БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ШУФЛЯДА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Шуфляда № 2/2001

Дысыдэнства: культура, якая ўхіляецца ад азначэньняў*

Аляксандар ДАНІЭЛЬ


Тэма гэтага артыкулу – культуралягічныя аспэкты тае складанае і шматплянавае зьявы, якую прынята называць дысыдэнцкай актыўнасьцю 1960—1980-х гг. у СССР. Мы ня будзем займацца тут аналізам адрозьненьняў (даволі істотных) паміж азначэньнямі «дысыдэнт», «праваабаронца», «іншадумец» ды іншымі сумежнымі тэрмінамі – усё роўна ў масавай сьвядомасьці (а найчасьцей і ў сьвядомасьці тых, хто піша на гэтую тэму) гэтыя паняткі даўна і безнадзейна пераблыталіся [1]. Паводле нашага пункту гледжаньня, як бы ні вызначаць савецкі дысэнт, гэта мэтазгодна рабіць так, каб яго можна было разглядаць як сыстэмную зьяву. Толькі ў гэтым выпадку можна спадзявацца, што за нашымі тэрмінамі будзе стаяць пэўны зьмест.

Які ж з мноства разнастайных праяваў неафіцыйнага грамадзкага жыцьця ў СССР можна было б разглядаць як сыстэматворны элемэнт? Паводле нашага меркаваньня, у якасьці такога элемэнту выступала адзінае інфармацыйнае поле, якое ўзьнікла ў другой палове 1960-х і зьвязала ў адзінае разнастайныя праявы незалежнай грамадзкай (культурнай, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і палітычнай) актыўнасьці – факт, які радыкальна адрозьнівае даны пэрыяд ад, да прыкладу, 1950-х г. зь іхнымі разрозьненымі спробамі стварыць палітычнае падпольле. Найбольш адэкватна гэтае адзінае поле рэалізоўвалася самвыдатам (у дысыдэнцкіх тэкстах гэтае слова нават было прынята пісаць з загалоўнай літары – Самвыдат: так далей будзем пісаці і мы) і, асабліва – у самвыдавецкай пэрыёдыцы.

Найбольшы тыраж мела і самым тэматычна ды сюжэтна поўным пэрыядычным выданьнем Самвыдату была, несумненна, знакамітая «Хроника текущих событий» – інфармацыйны бюлетэнь савецкіх праваабаронцаў, якая выпускалася з 1968 па 1983 г. [2]. Гэта не выпадковасьць: абарона правоў чалавека стала агульным назоўнікам разнастайных грамадзкіх інтарэсаў, а праваабарончы рух настолькі ж натуральна пераўтварыўся ў агульны інфармацыйны цэнтар.

Такім чынам, дысэнтам стала зручна называць перасячэньне двух колаў – кола падзеяў, тэмаў, пэрсанажаў, ахопленых «Хроникой», і іншымі праваабарончымі выданьнямі, ды кола іхных чытачоў. Насамрэч, гэтыя колы ў значнай ступені супадалі, бо мэханізм распаўсюджаньня, да прыкладу, чарговага нумару «Хроники» – па ланцужку, з рук у рукі, супадаў з мэханізмам збору інфармацыі для наступнага выпуску [3].

Прааналізаваўшы тэматыку і зьмест «Хроники» ды сумежных выданьняў, мы прыйдзем да непазьбежнай высновы: дысыдэнцтва – гэта ніякі ня рух, а, хутчэй, сукупнасьць грамадзкіх рухаў і інлывідуальных учынкаў, разнародных і рознаскіраваных (а часам супрацьлеглых) паводле сваіх мэтаў і задачаў. Праявы грамадзянскай і культурнай актыўнасьці ў рамках гэтае зьявы адбываліся ўнутры адзінага інфармацыйнага поля, якое было створанае ды падтрымлівалася гэтай актыўнасьцю. Кіруючыся ўсё той жа «Хроникой», лёгка вылучыць асноўныя складнікі савецкага дысэнту:

-- нацыянальныя рухі (Украіна, Прыбалтыка, Закаўказье, «выгнаныя народы» – крымскія татары, мэсхецінцы, немцы-«аўтанамісты» ды інш.);

-- рэлігійныя кірункі (баптысты-«ініцыятыўнікі»; «хрысьціяне веры эвангельскай», альбо пяцідзясятнікі, адна з галінаў адвэнтызму; праваслаўныя дысыдэнты; у 1980-я г. – крышнаіты);

-- эміграцыйныя рухі (т.з. «отказники»: жыды, немцы, якія імкнуліся зьехаць у Заходнюю Нямеччыну, частка пацідзясятнікаў);

-- палітычныя рухі (камуністы – ад «марксістаў-ленінцаў» да рэфармістаў эўракамуністычнага толку; сацыялісты розных адценьняў; прадстаўнікі палітычна заангажаванай часткі «расійскай правай» – ад памяркоўных да скрайніх; ідэёлягі палітычнага і эканамічнага лібэралізму заходняга ўзору);

-- шматлікія рухі, пераходныя паміж папярэднімі чатырма тыпамі (да прыкладу, літоўскія каталікі);

-- людзі і групы, якія спрабавалі стварыць у СССР незалежны прафсаюзны рух;

-- літаратары, мастакі, людзі іншых творчых прафэсіяў, якія адмовіліся прытрымлівацца ў сваёй працы прынятых ідэалягічных рытуалаў;

-- аб’яднаньні, створаныя «паводле інтарэсаў»: да прыкладу, існавала група, якая змагалася за ўзьяднаньне разьдзеленых сем’яў;

-- невялікая група людзей, чые інтарэсы скіраваліся на барацьбу з парушэньнем грамадзянскіх правоў у СССР незалежна ад грамадзка-палітычных і ідэалягічных матывацыяў як ураду, так і ягоных «апанэнтаў». Гэтыя людзі былі актывістамі руху, які прынята называць «праваабарончым» і які часта зьмешвалі (зьмешваюць і цяпер) з дысыдэнцтвам у цэлым. Блытаніна не выпадковая: менавіта праваабаронцы прапанавалі грамадзтву новую асобасную і сацыяльную мадэль паводзінаў ува ўзаемаадносінах з уладамі, і менавіта яны сталі на мяжы 1960—1970-х г. ядром, вакол якога скансалідаваліся іншыя дысыдэнты [4].

Розныя кампанэнты дысыдэнцтва былі блізкія адзін да аднаго паводле асноўных прынцыповых установак (ненасільле, галоснасьць, апэляцыя да закону, рэалізацыя асноўных правоў і свабодаў «явачным парадкам»), паводле формаў грамадзкай актыўнасьці (стварэньне непадцэнзурных тэкстаў, аб’яднаньне ў незалежныя грамадзкія асацыяцыі, зрэдку – публічныя акцыі) і паводле інструмэнтару, які выкарыстоўваўся (пэтыцыі, адрэсаваныя ў савецкія афіцыйныя інстанцыі, «адкрытыя лісты», якія зьвярталіся да грамадзкае думкі, распаўсюджаньне інфармацыі праз Самвыдат ды заходнія мас-мэдыі).

З другой паловы 1960-х і да пачатку 1980-х г. апісаныя формы грамадзянскага жыцьця абсалютна дамінавалі ў сфэры неазлежнай грамадзкай актыўнасьці (дакладней, у тым яе сэктары, дзе няпісаныя прадпісаньні і забароны, якія сыходзілі ад уладаў, не абыходзіліся, а ігнараваліся). Напрыклад, «дысыдэнцкія» тыпы паводзінаў амаль цалкам выцесьнілі з грамадзкае сцэны старую расійскую традыцыю ідэалягічна і палітычна арыентаваных падпольных гурткоў, традыцыю, якая ў 1940-1950-я г., здавалася, пачала адраджацца. У рамках дысыдэнцтва зьмясьціліся практычна ўсе значныя апазыцыйныя ды проста крытычныя выступы таго часу, таму можна сьцьвярджаць, што ў гісторыі савецкага грамадзтва дысыдэнцкі «рух» складае асобную эпоху.

* * *

Мы ня можам замацаваць за дысыдэнцкай актыўнасьцю які-небудзь адзін агульны ідэалягічны кантэкст. Сёньня дысыдэнтаў прынята зьвязваць зь лібэральнай, хутчэй прозаходне, чым «почвенически» настроенай інтэлігенцыяй 1960-х г. (менавіта гэтаму аспэкту пры разглядзе дысыдэнцтва аддаюць перавагу, да прыкладу, П. Вайль і А. Геніс [5]). Але ж, нават не выходзячы па-за межы традыцыйнай расійскай антыноміі «заходнікі – славянафілы», мы знаходзім дысыдэнцкія праявы на абодвух гэтых палюсах незалежнай грамадзкай думкі. Самвыдавецкі часопіс «Вече», які выпускаўся ў першай палове 1970-х г., быў рупарам «почвенников» і нават дастаткова скрайніх нацыяналістаў; але ж ён ня ў меншай ступені падпадае пад уяўленьні пра дысыдэнцкую актыўнасьць, чым самвыдавецкі часопіс «Поиски», выразна лібэральны і заходніцкі паводле сваёй арыентацыі. Нацыяналісты і «дэмакраты», «почвенники» і лібэралы, «заходнікі» і «славянафілы» інтэнсіўна ўзаемадзейнічалі. Яны спавядалі супрацьлеглыя погляды, але гэта не перашкаджала ім карыстацца ў сваёй дзейнасьці аднымі і тымі жа сродкамі ды сядзець у адных і тых жа лягерах. Можна прапанаваць доўгі сьпіс аўтараў, якія з задавальненьнем публікавалі свае працы ў выданьнях абодвух кшталтаў. Можна, нарэшце, узгадаць адную зь першых дысыдэнцкіх грамадзкіх асацыяцыяў – Камітэт правоў чалавека (1970—1973), куды на роўных уваходзілі А. Д. Сахараў ды І. Р. Шафарэвіч. Гэта – амаль наўздагад узятая ілюстрацыя несуадноснасьці дысыдэнства выключна зь лібэральнай парадыгмаю савецкай грамадзкай думкі.

У такой жа ступені распаўсюджаныя – і ў такой жа ступені неўгрунтаваныя – спробы вызначыць савецкі дысэнт тэрмінам «антыкамуністычная апазыцыя». Дастаткова пералічыць выбітных дысыдэнтаў, якія прытрымліваліся альбо прытрымліваюцца марксісцкіх ці нават артадаксальных марксісцка-ленінскіх поглядаў: братоў Мядзьведзевых, П. Грыгарэнку да ягонага арышту ў 1969 г., А. Е. Кастэрына, Р. Б. Лерт ды інш.

У шэрагу публікацыяў, якія належаць пяру хрысьціянскіх аўтараў, ставіцца знак роўнасьці паміж дысыдэнцкім рухам ды працэсам т.з. «Праваслаўнага адраджэньня». Слушна, што абедзьве зьявы ўзьніклі на грамадзкай арэне адначасова – у канцы 1960-х; слушна і тое, што актыўнасьць некаторых дзеячоў Праваслаўнае Царквы прымала дысыдэнцкія формы, а некаторыя зь іх – сьвятары а. С. Жалудкоў, а. А. Мень, а. Г. Якунін, а. Дз. Дудко, літаратары А. Лявіцін (Красноў), З. Крахмальнікава ды інш. – былі больш ці менш цесна зьвязаныя з дысыдэнцкімі коламі. Але наўрад ці гэтыя аўтары будуць настойваць на тым, каб падводзіць пад кэтэгорыю праваслаўнага адраджэньня Расіі ўзмацненьне актыўнасьці баптыстаў-«ініцыятыўнікаў» альбо «хрысьціян веры эвангельскай», альбо, да прыкладу, жыдоў-«отказников». А між тым, цесныя сувязі паміж гэтымі рухамі і «праваабарончым ядром» савецкага дысэнту відавочныя і несумненныя – дастаткова кінуць погляд на пэрсанальны склад Гэльсынскіх групаў другой паловы 1970-х г.

Такім чынам, пытаньне пра культуралягічныя характарыстыкі дысыдэнцтва, паводле майго меркаваньня, можа быць асэнсавана пастаўленае толькі як пытаньне пра культуру дысыдэнцкіх паводзінаў. Ува ўсім іншым дысыдэнт нічым не адрозьніваецца ад іншых сваіх сучасьнікаў. Дысыдэнты не ўтварылі асобнай нацыі ўнутры нацыі, а іхная блізкасьць паміж сабой узьнікла зусім не на грунце літаратурных, музычных ці ідэалягічных перавагаў. Таму мы можам казаць не пра «дысыдэнцкую культуру», а толькі пра «культуру дысыдэнцтва» – велізарная розьніца! [6]

І тут узьнікае фатальная праблема крыніцаў. Дысыдэнты, як ніхто ў гісторыі расійскіх апазыцыйных плыняў, шмат пісалі. Па сутнасьці, яны толькі і рабілі, што нараджалі тэксты [7]. Але бяда ў тым, што тэматыка іх да засмучэньня аднастайная – амаль усе яны апісваюць канкрэтныя выпадкі палітычных перасьледаў альбо ёсьць публіцыстыкай на гэтую тэму. Таму нам лёгка канстантаваць, што існавалі нейкія агульныя прынцыпы, якія вызначалі паводзіны дысыдэнта на допыце ў КГБ альбо падчас зьняволеньня ў лягеры. Мы можам прасачыць гісторыю ўзьнікненьня ды станаўленьня гэтых прынцыпаў, угадаць сыстэму этычных поглядаў, якая стаяла за гэтымі прынцыпамі і г.д. Але мы зусім ня зможам з уласна дысыдэнцкіх дакумэнтаў высьветліць, умоўна кажучы, ці модна было ў дысыдэнцкім асродзьдзі хадзіць у лазьню альбо на футбол, чытаць вершы Рэйна, размаўляць пра вонкавую палітыку альбо пра лёс Расіі і закусваць пасьля першай чаркі. Альбо, можа быць, у гэтых пытаньнях адзінства не назіралася? А ў якіх назіралася?

Афіцыйныя дакумэнты, перадусім судова-сьледчыя справы, практычна не надаюць увагі пытаньню, якое нас цікавіць, а тая група крыніцаў, у якіх мы можам меркаваць атрымаць такія-сякія зьвесткі на гэтую тэму, -- справы апэратыўнага ўліку практычна недаступныя. І, можа быць, слушна, што недаступныя, бо паводзіны тых, за кім назіралі, цікавілі палітычную паліцыю перш за ўсё з мэтаю пошуку кампрамату. Таму, ня кажучы ўжо пра этычны бок справы, погляд праз замочную адтуліну, які прапануе нам гэты тып справаў, будзе хутчэй за ўсё гранічна аднабаковым і скажоным.

Нарэшце, ёсьць яшчэ адная група матэрыялаў, нешматлікая ды загадзя сумнеўная з пункту гледжаньня іх крыніцазнаўчай важнасьці, але ў пэўным сэнсе самая важная для нашай тэмы. Гэта бэлетрыстыка, якая прысьвечаная савецкаму дысыдэнцтву альбо закранае дысыдэнцкія сюжэты ў асобных эпізодах. Гэтая крыніца ўяўляе пэўную вартасьць прынамсі ў тым, што тычыцца вонкавага культурнага ўспрыняцьця дадзенай зьявы, вылучэньня рысаў і характарыстыкаў, быць можа, ня самых значных унутры яе самой, але якія маюць значнасьць для грамадзтва ў цэлым.

Айчынная бэлетрыстыка «пра дысыдэнтаў» разьбіваецца на некалькі тыпаў. Па-першае, гэта непрыхавана ахайваючыя літаратура, рознай ступені паранойі, але з відавочнай мэтавай устаноўкай на выкрыцьцё. Менавіта такія аповесьці Івана Шаўцова, раман Усевалада Кочатава «Чаго ж ты хочаш?», аповесьць Аляксандра Бенюха «Сківіцы саранчы», позьняя аповесьць Васіля Бялова «Усё наперадзе». Другі тып – гэта лібэральная проза перабудовачнага пэрыяду, накшталт аповесьці Мікалая Шмялёва «Пашкаў дом» (дысыдэнцтва кранаецца там эпізадычна, але прататыпы вельмі і вельмі пазнавальныя). Трэці тып прадстаўлены прозаю саміх дысыдэнтаў: тут можна ў якасьці прыкладу прывесьці апублікаваную ў сярэдзіне 1970-х за мяжою аповесьць «з жыцьця дысыдэнтаў» Ганны Герц (псэўданім) альбо ўрывак з апошняга раману Ўладзімера Максімава, надрукаваны нядаўна ў «Континенте» (ён прысьвечаны, што праўда, пераважна дысыдэнцкай эміграцыі) [8].

Самае цікавае ўва ўсёй гэтй прозе – не яна самая, а раўнамерна адмоўныя адносіны да яе людзей, якія былі далучныя да дысыдэнцкай актыўнасьці. Трэба сказаць, што існуе сапраўды адная агульная асаблівасьць і ў выкрывальніка Бенюха, і ў скептыка Шмялёва, і ў апалягета дысыдэнцтва Ганны Герц – гэта пазнавальнасьць прататыпаў. Лічыцца, што гэтая пазнавальнасьць даводзіць блізіню да зыходнай рэальнасьці – але, калі верыць дысыдэнцкай крытыцы, гэта ня так. Формула гэтай крытыкі выглядае, калі крыху ўтрыраваць, наступным чынам: у пэрсанажы па імені Коля аўтар празрыста апісаў вядомага Васю – дык вось, ніякі гэта ні Вася, бо Вася зусім не такі [9]. Адзначым гэтую цікавую асаблівасьць дысыдэнцкай культуры – нежаданьне пазнаваць сябе ў любых, добразычлівых ці варожых, адлюстраваньнях. Ніжэй мы паспрабуем даць тлумачэньне гэтага фэномэну.

* * *

Найбольш значным для генэзы савецкага дысэнту ў цэлым аказваецца той кантэкст, у які ўпісанае і зь якога вырасла ягонае цэнтральнае ядро, ягоны нэрвовы вузел – праваабарончы рух. Відавочна, што гэтым кантэкстам ёсьць інтэлектуальнае браджэньне канца 1950-х і 1960-х, якое стварыла асобную соцыякультурную супольнасьць, са сваімі традыцыямі, сваімі грамадзкімі каштоўнасьцямі, сваімі асаблівасьцямі побыту. Звычайна гэтую супольнасьць называюць вольнадумнай інтэлігенцыяй, а спарадзілае яе браджэньне – іншадумствам. З гэтага асяродзьдзя вырас праваабарончы рух, гэтае асяродзьдзе заставалася ягоным пажыўным слоем; у першую чаргу з гэтым асяродзьдзем праваабаронцы заўжды былі зьвязаныя складанымі, часта амбівалентнымі адносінамі.

Праўда, уважлівы аналіз першых гадоў дысыдэнцкае актыўнасьці пакажа, што ў момант яе станаўленьня выразна прасочваюцца дзьве зусім не падобныя адна на другую групы. Умоўна кажучы, «старэйшыя» – людзі 1920-х гадоў нараджэньня, якія фармаваліся ў ваенныя і пасьляваенныя гады. І, гэтак жа умоўна, «малодшыя», якія нарадзіліся ў 1930-я гады. Часьцяком менавіта «малодшыя дысыдэнты» ўваходзілі ў прамую канфрантацыю з уладаю раней, чым «старэйшыя»: я маю на ўвазе найперш «людзей Маякоўкі» – Ю. Галанскова, У. Букоўскага ды іншых з аналягічным лёсам і жыцьцёвым досьведам [10]. Гэтая група ў цэлым была значна больш маргіналізаваная, чым «старэйшыя», якія мелі, як правіла, у сярэдзіне 1960-х пэўны сацыяльны статус, прафэсію, становішча. Зразумела, кожная з гэтых групаў прыўнесла ў праваабарончы рух, які нараджаўся, свой досьвед, сваю этыку, свае культурныя каштоўнасьці. Да канца яны так і не зьліліся ў адное арганічнае цэлае. Больш таго, дысыдэнцкая актыўнасьць, нават ў тым даволі вузкім разуменьні, якое прапануецца, не спынялася на працягу даволі доўгага гістарычнага пэрыяду: зь сярэдзіны 1960-х і да пачатку 1980-х, г.з. ня меней 15 гадоў. За гэты час вырасла, прынамсі, яшчэ адная генэрацыя, для якой ідэі дысыдэнтаў былі не выпакутаваным адкрыцьцём, а дадзенасьцю, і такім чынам у духоўнай гісторыі савецкага дысэнту ёсьць свае «бацькі» і свае «дзеці». Але гэта ўжо меркаваньне для далейшай дэталізацыі.

Зрабіўшы гэтую агаворку, мы можам, нарэшце, перайсьці да тэмы.

* * *

Вышэй ужо казалася пра адзінае інфармацыйнае поле, і нават пра нэрвовы вузел гэтага поля. Зразумела, што ўва ўмовах адсутнасьці якіх бы там ні было мэханізмаў перадачы інфармацыі, апроч перадачы самвыдату з рук у рукі (мы можам умоўна вывесьці за дужкі замежнае радыё, бо папярэдне трэба было наладзіць устойлівыя сувязі з замежнымі мас-мэдыямі), узьнікненьне адзінага поля азначала зьвязанасьць усіх з усімі праз адно альбо два, зрэдку калі тры, зьвяны. Было б надзвычай цікава стварыць і пралічыць дынамічную мадэль гэтага зьліцьця асобных гурткоў, кампаніяў, групаў, сьвецкіх салёнаў у адное цэлае. Але можна з упэўнененасьцю сьцьвярджаць, што для Масквы, прынамсі, гэты працэс прайшоў прыкладна за тры гады – з 1966 па 1968-ы. Пад канец 1968 году ён быў завершаны. Усе з усімі знаёмыя, усе адзін з адным маюць зносіны альбо, ува ўсялякім выпадку, адзін пра аднаго чулі. Далей магчымае толькі далучэньне, г.з. экстэнсіўнае пашырэньне, што і адбывалася. Але пры гэтым экстэнсіўным пашырэньні (паўтаруся, тут мова толькі пра праваабарончы рух у вузкім сэнсе гэтага слова) ужо не адбывалася абмену крытэрыямі, вартасьцямі, правіламі паводзінаў – гэта ўсё адбылося за першыя тры гады. Далей – сэлекцыя паводле прынцыпу «свой-чужы». Прымаеш нашыя правілы гульні – свой, не прымаеш – чужы. Правілы гульні і трэба ўважаць за культуратворчы фактар.

Я ня стаўлю тут задачы дэтальна апісаць усе гэтыя правілы: дысыдэнцкую мараль, тыпалёгію формаў дысыдэнцкіх зносінаў, месца сям’і ў дысыдэнцкай сыстэме каштоўнасьцяў і г.д. Дастаткова будзе ўказаць на абсяг прыкладаньня гэтых правілаў.

Гэты абсяг – уласная біяграфія ўдзельніка дысыдэнцкага руху. Дысыдэнт – гэта чалавек, які ўвесь час экспэрымэнтуе са сваім лёсам. У біяграфіях дысыдэнтаў і трэба шукаць сьляды асобнай дысыдэнцкай культуры – культуры ўчынку, культуры пэўных, сацыяльна маркіраваных паводзінаў.

Біяграфія дысыдэнта выяўна адрозьніваецца ад біяграфіі большасьці ягоных суайчыньнікаў. Яна ўяўляе сабою нейкі спэцыфічны дыялёг з уладаю, рэплікі зь якога запазычаныя з пэўнага тэзаўрусу, які стыхійна стварыўся пад канец 1960-х і не вылучаўся вялікай разнастайнасьцю. Для самога дысыдэнта гэта парадыгма пратэсту: подпіс пад праваабарончай пэтыцыяй альбо скарга ў афіцыйныя інстанцыі (з абавязковаю ўмоваю зрабіць яе галоснаю праз Самвыдат, а пазьней – праз заходнія сродкі масавае інфармацыі), тэкст, які зьвернуты да айчыннай ды міжнароднай грамадзкасьці, прэс-канфэрэнцыя для замежных карэспандэнтаў, зрэдку – удзел у вулічным мітынгу. Улады, у сваю чаргу, зьвяртаюцца да парадыгмы рэпрэсіяў: сачэньне, афіцыйныя і неафіцыйныя ператрусы, звальненьні з працы альбо выключэньні з ВНУ, выклікі на допыты, арышты, суд, лягер ці псыхіятрычная лякарня. Калі дыялёг дасягае гэтай стадыі, пачынае працаваць спэцыфічны сынтакс барацьбы ў зьняволеньні: галадоўка – карцэр – перавод на турэмны рэжым – галадоўка – новае сьледзтва і новы тэрмін.

Зразумела, такімі лінейнымі ланцужкамі падзеяў-рэплікаў можна апісваць толькі дысыдэнцкую біяграфію, але зусім не дысыдэнцкую гістарыяграфію. Акт рэпрэсіі далучаў да кола пратэстнай актыўнасьці новых удзельнікаў – сяброў, сваякоў, калегаў па службе, проста людзей, якіх дадзеная канкрэтная несправядлівасьць чымсьці асабліва зачапіла. Многія з гэтых людзей не абмяжоўваліся адным ці некалькімі пратэстамі і далучаліся да сыстэматычнай дысыдэнцкай дзейнасьці. Ланцужкі прычына-наступства памнажаліся і разгаліноўваліся: у 1965—1968 гг., паводле ўдалага выразу П. М. Літвінава, у асяродзьдзі вольнадумнай інтэлігенцыі адбываўся свайго роду «працэс ланцуговай рэакцыі» [11].

Адзначым таксама, што многія зьвёны гэтых ланцугоў чыста выглядаюць свайго роду мізансцэнамі, якія разыгрываюцца паводле пэўных правілаў: так, у дысыдэнцкім асяродзьдзі была прынята, даведаўшыся, што ў нечай кватэры праводзіцца ператрус, зараз жа ськіроўвацца туды, каб прысутнічаць пры гэтай падзеі. Навошта? – Меркавалася, што гэты жэст салідарнасьці; апроч таго, бытавала легенда, што чым болей «сваіх» знаходзіцца ў кватэры, тым цяжэй будзе чэкістам зрабіць якую-небудзь правакацыю. Саміх чэкістаў гэта спачатку страшэнна раздражняла, ня столькі з-за таго, што плыня візіцёраў перашкаджала іхнай працы, колькі таму, што падобны візыт сам па сабе быў дысыдэнцкім учынкам.

Гэты складана наладжаны дыялёг яўна ня меў задачы пераканаць апанэнта. Чыны палітычнай паліцыі люта ненавідзелі пасьлядоўных дысыдэнтаў (што б яны не пісалі ў далейшым пра гэта ў сваіх мэмуарах), дысыдэнты пагарджалі інстытутам палітычнага вышуку ў цэлым. Ня будзем закранаць матываў уладаў; што тычыцца дысыдэнтаў, то ўсялякае іхнае дзеяньне было, відавочна, скіраванае на некага трэцяга: кожны дысыдэнцкі акт уяўляў сабою рэпліку a parte. Умоўна гэты трэці менаваўся «грамадзкай думкай» – айчыннай і замежнай: канкрэтным жа адрасатам дысыдэнцкай інфармацыі маглі быць урад ці «сусьветная супольнасьць» (у ААН былі, да прыкладу, зьвернутыя лісты першай праваабарончай асацыяцыі дысыдэнтаў – Ініцыятыўнай Групы Абароны Правоў Чалавека ў СССР [12]), альбо нейкая ягоная частка (да прыкладу, урады краінаў, якія падпісалі Гэльсынскае пагадненьне – менавіта яны былі адрасатамі дакумэнтаў Гэльсынскіх групаў [13]).

* * *

Сытуацыя ўскладняецца яшчэ тым, што, апроч абстрактнай «грамадзкай думкі», да якой яўна ці неяўна апэляваў дысыдэнцкі «рух», ён існаваў і разьвіваўся ў зусім канкрэтным савецкім грамадзтве. І дысыдэнцкая субкультура паводзінаў уваходзіла ў складаныя і, як ужо казалася, амбівалентныя адносіны з культурай сацыяльнага асяродзьдзя, якое зьмяшчала ў сабе гэтую субкультуру.

Любы дысыдэнт пагружаны адначасова ў тры колы зносінаў. Першае – гэта ягонае дысыдэнцкае кола. Другое – гэта кола асабістых сяброў. І трэцяе – гэта кола фармальных зносінаў, у першую чаргу – на службе. Для нас самым цікавым аказваюцца суадносіны паміж першым і другім коламі. Яны, як правіла, не супадалі, і нават ня вельмі перасякаліся. Падобна, што менавіта гэтыя абставіны вызначылі многае ў структуры дысыдэнцкіх паводзінаў ды сфармавалі вельмі спэцыфічныя тыпы гэтых паводзінаў.

Насамрэч: дысыдэнты звычайна не парывалі сувязяў са сьветам і не сыходзілі ні ў дысыдэнцкі манастыр, ні ў дысыдэнцкую камуну. Ім не прыходзілася хаваць факт свайго дысыдэнцтва, бо іхная дзейнасьць была арыентаваная на галоснасьць, а не падпольле. Болей таго: сябры збольшага звычайна належылі да той жа самай вальнадумнай інтэлігенцыі і часьцей за ўсё падзялялі ідэалягічныя, культурныя і палітычныя прыхільнасьці дысыдэнтаў. Яны з задавальненьнем чыталі той жа Самвыдат – ува ўсялякім выпадку, мастацкія, філязофскія і рэлігійныя працы. І вельмі часта хавалі рукапісы і дакумэнты, якія належалі іхным сябрам-дысыдэнтам, ад ператрусаў.

І вось тут узьнікае пэўная калізія. З аднога боку, дысыдэнт Іваноў альбо, дапусьцім, Рабіновіч – такі ж як мы, ня горшы і ня лепшы за нас. П’е тую ж гарэлку, круціць тыя ж раманы, чытае тыя ж часопісы. Але, з другога боку, ён ўсё-такі нейкі не такі. Ён падпісвае розныя пэтыцыі, у яго ладзяцца ператрусы, ён катэгарычна адмаўляецца браць удзел у ленінскіх суботніках, ды ўвогуле – яго вось-вось пасадзяць. Значыць, ён усё-такі іншы?

Але ж аналягічная праблема і ў Іванова (Рабіновіча). Ён не мяркуе пра сябе як пра лепшага за сваіх крэўных і блізкіх сяброў! Значыць, часам, можа быць, у глыбіні душы і мяркуе, але гэта зусім іншае пытаньне. Гэта ня больш чым праблема наяўнасьці ў дадзенага асобнага дысыдэнта розуму ды густу, і пад навуковы аналіз не падпадае. Ува ўсялякім выпадку, нават дысыдэнт сярэдніх разумовых здольнасьцяў, гледзячы на сваіх больш разьвітых таварышаў па дысыдэнцкай працы, саромеецца праяўляць сваю гордасьць уголас. А нармальны дысыдэнт Іваноў—Рабіновіч пастаяна адчувае пэўную дыскамфорт ад свайго дысыдэнцтва перад сябрамі да длізкімі. І вось гэтае пачуцьцё дыскамфорту вызначае вельмі многае ў ягоных паводзінах.

Менавіта ў гэтым пачуцьці – прычына, мягка кажучы, неадназначных адносінаў многіх дысыдэнтаў да нарматыўных дакумэнтаў, якія сыходзілі зь іхнага асяродзьдзя. Самы яркі прыклад гэтага – знакаміты зварот Аляксандра Салжаніцына «Жыць не па хлусьні», прамая заяўка на праграмнае абагульненьне дысыдэнцкага досьведу. Гэтая адозва, адзін з самых яркіх узораў самвыдавецкай публіцыстыкі, выклікала ацэнкі захапленьня лібэральнай інтэлігенцыі ў цэлым і больш чым стрыманыя – ува ўласна дысыдэнцкім асяродзьдзі. Хоць, здавалася б, усё павінна было быць зусім наадварот.

Два ўрыўкі з пакуль не апублікаваных на расійскай мове мэмуараў Сяргея Кавалёва добра ілюструюць данную тэзу. Распавядаючы пра пэўную калізію, зьвязаную з патрабаваньнем начальства звольніцца «паводле ўласнага жаданьня» і пра сваю адмову, ён піша: «І ўсю-такі неўзабаве я падаў заяву пра сыход «паводле ўласнага». Чаму? Як ні дзіўна, я адчуў пэўны дыскамфорт ад маральнай беззаганасьці ўласных прынцыпаў. У працэсе звальненьня нам непазьбежна прыйшлося б тлумачыць нашую пазыцыю перад людзьмі, якіх мы паважаем, якія не дурнейшыя за нас і ня горш за нас разумеюць, што да чаго. Што ж, калі мы абралі іншую лінію паводзінаў у жыцьці, чым яны, так мы ўжо і лепшыя за іх? Набралі нейкія ачкі ў Госпада Бога ў кандуіце? Я сустракаў сярод дысыдэнтаў людзей, якія так і меркавалі. Мы, маўляў, станем прыкладам для іншых. Я ніколі ня мог пагадзіцца з гэтым пунктам погляду. Мая лінія – гэта мая лінія, і яна ня робіць мяне ні лепшым, ні горшым за астатніх. Галоўнае, што яна – мая. І дэманстраваць яе публічна падавалася мне дзеяньнем нясьціплым і сумнеўным.

Да прыкладу, мне заўжды падавалася дзіўным і маральна небеззаганным прапаноўваць іншаму падпісаць якую-небудзь пэтыцыю. Чалавек жа можа пагадзіцца проста ад нялоўкасьці, ад баязьні падацца баязьлівым – а ўнутрана яму гэта зусім і не патрэбна. Паказаць тэкст, пазнаёміць зь ім – гэта іншая рэч. Калі ён захоча падпісацца, ён сам пра гэтае скажа».

І ў іншым месцы: «мяне яшчэ ў 1970-я г. страсянуў знакаміты заклік Салжаніцына: «Жыць не па хлусьні!» Мне задецца, што ўва ўмовах нават лядашчага ды паўвэгетарыянскага таталітарызму гэты заклік немагчыма было выканаць, бо хлусьнёй былі працятыя ўсе без выключэньня віды грамадзкіх адносінаў: пачынаючы ад удзелу ў галасаваньнях, дзе «ўсенародна ўхвалялася» якая-небудзь чарговая брыдота, і канчаючы здачаю іспытаў па марксызьме ў інстытуце альбо выхадам на «добраахвотны сацыялістычны суботнік» на службе. Тыя, хто мяркуе, што ішоў усьлед за заклікам Салжаніцына, падманвае сябе: яны ўхіляліся ад удзелу ў «антыхрыставай імшы», але не маглі ня ўдзельнічаць у штодзённых дробных рытуалах служэньня ўсё той жа Вялікай хлусьні. І я ня ведаю, хто болей крывадушнічаў: бальшыня, якая асабліва не задумвалася пра маральны бок справы, абыякава выконвала ўсе абавязковыя ідэалягічныя абрады, -- або меншыня, якая старанна пазьбягала камуністычнай брыдоты ды меркавала, што выратоўвае гэтым сваю душу. Калі я працаваў на рыбагадоўчай станцыі, то катэгарычна заяўляў дырэктару, што не зьбіраюся браць на сябе ніякія «сацыялістычныя абавязкі», як таго патрабуе райкам партыі, бо мне гэтыя гульні агідныя, а ён, дырэктар, можа паступаць з маёю адмоваю як лічыць патрэбным. Звычайна, пытаньне вырашалася вельмі проста: у дзень, калі адбываўся адпаведны збор, мяне адпраўлялі ў якую-небудзь мясцовую камандзіроўку – і я ехаў. Але ж я папросту перакладваў свае праблемы на іншага чалавека! Ганарыцца такой сваёй «прынцыповасьцю» было б, па-мойму, фарысэйствам у самым прамым, эвангельскім сэнсе гэтага слова» [14].

Іншымі словамі, аўтар выконвае пэўны рытуал адмовы ад рытуалу (як у другім выпадку) альбо не выконвае яго (як у першым выпадку), але ў абодвух выпадках адчувае пэўную няёмкасьць ад сваёй нявольнай «вылучнасьці». Такім чынам, ёсьць нейкая сыстэма паводзінаў, заснаваная на пэўных, ня столькі ідэалягічных, колькі на паводзінскіх формулах. Істотным элемэнтам гэтай сыстэмы ёсьць адмова ад абавязковых рытуалаў. Але пры гэтым ёсьць зусім пэўнае нежаданьне вэрбалізоўваць гэтыя правілы.

Наогул гэта зразумела і зусім стасуецца з нашым зыходным азначэньнем. Культура дысыдэнцтва – гэта культура ўчынку, а не нарматыўнага тэксту. Інакш і быць не магло, улічваючы спэцыфіку грамадзкага руху, які ўлучаў у сябе «почвенников» і «западников», камуністаў, манархістаў і анархістаў, безыдэйных мастакоў і глыбока ідэйных філёзафаў. Для такога руху прынцыпова немагчыма выбудаваць ідэалягічную платформу.

Але праблема застаецца, і праблема значна больш сур’ёзная, чым пошук прыдатнай ідэалягемы. Гэта насамрэч ня што іншае, як пошук уласнае ідэнтычнасьці («свой – чужы») пры вядомай забароне на любы магчымы варыянт гэтага пошуку.

Вельмі характэрная гісторыя самога слова «дысыдэнт» ды спадарожным яму тэрмінам. Дазволю сабе прывесьці даўгую цытату з уласнае публікацыі чатырохгадовае даўніны: «…Праблема саманазвы заўжды была дастаткова хваравітаю для ўдзельнікаў руху. Патрэба неяк называцца, якая ўзьнікла разам з пачуцьцём набыцьця сацыяльнага асяродзьдзя (паводле нашых уяўленьняў гэта адбылося ў выніку пэтыцыйнае кампаніі 1968 г.) уступіла ў супярэчнасьць зь сьветаадчуваньнем людзей, чыя грамадзкая актыўнасьць была перш за ўсё наступствамі абвостранага пачуцьця асабістае адказнасьці і пратэстам супраць афіцыйна навязанага зьверху статкавага калектывізму. Зьняць супярэчнасьці магла толькі іронія. Так узьнік напаўгульнёвы тэрмін «падпісанты» (параўнай з такім жа напаўгульнёвым тэрмінам «самиздат», які пусьціў у абыходак маскоўскі паэта М. Глазкоў у 1940-я гады [15]).

Пазьней, у 1969—1972 г. сур’ёзна абмяркоўвалася назва «дэмакратычны рух» («демдвижение» і нават «демдвиж»). Але яна занадта адгукалася палітыкаю ды партыйнасьцю (некалькі самвыдавецкіх дакумэнтаў таго часу падпісана «Демократическое Движение Советского Союза» – ДДСС, што непазьбежна выклікала аналёгіі з КПСС, а эпітэт «дэмакратычны» – да таго ж і ідэалёгіяй). Назва ціха памерла, каб адрадзіцца зноў у новых гістарычных умовах у 1989 г.

Прыкладна ў той жа пэрыяд узьнікае тэрман «праваабаронца» <…> Пэўная вузкасьць данай саманазвы не дазваляла выкарыстоўваць яе адносна да больш шырокага спэктру зьяваў. Слова ж «іншадумец», якое бытавала раней, наадварот, успрымалася як нешта занадта расплывістае, недастатковае, каб вылучыць «сваіх». Неабходна было знайсьці нешта сярэдняе, прамежкавае. Тэрмін «дысыдэнт», запушчаны ў абарачэньне ангельскамоўнымі журналістамі ў пачатку 1970-х гадоў [16], узяў на сябе гэтую функцыю. Характэрна, што спробы неяк перакласьці яго на расійскую мову адсутнічаюць – нэўтральная сэмантыка, якая не дае магчымасьці тлумачэньня, прыйшлася дарэчы» [17].

* * *

Між іншым, мы прамовілі два вельмі важныя словы: «іронія» і «гульня». Здаецца, зь іроніяй усё зразумела. У любой кульутры іронія, апроч усяго іншага – унівэрсальны сродак зьняцьця анталягічных сутнасных супярэчнасьцяў. Магчыма, трэба было б сказаць «самаіронія», але іронія, як кампанэнт культуры, заўжды скіраваная на суб’ект, а не на аб’ект. Ці можна ўявіць сабе грамадзкі рух, які замяшаны на самаіроніі? У Расіі, здаецца, гэта сапраўды была першая спроба. А па-другое, мова вядзецца ўсё ж не пра дысыдэнцтва як такое, а пра народжаную ім субкульутру. Вось жа, скажам, францускі экзыстэнцыялізм – філязофская і культурная школа, наскрозь прасякнутая іроніяй – зусім ня тоесны руху Рэзыстансу, які абумовіў ягоны росквіт. Магчыма, іронія суправаджае любы рух, які ўсьведамляе сваю безнадзейнасьць: дысыдэнцкі «рух» быў менавіта такім, і пераважная большасьць ягоных удзельнікаў не ўяўляла ніякіх рэальных наступстваў сваёй грамадзкай актыўнасьці ў агляднай гістарычнай будучыні. Уся іхная актыўнасьць была крута замешаная на экзыстэнцыйным пратэсьце.

Другая тэма – гэта тэма гульні. Магчыма, некага абурыць гэтае слова, калі мова вядзецца пра цалкам рэальныя пакуты, шматгадовыя тэрміны зьняволеньня, сьмерці ў рэшце рэшт. Ці магчыма і ці не па-блюзьнерску ўсё гэта зводзіць да гульні? Але ж гульня ніколі не бывае толькі забавай. Сацыёлягі добра ведаюць, што любая гульня – гэта мадэль. Што ж мадэлявалі палітычныя гульні з палітычнымі платформамі, якія ніколі, як уяўлялася, не зьбяруць болей за некалькі дзясяткаў прыхільнікаў; з плянамі эканамічных і палітычных пераўтварэньняў, якія, паводле меркаваньня саміх аўтараў, ніколі ня будуць рэалізаваныя; з жорсткімі спрэчкамі і барацьбой думак вакол гэтых платформаў і плянаў; з Самвыдатам замест Дзяржвыдату і гэтак далей? Адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці ў некаторых дысыдэнцкіх формулах. Так, Андрэй Амальрык піша, што дысыдэнты ў несвабоднай краіне пачалі паводзіць сябе як свабодныя людзі. Сахараў фармулюе тую ж самую думку крыху інакш: «рэалізацыя правоў і свабодаў явачным парадкам». І ўвогуле, робіцца зразумелым, ува што гулялі дысыдэнты, незалежна ад іхнай ідэйнай і палітычнай арыентацыі. Яны гулялі ў грамадзянскую супольнасьць. Мадэль, якая фармавала дысыдэнцтва – гэта першая, грубая і недасканалая мадэль такога грамадзтва.

Робіцца магчымым і адказ на пытаньне: ці ўтварылі асаблівасьці дысыдэнцкіх паводзінаў якую-небудзь культурную парадыгму? Так, утварылі, але зусім незвычайную: цалкам гульнёвую, якая нібы саромеецца самой сябе, зьбягае ад самаідэнтыфікацыі ды наскрозь прасякнутая самаіроніяй.

Але ж менавіта гэтая культура ўва ўсёй яе дзівацкасьці і незвычайнасьці аказалася запатрабаванаю тагачаснаю грамадзкаю сьвядомасьцю. І наадварот, настойлівыя спробы новай генэрацыі дысыдэнтаў у другой палове 1970-х – пачатку 1980-х самавызначыцца, прывялі да краху дысыдэнцкага ўплыву на грамадзтва. Калі на зьмену дактароў навукаў ды герояў сацпрацы, якія гуляліся, сталі прыходзіць сур’ёзныя маладыя людзі з кацельных з усьведамленьнем уласнай маральнай перавагі над асяродзьдзем, грамадзтва ня тое што пакрыўдзілася, але папросту згубіла цікавасьць да дысыдэнцтва. Грамадзтва слушна меркавала, што маралізоўваць яно і само ўмее ня горш за любога качагара.

* * *

Такім чынам, адная з асноўных асаблівасьцяў дысыдэнцкіх паводзінаў (паводле меркаваньня аўтара, вызначальная) – гэта тэма адмовы альбо, дакладней – тэма ўхіленьня. Ухіленьне ад усіх і ўсялякіх азначэньняў ды клясыфікацыяў. Зусім даўно, нейдзе ў 1973 ці 1974 годзе, аўтар гэтага артыкулу, які зацікавіўся зьместам панятка «дысыдэнт», правёў нешта падобнае да бліц-апытаньня шэрагу сваіх знаёмых, выбітных і аўтарытэтных удзельнікаў дысыдэнцкага руху. Задавалася толькі адное пытаньне: «Хто такія, паводле Вашага меркаваньня, дысыдэнты?» Я атрымаў самыя розныя варыянты адказаў. Але адно ў іх было супольным. Кожны з апытаных пачаў свой адказ са словаў: «Ну я-то, натуральна, ніякі не дысыдэнт…»

Прайшло дваццаць гадоў. Мне надарылася прысутнічаць у студыі «Астанкіна» на нейкім шоў, прысьвечаным дысыдэнтам. У нейкі момант вядучы папрасіў тых, хто уважае сябе за дысыдэнта, падняць руку. Упэўнена і цьвёрда паднялася адна рука – В.І.Навадворскай, але ніхто не зьвярнуў на гэта ўвагі, бо погляды прысутных скіраваліся на куды больш знакамітага ў той момант (усё адбывалася ў разгар чачэнскай вайны) дысыдэнта – С. А. Кавалёва. Апошні, пасьля доўгіх і пакутлівых ваганьняў, усё ж падняў руку, але зрабіў гэткае з заўважнаю зьбянтэжанасьцю, марудна ды неахвотна, яўна вымушаны да гэтага ўсеагульнаю ўвагаю. У 1974 г. ён быў сярод тых, каго я апытваў. Цяпер, калі гэты тэрмін набыў гістарычнае гучаньне, ён усё ж рашыўся прызнаць сябе дысыдэнтам.

Але самае цікавае, што Навадворская ў сваіх мэмуарах, выпушчаных незадоўга да перадачы, цьвёрда заявіла, што з дысыдэнтамі яна ніколі нічога супольнага ня мела [18]. Што ж, калі выкладзеная мною канцэпцыя мае ў сабе рацыянальнае зерне, то гэтая заява і дазваляе ёй з чыстым сумленьнем падняць руку. Тэатральны патас, які ўласьцівы некаторым дысыдэнтам, калі яны гавораць пра сваю і сваіх таварышаў дзейнасьць, часта напраўду аказваецца ўсё той жа гульнёй, якая афарбаваная неўсьвядомленай самаіроніяй.

Этыка клясычнага савецкага дысыдэнта – гэта зусім ня тая рыгарыстычная ды абмежаваная мараль, якую прыпісвае дысыдэнтам Мікалай Шмялёў ува ўзгаданай вышэй аповесьці «Пашков дом». Хутчэй яна раднейшая філязофіі дзэн, якая пазьбягае дэфініцыяў ды ваюе з інтэрпрэтацыямі. Зразумела, што за складанасьці гэта стварае для будучага дасьледчыка. Але яшчэ складаней зразумець дысыдэнцкую кульутру паводзінаў сучасьніку, які абавязкова імкнецца прывязаць яе да пэўнага сьветапогляду. Дысыдэнтаў увесь час прымалі да прымаюць за некага іншага. Дарэчы, цалкам магчыма, што і яны самі прымалі сябе за некага іншага.

Адзначым на заканчэньне, што гэтая ўласьцівасьць ня ёсьць выключнаю прэрагатываю дысыдэнтаў. У самым пачатку мы казалі пра соцыякультурны кантэкст дысэнту. Мы назвалі гэты кантэкст: вальнадумная савецкая інтэлігенцыя. Калі ўзяць пад увагу, што дысыдэнцтва фармавалася ў 1966—1968 гг., то больш дакладна можна вызначыць гэты кантэкст: вальнадумная (нябожчыца Л. К. Чукоўская, праўда, выступала супраць гэтага тэрміну ды прапаноўвала замяніць яго проста на «думаючая») савецкая інтэлігенцыя другой паловы 1960-х г. У нашай крытыцы, літаратуразнаўстве, публіцыстыцы ўстаяўся спэцыяльны тэрмін для вальнадумнай (ці проста думаючай) савецкай інтэлігенцыі 1960-х г. – «шасьцідзясятнікі».

Гаворачы пра шасьцідзясятнікаў, мы сутыкаемся з усімі тымі жа праблемамі. Сучасныя публіцысты то ўсхваляюць іх, то абвінавачваюць ува ўсіх сьмяротных грахах і заўжды спрабуюць прывязаць іх да якой-небыць ідэалёгіі: да марксызму, антыкамунізму ці лібэральнага заходніцтва. Пры гэтым зь лёгкасьцю незвычайнаю з катэгорыі «шасьцідзясятнікаў» выключаюцца тыя, хто не падыходзіць пад гэтыя формулы, альбо проста тыя, каго ім ня хочацца «клясыфікоўваць». І. Вінаградаў выключае зь ліку шасьцідзясятнікаў У. Максімава; Я. Бершын горача сьцьвярджае нешта падобнае пра Ю. Айхенвальда [19]. Да і самія нашыя героі ня вельмі ўпэўненыя ў сваёй прыналежнасьці. Паводле словаў удавы А. Сіняўскага, апошні катэгарычна не ўважаў сябе за шасьцідзясятніка. Вельмі магчыма, што не ўважаў. Але ў сьвятле канцэпцыі «ўхіленьня» гэта само па сабе падазрона…

Можа быць, савецкае дысыдэнцтва – гэта ўсяго толькі квінтэсэнцыя шасьцідзясятніцтва, ягоны позьні, пасьмяротны плод? У «дысыдэнты» сыходзілі – як у скіт ці, хутчэй, як на вайну. Адкуль? Зразумела, што падобная гіпотэза ўсяго толькі зводзіць адну кепска вырашаную праблему да іншай, больш агульнай і яшчэ менш вырашальнай. Зрэшты, гэта – доля ўсіх культуралягічных дапушчэньняў.


* першая вэрсія гэтага артыкулу была апублікаваная ў зборніку: Россия / Russia. Вып. 1 [9]. Семидесятые как предмет истории русской культуры. Москва – Венеция: О.Г.И., 1998.

1. Асабліва настойліваму чытачу магу толькі прапанаваць уласную публікацыю на гэтую тэму: Лариса Богораз, Александр Даниэль. В поисках несуществующей науки (диссиденство как историческая проблема) // Проблемы Восточной Европы. 1992, № 37—38; альбо артыкул «Диссиденты» тых жа аўтараў у больш даступнаму айчыннаму чытачу зборніку: 50/50. Опыт словаря нового мышления. М.: «Прогресс», 1989. С. 411—416.

2. Першы выпуск «Хроники текущих событий» быў датаваны 30 красавіком 1968 г. Першыя 9 нумароў бюлетэню (да свайго арышту ў сьнежні 1969 г.) практычна ў адзіноце рыхтавала Н. Гарбанеўская. У далейшым з падрыхтоўкаю і выпускам «Хроники» былі зьвязаныя імёны Т. Веліканавай, А. Якабсона, Ю. Кіма, С. Кавалёва, А. Лавута, Ю. Шыхановіча і многіх іншых (з названых чацьвёра былі арыштаваныя і асуджаныя). За 15 год існаваньня «Хроники» было падрыхтаванае 65 выпускаў бюлетэню, зь іх распаўсюджаныя 63 выпускі (практычна падрыхтаваны 59-ы выпуск быў канфіскаваны падчас ператрусу ў 1981 г.; апошні 65-ы таксама застаўся ў рукапісе). Аб’ём выпускаў вагаўся ад 15-20 (у першыя гады) да 100-150 (пад канец) машынапісных старонак.

«Хроника» – гэта найперш летапіс палітычнага перасьледу брэжнеўскай эпохі. Гаворачы пра палітычны перасьлед, мы маем на ўвазе ня толькі рэпрэсіі супраць тых, чые дзеяньні мелі палітычную матывацыю, але і рэакцыю ўладаў на любую незалежную грамадзянскую актыўнасьць (у тым ліку культурную, навуковую і г.д.), якая выходзіла па-за рамкі дазволенага. Практычна любая праява такой актыўнасьці ўспрымалася дзяржаваю як «палітычная апазыцыя» – з усімі наступствамі. Менавіта ў гэтым сэнсе мы і рашаемся казаць пра паўнату «Хроники» як крыніцы.

3. Гэты мэханізм апісаны ў самой «Хронике» (вып. 5 ад 31.12.1968) у звароце рэдакцыі да чытачоў, названым «Год правоў чалавека працягваецца». Гл.: «Хроника текущих событий». Т. 1 (выпускі 1—17). Амстэрдам, Фонд імя Герцэна, 1979. С. 102—103.

4. Лёгка пабачыць, што аўтар больш ці менш згодны з клясыфікацыяй, прапанаванай Людмілай Аляксеевай (Л. Алексеева. История инакомыслия в СССР. Новейший период. Вильнюс – Москва: «Весть» – VIMO, 1992). Гэта не выпадкова: фундамэнтальная праца Аляксеевай грунтуецца на вывучэньні цэлага шэрагу крыніцаў, але найперш за ўсё менавіта «Хроники» і архіву яе замежных перавыданьняў (апошні ў цяперашні час складае частку калекцыі дакумэнтаў па дысыдэнстве НИПЦ «Мемориал»). Я горача рэкамэндую гэтае дасьледаваньне тым, хто кепска знаёмы з фактаграфіяй дысыдэнцкай актыўнасьці ды хацеў бы пазнаёміцца зь ёю падрабязьней.

5. П.Вайль, А.Генис. 1960-е. Мир советского человека. М., 1996. С. 176—186.

6. Ёсьць яшчэ адная магчымая пастаноўка пытаньня – пра дзеячоў культуры, якія сталі дысыдэнтамі. Але літаратары, такія, як Салжаніцын, Галіч ці Ўладзіміраў, мастакі, такія як Рабін ці Сысоеў, скульптары, такія як Неізьвестны, як мне падаецца, не ўтвараюць у сукупнасьці нейкую асобную «другую культуру», якая рэзка выпадае з агульнасавецкага культурнага працэсу. Ілюзія «другой культуры» ствараецца з-за таго, што савецкая ўлада спрабавала дыктаваць дзеячам «літаратуры ды мастацтва» ня толькі ідэалягічную скіраванасьць іхных твораў, але і творчы мэтад (канцэпцыя сацрэалізму). Тых жа, хто адмаўляўся прымаць прадпісаныя зьверху нормы, аўтаматычна выпіхвала ў дысыдэнты. Такім чынам, менавіта савецкая ўлада ёсьць сапраўдным стваральнікам «другой культуры».

7. У архіве Навукова-Інфармацыйнага і Асьветнага Цэнтру «Мемориал» захоўваецца калекцыя матэрыялаў па гісторыі дысыдэнцтва, якая складаецца прыблізна з 25 тыс. дакумэнтаў агульным аб’ёмам каля 200 тыс. аркушаў; і пераважная частка гэтых матэрыялаў – тэксты саміх дысыдэнтаў. У будапэшцкім Інстытуце Гісторыі Паваеннага Камунізму і Халоднай Вайны пры Цэнтральна-Эўрапейскім Унівэрсытэце, куды пераехаў былы архіў Аддзелу Самвыдату Дасьледчага Інстытуту Радыё Свабода / Свабодная Эўропа, гэтых тэкстаў яшчэ болей.

8. Анна Герц. К вольной воде заповедные пути // Новый журнал (Нью-Йорк). № 121, 1975; №№ 122—124; Владимир Максимов. Кочевание до смерти // Континент. Москва. № 79, 1994. Асобна стаіць раман Уладзімера Кормера «Наследство» (М.: «Советский писатель», 1991) – істотна больш складаны ды шматплянавы твор, які бліскуча прадстаўляе ня столькі «грамадзкую пазыцыю», колькі сьветаадчуваньне калядысыдэнцкай інтэлігенцыі.

9. Гл., да прыкладу: Лариса Богораз. Мелкие бесы [рец. на повесть Анны Герц] // Континент. Париж. № 12, 1977.

10. Пра несанкцыянаваныя сходы літаратурнай моладзі на пл. Маякоўскага ў 1958—1961 гг. гл.: Людмила Поликовская. Мы – предчувствие, предтеча… -- «Звенья» – М., 1997.

11. «Процесс цепной реакции» – назва, пад якой быў апублікаваны самвыдатаўскі дакумэнтальны зборнік, складзены П. Літвінавым. Гісторыя гэтага зборніку бліскуча ілюструе сэнс загалоўку. Справа Сіняўскага і Даніэля (люты 1966 г.) выклікала беспрэцэдэнтную пэтыцыйную кампанію ў іхнюю абарону; пад канец таго ж году Аляксандар Гінзбург укладае «Белую книгу» – дакумэнтальны зборнік, у які былі сабраныя матэрыялы, зьвязаныя з гэтай справаю. У студзені 1967 г. Гінзбург і ягоныя сябры (Ю. Галанскоў, А. Дабравольскі, В. Дашкова) былі арыштаваныя. Гэтыя арышты і, асабліва, суд над Гінзбургам, Галансковым ды інш. (студзень 1968 г.) выклікалі новую, яшчэ больш шырокую хвалю пратэстаў. Зборнік, пра які йдзецца, прысьвечаны менавіта працэсу Гінзбурга, Галанскова ды інш. і грамадзкай рэакцыі на яго.

Іншае адгалінаваньне гэтага ж ланцугу – дэманстрацыя на Пушкінскай плошчы 22 студзеня 1967 г., адразу пасьля арышту Галанскова, Дабравольскага і Лашковай. Пяцёра з дэманстрантаў былі арыштаваныя і вясною-летам таго ж году асуджаныя. Арышты і суды выклікалі новыя пратэсты. Яшчэ адно з адгалінаваньняў, якое пацягнула за сабою самыя сур’ёзныя наступствы -- гэта ганеньні на «падпісантаў» (менавіта тады ўзьнікла гэтае слоўца): звальненьні з працы, выключэньні з партыі, камсамолу, адлічэньні з ВНУ і г.д. Менавіта патрэба зьбіраць і пашыраць зьвесткі пра гэтыя падзеі (ня толькі, натуральна) прывяла да ўзьнікненьня «Хроники текущих событий». У сваю чаргу, вакол функцыянаваньня «Хроники» на працягу многіх гадоў завязваліся вострыя калізіі, што давала пачатак чарговым «ланцужкам» тыпа «рэпрэсія – пратэст – рэпрэсія». Прыклады такога роду можна памнажаць да бясконцасьці.

12. Ініцыятыўная група ўзьнікла ў траўні 1969 г. і функцыянавала (да сярэдзіны 1970-х гг.) не як арганізацыя ў пазьнейшым сэнсе гэтага слова, а хутчэй як аўтарскі калектыў. У яе не было ні праграмы, ні напісанага статуту. Адзінаю мэтаю яе існаваньня было складаньне зваротаў і адкрытых лістоў у сувязі з найбольш адыёзнымі выпадкамі палітычнага перасьледу. Зусім заканамерна, што ў хуткім часе ініцыятыўнай групе прыйшлося надаваць асноўную ўвагу перасьледу сваіх уласных сяброў. З 15 чалавекаў, якія ў траўні 1969 г. склалі ІГ, пад канец 1980 г. былі арыштаваныя ды адбылі тэрмін ці адбывалі 11; былі вымушаныя эміграваць, каб пазьбегнуць арышту – 3; эмігравала пасьля адбыцьця тэрміну – 5.

13. Першая Гэльсынская група (поўная назва – Грамадзкая Група Садзеяньня Выкананьню Гэльсынскіх Пагадненьняў у СССР; кіраўнік – праф. Ю. Ф. Арлоў) была створаная ў траўні 1976 г. і ставіла сваёй мэтаю інфармаваць грамадзкасьць і ўрады краінаў-удзельніцаў Нарады па Бясьпецы і Супрацоўніцтве ў Эўропе пра выпадкі парушэньня ў СССР палажэньняў Гуманітарнага разьдзелу Гэльсынскага акту 1975 г. Хутка ў СССР зьявіліся яшчэ чатыры Гэльсынскія групы: Украінская, Літоўская, Грузінская і Армянская. Увага апошніх была скіраваная на барацьбу за нацыянальна-рэлігійныя альбо нацыянальна-культурныя каштоўнасьці ў сваіх рэспубліках. Гэльсынскі рух перакінуўся і ў замежжа (спачатку ў выглядзе групаў салідарнасьці з савецкімі Гэльсынскімі групамі, а потым – як сетка самастойных праваабарончых арганізацыяў). У цяперашні час Міжнародная Гэльсынская Фэдэрацыя – адная з найбольш аўтарытэтных праваабарончых асацыяцыяў у сьвеце.

У СССР Гэльсынскі рух быў разгромлены ў канцы 1970 – пачатку 1980-х гг. У верасьні 1982 г. тры сябры маскоўскай Гэльсынскай групы, якія заставаліся на волі, аб’явілі пра самароспуск МГГ (у 1989 г. пад гэтаю ж назваю адрадзілася зусім іншая арганізацыя); астатнія групы былі абяскроўленыя альбо цалкам зьнішчаныя арыштамі.

15. Тут патрэбнае ўдакладненьне: Глазкоў, калі ладзіў сваю літаратурную гульню, прыдумаў крыху іншы тэрмін – «самсебяиздат». Рэдукцыя адбылася ў 1950-я гады ды ўзмацніла парадыйны характар гучаньня, падкрэсьліла прамую алюзію на «Госиздат». Дарэчы, у пачатку 1970-х зьявілася яшчэ і слова «тамиздат» – пародыя на пародыю.

16. Паводле вуснага паведамленьня Аляксандра Гінзбурга, прыярытэт у вынаходніцтве слова «дысыдэнт» належыць не замежным карэспандэнтам, а пісьменьніку Л.Пінскаму, чалавеку, які хоць і ня ўдзельнічаў актыўна ў дысыдэнцкай дзейнасьці, але несумненна быў адным з духовых айцоў дысыдэнцтва – ува ўсялякім выпадку, многія вядомыя дысыдэнты залічалі яго да сваёй «рэфэратыўнай групы». Слова «дысыдэнт» Пінскі выкарыстоўваў выключна ў іранічным кантэксьце.

17. Л. Богораз, А. Даниэль. В поисках несуществующей науки… С. 152—153.

18. Валерия Новодворская. По ту сторону отчаяния. М.: «Новости», 1993. С. 21, 43, 62, 68, 77—78, 93, 130.

19. Гэтае меркаваньне выказвалася падчас дыскусіі “«Шасьцідзясятнікі» ды шасьцідзясятыя”, якая адбывалася ў лістападзе 1996 г. у Расійскай Бібліятэцы Замежнай Літаратуры, а таксама крыху пазьней на прэзэнтацыі ў «Мэмарыяле» айчыннага выданьня кнігі Ю. А. Айхенвальда «Дон-Кихот на русской почве». Да нашай тэмы гл. таксама вельмі характэрны абмен шпількамі паміж Я. Бершыным ды Ю. Бурціным у «Литературной газете»: “«Шестидесятники» – явление мифологическое. Беседа Е. Бершина с И. Виноградовым” // ЛГ. 13.11.1996; Ю. Буртин. «Шестидесятники» перед судом современного конформизма // ЛГ. 22.01.1997; Ю. Буртин. «Восьмидесятники» перед судом современного марксизма // ЛГ. 12.02.1997. Апошнія два артыкулы, зрэшты, зводзяцца болей да ўзаемных абвінавачаньняў апанэнтаў у марксізьме, царкоўнасьці ды сымпатыях да сучаснага палітычнага рэжыму і толькі мімаходам кранаюцца сутнасьці праблемы. Тым ня менш і ў іх знайшло сваё адлюстраваньне характэрнае для сёньняшняга дня спрошчана-ідэалягізаванае разуменьне «шасьцідзясятніцтва» і, у прыватнасьці, дысыдэнцтва.

Aleksander Daniel, Ph. D.

Dissent: the Culture Which Evades from Definitions

Summary

The intellectual fermentation of the end 1950 and 1960 has created in USSR the special social and cultural community with own traditions, public values, features of a life. From this community has grown the movement in protection of the rights of the man. The intellectual atmosphere of those years was a context of the Soviet dissent.

Аляксандар Даніэль – нарадзіўся ў 1951 годзе; у 1978 скончыў матэматычны факультэт Маскоўскага пэдагагічнага інстытуту. Працаваў праграмістам, выкладаў у школе. У 1974-1980 браў удзел у выпуску «Хроники текущих событий» – самвыдавецкім інфармацыйным бюлетэні праваабарончага руху. У 1975-1981 быў сябрам рэдакцыі непадцэнзурнага зборніку «Память», прысьвечанага праблемам савецкае гісторыі. У 1988-1989 браў удзел ў паўставаньні дасьледчых праграмаў таварыства «Мемориал», стварэньні Навукова-Інфармацыйнага і Асьветніцкага Цэнтру «Мемориал». Сябра Ўправы «Мемориалу»; кіраўнік дасьледчае праграмы «Дысыдэнцкі і праваабарончы рух у СССР». Бярэ ўдзел таксама ў праграмах: 1) мэтадалёгія вывучэньня дакумэнтаў дысыдэнцкіх рухаў; 2) палітычныя рэпрэсіі 1950-х – 1980-х гадоў; 3) незалежныя грамадзкія групы і асацыяцыі; 4) самвыдавецкія пэрыядычныя выданьні.

Кантакт:
НИПЦ «Мемориал»
Москва 103051
Малый Каретный пер., 12
тэл. + 209-65-54; факс + 973-20-94
E-Mail: memnipc@glasnet.ru 


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Цэнтру Athenaeum

кантакт: anh@belsonet.net

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія