БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ШУФЛЯДА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Шуфляда № 1/1999

“ДРУГАЯ” ЭЎРОПА

УКРАІНА

Яўген Захараў / Евген Захаров / Jevhen Zaharov
(Харкаўская Праваабарончая Група)

Дысыдэнцкі рух ва Украіне

У 1954 годзе канчаткова была разгромленая Ўкраінская Паўстанцкая Армія (УПА), якая пасьля другой сусьветнай вайны вяла барацьбу за нацыянальную незалежнасьць Украіны. Але са зьнішчэньнем УПА ідэя незалежнасьці ня зьнікла. Зьявіліся новыя арганізацыі, якія працягнулі барацьбу супраць таталітарнага рэжыму, але ўжо не ваеннымі і не агрэсіўнымі мэтадамі.

1. ХХ зьезд КПСС, які адбыўся ў лютым 1956 году, паклаў пачатак новаму курсу ў палітыцы кіруючага рэжыму. Гэты пэрыяд у гісторыі Ўкраіны вызначаецца як пэрыяд “адлігі”, у які распачаліся рэформы па дэсталінізацыі грамадзтва, якія, праўда, былі непасьлядоўныя і абмежаваныя. Але штуршок адбыўся, і грамадзтва паступова пачало зьмяняцца. Побач з нацыянальным ды рэлігійнымі рухамі паўстаў дэмакратычны рух, а таксама рух жыдоў за выезд у Ізраіль ды інш. Усе гэтыя рухі аб’ядноўвала адно -- непрыманьне палітыкі савецкага рэжыму і, як наступства, рэпрэсіі супроць ніх. Толькі ўмоўна можна вылучыць час “адлігі” як пэрыяд зараджэньня і пачатковага разьвіцьця дысыдэнцкага руху.

На Ўкраіне ствараюцца новыя нацыяналістычныя арганізацыі, асабліва ў Заходняй Украіне (АУН-Поўнач, Украінскі Нацыянальны Камітэт, Аб’яднаная Партыя Вызваленьня Ўкраіны). Паўстаюць левыя дэмакратычныя арганізацыі (Дэмакратычны Зьвяз Сацыялістаў, 1964 год). І нацыянальная, і дэмакратычная ідэі былі адлюстраваныя ў праграме Ўкраінскага Рабоча-Сялянскага Зьвязу (УРСЗ). Гэтая нацыяналістычная арганізацыя у падмурак сваёй дзейнасьці паклала прававы прынцып -- дамагацца незалежнасьці Ўкраіны паводле 17 артыкулу савецкае Канстытуцыі; націск быў зроблены на дэмакратычныя правы і свабоды.

Напрыканцы 50-х гадоў адбываецца новы ўсплеск палітычных рэпрэсіяў. Рэжым зьмяніўся толькі ў дэталях і лёзунгах, па сутнасьці ён заставаўся таталітарным.

2. “Адліга” паклала пачатак культурнаму адраджэньню Ўкраіны, якое праявілася ў руху “шасьцідзясятнікаў”. У 1960 годзе ў Кіеве быў адкрыты Клюб творчай моладзі пад эгідай абкаму камсамолу. Старшынём Клюбу стаў Лесь Танюк, удзел бралі Ала Горская, Іван Дзюба, Яўген Свэрсьцюк, Іван Сьветлічны, Васіль Сіманенка ды іншыя. Клюб ладзіў вечарыны, прысьвечаныя памяці Тараса Шаўчэнкі, Леся Курбаса, Івана Франка, Лесі Украінкі. Гэтыя вечарыны зьбіралі сотні ўдзельнікаў. Клюб быў разагнаны ў 1964 годзе пасьля спробаў расьсьледаваць чуткі пра масавыя пахаваньні ахвяраў рэпрэсіяў у Быкоўне -- прадмесьці Кіева.

