БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ШУФЛЯДА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Шуфляда № 1/1999

ДЫСКУСІЯ

«Культурнікі» ды «палітыкі» ў сучаснай гісторыі Беларусі

Анатоль СІДАРЭВІЧ

У беларускім руху паваеннага часу я вылучаю палітычны ды культурніцкі напрамкі ці ўхілы. Палітычная плынь зьвязваецца з антыкамуністычнаю партызанкаю і падпольнымі арганізацыямі першых паваенных гадоў. Культурніцкая плынь зьвязвавецца зь дзейнасьцю такіх, напрыклад, арганізацыяў, як «На Паддашку». Вядома, праца мастакоў і мастацтвазнаўцаў была формаю пратэсту супраць савецкае камуністычнае сыстэмы. Але цікава было пачуць сьцьвярджэньне Міхася Чарняўскага, што сябры тых культурніцкіх згрутаваньняў «пазьбягалі чыстага антыкамунізму». Для мяне асабіста было відавочным тое, што камунізм – галоўная перашкода палітычнага сацыяльнага і культурнага прагрэсу беларускага народу.

Маё сталеньне прыпала на той час, калі канчалася «хрушчоўская адліга». Спачатку было нейкае спадзяваньне на касыгінскія рэформы, але адначасова з замежных радыёстанцый прагучаў сыгнал трывогі: паведамлялася пра псыхушкі, пра арышт Сіняўскага і Даніэля... А далей з трывогай і надзеяй я лавіў весткі з Чэхаславаччыны. Дык вось, у 1968 годзе ілюзіі разьвеяліся. Здушэньне «праскае вясны» канчаткова прывяло мяне да перакананьня, што дэмакратыя і камунізм неспалучальныя, але адначасна ўмацавала мае сацыял-дэмакратычныя або, калі заўгодна, сацыялістычныя перакананьні.

Камунізм як ідэалёгія і палітычная плынь выраджаўся па меры таго, як усё далей адсоўвалася камуністычная пэрспэктыва, і па меры таго, як камуністычныя краіны ўсё больш і больш адставалі ў тэхніка-тэхналягічным ды сацыяльным разьвіцьці. Выраджэньне камунізму ўжо ў сярэдзіне 1960-х гадоў канстатавалі такія людзі розных узростаў і палітычных поглядаў, як сацыял-дэмакрат Вілі Брант і кансэрватар Шарль дэ Голь.

У той час адны людзі актыўна вялі змаганьне з камунізмам -- гэта была ахвярная лабавая атака. Іншыя падрывалі камунізм сваёй вонкава ляяльнаю інтэлектуальнаю дзейнасьцю. Сур’ёзныя філёзафы не працавалі ў галіне навуковага камунізму. Яны займаліся тэорыяй пазнаньня, навуказнаўствам, эстэтыкай, гісторыяй філязофіі, грамадзкай і палітычнай думкі. Прыкрывючыся цытатамі з Маркса, Энгельса і Леніна, яны знаёмілі чытачоў зь іншымі тэорыямі, пазытыўна выкладалі іх. Так, Мікалай Крукоўскі, выкарыстоўвючы лёгіку «Капіталу», у сваіх працах па эстэтыцы рэанімаваў дыялектыку Гегеля, скажоную ў сталінскую эпоху. Уладзімер Конан, выкарыстоўваючы ленінскі тэзыс пра тое, што ў кожнай нацыі ёсць дзьве нацыі, а ў кожнай культуры – дзьве культуры, усім матэрыялам сваіх публікацый даводзіў удумлівым чытачом, што ў Паўночна-Заходнім краі нацыю эксплюататараў і рэакцыйную культуру прадстаўлялі расійскія і прарасійскія элемэнты. Міхасю Іоську пашанцавала менш. Ён цытаваў непажаданыя ў Беларусі фрагмэнты працаў Маркса і Энгельса па гісторыі нашай краіны, а таму яго кнігу па гісторыі грамадзкай і палітычнай думкі канца XIX стагодзьдзя істотна парэзалі. Вячаслаў Шалькевіч шмат зрабіў дзеля зразуменьня станаўленьня сьветапогляду Каліноўскага, вяртаючы адначасна імёны Спасовіча, Агрызкі ды іншых забытых ці паўзабытых дзеячоў. Вячаслаў Сьцёпін шмат зрабіў дзеля прапаганды сучаснай мэтадалёгіі навукі, якая шмат у чым не супадала з афіцыйнаю.

На жаль, здарылася так, што гэты, пераважна расійскамоўны, ды іншы, беларускамоўны напрамкі інтэлектуальнай дзейнасьці не супалі, хоць аб’ектыўна яны дапаўнялі адзін аднаго, бо былі зьявамі аднае і тае самае нацыянальнае культуры. Гэта я тлумачу тым, што ў творчай інтэлігенцыі была алергія на марксызм, які вывучаўся, як правіла, паводле цытатнікаў. Праз марксызм адпор распаўсюджваўся на ўсю філязофію. Гэты фэномэн я назваў для сябе «філялягічнаю абмежаванасьцю».

Абставіны зьмяняліся. Камунізм паміраў ня толькі духова, але й фізычна. Праглядалася новая, дэмакратычная пэрспэктыва. І вось у гэтых варунках я адчуў, што яна, гэтая пэрспэктыва, можа быць страчаная на працяглы тэрмін. Ужо на ўстаноўчым зьезьдзе БНФ адбылася першая мая размова зь Міхасём Чарняўскім пра тое, што неабходна адраджаць сацыял-дэмакратычны рух у Беларусі. Мяне трывожыла, што ў першы склад Сойму БНФ увайшло шмат археолягаў, мастакоў і пісьменьнікаў, што культурнікі з «паддашку» сталі палітыкамі.

Першы склад Сойму БНФ тлумачыцца тым, што культурнікі адгарадзілі сябе ад іншых інтэлектуалаў моўным бар’ерам. Не ў малой ступені такі склад таксама тлумачыцца і тым, што Зянон Пазьняк хацеў бачыць побач з сабою людзей, якіх ён ведаў і якім давяраў. Так адбылося першае разьмежаваньне: беларускамоўная палітычна актыўная інтэлігенцыя адасобілася ад расійскамоўнае беларускае інтэлігенцыі. Але гэта яшчэ ня ўсе падзелы.

Тут неабходна зацеміць наступны момант. Беларусь у складзе СССР была інтэлектуальнай правінцыяй. Тут адсутнічалі школы палітычных навукаў, сацыялёгіі, асяродкі дасьледаваньня новае і найноўшае гісторыі Эўропы і Амэрыкі. Тут не было такіх установаў як Акадэмія грамадзкіх навукаў пры ЦК КПСС, ваенна-палітычная Акадэмія імя Леніна, Інстытут міжнародных адносін, Інстытут навуковае інфармацыі па грамадзкіх навуках, дзе вяліся сур’ёзныя дасьледаваньні. Не было, нарэшце, і навуковых устаноў КГБ, дзе вяліся ня менш сур’ёзныя дасьледаваньні. І вось культурнікі, стаўшы палітыкамі, адпрэчылі расійскамоўных беларускіх філёзафаў, сацыёлягаў, эканамістаў, правазнаўцаў і г.д., якія хоць сёе-тое ведалі з палітычных тэорыяў і тэхналёгіяў.

Справу дзяржаўнага будаўніцтва браліся вырашаць аматары, якія не хадзілі ў аддзел грамадзкіх навук бібліятэкі імя Леніна і не вывучалі нават рэфэратыўныя зборнікі Інстытуту навуковае інфармацыі па грамадзкіх навуках, людзі, якія ў пераважнай большасьці сваёй не валодалі германскімі і раманскімі мовамі і не вывучалі працаў заходніх палітолягаў у арыгінале. Яны не валодалі палітычнымі тэхналёгіямі, ня мелі спэцыялістаў, але замахваліся на паўнату дзяржаўнае ўлады.

У Балтыі і Украіне культурнікі таксама былі антыкамуністамі, але яны знайшлі паразуменьне з часткаю камуністычнае намэнклятуры, у якое быў досьвед кіраўнічае дзейнасьці. Дзеячы БНФ у сваёй антыкамуністычнай рыторыцы зайшлі надта далёка. Яны напалохалі намэнклятуру, усіх яе прадстаўнікоў, у тым ліку і патрыётаў, дзяржаўнікаў.

З другога боку, антыкамунізм дзеячоў БНФ мог быць з энтузіязмам сустрэты толькі ня вельмі значнаю часткаю насельніцтва, бо трэба прызнаць той факт, што беларускі народ ніколі ня жыў лепш, чым пры камуністах. Мы – ня Балтыя, дзе меўся досьвед міжваеннай дзяржаўнасьці і дзе жывуць яшчэ людзі, якія памятаюць той час.

Гісторыка-палітычная непісьменнасьць культурнікаў-палітыкаў выявілася ў тым, што, выступаючы з антыкамуністычнымі заявамі, яны бэсьцілі і сацыялізм, зьмешваючы яго з камунізмам і з марксызмам-ленінізмам. У іх нібыта выключалася памяць, і яны дзіўным чынам забываліся на той факт, што ініцыятарамі абвяшчэньня БНР былі сацыялісты, а абвяшчэньня яе незалежнасьці дамагаліся найперш марксысты – Браніслаў Тарашкевіч, Язэп Лёсік, Сымон Рак-Міхайлоўскі ды іншыя. Зрэшты, сам Акт 25 Сакавіка стаў магчымы толькі пасьля прыезду ў Менск Івана ды Антона Луцкевічаў – сацыял-дэмакратаў, марксыстаў. Правыя ня мелі ніякага дачыненьня да абвяшчэньня БНР і яе незалежнасьці. Дый абодва абвяшчэньні БССР ніколі не рэалізаваліся б, калі б не было марксыстаў Зьмітра Жылуновіча, Алеся Чарвякова, Язэпа Дылы, Алеся Бурбіса, сацыялістаў-рэвалюцыянэраў Усевалада Ігнатоўскага, Сьцяпана Булата, Міхася Чарота, якія сталі на марксысцкія пазыцыі ды стварылі Беларускую Камуністычную Арганізацыю.

Нападкі на сацыялізм (а не савецкі камунізм) выклікалі недавер тае часткі інтэлектуалаў, якая не прымала камунізм, але якую адначасна ня вабілі лібэральныя ці кансэрватыўныя каштоўнасьці. Гэта паскорыла працэс стварэньня партыяў і груповак сацыял-дэмакратычнае арыентацыі. Нават маючы праз «сваіх людзей» немалы ўплыў у БСДГ, Фронт ня здолеў падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году займець падтрымку з боку гэтае партыі.

Нарэшце, гісторыка-палітычная непісьменнасьць культурнікаў-палітыкаў выявілася ў вызначэньні палітыкі БНФ да Расіі. Так, у Расіі было толькі тры дэмакраты, якія не цярпелі на комплекс вялікадзяржаўніцтва: гэта сацыялісты Міхаіл Бакунін, Аляксандар Герцэн ды Мікалай Агароў. Але вядомы артыкул Зянона Пазьняка пра расійскі імпэрыялізм павінен быў падпісаць (зь меркаваньняў палітычнае тактыкі) хто-небудзь іншы. Па-першае, гэты артыкул браў за жывое расійскую палітычную эліту і прарасійскія элемэнты ў Беларусі. Па-другое, калі б дзеячы БНФ уважліва вывучалі гісторыю Беларусі, дык яны ўбачылі б, што ў ХІХ ст. беларускія казённыя мужыкі атрымалі вызваленьне ад паншчыны яшчэ да Вялікае рэформы 1861 г. з рук цара, што паншчына прыватнаўладальніцкіх сялян была абмежавана царскаю ўладаю таксама да Вялікае рэформы, што ў галодныя гады царскі ўрад даваў грошы на пракорм сялян, што гэты ж урад у галодныя гады прымушаў паноў аддаваць сялянам збожжа. Аўтарытэт царызму ў пэрыяд з 1830 па 1861 сярод беларускіх сялян падняўся настолькі высока, што паўстаньне 1863—1864 было асуджана на паразу з самага пачатку: дастаткова было сказаць мужыкам, што шляхціцы-паўстанцы хочуць вярнуць старыя парадкі. А дадайце сюды разумную палітыку Міхаіла Мураўёва, які канфіскаваныя землі аддаваў безьзямельным і малазямельным сялянам, які дамогся спыненьня часоваабавязанага стану мужыкоў ды зьмяншэньня выкупных плацяжоў на 20 працэнтаў. Таму ня дзіўна, што ў Дзяржаўных Думах Расіі дэпутаты ад беларускіх праваслаўных сялянаў падтрымлівалі ўрад, манархісцкія партыі. Нашаму народу не ў галаве, што Сталін здаў Беларусь пад гітлераўскую акупацыю, але затое засталося ў памяці тое, што вызваленьне ад Гітлера прыйшло з усходу.

Ня ўлічваць сацыялістычны і марксысцкі, а таксама расійскі чыньнікі нельга было, але ў кіраўніцтве БНФ ня мелася людзей, якія дэталёва ведалі новую і найноўшую гісторыю Беларусі і маглі параіць, як выбудаваць палітычныя паводзіны.

Дзеля палітычнай і гістарычнай непісьменнасьці лідэраў Фронту загадзя была асуджаная на няўдачу сама задума БНФ як кааліцыі людзей разнастайных дэмакратычных поглядаў з гэтае прычыны. І ўсё ж лідэры БНФ на нешта спадзяваліся. Яны вельмі доўга адцягвалі канстытуцыялізацыю арганізацыі ў палітычную партыю. Партыя БНФ была створана толькі ў 1993. Яе праграму зацьвердзілі пасьля прыняцьця праграмаў сацыял-дэмакратычных і лібэральных партыяў, якія ўзьніклі пазьней за Фронт. Да часу прыняцьця праграмы аўтарытэт Фронту істотным чынам упаў і наўрад ці варта было захоўваць шыльду «БНФ». Патрабавалася прыняць пэўную палітычную арыентацыю. Фронту найбольш падыходзіла б кансэвартыўная ідэалёгія, аднак імкненьне ачольваць дэмакратычны рух, які даўно падзяліўся на сэгмэнты, было невынішчальнае, і таму праграма Партыі БНФ уяўляе сабою набор несумяшчальных элемэнтаў – ад нацыяналістычных да сацыялістычных. Лідэры БНФ быццам не заўважылі, што сваёю рыторыкаю і практыкаю яны ўжо аддалілі ад сябе і лібэралаў, і сацыял-дэмакратаў, і камуністаў-дзяржаўнікаў. Фронту засталося толькі чакаць прэзыдэнцкіх ды парлямэнцкіх выбараў, каб пераканацца, што яго тактыка была хібнаю.

Такім я бачу разьвіцьцё ўжо традыцыйнага для сучаснае Беларусі канфлікту паміж «культурнікамі» і «палітыкамі».

Anatol SIDAREVIČ

“Culture Supporters” and “Politicians” in Modern Belarusian History

Summary

In Belarusian movement after the World War II the author distinguishes political and cultural sub-movements or deviations. Political sub-movement was connected with underground movements and anti-Communist organizations that were existent in the first after war years. The cultural movement was connected with the activities of such organizations as «Na Paddašku» / «Under the Roof».

The situation was that the intellectual Belarusian and Russian language movements unfortunately did not coincide, but, objectively speaking, both were complementary, because in fact they were sides of one and the same phenomenon. Politically active Belarusian language intelligentsia separated itself from that speaking the Russian language.

Анатоль СІДАРЭВІЧ нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Задуб’е Ганцавіцкага р-ну Берасьцейскай вобласьці. Скончыў філязофскае аддзяленьне БДУ, вучыўся ў асьпірантуры. Займаецца вывучэньнем палітычнай гісторыі і беларускай літаратуры. Адзін зь ініцыятараў адраджэньня сацыял-дэмакратыі ў Беларусі. Сябра кіраўніцтва БСДГ, БСДП з моманту іх заснаваньня.

Кантакт: Тэлефон у Менску: 263-37-48 (штаб-кватэра БСДГ)


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Цэнтру Athenaeum

кантакт: anh@belsonet.net

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія