|
Клятва перад Тасканам
Масей Сяднёў
Баптыста, галічаніна, “хахла”, як яго часцей называлі, колькі ён ні супраціўляўся, усё ж звязалі і сіламоць абстрыглі. Лагернае начальства і ягоныя памагатыя не маглі пагадзіцца, каб у стрыжаным бараку быў нехта нястрыжаны, меў прывілегію хадзіць з барадою, як гэта было ў выпадку баптыста. І от у баптыста адцялі і бараду, прыгожую, пышную. Можа й каго іншага гэтак сілком і не стрыглі б, але гвалт над баптыстам учынілі менавіта таму, што ён баптыст, што дзеля нейкай там сваёй веры ён не стрыжэцца. Дык от і абстрыглі.
Але баптыст не хоча ў святы ісці на працу. Як толькі субота, ці якое іншае свята, яго трэба выганяць, выцягваць з бараку. На двары ўжо стаіць выстраіўшыся брыгада, гатовая пад канвоем пакінуць лагер, а баптыст і не думае выходзіць з бараку, станавіцца ў шэрагі той брыгады, і тады брыгадзір разам з сваімі “хлопцамі” тураць яго ў карак, б’юць, прымусова далучаюць да брыгады. Аднак калі брыгаду падводзяць да адчыненых ужо варот, баптыст, каб не апынуцца за варотамі, кладзецца на зямлю: ісці ў святы на працу — гэта для яго вялікі грэх.
Баптыста садзяць у карцар, пераводзяць на штрафное харчаванне, пагражаюць яму абвінавачваннем у “контррэвалюцыйным сабатажы” — нішто не можа прымусіць яго ісці на працу ў святы. І што вы думаеце — баптыста пакінулі ў спакоі: дужы і сумленны, ён у буднія дні вырабляў норму за дваіх і спрыяў, не думаючы пра тое, выкананню плана па здабычы золата. Баптыст святкаваў сваю перамогу: на святы ён адзіны раскашаваўся ў бараку, у той час, як “ягоная” брыгада ішла аддаваць сваю сілу ўсемагутнаму золату.
У бараку, аднак, не шанцавала баптысту на суседзяў: з аднаго і з другога боку ў яго на нарах ляжалі ўгалоўнікі-рэцэдывісты і ўсяляк кпілі з яго, перашкаджалі маліцца. Калі перад сном на каленях ён пачынаў маліцца, нахабнікі скублі яго за бараду, калі тая была яшчэ неадцятай.
Зняволеныя, як рэдка калі, арганізаваўшыся, заступіліся за баптыста: вытурылі ўрку, што месціўся вобак мяне, і на ягонае месца паклалі баптыста. Баптыст стаў маім суседам. Але выйграў ён не шмат: як і ўсе, я лаяўся, а такой брыдкасці баптыст не мог зносіць. І баптыст пачаў мяне ўсведамляць. Лаянка, казаў ён, — гэта грэх, а грэх аддзяляе чалавека ад Бога. Стаўляе яго па-за Богам. “Ты ўсведамляеш гэта? ” – пытаецца мяне баптыст. Я маўчу. Тады ён нечакана: “Колькі нас тут, у бараку? Семдзесят чалавек, га? Вось жа, зажмур вочы і на якую часіну прыслухайся — што ты пачуеш? Не што іншае, як несціханую, густую лаянку. І раніцай, калі мы паспешліва збіраемся на працу, і ўвечары, прыйшоўшы з працы, мы выказваем сябе з дапамогай лаянкі. Лаянка сталася ў нас тым сродкам, пры дапамозе якога мы выказваем свае, нават самыя інтымныя пачуцці. Лаянка сталася нашай мовай. Падмяніла мову. Вось твой сябра, вядомы беларускі пісьменнік, інтэлігентны чалавек, а паслухаеш яго — перасыпае амаль кожнае слова лаянкай. Або й ты... Чаму ты лаешся, паганіш сваю душу? Хочаш быць такім, як яны? Хочаш змяшацца з імі, каб яны палічылі цябе сваім? Каб табе было лягчэй з імі абыходзіцца? Або хочаш апраўдацца: маўляў, цяжкія ўмовы змушаюць. Не, братка, бяры віну на сябе! Страшна не зняволенне, не турма, а страшна абязлюдзіць сябе, страціць воблік чалавека, паддацца Сатане, гэтаму князю света”.
Я, канешне, пагаджаўся з баптыстам, але ўсё тое, што ён гаварыў, я ўспрымаў, так бы мовіць, разумова, яно не адкладвалася дзесьці глыбей, заставалася на паверхні свядомасці. Дзівіўся начытанасці баптыста, якога, дарэчы, украінскае НКВД напачатку абвінавачвала ў трацкізме: падчас арышту ў яго на кватэры знайшлі вокладку кнігі Троцкага “Уроки Октября” (“урокі” тыя скурыў брат баптыста). “Трацкізм”, праўда, адпаў, баптысту прышылі “групавую контррэвалюцыю”: на баптысцкім “зборышчы” ў сябе дома, маўляў, пад выглядам тлумачэння бібліі крытыкаваў мерапрыемствы савецкай улады.
Бег час і нашу “камандзіроўку” (гэтак называліся на Калыме прыіскі) закрылі: каціроўшчыкі знайшлі, што золата на ёй больш няма, вычарпана і трэба перабірацца на новую “камандзіроўку”. На новую камандзіроўку накіравалі мацнейшых. Слабакоў, “дахадзяг”, у тым ліку і мяне, перакінулі на лесанарыхтоўкі. Трапіў у гэтую катэгорыю і баптыст — начальства хацела збавіцца ад яго.
І гэтак мы на лесанарыхтоўцы. Наша тэхніка — піла і тапор. Жывём у якуцкай юрце. Была зіма. Дні кароткія. Мароз — лінеш высока ўгору кубак вады, яна падае долу ільдом. Баптыст прапанаваў мне працаваць з ім напару. Казаў, у мяне лёгкая рука і мяне не трэба цягаць на піле. Паводля веку, баптыст мог бы быць маім бацькам і можа дзеля гэтага шкадаваў мяне: падстаўляў сваё плячо пад камель, калі ў канцы дня трэба было зносіць нарыхтаваныя намі матэрыялы ў штабель; уставаў рана, каб натачыць пілу, зрабіць разводку, давесці яе да стану як найлепшага, каб яна хадзіла як найлягчэй. Я чуў, як ён ціха, каб не ўзбудзіць мяне, вастрыў рашпілем з’едзенае зуб’е нашай пілы. А то пад час малітвы тым ці іншым рухам сваёй рукі неўпрыкмець клаў на мяне, яшчэ соннага, тайныя знакі багаславення. Ягоная ўвага, дабрыня цяплілі, ачышчалі маё сэрца, здымалі з яго накіп непрагляднай будзёншчыны, змяншалася мая лаянка, хоць ейная аўтаматычнасць яшчэ не пакідала мяне: як што не так — і яна гатова да паслугаў. Баптыст прабачаў мне лаянку, рабіў выгляд, што не чуе — ніякага папроку і ўшчучвання. І я зазнаваў пачуццё сораму.
Усё ішло сваім звычайным ходам. Праца ад цёмнага да цёмнага. Штодзённае, паднявольнае, шэрае існаванне. Аж нашу юрту напаткала нязвыклае: не прыйшоў з працы чалавек, разгледзеліся, што ў брыгадзе не хапае аднаго чалавека. Кінуліся на пошукі. Была зорная ноч, і мы ўгледзелі на высокім сумёце чалавека, што сядзеў, нібы ў крэсле, апёршыся спіною на снежны завал. Мы аклікнулі яго на ймя, але адказам была жудасная маўкліня: чалавек акалеў, адыйшоў. Не захацеў болей жыць. Аддаў сябе ў абдымкі надзейнага служкі — мароза. Прынеслі ў юрту. На падлозе гарою ляжаў распёрты марозам пакутнік з струйкай ярка чырвонай крыві на барадзе.
Наша юрта ўжо ніколі не будзе такой, якой яна была дасюль.
Гэтак здарылася: без напарніка (баптыста накіравалі на іншую працу), аднаму, мне трэба было траляваць з лесасекі нарыхтаваны намі матэрыял. З вялікімі цяжкасцямі я ўскачваў на адмысловыя сані бярвенне, але з імі, надта даўгімі, мне цяжка было выязджаць з гушчару на пратораную санную дарогу. Кіпеў. Нерваваўся. Лаяўся. Тузаў у злосці свайго каняку. Калі ўсё ж закончыў траляроўку, выехаў на прарэзаную ў глыбокім снезе дарогу, знясілены дарэшты, я сеў на свой тралер-сані. Аціх. Супакоіўся. Дзесьці ўнізе вызваляўся з сваіх зімовых аковаў Таскан, магутны, ламаў, крышыў лёд, гнаў тоўстыя велічэзныя крыгі, сваім гулам запаўняў прастору. Высокія горы, што абступалі яго, адгукаліся доўгім, урачыстым рэхам. Я слухаў, і гэты велічны гул-гармонія спараджалі мір у маёй душы, я адчуў такое, чаго раней не было — пакору. Адданасць усяму існаму.
І міжволі я прысягаў Таскану: ніколі болей.
1998 г.
Развітанне з Калымой
Неверагодна: цэлы месяц, амаль кожную ноч, мне сніўся адзін і той жа сон: спрасаваныя ў бочцы, з яе, узняўшыся, выляталі, падобныя на вужоў, чорныя сялёдкі. Я мучыўся гэтымі снамі, той настойлівасцю і паслядоўнасцю, з якой яны пераследавалі мяне. Мучыўся іхняй нейкай дэманічнай уладай нада мною і бяссільнасцю разгадаць іх, бо ж, як мне здавалася, мае сны нешта прадвяшчалі мне. Мае сябры па няшчасцю, звычайна, прачнуўшыся, апавядалі пра свае сны, калектыўна разгадвалі іх. Я ж пра свае сны маўчаў.
Выдатным знаўцам сноў, здольнасцю разгадваць іх, быў брыгадзір нашай брыгады, сібірак, вольнанаёмны ці на мове зняволеных вальняжка. Быў ён досыць пакладзістым чалавекам, разумеў наша бядотнае становішча. Наша брыгада складалася з так званых дахадзяг і сібірак надта не налягаў на нас. “Дахадзяга”, гэта значыць чалавек, які дайшоў да апошняга, да скрайняга знясілення на цяжкіх працах — у шахтах, на здабычы золата ці дзе б там ні было. Як слабасільную, нашу брыгаду і перавялі з забою на больш “лягчэйшую” працу — на лесанарыхтоўкі, у тайгу, дзе мы й пасяліліся ў пакінутай якутамі юрце. Над намі не было ўжо канвою — куды ўцячэш адсюль? — і наш сібірак быў нашым паўнапраўным гаспадаром. Кожную раніцу з шостай ён заходзіў у нашу юрту паднімаць нас і заўсёды — каб развесяліць нас, ці што — выгукваў сваё: “Ну, хто што бачыў сёння во-снях?” Той-сёй пачынаў расказваць пра свой сон. І так заўсёды. І толькі я не адкрываўся са сваімі снамі. Маўчаў. І аднойчы сібірак: “Ну, а ты, Масей, нічога не сніш?” І я не вытрымаў — расказаў пра свае лятучыя сялёдкі. Сібірак як ні падскочыў: “Дык гэта, братка, прарочы сон — пойдзеш на волю. Спрасаваныя сялёдкі вылятаюць з бочкі — гэта варушыцца, паднімаецца, пераглядаецца твая справа. Пойдзеш, кажу, на волю.”
І я пачаў жыць той “воляй”. Што б я ні рабіў, яна мірсціцца мне. Я ўжо бываю ў Менску. У сваёй уяве набліжаю яго гэтак, што ён здаецца мне прост рэальным. Аднойчы ён прысніўся мне. Але дзіўна — гэта быў не сам Менск, а толькі прастора, якую ён займаў. Гораду, як такога, не было — ні будынкаў, ні вуліц, ні плошчаў. Тырчэла толькі высокая, ярка пабеленая калона з двума плакатамі, на ёй: “С кем вы, мастера культуры?” і “Я плюю в твои прекрасные глаза, Франция!”
Пабачаная ў сне калона з гэтымі плакатамі абрадавала мяне: яна вяртала мяне ў Менск маіх студэнцкіх часоў. Справа ў тым, што артыкулы Максіма Горкага: “С кем вы, мастера культуры?” і “Я плюю в твои прекрасные глаза, Франция!” я чытаў у “Правде”, калі яшчэ быў на волі, вучыўся ў Вышэйшым педагагічным інстытуце. І вось – дзіўна – тыя артыкулы – плакаты на калоне – і прысніліся мне ў калымскай юрце. Максім Горкі напісаў вышэй згаданыя артыкулы ў сувязі з так званым Кангрэсам абароны культуры ад фашызму, што адбываўся ў Парыжы, калі не памыляюся, у 1935 годзе. У працы гэтага Кангрэсу брала ўдзел і дэлегацыя савецкіх пісьменнікаў, у склад якой канешне ўключаўся і Максім Горкі, але Францыя не дала яму ўязной візы і, абураны, Горкі выбухнуў з такімі громкімі артыкуламі. Ад беларускіх пісьменнікаў у складзе савецкай дэлегацыі быў Якуб Колас. Вярнуўшыся з Кангрэсу дахаты, Колас у «ЛіМе» пісаў, што ягоная Загібелька, месца, дзе ён, бывала, адпачываў, яму падабаецца лепш, чым Булонскі лес.
* * *
Мінаюць пакутныя дні, тыдні, а сібіракова «воля» гэтак і не прыходзіць, хоць вера ў яе не згасае: зняволены, нягледзячы на ўсю сваю лагерную практыку, хоча верыць, вера дапамагае яму выжыць. Быў месяц ліпень, і наша слабасільная брыгада была занята касьбой. Для мяне гэта была найлягчэйшая праца: я ўмеў касіць. Яшчэ змалку бацька прывучаў мяне, а як падрос – нашу палоску мы з бацькам ужо касілі ў дзве касы. Але касьба вялікая пакута для тых, хто ніколі ў сваіх руках не трымаў касы, як гэта было ў выпадку бальшыні «касцоў» у нашай брыгадзе: ні адкляпаць, ні насадзіць, ні навастрыць касы. Адна мука. Не аднаго з гэтых «касцоў» я вучыў мастацтву кашэння. Сібірак падзіўляў мяне і часам вялічаў па бацьку.
Недзе ў канцы ліпеня, як і заўсёды, раніцой увайшоў у нашу юрту сібірак з нейкімі паперамі на руках. Прывітаўся. Потым да мяне: «Масей Ларывонавіч, што ты бачыў сёння во-снях?» Я муляюся. Не адказваю. Сібірак спакойна: «Дык вот зараз жа, у гэтую хвіліну, збірайся з рэчамі на этап. Пехатой дойдзеш да саўгасу «Калымскі». Адтуль забяруць цябе ў Магадан, а з Магадану ў твой Мінск, а там – і воля! Не казаў я табе? Шкада мне цябе, добрага касца, адпушчаць, але – з Богам!»
У момант наша юрта ажыла, ейныя насельнікі віталі, пераконвалі мяне, што я сапраўды іду на волю, жадалі мне шчасця, радаваліся, што з цеснай юрты хоць адзін чалавек ды ўсё ж вызваляецца, можа прыйдзе час, калі і яны вызваляцца. Развітанне было чуллівым – выпраўлялі ж мяне на волю.
Мне было дзіўна і боязна, што ў саўгас «Калымскі» я іду адзін і без канвою. Дарогі я не ведаў, дый дарогі ў саўгас не было ніякай, і я баяўся заблудзіць. Адзіным арыенцірам было для мяне клочча сена, што зачапілася было за галінкі хмызнякоў падчас, калі нарыхтаванае намі сена адвозілі па бездарожжы ў саўгас.
З саўгасу «Калымскі» быў хутка дастаўлены (ужо пад канвоем) у Магадан, а з Магадану «Трансбалтам» – Ахоцкім і Японскім – у Владывасток. Была раніца, і калі мяне высадзілі з параходу на баржу, я ап'янеў ад гаючага, лагоднага павеву, што нечакана ахінуў мяне. Трэба ж было – аднекуль пачуўся певень. У ранішняй ціхамірнасці прачыналася наваколле. Прачнулася, ажыла і мая збалелая душа. Калыма быццам перастала існаваць. Яе пагасіла ўва мне цеплыня божай міласэрнасці.
А Менск ад мяне быў яшчэ на адлегласці трох месяцаў – туды я трапіў толькі ў кастрычніку: мой пульман з кратамі на вокнах падоўгу стаяў на запасных рэйках кожнай вялікай станцыі. Нездарма беларускае НКВД у нецярпенні распачаць новае следства не аднойчы рабіла запыты адносна майго знаходжання. Адказам на запыты было заўсёднае «этапіруецца». Пра гэтыя запыты я даведаўся на допыце ў Менску ад следчага, які даў мне пагартаць тоўсты том мае справы.
А воля? Воля ўвесь час заставалася пад пытаннем. Прароцтва сібірака ўсё не збывалася.
1998, Глен Коў, ЗША
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|