Найбольш актыўнай была творчая інтэлігенцыя — маладыя ўкраінскія паэты, пісьменьнікі, мастакі, публіцысты. Адметнымі фігурамі і натхняльнікамі сталі Васіль Сіманенка, Мікола Вінграноўскі, Іван Драч, Ліна Кастэнка, Ірына Стасіў, Ігар Калынец, Ала Горская, Стэфанія Шабатура ды іншыя. У гэтыя гады зьявілася група таленавітых ды сьмелых публіцыстаў і гісторыкаў – Іван Дзюба, Іван Сьветлічны, Валянцін Мароз, Вячаслаў Чарнавіл, Сьвятаслаў Караванскі, Яўген Сьверсьцюк, Васіль Стус. Асаблівасьцю гэтага руху была ягоная адкрытасьць. За мэту была ўзятая дэмакратызацыя савецкай сыстэмы і спыненьне русіфікацыі, стварэньне сацыялізму “з чалавечым абліччам” (“Барацьба за грамадзкую справядлівасьць”, «Партыя барацьбы за выкананьне ленінскіх ідэяў”). Разам з тым, у гэты пэрыяд атрымалі разьвіцьцё новыя арганізацыі, блізкія да УПА (Украінскі Нацыянальны Фронт ды інш.). Традыцыйным стала сьвяткаваньне 22 траўня -- дзень перанясеньня парэшткаў Т.Г.Шаўчэнкі ў Канеў, а таксама мітынг 29 верасьня каля Баб’яга Яру ў Кіеве. Новай зьяваю сталі літаратурныя сэмінары, узьнік так званы “самвыдат” (кніга “Інтэрнацыяналізм, або Русіфікацыя?” І.Дзюбы, матэрыялы Чарнавіла пра арышты 1965 году, часопіс “Воля и Батькивщина”, інфармацыйны бюлетэнь “Украинский вестник”).

3. Лягічным завяршэньнем палітыкі кіруючага рэжыму сталі арышты, ператрусы, допыты ўдзельнікаў дысыдэнцкага руху.

1972 год пачаўся з “чорнага студзеня” -- масавых арыштаў у Кіеве і ў Львове (адначасова пачаліся арышты ў Маскве ды іншых гарадох СССР [кампанія супраць «Акадэмічнага асяродку» ў Менску, якая разгарнулася летам 1973, была непасрэдным водгукам тых падазеяў – Рэд.]. Маштаб гэтых арыштаў пераўзышоў кампанію 1965 году; некаторыя былі асуджаныя за “паклёп” або паводле крымінальных артыкулаў, большасьць -- за “антысавецкую агітацыю і прапаганду” (арт.62 КК УССР). Судзілі за выраб, распаўсюджваньне і нават захоўваньне самвыдату. Даволі часта ставіліся ў віну ўчынкі папярэдніх гадоў. Амаль усе выракі былі максымальнымі і амаль максымальнымі паводле дадзенага артыкулу. Шырока выкарыстоўваліся пазасудовыя рэпрэсіі -- звальненьні, паніжэньне ў пасадзе, выключэньне з партыі, ВНУ або грамадзкай арганізацыі. Было забаронена сьвяткаваць дзень 22 траўня, вінаватыя падпадалі пад пазасудовыя рэпрэсіі. Асноўны ўдар прышоўся па ўкраінскай інтэлегенцыі. Яе разгром пераўзыйшоў у масштабе колы непасрэдна арыштаваных. “Чыстка” была праведзеная ня толькі ў навуковых ды культурных установах, яна была пашыраная на вясковую інтэлігенцыю, а таксама на партыйныя ды савецкія кадры. У траўні 1972 году быў зьняты з пасады Пётра Шэлест, першы сакратар ЦК КПУ, якога абвінавацілі, паводле “Украинского вестника”, у нацыяналізьме ды правакаваньні “нацыяналістычнага руху” на Ўкраіне. Пасьля гэтага пачалася замена партыйных работнікаў. Быў павялічаны апарат КГБ. Неверагодныя маштабы набыло тэлефоннае праслухоўваньне, перахопліваньне лістоў, тайнае і яўнае сачэньне. Пасьля 1972 году склалася становішча, калі ўкраінскі самвыдат папаўнялі пераважна палітвязьні. У 1973-1975 гадах выйшлі 7-9 выпускі “Украинского вестника”, якія зьмяшчалі не інфармацыйныя паведамленьні, а таксама тэматычныя артыкулы.

Нягледзячы на жорсткі перасьлед любых праяваў неафіцыйнай грамадзкай актыўнасьці на Украіне, разьвіцьцё дысыдэнцкага руху набывала арганізацыйнае афармленьне. Ува ўзьніклую ў Маскве ў траўне 1969 году Ініцыятыўную Групу Абароны Правоў Чалавека ў СССР увайшлі кіяўлянін Леанід Плюшч і харкаўчанін Генрых Алтунян (абодва былі арыштаваныя). У 1974 годзе ў Маскве была створаная савецкая сэкцыя Міжнароднай Амністыі, куды ўвайшоў кіяўлянін Мікола Рудэнка. Арганізацыйнае афармленьне дысыдэнцкага руху завершылася ўтварэньнем Украінскай Хельсінскай Групы.

4. У Хельсінкі ў 1975 годзе былі падпісаны пагадненьні, пакліканыя нармалізаваць адносіны паміж краінамі з рознымі ідэалягічнымі сыстэмамі. Хельсінскія дакумэнты паўплывалі на праваабарончы рух ува ўсім сьвеце, шмат ў якіх краінах былі ўтвораныя групы спрыяньня выкананьню гэтых пагадненьняў.

СССР узяў на сябе абавязак паважаць правы чалавека, кіравацца імі ў сваёй унутранай палітыцы. У Маскве, а потым і ў некаторых саюзных рэспубліках былі створаныя Хельсінскія групы; у прыватнасьці, на Ўкраіне такая група была ўтвораная 9 лістапада 1976 году. Украінскую Хельсінскую Групу (УХГ) арганізавалі 9 чалавек, узначаліў яе Мікола Рудэнка. У УХГ увайшлі прадстаўнікі ўсіх стадыяў ўкраінскага нацыянальнага руху: О.Мешко і О.Бэрднік -- ахвары сталінскіх рэпрэсіяў, асуджаныя за нацыяналізм; І.Кандыба і Л.Лук’яненка -- удзельнікі нацыянальнага руху 1950-х гадоў; О.Тыхій і Н.Строкатая -- пачынальнікі руху “шасьцідзясятнікаў”; М.Марыновіч і М.Матусэвіч -- маладое пакаленьне гэтага руху. УХГ сканцэнтравалася на нацыянальнай праблеме -- найбольш важнай і злабадзённай -- і сама ўхілілася ад праблемаў рэлігійных -- жыдоў, крымскіх татараў. УХГ выпускала мэмарандумы, пазьней -- інфармацыйныя бюлетэні.

Перасьлед распачаўся з моманту абвяшчэньня Ўкраінскай Хельсінскай Групы (9 лістапада). Першыя арышты былі праведзены адначасова ў маскоўскай і ўкраінскай групах у пачатку лютага 1977 году. Хутка амаль цалкам зьмяніўся склад групы, яе сябрамі станавіліся палітвязьні, якія знаходзіліся ў лягерах або ў ссылцы.

Да 1979 году рэпрэсіі на Ўкраіне набылі пэўнае мафійае адценьне. Частым мэтадам расправаў стала зьбіцьцё на вуліцах, жанчынам паграджалі згвалтаваньнем. Увесну 1979 году быў забіты ўкраінскі кампазытар Уладзімер Івасюк, цалкам магчыма, зыходзячы зь некаторых фактаў і матар’ялаў, супрацоўнікамі КГБ. Палітычныя арышты 1979-1980 гадоў на Украіне ў першую чаргу былі скіраваныя супраць удзельнікаў хельсінскай групы. Пры гэтым шырока выкарыстоўваліся крымінальныя абвінавачваньні, сфабрыкаваныя міліцыяй ды КГБ. З 14 сябраў УХГ у 1979-1980 гадох 6 былі асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў. У 1981 годзе, калі быў арыштавны апошні сябра УХГ з тых, хто заставаўся на свабодзе -- Іван Кандыба, усе ўдзельнікі групы апынуліся за кратамі. Пасьля разгрому УХГ адрадзіліся спробы падпольнай дзейнасьці. У 1979 годзе была раскрытая арганізацыя “Украінскі Нацыянальны Фронт” -- яе мэты былі мірнымі, прапагандысцкімі, падпольнасць тлумачылася спробай пазьбегнуць рэпрэсіяў. Пасьля разгрому УНФ іхную справу працягнуў Украінскі Патрыятычны Рух.

Усе спробы стварыць легальныя арганізацыі па абароне правоў чалавека або нацыянальнай ідэі, нацыянальнай культуры былі спыненыя. Калі раней дысыдэнты спрабавалі апэляваць да савецкіх законаў, Канстытуцыі, да міжнародных пагадненьняў шляхам напісаньня лістоў, пэтыцыяў, зваротаў у розныя інстанцыі ды міжнародныя арганізацыі, то ўжо ў 1980-я гады, пераканаўшыся ў безвыніковасьці такіх дзеяньняў, яны перайшлі ў падпольле. У той жа час у грамадзтве пашыраецца маўклівае непрыманьне рэжыму ды ягонай палітыкі. У нетрах украінскага народу зараджаюцца перадумовы да стварэньня ў канцы 1980-х гадоў масавых палітычных партыяў і рухаў.

Паводле прыкладу польскай “Салідарнасьці”, у Данбасе была зробленая спроба стварыць незалежны прафсаюз. Адзін зь ініцыятараў, Нікіцін, трапіў у псыхіятрычную лякарню.

Рэжым, які быў падточаны знутры і які ня вытрымаў напружаньня халоднай вайны, прыходзіў у заняпад, і для бальшыні людзей думка пра неабходнасьць пераменаў была ня новай. Пра гэтае сьведчаць рэзкі рост колькасьці падпольных арганізацыяў, які прыпаў якраз на 1980-я гады, распаўсюджаньне ананімных улётак (за 1975-1985 гады іх было выяўлена больш за 160 тысячаў), колькасьць якіх у 1980-я ўсё ўзрастала ды ўзрастала. Такім чынам, дысыдэнцкі рух на Ўкраіне падрыхтаваў ідэалягічна новы этап разьвіцьця грамадзтва.

Jevhen Zacharov

Dissident Movement in Ukraine

Summary

At the end of 1970s in Ukraine there were made attempts to set up legal human rights organizations dealing also with the protection of national culture. These attempts were destroyed. If earlier dissidents used to appeal to the Soviet law, Soviet Constitution and international agreements and used to practice appeals to different institutions and international organizations, in 1980s, after having acquired an experience of these actions being unfruitful, they moved to the underground. At that time a silent hostility to the regime and its policy got widening. In depths of the Ukrainian society prerequisites for political parties and movements to be formed in 1980s were set up.

Яўген Захараў – нарадзіўся ў 1952. Інжынэр-матэматык, скончыў мэханіка-матэматычны факультэт Харкаўскага ўнівэрсытэту. З 1970-х – актыўны ўдзельнік праваабарончага руху. У 1988-1992 карэспандэнт «Экспресс-хроники», аўтар артыкулаў у незалежнай пэрыёдыцы. З 1989 сябра Маскоўскай хельсінскай групы. У 1990-1994 – сябра Харкаўскай гарадзкой рады, з 1990 – намесьнік старшыні камісіі па рэабілітацыі незаконна рэпрэсаваных. У 1989-1992 сустаршыня харкаўскага «Мэмарыялу». З 1992 сябра грамадзкай рады ўкраінска-амэрыканскага бюро абароны правоў чалавека; галоўны рэдактар часопіса «Права человека в Украине» ды сустаршыня харкаўскай групы абароны правоў чалавека.

Кантакт: tel./fax: + 47-62-56, e-mail: root@khghr.kharkov.ua 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Цэнтру Athenaeum

кантакт: anh@belsonet.net

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія