БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 6/2003      Тэма нумару: Далітоўская Беларусь

Паўсталы з вайны: першае ўзвышэнне Менска

Георгій НАВІЦЫЯН.

Вайна — адна з найважнейшых глыбінных з’яваў гісторыі. Яна — бадай ці не найвялікшы чыннік раптоўных зменаў у жыцці людзей. Яна карэнным чынам перакручвае і перапісвае гісторыю паасобных сем’яў і родаў, а таксама цэлых народаў і дзяржаваў. Нездарма пры апісанні падзеяў мінулага ХХ ст. так часта ўжываюцца азначэнні «даваенны», «перадваенны», «міжваенны», «пасляваенны». Вайна стаецца вызначальным падзелам у жыццях цэлых пакаленняў, мяжуючы іх на незваротнае «да» і неабсяжнае «пасля». Масавае прызнанне надзвычайнага значэння з’явы вайны пацвярджаецца і на больш высокім навуковым узроўні асэнсавання рэчаіснасці. У працах гісторыкаў часам згадваюцца войны нагэтулькі часта і так разбіваюць плынь гісторыі на перыяды ад аднае вайны да другое, што ход гісторыі можа падацца складзеным з адных войнаў і звадаў.

Пытанне пра тое, чаму вайна мае такі вялізны ўплыў на гісторыю, адразу мае відавочны адказ. Выкліканыя вайной смерць, разбурэнні і няшчасці пакідаюць незнішчальны след у асабістай і паспалітай памяці. Але па-за такой відавочнай адмоўнасцю, вайна нашмат больш складаная з’ява, непазбежнае зло, своеасаблівы метад пераадолення сістэмных крызісаў і вырашэння наспелых праблемаў.

Вайна была і ёсць адным з найбольш пашыраных шляхоў барацьбы і вырашэння супярэчнасцяў паміж народамі і дзяржавамі. Вайна кідае найвялікшыя выпрабаванні і выклік сілам і духу як асобных людзей, так і цэлых паспольстваў. Такім чынам яна стварае спрыяльныя ўмовы для вылучэння герояў і правадыроў і працякання векапомных падзеяў, якія ў сапраўдным ці легендарным выглядзе адбіваюцца ў народнай памяці, закладаюць падмурак культурнай традыцыі і гэтым самым вызначаюць будучыню. Калі гаворка ідзе аб эканоміцы, вайна, побач з вытворчасцю і абменам, з’яўляецца асноўным спосабам здабыцця, назапашвання і забеспячэння матэрыяльнага дабрабыту. Нарэшце, вайна ёсьць найгалоўнейшым чыннікам развіцця матэрыяльнае культуры. Нездарма шмат вызначальных і цяпер агульнапрынятых вынаходніцтваў былі зробленыя ў выніку імкнення аднаго боку атрымаць ваенную перавагу над іншым.

Пры гэтым вайна не простае, залежнае наступства палітычных ці эканамічных чыннікаў гісторыі. Вельмі часта яна ператвараецца ў самадастатковую з’яву, якая пачынае адыграваць самастойную ролю ў гісторыі, жыве паводле ўласных законаў і з’яўляецца прычынай падзеяў не менш як наступствам.

І тады ўжо не падаецца дзіўным, што войны мелі такую ролю ў гісторыі сталіцы Беларусі Менска. «Датай нараджэння» гораду лічыцца 1067 г., у які Менск, тады паўднёвая памежная крэпасць Полацкага княства, быў спалены войскамі трох князёў Яраслававічаў падчас вайны супраць славутага полацкага князя Усяслава Чарадзея. Але хоць гэты год і стаў годам першай згадкі пра Менск у летапісах, нашмат больш вартым увагі з’яўляецца пазнейшы час ХІІ ст. Менавіта тады менскі князь Глеб Усяславіч і ягоныя сыны Расціслаў і Валадар паспрабавалі з дапамогай зброі і дыпламатыі зрабіць Менск магутным цэнтрам краю, які ў будучыні склаў аснову Беларусі. Больш за паўстагоддзя войнаў і ўпартай барацьбы прывялі толькі да часовага ўзвышэння Менска, але не далі гораду згубіцца ў цемры сярэднявечнай гісторыі, заклалі падмурак яго будучыні і пакінулі адметны след на старонках летапісаў.

У 1101 г., пасля смерці Усяслава, Менск стаў цэнтрам аднаго з княстваў, на якія была падзеленая Полаччына паміж Усяслававымі сынамі. Уладаром Менска і прылеглых земляў стаў трэці сын, Глеб. Падобна да іншых раннесярэднявечных дзяржаваў, Полацкае княства ператварылася ў канфедэрацыю самастойных даменаў. Яе намінальнае адзінства змацоўвалася традыцыйным старшынством Полацка, як стольнага гораду зямлі, і крэўнай роднасцю паміж уладарамі розных даменаў, якія ўсе належалі да аднае дынастыі. Разам з тым палітычная і эканамічная адасобленасць даменаў няўмольна раздзірала дзяржаву на часткі. Нават голас крыві адыходзіў на другі план, калі князі дзеля абароны інтарэсаў сваіх і свайго ўдзелу не вагаліся ўздымаць меч на братоў і іншых сваякоў. Таксама паспрыялі дзяржаўнай дэцэнтралізацыі Полаччыны неразвітасць дзяржаўнай іерархіі і вельмі простая тытулатура. Полацкі князь быў толькі першым сярод роўных і не меў фармальнай перавагі над князямі Менска й іншых гарадоў. Калі ў краінах Заходняй Еўропы каралі маглі стрымліваць незалежніцкія памкненні сваіх васалаў, абапіраючыся прынамсі на аўтарытэт свайго тытулу і ягоную перавагу над іншымі, то роўнае ўжыванне ў дачыненні да ўладароў усіх даменаў Полаччыны тытулу «князь» значыла і замацаванне фармальнае роўнасці асобных княстваў.

Такая самастойнасць утрымлівала для Менска як перавагі, так і пэўную небяспеку. Менск, хоць і з’яўляўся трэцім па велічыні пасля Полацка і Віцебска горадам Полаччыны[1], меў значэнне найперш як крэпасць на яе паўднёвых рубяжах[2]. Адпаведна, важным рэсурсам яго існавання была эканамічная і людская падтрымка з боку Полацка. Менск быў рачэй ваенным пасяленнем, як палітычным і эканамічным цэнтрам. Невялікая палітычная вага і слабасць эканомікі, выкліканая маланаселенасцю тэрыторыі, аддаленасцю ад асноўных водных гандлёвых шляхоў і цяжкасцю земляробства на неўрадлівых глебах Меншчыны, рабілі перспектывы Менска на будучыню вельмі цьмянымі. У такіх неспрыяльных умовах наўрад ці ён стаў бы большым за дробны ўдзельны гарадок, калі б улада над ім не апынулася ў руках чалавека, які інтуітыўна ці свядома зразумеў інтарэсы свайго гораду, іх еднасць з уласнымі інтарэсамі і пачаў мэтанакіраванае і часам жорсткае іх ажыццяўленне.

Такім чалавекам вялікіх здольнасцяў і сілы, які паспрабаваў прынесці гораду шчаслівейшую фартуну, быў Глеб Усяслававіч. У спадчыну ад свайго бацькі ён атрымаў такія рысы, як ваяўнічасць і «няміласць на кровапраліццё». Глеб таксама вылучаўся рашучасцю і здольнасцю не трымцець перад пагрозамі мацнейшых. Як паказаў ягоны ўдзел у гандлі рабамі, ён не спыняўся і перад парушэннем нормаў маралі, што выклікала агіду нават у тых сучаснікаў, якія не вылучаліся мяккасцю і дабрынёй, кшталту Уладзіміра Манамаха. Тым не менш, гэтыя непрывабныя рысы спалучаліся ў Глебе з вельмі выразнай нават для таго часу рэлігійнасцю, пра што сведчаць ягоныя багатыя ахвяраванні Кіева-Пячорскаму манастыру[3]. Сувязі Глеба з манастыром былі настолькі блізкія, што ён стаў адным з нешматлікіх князёў, якія атрымалі гонар быць пахаванымі там[4]. Зрэшты, гэта магло быць прыёмам дыпламатыі і сродкам непрамога ўплыву на сваіх супернікаў — кіеўскіх князёў. Спалучэнне гэтых рысаў характару, досыць тыповае для ваяра і дзяржаўнага дзеяча, дапамагло яму стацца адной з найбольш яркіх постацяў нашай гісторыі ХІІ ст.

Найпершай мэтай Глеба было палітычнае ўзмацненне Менска адносна суседніх дзяржаваў, якія былі верагоднымі супернікамі. Гэта магло быць дасягнута шляхам тэрытарыяльнага пашырэння і захопу суседніх земляў, што непазбежна вяло да сутыкнення з моцнымі суседзямі, найперш Кіеўскай дзяржавай, смаленскія і турава-пінскія ўладанні якой шчыльна прылягалі да Меншчыны. Але гэтай мэты немагчыма было дамагчыся, не падтрымаўшы сваіх палітычных прэтэнзіяў эканамічнымі рэсурсамі. Таму яшчэ адным кірункам дзейнасці Глеба было больш шчыльнае засяленне Меншчыны і выхад да асноўных у той час водных гандлёвых шляхоў.

Надзейным сродкам для ажыццяўлення сваіх планаў у руках Глеба было менскае войска, якое мела даўні досвед удзелу у шматлікіх войнах Усяслава. Ягоная арганізацыя можа быць адноўленая па падабенству з полацкай. Асновай войска была княская дружына. Яна складалася з дзвюх частак — малодшай, падпарадкаванай непасрэдна князю, і старэйшай — княскіх баяраў, якія прыводзілі атрады сваіх ваяроў. У выпадках неабходнасці збіралася гарадское і сельскае апалчэнне[5]. Дружыннікі былі прафесійнымі ваярамі і мелі на ўзбраенні шаломы, кальчугі, пласцінкавыя панцыры, дзіды і мячы[6]. Апалчэнне было збольшага ўзброенае дзідамі й сякерамі[7]. Менскімі войскамі магла выкарыстоўвацца як рэгулярная тактыка правільнага бою, так і рэгулярная тактыка нечаканых нападаў і засад.

Магутным сродкам дыпламатыі для Глеба маглі быць ягоныя дынастычныя сувязі — шлюб з Настассяй, дачкой Яраполка Ізяслававіча, унука Яраслава Мудрага[8]. Шлюб гэты меў свае карані ў надзвычай складаных дачыненнях Глебавага бацькі Усяслава з трыма братамі Яраслававічамі: Ізяславам, Святаславам і Усеваладам. Калі ў 1060-я — пачатку 1070-х гг. браты выступалі супраць Усяслава маналітным хаўрусам, то ўжо ў 1073 г. гэты маналіт даў глыбокую трэшчыну і Ізяслаў быў сагнаны Святаславам і Усеваладам з кіеўскага стальца за тое, што нібыта чыніў супраць іх змовы з Усяславам[9]. Гэтая падзея паказвае, што паміж Яраслававічамі, якія падзялілі паміж сабой спадчыну свайго бацькі, існавалі вострыя супярэчнасці, у якія Усяслаў не спудлаваў забіць клін, наладзіўшы зносіны са старэйшым братам — Ізяславам і яго нашчадкамі. Амаль дакладна можна сцвярджаць: менавіта ён быў ініцыятарам шлюбу Глеба з Настассяй Яраполкаўнай. Гэты палітычны звяз атрыманы ў спадчыну Усяслававічам і Ізяслававічам, якія, як раней іхныя бацькі, з яго дапамогай супрацьдзейнічалі Святаслававічам і Усеваладавічам. Прынамсі, як паказалі пазнейшыя падзеі, Глеб мог разлічваць на ўскосную падтрымку дзядзькі сваёй жонкі, кіеўскага князя Святаполка Ізяслававіча, які быў зацікаўлены ў Глебе як сродку ціску на Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха і іншых сваіх супернікаў[10].

З гэтымі рэсурсамі Глеб і распачаў свае дзеянні. Цяпер, каб зразумець хаду падзеяў, неабходна зазірнуць на некалькі гадоў наперад. Пры апісанні падзеяў 1116 г., Іпацеўскі летапіс паказвае Друцк, Оршу і Копысь як падначаленыя ці хаўрусныя Глебу гарады[11]. З гэтага вынікае, што свой першы погляд ён звярнуў на Падняпроўе і звязаны з ім гандлёвы шлях «з варагаў у грэкі». Друцк быў добра ўмацаванай крэпасцю, якая прыкрывала Менск з усходу і панавала над цячэннем Друці, аднаго з вялікіх прытокаў Дняпра. Орша і Копысь знаходзіліся непасрэдна на Дняпры, што дазваляла браць мыта з гандляроў, якія кіраваліся гэтым шляхам, а таксама прывабліваць купцоў непасрэдна ва ўладанні менскага князя. Гэта давала добры прыбытак у княскі скарб і ўзбагачала іншыя слаі менскага насельніцтва.

З падпарадкаваннем Друцка, яшчэ аднаго ўдзельнага княства Полаччыны, Глеб не павінен быў мець шмат цяжкасцяў, бо там на яго глядзелі як на законнага прадстаўніка адгалінавання сваёй дынастыі. Аб Оршы і Копысі справа ішла іншым чынам. Існуе меркаванне, што абодва гарады маглі быць перададзеныя Полацкаму княству трыма князямі Яраслававічамі яшчэ ў 1060 г. пры Усяславе ў адплату за ўдзел апошняга ў паходзе на торкаў[12]. Але ў пачатку ХІІ ст. яны найбольш верагодна належалі да Смаленскага княства, дзе правіў сын тады яшчэ пераяслаўскага князя Уладзіміра Манамаха Яраполк. Каб завалодаць імі, Глеб мусіў нейкім чынам пераадолець ягоны супраціў.

Падпарадкаванне Оршы і Копысі, мусіць, адбылося неўзабаве пасля ўзыходжання Глеба на менскі сталец, бо паход супраць яго быў арганізаваны ўжо ў 1104 г. У паходзе ўзялі ўдзел кіеўскія войскі пад кіраўніцтвам ваяводы Пуцяты і войскі Манамаха, якія ўзначаліў ягоны сын Яраполк. Чарнігаўскі князь Алег Святаслававіч выправіўся ў паход сам. Хаўруснікі накіраваліся на Менск, але «не успеша ничтоже и възвратишася опять»[13]. Прычынай паразы паходу мог быць неахвотны, як найменей, удзел у ім Святаполка, які выправіў замест сябе ваяводу і не быў зацікаўлены ў паразе Глеба. Ускосным доказам патурання Святаполка Глебу можа служыць той факт, што наступны паход супраць Глеба адбыўся толькі ў 1116 г., праз тры гады пасля смерці першага. У выніку Глеб застаўся гаспадаром ладнага ўчастку дняпроўскага шляху.

І ўсё ж якія б выгоды не прыносіў збор мыта на Дняпры, уласная вытворчасць маланаселенай, укрытай збольшага балотамі і лясамі Меншчыны была вельмі слабая. Стагоддзямі выпрабаваным спосабам вырашэння гэтай праблемы быў вывад у палон людзей з іншых тэрыторыяў і ўладанняў, што Глеб і рабіў з вялікім размахам, вылучыўшыся ў гэтым нават сярод жорсткіх сярэднявечных уладароў. Паводле гісторыка ХІХ ст. Тэадора Нарбута, ён неаднаразова нападаў як на літоўскія, так і на суседнія славянскія землі з мэтай вываду палону. Гэтыя напады суправаджаліся спусташэннямі і зверствамі. Акрамя рассялення палонных на сваіх землях, Глеб і ягоныя баяры займаліся продажам іх у рабства. Гэты гандаль быў пастаўлены на шырокую аснову і прыносіў вялікія прыбыткі. Цэнтрам гандлю рабамі стаў Друцк[14]. Цяжка сказаць, наколькі дакладна Нарбут пераказваў звесткі сваіх крыніцаў і ці не занадта змрочнымі фарбамі намаляваў ён партрэт Глеба ў сваім эмацыйным аповедзе. Тым не менш ягоныя словы пацвярджаюцца сведчаннем тагачаснай крыніцы — «Павучання» Уладзіміра Манамаха, дзе той кажа, што Глеб яго «люди заялъ»[15]. Гэтае паведамленне тычыцца нападу Глеба на тады падуладны Кіеву Слуцк у 1116 г.[16]. Горад быў бязлітасна спалены, а жыхары выведзеныя ў палон. Гэткім чынам менскаму князю ўдавалася засяляць бязлюдныя землі свайго княства і атрымліваць імгненную выгаду ад гандлю жывым таварам. У дадатак ягоныя паходы суправаджаліся рабункам іншых матэрыяльных каштоўнасцяў. Ладная частка прыбыткаў, вядома, накіроўвалася на ўтрыманне войска і фінансаванне далейшых ваенных акцыяў. Фактычна за паўтысячагоддзе да славутага правадыра найманых полчышчаў Валенштэйна Глеб паспяхова ажыццявіў сумна вядомы прынцып: вайна корміць вайну.

Але напад на Слуцк выклікаў цяжкія для Глеба наступствы. У гэты час кіеўскім князем ужо быў Уладзімір Манамах, які ўзышоў на кіеўскі сталец у 1113 г. пасля смерці Святаполка. Разаслаўшы сваіх сыноў княжыць па розных гарадах, ён непасрэдна панаваў над большай часткай Кіеўскай дзяржавы, а сваіх супернікаў князёў Святаслававічаў прымусіў трымаць з сабой прыязныя дачыненні.

Улагодзіўшы нутраныя праблемы, Манамах вырашыў назаўсёды ўтаймаваць Глеба і вырашыць праблему пагрозы сваім уладанням з паўночнага захаду. Ён накіраваў да Глеба пасольства з суворым асуджэннем і парадай устрымацца ад далейшых варожых дзеянняў. Глеб ганарліва і непрыязна сустрэў паслоў, якім, у сваю чаргу, выказаў пагрозы ў адрас Манамаха. Пасля правалу пасольства той напрыканцы 1116 г. самастойна выправіўся ў паход на Менск разам з сынамі Яраполкам і Вячаславам, смаленскім князем, і быў крэўна зацікаўлены ў вяртанні Оршы і Копысі, а таксама Давыдам Святаслававічам чарнігаўскім. У студзені 1117 г. войскі Вячаслава ўзялі Оршу і Копысь, а Яраполк і Давыд — Друцк. Пасля гэтага хаўруснікі падступілі да Менска. Глеб напачатку збіраўся адседзецца ва ўмацаваннях гораду. Але, убачыўшы, што яны рыхтуюцца да доўгатэрміновай аблогі, вымушаны быў разам з сям’ёй і баярамі выйсці з гораду і прасіць Манамаха аб літасці[17]. Нягледзячы на відавочную паразу Глеба, два бакі вымушаны былі пайсці на стратэгічны кампраміс. Глеб вырашыў праявіць пакорлівасць і такім чынам захаваць большую частку сваіх уладанняў. Манамах не стаў выпрабоўваць ваенную фартуну і вырашыў замацаваць вяртанне Оршы і Копысі мірным шляхам.

Мір, аднак, не пратрымаўся доўга. У 1119 г. Глеб, спрабуючы вярнуць страчанае, ізноў напаў на Смаленскую і Новагародскую землі (незразумела, ці гаворка ішла аб Ноўгарадзе Вялікім ці Наваградку)[18]. Манамах у адказ выправіўся ў паход на Менск, узяў яго, паланіў Глеба і прывёз у Кіеў, дзе той неўзабаве памёр[19]. Меншчына была далучана да Кіеўскай дзяржавы.

Глеб, энэргічны і рашучы, дапусціў шэраг памылак, якія дорага каштавалі яму і Менску. У натуральным для дзяржаўнага дзеяча імкненні ўзмацніць сваю дзяржаву Глеб не здолеў трымацца меры. Ён пераацаніў свае сілы і выступіў супраць Кіеўскае дзяржавы ў неспрыяльны момант, калі не мог разлічваць на яе нутраныя супярэчнасці. Больш за тое, на кіеўскім стальцы сядзеў ягоны вораг Манамах, якому ўдалося паставіць пад сваю ўладу бальшыню кіеўскіх даменаў. Пры такой неспрыяльнай палітычнай сітуацыі рэсурсы Меншчыны былі занадта малыя, каб можна было разлічваць на ваенную перамогу. «Эканоміка вайны» Глеба, якая прыносіла такія прыбыткі, таксама дала свой адмоўны вынік. Нават па мерах ХІІ ст. вывад палону і гандаль рабамі ў такіх маштабах неслі занадта вялікую пагрозу жыццю і ўласнасці падданых Кіеўскай дзяржавы, каб дараваць. Гэта было яшчэ адной з прычынаў жорсткага адказу Кіева на паходы Глеба.

У летапісах няма звестак, дзе знаходзіліся Глебавы сыны Расціслаў, Валадар і Усевалад, пакуль Менск знаходзіўся пад кіеўскай уладай. Можна меркаваць, што адным з верагодных месцаў перабывання была Літва, даўні васал Полацка. Пасля распаду Полаччыны на асобныя княствы васалітэт некаторых літоўскіх князёў, хутчэй за ўсё, дастаўся ў спадчыну Менску з прычыны геаграфічнай блізкасці да Літвы. Магчымасць такога развіцця падзеяў ускосна пацвярджаецца тым, што менавіта ў Літве пазней перахоўваўся і збіраў свае сілы Валадар падчас нашэсця полацкага войска[20]. Яшчэ адным бяспечным месцам для Глебавічаў магла быць Польшча. Падставай для гэтага служыць факт шлюбу Валадара з Рыкісай, дачкой польскага караля Баляслава Крываротага. Шлюб гэты адбыўся каля 1135 г.[21].

Глебавічы вярнуліся да ўлады ў Менску пасля 1135 г., калі кіеўскі стаўленік Ізяслаў Мсціслававіч выехаў з Менска і затым атрымаў княжанне ва Уладзіміры Валынскім, больш у Менск не вярнуўшыся[22]. Па смерці Уладзіміра Манамаха і ягонага сына Мсціслава Кіеўская дзяржава канчаткова распадалася на асобныя княствы і не мела дастаткова сілаў, каб утрымаць у падпарадкаванні здаўна варожы ёй Менск.

Усё ж, нягледзячы на паслабленне Кіева, сумны досвед Глеба паказаў, што экспансія ў паўднёвым і ўсходнім кірунках можа быць небяспечнай для Менска, аж да страты самой незалежнасці. Таму асноўным напрамкам знешняй палітыкі Глебавічаў стаў полацкі. У выпадку поспеху падпарадкаванне Полацку магло значна ўзмацніць Менск палітычна й даць яму панаванне на Дзвіне, па якой ішоў ажыўлены гандаль з балтыйскімі краінамі. Для ажыццяўлення гэтай мэты Расціслаў і Валадар мелі добрыя шанцы і законныя падставы, каб прэтэндаваць на ўладу ў Полацку, як нашчадкі Усяслава Чарадзея. А падзеі ў Полацку далі ім для гэтага добрую нагоду.

У 1151 г. полацкае веча пазбавіла ўлады князя Рагвалода Барысавіча і запрасіла на княжанне Расціслава Глебавіча. Гэткім чынам менскі князь бяскроўным шляхам стаў гаспадаром Полацка і аб’яднаў пад сваёй уладай большую частку Полаччыны[23]. Рагвалода ж увязнілі ў Менску. Глебавічы збіраліся трывала замацавацца ў Полацку і наладзіць сувязі з балтыйскімі краінамі, пра што выразна кажа шлюб паміж Соф’яй Валадараўнай і дацкім каралём Вальдэмарам Кнутсанам у 1157 г.[24].

Але княжанне Расціслава не працягнулася доўга. У хуткім часе Рагвалод быў выпушчаны з вязніцы, а ў 1158 г. ён з дапамогай северскага князя Святаслава Ольгавіча сцвердзіўся ў Друцку. Спробы Расціслава ўзяць Друцк былі няўдалымі, і ён заключыў з Рагвалодам мір, замацаваўшы яго крыжацалаваннем і перадачай Рагвалоду некалькіх воласцяў. Дачыненні Расціслава з полацкім вечам тым часам вельмі пагоршыліся. Гэта магло быць выклікана яго нежаданнем лічыцца з воляй веча ці прыўлашчваннем на сваю карысць мыта ад падзвінскага гандлю і падаткаў. Злосць на Расціслава дасягнула такой ступені, што ягоныя супраціўцы хацелі забіць яго падчас царкоўнага свята. Папярэджаны прыхільнікамі, ён надзеў даспехі пад вопратку, і ворагі не наважыліся выканаць свой намер. Яны пачалі рыхтаваць другую спробу, але Расціслаў не выпрабоўваў лёс. Ён сабраў дружыну і выехаў у Менск, дарогаю рабуючы полацкія землі і ўганяючы за сабой людзей і быдла. Рагвалод вярнуўся на полацкі сталец. Цяпер канфлікт паміж Менскам і Полацкам мог быць вырашаны толькі вайной[25].

З 1159 па 1161 год Рагвалод зрабіў тры паходы на Менскае княства. Нягледзячы на прыцягненне вялікіх вайсковых сілаў (у першым паходзе акрамя палачанаў бралі ўдзел смаляне, наўгародцы і пскавічы), адзіным ягоным поспехам быў часовы захоп Ізяслаўля (Заслаўя). У выніку ён вымушаны быў заключыць чарговы мір з Расціславам, змацаваўшы яго цалаваннем крыжа. Але Валадар крыжа не цалаваў, бо ён «ходяше под Литвою в лесех»[26].

У гэты момант наперад выступаюць новыя дзейныя асобы менскай гісторыі — князь Валадар Глебавіч і ягоныя літоўскія васалы. Мужны і рашучы, як дзед, бацька і брат, Валадар меў і дадатковыя якасці, якія дапамаглі яму дабіцца вялікіх перамог. Гэта выключнае ваеннае майстэрства, упартасць і здольнасць ператрываць цяжкі час, каб дачакацца свайго шанцу і паспяхова скарыстаць яго. Напэўна, менавіта таму ён не заключаў мір з Рагвалодам, а мэтанакіравана збіраў сілы для ўдару ў адказ. Ён не памыліўся і з выбарам сваіх хаўруснікаў. Даўнія васалы полацкіх князёў літоўцы былі грознымі ваярамі. Іхнія войскі складаліся з хуткіх конных дружынаў, якія на сваіх конях маглі рабіць імклівыя набегі, і стойкіх пешых апалчэнняў[27]. Літоўцы маглі як наносіць нечаканыя ўдары з засады, так і аказаць трывалы супраціў у палявым баі, пашыхтаваўшыся ў тры шэрагі, падобна фаланзе[28]. Іхная якасная зброя высока цанілася ў суседніх краінах і лічылася каштоўнай здабычай[29]. Праз некаторы час яны пачнуць прэтэндаваць на дамінаванне над землямі Полаччыны, але пакуль ішлі на вайну пад рукой менскіх князёў.

У 1162 г. Рагвалод здзейсніў чарговы паход на Меншчыну. Гэтым разам ён быў скіраваны супраць Валадара, а не Расціслава. Можна меркаваць, што Расціслаў да гэтага часу памёр, а Валадар пераняў у яго ўладу над Менскам. Пры набліжэнні войскаў Рагвалода ён засеў ва ўмацаваннях Гарадца і не ўступаў у бой, адчуваючы колькасную перавагу супраціўца. Але не збіраўся паўтараць пасіўную абарончую тактыку Расціслава. Уначы ўчыніў нечаканую вылазку з гораду з літвой і дашчэнту разграміў полацкае войска. Шмат палачанаў загінула і шмат пераможцы пабралі ў палон голымі рукамі. Баючыся расправы за ганебную паразу, Рагвалод не адважыўся вярнуцца ў Полацк. Веча абрала новым князем Усяслава Васількавіча[30].

Цяпер, адбіўшы пагрозу з боку Полацка, Менск і сам мог пагражаць сваёй былой сталіцы і прэтэндаваць на панаванне ва ўсёй Полаччыне. Але Валадар не быў схільны да паспешлівых дзеянняў. Толькі ў 1167 г., замацаваўшы ўладу ў Менску і назапасіўшы сілы, ён рушыў на Полацк. Усяслаў выступіў насустрач. У бітве, якая затым адбылася, Валадар зноў выявіў свой выключны ваенны талент. Са словаў летапісу можна зразумець, што полацкая княская дружына і гарадское апалчэнне рухаліся паасобна. Сувязі паміж часткамі войска не было. Па нечаканасці нападу мянянаў можна меркаваць, што выведка і ахова таксама наладжаныя не былі. Таму Валадару зноў удалося скарыстаць фактар нечаканасці і некалькімі раптоўнымі атакамі разбіць полацкае войска па частках, з’явіўшы проста класічны прыклад выкарыстання правілаў ваеннага майстэрства. Пасля бітвы ён заняў Полацк, а веча прызнала яго законным князем. Усяслаў уцёк у Віцебск да князя Давыда Расціслававіча[31].

Пасля рашучай перамогі менскі князь мог лічыць сябе гаспадаром большае часткі Полаччыны. Але справа не была завершана, пакуль у Віцебску сядзелі ягоныя супраціўцы, якія да таго ж чакалі сабе ў дапамогу смаленскага князя Рамана Расціслававіча. Таму ён неадкладна выступіў на Віцебск. Падчас паходу ўначы ўзнялася страшэнная бура, якая напалохала і цалкам здэмаралізавала забабонных ваяроў Валадара. Яны палічылі гэта за благі знак і запатрабавалі весці іх назад (калі частка войска складалася з літоўцаў, яны маглі папросту скарыстаць гэта як нагоду, каб не працягваць рызыкоўную барацьбу за чужыя ім менскія інтарэсы і спакойна вярнуцца дадому з ужо заваяванай здабычай). Як бы там ні было, але адступленне перайшло ва ўцёкі. У пагоню за ўцекачамі кінуўся Давыд. Многія з іх заблыталіся ў незнаёмай мясцовасці і трапілі ў палон. Усяслаў вярнуўся на княжанне ў Полацк[32]. Летапісныя звесткі пра Валадара на гэтым абрываюцца. Так няўдала скончылася смелая спроба менскіх князёў дамагчыся панавання над Полаччынай.

Вядома ж, можна было б лічыць гэтую паразу адной з тых выпадковасцяў, якія часта ўмешваюцца ў знешне заканамерны ход гісторыі. Але наўрад ці гэтая акалічнасць магла б спыніць мужнага і рашучага Валадара на шляху да ягоных мэтаў, дзеля чаго ён сам і ягоныя брат і бацька прыклалі так шмат намаганняў. Хутчэй за ўсё, спыненне барацьбы Валадара за Полацк было прадыктавана знешнепалітычным становішчам і недахопам сілаў і рэсурсаў у Менскага княства. Празмернае ўмацаванне пазіцыяў Менску ў краі парушала міждзяржаўную раўнавагу. Суседнія дзяржавы не маглі з гэтым мірыцца, як тое і паказала ўмяшальніцтва Смаленска. А шанцы перамагчы моцную кааліцыю былі няпэўныя. Паслабілі Менск і людскія страты. Маланаселеная Меншчына не магла пастаянна выстаўляць усё новых і новых людзей у войска, хай сабе і ў хаўрусе з Літвой. І нават пры пастаянным прытоку ваеннай здабычы эканоміка Меншчыны не мела досыць рэсурсаў, каб вытрымліваць доўгачасовую ваенную нагрузку. Валадар мусіў разумець гэта.

Але шматлікія паходы і бітвы не прайшлі дарэмна. Яны былі не проста праявай княскай пыхі ды хцівасці ці дэманстрацыяй ваеннага майстэрства менскіх ды літоўскіх дружынаў. Вынікам вайны стала неад’емная супрацьлегласць — мір. Хоць Менск і знік са старонак летапісаў на доўгія гады і не згадваўся як магутная палітычная ці ваенная сіла, але не згадваўся ён і як аб’ект варожых нашэсцяў і заваяванняў. Верагодна, паходы Глеба, Расціслава і Валадара зрабілі засцерагальны ўплыў на суседзяў, якія не рызыкавалі кранаць ваяўнічых мянян. Гэтыя войны таксама мелі значны ўплыў на эканамічнае развіццё Меншчыны. Рассяленне палонных, прыток матэрыяльнай здабычы і збор мыта на гандлёвых шляхах паспрыялі росту вытворчасці і абмену. Пра гэта яскрава сведчаць археалагічныя звесткі: калі ў ХІІ ст. культурны слой Менска складаў 60—80 сантыметраў, то ў ХІІІ ст. — ужо каля двух метраў[33]. Менскія князі забяспечылі свайму гораду не толькі бяспеку і эканамічнае развіццё, але і захаванне яго становішча. Ён не заняпаў, як Друцк ці Галоцічаск, а ўсё больш узвышаўся ў параўнанні з суседнімі гарадамі: Лагойскам, Заслаўем і іншымі, набываючы значэнне не толькі цвердзі й ваеннай базы княскай дынастыі, але і цэнтру, вакол якога засяроджвалася палітычнае й эканамічнае жыццё краю. Менск рос, каб са зменай палітычнай сітуацыі і развіццём сухапутных шляхоў зносінаў з цэнтру княства стаць галоўным горадам ваяводства, губерні, а калі надарыцца гістарычная магчымасць, то і сталіцай краіны.


1 Штыхов Г. Города Полоцкой земли. — Мн., 1978. — С. 123.

2 Археалогія Беларусі. Т. 3. — Мінск, 2000. — С. 229.

3 Ипатьевская летопись. — Москва, 1998. — Ст. 259.

4 Житье и хоженье Данила, Русьскыя земли игумена // Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ — першая палова ХVІІІ стагоддзя. — Мн., 2003. — С. 138.

5 Ласкавы Г. Да пытання аб арганізацыі і складзе ўзброеных сіл Полацкай зямлі ў канцы ХІ — пачатку ХІІІ стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік. Ч. 1. — Мінск, 1993. — С. 6—17.

6 Кирпичников А. Древнерусское оружие. Вып. 1. — Ленинград, 1966. — С. 59.

7 Тамсама. Вып. 2. 1967. С. 21—22.

8 Ипатьевская летопись. Ст. 492. Загорульский Э. Генеалогия полоцких князей Изяславичей. — Мн., 1994. — С. 10.

9 Ипатьевская летопись. Ст. 172—173.

10 Загорульский Э. Возникновение Минска. — Мн., 1982. — С. 15—16.

11 Ипатьевская летопись. Ст. 282—283.

12 Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. — Мінск, 2001. — С. 110—111.

13 Ипатьевская летопись. Ст. 256.

14 Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. 3. — Wilno, 1837. — S. 271—273.

15 Владимир Мономах: завещено потомкам. — Ярославль, 1999. — С. 26.

16 Ипатьевская летопись. Ст. 282.

17 Тамсама. Ст. 282—283.

18 Ермаловіч М. Старажытная Беларусь. С. 169—170.

19 Ипатьевская летопись. Ст. 285.

20 Тамсама. Ст. 496.

21 Bo Lindwall. Konung Erik XIV:s antavla i fjorton generationer // Site «Nättidningen RÖTTER», http://www.genealogi.se/ — At: http: //www.genealogi.se/erik.htm — 18.10.2004.

22 Лаврентьевская летопись. — Москва, 2001. — Ст. 302.

23 Ипатьевская летопись. Ст. 445—446.

24 Красивая кожа // Джаксон Т. Исландские королевские саги о Восточной Европе (середина ХІ — середина ХІІІ в.). — Москва, 2000. — С. 167.

25 Ипатьевская летопись. Ст. 493—496.

26 Тамсама. Ст. 496.

27 Пашуто В. Образование Литовского государства. — Москва, 1959. — С. 355—356, 361.

28 Ипатьевская летопись. Ст. 856.

29 Пашуто В. Образование Литовского государства. С. 255—256.

30 Ипатьевская летопись. Ст. 519.

31 Тамсама. Ст. 526.

32 Тамсама. Ст. 526—527.

33 Археалогія Беларусі. Т. 3. С. 194.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster