БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ШУФЛЯДА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Шуфляда № 2/2001

Пакаяньне Фрэнсіса Фукуямы [1]

Аляксей ЦЬВЯТКОЎ


“Род прыходзіць, і род сыходзіць, а зямля будзе ў вяках. Узыходзіць сонца, і заходзіць сонца, ды сьпяшаецца да месца свайго, дзе яно ўзыходзіць. Ідзе вецер да поўдня, і пераходзіць да поўначы, круціцца, круціцца па сваёй хадзе, ды вяртаецца вецер на кругі свае. Усе рэкі цякуць у мора, але мора не перапаўняецца: да таго месца, адкуль рэкі цякуць, яны вяртаюцца, каб зноў цекчы. Усе рэчы – у працы: ня можа чалавек пераказаць усяго; не насыціцца вока глядзеньнем, не напоўніцца вока слуханьнем. Што было, тое і будзе; і што рабілася, тое і будзе рабіцца, і няма нічога новага пад сонцам. Бывае нешта, пра што гавораць: “глядзі, вось гэтае новае”; але гэтае ўжо было ў вяках, які былі раней за нас”.

Гэтыя словы належаць ананімнаму гебрайскаму мудрацу, які жыў, верагодна, у канцы трэцьцяга стагодзьдзя да нашай эры, і пісаў ад асобы цара Салямона. Паэтычныя вартасьці “Эклезыяста” відавочныя, але ў гэты момант для нас важней зьмест. Перад намі – найстаражытнейшая і на працягу многіх стагодзьдяў самая папулярная філязофія гісторыі. Яна не падмацаваная ніякімі аргумэнтамі, апроч жыцьцёвага досьведу, але відавочнасьць гэтых простых довадаў і аўтарытэт Бібліі забясьпечылі ёй доўгае жыцьцё. Тым ня менш, на сутыку 18-га і 19-га стагодзьдзяў у Эклезыяста зьявіліся сур’ёзныя супернікі – прынамсі ў галіне тэорыі, бо з літаратурнага пункту гледжаньня прозу, да прыкладу, Гегеля, цяжка назваць крокам наперад.

Я не хацеў бы прыводзіць узоры гэтае прозы ды ўдавацца ў падрабязнасьці гэтых тэорыяў – Гегеля, Маркса альбо Вэбэра. Дастаткова ўзгадаць, што ўсе яны ўсумніліся ў галоўным з біблейскіх пунктаў: што было, то і будзе. Усе яны былі перакананыя, што будзе інакш, чым было, а калі так, то задача сапраўднага гісторыка – прадказаць будучыню.

Дзесяць гадоў таму ў часопісе National Interest быў апублікаваны артыкул амэрыканскага сацыёляга Фрэнсіса Фукуямы з назваю, якая перахоплівае дыханьне: “Канец гісторыі?” Артыкул імгненна стаўся сэнсацыяй – спачатку нацыянальнай, а потым і сусьветнай. Дзесяць гадоў таму ва Ўсходняй Эўропе і Расіі адзін за адным рушыліся ідалы камунізму, народы набывалі свабоду і, у пошуках рэальных ідэалаў, зварочвалі свае позіркі на Захад. Назіраючы гэты працэс, невядомы ў тую пару супрацоўнік дзяржаўнага дэпартаманту ЗША зрабіў зусім лягічную, на ягоны погляд, выснову: ад гэтага часу будучыня ўсіх краінаў і народаў аднолькавая, і імя ёй – “лібэральная дэмакратыя”.

Нават згубіўшы многія з тагачасных ілюзіяў, нельга занадта сувора судзіць таго, хто іх у тую пару меў. Але чаму менавіта “канец гісторыі”, і ў чым заключалася сэнсацыйнасьць тэзы Фукуямы? Адчуваю, што мне ўсё ж не абыйсьціся без Гегеля, хоць бы ў разумных, гамэапатычных дозах.

Гегель, як і многія іншыя ў той час, былі тэарэтыкамі прагрэсу. Разьвіцьцё навукі і першыя сымптомы прамысловай рэвалюцыі падводзяць да думкі, што калі ўчора было кепска, а сёньня лепей, то заўтра будзе яшчэ лепей. Такі спосаб высноваў, ад асобнага да агульнага, г. з. вывядзеньне абавязковых законаў з накопленага досьведу, у фармальнай лёгіцы называецца індукцыяй.

Выводзячы свае законы, Гегель пайшоў, што называецца, да канца. Ён сьцвярджаў, што далей будзе ня проста лепей, а што аднойчы стане зусім добра – лепей няма куды, і што прагрэс, які ён разглядаў як рэалізацыю нейкага абсалютнага духу, немінуючы дасягне найвышэйшае кропкі – поўнага ўвасабленьня. Пасьля бітвы пад Йенай у 1806 годзе, калі рэвалюцыйная армія Напалеёна атрымала перамогу над косным і бюракратычным Прускім каралеўствам, Гегель па-сутнасьці абвесьціў, што вяршыня духу дасягнутая. Параза Напалеона і наступны трыюмф рэакцыі ў Эўропе таксама ня зьбілі філёзафа з панталыку: ён зрабіў невялікую папраўку і абвесьціў мэтаю і вянцом прагрэса самое Прускае каралеўства. Зручнасьць такой тэорыі заключаецца ў яе практычнай неабвержнасьці – паспрабуй абыграй чалавека, у якога заўжды ляжыць у кішэні запасны туз.

Філёзаф Гегель – доля кабінетных вучоных, але адзін зь ягоных паслядоўнікаў наклаў адбітак на ўсю гісторыю нашага стагодзьдзя. Вядзецца, вядома, пра Маркса, які сьвярджаў, што перакруціў вучэньня майстры з галавы на ногі. Насамрэч ён па-просту прыстасаваў яго для сваіх патрэбаў і злёгку зьменшыў ягоную сэнсацыйнасьць, адсунуўшы вяршыню прагрэса ў няпэўную будучыню. Падмена абсалютнага духу прадукцыйнымі сіламі важная для рэвалюцыйных матросаў ды іншых вогнепальных актывістаў, але з пункту гледжаньня лёгікі – проста яшчэ адзін тэрмін.

Ідэйная атмасфэра века парадаксальная. З аднога боку, усе мы, постмадэрністы нехаця, выйшлі з Ніцшэ, гэтага Эклезыяста новага часу, які вучыў сумнявацца ва ўсім добрым. З іншага, крах найвялікшай у гісторыі ўтопіі не зьбянтэжыў спадкаемцаў Гегеля, і яны працягваюць зьдзіўляць нашае ўяўленьне карцінамі непазьбежнага дабрабыту.

Фрэнсіс Фукуяма – прамы духоўны нашчадак Гегеля. Вось як ён сам апісвае гісторыю ўзьнікненьня свайго знакамітага артыкулу:

“У той час я працаваў дасьледчыкам у галіне савецкай палітыкі ў карпарацыі “Рэнд”; …у 1988 годзе я прачытаў прамову Гарбачова, у якой ён казаў, што сутнасьць сацыялізму – спаборніцтва. Я неадкладна патэлефанаваў свайму прыяцелю, палітычнаму тэарэтыку, і сказаў: “Калі гэта праўда, мы падыйшлі да канца гісторыі”. Добра ведаючы Гегеля, ён адразу зразумеў, што я маю на ўвазе. Гэтыя меркаваньні ляглі ў аснову лекцыі пра трыюмф Захаду, якую я прачытаў у Чыкагскім унівэрсытэце наступнаю зімою, а потым артыкула, які быў прадстаўлены ў National Interest”.

Зьмест гэтага артыкулу можна выкласьці ў некалькіх словах. Пры гэтым я, вядома, спрашчаю і апускаю ўсю падрабязную і эрудыраваную аргумэнтацыю.

З крахам камуністычнай утопіі ў сьвеце засталася толькі адна сыстэма грамадзкага ладу, якая абяцае дабрабыт і абарону асабістай свабоды чалавека – капіталізм. У адрозьненьні ад камунізму, капіталізм даказаў гэтыя свае ўласьцівасьці на практыцы. У ідэалёгіі сучаснага разьвітога капіталізму, вядомай як “лібэральная дэмакратыя”, болей няма супернікаў. А паколькі гэта відавочна для ўсіх разумных людзей, якія турбуюцца пра ўласную і грамадзкую карысьць, перамога рынку непазьбежная. Гэты трыюмф і будзе канцом гісторыі ў гегелеўскім сэнсе – зьнікненьнем унутранніх канфліктаў у грамадзтве. Фукуяма ставіцца да сваіх высноваў з сур’ёзнасьцю, якая абязбройвае, і ў канцы артыкула наперад сумуе пра гераічныя часы, якія назаўжды застануцца ў мінулым.

“Канец гісторыі будзе даволі сумным пэрыядам. Барацьбе за прызнаньне, гатоўнасьці рызыкнуць жыцьцём дзеля чыста абстрактнай мэты, сусьветнай ідэалягічнай барацьбе, якая абуджала дзёрзкасьць, мужнасьць, фантазіі і ідэалізм, прыйдзе на зьмену эканамічны разьлік, бясконцыя распутваньні тэхнічных праблемаў, клопат пра навакольнае асяродзьдзе і задавальненьне вытанчанага спажывецкага попыту. У пасьлягістарычны пэрыяд ня будзе ні мастацтва, ні філязофіі, а толькі бясконцае куратарства ў музэі гісторыі чалавецтва”.

Не, у вас няма памылкі слыху. Гэтыя словы сапраўды былі надрукаваныя ў аўтарытэтным грамадзка-палітычным часопісе, бяз ценю ўмоўнага ладу. Але яшчэ больш дзіўнае тое, з майго пункту гледжаньня, што замест насьмешак і забыцьця, яны прынесьлі аўтару сусьветную славу.

Мінула дзесяць год, але клопат пра навакольнае асяродзьдзе пакуль ня выцясьніў больш надзйнныя праблемы, і яшчэ зусім ня шматлікія з нас успрымаюць сябе як музэйных захавальнікаў. Тэлеграфна назавем падзеі: іракскае ўварваьне ў Кувэйт, генацыд у Руандзе, пэрманэнтны крывавы крызыс на Балканах, грамадзянскія войны ў Конга, анголе, Сьера-Леонэ, Лібэрыі, Калюмбіі, Аўганістане, эфіёпска-эрытрэйская вайна, канфлікт у Кашміры на фоне атрыманьня Індыяй ды Пакістанам афіцыйнага статусу ядзерных дзяржаваў, эканамічны крызыс у Азіі. Можна працягваць, але прасьцей узгадаць найважнейшае. Расія, якая стала для Фукуямы адным з галоўных казыроў у калодзе, да гэтага часу ня можа спыніць свой выбар на лібэральнай дэмакратыі, і ейны маршрут да росквіту пакуль на праясьніўся. У Кітае існаваньне дынамічнага рынкавга сэктару ніяк не прыводзіць да лібэралізацыі рэжыму – скэптык сказаў бы, што нават наадварот, узгадаўшы бразганьне зброяй у бок Тайваня ды масавыя рэпрэсіі да сэкты Фалуньгун. Усё гэтае, на жаль, ёсьць цалкам прадказальным паводле мэтодыкі Эклезыяста, але ў рамках аптымістычных прагнозаў канца гісторыі ўкладаецца кепска.

У дзесяцігадовыя ўгодкі публікацыі знакамітага тэзіса той жа часопіс National Interest надрукаваў новы артыкул Фрэнсіса Фукуямы пад назваю “Пераацэнка”. Я ўбачыў гэты загаловак на вокладцы не без прыемнага зьдзіўленьня. Практычна няма прэцэдэнту, каб важны прадстаўнік грамадзкіх навукаў адмовіўся ад тэорыі, на якой грунтуецца ягоная сусьветная рэпутацыя. Звычайна, як добра вядома з марксызму, усё, што супярэчыць тэорыі, дыялектычна непазьбежна яе падцьвярджае. Узгадаем хоць бы запасны туз Гегеля.

Вось як сам Фукуяма выкладае суму сваіх сумніваў:

“Паводле майго погляду, нічога з таго, што здарылася за апошнія гады ў сусьветнай палітыцы і глябальнай эканоміцы, не адменяе майго заключэньня, што лібэральная дэмакратыя ды арыентаваная на рынак эканоміка ўяўляюць сабою адзіны рэальны выбар для сучасных супольнасьцяў. Самымі сур’ёзнымі падзеямі гэтага пэрыяду былі эканамічны крызіс у Азіі ды відавочны збой з рынкавымі рэформамі ў Расіі. Але хоць гэтыя падзеі багатыя на палітычныя ўрокі, яны, у рэшце рэшт, могуць быць выпраўленыя палітычнымі ж намаганьнямі, і не кідаюць сыстэмнага выкліку лібэральнай сьветабудове.

Зь іншага боку, аргумэнт, які я выкарыстаў дзеля доказу таго, што Гісторыя адзінанакіраваная, прагрэсіўная, ды што яна кульмінуе ў сучаснай лібэральнай дзяржаве, ёсьць фундамэнтальна памылковым”.

Па-першае, мы знаходзім тут умоўны лад, які амаль зусім адсутнічаў у першапачатковым прароцтве. Па-другое, аўтар прызнае памылковасьць калі не тэзіса, то аргумэнта. Гэтыя адваротныя крокі – вялікая сьмеласьць ды вялікая рызыка.

Але асабіста для мяне такога пакаяньня недастаткова.

Публікуючы юбілейны артыкул Фрэнсіса Фукуямы, часопіс National Interest суправаджае яго водгукамі паважных крытыкаў, і некаторыя зь іх даволі бязьлітасныя. Можна таксама ўзгадаць, што публікацыя самога “Канца гісторыі” была сустрэтая сапраўднай кананадаю скэптыцызму – здавалася, што ўсе сур’ёзныя часопісы ня мелі занятку важней, чым абвяргаць новую тэорыю. Што да мяне, дык яны маглі б з тым жа запалам абвяргаць Настрадамуса. Няма лепшага спосабу стварыць чалавеку славу сур’ёзнага навукоўца, чым прыняць прапанаваныя ім умовы спрэчкі.

Чаму я бяру на сябе сьмеласьць так рэзка меркаваць пра Фукуяму – і нават пра Гегеля, чыё імя безумоўна ўпісанае ў філязофскія лемэнтары? Я кіруюся прынцыпам, які сфармуляваў адзін з найбуйнейшых філёзафаў дваццатага стагодзьдзя Карл Попэр: у навуцы няма аўтарытэту. Гэта азначае, што ісьцінасьць навуковай тэорыі ні ў якой ступені не залежыць ад вядомасьці яе аўтара, а толькі ад строгасьці доказаў. Эйнштэйн, да прыкладу, усё жыцьцё не прымаў квантавую тэорыю і гіпотэзу Вялікага Выбуху, зь якога паўстаў сусьвет, яле Эйнштэйн ня меў рацыі. Фрэнсіс Фукуяма, як і ягоны настаўнік Гегель, гуляе не па правілам, і гэта лёгка паказаць, не прыводзячы ў дзеяньне ні энцыкляпэдычныя веды, ні паслужны сьпіс.

Фукуяма і ўсе іншыя прадказальнікі будучыні карыстаюцца мэтадам індукцыі, гэта значыць робяць высновы паводле аналёгіі. Але індукцыя даўно адкінутая сучаснай навукай як прылада доказу ды сасланая з лёгікі ў псыхалёгію. Эклезыяст бачыў, што сонца ўзыходзіць кожнага дня, і меркаваў, што яно будзе ўзыходзіць заўжды. Але такія развагі зусім нельга прымаць за доказ. Сёньня, калі мы ведаем, чаму сонца ўзыходзіць, можна рабіць больш абгрунтаваныя прагнозы.

Індукцыя – някепская дапамога ў паўсядзённым жыцьці, але як прылада пазнаньня яна прынесла чалавецтву за ягоную гісторыю масу непрыемнасьцяў. Гэта хутчэй перажытак жывёльнай сьвядомасьці: прыдатны дзеля пошукаў надзёнага пракармленьня, але зусім не працуе ў галіне абстрактнага мысленьня. Ейная бязглуздасьць добра праілюстраваная ў прыпавесьці Бэртрана Расэла пра карову, якая філязофствавала. Бачачы, што фэрмэр кожнага дня прыносіць ёй ежу, клапоціцца пра ейнае здароўе ды ўсяляк ёй патурае, карова прыходзіць да індуктыўнае высновы, што надалей усё будзе дакладна такім жа ды яшчэ лепей. Але ў адзін цудоўны дзень фэрмэр адводзіць карову на бойню.

У гісторыі гэтыя высновы лёгка падмацаваць простым прыкладам. У пачатку стагодзьдзя заходняя цывілізацыя дасягнуча нечуванага матэрыяльнага дабрабыту і інтэграцыі. Сусьветная грамадзкая думка схільная была меркаваць, што прагрэс у будучыні забясьпечаны. Але 28 чэрвеня 1914 году прагучалі стрэлы ў Сараеве, і падзеі сталі складвацца зусім не ў карысьць прагрэсу.

У кнізе “Убоства гістарыцызму” Карл Попер пераканаўча давёў марнасьць усіх гістарычных ды філязофскіх спробаў прадказаць будучыню. У гэтай кнізе толькі сотня старонак, але сам доказ без праблемаў укладваецца ў пару сказаў. Сацыяльныя прагнозы, нават самыя добрасумленыя, ствараюцца толькі з улікам ўжо дзейсных фактараў. Але яны ня ў стане ўлічыць фактары, якія выпадкова ўзьнікнуць у самай бліжэйшай будучыні ды рэзка паўплываюць на працэс: забойства эрцгерцага, тэлеграму Цымэрмана і г. д. Сучасная матэматычная тэорыя хаасу вучыць, што ўзмах крылаў матыля ў Японіі можа выклікаць буру ў Амэрыцы. Менавіта таму, між іншым, сыноптыкі ня ў стане рабіць асэнсаваныя прагнозы на тэрміны большыя за месяц. Але сыноптыкі, у адрозьненьні ад Фукуямы, Гегеля і Настрадамуса, займаюцца навукаю.

Сацыялёгія, якая існуе ў дзясятках варыянтах і вядомая пад рознымі імёнамі, заўжды прэтэндавала на навуковасьць ды абавязковасьць сваіх высноваў. Але яна ня можа, а хутчэй ня хоча навучыцца ў дакладных навукаў найпрасьцейшаму прынцыпу: калі безумоўна даведзена, што ў праблемы няма рашэньня, зя яе болей ня трэба брацца. Патэнтныя бюро з даўніх часоў не разглядаюць праекты вечнага рухавіка, нават самыя вытанчыныя, бо вечны рухавік у рамках даказаных фізычных законаў немагчымы. Вучоныя працы Гегеля, Маркса, а цяпер і Фукуямы няма патрэбы кожнага разу абвяргаць наноў, бо гэта – экспэдыцыі ў гарантаваны тупік.

Узьнікненьне ўтопіі Фукуямы ў Злучаных Штатах – не зусім выпадковасьць. Дзіўнае толькі тое, што яна прыняла зусім неарганічную для гэтай краіны форму гегельянства. Аптымізм заўжды быў адным з галоўных стрыжняў амэрыканскага сьветаадчуваньня, і гэта цалкам тлумачыцца гісторыяй краіны: роўнасьць шанцаў у барацьбе за ўдачу, наглядныя праклады гэтай удачы, ды, ў рэшце рэшт, проста псіхалягічны тып імігранта – чалавека, які паставіў на карту ўсё жыцьцё. Дзьве найбуйнейшыя трагедыі ў гісторыі краіны, Грамадзянская вайна і Вялікая дэпрэсія, ахопліваюць параўнаўча невялікі адрэзак гэтай гісторыі. Бальшыня тэарэтыкаў амэрыканскага ўтапізму і трыўмфалізму, а іх было нямала, ня мелі шырокай вядомасьці за мяжою. Выпадак Фрэнсіса Фукуямы, як мне падаецца, атрымаў сусьветны розгалас менавіта таму, што з ім занадта сур’ёзна заспрачаліся людзі, якім больш разумна было б паўстрымацца. Калі дзясятак нобэлеўскіх ляўрэятаў пачне крытыкаваць вынаходніка самаходных галёшаў, можна паручыцца, што ягонае імя выцясьніць са старонак часопісаў іхныя ўласныя.

Але ж у Расіі імя і думкі Фукуямы не атрымалі вельмі шырокай вядомасьці. Мяркую, што справа тут ня толькі ў ізаляванасьці альбо прадузятасьці да амэрыканскіх прагнозаў. Лёгка заўважыць, што гэтыя канкрэтныя ідэі ідуць зусім уразрэз з усім сучасным досьведам расіянаў, на фоне якога ўбоства аргумэнтацыі Фукуямы незвычайна відавочная. Праўда ў цяперашнім, перагледжаным выглядзе гэтая дактрына ўжо не сьцвярджае матэматычную непазьбежнасьць будучага шчасьця. Лібэральная дэмакратыя цяпер уяўляецца толькі як “адзіны рэальны выбар для сучасных супольнасьцяў”, прычым слова “рэальны” тут трэба разумець па-гегелеўскі як “разумны”. Але таму, хто пражыў усё жыцьцё ў Савецкім Саюзе, а цяпер жыве ў Расіі, няма патрэбы падказваць, што апроч разумнага выбару існуе яшчэ бясконцая колькасьць неразумных, і што рэальныя дзяржавы ды людзі не заўжды выбіраюць лепшае.

Гісторыя Расіі ўвогуле нашмат хмурнейшая і больш трагічная, чым гісторыя Амэрыкі, і расіяне атрымалі зь яе нямала ўрокаў, якія яны гатовыя даць любому аптымісту. Прасьцей за ўсё зрабіць гэта вуснамі героя Дастаеўскага:

“Што ж можна чакаць ад чалавека як да істоты, якая адораная такімі дзіўнымі якасьцямі? Ды асыпце яго ўсімі зямнымі выгодамі, патапіце ў шчасьці цалкам з галавою, так, каб толькі бурбалкі ўскоквалі на паверхні шчасьця, як на вадзе; дайце яму такі эканамічны дастатак, каб яму зусім ужо нічога болей не заставалася рабіць, апроч таго як спаць, есьці пернікі ды мець клопат пра няспыннасьць сусьветнае гісторыі, -- дык ён вам і тут дык чалавека, і тут, ад адной толькі няўдзячнасьці, з аднаго пасквіля брыдкасьць зробіць. Рызыкне нават пернікам ды наўмысна пажадае самай згубнай бязглудзіцы, самай неэканамічнай бязсэнсіцы, адзінае толькі дзеля таго, каб да ўсёй гэтай разважнасьці дамяшаць свой згубны фантастычны элемэнт”.

Так кажа Чалавек з падпольля пра куратара музэя канца гісторыі. Гэтыя словы адчылаюць нас назад, да Эклезыяста. Можа быць, Фукуяма лепей ведае Гегеля, але чалавека лепей ведае Дастаеўскі.

Чалавек з падпольля бунтуе і сьвядома адкідае выбар, які Фукуяме падаецца разумным і безальтэрнатыўным, ён бачыць у ім замах на ўласную свабоду, няхай нават свабоду быць дураком. З іншага боку, Віктар Сьцяпанавіч Чарнамырдзін прыйшоў зусім не з падпольля, і цалкам можна верыць, што ён хацеў як лепей. Але атрымалася як заўжды. Падобна, што выбар, які здаваўся яму разумным, не абавязкова ім быў. І такія ў меру добрасумленыя палітыкі, як ён, складаюць большасьць у рэальна дзейных урадах. Ім жа рана ці позна прыходзіцца адказваць за свае дзеяньні, але бліскучыя тэарэтыкі вольныя ад гэтага цяжару. Калі ня верыце, пачытайце ўсхваленьні Гегелю ў любой сучаснай энцыкляпэдыі.

Народы, у тым ліку і расійскі, як правіла слабей у сацыяльнай тэорыі, чым вучоныя асобы, але яны невымерна багацейшыя на досьвед. Беспадстаўнасьць індыкцыі ды футуралёгіі яны спасьціглі задоўга да Карла Попера ды адлюстравалі гэта не ў трактатах, а ў формулах паўсядзёнай мудрасьці: “яшчэ ня вечар” альбо “куранятаў увосень лічаць”.

Адрозьненьняў Фрэнсіса Фукуямы ад Гегеля ці ад Маркса значна меней, чым можа падацца, нават ня гледзячы на ягонае палавінчатае пакаяньне. Лібэральная дэмакратыя ў тым выглядзе, у якім ён яе абвесьціў, амаль настолькі ж фіктыўная, як абсалютны дух ці камунізм. Ейны прыход у выніку адзінага акту выбару магчымы толькі ў сьвеце, які цалкам сканструяваны ў галаве тэарэтыка.

У тым сьвеце, у якім мы жывем, гэты абстрактны выбар нам ня дадзены. Рэальны выбар мы робім кожнага дня сваайго сьвядомага жыцьця, і гэта зазвычай не будаўніцтва крышталёвага палацу, а рамонт сьвірану. Нельга выцерці сьлёзы ўсім тым, хто пакутуе, але можна палепшыць закон пра сацыяльнае забесьпячэньне ды прасачыць за ягоным выкананьнем. Замест таго, каб адным ударам разьбіваць ланцугі ўсім прыгнечаным, трэба ўдасканаліваць тарыфную сетку на сваім прадпрыемствы. Безсэнсоўна наводзіць бляск на будучыню, але можна паспрабаваць паправіць сёньняшні дзень. Увесь час памятаць, што твая свабода – гэта частка свабоды кожнага, а твой матэрыяльны дабрабыт – прадукт грамадзкае працы.

Сапраўдная лібэральная дэмакратыя – гэта не ідэалёгія, а цяжкі досьвед, ня пункт прызначэньня, а пракладка маршруту. Правіла Чарнамырдзіна вучыць, што рызыка зьбіцца са шляху застаецца заўжды, і гэтая простая мудрасьць вартая большага, чым усе працы сацыёлягаў.


1. Асноўныя тэзы гэтага матэрыялу былі агучаныя аўтарам у рамках цыклю «Атлянтычны дзёньнік» на Радыё Свабода (Расійская служба). Гл. падрабязьней: http://www.svoboda.org/programs/AD/1999/AD.081099.shtml 

Alex Tsvetkov, Ph. D.

Confession of Francis Fukugama

Алексей Цветков нарадзіўся ва Украіне ў 1947 г. Журналіст, паэт, выкладчык. Вучыўся на гістарычным і журналісцкім факультэтах МГУ, скончыў асьпірантуру Мічыганскага ўнівэрсытэта са ступенью доктара філялягічных навукаў. Апублікаваў некалькі вершаваных зборнікаў, а таксама эсэ і прозу ў расійскай і замежнай пэрыёдыцы. У СССР працаваў карэспандэнтам газэтаў у Сібіры і Казахстане, у ЗША – выкладчыкам коледжа і радыёжурналістам на станцыі “Голас Амэрыкі”. З 1989 г. працуе на “Радыё Свабода”; рэдактар і вядучы праграмаў “Сёмы Кантынэнт”, прысьвечанай Інтэрнэту, і “Атлянтычны дзёньнік”.

Кантакт:
RADIO FREE EUROPE / RADIO LIBERTY
Vinohradska 1
110 00 Praha 1
Czech Republic
e-mail: TsvetkovA@rferl.org 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Цэнтру Athenaeum

кантакт: anh@belsonet.net

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія