|
ПУЬЛІКАЦЫІ
Археалёгія і палітыка
Мікола КРЫВАЛЬЦЭВІЧ
Залежнасьць, якая існавала і існуе паміж, здавалася б, на першы погляд
даволі аддаленымі па сваіх мэтах кірунках дзейнасьці -- археалёгіяй і палітыкай
-- мае пад сабою рэальную падставу. Нездарма археоляга-палітычная тэматыка
набывае ўсё большае гучаньне на міжнародных археалягічных кангрэсах. Ёй
прысьвячаюць свае старонкі некаторыя археалагічныя выданні (гл., напрыклад «Journal of European
Archaeology»). Што можа быць узаемазалежнага паміж, з аднаго боку,
археалёгіяй -- навукай, якая, у рэшце рэшт, шляхам вывучэньня выкапнёвых
культурных рэштак ці сьлядоў стварае пэўнае ўяўленьне пра жыццё людзей далёкага
мінулага; з другога боку, палітыкай -- той сфэрай дзейнасьці, якая накіраваная на
фармаваньне і функцыянаваньне ўладных структураў, уладнай ідэалёгіі?
Найноўшы час вымушае да ўсё большай узаемнай залежнасьці многіх, на першы
погляд, здавалася б, зусім несумяшчальных сфэраў чалавечай дзейнасьці.
Гуманістыка, у тым і археалёгія, як яе неад'емная частка, непарыўна зьвязаная
зь сёньняшнімі рэаліямі, у тым ліку і палітычнымі. Паводле Ганса Гадэмэра,
суб'ект працэсу гістарычнага пазнаньня сам гістарычны, бо належыць да пэўнага
гістарычна-культурнага сьвету. «Гісторык вызначаны і абмежаваны сваёй
прыналежнасьцю да пэўных маральных сфэраў, да сваёй айчыны, сваімі палітычнымі
і рэлігійнымі перакананьнямі», -- працягвае сваю думку Г.Гадэмэр (цытата паводле артыкула Генадзя Сагановіча
«Нацыянальнасьць гісторыі як навукі» // Беларускі гістарычны агляд. 1994, Т. 1, Сш. 1. С. 6).
Характар узаемаадносінаў, якія складваюцца паміж гуманітарнымі навукамі і
ідэалёгіяй, вельмі часта наўпрост залежыць ад формы палітычнага рэжыму, ува
ўмовах якога яны існуюць. Палітолягі адзначаюць, што найбольшая сувязь паміж
гуманістыкай і афіцыйнай ідэалёгіяй прасочваецца ў грамадзтвах з аўтарытарнымі,
дыктатарскімі, таталітарнымі рэжымамі. Праўда, гэта не азначае, што такой
залежнасьці няма ў дэмакратычных грамадзтвах. Гуманістыка, у тым ліку і
гісторыя, заўсёды, у той ці іншай ступені, мае выхад на ідэалёгію. «Гісторык
глядзіць у мінулае з сучаснасьці, што вызначае пэрспэктыву яго бачаньня. Кожная
кніга па гісторыі -- гэта кніга пэўнай эпохі і пэўнай больш канкрэтнай
сучаснасьці. Са зьменаю «сучаснасьці» зьмяняецца і тая пэрспэктыва бачаньня
мінулага, якую яно вызначае» (Ивин А.А.
Введение в философию истории. М., 1997. С. 5). Гэтую думку можна таксама
падмацаваць выказваньнем вядомага францукага гісторыка Марка Фэро: «…Мінулае ня
толькі ня ёсьць супольным для ўсіх, але і ў памяці кожнага яно зь цягам часу
пераўтвараецца; уяўленьні нашыя зьмяняюцца па меры таго, як трансфармуюцца
веды, ідэалёгія, па меры таго як зьмяняюцца функцыі гісторыі ў тым ці іншым
грамадзтве» (Марк Ферро. Как рассказывают
историю детям в разных странах мира. М., 1992. С. 8). Той жа Фэро працягвае
далей: «Сёньня ў кожнай ці амаль у кожнай нацыі ёсьць некалькі гісторый, якія
накладваюцца адна на другую і супастаўляюцца адна з другой» (С. 9).
Узаемаадносіны паміж археалёгіяй і ўладай на Беларусі заўсёды складваліся
няпроста. Амаль усе беларускія археолягі былі вынішчаныя бальшавіцкаю
рэпрэсіўнаю машынаю перад другой сусьветнаю вайною. Недзе толькі ў 1970-ыя гады
сталі праглядацца абрысы адроджанай айчыннай археалёгіі. Вельмі часта, паводле
сьцьверджаньня многіх маіх калегаў, археалёгія станавілася прыстанішчам для
тых, хто імкнуўся незалежна ад пастаяннай ідэалягічнай цэнзуры рэалізаваць сваю
скіраванасьць на творчасьць у гістарычнай навуцы. У нейкім сэнсе гэта быў адзін
з шляхоў прыхаванай апазыцыйнасьці, якая, праўда, не заўсёды ўсьведамлялася.
Напэўна, археалёгія, як і мова, літаратура, этнаграфія, была для многіх
адначасова той сфэрай гуманістыкі, якою захаплялася шмат рамантыкаў ад
нацыянальнай ідэі. Нездарма ў найноўшыя дэмакратычныя часы археалёгія дала
Беларусі некалькі выдатных палітыкаў, якія знаходзілася ці дагэтуль знаходзяцца
ў шэрагах ідэолягаў і практыкаў беларускага нацыянальнага адраджэньня.
Але археалёгія, як адна з навукаў, што займаецца гісторыяй грамадзтва, не
магла не адчуць ідэалягічнага прэсынгу. Маецца на ўвазе ня столькі тое, што яе
мэтадалягічныя асновы павінны былі разьвівацца ў рамках агульных законаў
марксызму-ленінізму. Археалёгія па сваёй ступені разьвіцьця параўнальна маладая
навука, бо яшчэ ня выпрацавала канчаткова свой уласны мэтад, так бы мовіць,
сваю дасьледчую тэорыю. Эмпірычнасьць, г.зн. захопленасьць апрацаваньнем
калекцый і заканчэньне дасьледчай працэдуры ўжо на этапе клясыфікацыі і
тыпалёгіі -- асабліва характэрная зьява для айчыннай археалёгіі. А таму
марксысцка-ленінскае мэтадалягічнае забясьпячэньне археалягічнай навукі
рабілася ў большасьці выпадкаў фармальна. Напрыклад, калі штучна на
храналягічна раскладзены матэрыял пераносіліся сацыяльныя
фармацыйна-стадыяльныя клішэ, узятыя ад Маркса ці Энгельса ці якога-небудзь
іншага «клясыка». Але нельга не адзначыць, што рабіліся і дагэтуль робяцца
спробы асэнсаваньня археалёгіі з пазыцый філязофіі марксызму і нэамарксызму.
Схільнасьць да эмпірыкі (па прычынах аб'ектыўных ці суб'ектыўных
-- гэта ўжо іншая праблема) у найменшай ступені давала нагоду ідэалягічным
службам кантраляваць археолягаў. Але калі археолягі падчас вытлумачэньня тых ці
іншых эмпірычных назіраньняў закраналі жыцьцёва важныя сфэры ідэалягічных
установак, пачынала спрацоўваць сыстэма таталітарнага кантролю з адпаведнымі
вынікамі.
Сярод тых праблем, да якіх археалёгія мае непасрэднае дачыненьне -- тэмы
славянскага і балцкага этнагенэзу, паходжаньня беларускага этнасу -- ёсьць
найбольш палітычна заангажаванымі. Дарэчы, рэканструкцыя этнагенэтычных працэсаў
амаль заўсёды апынаецца ў сфэры той ці іншай ідэалёгіі. У XIX-XX стагодзьдзях, калі ўва ўнівэрсальных сьветапоглядных
ідэалёгіях вялікае значэньне пачынае належаць нацыяналізму, а многія народы
ахоплены нацыянальна-вызваленчым рухам, навуковыя праблемы этнагенэзу
становяцца часткаю адраджэнскіх тэорыяў і практык. Адначасова нацыяналізм
спрыяе актывізацыі цікавасьці да вытокаў свайго народу, бо нацыяналістычны рух,
акрамя мэтаў грамадзянскай аўтаноміі і тэрытарыяльнага адзінства, падтрымлівае
сярод сваіх суайчыньнікаў пачуцьцё гістарычнай саматоеснасьці. Пошукі
гістарычнай саматоеснасьці ў большай ступені адпавядалі ўнутраным культурным
патрэбам, і праз вывучэньне мінулага пэўнай супольнасьці, яе традыцый, мовы,
рэлігіі і фальклёру, былі скіраваныя на ажыўленьне альбо ўзнаўленьне згубленай
ці прыціснутай «асабістасьці». На раньніх этапах у пошуках этнічных каранёў
распаўсюджваліся шматлікія гістарычныя міты, напрыклад, пра сувязь з
старажытнымі кельтамі, архаічнай эпохай германцаў, рымлян, грэкаў і г.д.(Энтані Сміт. Нацыяналізм у дваццатым
стагоддзі. Мн., 1995. С. 60-61).
У апошнія дзесяцігодзьдзі распрацоўка праблемаў этнагенэзу на Беларусі
адбывалася пры актыўным удзеле археолягаў. Гэтаму спрыяў цэлы шэраг фактараў.
Галоўны зь іх -- актуалізацыя праблемы паходжаньня славянаў. Славянскі
этнагенэз становіцца адной з прыярытэтных тэмаў паваеннай гуманітарнай навукі ў
Савецкім Саюзе. Адначасова вялікая колькасьць спэцыялістаў працуе над
славянскай праблемай у Польшчы і некаторых іншых славянскіх краінах. Безумоўна,
у варунках савецкага таталітарызму посьпехі славяназнаўства не маглі заставацца
па-за ўвагай ідэалягічных службаў. У нейкай ступені апошнія нават інсьпіравалі
зацікаўленасьць славянскай праблематыкай.
У адной з сваіх публікацый Ф.А.Хаек заўважае, што ўва ўмовах таталітарызму
ў гуманітарных навуках, такіх, як гісторыя, юрыспрудэнцыя ці эканоміка, ня можа
быць дазволена аб'ектыўнае дасьледаваньне і адзінаю задачаю становіцца
абгрунтаваньне афіцыйных поглядаў. Ува ўсіх таталітарных краінах гэтыя навукі
сталі прадуктыўнымі пастаўшчыкамі афіцыйнай міталёгіі, якою карыстаюцца ўлады
для ўзьдзеяньня на розум і волю сваіх грамадзян (Хайек Ф.А. Дорога к рабству // Вопросы философии. 1990. № 12. С. 108).
Вядома, што археалёгія не ў такой ступені, як многія іншыя гістарычныя навукі,
запатрабоўваецца афіцыйнай ідэалёгіяй. Аднак у дачыненьні да пытаньняў
этнагенэзу, у прыватнасьці, праблемы паходжаньня славянаў, узьнікненьня
беларускай народнасьці, спрацоўвала ідэалягічная ўстаноўка на выхаваньне
расійскага, а затым савецкага патрыятызму. Нездарма тыя, хто сёньня імкнецца
адрадзіць Савецкі Саюз, пад савецкім найперш разумеюць і бачаць расійскую
славянскую еднасьць, а заходніцтву супрацьстаўляюць славянафільства.
Увогуле, актывізацыі славянскай тэматыкі ў пасьляваеннай савецкай навуцы ў
нейкай ступені спрыялі вынікі другой сусьветнай вайны, агульны антыгерманскі і
антызаходні настрой. Хаця вядома, што назапашанага да 1960-ых гадоў матэрыялу
было дастаткова, каб сфармуляваць больш-менш канцэптуальна завершаныя гіпотэзы
славянскага этнагенэзу. Вытлумачэньне этнічных і культурных зьменаў празь
міграцыянізм, па прыкладзе германскага археоляга Густава Касіны, лічылася
шкодным і антынавуковым перайманьнем. Продкаў усходніх славян трэба было шукаць
у межах іх сучаснага расьсяленьня. У савецкай археалягічнай навуцы запанаваў
аўтахтанічны мэтад. Вытокі славянаў некаторыя дасьледчыкі знаходзілі нават у
неалітычных культурах ці ў тшцінецкай культуры эпохі бронзы, мясцовых культурах
шнуравой керамікі канца 3 -- першай паловы 2 тысячагодзьдзя да н.э. Створаная
Барысом Рыбаковым яшчэ ў 1950-ыя гады на падставе аўтахтанізму гіпотэза
паходжаньня славянаў зрабілася адной з афіцыйных тэорыяў, а таму, адпаведна,
мела вялікую колькасьць прыхільнікаў сярод савецкіх дасьледчыкаў. Этнагенэтычныя рэканструкцыі (у так
званай «тэрытарыяльна-картаграфічнай вэрсіі») грунтаваліся Рыбаковым на той
выснове, што славяне на працягу колькіх тысячаў гадоў пражывалі на адной і той
жа тэрыторыі -- ад Одры да Дняпра, і толькі ў сярэднявеччы пачалі расьсяляцца
на больш шырокія прасторы (Рыбаков Б.А.
Язычество древних славян. М., 1981.
С. 214-230). Апрыёры, на падставе таго, што ў гістарычныя часы на згаданых
тэрыторыях распаўсюджвалася бясспрэчна славянская культура, сьцьвярджалася:
пэўныя археалягічныя культуры, якія папярэднічалі на гэтых абшарах гістарычным
славянам і ахоплівалі арэалы іх расьсяленьня, былі спачатку протаславянамі,
пазьней праславянамі. Пад апекаю Рыбакова на Беларусі славянскі аўтахтанізм
стаў бараніць Леанід Побаль, які яшчэ да пачатку 1990-ых заставаўся афіцыйным
кіраўніком беларускай археалягічнай навукі.
Спрэчкі, якія вяліся ў эўрапейскай археалягічнай навуцы з нагоды пачатковай
гісторыі культураў шнуравой керамікі, знайшлі адмысловы працяг ў савецкай
паваеннай археалёгіі. Згаданыя культуры мелі пашырэньне ў часы позьняга нэаліту
і пачатку эпохі бронзы на вялікіх прасторах Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы. Многія
дасьледчыкі разглядалі і разглядаюць іх у якасьці адной з хваляў
індаэўрапеізацыі Эўропы і таго этнічнага асяродзьдзя, у якім адбывалася
фармаваньне супольнасьцяў, якія пазьней вызначалі этнічную карту кантынэнту. У
савецкай археалягічнай літаратуры паваеннага часу замацоўвалася выключнае
меркаваньне пра мясцовае, г.зн. усходнеэўрапейскае паходжаньне «шнуравікоў». У
гэтай сувязі варта прыпыніцца на некаторых ідэях нямецкага археоляга Густава
Касіны, якога найчасьцей залічваюць у шэрагі найбольш адыёзных фігураў
эўрапейскай археалёгіі.
Густаў Касіна (1858-1931) -- вучань германіста К.Мюленхофа, прафэсар
нямецкай археалёгіі ў Бэрлінскім унівэрсытэце з 1902 да 1927 год. У Нямеччыне
традыцыйна яшчэ ў XIX ст. складвалася даволі моцная школа рамантыкаў ды так званай «нямецкай
гістарычнай школы», прадстаўнікі якой уяўлялі культуру адмысловай «эманацыяй
нацыянальнага духу». Нямецкія археолягі былі захопленыя этнатэрытарыяльным
разглядам матэрыялу, а тэрмін «культура» найчасьцей сталі выкарыстоўваць дзеля
абазначэньня ўяўных этнічных супольнасьцяў. На самым пачатку ХХ ст. Касіна,
падсумоўваючы ідэі сваіх папярэднікаў і настаўнікаў, сфармуляваў тэзыс, паводле
якога археалягічныя культурныя правінцыі зь вельмі выразнымі межамі цалкам
накладаюцца ўва ўсіх пэрыядах на прастору занятую тым ці іншым народам (1911
г.). Зьмены культурных комплексаў, паводле Касіны, абазначаюць найперш зьмены
этнічныя. Касіна паспрабаваў выкарыстаць свае тэарэтычныя разважаньні для
разгляду некаторых культурных супольнасьцяў Эўропы, у тым ліку і культураў са
шнуравой керамікай. Апошнія бачыліся яму як адна з чарговых хваляў
«індагерманцаў». Карані позьніх археалягічных культур можна знайсьці ў больш
раньніх, а гэта дазваляе, як сьцьвярджаў Г.Касіна, перанесьці назвы вядомых
гістарычных народаў на далёкія дагістарычныя культуры. Практычна, Касіна
ўпершыню ў найбольш завершанай форме заявіў пра магчымасьць вызначэньня этнічнай
прыналежнасьці старажытнага насельніцтва шляхам рэтраспэктыўнага
картаграфаваньня археалягічных культураў. Адпаведна, паводле Касіны,
прагерманцы сфармаваліся на індаэўрапейскай прарадзіме ў Паўночнай Эўропе.
Адтуль адбывалася расьсяленьне індаэўрапейскіх плямёнаў на прасторы Эўразіі, а
германцы засталіся на ранейшых месцах жыхарства. Прагерманскія высновы Касіны,
найперш фантазіі пра 14 хваляў расьсяленьня германізаваных культураў,
выкарыстоўвалі тэарэтыкі фашыстоўскай таталітарнай ідэалёгіі, што было адной з
прычын ганьбаваньня яго як вучонага ў паваеннай археалягічнай навуцы.
Адразу пасьля вайны актуальнасьць праблемы культур шнуравой керамікі
некаторыя савецкія археолягі сталі тлумачыць мэтамі ідэалягічнымі. Напрыклад,
для Т.Пасек важнасьць і неадкладнасьць вывучэньня сярэднедняпроўскай культуры
(адна з культураў шнуравой керамікі на тэрыторыі Падняпроўя) заключалася ў тым,
што «праблема шнуравой керамікі Ўсходняй Эўропы і матэрыялы сярэднедняпроўскай
культуры ў канцэпцыях фашыстоўскіх псэўдавучоных займала вельмі значнае месца і
выкарыстоўвалася імі ў іх расава-нацыяналістычных тэорыях» (Пассек Т.С. К вопросу о среднеднепровской культуре // Краткие
сообщения Института истории материальной культуры АН СССР. 1947. Вып. 16. С.
34--51). Разглядаючы старажытнасьці «шнуравікоў» на поўначы Ўкраіны і
поўдні Беларусі, Пасек не магла не адзначыць відавочную прысутнасьць у іх
асяродзьдзі сярэднеэўрапейскіх культурных элемэнтаў. Але насуперак гэтаму
дасьледчыца рабіла наступнае заключэньне: «сярэднедняпроўская культура
зьявілася ў Падняпроўі ня ў выніку прыходу «ваяўнічай паўночнай расы, людзей,
узброеных каменнымі сякерамі», як сьцьвярджалі фашыстоўцы, а склалася цягам
складаных культурна-гістарычных скрыжоўваньняў на базе старажытнай культуры
земляробча-жывёлагадоўчых плямёнаў позьняга Трыпольля» (Тамсама, с. 51), г.зн. на мясцовай культурнай глебе. Пазьней у сваіх працах многія савецкія
археолягі лічылі неабходным сьцьвердзіць устаноўку на мясцовае паходжаньне
ўсходнеэўрапейскіх культураў шнуравой керамікі, пазьбягаючы і крытыкуючы
гіпотэзы распаўсюджваньня «шнуравікоў» зь Сярэдняй Эўропы (гл., напрыклад,
працы І.І.Арцёменкі, С.С.Беразанскай). Сёньня становіцца відавочным, што
шнуравыя культуры не маглі сфармавацца толькі на мясцовай культурнай аснове. Іх
разьвіцьцё адбывалася ў некалькі этапаў і, безумоўна, з прытокам шматлікіх
кампанэнтаў, у тым ліку з захаду. Зразумець гэта перашкаджала адпаведная
ідэалягічная заангажаванасьць.
Некалькі гадоў таму назад на адным з археалягічных сымпозіюмаў вядомы
ўкраінскі археоляг С.Беразанская зрабіла даволі цікавую заяву. У свой час яна
падзяліла тшцінецкую культурную супольнасьць 2 тыс. да н.э. на ўсходне- і
заходнетшцінецкую культуры. Культурная мяжа якраз прайшла па Заходнім Бугу,
г.зн. з усёй відавочнасьцю паўтарала вядомы міждзяржаўны і геапалітычны падзел.
Пазьней дасьледчыкамі адзначалася памылковасьць такога заключэньня, што і
вымусіла Беразанскую заявіць пра сваю ранейшую палітычную заангажаванасьць,
скіраваную на абавязковае вылучэньне ўсходняй адметнасьці тшцінецкай культуры
за Бугам на тэрыторыі Савецкага Саюзу, маўляў, у вас свая, а ў нас свая
тшцінецкая культура.
Нягледзячы на тое, што тэарэтычная ўстаноўка Густава Касіны і яго вучняў
разглядаць археалягічную культуру пераважна ў аспэкце этнічным, мае відавочныя
мэтадалягічныя хібы, тым ня менш менавіта ў савецкай паваеннай археалёгіі яна
знаходзіла шмат прыхільнікаў. Прынцып Касіны, а дакладней яго вучняў Блюмэ і
Яна, пра які іх супярэчнікі іранічна заўважалі «ein Volk, ein Torf» («адзін
народ - адзін і гаршчок»), у розных мадыфікацыях мае распаўсюджаньне і
дагэтуль. Пры гэтым археолягі ў якасьці этнічных паказчыкаў выкарыстоўваюць тыя
ці іншыя элемэнты археалягічнай культуры. Аднак ніхто ня зможа пераканаўча
сьцьвердзіць, што менавіта гэты, а ня іншы археалягічны паказчык адпавядае
прыкметам этнічным (больш падрабязна гл.: Клейн
Л.С. Археологическая типология. Ленинград. 1991. С. 145-148). Тым больш,
што ў якасьці этнічнай групы трэба, верагодна, разумець тую форму супольнай
арганізацыі, зь якою ідэнтыфікуюць сябе яе чальцы. Самаўсьведамленьне -
стрыжань этнічнасьці. Археалягічна прасачыць супольнасьць паводле таго, як яе
чальцы магла некалі сябе ідэнтыфікаваць, надзвычай складана, бо для гэтага
трэба, у рэшце рэшт, нейкім чынам пранікнуць у сьвядомасьць яе носьбітаў.
У нашай археалягічнай практыцы этнічная праблематыка ў найбольш ступені
датычыць этнагенэзу славянаў і балтаў. Адмысловай альтэрнатывай аўтахтанізму і
абсалютызацыі тэрытарыяльна-картаграфічнай вэрсіі культуры на шляху да
разуменьня этнагенэзу славянаў і балтаў быў рэтраспэктыўны мэтад В.Сядова.
Паводле маскоўскага археоляга, гэты мэтад засноўваецца на тым, што гістарычнае
разьвіцьцё плямёнаў і народаў, іх матэрыяльнай і духоўнай культуры адбываецца
пры ўстойлівай эвалюцыі асноўных этнаграфічных прыкметаў. Этнагенэтычны шэраг
можна ўзнавіць, калі да вядомага этнасу дапасаваць пласты больш раньніх
культураў з адпаведнымі этнаграфічнымі традыцыямі (Седов В.В. Проблема этногенеза славян в археологической литературе
1979-1985 гг. // Краткие сообщения Института археологии АН СССР. 1987. Вып.
195. С. 7). Выкарыстаньне рэтраспэктыўнага мэтаду пакуль не прынесла
жаданай заспакоенасьці ў асяродзьдзі археолягаў-славістаў. Ланцугі культур, у
якіх бачацца асноўныя этапы фармаваньня славянаў, часта ірвуцца ці пераплятаюцца
ў залежнасьці ад таго, які аўтар іх спрабуе зьвязаць. Апошнім часам прапануюцца
іншыя дасьледчыя мэтады пошукаў крыніцаў раньнеславянскай культуры (гл.,
напрыклад, працы К.Гадлоўскага, М.Б.Шчукіна ці археолягаў так званай «кіеўскай
школы»).
Найбольш ажыўленую навуковую і калянавуковую дыскусію пачынаючы з канца
1960-ых гадоў выклікала новая канцэпцыя славянскага этнагенэзу і ў сувязі зь ёю
гіпотэза паходжаньня беларусаў, якую прапанаваў маскоўскі археоляг В.Сядоў.
Дасьледчык грунтаваўся на рэтраспэктыўным мэтадзе, шырока выкарыстоўваючы пры
гэтым лінгвістычны, этнаграфічны ды іншы матэрыял. Сядоў сьцьвярджаў, што на
Беларусі і некаторых сумежных тэрыторыях славянскім старажытнасьцям
папярэднічала вельмі архаічная культура балтаў. У VI-XIII стагодзьдзях назіраецца актыўная ільфільтрацыя
славянскага насельніцтва ў паўднёвыя і ўсходнія абсягі старажытнага балтыйскага
арэалу. У выніку гэтага на Беларусі фармуецца славяна-балцкі культурна-моўны
сымбіёз. Тэорыя балцкага субстрату істотна падрывала афіцыйную канцэпцыю
славянскага этнагенэзу і рабілася ідэалягічна небясьпечнаю ўва ўмовах савецкага
таталітарызму.
Канцэпцыя аўтахтоннасьці ўсходніх славянаў дамінавала ў савецкай
гістарыяграфіі і прымалася ў якасьці афіцыйнай тэорыі славянскага этнагенэзу. У
падручніках сьцьвярджалася, што ўсходнія славяне і іх продкі з глыбокай
старажытнасьці жывуць у межах Усходняй Эўропы, а таму няма сэнсу шукаць іх
першапачатковую радзіму па-за тэрыторыяй Савецкага Саюзу. Менавіта на выключна
славянскім этнічным матэрыяле праз аб’яднаньне разрозьненых славянскіх плямёнаў
ці племенных саюзаў утварылася так званая старажытнаруская народнасьць. У
кантэксьце палітычным такім шляхам зацьвярджалася догма пра вечнасьць
славянскай традыцыі на «исконно русских землях» і заканамерная этапнасьць у
выглядзе спачатку старажытнарускай народнасьці, затым «Великой России» і,
нарэшце, Савецкага Саюзу. Апошні, маўляў, канчаткова сьцьвердзіў гістарычную
справядлівасьць, калі замацаваў старажытную славянскую еднасьць у форме
савецкай сацыялістычнай дзяржавы.
Тэорыя балцкага субстрату істотна падрывала афіцыйную канцэпцыю
аўтахтоннага разьвіцьця славянскай культуры і старажытнарускай народнасьці.
Атрымлівалася, што вытокі беларускай народнасьці трэба шукаць ня толькі ў
асаблівасьцях гісторыі Беларусі XIII-XVIII стагодзьдзяў, але і на дагістарычным этапе. Гаворка пра
адмысловасьць этнагенэзу тых славянскіх плямёнаў, якія паклалі пачатак
беларускаму этнасу ў сэнсе палітычным стварала прэцэдэнт бачаньня ўласна свайго
нацыянальнага шляху нараджэньня.
Аналізуючы вынікі навуковай дыскусіі, якая разгарнулася ў 1967-1968 гадох
на старонках часопіса «Советская этнография» з нагоды канцэпцыі Сядова,
рэдакцыя вымушаная была падсумаваць, што «па сутнасьці ўсе тыя, хто выступаў у
дыскусіі, прызнаюць удзел балцкага кампанэнту ў фармаваньні беларускай этнічнай
супольнасьці» (Советская этнография.
1969, № 1. С. 120-121).
У асяродзьдзі беларускіх археолягаў знайшлося шмат прыхільнікаў
«крамольнай» тэорыі. Разьмяжаваньне на аўтахтаністаў і абаронцаў балцкага
субстрату ў нейкай ступені адлюстроўвала прыхаваны ідэалягічны антаганізм паміж
«кансэрватарамі» і «абнаўленцамі». Відавочна, што праблема генэзысу беларусаў у
пэўным сэнсе набывала палітычную афарбоўку. У Менску 3-6 сьнежня 1973 г.
павінна была адбыцца навуковая канфэрэнцыя «Этнагенэз беларусаў». Тэзысы
дакладаў, паводле ўспамінаў некаторых навукоўцаў, прайшлі пільную рэдактарскую
цэнзуру, найперш на прадмет прыхільнасьці да балтыйскага субстрату. Тым ня
менш, упершыню на міжнародным узроўні ў нашай гісторыі ствараўся прэцэдэнт
спэцыяльнага навуковага абмеркаваньня праблемаў паходжаньня беларусаў. У Менск
павінны былі зьехацца многія карыфэі тагачаснай археалягічнай, гістарычнай,
антрапалягічнай, мовазнаўчай, этнаграфічнай навук. Напярэдадні канфэрэнцыі былі
надрукаваныя тэзысы дакладаў яе ўдзельнікаў (Этногенез
белорусов.Тезисы докладов на конференции по проблеме «Этногенез белорусов». 3-6
декабря 1973 года. Минск. 1973). Але канфэрэнцыя так і не адбылася, бо была
забароненая.
У наступным 1974 годзе па Беларусі пракацілася хваля перасьледу за
нацыяналізм. Мае старэйшыя калегі прыгадвалі, што падчас наладжанага
грамадзкага судзілішча над археолягам Міхасём Чарняўскім з вуснаў аднаго
навукоўца гучала, апрача іншага, абвінавачваньне ў прыхільнасьці дасьледчыка да
тэорыі балцкага субстрату.
Адзін зь вядомых спэцыялістаў па жалезным веку Ўсходняй Эўропы археоляг з
Санкт-Пецярбургу В.Яроменка з нагоды разгляду так званых «латэнізаваных
культураў» (культуры перадрымскага часу, якія знаходзіліся пад уплывам
старажытных кельтаў) заўважаў, што вывучэньне іх найчасьцей зводзіцца да
этнагенэтычных спрэчак у рэчышчы гіпотэзаў аб паходжаньні славян альбо балтаў,
ці нават усходніх германцаў. Пры гэтым, як піша археоляг, істотны, а часам
нават вызначальны ўплыў на этнічную інтэрпрэтацыю латэнізаваных культур той жа
Польшчы аказвалі геапалітычныя фактары, напрыклад, працяглыя спрэчкі з нагоды
ўсходніх межаў Нямеччыны. Знаны польскі археоляг Кастшэўскі доўгі час лічыў,
што культуры позьняга перадрымскага часу на тэрыторыі Польшчы пакінулі
ўсходнегерманскія плямёны. Неўзабаве пасьля вайны польскі дасьледчык
абгрунтаваў іх славянскае паходжаньне, што было пазьней канчаткова зацьверджана
прадстаўнікамі познанскай археалягічнай школы. «Уплыў «вялікай палітыкі», --
піша далей Яроменка, -- выразна бачыцца… ня толькі ў абгрунтаваньні
тэрытарыяльных дамаганьняў Нямеччыны, але і ў большасьці аўтахтонных гіпотэзаў
аб паходжаньні культураў і народаў, якія разьмяшчаюцца на ўсход ад яе:
ігнараваньне ролі міграцыйных працэсаў у старажытнасьці прыводзіць да вялікіх
нацяжак і занадта вольнага абыходжаньня з матэрыялам, які дасьледуецца. У
памкненьні даказаць, што сучасныя народы Ўсходняй Эўропы заўсёды жылі там, дзе
і сёньня, няцяжка ўбачыць хутчэй палітычную мэту, чым навуковую задачу» (Еременко В.Е. «Кельтская вуаль» и
зарубинецкая культура. Санкт-Петербург, 1997. С. 3-4 ). Заўвагі Яроменкі
настолькі будуць слушныя, насколькі ў іх будзе ўлічвацца іншая палітычная
рэальнасьць -- існаваньне ў недалёкім мінулым «жалезнай заслоны» паміж Усходам
і Захадам -- цяжкапераадольным інфармацыйным бар’ерам і створанаю атмасфэраю
недаверу, што часам вымушала спэцыялістаў замыкацца ў вузкім коле сваіх
тэорыяў, свайго інстытуцкага ці нацыянальна-культурнага атачэньня.
«Вэнэцкі конь»
З палітычным канфліктам на Балканах у 1870-ыя гады быў цесна зьвязаны лёс
маладога Артура Эванса -- пазьней сусьветна вядомага археоляга, якому пашэнціла
адкрыць найстаражытнейшую ў Эўропе крыта-мікенскую цывілізацыю. Працуючы
карэспандэнтам газэты «Манчэстэр гардыян» у Босьніі і Герцагавіне, Эванс як
ніхто іншы адчуў драматызм балканскага этнічнага і рэлігійнага супрацьстаяньня
і папярэджваў у сваіх рэпартажах пра магчымасьць перарастаньня яго ў
агульнаэўрапейскі канфлікт (Уэст Р. Иосип
Броз Тито: власть силы. Смоленск, 1997. С. 32--36). За апошнія больш чым
сто гадоў балканскія народы перажылі некалькі катастроф, апошняя зь якіх, што
адбылася ў пасьлялцінтскую эпоху, працягваецца дагэтуль…
Югаславія можа быць выдатным прыкладам таго, як нэакамуністы
выкарыстоўваюць натуральныя нацыяналістычныя пачуцьці сваіх народаў. Тут яны не
адыходзяць далёка ад палітычнай практыкі Ёсіпа Броз Ціты ці таго ж Сталіна, які
сьцьвярджаў, што «камуніст павінен навучыцца «езьдзіць на нацыяналістычным
тыгры», прыйсьці да ўлады на яго карку, а потым утаймаваць яго, выкарыстоўваючы
перавагі ўласнай ідэалёгіі і арганізаванасьці…» (Энтані Сміт. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі. Менск, 1995. С. 153).
У гэтым сэнсе слушнай падаецца праблема ўзаемадачыненьняў археалёгіі і палітыкі
ў краінах былой Югаславіі. Авалодаўшы сродкамі кантролю за «масамі» і
маніпулюючы імі праз папулісцкую і нацыялістычную фразэалёгію, паводле Божыдара
Слапака -- археоляга са Славеніі -- былыя камуністы зрабілі крокі да рэвізіі
мінулага. У працэс прадукаваньня новых стэрэатыпаў і ідэяў уцягваюцца навукоўцы
(тут і далей паводле Božidar Slapak.
Archaeology and the contemporary myths of the past // Journal of European
Archaeology. 1993. Vol. 1.2. P. 191-195). Слапак слушна заўважае, што прычыны даволі хуткай гіпэртрафіі
гуманітарыяў навідавоку. Бо і раней, за камуністычнымі часамі, гісторыя
ўсьведамлялася як актыўная ідэалягічная сіла. Толькі калі ў той пэрыяд патрэбна
было сьцьвярджаць этнічную агульнасьць, то цяпер дзяржаўная ідэалёгія вымушае
да працы ў імя інтарэсаў сваёй нацыі (чытай --- у імя сваёй ідэалёгіі -- М.К.). Гісторыя ніколі ня мела імунітэту
да палітыкі, і археалёгія ў гэтым сэнсе не выключэньне, працягвае Слапак, бо
апошняя далучаная да праблем этнагенэзу. Менавіта некаторыя праблемы
эўрапейскай палітыкі на Балканах былі прычынаю той ці іншай этнічнай атрыбуцыі
мясцовых археалягічных культур. Напрыклад, адна з самых раньніх сярэднявечных
культураў -- Bjelo Brdo -- падаецца югаслаўскімі археолягамі як славянская, а
вугорскімі спэцыялістамі як зьмешаная славяна-вугорская ці проста вугорская.
Іншы прыклад з 1940-ых гадоў. У пэрыяд другой сусьветнай вайны немцы пачалі
раскопкі ў паўночнай Славеніі, маючы на мэце даказаць, што на паўднёвых
ускраінах Райха германцы пасяліліся раней за славянаў. Слапак таксама піша пра
тое, як пасьля вайны ў часы Трыесцкага крызысу югаславы інтэнсіўна рэалізоўвалі
праект дасьледаваньня славянскіх
паселішчаў у Істрыі, адначасова ў 1950-ых гадах на сваіх паўночна-ўсходніх
межах актыўнае гістарычнае, эпіграфічнае ды археалягічнае вывучэньне антычных
старажытнасьцяў праводзіла Італія. Кожная з краінаў хацела даказаць свае
гістарычныя правы на спрэчны рэгіён.
У часы нацыянальна-вызваленчай барацьбы за незалежнасьць (канец XIX -- пачатак ХХ ст.) інтэлігенцыя Славеніі імкнулася
пашырыць міт пра паходжаньне славенскага народу ад старажытных вэнэтаў. Слапак
апраўдвае славенскіх інтэлектуалаў часоў рамантычнай гісторыі і лінгвістыкі,
маўляў, іх тэорыі аформіліся як жыцьцёва неабходныя палітычныя пастуляты
насуперак дамаганьням нямецкіх і італьянскіх палітыкаў. Але адначасова Слапак
ня можа ўспрыняць тое, што ідэі рамантыкаў набылі ў сучаснай Славеніі (Славенія
абясьціла пра сваю незалежнасьць і выйшла са складу Югаславіі ў 1991 годзе)
новае жыцьцё і нават атрымалі далейшае разьвіцьцё. У прыватнасьці, многія
археолягі адшукваюць прамых продкаў славенцаў у 1 тыс. да н.э., адзначаючы іх
этналінгвістычную сувязь з дагістарычнымі вэнэтамі. А раньнія вэнэцкія тэксты
прачытваюцца як протаславянскія.
Вядома, што венэты з пачатку 1 тыс. да н.э. ці нават другой паловы 2 тыс.
да н.э. выступаюць вялікім народам, які ў часы свайго максымальнага
расьсяленьня асвоіў розныя часткі Эўропы ад паўночнай Адрыятыкі аж да паўднёвых
берагоў Балтыкі. На мове вэнэтаў захавалася некалькі запісаў, якія датуюцца
канцом 1 тыс. да н.э.
Неабгрунтаванасьць аўтахтанісцкіх ідэй выклікала спрэчкі, якія скончыліся
абвінавачваньнем апанэнтаў у прыхільнасьці да «імпэрыялістычнай германскай
навукі» і/ці «югаслаўскай ідэалёгіі». У краіне набыла вялікую папулярнасьць
кніга «Вэнэты -- нашыя старажытныя продкі», а так званы «Вэнэцкі конь» - выява
на сітуле * з паселішча жалезнага веку Vače (Славенія) -- быў абвешчаны адмысловым славянскім
сымбалем. Пры падтрымцы аўтарытэтных палітыкаў уздыблены «вэнэцкі конь» быў
прапанаваны ня толькі ў якасьці эмблемы спартовых спаборніцтваў, але і як
манумэнт. Адна з такіх скульптурных выяваў, піша далей Слапак, павінна быць
устаноўленая на цэнтральнай плошчы аднаго са славенскіх гарадоў, другая можа
стаяць на Беларусі (!? -- М.К.), а трэцьцяя ўпрыгожыць залю Сусьветнага
гандлёвага цэнтру ў Любляне. Копія сітулы з Vače была прэзэнтаваная генэральнаму сакратару Аб'яднаных
Нацый падчас першага зьяўленьня прэзыдэнта незалежнай Славеніі на Генэральнай
Асамблеі ў Нью-Ёрку.
У якасьці прыкладу падтрымкі ўладамі археалягічных дылетанцкіх фантазій
Слапак прыводзіць Босьнію. Нейкі мэксыканскі бізнэсмэн і аматар гісторыі быў
аблашчаны новымі афіцыйнымі басьнійскімі палітыкамі за сваё «суперадкрыцьцё»:
на месцы форту Габела ў даліне ракі Нярэтвы ў старажытнасьці разьмяшчалася ня
што іншае, як легендарная гамэраўская Троя!
Слапак надзвычай крытычна ставіцца да новай інтэлектуальнай і палітычнай
эліты сваёй краіны. На яго думку, сацыяльна-палітычная роля, якую стала
выконваць археалёгія і на выкананьне якой скіроўваюць яе палітыкі, можа
прывесьці да непапраўных наступстваў. Для самой археалёгіі сытуацыя
ўскладняецца яшчэ тым, што археалягічная навука знаходзіцца на пачатковым этапе
выпрацоўкі сваёй мэтадалёгіі. Археалёгія ў найменшай ступені можа займацца
праблемамі этнагенэзу. У краіне павінны складвацца такія палітычныя ўмовы, якія
спрыяюць археалёгіі і іншым гуманітарным навукам стаць «незалежнай сацыяльнай
сілай» у грамадзтве, піша напрыканцы свайго артыкулу славенскі археоляг Божыдар
Слапак.
Каўкаскае скрыжаваньне
Каўказ -- ускраіна найстаражытнейшых цывілізацыяў Блізкага Ўсходу.
Адначасова Каўказ -- паўднёва-ўсходняе памежжа Эўропы, дзе традыцыйна суіснуюць
хрысьціянскія і ісламскія традыцыі, дзе назіраецца неверагодная лінгвістычная,
этнічная і этнаграфічная стракатасьць.
Савецкае Транскаўказьзе, дзе з канца 1980-ых гадоў складвалася напружаная
палітычная сытуацыя, з пункту гледжаньня ўзаемадачыненьняў палітыкі і
археалёгіі аналізаваў амэрыканскі дасьледчык Філіп Л. Кол (Philip L. Kohl. Nationalism, politics, and the practice of archaeology
in Soviet Transcaucasia // Journal of European Archaeology. 1993. Vol. 1.2. P.
181-188).
Ф.Кол адразу адзначае моцную спалітызаванасьць каўкаскай археалёгіі на фоне
канфліктаў паміж Арменіяй і Азербайджанам, Грузіяй і Асеціяй. Гэта
адлюстроўваецца, напрыклад, у памкненьні гісторыкаў даказаць прыярытэтнасьць
свайго народу ў далучанасьці да тых старажытных культур, у асяродзьдзі якіх
знойдзеныя самыя раньнія зьвесткі пра прыручэнььне жывёл ці адкрыцьцё
мэталюргіі. Грузінскія археолягі часам пазьбягаюць згадваць той факт, што на
тэрыторыі Асеціі тутэйшымі спэцыялістамі раскопваліся ўнікальныя могільнікі
знакамітай кабанскай культуры. Ф.Кол прыгадвае як незадаволена рэагаваў адзін з
асецінскіх археолягаў на вынікі спэцыяльных фізычных дасьледаваньняў абсэдыянавых
пацерак. Паводле выснаву экспэртаў, пацеркі былі зроблены з сыравіны, якая
здабывалася не на паўночным Каўказе, на чым настойваў асецінскі дасьледчык, а
на тэрыторыі сучаснай Арменіі. «Кхачкары»,
каменныя крыжы, традыцыйна залічваюцца да аднаго з самых распаўсюджаных
сымбаляў армянскага народу. Нядаўна азербайджанскія археолягі зрабілі спробу
абгрунтаваць альбанскае паходжаньне «кхачкараў», якія разьмешчаны на тэрыторыі
Нагорнага Карабаху і Нахічэвані. Паводле Ф.Кола, нагодаю для такой
рэінтэрпрэтацыі мог стаць нагорна-карабахскі канфлікт.
Для таго, каб зьмястоўна распрацаваць перадгісторыю Каўказу, падсумоўвае
амэрыканскі археоляг, спачатку варта было б разабрацца ў палітычных рэаліях
гэтага рэгіёну. Этнагенэз -- сапраўдны факт гісторыі, але няма культураў, якія
б не знаходзіліся ў стане пастаянных зьменаў, як і няма этнасаў, якія б не
зьмяняліся ад самога свайго нараджэньня, што стварае рэальныя цяжкасьці пры
этнічнай ідэнтыфікацыі той ці іншай культуры. Надзвычай цяжка і нават
небясьпечна гэта рабіць у рэгіёнах з багатай перадгісторыяй, напрыклад, на
Блізкім Усходзе, дзе ўзьнікае спакуса кожнага з народаў шукаць свае карані ў
легендарных этнасах, якія мелі дачыненьне да гісторыі старажытных цывілізацыяў.
«На сёньняшнім Блізкім Усходзе мінулае адначасова зьяўляецца і сучаснасьцю, што
характэрна для большасьці краінаў з працяглай гістарычнай традыцыяй», -- цытуе
Кол аднаго з амэрыканскіх гісторыкаў.
«Archaеologie
national»
Скіраванасьць на «archaеologie national» абазначылася ў Францыі ў 1970-ыя гады.
Паводле Бэатрыс Флёры-Іле, гэтаму спрыяў цэлы шэраг фактараў, прынамсі,
істотныя зьмены ў краінах трэцяга сьвету, ідэалягічны клімат 1968 г.,
сацыяльныя і палітычныя пераўтварэньні, цэнтралізацыя археалёгіі і павялічэньне
яе ролі, а таксама значэньне калектыўнай памяці ў фармаваньні канцэпцыі
нацыянальнай культуры (тут і далей
паводле Batrice Fleury-Ilett. The identity of France: the archaeological
interaction // Journal of European Archaeology. 1993. Vol. 1.2. P. 169-180).
«Archaеologie
national» не азначае «nationalist archaeology» (нацыяналістычная археалёгія),
працягвае далей Флёры-Іле, а адпавядае найбольш аспэкту культурнаму. Ідэя «archaеologie national» мае тры выразныя характарыстыкі: 1)
скіроўваньне ўвагі на тыя тэматычныя кірункі археалягічнай навукі, якія
вырасьлі на францускай глебе (палеаліт, клясычная і сярэднявечная археалёгія);
2) разуменьне розьніцы паміж археалёгіяй Францыі і францускай археалёгіяй (у
апошнім выпадку той, якою займаюцца францускія археолягі за межамі сваёй
краіны); 3) адчуваньне адметнасьці сваёй археалёгіі.
Адначасова нельга не адзначыць, што ідэя «archaеologie national» узьнікала на фоне пэўных палітычных
падзеяў, якія адбываліся ў краіне пасьля 1968 году. У Францыі гісторыя
традыцыйна цесна зьвязаная з палітыкай. «Францыя паўстае з пачаткам часу. Яна
жыве. Вякі клічуць яе… Яна ўзгадавала некалькі пакаленьняў цяпер і народзіць
нашмат больш… Калі ёй наканавана выжыць, то гэты саюз людзей павінен захавацца,
на гэтай тэрыторыі і ў гэтым сьвеце, непарыўны кантынуум яе мінулага, цяперашняга
і будучага. Вось таму дзяржаве, адказнай за кіраваньне францускай нацыяй,
даверана яе мінулае, клопат сёньняшняга дня і яе надзеі на будучыню», -- пісаў
у сваіх мэмуарах генэрал дэ Голь (цытата
паводле: Тэадор Шнайдэр. Роля гістарычнай свядомасці ў палітыцы // Беларускі
гістарычны агляд. 1998, Т. 5, Сш. 1. С. 152). Сваю дзяржаву грамадзяне Францыі, перафразуючы Энтані
Сміта, пачынаюць цесна зьвязваць з нацыянальнай гісторыяй і тэрыторыяй, у
выніку чаго яна пераўтвараецца ў «нацыянальную дзяржаву» (Энтані Сміт. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі. Менск, 1995. С. 180). Агульны
гістарычны досьвед уплывае на фармаваньне агульных каштоўнасьцяў і
арганізацыяў, якія дапамагаюць інтэграцыі розных сацыяльных і культурных
групаў. Разьвіцьцё ідэй «archaеologіe national», верагодна, і абумоўленае нацыяналізмам
такога кшталту. Тым больш, што арганізацыя археалёгіі ў Францыі дае ня так шмат
шанцаў многім спэцыялістам заставацца незалежнымі ад афіцыйнай палітыкі і
ідэалёгіі. Паводле сьцьверджаньня Флёры-Іле, францускія археолагі працуюць на
цэнтралізаванай аснове пад кіраўніцтвам міністра культуры. Падтрымку дзяржавы
атрымліваюць найперш тыя археалягічныя праекты, якія спрыяюць ідэі нацыянальнай
самакаштоўнасьці і еднасьці.
У 1985 годзе прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран словамі «Бібракт (Bibracte)
-- гэта тое месца, дзе адбылася першая падзея нашай гісторыі» ўрачыста адкрыў
раскопкі гарадзішча Мон-Бёврэй (Mont-Beuvray). Афіцыйна патранаж прэзыдэнта
тлумачыўся жаданьнем падтрымаць навукоўцаў у дасьледаваньні протагарадзкога
этапу гісторыі. Ідэалягічна ў такой падтрымцы варта бачыць адзін з эпізодаў
зьдзяйсьненьня праграмы нацыянальнай еднасьці і саматоеснасьці («Вярнуць
Францыю французам», -- такім быў адзін з асноўных перадвыбарчых лёзунгаў
Франсуа Мітэрана -- М.К.). У Бібракце
правадыры розных гальскіх плямёнаў злучыліся ў кааліцыю і абясьцілі сваім
каралём Вэрцынгеторыга. У выніку гэтага кіраўнік племені арвэрнаў, сталіца якіх
знаходзілася ў Жэргові (Gergovie), у 52 г. да н.э. узначаліў паўстаньне галаў
супраць Цэзара. Нягледзячы на мужны супраціў, рымскім легіёнам пад кіраўніцтвам
Цэзара ўдалося атачыць у Алезіі (Alsia) Вэрцынгеторыга і яго войска. Ня
вытрымаўшы аблогі, у 51 г. да н.э. Вэрцынгеторыг здаўся Цэзару.
Паводле думкі Флёры-Іле, у сьвятле ўвагі прэзыдэнта да раскопак у Бібракце
ідэалягічная іх скіраванасьць можа раскрывацца ў некалькіх асноўных тэмах.
Першая зь іх -- дэкалянізацыя, актыўны супраціў акупантам. Ідэя нацыянальнай
незалежнасьці, безумоўна, дамінуе ў сьвядомасьці сучасных французаў. Другая тэма
-- нацыянальная саматоеснасьць і нацыянальная еднасьць. Мітэран выкарыстоўваў
сымболіку цэнтралізацыі плямёнаў у імя ідэалёгіі «палітычнай еднасьці». Пры
гэтым варта ведаць, што словы ў Бібракце прамаўляліся прэзыдэнтам напярэдадні
парлямэнцкай выбарчай кампаніі 1986 г. (крытычны момант у гісторыі Пятай
Рэспублікі). Вэрцынгеторыг у рэчышчы палітыкі Пятай Рэспублікі павінен бачыцца
як агульнапрызнаны лідэр, які адстойвае еднасьць і саматоеснасьць свайго
каралеўства ў часы крызысу. Трэцяя тэма -- гераізм, якая ўбірае ў сябе дзьве
першыя і ўвасабляецца ў фігуры Героя. Нягледзячы на сваю паразу, Вэрцынгеторыг
у калектыўнай памяці застаўся героем. А тыя геаграфічныя назвы, якія
атаесамляюцца зь дзейнасьцю героя, набываюць значэньне адпаведных сымбаляў:
Gergovie = супраціў і параза; Alsia = гераізм; Bibracte = каралеўства і
еднасьць. Скіраванасьць увагі Мітэрана на Бібракт, на тое месца, дзе правадыр
племені арвэрнаў у адзін з крытычных момантаў гальскай гісторыі аб'яднаў
разрозьненыя плямёны, ёсьць адным з адмысловых актаў запуску ў дзеяньне
мэханізму калектыўнай памяці, у дадзеным выпадку ідэі палітычнай еднасьці пад
кіраўніцвам Героя ў імя нацыянальнага адзінства. Зь іншага боку, становіцца
зразумелым, што палітычная сэлекцыя архетыпаў і напаўненьне адпаведнай
сымболікай гістарычных рэаліяў з эпохі жалезнага веку значна звужае
інтэрпрэтацыйнае поле для археолягаў і ставіць іх у нейкую залежнасьць ад волі
палітыкаў.
«Саамская вёска»
Археоляг са Стакгольму Інгер Захрысан апісвае падзею, якая можа паслужыць
нагодаю для ўзнаўленьня навуковых дыскусій па гісторыі саамскай меншасьці ў
Скандынавіі. Археолягі маюць непасрэднае дачыненьне як да праблемы, так і да
падзеі, гаворка пра якую пойдзе ніжэй (тут
і далей паводле: Inger Zachrisson. Archaeology and politics: Saami prehistory
and history in central Scandinavia // Journal of European Archaeology. 1994,
Vol. 2.2. P. 361-368).
Невялікая частка саамаў -- старажытных народаў фінавугорскага паходжаньня,
-- па-ранейшаму практыкуе выпас паўночных аленяў. У Швэцыі традыцыйнага ўкладу
жыцьця прытрымліваецца каля 20.000 насельніцтва саамаў, выкарыстоўваючы дзеля
гэтага спэцыяльна адведзеныя землі – «саамскія вёскі». У 1991 годзе супраць
пяці «саамскіх вёсак» быў узбуджаны пазоў ляснымі кампаніямі і землеўласьнікамі
правінцыі Hrjedalen, бо саамы сталі дамагацца дазволу пасьвіць паўночныя алені
зімою на іх землях.
Паводле Інгер Захрысан, сапраўднаму разуменьню сутнасьці канфлікту
перашкаджаюць пэўныя палітычныя і навуковыя стэрэатыпы. Калі пры вырашэньні
праблемы юрысты спасылаюцца на прававыя дакумэнты і на меркаваньне экспэртаў па
нарвэскай (да 1645 г. правінцыя належала Нарвэгіі) і швэдзкай гісторыі, то
саамы дзеля доказаў апраўданасьці сваіх патрабаваньняў выкарыстоўваюць
папулярную кнігу І.Захрысан па раньняй гісторыі Hrjedalen. У 1980-ых гадах
Захрысан, якая залічвае сябе да прыхільнікаў «новай школы» скандынаўскай
археалёгіі, праводзіла шырокамаштабныя дасьледаваньні саамскіх старажытных
паселішчаў і могільнікаў. Схіляючыся да новых мэтадаў інтэрпрэтацыі ў
археалёгіі, Захрысан прыйшла да высноў, якія пацвярджаюць думку пра больш
раньняе і больш шырокае распаўсюджваньне саамаў на тэрыторыі Скандынавіі ў
старажытнасьці. Да археалягічных інтэпрэтацый дадаліся зьвесткі зь пісьмовых
крыніц 550-1350 гадоў, якія паказвалі, што саамы жылі намнога далей у паўднёвым
кірунку ад тых арэалаў, якія традыцыйна замацаваныя за імі сёньня. Пры гэтым
саамская і скандынаўская культуры ня мелі паміж сабою выразнай мяжы,
адзначаецца існаваньне надзвычай шырокай зоны сымбіёзу дзьвюх культур у старажытнасьці
на тэрыторыі цэнтральнай Скандынавіі. Але дагэтуль у Швэцыі дамінуе
меркаваньне, што так далёка на поўдзень саамы маглі прыйсьці параўнальна
нядаўна, колькі стагодзьдзяў таму назад. Гэты міт, як піша далей Захрысан,
узьнік яшчэ ў ХІХ ст. пад уплывам этнацэнтрызму, культурнага расызму і
сацыяльнага дарвінізму. Саамы ўсё яшчэ разглядаюцца як «этнаграфічны ўнікум», а
іх культура ўспрымаецца ў якасьці чужароднай прыйшлай зьявы.
Такое меркаваньне разам з навукоўцамі, вядома, падзяляе большасьць палітыкаў.
Але разам з тым у асяродзьдзі скандынаўскіх археолягаў, пачынаючы недзе з
1970-х гадоў, вырабляецца новае бачаньне працэсаў разьвіцьця старажытных
культур, у тым ліку культуры саамаў. Паводле традыцыі, старое пакаленьне
археолягаў адрозьненьні ў адначасовым археалягічным матэрыяле разглядае як
адлюстраваньне этнічнай стракатасьці (некалькі розных народаў). Прыхільнікі
«новай школы» лічаць, што асноўным чыньнікам працэсу зьменаў звычайна
зьяўляецца «ўнутранае разьвіцьцё» культуры. Археалягічная культура ня можа быць
адназначным сынонімам этнічнай групы. Прыхільнікі «старой школы» ідэалізуюць
так званую «скандынаўскую культурную мяжу», прызнаючы яе адначасова ў якасьці
этнічнага, сацыяльнага і эканамічнага падзелу апошніх 3000 год паміж саамамі і
скандынавамі. Археолягі «новай школы» трактуюць яе вальней, выходзячы найперш з
той высновы, што на адной і той жа тэрыторыі ў старажытнасьці магло адначасова
разьвівацца некалькі культураў. Яны дадаюць, што культура ня можа разглядацца ў
якасьці зьявы статычнай, яна разьвіваецца і зьмяняецца, як гэта адбываецца на
працягу 3000 год з культурай саамаў.
У Нарвэгіі тэарэтычныя спрэчкі археолягаў у сувязі з тым, ці можа
археалягія акрэсьліць этнічную прыналежнасьць археалягічных культур, у значнай
ступені былі таксама абумоўленыя палітычнымі канфліктамі, якія ўзьніклі падчас
актывізацыі дзейнасьці саамаў за свае правы (Jan
Hodder. Czytane przeszłości.
Poznań,
1995. S. 201).
Замест заключэньня
Як вынікае з прыведзеных вышэй сюжэтаў, вельмі часта ў «стратэгіі ўлады» археалёгіі
адводзіцца адна з асноўных роляў у вытлумачэньні шляхоў паходжаньня таго ці
іншага этнасу. Варта спыніцца, у сувязі з гэтым, на праблеме магчымасьцяў
археалёгіі выяўляць генэзыс этнасу.
Этнічная сфэра ня мае прамога і адэкватнага адлюстраваньня ў археалягічным
матэрыяле. Яшчэ Мац Мальмэр пісаў, што «ў даробку археоляга ёсьць толькі два
аб’ектыўна дадзеныя факты: уласьцівасьці артэфактаў і ўмовы іх знаходжаньня» (цытата паводле: Л.С.Клейн. Археологическая
типология. Ленинград, 1991. С. 128). Усё іншае, што піша археоляг, ёсьць
працэсам вытлумачэньня ці інакш -- інтэрпрэтацыі археалягічнага матэрыялу. Гэта
азначае, что гістарычная інфармацыя не зьмяшчаецца ў гатовым выглядзе ў
археалягічных крыніцах. «…непасрэдна вылучыць гістарычныя супольнасьці ў
археалягічным матэрыяле нельга, іх можна толькі накласьці на матэрыял звонку» (Л.С.Клейн. Археологическая типология.
Ленинград, 1991. С. 128). «Вонкавымі» ў такім выпадку могуць быць
старажытныя пісьмовыя паведамленьні, мадэльныя варыянты паводле этнаграфічных,
гістарычных дадзеных, зрэдку этналінгвістычныя рэканструкцыі і г.д. Гэта
азначае, што гістарычная супольнасьць, перад гэтым дастаткова засьведчаная і
якая мае выхад на відавочную рэальнасьць, шляхам пэўных мэтодык (напрыклад,
праз мэтад рэтраспэкцыі) можа ўключацца ў складаную сувязь з археалягічнымі
вобразамі агульнасьцяў. Пад апошнім археолягі вельмі часта разумеюць
«археалягічную культуру». Гэтым тэрмінам абазначаецца адно з асноўных
фармальна-тыпалягічных паняцьцяў археалёгіі. Ці, калі казаць прасьцей, для
спэцыялістаў «археалягічная культура» -- гэта спосаб «арганізацыі»
археалягічнага матэрыялу. Пры гэтым многія згаджаюцца з тым, што вылучаная імі
культура адлюстроўвае нейкую рэальнасьць. «Аднак знайсьці адпаведнасьць паміж
археалягічнай культурай і якімі-небудзь культурна-гістарычнымі зьявамі мінулага
ня надта проста, калі ўвогуле магчыма»
(Е.М.Колпаков. Теория археологической классификации. Санкт-Петербург, 1991. С.
46). Пад археалягічнай культурай пасьля выкананьня працэдуры гістарычнай
інтэрпрэтацыі і пры адпаведным яе прачытаньні можна ўбачыць ня толькі этнас ці
нейкую этнічную групу, але і многія іншыя людзкія супольнасьці, напрыклад,
рэлігійную групу насельніцтва, сацыяльную страту, касту, вытворчую
супольнасьць, палітычную агульнасьць і г.д.
Калі разважаць рэальна і меркаваць, што этнічнае самаўсьведамленьне не
знаходзіць непасрэднага адлюстраваньня ў археалягічным матэрыяле, то праблема
этнагенэзу становіцца для археоляга задачай амаль невырашальнай. Іншая справа,
што прысутнасьць многіх старажытных этнасаў адлюстроўваюць аналы, хронікі,
летапісы і іншыя пісьмовыя паведамленьні. Толькі ў такім выпадку, ці ў
некаторых іншых выключных сытуацыях, у археоляга застаецца шанец уключыць у
працэдуру інтэрпрэтацыі і праблему этнічную. Акрамя таго, варта было б
прыслухацца да тых дасьледчыкаў, якія пішуць пра зьменлівасьць характару
этнічнасьці ў часе. Напрыклад, вядомы англійскі археоляг Колін Рэнфры з гэтай
нагоды піша, што ў старажытнай Эўропе групы з добра вызначанай этнічнасьцю былі
рэдкасьцю яшчэ да часоў канца эпохі бронзы ці жалезнага веку (Colin Renfrew. The identity of Europe in
prehistoric archaeology // Journal of European Archaeology. 1994. Vol. 2.2. P.
157).
«…па-першае … мінуласьць суб'ектыўна ствараецца ў сучаснасьці… па-другое,
суб'ектыўная мінуласьць мае сваю ролю ў сучасных стратэгіях улады» (Jan Hodder. Czytane przeszłości.
Poznań,
1995. S. 200). Часам здаецца, што
з гэтым сьцьверджаньнем Яна Ходэра -- вядомага тэарэтыка пост-працэсуальнай
археалёгіі -- нельга не пагадзіцца.
Сувязь, якая ў той ці іншай ступені існуе паміж палітыкай і археалёгіяй,
была і застаецца рэальнасьцю. Наколькі яна можа быць цеснаю? Гэта залежаць ад
таго, наколькі тая ці іншая тэма запатрабоўваецца ідэалёгіяй. Як і ў сфэры
ўзаемадзеяньня гуманістыкі і ідэалёгіі, такая залежнасьць вельмі часта
абумоўліваецца палітычнай структурай грамадзтва. У таталітарным грамадзтве, пры
аўтарытарным і дыктатарскім рэжымах, у гуманітарыя мала шанцаў застацца
дасьледчыкам з вольным выбарам. Дэмакратыя, якая павінна бараніць правы кожнай
асобы, у тым ліку і права археоляга на вольную навуковую творчасьць, дазваляе з
большай відавочнасьцю і асабістаю схільнасьцю зьдзяйсьняць свой выбар. Але ў
любым выпадку перад археолягам, як і перад любым іншым гуманітарыем, паўстае
праблема асабістай адказнасьці перад людзьмі за тыя высновы, якія робяцца
сродкамі навукі. Свой маральны выбар павінен зьдзейсьніць і палітык, які
скіроўвае ўвагу людзей на тую ці іншую акалічнасьць навуковай высновы. Як пісаў
нямецкі гісторык Тэадор Шнайдэр, «існуе такая рэч, як палітычная дзейнасьць на
падмурку гістарычнай сьвядомасьці, але існуе таксама, адчуваю, такая рэч, як
палітычная дзейнасьць дзеля гістарычнай сьвядомасьці» (Тэадор Шнайдэр. Роля гістарычнай свядомасці ў палітыцы // Беларускі
гістарычны агляд. 1998, Т. 5, Сш. 1. С. 160). Археолягу нельга забывацца
пра тое, што грамадзкая вартасьць яго дасьледаваньняў вынікае ня толькі з самой
дзейнасьці па рэканструкцыі мінулага і абароне помнікаў старажытнасьці ад
разбурэньня, але і ад таго, зь якой палітычнай мэтай могуць выкарыстоўвацца
ягоныя дасягненьні.
*
Сітула – керамічнае ці
бронзавае начыньне ў форме вядра.
Mikoła KRYVALCEVIČ, Ph. D.
Archeology and Politics
Summary
The
character of relationships between ideology and social sciences is quite often dependent
upon the form of a political regime under which these relationships have been
developed. Relationships between archeology and Belarusian authorities have
never been easy. Before World War II the Bolshevik repressive machine
exterminated almost all Belarusian archeologists. It was only around 1970s that
the Belarusian School of archeology started making its appearance anew. It
happened quite often that young scholars, who, notwithstanding the constant
ideological control, aspired to implement their creative intentions in
historical sciences, became archeologists. In a way that was one of the forms
of intellectual opposition, of which people were not always aware.
Among
those problems with which the Belarusian archeology dealt and which had a
political tint were the problems of Slavonic and Baltic ethnogenesis and of
origins of the Belarusian ethnos. A negative view of the Communist authorities
on the concept of Baltic substratum and the role of Baltic tribes in the
formation process of the Belarusian ethnos was the reason for the scientific
Conference “Ethnogenesis of Belarusians” being forbidden in 1973.
The
article analyzes also the same relationships between ideology and archeology in
other countries such as Slovenia, Yugoslavia, Caucasus Republics, France,
Sweden and Norway. To the author’s opinion, the archeologist has to keep it in
mind that social merit of his research is determined not only by his activities
aimed at reconstructing the past and preserving the ancient monuments from
being destroyed. At the same time he has to be concerned with how the results
of his research are used in this or that political context.
Мікола КРЫВАЛЬЦЭВІЧ
нарадзіўся ў 1958 годзе у
вёсцы Сярэдзібар (цяпер Канстанцінаўка) Любаньскага раёну Менскай вобласьці. У
1982 скончыў гістарычны факультэт менскага дзяржаўнага пэдагагічнага інстытуту,
у 1987 – асьпірантуру АН БССР. У 1991 абараніў кандыдацкую ў Інстытуце
Археалёгіі АН Украіны. Сфэра зацікаўленьняў: археалёгія – эпоха бронзы,
гісторыя найстаражытнейшага мастацтва і міталёгія. Цяпер працуе старэйшым
навуковым супрацоўнікам Інстытуту Гісторыі НАНБ. Удзельнічаў у працы
«Мартыралёгу Беларусі».
Кантакт: вул. Акадэмічная 1, пакой 309,
Інстытут Гісторыі НАН Беларусі, 220072 Менск,
тэл. прац. 284-13-22
|