БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ШУФЛЯДА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Шуфляда № 1/1999

ПУЬЛІКАЦЫІ

Сэмантыка беларускай гарадзкой традыцыі
(пераемнасьць і перарыўнасьць у ХІХ-ХХ ст.)

Захар ШЫБЕКА

Уводзіны

Мы -- гараджане. Хто -- карэнны, хто -- зь вялікім досьведам, прызвычаеныя да гарадзкога пэйзажу, да гарадзкога побыту. Мы – з гарадзкой цывілізацыі. Але ці задумваемся -- так было ж не заўсёды.

Якім чынам прыжылася на беларускай зямлі гарадзкая цывілізацыя? Ці, можа, яшчэ прыжылася і не зусім добра? Давайце яшчэ паразважаем над тым, ці добра нам у горадзе, ці пачуваемся мы тут камфортна? І ня толькі матэрыяльна, але і духоўна. Ці расьце горад для нас? Ці кіруем мы гэтым працэсам? А можа гэты працэс набывае нейкі дэманічны сэнс?

Пачнём з таго, што такое горад. Вучоныя гэтага ня ведаюць, ня могуць даць вызначэньня, бо хочуць, каб яно было і навуковым, і дакладным. А горад не зьмяшчаецца ні ў якія меркі. Ну, а калі гэта разумець і не імкнуцца да асаблівай дакладнасьці, то можна сказаць, што горад -- гэта населены пункт, але незвычайны, своеасаблівы. Яго своеасаблівасьць у прывілеях ды ільготах, якімі не валодаюць іншыя паселішчы. Горады вылучаецца большымі правамі, большымі магчымасьцямі. Гарады, як патрыцыі сярод плебсу, як шляхта сярод сялянаў, як генэралы сярод салдатаў. Праўда, сытуацыя зьмяняецца. Сельскіх паселішчаў застаецца ўсё меней. І ня выключана, што зь цягам часу вёска стане такой жа рэдкай зьявай, як некалі горад. І ня выключана, што ў мэтах захаваньня вёскі ёй будуць нададзеныя асобыя прывілеі, як некалі гораду.

Аднак будзем арыентавацца на сучасную сытуацыю і пагаворым пра тое, як мы займелі сучасныя гарады і наколькі нам у іх добра жывецца. А дзеля гэтага разгледзім найважнейшыя рысы гарадзкой цывілізацыі. Іх, на наш погляд, чатыры: урбанізацыя, масавая культура, камунікацыйнасьць, камфортнасьць.

1. Урбанізацыя

Урбанізацыя ў дэмаграфічным сэнсе -- гэта павялічэньне неземляробчага насельніцтва коштам земляробчага, гэта зьяўленьне новых гарадоў і разрастаньне існых. А ў шырокім сэнсе -- узрастаньне грамадзкай ролі гарадоў увогуле. Можна гаварыць пра урбанізацыю побыту, урбанізацыю мысьленьня...

Урбанізацыя ў Эўропе пачалася з рэвалюцыйных пераменаў канца XVIII --пачатку ХІХ, у Расіі -- з 80-х гадоў ХІХ ст., а ў азіяцкіх краінах-калёніях -- у пачатку ХХ ст. Менавіта з таго часу ў гэтых рэгіёнах усталёўвалася і гарадзкая цывілізацыя.

Тэхнічны прагрэс выклікаў разрастаньне гарадоў, якія ўжо не ўмяшчаліся ў кішэнях зямельных арыстакаратаў, і нават каралёў. Насельніцтва Лёндану ўзрасло за першую палову ХІХ ст. ад 1 мільёна да 2,5 мільёнаў. Утрымліваць такіх гігантаў дваранская супольнасьць не магла без падтрымкі трэцяга стану. Гарады ператвараліся з прыватных, каралеўскіх у грамадзкія, бо ніхто, акрамя супольнасьці гараджанаў, ня быў у стане забясьпечваць у іх добраўпарадкаванасьць і санітарныя нормы жыцьця. Гарады (дакладней, іхнія «грамадавыя» праблемы) разбуралі абсалютызм і станавасьць. Горад ствараў прававую мадэль для фармаваньня сучасных нацыянальных дзяржаваў. Горад стварыў мадэль сучаснай нацыі. Лічылася -- каб быць парыжанінам, дастаткова было жыць у Парыжы. Потым гэты прынцып пашырыўся на ўсю Францыю: каб быць французам, дастаткова было жыць у Францыі.

Беларусь да канца XVIII cт. знаходзілася ў кантэксьце эўрапейскага разьвіцьця. А потым была вырваная зь яго ў выніку расійскай інтэрвэнцыі. Калі б такога не адбылося, то магчыма, што і нашы гарады спрычыніліся б да разбурэньня станавасьці ды стварэньня беларускай нацыі і дзяржавы.

У складзе Расіі Беларусь трапіла ў зусім іншы кантэкст разьвіцьця -- эўразійскі. Там традыцыя гарадзкога жыцьця не была так разьвітая. У выніку урбанізацыя запаволілася, гіганты-гарады не ўзьнікалі. У Вільні ў канцы XIХ cт. налічвалася каля 154 тыс чалавек.

Чаму урбанізацыя ня мела ў Беларусі вялікіх посьпехаў? Індустрыялізацыя, якая найбольш стымулюе рост гарадоў, слаба кранула ў ХІХ ст. беларускія землі.

Эканамічныя прычыны гэтага наступныя:

1. Адсутнасьць радовішчаў карысных выкапняў.
2. Адсутнасьць выхаду да мора.
3. Спэцыялізацыя на сельскагаспадарчай вытвочасьці ў сыстэме эўрапейскага рынку.

Палітычныя прычыны...Практычна яна адна адна: у пэрыяд індустрыялізацыі мы ня мелі нацыянальнай дзяржаўнасьці. А калі дэталяваць:

1. Мы апынуліся ў складзе эканамічна адсталай Расіі, дзе, у параўнаньні з эўрапейскімі краінамі, эканамічныя рэформы праводзіліся са спазьненьнем і непасьлядоўна.
2. Мы не маглі разьлічваць на эканамічнае спрыяньне царскага ўраду: дзяржаўныя замовы, тарыфы на чыгуначныя перавозкі, мытная і крэдытная палітыка -- усё гэта скіроўвалася пераважна на карысьць вялікарускай нацыі.
3. Мы, разам зь іншымі народамі Расіі, сталі ахвярамі ўтапічнага нацыянальнага праекту стварэньня імпэрскай расійскай нацыі. Асновы гэтага праекту выклаў міністар адукацыі С.Увараў у 1832 годзе: самаўладзьдзе, праваслаўе, народнасьць. Этнічны склад імпэрыі быў настолькі разнастайным, што пераварыць яго ў нешта аднароднае, па прыкладзе эўрапейскіх дзяржаваў, было немагчымым. Першы сымптом «нястраўнасьці» даў 1905 год. Эўрапейская мадэль дзяржаўнай нацыі ў Расіі ня мела рэальнай глебы. Тым ня менш, рабіліся спробы яе рэалізацыі. У рамках гэтага сацыяльнага экспэрымэнта для Беларусі непазьбежнымі сталі:
-- нацыянальная дыскрымінацыя замест станавай у прадпрымальніцтве;
-- русіфікацыя ў гуманітарнай сфэры;
-- захаваньне рэжыму адмысловага кіраваньня (да 1871 г. Беларусь знаходзілася на ваеным становішчы, а выключныя законы тут дзейнічалі да 1905 г.);

Індустрыялізацыя -- фактар важны для росту гарадоў, але не адзіны. У Беларусі працэс горадаўтварэньня традыцыйна сілкаваўся гандлем. Транзыт, пасярэдніцтва кармілі практычна ўсё неземляробчае насельніцтва краю. Ствараліся ўмовы для ўзьнікненьня, хоць і невялікіх, але шматлікіх гандлёвых гарадоў. У канцы XIХ cт. на гарадзкі статус (паводле сучасных крытэраў) рэальна прэтэндавалі 14 паселішчаў. Але і гэты працэс ува ўмовах Расіі тармазіўся. Колькасьць беларускіх гарадоў засталася ў царскай Расіі прыкладна такой жа, як у былым Вялікім Княстве Літоўскім (44). З 1861 па 1904 г. былі заснаваныя толькі два гарады (Горы-Горкі ды Смаргонь), тады як у цэлым у Расіі -- па 30 у кожнае пяцігодзьдзе. Царскі ўрад быў незацікаўлены ў павялічэньні колькасьці гарадаў у Беларусі. Чаму?

1. Горадаўтварэньне тут адбывалася на аснове мястэчак, якія разьмяшчаліся на землях пераважна апалячаных памешчыкаў. А наданьне іх мястэчкам статусу гораду азначала б павялічэньне эканамічнай магутнасьці гэтых памешчыкаў, якія ўжо ня раз узьнімаліся на антыцарскія паўстаньні ў імя аднаўленьня былой Рэчы Паспалітай. Для таго ж, каб выкупіць землі, на якіх месьціліся буйныя мястэчкі і ператварыць іх у гарады, у царскага ўраду не хапала сродкаў.
2. У адпаведнасьці з царскім выбарчым цэнзам у органах гарадзкога самакіраваньня пераважала мясцовая шляхта (уключна з прыгараднымі землеўладальнікамі). Менавіта гэтая праслойка гараджанаў валодала маёмасным цэнзам (землі, дамы) для свайго абраньня і менш за жыдоў адціскалася ад гарадзкога самакіраваньня. Таму памнажэньне ў Беларусі колькасьці гарадоў вяло да ўзмацненьня грамадзкай ролі спалянізаваных памешчыкаў.А гэта для Пецярбургу было непажаданым.
3. Прыслухоўваўся царскі ўрад і да сялянскіх настрояў, якія не былі прыхільнікамі гарадзкога жыцьця ўжо па той прычыне, што зь пераводам мястэчка на ступень гораду яму прыходзілася плаціць падвоеныя падаткі: і вясковыя, ад якіх іх ніхто не вызваляў, і гарадзкія.
4. Пецярбург праводзіў палітыку кансэрвацыі беларускай вёскі у якасьці супрацьвагі маёнткам франдзіруючых памешчыкаў. Праваслаўныя сяляне заўсёды трымалі каталіцкае панства ў сацыяльнай напружанасьці. Празьмерны і штучна распалены сацыяльны антаганізм вёскі і маёнтка стаяў на шляху кансалідацыі беларускай нацыі, а таму выглядаў сапраўднай трагедыяй. «Добры» расійскі цар ратаваў беларускіх праваслаўных сялянаў ад разбэшчанага гораду, а заадно і ад цывілізацыі, прагрэсу, якія заўсёды патрабавалі нейкай ахвярнасьці.
5. І ў рэшце рэшт, ува ўрадавых колах лічылася, што заснаваньне новых гарадоў у Паўночна-Заходнім краі выгадна толькі прадпрымальным гандляром-жыдом.

Гарадоў было столькі, колькі неабходна для адміністарцыйнага кіраваньня краем. Іх колькасны рост ставіўся ў жорсткую залежнасьць ад царызму. Афіцыйныя гарады былі пераважна дробнымі. Яны не маглі выбіцца з-пад царскай рэглямэнтацыі і былі ня ў стане разбураць абсалютызм і станавасьць так пасьпяхова, як гэта рабілася на Захадзе. Дэмакратычныя муніцыпалітэты ў Расійскай імпэрыі так і не замацаваліся. Дзяржава кантралявала іх дзейнасьць і стрымлівала пошукі да лепшай арганізацыі гарадзкога жыцьця. Прававых дэмакратычных узораў у царскіх гарадах для фармаваньня беларускай нацыі практычна не ўзьнікала.

Гарады-гіганты зъявіліся ў савецкай Беларусі. Але і тады яны не змаглі вырвацца з абцугоў дыктатарскага рэжыму. Таму што гэта былі гарады-казармы. Дэмакратычныя органы муніцыпальнага самакіраваньня тады так і не былі створаныя. Іх функцыі брала на сябе кампартыя і фактычна, як і паўсюдна, дыктавала гараджанам, як трэба жыць. Таму ў беларускіх гарадох увогуле ня склаліся традыцыі дэмакратычнага кіраваньня. Таму тут адсутнічаюць прававыя ўзоры для фармаваньня сучаснай беларускай нацыі і сучаснай прававой дзяржавы. Працэс дэмакратызацыі «зьнізу», які быў характэрны для Эўропы, тут немагчымы, бо для таго не існуе падмурку (муніцыпалітэтаў, земстваў і г.д.). Імкненьне Аляксандра Салжыніцына адрадзіць у Расіі земскае кіраваньне выглядае таму не зусім бессэнсоўным.

2. Масавая культура

Тэхнічны прагрэс выклікаў канцэнтрацыю ў гарадох багацьцяў. І тых багацьцяў стала ставаць для тварэньня ня толькі арыстакаратычнай, але і масавай культуры, якая павязвала нацыю. Горад ствараў культуралягічны падмурак для фармаваньня сучасных нацый і сучасных нацыянальных дзяржаваў.

Гістарычна так склалася, што багацьці ў гарадох Беларусі канцэнтраваліся пераважна ў рукох жыдоў, расійцаў і часткова домаўладальнікаў польскай культуры, а таму не маглі ісьці на патрэбы беларускай нацыянальнай культуры. Яна разьвівалася запаволена, не вытрымлівала канкурэнцыі з культурамі расійскай і польскай, а ў выніку не магла зьвязаць беларускую нацыю. У канцы XIХ cт. сярод гараджанаў беларусы складалі ўсяго 17 %. Што ж стрымлівала фармаваньне беларускай культуры і беларускай інтэлігенцыі ў гарадох?

1. Царскі ўрад фактычна закрыў для беларускіх мяшчанаў шлях да камэрцыйнай дзейнасьці, калі ўвёў мяжу аселасьці (1794) і перапісаў іх паводле прыкладу расійскіх у лік падатнага насельніцтва (канец ХYІІІ ст.).
2. Тэндэнцыя да беларусізацыі мясцовых гарадоў, што нацемілася пасьля адмены прыгону, у сярэдзіне 1880-гадоў штучна перарвалася ў выніку рэакцыйнага закону 1882 г. і эканамічнага неспрыяньня гарадом (чыгуначныя тарыфы, мытныя зборы, крэдытаваньне). Сумнавядомы царскі ўказ 1882 г. забараняў жыдом сяліцца па-за гарадамі і мястэчкамі. Рабілася гэтак ня толькі дзеля таго каб абмежаваць іх доступ у сфэру сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва, якое аддавалася на водкуп сялянству і мясцовым абшарнікам, а і дзеля таго, каб не дапусьціць эканамічнага ўмацаваньня ў гарадох «польскага элемэнту». Царызм пасьлядоўна не аддаваў гарады, гэтыя камандныя вяршыні, мясцовай зямельнай арыстакратыі. Ня маючы сілаў калянізаваць, ён «юдэязаваў» іх. У канцы XIХ cт. удзельная вага жыдоў складала сярод гараджанаў Беларусі 53,5 %. Жыдоўскія гарады ў Беларусі ня так палохалі царскі ўрад, як пэрспэктыва ператварэньня іх у «польскія», гэта значыць беларускія.
3. Да сярэдзіны 1880-х гадоў у гарадох Беларусі існавала значная праслойка мяшчан-беларусаў, якая ў далейшым практычна зьнікла, але ня толькі з-за таго, што ў гарады зганяліся больш прадпрымальныя жыды. Стан мяшчанаў перастаў папаўняцца коштам мясцовых сялянаў, бо загадамі цара адмяняліся падатныя прывілеі гэтага стану. Эканамічныя абставіны і палітычнае неспрыяньне прымушалі мяшчанаў-беларусаў перапісвацца ў сялянаў або перабірацца ў прамысловыя раёны імпэрыі. Мяшчанскі стан захоўваўся ў мясцовых гарадох пераважна ў мэтах фіскальнага і паліцыйнага ўліку і кантролю за жыдоўскім насельніцтвам.
4. Беларусы ў гарадох запаўнялі сфэру найму і гарадзкога земляробства, у сфэру ж рэальнага кіраваньня і гандлёва-прамысловай дзейнасьці яны амаль не ўваходзілі. Сяляне ў гарадох прыстасоўваліся да новых умоваў жыцьця, а значыць і русіфікоўваліся. У 1897 г. каля 60% гарадзкіх сялянаў Беларусі ўжо мала чым адрозьніваліся ад гараджанаў. Горад ня стаў местам сустрэчы выхадцаў са шляхты і сялянаў для фармаваньня шматлікай нацыянальнай інтэлігенцыі, бо яго сацыяльныя нішы былі штучна запоўнены цкаванымі жыдамі і адміністрацыйна прысланымі расіянамі.
5. Да таго ж беларусы ня мелі гарадоў адноснай вольнасьці, як літоўцы ў Прусіі ці ўкраінцы ў Галіцыі, адкуль можна было б выпраменьваць нацыянальную культуру.

Традыцыю гарадзкога жыцьця беларусаў у нейкай ступені зьберагалі палякі, ці, дакладней, беларусы польскай культуры. «Шляхцізацыя» гараджанаў, якая ўсё ж адбывалася насуперак жаданьням кіруючых колаў Расіі, рабілася падставай для беларускага адраджэньня. Але гэтая эканамічная і інтэлектуальная крыніца была зусім недастатковай для пасьпяховага фармаваньня беларускай нацыянальнай культуры і беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.

Што ж тычыцца праваслаўных гараджанаў (ня шляхціцаў), дык яны заставаліся пераважна ў баку ад гэтых працэсаў. Беларускі горад расійскім панаваньнем амаль не пераняў культурных традыцыяў Вялікага Княства Літоўскага. Гэтыя традыцыі зьберагаліся пераважна ў маёнтках зь іхнімі музэйнымі калекцыямі, сямейнымі архівамі, карціннымі галерэямі ды бібліятэкамі, якія сьведчылі аб былой славе і велічы нашага краю. Пасьля паўстаньня 1863 г. гэтыя скарбы былі часткова разрабаваныя, часткова вывезеныя ў глыб Расіі, а рэшткі апынуліся як бы пад хатнім арыштам. Імі магла карыстацца хутчэй каталіцкая інтэлігенцыя.

Праваслаўныя ж інтэлектуалы пра сваё мінулае ведалі з падачы расійскіх уладаў, а таму ў сваёй большасьці дэманстравалі прарасійкую культурную арыентацыю. Яны -- будучыя эсэры, нацыянал-камуністы, стваральнікі БССР. Інтэлігенцыя шляхецкага паходжаньня ХІХ ст. арыентавалася пераважна на Захад, а інтэлігенцыя сялянскага паходжаньня ХХ ст. -- пераважна на Ўсход. Нездарма бальшавікі патрабавалі сялянскага ды рабочага паходжаньня -- сацыяльны адбор супадаў з гісторыка-культурным. Цяперашняя беларуская дзяржава ўзрасла на інтэлекце сялянскага паходжаньня – на недаурбанізаваным мэнталітэце. Адсюль -- ідэалізацыя чысьціні стылю, нашыя/вашыя, кансэрватызм, непрыняцьце каштоўнасьцяў гарадзкой цывілізацыі.

Беларусізацыя гораду ў 1920-х гадах сталася эпізодам. З канца 1950-х гадоў большасьць гараджанаў пачалі складаць беларусы. Толькі беларуская культура ад таго ня стала пануючай у гарадох. Яна заставалася культурай меншасьці і не прымалася ўсімі жыхарамі Беларусі, гэтая культура так і не заваявала горад. Сканцэнтраваныя ў гарадах багацьці траціліся пераважна на разьвіцьцё культуры савецка-расійскай. Значыць, адной мэханічнай перавагі беларусаў у гарадох не дастаткова, каб гэтыя гарады сталі беларускімі. Чаму? Можа таму, што беларусам не дазвалялася траціць свае багацьці на разьвіцьцё сваёй культуры? Гэта так. Пры саветах не дазвалялася. Але справа ня толькі ў гэтым. Зараз нам ніхто не перашкаджае...

Справа ў тым, што і не маглі. Горад мяняў мэнтальнасьць людзей, іх мысьленьне нібы урбанізоўвалася. Але ўрбанізавалася па-расійску, а не па-беларуску. Урбанізаваныя такім чынам гараджане былі ня ў стане стварыць уласную культуру высокіх узораў. Горад рос і сапраўды, нібы страшэнны дэман, душыў беларускасьць.

Гістарычны досьвед сьведчыць -- безь беларусізацыі гораду стварэньне незалежнай беларускай дзяржавы немагчыма. Беларусізацыя тут разумееца ў шырокім сэнсе. Беларусізацыя і урбанізацыя павінны ісьці побач.

Маюць рацыю тыя палітолягі (Сяргей Дубавец і Віталь Цыганкоў), якія выступаюць супраць ідэалізацыі беларускай вёскі. І сапраўды, вёска -- крыштальна чыстая крыніца для культурнага разьвіцьця нацыі і ў той жа час -- брудная кляака для палітычнага самасьцьвярджэньня нацыі. Палітычныя ідэалы нашай вёскі, як правіла, кансэрватыўныя, блізкія да сацыялістычных утопіяў.

Гэта абумоўліваецца перакананьнем вяскоўцаў у існаваньні, здавалася б, элемэнтарнага выхаду для дасягненьня роўнасьці і справядлівасьці ў адносінах паміж людзьмі. Зямлі многа, усім хопіць. Яе трэба толькі перадзяліць. Адабраць лішак у багатыроў і перадаць бяднейшым. Паняцьці «дзяліць», «перадзяліць», «падзяліць» моцна трымаліся ў сялянскай сьвядомасьці. І калі гэтыя сяляне траплялі ў горад, яны і там імкнуліся ажыцьцяўляць свае ідэалы.

Таму, на маю думку, сацыялістычныя ідэалы былі характэрныя зусім не для гараджанаў, зусім не для гарадзкіх рабочых, якія мелі сталую працу, а для паўпэраў, людзей, што страцілі сродкі для існаваньня, учарашніх вяскоўцаў, якія ў працэсе урбанізацыі траплялі ў горад. Невыпадкова росквіт сацыялістычных ідэй супадае зь інтэнсіўнай урбанізацыяй, умацаваньнем гарадзкой цывілізацыі. Завяршэньне урбанізацыі, у тым ліку і на вёсцы, робіць сацыялізм неактуальным. Чым меншы традыцыйна вясковы сэктар, тым меншая ў дзяржаве прастора для сацыялістычных утопіяў. Разьвітая урбанізацыя робіць грамадзтва прагматычным і больш стабільным у сучасных умовах. Выхад у будучыню будзе знойдзены ўва урбанізавананым грамадзтве.

Віна за недаўрбанізаванасьць нашай сьвядомасьці, безумоўна, не кладзецца на жыдоў, якія нібы перагарожвалі беларусам шлях у горад. Жыдоўская нацыя ўва ўсім сьвеце выступала актыўным стваральнікам гарадзкой цывілізацыі. У Расіі для таго ў жыдоў не было ні эканамічных, ні палітычных умоваў.

3. Камунікацыйнасьць

Гістарычная роля гораду, як бачыце, вялікая. Менавіта ў горадзе ствараліся прававыя, культурныя і ідэалягічныя асновы сучасных нацыяў і дзяржаваў. Горад запачаткаваў гегемонію эўрапейскага кантынэнту над іншым сьветам. Горад уводзіў асобныя краіны ў ролю лідэраў. Горад ператвараўся ў творчыя лябараторыі нацыяў па самасьцьвярджэньні і самавыжываньні.

Чаму менавіта горад? Ды таму, што толькі ў шчыльна населеных гарадох ствараўся незвычайна высокі эфэкт акумуляцыі новых ідэяў. Гэты эфэкт заснаваны на больш высокай верагоднасьці кантактаў, дыялёгаў, узаемаўплываў. Паводле нашых падліках, у канцы XIХ cт. такая верагоднасьць у гарадзкіх цэнтрах Беларусі была вышэйшай амаль удвая ў параўнаньні са звычайнымі паселішчамі. І згаданы эфэкт акумуляцыі новых ідэяў тым большы, чым большы камунікацыйны патэнцыял гораду, чым з большай колькасьцю структураў ён зьвязаны. Лякальныя гарады фармуюцца на аснове жыхарства, да прыкладу, воласьцяў, і прэзэнтуюць таму лякальную мясцовую культуру, лякальную традыцыю, лакальную грамадзкую думку. Тады як абласныя гарады, узрослыя на буйных рэгіёнах, прэзэнтуюць правінцыйную культуру, правінцыйную традыцыю, правінцыйную грамадзкую думку. Сярод іх вылучаюцца лідэры нацыяў, якія становяцца сталіцамі, і ўжо прэзэнтуюць культуру і грамадзкую думку ўсёй нацыі. У іх завязваецца міжнародны дыялёг, а таму і ступень аккумуляцыі ідэй робіцца ў сталіцах самай высокай. Адсюль выключная роля сталіцаў -- вядучых камунікатараў нацыяў. Усе францускія рэвалюцыі адбыліся, да прыкладу, у Парыжы.

У Беларусі пры натуральнай хадзе падзеяў на ролю сталіцы прэтэндавала Вільня. Пасьля далучэньня ВКЛ да Расіі ў ролю сталіцы празь цяжкасьці, але няўхільна ўваходзіў Менск. У канцы ХІХ ст. Менск -- важны эканамічны цэнтар; у гады першай сусьветнай вайны -- важны полікультурны цэнтар, які да таго ж яшчэ знаходзіўся ў самым цэнтры Беларусі. З 25 сакавіка 1918 г. Менск -- сталіца БНР, з 5 студзеня 1919 г. -- сталіца БССР. Але суперніцтва зь Вільняй працягвалася. Менавіта яна, а ня Менск, стала сталіцай Літ-Бел. ССР. Праўда, 31 снежня 1920 г. аднаўляецца БССР, і Менск вяртае сабе сталічны статус. У 1939 г. робіцца спроба перанесьці сталіцу БССР у Магілёў, а пасьля савецка-польскай вайны -- у Вільню. «Выратаваньне» для менчукоў прыйшло ад Сталіна, які перадаў Вільню Літоўскай ССР. Былі яшчэ пляны пераносу сталіцы на новае месца пасьля другой сусьветнай вайны.

Менск ня ёсьць бясспрэчнай сталіцаю. Мяркую, ён ня лепшая сталіца, бо прэзэнтуе савецкія структуры. Спрацоўвае мэханізм «самаатруты». Мяркую, што ня выключана заснаваньне новай сталіцы ў іншым месцы, напрыклад, у Наваградку ці Нясьвіжы. Гэта быў бы вельмі важны і радыкальны крок у адраджэньні Беларусі. Праз новую сталіцу наша грамадзтва магло б атрымаць ін’екцыю новых ідэяў звонку.

4. Камфортнасьць

Жыцьцё ў гарадох было заўсёды больш камфортным. Тэхнічны прагрэс даў гэтаму магутны імпульс і спарадзіў спакусу стварэньня штучных гарадзкіх асяродкаў жыцьця, ідэальных для людзей («Горад Сонца» Кампанэлы). Горад стаў своеасаблівым прыкладам для мадэляваньня ня толькі гарадзкіх грамадаў, а цэлых грамадзтваў. Ён ствараў ня толькі гарадзкія ўтопіі, але і дзяржаўныя ідэалёгіі, палітычныя канцэпцыі і геапалітычныя канструкцыі, у тым ліку і ідэалягічныя падставы для сучасных нацыяў і нацыянальных дзяржаваў.

Станаўленьне сучасных гарадоў у Беларусі зьвязанае з узьнікненьнем шэрагу цяжкасьцяў. І, як мне падаецца, іх тут заўсёды было больш, чым камфорту. Спынімся толькі на некаторых праблемах тутэйшага гарадзкога жыцьця.

Праблема першая. Рост гораду ўваходзіць ў супярэчнасьць з правам уласнасьці на землі, якія патрабаваліся пад гарадзкія вуліцы, плошчы, паркі агульнага карыстаньня. Тут не абыходзілася без умяшальніцтва дзяржавы. Праблема муніцыпалізацыі земляў вырашалася пераважна шляхам выкупу, а ня шляхам канфіскацыяў. Гэты стандарт у царскай Расіі больш-менш захоўваўся. Але землеўпарадкаваньне рабілася недастаткова радыкальна. Правы спадкаемцаў ставіліся вышэй за правы гараджанаў, бо ў горадзе ж жылі пераважна жыды ды «палякі». У 30-х гадох XIХ cт. у прыватнаўласьніцкіх гарадох існавала 28 пабораў. Заставалася чыншавое права зь ягоным узаемаабмежаваньнем землекарыстаньня як з боку вотчыньніка, так і з боку арандатара. Прынцып падзеленай уласнасьці, на якім трымалася гэтае права, ніяк не спрыяў зямельнай мабілізацыі, а значыць, і землеўпарадкаваньню гарадоў. Пры саветах згаданая праблема здымалася тым, што права чалавека на зямельную ўласнасьць касавалася, і гараджане страцілі ўсялякую мажлівасьць уплываць на горадабудаўніцтва. Горад не належаў гараджанам. Ён быў дзяржаўным, нібы нічыйным. Жыхар царскага гораду ў сваім доме, на ўласнай зямлі, відаць, адчуваў сябе камфортней, чым савецкі гараджанін у дзяржаўнай кватэры. Гэта былі вечна залежныя людзі.

Другая праблема. У горадзе асабліва актуальнае дасягненьне гармоніі грамадзкага ды індывідуальнага жыцьця. У сярэднявечным горадзе яшчэ можна было схавацца ад вуліцы. З павелічэньнем шчыльнасьці забудовы і пашырэньнем шматпавярховікаў гараджанам прыходзілася жыць праблемамі суседзяў, праблемамі вуліцы. У пасьляваенных эўрапейскіх гарадох публічнасьць адступіла на задні плян; назіраецца індывідуалізацыя побыту, рост камфортнасьці гарадзкага памяшканьня; вуліца, плошча становіцца працягам індывідуальнага жыцьця. У савецкай жа дзяржаве, наадварот, нарастаў гегеманізм публічнасьці. Жыцьцё выносілася на плошчы. Раскоша грамадзкіх будынкаў кантраставала з убоствам «камуналак».

Трэцяя праблема. Камфортнасьць гараджанаў залежыць ад архітэктурнага вобразу гораду. Стварыць яго ня так проста. Нас «забівае» архітэктурная аднастайнасьць. Яна ідзе яшчэ ад каралеўскага (у Расіі -- ад царскага) двара, які дыктаваў моду ўва ўсім. У буржуазным грамадзтве зь ягонай шматварыятыўнасьцю эстэтычных густаў аднастайнасьць архітэктурнай стылістыкі стала немагчымай. У савецкай жа краіне такіх перамен не назіралася. Архітэктурная стылістыка дыктавалася з чырвонай Масквы, як некалі з царскага Пецярбургу. Быў, да прыкладу, «сталінскі клясыцызм» -- і толькі. Таталітарнай архітэктуры бракуе разьняволенасьці і лёгкасьці. Якая архітэктура, такі і настрой, стан душы.

Чацьвёртая праблема. Для гараджанаў заўсёды актуальнае захаваньне пераемнасьці новага гораду са старым. Гаўсман, прэфэкт Парыжу, зьнішчаў у сярэдзіне XIХ cт. гістарычны цэнтар францускай сталіцы ў імя яе мадэрнізацыі. «Гаўсманізацыя» ахапіла Эўропу. Гэта знайшло адлюстраваньне ў творах Дыкенса, Бальзака, іншых інтэлектуалаў, ахопленых настальгіяй па старым. Праўда, заходнеэўрапейцы хутка пераадолелі гэтую хваробу. У Беларусі разбурэньне старых будынкаў, перабудова касьцёлаў пад цэрквы пачалася з усталяваньнем тут царскай улады. Адбывалася разбурэньне мясцовых культурных традыцыяў. Практыку разбурэньня старай часткі гарадоў працягвала савецкая ўлада. У выніку мы амаль ня маем помнікаў гарадзкой архітэктуры, якімі можна было б ганарыцца. Гарады страцілі архітэктурную пераемнасьць, сталі проста савецкімі. Але ёсьць надзея на рэстаўрацыю, тэхналёгія якой увесь час удасканальваецца.

Пятая праблема. Тэхналягізацыя гарадзкога побыту прымушае задумвацца над яе вынікамі. Заганы гораду ўзмацняліся ўзрастаньнем у ім вольнага часу і залішніх багацьцяў. Тэхнічны прагрэс ішоў паэтапна разам з ростам, да прыкладу, крыміналу, хоць да таго былі і іншыя прычыны.

У так званую «цудоўную эпоху» 1890-1914 гадоў у беларускіх гарадох зьявіліўся ровар (1890), «конка» (1892), трамвай (1898), электраасьвятленьне (1895), тэлефон (1896), першыя аўтамабілі (1906), матацыклы і заасфальтаваныя вуліцы (1910), шматпавярховыя камяніцы зь ліфтам (1908). У побыт уваходзілі грамафоны, швейныя машыны, дзіцячыя каляскі, кефір (1888), піва, фабрычныя каўбасы і тарты, сродкі перасьцярогі ад цяжарнасьці (1907) і шмат якія іншыя прыемныя дробязі. У пачатку стагодзьдзя ўзьніклі прыгарадныя дачы, пачалі курсаваць першыя дачныя цягнікі. А ў Лёндане, Бэрліне, Парыжы ў канцы XIХ cт., да прыкладу, ужо дзейнічала мэтро. Гэтаму этапу адпавядае пераважна індывідуальны крымінал.

Другі этап камфартызацыі гарадзкога жыцьця назіраўся ў 1920-х гадох: аўтобусны пасажырскі рух (1926), каналізацыя (1930), грамадзкія лазьні, цырульні, першыя мэханізаваныя пральні (1933). У 1925 г. пачала дзейнічаць першая радыёстанцыя. Гэтаму этапу адпавядае бандытызм.

Трэці этап росту камфартабэльнасьці наступіў у 1950-х гадах: тралейбусы (1953), тэлебачаньне (1956), буйнапанэльнае будаўніцтва, газіфікацыя кватэраў (1958), зъяўленьне халадзільнікаў. У гэты пасьляваенны час зараджаецца арганізаваная злачыннасьць.

У далейшым нафтарублі дазволілі камуністам палепшыць умовы жыцьця гараджанаў, асабліва ў сталіцах. У крамах пачалі прадавацца імпартныя тавары, адчыняліся першыя валютныя крамы (1966). Са сьнежня 1963 г. пачала курсіраваць першая электрычка Менск-Алёхнавічы, маршрут якой у 1966 г. быў падоўжаны да Маладэчны. Дабрабыт рос. Асабліва добра жылося сталічнай намэнклятуры. Дзейнічала мафія.

Цяпер матэрыяльны камфорт істотна зьнізіўся. Узрасла злачыннасьць. Але не задавальняе ня толькі гэта. Прыгнятае духоўны дыскамфорт.

Праблема шостая. Горад выявіў праблему экалёгіі. У Беларусі яна паўстала ў пасьляваенны пэрыяд. Выпусьціўшы з бутэлькі «джына», горад цяпер імкнецца яго ўтаймаваць. Распрацоўваюцца канцэпцыі сучаснага гораду:

-- элемэнты натуральнага пэйзажу, зялёны пас;
-- абмежаваньне памеру гораду да 100.000 чалавек;
-- адмова ад заснаваньня новых гарадоў;
-- паяднаньне чалавека з гарадзкім асяродзьдзем.

У той жа час становіцца зразумелым, што ў межах гарадзкой рысы экалягічныя праблемы ня вырашыць. Гарадзкія цэнтры ператвараюцца ў лябараторыю рэканструкцыі натуральнага асяродзьдзя ўсёй краіны. Гарады трактуюцца не як замкнёныя, а як адкрытыя сыстэмы.

Сёмая праблема. Кожны народ пераадольвае парог недаверу і нават варожасьці да гарадзкой цывілізацыі. Адарванасьць ад вёскі і прыроды прыгнятае людзей. Індустрыялізацыя выклікае спробу гарманізацыі гарадзкога асяродзьдзя шляхам стварэньня гарадзкіх паркаў, выпрацоўкі праектаў гораду-саду.

Асабліва хваравіта працэс пераадольваньня недаверу праходзіў у Беларусі. Ад ХІХ ст. беларуская душа была адрэзаная ад гораду, пачувалася там асабліва безабароннаю. Цесната і нязвыкласьць гарадзкога пэйзажу, часам далёкага ад нацыянальных традыцыяў, прыводзіла да таго, што беларускі селянін, трапіўшы ў горад, перажываў сапраўдны стрэс.

Якуб Колас пісаў пра горад:

Колькі шуму, колькі груку!
Я дзіўлюся, як тут жыць,
Па каменьням, гэтым бруку
За грахі адны хадзіць.
А Францішак Багушэвіч бачыў горад варожым для беларускага селяніна:
Не люблю я места (парасейску горад)!
Надта там цяснота і вялікі сморад,
А паноў -- як маку, ды сярод гароду
Апрач таго пропасьць рознага народу!

Наш брат як увойдзе, -- сам сябе баіцца.
Ці ісьці бяз шапкі, ці гдзе пакланіцца?

Сярэднявечная традыцыя гарадзкога жыцьця беларускага народу была перарваная ў канцы XVIII cт. і з тае пары гэты народ ніколі не адчуваў сябе ў горадзе ўтульна, ніколі не пачуваўся гаспадаром. Горад застаецца «чужым» для большасьці жыхароў Беларусі. Варожасьць да гарадзкой цывілізацыі трансфармуецца ў варожасьць да Захаду, да эўрапейскасьці. Вось чаму, каб стаць эўрапейцамі, сучаснай нацыяй, нам трэба стаць гараджанамі па мэнтальнасьці. Праз пакаленьні.

Пералік праблемаў можна працягваць, але і тыя, што тут акрэсьленыя, даюць зразумець, чаму беларускі народ так і не стварыў сваёй гарадзкой утопіі, а таму, мабыць, і не рэалізаваў нацыянальны праект. Мара Арыстотэля аб стварэньні гарманічнага гарадзкога асяродзьдзя, дзе чалавек мог бы задаволіць усе свае патрабаваньні, застаецца для нас актуальнай.

Заканчэньне

Будучыня Беларусі залежыць ад посьпехаў урбанізацыі нашага мысьленьня. Гэтаму, аднак, істотна перашкаджае нэгатыўны досьвед беларускай урбанізацыі. Сындром адчужанасьці да небеларускага гораду трансфармаваўся ў адчужанасьць да ўласнай прасавецкай дзяржавы, уласнай расійскамоўнай культуры. Адзіным крытэрам беларускасьці лічыцца мова. Адсюль -- прылічэньне сябе да «беларускай меншасьці» ў краіне беларусаў.

На маю ж думку, у нас ёсьць падставы больш аптымістычна глядзець у будучыню. Галоўнае -- пачувацца гаспадарамі на сваёй зямлі, успрымаць Беларусь ува ўсёй сукупнасьці яе добрых і дрэнных складніках.

-- Мова -- не адзіны крытэр для вызначэньня нацыі ў яе сучасным палітычным сэнсе. Узгадаем: усе жыхары Парыжу -- парыжане, усе грамадзяне Францыі -- французы. Недаурбанізаваная сьвядомасьць, зразумела, ня можа прыняць гэты прынцып, і таму робіцца крыніцай нашай непаўнавартасьці і пэсымізму.
-- Усё, што на Беларусі, ёсьць беларускае. Тут і расійская мова -- усяго толькі дыялект беларускай, а не наадварот.
-- Спрадвеку на беларускіх землях функцыянавала некалькі моваў.
-- Нацыянальныя інтэлектуалы заўсёды і ўсюды ў меншасьці, але яны твораць культурна-ідэйную пляцоўку, на якую ўзьнімаюцца нацыі.
-- Тыя, хто любіць Беларусь, несумненна складаюць большасьць.
-- Існуе экалёгія, якая павінна займацца ратаваньнем ня толькі расьлінаў, казюрак, птушак, зьвяроў, але і нацыяў. Наўрад ці ўратуем і чалавецтва, калі не ўратуем нацыі – неад’емныя часткі шматаблічнай прыроды і шматаблічнага сацыяльнага арганізму нашай плянэты. Разуменьне гэтага расьце. Таму беларуская нацыя можа спадзявацца на міжнародную падтрымку.
-- Жыды як нацыя захаваліся, можа, толькі таму, што верылі ў прыход мэсіі.

Беларусь стане горадам-садам і загаворыць па-беларуску, але нельга трапіць у беларускі рай, мінуючы «чысьцец». Ён жа ж -- у самаахвярнай працы на карысьць беларускай культуры і навукі, у набыцьці ўласнага палітычнага досьведу, у жорсткім самааналізе ўласных памылак.

Што гэта? Рэальнасьць ці ўтопія? Хай сабе ўтопія. Галоўнае, што яна зьяднае і пакліча наперад да больш шчыльнай інтэграцыі з эўрапейскай цывілізацыяй, якая па сваёй сутнасьці ёсьць цывілізацыяй гарадзкой.

 

 

Zachar ŠYBIEKA, Ph. D.

Semantics of the Belarusian Urban Tradition (continuity and discreteness in the 19—20th centuries).

Summary

The future of Belarus is dependent upon the success of urbanization of our thinking. A negative experience of the Belarusian urbanization process is still an impediment on this way. A state of estrangement towards a city culture has transformed itself into an estrangement towards the phenomenon of the Belarusian statehood and those integral parts of Belarusian culture, which actually exist under the form of its Russian language version. It is quite often that the Belarusian language is taken as the only criteria of the Belarusianness. And this is the reason for a number of Belarusians to consider themselves as a national minority in their own country.

However, the language is not the only criteria for defining a nation as a nation in its modern political sense. To accept this definition is a problem for underurbanized awareness. And this state of self-awareness is actually one of the sources of a national inferiority complex and pessimism.

Захар Шыбека нарадзіўся ў 1948 г. у вёсцы Асінаўка Сянскога раёну Віцебскай вобласьці. У 1972 скончыў гістарычны факультэт Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту, у 1977 абараніў кандыдацкую дысэртацыю, у 1998 -- доктарскую. Займаецца гісторыяй гарадоў, у прыватнасьці Менску, а таксама вывучае беларускі нацыянальны рух ХІХ – ХХ ст. Аўтар кнігаў «Минск в конце ХІХ – начале ХХ в.: Очерк социально-экономического развития» (Мн., 1985); «Минск: Страницы жизни дореволюционного города» (у суаўтарстве; Мн., 1990; беларуская вэрсія -- 1994); «Гарады Беларусі (60-я гады ХІХ – пачатак ХХ стагоддзяў)» (Мн., 1997).
Кантакт: Хатні тэлефон у Менску: 231-53-20


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Цэнтру Athenaeum

кантакт: anh@belsonet.net

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія