|
ДЫСКУСІЯ *
* У гэтым нумары «Шуфляды» публікуюцца матэрыялы дыскусіі, якая адбылася 16 чэрвеня 1998 на сэмінары «Апазыцыя 1960-1980-х – папярэдніца грамадзянскай супольнасьці у Беларусі». Сэмінар быў арганізаваны Архівам Найноўшае Гісторыі.
Акадэмічны патрыятычны асяродак (1960-я гады) *
Міхась М. ЧАРНЯЎСКІ
* Cкарочаная вэрсія гэтага артыкулу была апублікаваная: Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956-1991: Даведнік. – Менск: АНГ, 1999. С. 103-109.
Дысыдэнцкі рух сярод беларускай інтэлігенцыі ў пасьлясталінскі час адрозьніваўся ад рухаў, якія існавалі ў мэтраполіі – ён быў пераважна нацыянальна-патрыятычным. Камуністычны рэжым ставіў сваёй мэтай духоўнае вынішчэньне беларускага этнасу, яго поўную русіфікацыю. Таму асноўны націск рабіўся на выцясьненьне беларускай мовы з усіх сфэраў ужытку, і асабліва грамадзка-палітычнай, на пазбаўленьне народу гістарычнай памяці і замбіраваньне яго абэцэдаршчынай.
У такіх умовах нават публічнае выкарыстаньне беларушчыны было аб’ектыўна праявай антыкамунізму, формай супраціву рэжыму. Носьбіты літаратурнага беларускага слова знаходзіліся на ўліку ў адпаведных установах, яны былі пад пільным наглядам, як «нацыяналісты», і адпаведна, як антысаветчыкі і антыкамуністы, калі ня яўныя, то ў патэнцыі.
Знамянальна, што і сёньня беларушчына фактычна зноў стала адной з формаў дысыдэнцтва, супраціўленьня рэжыму. Нездарма ж усе, хто актыўна пайшоў на яго ўслугаваньне, баяцца вымавіць роднае слова.
Яшчэ адно адрозьненьне беларускага дысыдэнцтва ад маскоўскага ў тым, што яго ўдзельнікі заставаліся невядомыя грамадзкасці, бо ў Менску не было ні замежных амбасад, ні прадстаўнікоў іншаземных сродкаў масавай інфармацыі. Адбывалася цкаваньне іншадумцаў, звальненьне іх з працы, зьняволеньне ў турмы і псыхіятрычныя лякарні, але водгульле падзей глухла, як у чорным мяшку, у павуціньні ўсеагульнага замоўчваньня. І толькі зараз мы даведваемся, як за пратэсты супраць інвазіі ў Чэхаславаччыну быў кінуты ў псыхушку настаўнік Анатоль Сідарэвіч, ці як у часы «хрушчоўскай адлігі» пайшоў у доўгатэрміновае зьняволеньне ў мардоўскія канцлягеры выкладчык гарадзенскага пэдінстытуту Браніслаў Ржэўскі, які пратэставаў супраць русіфікацыі. Таму ня можам пагадзіцца са сьцьвярджэньнем, што на Беларусі «нічога не было». Было! Але мела спэцыфічныя формы.
Абстаноўка 1960-х гадоў у краіне характарызавалася далейшай ліквідацыяй беларускага школьніцтва, беларускамоўнага пэрыядычнага друку. Нават айчынную літаратуру ўжо пачыналі вывучаць па расійскіх перакладах, а чынавенства сьпяшалася зьдзейсьніць заклік Хрушчова хутчэй прыйсьці да камунізму, пазбыўшыся роднай мовы. Становішча ж у Акадэміі Навук Беларусі могуць тлумачыць такія факты: дырэктар Інстытуту мовазнаўства ня ўмеў размаўляць па-беларуску, тым больш не карысталіся беларушчынай дырэктары іншых навуковых інстытутаў; навуковая літаратура, за рэдкімі выключэньнямі, друкавалася па-расійску. І такая антыбеларуская завядзёнка практыкавалася ўва ўсіх акадэмічных структурах. Прыём у асьпірантуру ішоў праз шчыльнае партыйна-кэгэбісцкае сіта. Ды і ўвогуле значная частка супрацоўнікаў, асабліва зьвязаных зь беларусазнаўствам, была спэцагентурай.
Усеагульная і ваяўнічая палітыка русіфікацыі выклікала пратэст многіх прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку і акадэмічнай. Праўда, далёка ня кожны адважваўся на выказваньне сваёй пазыцыі, тым больш на нейкія дзеяньні. Хоць «хрушчоўская адліга» быццам яшчэ і працягвалася, але страх глыбока ўеўся ў гены беларуса. У выніку ўжо з пачатку 1960-х гадоў у асяродзьдзі маладых навукоўцаў і асьпірантаў, пераважна гуманітарных навуковых інстытутаў Акадэміі, пачынае складвацца нефармальнае кола аднадумцаў, якім «попел Клааса грукаў у сэрца». Рух ня быў фармалізаваны, не вялося ні сьпісаў, ні пратаколаў, не прымалася нейкіх пісьмовых рашэньняў. Некаторыя яго ўдзельнікі нават не былі між сабою знаёмыя. Напрыклад, я з Валянцінам Рабкевічам хоць і «праходзіў па адной справе», асабіста сустрэўся шмат пазьней.
Удзельнікі руху трапілі ў сталіцу ўжо пераважна нацыянальна ўсьвядомленымі асобамі. Знамянальна, што большасьць іх паходзіла з Заходняй Беларусі, або пэўны час там працавала. Менавіта на захадзе нашага краю яны знаходзілі яшчэ жывых носьбітаў заходнебеларускага незалежніцкага руху, там маглі знаёміцца і зь віленскімі беларускімі выданьнямі, якіх нямала дзе ацалела ў куфрах і на паддашках.
З тых, хто ў 1974-1975 гадох быў звольнены з працы, як нацыяналіст (прозьвішчы падаю ў алфавітным парадку):
Каўрус Алесь, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства, нарадзіўся на Мядзельшчыне;
Лапуць Віктар, загадчык аддзелу Інстытута геалёгіі, нарадзіўся на Капыльшчыне ў сям’і, дэпартаванай у 1937 г. у Казахстан, вучыўся ў Львове, нацыянальна абудзіўся пад уплывам Уладзімера Караткевіча і Сьцяпана Міська;
Місько Сьцяпан, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру, нарадзіўся на Слонімшчыне;
Пазьняк Зянон, асьпірант Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру, нарадзіўся на Івейшчыне;
Прашковіч Мікола, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры, нарадзіўся ў Бярэзінскім р-не, працаваў настаўнікам на Смаргоншчыне;
Рабкевіч Валянцін, старшы рэдактар «Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі», нарадзіўся на Капыльшчыне, працаваў журналістам на Браслаўшчыне і Валожыншчыне;
Чарняўскі Міхась, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі, нарадзіўся і настаўнічаў на Мядзельшчыне.
Былі таксама ўдзельнікі Акадэмічнага асяродку, у дачыненьні якіх абмежаваліся «прафіляктычнымі размовамі» і запалохваньнем.
Сьветапогляд і патрыятычная пазыцыя ўсіх гэтых людзей фармаваліся:
-- заходнебеларускай традыцыяй (кантакты з жывымі яе носьбітамі, знаёмства з адпаведнай патрыятычнай літаратурай);
-- традыцыямі беларусізацыі другой паловы 20-х гадоў (праз знаёмства з тагачаснай літаратурай, якая ўцалела ад зьнішчэньня);
-- узнаўленьнем гістарычнай памяці (забароненыя кніжкі В.Ластоўскага, У.Ігнатоўскага, А.Смоліча, польскамоўныя выданьні);
-- дзейнасьцю беларускай эміграцыі (праз радыё «Свабода» і дзякуючы «выкрывальным» савецкім публікацыям, зь якіх мы выбіралі патрэбную інфармацыю);
-- уплывам украінскага нацыянальна-вызвольнага руху (праз кантакты з навукоўцамі Акадэміі навук Украіны) і ў некаторай ступені аналягічных рухаў Прыбалтыкі;
-- уплывам расійскага дысыдэнцкага руху (праз самвыдат);
-- сьціслымі кантактамі з прадстаўнікамі старога беларускага Адраджэньня, якія вярнуліся з канцлягероў, або зь іх бліжэйшымі родзічамі (Язэп Сушынскі, Ларыса Геніюш, Мікола Ўлашчык, Паўліна Мядзёлка, у некаторай ступені Гаўрыла Гарэцкі, жонка Аркадзя Смоліча ды інш.).
Амаль кожны з Акадэмічнага асяродку меў кантакты з аднадумцамі па-за Акадэміяй – з унівэрсытэцкай групоўкай студэнтаў-філфакаўцаў, з аб’яднаньнем «На Паддашку», куды ўваходзілі пераважна менскія мастакі і мастацтвазнаўцы; з групоўкамі Гарадзеншчыны (Ларыса Геніюш, Алесь Белакоз ды інш.), Маладэчні (Генадзь Каханоўскі, Мікола Ермаловіч і інш.), Баранавічаў, Наваполацку, некаторымі афіцэрамі і курсантамі ВІРТУ. Важную ролю ў тагачасным патрыятычным руху адыгрывалі таксама мастак Лявон Баразна (забіты пры загадкавых абставінах у 1972 годзе) і, асабліва, Уладзімер Караткевіч.
Было ў нашым асяродзьдзі некалькі асоб, якія «не засьвечваліся» і практычна ня ўдзельнічалі ў зборках, але назапашвалі і хавалі інфармацыю. Іх задачай было ўцалець пры магчымым разгроме руху і арыштах і стаць перадатчыкам ідэі Адраджэньня наступнікам. Прозьвішчаў іх я ня буду называць і зараз.
Каля Акадэмічнага асяродку круціліся і пэўныя людзі, якіх мы падазравалі ў сувязях са спэцслужбамі. Даходзіла таксама інфармацыя, што намі цікавяцца «куратары» з КГБ. Так што пра існаваньне нейкіх формаў патрыятычнага руху ў Акадэміі навук «там» здагадваліся.
Сярод нас камуністаў былі адзінкі, але ўсе мы разам зьяўляліся па сутнасьці антыкамуністамі і дэмакратамі па перакананьнях. Аднак мы сьвядома імкнуліся пазьбегнуць магчымых абвінавачаньняў у антыкамунізьме. Мы зыходзілі з таго, што беларускай адраджэнскай інтэлігенцыі, гатовай да нейкіх дзеяньняў, на той час было вельмі мала. Наш даволі кволы рух было лёгка прыдушыць, і мы не маглі траціць сілы яшчэ і на агульнадэмакратычныя задачы. Лічылася, што гэтым можа займацца маскоўская інтэлігенцыя, мы ж павінны былі канцэнтравацца на нацыянальным. Нават у час акупацыі Чэхаславаччыны ў 1968 годзе, пасьля цяжкага роздуму і дыскусіі, было вырашана ўстрымацца ад публічных акцый пратэсту.
Чым займаўся Акадэмічны асяродак?
Адбываўся збор вуснай і друкаванай інфармацыі – успамінаў, кніжак і часопісаў пераважна віленскага друку або часоў Інбелкульту. Дзеля гэтага ладзіліся паездкі па вёсках і мястэчках Заходняй Беларусі, дзе паводле нашых зьвестак яшчэ жылі старыя настаўнікі, дзеячы Грамады або КПЗБ. Асабліва плённымі былі экспэдыцыі да віленскіх букіністаў. Здабытае чыталася, нярэдка памнажалася фотаспосабам або пішучымі машынкамі, перадавалася сябрам і знаёмым, студэнтам. Такім чынам адбывалася патрыятычная самаадукацыя і адукацыя.
Даволі рэгулярна ладзіліся сустрэчы з вэтэранамі беларускага Адраджэньня. Такія сустрэчы адбываліся пераважна на кватэры ўдзельніка Першага Ўсебеларускага кангрэсу Язэпа Сушынскага. У іншых выпадках мы зьбіраліся пераважна ў пакоях асьпіранцкага інтэрнату на вуліцы Акадэмічнай або інтэрнату для навуковых супрацоўнікаў на вуліцы Сурганава. Часта сустракаліся і на кватэры Ўладзімера Караткевіча. Абмяркоўваліся пытаньні палітычнага і нацыянальнага жыцьця, рабіліся спробы аналізу і вызначэньня пэрспэктываў, абгаворваліся магчымыя шляхі ўзьдзеяньня на сытуацыю.
Вяліся пошукі аднадумцаў і ўстанаўленьне зь імі кантактаў, прыцягненьне іх у кола нашых інтарэсаў. Асаблівая ўвага скіроўвалася на студэнтаў. Шукаліся таксама іншыя патрыятычныя асяродкі. Былі завязаныя даволі шчыльныя сувязі з украінскім нацыянальным рухам (пераважна з дапамогай Міколы Прашковіча і асьпіранта-ўкраінца, які навучаўся пры адным з нашых акадэмічных інстытутаў).
