БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ШУФЛЯДА НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
Шуфляда № 2/2001

CЯРЭДНЯЯ ЭЎРОПА

Віленскія вытокі саветалёгіі *

Анджэй Пукшта / Andrzej Pukszto

Няшмат хто ведае пра тое, што ў 1930—1939 гадох у Вільні дзейнічала адна зь першых у сьвеце саветалягічных навуковых установаў – Навукова-Дасьледчы Інстытут Усходняе Эўропы (Instytut Naukowo-Badawczy Europy Wschodniej -- INBEW).

Інагурацыйнае паседжаньне адбылося 23 лютага 1930 году. Дырэктарам інстытуту быў абраны Януш Енджэевіч / Janusz Jędrzejewicz, але, як аказалася, не надоўга: у 1931 ён стаў міністрам веравучэньняў і адукацыі, а ў 1933 – прэм’ер-міністрам Польшчы. Старшынём управы інстытуту абралі аднаго зь ініцыятараў ягонага стварэньня -- Стэфана Эгрэнкройца / Stefan Egrenkreutz. Ён жа быў дэканам факультэту грамадзкіх навукаў і права.

Інстытут разьмясьціўся ў памяшканьні бібліятэкі Ўрублеўскіх (цяпер – бібліятэка Акадэміі навук Літвы). Праз два гады пры Інстытуце была заснаваная Вышэйшая Школа Палітычных Навукаў. У інстытуце і школе выкладалі галоўным чынам прафэсары Віленскага ўнівэрсытэту. Зрэшты, было нямала і дасьледчыкаў з Польшчы. Удалося таксама ўсталяваць кантакты з навуковымі ўстановамі Эстоніі, Латвіі, Фінляндыі, Чэхіі й Аўстрыі. Быў сярод выкладчыкаў і літовец – Антанас Валайціс / Antanas Valajtis, які чытаў курс літоўскае мовы.

Пад паняткам «Усходняя Эўропа» кіраўніцтва інстытуту разглядала ўсю тэрыторыю паміж Балтыйскім ды Чорным марамі – Савецкі Саюз, краіны Балтыі і Польшчу. Вучоба ў інстытуце, паводле палажэньня, зацьверджанага ўрадам Польшчы, было закліканая даць студэнтам асноўныя зьвесткі пра гэты рэгіён, каб у далейшым выпускнікі маглі самастойна займацца вывучэньнем палітычнага, эканамічнага, прававога і культурнага становішча ў гэтых краінах.

У 1931—1932 акадэмічным годзе ў Вышэйшай Школе Палітычных Навукаў навучалася 143 студэнты і 41 вольныя слухачы. Навучаньне вялося ў дзьвюх спэцыялізацыях – эканамічнай і культурна-палітычнай. Студэнтам трэба было праслухаць асноўны курс і прайсьці спэцкурсы. Бальшыня спэцкурсаў была прысьвечаная праблематыцы СССР. Напрыклад, прафэсар С. Эгрэнкройц чытаў гісторыю грамадзкага ладу ў Расіі і СССР. Чытаўся таксама курс, прысьвечаны беларускай тэматыцы. Аўтарам гэтага курсу быў дацэнт Севярын Віславух.

Дасьледчая праца вялася ў чатырох сэкцыях – этнаграфічнай, эканамічнай, гісторыка-прававой, літаратурна-мовазнаўчай.

Пры інстытуце дзейнічала выдавецтва, якое ўзначальваў С. Эгрэнкройц. Першай выдадзенай кнігай стала праца прафэсара Станіслава Сьвяневіча / Stanisław Świaniewicz «Ленін як эканаміст», у якой разглядаліся погляды Леніна, а таксама працэс фармаваньня таталітарнай дзяржавы.

Інстытут выпускаў два пэрыядычныя выданьні – «Balticoslavica» i «Rocznik Instytutu». «Balticoslavica» – навукова-інфармацыйнае выданьне па пытаньнях археалёгіі, гісторыі, этнаграфіі і філялёгіі на тэрыторыі балтыйскіх краінаў ды суседніх славянскіх тэрыторыяў – расійскіх, украінскіх, беларускіх, польскіх. З рэдакцыяй цесна супрацоўнічаў выкладчык Тартускага ўнівэрсытэту Оскар Лаарыц / Oskar Looritz.

Выйшла два тамы цікавага пэрыядычнага выданьня «Rocznik Instytutu». Другі том быў прысьвечаны народнай гаспадарцы СССР, дасьледаваньнем якой займаліся эканамісты інстытуту. Яны надавалі асобую ўвагу калектывізацыі ў вёсцы і стварэньню плянавай эканомікі. Вывучаючы эканамічнае і палітычнае становішча СССР, дасьледчыкі ня толькі займаліся навукою, але і выконвалі палітычныя замовы ўраду Польшчы.

Дзейнасьць Інстытуту Ўсходняе Эўропы перапыніла Другая Сусьветная вайна. 20 ліпеня 1944 году НКВД арыштавала Стэфана Эгрэнкройца, які быў рэктарам Вышэйшай Школы Палітычных Навукаў да лістападу 1939 году і перадаў гэтую навучальную ўстанову прадстаўнікам уладаў Літоўскай Рэспублікі. Прафэсар памёр у шпіталі Лукіскае турмы 20 ліпеня 1945 году. Дзе пахаваныя ягоныя парэшткі – невядома.

Іншы ініцыятар стварэньня інстытуту С. Сьвяневіч (нарадзіўся ў 1898 годзе ў Дзьвінску, памёр 22 траўня 1997-га ў Лёндане) апынуўся ў ліку вязьняў, адпраўленых у Катынь – адно з самых жахлівых месцаў савецкага тэрору. Калі дзяржбясьпека высьвятліла, што сярод арыштаваных знаходзіцца вядомы вучоны, спэцыяліст па савецкай эканоміцы, прафэсара даставілі ў Маскву на Лубянку. Пазьней ён патрапіў у лягер строгага рэжыму. Намаганьнямі прэм’ера Польшчы на эміграцыі Ўладзіслава Сікорскага С. Сьвяневіч у рэшце рэшт апынуўся ў Вялікабрытаніі.

Мала хто сярод навукоўцаў інстытуту знайшоў сабе месца ў новай сацыялістычнай Польшчы. Многія эмігравалі ў ЗША, Вялікабрытанію. Францыю. Невядома, куды Саветы вывезьлі багаты архіў інстытуту[1].

У чытальнай зале бібліятэкі Акадэміі навук Літвы захаваліся толькі вышэйназваныя пэрыядычныя выданьні, а ў аддзеле рукапісаў – канспэкты лекцыяў некаторых выкладчыкаў інстытуту.


* Паводле Lietuvos Rytas, 1998 № 2.

1. Бібліятэкарам інстытуту быў Марыян Пецюкевіч – прыкметны дзеяч беларускага грамадзкага і культурнага руху Зяходняй Беларусі. Глядзі: Марыян Пецюкевіч. У пошуках зачараваных скарбаў. Вільня: Рунь, 1998. С. 108-110, 112-114 [Рэд.].

Andrzej Pukszto

The Vilnius Sources of Sovietology

Summary

In 1930 -- 1939 in Vilnius worked one of first in the world Sovietology Research organization -- Institute of East Europe. In 1932 at Institute was based the Higher School of Political Sciences. The chiefs of Institute considered under the term "East Europe" all territory between the Baltic and Black seas: the Soviet Union, Estonia, Latvia, Lithuania, Poland. The research work was conducted in four branches -- ethnographic, economic, historical-legal, literary-linguistic. The rate about Belarus taught Sieviaryn Visłavuch. The Institute of East Europe published two periodic editions: "Balticoslavica" and "Rocznik Instytutu". "Balticoslavica" is scientific-information journal on problems аrchaeology, history, ethnography and philology in territory of the Baltic countries and next slavic territories. Two volumes of a magazine "Rocznik Instytutu" were published. Volume 2 was devoted to a national economy USSR. The authors paid special attention to process of collectovization of agriculture and creation of a planned economy. The activity of Institute was stopped by the WWII. The rich archive of Institute has disappeared. In a reading hall of Library of an Academy of sciences of Lithuania were kept only the periodic editions of Institute, in a department of the manuscripts were kept the abstracts of lectures of some professors of Institute.

Ілюстрацыя: Будынак былой бібліятэкі Ўрублеўскіх, дзе ў 1930-1939 г. працаваў Інстытут Усходняе Эўропы. Цяпер – бібліятэка Акадэміі Навук Літвы.

 


 

Хроніка палітычнай апазыцыі ў Чэхаславаччыне

Іжы Грунтарад / Jiří Gruntorád

У лютым 1948 Камуністычная партыя Чэхаславакіі здабыла абсалютную ўладу. Інстытуты, уласьцівыя дэмакратычнай парлямэнцкай сыстэме, былі хутка зьліквідаваныя. Апошні прадстаўнік дэмакратычнай улады, прэзыдэнт Эдвард Бэнэш / Edvard Beneš, памёр 3 верасьня 1948. Рэпрэсіі былі скіраваныя супраць рэальных і ўяўных ворагаў рэжыму, у першую чаргу супраць членаў некамуністычных партыяў, палітыкаў і афіцэраў, зьвязаных зь лёнданскай ваеннай эміграцыяй, супраць сьвятарства і незалежнай інтэлігенцыі. Супраціў дэмакратычных сілаў праявіўся ў распаўсюджаньні ўлётак, дывэрсійных акцыях і ўзброенай барацьбе, якая вялася некалькімі групамі, якія дзейнічалі практычна ў ізаляцыі. У 1950-е гады ўсякі супраціў быў зьліквідаваны і пазьней зводзіўся толькі да «выбараў нагамі», т. б. уцёкаў на Захад.

1953

1 чэрвеня – у сувязі з правядзеньнем грашовай рэформай (абмен грошай паводле курсу ад 1 : 5 да 1 : 50) на 129 прадпрыемстваў Пльзэня, Прагі і інш. гарадоў і мястэчак адбыліся страйкі. Аднадзённы пратэст быў задушаны сіламі бясьпекі.

1956

На ІІ зьезьдзе чэхаславацкіх пісьменьнікаў і на зьезьдзе славацкіх журналістаў раздаваліся заклікі «разьлічыцца» з эпохай культу асобы, а таксама патрабаваньні свабоды слова. У адказ улады ўзмацнілі кантроль над творчымі коламі.

1967

У праскім студэнцкім гарадку органамі парадку жорстка разагананая дэманстрацыя, падчас якой пад лёзунгам «Болей сьвятла!» студэнты патрабавалі ня толькі павелічэньня паставак электрычнай энэргіі, але і свабоды. Патрабаваньні дэмакратызацыі краіны, а таксама антыкамуністычныя лёзунгі не аднойчы зьяўляліся на студэнцкіх сьвятах.

На IV зьезьдзе чэхаславацкіх пісьменьнікаў Вацлаў Гавэл / Václav Havel, Людвік Вацулік / Ludvík Vaculik, Павал Когаўт / Pavel Kohout і Мілан Кундэра / Milan Kundera выступілі з патрабаваньнем дэмакратызацыі дзяржавы.

1968

Люты -- Аляксандар Дубчэк / Alexander Dubček стаў Першым сакратаром КПЧ.

Красавік -- Пленум ЦК КПЧ прымае «Праграму дзеяньняў», якая прадуглежвала ўвядзеньне рынкавай эканомікі, а таксама дэкляравалася свабода для творчых колаў. Сацыялізм павінен атрымаць «чалавечае аблічча».

Разьвіваецца культурнае жыцьцё, якое не абмяжоўвае цэнзура; узьнікаюць новыя грамадзкія арганізацыі — Клюб Заангажаваных Беспартыйных, Клюб 231, які аб'ядноўваў рэпрэсаваных у 1948—1967 (было зарэгістравана каля 100 тысячаў чалавек).

27 чэрвеня – на старонках чатырох газэтаў публікуецца маніфэст Людвіка Вацуліка «2000 словаў»: у працэсе рэформаў інтарэсы партыі не павінны абмяжоўваць свабоду грамадзтва.

21 жніўня -- інтэрвэнцыя войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславаччыну; пяцідзённы спантанны супраціў няўзброенага насельніцтва.

22 жніўня -- нечарговы зьезд КПЧ выказаў падтрымку сваім інтэрнаваным кіраўнікам і запатрабаваў вываду войскаў інтэрвэнтаў.

23-26 жніўня -- на перамовах у Маскве вызваленыя кіраўнікі КПЧ даюць згоду легітымаваць увод чужынскіх войскаў.

1969

16 студзеня -- самаспаленьне студэнта Яна Палаха / Jan Palach у знак пратэсту супраць савецкай інтэрвэнцыі. Пахаваньне Палаха 25 студзеня пераўтварылася ў маніфэстацыю.

25 лютага -- самаспаленьне Яна Зайіца / Jan Zajíc.

20 сакавіка -- праскае бюро «Аэрафлёту» з мэтай правакацыі было закіданае камянямі. Інцыдэнты каля казармаў, дзе разьмяшчаліся савецкія вайскоўцы.

8 красавіка -- памірае Эўжэн Плоцэк / Evžen Plocek, які падпаліў сябе ў горадзе Іглава / Jihlava.

17 красавіка -- Аляксандра Дубчака на пасадзе І сакратара зьмяніў Густаў Гусак / Gustav Husák. Пачынаецца «нармалізацыя« — падпарадкаваньне КПЧ усіх сфэраў жыцьця і чыстка ў партыі.

21 жніўня -- дэманстрацыя ў гадавіну інтэрвэнцыі войскаў Варшаўскай дамовы.

21 жніўня – адзінадцаць падпісантаў пэтыцыі «Дзесяць пунктаў» пратэстуюць супраць адмены дэмакратычных рэформаў.

Значная колькасьць грамадзянаў, зьвязаных з рухам за зьмены, пакідае Чэхаславаччыну. У эміграцыі апынулася 700—800 тыс. чалавек.

1970—1972

Рэпрэсіі супраць найбольш актыўных удзельнікаў Праскай вясны. Чыстка ў партыйным апараце, паліцыі, арміі, сродках масавай інфармацыі, у культурніцкіх і навуковых установах ахапіла каля 500 тыс. чалавек. Судовыя працэсы над тымі, хто публічна выступаў супраць палітыкі «нармалізацыі». 21 ліпеня 1972 года абвешчаныя жорсткія выракі па справе групы Яна Тэсажа / Jan Tesarz; у палітычных працэсах у 1972 годзе выракі атрымалі 47 чалавекаў. Аднаўляецца цэнзура, ліквідуюцца грамадзкія арганізацыі, якія ўзьніклі падчас Праскае вясны, зьнішчаюцца бібліятэкі.

Узьнікае культурнае падпольле (Kulturní Underground). Людвік Вацулік арганізуе кансьпіратыўнае выдавецтва «Petlice». Потым узьнікаюць і іншыя — «Expedice», «Popelnice» («Сьметніца»), «Česká expedice» ды інш.

1974

Верасень -- у горадзе Паступіцэ / Postupice адбываецца нелегальны І фэст Другой культуры.

1976

Восень -- сьледзтва і судовы працэс супраць музыкаў незалежнага рок-гурта Plastic People of the Universe. Cалідарнасьць з асуджанымі хутка прыводзіць да стварэньня Хартыі-77.

Ратыфікацыя Чэхаславаччынай Пакту аб Чалавечых і Грамадзянскіх Правох робіцца штуршком да ўзьнікненьня грамадзянскага руху.

Разьвіваецца літаратурны самвыдат, альтэрнатыўныя музычныя гурты ладзяць канцэрты, адбываюцца неафіцыйныя спэктаклі паводле п’есаў Вацлава Гавэла.

1977

1 студзеня -- пачатак дзейнасьці Хартыі-77, грамадзкай ініцыятывы, мэта якой — дамагчыся выкананьня правоў чалавека і грамадзіна чэхаславацкім урадам. Да 1990 году Хартыя апублікавала каля 500 заяваў, якія падпісала 1900 чалавек.

13 сакавіка -- пасьля цэлай сэрыі допытаў памірае першы прэс-сакратар Хартыі-77 прафэсар Ян Патачка / Jan Patočka.

1978

14 студзеня -- першы выпуск бюлетэня «Infoch» («Інфармацыя пра Хартыю-77»).

27 красавіка -- арганізаваны Камітэт Абароны Незаконна Рэпрэсаваных (VONS), які паставіў сабе за мэту дакумэнтаваньне і пашырэньне зьвестак пра выпадкі перасьледу грамадзянаў і самавольства дзяжаўных органаў.

Верасень – супольная заява Хартыі-77 і польскага KSS «KOR» з нагоды дзясятай гадавіны інтэрвэнцыі войскаў Варшаўскай дамовы.

1979

30 траўня -- арыштаваныя 10 сяброў Камітэту Абароны Незаконна Рэпрэсаваных.

21 кастрычніка -- сумесная заява Хартыі-77, Камітэту Абароны Незаконна Рэпрэсаваных і КSS «КОR» у сувязі з судам над сябрамі Камітэту абароны («справа Пэтэра Угля / Peter Uhl і кампаніі»). Вырак быў абвешчаны 23 кастрычніка.

1985

21 студзеня -- МУС забараняе дзейнасьць Зьвязу Музыкаў і гэтым самым спыняе працу ягонай Джазавай сэкцыі, якая доўгі час надхняла на дзейнасьць падпольных артыстаў, асабліва музыкаў. Сябры сэкцыі заняліся самвыдатам, стварыўшы выдавецтва «Jazzpetit», а таксама наладзіўшы выпуск бюлетэню «Jazz».

1987

6 ліпеня -- cтвараецца Гурток Cяброў Польска-Чэхаславацкай Салідарнасьці. Дэклярацыю пра супрацоўніцтва апазыцыянэраў абедзьвюх краінаў падпісалі паміж іншых Вацлаў Гавэл, Мілан Шымэчка / Milan Šimečka, Іpжы Дынтсбір / Iři Dientsbier, Яцэк Курань / Jacek Kuroń, Ян Юзэф Ліпскі / Jan Józef Lipski, Збігнеў Рамашэўскі / Zbigniew Romaszewski.

10 студзеня -- разгон органамі правапарадку мірнай дэманстрацыі ў Праге з нагоды Дня правоў чалавека.

1988

1 студзеня -- Антанін Наўраціл / Antonín Navrátil пачынае зьбіраць подпісы пад пэтыцыяй з заклікам урэгуляваць адносіны паміж дзяржавай і Царквой. Пэтыцыю, вядомую як «31 пункты», падпісваюць каля 700 чалавек. Восеньню пастановай раённага суду ў Крамэiжы / Kromeíž , Наўраціл быў накіраваны на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне.

25 сакавіка – сход вернікаў на плошчы Гвездаслава / Hviezdoslav у Браціславе быў жорстка разагнаны міліцыяй.

16 красавіка -- узьнікае Незалежная Мірная Асацыяцыя — Ініцыятыва Дэмілітарызацыі Грамадзтва. Ейная праграма прадуглежвала галоснасьць ува ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця і права на адмову ад службы ў войску. У жніўне Ініцыятыва выступіла з заклікам вывесьці савецкія войскі з Чэхаславаччыны.

26 красавіка -- у турме ў Градзец-Кралове / Hradec Králove памёр вязень сумленьня Павал Вонка / Pavel Vonka, апазыцыянэр-адзіночка, асуджаны, у прыватнасьці, за выстаўленьне сваёй кандыдатуры на выбары ў Нацыянальны сход.

28 траўня -- апублікаваны маніфэст Чэскіх дзяцей — руху, які вызначыў сябе як «свабоднае духоўнае таварыства»; паводле сваіх учынкаў нагадвала польскую Памаранчавую альтэрнатыву.

21 жніўня -- акцыя пратэсту ў Празе і іншых гарадох у дваццатую гадавіну інтэрвэнцыі войскаў Варшаўскае дамовы.

15 кастрычніка -- публікацыяй падпісанага 126 асобамі маніфэсту «Дэмакратыя для ўсіх» пачынае сваю дзейнасьць Рух за Грамадзянскія Свабоды. Патрабаваньні: палітычны плюралізм, абарона навакольнага асяродзьдзя, свабода культуры.

28 кастрычніка -- дэманстрацыя ў Празе, прысьвечаная 70-м угодкам атрыманьня незалежнасьці.

5 лістапада -- узьнікае Чэхаславацкі Гэльсінскі Камітэт.

10 сьнежня -- на плошчы Шкроўпa / Škroupa ў Празе некалькі сот чалавекаў бяруць удзел у легальнай дэманстрацыі з нагоды Дню правоў чалавека. Сярод удзельнікаў — В. Гавэл. Адначасова міліцыя блякуе цэнтар гораду.

20 сьнежня -- 14 незалежных журналістаў з Вугоршчыны, СССР, Чэхаславаччыны і Польшчы ствараюць незалежнае Ўсходнеэўрапейскае Інфармацыйнае Агенцтва з мэтай незалежнага інфармаваньня пра найважнейшыя падзеі ў сваіх краінах.

1989

15-20 студзеня -- дэманстрацыі некалькі соцен чалавек і сутычкі з міліцыяй у 20-ю гадавіну сьмерці Яна Палаха.

21 жніўня -- міліцыя разганяе дэманстрацыю ў гадавіну інтэрвэнцыі войскаў Варшаўскае дамовы.

16-26 лістапада -- масавыя дэманстрацыі ў гарадох Чэхіі і Славаччыны.

17 лістапада -- жорсткі разгон міліцыяй мірнай дэманстрацыі ў Міжнародны дзень студэнтаў. Пачатак «Аксамітнай рэвалюцыі», якая завершылася падзеньнем камуністычнай улады.

19 лістапада -- у праскім тэатры «Laterna Magica» паўстаў Грамадзянскі Форум — галоўная апазыцыйная партыя.

27 лістапада -- усеагульны страйк.

29 сьнежня -- Вацлаў Гавэл абраны прэзыдэнтам Рэспублікі.


Jiří Gruntorád

Diary of the political opposition in Czechoslovakia

Jiří Gruntorád – нарадзіўся ў 1952 у Празе. Бібліятэкар, але ў розныя часы працаваў дрывасекам, кіроўцам трамваю, мулярам, апальшчыкам. У 1978 заснаваў самвыдавецкую сэрыю «Popelnice» («Сьметніца»), у якой выйшла каля 130 тытулаў кніжак. У 1979 падпісаў Хартыю-77. У 1980-1984 знаходзіўся ў зьняволеньні за «дзейнасьць супраць чэхаславацкай дзяржавы». Разам з Пэтэрам Ўглям падрыхтаваў зборнік «Аб пэнітэцыярнай сыстэме ў Чэхаславакіі» (Прага, 1987). У самвыдаце таксама выдаў кнігу «Незалежныя ініцыятывы ў Чэхаславаччынеі» (Прага, 1989; польскае выданьне – Варшава, 1989). Падрыхтаваў «Каталёг выданьняў чэскай эміграцыі» (1948—1994). Пасьля 1989 быў сакратаром Камітэту Абароны Незаконна Рэпрэсаваных. У цяперашні час – супрацоўнік Бюро Дакумэнтацыі і Расьсьледаваньня Злачынстваў Камунізму. У 1990 у Празе заснаваў бібліятэку самвыдату і эміграцыйных выданьняў – «Libri Prohibiti».

Кантакт:
Oldrichova 23
128000, Praha 2
Czechs Republic
tel. (42) 692 6340; fax 242 25 971


Славацкі самвыдат

Мілан Шымэчка / Milan Šіmečka

Значэньне славацкага самвыдату — у параўнаньні зь незалежным выдавецкім рухам у Чэхіі — невялікае, таксама як і колькасьць ягоных аўтараў.

Стан літаратуры ў Славаччыне ў пэўнай ступені адрозьніваўся ад стану літаратуры ў Чэхіі. Славацкія пісьменьнікі лепш прыстасаваліся да рэаліяў жыцьця пасьля 1968 году, і славацкі міністар культуры да іх ставіўся лепей, чымсьці ягоны чэскі калега.

За апошнія дваццаць гадоў у самвыдаце друкаваліся ўсяго некалькі аўтараў: Дамінік Татарка / Dominik Tatarka, Іван Кадлечык / Ivan Kadlečík, Павал Груз / Pavel Hrúz, Міраслаў Кусы / Miroslav Kusy, Мілан Шымэчка / Milan Šіmečka (бацька аўтара), Ёзэф Яблоніцкі / Jozef Jablonicki, Алег Пасьціер / Oleg Pastier, Гана Паніцка / Hana Ponická. Большасьць іхных твораў выйшла ў праскім падпольным выдавецтве «Petlice», якім кіраваў Людвік Вацулік / Ludvik Vaculik.

У Браціславе таксама існавала культурнае падпольле, пераважна гэта былі мастакі, якія час ад часу выдавалі самвыдавецкія каталёгі і ладзілі канцэптуальныя хэпэнінгі. Апроч таго, пачаў выходзіць часопіс «Кontakt». Часопіс друкаваўся ў дзесяці машынапісных копіях, аўтары хаваліся пад псэўданімамі. Пасьля выхаду сямі выпускаў, у 1982 годзе, часопіс спыніў сваё існаваньне з-за рознагалосьсяў у рэдакцыі.

Падобны часопіс «Аltamira» быў яшчэ больш недасягальным. Зьявіліся ўсяго толькі чатыры выпускі, надрукаваныя на машынцы ў шасьці экзэмплярах, якія найчасьцей рэдакцыя пакідала для сябе.

У 1968 годзе пад рэдакцыяй Алега Пасьціера, аднаго з стваральнікаў часопіса «Кontakt», пачаў выходзіць часопіс «Fragment». Гэты часопіс таксама перадрукоўваўся на машынцы, ён зьмяшчаў пераклады і творы чэскіх аўтараў, славацкія тэксты зноў жа публікаваліся пад псэўданімамі.

Гэтым жа часам зьявіўся часопіс «К» (4 выпускі), укладальнікамі і аўтарамі якога былі Ян Лангаш / Jan Langoš, Ян Будай / Jan Budaj і Мілан Шымэчка. Распаўсюжваўся ў 30-ці машынапісных экзэмплярах.

У 1987 годзе адбылося аб'яднаньне двух выданьняў. У новым часопісе «Fragment К» аўтары падпісваліся ўжо сапраўднымі прозьвішчамі. Зь ліку гэтых імёнаў варта вылучыць наступныя: Кадлечык, Шымэчка, Кусы, Татарка, Паніцка, Гофман / Hoffman, Пасьціер, Оліч / Olič. Таксама публікаваліся пісьменьнікі з Чэхіі. У рэдакцыйную групу ўваходзілі Пасьціер, Оліч, Гофман і Шымэчка.

«Fragment К» выходзіў штоквартальна на 150 старонках, зьмяшчаў фотаздымкі і рэпартажы. Перадрукоўваўся на машынцы ў 30-ці экзэмплярах, а з 1988 году выданьне пачалі памнажаць на шклографе. Часопіс прадаваўся па 50 крон, і такім чынам рэдакцыі ўдавалася часткова пакрываць выдаткі. Двойчы падчас ператрусаў тыраж зьнішчаўся міліцыяй.

З 1990 году па сёньняшні дзень «Fragment К» выходзіць афіцыйна; ягоны галоўны рэдактар — Алег Пасьціер.

У 1987—1995 выдаваўся яшчэ адзін (у выглядзе ксэракопіі) штоквартальны часопіс «Bratislavske Listy», прысьвечаны ў большай ступені палітычным падзеям, чымся літаратуры. Ягонымі рэдактарамі былі Ян Лангаш і Ян Чарнагурскі / Jan Čarnogurski.

У 1989 у самвыдаце выйшла першая рататрная кніга, напісаная Іванам Кадлечыкам.

Разам з публікацыямі літаратурна-мастацкага падпольля ў Славакіі ў вялікай колькасьці распаўсюжваўся і рэлігійны самвыдат. Варта таксама ўзгадаць зьяўленьне ў 1988 экалягічнага выданьня, якое таксама выйшла з самвыдату. Гэта быў паўафіцыйны часопіс «Bratislava Nahlas» («Братыслава ўголас») накладам у 3000 экз. Часопіс выклікаў досыць шумны палітычны скандал. На базе часопіса сфармаваўся славацкі экалягічны рух. Пасьля кастрычніка 1989 частка аўтараў уключылася ў палітычную дзейнасьць.

На становішчы славацкага самвыдату адбіўся той факт, што тут палітычны рэжым быў меней жорсткі, чым у Чэхіі. Яшчэ пачынаючы з 1988 у афіцыйных часопісах («Slovenské Pohliady», «Romboid») рабіліся спробы публікаваць забароненых да гэтага часу аўтараў, а большасьць славацкай інтэлігенцыі спадзявалася на перестройку. І хіба таму ў Славаччыне, практычна за невялікім выключэньнем, ня дзейнічала Хартыя-77; кантакты з чэскім самвыдатам падтрымлівалі толькі асобныя вышэйназваныя аўтары.

Да сучаснага моманту няма архіву славацкага самвыдату і ніхто, апроч Ёланы Кусэй / Jolana Kusej, не займаецца ягонай гісторыяй. Бальшыня экзэмпляраў славацкага самвыдату знаходзіцца ў чэскіх прыватных зборах (Вілем Прэчан / Vilem Prečan, Іжы Грунтарад / Jiří Gruntorad).

 


Milan Šіmečka

Slovak samizdat

Summary

The significance of Slovak samizdat was nothing to compare with the independent publishing movement in Czech and there were limited number of authors who participated in it. The conditions for Slovak literature to develop were slightly different from those in Czech. Slovak writers were more flexible in finding their place in realities created by the events of 1968.

The writers who published their works in the samizdat for the iast 20 years were Dominik Tatarka, Ivan Kadlečik, Pavel Hrúz, Miroslav Kusy, Milan Šіmečka (my father), Jozef Jablonicki, Oleg Pastier, Hana Ponická.

The political climate, much milder in Slovakia than that observed in the Czech, had the significant influence upon the situation in the Slovak «cultural underground». Since 1988 there was an attempt to publish works of authors banned by the censor in the officially approved periodicals such as «Slovenské Pohliady» and «Romboid» whereas the majority of Slovak upper middle class counted on pierestrojka.

The samizdat papers have not been filed and put into archives until now and no research was made on its history except for few monographs written by Jolana Kusej. Most archive copies of samizdat papers are kept in private Czech collections including those belonging to Vilem Prečan and Jiří Gruntorad.

Milan Šіmečka, Jr. – славацкі эсэіст і выдавец. Нарадзіўся ў Браціславе, сын вядомага чэскага філёзафа Мілана Шымэчкі. У 1980-х належаў да маладой генэрацыі культурнага падпольля, удзельнічаў у самвыдаце. У 1992—1994 быў прэзыдэнтам Славацкага ПЭН-Клюбу; належыў да жорсткай апазыцыі да аўтарытарнага ўраду Мэч’яра. У 1990 заснаваў выдавецтва «Archa» («Каўчэг»), галоўным рэдактарам якога застаецца і па сёньняшні дзень.

Кантакт:
Vydavnelctvo Archa
Staromestska 6
81103 Bratislava
SLOVAKIA
tel. (00427) 5315586; fax (00427) 5316341


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Цэнтру Athenaeum

кантакт: anh@belsonet.net

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія