|
ГОРАДНЯ – 72
Уладзімер МАЦКЕВІЧ
Ёсьць вэрсія, што я быў удзельнікам дэманстрацыі моладзі ў Горадні ўвосень 1972 году[1]. Насамрэч я не магу ўважаць сябе за ўдзельніка, нават сьведка зь мяне атрымліваецца кепскі*. Я кепска памятую самі падзеі, хутчэй, толькі атмасфэру тых гадоў, а гэта, зразумела, вельмі суб’ектыўна. Горш таго, дэманстрацыя зрабіла на мяне такое моцнае ўражаньне, што мая памяць, хутчэй за ўсё, дэфармавалася гэтым эмацыянальным зьместам не бяз шкоды для факталёгіі. У гэтым тэксьце я паспрабую прытрымлівацца жанру паказаньняў сьведкі, а развагі і камэнтары выкладу ніжэй асобна.
Пра тое, што рыхтуецца дэманстрацыя хіпі, я ведаў, але не надаваў гэтаму ўвагі, таму што ў гэта ня верыў. Я хоць і ўважаў сябе за хіпі, але не ўваходзіў у сур’ёзную тусоўку. А можа, і зусім стаў усьведамляць сябе хіпі ўжо пасьля падзеяў, калі «сьвядомыя» хіпі былі разагнаныя. Галоўнаю крыніцаю інфармацыі пра гарадзкія падзеі і праблемы для мяне быў аднаклясьнік Уладзімер Болтач, зь якім мы сябравалі, бо абодва мелі рэпутацыю ці то дысыдэнтаў, ці то цяжкавыхоўных. Але і Ўладзя Болтач меў да хіпі ўскосныя адносіны – празь цікавасьць да «Бітлоў» і «Ролінгаў». Мы ня ведалі і даты дэманстрацыі, якая рыхтавалася. Гэта можа сьведчыць пра добрую кансьпірацыю ў арганізатараў, з аднаго боку. Але з другога боку, калі пра будучую дэманстрацыю ведалі нават мы, далёкія ад падзеяў дзевяціклясьнікі, то ад каго ж тады гэта трымалася ў тайне? Напэўна, многія ведалі, але ня верылі, што гэткае магчыма. Самой зьяве – хіпі -- не надавалася сур’ёзнага значэньня. У гэтай зьяве ўсё было зьмяшанае: сьветапогляд, музыка, шмоткі і фенечкі, траўка, ангельская мова** і перакладная літаратура. Ня ўпэўнены, што ўсе ўдзельнікі разумелі, што, адкуль, куды і чаму? Болтач быў захоплены музыкай і ангельскай мовай, для мяне ж была бліжэйшай літаратура. Але толькі добра пазьней я даведаўся, што ў сапраўдных хіпі была іншая музыка, а «Бітлы» былі ўсеагульнай модай. Што «Чайка па імені Лівінгстон» і «Над безданьню ў жыце» – гэта не выпадкова патрапіўшыя да мяне кнігі, якія я тады проста не вылучаў з усяго астатняга, што мяне прыцягвала сваім непадабенствам да савецкай літаратуры, асабліва са школьнай праграмы.
Я ня памятую даты падзеі. Памятую толькі, што быў цёплы і сонечны восеньскі дзень. Усё было, як звычайна. З другой паловы дня Брадвэй (Савецкая вуліца, якая тады яшчэ не была пешаходнай) быў поўны знаёмымі і малазнаёмымі групкамі і тусоўкамі, ніхто да нічога не рыхтаваўся і не чакаў нічога незвычайнага. Дарэчы, потым у розных успамінах як адна з экстравагантных дэталяў дэманстрацыі ўзгадваўся хіпі ў кажусе, з намаляванай на сьпіне фігай і пеўнем на ланцугу. Падобна, гэткае відовішча так зьдзівіла абывацеляў таму, што яны проста не тусаваліся на Брадвэі, дзе гэты пэрсанаж ужо даўно прымільгаўся. У яго былі і пераймальнікі, хоць я ня ўпэўнены, што яны мелі сваіх пеўняў. Хутчэй за ўсё, певень быў адзін, яго проста бралі павадзіць. Горадня была зусім маленькім горадам, а субкультура хіпі была ўжо зусім экзотыкай. Я памятую толькі тры месца, дзе можна было сустрэць хіпі: Савецкая вуліца і ваколіцы кінатэатру «Горадня», гарадзкі пляж за Тонкасуконным камбінатам ды частка Цэнтральнага парку, якая межавала з танцпляцоўкай, што была за тэатрам на вуліцы Дзяржынскага. Ня выключана, што адначасовае зьяўленьне тусоўшчыкаў па-за межамі тэрыторыі ў любы час магло быць успрынятае як дэманстрацыя. Бо ўва ўсіх іншым месцах пераважалі зусім іншыя паводзіны моладзі***.
На самой дэманстрацыі я ня быў. Мы з прыяцелем выйшлі з кіно і, як разявакі, пацягнуліся на шум і мітусьню з боку Савецкай плошчы. Там нас і забралі ў міліцыю з кучай іншых разявакаў – мы нават зразумець нічога не пасьпелі. Падставаў дзеля нашага затрыманьня апроч зьнешняга выгляду (я быў у сваім звычайным тады выглядзе: расьцягнуты брудна-шэры швэдэр, вялікі алюмініевы сувэнірны ключ на ўнітазным ланцужку на шыі і валасы да плеч) ды знаходжаньня ў месцы зачысткі не было. Тыя, хто нас затрымаў, падобна, гэткае добра разумелі. Таму нас усіх пратрымалі ў двары нейкага будынку, перапісалі, а пад ноч адпусьцілі. У натоўпе затрыманых былі людзі ў рознай ступені інфармаваныя, якія пабачылі рознае. Нейкімі зьвесткамі ўсе пасьпелі абмяняцца, таму да таго моманту, калі нас усіх выгналі на вуліцу, мы ўсе ўжо сталі «загартаванымі і дасьведчанымі вэтэранамі і ўдзельнікамі падзеяў». Ня ведаю як у астатніх, але мой уласны стан і настрой падчас затрыманьня памятаю як глупа-рамантычную эйфарыю, сумесь рамантычнай прыўзьнятасьці, шкадаваньняў пра тое, што не апынуўся на месцы і сам нічога ня бачыў, рознага страху (а што будзе? зноў будуць разьбірацца з бацькамі? ці выпусьцяць і калі? і г.д.). Вельмі мала абмяркоўвалі дэталі самой падзеі. Пасьля затрыманьня мне ні разу не прыходзілася размаўляць пра дэманстрацыю з непасрэднымі сьведкамі падзеяў. Тады гэта здавалася не актуальным.
Найбольшую цікавасьць пасьля падзеяў выклікала інфармацыя (і домыслы) пра лёс удзельнікаў і арганізатараў падзеяў. У тусоўцы звычайна не цікавіліся імёнамі, у хадзе былі мянушкі. Напрыклад, зьнік Граф і ніхто ня ведае, што зь ім. А Грубага адпусьцілі на наступны дзень…
Што тычыцца наступстваў асабіста для мяне , то яны такія.
Па-першае. У школе нам з Болтачам зрабілі прачуханку на ўсіх узроўнях ад дырэктара да дэманстратыўнага асуджэньня ў «калякціве». Вымусілі падстрыгчыся пад пагрозаю выключэньня са школы – мы і падстрыгліся ў форме дзіцячага пратэсту нагала. Я доўга меркаваў, што выключэньне са школы было пустой пагрозай, ад якой мы «адмазаліся» самі. Але праз шмат гадоў бацькі распавялі мне, што гэта вырашалася хабарамі і блатамі.
Па-другое. Мы з Болтачам былі залічаныя ў «нядобранадзейныя» альбо як там яшчэ гэта называлася ў тадышніх камсамольцаў і выхавацеляў. Таму Ўладзевае захапленьне рокам і некаторыя мае выбрыкі рабіліся прадметам пільнай увагі і неадэкватнай рэакцыі з боку школы. Напрыклад: пасьля экскурсіі ў Берасьцейскую крэпасьць я напісаў у школьным сачыненьні крытычны аналіз архітэктурнага аздабленьня помніку, які я параўноўваў з тым, што бачыў да будаўніцтва мэмарыялу. Ніякай крамолы, па-мойму, там не было, альбо гэта мне падаецца цяпер, пасьля «перабудовы». Аля клясная кіраўнічка крамолу ўсё ж такі ўгледзела. Зноў паўстала пытаньне пра маё выключэньне. Уладзя Болтач, Ала Рэдута і Іра (прозьвішча забыўся – ці то Хоміч, ці то Хаменя, альбо неяк падобна) арганізавалі кляс у маю абарону. Былі распрацаваныя анкеты для вучняў і для выкладчыкаў, рабіліся нейкія крокі па ціску на дырэктара – карацей, быў вялікі шум. Вось так весела прайшоў час у 9 клясе. Скончылася ўсё тым, што нас з Болтачам хацелі ўпячы ў псіхушку на асьветчаньне мэдычнай камісіі пры атрыманьні прыпіснога пасьведчаньня (гэта такая працэдура, на якой вызначалі – ці пойдуць падлеткі ў войска). Школа дае на гэтую камісію характарыстыку – вось мы і атрымалі характарыстыкі, паводле якіх нас трэба было палячыць. З Болтачам гэткае ўдалося – ён як натура творчая і мастацкая меў менш цярплівасьці ды і сарваўся на камісіі; яго паклалі на двухтыднёвае асьветчаньне ў псыхіятрычнае аддзяленьне. Я потым арганізоўваў яму самаволкі, чакаючы за плотам з пакункам нармалёвае вопраткі.
Яшчэ адную акалічнасьць ёсьць сэнс узгадаць. Я ня ведаю, што гэта было – спантанны ўсплёск ці арганізаваны працэс, але камунікацыі і размовы, абмен меркаваньнямі і пошук адказаў на «несавецкія» і «несьвядомыя» пытаньні былі запушчаныя. Вось толькі Беларусі ў гэтых размовах не было. Мы ведалі, што хіпі ёсьць у Коўні (абмяркоўваліся аналягічныя падзеі ў гэтым горадзе, якія адбыліся крыху пазьней і якія сталі шырока вядомымі з-за самаспаленьня аднаго з удзельнікаў), Львове, Рызе, Таліне і Ленінградзе, але мы нічога ня чулі і не казалі пра іншыя беларускія гарады. Беларусі ў гэтым руху нібы не існавала. Тыя нешматлікія, да якіх належаў і я, хто помніў пра Беларусі, прызвычаіваліся думаць пра Горадню як пра нешта асаблівае, цывілізаванае ў «адсталай» Беларусі. Гэта, падобна, можна ўважаць за шкодныя наступствы. Хіпі разглядалі сябе як касмапалітычны і ўсесаюзны рух.
Uładzimier Mackievič, Ph. D.
Horadnia / Grodno – 72
Summary
The author recollects dispersal of youth demonstration in Horadnia / Grodno in July 1972, and also about hippy subculture among the Belarusian youth.
Уладзімер Мацкевіч нарадзіўся ў 1956 у г. Чарамхове Іркуцкай вобласьці (Расія) ў сям’і ссыльных беларусаў. Скончыў факультэт псыхалёгіі Ленінградзкага ўнівэрсытэту. Са студэнцкіх гадоў – сябра Маскоўскага мэтадалягічнага гуртка, адным з пачынальнікаў якога быў дысыдэнт і эўразіец Аляксандар Зіноўеў. Цяпер жыве ў Беларусі, працуе ў Агенцтве Гуманітарных Тэхналёгіяў. Сфэра навуковых інтарэсаў – мэтадалёгія, філязофія.
1. Падрабязьней глядзі: Астроўскі Г. [Сяргей Астраўцоў] Лета 1972: разгон мірнай дэманстрацыі ў Горадні // Пагоня. 25.09 – 7.10.1992; ІІ-гі выступ хіпі ў Горадні: Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956-1991. Пэрсанажы і кантэкст. Даведнік. Менск: АНГ, 1999. С. 160.
* Я магу меркаваць, што аўтарства гэтай вэрсіі належыць Сьвятлане Ёсьцы. У 1993 годзе я праводзіў арганізацыйна-дзейную гульню з вольным унівэрсытэтам «Эўрыка» ў Маскве. У АДГ брало ўдзел шмат замежнікаў, пераважна з Англіі, было два чалавекі і зь Беларусі. Сьвятлана Ёська была вельмі актыўным удзельнікам, яе актыўнасьць была скіраваная пераважна на ангельцаў і на кіраўніка Гульні, што перашкаджала ёй зразумець сутнасьць гульні. Таму, калі яна чаплялася да мяне (а ў кіраўніка гульні няма магчымасьці тлумачыць усе дэталі і адказваць на пытаньні), я скіраваў яе разважаньні на праблемы Беларусі і Горадні. Я кепска арыентаваўся ў праблемах Беларусі ўзору 1993 году, таму апэляваў да сваіх успамінаў, у тым ліку і падзеяў, якія цяпер абмяркоўваем. Потым, калі я ў 1994 годзе прыехаў жыць і працаваць у Менск, Сьвятлана Ёська даслала мне копію артыкулу ў адной з гарадзенскіх газэтаў, дзе я ўзгадваўся зь яе словаў як удзельнік тых падзеяў. Ксэракс артыкулу згубіўся ў адным зь пераездаў.
** Дарэчы, тое, што нашая школа была «нямецкай» і мы ня ведалі ангельскай мовы, шмат у чым дыстанцыявала нас ад «сур’ёзных» хіпі.
*** Зрэшты, гэта як заўжды і паўсюль. Напрыклад, цяпер у Менску ніхто не зьвяртае ўвагі на моладзь «у Панікоўскага», альбо ў падземным пераходзе на станцыі «Кастрычніцкая». Калі б перамясьціць іх усіх на іншую станцыю мэтро, напрыклад, на «Маладзёжную», то абывацелі баяліся б там хадзіць, пакуль не прызвычаіліся б.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Цэнтру Athenaeum
|