Сябры асяродку стараліся знаходзіць здольных школьнікаў зь беларускіх сем’яў і дапамагаць ім атрымаць вышэйшую адукацыю. Заахвочвалі выпускнікоў ВНУ з патрыятычнымі перакананьнямі да паступленьня ў асьпірантуру. Стараліся правесьці сваіх людзей на патрэбныя службовыя пасады, заахвочвалі іх да паступленьня ў КПСС, разумеючы найважнейшую ролю гэтай структуры. Сярод нас быў папулярны лёзунг: «Усе прыбалтыйскія нацыяналісты – камуністы».
КГБ ушчыльную занялося Акадэмічным асяродкам летам 1973 году. Рэпрэсіўная хваля накацілася з Украіны, дзе да гэтага часу поўным ходам ішоў разгром тамтэйшага патрыятычнага руху. На допытах і пры ператрусах натрапілі на сьляды сувязяў зь Беларусьсю. У руках кэгэбістаў апынуліся лісты некаторых нашых сяброў з ацэнкай нацыянальнай палітыкі КПСС і з плянамі каардынацыі супраціву ёй. Допыты ў Менску і іншых гарадох Беларусі разгарнуліся летам 1973 году. Паводле прыкладных падлікаў, «на субяседваньні» трапіла агулам да сотні навукоўцаў, выкладчыкаў ВНУ, настаўнікаў, студэнтаў. Мяркуючы па пытаньнях на допытах, спэцслужбы стараліся прыпісаць нам стварэньне падпольнай нацыяналістычнай арганізацыі, з адпаведным кіраўніцтвам, структурай і сувязямі з замежжам. Асобна цікавіліся асобай Уладзімера Караткевіча, якому, здаецца, меркавалася надаць ролю лідэра беларускіх нацыяналістаў. Не міналася ўвагай і Ларыса Геніюш.
З вэрсіяй пра існаваньне падпольнай нацыяналістычнай арганізацыі ў КГБ не атрымалася. Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва Беларусі не было зацікаўленае ў разьдзьмуваньні справы «аб нацыяналістах». У рэспубліцы, жыхары якой з энтузіязмам пагалоўна ператвараліся ў расійскамоўных савецкіх людзей, не магло быць нацыяналізму! Аднак кэгэбісцкае начальства, як сьведчылі нашыя інфарматары з ЦК КПБ, было іншае думкі. Яно чакала за праведзеную работу падзякаў і ўзнагарод і заапэлявала да Масквы. Адтуль прыехаў адпаведны эмісар, азнаёміўся са справамі падазроных і рэпрэсіўная машына закруцілася ізноў. Для пакараньня (звальненьня з працы) былі найперш вылучаны Алесь Каўрус, Сьцяпан Місько, Мікола Прашковіч, Валянцін Рабкевіч і Міхась Чарняўскі. Выбралі тых, хто найбольш засьвяціўся радыкальнасьцю пазыцыі або выказваньняў, і асабліва, на каго меліся рэчавыя доказы «віны». У Прашковіча гэта былі лісты на Ўкраіну, я ж перавёз на Беларусь рукапіс вядомай тымі часамі працы Івана Дзюбы «Інтэрнацыяналізм, або Русіфікацыя».
Зімой 1973—1974 вялася ідэалягічная падрыхтоўка акцыі пакараньня. Партыйныя прапагандысты па ўсёй Беларусі пачалі ў лекцыях расказваць аб выкрыцьці нацыяналістычнай арганізацыі, якая рыхтавалася адарваць Беларусь ад сям’і брацкіх народаў СССР, прэтэндавала на адабраньне ад Расіі Смаленшчыны і Браншчыны, ну, і, канешне ж, імкнулася да рэстаўрацыі капіталізму. Называліся канкрэтныя прозьвішчы ўдзельнікаў падпольля. Чорная ж прапаганда ішла значна далей. Больш дробныя партыйныя функцыянэры распускалі чуткі пра сувязі з замежнымі цэнтрамі, пра вагоны антысавецкай і нацыяналістычнай літаратуры, пра падвалы са зброяй. Не забывалася і маральнае аблічча нацыяналістаў. Тады яшчэ не былі ў модзе наркотыкі, таму нам стараліся прыпісаць п’янства.
За «ўдзельнікамі арганізацыі» і іх сямейнікамі было ўстаноўлена пастаяннае назіраньне. Віжы не адставалі ні на крок, нават сачылі, што жонкі паднаглядных купляюць у гастраномах. Раптам зьявіліся некаторыя даўнія і ўжо паўзабытыя знаёмыя, якія загарэліся сяброўскімі пачуцьцямі, жаданьнем унікнуць у сутнасьць справы і, зразумела, дапамагчы. Да слова сказаць, калі кампанія барацьбы з нацыяналістамі прайшла, яны зноў зьніклі з нашага небасхілу.
У акадэмічных інстытутах акцыю пакараньня арганізоўваў парткам Акадэміі (старшыня парткаму П. Петрыкаў). У сакавіку справа дасягнула эпагею. Даваенным камсамольцам, якія яшчэ памяталі барацьбу з «ворагамі народу» , даручалася пісаць гнеўныя лісты з патрабаваньнем кары вінаватым. Супрацоўнікам укладвалася ў вушы, што нас бы за гэтыя правіннасьці ў трыццаць сёмым расстралялі б, а так толькі трэба звольніць з працы. У аддзелах праводзіліся сходы, дзе кляймілі нацыяналістаў, якія вайной «палілі беларускія вёскі і тапілі дзяцей у калодзежах». З вуснаў партфункцыянэраў гучалі заклікі прыгледзецца да ўсіх, хто гаворыць па-беларуску. Напярэдадні паседжаньня вучонай рады Інстытуту гісторыі зь яе членамі вяліся прафіляктычныя размовы, у якіх указвалася, як яны павінны галасаваць. І некаторыя радцы, якія падзялялі мае перакананьні, прасілі прабачыць іх, што будуць галасаваць за маё звальненьне з працы. Страх кіраваў людзьмі.
Аднак большасьць супрацоўнікаў інстытуту спачувала мне. Калі, працуючы больш году рабочым на адным невялікім менскім прадпрыемстве, я зьяўляўся ў родным інстытуце, толькі адзінкі, прыкмеціўшы мяне ў калідоры, зьбягалі ў найбліжэйшы туалет. Іншыя паціскалі руку, казалі: «Трымайся!» Найбольш сьмела выказвалі пазыцыю некаторыя расійцы і жыды, яны не баяліся абвінавачаньняў у беларускім нацыяналізьме. Сярод іх асабліва хочацца ўспомніць добрым словам сёньня ўжо нябожчыкаў Зіновія Капыскага і Аляксея Мітрафанава. Удзячны я за дапамогу таксама Валянціне Караткевіч і, асабліва, Максіму Танку. А таксама тым работнікам ЦК КПБ, якія насуперак супраціўленьню асобных акадэмічных чыноўнікаў садзейнічалі майму вяртаньню летам 1975 году ў Інстытут гісторыі.
Некалькі пазьней, так бы мовіць наўздагон, па тых жа абвінавачаньнях у нацыяналізьме былі звольненыя з працы Зянон Пазьняк, Віктар Лапуць, а таксама старшы выкладчык Інстытуту замежных моваў Павал Дзядзюля.
Бадай найбольш несамавітае адчуваньне было з-за насталай інфармацыйнай блякады. Рукапісы кніжак і артыкулаў удзельнікаў асяродку выкідаліся з плянаў выдавецтваў і з рэдакцыяў, з усіх публікацый выкрэсьлівалася нават упамінаньне іх прозьвішчаў, забаранялася рабіць спасылкі на іх працы. Чалавек быццам зьнікаў зь белага сьвету, як ніколі і ня жыў!
Пасьля звальненьня зь інстытутаў нам была даступная толькі нейкая фізычная праца, але ў сыстэме Акадэміі мне, напрыклад, не дазволена было нават уладкавацца вартаўніком у Батанічным садзе. Не было гутаркі і аб працы выкладчыкам або якім музэйным работнікам. Але я, калі папраўдзе, задаволіўся месцам рабочага на вытворча-мастацкім камбінаце пры Саюзе Мастакоў, куды трапіў з дапамогай аднадумцаў-мастакоў. Такая праца мне пасавала -- палову месяца цягаючы мяшкі з цэмэнтам або грунтуючы фанэрныя шчыты пад плякаты зь перадавікамі вытворчасьці, я зарабляў неабходны грашовы мінімум, а рэшту часу мог аддаваць навуковым заняткам. Я быў даволі ўпэўнены, што мы прыкладна цераз год зможам вярнуцца на ранейшую працу. Прынамсі, так было абяцана Максіму Танку ў «Высокім доме», дзе таксама знаходзіліся спачуваючыя нам людзі. Раней вярнуцца было нельга, бо гэта «залежала толькі ад Масквы». Праўда, органы былі ня супраць сплавіць мяне куды па-за межы Беларусі, і праз адну асобу нават прапаноўвалася месца музэйнага работніка на беразе далёкага цёплага мора.
Які ж быў далейшы лёс удзельнікаў Акадэмічнага патрыятычнага асяродку, тых, каго я найбольш ведаў? Практычна ўсе яны захавалі актыўную творчую і патрыятычную пазыцыю, працягнулі працу як навукоўцы, удзельнічалі і ўдзельнічаюць у палітычным і грамадзкім жыцьці. Праўда, у першыя гады ім стваралі цяжкасьці з публікацыямі, ну і, зразумела, яны заставаліся «невыязднымі» за мяжу ажно да гарбачоўскай «перабудовы». Каўрус празь нейкі час пачаў працаваць у адным з выдавецтваў, а пазьней у пэдінстытуце. У выдавецтва «Мастацкая літаратура» ўладкаваўся і Рабкевіч. Місько, як удзельнік Айчыннай вайны, дамогся вяртаньня ў інстытут, пазьней пайшоў на пэнсію. Быў вернуты на працу ў Акадэмію навук і Пазьняк, але ў Інстытут гісторыі, дзе да гэтага часу склаўся прыязны яму творчы калектыў. У гэты ж інстытут летам 1975 вярнуўся і я. Лапуць нядаўна памёр. Не вытрымала сэрца і ў Рабкевіча. Найбольш цяжка склаўся лёс Прашковіча. Пасьля ўсіх гэтых падзеяў у яго адбыўся душэўны надлом. Ён цяжка захварэў на паралюў ног і згарэў у вясковай хаце, ня здолеўшы выпаўзьці з агню.
Літаратура:
Арлоў У. Адзін у трох іпастасях: Нататкі няўдзячнага вучня // ЛіМ. 19.11.1990; Антановіч С. Быць ідэйна свядомымі. Заўвагі на палях стэнаграмы красавіцкага (1974 г.) Пленума ЦК КП Беларусі // ЛіМ. 10.05.1991; Міско С. Міфы застаюцца толькі міфамі // Менская грамада. 1994. № 1 (6), ліпень 1994; Рабкевіч В. Група пяцёх // Наша Ніва. 1995, № 3; Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996. С. 374, 375.
Michaś ČARNIAUSKI, Ph. D.
Patriotic Milieus in the Belarusian Academy of Sciences (1960s)
Summary
Dissident movement among Belarusian intelligentsia in post-Stalin period was different from that in the Empire center. Mainly that was a national-patriotic movement. The Communist regime set itself to destroy the cultural and spiritual bases of the Belarusian nation through its Russification.
An aggressive policy of Russification provoked the protest of many representatives of the Belarusian intelligentsia, academic scholars included. As a result, at the beginning of 1960s among young scholars and postgraduate students in a number of academic social sciences institutes there was formed an informal circle of persons who held the same views. That circle was given the name of “Academic milieu”. The movement was not formal. The list of its participants was not existent. The minutes were not recorded and written decisions were not taken.
In summer of 1973 KGB devoted itself to the Academic milieu. The wave of repression came from Ukraine, where the pogrom of patriotic movement was gaining momentum. During interrogations and searches KGB came across the ties with Belarus. In summer of 1973 interrogations in Minsk and other cities took place. According to an estimate, around two hundred scholars, University professors, secondary school teachers and students were interrogated. In academic institutes Communist Party committees headed the repressive actions. 6 scholars were fired.
Міхась ЧАРНЯЎСКІ -- нарадзіўся ў 1938 на Мядзельшчыне, дзе вучыўся і нейкі час настаўнічаў. Пасьля заканчэньня ў 1960 менскага пэдінстытуту (завочнага аддзяленьня) паступіў у асьпірантуру па спэцыяльнасці археалёгія пры Інстытуце гісторыі АН БССР. Па асьпірантуры пачаў працаваць там жа навуковым супрацоўнікам, з 1990 загадчык аддзелу археалёгіі Інстытуту гісторыі. Вясной 1974 за ўдзел у беларускім патрыятычным руху пазбаўлены працы ў інстытуце, вярнуўся туды ж летам наступнага году. Кандыдат гістарычных навук, сябра Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі. Аўтар каля 200 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў, а таксама васьмі кніжак і брашураў, у тым ліку і навукова-папулярнай прозы. Адзін з заснавальнікаў «Мартыралёгу Беларусі», Беларускага Народнага Фронту, Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Грамады, Народнай Грамады).
Кантакт: Інстытут Гісторыі НАН Беларусі, вул. Акадэмічная, 1, 220072 Менск, тэл. працоўны: 284-13-22
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Цэнтру Athenaeum |