дня і ночы. Вельмі падобная па сюжэце выява змешчана на гэтак званых Васілеўскіх варотах 1336 г.— медных царскіх варотах наўгародскага Сафійскага сабору38.
Калі пра мастацкія асаблівасці рукапісу мы гаворым з вялікай асцярогай, падкрэсліваючы, што гутарка можа ісці толькі пра самыя раннія стадыі працэсу культурнай дывергенцыі, то палітычны складнік выяўлены тут зусім адкрыта. Як сказана вышэй, Лаўрышаўскае Евангелле — першы кніжны помнік літоўскай дзяржаўнасці. Пачынае кнігу выдатная выява арханёла Міхаіла — апекуна вялікакняскай улады. Адна з прыпісак на кнізе сведчыць пра пабудову праз нейкага Юрыя Ваўковіча царквы і алтара св. Мікалая «повеленьемь благовернаго і христолюбиваго князя великого Михаіла Кедиминовича» у 1329 г.39. Сам Юры Ваўковіч, ужо зыходзячы з наяўнасці фамільнага імя, наўрад ці быў сучаснікам Гедыміна. Запіс, верагодна, зроблены не раней XV ст. і мае на ўвазе якую-небудзь новую адбудову тае царквы. Тым не менш яго тэкст дазваляе меркаваць, што яшчэ пры жыцці Гедыміна яго сын Карыят Міхаіл, які атрымаў ад бацькі наваградскі сталец, быў сур’ёзным прэтэндэнтам на вялікае княжанне і абапіраўся пры гэтым на сваіх праваслаўных падданых. Прыпіскі на першай старонцы, якраз вакол выявы арханёла, паказваюць, што сярод укладчыкаў у Лаўрышаўскі манастыр былі праваслаўныя літоўскія князі — «великыі княз Дмитриі Олгирдовичь», г. зн. альбо другі сын Альгерда Дзмітрый Бранскі, які загінуў у бітве на Ворскле ў 1399 г., альбо, больш верагодна, трэці сын ад другога шлюбу Карыбут Дзмітрый, а таксама ўнук Альгерда Аляксандр (Алелька) Уладзіміравіч, з 1440 г. князь кіеўскі, i невядомы князь Андрэй (?) Барысавіч, імя якога на краі старонкі практычна не чытаецца40.
Усяго кодэкс уключае 14 укладных запісаў; дзевяць з іх змяшчаюць непасрэдныя ўказанні на Лаўрышаўскі манастыр як на адрасата ўкладу; астатнія пяць альбо паводле зместу і сэнсу таксама маюць дачыненне да Наваградскай зямлі, альбо значна пашкоджаныя (як названыя запісы князёў Дзмітрыя Альгердавіча і Андрэя Барысавіча). Такое досыць рэдкае геаграфічнае адзінства запісаў сведчыць на карысць наваградскага паходжання кнігі і, адпаведна, на карысць сувязі яе стварэння з узнікненнем наваградскай мітрапаліцкай катэдры. Гэтаму ніколькі не супярэчаць вядомыя ў літаратуры асобныя паўднёварускія рысы тэксту41, таму што, як мы ўжо бачылі, раёны Заходняй і Паўднёвай Беларусі знаходзіліся ў гэты час пад значным культурным уплывам Галіцкай Русі, істотна мацнейшым, чым сувязі з Полацкам ці Смаленскам.
Да кніг, што так ці інакш звязаныя з Літоўскай мітраполіяй, можна залічыць Евангелле-апракас сярэдзіны XIV ст. з Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве42. Яно перапісана добра выпрацаваным паўуставам некалькімі почыркамі, мае дзве мініятуры з выявамі евангелістаў Іаана (уклейка перад арк. 1) і Мацея (арк. 37 адв.). Мініятуры рознага фармату (Іаан значна меншы, уклеены), але па прыёмах пісьма яны падобныя. Праўда, мініятура з выявай Іаана (з подпісам: «п(и)салъ Микита рукою гр(е)шною»43) значна папсаваная — частка фону, стол, пюпітар евангеліста запісаны зялёнай фарбай. Можа, майстар сам хацеў перапісаць, падправіць мініятуру і не закончыў працу. Мініятуры (асабліва Мацей) напісаны шырока, шчыльным слоем фарбаў, з вялікай колькасцю бялілаў; формы масіўныя; адзенне, вэлюм выпісаны цяжка, матэрыяльна. Прыёмы пісьма (асабліва ў адзенні) блізкія да фрэскі. Стыль мініятураў пры падабенстве многіх рысаў з наўгародскім жывапісам мае таксама і шэраг адрозненняў ад яго — манера класці прабелы, характар размяшчэння складак адзення, згушчаны і цяжкаваты жывапісны строй і інш.44. Сярод сюжэтных матываў часта сустракаецца крылаты сабака — сенмурф (арк. 92 адв., 109 адв., 158 адв., 187 адв.), нярэдкія выявы галавы чалавека (маскароны), выкананыя не простым контурам, а жывапісна, з прымяненнем святлацені, якая перададзена тут зялёным колерам (арк. 18, 33, 136 адв.). Кнігі ўпрыгожаны арнаментамі: жгутавым, раменным пляценнем, радзей сустракаюцца спрошчаныя старавізантыйскія кампазіцыі. Арнаменты выканалі, верагодна, два майстры. Галоўны намаляваў большасць аздобы. Яго асноўныя колеры — бледна-зялёны і маркоўны, у кампазіцыі цяжкаватыя формы, часам блізкія да раманскай скульптуры. Другі майстар розніўся графічнасцю сваёй манеры. Праца некалькіх перапісчыкаў і некалькіх мастакоў сведчыць пра вытворчасць кнігі ў вялікай майстэрні, якой мог быць скрыпторый літоўскіх мітрапалітаў.
Трохі іначай аздоблена гэтак званае Евангелле з Каўрова — поўны апракас XIV ст. са збораў Пушкінскага Дому45. На першым аркушы тут толькі накід сцэны з 12 апосталамі, а загалоўная мініятура — выява Іаана Багаслова, які на востраве Патмас нагаворвае свяшчэнны тэкст свайму вучню Прохару, — змешчана на адгорце першага аркушу. У мове помніку выразна прысутнічаюць агульныя заходнерускія рысы, таму некаторыя аўтары бачаць тут украінскае паходжанне. Аднак памянёны ў старэйшай (канец XIV ст.) прыпісцы на кнізе Святы Спас на востраве46 досыць пераканальна ўказвае на адзін з храмаў вядомага Полацкага Прадцечанскага «на востраве» манастыра і, значыць, на бытаванне там гэтай кнігі ўжо ў XIV ст.
Важным помнікам, які паказвае шлях перамяшчэння кніг з правінцыі ў сталіцу, ёсць Друцкае Евангелле-апракас47. Перапісана яно было на загад князя Васіля Міхайлавіча і княгіні Васілісы для друцкае царквы Багародзіцы ў XIV ст. Праз сто гадоў («прi великом кн(я)зи Казимире королевпчи, перваг(о) году кн(я)женья ег(о)», як сказана ў прыпісцы48) Друцкі кодэкс быў укладзены ў віленскую царкву Уваскрэсення Хрыстовага. Як кніга апынулася ва ўкладчыка — віленскага месціча «раба Божага Конана», — невядома. Нельга выключыць, што ён зрабіў уклад з ведама друцкіх князёў, — бо тады ўкладная прыпіска пра значны княскі дар для Багародзіцкае царквы («село Моравьиничи и съ людьми и со всеми пошлинами, и с медовою данью, и съ селищи и с пожьнями»49) траціла сувязь з друцкай маёмасцю, што патэнцыйна аблягчала яе перадзел.
Мы закранулі толькі чатыры помнікі эпохі Гедыміна і Альгерда — шмат якія з іх, падобна Мінскаму Евангеллю50, не дайшлі да нас, паходжанне іншых ледзь паддаецца дакладнай лакалізацыі. Але і разгледжаны матэрыял паказвае, з якою лёгкасцю Вялікае Княства ўспрымала рускую пісьмовую культуру, з якой нязмушанасцю і натуральнасцю прызнала яе сваёй, не аглядваючыся ні на Маскву з Ноўгарадам, ні на ўласнае нярускае ці нехрысціянскае жыхарства. Ацаніць гэты факт магчыма толькі з улікам шэрагу чыннікаў знешнепалітычнай і царкоўнай гісторыі. Тут, аднак, патрэбна пэўнае адступленне.
Ва ўсіх нас глыбока ўкаранілася перакананне, падмацаванае і школьнай, і вышэйшай адукацыяй, што, напрыклад, Цвер, Смаленск, Разань, не кажучы пра свабодалюбныя Ноўгарад і Пскоў, у ходзе гістарычнага развіцця XIV—XV стст. змагаліся за сваю самастойнасць, самабытнасць, хай нават у адмоўным сэнсе, асобнасць, — Масква ж спрадвеку імкнулася падпарадкаваць сабе найперш усіх непасрэдных суседзяў, потым усе велікарускія землі, а там ужо і ўсю «спадчыну Манамаха» — да Кіева, Вільні і Юр’ева-Лівонскага ўключна, што і было здзейснена ў XVII—XVIII стст. Такое ўяўленне аб іманентнай імперска-агрэсіўнай сутнасці Маскоўскае Русі, вельмі жывое і сёння51, адыходзіць каранямі ў старую расейскую і савецкую гістарыяграфію, нават не столькі гістарыяграфію, колькі выкладанне гісторыі, дзе тэма «Узвышэнне Масквы» арганічна перацякала ва «Утварэнне Рускай цэнтралізаванай дзяржавы», а тая, у сваю чаргу, ва «Уз’яднанне ўкраінскага і беларускага народаў» і да т. п. Натуральна, гэтая тэза бліскуча ўгрунтавалася ў польскай, а пасля і ў маладой украінскай і беларускай гістарычнай думцы — тым больш што падзеі XIX—XX стст. давалі багата цверджанняў на надзённым матэрыяле. Ідэалагічнае напаўненне яго аказвалася палярна процілеглым — ад ганарлівага ўсведамлення вялікадзяржаўя Расіі да пафаснага выкрыцця спрадвечнай злачыннасці яе знешняй палітыкі.
Гэтыя палітычная тэорыя і псіхалогія своеасаблівага расейскага ірэдэнтызму сапраўды існавалі, але склаліся ўжо падчас манархіі Івана III, не раней канца XV ст., і праецыраваць іх на Маскоўскае княства XIV ст. было б сур’ёзнай памылкай. Няма ніводнага сведчання, што Сямён Горды ці Дзмітрый Данскi глядзелі на Кіеў ці Полацк як на свае вотчыны альбо імкнуліся забіраць іх узброенай рукой. Пасля выдатнага поспеху Івана Каліты, які забяспечыў вечную асабістую унію з Ноўгарадам, Масква надоўга замыкаецца ў абарончым становішчы. Фактычныя кіраўнікі маскоўскай знешняй палітыкі за сыноў і ўнука Каліты мітрапаліты Феагност (да 1353 г.) і Алексій (у 1354—1378 гг.) выказваюць поўную абыякавасць да заходніх епархіяў: Феагност быў там, здаецца, аднойчы, Алексій — дакладна толькі адзін раз (у 1359 г.), прычым не абышлося без нейкага цяжкага канфлікту з Альгердам і мітрапалітам Раманам. Са свайго боку, Альгерд, нават калі збіраўся ў паход «пастукаць чырвоным яйкам» аб крамлёўскія муры, быў цалкам далёкі ад усведамлення якой-небудзь маскоўскай пагрозы, а больш таго — небяспекі ад рускай мовы ці праваслаўнай культуры. Наадварот, пасля смерці ў 1361 г. мітрапаліта Рамана ён закідвае Канстанцінопаль просьбамі пра новага мітрапаліта, аднак каб пад яго ўладай знаходзіліся ўжо не адна Літва з яе трыма епархіямі (мітрапаліцкая ў Наваградку, Тураўская і Полацкая), а таксама Кіеў, Смаленск, Цвер, Малая Русь, Навасіль і Ніжні Ноўгарад!52 Як бачым, гэта не сепаратызм і не раскол — гэта праграма акружэння і ўдушвання Масквы, яе па-свойму царкоўнай аблогі. Не менш знамянальна тое, што на Маскву з Уладзімірам Альгерд зусім не прэтэндуе, інакш кажучы, яго ніколькі не хвалюе ні царкоўнае адзінства старой Кіеўскай мітраполіі, ні ідэі ўз’яднання рускіх земляў, хай і з цэнтрам у Вільні, — ён проста ўсімі сіламі змагаецца з суседам — ворагам, мажліва, і моцным, але які не мае аніякага нутранога апірышча ў ВКЛ. Шмат мусіла вады сплыць, каб у 1489 г. імперскі рыцар Мікалай Попель змог нашэптваць Івану III, што «ляхі вельмі баяцца, што калі ты будзеш кароль (г. зн. прыняўшы ад рымскага імператара тытул караля маскоўскага.— М. Н., В. А.), то ўся Руская зямля, якая цяпер пад каралём польскім, адступіць ад яго і пакарыцца табе», а той спагадліва слухаў і рабіў перспектыўныя высновы наконт «сваёй отчыны, Вялікага Княства Кіеўскага і іншых рускіх земляў, якія трымае за сабой Казімір»53. Зыходныя ж пасылкі, што прывялі да такога стану рэчаў, належаць, сапраўды, да XIV ст. Адны з іх — Крэўская унія 1385 г. і непасрэдна звязаны з ёй каталіцкі хрост Літвы — шырока вядомыя; другі ж фактар часта застаецца ў цяні, і на ім трэба спыніцца.
Мы ўжо не раз успаміналі пра цесныя кантакты ВКЛ з Галіцка-Валынскай дзяржавай. У сярэдзіне XIV ст. яны набылі характар непасрэднай палітычнай уніі: у выніку «баярскай рэвалюцыі» 7 красавіка 1340 г. быў забіты апошні прадстаўнік дынастыі Рамана Галіцкага князь Юры Баляслаў і на сталец запрошаны адзін з малодшых сыноў Гедыміна Любарт Дзімітры. Падчас наступных войнаў з польска-венгерскай кааліцыяй былі страчаны Галіч і ўсходнія раёны Валыні, але Луцкая зямля трывала ўвайшла як адзін з удзелаў у склад ВКЛ. Гэта быў толькі першы крок экспансіі Вялікага Княства на поўдзень і паўднёвы ўсход. Прыкладна ў канцы 1350-х гг. Альгерд захоплівае (у смаленскіх князёў) Бранск, потым прыходзіць чарга Ноўгарад-Северскага, Навасіля, Чарнігава, г.зн. усяго дняпроўскага левабярэжжа. Урэшце, у 1360-я гг. адбываецца ключавая падзея ўсяго працэсу — падае Кіеў: Альгерд выганяе адтуль нейкага сумніўнага князя Фёдара (верагодна, намесніка ўладаў Залатой Арды) і саджае на ўдзел свайго сына Уладзіміра54. Уладанне Кіевам — не проста старажытнай сталіцай, а катэдрай мітраполіі55, цэнтрам і сымбалем адзінства ўсяе Русі — не магло не адбіцца на царкоўнай і палітычнай ідэалогіі краіны і на духоўнай сферы ў самым шырокім сэнсе слова. Па праўдзе сказаць, ні асабіста Альгерд, у рэлігійных дачыненнях, відавочна, даволі індыферэнтны, ні Вялікае Княства яго часоў, дзяржава ў сутнасці свецкая і талерантная, яшчэ не былі гатовыя ўспрыняць усе глабальныя высновы з «кіеўскай ідэі». Вядома, Альгерд выдатна разумеў палітычнае і царкоўна-палітычнае значэнне Кіева і ў дачыненнях з Канстанцінопальскай патрыярхіяй стала высоўваў сваё дзяржаўнае валоданне Кіевам як лепшы аргумент на карысць яго падпарадкавання сваім літоўскім мітрапалітам альбо ўвогуле вяртання мітрапаліцкай рэзідэнцыі з Масквы ў Кіеў56. Але гэтыя дамаганні мелі зусім канкрэтныя мэты: асобная, памесная праваслаўная царква здавалася неабходнай умовай дзяржаўнага суверэнітэту, а недапушчэнне знаходжання якой-небудзь часткі сваёй тэрыторыі пад духоўнай уладай маскоўскага (de facto) мітрапаліта — патрабаваннем дзяржаўнай бяспекі. Думкі аб наддзяржаўнай і наддынастычнай супольнасці ўсёй Русі, тым больш візантыйская ідэалогія «кідэмоніі» — імперска-царкоўнага адзінства краіны пад уладай адзінага валадара і адзінага вярхоўнага архірэя — былі Альгерду, як і яго маскоўскім сучаснікам, абсалютна чужыя. Для іх успрымання і спробаў рэалізацыі патрэбны былі новыя людзі, пазбаўленыя сувязяў з руска-літоўскай традыцыяй XIII—XIV стст., а для іх з’яўлення на сцэне — параўнальна рэзкая змена дэкарацыяў. Гэта і адбылося ў канцы 1370-х гг.
ЗАЎВАГІ
1 Насевіч В. Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага. Людзi i падзеi. — Мн., 1993. — С. 60.
2 Полное собрание русских летописей (далей — ПСРЛ). Т. 2. — М., 1998. — Стб. 925, 927; Библиотека литературы Древней Руси (далей — БЛДР). Т. 5. — СПб., 1997. — С. 346, 348.
3 Приселков М. История русского летописания XI—XV вв. — СПб., 1996. — С. 294; Генсьорський А. Галицько-Волинський літопис (Процес складання; редакції і редактори). — Київ, 1958. — С. 30—31.
4 ПСРЛ. Т. 2. Стб. 872; БЛДР. Т. 5. С. 306.
5 Коялович М. История русского самосознания по историческим памятникам и научным сочинениям. 4-е изд. — Мн., 1997. — С. 63—64.
6 Сводный каталог славяно-русских рукописных книг, хранящихся в СССР. XI—XIII вв. — М., 1984 (далей — Сводный каталог XI—XIII вв.). — № 180.
7 Столярова Л. Свод записей писцов, художников и переплетчиков древнерусских пергаменных кодексов XI—XIV веков. — М., 2000. — № 106—109.
8 Тамсама. С. 123. «Што азначае антрапонім “Лотыш”, — піша публікатар, — няясна. У слоўніках старажытнарускай мовы гэтая лексема адсутнічае». Аднак яна вядомая ў пскоўскіх гаворках (гл.: Розов Н. Искусство книги Древней Руси и библиогеография (по новгородско-псковским материалам) // Древнерусское искусство. Рукописная книга (далей — ДИРК). [Сб. 1]. — М., 1972. — С. 26) і зафіксаваная ў старабеларускай мове (Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 17. — Мн., 1998. — С. 123).
9 Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Спроба паясьнiцельнай кнiгопiсi ад канца Х да пачатку XIX стагодзьдзя. — Коўна, 1926. — С. 84. Мяшанне ц і ч, якое адзначаў Ластоўскі, уласціва і для наўгародскай гаворкі.
10 Востоков А. Описание русских и словенских рукописей Румянцовского музеума. — СПб., 1842. — С. 175.
11 Сводный каталог XI—XIII вв. С. 204.
12 Тамсама. № 188.
13 Столярова Л. Свод записей... № 122.
14 Карский Е. Западнорусские переводы Псалтыри в XV—XVII веках. — Варшава, 1896. — С. 22; Ён жа. Белорусы. Т. 1. — Варшава, 1903. — С. 370.
15 Столярова Л. Свод записей... С. 261—263.
16 Розов Н. Книга Древней Руси XI—XIV вв. — М., 1977. — С. 105.
17 Щепкина М. Возможность отождествления почерков в древнерусских рукописях // ДИРК. Сб. 2. — М., 1974. — С. 8.
18 Столярова Л. Свод записей... С. 150.
19 Карский Е. Западнорусские переводы Псалтыри в XV—XVII веках. С. 359; параўн.: Словарь русского языка XI—XVII вв. Вып. 15. — М., 1989. — С. 185.
20 Мы кажам пра новую дынастыю ад Гедыміна, не ўнікаючы ў старадаўнюю вучоную спрэчку, ці даводзіўся ён свайму папярэдніку Віценю сынам, братам, ці быў яго стайнікам (і забойцам). Крыніцы апавядаюць рознае, але цікава, што апошнюю, такую непахвальную для дынастыі версію зусім пэўна выкладае Ян Длугаш (Joannis Dlugossii Annales seu Cronicae incliti regni Poloniae. Liber 10. — Varsaviae, 1985. — P. 92), і, як абсалютна справядліва заўважыў яшчэ Карамзін, нельга спасцігнуць, навошта храніст, што жыў і пісаў у часы Казімера Ягелончыка — роднага праўнука Гедыміна, — выдумляў бы «байку, настолькі абразлівую для гонару каралеўскага роду» (Карамзин Н. История государства Российского. Т. 4. — М., 1992. — С. 280). Той жа «ўдар перуна», ад якога, паводле Хронікі Быхаўца, памёр (надзіва дарэчы) Віцень (ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. — С. 136), нагадвае, як дзве кроплі вады, «апаплексічныя ўдары» і «гемараідальныя колікі», што здараліся з манархамі наступных стагоддзяў. Урэшце, паўторым, гэтыя падрабязнасці вялікага значэння не маюць: роля Гедыміна як заснавальніка дынастыі вызначана ўжо яе назвай, а таксама тым, што менавіта з яго часу знікае, быццам ад чараў, уся блытаніна і фантастыка, якой праз край поўная генеалогія і храналогія літоўскіх князёў XIII ст.
21 Милюков П. Очерки по истории русской культуры. Т. 3. — М., 1995. — С. 13.
22 Послания Гедимина. — Вильнюс, 1966. — С. 25, 31, 45, 53, 55.
23 Гэтая рэпутацыя захоўваецца і да сёння. Зводку доказаў на карысць праваслаўя Альгерда (пры ігнараванні шматлікіх сведчанняў супроць) гл.: Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. — Мн., 2000. — С. 194—195.
24 ПСРЛ. Т. 32. С. 139. Хронiка прыводзіць таксама адказ Альгерда маскоўскаму вялікаму князю Дзмітрыю на яго абвяшчэнне вайны: «A ja dast’ boh w neho budu na welik den, a pocaluiu ieho krasnym jajcom czeraz szczyt sulicoiu...» (Тамсама. С. 140). «Чырвонае яйка» больш дарэчы, бадай, у вуснах хрысціяніна, але не выклікае сумневу фальклорны характар аповеду.
25 Тамсама.
26 Выказвалася гіпотэза, што тры пакутнікі былі змоўшчыкамі і хацелі забіць Альгерда менавіта за яго верацярплівасць, якая злавала і хрысціянаў, і язычнікаў (Stadnicki K. Olgierd i Kiejstut synowie Gedymina w. księcia Litwy. — Lwów, 1870. — S. 120—121). Аднак рускія летапісы зладжана кажуць пра пакутніцтва толькі за веру (звод сведчанняў гл.: Baronas D. Trys vilniaus kankiniai: gyvenimas ir istorija: (Istorinë studija ir šaltiniai). — Vilnius, 2000. — P. 304—314), не ўпамінаючы пра якія-небудзь іншыя, хай фальшывыя, абвінавачанні.
27 Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. С. 139, 195.
28 Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. — М., 1997. — С. 149.
29 Щапов Я. Восточнославянские и южнославянские рукописные книги в собраниях Польской Народной Республики. Вып. 1. — М., 1976. — № 32.
30 Пры апісанні помніку мы абапіраемся ў асноўным на працы польскіх даследніц: Friedelówna T. Ewangeliarz ławryszewski: Monografia zabytku. Wrocław etc., 1974; Smorag-Różycka M. Miniatury «Ewangeliarza ławryszewskiego». Zagadnienie stylu // Folia historiae artium. T. 28. Kraków, 1992.
31 Friedelówna T. Ewangeliarz ławryszewski. S. 228.
32 Востоков А. Описание русских и словенских рукописей Румянцовского музеума. С. 124.
33 Императорская Публичная библиотека за сто лет. 1814—1914. — СПб., 1914. — С. 109.
34 Голубева О. Хранители мудрости. — М., 1988. — С. 231—232.
35 Отчет ординарного профессора императорского Варшавского университета И.И. Первольфа о научных занятиях за границею с 20 мая по 20 сентября 1882 г. // Варшавские университетские известия. 1883. № 2. С. 23—24 2-й паг.
36 Евсеева Л. Афонская книга образцов XV в. О методе работы и моделях средневекового художника. — М., 1998. — С. 109.
37 Тамсама. С. 112.
38 Лазарев В. Русская средневековая живопись: Статьи и исследования. — М., 1970. — С. 206.
39 Friedelówna T. Ewangeliarz ławryszewski. S. 71.
40 Ibidem. S. 66—67; Щапов Я. Восточнославянские и южнославянские рукописи... Вып. 1. С. 79—80.
41 Friedelówna T. Ewangeliarz ławryszewski. S. 113—125, 167, 220, 228.
42 Сводный каталог славяно-русских рукописных книг, хранящихся в России, странах СНГ и Балтии. XIV век (далей — Сводный каталог XIV в.). Вып. 1. — М., 2002. — № 135.
43 Тамсама. С. 257. У «Свод...» Л. Сталяровай гэты запіс чамусьці не трапіў.
44 Стылістычную паралель гэтым мініятурам уяўляюць мініятуры Евангелля XIV ст. са збораў Гiстарычнага музею ў Маскве (Сводный каталог XIV в. Вып. 1. № 133).
45 Тамсама. № 152; Запаско Я. Пам’ятки книжкового мистецтва. Українська рукописна книга. — Львiв, 1995. — № 53.
46 Жуковская Л. Пергаменная рукопись XIV в. из собрания Пушкинского Дома (Новое приобретение) // Труды Отдела древнерусской литературы. Т. 23. — Л., 1968. — С. 310.
47 Сводный каталог XIV в. Вып. 1. № 187; Тихомиров М.Н. Описание Тихомировского собрания рукописей. М., 1968. № 1— Вучань акадэміка Ціхамірава вядомы славіст А. Рогаў распавядаў у свой час пра тое, што той хацеў аддаць Друцкае Евангелле разам з некаторымі яшчэ помнікамі кніжнасці ВКЛ са свайго збору ў бедны на старажытную кнігу Мінск, але разбурэнне ў 1961 г. беларускімі ўладамі віцебскай Дабравешчанскай царквы XII ст. прымусіла яго змяніць намер, і ў выніку рукапіс трапіў у Новасібірск.
48 Сводный каталог XIV в. Вып. 1. С. 331.
49 Тамсама. С. 330.
50 Драй-Хмара М. Фрагменти Менського пергаменового апракоса XIV в. // Збірник Комісії для дослідження історії української мови. Т. 1. Київ, 1931.
51 Параўн.: «Палiтыка Савецкай дзяржавы, пачынаючы ад ленiнскiх заклiкаў да “сусветнай грамадзянскай вайны” i заканчваючы ўварваннем савецкiх войскаў у Афганiстан, заўсёды была па-воўчаму агрэсіўная, заўсёды накiраваная на знешнюю агрэсiю, заўсёды пагражала мiру, прычым амаль з непрыкрытай шчырасцю» (Бунiч I. Операция «Гроза», или Ошибка в третьем знаке: Историческая хроника. Кн. 1. — Киев; СПб., 2000. — С. 58) — што гэта, як не рэфлекс тае самае iдэi?
52 Голубинский Е. История русской церкви. Т. 2, ч. 1. — М., 1997. — С. 209—211.
53 Цыт. паводле: Соловьев С. Сочинения. Кн. 3. — М., 1989. — С. 132, 134.
54 Больш падрабязна гл.: Грушевський М. Історія України-Руси. Т. 4. — Київ, 1993. — С. 65—78.
55 Кіеў заставаўся катэдрай рускіх мітрапалітаў і пасля фактычнага (у 1299 г.) і фармальнага (у 1354 г.) перанясення іх сталай рэзідэнцыі ва Уладзімір і Маскву.
56 Тамсама. Т. 5. — Київ, 1994. — С. 389—390.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА |