Найноўшая гісторыя: Новы патас
Пры спробе асэнсаваць падзеі з Найноўшае гісторыі Беларусі надыходзіць пачуцьцё сутыкненьня зь нейкай новай рэальнасьцю. На тле маналітаў Бэсэсэр, расейскай акупацыі, камуністычнай ідэалёгіі да канца незразумелымі выглядаюць праявы незалежнай грамадзкай актыўнасьці. Першыя знаёмствы з гэтымі сьведчаньнямі могуць прынесьці адчуваньне сэнсацыі. Ужо потым, узьнікае жаданьне злучыць гэтыя розныя фрагмэнты гісторыі, жаданьне знайсьці нейкую цэльнасьць і разам з тым сэнс, які, падобна, яшчэ прыхаваны ад нас. Нешта ёсьць тое, чаго мы ня ведаем. Магчыма, існуе нейкі тайны тэкст, які можа растлумачыць нам чалавечыя жаданьні, зьнешні канфармізм, прагу свабоды, адчайныя ўчынкі.
А яшчэ нас падводзіць зрок. Мы выпраўляемся ў такое недалёкае падарожжа – вось яны, жывыя сьведкі тых падзеяў, вось у шафах нашага Архіву захоўваюцца матэрыяльныя сьведчаньні тае гісторыі. І нам здаецца, што мы можам рэканструяваць і храналёгію падзеяў, і адказаць на пытаньні пра сэнсы. І тут мы забываемся на тое, што сваім эмацыйным умяшальніцтвам, сваёй самаўпэўненасьцю і дылетанствам мы разбураем магчымасьць гістарычнага дыялёгу. Уяўная празрыстасьць апаноўвае намі, дыстанцыя ўсё павялічваецца, падарожжа стамляе, затое вынікаў хочацца атрымаць як найхутчэй.
Такім чынам, заснаваньне Найноўшае гісторыі Беларусі падрыхтоўвае інтэлектуальны прарыў. Гэты прарыў адбываецца:
— праз пошук і стварэньне зусім новых гістарычных сюжэтаў;
— дзякуючы новаму канцэптуальнаму полю дасьледаваньня.
Сапраўды, нават не рассакрэчаньне раней забароненых зьвестак ды пазбаўленьне наратыву ад ідэалягічных скрыўленьняў складаюць сапраўдны патас Найноўшае гісторыі Беларусі, бо гэтая гісторыя можа адкрыць цэлы кантынэнт – гісторыя не БССР, а беларускага грамадзтва. То, што раней магло выглядаць маргіналіяй, пераінтэрпрытоўваецца як аўтэнтычнасьць.
З пункту гледжаньня крыніцаў пра Найноўшую гісторыю мы кажам у тым выпадку, калі існуе пэўны тып дадатковых крыніцаў – уласны, пацьверджаны эмпірычна досьвед людзей, якія жывуць і дзейнічаюць у моманьце дасьледаваньня мінулага.
Вусная гісторыя – гэта новы корпус крыніцаў. У традыцыях пазытывіскай, а таксама савецкай гістарыяграфіі фармальна галоўным, а практычна адзіным тыпам крыніцаў ёсьць дакумэнтальныя крыніцы. Цяпер, у Найноўшай гісторыі Беларусі, статус паўнапраўнай гістарычнай крыніцы атрымліваюць запісы успамінаў ды мэмуары. Гэты крок ёсьць больш важным, чым проста далейшае разьвіцьцё крыніцазнаўства. Такі крок сымбалізуе адмову ад Мэтагісторыі. Гісторыя робіцца шматаблічнай; гісторыяў робіцца шмат, бо яны суб'ектыўныя.
Але праз свой індывідуалізм нават Найноўшая гісторыя парадаксальным чынам не пазбаўленая праблемы паўнаты крыніцаў. Найноўшая гісторыя насычаная «адкрытымі» фактамі, абставіны ўзьнікненьня якіх вядомыя, але вынікі разьвіцьця якіх мы ня ў стане прадбачыць, прынамсі, да канца. У дачыненьні да іншых гістарычных пэрыядаў пануюць «закрытыя» факты – яны зьявіліся ў працэсе гістарычнага разьвіцьця ў сваёй цэльнасьці, так што можна казаць пра іх ролю ў гістарычным працэсе.
Саўдзел у гістарычным працэсе ёсьць і шансам, і праклёнам для дасьледчыка Найноўшае гісторыі. Такі дасьледчык праз уласны досьвед атрымлівае новыя ўнікальныя магчымасьці ў вывучэньні свайго прадмету, у адрозьненьні ад гісторыкаў, якія вывучаюць ранейшыя пэрыяды. Але, адначасова, нарастае канфлікт паміж «прыватнай» ды афіцыяльнай гісторыяй. Часам гісторык з садыста пераўтвараецца ў садамазахіста.
І вось у гэтай пастцы перасоўваецца дасьледчык Найноўшае гісторыі Беларусі. Як яму даць рады са сваімі асабістымі ўражаньнямі ды разуменьнем таго, што гісторыя ня ёсьць навукай эмпірычнай? Замест таго, каб разважаць пра мінулае, найчасьцей кажуць пра сябе ў гэтым мінулым.
Але і тут ёсьць рээцпт – нельга забываць пра існаваньне банальных рэчаў. Усьлед за Борхэсам можна сказаць, што сусьветная гісторыя – гэта гісторыя рознай інтанацыі падчас прамаўленьня некалькіх мэтафараў.
Алег Дзярновіч, рэдактар
Modern History: A New Pathos
Research in modern history of Belarus is a basis for a new intellectual hold up. And it takes place trough:
— search for and building up absolutely new historic topics;
— setting up a new conceptual research field.
In fact the new pathos is not connected with the removal from secret lists of formerly forbidden data, and it is not connected with making a narrative free from ideological distortions. The matter is that modern history opens the way to the whole continent of the history of the Belarusian society and not the history of the Belarusian Soviet Socialist Republic. Those facts and events, which earlier could be taken to be marginal, are in fact interpreted as core authentic events.
Modern History this is a new set of sources. Formally speaking, in traditional positivistic and Soviet historiography written documents were the only type of documents. Actually records of memories and memoirs gain the status of real historic sources.
Aleh Dziarnovič, Editor
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Цэнтру Athenaeum