РАСІЯ
Аляксандар Даніэль
Дысыдэнцкі рух у Расіі (на тле гісторыі дысэнту ў СССР)
Тэрміны “дысыдэнты”, “дысыдэнцтва”, “дысыдэнцкі рух” часта выкарыстоўваецца для вызначэньня любой індывідуальнай ці групавой незалежнай грамадзкай актыўнасьці 1950-1980-х гадоў, толькі б яна скіроўвалася насуперак прадвызначаным формам сацыяльных паводзінаў, не ўхвалялася і перасьледавалася. Такім чынам, у адзін шэраг ставіліся даволі розныя зьявы, напрыклад: падпольныя студэнцкія гурткі другой паловы 50-х гадоў, самадзейныя мастацкія выставы, пэтыцыйныя кампаніі 1966 і 1968 гадоў, паўстаньне на ваенным караблі Балтыйскага флёту ў сярэдзіне 1970-х і шмат што іншае.
Безумоўна, усе спробы супраціву дыктатуры маюць значную ролю ў савецкай гісторыі і заслугоўваюць пільнага вывучэньня.
Але больш дакладна дысыдэнцтва трэба было б вызначыць як сукупнасьць грамадзкіх рухаў і індывідуальных учынкаў, разнастайных у сваіх задачаў і мэтаў, але вельмі блізкіх паводле асноўных прынцыпаў (негвалтоўнасьць, галоснасьць, апэляцыя да закону, рэалізацыя асноўных правоў і свабодаў de facto), паводле формаў грамадзкай актыўнасьці (стварэньне непадцэнзурных тэкстаў, аб’яднаньне ў непалітычныя незалежныя грамадзкія арганізацыі, зрэдку — публічныя акцыі), паводле інструмэнтару (пэтыцыі ў адрас савецкіх інстанцыяў, і адкрытыя лісты, зьвернутыя да грамадзкае думкі; распаўсюджваньне інфармацыі праз самвыдат і заходнія мас-мэдыі).
У 1970-я -- пачатку 1980-х такі спосаб існаваньня грамадзкай апазыцыі абсалютна дамінаваў на грамадзкай сцэне.
Абапіраючыся (зь некаторымі зьменамі) на пэрыядызацыю, распрацаваную Людмілай Аляксеевай (“История инакомыслия в СССР”), у гісторыі савецкага дысыдэнства можна вызначыць наступныя этапы.
1. Перадгісторыя (1956-1965) так званага праваабарончага руху — цэнтральнай кампанэнты савецкага дысыдэнцтва — гэта той час, калі пасьля XX зьезду КПСС лібэральна настроеная інтэлігенцыя спрабавала адваяваць для сябе мінімальна свабодную ад дзяржаўнага дыктату прастору ў рамках сыстэмы (спробы выпуску літаратурных зборнікаў і альманахаў, літаратурныя вечарыны ў Політэхнічным інстытуце і на стадыёне “Лужнікі”, “студыйныя” тэатральныя калектывы, шматлікія літаратурныя студыі і гурткі, выставы мастакоў авангардыстаў у Манэжы, шматгадовая эпапэя барацьбы рэдакцыі “Новый мир” з цэнзурай і шмат іншага).
Адначасова ўсё большую ролю ў культурным жыцьці пачынае адыгрываць тое, што пазьней назавуць Другой культурай, то бок творчая актыўнасьць, не накіраваная на адваёўваньне якога-небудзь месца ў афіцыйным культурным працэсе і папросту ігнаруючая нормы гэтага працэсу. Падвысілася значэньне традыцыйнага для Расеі спосабу існаваньня літаратурных твораў — самиздат, гэта значыць машынапісныя раздрукоўкі рукапісаў у працэсе іх нікім (у тым ліку і самім аўтарам) не кантраляванага распаўсюджаньня. Зьявіліся самвыдатаўскія літаратурныя зборнікі і альманахі. Адначасова зь зьяўленьнем у асабістым карыстаньні магнітафонаў узьнікла “аўтарская” або “бардаўская” песьня. Мастакі пачалі выстаўляць для агульнага прагляду ў сваіх майстэрнях уласныя творы і творы сваіх калегаў, не чакаючы дазволу з боку ўладаў. Моладзь некалькі год запар ладзіла рэгулярныя паэтычныя чытаньні на плошчы Маякоўскага ў Маскве, а потым арганізавала першае за некалькі год незалежнае літаратурнае аб’яднаньне — СМОГ.
2. Зараджэньне (1966-1967) праваабарончага руху — падзеі, зьвязаныя з арыштам і, асабліва, з судом над двума маскоўскімі літаратарамі — Андрэем Сіняўскім і Юліем Даніэлем. У адрозьненьне ад папярэдняй гучнай “літаратурнай” справы — суду над Бродзкім, пратэсты грамадзкасьці не абмежаваліся прыватнымі зваротамі ў ЦК, а сталі здабыткам галоснасьці. Да канца гэтага пэрыяду факт наяўнасьці палітычнага перасьледу трывала ўвайшоў у грамадзкую сьвядомасьць.
3. Станаўленьне (1968-1969) праваабарончага руху. Кампанія пратэстаў, распачатая ў сувязі з судовым працэсам Гінзбурга, Галанкова і іншыя, ахапіла значна большае кола людзей, чым у папярэднія (і наступныя ) гады. Акрамя пэтыцыяў у афіцыйныя ўстановы, зьявіліся і “адкрытыя лісты” — беспасярэдняя апэляцыя да грамадзкай думкі. Тэмаю “эпісталярнай рэвалюцыі” (тагачасны выраз) сталі самыя разнастайныя выпадкі парушэньня дзяржавай гарантаваных правоў і свабодаў.
4. Пашырэньне (1970-1972) праваабарончага руху. У арбіту праваабарончага руху ўвайшоў цэлы шэраг дастаткова масавых апазыцыйных рухаў. У іх былі свае мэты і задачы, але ж яны прынялі і засвоілі праваабарончы інструмэнтары, шырока яго выкарыстоўвалі — у першую чаргу для абароны правоў і інтарэсаў, зьвязаных зь іх уласнай дзейнасьцю; усталявалі цесныя сувязі з “маскоўскімі” праваабаронцамі. У сфэру ўвагі апошніх увайшлі, у сваю чаргу, такія пытаньні, як правы нацыяў (у тым ліку права на культурнае разьвіцьцё і права на мірнае самавызначэньне), права на выезд з краіны, свабода рэлігіяў ды інш.
5. Крызыс і ягонае пераадоленьне (1973-1974). Крызыс у праваабарончым руху ўзьнік ня толькі і ня столькі ў сувязі з чарговай рэпрэсіўнай кампаніяй па выкараненьні іншадумства, і нават не з-за слабасьці, праяўленай шэрагам дзеячоў руху пасьля арышту і на судзе, колькі ў сілу ўнутраных прычынаў. “Дысыдэнцкі ўчынак” — а такім мог быць подпіс пад лістом пратэсту, — часьцей меў значэньне экзыстэнцыйнага самавыяўленьня; далейшае залежала ад асабістай трываласьці аўтара ўчынку. Вонкавая лёгкасьць пераходу мяжы дазволенага спараджала магчымасьць “салённага дысыдэнства”, што не пазбаўляла ад магчымых наступстваў, але ў некаторай ступені прытупляла пачуцьцё адказнасьці і салідарнасьці. Акрамя таго, гэта не дадавала даверу да дысыдэнтаў з боку натуральнай сацыяльнай базы іх падтрымкі — вальнадумнай часткі інтэлігенцыі, якая і так ставілася да актывістаў руху са зьмяшанымі пачуцьцямі павагі і скепсысу.
Каб вярнуць сабе маральную і сацыяльную ідэнтычнасьць, рух павінен быў апынуцца на мяжы распаду, які прымусіў дысыдэнтаў абаперціся на такія значныя каштоўнасьці, як прафэсіяналізм, сыстэматычная праца, спэцыялізацыя паводле інтарэсаў.
6. “Хельсінскі пэрыяд” (1975-1979). Другая палова 1970 -х — пік дысыдэнцкай актыўнасьці ў СССР. Хельсінскі рух, узьнікшы ў Маскве, хутка распаўсюдзіўся на шэраг савецкіх рэспублік і атрымаў моцную падтрымку замежнай грамадзкай думкі і нават шэрагу заходніх урадаў. Хельсінскія групы зьбіралі і абагульнялі зьвесткі пра парушэньні правоў чалавека; атрыманая інфармацыя перадавалася ўрадам краінаў-удзельніцаў Хельсінскіх пагадненьняў і заходнім мас-мэдыям. Наступіў росквіт самвыдату -- таксама ў Літве, Грузіі, Эстоніі, Украіне. Гэтым жа часам усё больш публіцыстычных і літаратурных твораў публікуецца ў эмігранцкіх органах друку на Захадзе і вяртаецца да савецкага чытача празь “нелегальныя” каналы.
7. Заняпад (1980-1984). Праваабарончая актыўнасьць пайшла на сход, выявіўся адток з дысыдэнцтва тых, хто быў цесна зьвязаны зь ім раней. У нейкай меры гэта тлумачыцца ўзрослай суровасьцю выракаў, сыстэмай паўторных арыштаў напрыканцы першапачатковага тэрміну зьняволеньня, больш жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня ў лягерох. Канец эпохі палітыкі ўзаемастрымліваньня --панізіўся інтарэс да савецкага дысыдэнцтва за мяжой: цяпер перасьлед дысыдэнтаў успрымаўся як неад’емная частка рэжыму, які зьбіваў мірныя ляйнэры і вёў барбарскую вайну ў чужой краіне.
Але галоўную ролю адыграла рэзкае паніжэньне грамадзкай падтрымкі дысыдэнтаў (пры спачуваньні да іх і іхніх ідэалаў). Шматгадовае пашырэньне ідэяў праваабаронцаў дасягнула сваёй мэты: грамадзкая думка — прынамсі, актыўная частка грамадзтва — прыняла іхнія каштоўнасныя і крытычныя прынцыпы (падзеі другой паловы 80-х нібы пацьвярджаюць гэта). А калі так, то дысыдэнства на праваабарончых прынцыпах павінна было сыйсьці са сцэны, бо выканала сваю гістарычную функцыю, і патрэба ў ім адпала.
На зьмену дысыдэнцкай эпосе амаль адразу ж прыйшла перестройка, што наўрад ці можна разглядаць як выпадковае супадзеньне.
1956
Даклад Мікіты Хрушчова пра “культ асобы Сталіна” на закрытым пасяджэньні XX зьезду КПСС.
Хваляваньні ў Тбілісі, задушаныя пры ўдзеле вайскоўцаў.
Выхад у сьвет альманаху “Литературная Москва”.
Публічныя дыскусіі ў шэрагу ВНУ і НДІ на палітычна-культурныя тэмы.
Вугорская рэвалюцыя і яе здушэньне савецкімі войскамі.
Закрыты ліст ЦК КПСС “Пра ўзмацненьне барацьбы з антысавецкімі элемэнтамі” (сьнежань).
Часовае (да пачатку 1959 году), але заўважнае павелічэньне маштабу палітычных рэпрэсіяў.
1957 — 1961
Кампанія супраць Барыса Пастэрнака ў сувязі з публікацыяй за мяжой раману “Доктар Жывага”.
Паэтычныя сходкі на пляцы Маякоўскага (1958 — 1961).
Аляксандар Гінзбург выдае ў Маскве часопіс “Синтаксис” — першае самвыдатаўскае пэрыядычнае выданьне (1958 — 1960).
1961 — 1963
Выхад у сьвет альманаху “Тарусские страницы”. Публікацыя ў часопісе “Новый мир” (лістапад 1962) аповесьці Аляксандра Салжыніцына “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”.
Кампанія супраць “абстракцыянізму” і перасьлед мастакоў-авангардыстаў.
1964
Люты: вырак ленінградзкаму паэту Іосіфу Бродцкаму за “дармаедзтва”. У самвыдаце шырока распаўсюджваецца запіс суду над Іосіфам Бродскім, зроблены журналісткай Фрыдай Вігдоравай.
Вясна: стварэньне ў Маскве маладзёвай літаратурнай групы “СМОГ”.
Кастрычнік: падзеньне Хрушчова.
1965
8-12 верасьня: арышт Андрэя Сіняўскага (Абрама Тэрца) і Юлія Даніэля (Мікалая Аржака).
5 сьнежня: “мітынг галоснасьці” на Пушкінскай плошчы ў Маскве — першы ў СССР публічны выступ пад лёзунгамі абароны правоў чалавека; актыўны ўдзел бяруць СМОГісты. Пасьля мітынг стаўся традыцыйным.
1966
Студзень — красавік: масавая газэтная кампанія, скіраваная супраць Сіняўскага-Тэрца і Даніэля-Аржака і суд на німі (11-14 красавіка); першая пэтыцыйная кампанія (у абарону Сіняўскага і Даніэля).
Лета — восень: А.Гінзбург працуе над складаньнем “Белай кнігі” — зборніку дакумэнтаў па справе Сіняўскага і Даніэля (у сьнежні была выдадзеная за мяжой).
Верасень: у Крымінальны Кодэкс уводзяцца 3 новыя артыкулы — 190-1 (паклёп на савецкі лад), 190-2 (“зьнявага сьцягу і гербу”) і 190-3 (“групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак”).
1967
Студзень: арышт Юрыя Галанскова (сябры Гінзбурга, складальніка альманаху “Феникс-66”), машыністкі Веры Лашковай, А.Дабравольскага — знаёмага Галанскова ды Гінзбурга. Мітынг на Пушкінскай плошчы ў абарону арыштаваных і затрыманьне некалькіх удзельнікаў мітынгу (22 студзеня). Арышт Гінзбурга (23 студзеня).
Вясна — лета: суды над удзельнікамі мітынгу 22 студзеня.
Чэрвень: зварот А.Салжаніцына да зьезду Саюзу пісьменьнікаў пра неабходнасьць вызваліць літаратурную творчасьць ад цэнзурнага ўціску.
Ліпень: у КГБ арганізаваная 5-я Управа -- па барацьбе зь “ідэалягічнымі дывэрсіямі”.
Лета — восень: Павал Літвінаў працуе над складаньнем дакумэнтальнага зборніку па справе мітынгу 22 студзеня.
Лістапад: Анатоль Марчанка скончыў працу над кнігай “Мае паказаньні” — першае дакумэнтальнае сьведчаньне пра пасьлясталінскія палітычныя лягеры.
1968
Студзень: пачатак “Праскай вясны”.
Студзень — сакавік: суд над Гінзбургам, Галанскім, Дабравольскім і Лашковай. Зварот Ларысы Багараз і Паўла Літвінава “Да сусьветнай грамадзкасьці”. Другая пэтыцыйная кампанія.
Вясна: перасьлед “падпісантаў” (удзельнікаў пэтыцыяў).
Красавік: эсэ Андрэя Сахарава “Роздум аб прагрэсе, мірным суіснаваньні і інтэлектуальнай свабодзе”.
30 красавіка: першы выпуск “Хроники текущих событий” — машынапіснага інфармацыйнага бюлетэню аб парушэньні правоў чалавека ў СССР і барацьбе за іх выкананьне.
Ліпень: арышт Анатоля Марчанкі.
21 жніўня: уварваньне войскаў Варшаўскага пакту ў Чэхаславаччыну.
25 жніўня: публічны пратэст супраць інтэрвэнцыі — “дэманстрацыя сямёх” на Чырвонай плошчы ў Маскве.
Кастрычнік: суд над пяцьма дэманстрантамі : К.Бабіцкім, Л.Багараз, В.Дэлонэ, В.Дрэмлюгай, П.Літвінавым.
1969
Сакавік — травень: новыя арышты актыўных удзельнікаў руху — І.Яхімовіча, І.Габая, П.Грыгарэнкі.
18 траўня: стварэньне Ініцыятыўнай групы абароны правоў чалавека (ІГ) — першай незалежнай праваабарончай асацыяцыі (15 чалавек), асноўнай формай дзейнасьці якой сталі адкрытыя лісты ў ААН.
Лета — восень: арышты шэрагу ўдзельнікаў ІГ.
Сьнежань: арышт Наталі Гарбанеўскай — удзельніцы ІГ, заснавальніка і складальніка першых выпускаў “Хроники текущих событий”.
1970
Студзень: пачаў выходзіць “Украінскі весьнік” — інфармацыйны бюлетэнь украінскага нацыянальна-культурніцкага руху.
Лета: спроба ўгону самалёту групай “отказников” — пераважна габрэяў, якія спрабавалі эміграваць у Ізраіль.
Кастрычнік: Аляксандру Салжыніцыну прысуджана Нобэлеўская прэмія па літаратуры.
Лістапад: стварэньне ў Маскве Камітэту правоў чалавека — незалежнай арганізацыі экспэртна-аналітычнага характару (А.Цьвердахлебаў, А.Сахараў, В.Чалідзэ, пазьней І.Шафарэвіч).
Сьнежань: суд над угоншчыкамі самалёту. Сьмяротны прысуд двум удзельнікам групы. Масавыя пратэсты за мяжой ды замена сьмяротнага пакараньня 15 гадамі зьняволеньня. Паслабленьне неафіцыйнае забароны на эміграцыю; кансалідацыя руху габрэяў-“отказников”. Пачаў выходзіць інфармацыйны бюлетэнь «отказников» «Исход» (пазьней — “Вестник исхода”).
1971
Масавая пэтыцыйная кампанія парафіянаў і клеру літоўскай каталіцкай царквы. Узьнікненьне нацыянальна-рэлігійнага руху літоўскіх каталікоў. “Хроника текущих событий” пачала сыстэматычна публікаваць матэрыялы зь Літвы.
Пачынае выходзіць “Бюллетень Совета родственников узников Евангельскіх християн-баптистов» — інфармацыйны бюлетэнь, прысьвечаны перасьледу за веру прыхільнікаў Савету Цэркваў ЭХБ (т.з. баптысты-“ініцыятыўнікі”, непрызнанае ўладамі аб’яднаньне часткі баптысцкіх суполак).
Пачаў выходзіць часопіс “Вече” — орган расійскіх нацыяналістаў, адзін зь першых «тоўстых» часопісаў самвыдату.
1972
Пачатак т.з. «трэцяй», дысыдэнцкай, хвалі эміграцыі. Узьнікненьне “дысыдэнцкай дыяспары” на Захадзе.
Студзень: масавыя арышты актывістаў нацынальна-культурнага руху ўва Ўкраіне.
Сакавік: пачала выходзіць “Хроніка Літоўскай Каталіцкай Царквы” — інфармацыйны бюлетэнь літоўскага нацыянальна-рэлігійнага руху.
Травень: самаспаленьне ў Коўні (Літва) Ромаса Каланты. Хваляваньні ў Коўні.
Лета: арышт удзельнікаў ІГ Пятра Якіра (адзін з найбольш вядомых актывістаў праваабарончага руху) і Віктара Красіна.
Кастрычнік: выхад 27-га выпуску “Хроники текущих событий”.
Лістапад 1972 — студзень 1973: Якір і Красін з турмы паведамляюць пра зьмену сваёй грамадзкай пазыцыі і заклікаюць ўсіх праваабаронцаў да “ганаровай капітуляцыі” перад уладамі. Дзяржбясьпека шантажуе ўдзельнікаў выхаду “Хроники” агульным узмацненьнем рэпрэсіяў у тым выпадку, калі выданьне будзе працягнутае.
1973
Студзень: рашэньне пра прыпыненьне выпуску “Хроники”.
Жнівень: масавая газэтная кампанія супраць А.Сахарава. КГБ выявіла рукапіс А.Салжаніцына “Архіпэляг ГУЛАГ”.
Жнівень-верасень: суд над Якірам і Красіным; тэлетрансьляцыя прэс-канфэрэнцыі, на якой яны зганілі сваю папярэднюю дзейнасьць.
Кастрычнік. Канчатковае спыненьне дзейнасьці Камітэту правоў чалавека.
Сьнежань: публікацыя “Архіпэлягу ГУЛАГ” на Захадзе.
1974
Студзень: газэтная кампанія супраць А.Салжаніцына.
Люты: арышт і высылка Салжаніцына на Захад. Абяшчэньне пра стварэньне грамадзкага Фонду дапамогі палітвязьням у СССР пад патранажам Салжаніцына.
Вясна-лета: ажыцьцёўлена падпольнае друкаванае выданьне “Архіпэлягу ГУЛАГ”.
Травень: узнаўленьне “Хроники текущих событий”; адначасовы выхад 28-га, 29-га, 30-га (крыху пазьней – і 31-га) выпускаў.
Лета: зьяўленьне ў паведамленьнях “Хроники” матэрыялаў з Грузіі.
Верасень: скандал вакол разгону бульдозэрамі выставы-плэнэру неафіцыйных мастакоў. Пачатак зьмякчэньня палітыкі забаронаў у адносінах да мастацкага авангарду.
30 кастрычніка: палітвязьні мардоўскіх і пермскіх лягероў, а таксама Ўладзімірскай турмы, праводзяць узгодненую акцыю — Дзень палітвязьня. Прэс-канфэрэнцыя ў Маскве, на кватэры А.Сахарава, прысьвечаная Дню палітвязьня.
Сьнежань: арышт Сяргея Кавалёва — аднаго з 4-х засталых на волі і ня ўцёклых за мяжу сяброў ІГ, з 1971 — аднаго зь вядучых удзельнікаў выпуску “Хроники текущих событий”.
1975
У Грузіі пачыў выходзіць самвыдатаўскі літаратурна-публіцыстычны часопіс “Окрос Сацмісі” (“Залатое руно”).
Жнівень: у Хельсінкі падпісаны Заключны Акт Нарады па Бясьпецы і Супрацоўніцтве ў Эўропе, які ўлучыў у сябе т.зв. “трэці кошык” — разьдзел, што зьмяшчае абавязкі краінаў-удзельніцаў па захаваньні правоў і свабодаў грамадзянаў.
Кастрычнік: Андрэю Сахараву прысуджана Нобэлеўская прэмія міру.
Лістапад: у Літве пачаў выходзіць самвыдатаўскі часопіс “Aušra” (“Сьвітанак”).
1976
12 траўня: стварэньне Групы Садзеяньня Выкананьню Хельсінскіх Пагадненьняў у СССР (Маскоўская Хельсінская група, далей — МХГ).
Чэрвень: пачаў выходзіць самвыдатаўскі гістарычны зборнік “Память” (Ленінград-Масква), прысьвечаны праблемам савецкай гісторыі.
9 лістападу: стварэньне Ўкраінскай Хельсінскай Групы.
25 лістападу: стварэньне Літоўскай Хельсінскай Групы.
Сьнежань: стварэньне Хельсінскага Камітэту Абароны Правоў Вернікаў.
1977
5 студзеня: стварэньне пры МХГ Рабочай Камісіі па расьсьледаваньні выкарыстоўваньня псыхіятрыі ў палітычных мэтах.
14 студзеня: стварэньне Грузінскай Хельсінскай Групы.
Люты: арышты Юрыя Арлова — кіраўніка МХГ, Аляксандра Гінзбурга — сябры МХГ і распарадчыка Фонду Дапамогі Палітвязьням, Міколы Рудэнкі — кіраўніка Ўкраінскай Хельсінскай Групы.
1 красавіка: сварэньне Армянскай Хельсінскай Групы.
Сакавік-сьнежань: арышты сярод удзельнікаў усіх Хельсінскіх групаў і спыненьне дзейнасьці Грузінскай Хельсінскай Групы. Папаўненьне Маскоўскай, Украінскай, Літоўскай групаў новымі сябрамі.
1978
Сакавік: стварэньне Ініцыятыўнай Групы Абароны Правоў Інвалідаў.
Красавік: масавыя дэманстрацыі ў Тбілісі з патрабаваньнямі захаваньня грузінскай мовы як афіцыйнай.
Лета: пачаў выходзіць самвыдатаўскі літаратурна-публіцыстычны часопіс “Поиски” (Масква).
Лістапад: стварэньне ў Літве Каталіцкага Камітэту Абароны Правоў Вернікаў.
Сьнежань: прэзэнтацыя непадцэнзурнага літаратурнага альманаху “Метрополь”.
Люты — сьнежань: спробы стварэньня ў СССР незалежнага прафсаюзнага руху. Заснаваньне СМОТ — Свабоднага міжпрафэсійнага аб’яднаньня працоўных. Пачатак выданьня «Информационного бюллетеня СМОТ».
1979
Люты: стварэньне групы “Выбары — 79”, якая паспрабавала вылучыць сваіх кандыдатаў на выбары ў Вярхоўны Савет СССР.
Лета: стварэньне групы “Права на эміграцыю”, што пачала займацца праблемамі грамадзян, якія не жадалі ці ня мелі магчымасьці пакінуць краіну па “ізраільскім канале”.
Лістапад — сьнежань: арышт Тацяны Веліканавай — сябры ІГ, арганізатара (з 1970) выхаду “Хроники текущих событий”. Арышт Глеба Якуніна -- праваслаўнага сьвятара, кіраўніка Хрысьціянскага Камітэту Абароны Правоў Вернікаў. Арышт Валерыя Абрамкіна -- галоўнага рэдактара часопіса «Поиски».
29 сьнежня: умяшальніцтва савецкіх войскаў у падзеі ў Афганістане і зрыненьне імі афганскага кіраўніцтва. Пачатак афганскай вайны і канец “дэтанту” (эпохі ўзаемастрымліваньня – Рэд.).
1980 — 1982
22 студзеня 1980: затрыманьне і высылка бяз суду ў горад Горкі Андрэя Сахарава.
Травень 1980: арышт Аляксандра Лавута, апошняга з засталых на волі і не выэмігравалых з СССР удзельнікаў ІГ. Пасьля арышту Тацяны Веліканавай Лавут узяў на сябе абавязкі па арганізацыі выпуску “Хроники текущих событий”.
1980 — 1982: шматлікія арышты ўдзельнікаў праваабарончых ды іншых дысыдэнцкіх асацыяцыяў, рэдактараў самвыдатаўскіх пэрыядычных выданьняў. Спыненьне выданьня часопісаў “Поиски”, “Память”, шэрагу іншых часопісаў і альманахаў. Спыненьне ці прыпыненьне дзейнасьці большасьці дысыдэнцкіх групаў.
6 верасьня 1982: тры сябры МХГ, якія засталіся на волі і не эмігравалі, абвесьцілі пра самароспуск групы.
1983 — 1984
Восень 1983: арышт Юрыя Шыхановіча — арганізатара апошніх выпускаў “ Хроники текущих событий”. Спыненьне выданьня “Хроники”.
Канец 1983 — верасень 1984; апэрацыя КГБ супраць Фонду Дапамогі Палітвязьням. Спыненьне адкрытай дзейнасьці Фонду.
Russia
Aleksandr Daniel
Dissident Movement in Russia (on a background of history of dissent in the USSR)
Summary
Terms «dissidents», «dissidentship» and «dissident movement» are often used to define every public independent activity (group or individual) in 1950-1980. Would it be an activity against prescribed forms of social behavior or an activity blamed and persecuted it was considered to be a dissident one. Thus a number of quite different phenomena was treated in the same way. These were, for example, underground student groups of the second half of 50s, amateur arts exhibitions, petitions campaigns in 1966 and 1968, uprising on a military ship of the Baltic fleet in the middle of 70s and many other occurrences.
It is out of doubt, that every attempt to resist the dictatorship takes a quite significant place in the Soviet history and has to be thoroughly studied.
However, to be more accurate, dissidentship would be better to define as a phenomenon of public movements and individual acts which, while being different by their mission and objectives, are similar in basic principles (non-violence, openness, appeal to the law, "compelled" execution of human rights and freedoms). They are similar also in the forms of public activity (writing non-censored texts, setting up independent public organizations, sometimes currying out public actions) and means used (petitions sent to Soviet institutions and open letters appealing to the public opinion, dissemination of information through «samizdat» and Western mass media).
In 1970s and at the beginning of 1980s this way of the civil opposition existence was dominant on the public scene. Dissident times were almost at once succeeded by perestroika, and this can hardly be viewed to be an accidental coincidence.
Аляксандар Даніэль – нарадзіўся ў 1951 годзе; у 1978 скончыў матэматычны факультэт Маскоўскага пэдагагічнага інстытуту. Працаваў праграмістам, выкладаў у школе. У 1974-1980 браў удзел у выпуску «Хроники текущих событий» – самвыдавецкім інфармацыйным бюлетэні праваабарончага руху. У 1975-1981 быў сябрам рэдакцыі непадцэнзурнага зборніку «Память», прысьвечанага праблемам савецкае гісторыі. У 1988-1989 браў удзел ў паўставаньні дасьлечых праграмаў таварыства «Мемориал», стварэньні Навукова-Інфармацыйнага і Асьветніцкага Цэнтру «Мемориал». Сябра Ўправы «Мемориала»; кіраўнік дасьледчае праграмы «Дысыдэнцкі і праваабарончы рух у СССР». Бярэ ўдзел таксама ў праграмах: 1) мэтадалёгія вывучэньня дакумэнтаў дысыдэнцкіх рухаў; 2) палітычныя рэпрэсіі 1950-х – 1980-х гадоў; 3) незалежныя грамадзкія групы і асацыяцыі; 4) самвыдавецкія пэрыядычныя выданьні.
Кантакт: НИПЦ «Мемориал», Москва 103051, Малый Каретный пер. 12, тэл. + 209-65-54, факс + 973-20-94
e-mail: memnipc@glasnet.ru
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Цэнтру Athenaeum