|
“ДРУГАЯ” ЭЎРОПА *
Матэрыялы да кампаратыўнае гісторыі Рэзыстэнцыі і антыкамуністычных рухаў Сярэдне-Ўсходняй Эўропы
* У гэтым нумары «Шуфляды» ў
рубрыцы «”Другая” Эўропа» скарыстаныя
матэрыялы, якія былі падрыхтаваныя да
канфэрэнцыі «Час дысыдэнтаў – спатканьне
ўдзельнікаў і дасьледчыкаў апазыцыйных
рухаў савецкага блёку ў Эўропе».
Канфэрэнцыя адбылася 26-29 лістапада 1996 году
ў Падкове Лесьнэй каля Варшавы.
Падрабязьней пра гэтае спатканьне гл.: Алег
Дзярновіч. Незавершанасьць гісторыі // Наша
Ніва. 2 сьнежня (№ 35) 1996; 9 сьнежня (№ 36) 1996.
ЮГАСЛАВІЯ
Божыдар ЯКШЫЧ / Božidar JAKŠIĆ
Дысыдэнты – (ня) cкончаная аповесьць
Раней тэрмін “дысыдэнт” звычайна адносіўся да рэлігійных адступнікаў. Ён абазначаў герэтыка, які ў імя “сапраўднае веры” адмаўляў інстытуцыянальную ўладу і царкоўную гіерархію. Часам такі бунт супраць інстытуцыі заканчваўся інстытуцыялізацыяй новай царквы. Так здаралася ў лепшых выпадках -- такіх, напрыклад, як бунт Марціна Лютэра і стварэньне пратэстанцкае царквы. У менш шчасьлівых выпадках герэтыкі мусілі пакаяцца, атрымаць у той ці іншай меры суворае пакараньне і маргіналізавацца. “Хэпі-энд” быў ня надта частым, і герэтыкі гарэлі на агні – ад альбігойцаў у Міжземнамор’і і ў Босьніі да Яна Гуса і гусітаў у Багеміі. Полымя гэтых пахавальных вогнішчаў асьвятляе вялізныя пэрыяды эўрапейскае гісторыі.
Дысыдэнты нашых часоў – гэта фэномэн, які ўласьцівы аўтарытарным і таталітарным рэжымам, асабліва ў “Другой Эўропе”. Яны складаліся з асобаў і групаў, якія не пагаджаліся зь ідэяй “зьняволенага розуму”. Я цытую тут, вядома, вялікага паляка Чэслава Мілаша, але пісаць буду пра краіну, якая ўжо не існуе, ды пра тую яе адшчэпленую частку, адкуль паходжу сам. Я буду пісаць пра Югаславію.
Каб зразумець асаблівасьці югаслаўскага грамадзтва, а таксама адзначыць сацыяльныя варункі, у якіх зьявіліся пасьля другой сусьветнай вайны югаслаўскія дысыдэнты, неабходна коратка распавесьці пра ўзьнікненьне й характар гэтае нядаўна сканалае дзяржавы. Югаславія стваралася ў “парахавой бочцы”, як любяць называць Балканы палітычныя стратэгі; яна паўстала ў выніку першай сусьветнай вайны паміж дзьвюма вялікімі, разбуранымі гэтай вайною імпэрыямі – Габсбурскай манархіяй і Атаманскай імпэрыяй. Аднак узьнікненьне яе не было толькі вынікам палітычных камбінацыяў вялікіх дзяржаваў, якія, кіруючыся дактрынай Уільсана – сыстэмай мірных дамоваў, будавалі пасьляваенны парадак у Эўропе, што пратрываў толькі два дзесяцігодзьдзі. Агульная дзяржава паўднёвых славянаў стала таксама вынікам экзыстэнцыяльных інтарэсаў гэтых народаў у іх прагненьні вызваліцца ад панаваньня імпэрскіх сілаў. Яе стварэньню папярэднічала векавая барацьба за свабоду, за цэласьць, роўнасьць і аўтаномію, якая адбывалася ў той геаграфічнай прасторы, часткі якой на працягу стагодзьдзяў былі разьдзеленыя, пераважна гвалтам. Такім чынам, сфармавалася мяжа ня толькі паміж вялікімі імпэрыямі, але нават цывілізацыямі. Аўстрыя і Турцыя стагодзьдзямі панавалі ў розных частках гэтай новастворанай агульнай дзяржавы, кіруючыся лёгікай буйных дзяржаваў-супернікаў. Гэткая сытуацыя стварала па абодвух бакох тып “францірмэна” – “памежнага чалавека”, я б казаў, неталерантную мэнтальнасьць. Грунт такой мэнтальнай структуры – гэта калектывісцкае разуменьне жыцьця і недавер да ўсяго, што не ўкладаецца ў прынятыя грамадою рамкі -- калі гэта штосьці чужое альбо яскрава індывідуальнае.
Вядомы дасьледчык балканскае паўвыспы, антрапагеограф Ёван Цьвііч (Jovan Cvijić), вызначаў 5 культурных пасаў, што злучалі новае дзяржаўнае ўтварэньне: патрыярхальны, бізантыйска–цэзарыйскі, італьянскі, сярэдняэўрапейскі й турэцкі. Новая супольнасьць складалася з прадстаўнікоў розных этнічна падобных і ўзаемна неталерантных народаў, якія, да таго ж, шмат стагодзьдзяў служылі розным гаспадарам, а падчас першае сусьветнае вайны змагаліся па розных бакоў. Больш таго, у гэтай вайне, у якой Сэрбія, напрыклад, страціла больш за трэць насельніцтва, прадстаўнікі аднаго й таго ж народу змагаліся адзін супраць аднога. Рэлігійныя падзелы былі ня менш відавочныя. Дух неталеранцыі быў уласьцівы як каталіком і праваслаўным, так і мусульманам. Прадстаўнікі этнічна аднолькавых народаў належалі да розных рэлігіяў, якія знаходзіліся ў стане ўзаемнага працяглага канфлікту. Не была спрыяльнай сытуацыя на тэрыторыі новаўтворанай дзяржавы і ў пляне магчымай эканамічнай інтэграцыі. У той час, як у некаторых гістарычных правінцыях панаваў патрыярхальна-племенны тып вытворчасьці, у іншых дамінавала сельская гаспадарка на аснове малых зямельных участкаў, – у некаторых рэгіёнах пачыналі ўзьнікаць элемэнты эўрапейскай індустрыялізацыі. Падмурак для магчымай сацыяльнай інтэграцыі й прамысловай мадэрнізацыі ў новай дзяржаве таксама быў вельмі слабы й неаднародны. Тым ня менш, у міжчасьсе паміж дзьвюма сусьветнымі войнамі была зроблена спроба аўтарытарным чынам стварыць інтэграваную грамадзянскую супольнасьць і зраўнаваць істотную розьніцу ў сфэры эканомікі, палітыкі і культуры. Гэты пэрыяд быў занадта кароткім, каб можна было ўбачыць грунтоўныя вынікі. Пытаньне аб дынаміцы працэсаў грамадзкае інтэграцыі й мадэрнізацыі застаецца прадметам, які патрабуе больш дасканалага досьледу, але зараз ужо можна ўпэўнена сказаць, што буржуазная Югаславія, якая паўстала ў першую сусьветную вайну, была зруйнаваная ў другую. Тое, што было збудавана адной вайной, было зьнішчанае другой. Трэба таксама ўважаць і на тое, што ў першай Югаславіі другая сусьветная вайна складалася ня толькі з нацысцкай акупацыі і руху антыфашыскага супраціву, але таксама мела ўсе прыкметы грамадзянскае вайны, а ў цэнтральных частках краіны – вайны рэлігійнай.
Такім чынам, другая сусьветная вайна зруйнавала першую буржуазную Югаславію, а на яе руінах стварыла новую –“сацыялістычную” Югаславію. Кантынуітэт грамадзкага разьвіцьця супольнасьці рэзка перарваўся, і Югаславія засталася недаразьвітай, неінтэграванай і няпоўнай грамадзкай супольнасьцю. Заснаваная на гэткай незавершанасьці “сацыялістычная” спроба была ў роўнай меры як аўтарытарнай, так і таталітарнай. Сыстэма “самакіроўнага сацыялізму” альбо “сацыялізму з чалавечым абліччам”, у рэшце рэшт, аказалася больш блізкай да сыстэмы “рэальнага сацыялізму” ў краінах Усходняе Эўропы, чым да прынцыпаў свабоды і равенства. Таму гістарычную сьмерць краіны, да якой, безумоўна, спрычыніліся дысыдэнты, трэба аналізаваць у кантэксьце гістарычнага краху “сусьветнай сацыялістычнай сыстэмы”, самым яскравым сымболем якога стала падзеньне Бэрлінскага муру.
Трэба зрабіць папярэднюю рэмарку: узначаліўшы рух антыфашысцкага супраціву, камуністы выйшлі з другой сусьветнай вайны як бясспрэчныя ваенныя, палітычныя і маральныя пераможцы. Яны выкарысталі сваю перамогу, каб застацца на грамадзкай сцэне ў якасьці адзінай палітычнай сілы і забясьпечыць трываласьць сваёй новай палітычнай сыстэмы. Тая рашучасьць, зь якой Ціта адказаў Сталіну ў 1948, дадала ім міжнароднага прэстыжу, а іх сыстэма “самакіраваньня”, што пачала разьвівацца з 1950, заваявала падтрымку сусьветна вядомых інтэлектуалаў і вучоных. Ясна, што гэта не перашкодзіла камуністам стабілізаваць аўтакратычную сыстэму; я звычайна называю гэтую сыстэму “цітаўскім таталітарызмам”, а заграбская пісьменьніца Дубраўка Угрэшыч (Dubravka Ugreśić), магчыма, больш удала назвала яго мяккім таталітарызмам. У сяброўстве Ціта з такімі асобамі, як іранскі шах Рэза Пэхлеві ці этіёпскі імпэратар Хайле Сэлайсіе ёсьць нешта ад роднасьці душаў. Калі разглядаць пытаньне ў гэтым ракурсе, дык раскоша прыватнага жыцьця Ціта ня ёсьць чымсьці надта важным. Сапраўдная прырода гэтага палітычнага рэжыму плебісцытнага цэзарызму добра дэманструецца такімі справамі, як “зьвядзеньне рахункаў” з так званымі “сталіністамі”, стварэньне канцэнтрацыйных лягероў для апанэнтаў рэжыму, а таксама палітычнае ды ідэалягічнае злоўжываньне ідэяй самакіраваньня, якая па сутнасьці мусіць быць формаю прадстаўнічае дэмакратыі. А ў пэрспэктыве пазьнейшых падзеяў пашырэньне ілюзіі пра росквіт, які трымаўся на вялізнай зьнешняй запазычанасьці, было асабліва згубным. Усё грамадзкае жыцьцё ператварылася ў шэраг пустых рытуалаў і інтрыгаў. Грамадзяне Югаславіі трымаліся ў стане палітычнага непаўналецьця. На сцэне яны былі дэкарацыяй, на тле якой “вялікі правадыр” граў сваю сусьветную ролю. Палітычныя канфлікты здараліся ў вузкіх колах кіруючай алігархіі і, як правіла, завяршаліся “палацавымі пераваротамі”, у выніку якіх некаторыя блізкія супрацоўнікі аўтакратычнага лідэра зьнішчаліся. У канцэтрычных колах рэпрэсіяў, што ствараліся ў такіх абставінах, шмат людзей пацярпела ад дэспатычнай рукі ўлады. Многія так і не зразумелі сапраўдную прычыну іх асабістага няшчасьця. Тое, што рэпрэсіі былі сэлекцыйнымі, ня значыць, што яны не былі масавымі; такім чынам, страх стаў асноўным людзкім пачуцьцём. Але, у рэшце рэшт, гульня мусіла скончыцца, і трэба было аплаціць рахункі.
Безумоўна, перад вамі толькі нарыс сацыяльнай структуры, у якой нарадзіліся югаслаўскія дысыдэнты. Але ж, з другога боку, у вачох жыхароў “Другой Эўропы” Югаславія часта здавалася запаветнай зямлёю: яе жыхары параўнальна лёгка маглі пакінуць “сацыялістычны рай” і мелі таксама магчымасьць адносна вольна вандраваць і працаваць у заходніх дзяржавах у якасьці “гастарбайтараў”. Заплаціць за гэтую вынятковасьць прыйшлося адносна хутка. Вонкавы супраціў югаслаўскай камуністычнай верхавінкі сталінізму стаў прычынай эскаляцыі сталінізму знутры, г.зн. тэрору супраць партыйных іншадумцаў. Шмат людзей, часта бязьвінных, былі высланыя ў канцэнтрацыйныя лягеры, сымбалем якіх стаў Голы Отак (Goli Otok) (літаральна “Пустая выспа” – маленькая выспа ў Адрыятычным моры) – югаслаўская вэрсія Гулагу. Без сумневу, нямногія новыя жыхары Голага Отака раней удзельнічалі ў рэпрэсіях супраць некамуністаў ці таварышаў па партыі, якім гэтак не пашанцавала, што яны па розных прычынах зрабіліся падазронымі. Некаторыя ж сябры камуністычнай партыі ня мелі “шчасьця” пабываць на Голым Отаку і былі забітыя адразу. Øòî äàòû÷ûööà самой Выспы, то жахлівая сыстэма катаваньня была арганізаваная такім чынам, што вязьні, частка якіх трапіла сюды ўвогуле без законных прысудаў, гралі ролю як катаў, так і ахвяраў. Але нават сярод гэтых людзей з трагічным лёсам, многія зь якіх былі зацятымі камуністамі, няшмат хто стаў сапраўдным дысыдэнтам. Многія зь іх былі зламаныя фізычна і маральна, у той час як іншыя замкнуліся ў сабе, каб захаваць сваю чалавечую годнасьць. Самым вядомым дысыдэнтам такога тыпу быў Уладзімер Дапчэвіч (Vladimir Dapčević) – зацяты камуніст-сталініст, які пасьля Голага Отака доўгі час жыў у Бэльгіі й крытыкаваў рэжым Ціта. У 1970-ых яго выкралі ў Румыніі, перавезьлі ў Югаславію і зноў асудзілі.
Жаданьне паказаць відавочныя адрозьненьні Югаславіі ад іншых краінаў з так званай народнай дэмакратыяй прымусіла югаслаўскіх камуністаў шукаць іншых вонкавых праяваў іхнага палітычнага рэжыму. Адначасова гэта сталася працэсам самаразбурэньня: адразу пасьля другой сусьветнай вайны (у пэрыяд 1945–48) менавіта югаслаўскія камуністы пераадолелі сталінскую ваяўнічасьць у асуджэньні палітыкі іншых камуністычных партыяў. Некаторыя камуністычныя партыі, напрыклад, француская й італьянская, не забыліся пра гэта й з энтузіязмам пачалі сплочваць тою ж манэтаю на самым пачатку югаслаўскага канфлікту. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Тое, на чым мы сканцэнтруем нашую ўвагу, гэта дасьледаваньне “югаслаўскага ўласнага шляху”, дзе асабліва вызначыўся Мілаван Джылас (Milovan Džilas). Цягам часу гэты чалавек стаў самым вядомым югаслаўскім дысыдэнтам зь вялікім міжнародным рэнамэ. Вельма рана, на пленуме Цэнтральнага Камітэту Камуністычнай Партыі Югаславіі ў студзені 1954 году, ён быў абвешчаны герэтыкам, а пазьней некалькі разоў быў пад судам і атрымліваў выракі. У камуністычных засьценках Ціты ён адбыў каля 9 гадоў з 11 атрыманых. Цікава, што Джылас, калі быў маладым камуністычным актывістам яшчэ ў Каралеўстве Югаславія, правёў у вязьніцы два гады. Такім чынам, паводле іроніі лёсу, у дзяржаве, якую Джылас ненавідзеў і хацеў рэвалюцыйным чынам зьмяніць, ён правеў у зьняволеньні ў чатыры разы менш, чым у дзяржаве, у “рэвалюцыйным” будаўніцтве якой ён прымаў актыўны ўдзел і дзе меў высокія пасады (сябра Палітбюра ЦК КПЮ, начальнік Агітпропу, старшыня Скупштыны (заканадаўчага сходу – Пер.) і г.д.). Хаця Джылас ня быў на выгнаньні, пасьля другой сусьветнай вайны ён стаў самым вядомым і самым цытаваным югаслаўскім дысыдэнтам.
Бібліяграфія працаў Джыласа, а таксама тэкстаў пра самога Джыляса надта ёмістая. Таму я абмяжуюся спасылкаю толькі на адну ягоную працу, якая пакінула глыбокі сьлед у тагачаснай літаратуры па сацыялёгіі і паліталёгіі. Я засяроджуся на яго “Новай клясе”. Кніга гэтая была невядомай для югаслаўскай сацыялягічнай думкі на працягу дзесяцігодзьдзяў. У ёй Джылас абгрунтаваў і разьвіў сваю крытыку камуністычнага грамадзтва, маючы на ўвазе ўвесь досьвед пасьля кастрычніцкае рэвалюцыі 1917. Джылас, вядома, ня быў першым аўтарам, які ўсьвядоміў, што так званыя камуністычныя грамадзтвы скіроўваюцца да свайго гістарычнага краху, аднак ён, апроч гэтага, стаў тым адважным дасьледчыкам, які меў дастаткова інтэлектуальнай, палітычнай і маральнай сьмеласьці, каб выказаць гэта ў паважнай форме. Ён указваў на “фараонскі” характар камуністычных сыстэмаў і трактаваў праблемы ўласнасьці й гвалту як ключавыя для разуменьня іх гістарычнай пагібелі. Жыцьцёвы досьвед, інстынкт палітычнага бунтара й адначасова маральна фрустраванай асобы ўзмацняе пераканаўчасьць і дакладнасьць яго аналізу, які ёсьць ня толькі добрай характарыстыкай ці дасканалай фэнамэналёгіяй, але ж таксама й моцнай крытыкай фундамэнту, дзеяньняў, сродкаў і мэтаў панаваньня новае клясы.
Вагаючыся паміж супярэчлівымі палюсамі марксысцкіх перакананьняў ды лібэральна-дэмакратычных тэорыяў, Äæûлаñ, у рэшце рэшт, прымае рашэньне скіраваць сваю крытыку выключна на марксызм. Што найбольш кангеніяльна ў ягонай працы – гэта дэфініцыя камунізму як формы сучаснага таталітарызму, які характарызуецца манаполіяй адной партыі, інакш кажучы, новай клясы, ці фактычна алігархічнай групоўкі ў клясе і партыі. Äæûëаñ асабліва падкрэсьлівае, што ў краінах, дзе рэвалюцыя стала шляхам да хуткай індустрыялізацыі, камуністычны рух быў надзвычай ідэалягізаваным і мусіў быць такім, калі хацеў перамагчы. Камуністычныя рэвалюцыі, што надалі сіле й гвалту статус культу, высунулі на першы плян такія партыі, якія абавязкова былі маналітнымі ў ідэалёгіі й арганізацыі: “Пры камуністычнай рэвалюцыі сама рэвалюцыя ёсьць першай акцыяй дэспатычнага і таталітарнага кіраўніцтва групы, канец якой уявіць цяжка”. Джыляс наракае на тое, што камуністычныя рэвалюцыі паглынаюць сваіх дзяцей, а ўсталяваны празь іх тэрор стварае “адны з самых ганебных старонак у гісторыі чалавецтва”. Таму што Джылас быў адным зь дзяцей, якіх “маці-рэвалюцыя” зжэрла, ягоны пункт гледжаньня выяўляе намаганьні знайсьці апраўданьні для жарлівай “маці” і дэспатычнага «бацькі» – сталінісцкага марксызму.
Мы ня будзем цяпер разглядаць усе аспэкты поглядаў Äæûëаñà ці ўказваць на ўсе ўнутраныя супярэчлівасьці – гэта задача для гісторыкаў, якія працуюць у галіне палітыкі і культуры. У сьвятле ж нашае тэмы трэба вызначыць наступнае пытаньне: якую ролю адыграў Джылас у працэсе дэзінтэграцыі Югаславіі ды ў спробах знайсьці дэмакратычны выхад з крызы? Самы просты і дакладны адказ будзе – ніякай. Ня тое, што б увогуле ніякай, але фундамэнтальна – не. Маючы на ўвазе, якім чынам распалася Югаславія, гэта гучыць больш як камплімэнт Джыласу, а не як цынізм у ягоны адрас. Я падмацую свой тэзыс наступным аргумэнтам: калі крытычна й з засьцярогаю паставіцца, зважаючы на маштабы трагедыі грамадзянскае вайны ў Югаславіі, да наступстваў дзейнасьці некаторых дысыдэнтаў часоў цітаўскага рэжыму (як, напрыклад, былога генэрала Франья Туджмана (Franjo Tudžman), цяперашняга прэзыдэнта Рэспублікі Харваччыны, Добрыцы Чосіча (Dobrica Čosić), экс-прэзыдэнта ФР Югаславіі, Ёжэ Пучніка (Jože Pučnik) са Славеніі ці Міхайла Марковіча (Mihajlo Marković) з Сэрбіі, а таксама многіх іншых дысыдэнтаў зь Бялграду, Заграбу, Любляны й Сараева), дык тое, што Джылас амаль што ня меў уплыву на разьвіцьцё палітычных падзеяў, безумоўна, гаворыць на ягоную карысьць.
Але ніякім чынам нельга сказаць, што пакуты Джыласа былі дарэмныя, а яго жыцьцё прайшло дарма. Таталітарныя рэжымы намагаюцца вынішчыць любую форму палітычнае апазыцыі, любыя праявы незалежнае думкі й любой формы чалавечай актыўнасьці, якую яны ня могуць паставіць пад свой татальны кантроль. І калі зьявіліся такія крытыкі, як Джылас, рэжым выкарыстоўваў усе магчымыя сродкі, каб перашкодзіць ім артыкуляваць жыцьцяздольныя апазыцыйныя погляды. Адзіным адказам рэжыму на крытыку быў зварот да рэпрэсіяў: пасадзіць чалавека ў турму –– вось што было іх самай моцнай зброяй. Паказальны тэрор супраць людзей кшталту Джыласа меў таксама іншую мэту – масавае запалохваньне насельніцтва. Калі рэпрэсіі ўжываюцца да Джыласа, дык яны могуць закрануць кожнага. Ніхто не павінен адчуваць сябе ў бясьпецы. Нават сяброўства ў партыі было ня больш чым “абаронаю толькі ад нязначнай, але ж не ад большай палітычнай рызыкі”. Зьявілася мноства людзей, якія даказвалі сваю палітычную артадаксальнасьць пераўтварэньнем у маральнае “нішто”, публічна абражаючы чалавека, які знаходзіўся ў турме й ня меў магчымасьці сябе бараніць! Пасьля, у працэсе дэзінтэграцыі Югаславіі, а таксама ў новаўтвораных дзяржавах, многія з тых людзей адыгралі важную ролю ў культуры й палітыцы. Натуральна, ім не былі патрэбныя такія нязручныя сьведкі іх маладушнасьці, як Джылас.
У чым жа тады Джыляс дасягнуў посьпеху? Ён перамог, калі дапамагаў грамадзянам Югаславіі выйсьці са стану палітычнай інфантыльнасьці, дапамагаў адчуць вартасьць сваёй асабістай пазыцыі, зразумець, што сіла – гэта не адзінае, што вызначае становішча асобы. Гэты чалавек улады і пакутнік даказаў, што нават пры таталітарным рэжыме палітыка ня ёсьць і не павінна быць “нашым лёсам”.
У югаслаўскай культуры гэта было прадэманстравана фундамэнтальным чынам у намаганьнях стварыць югаслаўскую інтэлектуальную супольнасьць вакол заграбскіх філязофскіх часопісаў “Praxis” і “Korčula Summer School”. Само зьяўленьне “Praxis’a” было маленькім цудам. Заграбскія філёзафы разам з калегамі зь Бялграду ды іншых культурных цэнтраў Югаславіі здолелі ў 1960-х і пачатку 70-х згуртаваць найвыбітнейшых філёзафаў і сацыёлягаў з усяго сьвету вакол свайго часопісу. У культурна слабой і неразьвітай краіне дасягнуць такой шырокай і непадкантрольнай дзяржаве інтэрнацыяналізацыі ўсіх сфэраў чалавечае думкі было сапраўдным учынкам. Але нягледзячы на вялікі міжнародны прэстыж, якім карысталіся “Praxis” і “Korčula Summer School” і зь якім таксама мусіў лічыцца рэжым, з самага пачатку гэтая інтэлектуальная супольнасьць знаходзілася пад моцным ціскам з боку палітычных фактараў. У сярэдзіне 1970-ых яе праца была цалкам заблякаванаю. Трэба ўважаць, што супрацоўнікі “Praxis’a” складаліся зь людзей, якія ні ў якім разе ня былі аднолькавымі паводле палітычных ці філязофскіх поглядаў. Яны проста паважна ставіліся да “дыялектыкі вызваленьня” й ўпарта разьвівалі “філязофію свабоды”. Я цытую тут найбольш значных прадстаўнікоў “Praxis’a” –– Гаё Петравіча (Gajo Petrović) і Рудзі Шупэка (Rudi Šupek).
Пад няспынным ціскам з боку рэжыму, які не цураўся рэпрэсіўных мераў, супрацоўнікі “Praxis’a” былі чымсьці накшталт унутраных эмігрантаў і дысыдэнтаў пад сталым наглядам. Але ў сваіх намаганьнях зламіць іх рэжым Ціты не дасягнуў таго, чаго хацеў. У сваю чаргу, ён не хацеў і таго, чаго ўрэшце дасягнуў. У дадатак да сваіх працаў сябры “Рraxis’a” здолелі апублікаваць ці паўплываць на публікацыю амаль усіх значных тэкстаў сусьветнай філязофскай і сацыялягічнай літаратуры. А іх доўгатэрміновым унёскам стала адкрытасьць культуры адной краіны ўсяму сьвету і ўнясеньне сусьветных культурных тэндэнцыяў у культуру Югаславіі. Гэтым тлумачыцца тая варожасьць з боку палітычнага кіраўніцтва таталітарнае дзяржавы й шавіністаў-ксэнафобаў, якія намагаліся абараніць свае, у вузкім разуменьні, “нацыянальныя культуры” ад “сусьветных” уплываў.
Тут мы падышлі да ключавой праблемы статусу дысыдэнта: у які момант можна сказаць, што дысыдэнт дасягнуў посьпеху ў сваіх высілках і калі ён перастае быць дысыдэнтам. Другое пытаньне ў нечым прасьцейшае. Калі сытуацыя ў грамадзтве радыкальна зьмяняецца, статус дысыдэнта разбураецца як пясочны замак. Менавіта гэта здарылася ў посткамуністычных грамадзтвах Усходняе, Цэнтральнае і Паўднёва–Ўсходняе Эўропы. Калі ў гэтым працэсе зьнікае дзяржава, як гэта здарылася з былой Югаславіяй, то дысыдэнцкая ніша папросту скасоўваецца. Гэта, натуральна, ня значыць, што паводле тых ці іншых прычынаў тыя ці іншыя людзі ня могуць быць дысыдэнтамі ў новаўтвораных дзяржавах. Другім шляхам зьнікненьня дысыдэнцтва ёсьць адмова самога дысыдэнта ад папярэдніх перакананьняў як праз каяту, гэтак і праз прыняцьце нейкага новага палітычнага вобразу. Такім чынам, многія югаслаўскія дысыдэнты апусьціліся да таго, што сталі ахвярамі “ўбоства дробных нацыяналізмаў” і ў імя сваіх нацыяў нарабілі шмат злога. І, нарэшце, існуе трэці шлях. Гэта тычыцца тых рэдкіх дысыдэнтаў, якія праз свае працы сталі грамадзянамі сьвету й праз сваю касмапалітычнасьць перайшлі мяжу таго грамадзтва, у якім яны жылі. Сярод югаслаўскіх дысыдэнтаў такія постаці вельмі рэдкія. Я прывяду імёны трох зь іх, на жаль, памерлых падчас гэтай вайны: Даніла Кіш , Рудзі Шупэк і Гаё Петравіч. Магчыма, такога кшталту людзі ёсьць яшчэ й сярод жывых, але будзе лепей пачакаць і паглядзець. Прыклад вялікага расейскага дысыдэнта Аляксандра Салжаніцына й яго тэатральнае вяртаньне ў Расею даюць досыць аргумэнтаў у падтрымку гэтае засьцярогі.
Адказ на першае пытаньне зыходзіць з адказу на другое. Калі быць кароткім, дысыдэнт дасягае посьпеху толькі тады, калі яго ідэі становяцца агульным дабром. Жаданьне ўлады ці прыход да ўлады, якім бы захапляльным гэта не падавалася, ня можа быць сымбалем гэтага посьпеху. І тады можна сказаць, што лёс згуляў з з дысыдэнтам злы жарт.
Але я вярнуся да новае сытуацыі, якая паўстала ў краінах былой Югаславіі. Пасьля таго, як у 1980 фігура Ёсіпа Броз Ціты зьнікла з грамадзкае сцэны, раўнавага ў тых вузкіх алігархічных, прэтарыянскіх колах, што перажылі яго, была парушаная. Спадкаёмцы распачалі лютую ўзаемную барацьбу за ягоную спадчыну й адмовіліся ад “югаслаўскага выбару”. Як і пасьля сьмерці Аляксандра Македонскага – дазвольце мне зрабіць гістарычную паралель, – былі створаныя сатрапіі на тэрыторыі былой Югаславіі, і югаслаўская геапалітычная прастора рэфэадалізавалася. Па сьмерці сюзэрэна новыя фэадалы абаранялі свае фэоды, мацуючы свае межы, і пачалі адкрыта варагаваць. Югаславія як дзяржава была прыведзеная да эканамічнага, палітычнага, культурнага і маральнага краху. Вядома, недэмакратычны характар як першай, так і другой Югаславіі не дае падставы для лямантаваньня над такім шляхам падзеяў; адначасова кожны цывілізаваны чалавек ня можа не задумацца пра тое, ці мусіла дэзінтэграцыя сапраўды быць такой крывавай.
У Югаславіі, як і ў іншых усходнеэўрапейскіх грамадзтвах, выйсьце з гістарычнага коляпсу таталітарызму не прывяло да дэмакратыі, наадварот, замест адной, цітаўскай разнавіднасьці таталітарызму, наляцела хваля шавінізму, і краіна падзялілася на шэсьць новых, аднолькавых таталітарных сыстэмаў, палітычным падмуркам якіх стаў нацыяналізм. “Трыюмф нацыяналізму”, характэрны як для Югаславіі, так і для іншых краінаў так званага рэальнага сацыялізму, суправаджаўся жорсткім сутыкненьнем – спачатку палітычным, культурным і эканамічным, а пазьней і ваенным – паміж узаемнаапазыцыйнымі дробнымі нацыяналізмамі, што прывяло да грамадзянскай, міжэтнічнай і рэлігійнай вайны ў былой Югаславіі. Вайна рупліва рыхтавалася ў папярэднія гады і дзесяцігодзьдзі. Многія грамадзяне Югаславіі, якія мелі інстынкт самазахаваньня, з жахам чакалі такога разгортваньня падзеяў. У той жа самы час згубіўшая арыентыры міжнародная супольнасьць спрабавала ўсталяваць вакол югаслаўскага “катла Пэпіна” без засьцярагальнага кляпана санітарны кардон -- дзеля таго, каб зьменшыць па магчымасьці шкоду, што магла быць нанесеная эўрапейскім краінам і ў першую чаргу Эўрапейскаму Зьвязу, канфліктам, які набліжаўся ў Югаславіі. Ня будзем ужо казаць пра набыткі!
“Вайна ў былой Югаславіі – жывая рэтраспэктыва ўжо забытага эўрапейскага рэпэртуару зла”, - піша Дубраўка Ўгрэшыч. “Вайна, апроч іншых рэчаў, ажывіла забыты і стары тып прафэсіі – інтэлектуала. Ізноў паўсталі ўжо прызабытыя фразы пра палітычныя абавязкі інтэлектуалаў, пра іх ролю й адказнасьць пры разгортваньні гістарычных падзеяў і гэтак далей. Вайна паспрыяла маральнаму імпульсу інтэлектуальнай Эўропы. Ізноў пачаліся вэрбальныя войны pro et contra, інтэлектуалы пачалі абвінавачваць адзін аднаго, практыкуючы жанр маральнага асуджэньня, пачалася барацьба за праўду і няпраўду, за правільны інтэлектуальны імідж, за вяртаньне згубленай годнасьці прафэсіі інтэлектуала”. Замест антыінтэлектуальных банальнасьцяў, якія ўжывалі, абвінавачваючы інтэлектуалаў, ідэалягічныя лідары і карнікі папярэдняга рэжыму– мяккага таталітарызму, як сказала б Угрэшыч, –– зараз мы маем абвінавачваньні ў тым, што інтэлектуалы “здраднікі свайго народу” і “падбухторнікі вяртаньня да камунізму”. Такім чынам, ізноў існуе шмат прычынаў для існаваньня дысыдэнцкай пазыцыі. Калі старая гульня скончылася, то пачынаецца іншая – з новымі правіламі й картамі. Адзін тып дысыдэнта зьнікае з грамадзкае сцэны і становіцца аб’ектам культурнай археалёгіі. Паколькі ня можна проста пераскочыць ад таталітарызму да дэмакратыі, дык магчымасьці для новых дысыдэнтаў адкрытыя.
На самой справе, працэс дэзінтэграцыі Югаславіі разам з вайной выклікаў рашучы паварот у “сацыяльных абавязках” бальшыні югаслаўскіх інтэлектуалаў, як з боку дысыдэнтаў, так і з боку пераважнай часткі тых, хто некалі абслугоўваў прапагандысцкі й ідэалягічны апарат “старога рэжыму”. “Новая вопратка караля”, прыгатаваная ідэалягічнымі абаронцамі і апякунамі для “самакіраванага сацыялізму з чалавечым абліччам”, а таксама багаты асартымэнт “цэнтраў распрацоўкі тэорыі марксызму”, была адкінутая даволі хутка, літаральна за ноч, а на зьмену ёй прыйшло ўслаўленьне новых нацыянальных багоў і нацыянальных ідэяў. Адна форма калектывісцкае ідэнтыфікацыі была замененая на іншую. Калектывісцкая ідэнтыфікацыя сацыялізму была замененая калектывісцкай нацыянальнай ідэнтыфікацыяй. Зьмянілася рыторыка, але ж – не практыка. Цэнзура ў дачыненьні да дысыдэнтаў, “анарха-лібэралаў” і “ворагаў усіх сартоў” была замененая цэнзураваньнем “нацыянальных здраднікаў” і “Юга-настальгікаў”. Судзьдзі засталіся тыя ж самыя, але набор абвінавачваньняў зьмяніў фармулёўкі.
Гэтыя хуткія і драматычныя зьмены зрабілі пралом з абодвух бакоў. Ня ўсе былыя ідэалягічныя й палітычныя цкавальнікі абявязкова апраналі “новую нацыянальную вопратку” й пачыналі трубіць у нацыянальныя трубы. Больш таго, у прывілеяваных колах новаствораных нацыянальных дзяржаваў для ўсіх іх не было дастаткова месцаў, але, праўду кажучы, ня кожны й прагнуў заняць іх. З другога боку, ня ўсе былыя дысыдэнты-інтэлектуалы, якія адмовіліся ідэнтыфікаваць сябе з аўтарытарным калектывізмам рэжыму Ціты, адмовіліся ад аўтарытарнага калектывізму новага тыпу – нацыянал-шавінізму ці нацыянал-сацыялізму.
Можна сказаць, што ў падрыхтоўцы да вайны, у прапагандзе супрацьлеглых нацыянальных мэтаў і інтарэсаў, у іх максымалізацыі й прапагандзе іх непамернай выключнасьці, а таксама ў самой вайне, што выбухнула на пачатку 1990-ых, інтэлектуалы адыгрывалі розныя, часта супярэчлівыя ролі. Падзелы сярод іх часам не супадалі з падзеламі нацыянальнымі. Варта заўжды памятаць, што ў слабаразьвітых грамадзтвах інтэлектуалы часта адыгрываюць некаторыя сацыяльныя ролі, якія, натуральна, ім не належаць, а ў шматнацыянальных грамадзтвах падобныя ролі часта ставяць іх у цэнтар сацыяльных супярэчнасьцяў. Такім чынам, мастакі й вучоныя, а ў большай меры – пісьменьнікі і філёзафы аказваюцца ў ролях палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, высокапаложаных чыноўнікаў і дарадцаў, лідараў палітычных груповак ці проста “нацыянальных работнікаў”, што не заўжды пасуе ім да твару. Большасьць новых нацыянальных і дзяржаўных лідараў, як і іхняя сьвіта, рэкрутаваліся з былых дысыдэнтаў. Посткамуністычныя грамадзтвы прапануюць выразныя эмпірычныя доказы гэтага. Аднак, разам з тым аповед пра дысыдэнтаў у грамадзтвах з “рэальным сацыялізмам” канчаецца. Кругаварот – “ад дзяржаўнага інтэлектуала да дысыдэнта і наадварот”, як сказала бы Дубраўка Ўгрэшыч, – канчаткова спынены.
Падчас трагічных падзеяў, калі мір быў згублены, а звычайныя людзі сталі протаганістамі й ахвярамі вайны, паўстала драматычная дылема: ці інтэлектуалы – людзі без радзімы, ці нацыяналізм – гэта лёс жыхароў Балканаў? Спачатку людзей навучылі баяцца амаль усяго, што не сумяшчаецца з калектывісцкай (нацыянальнай) ідэнтыфікацыяй і не адпавядае візіі адзінай і ўнітарнай нацыі, а потым на гэтай падрыхтаванай глебе пачалі культывавацца нянавісьць, неталерантнасьць, сьвядомыя і несьвядомыя жарсьці, сканцэнтраваная агрэсія –– “дылювіяль” , як назваў гэта Міраслаў Крлежа ( Miroslav Krleža). Такім чынам, усе бакі канфлікту апынуліся пад перакрыжаваным агнём злачынстваў. Прымітыўная палітычная культура, недахоп сталасьці для таго, каб жыць разам і цывілізавана вырашаць сацыяльныя канфлікты, кланавасьць, племенны разбой і помста, спэкуляцыя на вайне й разбуральныя інстынкты, якія зьявіліся ў людзей, ёсьць часткаю больш шырокай цывілізацыйнай і культурнай мадэлі, што адзначыла апошняе дзесяцігодзьдзе 20-га стагодзьдзя на Балканах. Перафразуючы думку аднаго гісторыка ў дачыненьні да сучаснай эўрапейскай гісторыі, я назаву гэтае дзесяцігодзьдзе, як зрэшты й папярэднія, – “часам неталерантнасьці”. Ці, гаворачы словамі старажытнай мудрасьці, “часам багатым на гора”, што спарадзіў “жорсткую вайну”. Але ж і “кепскага міру” пакуль яшчэ не відаць. Гэта быў час, калі “нянавісьць была настолькі магутнай, наколькі несправядлівай”. Сьветапогляды тых, хто стварыў дух эпохі ганьбы, ці тых, хто супраціўляўся яму, акрэсьлівае гарызонт, на якім разгортваецца трагічны лёс балканскага дысыдэнта.
1 Даніла Кіш памёр у 1989 годзе ў Парыжы да пачатку грамадзянскай вайны ў былой Югаславіі.
2 правобраз сучаснага аўтакляву, вынайдзены францускім вучоным Пэпінам ў 17 ст.
3 горная плынь, які зрыньвае ўсё на сваім шляху.
Пераклад з ангельскай Зьмітра Дарохіна й Алены Арэшкавай
Заўвагі перакладчыка
Артыкул Божыдара Якшыча ёсьць вельмі цікавым ня толькі праз тое, што мы атрымалі магчымасьць зірнуць на складаны балканскі “вузёл” вачыма інтэлектуала з Сэрбіі, але ж і таму, што на яго падставе можна паназіраць і прааналізаваць, як сэрбская пазыцыя і тлумачэньне балканскіх падзеяў спалучаецца й сьцісла стасуецца з эўрапейскай боязьзю нацыяналізму, пад які Эўропа падкладае ўсю “рэтраспэктыву зла”. Артыкул дае магчымасьць зазірнуць у самы асяродак быццам бы незалежнай інтэлектуальнай думкі, якая ўсё ж асьвятляе погляды толькі аднаго боку ці пазыцыю тых, хто ня здолеў пасьля распаду Югаславіі адважыцца зьідэнтыфікавацца са сваім народам і падзяліць зь ім цяжар і адказнасьць выбару на карысьць самастойнага жыцьця. Увесь артыкул прасякнуты апакаліпсычным і негістарычным духам (хаця невялікая і, разам з тым, няпоўная й недакладная гістарычная спасылка на мінулыя часы ёсьць); Балканы разглядаюцца сёньня і зараз, без дыяхранічнай пэрспэктывы, якая паказала б, што ў кожнага “этнічна падобнага народу” быў свой досыць непадобны да іншых лёс, які зрабіў іх у рэшце рэшт самастойнай нацыяй. Аўтар на самым пачатку падае сваё ўспрыманьне югаславянскай геаграфічнай прасторы як тэрыторыі этнічна суцэльнага народу, які быў падзяляўся ў розныя часы з дапамогаю сілы. Божыдар Якшыч не забываецца сказаць, што вайна на Балканах была адмыслова падрыхтаваныю чыёйсьці злачыннай рукою, але адмаўляе тое, што яна стала крывавым вынікам непазьбежнага гістарычнага разьвіцця розных народаў ды іх сутыкненьнем на гэтым сваім шляху да нацыянальнага паўналецьця з сэрбскім імпэрыялізмам. Вядома, парыў і імпульс народаў узначалілі духоўна нясьпелыя ды прагныя да ўлады палітыкі, якія выкарысталі сытуацыю, –– але гэта зусім не значыць, што яны былі галоўнымі й адказнымі протаганістамі гэтай драмы; непазьбежнасьць менавіта такой хады гісторыі, здаецца, ня можа быць аспрэчаная; так ці ня так, але Югаславіі мусіў быў прыйсьці заканамерны канец. І задачаю інтэлектуала, напэўна, усё ж ёсьць усьведамленьне гэтага й пошук для сябе самога тае раўнавагі паміж ажыцьцяўленьнем векавых інтарэсаў сваёй нацыі і дэмакратычнымі сродкамі для іх дасягненьня, з чаго зусім слушна й вынікае магчымасьць новага дысыдэнцтва…
Алена Арэшкава
YUGOSLAVIA
Božidar Jakšić, Ph. D.
Dissidents – An (un) finished Story
Summary
In the tragic events in which peace was lost, and ordinary people became protagonists and victims of the war, a dramatic dilemma seems to have arisen: are intelectuals people without a homeland, or nationalism is the destiny of the Balkan man? People were first taught to be afraid of anything that does not pertain to the collective (national) identity, and does not conform to the picture of one and unitary nation. And then, on this fertile soil, hatreds, intolerances, conscious and unconscious passions, concentrated aggression – all thouse phenomena that Miroslav Krleža would call “diluval”were cultivated. Thus all the sides in conflict were brought under cross-fire of crimes. Primitive political culture, lack of maturity for living together and for civilvzed forms of solving social conflicts, tribalism, tribal brigandage and requitals, war profiteering and destructive instincts aroused in people, are part of a broader civilvzational and cultural model which has so powerfully stamped the last decade of the 20th century in the Balkans. Paraphrasing the idea of a historian referring to recent European history, I would call this decade, and the ones that preceded it – “the time of the intolerant”. Or, in the words of the old wise, the “time rich in misfortunes”, which brought a “cruel war”. But neither a “barren peace” is yet in sight; this has been a time when “hatred was all the more powerful as it was more unjust”. The views of those who created the spirit of the epoch of infamy, or opposed it, outline the horizon in which the tragic fate of the Balkan dissident unfolds.
Božidar Jakšić – нарадзіўся ў 1937 у Ган Піесак (Han Pijesak). Філёзаф і сацыёляг. У 1961-1972 – асыстэнт аддзелу палітычных навук і філязофіі Сараеўскага ўнівэрсытэту. У 1972 арыштаваны за «варожую прапаганду»; зволены з працы. З 1975 працаваў у Інстытуце міжнароднага рабочага руху ў Бялградзе. У 1991-1995 – дырэктар Інстытуту тэорыі філязофіі і сацыялёгіі Бялградзкага ўнівэрсытэту. Займаецца праблематыкай многакультурнасьці шматнацыянальных грамадзтваў, арганізатар канфэрэнцыяў на гэты тэмат.
Кантакт: Univerzitet u Beogradu, Narodnog Fronta 45, 11000 Beograd YUGOSLAVIA, tel./fax 011-646242
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Цэнтру Athenaeum |