БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ШУФЛЯДА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Шуфляда № 2/2001

ВЯСНОВАЯ ПЕСЬНЯ ШПАКА

Вінцэсь МУДРОЎ


Кожны раз увесну, калі прылятаюць птушкі і высокае неба скаланаецца ад птушынага граю; калі ў гарадзкіх парках і на гародах паляць леташнюю лістоту і жоўтыя лапы дыму цягнуцца, нібыта кітайскія цмокі, да дрыготка-зьвінючага сонца, памяць мая абуджаецца, і я вяртаюся ў тую далёкую, немаведама якога году, вясну, бачу шпака, што сьпявае на высокай яблыні і маці, якая стаіць на ганку, зь вінаватай усьмешкай паглядаючы на пяюна."Шпак", -- прамаўляе маці і вочы ейныя захоплена бліскаюць. Я таксама гляджу на птушку і ў гэты момант за сьпінай маёй чыркае запалка і бацька, прыпаліўшы папяросу, вясёлым голасам гукае:"Ну, здорово живёшь... Какой же это шпак? Это же скворец!" Мы сьмяемся разам з бацькам зь нехлямяжага матчынага слова, і маці, усё з той жа вінаватай усьмешкай на вуснах, ледзь чутна прамаўляе:"Скворец".

З таго красавіцкага ранку мінула сорак, а можа і болей гадоў. І сёньня, згадваючы вясёлы бацькавы сьмех і матчыну ўсьмешку, я разумею, што яны нездарма захаваліся ў цёмных спратах памяці, бо былі своеасаблівым кодам маёй сутнасьці, жывымі генамі беларускай і расейскай мэнтальнасьці.

Дзьве душы -- беларуская ды расейская -- жывуць ува мне з тае пары. Ім цесна пад адной скурай, яны штодня крояць на часткі маё ego і, відаць, я змагу ўсьвядоміць сябе беларусам толькі на боскай пасьцелі, калі адна душа вылузьнецца са скуры, а другая -- беларуская -- затрымаецца на хвілю. І калі знадворку будуць сьпяваць шпакі, і жоўтыя лапы дыму будуць цягнуцца да сонца, а на белых вуснах маіх застыне вінаватая усьмешка -- ведайце: я памёр беларусам.

Творы падобнага жанру вымагаюць прэамбулы. Вымагаюць нейкай замяшанай на лірыцы мудрагелі, хаця ў наш цэйтнотны час падобныя ўступы глядзяцца як анахранізм (слова вытворнае ад народнага выразу "а на храна?"). Зрэшты, анахранізм пануе сёньня ня толькі ў мэмуарыстыцы: ім працятае ўсё нашае жыцьцё ( "А на храна нам гэтая мова?" -- апошняе слова можна замяніць беларускай літ-рай, дэмакратыяй, рынкам, прэзыдэнцкімі выбарамі альбо незалежнай дзяржаваю). Анахранізм стаўся ідэалягічным падмуркам краіны і незьлічоныя анахраністы ў розныя часіны сьвідравалі непадатную аўтараву сьвядомасьць.

"Якога хрэна ты, смаркач, лезеш у палітыку? Хутка табою зоймецца КГБ", -- казаў аўтару, тады яшчэ вучню дзясятае клясы, родны бацька.

"Навошта табе, маладому чалавеку, расейцу, беларуская мова?" -- пытаўся афіцэр КГБ, ушчыльную заняўшыся аўтарам увосень 1974 году.

"На якую халеру табе ўся гэтая беларушчына? Займіся ты лепш сям'ёю", -- казала аўтару ягоная жонка неўзабаве пасьля вясельля.

"Віця, не чапляйся да камуністаў -- прыдушаць", -- казала аўтарава цешча тры гады пазьней.

"Вінцэсь, навошта ты марнуеш час? Беларускія тэксты не чытальныя. Напішы ты што небудзь па-расейску. У цябе павінна атрымацца," -- заахвочваў аўтара адзін зь мяйсцовых расейскамоўных пісьменьнікаў.

"Ну на што ты паклаў сваё жыцьцё? Пра які народ ты дбаеш? Народу даўно няма. Ёсьць п'яныя трактарысты, якія скруцяць цябе, плюнуць у твар і здадуць лукашыстам... Твае сябрукі хоць штосьці, ды паймелі, а што займеў ты? Кучу хваробаў? Сапсутыя нэрвы? Ну што ты маўчыш?.."

Маўчу, бо ня ведаю – што сказаць у сваё апраўданьне.

У прадоньні маёй расейскай душы часьцяком варочаліся падступныя думкі і сьпела перакананьне, што беларушчына -- гэта бясконцая дарога да небасхілу, да таго месца, дзе зьліваюцца ў адно чорная зямля рэальнага і нябесны блакіт прыдуманага сьвету. Да небасхілу нельга дапяць, аднак, угледзеўшы, колькі забітых спакрэвічаў ляжыць на ўзьмежку бітага беларускага шляху, і пабачыўшы, ува што ператвораны рэальны сьвет, я кожнага разу апантана гляджу на небасхіл і пакрыўджаную беларускую душу поўніць нязгода.

"Гэта ў цябе ад дзеда. Той таксама не любіў камуністаў", -- паведала мне родная цётка, калі я ўпершыню загаварыў зь ёю па-беларуску і падзяліўся -- а гэта было ўлетку 1971 году -- плянамі ўтварэньня незалежнай Беларусі. Цётка Вольга жыла ў Піцеры, лічыла сябе пушкіністкай, а таму ўспрыняла мае пошукі Радзімы як небясьпечную дурноту, выказаўшы меркаваньне, што мяне зьбілі з тропу габрэі альбо палякі.

Адсутнасьць гістарычнай памяці -- адметная рыса беларускага соцыюму. Тая ж вайна ды пакуты бацькоў мала цікавілі маё пакаленьне. Я, помніцца, наогул не любіў слухаць рэтраспэктыўных аповедаў, і з усяго сказанага маці запомніў адно: што "немец доўга стаяў пад Віцебскам", і што па вайне таўклі ды елі бярозавую кару. І толькі захапіўшыся беларушчынай, стаў цікавіцца сваімі продкамі і тым, чым тыя займаліся цягам апошняга стагодзьдзя.

Продкі мае па матчынай лініі паходзілі з Гарадоцкага павету, жылі ў мястэчку Бычысе і былі ганчарамі. Прадзед, нібыта, трымаў цэлую сябрыну і вазіў прадаваць глякі, збаны ды макітры ў сталіцу імпэрыі. Ганчарныя кругі шпарка круціліся, справе, здавалася, ня будзе зводу, але напярэдадні японскай вайны прадзед захварэў на сухоты -- гэта была прафэсійная хвароба ганчароў – сябрына пазбылася спраўнага кіраўніка і неўзабаве развалілася. Прадзеду пасьля таго давялося заняцца земляробствам: ён набыў кавалак зямлі ў суседняй вёсцы Шакурове, паставіў крытую гонтай хату-пяцісьценку, у якой і зьявілася на сьвет мая маці.

Тым летам у Шакурове, як і ў іншых беларускіх вёсках, гарлалі пеўні, рыкалі дагледжаныя каровы, вяскоўцы касілі на загуменьнях канюшыну, і ўражаны вясковай ідыліяй камуна-кадук напісаў на скрыжалях жыцьця крывавае слова "калектывізацыя".

Падчас калектывізацыі палова шакуроўцаў паехала ў Сібір, на раку Зею, а другую палову камуноіды аблупілі да жывога і сагналі ў калгасы.

-- Гаспадарка ў нас была ладная, аднак парабкаў ня бралі, таму і ўратаваліся, -- паведаміла падчас задушэўнай размовы цётка Вольга, і калі я, малады і гарачы, запытаўся -- чаму не было супраціву, чаму мужыкі ня ўкінулі якога басяка ў калодзеж, цётка адно толькі ўздыхнула і на твары ейным адбілася пакутніцкая ўсьмешка.

Менавіта тады мяне ўпершыню наведалі думкі аб калектыўным мазахізьме. Калі ж, крыху пазьней, я прачытаў творы беларускіх пісьменьнікаў, у якіх з хваравітай асалодаю апісваліся пасьляваенная нястача і пакутніцкі лёс вясковых бабуль, дык канчаткова пераканаўся ў мазахістычным пачатку беларускай душы.

-- Божухна... як жа мы, Віця, страшна жылі... Колькі мы з тваёй мамай зьведалі пакутаў... Бацька наш, твой дзед, памёр ад тыфусу, хату немцы спалілі. Прыехалі ўзімку, акурат перад Новым годам, сагналі баб ды дзяцей у кучу, і шуганулі агню пад стрэхі. А ўсё з-за партызанаў...

Я слухаў цётку, ноздры мае кранаў пах зьляжалага сьнегу, уваччу мітусіліся вахлачыя постаці партызанаў, з ласкі якіх немцы спалілі хату-пяцісьценку, а разам зь ёю і палову краіны, і, паводле прыкладу Ўл. І. Леніна, думаў пра Беларусь і пра яе недалугіх насельнікаў. Дзесяцігодзьдзямі... не... стагодзьдзямі народ мой гібеў, патанаў у п'янстве, у брудзе, у вялікай і дробнай хлусьні; голасна і дружна пяяў хваласьпевы розным хамулам і выблядкам, што сядзелі ў яго на карку; калі надта прыпякала -- стагнаў, расьціраў па твары п'яныя румзы ці то крывавыя смаркачы, і ані разу не падняўся грамадой на абарону сваёй годнасьці, не засьведчыў свайго памкненьня да вольнага і людзкага жыцьця. І ёсьць усе падставы меркаваць, што ў XXI стагодзьдзі Беларусь напаткае лёс Прусіі, дзе спачатку зьвяліся прусы, а потым і сама назва краю была сьцертая з палітычнай мапы сьвету.

Кажуць, што немаўляты ў першыя дні па нараджэньні бачаць сьвет дагары нагамі. Відаць, такім, дарэшты перакуленым, і ўбачыў я свой Полацак з вокнаў абласной бальніцы. Надарылася гэта ў верасьні 1953-га.

Пабачыць сьвет у подобнымі ракурсе было ня толькі цікава, але й павучальна. Немаўлё яшчэ не ўсьведамляла сябе жывой істотай, а ўжо мусіла зразумець: у гэтай краіне ўсё дагары нагамі. І сапраўды, калі ў іншых краінах на гары, пры ўладзе, былі самыя разумныя, сумленныя і адукаваныя, дык у Краіне Саветаў да таго часу ўсё разумнае, сумленнае і адукаванае ляжала ў магіле, а наверсе завіхалася ўсё тупое, подлае і неадукаванае. Дарэчы сказаць, акурат у верасьні пяцьдзясят трэцяга ўсе гэтыя хрушчовы, молатавы ды іншыя сталінскія кілеры ладзілі свой пленум і дзялілі ўладу.

Нарадзіцца ў Полацку, можна сказаць, на цьвінтары Сьвятой Сафіі, пабачыць з акна радзільні перакуленую апсыду старажытнага храму і ня стаць -- ужывем тут дэфініцыю пісьменьніка Л. Прокшы -- белбурнацам я проста ня мог. Энэргетыка сьвятога места працяла маю кволую істоту, у мазгох індукаваліся токі, і, паблукаўшы па зьвілінах, заклалі ў іх жыцьцёвую праграму: аднаўленьне Вялікай Крывіі. Праграма, вядома ж, фантастычная, рэалізацыя яе ў пэўнай ступені небясьпечная для здароўя, а між тым у справе гадаваньня здаровага цела й здаровага духу адразу ж узьніклі складанасьці: у маці пасьля галадоўлі не было малака і мяне кармілі рознай брыдотай.

У той жа дзень, як я нарадзіўся, бацька, малодшы лейтэнант Савецкай Арміі, прыйшоў на службу з трыма пляшкамі гарэлкі, ахвіцэры павіншавалі яго з нараджэньнем першынца, узялі па чарцы і па старой армейскай завядзёнцы сталі падбіраць імя. Дзеля гэтага напісалі на паперках уласныя імёны, кінулі паперкі ў фуражку і бацька, з наструненай усьмешкай на твары, выцягнуў Віктара. Пасьля таго майму "хроснаму", пад ухвальныя воклічы прысутных, давялося шыбаваць у краму яшчэ па тры пляшкі.

Такім чынам, мяне назвалі Віктарам, але імя гэтае мне не падабалася і ў год свайго паўналецьця я мусіў паглыбіцца ў нетры анамастыкі, шукаючы яму беларускі адпаведнік. Калі б на той час пад рукою быў "Крыўска-беларускі слоўнік" Ластоўскага я б, відаць, ахрысьціў сябе Віктусём, але пра той слоўнік у 71-м годзе не было й почуту, таму давялося перабраць шмат варыянтаў, аж пакуль на вочы не патрапіла назва аповесьці Барыса Мікуліча "Жыцьцяпіс Вінцэся Шастака". Імя Вінцэсь лагодзіла слых сваім мяккім канчаткам, які этнічныя расейцы ня ў стане прамовіць (жонка аднаго майго сябра, кубанская казачка, і дагэтуль кажа: "Вінцэс"; уральцы, зь якімі я працаваў на Поўначы, называлі мяне Вінцэстам; а татарын у цывільным, што прыехаў у сакавіку 1986 году ў наш таёжны пасёлак з двума міліцыянтамі, ад парога пагрозьліва запытаў:"Грамадзянін Пінцэт?"), да таго ж яно захоўвала пачатак першароднага імені, і, такім чынам, улетку AD MCMLXXI на Беларусі на аднаго Вінцэся стала больш.

Беларусізацыя імёнаў наогул справа ня зь лёгкіх. Памятаю, свойчас шмат пакутаў на гэтай ніве зьведаў Сяржук Сокалаў-Воюш -- тады яшчэ проста Сяргей Сокалаў. Яму таксама муліла ягонае імя і ён дзень да ночы спрабаваў надаць яму крыўскае гучаньне. "Серы, Сергусь, Сяржант..." -- працяглы час мармытаў малады паэта, нарэшце паехаў у Менск, на кансультацыю да Вінцука Вячоркі, але й той ня даў рады зьбеларусіць ягонае імя.

Аднойчы пад Новы год ахвяра самабеларусізацыі ўвалілася да мяне ў кампаніі Сяргея Дубаўца, каб адведаць Анатоля Сідарэвіча, які прыехаў зь Менску ды захварэў і ляжаў у мяне на канапе. Мы ў чацьвярох сталі абмяркоўваць сокалаўскую праблему і нечакана за левым вухам у мяне штосьці шчоўкнула, мазгі ўраз прасьвятлелі і я гучна прамовіў: "Сяржук!" Запанавала няёмкая цішыня, якую праз пару хвілін парушыў спадар Сідарэвіч: "Ды што вы, бляха, сяр... ды яшчэ і жук..." Пасьля такіх словаў дзядзька Анатоль хваравіта кашлянуў і кульнуўся на левы бок.

Праз пару тыдняў паэта, уздыхнуўшы, перапытаў: "Дык, кажаш, Сяржук?"

"Сяржу-ук" -- пераканаўча прагугнеў я ў адказ.

"Прозьвішча вось толькі расейскае," -- працягваў свае нараканьні сябрук. "Трэба нейкі прыдомак... Як на твой слых -- Сокалаў-Воюш -- гучыць?"

"Гучыць, -- кажу, -- а Воюш, гэта адкуль?"

"Матчына прозьвішча", -- суцішна прамовіў Сяржук і, памаўчаўшы, дадаў: "Продкі мае, няйначай, былі воямі".

А яшчэ праз пару тыдняў мы зь Сержуком Сокалавым-Воюшам паехалі ў Менск, на сэмінар маладых пісьменьнікаў. У першы ж сэмінарны дзень, пабачыўшы ў Сержуковых руках сшытак, у які сябрук запісваў розныя бзікі і хохмы, я вялікімі літарамі напісаў на вокладцы: "Сшытак Сержука Сокалава-Воюша". Удзельнікі сэмінару раз за разам перачытвалі надпіс і ў рэшце рэшт прызналі такую мянушку геніяльнай. На трэці дзень у Каралішчавічы, дзе адбывалася імпрэза, завітаў спадар Сідарэвіч, пачуў, што ягонага наваполацкага прыяцеля ўсе скрозь называюць "Сяр ды яшчэ й жуком", і скрушна махнуў рукою. А дзесьці праз пару гадоў Сержукі пайшлі касякамі і ймя гэтае сталася адным з самых папулярных у асяродку беларускай моладзі.

Вернемся, аднак, у Полацак -- у пракаветнае і разам з тым глухое і правінцыйнае места. Места, дзе нарадзілася шмат славутых асобаў, і адкуль славутасьці, увабраўшыся ў сілу, зьяжджалі -- ці то ў Палестыну (Эўфрасіньня), ці то ў Вечны Горад (Параскева), ці то ў Прагу (Пранцішак), ці то ў Масковію, куды свойчас падаўся Сымон. Традыцыя такая захавалася, і сёньня з пракаветнага места ў шырокі сьвет па-ранейшаму бяжыць усё разумнае, добрае і адукаванае. Апошнім дзесяцігодзьдзем у Менск зьехалі Ўладзімер, Лявон ды Навум, у Прагу -- Сяржук, у Фіншчыну -- Якуб. Полацкае нацыянальнае котлішча расьцярусілася па сьвеце, а разам зь ім вецер часу -- надзвычай пераменлівы на нашых шыротах -- раскідаў і саламяны будан, які мы сьпехам зьляпілі, каб мець хоць нейкі Беларускі Дом.

Мне і самому даводзілася шмат разоў зьяжджаць з Полацку. Ну, а першы раз я паехаў "у віры на юры" ў матчыных абдоймах, надзейна спавіты дзьвюма пуховымі хусткамі. Вайсковую частку перакідвалі ў Ідрыцу (былая Вялікалуцкая вобласьць, на паўночнай мяжы Вялікай Крывіі) і ахвіцэрскія сем'і мусілі ехаць у таварным вагоне разам зь фікусамі, патэфонамі, камодамі, катамі (іх пры пярэбарах запіхвалі ў мяхі) ды іншымі манаткамі. Мазгі тады яшчэ ня мелі блёку памяці і ўсё ж у іх адбілася туманная рака і размытая белая пляма на даляглядзе. Я часьцяком бачыў іх у сьне, доўга ня мог зразумець, адкуль яны ўсплываюць, і толькі нядаўна -- гадоў, можа, пяць таму -- выйшаў, блукаючы па Задзьвіньні, на дзьвінскі бераг і ўгледзеў тое, што сотні разоў бачыў у сьне: туманную раку і размыты, крануты лёгкай ружавізною, відарыс Сафійскага сабору.

У Ідрыцы мы пражылі каля двух гадоў -- БП (блёк памяці) ужо працаваў, -- і мне яскрава запомнілася, ізноў-такі, тамтэйшая рака. Дакладней, не сама рака, а вышка, зь якой жаўнеры сягалі ў ваду. Мы з маці гадзінамі сядзелі на беразе, і я пішчэў ад захапленьня, калі чарговы жаўнер, узьбіўшыся на вышку, выстаўляў наперад рукі і з галавакружнай -- так мне тады здавалася -- вышыні сягаў у раку. Ну і, вядома, у гарэзнай галаве маёй неўзабаве высьпеў амбіцыйны плян: залезьці на вышку і таксама, па загадзе даўгалыгага старшыны, нырцануць у рачное прадоньне. І вось аднойчы я высьлізнуў са двара, пабег да ракі і -- дзеля пачатку -- бухнуўся ў ваду з драўляных масткоў. На шчасьце, поруч перылі бялізну ахвіцэрскія жонкі -- яны й выцягнулі мяне, ужо амаль непрытомнага, на бераг. А яшчэ праз пару хвілінаў, пачуўшы жаночы лямант, да ракі прыбегла зьбялелая маці. З таго часу я стаў пабойвацца вялікай вады і назаўсёды пазбыўся амбіцыяў.

Узімку 1956 году, напярэдадні гістарычнага ХХ зьезду КПСС, бацьку ізноў загадалі мяняць месца "дысьлякацыі" і мы апынуліся ў Люцыне (па-латыску -- Лудзе). Тут таксама было процьма вады: два вялізных возеры, рака, якая іх злучала і на якой стаяла невялічкая, пабудаваная за часоў Ульманіса, гідраэлектрастанцыя. На электроўні дзень да ночы шумела вада і шум гэты не даваў спакою маёй маці. Яна нават упрошвала бацьку знайсьці новую кватэру -- хай горшую, але далей ад ракі, а калі ўладкавалася на працу, мусіла знайсьці мне няньку -- сямідзесяцігадовую немку Зэльму Адольфаўну.

Зэльма Адольфаўна была адметнай асобай. У маладосьці скончыла Інстытут шляхетных дзяўчат, ведала некалькі моваў, бачылася й нават размаўляла зь імпэратарам Міколам ІІ, якога называла "самым прыстойным чалавекам у Расеі" і -- пра гэта я даведаўся з пазьнейшых матчыных аповедаў -- ненавідзела камуністаў. Падставы дзеля нянавісьці былі сур'ёзныя: муж гадаванкі Смольнага інстытуту да вайны працаваў у Латыскім банку, меў два дамы ў цэнтры Рыгі, і калі ў саракавым годзе Прыбалтыку апанавала Чырвоная Армія (па-казаску Кзыл-Арда), быў выпраўлены ў той самы Казахстан і назад не вярнуўся. Няньцы, паўтаруся, было семдзесят гад, а яна прыгожа апраналася (перашывала, відаць, старыя строі), фарбавала вусны, купляла (на апошнія капейкі) букеты канвалій і фіялак, цярпець не магла слова "баба" і прымушала мяне, а таксама навакольную дзятву называць сябе поўным імем. Прамовіць у чатыры гады такое імя было цяжка, таму я яго дарэшты сымпліфікаваў, называючы няньку Зэльмадофанай.

Маразянымі ранкамі мы зь нянькай блукалі па месьце і абавязкова заходзілі на старыя могілкі. Прымружыўшыся і паправіўшы капялюшык, Зэльмадофана кожны раз перачытвала эпітафіі на магілах остзэйцаў -- кзыл-арда яшчэ не пасьпела іх зьнішчыць -- і цяжка ўздыхала. Гэтыя ўздыхі я добра запомніў. А яшчэ запомніў як мы, заружавелыя ад марозу, ішлі зь нянькаю па вуліцы і Зэльмадофана, у адказ на пытаньні стрэчных: ці ваш гэта ўнук? -- задаволена ківала галавою.

Але мінула зіма, потым вясна і мая "mater еt magistria", атрымаўшы дазвол уладаў, зьехала ў Капэнгаген, да сваёй роднай сястры. Перад ад'ездам упрошвала бацьку адпусьціць мяне з маці ў Данію: "Мы там уладкуемся, а потым, Леванід Васілевіч, і вы пад'едзеце..." Няньчына сястра мела ў Капэнгагене мылаварню -- вось Зэльмадофана і задумала вывезьці "ўнучка" на Захад ды зрабіць "каралём мыдляных бурбалак" (балазе, нашчадкаў у іх не засталося -- усіх пазабівала ў вайну). Прапановы такія тхнулі здрадаю Савецкай Радзіме, таму ў бацькі падымалася фуражка на галаве і зь лёгкім поканьнем адклейваліся пагоны. Потым, ужо з Капэнгагену, нянька надаслала ліста, але адказу не дачакалася: радзіне савецкага афіцэра ліставацца з уладальнікамі капэнгагенскіх мылаварняў аніяк не выпадала.

Дзіцячыя ўражаньні -- самыя трывалыя. Яны, выбачайце за труізм, фармуюць характар і, прыхаваныя недзе ў мазгох, часьцяком урываюцца ў нашу сьвядомасьць. Менавіта гэтыя "інвазіі" і спарадзілі папулярную ўва ўсе часы тэорыю перасяленьня душаў: людзі, адчуўшы зьнянацку "паўтор сытуацыі", паланёныя дзіўным пачуцьцём, што "так ужо некалі было", схільныя лічыць такую зьяву ня рэхам далёкага маленства, а праявай "папярэдняга жыцьця". Ну, а бывае і так: пачутае ў маленстве слова можа, праз колькі гадоў, дарэшты апанаваць сьвядомасьць і ўчыніць сапраўдныя зрухі ў душы.

...5 лістапада 1967 году -- тым часам, калі ўсё прагрэсіўнае чалавецтва рыхтавалася сустрэць 50-я ўгодкі савецкай улады, я ляжаў у больніцы (хварэў на жаўтуху) і, змагаючыся з хваравітай млосьцю, ад ранку да ночы круціў ручку настройкі маленькага двухдыяпазонавага радыёпрыймача. На сярэдніх хвалях гучалі рэвалюцыйныя маршы, грымелі працоўныя рапарты на казаскай мове, сьпяваў хор матросаў з опэры Вано Мурадэлі "Кастрычнік", а на самым краі сярэдніх хваляў надрыўна гула глушылка, пакрываючы нечыя варожыя галасы.

Колькі разоў я настройваўся на "варожую" хвалю, спрабуючы высьветліць -- каго глушаць і пасьля таго, як радыёцыркулярка на хвілю перапыніла "пілаваньне", да вушэй маіх даляцелі наступныя словы: "альбанцы з кітайцамі тройчы, па-братэрску, абняліся і скіравалі позіркі на партрэт вялікага стырнавога..."

Жанчына-дыктарка пачала апавядаць пра вялікага стырнавога Мао Цзэ-дуна, а сэрца маё парывіста грукнула і, не раўнуючы, як у булгакаўскага Берліёза, некуды правалілася. Я пачуў голас Альбаніі -- далёкай, дагэтуль нязнанай краіны, і душу маю працяла нейкае чарадзейнае сьвятло. Я заплюшчыў вочы і ўбачыў галавакружнай вышыні перавалы, неабсяжныя ланцугі гор, што, як бурлівае мора, перакочваліся, насоўваліся адно на другое, убачыў прыморскія даліны і адчуў водар прывялых восеньскіх ружаў, які неўзабаве выпетрыўся, саступіўшы месца агіднаму паху хлёркі, што панаваў у нашай інфэкцыйнай палаце.

Праз шмат гадоў адзін мой знаёмы паэт, пачуўшы аповед пра Альбанію, колькі часу зацята маўчаў, затым пацёр удумлівы лоб і растлумачыў маё захапленьне з дапамогаю ўсё той жа тэорыі перасяленьня душаў. Маўляў, мой далёкі продак жыў на Балканах, бачыў высозныя горы, дыхаў водарам прывялых ружаў, а потым усё гэта, праз генэтычную памяць перадалося мне, Вінцэсю Мудрову. Я, прызнацца, такім тлумачэньнем застаўся задаволены, і мы з паэтам кульнулі чарку, памянуўшы майго альбанскага продка.

Генэза і сама прырода чалавечых захапленьняў -- загадка прыроды. Але ў дадзеным выпадку ўсё тлумачыцца вельмі проста: у дзяцінстве я, відаць, штосьці чуў пра Альбанію, магчыма, тая ж Зэльма Адольфаўна чытала мне альбанскія казкі і празь дзесяцігодзьдзе слова гэтае загадкавай Атлянтыдай узьнялася зь цемрыва сьвядомасьці.

У працяг тэмы мусім заўважыць: выяўляць цікаўнасьць да нейкай краіны наогул ня шкодна, а часам бывае нават карысна. Адзін мой знаёмы зацікавіўся Фіншчынай, пачаў вывучаць фінскую мову, а праз колькі гадоў перабраўся ў Гэльсынкі, дзе атрымаў пасаду ў мясцовым унівэрсытэце.

Ну, зь Фінляндыяй усё зразумела: эўрапейская краіна, адметная культура, высокі жыцьцёвы ўзровень насельніцтва. Іншая рэч -- Альбанія: краіна глухая, малавядомая, кіраўніцтва якой, да таго ж, варагавала з Масквой і сябравала з Пэкінам. Ці трэба казаць, што ў 1967 годзе, калі я ёю захапіўся, захапленьне такое выглядала як палітычна небясьпечнае дзівацтва.

Ачуняўшы ад жаўтухі, я адразу ж выправіўся ў бібліятэку, зашыўся ў кут і стаў перапісваць у агульны сшытак артыкулы з энцыкляпэдыяў і даведнікаў, якія тычыліся Краіны горных арлоў. Карціна вымалёўвалася амаль сюрэалістычная: на дварэ 1967 год, народ шчыльна згуртаваны вакол роднай Камуністычнай партыі, а ў наваполацкай гарадзкой бібліятэцы сядзіць піянэр Віця і перапісвае з энцыкляпэдыі сталінскай пары жыцьцяпіс Энвэра Ходжы -- раскольніка камуністычнага руху, які разам з кітайскімі лідарамі плявузгаў на партыю Леніна, яе ЦК і асабіста на таварыша Брэжнева. Ну і, вядома, на язык міжволі просіцца калямбур: піянэрскае захапленьне Віці Мудрова не магло не зацікавіць асабіста. Цяжка сказаць, калі я патрапіў у андропаўскія праскрыпцыі, але ўвосень 74-га, падчас чарговага выкліку ў славуты Камітэт, баец нябачнага фронту цікавіўся маім альбанафільствам. А яшчэ раней -- у 69-м ці 70-м -- мною, на глебе пахвалёнай альбаншчыны, зацікавіўся яшчэ адзін чалавек -- Уладзя Арлоў -- сёньняшні знакаміты пісьменьнік, зь якім мы вучыліся ў аднэй школе. Аднойчы на школьным калідоры хтосьці з аднаклясьнікаў тыцнуў яму пад скабы, змоўніцкім голасам паведаміў: "Вунь той, валасаты, Альбаніяй цікавіцца" -- і кіўнуў у мой бок. Неўзабаве мы пазнаёміліся, потым пасябравалі і сяброўства нашае доўжыцца й да гэтай пары.

Нешматлікія чытачы маіх аповедаў раз за разам упікаюць аўтара за несучаснасьць, часавую закамплексаванасьць і прасторавую абмежаванасьць. І сапраўды, Ёкнапатофа мая займае невялічкі лапік зямлі дзесьці на паўночным усходзе Беларусі, а яе насельнікі й дагэтуль жывуць ("сапуць, керхаюць, рагочуць, плачуць, п'юць, ядуць, задавальняюць фізіялягічныя патрэбы"*)

*Цытата з рэцэнзіі А. Ніякоўскай на кнігу В. Мудрова "Гісторыя аднаго злачынства".

дзесьці прыканцы 60-х гадоў. Аўтар, шчыра кажучы, і сам захрас у тым рамантычным часе -- часе, калі чаўны-спадарожнікі баразьнілі бяскрайнія прасторы космасу, калі ў літаратурных клясыках хадзіў Пятрусь Броўка, а ў школах ішло змаганьне з кароткімі спадніцамі ў дзяўчын і даўгімі валасамі ў дзецюкоў, калі сьпявалі Вадзім Мулерман і Валер Абадзінскі, а беларусы канчаткова здэградавалі як нацыя. Гэта былі крыху наіўныя, у меру п'яныя, крыху вусьцішныя, але дарэшты хуткаплынныя годы. І калі ў ХVI-XVII стагодзьдзях, як сьведчаць гісторыкі, надарыліся вялікія геаграфічныя адкрыцьці, дык на канец 60-х гадоў ХХ стагодзьдзя прыпалі адкрыцьці іншага кшталту. У прыватнасьці, аўтар гэтых нататак адкрыў для сябе такія фундамэнтальныя рэчы, як францускае кіно, ангельская pop-musiс і апавяданьні Эрнэста Гэмінгуэя.

...Студзеньскім вечарам 1968-га я сядзеў у халоднай залі кінатэатру "Космас" і пачуваў сябе ніякавата: народу на сэанс прыйшло зусім мала, хаця на аблепленай сьнегам афішы чырвонілася спакусьлівае слова "Францыя".

У тую пару францускія фільмы круцілі зрэдку, народу ў "Космас" набівалася як завязаць, а на "Трох мушкетораў" нават прадавалі "стаячыя" білеты. Тут жа ў залі тырчэлі рэдкія галовы і ў мяне, смаркатага юнака, быў той настрой, які навачасныя псыхолягі назвалі б высокім узроўнем трывогі. Але вось загучала музыка, на пакрэсьленым рухавымі пісягамі экране мільганулі тытры, і галовы, зразумеўшы, што патрапілі "на опэру", пасунуліся да выхаду. Студзеньскім вечарам 1968-га ў кінатэатры "Космас" круцілі "Шэрбурскія парасонікі"...

Малады хлопец любіўся зь дзяўчынай, пайшоў у войска, патрапіў у Альжыр, дзе ішла вайна, дзяўчына тым часам нарадзіла дзіцёнка і пабралася з прадпрымальнікам... Францускі варыянт бамбейскіх кінасмаркачоў, які, па ідэі, мусіў выклікаць нэрвовы сьверб у пахвіне, спачатку захапіў, потым уразіў, а ў сваіх апошніх кадрах да таго ўзрушыў юную душу, што і цяпер, праз трыццаць адзін год, ужо дарэшты зьнявераная і бяскрылая, душа кожнага разу замірае пры першых гуках легранаўскай мэлёдыі. Я й сёньня не магу ўцяміць -- чым уразіў банальнасюжэтны м'юзыкл сяміклясьніка В. Мудрова, а разам зь ім і ўсю цывілізаваную Эўропу? Шыкоўнымі валасамі маладой К. Дэнёў? Ня менш шыкоўнай музыкай М. Леграна? Творчымі знаходкамі рэжысэра Ж. Дэмі? З дапамогаю чыстай лёгікі на гэтае пытаньне не адкажаш, а між тым "Шэрбурскія парасонікі" сталіся вяхой ня толькі ў развоі эўрапейскага мастацтва, але і ў жыцьці вышэйзгаданага сяміклясьніка. Жыцьцё напоўнілася новым зьместам і новай эстэтыкай. Сяміклясьнік перастаў усур'ёз успрымаць савецкую літаратурную клясыку, гідзіўся, пазіраючы на тлустых савецкіх сьпевакоў і ў кожнай дзяўчыны, зь якой знаёміўся, абавязкова пытаўся: ці бачыла яна "Шэрбурскія парасонікі"?

А яшчэ праз пару месяцаў душа зазнала чарговае ўзрушэньне. Сябрук, зь якім мы вучыліся ў паралельных клясах, прапанаваў завітаць да свайго стрыечнага брата: брат вучыўся ў Маскве і прывёз адтуль кружэлку з запісамі ансамблю "Бітлз".

Прыйшлі да брата сярод белага дня, але той, адчыніўшы дзьверы, паўстаў перад гасьцямі дарэшты заспаным і страшэнна незадаволеным. "Ізноў..." -- прастагнаў студэнт і стогн гэты выдаваў на тое, што я быў далёка ня першы, хто прыцёгся паслухаць кружэлку. Сябрук моўчкі махнуў рукою, маўляў, не зьвяртай увагі, і мы на цырлах прайшліся ў пакой. На прайгравальніку аграмаднай радыёлы ўжо стаяла супрафонаўская "саракапятка".

--Усе іх лаяць, а між іншым прыемная музыка, -- заўважыў сябрук, уключыўшы радыёлу.

Пра "Бітлз" на той момант я ўжо чуў шмат розных плётак, чытаў разгромны артыкул у "Камсамольскай праўдзе" і нават бачыў "бітлух" на экране. Летась на дваровай агітпляцоўцы круцілі кіначасопіс "У краінах капіталу" і тамака мільгануў сюжэт: нечыя голыя ногі калацілі па клявіятуры піяніны, гучаў забойны музон (здаецца, гэта быў "Rock'n roll musiс" Чака Бэры), і суворы голас за кадрам тлумачыў: "А гэта -- куміры заходняй эстрады, сумна вядомы "Бітлз". Паглядзеўшы кінаролік, я тады ўсур'ёз падумаў, што "куміры заходняй эстрады" злоўжываюць "кока-колай", а ўпіўшыся да божае моцы, вычвараюцца на сцэне.

...Сябрук сьцярожка апусьціў гуказдымальнік, шапятнуў францускае імя Мішэл і ў нетрах радыёльных брынкнула гітарная струна. Я слухаў шчымлівую мэлёдыю з глыбокім перакананьнем, што сябар нешта пераблытаў, паставіў ня тую кружэлку: зьверападобныя істоты, якіх паказвалі ў кіначасопісе, папросту не маглі сьпяваць такія песьні. "Мі-і-шэл, ма бэл", -- гучэла з дынаміку, і нейкая цёплая хваля падымалася ў грудзёх, і мне карцела некуды бегчы, і здавалася, што песьня гэта заўсёды жыла ўва мне і толькі цяпер набыла голас.

Праз шмат гадоў давялося пабачыць адзін польскі фільм, героі якога, хлопцы 60-х, таксама слухалі "Beatles". Слухалі ў поўным ачмурэньні, утаропіўшы вочы на пакарабачаную "самастрэльную" кружэлку. У тых паляках я пазнаў сябе, і цёплая хваля ізноў паднялася ў грудзёх, і я парадаваўся за навачасную моладзь, якой ніхто не крапае на мазгі і якая, хаця й зрэдку, слухае "куміраў заходняй эстрады" і іх неўміручую "Mishelle".

У траўні 1968-га прысьпеў студэнцкі бунт у Сарбоне. Я з такой нагоды не прапускаў аніводнага выпуску тэленавінаў, кожны дзень набываў у шапіку тузін газэтаў і, зразумела, сымпатыі мае былі на баку студэнтаў. Пры гэтым душу кроіла шчымлівая крыўда: француская моладзь дзень да ночы слухала "Beatles", насіла даўгія валасы і джынсы, чытала немаведама што і ўсё адно бунтавала, а ў нашым Наваполацку дзень да ночы слухалі сьпевака Анатоля Каралёва, у цырульнях замаўлялі "кароткую стрыжку з праборам", насілі "клёшы" з трыма гузікамі на поясе, чыталі кніжонкі сэрыі "Подзьвіг" (літаратурны дадатак да часопіса "Сельская молодёжь") і пры гэтым не выяўлялі нават самага кволага памкненьня далучыцца да цывілізацыі.

У сёмай клясе ў мяне зьявілася два надзейныя сябра: Валер Шлыкаў ды Анатоль Рыбікаў. Вучыліся мы ў адной школе (з Валерам нават у адной клясе), разам рыхтавалі ўрокі, разам цягаліся па горадзе і, у рэшце рэшт, праз пару гадоў тройца наша разгарнула ў сьценах агульнаадукацыйнай СШ № 2 змаганьне за высокія ідэалы біт-музыкі. Пачалося змаганьне ўвосень 1969-га акцыяй, якую мы называлі "сядзячая забастоўка". Пісалі крэйдай на седале разламанага крэсла лёзунг "Hands off from Beatles", сядалі падчас вялікай пярэрвы на лесьвічным маршы і гучна білі ў ладкі. Ляпнем дзевяць разоў у пэўным рытме: \--...----..\, а потым гарлаем "Эгэй!" Спынялі акцыю ў трох выпадках: калі на лесьвіцы зьяўляліся 1) дырэктар школы Абрам Залманавіч Герцыковіч, 2) настаўнік фізыкі й астраноміі Яўген Міхайлавіч Крылоў, 3) настаўніца матэматыкі Марыя Трыфанаўна Любамудрава. Дырэктару мы падпарадкоўваліся па рангу, а згаданых настаўнікаў проста паважалі.

Пачыналі акцыю ўтрох, а неўзабаве на прыступкі сталі прысаджвацца нават сяміклясьнікі. Адзін зь іх, па прозьвішчы Полазаў, наогул хадзіў за намі як на павадку і мы даручалі яму трымаць "лёзунг". На лесьвіцы кожнага разу ўтвараўся затор: дзяўчыны-дзесяціклясьніцы з пагардаю праз нас пераступалі, кранаючыся спадніцамі нашых вушэй, пераступалі й маладыя настаўніцы, а адна зь іх, "англічанка" па прозьвішчы Талкушкіна, пры гэтым узрушана мармытала: "Ужас, это просто ужас!"

Невядома, колькі б доўжылася нашая акцыя, але пэўнага дня мяне адклікала ўбок клясная кіраўнічка Эміля Міхайлаўна і ў прысутнасьці дзяўчын-дзесяціклясьніц паведаміла: "Вы сядзіце на прыступках дзеля таго, каб зазіраць дзяўчынкам пад спадніцы". Я, вядома ж, сумеўся, стаў апраўдвацца -- маўляў, пад спадніцамі, апроч трусоў, няма нічога цікавага, аднак "сядзячы страйк" пад лёзунгам "Hands off frоm Beatles!" быў прыпынены і мы перайшлі да іншых формаў маладзёвага пратэсту.

Згадваючы нашыя пратэстацыйныя выбрыкі, кожнага разу хітаю галавой і бязгучна прамаўляю: бедныя настаўнікі, колькі мы вам крыві папсавалі, колькі забойных мэлёдый згулялі на вашых нэрвах. Зрэшты, у канфрантацыі па лініі настаўнікі -- вучні шмат пакутаў зазналі і апошнія. З-за тых жа валасоў. Прыйдзем з Валерам у школу, зачэшам патлы за вушы, канцы піхнем за каўнер; ідзем па калідоры, увабраўшы галовы ў плечы, і раптам дырэктараў голас: "Шлыкаў з Мудровым! Я вас да заняткаў не дапускаю!" Ну, вядома, скрывелімся, пасунемся да выхаду, дэманструючы, што ідзем у цырульню, а самі лезем на школьны дах, перакінемся там у "дурня" і на другі ўрок ідзем у сваю клясу. У рэшце рэшт на ўваходзе сталі выстаўляць настаўніцкі пікет, каб не пускаць нас у школу. Але мы й тут знайшлі выйсьце: сталі залазіць у школу па супрацьпажарнай лесьвіцы. Лазілі на працягу месяца, а можа й болей, аж пакуль у школу не прыехала нейкая праверка. Лесьвіца ішла акурат пад вокнамі настаўніцкай -- правяральцы нас угледзелі і кінуліся пераймаць. Сталі ціхенька ля драбінаў, што вялі на паддашкавы люк, а Рыбікаў, які спускаўся першым, ня ўгледзеў -- і скочыў некаму на галаву. На доле лямант, гармідар. Мы з Шлыкавым нічога не зразумелі, перапудзіліся, спусьціліся хуценька па супрацьпажарнай лесьвіцы на зямлю, злавілі нейкага першаклясьніка і загадалі выведаць: што там надарылася і наогул -- якая апэратыўная абстаноўка ў роднай школе. Апэратыўная абстаноўка была складанай і мы ў рэшце рэшт вымушаныя былі выкінуць белы сьцяг і разьвітацца з сваімі кудламі.

Абкарналіся "пад нуль", і ня толькі мы, але й яшчэ некалькі чалавек, а адзін хлопец з паралельнае клясы нават пагаліў галаву і змазаў яе (дзеля бляску) палітурай. На наступны дзень у клясу завітаў дырэктар школы Абрам Залманавіч і, перш чым мовіць слова, пакутліва ўздыхнуў. "Мне толькі што патэлефанавалі з гарадзкога камітэту партыі... -- у гэтым месцы дырэктар зрабіў паўзу, чакаючы, што твары нашыя прасякнуцца законнай трывогаю і, не дачакаўшыся, працягваў -- пыталіся, ці ня з нашай гэта школы выйшла хеўра а брытагаловых?" Запанавала зацятая ціша, якую парушыў Валеры Шлыкаў: "Дык вам не дагадзіць... Даўгія валасы насілі -- дрэнна, пастрыгліся на лысага -- ізноў дрэнна..." Дырэктар у адказ ізноў ўздыхнуў і моўчкі махнуў рукою.

Празь месяц у школу ізноў патэлефанавалі з гарадзкога камітэту партыі. Гэтым разам пытаньне было наступным: чаму вашыя вучні ходзяць ля гаркаму ў капелюшах? Рэч у тым, што мы сапраўды хадзілі ў капелюшах, прычым узору 50-х гадоў -- з высокім верхам і выдзертым нутром. Замест школьных папак (тады іх насілі ў якасьці партфэляў), у нашай тройцы былі аднолькавыя гаспадарчыя сумкі з процьмаю адмыслова прарэзаных дзірак і надпісам чырвонаю хварбай: ВЕАТ (хварба, праўда, неўзабаве аблезла). Насілі таксама вэльвэтавыя пінжакі і індыйскія джынсы "Miltons" (сапраўдныя фірмовыя джынсы ў Наваполацку ў тую пару былі толькі ў Пецькі Прахаронка -- іх яму прыслаў родны дзядзька зь Нью-Ёрку). Апроч джынсаў надзявалі таксама вэльвэтавыя штаны. У мяне, помню, былі кракадзілавага колеру -- зялёныя, з чорным разводзьдзем. Рыбікаў, убачыўшы ў польскім часопісе здымак сьпевака ў чырвоных штанах, пашыў сабе такія ж, прыйшоў у іх на школьную вечарыну і быў літаральна выкінуты за дзьверы дзяжурнымі настаўнікамі. Кашулі ў нас таксама былі адмысловыя. Мы іх самі хварбавалі: завязвалі вузламі белыя сарочкі, укідвалі ў анілінавы хварбавальнік, пасьля разьвязвалі і атрымлівалася штосьці неверагоднае. Было тое-сёе і з дэмісэзону: Рыбікаў цягаў даўжэзную (часінаў фінскае кампаніі) танкісцкую скуранку, а я такі ж даўжэзны "малянкоўскі" пыльнік з патаемнымі гузікамі, які падпярэзваў пяньковай вяроўчынай. Блукаючы ў такіх строях па горадзе, мы часьцяком фатаграфаваліся на прыступках гаркаму (у Рыбікава быў фотаапарат "Зэніт") і партыйныя круцялі, відавочна, ўспрынялі гэта як непавагу да "сьвятога" месца. А, магчыма, убачылі ў нашых асобах пародыю на саміх сябе, бо ж яны таксама хадзілі ў капелюшах ды шэрых "партыйных" пыльніках.

Ува ўсіх гэтых выбрыках, як атрамант скрозь бібулу, стала прабівацца палітычная падкладка і нашу тройцу -- тут няма сумневу -- паставілі на адмысловы ўлік. Прынамсі, павінны былі паставіць пасьля таго, як я вывесіў на дошцы школьных аб'яваў расклад трансьляцый канцэртаў папулярнай музыкі шэрагу заходніх радыёстанцый. Сярод іх былі "Radio Warszawa", "Voice of Amerika","Radio Sweden" і румынская праграма "Europe Liberty". Усё гэта адбывалася, адцемім, у 1970 годзе.

Школа і ленінскі камсамол спрабавалі далучыць нас да нейкіх "патрыятычных" спраў, але марна. Аднаго разу, прыкладам, прывялі ў музэй Баявой славы, што месьціўся ў школе і апавядаў пра дзейнасьць партызанскай брыгады НКГБ СССР "Няўлоўныя". Мы з маім аднаклясьнікам Грышам Песіным селі на крэслы -- сьпінкаю наперад, насунулі на галовы нямецкія каскі, якія там ляжалі ў якасьці экспанатаў, пасьля чаго з дырэктаркай музэю траха ня здарылася гістэрыка.

Спрабавалі таксама далучыць да фізкультуры й спорту, загадаўшы (гэта было ў красавіку) прыйсьці на школьны стадыён дзеля ўдзелу ў агульнарэспубліканскім маладзёвым кросе, прысьвечаным Дню савецкай касманаўтыкі. Мы і прыйшлі: у капелюшах (усе трое), у ватоўцы (Шлыкаў), у танкісцкай скуранцы (Рыбікаў), у пыльніку (Мудроў), у гумовых ботах (усе трое) і з падзертымі парасонамі ў руках. На старт нас ня выставілі, але мы ўсё адно прабеглі сваіх пяцьсот мэтраў, і пры гэтым, калі хтосьці вырываўся наперад, мусіў гамаваць хуткасьць з дапамогаю раскрытага парасону.

Любое мерапрыемства, што ладзілася з нашым удзелам, ператваралася ў нейкі фарс. Увосень 1970 -- я ўжо вучыўся ў дзесятай клясе -- па ўсёй неабсяжнай Краіне Саветаў пракацілася хваля мітынгаў пратэсту, на якіх рабочыя, калгасьнікі і прадстаўнікі працоўнай інтэлігенцыі патрабавалі неадкладнага вызваленьня палымянай камуністкі, актыўнай барацьбіткі за правы нэграў Анжэлы Дэвіс, якую амэрыканскія імпэрыялісты пасадзілі за краты. Прайшоў такі мітынг і ў нашай школе. Ад імя школьнай адміністрацыі з палкай выкрывальніцкай прамовай выступіў арганізатар выхаваўчай работы, якога, з-за доўгай шыі, мы называлі Гусаком. Гусак чытаў па-напісаным, штохвілі зьбіваўся і называў ахвяру расавай сэгрэгацыі ня Дэвіс, а Дэвас. Мяне з той прычыны разьбіраў нястрымны сьмех, да таго ж сябар, што стаяў за сьпінаю, стаў тыцкаць пальцамі пад рэбры, і калі прамоўца голасна выгукнуў: "Свабоду Анжэле Дэвас!" і пляснуў у далоні -- я, ратуючыся ад козыту, падскочыў і нема зарагатаў. Зь мітынгу мяне выгналі, выгналі таксама "казытуна" Сашку Мікуліча, а Валеры Шлыкаў і Генка Трушын сышлі за кампанію. Неўзабаве сталі разыходзіцца і астатнія -- падумалі, што мітынг скончыўся, але іх спыніў дырэктараў вокліч: "Стойце! Куды вы?!"

Пасьля заканчэньня "акцыі пратэсту" мяне паклікаў да сябе Абрам Залманавіч і, надаўшы голасу даверлівыя адценьні, запытаўся:"Скажы шчыра, Мудроў... Ты сапраўды падтрымліваеш амэрыканскіх цемрашалаў і таму сарваў важнае палітычнае мерапрыемства, ці ўсё ж у тваёй душы кволіцца хоць нейкая спагада да гэтай мужнай жанчыны?" (мелася на ўвазе Анжэла Дэвіс -- аўт.). І, не дачакаўшыся майго адказу, дадаў:"Табе будзе цяжка ў жыцьці".

Абрам Залманавіч Герцыковіч быў наогул добрым, адкрытым і ня помсьлівым чалавекам. Дзесьці ў недасяжных глыбінях душы я яго паважаў і праз шмат гадоў прысьвяціў яму апавяданьне "Яша". І калі б ён сёньня быў жывы, дык відавочна б зразумеў, што змагаліся мы ў далёкім 1970-м годзе ня зь ім асабіста і не з настаўнікамі, а з заідэалягізаванай сыстэмай адукацыі, якая душыла ў вучнях усё жывое. Зразумеў, што палымяная мурынка Анжэла Дэвіс была ўсяго толькі каляровай бурбалкай агітпропу, а ўсе гэтыя гэсы холы, роднэі арысмэндзі, луісы карваланы ды іншыя "кіраўнікі камуністычных ды рабочых партыяў" -- звычайнымі халяўшчыкамі, якія сядзелі на карку савецкай рабочай клясы й калгаснага сялянства.

Зрэшты, не аднымі мітынгамі ды бязглуздымі "ленінскімі ўрокамі" запомніўся 1970-ы. У той год я ўпершыню пацалаваў дзяўчыну й наведаў горад сваіх летуценьняў -- пракаветную Вільню.

Цяпер ужо й не магу прыгадаць -- чым мяне захапіў гэты горад і зь якой такой прычыны ён стаў маім духоўным Ершалаімам, але ў 1970-м я прагнуў аднаго: прайсьціся па віленскім бруку, убачыць старыя бажніцы, напоўніць плюцы густым, настоеным на паху царкоўнага воску й прывялага язьміну паветрам (менавіта язьмінам і воскам мусіла, на маю думку, пахнуць паветра ў Вільні). І вось, на летнія вакацыі, аўтар гэтых нататак выправіўся ў пілігрымку да свайго Ершалаіму, і не адзін, а зь сябрамі, і не на цягніку, а, як і належыць сапраўдным пілігрымам, пехатою. Дакладней, да Нарачы мы ўсё ж такі даехалі, але астатнюю дарогу -- болей за сто кілямэтраў -- вырашылі прайсьці пешкі.

Нам было па сямнаццаць гадоў, мы сьпявалі пад гітару песьні "Beatles" і "Rolling Stones", зь цікавасьцю паглядалі на дзяўчынаў, давалі нырца ў празрыстую Нарач і нам здавалася, што жыцьцё будзе такім жа бясконцым і бясхмарным, як неба ў той бласлаўлёны год. А між тым над галовамі нашымі ўжо вісела калматая хмара: праз чатыры гады прыстаўлены да нас з Шлыкавым былы аднаклясьнік паведаміў па п'янцы, што "ворганы" цікавіліся ў свой час -- на якую халеру мы цягаліся ў Вільню і ці мелі там сустрэчы зь літоўскімі нацыяналістамі.

Цягаліся мы туды ўпяцёх, зь літоўскімі нацыяналістамі не сустракаліся -- сустрэчы такія наогул не ўваходзілі ў нашыя пляны, -- а вось з "братамі па розуму" сустрэцца давялося. Адзін з нас, Сашка Мікуліч, даволі спрытна брынькаў на гітары і вечарамі, седзячы на нарачанскім беразе -- акурат на гэтым месцы цяпер збудавалі водныя атракцыёны -- мы хорам сьпявалі "свой рэпэртуар". Была ў тым рэпэртуары і знакамітая "Venus" гурта "Shocking Blue". У першы ж вечар грымнулі тую "Venus", да нас падбеглі трое хлопцаў -- іх намёт стаяў непадалёку -- і задыхана прамовілі: "Перапішыце словы!" Словаў, прызнацца, мы і самі добра ня ведалі, а таму, спаслаўшыся на адсутнасьць паперы і асадкі, прасьпявалі "Yesterday" і "Paint it Black".

Нашы новыя знаёмцы былі зь Вялейкі, таксама захапляліся біт-музыкай і крыху брынькалі на гітары. Праз колькі месяцаў, увосень, слухаючы чарговую музычную перадачу "Radio Sweden", я пачуў мэлядычны голас дыктаркі Тамары Юхансан: "... А для вас, Саша зь беларускага гораду Вялейка, а таксама для нашай пастаяннай слухачкі Лінды з эстонскага горада Кохтла-Ярве перадаем песьню "Venus", -- і адразу згадаў высокага чарнявага хлопца, зь якім пазнаёміўся на Нарачы.

Дарэчы, гэты Саша "падбіў" мяне на эпісталярны подзьвіг. Я таксама паслаў некалькі лістоў на "Radio Sweden", пры гэтым музычныя замаўленьні выконваліся, але імя майго ні Тамара Юхансан, ні ейны калега Ульф Цэдэніюс не называлі. А дзесьці пасьля Новага году Віцька Бушуеў -- ён вучыўся ў паралельнай клясе -- па страшным сакрэце паведаміў, што двух ягоных сяброў "цягалі ў кантору" й пыталіся: хто зь іх пісаў лісты на заходняе радыё? Мяне, праўда, гэтым разам нікуды не цягалі. Лісты я не падпісваў, укідваў іх, дзеля кансьпірацыі, у суседнім Полацку і эпісталярны подзьвіг мой (ужываю такі эпітэт безь іроніі ) на сэрцы рубцоў не пакінуў.

Ну, а да Вільні мы ўсё ж такі датупалі -- на сёмыя судні вандроўкі. І літоўская сталіца паўстала перад вачыма менавіта такой, якой мроілася, і паветра ля Гострай Брамы пахла растопленым воскам і язьмінам.

У дзясятай клясе канчаткова закінуў вучобу: вучыцца было проста не цікава, а да таго ж , з-за дрэннага зроку, нічога ня бачыў з дошкі. Дзень да дня бегаў па горадзе з магнітафонам, слухаў ВВС і расейскую "Свабоду", чытаў штотыднёвік "За рубяжом" і часапіс "Журналіст", пісаў нататкі ў мясцовую газэту і чытаў Гэмінгуэя. Пісьменьнік гэты мяне зачараваў. І ня толькі сваім героем, які рыбаліў у Гальфстрыме, але й акруглай барадой, швэдрам грубага вязаньня і фактамі біяграфіі, пра якія распавядалі аднойчы на бібісійнай хвалі. Гэта потым я прачытаў "Сьмерць героя" Олдынгтана, "Трыюмфальную арку" Рэмарка, "Падзеньне" Камю, "Майстра і Маргарыту" Булгакава, "За шклом" Мёрля і зразумеў, што Мэксыканская затока --- не адзіная прыгожая мясьціна на сьвеце, а Гэм --- далёка не апошняя старонка сусьветнай літаратуры. Але тады, узімку 71-га, у мазгавых зьвілінах і вэрбальных каналах захрас Гэмінгуэй і я ўрачыста ўмацаваў над пісьмовым сталом прывезены зь Піцеру партрэт -- той самы, дзе Э.Г. у швэдры грубага вязаньня -- першага і апошняга песьняра імклівага Гальфстрыму. На зімовых вакацыях якраз гасьцяваў у цёткі, і за пяць дзён, не выходзячы на вулку, прачытаў тры тамы гэмінгуэеўскага чатырохтомніка (цётка працавала бугальтаркай у кнігарні і ў яе было шмат цікавых і рэдкіх на той час кніг). Адну таміну прачытаць не пасьпеў і ўзяў з сабою ў дарогу. У цягніку, як толькі разьвіднела, панурыўся ў чытаньне. За вокнамі плылі панылыя, зьнявечаныя зімовай адлігай краявіды, над галавою зацята хроп жаўнер тэрміновай службы, насупраць, ля ног свайго дзіцёнка, сядзела раскудлачаная цётка, якая ад самага ранку ела крутыя яйкі, поўнячы прастору невыносным яешным смуродам, двое дзядзькоў з суседняга купэ раз за разам прасілі ў цёткі конаўку, а тая не давала, прамаўляючы адну і тую ж фразу: "Эта для рыбёнка", прыспаная правадніца грымела пустымі пляшкамі, незадаволена бубнела на дзядзькоў: "П'яніцы няшчасныя", а я, водзячы носам па старонках, чытаў шчымлівы раман пра каханьне лейтэнанта Фрэдэрыка й мэдсястры Кетрын. Менавіта там, на перагоне Невель --- Гарадок, мяне апанавала пякучая крыўда за матчын край, у якім, як у вапнавая яме, дагаралі мова, вера і памяць, дзе сінім агнём згарэлі цэрквы і касьцёлы, магнацкія замкі і сялянскія хаты-пяцісьценкі, сьвятыя абразы і старадрукі, дзедаўскія гаршкі й бабчыны вышыванкі, пайшлі дымам гонар і сумленьне, сьмеласьць і мужнасьць, дзе згарэлі лепшыя людзі, а тыя, што засталіся, кешкаліся на дне ямы, пілі "Сонцадар", грымелі пустымі пляшкамі, хадзілі на дэманстрацыі, выракаліся ўсяго сьвятога, пісалі заявы аб прыёме ў КПСС, ставілі помнікі людажэрам, будавалі пяціпавярховыя "хрушчобы", стаялі ў бясконцых чэргах, сьмярдзелі крутымі яйкамі і закарэлымі шкарпэткамі, сцалі на старажытныя муры, завіхаліся на прысялібных дзялянках, раскрадалі савецкую дзяржаву, ненавідзелі чэхаў, амэрыканцаў, габрэяў і, прыхоўваючы кемлівую сялянскую ўсьмешку, білі ў ладкі крамлёўскім валадарам.

...Мэдсястра Кетрын памерла падчас родаў і я з уздыхам паклаў кніжку ў торбу, жаўнер пакінуў храпці і з воклічам "ой, бля-а" зьвесіў долу сьмярдзючыя ногі, правадніца прабегла па вагоне, шматкроць прагарлаўшы "здавайце пасьцелі!" і ў гэты зорны міг цягнік тузануўся, матлянуўся на стрэлках і запаволіў хаду. Цягнік набліжаўся да станцыі Віцебск, а душа мая, тузануўшыся пад дыхніцай, пачала ад той хвілі няўмольна набліжацца да сваёй галоўнай станцыі, на якой даўно ўжо не затрымліваліся душы тутэйшых людзей і якая насіла грувасткую назву Беларушчына.

Неўзабаве, а менавіта ў траўні 1971-га, Толік Рыбікаў паклікаў нас з Валерам Шлыкавым на дапамогу: трэба было вынесьці з сутарэньняў ягонага дому рознае ламачча й непатрэбны хломазд. Хломазд мы вынесьлі, звалілі ў кучу і сталі чакаць сьмецьцевозу. Каб заняць нечым рукі, а разам зь імі і вочы, мы з Валерам узялі з кучы прапахлыя падвальнай цьвільлю кніжкі і сталі гартаць. Я, у прыватнасьці, узяў хрэстаматыю па беларускай літаратуры за 9-ую клясу. Разгарнуў яе зь зьмяшаным пачуцьцём агіды й зьдзіўленьня: у школе, нібыта, беларускую літаратуру вывучаў, а вось хрэстаматыю бачыў упершыню. Прыкрыўшы даланёю позех, прачытаў вершык Адама Гурыновіча, пазяхнуў яшчэ раз і тут вока зачапілася за эпіграф: "De la musique avant toute chose". Верш быў бяз назвы і нагадваў Т. Р. Шаўчэнку: "Па-над белым пухам вішняў, быццам сіні аганёк..." Вочы прабегліся па вершаваных радках, потым прымружыліся, я прачытаў верш паўшэптам і адразу ж запомніў на памяць. Тут жа ў хрэстаматыі былі "Вечар на захадзе ў попеле тушыць..."; "Добрай ночы, зара-зараніца!"; "Прывет табе, жыцьцё на волі!" і, нарэшце, "Зорка Вэнэра ўзышла..." Максімавы вершы папросту ашаламілі. Я іх чытаў, потым перачытваў, яны гучалі ўва мне, заглушаючы ўсе навакольныя зыкі: сыгналы сьмецьцявозкі, гаману цётак ля пад'езду, бразгат вёдраў і сябруковы вокліч: "Ну што вы там, цягніце сьмецьце..." Мяне апанавала Беларусь. Не, ня тая Беларусь, дзе я нарадзіўся і насельнікі якой "саплі, керхалі, рагаталі...", а дзіўны край русалак і лесуноў, зьмяіных цароў і вадзянікоў, залатых агнёў і сініх валошак. Край, дзе жылі Максім і Вэраніка, дзе тнулі ў неба вежы сьвятой Ганны і зіхцелі ліхтарні, дзе лёталі важкія хрушчы й зялёныя мушкі, дзе кувала зязюля, зьвінелі бомы, лёгкімі хмаркамі наплываў вечар і над зямлёю, працінаючы сэрцы гойстрымі дзідамі промняў, узыходзіла зорка Вэнэра. Кругагляд маёй душы, у якім не хапала аднаго сэгмэнту, набыў завершаную форму.

Што гэта было? Выпадковы ідэал маладосьці? Форма пратэсту супроць ідыятызму жыцьця? Спроба прарыву з замкнёнай прасторы ў бязьмежжа віртуальнага сьвету, умоўна названага Беларусяй? Цяжка сказаць, але вось ужо дваццаць дзевяты год я цялёпкаюся на нябачнай мяжы паміж рэалам ды віртуалам, захраснуўшы там намёртва, не прыдбаўшы нічога, апроч хваробаў, адчуваючы розумам, што ніякай Беларусі няма, што гэта прыдумка паэтаў і летуценьнікаў -- няшчасных людзей, што скончылі жыцьцё на чужыне, на сьляпучым калымскім сьнезе, у цямноцьці варкуцінскіх капальняў альбо ў Курапатах. І ўсё адно, у хвіліны горкіх жаляў, пачуўшы назолую фразу:"На што ты паклаў сваё жыцьцё?", альбо пабачыўшы па TV вусатага нячысьціка, альбо пастаяўшы ў чарзе поруч зь вечна п'янымі мужыкамі і падпітымі бабамі, якіх ці то жартам, ці то па злой іроніі называюць беларускім народам, я дастаю з кніжнай паліцы куплены ў траўні 1971 году двухтомнік і сьцярожка разгортваю першы том. Ён заўсёды разгортваецца на трыццатай старонцы і ўваччу мільгацяць да болю знаёмыя радкі:"Сонца ціха скацілася з горкі; Месяц белы, заплаканы сьвеціць..." І сэрца кожнага разу поўніцца ці то сумам, ці то ціхай радасьцю. І кожнага разу з душэўнай палёгкай уяўляеш, што ты не самотны, што ёсьць сотні, а мо' й тысячы такіх жа летуценьнікаў, якіх таксама грэе сонца Максімавай паэзіі.

У 1971 годзе мы зь сябрамі разьвіталіся са школай і разьвітаньне прайшло пад грукат жалезнай бочкі. Увечары 22 чэрвеня расьпісалі "на памяць" цокаль школьнага будынку лёзунгамі кшталту "Long live Beatles", а раніцою наступнага дня ўсіх выпускнікоў сабралі ў актавай залі й Абрам Залманавіч падупалым голасам паведаміў грамадзе, што ўчора ўвесь савецкі народ з болем у сэрцы адзначыў трыццатую гадавіну нападу гітлераўскай Нямеччыны на Савецкі Саюз, а тым часам Мудроў, Шлыкаў і Рыбікаў па-свойму адзначылі гэтую дату, размаляваўшы школу нэафашыстоўскімі заклікамі. Абрам Залманавіч паведаміў таксама, што калі мы сёньня ж не пабелім цокаль, намі зоймуцца адпаведныя органы. Вось і давялося ісьці на будоўлю, браць там бочку, вапну, яшчэ нейкую халеру і майстраваць з пакульля дыхтоўныя квачы. Цокаль мы пабялілі як мае быць і Абрам Залманавіч -- ці не ўпершыню за апошнія два гады -- застаўся задаволены з нашай працы.

Два летнія месяцы 1971 года адседзеў за падручнікамі -- трэба ж было некуды паступаць, -- пасьля чаго, праўдамі і няпраўдамі, паступіў у мяйсцовы політэхнічны інстытут, які сталічна-акадэмічныя снобы не без падстаў называлі Наваполацкім сьвінагадоўчым комплексам. Комплекс быў на 1000 галоў і я адразу ж заняўся пошукам сьветлых галавешак -- тых, у якіх віравалі ідэі свабоды і нацыянальнага адраджэньня.

На нашым патоку палова студэнтаў былі вяскоўцамі -- вось да іх я і пачаў "пад'яжджаць", маракуючы, што яны генэтычна зьвязаны зь беларускай мовай, а таму, пасьля пэўнай апрацоўкі, гамузам стануць у шыхты змагароў за Новую Беларусь. Гэта цяпер я разумею, што вёска даўно ўжо згубіла ўсялякія духоўныя пачаткі і зьяўляецца па сутнасьці рассаднікам паталягічнага халуйства і нацыянальнай дэградацыі (ці не таму сярод навачасных адраджэнцаў спрэс адныя месьцічы ды "мяшанцы"), а тады, у верасьні 71-га, пачуўшы вясковы пранонс, я лез да яго носьбіта ў знаёмцы, гаманіў па-беларуску, чытаў Максімавы вершы і бачыў на тварах былых вяскоўцаў ці то спалох, ці то недавер, ці то ніякаватасьць.

З той пары запомнілася адна размова. Мы, чатыры студэнты, яшчэ добра не перазнаёміўшыся адно з адным, ехалі ў кодабе грузавіка "на бульбу", і я, вядома ж, ушчаў гаману ў пэўнай парадыгме. Маўляў, францускія студэнты на бульбу ня езьдзяць -- для тамтэйшай эканомікі падобныя непрадукцыйныя падыходы непрымальныя. Пасьля такога зачыну я вытрымаў паўзу і працягваў: вось калі б у нас, беларусаў, была свая дзяржава, такая ж магутная, як Францыя, і калі б усё навокал было беларускім -- якое б гэта было жыцьцё! Пачуўшы мой сьпіч, адзін з хлопцаў -- сын вайскоўца, ураз спахмурнеў -- у ім прачнулася гадаваная бацькамі непрыняцьце ўсяго беларускага, другі -- выпускнік адной зь беларускіх школаў Дрысенскага раёну, які дагэтуль голасна апавядаў вясёлыя показкі, аціх і потым цэлы год трымаў дыстанцыю, і толькі Валодзя з Полацку, такі ж "мяшанец", як і я, пацешыўся з маіх словаў. "Ну ты параўнаў... сраку з пальцам",-- выдыхнуў зямеля, -- што такое Францыя, і што -- мы..." "А што мы?"-- з крыўдаю ў голасе перапытаў я. "Кавалак гаўна"-- патлумачыў Валодзя і гэтая немудрагелістая дэфініцыя запомніліся на ўсё астатняе жыцьцё.

І ўсё ж там, "на бульбе", давялося сустрэцца з адным, скажам так, несьвядомым прыхільнікам Беларушчыны. Звалі яго Лёнем, жылі мы зь ім у аднэй хаце, спалі поруч на саломе і па вечарох Лёня чытаў мне беларускія вершы з школьнай праграмы. Асабліва мяне ўражваў "Пахне чабор". Кульнуўшы чарку, я віснуў у Лёні на плячы, п'янавата глядзеў у вочы і здушаным голасам прасіў: "Лявонька, прачытай..." Лявонька чытаў, я ўражана шморгаў носам і дзівіўся таму -- як мог няздара-Броўка напісаць такі мілагучны, па-беларуску шчымлівы верш.

Аднойчы ўвечары ў хату ўбіўся Валер Шлыкаў -- ён гасьцяваў недзе пад Дзісной і вырашыў прыйсьці ў адведкі. Пратупаў 8 кэмэ, цягнучы ў руках кайстру зь пяцьцю пляшкамі "чарніла" і патэфон з кружэлкамі. "Набыў у аднэй цётухны", -- патлумачыў сябрук, калі мы навыперадкі крутнулі корбу сталіноўскага "музону". Выжлукціўшы пад салодкія сьпевы Бунчыкава й Нячаева пяць пляшак "чарніла", мы выкулілася на падворак і неўзабаве паснулі на сьвежым паветры, у сьціртах саломы.

Наогул, інстытуцкая пара калі чым і запомнілася, дык гэта апраметнымі п'янкамі. П'янкі мелі пэрманэнтны характар, доўжыліся ўсе пяць гадоў вучэньня і ў практычным пляне гэта былі выкінутыя з жыцьця гады, але, зь іншага боку, калі б я нават і паступіў у якую сталічную гуманітарную вучэльню, дык доўга б там не правучыўся. З маімі перакананьнямі самы раз было падавацца не ў сталічную ВНУ, а ў сталічную "амэрыканку". На шчасьце, Бог уратаваў ад падобных унівэрсытэтаў.

У сьнежні 1971 году Максіму Багдановічу спаўнялася 80 гадоў. Я чакаў, што з той нагоды адбудуцца мастацка-літаратурныя імпрэзы, адчыняць помнік, адаб'юць памятны мэдаль. Але не... Нічога такога не адбылося, калі не лічыць шкадобы вартага сходу, на якім беларускія пісьменьнікі страшэнна неінтэлігентнымі галасамі галёкалі пра дабратворны ўплыў вялікай расейскай літаратуры на творчасьць Максіма Багдановіча. У тыя дні перачытаў амаль усе цэнтральныя беларускія газэты, шукаючы згадкі пра юбілей, але адныя газэты пра Максіма нават не згадалі, а другія зьмясьцілі, відавочна, дзеля адчэпкі, караценькія і па-савецку прымітыўныя артыкульчыкі зь невыразнымі фотаздымкамі, на якіх Максім выглядаў пяцідзесяцігадовым столаначальнікам. Мая наіўная душа абуралася. У іншых народаў паэт такога сумеру стаўся б апосталам нацыі, мейсца яго нараджэньня сталася б мейсцам паломніцтва нашчадкаў, яму б паставілі помнікі, а тут... Маё абурэньне сублімавалася спачатку ў мацюгі, потым у роздум над тым -- як ушанаваць паэтавы ўгодкі і, нарэшце, галаву маю наведала канструктыўная ідэя -- арганізаваць нацыянальную суполку і назваць яе імем свайго куміра. Так у Наваполацку, у сьнежні 1971 году, утварылася суполка пад даволі велягурыстым назовам: Творчае літаратурна-мастацкае аб'яднаньне імя Максіма Багдановіча. У аб'яднаньне, апрача аўтара праекту, увайшлі Валера Шлыкаў, Толік Рыбікаў, Лявон Пятроў, а таксама Толікава сяброўка Тоня, якая пісала вершы па-расейску і якую мы залічылі ў свае шыхты з палітычных меркаваньняў -- каб разбавіць шыхты расейшчынай і, такім чынам, пазьбегнуць абвінавачаньняў у нацыяналізьме. На першым сходзе -- а адбыўся ён, калі не памыляюся, у Валеравай кватэры -- кожны чалец атрымаў адмысловае пасьведчаньне і наказ: пашыраць суполку за кошт прыцягненьня ў яе нацыянальна-сьведамых і творчых асобаў. Літаратурна-мастацкая суполка мусіла мець свой "друкаваны ворган", таму я ў той жа дзень узяў кавалак ватману, склаў у столку і на тытульным баку напісаў тушшу і чырвоным алоўкам слова АЛЬМАНАХ. Ніжэй, дробнымі літарамі, пазначыў: "Творчае літаратурна-мастацкае аб'яднаньне імя Максіма Багдановіча. Наваполацак. 1971 год".

Цяпер ужо й ня памятаю -- што я пісаў у тым першым нумары альманаху. Штосьці пра родную мову, пра ўгодкі Максіма Багдановіча і пра задачы нашай суполкі. Была ў альманаху і рубрыка "Наша творчасьць". Тут у рэдактара-выдаўца і ўзьніклі праблемы. У рэдакцыйнай кайстры быў толькі кволы вершык самога рэдактара, ды мілосны, па-расейску пісаны мадрыгал Толікавай сяброўкі. Расейскія вершы ставіць не хацелася, пагатоў мадрыгал той быў далёкі ад дасканаласьці й заканчваўся нязграбнай фразай: "Любимый мой, ты мой, мой ты". Ня ведаючы, чым запоўніць рубрыку, я адклаў альманах і пачаў агітаваць чальцоў аб'яднаньня і, у прыватнасьці, Валер’я Шлыкава, які штосьці там пісаў па-расейску, заняцца літаратурнай творчасьцю на ніве Беларушчыны. Неўзабаве пачалася экзаменацыйная сэсія, потым прысьпелі доўгачаканыя вакацыі, падчас якіх ізноў езьдзіў у Піцер і апантана чытаў Фолкнэра, потым... -- у гэтым месцы стаўлю тры кропкі і цяжка ўздыхаю -- я закахаўся, і выданьне альманаху было адкладзена да лепшае пары.

Успаміны з палітычнай падкладкай -- жанр спэцыфічны. Рознага кшталту амурныя рэмінісцэнцыі выглядаюць тут залішнімі, і ўсё ж пра сваё першае (і, бадай, апошняе) каханьне варта сказаць пару словаў.

Мінула дваццаць сем гадоў, а я і цяпер, што той Пэтрарка, памятаю ня толькі дзень, мейсца, але й дакладны час сустрэчы зь "дзяўчынай сваёй мары". У маёй Ляуры было дзіўнае, як мне тады здавалася, імя -- Вера; была яна старэйшая ад мяне на год, насіла акуляры і яе вочы, што глянулі на мяне 20. 03. 72 г. у 18 гадз. 55 хв., зрабілі мяне амаль што паралітыкам. Прынамсі, ногі сталі заплятацца і я, ідучы па праходу (адбываліся гэтыя жарсьці на канцэрце гурта "Поющие юнги" Калінінградзкай філярмоніі), два разы спатыкнуўся.

Псыхолягі ўважаюць такі стан за лёгкую форму вар'яцтва і, відаць, маюць рацыю. І ўсё ж, казелячы вокам на партрэт папулярнага сёньня доктара Фройда, заўважым: у прыродзе каханьня ёсьць нейкая неспазнаная тайна, а зірнуўшы на партрэт доктара Юма, ці якога іншага агностыка, дадамо: і мы яе ніколі не разгадаем.

Мая Ляура ўжо даўно жыве ў Альжыры, мае мужа-араба, двух (а мо' й болей дзяцей ), размаўляе зь імі па-француску і па-арабску, і з настальгіяй глядзіць на тэлеэкран, калі па TV, прыкладна раз на год, паказваюць бойкі на менскіх вуліцах. Ну а я, адгарнуўшы чародным разам лісток календара, і ўбачыўшы, што сёньня 20 сакавіка, чухаю сівую бараду і з элегічным сумам дзіўлюся хуткаплыннасьці часу.

Лета 1972 года выдарылася сухім і гарачым. Наш студэнцкі будаўнічы атрад "Імпульс" два летнія месяцы заліваў бэтонны пляц на будаўніцтве Лепельскага экскаватарнарамонтнага заводу. Удзень раскачвалі бэтон жалезнай трубой, а ўвечары біліся "зь мясцовымі", прычым бойкі былі зацятымі і крывавымі. У тым жа будатрадзе нам з Рыбікавым ледзь не прышылі палітыку. У першы ж дзень, прыехаўшы ў Лепель і ўладкаваўшыся на пастой у мяйсцовай школе, знайшлі ў нейкім катуху партрэты чальцоў Палітбюро ЦК КПСС. Партрэты былі вялізныя, дарэшты пашарпаныя, мы іх яшчэ больш пашарпалі і разьвесілі на надворнай прыбіральні. Прычым пазавешвалі спрэс, бо партрэтаў было больш дваццацёх. З катуха выцягнулі таксама кардонавы цыліндар -- лепельскія шкаляры, відаць, гралі "Анегіна"-- сябрук нацубіў яго на галаву, узяў у рукі партрэт таварыша Кірыленкі і стаў хадзіць зь ім вакол "палітбюроўскай" прыбіральні. Хто бачыў гэты пэрфоманс, ледзь не падох са сьмеху, але найбольш уразіў ён камандзёра з камісарам. Хлопцы рабілі камсамольскую кар'еру і падобныя "пэрфомансы" маглі мець самыя непажаданыя наступствы. Напачатку яны загадалі нам з Рыбікавым зьбірацца да хаты, але потым, падумаўшы, вырашылі не ўздымаць вялікага вэрхалу і ўсё абышлося.

Адпрацаваўшы месяц у будатрадзе, прыехалі зь сябрам "на пабыўку" і, нават не пераапрануўшыся, рушылі да Шлыкава. Выпілі ўтрох пляшку сьпірытусу, ладна захмялелі, загаманілі на адраджэнскія тэмы і Валера ўручыў мне стос дробна сьпісаных тэлеграфных блянкаў. Я п'янавата зірнуў на першы блянк і прачытаў:

Дзесьці музыка ціха гучэла,
На падворку вятрыска шамрэў,
Я пяшчотна і неяк нясьмела
Да цябе прытуліцца пасьмеў.

Вершы, якімі былі сьпісаныя паперкі, адпавядалі майму душэўнаму стану і таму падаліся геніяльнымі. Увечары, ачуняўшы ад хмелю, я выцягнуў са стальніцы недапісаны альманах і на адной з старонак рупліва вывеў: "Валеры Шлыкаў. Вершы". Дзесьці ў верасьні паказаў альманах сябрам і тут жа намаляваў вокладку дзеля другога нумару. Гэтым разам альманах атрымаў сваю назву: "Блакітны ліхтар".

Маракуючы -- як назваць "рукапісны ворган Творчага літаратурна-мастацкага аб'яднаньня", я меў на ўвэце годны прыклад -- літаратурную суполку "Зялёная лямпа", што арганізавалі ў 1819 годзе расейскія сьнежанцы. Назва гэтая падабалася, і мне рупіла ахрысьціць аб'яднаньне і ягоны рукапісны орган у падобнай парадыгме. Так на вокладцы зьявіўся малюнак ліхтара, а паколькі ў мяне быў флямастар блакітнага колеру, ліхтар у тую ж хвілю засьвяціўся і аб'яднаньне наша стала называцца «Творчай літаратурна-мастацкай суполкай "Блакітны ліхтар" імя Максіма Багдановіча». Назва, як на сёньняшні эстэтычны густ, даволі рызыкоўная, але ня варта крывіць падступных усьмешак, пагатоў у Наваполацку ў 1972 годзе не было ня толькі відзікаў, але й педзікаў.

Другі нумар альманаху падрыхтаваў Валеры Шлыкаў. Быў ён амаль цалкам прысьвечаны Якубу Коласу -- якраз тады блізіліся 90-ыя ўгодкі з дня нараджэньня песьняра, -- ну, а трэці нумар выйшаў з-пад пяра Анатоля Рыбікава. Дагэтуль Анатоль ніколі не пісаў беларускіх вершаў, а тут увесь нумар быў запоўнены ягонай вершаванай прадукцыяй і гэта нас, астатніх чальцоў аб'яднаньня, зьдзівіла й парадавала. Прадукцыя, праўда, была далёкай ад дасканаласьці, і ў адным з наступных нумароў я нават зьмясьціў пародыю, напісаную паводле рыбікаўскіх вершаў. Пры гэтым той, каму яна была прысьвечана, ня толькі не пакрыўдзіўся, а наадварот -- акрыяў душой і натхніўся на стварэньне новых "пародыянебясьпечных" твораў.

У першых нумарах практычна не было палітыкі. Старонкі крэйдавай паперы -- а пісалі мы менавіта на ёй -- поўніліся вершамі пра п'янку і каханьне, фотаздымкамі аўтараў, рознымі замалёўкамі, разважаньнямі пра родную мову, нататкамі пра творчасьць паэтаў і пісьменьнікаў мінулай пары. Наогул, гэта была гульня, своеасаблівы літаратурны пэрфоманс, аднак мой інстытуцкі сябар Лявон, якому прыйшла чарга выдаваць чарговы нумар, своечасова зразумеў усю небясьпеку такой гульні і № 4 давялося "рэдагаваць" аўтару гэтых маркотных успамінаў. Забягаючы наперад, мушу сказаць, што яшчэ адзін "гулец" праз колькі гадоў шчыра шкадаваў, што зьвязаў свой лёс з "Блакітным ліхтаром"... Па сканчэньні інстытуту Толік Рыбікаў зьехаў па разьмеркаваньні ў далёкі Казахстан і ў алімпійскім 1980 годзе паўстаў перад намі -- мной і Валерам -- зусім не такім, якім мы яго ведалі. Быў ён ружовашчокім, па-партыйнаму стрыманым, па-камсамольску залізаным, і з дэпутацкім значком на штрыфелі крымпленавага пінжака. Як высьветлілася, сябрук наш атабарыўся ў закрытым казахскім горадзе Сьцепнагорск, якога няма на мапах, і за чатыры гады выбіўся там у першыя сакратары гаркаму камсамолу. Толік, не бяз годнасьці, прадэманстраваў каляровыя здымкі, на якіх ён быў зьняты на тле службовай "Волгі", і калі мы ўзялі па поўнай чарцы, стоена паведаміў, што далейшага прасоўваньня па службовай лесьвіцы не прадбачыцца. "Усё з-за "Блакітнага ліхтара", -- пакутліва ўздыхнуў сябрук і з гэтым уздыхам скончылася нашае сяброўства.

1973-ці стаўся годам пэрманэнтных п'янак і кепска адбіўся ў памяці. У той год я вырашыў, па прыкладу нарадавольцаў, "пайсьці ў народ". Паколькі ў студэнцкім асяродзьдзі знайсьці адэптаў незалежнай Беларусі не ўдалося, заставаўся шанец адшукаць іх сярод простага люду. Просты люд, як вядома, па вечарах сядзеў у кавярнях ды піўніцах -- туды і я рынуў. Падсаджваўся з кухлем піва да якіх-небудзь дзецюкоў, перакідваўся зь імі некалькімі словамі і паволі ўсчынаў гаворку на адраджэнскія тэмы. Ну, а падпіўшы, пачынаў уголас чытаць вершы Багдановіча, прамаўляў тосты за Вольную Беларусь і аднойчы, пасьля аднаго такога тосту, ледзь ня быў пабіты. У дужках заўважу, што суправаджаў мяне ў такіх "ходаньнях" мой былы аднаклясьнік -- спакойны і ўраўнаважаны хлопец, які, як потым высьветлілася, зьяўляўся асьведамляльнікам КГБ. "Я т-те, с-сука, дам независимость!" -- словы гэтыя, сказаныя на мой адрас нейкім п'яным боцманам ацьвярэзілі ў літаральным і пераносным сэнсе. Боцман узяў мяне за каршэнь і пад ухвальныя воклічы грамады выкінуў зь піўніцы. І менавіта тады прыйшло ўсьведамленьне: беларусаў на Белай Русі ўжо даўно няма, а ўсе, хто быў здольны да нейкага супраціву, хто мог абараніць сваю нацыянальную годнасьць, даўно панішчаныя. І яшчэ я зразумеў, што самы страшны вораг Беларушчыны -- не п'яныя расейскія боцманы, і не крамлёўскія дэгенэраты, а вось гэты дэклясаваны соцыюм, які сядзеў поруч са мной у кавярні і які па злой іроніі называлі беларускім народам.

І вось, калі я ўжо кінуў спробы знайсьці "братоў па розуме", надарылася сустрэча, якая ў пэўнай ступені прадвызначыла мой далейшы лёс...

З Уладзімерам Арловым мы былі знаёмы, казаў той, са школьнай лавы. Жыў ён у доме № 4 па вул. Кірава, там жа жылі мае сябры-аднаклясьнікі, мы часьцяком сустракаліся, але вялікага сяброўства між намі не было. Арлоў вучыўся на адныя пяцёркі, настаўнікі ставілі яго ў прыклад, і такому ветрагону як я сябраваць з выдатнікамі не пасавала. Але аднойчы клясная кіраўнічка запрасіла Арлова -- на той час студэнта першага курсу БДУ -- распавесьці нам, шалахвостам, пра ўнівэрсытэт, пра ўступныя іспыты і наогул пра студэнцкае жыцьцё.

Арлоўскі расповед нам спадабаўся: госьць распавядаў пра ўсё з дасьціпным гумарам, ну а пры канцы, паведаміўшы, што рэгулярна чытае ў мясцовай газэце мае зацемкі, выдаў фразу наступнага зьместу:"Мудрову варта падавацца на журфак, у яго ёсьць задаткі журналіста". Такая фраза, зразумела, лягла на сэрца і пасьля ўроку мы з Арловым яшчэ ладна пагаманілі. Праўда, паступаць на журфак ён мяне не спакусіў: ехаць паступаць у галоўнае ВНУ рэспублікі з тройкай па паводзінах -- такога нахабства я сабе ня мог дазволіць.

Працяглы час мы з Арловым былі добрымі знаёмцамі, а неўзабаве адбылося наша "спатканьне на Вераб'ёвых гарах". Падчас таго "гістарычнага" спатканьня я, памятаецца, спытаў: ці ёсьць у Менску інтэлігенты, што размаўляюць па-беларуску? Такое пытаньне Арлова не зьдзівіла, ён з натхненьнем адказаў: "Ёсьць!" і паведаміў, што на мінулым тыдні на ўласныя вушы чуў, як па-беларуску гаманілі прафэсар Алег Лойка ды бацька Генадзя Кулажанкі -- аднакурсьніка зь гістфаку. Вестка такая не магла не натхняць: ёсьць, значыцца яшчэ беларусы на сьвеце! І, зразумела, я адразу ж працяўся павагай да бацькі невядомага мне Генадзя Кулажанкі і яшчэ большай павагай -- да прафэсара Лойкі. Наша размова, аднак, на гэтым ня скончылася: я стоеным голасам паведаміў сябру, што ёсьць пара надзейных, апанаваных Беларушчынай хлопцаў, зь якімі разам выдаем падпольны рукапісны альманах.

На наступны дзень я перадаў альманахі Арлову -- колькі нумароў тады выдалі -- ужо ня памятаю, -- і ён павез іх у Менск, каб паказаць аднакурсьнікам. Прайшоў месяц, а мо' й болей, і вось, нарэшце, сябар завітаў у родныя Палестыны, і зь ягоных словаў можна было зразумець, што "рукапісны ворган Творчай літаратурна-мастацкай суполкі "Блакітны ліхтар" быў прыхільна сустрэты менскімі чытачамі: менчукам спадабалася ня столькі "зьмесьціва", колькі сама ідэя выданьня непадцэнзурнага беларускамоўнага альманаху. Тады ж Уладзя -- так па ягонай просьбе я стаў называць сябра -- даў мне свае вершы і фотаздымак, на якім ён, дзесяцігадовы хлапчына, стаяў пад яблыняй і кусаў яблык. Вершы разам з фотаздымкам былі "надрукаваныя" ў наступным нумары альманаху і ў суполцы нашай на аднаго чальца стала болей.

Тым часам заварушыліся і менскія мальцы. Уладзя паведаміў, што ў іхным інтэрнацкім пакоі сталі зьбірацца нераўнадушныя да лёсу Бацькаўшчыны студэнты: Генадзь Кулажанка, Юрась Бандаровіч, Алесь Міткавец, Ігар Чарняўскі ды іншыя. Дзесьці ўвосень 73-га адзін з памянёных -- Генадзь Кулажанка -- прыяжджаў у Наваполацак і мы пазнаёміліся. Госьць уразіў сваёй інтэлігентнасьцю, абаяльнасьцю -- быў падобны з твару да папулярнага ў той час актора Ўладзіслава Дваржэцкага, -- абазнанасьцю ў гісторыі і наогул адчувалася, што гэта ён зьяўляецца нефармальным лідарам унівэрсытэцкай суполкі. Мы ўтрох -- Генадзь, Уладзь і я -- доўга блукалі па наваполацкіх вуліцах, складалі пляны нацыянальнага адраджэньня, чыталі беларускія вершы, а напярэдадні ад'езду Гена Кулажанка даў дзеля альманаху невялікі, напаўжартам напісаны артыкул пад назовам "Паэт-летуценьнік Валеры Шлыкаў". "З гэтага хлопца атрымаецца паэт", -- паведаміў госьць, маючы на ўвазе Валер’я Шлыкава, а я ў сваю чаргу падумаў: "А зь цябе мусіць атрымацца ачольнік адраджэнскага руху". На вялікі жаль, прагнозы нашыя ня спраўдзіліся: пасьля разгрому альманаху Валеры кінуў пісаць вершы і пачаў піць, Генадзь быў пасланы ў пачатку 80-ых у Афганістан і загінуў там пры нявысьветленых абставінах, а вышэйпамянёны рух, які пачаў набіраць моцы прыканцы 80-ых і які ачолілі іншыя людзі, быў зьведзены на пусты канец.

Згадаю і яшчэ адну прасьветлую й чыстую душу, што спрычынілася калісьці да выхаду "Блакітнага ліхтара". Звалі таго хлопца Андрэй Грабаў, і ў час, калі мы прынялі яго ў свае шыхты, Андрэй вучыўся ў дзясятай клясе ўсё той жа наваполацкай СШ № 2. Гэта, паўтаруся, быў чысты й сумленны хлапец з бунтарскім характарам, заўзятар біт-музыкі і Гэмінгуэя, і я, пазіраючы на Андрэя з "вышыні" сваіх тадышніх гадоў, бачыў у ім сябе самога. Андрусь часьцяком завітваў на нашыя сходкі, слухаў нашыя бясконцыя размовы, чытаў і перачытваў нумары альманаху і ў рэшце рэшт прынёс свае ўласныя вершы. Грабаўскія вершы -- ужывем гульню словаў -- былі напісаны даволі зграбна і наогул вершаваныя радкі былі пазначаны паэтычным талентам. Гэта што да вершаў лірычнага ладу. Аднак, апроч іх, прынёс Андрэй і вершы, так бы мовіць, грамадзянскага гучаньня. Уладзімер Арлоў у адным з сваіх твораў узгадаў па памяці колькі радкоў аднаго Андрэевага верша:

Рушу па Беларусі...
У небе маланка палае.
Пад прыгонам усходнім стогне наша зямля.
Песьні-жальбы лунаюць ад краю да краю...

Канчаўся вершаваны твор аптымістычным сьцьверджаньнем, што неўзабаве ў беларускіх лясох "паўстане моладзі атрад". Верш гэты зьявіўся на старонках "Блакітнага ліхтара" ў пачатку 74-га, а праз колькі гадоў Андрэй быў пакліканы ў Кзыл-Арду і назад не вярнуўся: быў забіты, паводле афіцыйнай вэрсіі, таварышам па службе.

Cёньня, калі з часу разгрому альманаху мінула чвэрць стагодзьдзя, дакараю сябе, што не зрабіў копіі зьмешчаных у ім матэрыялаў. Па памяці ўжо немагчыма аднавіць тыя ж Андрэевы вершы, а яны б і цяпер гучалі як выклік славутай беларускай "памяркоўнасьці" -- халуйству й паталягічнай абачлівасьці, якімі здавёнчасу апаражаны наш народ і ягоны "інтэлектуальны авангард" -- пісьменьніцкая братчына.

Зьмесьціва "Блакітнага ліхтара" -- а ўсяго выйшла пятнаццаць сшыткаў -- далёкае ад літаратуры ў клясычным разуменьні гэтага слова. Пісалі мы розную лухту і таму жартам менавалі свой альманах "Блакітным лухтаром". У паэзіі пераважала так званая "чарнільная лірыка", якая шчыльна спалучалася з эратычнымі відзежамі ды мілоснымі перажываньнямі лірычнага героя. Рэй тут вёў Валеры Шлыкаў, якому належалі наступныя радкі:

Штосьці кепска стала жыць --
Няма каго спакусваць...
Што рабіць?
Ды трэба піць!
Піць і не закусваць.

Яшчэ адна папулярная паэтычная форма -- гэтак званыя "агітвершы" (у апошніх нумарах мы іх сталі менаваць "агідвершамі"). Згадаю адну з такіх "агідак":

Там, на лузе, за ракою, дзе шуміць чарот
Адшукаў я выпадкова брудны, рваны бот.
Я пяшчотна ўзяў абутак, кінуў да гары,
Закрычаў я ўсяму сьвету (рэха у бары),
Скалануў я лугавіну ў жальбе і дакоры:
-- Здавайце, людзі, сыравіну у нарыхтканторы!

А вось яшчэ адзін падобны твор:

Ночкай купальскай ў сярэдзіне летку
Шукаюць дурныя папараць-кветку.
Ходзяць яны з патаемнымі марамі,
Кветку шукаюць з пужлівымі тварамі.
Гэй вы, дурныя, ідзіце лепш спаць,
Годзе вам гэтую кветку шукаць.
Калі жадаеце шчасьце здабыць --
Трэба білет лятарэйны купіць!

Сканчваўся "агітверш" заклікам: "Грамадзяне, набывайце білеты Дзяржаўнай 3% грашова-рэчавай лятарэі!"

Мелася ў альманаху і паэтычная рубрыка "Мама, пачытай..." Дзеля гэтай рубрыкі Валеры Шлыкаў напісаў добры тузін вершаў і нават невялікую паэму пра тое, "як згубіў вушасты слон звонкія падковы". Апроч таго ў кожным нумары зьмяшчаліся матэрыялы пра беларускіх паэтаў ды пісьменьнікаў і рознага кшталту зацемкі пра гаротны стан нацыянальнай культуры.

У адным з сваіх артыкулаў Валеры Шлыкаў напісаў пра тое, што сябрам Творчай літаратурна-мастацкай суполкі імя Максіма Багдановіча трэба пільнавацца, бо кожны крок незалежніцкіх сілаў кантралюецца органамі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Напісаў нібыта жартам, але пры тым як у ваду глядзеў. Кожны наш крок насамрэч кантраляваўся гэбісцкімі "органамі" і ў хуткім часе мы ў тым напоўніцу пераканаліся.

Аднойчы ўвечары -- на календары быў 1974 год -- я ішоў па вуліцы Маладзёвай у Наваполацку і, абмінаючы двух падпітых дзядзькоў, пачуў фразу, якая прымусіла мяне сьцішыць крок. "Вунь, твой беларус пайшоў", -- прамовілі мне тады ў сьпіну, я азірнуўся і падпітыя дзядзькі з прафэсійным імпэтам адвялі позіркі. Я адразу зразумеў ---хто гэтыя людзі, як зразумеў і тое, што нашыя рукапісныя жарцікі скончыліся і КГБ ужо распачаў "паляваньне на апошняга беларуса". Душу маю апанаваў... не, ня страх, а нейкі цягуча-напружаны помрак. Я адчуў раптам, што мне наканавана ўсё жыцьцё блукаць у гэтым помраку, і сьпіну маю ўсё жыцьцё будуць сьвідраваць зьвераватыя позіркі, а навокал, у помраку, будуць сапець, керхаць, рагатаць, плакаць, піць, задавальняць фізіялягічныя патрэбы і аплёўваць усё сьвятое напаўразумныя істоты, імя якім -- савецкія мутанты. І яшчэ я адчуў страшэнную самоту і прагу прыхіліцца да каго-небудзь. Адзіным чалавекам, якому я вырашыў распавесьці пра сустрэчу з падпітымі дзядзькамі, быў Уладзя Арлоў. Але калі ён зьявіўся ў родных мясьцінах і калі я пабачыў ягоны пабляклы твар, дык зразумеў, што сябар меў сустрэчы куды больш сур'ёзнага парадку.

"Дрэнь справы", -- яшчэ з парога прамовіў Уладзя. "Учора выклікалі ў дом з бэльвэдэрам, КГБ усур'ёз намі зацікавіўся і цяпер раскручвае справу". Паводле сябравых словаў, нехта з унівэрсытэцкіх студэнтаў, якім на вочы патрапіў адзін з нумароў альманаху, перапісаў зьмест і пераслаў паперу ў "кантору". "Рыхтуйцеся, хутка й вас пацягнуць", -- папярэдзіў Уладзя і паехаў здаваць залікі.

Падрыхтоўка была кароткай: мы з Валерам выдалілі з альманаху старонкі зь небясьпечнымі вершамі, з артыкуламі, дзе згадваліся КПСС і ейны баявы атрад і замянілі іх старонкамі з палітычна ляяльнымі тэкстамі. Мусілі так зрабіць, бо гэбісты, па сьведчаньні Арлова, ведалі агульную колькасьць нумароў і колькасьць старонак. Пасьля такой запозьненай рэдактуры, склалі ўсе пятнаццаць нумароў у стос і сталі чакаць гасьцей: былі перакананы, што гэбісты будуць нас браць на кватэрах і абавязкова ноччу. Але прайшоў месяц, другі, трэці, а госьці ўсё не прыходзілі. Цяжка сказаць, зь якой мэтай яны цягнулі валынку. Хацелі, відаць, узяць нас на нейкай гарачай справе. Мы, аднак, былі папярэджаныя і, казаў той, падкурчылі хвасты. Прычым папярэдзіў нас ня толькі Ўладзя Арлоў, але й адзін з былых аднаклясьнікаў. Аднойчы за чаркай ён паведаміў, што зьяўляецца асьведамляльнікам КГБ і рэгулярна інфармуе сваіх "працадаўцаў" наконт нашых дзеяньняў і настрояў. Той хлопец быў ня проста аднаклясьнікам, але й блізкім сябрам, а таму ад такой навіны нам з Валерам нават мову заняло. Зрэшты, мы на сябра не былі ў крыўдзе, пагатоў ён сам прызнаўся ў сваім віжоўстве, а мог жа і не прызнацца.

Дзесьці ў кастрычніку 1974-га ўвесь наш курс сагналі ў актавую залю і таварыш у скураным пільчаку прачытаў студэнтам рэфэрат на тэму: "Як супрацьдзеяць ідэалягічным дывэрсіям Захаду". Згадаўшы добрым словам "незабвенного Иосифа Виссарионовича Сталина", таварыш у скуры пачаў даваць дыхту амэрыканскім імпэрыялістам, бонскім рэваншыстам і наогул усёй закардоннай мярзоте, потым пераключыўся на выкрывальніцтва так званых дысыдэнтаў, а прыканцы рэфэрату заклікаў студэнтаў не губляць пільнасьці, бо і ў нашай, у цэлым, палітычна здаровай рэспубліцы, ёсьць людзі, незадаволеныя палітыкай Камуністычнай партыі, а ў некаторых акадэмічных асяродках падымаюць голаў беларускія буржуазныя нацыяналісты. Выкрывальнік імпэрыялізму паведаміў таксама, што апошнім часам у асяродку студэнцкай ды вучнёўскай моладзі сталі ўзьнікаць рознага кшталту гурткі, сябры якіх займаюцца палітычна шкоднай дзейнасьцю і, у прыватнасьці, выдаюць і распаўсюджваюць нацыяналістычную літаратуру. "Калі хто з прысутных ведае пра існаваньне такіх гурткоў, той мусіць, як грамадзянін і патрыёт, паведаміць пра гэта гарадзкому аддзелу Камітэту дзяржаўнай бясьпекі", -- выдаў прамоўца і пакінуў моўніцу.

Калі я выходзіў з залі, хтосьці з аднакурсьнікаў у жартаўлівым запале крыкнуў: "Мудроў, закладзем..." Галава мая ўехала ў плечы і я прысьпешыў хаду з глыбокім перакананьнем, што словы гэтыя спраўдзяцца. Гэбісты відавочна і арганізавалі "рэфэрат", каб спраўдзіць -- ці дастаткова "патрыятычныя" студэнты Наваполацкага політэхнічнага інстытуту. Ну, а праз пару тыдняў, падчас лекцыі, аўдыторныя дзьверы расчыніліся і ў дзьвярной пройме нарадзіўся ўсхваляваны голас: "Мудроў, Песін, Марчанка, Мышалоў... Вас чакае рэктар". "Нарэшце!" -- мільганула ў галаве і ад тае думкі балюча сьціснула скроні. Мы вышлі ўчацьвярох на калідор, дзе нас чакаў нейкі мітусьлівы тыпус сярэдняга веку. Тыпус зладзеявата азірнуўся і рашуча тузануў квадратным падбародзьдзем: "Хадзем за мной!"

Ля інстытуцкага ганку стаяла бліскучая чорная "Волга". Мы ўбіліся ў прапахлае бэнзынам нутро, легкавік адразу ж пайшоў на разварот, уціснуўшы нашыя сьпіны ў прыслон мяккага сядзеньня. Мае сябрукі насьцярожана зірнулі на карак гаспадара легкавіка і гаспадар, крутнуўшы галавой, выцягнуў з кішэні пасьведчаньне і здушана прамовіў: "Я з Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Маю да вас размову".

Як на добры лад, дык у камітэт мусілі завезьці мяне ды Валеру Шлыкава -- выдаўцоў альманаху. Тут жа везьлі цэлую кампанію, прычым легкавік ехаў у дзіўным накірунку -- у бок прамысловай зоны. Усё гэта непакоіла, думкі блыталіся ў галаве і я прагнуў толькі аднаго: зьнікнуць, ператварыцца ў нішто, ці, на благі канец, ператварыцца ў муху, што білася ў шыбу перад самым носам. "Волга" між тым пад'ехала да ганку паліклінікі нафтаперапрацоўчага заводу, віскнула гамульцамі і спынілася. Гэбіст спружна ўзьбег па ўсходах, мы гужам, на ватных нагах, пабеглі сьледам, узьняліся на трэці паверх, прабегліся па калідоры і неўзабаве апынуліся ў разьлеглым пакоі. "Чакайце!" -- гукнуў супрацоўнік ЧК і зьнік за дзьвярыма. Чакаць давялося даволі доўга. Мы, вядома ж, пачалі абмяркоўваць сытуацыю і я паведаміў сябрам, што ўзялі нас, хутчэй ад усяго, за альманахі. Пры гэтым двое сяброў трымалі сябе ў руках, а вось трэці енчыць -- маўляў, ня ведаю ніякіх альманахаў, нічога забароненага не чытаў, па-беларуску не размаўляў і размаўляць ня буду... Невядома, што б ён там яшчэ нагаварыў, ды мы яго спынілі і шматзначна кіўнулі на аднаканальны прыймач "Сож", які стаяў на століку, але не працаваў. Усе разам аціхлі, дзьверы, за якімі схаваўся чэкіст, стоена рыпнулі і першага з нас паклікалі "на размову".

Сябрукі вярталіся празь лічаныя хвіліны, з прасьвятлелымі тварамі, у мяне ўжо ўзьнікла спадзеўка, што я таксама хутка "адстраляюся", але калі зайшоў у габінэт, адразу зразумеў, што мае дружбакі ў гэтай суворай п'есе толькі статысты, а галоўная роля належыць мне.

"Прозьвішча, імя, імя па-бацьку... Дзе нарадзіўся? хто бацькі? якую школу скончыў? хто падбіў да арганізацыі суполкі? хто, апрача Шлыкава, браў удзел у выданьні альманаха? колькі нумароў выйшла? каго ведаеце зь беларускіх пісьменьнікаў? ці часта бываеце ў Менску? каго ў сталіцы ведаеце? чаму назвалі сваё выданьне "Блакітны ліхтар"? якую антысавецкую літаратуру чыталі? каму давалі альманах? зь якой нагоды цікавіцеся Альбаніяй?..." Я блытана адказваў на гэтыя ды іншыя пытаньні, адчуваючы, што баец нябачнага фронту задае іх дзеля праформы. На стале ў байца ляжала тэчка з запісамі і там, відавочна, ужо былі напісаны і маё прозьвішча, і імя, і шмат чаго іншага.

Адказваў на пытаньні блізу гадзіны, і ў рэшце рэшт, БНФ (баец нябачнага фронту), запытаў: "Паэтку Ларысу Геніюш ведаеце?" "Ведаю, але не сустракаўся", -- прамармытаў я. "А ведаеце, што яна сядзела за нацыяналізм?" Давялося баднуць галавой, уздыхнуць і ўтаропіцца на аркуш паперы, які ўзьнік перад носам. "Напішыце пра ўсё, аб чым мы тут з вамі гаманілі", -- загадаў суразмоўнік і выйшаў з габінэту.

Пісаў я доўга, потым перапісваў -- БНФу штосьці там не спадабалася -- нарэшце мая пісаніна была пакладзена ў тэчку і суразмоўнік задаў апошняе пытаньне: "Дзе альманахі?"

Хвілін празь дзесяць службовая "Волга" везла мяне ў адваротным накірунку. Седзячы на заднім сядзеньні, я ліхаманкава згадваў: каму аддаў апошні нумар? Восем нумароў ляжалі ў пісьмовым стале, чатыры ўзяў Рыбікаў, два хадзіла па руках у студэнцкім інтэрнаце, а дзе хадзіў апошні нумар, я ніяк ня мог узяць да галавы. Напачатку заехалі да мяне, на Маладзёвую, 95. Пакуль поркаўся ў стальніцы, баец нябачнага фронту ўважліва сачыў за мною -- баяўся, відаць, што я зьнішчу альманахі. Потым паехалі на кватэру да Рыбікава. Сустрэла нас Толікава маці. "Вось, -- кажу, -- таварыш з рэдакцыі хоча пачытаць нашыя творы". "А іх жа нельга чытаць чужым людзям", -- зь імпэтам выдала жанчына. "Гэта сво-ой", -- няшчыра прамармытаў я і ў тое ж імгненьне адчуў на сваёй шыі гарачы подых гэбіста.

У студэнцкім інтэрнаце баец нябачнага фронту тыцнуў камэнданцы пасьведчаньне, тая, спатыкаючыся, пабегла па лесьвіцы, паадчыняла патрэбныя дзьверы і яшчэ два нумары "Блакітнага ліхтару" зьніклі ў чорным партфэлі.

"Апошні нумар сёньня аддаць вам не змагу", -- паведаміў я, калі мы выйшлі зь інтэрнату. "Хлопец, які яго чытае, зьехаў і вернецца праз пару дзён". Такая навіна засмуціла спадарожніка. "Што ж вы... кажаце, што нікому свае альманахі не давалі, а тут гойсаем па горадзе і ня можам іх знайсьці", -- дакорліва прамармытаў спадарожнік і дадаў: "Як толькі знойдзеце альманах -- адразе ж прывозьце ў паліклініку". І яшчэ папярэдзіў, каб я нікому пра выклік у "органы" не балбатаў.

На наступны дзень выкладчык мэталазнаўства жартам заўважыў: "Што, Мудроў, учора зноў прагуляў... Сядзеў, відаць, на піве?" "Ды не, яго ў КГБ цягалі", ---гукнуў у адказ адзін з маіх аднакурсьнікаў і выкладчык, пасуравеўшы з твару, перапытаў: "Сапраўды?" Пасьля таго з мэталазнаўствам у мяне не было праблемаў: атрымліваў залікі без пытаньняў. А вось другая выкладчыца, спадарыня Літвінава, што выкладала дыямат ці штосьці ў гэтым родзе, падчас адной зь лекцый абуралася тым, што некаторых студэнтаў пацягнула ня ў той бок. У які менавіта бок пацягнула небаракаў, яна не тлумачыла, але мне гэтыя эківокі былі зразумелыя.

Душы тых, каму ў далёкія сямідзясятыя гады давялося хадзіць на "прафіляктычныя гутаркі", зьведалі цэлы комплекс перажываньняў. КГБ у сямідзясятыя гады баяліся як агню і боязь тая мела генэтычны характар. Савецкая ахранка фізычна зьнішчыла мільёны людзей, мільёнам скалечыла лёсы, зрабіла рашучы ўнёсак у справу зьнішчэньня беларусаў як нацыі і жывёльны страх перад яжоўска-берыеўскай "канторай" літаральна ўеўся ў сьвядомасьць наступных пакаленьняў. Я не магу сказаць, што быў апанаваны гэтым страхам, але душа адчувала душэўны дыскамфорт. Патрапіўшы ў дваццацігадовым узросьце "на кручок" КГБ, я пастаянна адчуваў увагу да сваёй асобы, і блізкія сябры, а то і проста знаёмцы раз-пораз казалі, сьцішыўшы голас, адну і тую ж фразу: "Прыкусі язык, табою цікавяцца..." Калі-нікалі цікавасьць тая была проста дэманстратыўнай: варта мне было зьявіцца на Скарынінскім сьвяце ў Полацку, якое праводзілася штогоду ў апошнія жнівеньскія дні, як да сьпіны "прыліпалі" камсамольскага выгляду маладзёны. Яны хадзілі сьледам цягам усяго сьвята, а аднойчы нават суправаджалі нас з жонкаю да самай хаты: ехалі паволі ў "Жыгулях", дэманструючы нам свае ўкормленыя, страшэнна задаволеныя пысы.

Такім чынам, альманахі былі рэквізаваныя, адпаведныя тлумачэньні напісаныя і я спадзяваўся, што на мяне забудуцца. Аднак не... Праз колькі дзён патэлефанаваў "таварыш з паліклінікі" і нагадаў пра даўжок. Перагарнуўшы раз астатні "Блакітны ліхтар" № 15, я ўздыхнуў і выправіўся ў паліклініку, дзе мяне чакала чарговая прафіляктычная гутарка.

Гэтым разам гэбіст пачаў "прафіляктыку" з аналізу нашай творчасьці.

"Гэта вы напісалі: "Я цягнуся у кастрычніцкае раньне / Дзе ты, мой вясёлы, цёплы май / А навокал толькі ветру завываньне / І дарогі бруднай шчэ ня бачны край"? Я моўчкі кіўнуў галавой. "Ёсьць тэкст і падтэкст, і параўноўваць Кастрычнік з бруднай дарогай мы вам не дазволім". Я паспрабаваў быў апраўдвацца, але суразмоўца перагарнуў старонкі альманаху і працытаваў рыбікаўскі верш: "Нехта нечым ноты грае / Ўсё крычыць бясконца / Як раней мужык наш мае / Ўсё у плямах сонца". Прачытаўшы гэта, баец нябачнага фронту наставіў на мяне дапытлівыя вочы і дакорліва ўздыхнуў. Потым ён доўга цытаваў "чарнільную лірыку" Валер’я Шлыкава і гэтак жа доўга разважаў аб шкодзе, якую чыніць падобная лірыка справе выхаваньня падрастаючага пакаленьня. Нарэшце, был працытаваны ўрывак зь бяскрыўднага артыкулу пра Ўладзімера Караткевіча -- гэты пісьменьнік быў, поруч з Альбэрам Камю, маім тадышнім кумірам -- і голас гэбіста набыў лагодны тэмбар. Гэбіст адкінуўся на прыслон рыплівага крэсла і паведаміў, што асабіста ведае Ўладзімера Сымонавіча і, як бывае ў Менску, часьцяком заходзіць да яго ў госьці. Я напачатку ня даў таму веры, а потым падумаў, што й сапраўды -- такіх "сяброў у пагонах" вакол Караткевіча мусіць круціцца цэлая рота. "Сябар Караткевіча" стаў распавядаць пра свае сустрэчы зь пісьменьнікам, але тут у габінэт увайшоў мурлаты тыпус у шэрым пінжаку, відаць, начальнік, і мой суразмойца рашуча адарваў сьпіну ад крэсла. Мурло задало мне толькі адно пытаньне: "Бацькі ведаюць, што табою займаюцца органы?" Я матлянуў галавой, а праз колькі дзён, вярнуўшыся з заняткаў, натыкнуўся ў калідоры на заплаканую маці. Яна плакала беспатольна, надрыўна і скрозь усхліпы прарываліся здушаныя словы: "Думала вывучыцца... чалавекам стане... мяне на старасьці гадоў падтрымае... а ён... палез... у палітыку..." Плакаць было з чаго: надоечы маці паведамілі, што ейны сын арганізаваў падпольную антысавецкую групу і быў злапаны на гарачым учынку органамі дзяржбясьпекі. Я адразу зразумеў -- хто ініцыяваў такое езуіцкае "паведамленьне" і ў душы пракляў мурлатага "арганіста". Матаньне нэрваў здароўя маці не дадало: яна была жанчынай ўражлівай, а таму страшэнна перажывала з прычыны маёй "палітыкі" і ў 1980 г. памерла ўва ўзросьце пяцідзесяці двух гадоў ад ішэмічнай хваробы сэрца.

Напачатку 90-х расейская ФСБ вярнула ўладальнікам шмат з таго, што ў свой час было рэквізавана органамі ГБ, у тым ліку і творы самвыдату. Пры гэтым фээсбоўцы прынесьлі пацярпелым афіцыйныя прабачэньні за колішнія закалоты. У нас жа на Беларусі анічога такога не назіралася. Больш таго, мне давялося пачуць па "мацюгальніку" інтэрвію з адным кампэтэнтным таварышам, які заявіў, што ў нас наогул не існавала беларускага самвыдату і спэцслужбы, адпаведна, за гэтую справу нікога не перасьледавалі.

Дзесьці ў 1993 годзе я папрасіў свайго сябра, дэпутата ВС Лявона Баршчэўскага даведацца ў другога дэпутата -- кіраўніка тадышняга КГБ сп. Лавіцкага -- ці ёсьць шанец атрымаць назад рэквізаваныя альманахі (у 74-м згаданы спадар узначальваў абласную гэбісцкую ўправу і "Блакітны ліхтар" грамілі ня безь ягонага ведама). Як засьведчыў Лявон, галоўны чэкіст краіны параіў не марнаваць часу на пошукі рэквізаваных матэрыялаў, бо яны пасьля славутага путчу былі ператвораныя ў попел.

Канец першай часткі

Vinceś Mudroŭ

Spring Song of a Starling

Summary

Vinceś Mudroŭ tells about everyday life in Soviet Belarus in 1960th – 1970th years and about break of this reality: Połack Belarusian community, youth subcultures, creation of “samizdat” – «Błakitny Lichtar» magazine (1971—1974). The author tells also about principles of activity KGB against anyone nonconformism.

Вінцэсь Мудроў – беларускі літаратар і журналіст; нарадзіўся ў 1953 г. у Полацку. Актыўны ўдзельнік самвыдавецкага руху ў 1970-1980-х. У пэрыяд вучобы ў Наваполацкiм полiтэхнiчным інстытуце стаў iнiцыятарам выданьня рукапiснага лiтаратурна-мастацкага часопiсу «Блакiтны лiхтар». Разам з групай аднадумцаў (Валеры Шлыкаў, Анатоль Рыбiкаў, Андрэй Грабаў i iнш.) выпусьцiў у 1971—1974 гадах 15 нумароў часопiсу. У 1974 на сьлед часопiсу выйшаў КГБ. Усе нумары «Блакiтнага лiхтара» былi канфiскаваныя. З Мудровым i iнш. выдаўцамi былi праведзеныя «прафiляктычныя гутаркi», у вынiку чаго выпуск часопiсу прыпынiўся. Надалей В.Мудроў увесь час адчувай на сябе ўвагу КГБ.

У другой палове 1970-1980-х М. актыўна займаўся капiяваньнем i распаўсюджваньнем забароненай у СССР лiтаратуры, у прыватнасьцi, твораў М.Булгакава «Фатальныя яйкi» i «Сабачае сэрца». Асаблiвае месца ў гэтай дзейнасьцi займала нелегальнае распаўсюджваньне недаступных беларускаму чытачу навуковых i публiцыстычных матэрыялаў нацыянальнага характару: «Расейска-крыўскага (беларускага) слоўнiка» В. Ластоўскага, беларускага часопiсу «Крывiч»; антыкамунiстычных вершаў i паэмаў вязьня ГУЛАГу паэткi Ларысы Генiюш. М. наведваў Л.Генiюш у яе доме ў Зэльве Гарадзенскай вобл.; у 1983 удзельнiчаў у пахаваньнi паэткi, якое адбылося пад татальным кантролем КГБ.

У канцы 1980-х В.Мудроў вярнуўся ў Беларусь i цяпер жыве ў Наваполацку. З 1995 -- карэспандэнт «Радыё Свабода» па полацкiм рэгiёне. Вядомы таксама як аўтар некалькiх кнiгаў мастацкае прозы i перакладчык з альбанскае i расійскае моваў. Сябра Беларускага ПЭН-Цэнтру.

Кантакт: тэлефон у Наваполацку: (02144) 26 755


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Цэнтру Athenaeum

кантакт: anh@belsonet.net

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія