Athenaeum з уласьцівай яму настойлівасьцю працягвае свой праект у
галіне Найноўшае гісторыі, у тым ліку выданьне часопісу “Шуфляда”. Усё ж мяне не пакідае думка пра функцыі гэтага часопіса,
які ня можа пахваліцца частатою выхаду, але падрыхтоўка якога заўжды патрабуе
часу. Дапамога нечакана можа прыйсьці з факстротам.
13 красавіка 2001 году, калі праца над тэкстамі “Шуфляды – 2” была скончаная і мае калегі займаліся ўжо
макетаваньнем, у Менску выконваўся твор Джона Адамса “Ніксан у Кітаі”. Дырыжыраваць Сімфанічным аркестрам у Менск з
Мічыгану прыляцела Карэн Ніксан Лэйн.
Сама опэра Адамса вядомая сваёй авангардысцкай тэхнікай, але ў афішы асоба
значыўся факстрот для аркестра “Танцы
старшыні” (вядома, старшыні Мао). Няма сэнсу пераказываць уражаньні ад
музыкі, але можна працытаваць радкі са сцэнару: «… Мадам Мао зьявілася на
прэзыдэнцкі банкет “няпрошанаю госьцяй”. Спачатку яе заўважылі, калі яна стаяла
сярод сталоў, на шляху афіцыянтаў. Праз некалькі хвілін яна прыносіць скрынку з
папяровымі ліхтарыкамі і развешвае іх у зале; потым здымае верхняе адзеньне і
застаецца ў сукенцы, якая моцна абцягвае яе ад шыі да пятаў, з высокім разрэзам
да бёдраў. Яна падае сыгнал аркестру і пачынае танчыць у адзіноце. Мао заўважае
яе. Ён саскоквае са свайго партрэту на сьцяне і яны танцуюць факстрот разам.
Яны зноў у Йенане, танчаць пад гукі грамафону…»[2]
Трэба памятаць, якой сэнсацыяй для сьвету стаў лютаўскі 1972 году візіт
прэзыдэнта Рычарда Ніксана ў Кітай. Мао Дзэ-дун быў яшчэ жывы, але амэрыканскі кампазітар
прымусіў яго саскочыць з уласнага партрэту і аддацца ўспамінам маладосьці.
Вось гэтая вобразнасць гісторыі падалася мне найбольш важнаю. Колькасьць
даведнікаў і энцыкляпэдыяў будзе толькі павялічвацца, размываючы праз
пазытывізм і паліткарэктнасьць уласную візію гісторыі. Нам жа важна не забыцца
на нашыя першыя эмоцыі і не адмовіцца ад іх пераацэнкі. Тады для мяне
вымалёўваецца і роля “Шуфляды” – не
згубіць адчуваньня фэномэна Найноўшае гісторыі, пагадзіцца са сваёй
прысутнасьцю ў ёй.
Рэдактар