|
Архетыпы гравіраваных выяваў і арнаментальнага аздаблення на касцяных вырабах каменнага веку
З калекцыі Музею старажытнабеларускай культуры
Мікола КРЫВАЛЬЦЭВІЧ
Аксана ВАРАТНІКОВА
Калекцыя з Азярнога 2Б (Мінская вобласць, Любанскі раён) налічвае больш за 120 вырабаў з костак і рогу. Асноўная колькасць перададзена ў Любанскі музей, а некаторыя — касцяныя вырабы з унікальнымі гравіраванымі малюнкамі й арнаментальным аздабленнем — захоўваюцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры.
Згаданыя знаходкі ў комплексе з іншымі артэфактамі каменнага веку — керамікай і крамянёвымі вырабамі — залягалі на дне в. Вячэра. Невялікае па плошчы возера (каля 3 кв. км) размешчана на плоскай затарфаванай нізіне, за 5—6 км у паўднёва-ўсходнім накірунку ад ракі Арэсы (басейн Прыпяці). На некаторых поймавых пясчаных узвышшах Вячэры адзначаюцца сляды старажытных паселішчаў [Крывальцэвіч М., 1993а, с. 29—31]. Адно з іх знойдзена на мысе паўднёва-ўсходняга берагу (Азярное 2А). Насупраць яго пад вадой залягалі культурныя адклады каменнага веку (Азярное 2Б) [Крывальцэвіч М., 1993а; 1993б; 1996, с. 147; 1999, с. 30—31]. Сярод знойдзеных у Азярным 2Б артэфактаў вылучаецца комплекс знаходак мезалітычнага перыяду [Крывальцэвіч М., 1996, с. 147—168], які можа адносіцца да VII—VІ/V тыс. да н. э. [Крывальцэвіч М., 1996; Кривальцевич М., Симакова Г., 2004]. Вялікая колькасць фрагментаў керамікі, крамянёвых, касцяных і рагавых вырабаў аднесена да неалітычнага этапу жыцця людзей у Азярным 2Б. Неалітычны комплекс Азярнога 2Б у асноўным пакінуты ў ІІІ тыс. да н. э. [Крывальцэвіч М., 1996; Кривальцевич М., Симакова Г., 2004]. Мяркуецца, што культурныя рэшткі апынуліся ў вадзе на месцы палевых паселішчаў ці ў выніку перыядычнага пад’ёму ўзроўню вады ў возеры і затапленні прыбярэжных старажытных стаянак [Крывальцэвіч М., 1996].
Сярод знойдзеных на месцы Азярнаго 2Б мастацкіх вырабаў найбольшай увагі заслугоўвае трохфігурная кампазіцыя на рэштках апрацаванай косткі лася. Бакавая частка косткі зрэзана, верх зачышчаны. Малюнкі наносіліся на апрацаваную локцевую костку лася, адна з асаблівасцяў якой — параўнальная вялікая даўжыня. Мяркуючы па рэштках, сюжэт кампазіцыі мог мець працяг на страчанай частцы вырабу. На двух супрацьлеглых баках вырабу тонкім разцом (крамянёвым?) выразаны тры выявы, дзве з якіх антрапаморфныя. Цэнтральная фігура кампазіцыі — параўнальна вялікая выява чалавека, які скача з узнятымі рукамі. У трохпальцавую левую далонь упіраецца дзяржанне сякеры (ці прыстасаванне накшталт сякеры?). Галава — без рысаў твару. Тулава чалавечай (відавочна, мужчынскай) постаці аздоблена малюнкам (арнамент ці элементы вопраткі?). Пад правай нагой згаданай фігуры — другая выява, абрысы якой губляюцца на месцы злому. Яна ўяўляе сабою ромб з адыходзячымі ад яго рыскамі. На адваротным баку вырабу нанесена яшчэ адна антрапаморфная выява — бязрукі чалавек з рамбічнаю галавою. Ногі сагнутыя ў каленях і разведзены.
Выявы людзей, якія скачуць, — адзін з характэрных мастацкіх сюжэтаў каменнага веку [Лозе И., 1987; Исаенко В., 1971; Гурина Н., 1980; Смирнов, 1984, с. 85—86; Саватеев Ю., 1980, рис. 4: 11; Монгайт А., 1973, с. 226; Butrimas А., 2000; Larsson L., 2000, p. 50—52]. Малюнкі постацяў людзей наносіліся на касцяныя і каменныя вырабы, на паверхню камянёў, а таксама на керамічны посуд. У Цыркумбалтыйскім рэгіёне, Скандынавіі й Зеландыі самыя старажытныя антрапаморфныя выявы вядомы ўжо з мезалітычнага перыяду [Butrimas A., 2000, р. 8—11; Larsson L., 2000, p. 50—52]. Стыль і спосаб выканання некаторых з іх — гравіроўка па костцы, заштрыхаванасць пракрэсленага тулава, ромбападобнасць галавы, расстаўленыя ног і ўзнятыя рукі — нагадвае антрапаморфныя малюнкі Азярнога 2Б [гл., напрыклад, Larsson L., 2000, fig. 30]. На аналогіі азярнянскім выявам сярод мезалітычных малюнкаў Скандынавіі і Зеландыі (Vesko, Langeland, Holmegard) спасылаўся Адомас Бутрымас [Butrimas A., 2000, р. 9].
Аднак сюжэт азярнянскага твору ў пэўнай ступені адпавядае таксама тым кампазіцыям, якія выконваліся на керамічным посудзе позняга неаліту — ранняга перыяду бронзавага веку. Найперш маецца на ўвазе малюнак з «паляўнічым і качачкай» на неалітычнай пасудзіне паселішча Юравічы 3 (Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці) [Исаенко И., 1971; гл. таксама: Кривальцевич М., 1988]. Фігурка чалавека з узнятымі рукамі адціснута шнурам на позненеалітычным гаршку паселішча Ніда (Літва) [Rimantienл R., 1989, XXIV]. Малюнак чалавека з разведзенымі ў бакі рукамі і ромбападобнай галавой нанесены на гаршку паўночнабеларускай культуры (позні неаліт — ранні перыяд бронзавага веку) з паселішча Асавец [Чарняўскі М., 1987, мал. 8].
Антрапаморфныя выявы, якія выконваліся на керамічным посудзе, напэўна ў большай ступені адпавядаюць сэнсавай і выяўленчай ідэі малюнку з Азярнога 2Б. У сувязі з гэтым апрацаваная костка лася з выявамі людзей хутчэй за ўсё мае дачыненне да неалітычнага комплексу знаходак. З улікам адпаведнага археалагічнага кантэксту помніку яна можа датавацца ў межах ІІІ тыс. да н. э. [Крывальцэвіч М., 1993б, с. 71].
У кампазіцыі знайшлі адлюстраванне нейкія папулярныя міфалагічныя сюжэты позняга неаліту — пачатку эпохі бронзы. Падзеі ўвасабляюцца з дапамогаю традыцыйнай для таго часу сістэмы сімвалаў. Напэўна, адгадка семантыкі згаданых вобразаў тоіцца ў падкрэсленай дынамічнасці, гераізаванасці асноўнай выявы — чалавека, які скача. Калі трохкутнік і лінія, што цягнецца ад яго трохпальцавай рукі, азначае стылізаваны малюнак сякеры, то ў такім разе варта дапусціць наступнае: перад намі разгортваюцца падзеі нейкага старажытнага міфу, у якасці аднаго з асноўных герояў якога выступае ўзброены сякерай мужчына — адмысловы Бог-абаронца ў чалавечым абліччы [Крывальцэвіч М., 1993б, с. 71].
Другі малюнак, на якім варта спыніць увагу, — зааморфная выява на птушынай костцы.
Малюнак выкананы на фрагменце буйной птушынай косткі, эпіфіз якой абрэзаны. Супрацьлеглы канец косткі абламаўся, і частка малюнку страчана. Ён выконваўся суцэльнымі лініямі і кароткімі рыскамі, якія праводзіліся надзвычай тонкім разцом (крамянёвым?). Кампазіцыйны цэнтр — зааморфная выява нейкай істоты (найбольш верагодна лася) у імклівым бегу. Цела жывёлы заштрыхавана здвоенымі папярочнымі пункцірнымі радамі, галава і шыя — суцэльнымі лініямі. Ногі (пярэднія сагнутыя ў каленях) пераходзяць у лукаткападобны дол, лінія якога працягваецца ў зігзаг да задніх ног жывёлы. Ад вяршыняў лукаткі адыходзяць уніз просталінейныя пункціры.
Кампазіцыя не мае аналогіяў сярод старажытнасцяў прылеглых тэрыторыяў, але асобнымі стылявымі рысамі нагадвае некаторыя прыбалтыйскія і паўночнаеўрапейскія малюнкі на касцяных, рагавых вырабах і камянях. Жывёліна намалявана ў бакавой праекцыі, з доўгаю шыяй, масіўнаю мордай, хвосцікам, што тырчыць уверх. Такая стылізацыя характэрная пры маляванні лася ў Цыркумбалтыйскім рэгіёне і паўночнай Еўропе людзьмі эпохі каменю [гл., напрыклад, Гурина Н., 1980, с. 123; Саватеев Ю., 1980, с. 144; Larsson L., 2000, fig. 16, 35, 36, 38]. На мезалітычных кампазіцыях, якія наносіліся на касцяныя вырабы, заўважаюцца таксама іншыя арнаментальныя аздабленні, якія прысутнічаюць у азярнянскім сюжэце. Напрыклад, ломаныя зігзагі, у тым ліку й тыя, ад якіх адыходзяць пункцірныя прамыя лініі, сустракаюцца сярод арнаментальнага аздаблення многіх мезалітычных малюнкаў [параўн., напрыклад, Larsson L., 2000, fig. 2, 11, 13]. У мезаліце вельмі часта фігуры людзей і жывёлаў заштрыхоўваліся папярочнымі рыскамі [гл., напрыклад, Larsson L., 2000, fig. 2: VII; 30].
З улікам згаданых аналогіяў малюнак на птушынай костцы быў выкананы ў мезалітычны перыяд. Мяркуючы па храналогіі мезалітычнага комплексу Азярнога 2Б, выраб датуецца ў межах VII—VІ/V тыс. да н. э. [гл. таксама: Крывальцэвіч М., 1993б, с. 70].
Прыблізна ў гэты перыяд быў зроблены касцяны кінжал, адна з лёзавых паверхняў якога аздаблялася арнаментам. Даўжыня вырабу крыху большая за 19 см. Лязо мае пашыранае вастрыё. На баках кінжала прарэзаны шырокія пазы (для крамянёвых пласціністых уставак?). Пляскатая паверхня ляза, г. зн. той часткі, якая не хавалася ў дзяржанне, была аздоблена наразным арнаментам. Аздабленне складалася з выгравіраванага зігзагу і дзвюх паралельных лініяў, ад якіх адыходзілі кароткія рыскі.
Касцяныя кінжалы, лязо якіх узмацнялася крамянёвымі мікралітамі, — адзін з найбольш характэрных вырабаў менавіта мезалітычнага перыяду [гл., напрыклад, Крывальцэвіч М., 1996, с. 155; Larsson L., 2000, fig. 8]. Кінжал аздоблены традыцыйным для мезаліту арнаментам. Аналагічнае ўпрыгожванне такога тыпу сустракаецца на мезалітычных касцяных вырабах Прыбалтыкі, Паўночнай Еўропы [параўн., напрыклад, Лозе И., 1968, с. 33, табл. 6; Larsson L., 2000, fig. 2: І, 7, 8]. Паводле свайго стылю аздабленне азярнянскага кінжала нагадвае гравіраваны арнамент на кінжале з паўночнай Швецыі [Larsson L., 2000, fig. 8].
Варта звярнуць увагу на тую абставіну, што арнаментальнае аздабленне і малюнкі на касцяных вырабах Азярнога 2Б атаясамліваюцца найперш са стылем і сюжэтнымі кампазіцыямі, якія найчасцей сустракаюцца на помніках каменнага веку Цыркумбалтыйскага і паўночнаеўрапейскага рэгіёнаў. Згаданая акалічнасць можа мець істотнае значэнне пры вызначэнні агульных тэндэнцыяў у развіцці старажытнай мастацкай творчасці на абшарах Беларусі.
КРЫНІЦЫ
Гурина Н., 1980. Наскальные рисунки Кольского полуострова (общие и специфические черты) // Первобытное искусство: Звери в камне. Новосибирск.
Исаенко В., 1971. Неолитический сосуд с рисунком из Белоруссии // Советская археология. № 2. С. 211—213.
Кривальцевич Н., Симакова Г., 2004. Микрорегион озера Вечера (Предполесье Беларуси): основные этапы освоения и использования (по археологическим и пыльцевым данным) // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 19.
Кривальцевич Н., 1988. «Уточка» в верованиях неолитических племен Белоруссии // Древности Литвы и Белоруссии. Вильнюс. С. 18—22.
Крывальцэвіч М., 1993а. Азярное // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. Мінск. С. 29—32.
Крывальцэвіч М., 1993б. Самае найстаражытнае. Мастацкае аздабленьне на касьцяных вырабах эпохі каменя // Мастацтва. № 5. С. 68—71.
Крывальцэвіч М., 1996. Касцяныя і рагавыя вырабы каменнага веку з возера Вячэра // З глыбі вякоў. Наш край. № 1. Мінск. С. 147—168.
Крывальцэвіч М., 1999. Азярное 1 — паселішча эпохі бронзы на поўначы Палесся. Мінск.
Лозе И., 1987. Изображение человека в искусстве каменного века Восточной Прибалтики // Первобытное искусство: Антропоморфные изображения. Новосибирск. С. 45—47.
Монгайт А., 1973. Археология Западной Европы: Каменный век. Москва.
Саватеев Ю., 1980. Онежские петроглифы и тема зверя в них // Первобытное искусство: Звери в камне. Новосибирск.
Чарняўскі М., 1987. Мастацтва першабытнаабшчыннага ладу. Бронзавы век // Гісторыя беларускага мастацтва: У 6-ці тамах. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы ХVI ст. Мінск. С. 25—28.
Butrimas A., 2000. Human Figurines in Eastern-Baltic Prehistoric Art // Prehistoric Art in the Baltic Region. Vilnius. P. 7—29.
Larsson L., 2000. Expressions of Art in the Mesolithic Society of Scandinavia // Prehistoric Art in the Baltic Region. Vilnius. P. 31—61.
Rimantienė R., 1989. Nida. Senųjų baltų gyvenvietė. Vilnius.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Рэдакцыі
часопісу СПАДЧЫНА |