|
ТЭМА НУМАРУ: ДАЛІТОЎСКАЯ БЕЛАРУСЬ
Апошнія 15 гадоў у беларускай гістарыяграфіі праходзілі ў значнай ступені пад знакам «вайны» з суседзямі-літоўцамі (як правіла, завочнай) за спадчыну ВКЛ. Нягледзячы на мноства перамог, гэтая вайна прынесла і вельмі адчувальныя страты: адчужанасць ад пераможцаў асноўнай масы грамадзянаў Беларусі, напружанасць у дачыненнях з суседзямі і, нарэшце, небяспеку скарачэння ўласнай гісторыі на 400 гадоў і страты ўласнага твару, уласнага пазітыўнага вобразу ў свеце. Магчыма, надыходзіць пара частковай змены акцэнтаў у гістарычных даследаваннях. Перыяд ВКЛ — самы доўгі ў гісторыі нашай краіны, адзначаны слаўнымі дасягненнямі. Менавіта ў гэты перыяд сфармаваліся падставы існавання асобнага беларускага этнасу, краіна атрымала сучаснае імя; большую частку яго Беларусь была злучана з заходнееўрапейскай цывілізацыяй. Гэта немагчыма адмаўляць.
Аднак насамрэч усё было без энтузіязму ўспрынята пераважнай бальшынёй насельніцтва, якое і нефармальна, і фармальна неаднаразова выказвала недавер да каштоўнасцяў літоўскага перыяду нашай гісторыі. Сёння відавочна, што ў мностве сацыяльных пластоў і рэгіёнаў краіны структуры свядомасці, створаныя ў далітоўскі перыяд, працягваюць дамінаваць. Таму для выжывання самастойнай беларускай нацыі надзвычай важна інтэграваць літоўскую і рускую, лацінскую і бізантыйскую традыцыі. Такая тэндэнцыя намецілася яшчэ ў даследаваннях школы У. Антановіча 100-гадовай даўніны, якая разглядала ВКЛ як Літоўска-Рускую дзяржаву. Магчыма, беларусы занадта паспешліва адкінулі такую фармулёўку; яе ўяўная небяспека для нацыянальнай тоеснасці сёння выглядае перабольшанай.
Заходнееўрапейская цывілізацыя выпрацавала многія сацыяльныя інстытуты, тэхналогіі, этычныя і эстэтычныя прынцыпы, якія апошнія 200 гадоў служылі ўзорам для развіцця ўсяму свету. Але сучасная Беларусь неабавязкова мусіць некрытычна наследаваць гэтым узорам. Таму ёсць некалькі прычынаў: па-першае, Заходняя Еўропа сама імкліва адмаўляецца ад тых каштоўнасцяў, якія доўгі час забяспечвалі ёй прыярытэт у свеце, найперш маральны. Адмову згадаць хрысціянства як падставу існавання еўрапейскай цывілізацыі ў канстытуцыі Еўрапейскага Звязу азначае рашучую адмову ад уласных падмуркаў. Або прынамсі спробу такой адмовы, якая ў кожным разе выкліча нестабільнасць, уплыў якой на Беларусь лагічна было б мінімізаваць.
Па-другое, рэзкае і наўрад ці кароткатэрміновае падаражанне энэргарэсурсаў і імклівы перанос матэрыяльнай вытворчасці ў Азію пакідае нявырашаным пытанне, ці безумоўнае далучэнне да Заходняй Еўропы сапраўды азначае для Беларусі выйгрыш у эканамічным развіцці. І, нарэшце, відавочна, што сам Еўрапейскі Звяз да пашырэння на хрысціянскі Ўсход ставіцца больш насцярожана, чым да прыняцця ў свае шэрагі краінаў Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Пакуль няма ніводнага прэцэдэнту інтэграцыі краінаў кірылічнай традыцыі. Усё гэта не так настройвае на ваяўнічы антызаходні лад, як вымушае стрымана ставіцца да банальнай рыторыкі і больш крытычна разглядаць працэсы, якія адбываюцца на Захадзе. І непазбежна павышае ў цане арыенталізм. Прыгадаем, што ён быў арганічным сарматам Рэчы Паспалітай.
Самы сымбалічны матэрыял нумару — артыкул А. Шаланды, які не толькі рэканструюе гістарычную сымболіку і геральдыку Полацкае дзяржавы Х—ХV стст., але і прапануе магчымасць кампрамісу, прымірэння прыхільнікаў Русі і Літвы ў праекце новага нацыянальнага герба Беларусі. Гэты праект адкрыты для абмеркавання і крытыкі; але аднолькава цяжка ўявіць поўную перамогу над апанентамі як ліцвінаў, так і русінаў. 500 гадоў таму Цюдоры, якія выйшлі пераможцамі ў доўгай і крывавай вайне Пунсовай і Белай Ружаў у Ангельшчыне, сцвердзілі ў якасці геральдычнага сымбалю іх злучэнне. Сучаснай Беларусі востра патрэбныя падобныя сымбалічныя жэсты, без якіх немагчыма наладзіць мірнае жыццё.
Алесь БЕЛЫ
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА |