БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ШУФЛЯДА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Шуфляда № 2/2001

GENERATION X

ПРЫКЛАДНÁЯ ФУНКЦЫЯ

Алег ДЗЯРНОВІЧ

Перадвыбарчая атмасфэра з яе эмоцыямі і няспраўджанымі спадзяваньнямі здольная абудзіць у чалавека моцныя пачуцьці – ад узьнёсласьці да расчараваньня. Між тым, прыкладнáя функцыя выбараў – гэта зусім не зьмена курсу, а фармаваньне легітымнага ўраду (варыянт: ураду, які мяркуе, што ён легітымны). Палітычная практыка многіх краін сьвету, да прыкладу Лацінскай Амэрыкі, сьведчыць, што тыповае меркаваньне наконт выбараў, быццам яны даюць магчымасьць часьцей абнаўляць уладу, аказваецца даволі наіўным. Калі ж заходзіць размова пра важныя зьмены ў самім ладзе жыцьця, то да гэтых трансфармацыяў павінна быць падрыхтаванае грамадзтва, якое ўжо праз працэдуру выбараў можа паўплываць на маштабы і тэмпы пераўтварэнняў. Так і ў Беларусі шмат гаворыцца пра прагу новага, але спробы хаця б акрэсліць гэтую ўяўную пэрспэктыву робяцца вельмі нясьмела і незаўважна. Уся духоўная энергія скіроўваецца на адмаўленьне, на імкненьне пакончыць з аўтарытарным рэжымам. Што будзе “пасля”? Ці задумваюцца над гэтым удзельнікі палітычнага працэсу? Можа быць, яны асьцярожна прыхоўваюць свае думкі ў адчуваньні таго, што прасторы для выбару іхняй краіне пакінута зусім няшмат?

У Беларусі ўжо назапашаны дастатковы досьвед самаразьвіцьця і зьнешніх уплываў, каб правесьці рэвізію сучасных практыкаў. Грамадзкая думка ў разгубленасьці, апынуўшыся паміж гіпэррэалізмам рэжыму і партыкулярызмам апазыцыі. Можна бачыць, як ідэолягамі сёньняшняй ўлады для апрацоўкі бяруцца нейкія рэаліі жыцьця і гіпэрбалізуюцца да такой ступені, што ўтвараецца новая рэчаіснасьць, у фантомнай прасторы якой і адбываюцца палітычныя дыскусіі. Гэтаму “навязьліваму рэалізму” нібы супрацьпастаўляецца нацыянальны праект.

Нацыянальныя праграмы заўжды маюць іншыя вынікі, чым гэта закладалася іх стваральнікамі. Часам нават дасягаецца намінальна галоўная мэта – стварэньне дзяржавы. Але зь першых дзён існаваньня гэтай дзяржавы Realpolitik пераўтварае яе з інструмэнту дасягненьня мэты ў сыстэму самазабесьпячэньня. Тут ужо настае час для нацыянальнага пэсымізму, які ва ўмовах Беларусі падсілкоўваецца мастацкай вобразнасьцю. Безумоўны лідэр гэтае эстэтычнае плыні ў Беларусі – Васіль Быкаў.

Вы маглі зьвярнуць увагу на тое, як папулярнае ў беларускім друку параўнаньне мясцовай культурнай сытуацыі з ірляндзкай рэчаіснасьцю. Каб карціна была поўнай, варта не забывацца пра кошт, які заплаціла Ірляндыя за сваю мадэль развіцьця – грамадзянская вайна 1922—1923 гадоў і падзел краіны. Eamon de Valera – гэтая квінтэсенцыя ірляндзкага нацыяналізму, сёньня ўважаецца за супярэчлівую постаць. Для адных ён – бацька ірляндзкае незалежнасьці, для іншых – адказны за ўнутраную вайну 1920-х. А на пачатку ХХ стагодзьдзя яшчэ здавалася, што Ірляндыя будзе крочыць памяркоўным шляхам. Праўда, тут трэба памятаць пра фактар зьнешняга ўплыву.

Таксама мы мусім закрануць тэму зьнешніх узьдзеяньняў. Нягледзячы на трафарэтнасць ацэнкі сітуацыі, трэба прызнаць, што ў сучаснай гісторыі Беларусі рэалізуецца даўні сюжэт і выяўляюцца два вэктары зьнешняга ўплыву, у сучасных тэрмінах – эўразійства і мандыялізм.

У спэцыфічных умовах Беларусі далучнасць ураду да эўразійскага палітыка-сацыяльнага поля вядзе да разьвіцьця комплексу непаўнавартасьці ў беларусаў і стагнацыі ў эканоміцы. Мандыялісцкі ўплыў як ідэалёгія глябальнага кіраваньня прывёў да таго, што замест пачаткаў незалежнага грамадзтва ствараецца грамадзтва нелегальнае. Сьведчаньні гэтага працэсу – палітызацыя “трэцяга сэктару” і яго тайнае фінансаваньне. Можна нават сьцвярджаць, што гульня ў “падпольле” прывяла да крыміналізацыі сьвядомасці многіх людзей, якія адносілі сябе да незалежнага беларускага грамадзтва. А “трэці сэктар” па-просту пераўтварыўся ў адну з формаў існаваньня палітычных партыяў, якія актыўна выштурхоўваюцца ўладамі на маргінэз. Магчыма я памыляюся, але вельмі цяжка ўяўвіць, што героі сёньняшняга “падпольля” здолеюць “пасьля” прапанаваць цывілізаваныя правілы для грамадзтва, настолькі іх сьвядомасьць прасякнутая вобразамі “падпольнае барацьбы”. У любым выпадку, падпольле і грамадзкая незалежнасьць – гэта вельмі розныя функцыянальныя сыстэмы. Сытуацыя “падпольле” можа эфэктыўна працаваць, але пры пэўных умовах – поўнай адсутнасьці свабоды слова і суцэльнай ізаляцыі (ці самаізаляцыі) краіны. Калі гэтыя два складнікі абмежаваньня існаваньня грамадзтва заўважна парушаныя, то і “эфэктыўнасць” падпольнай працы рэзка зьніжаецца, пераўтвараючыся ў лад жыцьця пэўнай касты. Такім чынам, мы назіраем узьнікненьне не грамадзянскай супольнасьці, як яе вызначаў Гегель, а стварэньне падпольнага грамадзтва. А гэта – іншыя прынцыпы дзейнасьці, чалавечых камунікацыяў і выніковасьці. Што важней – гэтыя мадэлі сацыяльных практыкаў могуць працаваць толькі ў розных сацыяльных умовах. Савецкі таталітарызм і сучасная аўтарытарная Беларусь – вельмі розныя прасторы, каб на іх аднолькава апраўдана можна было б рэалізоўваць дзве гэтыя стратэгіі – прыгоды падпольля і арганічную працу.

Прызнаюся, апошнія два гады я задаваў сабе пытаньне – ці бачаць канструктары сёньняшней падпольнай стратэгіі неэфэктыўнасьць такой палітыкі ў Беларусі? Што гэта – сьвядомая ілюзія ці геакультурныя пралікі? Чаму дазваляецца так няўдала выкарыстоўваць сродкі на тайнае фінансаваньне, калі легальныя праекты, у якія заангажоўваюцца і афіцыйныя структуры, могуць зрабіць значна болей для разьвіцьця грамадзтва? Падзеі верасьня 2001 году ў Нью-Йорку і Вашынгтоне паказалі, што амэрыканскія сьпецслужбы па-просту страцілі кваліфікацыю. Халодная вайна скончылася перамогаю і новыя рэаліі не патрабавалі ранейшых высілкаў. Цяпер сакрэтныя службы апынуліся не ў стане абараніць уласную краіну. Адкуль жа ім прапанаваць рацыянальную стратэгію для Беларусі? Праекты гэтых сьпецслужбаў сёлета ўжо падвялі Украіну да мяжы нацыянальнага расколу. Бюракратычны колапс – так ацэньваюць сёньня функцыянальнасць дзяржапарату ЗША амэрыканскія газэты.

Ці можна пакласьці на шалі вагаў два розныя фактары геапалітычнага ўплыву? Які зь іх будзе пераважаць? Ці варта ў такой сытуацыі адмаўляцца ад стратэгіі “найменшага зла”? Існуе і іншы погляд на беларускую рэчаіснасьць – дынамічная раўнавага ўжо так парушаная, што не застаецца шансаў для нармалізацыі ў рамках ранейшых канцэпцыяў. Мяне можна папікнуць, што тут я разважаю ў “сыстэме змоваў”. Але калі мы кажам пра палітычную дзейнасьць, то маем на ўвазе палітычныя праекты і іх рэалізацыю. Баюся, што мой рэцэпт будзе вельмі жорсткім – прыйдзецца зрабіць перасадку сэрца.

Мова ідзе пра нацыяналізм, пад непасрэдным ці ўскосным уплывам якога ў Беларусі так ці інакш фармаваліся многія сёньняшнія палітычныя плыні. І сапраўды, заўважныя ў Беларусі палітыкі і публіцысты экспэрымэнтавалі з нацыяналізмам, многія выданьні паўсталі дзеля рэалізацыі нацыянальнай праграмы.

Тыя, хто ў 1970-х распачыналі фармуляваньне пастулятаў новага беларускага нацыяналізму, перажылі шчаслівы момант рамантызму. Мэта выглядала туманна і прывабна. Няяснасьць мэты забясьпечвала тое новае пажыўнае асяродзьдзе, дзе свабода была галоўнаю кампанэнтаю. Уласна кажучы, у тыя гады рамантыка і свабода сталі сынонімамі.

Паводле маёй вэрсіі менавіта рамантызм і ёсьць тым мастом, які парадаксальным чынам злучыў беларускі нацыяналізм (як сродак выхаду са стану фрустрацыі) з мандыялізмам (як канцэпцыяй сусьветнага кіраваньня). Гэты рамантызм грунтуецца на тым, што існуюць рашэньні праблемаў; дзеля разьвязаньня праблемаў варта толькі прыкласьці чарговыя намаганьні; у такой справе можна мець любога саюзьніка, а рахункі будзем выстаўляць потым – “пасьля перамогі”.

Яны верылі ў Бога, але шукалі кантакту з д’яблам.

Ужо сфармуляваная канцэпцыя “Новага сусьветнага парадку” (вы можаце засумнявацца, але гэта аўтэнтычная назва). Галоўны яе творца Жак Аталі (Jacques Attali) – палітоляг, эканаміст і літаратар, які да 1994 году ўзначальваў Эўрапейскі Банк Рэканструкцыі і Разьвіцьця. Паводле Аталі, да сёньняшнагя дня існавала тры формы кіраваньня: Сакральнае, Прымус і, нарэшце, Грошы. Сёньня сьвет знаходзіцца ў канцы крызыснага пэрыяду і на золку новага, які абяцае “доўгі дастатак”. Эфэмэрнае робіцца законам. Лёгіка разьвіцьця вядзе да ўзьнікненьня “генэтычных пратэзаў”: “само Жыцьцё стане намадычным прадметам”. Аталі засьцерагае ад ілюзіяў бязьмежнасьці пераменаў у працэсе ўдасканаленьня матэрыяльнага сьвету і дзеля ратаваньня чалавека ад ягоных уласных хімэраў ва ўмовх глябалізацыі ўказвае на неабходнасьць пераходу да болей высокага ўзроўню міжнароднай арганізацыі – “Плянэтарнай палітычнай улады, якая патрабуе выкананьня нормаў у тых сферах, дзе жыцьцё знаходзіцца пад пагрозай”.

Такім чынам, глябалізацыя патрабуе стварэньня адзінага цэнтру кіраваньня. Прычым не публічнага, а прыхаванага. У такім разе аб’яднаньне адбываецца зьверху і гвалтоўна. Таму глябалізацыя супярэчыць інтэграцыі, якая прадугледжвае кансэнсус – кансультацыі і дамоўленасьці. Мандыялісцкая глябалізацыя, апроч іншага, мае антрапалягічныя аспэкты – арыентацыя на зусім пэўны тып чалавека, які забясьпечвае функцыянаваньне карпаратыўнай этыкі. Нацыянальныя і рэлігійныя адметнасьці тут толькі перашкаджаюць.

Я мяркую, што гаворку можна весьці пра рэальныя палітычныя практыкі. Калі ў сучаснай прэсе пішуць крытычныя радкі пра лібэральны Захад ці імпэрыяльную Расію, то публіцыстычна абагульняюць вобразы, не называючы дзейсных палітычных праграмаў.

Насамрэч мандыялісцкая канцэпцыя мае шмат прыхільнікаў сярод палітычных элітаў Захаду (хоць зусім не ўсе заходнія ўрады яе падзяляюць). У інструмэнтары “плянэтарнай палітычнай улады” – падрыў нацыянальных валютаў (гэты сцэнар рэалізуецца Дж. Сорасам у Заходняй Эўропе, асабліва ў Вялікабрытаніі і Францыі) ды філянтропія (апрабаваны варыянт паводзінаў у Цэнтральнай і Усходняй Эўропе). У апошнім выпадку пачынае спрацоўваць парадокс дабрачыннасьці – атрымальнік пераўтвараецца ў аб’ект дабрачыннасьці. “Спакушаючы” дасягненьнямі, “зьневажаючы” матэрыяльным узроўнем жыцьця, пагражаючы гегемоніяй, мандыялізм выводзіць з раўнавагі незаходнія грамадзтвы і штурхае іх на шлях імітацыяў – найперш, у культуры спажываньня. У сацыялёгіі нарадзіўся нават асобны тэрмін “кансьюмэрызм” – спажываньне ва ўсё большых, масавых маштабах.

Цана за гэтую імітацыю – слабаразьвітасьць. Трэба памятаць, што слабаразьвітасьць – адносна новы фэномэн. Гэта зусім не матэрыяльная нястача традыцыйных малых грамадзтваў, якія заставаліся беднымі, бо былі проста тэхнічна няразьвітымі. Сёньня слабаразьвітасьць – гэта люстэрка інтэграванасьці дзяржаваў у сучасную глябальную сыстэму. Слабаразьвітымі становяцца тыя краіны, якія займаюць нязручнае месца ў міжнародным падзеле працы. У сёньняшнім свеце 20 % насельніцтва паглынае 80 % рэсурсаў плянэты. Сучасная глябальная сыстэма, інкарпараваўшы меншыя грамадзтвы, зрабіла іх аб’ектам рацыянальнай ідэалёгіі вялікіх індустрыяльных краінаў.

Праблемы ў людзей па ўсім сьвеце цяпер такія разнастайныя, што некаторыя з іх проста ігнаруюцца, у многіх людзей апускаюцца рукі, а некаторыя пачынаюць ставіцца да такіх праблемаў цынічна. Тое, што колькасьць праблемаў не зьмяншаецца, сьведчыць часам не пра бясплённасьць працы, але пра маштабы цяжкасьцяў і складанасьці пошуку новай адаптацыйнай стратэгіі, якая забясьпечыла б для краіны адносна справядлівае месца ў сусьветным маштабе.

Сёньняшняя сытуацыя ў Беларусі патэнцыйна можа закансэрвавацца на доўгія гады. З чым можна параўнаць інтэлектуальную атмасфэру ў Беларусі, дзе ўлады і апазыцыя, каб падтрымліваць свой палітыка-сацыяльны статус, знаходзяцца ва ўзаемазалежнасьці, зацікаўленыя адныя ў адным? Нечаканыя паралелі ўзьнікаюць з той маральнай атмасфэрай, якая ўсталявалася ў Расіі ў пачатку ХХ стагодзьдзя. “Зьменавехаўцы”, выкарыстоўваючы сваю сыстэму каардынатаў і тэрміналёгію, як адно з найбольш цяжкіх абвінавачваньняў у адрас расійскай інтэлігенцыі высоўвалі тое, “что она вместо того, чтобы вести систематическое политическое воспитаніе народа в духе разумного компромисса, не только потворствовала, но и вполне сознательно разъжигала тёмные, разрушительные инстинкты массъ». А для жыцьця людзей законнасьць важней за дэмакратыю.

Па сутнасьці, усе мы някепскія людзі і ў меру магчымасьці гатовыя рабіць дабро іншым. Што ж не спрацоўвае ў беларускай сьвядомасці, калі мы дазваляем сабе казаць пра тупіковасьць разьвіцьця сучаснай беларускай мадэлі паводзінаў. Я мяркую, усяму гэтаму ёсьць і мэтадалягічнае тлумачэньне, а менавіта – своеасаблівы сынкрэтызм беларускае думкі, калі няма дастатковага разьмежаваньня паміж палітыкамі і інтэлектуаламі, а таксама палітычнымі практыкамі і культурніцкімі пэрфомансамі. Вядзецца не пра накладаньне забароны на выказваньні “філёзафаў” на тэмы “палітыкі”. Розьніца ў самой працэдуры мысьленьня.

Але дзе апынуўся беларускі інтэлектуалізм? Чаму ён не здолеў выверыць сваю ролю і сваё месца сярод эрзацпрапановаў? Адное з тлумачэнняў – традыцыйная сытуацыйнасць беларускай інтэлектуальнай думкі, асноўныя прынцыпы якой ніколі не выкоўваліся на марудным агні тэарэтычнай працы, а ў большасьці выпадкаў зьяўляліся ўжо гатовымі з цёмных глыбіняў нутраных перажываньняў. Дух эпохі атручвае думку. Прадчуваньне азначае большае, чым вынік, а пастаноўка праблемы ацэньваецца вышэй за яе вырашэньне.

Што ж у такой сытуацыі цынізму ці разгубленасьці мы можам прапанаваць самі сабе? Гэта ня столькі пошук «трэцяга шляху», колькі выбар «трэцяй сілы».

Нам прыйдзецца прайсьці праз трансфармацыю нацыяналізму, які ў Беларусі ўжо набыў усе рысы маладзёжнай субкультуры, да канцэпцыі грамадзкіх прыярытэтаў (а гэта ўжо можна назваць «зьменавехаўствам»).

Азіраючыся па баках сьвету, нам варта абраць немандыялісцкі шлях развіцьця (тут пад мандыялізмам мы будзем разумець канцэпцыі як эўразійскага, так і атлянтычнага кшталту). У глябальнай пэрспэктыве гэта азначае непрызнаньне зьнешніх дамінацыяў.

І любым выпадку, нам трэба рабіць апору на ўласныя рэсурсы. Любая палітыка ў Беларусі, арыентаваная на зьнешнюю падтрымку, падпадае пад мутацыі.

Вядома, гэта не інструмэнтальныя парады, якія здольныя падмяніць усю разнастайнасьць сытуацыяў дактрынамі. Відавочна, што многія людзі могуць не пагадзіцца з прапанаваным стылем паводзінаў. Тут могуць узьнікнуць амаль справядлівыя пытаньні пра ізаляцыянізм. Але цяпер мы разважаем не пра зьнешні гандаль, замежную палітыку, культурныя і адукацыйныя абмены, але пра ўсьведамленьне і вызначэньне сваіх інтарэсаў і прыярытэтаў. Гэта нават запрашэньне да дыскусіі пра пэрспэктывы разьвіцьця, якая, пэрспэктыва, усё не распачынаецца, бо вам кажуць: “Спачатку трэба перамагчы!”

Можа такая няяснасьць і перашкаджае выбарам у Беларусі выканаць сваю прыкладнýю, ці, як бы сказаў Ластоўскі, датасоўную функцыю?


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Цэнтру Athenaeum

кантакт: anh@belsonet.net

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія