БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 6/2003      Тэма нумару: Далітоўская Беларусь

Ці існавала старажытнаруская народнасць, альбо Пра «калыску» беларускага народу

Генадзь СЕМЯНЧУК 
(Горадня)

Пры вывучэнні перыяду гісторыі Беларусі, які называюць «старажытнарускі», «полацка-новагародскі» ці «далітоўскі», сучасны даследнік сутыкаецца з дзвюма сур’ёзнымі праблемамі — адна аб’ектыўнага характару, другая суб’ектыўнага.

Першая — гэта малалікасць існуючай крыніцазнаўчай базы. Для кожнага, хто вырашыў прысвяціць сябе вывучэнню гісторыі Беларусі сярэднявечнага перыяду, галоўнай крыніцай з’яўляюцца летапісы. Так склалася, што актавы матэрыял, царкоўныя архівы, мемуарная літаратура і эпісталярныя творы ранняга сярэднявечча з тэрыторыі Усходняй Еўропы амаль не захаваліся. Яшчэ горшая сітуацыя склалася адносна беларускіх земляў. Айчынны даследнік мусіць памятаць, што на сённяшні дзень, на жаль, не вядомыя (не захаваліся) уласна беларускія гістарычныя крыніцы ранняга сярэднявечча. Першым «беларускім» дакументам лічыцца Гандлёвая дамова 1229 г. паміж Смаленскам, Полацкам і Віцебскам з аднаго боку, і Рыгай і Готландам — з другога. Інфармацыя аб гісторыі Беларусі да пачатку XIV ст. пераважна захавалася ў нарацыйных крыніцах суседніх тэрытарыяльна-палітычных і культурных цэнтраў: Кіева, Ноўгарада і Пскова, Уладзіміра і Суздаля, Галіча і Валыні, Польшчы і Нямецкіх рыцарскіх ордэнаў. Натуральна, што паведамленні іх фрагментарныя, тэндэнцыйныя, а часам свядома фальшывыя. Напрыклад, згодна звесткам новагародскага і кіеўскага летапісання, полацка-новагародскія альбо полацка-кіеўскія дачыненні ўяўляюцца пераважна як варожыя і ваяўнічыя. Гэта зусім не адпавядае сапраўднасці. Аналізуючы новагародскае летапісанне (Новагародскі І летапіс старэйшага і малодшага ізводаў), звяртаем увагу, што аўтараў летапісаў гісторыя Полацку цікавіла пераважна ў момант канфліктных сітуацыяў альбо калі падзеі мелі агульнарускі характар. У Новагародскім І летапісе малодшага ізводу (звод сярэдзіны XV ст. даведзены да 1446 г.) звестак пра Полацк да канца ХІІІ ст. знаходзім толькі 30: 5 з часоў Уладзіміра і Рагнеды, 1 пра Брачыслава, 7 з часоў Усяслава Брачыслававіча, 9 з ХІІ ст. і 8 з ХІІІ ст. Прычым пераважная бальшыня з іх мае вайсковы характар. Натуральна, наяўная крыніцазнаўчая база не дазваляе ў поўным аб’ёме сканструяваць новагародска-полацкія дачыненні ў раннім сярэднявеччы. Апроч таго, па-за ўвагай новагародскага летапісца засталіся гаспадарчыя і культурныя стасункі, высокі ўзровень якіх пацвярджаецца археалагічнымі, лінгвістычнымі і мастацтвазнаўчымі крыніцамі.

Аднак вывучаць мінуўшчыну мы абавязаны. Дзеля больш трывалай і абгрунтаванай канструкцыі сваёй сярэднявечнай гісторыі беларускаму даследніку наканавана часцей і глыбей выкарыстоўваць новыя тэксталагічныя прыёмы нутранога і знешняга аналізу летапісных крыніцаў, карэляваць іх паміж сабою і шырока выкарыстоўваць метады і крыніцы іншых навук (археалогіі, этналогіі, сацыялогіі, лінгвістыкі, гістарычнай геаграфіі).

Другая праблема — суб’ектыўная — больш важкая, і звязана яна з метадалагічнымі пазіцыямі і падыходамі, асабліва ў пытаннях этнічнай ідэнтыфікацыі насельніцтва Усходняй Еўропы ў ІХ—ХІІІ стст. Вырашэнне гэтай праблемы на дадзены момант мае першапачатнае значэнне. Ад гэтага залежыць трываласць, абгрунтаванасць і праўдзівасць гістарычнай канструкцыі сярэднявечнага мінулага Беларусі.

Прызнаючы ў прынцыпе немагчымасць адэкватнага пазнання гістарычнай мінуўшчыны, савецкая, а таксама сучасная расейская і беларуская гістарыяграфія ў той жа час лічаць абсалютна вырашанай праблему гэтак званай «старажытнарускай народнасці» — адзінай этнічнай супольнасці, якую ўтварылі ўсходнія славяне ў ІХ—ХІІІ стст. Бясспрэчнай ісцінай у апошняй інстанцыі, узведзенай у ранг дзяржаўнай дактрыны, стаў пастулат савецкай этналогіі, мовазнаўства і гісторыі пра паходжанне сучасных усходнеславянскіх народаў і моваў ад агульнага кораню — старажытнарускай народнасці і, адпаведна, старажытнарускай мовы. Яшчэ зусім нядаўна існавала афіцыйна ўстаноўленая дата ўзнікнення беларусаў і ўкраінцаў, адзіная і непарушная, — XIV ст. (пра рускую мову дазвалялася гаварыць практычна з Х ст.). Але нават павярхоўны, але непрадузяты аналіз тэзаў пра Старажытную (Кіеўскую) Русь як агульную калыску брацкіх усходнеславянскіх народаў, пра старажытнарускую народнасць як этнічную аснову рускіх, украінцаў і беларусаў і пра старажытнарускую мову як агульную крыніцу кожнай з усходнеславянскіх моваў паказвае міфічнасць усіх гэтых афіцыйных догмаў, створаных не на навуковым, а на ідэалагічным падмурку.

Праблематычнасць вызначэння старажытнарускай народнасці ўзнікае ўжо з таго, што мы дагэтуль фактычна не маем навуковых дэфініцыяў народнасці і нацыі, якія адлюстроўвалі б глыбінную сутнасць гэтых грамадскіх з’яваў. Адносна разумення народнасці, у прыватнасці, старажытнарускай, савецкія і постсавецкія вучоныя ўвесь час паслядоўна кіраваліся тэзай пра тое, што народнасці ўласцівыя тыя самыя рысы, што і нацыі, але ў пачатковым, неразвітым выглядзе. А наконт нацыі мы, як ні дзіўна, да гэтага часу карыстаемся, па сутнасці, сталінскім вызначэннем, змешчаным у «Кароткім курсе гісторыі ВКП(б)», згодна з якім нацыя — гэта гістарычная супольнасць людзей, якая характарызуецца агульнасцю тэрыторыі, мовы, эканамічных сувязяў, асаблівасцямі псіхічнага складу, што выяўляецца ў спецыфічных рысах культуры. І зусім нічога не сказана пра ментальнасць, народныя звычаі і г. д. Але калі нават кіравацца гэтым састарэлым азначэннем народнасці і нацыі, давесці, што старажытнаруская народнасць мела ўсе неабходныя для яе адзнакі — агульную тэрыторыю, мову і агульны псіхічны склад (гэта значыць — агульную культуру), практычна немагчыма.

Каб пераканацца ў слушнасці выказанага меркавання, варта звярнуць увагу на гістарыяграфію праблемы. Расейская гістарычная навука ХІХ — пачатку ХХ ст. тэрміна «старажытнаруская народнасць» не ведала. Яшчэ ў 50-я гады пазамінулага стагоддзя М. Пагодзін і М. Максімовіч дыскутавалі паміж сабой, каго лічыць сапраўднымі «россами» — паўднёвае насельніцтва альбо паўночнае, каму сапраўды належыць кіеўскі перыяд рускай гісторыі, прыярытэт у стварэнні рускай дзяржавы і нацыі. Супрацьстаўленне насельніцтва поўдня і поўначы, Кіеўскай Русі і Уладзімірска-Суздальскай, а пазней Маскоўскай Русі, знаходзім у М. Кастамарава, С. Салаўёва, В. Ключэўскага, М. Грушэўскага. В. Ключэўскі, напрыклад, пісаў: «Везде русская земля, и нигде ни в одном памятнике не встретим выражения русский народ...» І яшчэ: «Русское государство (в ІХ—ХІ вв.) не было государством русского народа, потому что не существовало этого народа»[1]. Толькі на пачатку ХХ ст. А. Праснякоў выступіў супраць спробаў адарваць Маскоўскую Русь ад Кіеўскай, вялікарускую народнасць ад рускай. Праўда, для Праснякова паняцце адзінства рускай народнасці — гэта агульнасць вялікарускай і ўкраінскай галін рускага народу[2]. Увогуле вырашэнне праблемаў генезісу народаў, іх этнічнай прыналежнасці, стварэнне дзяржаваў на тэрыторыі Усходняй Еўропы ў сярэднявеччы ў расейскай гістарычнай навуцы ХІХ — пачатку ХХ ст. зводзілася да дыскусіяў паміж «нарманістамі» і «антынарманістамі», што ў ідэалагічнай і палітычнай галінах праяўлялася ў супрацьстаянні «заходнікаў» са «славянафіламі».

У гістарыяграфіі ХХ ст. магчыма вылучыць толькі тры колькі-небудзь закончаныя і ўплывовыя канцэпцыі, з якімі згаджаецца альбо ад якіх адштурхоўваецца бальшыня даследнікаў этнакультурнай гісторыі насельніцтва Усходняй Еўропы ў раннім сярэднявеччы (ІХ—ХІІІ стст.). Гэтыя канцэпцыі належаць адпаведна ідэолагам, якія распрацавалі марксісцка-сталінскую схему рускай гісторыі (нацыяналістычная); гісторыкам, якія пабудавалі сваю тэорыю ў рэчышчы ідэй еўразійцаў (імперыялістычная), і трэцяя — так званы «нарманізм» (еўрапейская). Праўда, пры ўсіх адрозненнях ва ўмовах зараджэння і далейшага развіцця першыя дзве канцэпцыі надзіва падобныя і зыходзяцца ў асноўнай думцы — думцы аб імперскім размаху палітычных амбіцыяў славянскай Русі з першых момантаў існавання. Відаць, гэта тлумачыцца кампенсатарнай функцыяй адной і другой канцэпцыі, калі палітычныя ці эканамічныя няўдачы ў сучаснасці запаўняюцца гістарычнымі міфамі. У апошніх увага акцэнтуецца на прагрэсіўнасці, у катэгорыях гістарычнага матэрыялізму, імперскіх намераў старажытных славянаў (гэткая пазіцыя сталінскага нацыяналізму) альбо на самабытнасці гістарычнага шляху Заходняй Еўразіі, якая ўзнікла на скрыжаванні заходнееўрапейскіх, бізантыйскіх і азіяцкіх уплываў (гэткія ўяўленні еўразійцаў)[3].

Пра погляды еўразійцаў на старажытны перыяд гісторыі насельніцтва Усходняй Еўропы мяркуюць, у першую чаргу, па даследаваннях Георгія Вярнадскага і Льва Гумілёва[4]. Асаблівасці палітычнага й сацыяльнага развіцця Кіеўскай Русі, на іх думку, абумоўлены геаграфічным становішчам — прамежкавым паміж Еўропай і Азіяй, а таксама тым, што краіна знаходзілася ў чатырох шыротах: у тундры, лясной зоне, стэпе і пустыні, гэта «месторазвитие» паводле тэрміналогіі еўразійцаў. Аднак Русь, якая знаходзілася на скрыжаванні разнастайных уплываў, найбольш падпала пад уплывы Бізантыі й вандроўных народаў.

Г. Вярнадскі ўсяляк падкрэсліваў перавагу цывілізацыі Бізантыйскай імперыі, у межах культурнай арбіты якой апынулася Кіеўская Русь, перад сучаснай ёй культурай лацінскага свету. Разам з тым, сярэдзіннае становішча Русі паміж Захадам і Усходам паставіла яе на першае месца ў транзітным гандлі з усходнімі краінамі. «В определенном смысле, — піша Г. Вярнадскі, — Киевское княжество выросло на той же почве, что и все кочевые и полукочевые империи, которые контролировали по очереди территорию черноморских степей, начиная от скифского периода…». «Первые киевские правители мечтали о создании широкой коммерческой империи, которая подхватит традиции гуннов и хазар и одновременно захватит накопленное Византией богатство»[5]. Не адмаўляючы скандынаўскага паходжання рускай княскай дынастыі, а таксама перыядычнага наплыву новага скандынаўскага элементу на тэрыторыю Кіеўскай Русі, еўразійцы лічаць, што чужынцы хутка сталі непрыкметнымі ў славянскім асяродку. Для Г. Вярнадскага і Л. Гумілёва характэрна супрацьпастаўленне Кіеўскай Русі пры першых князях перыяду падзелу яе на асобныя самастойныя княствы, якую яны называюць эпохай аслаблення Заходняй Еўразіі. «Удельный период — это перерыв в историческом евразийском самосознании русского народа»[6]. Апошняе меркаванне — яшчэ адзін пункт, які аб’ядноўвае погляды еўразійцаў з прадстаўнікамі савецкай гістарычнай навукі.

Пытанне пра «старажытнарускую народнасць» заняло адно з цэнтральных месцаў у савецкай гістарыяграфіі. Праўда, доўгі час яе развіцця навуковае разуменне тэрміна «народнасць» адсутнічала. Нягледзячы на тое, што першыя гісторыкі-марксісты звярталіся да гэтага, але яны не ўкладалі ў яго таго навуковага сэнсу, які быў прыняты пазней і функцыянуе па сёння[7]. Больш таго, схема ўсходнееўрапейскай гісторыі перыяду сярэднявечча, якой першапачаткова яны прытрымліваліся, не вылучалася з агульнага рэчышча расейскай дарэвалюцыйнай гістарычнай навукі. Часцей за ўсё яны выкарыстоўвалі для вызначэння этнічных утварэнняў усходніх славянаў перыяду Кіеўскай Русі найменні «русский народ», «русские», «русские славяне», «славяне», «восточные славяне», «русское племя». А грамадства Х ст. уяўлялася са старонак «Аповесці мінулых гадоў» некаторымі аўтарамі не як кансалідуючая ў этнічных адносінах супольнасць, а як дэзінтэграваная на шматлікія плямёны.

Радыкальныя змены надышлі ў 30-я гады ХХ ст., калі першапачатковыя ідэі сусветнай рэвалюцыі ўвайшлі ў супярэчнасць з рэальнай палітыкай Савецкай дзяржавы. Тады ўзнікла неабходнасць перагляду гістарычнай ролі дзяржавы, у тым ліку яе ролі ў вырашэнні нацыянальных праблемаў. Перагляд старажытнай гісторыі Русі адбываўся адпаведна з эвалюцыяй партыйнай дактрыны ад пераацэнкі грамадскага ладу да адкрытага нацыяналізму. Тады перад гісторыкамі была пастаўлена задача знайсці ў мінулым доказы таго, што «союз нерушимый республик свободных сплотила навеки великая Русь» (радкі савецкага гімну, які быў зацверджаны ў 1943 г.)[8].

Першым знакам змены генеральнага накірунку з’явіліся крытычныя заўвагі І. Сталіна, А. Жданава і С. Кірава на праект падручніка па гісторыі СССР у 1934 г. Дадзеныя заўвагі савецкімі гісторыкамі-навукоўцамі доўгі час вызначаліся як «значныя вехі ў развіцці марксісцкай гістарыяграфіі». Перанясенне партыйных дырэктываў у навуку азначала тое, што савецкім гісторыкам трэба было знайсці, а калі знайсці не магчыма, дык прыдумаць тыя рысы, якія дазволілі б падвесці сацыяльны лад Кіеўскай Русі пад паняцце феадальнай фармацыі. Ідэалагічная замова партыі была, зразумела, выканана: у выніку «дыскусіі» калегія гісторыкаў прыйшла да высновы, што кіеўскае грамадства было не «рабаўладальніцкім», а «феадальным». Замова партыі гэтым не абмежавалася, а нацыяналістычная тэндэнцыя выявіцца трохі пазней. Калі школа М. Пакроўскага асуджала каланіяльную палітыку Расейскай імперыі, лічыла яе «турмой народаў», дык ад сярэдзіны 30-х гадоў ХХ ст. каланізацыя разглядалася як адноснае дабро ў сувязі з цівілізатарскаю роллю Рускай (чытай Савецкай) дзяржавы. Карысць ад моцнай адзінай дзяржавы, на думку Б. Грэкава, была ўжо зразумелай народам і плямёнам, якія апынуліся пад уладай Кіева. У адпаведнасці з функцыямі дзяржавы, як іх вызначыў І. Сталін, гісторык сцвярджае, што гэтыя народы і плямёны быццам бы «видели преимущества сильной государственной власти как для упрочения своей экономической и политической мощи, так и для отражения постоянной внешней опасности»[9].

Вызначыўшы сацыяльны лад Кіеўскай Русі як феадальны, навука сталінскага часу аддзяліла Кіеў часоў Алега, Уладзіміра, Яраслава Мудрага ад больш позняга гістарычнага перыяду — перыяду феадальнай раздробленасці. Сімпатыі тагачасных лідэраў гістарычнай навукі, натуральна аддаваліся моцна ідэалізаванай эпосе вяршэнства Кіева: «Народные симпатии обращены к тому времени, когда Русская земля, собранная под властью первых киевских князей из восточнославянских племен и некоторых неславянских этнических элементов в одно политическое целое, действительно представляла силу, грозную для врагов и в то же время дававшую возможность развитию мирного народного труда, — залог дальнейшего будущего страны»[10]. Цытата вельмі характэрная для разумення рэальнага зместу марксісцка-сталінскай схемы старажытнай гісторыі насельніцтва Усходняй Еўропы.

Носьбітамі прагрэсіўнай тэндэнцыі выяўляюцца ўсходнеславянскія плямёны, прычым часта яны праз галаву ўсіх гістарычных перашкодаў проста называюцца рускімі. Менавіта рускі народ стаў стваральнікам адзінай Кіеўскай дзяржавы. Пры гэткай выснове цяжка застацца на пазіцыях па нарманскай праблематыцы, на якіх спынілася дарэвалюцыйная расейская гістарыяграфія, а тым больш прыгледзецца альбо прыслухацца да даследаванняў гісторыкаў з па-за межаў «сацыялістычнага лагеру». У выніку спрэчка з «нарманістамі» павярнулася ў тое прымітыўнае, ура-патрыятычнае рэчышча, у якім вёў яе ў сярэдзіне XVIII ст. М. Ламаносаў. У дыскусіях, калі іх можна так назваць, з заходнімі гісторыкамі выкарыстоўваўся традыцыйны набор цытататў з класікаў марксізму-ленінізму, на падставе якога даказвалася, што з’яўленне дзяржавы ёсць вынік унутранага развіцця грамадства, а не прадукт знешніх уплываў, шырока выкарыстоўвалася метафорыка з вайсковае справы, аргументацыя ad personam і іншае[11]. Уся папярэдняя не вельмі магутная крытычная літаратура, у якой адлюстроўваліся сумневы наконт варажскай тэорыі, раптам робіцца генеральнай лініяй у савецкай гістарычнай навуцы. Гісторыкі пачынаюць актыўна адмаўляць ролю варагаў ва ўтварэнні дзяржавы Кіеўская Русь, пры гэтым сам факт іх прызнання і княжання, нават самога Рурыка і магчымасць скандынаўскага паходжання імя Русь. Жаданне прыменшыць скандынаўскія ўплывы было такое вялікае, што іншыя «даследнікі» засумняваліся нават у існаванні вядомага з летапісаў шляху «з варагаў у грэкі»[12].

Такім чынам, ваяўнічы антынарманізм надоўга стаў галоўным штандарам савецкай гістарычнай навукі, што дазваляла паспяхова задушыць нават слабыя спробы засумнявацца ў тых альбо іншых элементах новай тэорыі. А той, хто рызыкаваў і крытыкаваў які-небудзь элемент гэтай зграбнай схемы, аўтаматычна трапляў у шэраг памагатых сусветнага імперыялізму з усімі вынікаючымі наступствамі. На думку большасці сучасных расейскіх і ўкраінскіх гісторыкаў, апафеозам гэтага антынарманскага накірунку гістарычнай навукі было святкаванне 1500-годдзя Кіева. На жаль, канцэпцыя сярэднявечнай гісторыі Усходняй Еўропы, распрацаваная згодна дырэктывам партыі ў 1930—1940-я гады, сталася надзіва жыццястойкай. Яе не пахіснулі ні выкрыцці культу асобы, ні хваляванні часоў «перабудовы», яна праіснавала да нашых дзён і пануе надалей[13].

Калі паглядзець на сітуацыю ў беларускай гістарычнай навуцы, дык трэба канстатаваць, што да сённяшняга дня развіваецца і прапагандуецца пераважна адна канцэпцыя ў вывучэнні сярэднявечнай гісторыі — марксісцка-ленінская, створаная і замацаваная ў навуцы і адукацыі ў 30-я гады ХХ ст. Барысам Грэкавым і ягонымі прыхільнікамі. Спрошчаная сутнасць яе ў тым, што нібыта на тэрыторыі Усходняй Еўропы ўжо ў ІХ ст. склаўся феадальны спосаб вытворчасці, гэта прывяло да ранняга падзелу грамадства на два класы — эксплуататараў (князі, баяры, царква, багатае купецтва) і эксплуатаваных (пераважна прыгонныя сяляне і залежныя рамеснікі), да ўтварэння дзяржавы эксплуататараў Кіеўскай Русі (пазней яе назвалі «Старажытнай Руссю») з монаэтнічным «старажытнарускім народам», у якой назіраецца перманентная класавая барацьба прыгонных сялянаў у лучнасці з бяднейшай часткай гараджанаў супраць сваіх эксплуататараў. Замацаванне грэкаўскай канцэпцыі адбывалася не толькі шляхам акадэмічных дыскусіяў, але таксама палітычным і фізічным знішчэннем апанентаў. Яно было падмацаваннем гістарычнай навукай тагачаснай палітычнай і ідэалагічнай сітуацыі, створанай Іосіфам Сталіным з хаўруснікамі[14].

У 30-я гады ХХ ст. канцэпцыя Барыса Грэкава была перанесена на сярэднявечную гісторыю беларусаў і ўкраінцаў як партыйныя і палітычныя рэкамендацыі па інтэрпрэтацыі мінуўшчыны. У Беларусі гэтыя рэкамендацыі паспяхова выконваліся да сярэдзіны 30-х гадоў. У 1934 г. пабачылі свет дзве кнігі акадэміка В. Шчарбакова: «Нарыс гісторыі Беларусі. Ч. І.» і «Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі (гістарыяграфічныя нарысы)»; у 1938 г. калектыўны артыкул пад рэдакцыяй акад. Н. Нікольскага «Проблемы древней истории Белоруссии», надрукаваны ў часопісе «Вестник древней истории», № 1; у 1941 г. падрыхтаваны «Нарысы па гісторыі Беларусі» пад кіраўніцтвам Ул. Пічэты. Названыя «творы» зафіксавалі ідэалагічную перамогу вульгарнага марксізму (бальшавізму) у гістарычнай навуцы савецкай Беларусі. Гэтая перамога была замацавана таксама фізічным знішчэннем апанентаў (самазабойства Ус. Ігнатоўскага, рэпрэсаваны В. Ластоўскі і інш.) і нават аднадумцаў (рэпрэсіі супраць Ул. Пічэты, А. Ляўданскага і інш.).

Аўтары названых вышэй «нарысаў» і «калектыўнага артыкула» сфармулявалі, так бы мовіць, «беларускую візію» гістарычнага працэсу на беларускіх землях у сярэднявечны перыяд. Квінтэсэнцыяй яе ёсць пастулаты: 1) аб вечным адзінстве беларускага народу з расейскім, якія разам з украінцамі стваралі «старажытнарускую народнасць» з агульным лёсам і мэтамі барацьбы супраць эксплуататараў і іншаземных захопнікаў; 2) аб прыгнечанасці простага насельніцтва Беларусі, якое разам з рускім народам ужо ў сярэднявеччы свядома змагалася супраць эксплуататараў за «светлую будучыню», 3) а заваяванне беларусамі дзяржаўнасці з’яўляецца вынікам Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. І далей усё, як у Б. Грэкава. Пад чуйным кіраўніцтвам КПБ дадзеная гістарычная канцэпцыя была развітая ў працах Л. Абэцэдарскага, а сёння замацавана ў манаграфіях і вучэбнай літаратуры аўтарства Я. Новіка і Г. Марцуля, Э. Загарульскага, В. Бандарчыка, П. Лысенкі, І. Коўкеля і Э. Ярмусіка[15].

Першым пытанне пра старажытнарускую народнасць у этнічным, палітычным і дэфініцыйным сэнсе ў межах марксісцка-ленінска-сталінскай метадалогіі сярод савецкіх гісторыкаў паставіў В. Маўродзін у сваіх працах «Образование древнерусского государства» (Л., 1945), «Древняя Русь» (Л., 1946). Ён лічыў, што грамадскае развіццё, вынікам якога было стварэнне Старажытнарускай дзяржавы, мела вялікае значэнне ў фармаванні старажытнарускай народнасці. Кіеўская дзяржава палітычна аб’яднала ўсходнеславянскія, рускія плямёны, звязала іх агульнасцю палітычнага жыцця, культуры, рэлігіі, агульнай барацьбы са знешнімі ворагамі і агульнымі інтарэсамі на міжнароднай арэне, гістарычнымі традыцыямі, спрыяла з’яўленню і ўмацаванню паняцця адзінства Русі і рускіх. У аснове названага працэсу ляжала не толькі агульнасць паходжання ўсходніх славянаў і іхнага побыту, але і адзінства гістарычна складзеных формаў грамадска-палітычнага, дзяржаўнага жыцця, адзінства культуры і рэлігіі, агульнасць традыцыяў, дзяржаўных межаў і інтарэсаў, таму пра рускіх ІХ—ХІ стст. Маўродзін кажа як пра адзіную народнасць, этнічную агульнасць, наступную за плямёнамі і звязамі плямёнаў. У гэтых працах ён услед за Грэкавым і Дзяржавіным карыстаецца тэрмінам «рускі народ», пры гэтым паняцце «народ» ён выкарыстоўвае не ў сацыяльным сэнсе (працоўныя масы), а ў якасці этнічнай катэгорыі.

У 1950 г. у «Вопросах истории» № 4 В. Маўродзін надрукаваў артыкул «Основные этапы этнического развития русского народа», дзе ставіць пытанне пра навуковае разуменне тэрміна «рускі народ». Ён піша: «Зачастую термин русский народ употребляется для обозначения и русских времен Олега, Игоря и русских наших дней. Это неверно». Каб пазбавіцца змешвання паняццяў «народнасць» у дачыненні да вялікароскай, украінскай і беларускай народнасцяў XIV—XVI стст. і народнасці рускай ІХ—ХІ стст. Маўродзін прапануе «признать правомерным вслед за термином древнерусский язык, древнерусская литература, древнерусское искусство и термин древнерусская народность»[16]. Ні больш ні менш, ні навуковых абгрунтаванняў, ні пацверджанняў крыніцаў, проста як на партыйным сходзе. Для савецкіх даследнікаў нават найбольш складаныя гістарычныя працэсы і з’явы вырашаліся вельмі простым чынам — прапанавана прызнаць, і прызналі. Да таго, у той час з’явілася праца «вялікага гісторыка, філолага і філосафа» Іосіфа Сталіна «Марксизм и вопросы языкознания», якая зрабіла вялікі ўплыў на пастаноўку праблемы і вывучэнне старажытнарускай народнасці сярод савецкіх даследнікаў. Адразу пасля яе з’яўлення былі надрукаваны артыкулы Б.Рыбакова, А. Насонава, М. Ціхамірава, А. Казачэнкі й іншых[17], у якіх толькі канкрэтызаваліся разнастайныя пытанні (храналогія ўзнікнення, лакалізацыя, лёсы) гісторыі старажытнарускй народнасці, акрэсленыя ў творах У. Маўродзіна. У 60—90-я гады ХХ ст. у савецкай гістарычнай навуцы не змяніліся метадалагічныя падыходы да праблемаў этнічнай гісторыі народаў Усходняй Еўропы ў сярэднявеччы, таму факт існавання «старажытнарускай народнасці» надалей агульнапрыняты[18] і надалей прызнаецца факт існавання адзінай стражытнарускай народнасці ў Х—ХІІ стст. і таму без сумневу выкарыстоўваецца тэрмін «старажытнаруская народнасць».

Дасягненнем савецкай гістарыяграфіі лічыцца дынамічны падыход да старажытнарускай народнасці як этнічнай супольнасці, якая перажывае працэс развіцця. Вызначана роля неславянскіх этнічных элементаў (балтаў, фіна-уграў, цюркскіх і іранскіх) у фармаванні гэтай народнасці. У навуковай літаратуры (савецкай, расейскай, беларускай, украінскай) склаўся погляд на старажытнарускую народнасць як этнічную супольнасць з агульнай мовай, якая захоўвае мясцовыя дыялекты. Для старажытнарускай народнасці характэрна агульнасць тэрыторыі, якая супадае з палітычнай агульнасцю ў форме Старажытнарускай дзяржавы, што аб’яднала ўсё ўсходняе славянства (праўда, у яе склад уваходзілі і іншыя этнічныя супольнасці. — Г. С.). Прызнаецца таксама эканамічная агульнасць, адзінства матэрыяльнай і духоўнай культуры, рэлігіі (праваслаўнай), своеасаблівай універсальнай усёабдымнай тагачаснай ідэалогіі, аднолькавыя традыцыі, звычаі, норавы, звычайнае права, закон і суд, вайсковая арганізацыя спрыялі кансалідацыі усходніх славянаў у адзіную народнасць. Агульнасць інтарэсаў у барацьбе за незалежнасць Русі мела вялікае значэнне ў гэтым працэсе. Усе савецкія даследнікі ўдзяляюць значную ўвагу нацыянальнай свядомасці адзінства Русі, самапазнанню і пачуццю патрыятызму. Нарэшце, на іхную думку, бясспрэчны факт, што старажытнаруская народнасць ёсць агульным продкам трох пазнейшых славянскіх народнасцяў — рускіх, украінцаў і беларусаў.

Было б махлярствам гаварыць, што сярод савецкіх навукоўцаў панавала сталае адзінства па праблемах старажытнарускай народнасці. Па-за генеральнай канцэпцыяй этнічнай гісторыі Усходняй Еўропы ў раннім сярэднявеччы, створанай Грэкавым, Рыбаковым, Маўродзіным і іх вучнямі, аспрэчваць якую не дазваляецца як з палітычных, гэтак і навуковых пазіцыяў, існуюць даволі сур’ёзныя разыходжанні сярод даследнікаў па шэрагу пытанняў: а) пачатак фармавання старажытнарускай народнасці; б) адпаведна, канец яе існавання і прычыны знікнення такой вялікай этнічнай супольнасці; в) роля і месца варагаў у фармаванні Кіеўскай Русі і старажытнарускай народнасці; г) роля і месца балтаў, фіна-уграў, цюркскіх і іранскіх народаў у этнічных працэсах на тэрыторыі Усходняй Еўропы; д) узаемасувязь працэсаў класаўтварэння і фармаванне старажытнарускай народнасці; е) паходжанне самой назвы «Русь» і яе значэнне. Больш таго, дапускаецца дылема: з аднаго боку, «старажытнаруская народнасць» не ўяўляла сабою ўстойлівай этнічнай супольнасці і яе развал вызначыўся дзяржаўным распадам Кіеўскай Русі; з іншага боку, «старажытнаруская народнасць» была ўстойлівай этнічнай агульнасцю і значна перажыла Кіеўскую Русь.

Ёсць яшчэ трэці погляд на праблему старажытнарускай народнасці ў межах савецкай марксісцкай гістарыяграфіі — яна ўвогуле не існавала. Гэтая з’ява паводле трапнага вызначэння беларускага даследніка праф. Г. Штыхава «прыдуманая вучонымі...». Адным з першых з падобных пазіцыяў сярод савецкіх навукоўцаў выступіў сучасны ўкраінскі гісторык М. Брайчэўскі ў працы «Паходжанне Русі» (Кіеў, 1968). На ягоную думку, Русь уяўляла этнічную агульнасць не абсалютную, а адносную. Без уліку гэтых абставінаў цяжка зразумець сам факт падзелу ўсходніх славянаў на тры народы, таму формула «старажытнаруская народнасць — агульны продак рускага, украінскага і беларускага народаў» няўдалая і непрымальная. У працэсе фармавання так званай старажытнарускай народнасці моўныя і этнаграфічныя асаблівасці ўсходнеславянскіх плямёнаў не зніклі, таму Русь — гэта этап этнічнай гісторыі ўсходняга славянства, калі пляменнае дзяленне ў асноўным было пераадолена, а новая структура, у якой узнікалі тры народы, яшчэ не набыла закончанага характару. Менавіта трэці пункт гледжання набывае ўсё больш аргументаў (і папулярнасці) сярод украінскіх і беларускіх даследнікаў[19]. У 1996 г. на УІ Міжнародным кангрэсе славянскай археалогіі, які праходзіў у Вялікім Ноўгарадзе, у сваім дакладзе прафесар Штыхаў зрабіў выснову: «Версія пра тое, што старажытнаруская народнасць не сфармавалася канчаткова ў сувязі з распадам старажытнарускай дзяржавы, больш рэальная і праўдападобная, чым альтэрнатыва, заснаваная на міфічным уяўленні існавання адзінай народнасці, паколькі ўмоваў для гэтага відавочна не хапала. Працэс узнікнення роднасных усходнеславянскіх народаў — беларускага, украінскага і рускага (вялікарускага) — можна разглядаць без выкарыстання гэтага спрэчнага паняцця»[20].

Аднак найбольш паслядоўна і аўтарытэтна ў мінулым стагоддзі супраць палітызаванага погляду на гісторыю насельніцтва Усходняй Еўропы ў раннім сярэднявеччы, супраць «нацыяналістычнага» разумення «дзяржавы Русь» як дзяржавы ўсходніх славянаў, якія стварылі этнічную супольнасць «старажытнарускую народнасць», выступаў польскі медыявіст Генрых Пашкевіч. Менавіта ў ягонай фундаментальнай трылогіі: The Origin of Russia (London, 1954), The Making of the Russian Nation (London,1963) i The Rise of Moscow’s Power (New York, 1983), найбольш выразна сфармулявана «нарманісцкая» канцэпцыя ўсходнееўрапейскай гісторыі ў ІХ—ХІІІ стст. Утварэнне дзяржавы «Русь» на тэрыторыі Усходняй Еўропы, на думку Г. Пашкевіча, з’явілася вынікам заваявання аўтахтоннага славянскага, часткова фіна-угорскага і балцкага народаў нарманамі, насуперак жаданням і супраціву мясцовых народаў. Пры гэтым аўтар падкрэслівае, што крыніцы не паведамляюць нам пра культурную і гаспадарчую перавагу нарманаў над славянскімі народамі. Праўда, ён адмаўляе (і слушна) хуткую славянізацыю захопнікаў, лічачы, што яшчэ ў ХІ ст. нарманы, найперш Рурыкавічы, адрознівалі сябе ад славянаў у этнічным сэнсе. Гэта была адна з прычынаў слабых сувязяў прадстаўнікоў княжацкай дынастыі з захопленымі тэрыторыямі і з падпарадкаваным аўтахтонным насельніцтвам. Больш таго, Г. Пашкевіч лічыць, што ў час з’яўлення нарманаў на вялізных прасторах Усходняй Еўропы не існавала «рускай» (у сэнсе ўсходнеславянскай нацыі), таму што не існавала ні тэрытарыяльных, ні гаспадарчых, ні палітычных, ні моўных, ні культурных сувязяў паміж славянскімі плямёнамі, якія б абумовілі складванне дадзенага этнасу. Адсюль даследнік робіць абгрунтаваную выснову — тэрытарыяльна-палітычнае ўтварэнне «Русь», створанае на тэрыторыі Усходняй Еўропы нарманамі, уяўляла сабой штучны і нетрывалы кангламерат плямёнаў і народаў.

Другі важны тэзіс, які вылучаў Г. Пашкевіча сярод іншых заходнееўрапейскіх гісторыкаў, гэта адмаўленне ім пошукаў кораня слова «Русь» сярод скандынаўскіх моваў. Ён лічыў, што этымалагічныя высновы, якія датычацца тэрміна «Русь», не прыводзяць да канчатковага вытлумачэння, хто першым назваў скандынаваў рускім імем — фіны, славяне ці грэкі. Даследнікі ў гэтым пытанні могуць толькі круціцца ў сферы гіпотэз. «Сучасная навука ўсё больш схіляецца да высновы, што русы — гэта не этнонім, а паняцце геаграфічнае і культурна-рэлігійны тэрмін (Г. Пашкевіч, Я. Ярцо, О. Прытцак)[21]. Дарэчы, тэза пра рэлігійнае значэнне назваў «Русь, рускі» і ролі працэсу хрысціянізацыі ў пашырэнні гэтых назваў з Кіева на ўсю ўсходнеславянскую прастору ўпершыню была пастаўлена Вацлавам Ластоўскім[22], на што звярнуў увагу ў другой сваёй кніжцы «The Making of the Russian Nation» Генрых Пашкевіч. Іншыя замест этнічнага бачаць у «русах» сацыяльны тэрмін, якім абазначалі альбо актыўных і бессаромных гандляроў, паляўнічых за ўсходнім срэбрам (С. Франклін і Дж. Шэпард)[23], альбо княжацкую дружыну (І. Данілеўскі, Ул. Пятрухін)[24]. Адсутнасць у слове канкрэтнага этнічнага сэнсу спрыяла пазнейшаму пераўтварэнню яго з геаграфічнага, рэлігійнага і сацыяльнага паняцця ў этнапалітычны тэрмін, калі Руссю пачалі называць Рускую дзяржаву.

У свеце ўсходнеславянскіх, лацінскіх, грэцкіх і арабскіх крыніцаў Г. Пашкевіч вызначыў этнічна скандынаўскае, палітычна кіеўскае і рэлігійна бізантыйскае значэнне паняцця «Русь». Галоўнай тэзай канцэпцыі было атаясамліванне паняцця «Русь» з бізантыйскай царкоўнай правінцыяй славянскага абраду. Яго арыгінальны пункт гледжання на Русь як на шматэтнічную супольнасць, якая з’явілася ў выніку першапачатковай дамінацыі нарманаў і хрысціянізацыі ўсходнееўрапейскіх народаў у бізантыйска-славянскім абрадзе, аказаўся плённым, і, нарэшце, пасля доўгіх гадоў замоўчвання займае сваё месца ў сучаснай еўрапейскай гістарыяграфіі праблемаў сярэднявечнай Русі[25]. Нават сучасная расейская гістарыяграфія ў апошнія дзесяцігоддзі, пазбавіўшыся «апякунства і кантролю» з боку разнастайных навуковых і ідэалагічных аддзелаў, ачысцілася ад «антынарманізму». Апошні ніколі не з’яўляўся навуковым накірункам альбо канцэпцыяй, а быў заўсёды ідэалагічна-палітычнай рэальнасцю, неабходнай для ідэйнай барацьбы з Захадам — і ў часы М. Ламаносава, і ў часы І. Сталіна і Л. Брэжнева, і часам у сённяшні дзень. Таму працы вядомых расейскіх археолагаў і гісторыкаў, прысвечаныя раннесярэднявечнаму перыяду гісторыі насельніцтва Усходняй Еўропы і пазбаўленыя па-за навуковага смецця — Н. Носава, І. Данілеўскага, Ул. Пятрухіна, Ф. Успенскага, Т. Джаксан, С. Бялецкага і іншых, займаюць вядучае месца ў медыявістыцы і шмат у чым вызначаюць будучыя накірункі навуковых даследаванняў па этнакультурных пытаннях.

Падсумоўваючы, можна дазволіць невялікую выснову. Ведаючы гісторыю з’яўлення і збольшага змест кожнай з трох канцэпцыяў сярэднявечнай гісторыі Усходняй Еўропы, аўтар лічыць, што найбольш магчымасцяў у канструяванні этнакультурнай мінуўшчыны беларусаў, украінцаў і расейцаў дае «нарманская» канцэпцыя ў адрозненне ад нацыяналістычнай марксісцкай і імперыялістычнай еўразійскай. Напрыканцы ёсць жаданне схематычна падаць уласны погляд на праблемы этнічнай гісторыі беларускага народу ў сярэднявеччы (VI—XIV стст.).

ЭТНАКУЛЬТУРНЫЯ ПРАЦЭСЫ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ У ІХ—ХІІІ СТСТ.

Як сцвярджае ўкраінскі даследнік Рыгор Піўтарак, паўстанне асобных усходнеславянскіх народаў адбывалася не ў выніку падзелу г. зв. «старажытнарускай народнасці» на тры часткі, a спосабам кансалідацыі некалькіх суседніх блізкаэтнічных славянскіх груповак у кампактныя культурна-этнаграфічныя масы, якія ў выніку цеснай інтэграцыі ўтварылі ўкраінскі, беларускі й расейскі народы. Гэты працэс быў аб’ектыўны і не паўстаў у выніку феадальнай раздробленасці ў XI—XIII стст., як лічыць бальшыня навукоўцаў, a толькі стымуляваны ёю. Паўстанне беларускага народу непасрэдна звязана з славянскай каланізацыяй сённяшняй тэрыторыі Беларусі, якая пачалася, паводле археалагічных звестак, не раней чым у VI—VII стст., таму сцвярджэнне, што Кіеўская Русь была калыскай трох усходнеславянскіх народаў не мае пад сабой рэальных навуковых падставаў[26].

Важнае значэнне для этнагенэзу ўсходнеславянскіх народаў увогуле і для фармавання беларускага народу і ягонай мовы ў прыватнасці меў той факт, што славяне рассяліліся на абшарах Усходняй Еўропы сярод мясцовага насельніцтва. Kaртаграфія старажытных археалагічных помнікаў сведчыць, што геаграфічны арэал балцкіх паселішчаў ва Ўсходняй Еўропе папярэднічаў славянам на тэрыторыі сучаснай Беларусі (уся сучасная паўночная і цэнтральная Расея на той час была заселена фіна-угорскімі плямёнамі). Менавіта гэта садзейнічала таму, што балцкі субстрат стаўся стрыжнем у будучым стварэнні тутэйшых этнічных папуляцыяў, што выразна адлюстравалася ў тапаніміцы і антрапалагічным вобліку насельніцтва. Aсіміляцыя славянаў і балтаў была двухбаковай, але пераважала славянства. У розных мясцовасцях цяжка было адрозніць славянаў ад балтаў. З паўстаннем у IX—X стст. сталых умацаваных паселішчаў з адміністрацыйнымі функцыямі (Полацк, Віцебск, Менск, Tураў) славянізацыя тутэйшых людзей у большасці раёнаў Беларусі ўзмацнілася. У выніку славяна-балцкай інтэграцыі ў сучаснай Беларусі, у басейне Дняпра, Заходняй Дзвіны, Прыпяці, сфармаваліся новыя этнічныя супольнасці, якія ў гістарычных крыніцах называюцца дрыгавічамі, радзімічамі, полацкімі і смаленскімі крывічамі. У культуры i мове гэтых народаў змяшаліся славянскія і балцкія элементы. Гэта былі ўжо этнічныя групы новай якасці, у якіх пераважалі славянскія рысы[27].

Паўстанне сучасных усходнеславянскіх моваў было шчыльна злучана з гісторыяй адпаведных хаўрусаў плямёнаў. Яны ў раннім сярэднявеччы характарызуюцца пэўнымі этнічнымі, культурнымі і дыялектычнымі асаблівасцямі, якіх яны не згубілі, калі знаходзіліся ў складзе Кіеўскай Русі, таму што поўнага аб’яднання плямёнаў у г. зв. «старажытнарускую народнасць» не адбылося. З гэтага гледзішча на тэрыторыі Беларусі ў IX—X стст. вылучыліся аднолькавыя па паходжанні дзве вялікія этнапляменныя групы. Адна — паўднёва-заходняя — цягнулася да Палесся i была звязана з нашчадкамі дрыгавічоў, радзімічаў, драўлянаў i валынянаў, другая — паўночна-ўсходняя — ахоплівала крывіцкі звяз плямёнаў[28].

Важна вызначыць, чым было племя ў перыяд паўстання першых дзяржаваў на тэрыторыі Усходняй Еўропы (i нават Цэнтральнай i Заходняй). Рэйнард Вэнскус i Бэнэдыкт Зентара пераканаўча абгрунтавалі думку, што плямёны былі палітычнымі арганізмамі, якія складаліся з разнародных і зменлівых элементаў, згрупаваных вакол роду, які захоўваў свядомасць і пляменную традыцыю. Гэтая свядомасць складалася з веры ў супольнае паходжанне, культу гераічнага мінулага, пляменнай рэлігіі, звычаёвага права, часам убрання i звычаяў[29]. Яшчэ далей пайшоў Пётр Борань: «…пляменная рэчаіснасць не трактуецца як лад, але як грамадства. Племя разумеецца як свайго роду ідэнтыфікацыйная супольнасць, характэрная для грамадства, у якім сувязі не маюць інстытуцыянальнага паходжання, а ствараюцца на працягу існавання супольнасці і маюць перад усім характар свядомасны. Aнaлiз дадзеных крыніцаў схіляе да прызнання з’явы акрэсленай назвай «племя» за грамадскую катэгорыю (з непарыўнымі традыцыйнымі сувязямі, якія злучаюць групу людзей), а не за лад, супрацьпастаўленне дзяржаве. Taкое паняцце «племя» больш блізкае да паняцця народу ці народнасці, таксама як структураў, кшталтаваных свядомаснымі чыннікамі. Племя, як і народ, iснуе незалежна ад улады, якая для дзяржавы ёсць элементам канстытуцыйнным»[30].

Усходнеславянскія летапісы ўзгадваюць 14—15 этнічных групаў з тэрыторыі Усходняй Еўропы: паляне, драўляне, севяране, дрыгавічы, радзімічы, вяцічы, улічы, ціверцы, харваты, валыняне, бужане, дулебы, крывічы, палачане. Драўляне апошні раз узгадваюцца ў 1136 г., крывічы існуюць да 1162 г., дрыгавічы — да 1149 г., радзімічы — да 1169 г., вяцічы — да 1197 г. Нaват назва паляне, якая, на думку бальшыні даследнікаў, знікае пасля 944 г., пры глыбейшым прачытанні летапісаў ужывалася да часоў Нестара, магчымага аўтара «Аповесці мінулых гадоў». Пішучы пра Кія, заснавальніка Кіева i ягоных братах, Нестар адзначае «бяху мужи мудри и смыслени, нарицахуся поляне, от них же есть поляне в Киеве и до сего дня». Такі зварот «и ныне» сустракаем у Нестара ў выпадку апісання розных звычаяў у розных усходнеславянскіх плямёнаў[31]. Генрых Пашкевіч лічыў, што пляменная тэрміналогія функцыянавала на тэрыторыі Кіеўскай Русі яшчэ доўга пасля Нестара і ёсць сведчаннем пэўнай этнічнай і культурнай незалежнасці. Інфармацыю аб плямёнах ва ўступе да «Аповесці...» можна аднесці да ХІ — пачатку ХІІ ст., калі Нестар пісаў свой твор[32]. Апошняе меркаванне пацвярджаюць шматлікія археалагічныя звесткі[33].

Лінгвісты лічаць, што перад заснаваннем Кіева і ў часы Кіеўскай Русі на ейнай тэрыторыі існавалі галоўныя дыялекты, якія па сутнасці былі асобнымі мовамі — галіцкай, карпацкай, палескай, крывіцкай, славенскай і дыялектны кангламерат верхняга басейна Волгі і сярэдняга Акі. Больш таго, ніводная з дзвюх літаратурных моваў у Кіеўскай Русі не кансалідавала жыхароў, паколькі абедзве (як царкоўнаславянская, так і старажытнаруская) мелі мала агульнага з народна-размоўнай мовай ва ўсіх дыялектных арэалах. Варта зацеміць, што гэтымі літаратурнымі мовамі простыя людзі не гаварылі. Гэта была прэрагатыва нешматлікіх адукаваных людзей, якія да ўсіх жыхароў складалі малы працэнт. Прычына таго — факт, што ў сярэднявеччы мовай адукацыі ў Кіеўскай Русі была царкоўнаславянская, а хрысціянства ў ХІ—ХІІІ стст. не было яшчэ агульнай рэлігіяй сельскага насельніцтва, якое дамінавала. Хрысціянства доўгі час не было галоўным чыннікам кансалідацыі, паколькі яшчэ не ўкаранілася на вёсцы ў дамангольскі перыяд[34].

Найлепшым аргументам супраць існавання адзінай старажытнарускай мовы з’яўляецца мова берасцяных граматаў. Выдатны мовазнаўца, спецыяліст па берасцяных граматах прафесар А. Зaлiзняк пасля дакладнага і грунтоўнага aналізу мовы берасцяных граматаў прыходзіць да высновы: старажытнанаўгародскі дыялект ёсць асобным славянскім дыялектам, паўстанне яго асаблівасцяў адбылося ў праславянскую эпоху. Больш таго, А. Зaлізняк адзначае: «Калі б існавала незалежная старажытнанаўгародская дзяржава надалей, гэты працэс моўнай кансалідацыі заходніх (старажытнапскоўскі — паўночнакрывіцкі) i ўсходніх (iльменьска-славенскіх) дыялектаў мусіў прывесці да фармавання асобнай усходнеславянскай мовы, падобнай да беларускай i ўкраінскай. Такім чынам, з гістарычна-лінгвістычнага пункту гледжання ў ХІ—ХV стст. сукупнасць мясцовых ідэомаў Наўгародскай зямлі стварала некалькі дыялектаў, развіццё якіх у асобную мову было перарванае пасля страты незалежнасці Ноўгарада Вялікага і далучэння Наўгародскай зямлі да Маскоўскай дзяржавы»[35].

Услед за С. Токаравым і С. Аруцюнавым варта адзначыць адну з уласцівасцяў феадальных сярэднявечных народнасцяў. У адрозненне ад класічных антычных нявольніцкіх «дэмасаў», дзе рабы былі чужаземцамі, феадальная народнасць стваралася з аўтахтоннага сельскага жыхарства. Уласна яна несла ў сабе галоўныя этнічныя рысы, этнічную свядомасць, этнічную спецыфіку. Этнічная культура раннефеадальных народнасцяў — гэта перадусім народная культура. Вышэйшы феадальны слой у значнай меры быў дээтнізаваны і касмапалітычны, таму мовай вярхушкі доўгі час былі не народныя дыялекты, але незразумелыя насельніцтву мёртвыя мовы: у Заходняй Еўропе лаціна, ва Усходняй Еўропе і на Балканах царкоўнаславянская, у Паўднёвай i Паўднёва-Усходняй Aзіi санскрыт[36].

У перыяд феадальнай раздробленасці на тэрыторыі Усходняй Еўропы (сярэдзіна ХІІ — сяpэдзіна ХІІІ ст.) новыя незалежныя княствы аб’ядноўваліся ў асобныя групы, у якіх складваліся эканамічныя, палітычныя, вайсковыя і культурныя дачыненні. Такiя групы стваралі: 1) Наўгародская і Пскоўская землі; 2) Уладзіміра-Суздальскае, Разанскае, Mурамскае княствы; 3) Кіеўскае, Чарнігаўскае, Северскае, Пeраяслаўскае княствы; 4) Гaлiцкаe і Валынскае; 5) Пoлацкаe, Смаленскаe, Тураўскаe княствы і дробныя Наднёманскія княствы[37]. У гэтых групах можна заўважыць не толькі контуры папярэдніх незалежных этнічна-моўных рэгіёнаў, aлe i будучых усходнеславянскіх народаў. Для этнагенэзу беларусаў мае значэнне пятая група княстваў. Кансалідацыйныя працэсы сярод гэтай групы княстваў адлюстроўваюць палітычныя і гандлёвыя сувязі пачатку ХІІІ ст. паміж Полацкам, Смаленскам і Віцебскам, з аднаго боку, Рыгай, Ганзай і Готландам — з іншага. Мовазнаўцы ў тэкстах так званай Смаленскай граматы 1229 г. і шэрагу полацкіх граматаў другой паловы ХІІІ ст. заўважаюць, што побач з агульнымі ўсходнеславянскімі (і царкоўнаславянскімі) моўнымі асаблівасцямі адзначаюцца з’явы, якія сведчаць аб фармаванні беларускай мовы — «аканне» і «яканне», «дзеканне» і «цэканне», зацвярдзенне «ш», «шч» і «р», фрыкатыўны гук «г», змена «л» нa «ў» у пэўных пазіцыях, прыстаўныя зычныя й iншыя рысы[38].

Нaступным значным крокам, які прыспешыў этнічную і культурную кансалідацыю жыхароў розных рэгіёнаў сучаснай Беларусі, было стварэнне ў сярэдзіне ХІІІ ст. нa тэрыторыі беларускага Панямоння поліэтнічнай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. У гэтую дзяржаву на працягу першых ста гадоў існавання ўвайшлі ўсе этнічна беларускія ў сучасным сэнсе землі. Алe этнічная гісторыя жыхароў ВКЛ — гэта ўжо асобная тэма.


1 Ключевский В. Сочинения. Т. 1. Курс русской истории. Ч. 1. — М., 1956. — С. 163, 205.

2 Пресняков А. Лекции по русской истории: В 2-х томах. Т. 1. Киевская Русь. — М., 1938. — С. 10; перавыданне — М., 1993 г.

3 Буланин Д. Начало Руси и начальная история Русов (заметки к русскому переводу) // Саймон Франклин, Джонатан Шепард. Начало Руси 750—1200. — СПб., 2000. — С. 603—610.

4 Вернадский Г. Начертание русской истории. Прага, 1927; ён жа. Древняя Русь. Тверь, М., 1996; ён жа. Киевская Русь. Тверь, М., 1996; Гумилёв Л. Древняя Русь и Великая Степь. М., 1992; ён жа. От Руси к России. Очерки этнической истории. М., 1992.

5 Вернадский Г. Киевская Русь. С. 27—56, 187.

6 Вернадский Г. Начертание русской истории. С. 19—20.

7 Рожков Н. Русская история в сравнительно-историческом освещении, Т. 1, Пг., 1919; Шахматов А. Древнейшие судьбы русского племени, Пг., 1919; Пархоменко В. У истоков русской государственности, Л., 1925; Покровский М. Очерк истории русской культуры. Ч. 1. М.-Л., 1925; Греков Б. Киевская Русь, М., Л., 1939.

8 Буланин Д. Начало Руси и начальная история Русов (заметки к русскому переводу). С. 604. Аб павароце да нацыяналізму ў савецкай навуцы гл.: Верт Н. История Советского государства: 1900—1991. — М., 1995. — C. 261—264.

9 Греков Б. Киевская Русь. — М., 1953. — С. 456. (Ср. Сталин И. Вопросы ленинизма. — М., 1953. — С. 644).

10 Греков Б. Киевская Русь. С. 9.

11 Мавродин В. Борьба с норманизмом в русской исторической науке. Л., 1949; Шаскольский И. Норманская теория в современной буржуазной науке. М., Л., 1965; Шушарин В. Современная буржуазная историография Древней Руси. М., 1964. (Аб адзінстве сцвярджэнняў у дыскусіі з «нарманістамі» ад М. Ламаносава да сучасных расійскіх гісторыкаў гл.: Петрухин В., Раевский Д. Очерки истории народов России в древности и раннем средневековье. — М., 1998. — С. 255—258; Носов Е. Современные археологичеcкие данные по варяжской проблеме на фоне традиций русской историографии // Раннесредневековые древности Северной Руси и ее соседей. СПб., 1999. С. 151—163.)

12 Бернштейн-Коган С. Путь из варяг в греки // Вопросы географии. Сб. 20: Историческая география СССР. 1950. С. 239—270.

13 Загарульскi Э. Заходняя Русь ІХ—ХІІІ стст. Мн., 1996; Седов В. Древнерусская народность. М., 1999.

14 Фраянаў И. Киевская Русь. Очерки отечественной историографии. — Л., 1990. — С. 231—246; 254—271.

15 Абэцэдарскі Л. У святле неабвержных фактаў. Мн., 1969; Ковкель И., Ярмусик Э. История Беларуси с древнейших времён до ХХ в. Мн., 1998; Загарульскі Э. Заходняя Русь ІХ—ХІІІ стст. Мн., 1998; Гісторыя Беларусі. У 2-х частках. / пад рэд. Праф. Я. К. Новіка і Г. С. Марцуля. Мн., 1999. Частка 1. — Ад старажытных часоў — палюты 1917 г.; Бандарчык В. Гісторыя этналагічнага вывучэння // Беларусы: У 8-мі т. Мн., 1999. Т. 3.; Лысенко П. Туровская земля ІХ—ХІІІ вв. Мн., 1999.

16 Мавродин В. Основные этапы этнического развития русского народа // Вопросы истории. 1950. № 4. С. 62.

17 Рыбаков Б. К вопросу об образовании древнерусской народности // Тезисы докладов и выступлений сотрудников ИИМК АН СССР... М., 1951.; id. Проблемы образования древнерусской народности в свете трудов И. В. Сталина // Вопросы истории. 1952. № 9; id. Древние русы: (К вопросу об образовании ядра древнерусской народности в свете трудов И. В. Сталина) // Сов. археология. 1953. № 17; Насонoв А. «Русская земля» и образование древнерусcкого государства. М. 1951; Довженкo В. К вопросу сложения древнерусcкой народности // Доклады VІ научной конференции Ин-та археологии АН СССР. Киев, 1953; Тихомиров М. Значение Древней Pуси в развитии русского, украинского и белорусского народов // Вопросы истории. 1954. № 6.; Казаченко А. Древнерусская народность — общая этническая база русского, украинского и белорусского народов // Сов. этнография. 1954. № 2. i іnne.

18 Черепнин Л. Исторические условия формирования русской народности до конца ХV в. // Вопросы формирования русской народности и нации. М., Л., 1958.; Третьяков П. У истоков древнерусской народности. Л., 1970; Мавродин В. Образование древнерусского государства и формирование древнерусской народности. М., 1971; Происхождение русского народа. Л., 1978; Толочко П. Киев и Киевская земля в эпоху феодальной раздробленности ХІІ—ХІІІ веков. Киев, 1980; id. Древняя Русь: Очерки социально-политической истории. Киев, 1987; Седов В. Восточные славяне VІ—ХІІІ вв. М., 1982; id. Ранние славяне в средневековье. М., 1995; id. Древнерусская народность. М., 1999; Фроянов И. Киевская Русь. Очерки отечественной историографии. Л., 1990.

19 Штыхаў Г. Насельніцтва зямель Беларусі ў ІХ—ХІІІ стст. (вытокі беларускай народнасці) // З глыбі вякоў. Наш край. Гісторыка-культуралагічны зборнік. — Мн., 1992. — С. 15—40; id. Ранняе сярэднявечча. Пачатак пераходу да класавага грамадства. Узнікненне беларускай дзяржаўнасці (VІ — першая палова ХІІІ ст.) // Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х частках. Ч. 1. Мн., 1994; Тарасаў С. Узнікненне дзяржавы і царквы на Беларусі ў Х—ХІІІ стст. // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь. Новыя канцэпцыі і падыходы. У 2-х частках. Мн., 1994. Ч. 1. Гісторыя Беларусі. С. 34—38; Семянчук Г. Полацкая зямля ў сістэме палітычных адносін Усходняй Еўропы ІХ—ХІ стст. // Беларусіка-6. Беларусь паміж Усходам і Захадам. Ч. 2. Мн., 1997. С. 10—15; Марзалюк І. Да пытання аб этнічнай і палітычнай свядомасці ўсходнеславянскага насельніцтва ў 10—13 стст. // Гістарычны альманах. Гродна. 1998. № 1. С. 4—12; Брайчевський М. Походження Русi. Київ, 1968; Піўтарак Р. Вытокі беларускай мовы: новая канцэпцыя. Да праблемы «Беларусь паміж Украінай і Расіяй» // Беларусіка-Albaruthenica 6. Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. У 2-х частках. Ч. 2. — Мн., 1997. — С. 329—334.

20 Штыхов Г. Древнерусская народность: реалии и миф // Труды VІ Международного конгресса славянской археологіі. Т. 3. Этногенез и этнокультурные контакты славян. — М., 1997. — С. 376—385.

21 Pritsak O. Tne Origin of Ruś. Vol. Cambridge, 1981; Kłoczowski J. Ruś Kijowska X—XII wieku, (w) Teologia i kultura duchowa Starej Rusi. — Lublin, 1993. — S. 13—40; Jarco J. Ruś — «inię chrzcielne» narodów wschodnioeuropejskich, (w) Teologia i kultura duchowa Starej Rusi. — Lublin, 1993. — S. 77—87.

22 Максімовіч Р. Гістарычная канцэпцыя Вацлава Ластоўскага ў працах сучасных гісторыкаў // Запісы. Беларускі інстытут навукі й мастацтва. Т. 13. — New York, 1975. — С. 47—56. Сёння, дзякуючы фундаментальнай трылогіі польскага медыявіста Генрыка Пашкевіча, «Русь» сярэднявечных крыніцаў як канфесіёнім трывала замацавалася ў сучаснай еўрапейскай гістарычнай навуцы: «The Origin of Russia» (London, 1954), «The Making of the Russian Nation» (London,1963) i The Rise of Moscow’s Power (New York, 1983).

23 Franklin S. and Shepard J. The emergence of Rus 750—1200. London, New York: Longman, 1996.

24 Данилевский И. Древняя Русь глазами современников и потомков (IX—XII вв.): Курс лекций. — М., 1999. — С. 53—61; Петрухин В., Раевский Д. Очерки истории народов России в древности и раннем средневековье. — М., 1998. — С. 267—272; Петрухин В. Начало этнокультурной истории Руси IX—XI вв. Смоленск, М., 1995.

25 Pritsak O. Tne Origin of Ruś. Vol. 1; Kłoczowski J. Ruś Kijowska X—XII wieku, (w) Teologia i kultura duchowa Starej Rusi. S. 13—40; Jarco J. Ruś — «inię chrzcielne» narodów wschodnioeuropejskich, (w) Teologia i kultura duchowa Starej Rusi. S. 77—87; Franklin S. and Shepard J. The emergence of Rus 750—1200. Lubke Ch. Fremde im ostlichen Europa. Von Gesellschaften ohne Staat zu verstaatlichen Gesellschaften (9—11. Jahrhundert). Koln—Weimar—Wien, 2001; Duczko W. Viking Rus. Studies on the Presence of Scandinavians in Easter Europe. Leiden—Boston—Koln, 2004.

26 Піўтарак Р. Вытокі беларускай мовы: новая канцэпцыя. Да праблемы «Беларусь паміж Украінай і Расіяй» Ч. 2. С. 330— 331.

27 Седов В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. — М., 1970. — С. 178—186; Штыхов Г. Исследование памятников VI—XI веков в Беларуси: этнический аспект // Slavia Antiqua. T. XXXVIII, 1997. S. 11—23; Мядзведзеў А. Да пытання аб паходжанні беларусаў (па дадзеных археалогіі і мовазнаўства) // Гістарычна-археалагічны зборнік. — Мн., 1998. — С. 10—15; Дучыц Л. Балты і славяне на тэрыторыі Беларусі ў пачатку ІІ тысячагоддзя // Беларускі гістарычны агляд. Т. 2. Сш. 1 (жнівень 1995). С. 15—30; Bednarczuk L. Wokół etnogenezy Białorusinów // Leszek Bednarczuk. Stosunki językowe na ziemiach Wielkiego Księstwa Litewskiego. — Kraków, 1999. — S. 189—204.

28 Пилипенко М. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.

29 Wenskus R. Stammesbildung und Verfassung. Das Werden der fruhmittelalterlichen Gentes. Koln-Graz, 1961 (Koln—Vien, 1977); Zientara B. Swiadomość narodowa w Europie Zachodniej w średniowieczu. Powstanie i miechanizmy zjawiska, w: Państwo, naród, stany w świadomości wieków średnich. — Warszawa, 1990. — S. 14.

30 Boroń P. Słowiańskie wiece plemienne. — Katowice, 1999. — S. 47—69.

31 Повесть временных лет. Ч. 1. — М., Л., 1950. — С. 13, 14—15.

32 Paszkiewicz Í. Początki Rusi. — Kraków, 1996. — S. 36—38.

33 Седов В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982; Лысенко П. Дреговичи. Мн., 1991; Штыхаў Г. Крывічы. Мн., 1992; Рыбакоў Б. Радзімічы // Працы секцыі археалогіі Беларускай акадэміі навук. — Мн., 1932. Т. 3. С. 81—151.

34 Піўтарак Р. Вытокі беларускай мовы: новая канцэпцыя. С. 332—334; Николаев С. Следы особенностей восточнославянских племенных диалектов в современных великорусских говорах. 1. Кривичи. // Балто-славянские исследования. 1986. М., 1988; 1987. М., 1989.

35 Зализняк А. Древненовгородский диалект. М., 1995.

36 Арутюнов С. Народы и культуры: развитие и взаимодействие. — М., 1989. — С. 86—87.

37 Гісторыя Беларусі: У 6-ці т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сяр. ХІІІ ст. — Мн., 2000. — С. 328—329.

38 Карский Е. Белорусы. Т. 1. Введение в изучение языка и народной словесности. Варшава, 1903; Воўк-Левановіч О. Лекцыі па гісторыі беларускай мовы. Мн., 1994.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster