БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 6/2003      Тэма нумару: Далітоўская Беларусь

Выява Беларусі на мапе Ідрысі

Юры ТКАЧЭНКА
(Кіеў)

ytkachenko@PN.Ukrtelecom.net 

Арабскі географ сярэдзіны XII ст. ал-Ідрысі (Абу ’Абдалах Мухамад ібн Мухамад ібн ’Абдалах ібн Ідрыс ал-Хамудзі ал-Хасані), які жыў на двары хрысціянскага караля Рожэра II у Палерма, пакінуў пасля сябе некалькі працаў, улучна сусветную геаграфічную энцыклапедыю «Нузхат ал-муштак» і яе перапрацаваны скарочаны варыянт, вядомы пад умоўнай назваю «малы Ідрысі». Абедзве працы суправаджаюцца дбайна і рупліва выкананымі сусветнымі геаграфічнымі атласамі, складзенымі паводле тэкстаў твораў. Нягледзячы на тое, што гэтыя працы ўтрымліваюць даволі значны матэрыял, датычны геаграфіі Усходняй Еўропы (каля 70 тапонімаў), ім, так бы мовіць, не пашанцавала ў айчыннай гістарыяграфіі — яны не прыцягнулі да сябе ўвагі. Часткова сітуацыю можна тлумачыць звыклай экзатычнасцю арабскіх крыніцаў для вывучэння на іх падмурку гісторыі Старажытнай Русі, часткова досыць познім часам іх стварэння (звесткі арабскіх географаў класічнай школы — ал-Істахры і ібн Хаукала — вядомыя значна шырэй, хоць датычна русаў у іх прыгадваюцца толькі тры тапонімы — знакамітыя, але так і надалей спрэчныя, цэнтры Русі Куйаба, Артанія і Славія). Дастаткова зацеміць, што на рускай мове першую спецыяльную работу, прысвечаную мапе Ідрысі, напісаў у 1952 г. не знаўца Усходу, а археолаг — акадэмік Б. Рыбакоў, які абапіраўся на французскі пераклад П. А. Жабэра, выкананы яшчэ ў 1836—1840 гг. Спецыяльнае манаграфічнае даследаванне «Нузхат ал-муштак» з’явілася на паўстагоддзе пазней — у 1999 г. выйшла работа І. Канавалавай. У той жа час замежнае ідрысазнаўства развівалася не хутка, але бесперарыўна — Тамашэк, Недкаў, Левіцкі, Тальгрэн-Тууліё. Больш новыя працы можна пералічыць хіба ў спецыяльным артыкуле. Зразумела, у тых навуковых матэрыялах замежных даследнікаў Усходняй Еўропе надаецца толькі другараднае значэнне.

Пасля выдання ў Італіі ў 1970—1984 гг. поўнага крытычнага тэксту «Нузхат ал-муштак» у 2001 г. быў зроблены наступны крок — французская фірма «Montparnasse multimedia» сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Францыі ажыццявіла поўнае электроннае выданнне аднаго з найбльш поўна захаваных рукапісаў «Нузхат ал-муштак» — парыжскага. На кампакт-дыску можна знайсці прыгаданае крытычнае выданне, поўны французскі пераклад (Жабэра, але выпраўлены і дапоўнены), адсканаваныя з высокай якасцю аркушы атласу Ідрысі з парыскага рукапісу, і вялікую колькасць навучальных ды тлумачальных матэрыялаў. Гэты кампакт-дыск пашырае нямецкая інтэрнэт-фірма Digento па адрасе http://www.digento.de/titel/100074.html, так што цяпер «Нузхат ал-муштак» з’яўляецца найбольш даступным усходнім атласам і сусветнай геаграфіяй. Менавіта яго адкрытасць да шырокага чытацкага кола дае падставы спадзявацца на ўздым цікаўнасці да твору Ідрысі і прыцягненне яго ўсходнееўрапейскіх матэрыялаў да вывучэння гісторыі рэгіёну. Тым больш што гэта — самы ранні па часе паўстання атлас, на якім паказаная Усходняя Еўропа. Не лічачы, вядома, атласу Пталемея, славутага элiнiстычнага астранома i касмографа II ст., тапонімы якога скрозь спрэчныя, ды і самі «пталемееўскiя» карты не аўтэнтычныя, бо выкананыя ўжо ў XV—XVI ст. еўрапейцамі на падставе пталемееўскіх інструкцыяў і каардынатаў.

Дадамо, што для «Нузхат ал-муштак» 2004 год юбілейны. Паколькі ў самім творы указаны час заканчэння працы, які адпавядае пачатку 1154 г. (дарэчы, Нестар пісаў «Аповесць мінулых гадоў» у 1110-х гадах, г. зн. толькі на паўстагоддзе раней за Ідрысі — абедзве працы амаль сінхронныя), то ў 2004 г. яму споўнілася 850 гадоў. Да гэтага юбілею прымеркавана гэтае даследаванне па выяве Беларусі на мапе «Нузхат ал-муштак».

Ідрысі быў нашчадкам высакароднай арабскай сям’і, які прысвяціў жыццё навуковым доследам. Запрошаны на двор сіцылійскага герцага (а затым караля) Рожэра II нарманскага паходжання, ён прысвяціў напісанню «Нузхат ал-муштак» 15 гадоў (1139—1154). Спалучэнне старадаўніх арабскіх традыцыяў з практычнымі ведамі скандынаваў мае асаблівае значэнне для вывучэння Старажытнай Русі: Ідрысі мог бы патлумачыць таямніцу трох цэнтраў Русі, і загадку Рускага каганату, і праліць святло на варажскае пытанне. Падрабязнае вывучэнне звестак па Усходняй Еўропе не пацвярджае такіх аптымістычных спадзяванняў. Ідрысі мала цікавіла гісторыя, ён апісваў менавіта геаграфію рэгіёну. І яго крыніцы належалі да дзвюх традыцыяў. Паводле ібн Хаукала, прадстаўніка класічнае школы арабскай геаграфіі, ён апісвае тыя рэгіёны, для якіх у яго неставала сучасных звестак — Паволжа і больш усходнія рэгіёны. Русь ён апісвае паводле звестак сучасных яму падарожнікаў. Гэта італьянцы, знаку выкарыстання ім скандынаўскіх (і рускіх) крыніцаў у Ідрысі няма. Таму, як ні дзіўна, Ідрысі хутчэй перадае еўрапейскую, чым усходнюю, геаграфічную традыцыю, што вылучае яго сярод усходніх пісьменнікаў. Пры гэтым нічога агульнага паміж русамі і скандынавамі Ідрысі не знайшоў.

Інфарматары Ідрысі канцэнтраваліся на гандлі, пераважна далёкім. Цікаўнасці іх сягалі ад берагоў Чорнага мора да Балтыкі, і рэгіён абмаляваны ў выглядзе сукупнасці гандлёвых трактаў — пералічэння паслядоўнасці гарадоў з указаннем адлегласцяў паміж імі, часам — накірункаў руху. Якраз да лакалізацыі тапонімаў зводзіцца праблема даследавання «Нузхат ал-муштак».

Акрамя народаў Паволжа, аповед пра якія ў асноўным адпавядае ібн Хаукалу (другая палова Х ст.), Ідрысі ведае ва Усходняй Еўропе 3 народы: русаў, ан-нібарыйа і куманаў. Дарэчы, этнонім саклабаў-славянаў ён выкарыстоўвае толькі ў дачыненні да паўднёвых славянаў, суседзяў Бізантыі; славянаў ува Усходняй Еўропе ён не ведае. Іхныя гарады і цікавяць нас у першую чаргу.

Некалькі дзесяткаў тапонімаў, прыгаданых паслядоўна ўздоўж маршрутаў з паказаннем узаемных адлегласцяў, прадугледжваюць нескладаную лакалізацыю іх на мясцовасці. На жаль, большасць тапонімаў Ідрысі не мае агульнапрынятай лакалізацыі. Асноўная прычына — асаблівасці арабскай графікі, кепска прыстасаванай для перадачы іншамоўных асабістых імёнаў. У арабскай шрыфтавой натацыі частка галосных апускаецца, частка перакручваецца пры ўспрыманні на слых. Аднак і становішча з зычнымі не лепшае. Шмат якія зычныя арабскага алфавіту пішуцца дужа падобна, рознячыся толькі размяшчэннем дыякрытычных кропак. Пры капіяванні кропкі нярэдка апускаюцца альбо перастаўляюцца. Таму арабскі запіс замежнага тапоніму, рэдка даўжэйшы за 4—5 знакаў (часцей — тры), можа быць прачытаны дзесяткамі спосабаў (пры дапамозе дадатку кароткіх галосных і перамяшчэння дыякрытычных кропак у зычных). Гэта прычына таго, чаму бальшыня арабскіх транскрыпцыяў старажытнарускіх гарадоў гучыць абсалютна не па-руску:

«Што тычыцца краіны ар-Русійа, то да гэтай секцыі далучаюцца [наступныя] яе гарады: Луніса, Зала, Саклахі, Галісійа, С(і)нубулі, Бармун(і)са, (А)рман, Барасаніса, Лудж(а)га, Саска, (А)всійа, Кав, Б(а)р(а)зула, Б(а)р(а)злав, К(а)нів, (У)л(і)скі, Муліса» [пераклад І. Канавалавай], — піша Ідрысі. Фанетычна прыгадваюцца назвы рускіх гарадоў: Кав — Кіеў, Баразлав — Пераяслаў, Канів — Канеў, Галісійа — Галіч, і Уліскі — Алеш’е. Дзве трэція тапанімічных назваў застаюцца дастаткова спрэчнымі.

Таму лакалізацыя тапонімаў Ідрысі зводзіцца да размяшчэння цэлых гандлёвых маршрутаў, на якіх неабходна знайсці гарады з паказанымі адлегласцямі паміж імі, чые назвы дапускаюць прыведзеную ў тэксце «Нузхат ал-муштак» транскрыпцыю арабскім шрыфтам з улікам дапушчальных графічных скажэнняў.

Праблемы з лакалізацыяй гарадоў можна прадэманстраваць на прыкладзе таямнічага народу ан-нібарыйа, размешчанага ў Ідрысі на скрайняй поўначы Усходняй Еўропы:

«У прыгаданую Рускую рэку даплываюць шэсць вялікіх рэк, што пачынаюцца ў гары Кукайа, а гэта вялікая гара, якая цягнецца ад мора Цемры да краю населенай зямлі. Гэтая гара пашыраецца да краіны Йаджуджа і Маджуджа на скрайнім усходзе і перасякае яе, ідучы ў паўднёвым кірунку да цёмнага, чорнага мора, якое завецца Смольным. Гэта вельмі высокая гара; ніхто не здатны ўскараскацца на яе з прычыны моцнае сцюжы і глыбокага вечнага снегу на яе вяршынях. У далінах гэтых рэк жыве народ (кавм), вядомы пад найменнем ан-нібарыйа. У гэтага народу ёсць шэсць гарадоў з умацаваннямі, размешчаных паміж рэчышчамі гэтых рэк, што цякуць, як мы ўжо зацемілі, з гары Кукайа. Ніхто не можа скарыць гэтых людзей, яны маюць завядзёнку не развітвацца са зброяй ні на імгненне, яны надзвычай асцярожныя і абачлівыя».

Назвы гарадоў адсутнічаюць у тэксце, аднак прыведзеныя на мапе: Бука, (А)ст(а)ркуда; Б(а)руні; Буніда; Бу’рада; (А)лгада.

Прапанаваныя лакалізацыі выкладзены ў працы І. Канавалавай: Наўгародская зямля (Канавалава), салтаўская культура ў вярхоўі Паўночнага Данца (Рыбакоў), «у мардоўскіх лясах» (І. Лелевель і К. Мілер, выдавец зводкі па мусульманскай картаграфіі), на поўначы Еўропы — Біярмія, Югра, Мурам (О. Тальгрэн-Тууліё). Як можна заўважыць, згоды няма не толькі па асобных тапонімах, але і па агульным рэгіёне іх размяшчэння. Крытыку дзвюх апошніх лакалізацыяў можна знайсці ў працах Б. Рыбакова й І. Канавалавай.

У сувязі з гэтым можна прапанаваць іншую лакалізацыю прыгаданых тапонімаў, не выносячы іх на самыя ўскрайкі заселенага свету. Найбольш надзейна лакалізуюцца два апошнія гарады:

Бу’рада = Барысаў,

Алгада = Лагожск.

Абодва знаходзяцца ў Беларусі і размешчаны на адлегласці аднаго дня руху падарожніка адзін ад аднаго, як і паказана ў дарожніку з «малога Ідрысі». Менш упэўнена лакалізуюцца:

Буніда = Пінск.

Хоць ёсць праблемы з адлегласцямі, але добра вядомы гандлёвы тракт, які лучыць Пінск з Лагожскам і Барысавам.

Лакалізацыя трох астатніх тапонімаў больш спрэчная. Адна з магчымасцяў Бука = Выш(гарад), (А)ст(а)ркуда = Іскарасцень, Б(а)руні = Оўруч у цэлым адпавядае графічнай транскрыпцыі тапонімаў, не можа быць спраўджаная паводле адлегласцяў (не пададзены для гэтых гарадоў), але ўсе гарады размешчаны ўздоўж таго ж самага гандлёвага тракту і нават паслядоўнасць іх размяшчэння на мапе адпавядае іх паслядоўнасці знаходжання на тракце (перакажам сярэднявечныя тапонімы сучаснай мовай — Вышгарад, Іскарасцень, Оўруч, Пінск, Барысаў, Лагойск — менавіта ў такім парадку размешчаны гарады на сучаснай мапе).

Другі маршрут, які мае дачыненне да Беларусі, прыведзены ў апісанні краіны Куманіі:

«Да [ліку гарадоў] краіны Куманіі ці земляў куманаў належаць горад Фіра, горад Нарус, горад Нушы і горад Кінійу. ...Ад гораду Нушы да гораду Кінійу ў паўночна-ўсходнім кірунку сто міляў, ці чатыры пераходы. Горад Кінійу — вялікі горад пад гарой, вельмі ажыўлены, пры ім шырокая населеная акруга. Гэтаксама ад гораду Нушы да гораду Нарус сто міляў у паўночна-заходнім накірунку. Гэты горад невялікі, у ім ёсць рынкі, дзе [наладжаны] купля-продаж. Ад гораду Нарус ва ўсходнім накірунку да гораду Салав сто трыццаць пяць міляў, а ад гораду Нарус да гораду Фіра на захад пяцьдзесят міляў, а ад [гораду] Фіра да гораду Набі на захад дваццаць пяць міляў».

Хоць этнонім «куманы» ёсць стандартным вызначэннем полаўцаў у еўрапейскіх крыніцах, невядомасць палавецкіх гарадоў згодна рускім летапісам змушае даследнікаў лічыць названыя гарады рускімі, шукаючы іх на руска-палавецкім памежжы. Аднак прапанаваныя лакалізацыі альбо абапіраюцца толькі на арабскую транскрыпцыю назваў, ігнаруючы пададзеныя ў тэксце адлегласці [Баруч, Носаў — В. Бейліс)], альбо пракладаюць маршрут паўз малавядомыя альбо зусім невядомыя населеныя пункты [гарадзішча каля Гайварона, Дзеравіч, Карэц, горад у ваколіцах Роўна — Б. Рыбакоў]. Разам з тым, усе названыя гарады адлюстраваныя на мапе Ідрысі, і можна прыгадаць іх правобразы на сучаснай мапе, пры гэтым размешчаныя практычна ў той жа форме: Нушы = Выш(гарад), Нарус = Оўруч, Фіра = Тураў (прапушчаны Пінск), Набі = Нобель, Кінійу = Чарнігаў.

Пры такой лакалізацыі Нушы і Нарус ёсць двайнікамі Букі і Баруні (Вышгарад і Оўруч), але Вышгарад, Оўруч, Тураў, (Пінск) і Нобель сапраўды размешчаны ўздоўж аднаго тракту, а Чарнігаў аддалены ад Вышгарада на ўзгаданую адлегласць у паўночна-ўсходнім накірунку. Усе згаданыя гарады на свой час з’яўляліся значнымі гарадскімі цэнтармі.

Агульнае параўнанне характару звестак Ідрысі і Нестара паказвае якасную розніцу ў падыходах двух аўтараў. Нестар канцэнтруецца на гісторыі кіеўскай дынастыі і гісторыі праваслаўнай царквы і апісвае Русь як спадчыну аднае дынастыі, нутраныя сваркі якой якасна розняцца ад барацьбы са знешнім ворагам. Ідрысі не ведае ніводнага імя рускага князя, ні палітычнай структуры рэгіёну, абмяжоўваючыся толькі геаграфічным пералічэннем тапонімаў (і далучаючы часам эканамічныя звесткі, прыкладам, пра дастатак зерня і танныя кошты). Яго інфарматарамі былі гандляры, якія вялі дальні гандаль, пры гэтым іншамоўныя, што аўтаматычна дэтэрмінавала іх аддаленасць ад палітычнага жыцця Русі. «Нузхат ал-муштак» дае магчымасць зірнуць на Старажытную Русь з гледзішча, што засталося невядомым для манаха Нестара — з гледзішча ўдзелу Русі ў далёкім гандлі, у якасці мосту паміж Усходам і Захадам, Прычарнамор’ем і Балтыкай. Для Ідрысі няма дакладных палітычных межаў — ён лёгка пераходзіць ад русаў да маджусаў ці палякаў, а старажытнарускія гарады размяшчае ў Куманіі. Аднак гэты погляд на міжнародны аспект Старажытнарускай дзяржавы таксама можа быць цікавы і карысны.

Асаблівасцю звестак Ідрысі можна лічыць тое, што ён часта паведамляе пра адлегласці паміж гарадамі, якія пераадольваюць яго інфарматары, падаючы іх у днях дарогі або мілях. У выпадку выкарыстання меры «дней дарогі» можна звяртацца да суадносін: 1 дзень дарогі = 25 міляў; дакладная велічыня мілі, якую выкарыстоўваюць яго інфарматары, невядомая. І. Канавалава прапануе карыстацца велічынёй 1 міля = 1555 метраў, якую вылічыў Тамашак на падставе звестак Ідрысі па Балканскай паўвыспе. Для практычных ацэнак дастаткова прыблізнага вызначэння даўжыні мілі ў 1,5 кіламетра, у такім выпаку аднадзённы шлях роўны 37 км.

Пры перадачы адлегласцяў у днях дарогі Ідрысі амаль заўсёды прыводзіць іх у акругленых велічынях — адзін, два, тры дні дарогі, што цалкам натуральна. Аднак, калі паведамляецца адлегласць паміж гарадамі ў мілях, яна нечакана часта робіцца кратнай 25 мілям, альбо сярэдняму дзённаму пераходу гандлёвага каравану. Паказальныя ў гэтым сэнсе аповеды пра краіну Куманійа, што цытавалася вышэй: з пяці адлегласцяў, названых Ідрысі — 100, 100, 135, 50, 25 міляў, — толькі адна, пры гэтым самая вялікая, не кратная даўжыні дзённага пераходу. Такое ўражанне, што гарады размяшчаліся не проста там, дзе было зручна іхным насельнікам (ля ракі, пры ўчастках урадлівых глебаў альбо зручных да абароны), але спецыяльна шукалі месцы, прыдатныя менавіта для транзітнага гандлю (начлегі караванаў блізу мястэчак нашмат зручнейшыя, чым у голым полі; але і пераходы паміж імі не мусяць выглядаць закароткімі або задоўгімі). Кратнасць прыведзеных адлегласцяў, як можа стацца, была другаснай (у першапачатковых нататках інфарматараў адлегласці маглі падавацца ў дзённых пераходах, а Ідрысі ж падчас рэдагавання матэрыялаў мог пераводзіць звесткі ў мілі паводле стандартнага пераліку 1 дзень дарогі = 25 міляў. Таму цікава знайсці пацверджанні (або абвяржэнні) у незалежных крыніцах.

На шчасце, такія крыніцы існуюць. Трэба ўзяць сучасную гістарычную мапу Старажытнай Русі і вымераць адлегласці паміж суседнімі гарадамі, напэўна альбо меркавана злучанымі гандлёвым трактам. Вынікі вымярэнняў выглядаюць дастаткова нечаканымі.

«Квантаванне» адлегласцяў паміж гарадамі і паселішчамі ўздоўж трактаў існуе незалежна ад звестак Ідрысі. Яно існуе на ўсёй тэрыторыі Старажытнай Русі, прычым часцей сустракаецца ў выглядзе адлегласці двухдзённага пераходу — 50 міляў, альбо 75 кіламетраў. Больш за тое, цяжка знайсці горад, для якога гэтае правіла цалкам бы не пасавала.

На агульным фоне яскрава вылучаюцца два рэгіёны:

1. Гарады ўсяго цячэння Паўднёвага Буга (ад вытокаў да Кучэльміна, з цэнтрам у Галічы) — квантаванне цалкам адсутнічае, адсутнічаюць і якія б кольвек гандлёвыя тракты. Перад намі сведчанне суцэльнага дамінавання мясцовых фактараў у размяшчэнні населеных пунктаў, адсутнасці ўплыву транзітнага гандлю.

2. Тэрыторыя Беларусі — практычна ўсе яе гарады выяўляюць яскравае квантаванне адлегласцяў, прычым пераважна ў выглядзе трохдзённага пераходу — 75 міляў альбо 110 кіламетраў.

Вось іх спіс: Мазырь—Тураў — 3-дзённы пераход; Тураў—Пінск — 3-дзённы пераход; Пінск—Нобель — 1-дзённы пераход; Пінск—Кобрын — 3-дзённы пераход; Кобрын—Бярэсце — 1,5-дзённы пераход (?); Кобрын—Ваўкавыск — 2-дзённы пераход; Ваўкавыск—Горадня — 2-дзённы пераход; Горадня—Візна — 3-дзённы пераход; Візна—Палтовеск — 3-дзённы пераход (і далей у Польшчу); Горадня—Турыйск — 2-дзённы пераход; Пінск—Клецк — 3-дзённы пераход; Клецк—Нясвіж — 1-дзённы пераход; Нясвіж—Мінск — 3-дзённы пераход; Нясвіж—Новагародак — 2-дзённы пераход; Мінск—Лагойск — 1-дзённы пераход; Мінск—Барысаў — 2-дзённы пераход; Барысаў—Друцк — 2-дзённы пераход; Друцк—Одрск — 1-дзённы пераход; Одрск—Орша — 0,5-дзённы пераход (?); Орша—Смаленск — 3-дзённы пераход; Тураў—Слуцк — 3-дзённы пераход; Слуцк—Мінск — 3-дзённы пераход; Мінск—Свіслач — 3-дзённы пераход; Свіслач—Стрэжаў — 3-дзённы пераход; Стрэжаў—Мазыр — 3-дзённы пераход; Мазыр—Чарнобыль — 3-дзённы пераход; Чарнобыль—Кіеў — 3-дзённы пераход.

Такім чынам, на ўсю тэрыторыю Беларусі сустракаем толькі два выпадкі «неквантаваных» адлегласцяў, пры гэтым абедзве пары гарадоў відавочна месцяцца на трасе гандлёвых трактаў.

Квантаванне закранае і сумежныя з Беларуссю рэгіёны: Кіеў—Оўруч — 4-дзённы пераход; Оўруч—Тураў — 3-дзённы пераход; Іскарасцень—Оўруч — 1-дзённы пераход; Оўруч—Мазыр — 2-дзённы пераход; Мазыр—Чарнігаў — 4-дзённы пераход.

У наваколлях Полацка таксама выяўляецца квантаванне: Барысаў—Полацк — 4-дзённы пераход; Полацк—Одрск — 4-дзённы пераход; Полацк—Лукомль — 3-дзённы пераход; Лукомль—Барысаў — 2-дзённы пераход; Лукомль—Одрск — 2-дзённы пераход.

Да якіх высноваў падштурхоўвае гэты пералік? Землі Беларусі, як высвятляецца, пакрыты сеткаю населеных пунктаў, стваральнікі якіх пры выбары месцаў для паселішча ўлічвалі не толькі выключна мясцовыя ўмовы, але і адлегласці да сваіх суседзяў, імкнучыся спрасціць рух гандлёвых караванаў паміж гарадамі. Вельмі істотна, што названы парадак пашыраўся на адлегласці ў сотні і сотні кіламетраў, практычна ахопліваючы ўсю Усходнюю Еўропу. Для сістэмнага разумення падобных феноменаў даводзіцца дапускаць наяўнасць эфектыўнай дзяржаўнай улады, здольнай прымаць стратэгічныя рашэнні і кіраваць рэсурсамі на вялікіх тэрыторыях.

Якім часам можна датаваць узнікненне гэтай сістэмы гандлю? Улічваючы яе надзвычайную працягласць, можна меркаваць пра паступовасць яе ўзнікнення — шмат якія з прыгаданых гарадоў (тыя ж Лагожск — Лагойск або Барысаў) заснаваны адносна позна, ужо ў ХІІ стагоддзі. Аднак некаторыя населеныя пункты маюць надзвычай шанаваны ўзрост. Места Тураў, узведзенае ў сэрцы гандлёвага тракту, нават паводле летапісу існавала перад прыходам дынастыі Рурыкавічаў у Кіеў. Гарады Іскарасцень і Оўруч з’яўляліся цэнтрамі драўлянаў і былі заснаваныя таксама незалежна ад Рурыкавічаў. Не выпадае сумнявацца ў старадаўнім веку Кіева. І калі гэтыя чатыры гарады — Кіеў, Оўруч, Іскарасцень ды Тураў — узніклі ў перадваражскія часы, але падпадаюць пад сістэму квантавання адлегласцяў (г. зн. былі ўцягнутыя ў транскантынентальны гандаль з Усходам), дык можна, адпаведна, дапускаць, што падваліны гэтай сістэмы закладаліся яшчэ ў далетапісныя часы незалежна ад дынастыі Рурыкавічаў.

Што новае можа прынесці погляд на геаграфію Старажытнай Русі, заснаваны на дапушчэнні квантавання адлегласцяў ? Ці не найбольш яскравым узорам выглядае частка названай сеткі шляхоў — участак Мазыр—Чарнігаў. Ён мае даўжыню 4-дзённага пераходу, перасякаючы ў дарозе Дняпро каля Любеча. Звычайна Любеч лічыцца значным горадам Русі, паколькі стаіць на Дняпры і мог выкарыстоўвацца варагамі на шляху «з варагаў у грэкі». Аднак уважлівы погляд на мапу гэтага ўчастку прыцягвае ўвагу на размешчаныя на ім яшчэ гарады — Ліствен і Брагін. І якімі ж яны падзелены адлегласцямі?

Мазыр—Брагін — 2-дзённы пераход; Брагін—Ліствен — 1-дзённы пераход; Ліствен—Чарнігаў — 1-дзённы пераход.

Іншымі словамі, паміж усімі трыма гарадамі выяўляюцца ідэальна квантаваныя адлегласці. Гармонію лічбаў не парушае нават перасячэнне шляхам Дняпра. Любеч стаіць на сярэднім участку Брагін—Ліствен, і ягонае размяшчэнне на тракце вызначаецца ракой, а не задумкай будаўнікоў. Становішча можна схарактарызаваць наступным чынам: гарады Ліствен і Брагін былі заснаваныя менавіта дзеля таго, каб падтрымліваць працу тракту Чарнігаў—Мазыр, што праходзіў праз іх, роля Любеча зводзілася не больш як да перавозу праз Дняпро караванаў, што рухаліся па тракце. Дняпро не рабіў значнага ўплыву на караванны гандаль, што перасякаў раку.

У выніку аналізу адлегласцяў можна выявіць і працяг разгледжанага намі маршруту на Усход: Чарнігаў—Уненеж — 2-дзённы пераход; Уненеж—Прылукі — 2-дзённы пераход; Прылукі—Лубны — 2-дзённы пераход.

Лубны месцяцца на беразе ракі Сулы, дзе землі рускіх гарадоў заканчваліся і пачынаўся Палавецкі стэп. Таму прасачыць тракт далей у стэп падобным жа чынам не атрымліваецца. Але менавіта з Лубнаў пачынаўся славуты Залозны шлях, на якім пазней паўстала Палтава са знакамітым Палтаўскім кірмашом (узнікла, дарэчы, на адлегласці раўнютка 3-дзённага пераходу ад Лубнаў...).

Сістэма транскантынентальнага гандлю не мае тлумачэння пры звыклым нарманісцкім падыходзе, магутны рэнесанс якога назіраецца цягам апошняга дзесяцігоддзя. Моцная прывязанасць звестак пра «пакліканне варагаў» да рускай Поўначы (Ізборск, Белавозера), дзе квантаванне адлегласцяў не прасочваецца і ў больш познія часы, характарыстыка варагаў як «находнікаў» паводле летапісу, цяглая ўвага нарманістаў да рачных, а не сухапутных шляхоў зносін ва Усходняй Еўропе, калі зусім адсутнічае рэгулярная сетка пунктаў «варажскай прысутнасці», — усё гэта робіць невытлумачальным у выпадку падобнага падыходу ўзнікненне сістэмы транскантынентальнага сухапутнага гандлю, пашыранай на сотні кіламетраў. Добра вядомыя месцы прысутнасці скандынаваў ва Усходняй Еўропе нешматлікія (Ладага, Сарскае ды Цімераўскае гарадзішчы, Смаленск, Чарнігаўскія курганы), яны не перакрываюць усіх тэрыторыяў і пакідаюць без вытлумачэння выпадкі відавочнага квантавання адлегласцяў у рэгіёнах кшталту Іскарасценя і Оўруча ў землях драўлянаў, дзе ўзнікненне пасяленняў нават паводле летапісу адбывалася без удзелу варажскіх князёў. Дэкларуючы наяўнасць насычанага руху па ўсходнееўрапейскіх рэках, адначасна не зважаючы на сухапутны караванны гандаль, можна істотна сказіць уяўленне пра рухаючыя матывы урбанізацыі ў рэгіёне.

Прасачыць сістэму гандлёвых трактаў на падставе звестак рускіх летапісаў практычна немагчыма, паколькі іхныя асноўныя складальнікі — манахі — не былі знаёмыя з гандлем, найперш з гандлем далёкім, і не надавалі яму адпаведнай увагі. Інфарматарамі Ідрысі з’яўляліся менавіта купцы, для якіх гандлёвыя тракты і кан’юнктура знаходзіліся на першых месцах. Мяркуючы па апісаннях Ідрысі, што да ХІІ ст., дык сістэма яшчэ паўнавартасна дзейнічала. І менавіта з гэтае прычыны ягоныя звесткі прыцягваюць самую пільную цікавасць для рэканструкцыі ўсходнееўрапейскага шляху транскантынентальнага гандлю, які непасрэдным чынам паўплываў на агульны працэс урбанізацыі Старажытнай Русі.


ЛІТАРАТУРА

1. Коновалова И. «Восточная Европа в сочинении ал-Идриси». Москва, издательская фирма «Восточная литература» РАН, 1999.

2. Рыбаков Б. Русские земли по карте Идриси 1154 года // Кpаткие сообщения о докладах и полевых исследованиях Института истоpии матеpиальной культуpы (КСИИМК). Вып. 43. М., 1952.

3. Махновець Л. «Літопис Руський» Київ, «Дніпро», 1989.

4. «La Geographie d’Idrisi». Мультымедыя-энцыклапедыя выдавецтва «Montparnasse Multimedia» і Нацыянальнай бібліятэкі Францыі, 2001.

5. Дадатковыя матэрыялы па «Нузхат ал-муштак» размешчаны ў Інтэрнэце па адрасе idrisi.narod.ru


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster