НОВЫЯ ПЭРСАНАЛІІ
Уладзімер БАРАВІКОЎ (Валноўскі) (нар. паміж 21.12.1911 і 3.01.1912 на станцыі Пціч Мазырскага павету Менскай губэрні / цяпер Петрыкаўскі раён Гомельскай вобл.) – беларускі мастацтвазнаўца, пэдагог, стваральнік Пінскай мастацкай ерэі; двойчы палітвязень.
Першы раз арыштаваны НКВД 27.04.1937 падчас вучобы на 2-м курсе Ташкенцкага пэдінстытуту. Разам з выкладчыкам інстытуту дацэнтам Собалевым і чатырмя студэнтамі абвінавачаны ў стварэньні контаррэвалюцыйнай арганізацыі. Прычынаю арышту сталася ўтварэньне названымі асобамі ў інстытуце студэнцкага гуртка па вывучэньню гісторыі і філязофіі. Гурток меў вялікую папулярнасьць сярод студэнцтва. У.Баравікоў быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля 5 гадоў “Анеглягу” (Архангельская вобласьць) быў вызвалены ў 1942. Яшчэ год працаваў у гэтым лягеры бухгальтарам да прызыву ў войска і адпраўкі на фронт.
У лютым 1944 трапіў у палон на тэрыторыі Эстоніі, адкуль вызвалены 7.04.1945. Дэмабілізаваны на тэрыторыі Аўстрыі ў студзені 1946. Па вяртаньні ў СССР у 1947 аднавіў вучобу ў Ташкенцкім унівэрсытэце. У 1948, пасьля 17 гадоў разлукі, пабачыў бацькоў, якія жылі ў Пінску.
У студзені 1950 быў арыштаваны другі раз. Гэта адбылося ў доме адпачынку “Траецкае”, куды быў накіраваны за выдатную вучобу ва ўнівэрсытэце. Пасьля дзевяці месяцаў катаваньняў асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі “за здраду Радзіме”. Пакараньне адбываў у “Песчлягу” (Карагандзінская вобл. Казахстану). Вызвалены ў 1956.
Пасьля кароткага адпачынку ў Пінску ў 1947 накіраваўся ў Ташкент дзеля абароны дыплёму. Пасьля пасьпяховага заканчэньня ўнівэрсытэту накіраваны на працу ў Беларусь. Да 1978 працаваў у Пінскім Краязнаўчым Музэі. Аўтар шматлікіх публікацыяў у прэсе на тэмы мастацтвазнаўства; вядомы як арганізатар мастацкіх выставаў. Галоўнае дасягненьне – стварэньне ў Пінску мастацкай галерэі. Мае ўзнагароды: ордэн Чырвонай зоркі, ордэн Айчыннай вайны, мэдалі.
Цяпер – пэнсыянэр, жыве ў Пінску. Рэабілітаваны. У 1992—1996 быў сябрам Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. Ягоны асабаісты дэвіз: “Жыцьцё бяз гвалту!”
Літаратура:
1. Мы вас памятаем! // Маю права! Бюлетэнь Пінскага рэгіянальнага адзьдзяленьня БХК. 1998, № 3 (5).
Тацяна Сьнітко
Генадзь КАЗАК* (нар. У 1927 на Наваградчыне) – у 1946-1947 удзельнік антысавецкай падпольнай арганізацыі “Чайка” (група Баранавіцкага настаўніцкага інстытута). Арыштаваны ў чэрвені 1947, на працэсе 16-18.10.1947 асуджаны ваенным трыбуналам у Баранавічах да 10 гадоў няволі і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Пакараньне адбываў у лягерах Магаданскай вобл. Рэабілітаваны ў 1975.
Крыніцы:
1. Успаміны М. Агейкі.
Васіль Супрун
* У даведніку маюцца зьвесткі яшчэ пра аднаго Генадзя Казака – гэта цёзка па імені і па прозьвішчу.
Іван ЛЯШУК (нар. 15.03.1932 у вёсцы Паніквы, цяпер – у Камянецкім раёне Берасьцейскай вобл.) – былы вязень ГУЛАГу, аўтар антыбальшавіцкіх вершаў, прапаведнік хрысьціянскіх каштоўнасьцяў.
Апазыцыйным да камуністычнага рэжыму пачаў сябе ўважаць яшчэ як навучэнец сярэдняе школы. У 1948 падчас прапагандысцкай кампаніі, наладжанай уладамі, адмовіўся паставіць свой подпіс пад Стакгольмскаю адозваю за мір. У 1953, ўсяго праз два гады пасьля сканчэньня школы, быў арыштаваны за свае вершы, у якіх распавядалася пра бяспраўе ды галечу калгаснага жыцьця. Утрымліваўся ў турме ў Берасьці. У чэрвені 1953 асуджаны за контаррэвалюцыйную дзейнасьць паводле арт. 58.10--11. Тэрмін адбываў ва Ўсьцінлягу ў Комі АССР (17.06.1953 – 1.10.1954).
У лягеры стаў вернікам. І пасьля вызваленьня неаднаразова чуў пагрозы пра новае зьняволеньне ад лектараў атэістычных курсаў, якіх І.Ляшук публічна ставіў у тупік сваімі пытаньнямі з пазыцыяў хрысьціянства.
З пачаткам гарбачоўскай “перабудовы” І. Ляшук стаў актыўным удзельнікам акцыяў дэмакратычных сілаў, выступаў на мітынгах са сваімі вершамі. Пісаць і ўдзельнічаць у апазыцыйных акцыях працягвае і сёньня, нягледзячы на тое, што зьняволеньне ў юнацкім узросьце каштавала яму зроку. З 1959 па 1994 працаваў у Беларускім таварыстве сьляпых. Цяпер – пэнсыянэр, жыве ў Пінску.
Літаратура:
1. Мы вас памятаем! // Маю права! Бюлетэнь Пінскага рэгіянальнага адзьдзяленьня БХК. 1998, № 3 (5).
Тацяна Сьнітко
Мікола ЯКІМОВІЧ (нар. 26.05.1928 у вёсцы Дубраўка Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці) (псэўданімы: В. Дудко, Л. Юнчык) -- арганізатар падпольнай сеткі «самвыдату» ў Менску ў 1970 – сярэдіне 1980-х, удзельнік палітычнай апазыцыі канца 1980-х – пачатку 1990-х.
Цяжкая хвароба ў 1943 не дазволіла М. Якімовічу скончыць школу і працягнуць адукацыю. Займаўся самаадукацыяй у галінах гісторыі, філязофіі і эканомікі. Досыць рана ў М. Якімовіча сфармавалася нэгатыўнае стаўленьне да савецкай рэчаіснасьці – напачатку выступіў як ейны крытык зь левых пазыцыяў: у 1954 пачынае пісаць працу "Пра адсутнасьць сацыялізму ў СССР".
У 1963 М. Якімовіч пераязжае ў Менск, працуе заўгасам у сярэдняй школе № 49. Разам с лябарантам гэтай жа школы Робэртам Люхцікавым сканструяваў апарат для регулярнага запісу праграмаў замежных радыёстанцыяў. Апарат складаўся з радыёвузла і магнітафону. Запіс пераносіўся на паперу і распаўсюджваўся ў выглядзе самвыдату. Дзеля павялічэньня накладу друкаванай прадукацыі спрабавалі сваімі намаганьнямі зрабіць гектограф, але з-за адсутнасьці патрэбных кампанэнтаў спроба была няўдалаю.
У 1968 пасьля ўводу савецскіх войскаў у Прагу М.Якімовіч і Р.Люхцікаў арганізавалі акцыю пратэсту. У ночы 22 жніўня 1968 у цэнтры Менску яны расклеілі ды раскідалі значную колькасьць улётак з тэкстам пратесту супраць савецкай акупацыі Чэхаславакіі.
Пад сярэдзіну 1970-х кватэра М.Якімовіча робіцца своеасаблівым цэнтрам, дзе зьбіраецца дэмакратычна настроеная інтэлігенцыя, арганізуюцца сходы, дыскусіі, выступаюць прадстаўнікі нетрадыцыйных рэлігіяў ды відаў мастацтва, адбываецца абмен літаратурай. Наладжваюцца кантакты с навукоўцамі і мастакамі ў іншых частках СССР. Частымі наведвальнікамі гэтага клюбу былі З.Пазьняк, А.Разанаў, В.Мартыненка, мастакі М.Шылаў і А.Шутаў. У 1975 М.Якімовічу удаецца стварыць эфэктыўную, добра адладжаную сыстэму друку ды распаўсюджаньня забароненай літаратуры, у якой былі задзейнічаныя дзясяткі людзей: пастаўшчыкі кнігаў, тэхнічныя выканаўцы, распаўсюднікі. Выдавалася вялікая колькасьць кнігаў па філязофіі, палітыцы, гісторыі, а таксама рэлігійна-філязофская літаратура. Сярод выдадзеных аўатараў: Бярдзяеў, Франк, Кафка, Джыляс, Аўтарханаў, Хайек, Ігнатоўскі, Салжаніцын, Салаухін ды інш. Многія з удзельнікаў беларускага "самвыдату" перасьледваліся з боку КГБ, але дзякуючы добрай арганізацыі ды кансьпірацыі, "самвыдавецкая" сыстэма здолела пратрымацца да 1980-х.
З канца 1980-х М. Якімовіч -- актыўны удзельнік палітычнага жыцьця, адзін з ініцыятараў стварэньня Аб'яднанай Дэмакратычнай Партыі Беларусі. У 1990 вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савету БССР. Выступае на многіх мітынгах, актыўна публікуецца ў прэсе, прапагандыст здаровага ладу жыцьця.
Літаратура:
1. Н.Якимович. Торопились... // "Народная газета". 13.11.1990.
2. Н. Якимович. Кто захочет нас завоевать? // "Знамя юности". 28.07.1991.
3. Путь к пониманию // "Советская Белоруссия". 14.01.1990.
4. В. Дудко. Сдувают ли пыль белорусские демократы с "имперских" сапог? ( из жизни политических партий) // "Праца". 1990, № 46.
5. Л. Юнчик. Искусственный альянс или реальный союз? // "Советская Белоруссия". 13.11.1991.
Ларыса Андросік
ERRATA
Экспэрымэнт працягваецца:
удакладненьні да даведніка “Антысавецкі рухі ў Беларусі: 1944-1956”
Алег ДЗЯРНОВІЧ
Натуральна, кожны падзея, каб патрапіць на старонкі нашага даведніка, мусіла была быць узгаданаю ў якой-небыць пісьмовай крыніцы альбо інтэрв'ю. І спасылкі на крыніцы абавязкова рабіліся. Але цяпер я хачу распавесьць пра тое, як мы неабачліва паверылі дзяржаўнай прэсе і гэтым самы дазволілі патрапіць недакладнясьцям у нашую кніжку.
У 1997 годзе у газэце “Советская Белоруссия” (№ 265—266) быў апублікаваны матэрыял Міхаіла Токарава “Комитет 12-ти”. У тэксце распавядалася пра заброску ў Беларусь у канцы жніўня 1952 году групы амэрыканскіх агентаў у складзе чатырох чалавек. Усе яны былі беларусы, якія пасьля заканчэньня Другой Сусьветнай вайны апынуліся ў ліку перамешчаных асобаў у Нямеччыне. Там яны былі завербаваныя Барысам Рагулям, падрыхтаваныя ў амэрыканскай спэцшколе і скінутыя з самалёту пад Маладэчнам. Аўтар вельмі падрабязна распавядае пра інфармаванасьць і добрую працу “чэкістаў”, пра тое , як яны досыць хутка абяшкодзілі амэрыканскіх агентаў і нават здолелі з 11.11.1952 па студзень 1955 наладзіць радыёгулью – у ЦРУ слаліся радыёшыфроўкі і амэрыканцы мелі сьвядомасьць, што іхныя агенты пасьпяхова дзейнічаюць. Так разьвіваліся падзеі паводле Міхаіла Токарава.
У тэксьце названыя і імёны “парашутыстаў”: Міхал Мяшчэрскі (мянушка “Карл”), Аляксей Сьцяпанаў (“Фін”), Андрэй Кальніцкі (“Джо”) Віктар Вазьнюк (“Бэн”). Пад такімі імёнамі гэтыя людзі і патрапілі ў нашую кніжку. Інфармацыя пра ніх была падазеная вельмі сьціслая – практычна толькі тое, што гэтыя людзі называліся ў публікацыі ў “Советской Белоруссии”. Таксама ў той жа публікацыі ўказвалася, што засланыя агенты ў 1951 годзе былі стваральнікамі так званага “Камітэту 12-ці” ў Лёндане. Гэты “Камітэт” падаваўся ў тэксьце фактычна як ужо сфармаваная агентурная група: “Былі сярод гэтых дванаццаці і былыя паліцаі, былі і вярбоўшчыкі амэрыканскай разьведкі, памочнікі Рагулі”.
Што да той публікацыі, то мушу нагадаць яе палітычны кантэкст. У 1997 годзе ўлады Беларусі адзначалі 80-ці годзьдзе ВЧК. У сваім звароце да супрацоўнікаў і вэтэранаў КГБ з гэтае нагоды Аляксандар Лукашэнка заявіў наступнае на тэму рэпрэсіяў: «...у Беларусі яны ня мелі такі масавы характар і спэкуляцыі на гэтым пэўных палітычных сілаў, а таксама спробы ачарніць і дыскрэдытаваць цяперашняе пакаленьне супрацоўнікаў органаў дзяржбясьпекі беспэрспэктыўныя і ніколі ня знойдуць падтрымкі ў беларускага народу» (газэта «Звязда», 20.12.1997). Такім чынам, трэба было ствараць станоўчы імідж ВЧК-КГБ. Падобна, што менавіта гэтая мэта ставілася перад Міхаілам Токаравым, загаловак артыкулу якога быў дэкарыраваны эмблемаю КГБ РБ.
Усё ж у тэксьце мелася рэальная зачэпка для далейшага аналізу – быў апублікаваны здымак гэтага “Камітэту 12-ці”. Ужо пазьней мне ўдалося супаставіць здымак з “Советской Белоруссии” са здымкам “Дванаццаткі”, апублікаваным Янам Максімюком ў кнізе “Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне: 1945-1950” (Нью-Йорк – Беласток, 1994). Гэта быў адзін і той жа здымак! Але пад даволі вядомым здымкам у кнізе Яна Максімюка стаялі зусім іншыя подпісы – імёны рэальных людзей.
“Дванаццаткаю” (так, а зусім не “Камітэтам”) называлася група беларускай моладзі, якая ў 1948 годзе з лагероў displaced persons выехала ў Вялікабрытанію для працы ў вугальных капальнях. Зацытуем урывак пра ад’езд на заработкі з неапублікаванага ўспаміну Васіля Шчэцькі “Дванаццатка”: “Разьвітаньне было незвычайным: нас праводзілі людзі зь лягеру як сваіх сыноў, сяброў, землякоў, у нейкую даль, у нешта добрае. Нас шкадавалі, што мы едзем, але й былі радыя, што мы выбіраемся, можа, у лепшае жыцьцё” (цытата паводле кнігі Яна Максімюка). “Дванаццатка” было зямляцкім аб’яднаньнем на чужыне, а зусім не палітычнаю групоўкаю.
Сярод вядомых асобаў “Дванаццаткі” ёсьць імя Цімохі Вострыкава, які ў якасьцi паўнамоцнага прадстаўнiка Рады БНР 27 жнiўня 1952 быў высаджаны ў складзе групы з чатырох чалавек з амэрыканскага самалёту на тэрыторыю БССР. Цімох Вострыкаў нарадзіўся ў Добрускім раёне Гомельскай вобласьці ў 1922 г. У 1939 ягоны бацька Якiм быў асуджаны на тры гады турмы за адмову ўступаць у калгас. У 1940 Вострыкаў скончыў настаўнiцкiя курсы i да пачатку нямецкае акупацыi настаўнiчаў у Маларыцкiм раёне Берасьцейскае вобл. У 1941 быў мабiлiзаваны ў Чырвоную армiю. У першыя месяцы вайны патрапiў у нямецкае акружэньне, а затым у нямецкi лягер для ваеннапалонных. У 1942 працаваў як “остарбайтэр” у Нямеччыне. “Я прыкiнуўся прыпадачным, i мне далi дакумэнт, што я нягодны для працы, i я вярнуўся ў Гомель. А ў Гомелi мне далi даведку, што я добраахвотна паехаў у Нямеччыну, але як хворы вярнуўся назад. Па гэтай даведцы ня бралi нi ў палiцыю, нiкуды. Я нiдзе не служыў”, -- успамiнаў Вострыкаў у інтэрв’ю карэспандэнту “НН” Севярыну Квяткоўскаму (“Наша Ніва”, 15.06.1998).
У 1943 перад наступленьнем савецкага войска перад Вострыкавым паўстала дылема: альбо вяртацца да савецкага жыцьця, альбо шукаць iншыя пэрспэктывы. Вострыкаў iзноў скiраваўся ў Нямеччыну, дзе ў 1944 апынуўся ў амэрыканскай акупацыйнай зоне. У 1945 ён зьмянiў у дакумэнтах iмя Цiмох на Мiхась i назваўся ўраджэнцам Заходняе Беларусi з увагi на прымусовую рэпатрыяцыю ўсiх “усходнiкаў” у СССР. З 1946 па 1948 вучыўся ў Мiхельсдорфскай беларускай гiмназii iмя Янкi Купалы, дзе пазнаёмiўся з шэрагам будучых лiдэраў беларускага эмiгранцкага жыцьця: Янкам Запруднiкам, Паўлам Урбанам, Вітаўтам Кiпелем i iнш. Паводле прызнаньня Вострыкава, менавiта дзякуючы навучаньню ў гiмназii ён з простага працiўнiка савецкага рэжыму ператварыўся ў сьвядомага беларуса.
У 1950 годзе “Дванаццатку” знайшоў тагачасны прадстаўнiк Рады БНР Барыс Рагуля. Вострыкаў узгадвае: “Я зразумеў, што на Захадзе не змагу прынесьцi карысьцi Бацькаўшчыне. Мы ўжо ведалi, што зь Беларусi людзi зьяжджаюць, а наплываюць чужынцы. У размовах зь сябрамi я выказаў жаданьне вярнуцца на Радзiму самастойна. А некаторыя з хлапцоў, як Урбан, у нейкай ступенi былi зьвязаныя з амэрыканскай выведкай -- праз Рагулю”. У 1951 годзе ён апынуўся на амэрыканскай вайсковай базе Бадвэрысгофэн пад Мюнхенам. Пасьля спэцпадрыхтоўкi ў складзе чатырохасобавай групы Вострыкаў дэсантаваўся на тэрыторыю БССР у ноч з 26 на 27 жнiўня 1952.
Паводле перакананьняў Вострыкава, адзiн з удзельнiкаў групы быў здраднiкам. Празь яго МГБ выкрыла групу на працягу аднаго тыдня. Гэта здарылася 5 верасьня, за чатыры днi да арышту Янкі Філістовіча – iншага прадстаўнiка Рады БНР, якi дэсантаваўся на тэрыторыю БССР 9 верасьня 1951 году.
Паводле словаў Вострыкава, ён мае доказы таго, што высадка была наўмысна сплянаваная на правал. Што амэрыканскай выведцы быў патрэбны адвадны манэўр для прыкрыцьця высадкi iншага разьведчыка. Вострыкаў перакананы, што МГБ ведала пра плянаваную высадку наперад, што ЦРУ арганiзавала адмысловую “ўцечку iнфармацыi”. “Яны нас заслалi на зьядзеньне, каб мы прыкрылi iхнага разьведчыка ўкраiнца... Я магу прывесьцi восем фактаў пацьвержаньня: нас не абучалi, штурхнулi на тыя кватэры, пра якiя ведалi гэбiсты, загадалi адразу па высадцы падаць радыёсыгнал i iнш.”, -- сьцьвярджае Вострыкаў. Нагадаю – гэта вэрсія самого Цімоха Вострыкава. Ён быў асуджаны паводле арт. 63-б (“здрада радзіме са зброяй у рукох”) на 23 гады зьняволеньня ў лягерох агульнага рэжыму. Тэрмiн адбыў “ад званка да званка” ў мардоўскiх лягерох. Цяпер ён пэнсыянэр, жыве ў Гомелі.
А цяпер прапаную супаставіць факты біяграфіі Цімохі Вострыкава з апісаньнем біяграфіі Міхала Мяшчэрскага ў Токарава: “Ён нарадзіўся ў 1923 годзе ў Гомельскай вобласьці, вучыўся ў сярэдняй школе, быў камсамольцам. Калі пачалася вайна, быў закліканы ў войска. Пад Смаленскам патрапіў у палон. У 1942 годзе накіраваны на прымусовыя працы ў Нямечыну. Пасьля вайны апынуўся ў амэрыканскай зоне акупацыі. Зьехаў у Англію. Вось тут на даляглядзе зьявіўся Барыс Рагуля…”
Здымак, даты, абставіны не пакідаюць месца для сумніваў – у “Советской Белоруссии” распавядаецца менавіта пра дэсант Вострыкава. Гэта гісторыя з публікацыямі ілюструе, якім пакручастым шляхам мусіць ісьці дасьледчык Найноўшае гісторыі Беларусі, каб рэканструяваць падзеі нядаўняе гісторыі. У нашых умовах падобная рэканструкцыя часам азначае вызваленьне праўдзівай інфармацыя ад наўмысна сфальшававных зьвестак. Мэта падобных скажэньняў, падобна, адная – прыадчыніўшы шлюзы, не дапусьціць пашырэньня поўнай праўды, падаваць гістарычную інфармацыю ў палітычна матываваным ракурсе.
Скончыць сваё расследаваньне я хачу двума простымі высновамі ды адным пытаньнем.
1. Інфармацыя і дакумэнты пра антысавецкую дзейнасьць і антысавецкі Супраціў сапраўды захоўваецца ў Беларусі.
2. Да гэтай інфармацыі ёсьць вельмі выбарачны доступ. Часам да яе, ў пэўных тактычных мэтах, падпускаюць асобных журналістаў.
Але наколькі можна верыць публікацыям журналістаў, якія гатовыя ісьці на скажэньне інфармацыі?
Фота: «Дванаццатка» ў Англіі, 1949 г. Сядзяць: Піліп Дзяхцяр, Янка Жучка, Алесь Бута, Алесь Марговіч, Язэп Шаўчук; стаяць: Павал Урбан, Леанід Карась, Міхась (Цімох) Вострыкаў, Уладзімер Цьвірка, Васіль Шчэцька, Янка Запруднік, Павал Дзімітрук.
P.S. У самым канцы 1999 г. па БТ была паказаная перадача пра КГБ, дзе былі прадэманстраваныя некаторыя прадметы, зьвязаныя з дэсантам жніўня 1952 г., а таксама паўтораныя ўсе асноўныя тэзы публікацыі М.Токарава. Галоўнае адрозьненьне перадачы ад публікацыі – названае імя Цімоха Вострыкава.
Сяргей Ёрш (Слонім)
Удакладненьні да даведніка “Антысавецкі рухі ў Беларусі: 1944-1956”
1. Глеб Багдановіч (б. 20-21) памёр у Рудзенску, а не ў Радашкавічах. Дату сьмерці яшчэ трэба ўдакладніць. Магчыма, гэта канец 1960-х.
2. Тарас Баравец (б. 21-22). Трэба пісаць не “Ўкраінская Нацыянальна-Рэвалюцыйная Армія”, а “Ўкраінская Народна-Рэвалюцыйная Армія”.
3. Мікола Грыцук (б. 35). У бібліяграфіі замест “12.12.1997” трэба пісаць “12.01.1997”.
4. Міхась Зуй (б. 42). Замест “У траўні 1944 у Чэхіі” трэба пісаць “У траўні 1945 у Чэхіі”.
5. Аляксандар Петраш (б. 75). Аўтабіяграфічную кнігу ён напісаў ня сам. Яе, зь ягоных словаў, напісаў ангельскі журналіст.
6. Станіслаў Станкевіч (б. 87). Напрыканцы 1945 г. Беларускі Нацыянальны Цэнтар узначаліў ня ён, а Мікола Абрамчык.
7. Агульнабеларускі Саюз Вайскоўцаў (б. 111). Замест “стаць” трэба чытаць “якія стаяць на груньце”.
8. “ЗА ВОЛЮ. Лісткі Замежнага Сэктару Беларускае Вызвольнае Арміі” (б. 175). Трэба чытаць “ЗА ВОЛЮ!” Выданьне пад назовам “ЗА ВОЛЮ. Лісткі Замежнага Сэктару Беларускае Вызвольнае Арміі” выходзіла ў Заходняй Нямеччыне.
9. Бібліяграфія. 1.3. Успаміны (б. 186). Замест “Успаміны Ўсюкевіча Алеся” трэба чытаць “Успаміны Ўсюкевіча Аўгена”.
10. Бібліяграфія. Артыкул А.Хацкевіча называецца “Узлы развязывает время” (б. 191).
Васіль Супрун (Слонім)
Удакладненьні да даведніка “Антысавецкі рухі ў Беларусі: 1944-1956”
Стар. 88. Васіль Супрун. Надрукавана: “Скончыў тры курсы Слонімскай настаўніцкай сэмінарыі (1946) і Менскі педагагічны інстытут…”
Трэба: “Скончыў тры курсы Слонімскай настаўніцкай сэмінарыі (1944), Ганцавіцкае педвучылішча (1946) і Менскі педагагічны інстытут…”
Стар. 89. Надрукавана: “У 1946 падпольле ўжо было створанае ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, Берасьцейскім чыгуначным тэхнікуме і настаўніцкім асяродку…”
Трэба: “ У 1946 падпольле ўжо было створанае ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, Берасьцейскім чыгуначным тэхнікуме, Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме і настаўніцкім асяродку…”
Стар. 89. Надрукавана: “Васіля Супруна схапілі 6.06.1947… на дарозе з роднай вёскі ў школу…”
Трэба: “…на дарозе ў школу роднай вёскі…” (ішоў з хутара ў вёску).
Стар. 93. Іван Тарасюк. Згадваецца: “Ільля Янушкевіч”.
Трэба: “Ільля Янушэвіч”.
Стар. 109. Ільля Янушкевіч.
Трэба: Ільля Янушэвіч.
Стар. 157. У даведцы пра “Чайку” памылкова ў дужках кіраўніком слонімскай настаўніцкай групы названы Іван Хомчык, замест Івана Тарасюка.
Трэба чытаць: “…на Слонімшчыне – настаўніцкая (кіраўнік Іван Тарасюк) і маладзёжная ў в. Плоўсевічы (кіраўнік Іван Хомчык)…”
Стар. 192. Фотаматэрыялы. Надрукавана: “…архіў С.Супруна”. Трэба: “…архіў В.Супруна”. Да таго ж, у даведніку з майго архіву зьмешчаныя не 2, а 4 здымкі: с. 46 (М.Капціловіч), с. 77 (М.Ракевіч), с. 105 (М.Чыгрын), с. 106 (А.Шабоцька).
Аляксандра Фурс (Паставы)
Удакладненьні да даведніка “Антысавецкі рухі ў Беларусі: 1944-1956”
Мушу выказаць сваё шкадаваньне, што ў артыкулі пра мяне ў даведніку “Антысавецкі рухі ў Беларусі: 1944-1956” не згадана пра майго бацьку. Мяркую, ён заслужыў большага.
Бацька мой, Лявон Умпіровіч, настаўнік, які ўсё сваё сьвядомае жыцьцё прысьвяціў школе. Настаўніцкую сваю справу ён распачаў яшчэ пры царызме, працаваў настаўнікам да свайго арышту (забралі падчас экзаменаў у школе). А да гэтага, пад канец 1947 г. яму было прысуджана званьне “Заслужанага настаўніка БССР”. Дарэчы, гэты матэрыял ёсьць у “Гарце”.
29.06.1948 адбыўся суд – нас судзілі ўдвох. Тату судзілі за сувязь з СБП і неданясеньне на мяне. Атрымаў ён 10 гадоў зьняволеньня. Памёр у 1952 г7 у Менску.
Яшчэ адна заўвага да біяграфіі Алены Мацук. У Пастаўскай пэдвучэльні яна не была, прысягі не прымала. Асуджаная была не 8 гадоў. У далейшым працавала настаўніцай. Цяпер жыве ў Паставах.
Аляксандра Фурс (Паставы)
Удакладненьні да даведніка “Антысавецкі рухі ў Беларусі: 1944-1956”
Маю вялікую прэтэнзію да сп. Грыбоўскага Юрыя за недакладнасьці. Па тэксту “Антон Фурс нарадзіўся ў мястэчку Янза”, а трэба – Язна. На стар. 100 пазначаны тэрмін зьняволеньня 25 гадоў. На стар. 147 напісана, што асуджаны да найвышэйшае меры пакараньня – расстрэлу. Гэта ўс. няправільна, бо я быў асуджаны на 15 гадоў.
Цяпер адносна Гардзея Кліманскага (с. 51) ды Мікалая Пачопкі (с. 74). Іхныя фотаздымкі пераблытаныя. Дзе знаходзіцца фота М.Пачопкі, там павінна быць фота Г.Кліманскага, і наадварот. Г.Кліманскі жывы ды жыве ў Карагандзе, а М.Пачопка памёр і пахаваны на могілках пасёлка Тапар Карагандзінскай вобл. У артыкулах сп. Грыбоўскі напісаў усё наадварот.
Уладзімер Лысёнак (с. 65) пахаваны не ў Нарыльску, як напісана ў даведніку, а ў Паставах.
Я мяркую, што Вы ня будзеце крыўдаваць за мае заўвагі. Бо яны толькі на карысьць нашай агульнай справы.
Міхась Чарняўскі (Менск)
Удакладненьні да даведніка “Антысавецкі рухі ў Беларусі: 1944-1956”
Стар. 17. Зянон Ахрамовіч. У фразе “восеньню 1949 актыўна ўключыўся ў антыкамуністычную дзейнасьць” варта прыбраць слова “актыўна”.
Стар. 40. Леанід Жданук. Трэба пісаць Жданюк.
Стар. 50-51. Здымак Юзафа Качэргі перайшоў у тэкст да Рыгора Клімовіча.
Materials of “The Dictionary of Opposition”
Summary
In 1999 the Archive has published two very important and sensational books – “Anti-Soviet Movements in Belarus: 1944 – 1956” and “Democratic Opposition in Belarus: 1956 – 1991. Individuals and Context”. These books have experimental character. In conditions of the limited access to archival collections in contemporary Belarus we bear on court of a public results of the researches, we search for confirmation or specifications of the information extracted by us, we hope for correction of mistakes. Many documents are hidden but there are people, which will not be silent indefinitely.
We begin the publication of new clauses, and also specifications to our directories in this volume of a “Šuflada” Journal. The purpose of this public action -- to prepare the more complete edition of the directory on a history of the Belarusian Resistance.
Публікуецца на сайце з
ласкавай згоды Цэнтру Athenaeum