БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

Пошук...КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Партнэры... | Кнігі...Аўтары..

 
Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён  
[Allegro.pl]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Дасьледваньні
    Гісторыя
    Грамадзтва
    Літаратура
    Мова
    Палітыка
    Пераклады
    Правы чалавека
    Рэлігія
    Слоўнікі
    Турыстыка

 ЧАСОПІСЫ
  •  Абажур
  •  Akcent

     
Białoruski

  • 
Annus
      Albaruthenicus
  •  АRCHE
  • 
Асамблея
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  • 
БГА
  •  Беларус
  •  Беларускія
     Ведамасьці

  •  Белорусский
     Сборник

  •  Бельскі
     Гостінэць

  •  Гістарычны
     Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Дзеяслоў
  •  Druvis
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Палітычная

       
сфера

  •  Паміж
  •  pARTisan
  •  Правінцыя
  •  Праўнік
  •  Рэзыстанс
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы
  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў ARCHE ФРАГМЭНТЫ Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вока www.bialorus.pl БАЖ ПАГОНЯ Вiльня Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Беларусы ў Аўстраліі Ліра ZBM

 

 

СПАДЧЫНА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
 СПАДЧЫНА № 6/2003      Тэма нумару: Далітоўская Беларусь

За вольную і сувэрэнную Беларусь

Падрыхтоўка да друку і камэнтары 
Алега ГАРДЗІЕНКІ

БРАНСКІ ПЭРЫЯД

Я пакінуў Менск 30 кастрычніка 1941 г. і разам з фэльдкамэндатурай, Г. Краацам, Міхасём Вітушкам і Радаславам Астроўскім паехаў на паўночны адцінак сярэдняга фронту.

Нямецкая армія набліжалася да Масквы. Надвор’е было дажджлівае. Аўтастрада Менск — Орша — Смаленск — Масква была моцна пашкоджаная цяжкімі нямецкімі танкамі, гарматамі, машынамі й пакрыта скрозь амаль паўмэтровым балотам. Грузавікі вязнулі ў балоце й не маглі дастаўляць на фронт амуніцыі й бензыны. Палявыя пабочныя дарогі былі непраходнымі. Усе спробы немцаў апошнімі высілкамі заняць Маскву паралізаваліся ня Чырвонай арміяй, але непагодай і непраходнымі дарогамі. Каб заняць Маскву, немцы чакалі на прымаразкі.

Зь вялікімі цяжкасьцямі на савецкіх трафэйных машынах супольна са штабам Г. Крааца дабраліся да Оршы, якую немцы занялі ў кастрычніку 1941 г.[1].

Раптам у ноч з 6 на 7 лістапада на ўсім адцінку сярэдняга фронту неспадзявана прыйшоў мароз. Тэрмомэтар упаў да мінус дзесяці градусаў Цэльсія. Афэнзыва на Маскву часова спынілася. Надыходзілі транспарты з амуніцыяй, бензынай, але вопраткі зімовай не было. Праз пару дзён мароз даходзіў да 20 градусаў. Немцы мерзьлі, зброя замярзала й не страляла. Настала марозная зіма. Краац разам з VII аддзелам камэндатуры быў скіраваны ў Бранск. Мы паехалі за ім.

Бранск быў вельмі важным стратэгічным чыгуначным вузлом зь якога ішлі цягнікі на поўнач, поўдзень, захад і ўсход Савецкага Саюзу. Горад быў разьмешчаны сярод лясоў і балотных далінаў. Тут генэрал Яроменка[2] падгатаваў абаронныя пазыцыі. Аднак панцырная армія генэрала Гудэрыяна[3] зьнянацкім абходам з боку Арла акружыла яго. 6 кастрычніка 1941 г. Бранск амаль бяз бою быў заняты 17-й панцырнай дывізіяй генэрала Арніма[4].

Больш за дзесяць дзён стараўся Яроменка прарвацца з акружэньня, аднак галоўныя сілы змушаныя былі капітуляваць. Сам генэрал цяжкаранены разам са сваім штабам змог прарвацца. Каля 700 000 байцоў і камандзіраў здаліся ў палон. Больш за 1000 танкаў і 5000 гарматаў былі зьнішчаныя або захопленыя немцамі.

Па бранскіх лясох і па вёсках акругі блукалі тысячы галодных байцоў-«акружэнцаў», якія не хацелі змагацца за Сталіна, але таксама не хацелі ісьці ў нямецкі палон, бо ўжо былі паінфармаваныя пра нямецкія зьдзекі ў лягерох для ваеннапалонных.

У Бранску ўжо была арганізаваная Гарадзкая ўправа ОД[5]. На чале ўправы стаяў п’яніца-«фольксдойч» — паволскі немец з Клінцоў, які самавольна тут гаспадарыў.

Першае спатканьне з жыхарамі Бранску й ягоных ваколіцаў — раённых цэнтраў і калгасаў — зрабіла на мяне вельмі прыемнае й пазытыўнае ўражаньне. Моўна Бранск быў менш зрусыфікаваны, чым Менск. Гэта самае можна было сказаць адносна райцэнтраў. Нягледзячы на моцную русыфікацыю, Бранск і ягоная акруга засталіся вернымі беларускай мове. Прыемна было чуць тут беларускае вымаўленьне.

Для арганізацыі абласнога жыцьця патрэбная была лучнасьць з раёнамі й арганізацыя аўтарытэтнага кіраўнічага цэнтру. Я абняў функцыю начальніка акруговага ОД, Міхась Вітушка пераняў функцыю майго заступніка. Радаслаў Астроўскі быў вызначаным кіраўніком акруговай управы. Патрэбныя былі людзі для ОД і для адміністрацыі. Савецкай жа трафэйнай зброі было дастаткова.

Выслухаўшы скаргі пазасталых яшчэ ў Бранску байцоў ОД, у суправаджэньні мясцовага ОД-канвою на грузавіках, паехаў у раённыя цэнтры акругі, пазнаёміцца з сытуацыяй і настроем мясцовых жыхароў.

Цягам некалькіх дзён былі наведаныя раённыя цэнтры: на ўсходзе Карачаў, які ляжаў на шашы Бранск — Арол, дзе знаходзіўся вялікі аэрадром, Наўля — на поўдні, Почап, Краснае, Выганічы — на паўднёвы захад, Жыраціно, Клетня — на захадзе, Дзяцькава й Жукаўка — на поўнач. Між іншага, Карачаў быў апошнім горадам на ўсход ад Бранска, дзе адчувалася пераважна беларуская гаворка. У гэтых раёнах я правёў шырокі абмен думкамі зь мясцовымі жыхарамі й пазасталым у раёнах адміністрацыйным пэрсаналам, выразна выказаў свае погляды на сталінскі атэістычна-камуністычны рэжым, сказаў, што я беларус з Заходняй Беларусі й за два гады бальшавіцкае акупацыі добра пазнаў савецкі рэжым і цяпер змагаюся з бязбожным камунізмам з надзеяй супольнымі сіламі здабыць вольнасьць і незалежнасьць для беларускага народу. Я ім сказаў, што яны адносяцца да беларускага племені й толькі сілаю гістарычных падзеяў былі адарваныя ад маці-Беларусі. Доказам гэтага ёсьць іхнае беларускае вымаўленьне. Я прапанаваў ім супольна змагацца за вызваленьне Бацькаўшчыны ад камунізму ды ад кожнага акупанта. Я верыў, што сярод мясцовага насельніцтва знойдуцца шчырыя патрыёты, якія будуць змагацца супраць кожнага акупанта за вольнасьць свайго краю.

Прысутныя прадстаўнікі раёнаў і калгасаў віталі й падзялялі мае пагляды. Яны выказалі гатоўнасьць арганізаваць баявыя аддзелы ОД для барацьбы зь ляснымі бандамі. Адначасна я акцэптаваў выбраных жыхарамі раённых цэнтраў кіраўнікоў ОД-аддзелаў для арганізацыі гэтых баявых адзінак, для наладжваньня парадку ў раёне й абароны населеных пунктаў ад нападаў тады яшчэ не арганізаваных акружэнцаў, якія рабавалі вёскі.

Хутка ўсе раёны былі арганізаваныя: ОД было добра ўзброенае савецкай зброяй, уключна з кулямётамі й гарматамі. Збройныя майстэрні ОД рамантавалі й складалі зброю. Сувязь з раёнамі была наладжаная. Нават нямецкія вайскова-адміністрацыйныя часткі фэльдкамэндатуры для лучнасьці са сваімі часткамі ў раёнах высылалі пры патрэбе сувязных пад аховай мясцовых байцоў. Дарогі й населеныя пункты ў Бранскай акрузе былі пад поўным кантролем ОД — Беларускага краёвага войска (БКВ).

Зіма прыйшла зьнянацку й лютая. Сьнег пакрыў увесь адцінак сярэдняга фронту. У канцы лістапада 1941 г. мароз даходзіў да мінус сарака градусаў. Лучнасьць ОД з раёнамі трымалася санкамі.

Да пачатку 1942 г. арганізаваных нападаў лясных бандаў не было — баявыя аддзелы ОД былі добра арганізаваныя й узброеныя. Лічба вайсковых аддзелаў ОД у Бранскай акрузе даходзіла да 5000 чалавек. Арганізаваныя конныя аддзелы ОД (г. зв. лятучыя аддзелы) прачышчалі непраходныя бранскія лясныя дарогі й кантралявалі акругу. Мясцовае насельніцтва ня верыла «акружэнцам» і прымала іх пераважна да працы ў гаспадарцы, рэдка — у шэрагі ОД — БКВ.

«Акружэнцы», пераважна, напраўляліся ў Локацкі раён, дзе інжынер Васкабойнік[6] арганізаваў збройныя атрады з гэтых «акружэнцаў» для абароны Локця й суседніх калгасаў. Ён загінуў у баі з бандамі. Камандаваньне над атрадамі й кіраўніцтва над Локацкім раёнам пераняў інжынэр Камінскі[7]. Ён назваў свае аддзелы Русской Освободительной Народной Армией (РОНА) і арганізаваў у Локаці Расейскую Нацыянал-Сацыялістычную Партыю, падобную, як ён казаў, да нямецкай. Гэтыя вайсковыя аддзелы пасьля адыходу немцаў з Локаця прайшлі праз усю Беларусь аж да Варшавы, здэмаралізаваліся й нанесьлі насельніцтву Беларусі вялікую шкоду й у Варшаве яны бралі ўдзел у зьнішчэньні Варшаўскага паўстаньня, дзе бязьлітасна грабілі й забівалі палякаў.

Як было ўжо вышэй згадана, арганізаваных партызанскіх атрадаў у 1941 г. у Бранскай акрузе не было. Хутка арганізаванае ОД — БКВ не дало ім магчымасьці арганізавацца. Я ў суправаджэньні свайго абароннага канвою, які складаўся зь мясцовых жыхароў, разьяжджаў па лясных раёнах у санках. Часамі ў лясох зьяўлялася пара сотняў «акружэнцаў», але, пабачыўшы кулямёты на санках, хаваліся ў лесе.

Мясцовае насельніцтва прыхільна ставілася да немцаў. Гэтаму спрыяла разумная палітыка камандуючага 2-й панцырнай арміі генэрал-палкоўніка Рудольфа Шміта[8], які ў канцы сьнежня 1941 г. абняў камандаваньне гэтай арміяй. Ён бачыў пазытыўны вынік нашай працы зь мясцовым насельніцтвам і дапамогу, якую насельніцтва аказвала нямецкай арміі. Генэрал Шміт выдаў адпаведныя ўказаньні сваёй арміі прыхільна ставіцца да мясцовага насельніцтва й ОД і дапамагаць наладжваць нармальнае жыцьцё ў Бранскай акрузе. Стаўленьне генэрала, ягонага штабу й афіцэрскага корпусу да мяне й Міхася было сяброўскім. Вельмі шмат дапамагалі сваім прыхільным стаўленьнем і падтрымкай прапановаў і мерапрыемстваў Г. Краац, зондэрфюрэр Артур Доэльлерт, балтыйскі немец пры штабе 2-й панцырнай арміі, а таксама палкоўнік фон Бэнкендорф. Я й Міхась сталаваліся ў афіцэрскім казіно разам з генэралам Шмітам. Часта падчас супольнага абеду ці вячэры моцна крытыкаваліся стаўленьне аддзелаў да ваеннапалонных, няясная пазыцыя Бэрліна да лёсу народаў СССР. Аднак сярод вышэйшых афіцэраў штабу было пераконаньне, што гэтыя погляды хутка зьменяцца на карысьць насельніцтва на акупаваных немцамі прасторах СССР. Франтавікі ведалі, што без дапамогі мясцовага насельніцтва яны не паканаюць сталінскі рэжым.

[...]

У першых днях студзеня 1942 г. франтавая сытуацыя ў Бранску раптоўна пагоршылася й стала небясьпечнай для ўсяго сярэдняга фронту. Прыбылі сыбірскія войскі. Успаможаныя амэрыканскай зброяй — танкамі й харчамі, — яны прарвалі паўночна-ўсходні нямецкі фронт паміж Калугай і Бялевам[9] і прасоўваліся ў кірунку Сухінічаў ды пагражалі акружэньнем Бранску й Вязьме[10], занятымі немцамі. Мароз і сьнег перашкаджалі нямецкаму адступленьню. Нямецкі франтавы штаб і VІІ аддзел камэндатуры, а таксама Вітушка й Астроўскі разам з Краацам былі эвакуаваныя з Бранску. Каб не рабіць панікі сярод насельніцтва й ОД у горадзе, апрача перадавых франтавых частак, застаўся я й палкоўнік фон Бэнкендорф. Сухінічы былі акружаныя савецкай арміяй; каля Людзінава[11], недалёка Бранску, ішлі ўпорыстыя баі.

Сталін выслаў у бой у перадавыя шэрагі штрафныя батальёны, за якімі ішлі войскі НКВД і стралялі ўсіх, хто ня йшоў наперад. За гэтымі батальёнамі ішлі выбраныя сыбірскія войскі 10-й арміі.

Немцы занялі пазыцыі й кулямётным агнём «касілі» ўсіх наступаючых байцоў. Карціна была жудасная. Забітыя байцы ляжалі цэлымі пластамі адзін на другім. Пасьля бязьлітаснага змаганьня ў канцы студзеня 1942 г. немцы вызвалілі сваю акружаную ў Сухінічах пяхоту. Затым у доўгіх баёх затрымалі савецкі прарыў. Штаб нямецкага камандаваньня вярнуўся ў Бранск. Бранскае ОД па-геройску змагалася супраць савецкай арміі й дапамагала ў вывазцы ў тыл параненых. За гэта ад камандаваньня атрымаў падзяку. Фон Бэнкендорф, мой сябра й прыяцель беларусаў, быў вызначаны камандзірам пяхотнага франтавога палка ў Людзінаве. Нягледзячы на блізкі фронт і цяжкія баі, мясцовае насельніцтва прыхільна ставілася да нямецкай арміі й памагала ёй у барацьбе з партызанамі, выкрываючы іхнія гнёзды, якія пачалі тварыцца з «акружэнцаў», і спэцыяльна пакінутымі ці перакінутымі самалётамі палітрукамі.

Я карыстаўся поўным даверам і падтрымкай у жыхароў Браншчыны. ОД павялічвалася й да канца красавіка дайшло да 10 000 чалавек. Былі арганізаваныя падафіцэрскія школы й збройныя майстроўні, якія дастаўлялі аддзелам ОД адпаведную зброю з трафэйных звалак зброі.

Зімою 1942 г. партызаны стараліся выбіць ОД — БКВ у Наўлі. Але сіла супраціву ОД была вялікая. Контратакаю нанесьлі партызанам вялікія страты, пасьля чаго Наўля была на даўжэйшы час застаўлена партызанамі ў супакоі. У гэтым баі ОД Наўлі таксама панесла страты. Начальнік ОД С. загінуў у баі. На ягонае месца я вызначыў жыхара Наўлі М., які камандаваў ОД у Бранску. Камандаваньнем ОД у Бранску даручыў заходніку К. Заступнікам вызначыў жыхара Бранску інж. Ж., сьвядомага антыкамуніста.

Апрача арганізацыі збройных сілаў я браў актыўны ўдзел у арганізацыі царкоўнага жыцьця ў Бранскай акрузе. Дапамагаў архімандрыту Паўлу (Мялецьеву)[12], які ў 1937—1941 г., зь ягоных слоў і з паказаньня мясцовых жыхароў, жыў у Бранску нелегальна й патаемна адпраўляў набажэнства ў дамах вернікаў (г. зв. катакомбная царква). З прыходам нямецкай арміі пачаў арганізоўваць царкоўнае жыцьцё ў Бранску й ваколіцах.

З маёй дапамогай у Бранску й у раённых цэнтрах былі падрыхтаваныя адпаведныя будынкі для адпраўленьня набажэнства — і Павал пачаў адпраўляць божыя службы. У 1942 г. Павал атрымаў ад Беларускай мітраполіі богаславеньне на дзейнасьць у адраджэньні царкоўнага жыцьця ў Бранскай акрузе.

У другой палове красавіка Краац быў пераведзены ў Смаленск. Зь ім выехаў Радаслаў Астроўскі, які арганізаваў у вольнай ад партызанаў Бранскай акрузе цывільную адміністрацыю, пакінуўшы акруговым кіраўніком былога ваеннапалоннага агранома Пятрова. Зь Міхасём на некалькі дзён засталіся ў Бранску, каб палагодзіць справу кіраўніка ОД у горадзе Арджанікідзэградзе, на якога паступілі скаргі мясцовага насельніцтва. Гэта быў стары эмігрант-расеец з Бэрліна, якога сюды прывезла нямецкае СД.

Разгледзеўшы скаргі й расьсьледаваўшы ўсе абвінавачаньні ў няўмелым і нетактоўным абыходжаньні кіраўніка ОД зь мясцовымі жыхарамі, я зьняў яго з працы й на прапанову мясцовага актыву вызначыў кіраўніком ОД маладога й энэргічнага мясцовага жыхара Г. На другі дзень новапастаўлены кіраўнік ОД быў арыштаваны СД і пасаджаны ў турму. Я неадкладна зьвярнуўся да камандуючага генэрала, які адразу звольніў арыштаванага Г. і аднавіў яго на пасадзе кіраўніка ОД у Арджанікідзэградзе, дзе ён сумленна выконваў свае абавязкі да самага адступленьня нямецкай арміі.

Мая супраца з аддзеламі ОД Бранскай акругі была наладжана. Сярод камандзіраў і байцоў знайшоў адборныя й адданыя сілы, якія ў патрэбе змаглі б самааддана змагацца з кожным акупантам краю. Рыхтаваліся выбраныя камандзіры й байцы вызвольных атрадаў Беларускае Незалежніцкае Партыі.

Перад ад’ездам у Смаленск я наведаў усе аддзелы ОД Бранскай акругі, пажагнаўся з усімі камандзірамі й байцамі ОД, падкрэсьліўшы ім яшчэ раз, што мэтай нашага змаганьня ёсьць асягненьне вольнасьці й незалежнасьці сваёй бацькаўшчыны й паабяцаў трымаць з Бранскім ОД сувязь.

20 красавіка зь Міхасём заладавалі свае аўтамашыны на цягнік на Бранскай таварнай чыгуначнай станцыі, каб ад’ехаць у Смаленск і абняць ОД Смаленскай акругі.

Гэта быў дзень нараджэньня Гітлера. На станцыі стаялі прышыкаваныя да ад’езду эшалёны Чырвонага Крыжа з параненымі салдатамі, а таксама эшалёны з амуніцыяй і зброяй. Неспадзявана начную цемру й цішыню парушыў гул самалётаў. З усіх бакоў Бранску неба прарэзалі прамяні пражэктараў, якія скрыжоўваліся на небе ў малых бліскучых рухомых пунктах — савецкіх самалётах. Пачалася моцная страляніна супрацьсамалётных гарматаў. Неба пакрылася маленькімі, як мячык, клубочкамі дыму, гэта разрываліся снарады. Аднак самалёты далей збліжаліся ў кірунку таварнай станцыі. Даляцеўшы да яе, пачалі скідаць свой груз — бомбы. Першая бомба трапіла ў склад амуніцыі. Страшэнны выбух асьвятліў і ўскалыхнуў усю ваколіцу. Снарады й бомбы разрываліся па ўсёй таварнай станцыі. Параненыя прасілі паратунку. Не пасьпелі ўсе павыскокваць зь цягнікоў, як наступная хваля савецкай эскадрыльлі пачала ізноў скідаць свае бомбы на асьветленую выбухамі таварную станцыю.

Гэтым разам бомбы трапілі ў вялізную цыстэрну з бэнзынам. Велізарны слуп полымя вышынёю каля 200—300 мэтраў падняўся ўгору й асьвятліў усю таварную станцыю й яе ваколіцы.

Выбухі бомбаў перамешваліся з выбухамі амуніцыі й артылерыйскай стралянінай. Экскадрыльля за экскадрыльляй ляцелі савецкія самалёты ды скідалі на бранскую чыгуначную станцыю й яе ваколіцы свой цяжкі груз, бомбы, на ўсе важныя вайсковыя аб’екты станцыі. Надзвычайнае відовішча гэтага налёту было тады, калі бомбы трапілі ў вайсковы склад, у якім перахоўваліся вайсковыя ракеты. Тысячы ракетаў агромістым, каляровым букетам укрылі ўсё неба.

Бомбы дзясяткамі падалі паміж вагонамі Чырвонага Крыжа й вайсковых эшалёнаў. На шчасьце, гэтыя бомбы не былі вялікага калібру. Я й падначаленыя выцягвалі з палаючых вагонаў параненых і забітых нямецкіх жаўнераў. Каля пяці гадзінаў трывала гэтая бамбёжка.

Толькі к вечару наступнага дня пасьля папраўкі рэйкаў мы паехалі ў кірунку Смаленску.

За паўгады працы я пераканаўся, што жыхары Браншчыны засталіся вернымі сваёй Маці-Беларусі й нягледзячы на сотні гадоў маскоўскага панаваньня не забылі на сваю беларускую крывіцкую мову, а пазасталі ёй вернымі. Яны пры першай магчымасьці схапіліся за зброю, каб вызваліцца ад акупацыйнага маскоўскага рэжыму й супольна з усім беларускім народам змагацца за свае чалавечыя, нацыянальныя й дзяржаўныя правы ў сваёй вольнай бацькаўшчыне.

СМАЛЕНСКІ ПЭРЫЯД

У Смаленск прыбылі 22 красавіка 1942 г., застаўшы амаль усю акругу занятай партызанамі. Горад быў літаральна разьбіты, а жыхары былі моцна зрусыфікаваныя. Як відаць, Масква старалася зьнішчыць беларускую гаворку. Бургамістрам быў былы савецкі юрыст Мяньшагін Барыс Георгіевіч[13], энэргічны і здольны расейскі шавініст. Заступнікам — расейскі салідарыст (НТС-вец) эмігрант Гандук. Кіраўніком смаленскага гарадзкога ОД быў таксама былы савецкі ўрадовец С. Ён быў інтэлігентным і дысцыплінаваным працаўніком. У нацыянальных адносінах быў вельмі талерантным. Гарадзкое ОД было добра арганізаваным і налічвала каля 150 чалавек.

На чале раённага кіраўніцтва быў савецкі настаўнік Бібікаў. Ён сядзеў у Смаленску й чакаў, пакуль раён будзе вольным ад партызанаў. Кіраўніком раённага ОД быў расеец Умноў, здольны інтэлектуаліст і вядомы вораг сталінскага рэжыму.

Яшчэ паўгады таму ўсе прасторы Смаленскай акругі былі вольнымі ад лясных бандаў. А ўжо вясною 1942 г. нельга было выехаць за горад на 3—5 км. Усюды былі партызанскія заставы, якія абстрэльвалі аўтамашыны. Партызаны чуліся гаспадарамі ў цэлай акрузе. Толькі ў раённых цэнтрах і населеных пунктах, дзе стаялі моцныя нямецкія гарнізоны, насельніцтва пачувалася бясьпечным ад лясных бандаў. Аднак і ў раённых цэнтрах немцы ня чуліся ўпэўнена й часта акружаліся ўмацаванымі бункерамі. Тэлефоннай сувязі раёнаў са Смаленскам не было. Тэлефонныя слупы банды падпілоўвалі альбо ўзрывалі мінамі. Ня было магчымасьці па некалькі разоў на дзень папраўляць тэлефонны дрот. Сувязь са Смаленскам трымалася цераз радыё.

Часам для сувязі з раёнамі па дарогах праяжджалі нямецкія танкі. Дарогі былі замінаваныя партызанамі. Для прачысткі ад мінаў гэтых дарогаў немцы змушалі калгасьнікаў, жыхароў вёсак, штодня правяраць гэтыя дарогі. Конь цягнуў барану, на якой ляжаў цяжкі камень, а калгасьнік доўгімі лейцамі кіраваў канём. Але й гэта не дапамагала! Часта калгасьнікі траплялі на міны, якія ўзрываліся, забівалі каня, ранілі альбо забівалі селяніна. Партызаны тады закладалі новыя міны. Насельніцтва было запужанае. З аднаго боку аддзеламі СС, якія часам праходзілі праз вёскі й ці забіралі ў калгасьнікаў харчовыя прадукты, ці для падтрымкі сувязі зь перадавымі бункерамі. Зь іншага — ляснымі бандамі, якія ім не давалі супакою, забіралі скот і правіянт і змушалі працаваць супраць немцаў.

Восеньню 1941 г. вёскі рабавалі «акружэнцы» й былыя ваеннапалонныя, якім удалося ўцячы зь лягероў. Вёскі арганізоўвалі самаабарону. У шэрагі самаабароны запісваліся ўсе калгасьнікі, спачатку ўзброеныя дубінамі, баранілі свае вёскі ад гэтых бандаў і адбівалі іх напады. Аднак зімою 1942 г. Масква пачала перакідаць у нямецкі тыл партызанскія дэсанты, якія складаліся з маскоўскіх палітрукоў і камандных саставаў, якія арганізавалі з «акружэнцаў» і былых ваеннапалонных партызанскія вайсковыя адзінкі. Гэтыя партызанскія атрады забіралі ад калгасьнікаў апошнія харчы й каровы ды змушалі дапамагаць ім у барацьбе супраць немцаў.

Тады немцы пачалі выдаваць на кожны абаронны пункт самааховы па тры бэльгійскія вінтоўкі й па пяць патронаў на вінтоўку. Расейскіх вінтовак пад караю сьмерці немцы мець забаранілі. У такіх варунках самаахова не магла змагацца з добраўзброенымі маскоўскімі бандамі. Стаўленьне жыхароў Смаленшчыны да лясных маскоўскіх бандаў было негатыўнае й пасіўнае.

Масква гэта бачыла й ведала, што жыхары Смаленшчыны добраахвотна ня будуць дапамагаць лясным бандам. Дзеля гэтага яна рознымі правакатарскімі спосабамі імкнулася змусіць беларусаў змагацца за савецкую ўладу. Маскоўскія партызаны стараліся, каб немцы як мага больш рабілі крыўдаў народу, каб народ пачаў немцаў ненавідзець і змагацца зь імі. Сваёй правакатарскай працай, падрывам цягнікоў каля вёсак, падкладаючы міны й забіваючы немцаў каля населеных пунктаў, маскоўскія парашутысты спэцыяльна імкнуліся справакаваць нямецкія карныя атрады, якія затым бязьлітасна зьнішчалі пазасталых жыхароў гэтых вёсак, што не хацелі ісьці ў лес да партызанаў, а заставаліся ў вёсках.

Калі й гэты спосаб правакацыі не ўдаваўся й вайсковае нямецкае камандаваньне не карала жыхароў за забойства бандамі нямецкага жаўнера — маскоўскія партызаны ўжывалі іншую тактыку, каб уцягнуць калгасьнікаў у супрацу. Яны абвяшчалі некаторыя вёскі ополченческими, гэта значыць змушалі жыхароў вёсак пад кіраўніцтвам і пад наглядам сваіх людзей выконваць дробныя падрыўныя работы, прыкладам, выкапаць каля вёскі ямы для мінаў, разбурыць тэлефонную сувязь, падпілоўваць тэлефонныя слупы, узрываць малыя масты, псаваць шашу й г. д. З чыста ваеннага боку гэтая праца была дробнага характару, але маральнае й палітычнае значэньне яе было вялікае. Калгасьнікі былі сілаю ўцягнутыя ў такую дывэрсійную працу й рабіліся супрацоўнікамі партызанаў, замыкаліся ў сабе й не спрабавалі больш супраціўляцца партызанскаму руху.

Часта яны былі змушанымі ўцякаць у лес да партызанаў, ратуючы сваё жыцьцё ад нямецкіх карных атрадаў СС. Часта маскоўскія партызаны прысылалі ў вёску сваіх узброеных людзей і ўсіх мужчын сілаю забіралі ў свае атрады. Тых жа калгасьнікаў, якія не хацелі дапамагаць ім у падрыўной працы, маскоўскія палітрукі мардавалі — адразалі ім язык, вушы, нос, зьдзіралі палосамі зь цела скуру альбо забівалі. Калі ж мужчыны ўцякалі ў раённыя цэнтры, палітрукі мучылі іхніх жонак і бацькоў, тэрорам уцягвалі іх у дывэрсійную працу. Яны выразалі жанчынам грудзі, вырывалі валасы і г. д.

Напачатку немцы недаацэньвалі сілу мясцовага насельніцтва ў барацьбе з чырвонымі маскоўскімі партызанамі. Беларускі народ Смаленшчыны, як і ўсё беларускае насельніцтва ў акупаванай немцамі Беларусі, ненавідзеў маскоўскую камуністычную ўладу. Народ сам хапаўся за зброю, каб дапамагчы немцам скінуць маскоўскі чырвоны рэжым, каб жыць сваім вольным жыцьцём. Кожная сям’я ў Беларусі пацярпела ад гэтага рэжыму. Ён пазбавіў сялянаў зямельнай уласнасьці, парабіў іх прыгоннымі калгасаў, рабочых і службоўцаў на прадпрыемствах і фабрыках ператварыў у паслухмяных рабоў Крамля, ад працоўнай інтэлігэнцыі адабраў ініцыятыву й зрабіў яе робатам, які выконваў выключна волю маскоўскага дыктатара.

Мільёны людзей згінулі ў Сыбіры й на цяжкіх працах будовы каналаў і маскоўскага «мэтро». Гэты рэжым прынёс для ўсіх народаў СССР ня толькі мізэру й бязбожжа, але й паняволіў усе творчыя сілы народаў. На стражы ўсяго паставіў усімі ненавіснае НКВД.

Беларускі народ на Смаленшчыне спаткаў немцаў як саюзьнікаў, супольна зь якімі гатовы быў змагацца супраць Масквы ня толькі за паляпшэньне свайго гаспадарчага жыцьця, але за сваё вольнае й незалежнае ад Масквы жыцьцё. Народ імкнуўся да вольнасьці й хапаўся за зброю, каб адваяваць гэтую вольнасьць.

За сваю дзяржаўную свабоду й незалежнасьць усе народы Савецкага Саюзу прынесьлі найбольшую ахвяру ў барацьбе супраць агульнага ворага — маскоўскага камунізму. Немцы гэтага не разумелі альбо не хацелі разумець. Зброі народу не далі, а калі й далі — ужо было позна. Народ на савецкі рэжым затаіў злосьць у грудзях, а да немцаў, нягледзячы на лютасьць аддзелаў СС, адчуваў крыўду й жаль. Яны разьбівалі ягоную надзею на вызваленьне ад ненавіснага бальшавіцкага ярма й у шмат выпадках нішчылі насельніцтва нараўне з бальшавікамі. Аднак, нягледзячы на ўсе зьверствы аддзелаў, народ спадзяваўся, што немцы зразумеюць свае памылкі, дапусьцяць да змаганьня з Масквою й дадуць народу доўгачаканую вольнасьць.

Галоўнае нямецкае франтавое камандаваньне сярэдняга фронту на чале з генэралам фон Шэнкендорфам, палкоўнікам генштабу фон Трэсковым[14], генэралам Вагнэрам ды іншымі разумела імкненьні да вольнасьці насельніцтва акупаванай тэрыторыі й бачыла, што без рэалізацыі гэтага імкненьня немцы не атрымаюць жаданай ад народу татальнай гаспадарчай і вайсковай дапамогі, патрэбнай для арміі, для канчатковай перамогі над Масквою.

[...]

БЕЛАРУСКАЕ КРАЁВАЕ ВОЙСКА ОД У СМАЛЕНСКАЙ АКРУЗЕ

Згодна з плянам БНП — арганізаваць ядро беларускай вызвольнай арміі, я распачаў арганізоўваць аддзелы ОД у Смаленскай акрузе для вызваленьня ад партызанскіх бандаў. Заданьне было ня лёгкае. Смаленская акруга была акружана з поўначы дзямідаўскімі лясамі, з захаду — віцебскімі. Ізалюючы ад гэтых лясоў Смаленскі, Касплянскі й Руднянскі раёны, можна было лічыць акругу ізаляванай і ад партызанскіх бандаў.

У дзямідаўскіх лясах знаходзіліся моцныя партызанскія злучэньні Грышына[15] й Баці[16], якія налічвалі некалькі тысячаў чалавек. Камандны склад і палітрукі былі дасланыя з Масквы, а гэтыя брыгады кантактавалі праз дзямідаўскія лясы з чырвоным войскам. У штабе партызанаў, які быў разьмешчаны ў вёсцы Апольле, знаходзіліся танкеткі. Нямецкае камандаваньне ведала пра гэта, але не высылала ў глухія лясы аблавы. Зімою 1941/42 раённы цэнтар Дзямідаў быў акружаны рэгулярнай савецкай арміяй і партызанскімі атрадамі. Акружаныя нямецкія войскі ды ОД мужна адбівалі напады Чырвонай арміі. Сувязь навонкі трымалася па радыё, а забесьпячэньне правіянтам і харчамі было наладжана самалётамі.

Дэлегацыі ад калгасаў Смаленскай акругі я выказаў свае думкі адносна змаганьня з камуністычнай Масквою й маскоўскімі партызанскімі бандамі. Сказаў, што — беларус з Заходняй Беларусі й змагаюся за вольнасьць і незалежнасьць усіх беларускіх земляў і падкрэсьліў, што смаляне належаць да беларускага крывіцкага племені й толькі ў выніку неспрыяльных для беларускага народу гістарычных падзеяў сталіся адарванымі ад Беларусі.

Народныя прадстаўнікі, сьвядомыя адносна сваёй прыналежнасьці да беларускага племені й Беларусі, прасілі ўключыць іх у вызвольную барацьбу ўсяго беларускага народу ды дапамагчы ім вызваліць вёскі ад маскоўскіх бандаў.

Пры маўклівай згодзе Смаленскай камэндатуры й генэрала Паоля я даў смалянам указаньне зьбіраць пакінутую падчас баёў у лясох і вёсках савецкую зброю, вінтоўкі, так званыя аўтаматы ППШ, кулямёты цяжкія й ручныя «Дзегцяровы» ды мінамёты і г. д. Апрача гэтага загадаў маскаваць супрацьтанкавыя гарматы, каб у патрэбную хвіліну можна было іх выкарыстаць. Без дазволу камэндатуры выдаваў калгасьнікам дазвол на права прывозу гэтай зброі ў Смаленск, у арганізаваную тут збраёвую майстэрню, дзе майстры зь мясцовых жыхароў яе рамантавалі. Зброі ды амуніцыі было дастаткова. У хуткім часе пачалі прыбываць транспарты зброі, замаскаванае ў саломе, якая ў майстроўнях прыводзілася ў парадак. У Смаленску знайшлося некалькі чалавек мясцовага каманднага складу, якія ў кароткі час праінструктавалі мясцовых калгасьнікаў у карыстаньні зброяй.

Былі арганізаваныя некалькі атрадаў ОД па 150 чалавек. Узброеныя аўтаматычнай зброяй і цяжкімі кулямётамі «Максім» ды кіраваныя мясцовым камандным складам, яны неспадзяваным нападам выбілі з найбліжэйшых трох вёсак партызанскія групы ды замацаваліся ў гэтых вёсках. У пачатковай акцыі мне значна дапамаглі браты Ўладзімер і Канстанцін Красоўскія з Заходняй Беларусі — сябры Беларускае Незалежніцкае Партыі.

У занятых вёсках былі пабудаваныя бункеры-дзоты, устаноўлены былі кулямёты, мінамёты й супрацьтанкавыя гарматы. Была наладжана сыстэма ракетнай сыгналізацыі й лучнасьці. Спробы маскоўскіх бандаў выбіць зь вёсак ОД не ўдаліся. Партызаны не чакалі моцнага агню абароны й вялікага баявога духу ў ОД — БКВ. Жыхары Смаленскага раёну пачуліся пэўнымі сваіх сілаў і поўнымі ўздыму да змаганьня за свае чалавечыя правы й за свой дабрабыт. Вестка пра посьпехі ОД Смаленскага раёну хутка пашырылася па ўсёй акрузе. З усіх раёнаў акругі ў Смаленск у Галоўны штаб ОД прыбывалі дэлегацыі ад калгасьнікаў і прыносілі заявы з подпісамі жыхароў і просьбай дапамагчы ім вызваліцца ад маскоўскіх бандаў. Зброі было дастаткова, каб забясьпечыць ударныя атрады ОД. Добраахвотнікаў таксама было дастаткова. Бракавала толькі каманднага складу. Я згадаў, як у першых днях акупацыі Менску немцы вывозілі зь лягеру ваеннапалонных савецкіх камандзіраў — гэтыя камандзіры прасілі ў немцаў даць ім зброю, каб змагацца супраць бальшавікоў.

Атрымаўшы дазвол ад Паоля, паехаў у лягер ваеннапалонных, дзе знаходзіліся палонныя камандзіры Чырвонай арміі. Пасьля сяброўскай гутаркі з кожным камандзірам паасобку, падчас якой было выяўлена пры якіх акалічнасьцях камандзір трапіў у палон, адкуль родам, якой нацыянальнасьці, дзе знаходзіцца сям’я, стаўленьне да савецкай улады ці сябра кампартыі, такім чынам была выбрана першая група добраахвотнікаў з каманднага складу ад малодшага лейтэнанта да палкоўніка — разам 70 чалавек.

Для гэтай групы каманднага складу быў прыдзелены адпаведны вайсковы будынак. Афіцэры гэтай групы самі між сабою выбралі старшыню групы й былі абсалютна вольнымі ад вонкавага кантролю. Камандзіры адчувалі поўны да іх давер і маральна пачуваліся добра. Ніхто з былых ваеннапалонных камандзіраў ня выкарыстаў вольнасьці й ня ўцёк у лес, хоць ніякіх вартаўнікоў не было, каб іх пільнаваць. Цягам двух тыдняў яны прайшлі паўторны курс камандзіраў. Лектарамі былі кадравыя афіцэры Чырвонай арміі. Пасьля заканчэньня курсу афіцэры былі высланыя ў апорныя пункты ОД — БКВ. Яны ўсе апраўдалі ўскладзеныя на іх абавязкі.

У сьпешным парадку былі арганізаваныя трохтыднёвыя курсы для малодшага каманднага складу, а затым месячныя — для шараговага. Выкладчыкамі былі ўзятыя з ваеннага лягеру былыя чырвонаармейскія камандзіры. Зброя была савецкая: верхняя кашуля й штаны савецкай формы, а пінжакі — бэльгійскай уніформы. Харчаваньне было вайсковае.

Палітычнымі выкладчыкамі былі я, Міхась Вітушка і браты Красоўскія. З браку дастатковай лічбы каманднага складу ды арганізацыйных прычынаў спачатку прыходзілася абмяжоўвацца прытокам людзей суседніх вёсак, прызначаных для вызваленьня ад партызанаў.

Пры акруговым ОД арганізавалі Галоўны штаб ОД — БКВ з набранага ў лягеры каманднага складу. Шэфам я вызначыў былога савецкага палкоўніка Пятрова, былога начальніка адной Артылерыйскай афіцэрскай школы. Гэта быў энэргічны і здольны 41-гадовы афіцэр. Ён пазьней паехаў з намі ў Магілёў, дзе я вызначыў яго начальнікам афіцэрскай школы ОД.

У канцы траўня 1942 г. была скончана асноўная падрыхтоўка кадраў і шараговага складу ОД і па распрацаваным штабам ОД пляне былі вызваленыя вёскі Смаленскага раёну. Вёскі наладзілі паміж сабою вайсковую сувязь, каб у выпадку нападу маскоўскіх бандаў супольна абараняцца.

Вайсковыя атрады ОД былі арганізаваныя ў роты, батальёны й разам стваралі смаленскі полк. Сілы ОД хутка павялічваліся, і ўжо ў трэцім квартале 1942 г. лічба байцоў IV баявога аддзелу ОД — БКВ налічвала каля 5000 чалавек. Конныя гэтак званыя «лятучыя атрады» ОД кантралявалі днём і ўначы межы й лясныя ўчасткі раёну. Смаленскі раён быў вольны ад лясных бандаў. Мой ахоўны канвой складаўся з былых ваеннапалонных камандзіраў Чырвонай арміі. Гэта былі надзейныя й адважныя камандзіры, ворагі сталінскага рэжыму. Яны суправаджалі й ахоўвалі мяне падчас арганізацыйных і інспэкцыйных паездках па лясных пунктах ОД і ўдзельнічалі ў шматлікіх баях з партызанскімі злучэньнямі.

Акруговае ОД са сваім штабам і Смаленская акруговая ўправа разьмясьціліся ў вялікім трохпавярховым былым вайсковым блёку. Тут знаходзіўся й аўтамашынны парк ОД. Варта складалася таксама з былых ваеннапалонных камандзіраў Чырвонай арміі.

Каб спаралізаваць рост сілаў Смаленскага ОД, моцныя партызанскія злучэнні Баці і Грышына, падтрыманыя франтавымі чырвонаармейцамі й чатырма танкеткамі з партызанскага штабу вёскі Апольле, напалі на высунуты апорны пункт ОД. З дапамогай байцоў ОД з суседніх пунктаў партызанскі напад быў адбіты. Зь вялікімі стратамі партызаны адступілі. Камандзірам апорнага пункту СД быў мясцовы аграном Б.

Пазытыўна адбілася на выніку бою прысутнасьць у ОД каманднага саставу з былых савецкіх ваеннапалонных. Партызанскі штаб не разьлічваў на баявы дух байцоў ОД і іхны моцны й зьнішчальны агонь. З паказаньняў узятых у палон партызанаў было ўстаноўлена, што ў нападзе бралі ўдзел 800 чалавек партызанаў і 400 байцоў рэгулярнай Чырвонай арміі, якія для гэтай акцыі прыбылі празь дзямідаўскія лясы. Партызаны пакінулі на полі бою падбітыя танкеткі. Смаленскі раён быў вызвалены ад бандаў.

Акружаны зімою 1941/42 г. Дзямідаў быў вызвалены немцамі з акружэньня, але ў дзямідаўскіх лясох гаспадарамі былі маскоўскія партызанскія злучэньні Баці й Грышына. Гэтыя партызанскія злучэньні тэрарызавалі насельніцтва, забіралі ад яго прадукты харчаваньня, кароў і іншую жывёліну й сілаю змушалі калгасьнікаў браць актыўны ўдзел у падрыўной працы. Гэтыя банды рабілі зьверскія расправы над усімі, хто хоць трохі супраціўляўся іх загадам, палілі хаты, бязьлітасна зьдзекваліся й зьнішчалі жыхароў. Часта ўзрывы мінамі нямецкіх аўтамашын на дарогах і забойства нямецкіх салдатаў каля вёсак выклікалі з боку немцаў рэпрэсіі.

Улетку 1942 г. нямецкія войскі ачысьцілі Касплянскі раён ад партызанскіх бандаў і перадалі Дзямідаў франтавы адцінак Смаленскаму ОД — БКВ.

ОД пад камандаю вопытных кадравых камандзіраў пераняла франтавы дзямідаўскі ўчастак. У даўжыню фронту былі пабудаваныя моцныя дзоты, якія адбівалі ўсе спробы лясных бандаў і рэгулярных сталінскіх вайсковых сілаў прарваць у гэтым участку лінію фронту. Новаарганізаваныя аддзелы ОД ачысьцілі ад бандаў увесь абшар Смаленскай акругі й замацавалі ўсе важныя пункты.

Генэрал Паоль гарантаваў вольнае жыцьцё ўсім жыхарам акругі сілаю змабілізаваных партызанамі, якія варочаліся ў свае вёскі. Партызаны масава са зброяй у руках варочаліся ў свае вёскі й уступалі ў шэрагі ОД. Былі арганізаваныя конныя «антыпартызанскія» атрады з былых партызанаў, і яны ўдзень і ўначы кантралявалі Смаленскую акругу. Увосень 1942 г. Смаленская акруга была вольная ад лясных бандаў. Лічба ОД у канцы 1942 г. у Смаленскай акрузе даходзіла да 15.000 чалавек.

Шмат разоў партызанскія злучэньні Грышына й Баці спрабавалі разьбіць ОД-блякаду, але заўсёды несьлі вялікія страты і былі поўнасьцю разьбітыя. Карныя экспэдыцыі аддзелаў СС спыніліся, і ў акрузе запанавалі супакой і парадак. Ізноў можна было ўдзень і ўначы бясьпечна езьдзіць па ўсіх дарогах акругі.

Яшчэ раз, вясной 1943 г., Грышын спрабаваў парушыць супакой у акрузе. З маскоўскім партызанскім злучэньнем у паўтары тысячы чалавек ён напаў на крайнія вёскі Касплянскага раёну, але арганізаваныя атрады ОД ужо былі паведамленыя аб нападзе й разьбілі атрад Грышына.

Другі раз, улетку 1943 г., лясныя бандыты выклікалі вялікае абурэньне й антыпартызанскую дэманстрацыю жыхароў Смаленску й акругі. Некалькі чалавек лясных бандытаў зрабілі засаду на смаленскіх артыстаў, якія грузавіком ехалі ў мястэчка Красны. Бандыты затрымалі машыну, забілі шафёра й на крыкі, што едуць безабаронныя жанчыны й артысты, адкрылі з ППШ агонь і забілі пяць жанчын-артыстак. Пазасталым у машыне параненым удалося выскачыць з машыны й схавацца ў высокім жыце. Бандыты ўцяклі.

Вестка пра бандыцкі напад і забойства артыстак хутка пашырылася па Смаленскай акрузе й выклікала вялікі гнеў і абурэньне. У дзень паховінаў ахвяраў бандыцкага нападу, труны з забітымі стаялі ў смаленскім Катэдральным саборы й танулі ў моры вянкоў і кветак. Тысячы жыхароў Смаленску й ягоных ваколіцаў прыйшлі выказаць сваю апошнюю пашану ахвярам нападу, выявіць салідарнасьць артыстам, запратэставаць супраць подлага забойства й прадэманстраваць нянавісьць да камунізму, да крамлёўскай сталінскай улады й да маскоўскага тэрору. Прысутнічала пераважна моладзь.

У перапоўненым народам саборы, з удзелам духавенства й царкоўнага хору, жалобную сьвятую службу й адпяваньне па нябожчыках адправіў япіскап Сьцяпан (Сеўба)[17], які быў хіратанізаваны ў Менску 17 траўня 1942 г. Панцеляймонам і Філафеем з тытулам смаленскі й бранскі. Затым у суправаджэньні Сьцяпана, хору, духавенства й прысутных жыхароў Смаленскай акругі, пахавальная працэсія скіравалася на могілкі, мейсца вечнага адпачынку.

Дзякуючы садзейнічаньню насельніцтва Смаленскай акругі, якое спантанна імкнулася вызваліцца з-пад маскоўскае камуністычнае дыктатуры, ад тэрору чырвоных лясных бандаў і ад карных экспэдыцыяў былі арганізаваныя моцныя збройныя сілы Смаленскага ОД, якія стаялі на варце інтарэсаў жыхароў Смаленшчыны й якія ў адпаведную хвіліну гатовы былі змагацца за вольную Беларускую дзяржаву.

У Смаленскай акрузе спыніліся нямецкія карныя акцыі. Насельніцтва акругі ў параўнаньні зь іншымі ваеннымі акругамі жыло спакойным жыцьцём, спадзеючыся на поўнае вызваленьне Бацькаўшчыны. Да канца ваенных дзеяньняў у Беларусі не было выпадку пераходу Бранскага й Смаленскага ОД і ягонага каманднага складу да лясных маскоўскіх бандаў.

Паоль, Краац, Тэсмэр усяляк дапамагалі мне. На жаль, інструкцыі й загады з Бэрліну часта перашкаджалі ў рэалізацыі вайсковых плянаў Краёвага войска ОД.

У такіх палітычных умовах вызвольная праца беларускага патрыятычнага актыву была вельмі цяжкай і небясьпечнай. Кожны дзень, кожную хвіліну беларускаму сьвядомаму актыву пагражала сьмерць — расстрэл.

НАРАДА АРГАНІЗАТАРАЎ БНП У ВІЦЕБСКУ

29 ліпеня 1942 г. разам зь Міхасём Вітушкам, Радаславам Астроўскім шашой праз руднянскія й лёзьненскія лясы, якія яшчэ так нядаўна былі запоўненыя маскоўскімі бандамі, наведалі ў Віцебску намесьніка гэтай акругі Ўсевалада Родзьку. Азнаёміліся з жыцьцём і ўмовамі працы, а таксама падзяліліся сваім практычным досьведам і інфармацыяй пра падзеі ў франтавой зоне Беларусі й на абшарах Генэральнага Камісарыяту Беларусі.

Утрох (я, Вітушка, Родзька) правялі нараду аб далейшай працы БНП. Радаслаў Астроўскі ў нарадзе ўдзелу ня браў, бо нават ня ведаў пра існаваньне арганізацыі.

Пасьля двухдзённай нарады мы ўзгаднілі праграму БНП і тактыку змаганьня з акупантамі Беларусі. Былі адзначаныя вялікія посьпехі ў арганізацыі збройных сілаў на сярэднім адцінку ўсходняга фронту, дзе вайсковае камандаваньне не перашкаджала ў арганізацыі й узбраеньні Беларускага краёвага войска (ОД). Беларусы спантанна й добраахвотна ўступалі ў шэрагі гэтага войска, каб бараніць ад бальшавіцкай небясьпекі свае вёскі й змагацца за сувэрэнную беларускую дзяржаву. Я праінфармаваў Усевалада Родзьку пра дзейнасьць сеткі БНП у Браншчыне й Смаленшчыне, а таксама пра далейшыя пляны — стварэньне вайсковых сілаў БНП ва ўсходняй частцы Беларусі.

У сваю чаргу, Родзька паведаміў пра колькаснае пашырэньне сеткі БНП на абшарах Генэральнага Камісарыяту Беларусі. Было адзначана, што ў Генэральным Камісарыяце Беларусі, дзе ўладу пераняла нямецкая цывільная адміністрацыя на чале з Кубэ, арганізацыя збройных беларускіх сілаў амаль не пасоўваецца наперад.

Было ўзгоднена, што:

1. Гітлер не зьмяніў свайго пляну калянізацыі Беларусі;

2. нямецкае франтавое камандаваньне зьяўляецца супраціўцам калянізацыі народаў СССР празь немцаў;

3. нямецкае франтавое камандаваньне разумее неабходнасьць шчыльнай супрацы насельніцтва Беларусі ў змаганьні з Масквою й ведае, што без збройнай дапамогі насельніцтва, акупаваных немцамі прастораў, яно не пераможа Маскву;

4. паміж гітлераўскім рэжымам і франтавой нямецкай арміяй пануюць вельмі непрыязныя дачыненьні;

5. нямецкае франтавое камандаваньне Сярэдняга фронту ёсьць супраць акцыяў СС і СД;

6. паміж франтавым нямецкім камандаваньнем і гітлераўскім штабам зь ягонымі аддзеламі СС і СД павінен надысьці канчатковы канфлікт, у выніку якога гітлераўскі рэжым будзе зьменены новым дэмакратычным урадам;

7. лягічным ёсьць, што Захад павінен разумець маскоўска-камуністычную небясьпеку для ўсяго сьвету й не дапусьціць яе ўзмацненьня. У выніку гэтых гістарычных падзеяў новы нямецкі ўрад заключыць пакт з заходнімі дзяржавамі, каб супольнымі сіламі, у саюзе з паняволенымі Масквою народамі, перамагчы і зьнішчыць камуністычны рэжым і аднавіць вольныя й незалежныя рэспублікі;

8. заданьнем і мэтай Беларускай Незалежніцкай Партыі й далей ёсьць выкарыстаць гэтыя гістарычныя падзеі, арганізаваць і зцэмэнтаваць беларускія збройныя сілы і актыўна ўключыцца ў апошнюю фазу вайны супраць ворагаў беларускай незалежнасьці;

9. узмацніць стараньні ўтварыць беларускі дзяржаўны ўрад, які б злучыў усе народныя сілы і натуральныя багацьці для здабыцця вольнасьці й незалежнасьці;

10. навязаць кантакт з заходнімі дзяржавамі й паведаміць ім, што беларускі народ і ягоныя збройныя сілы змагаюцца супраць камуністычнай Масквы за сваю вольнасьць і незалежнасьць, а ня супраць вольных дзяржаваў сьвету;

11. выяўляць шкоднасьць русафільскай акцыі прапагандовага аддзелу галоўнага вайсковага кіраўніцтва ў Бэрліне й ягоных пададдзелаў на тэрыторыі ўсходняй франтавой часткі Беларусі, абсаджаных балтыйскімі й «рускімі» немцамі;

12. не дапушчаць да нішчэньня праз СС жыхароў Беларусі, а таксама не дапушчаць да самавольнага рабаўніцтва жывёлы празь нямецкія вайсковыя часткі й г.д. у мясцовага насельніцтва; для гэтай мэты арганізаваць тайныя аддзелы БНП — беларускай антыфашысцкай партызанкі;

13. выдаваць тайны БНП бюлетэнь;

14. для поўнага азнаямленьня з сытуацыяй у Генэральным Камісарыяце Беларусі й для каардынацыі працы БНП ва ўсходняй і заходняй частках Беларусі пастаноўлена зрабіць паседжаньне ЦК БНП увосень 1942 году ў Менску;

15. навязаць цясьнейшыя кантакты з патрыятычным актывам паняволеных Масквою народаў з мэтай каардынацыі змаганьня за вольнасьць і незалежнасьць Беларусі.

Пасьля гэтай нарады я й Міхась Вітушка вярнуліся ў Смаленск упэўненыя, што беларусы Віцебшчыны салідарныя з усім беларускім народам у барацьбе за вольнасьць і незалежнасьць Беларусі.


1 Паводле Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (том 5, Мінск, 1999) і энцыкляпэдыі «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне» (Мінск, 1990) Орша была акупавана нямецкімі войскамі 16 ліпеня.

2 Яроменка Андрэй (1892—1970), савецкі военачальнік, Герой Савецкага Саюзу (1944), маршал Савецкага Саюзу (1955). Падчас Вялікай Айчыннай вайны камандаваў па чарзе войскамі Бранскага, Паўднёва-Ўсходняга, Паўднёвага, Калінінскага, 1-га й 2-га Прыбалтыйскага, 4-га Ўкраінскага франтоў.

3 Гудэрыян Гайнц Вільгельм (19.06.1888—14.05.1954), нямецкі военачальнік. Падчас Другое сусьветнае вайны камандаваў танкавым корпусам, танкавай групай і арміяй (да сьнежня 1941 г.). У 1944—45 гг. начальнік генштабу сухапутных войскаў.

4 Арнім Юрген Ганс фон (4.04.1889—1.09.1969), нямецкі военачальнік, генэрал-палкоўнік (03.12.1942). Браў удзел у Польскай кампаніі (верасень 1939). З 5 кастрычніка 1940 г. камандзір 17-й танкавай дывізіі. З чэрвеня 1941 г. — на савецка-нямецкім фронце, у складзе групы армій «Цэнтар» браў удзел у баях пад Масквой у кастрычніку 1941 г. 6 кастрычніка 1941 г. імклівым ударам авалодаў Бранскам. У пачатку 1942 г. ваяваў у Афрыцы, камандаваў 5-й танкавай арміяй, пасьля адстаўкі Э.Ромэля ў сакавіку 1943 г. прыняў камандаваньне групай армій «Афрыка». У траўні 1943 г. капітуляваў з арміяй у Тунісе.

5 ОД (OD — Ordnungsdienst — служба парадку) — дапаможная паліцыя. Стваралася зь мясцовага насельніцтва, займалася аховай грамадзкага парадку. Структуры ОД непасрэдна падпарадкаваліся бурмістрам. Паліцыя ОД стваралася ў сельскай мясцовасьці з разьліку адзін паліцыянт на 100 жыхароў, у гарадзкой рысе — адзін паліцэйскі на 300 жыхароў.

6 Васкабойнікаў (Васкабойнік) Канстанцін (1895, м. Сьмела Чаркаскага павету Кіеўскай губэрні — 8.01.1942). Зь сям’і чыгуначніка. Вучыўся на юрыдычным факультэце Маскоўскага ўнівэрсытэту. У 1919—1920 гг. у Чырвонай арміі. У 1921 г. браў удзел у сялянскім антыбальшавіцкім паўстаньні, пасьля паразы якога нейкі час хаваўся. Легалізаваўшыся пад чужым імем, працаваў у Маскве ў Палаце мераў і вагаў. У 1931 г. асуджаны, тэрмін адбываў у Сыбіры. З 1938 г. жыў у мястэчку Локці (Брасаўскі раён Бранскай вобл.), выкладаў у Брасаўскім тэхнікуме леса-хімічнай прамысловасьці. Падчас нямецкай акупацыі — бурмістар Локацкай акругі. Разам з Браніславам Камінскім арганізаваў атрады самаабароны. 25 лістапада 1941 г. у Локці быў надрукаваны маніфэст Расейскай Народнай Сацыялістычнай Партыі «Вікінг» («Віцязь») за подпісам «інжынэр Зямля (Васкабойнік)». Паводле Васкабойніка, РНСП была створана яшчэ ў сыбірскіх канцлягерох. Асноўная яе мэта — поўнае зьнішчэньне камуністычнага й калгаснага ладу, бясплатная перадача сялянам зямлі, амністыя палітзьняволеным, адраджэньне расейскай дзяржавы. Канстанцін Васкабойнік загінуў 8 студзеня 1942 г. падчас партызанскага нападу.

7 Камінскі Браніслаў (1899—19.08.1944). Нарадзіўся на Полаччыне ў каталіцкай сям’і. У 1918—1920 гг. служыў у Чырвонай арміі, потым вучыўся ў Петраградзкім хіміка-тэхналягічным інстытуце, працаваў на заводзе «Рэспубліка». У 1935 г. за крытыку калектывізацыі выключаны з ВКП(б), а ў 1937 г. арыштаваны па справе Працоўнай Сялянскай Партыі й асуджаны. У 1941 г. працаваў у Локці на сьпіртзаводзе. Пасьля сьмерці Васкабойніка ўзначаліў атрады самаабароны (народнай міліцыі). Камінскі здолеў стварыць жыцьцяздольныя атрады самаабароны. Зь верасьня 1942 г. народная міліцыя Камінскага займела назву Расейская Вызвольная Народная Армія. Атрады народнай міліцыі складаліся з 14 батальёнаў і налічвалі 10 тыс. чалавек. Набор ажыцьцяўляўся зь мясцовага насельніцтва, а камандаваньне РВНА ня мела нямецкага кіраўніцтва, як было ў аналягічных «усходніх батальёнах». Нямецкае кіраўніцтва дало дазвол на самакіраваньне Локацкай акругі, што складалася з васьмі раёнаў Бранскай, Арлоўскай і Курскай абл., насельніцтвам у 580 тыс. Локацкая акруга стала пры Камінскім, які быў обэр-бурмістрам, міні-дзяржавай. Акруга дзялілася на раёны, якія кіраваліся бурмістрамі. 26 жніўня 1943 г. з-за наступу савецкіх войскаў была арганізаваная эвакуацыя РВНА. Батальёны былі пераведзеныя ў раён Лепеля (сёньняшняя Віцебская вобласьць), дзе вялі барацьбу з партызанамі. Потым брыгада Камінскага, папоўненая беларускімі паліцэйскімі, была пераведзеная пад Дзятлава (Наваградзкая акруга). Улетку 1944 г. на аснове брыгады была створаная 29-я грэнадзёрская дывізія СС. Некалькі батальёнаў Камінскага былі выкарыстаныя для задушэньня Варшаўскага паўстаньня (жнівень 1944 г.). Батальёны Камінскага арганізавалі ў Варшаве татальную разьню, у выніку якой загінулі таксама й немцы. Гэтая акцыя выклікала пратэсты сярод нямецкага камандаваньня. 19 жніўня 1944 г. Камінскі загінуў: ягоны аўтамабіль быў расстраляны аўтаматчыкамі.

8 Шміт Рудольф (12.05.1886—7.04.1957), нямецкі военачальнік, генэрал-палкоўнік. Браў удзел у Польскай кампаніі 1939 г., заваяваньні Нідэрляндаў і Францыі (вясна — лета 1940 г.). Зь лета 1941 г. — на Ўсходнім фронце. 1 студзеня 1942 г. зьмяніў Гайнца Гудэрыяна на пасадзе камандуючага 2-й арміяй. Пасьля паразы на Курскай дузе падаў у адстаўку, пакінуўшы шэрагі вэрмахту. Жыў у Вэймары, у 1947 г. арыштаваны савецкай выведкай. Утрымліваўся ў Бутырскай, Ляфортаўскай, Уладзімерскай турмах. Асуджаны на 25 гадоў пазбаўленьня волі. У 1956 г. паводле абмену перавезены ў турму ў Заходняй Нямеччыне, дзе амаль адразу быў вызвалены.

9 Сёньня горад у Тульскай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі.

10 Горад у Смаленскай вобласьці.

11 Мястэчка ў Калускай вобласьці.

12 Павал (Мялецьеў Трафім, 15.11.1880—19.05.1962). Нарадзіўся ў Архангельскай губэрні ў сям’і дыякана. Быў манахам Салавецкага манастыра, займаўся місіянэрскай дзейнасьцю на поўначы Расеі. У 20—30-я гады двойчы арыштоўваўся савецкай уладай, адседзеў у лягерох агулам 12 гадоў. Падчас нямецкай акупацыі працягваў займацца місіянэрствам. У 1943 г. хіратанізаваны ў япіскапа Бранскага. Зь лета 1944 г. — на выгнаньні. Дапамагаў перамешчаным асобам. Улетку 1946 г., унікаючы прымусовай дэпартацыі ў СССР, перайшоў у каталіцтва, атрымаў тытул біскупа Геракліопальскага. Жыў у Бэльгіі. Трагічна загінуў у Брусэлі — зьбіты аўтамабілем.

13 Мяньшагін Барыс (26.04.1902—25.05.1984). Паходзіў зь сям’і юрыста. З 1919 па 1927 г. — у Чырвонай арміі, па дэмабілізацыі атрымаў юрыдычную адукацыю. У 1928 — 1931 гг. служыў у калегіі адвакатаў пры абласным судзе Цэнтральна-Чарназёмнай вобласьці, затым — вядомы адвакат у Смаленску. Абараняў сялянаў падчас калектывізацыі й «ворагаў народу». У ходзе справы аб шкодніцтве ў жывёлагадоўлі «дайшоў» да генэральнага пракурора СССР А. Вышынскага й дабіўся адмены сьмяротнага прысуду.

З арганізацыяй гарадзкой управы ў Смаленску улетку 1941 г. пераняў абавязкі начальніка гораду. Зь верасьня 1943 г. займаў пасаду бурмістра Бабруйску. Зь лета 1944 па травень 1945 г. працаваў у штабе Камітэту Вызваленьня Народаў Расеі. Быў інтэрнаваны амэрыканскімі войскамі.

У траўні 1945 г. пасьля добраахвотнага зьяўленьня ў савецкай камэндатуры (шукаў сям’ю) быў арыштаваны. Па іншых зьвестках, перададзены саветам амэрыканцамі. Шэсьць гадоў знаходзіўся пад сьледствам. У верасьні 1951 г. засуджаны на 25 гадоў пазбаўленьня волі. Утрымліваўся ва Ўладзімерскім цэнтрале, большую частку зьняволеньня знаходзіўся ў адзіночнай камэры. Выйшаў на волю ў 1970 г. Па вызваленьні пражываў у дамах для інвалідаў у Мурманскай вобласьці. Пакінуў Воспоминания (выдадзеныя ў Парыжы ў 1988 г.).

14 Трэскоў Генінг фон (10.01.1901—21.07.1944), нямецкі вайсковы дзеяч, адзін з удзельнікаў руху Супраціву ў Нямеччыне. Улетку 1941 г. у чыне падпалкоўніка накіраваны на Ўсходні фронт, займаў наступныя пасты: камандзіра палка, начальніка штабу 2-й арміі, штабу групы армій «Цэнтар». Адзін з кіраўнікоў замаху на Гітлера ў Смаленску 12 сакавіка 1943 г., які мусіў адбыцца ў Смаленску. Пасьля правалу замаху на Гітлера 20 ліпеня 1944 г. скончыў жыцьцё самагубствам. Пахаваны на сваёй радзіме ў Магдэбурзе, але пасьля таго як высьветлілася, што браў удзел у падрыхтоўцы замаху на фюрэра, ягонае цела была выкапанае й спаленае ў Бэрліне.

15 Грышын Сяргей (18.03.1917—25.06.1994), Герой Савецкага Саюзу (1943), кандыдат ваенных навук (1964). З 1939 г. у Чырвонай арміі. Падчас нямецка-савецкай вайны — камандзір палка «Трынаццаць» (з чэрвеня 1944 г. — брыгада), што дзейнічаў на Смаленшчыне, у Магілёўскай і Віцебскай абласьцях. Па вайне працаваў выкладчыкам у розных ваенных навучальных установах.

16 Каляда Нікіфар (псэўд. Баця, 9.02.1891—1.03.1955), адзін з арганізатараў партызанскага руху на Смаленшчыне. Удзельнік Першай сусьветнай вайны, скончыў вайну ў чыне штабс-капітана. У 1918—1922 гг. у Чырвонай арміі, арганізатар партызанскай барацьбы на Падольшчыне й Далёкім Усходзе. У ліпені 1941 г. прыбыў на Смаленшчыну, сфармаваў атрад № 1 з супрацоўнікаў партгасактыву. Да лютага 1942 г. Баця аб’ядноўваў больш за 20 атрадаў на тэрыторыі Смаленшчыны й Браншчыны, да лета 1942 г. у падпарадкаваньні Баці знаходзіліся пяць брыгадаў. 6 верасьня 1942 г. узнагароджаны ордэнам Леніна, а 8 кастрычніка Н. Каляда па лжывым абвінавачаньні асуджаны на доўгі тэрмін зьняволеньня. Рэабілітаваны ў 1954 г.

17 Стэфан (Сьцяпан) (Сеўба Сямён, 1872—25.01.1965). Нарадзіўся ў вёсцы Цялуша (сёньня Бабруйскі раён Магілёўскай вобласьці). Скончыў Менскую духоўную сэмінарыю. У 1896 г. рукапакладзены ў сьвятара, служыў у Менскай япархіі. Пасьля падзелу Беларусі ў 1921 г. застаўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Быў зацятым супраціўцам аўтакефаліі ПАПЦ, за што перасьледаваўся й неаднаразова ўтрымліваўся ў турмах. У 1942 г. узьведзены ў сан япіскапа Бранскага й Смаленскага. Зь лета 1944 г. — у эміграцыі, перайшоў у РЗПЦ. Быў вызначаны япіскапам венскім і зальцбурскім. Памёр у Зальцбурзе.

Далей будзе.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Рэдакцыі часопісу СПАДЧЫНА

 

УВЕРХ


   

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
webmaster