Бацька апавяданне
Анатоль Кудравец
Елка стаяла не з самага краю, але ў прасвет паміж камлямі дзвюх другіх елак добра было відаць, што робіцца ў канцы пасёлка.
Урэшце, і канец пасёлка Сцяпана не надта цікавіў. Яго цікавіла трэцяя хата па той бок вуліцы. Тры акны ў блакітных аканіцах, два вертыкальныя ромбікі, прарэзаныя ў франтоне. Ромбікі замянялі акенца, каб на гарышчы можна было нешта бачыць. Ён сам іх праразаў, гэта была яго хата.
Другі дзень яны з Валодзем глядзяць на гэту хату, і другі дзень ніхто не адчыніў дзвярэй ні туды, ні адтуль. І за вокнамі яе не было відно ніякага жыцця — усё замуравана белым холадам. Быццам у хаце не было нікога жывога. А павінны быць сын і дачка. Пётрусь і Анеля. Пётрусю — дванаццаць, Анелі — сем. Два гады, як не стала іх маці, і два гады, лічы, усё на плячах хлапца — і яда, і дровы, і сястрычка, і хата. Сіроты пры жывым бацьку. І бацька, як загнаны звер, месца сабе не знаходзіць. Туляецца, як бадзяжка. Чужы ў сваім лесе, у сваім сяле. Вунь яна, яго хата, яго слівы, яго яблыні. Сам садзіў, сам даглядаў, нянчыў... Хацелася волі, хай не сабе, хай дзецям, каб чулі сябе людзьмі. Каб ніхто не камандаваў табой, не ездзіў на табе... Здавалася, можна, здавалася, яшчэ трошкі пацярпець, яшчэ трошкі сілы, і... І... Не далі. Не даюць... Хлопцы пайшлі за войскам. “Пайшлі, — казалі яму. — Пайшлі, бо тут табе жыцця не будзе”. — “А дзеці? Як я дзяцей кіну?” — “І дзецям жыцця не будзе”.
Не пайшоў. Не захацеў пайсці. І вось ляжыць пад елкай і глядзіць на сваю хату.
Хата жыве, пакуль у ёй жывуць. Таму Сцяпан і не хацеў, каб дзяцей забралі ў прыют. Калі па душы, не хацеў не толькі таму. Ён ведаў: забяруць — і болей ён іх ніколі не пабачыць. А пакуль яны тут — тут яго сям’я, тут яго дом, яго дом. Не стане іх — не стане нічога. А так хоць праз тыдзень, хоць праз два, хоць крадком, хоць на некалькі хвілін, але яны разам, усёй сям’ёй разам.
Дзеці таксама не хацелі ісці ў прыют: “Мы будзем з бабай”. Баба, Сцяпанава маці, жыла на сваім селішчы, у залеснай вёсцы, за тры кіламетры. Пра бацьку дзеці ні з кім стараліся не гаварыць. Яны ведалі, што пра бацьку напамінаць не трэба. Яго лічылі бандытам, яго шукалі, яго лавілі.
Чаму з коміна не ідзе дым? Хай і на вясну пайшло, хай і невялікі мароз, але ж зіма. Можа, не вытрымалі чакаць і пайшлі за лес, да бабы? Але ж ён сказаў, каб былі дома. Ён абяцаў прынесці хлеба, а, можа, і яшчэ чаго. Хлеба не прынёс, прынёс бульбы. Вунь яна, у торбе, у ігліцы.
Тыя разы ён прыходзіў адзін. Аднаму прасцей у сваім сяле, у сваім двары, у сваёй хаце. А Валодзю няма куды ісці — ні дома, ні радні — усё з’ела вайна. Пасля Цераболі, калі іхнія зямлянкі аблажылі энкавэдысты, з шасці жывымі выйшлі толькі двое — яны. Так і ходзяць разам.
Елка была старая, магутная, — можа, з метр, можа, болей у камлі. Лапкі пачыналіся высока, у рост чалавека, але раскідвалі крылле так шырака, што не маглі ўтрымаць нараўні ні зялёную мятлу-кучомку, ні саміх сябе, сукі выгіналіся дугой, дастаючы да самай зямлі. Зверху налягалі другія лапкі — зелянейшыя, маладзейшыя, густа абчапляныя іголкамі, робячы з елкі тое, што называецца словам “шацёр”. Ні дождж, ні снег не маглі прабіць гэты высозны, зляжалы панцыр, пад самым верхам якога знайшла месца для свайго гнязда сям’я каршакоў. Разумныя птушкі, выбіраюць дрэва і не ў самай глыбі лесу і не з самага краю.
За гэты час, як яны тут, коршак прылятаў двойчы. Пасядзіць, пасядзіць між галля, быццам у яго ніякага клопату няма, потым ціха сарвецца ўніз, нават не сарвецца — мякка паплыве на разгорнутых крылах у бок вёскі, крута развернецца, разы са два ляніва ўзмахне пругкай сілай распраўленага пер’я і пойдзе над лесам.
Быццам і не прылятаў, быццам яму і справы мала да гэтых двух мужыкоў, што ляжаць пад яго гняздом на сухой ігліцы, засланай сенам.
Дзень хіліўся к захаду. Сонца высвеціла ўсе тры акны хаты — спачатку першае, ад слівы, потым другое, потым трэцяе. Пагуляла промнямі па белых шыбах, па блакітных аканіцах, па франтоне з двума ромбікамі.
— Сцяпан, ты сам зашываў франтон? — спытаў Валодзя.
— Сам.
— І не бачыў, што адну дошку, вунь тую, правей цэнтра, прышыў коса?
— Ска-а-жаш...
— А ты прыглядзіся...
Сцяпан прыгледзеўся. І праўда, калі паглядзець адсюль, то трэцяя ад цэнтра дошка нібыта ссунута знізу ўбок і не клалася ў роўны вертыкальны строй усіх астатніх.
— Мы пад вуглом глядзім. Калі б гляделі ў лоб — там ніякай касіны, міліметр да міліметра, — сказаў Сцяпан.
Памаўчалі, але нядоўга.
— Валодзя, я не магу болей ляжаць, я пайду.
— Ты пойдзеш па сваю смерць, — адказаў Валодзя.
— Яны галодныя. Маё сэрца чуе: іх мораць голадам. І холадам. Ты бачаш, другі дзень не паліцца ў печы.
— Можа, яны сышлі да тваёй маці?
— Яны не маглі пайсці. Я сказаў, што прыду і прынясу хлеба. Яны гэта ведаюць. А тут і ў печы не паліцца. Можа, там ужо нікога жывога няма...
— Як рошыш. Калі што, я іх прышыю, — Валодзя паказаў вачыма на кулямёт, які стаяў побач на раскірэчаных ножках. Талерка дыска пляската, як шыя ў кобры, раздзімалася над ствалом. Сцяпан ведаў: калі хопіць патронаў, Валодзя прышые ўсіх, каго трэба прышыць.
— Я не пайду напрасткі і сялом. Я падыду з балота, з-за хлява. Калі там засада, яны чакаюць мяне ноччу, а не повідна. — Сцяпан прыўзняўся на калені, паляпаў Валодзю па плечуку. — Усё будзе добра.
Валодзя ўскінуў плечуком — не то пагаджаўся, не то сумняваўся.
— Ладна. Ідзі.
— Аўтамат я не буду браць. Днём, у сяле, з аўтаматам... Хай застаецца тут...
— Ну, брат... — Валодзя хацеў яшчэ нешта сказаць, але Сцяпан ужо ступіў за елку. Ступіў і прапаў, як растварыўся.
Валодзя зноў прылёг на сена, доўга глядзеў у прагал між камлямі. Глядзеў не столькі на хату, як на тыя ромбікі ў франтоне. Непрыгожа яны чарнелі. Калі і ёсць небяспека, то яна там, за імі. І гэта дошка... Як ён мог так коса яе прышыць?
Ён падсунуў да сябе кулямёт, развярнуў раструбам у бок пасёлка, на хату, пацягнуў на сябе рамку прыцэла. Колькі тут метраў? Сто ці болей? Соткі метраў шэсцьдзесят, вуліца дваццаць і тут, да сотак... Значыць, сто... Зноў зірнуў на хату з ромбікамі.
І ўбачыў Сцяпана. Які малайчына! Сцяпан, як прыліплы, сунуўся па сцяне хаты, з-за вугла, да дзвярэй. Пастаяў ля дзвярэй, відаць, слухаў, што ўсярэдзіне. Пацягнуў на сябе дзверы і знік за імі.
Было ціха ў сяле, ціха ў лесе. Так ціха, што Валодзя чуў: як шуміць кроў над вухам: “Шу-шу-шу!”.
Анеля ўбачыла бацьку адразу, як толькі ён адчыніў дзверы. Яна ляжала на ложку пад тоўстай коўдрай — двое чорных вачанят над зялёным прасцірадлам. У нагах кажух — яго стары кажух. Пётрусь ляжаў побач, адвярнуўшыся да сцяны. Ён спаў.
Анеля ўскінула вачыма ўгору, на столь. Бацька зразумеў яе, кіўнуў галавой. Нячутна ступаючы, падышоў да ложка, прыгарнуў вольнай рукой падатлівыя дзіцячыя костачкі. На другім плячы ў яго была торба з бульбай. Зняў торбу, паклаў пад лаўку, паказаў на яе вачыма. Дачка заківала галавой. Пастаяў, нешта думаючы.
“Нам не даюць выходзіць”, — прашаптала дачка. Бацька прыклаў палец да губ: “Ціха!” Сказаў аднымі губамі: “Ідзіце да бабы”. Яшчэ раз прыціснуў дачку да сябе, зірнуў на сына. Спіць... Хай паспіць.
Над галавой было глуха. Ён яшчэ раз прыклаў палец да губ: “Маўчок!” Ён заўсёды рабіў так, калі між імі была нейкая тайна. Анеля па-змоўніцку кіўнула галавой.
Чаму яго павяло на вуліцу, Валодзя не разумеў. “Дурань, што ты робіш!..”
Вароты былі расчынены, і ў гэтым быў непарадак. Не трацячы шмат сілы, Сцяпан прыўзняў іх, вярнуў на месца, як яны і павінны былі стаяць, і вароты рыпнулі. Відаць, гэтага голасу хапіла, каб разбудзіць тых, на гарышчы. Праз ромбікі яны ўбачылі, як за варотамі павярнуўся і спакойна пайшоў чалавек — высокі, крутаплечы, у куфайцы. Ды гэта ж ён, Сцяпан! Здаецца, і ў Цераболі ўсё зрабілі, каб узяць, а не ўзялі. Выслізнуў. І тут маглі праспаць... Да дзяцей пацягнула, сволач. Пацягне, мы гэта ведалі... Вось ён, дзесяць метраў... Трое сутак прымусіў мерзнуць, падла. Лепшай удачы не дажджэшся!.. Цікава, здагадваецца ён пра засаду ці не? калі б здагадваўся, не падстаўляўся б гэтак адкрыта, спіной у куфаечцы...
Чарга была кароткая і злая. Прашытая дзесяткам куль, куфайка на Сцяпанавых плячах проста ўліпла ў цела. Здавалася, што гэта і не кулі прайшліся, а дождж касым наваротам сыпнуў жменю кропель, пакінуўшы на куфайцы часты шнурок ад правага пляча да паясніцы і ніжэй. Сцяпан яшчэ змог развярнуцца, каб глянуць на свае ромбікі, і ткнуўся плечуком у снег.
Валодзя ўсё гэта бачыў. Ён бачыў яшчэ, што касая дошка ў франтоне ад’ехала ўбок яшчэ больш. Стралялі адтуль.
Ён чакаў.
І дачакаўся.
Дзверы хаты раптам адкінуліся, быццам іх выбілі нагой, і на вуліцу выскачылі двое з аўтаматамі. У белых форменных кажушках. Яны схапілі Сцяпана за руку, перавярнулі на спіну. Ён, мусіць, яшчэ дыхаў, бо адзін з двух прыставіў дула аўтамата да разінутага рота і націснуў на курок.
Той чаргі Валодзя не пачуў. Яна злілася з кулямётнай — глухой і зацята доўгай. Ён бачыў, як падскочыў угору адзін белы кажушок, потым другі, і як яны вяла, быццам замарожаныя, сталі класціся на снег, побач са Сцяпанам.
Услед за кулямётнай чаргой з елкі сарваўся коршак і пайшоў над полем. Валодзя ўбачыў, які ў яго шырокі размах крылляў і якое ў яго прыгожае пер’е — жоўта-белае спадыспаду, з акруглымі чорнымі разводамі, як у бабы на спадніцы. Як і ў тыя разы, коршак крута развярнуўся над полем і пайшоў на лес.
А з хаты з голасам выбягалі хлопчык і дзяўчынка.