|
Васіль Зуёнак
* * *
Над крынічкай з заімшэлым зрубам
Вечар ахінаецца зарой.
Сумна – як перад вялікай згубай…
Ці то час такі, ці то настрой?..
Больш пра смерць – і думак, і гаворкі:
Колькі дзён тых засталося мне?..
Прамаўчаць заманлівыя зоркі,
Ціха жытні колас уздыхне…
Абяцанняў не было ад Бога,
А тым больш – іх людзі не далі.
Не пытаўся і ў сябе самога:
Чым усцешу дзень свой на зямлі?..
Ды суцехі не было й не будзе, –
Штосьці мог, здаецца, а ці змог?..
Кажа Бог: “На тое ж вы і людзі…”,
Кажуць людзі: “Ты ж яшчэ не бог!.. ”
* * *
Настане год, настане дзень такі,
Калі, нарэшце, у нябыт адыдуць
Бяздарныя бяздарных двайнікі,
Рэжыму пустазвоннага флюіды.
Ачысціцца ад пошасці зямля,
Ад сейбітаў, што сеюць языкамі,
Ад множання: круцель на круцяля,
І замест хлеба – у здабытку – камень.
Расплодзяцца разумнікі адны –
Элітныя, у першым экземпляры:
Ні жалю, ні камп'ютарнай віны,
Ва ўсім – халодны досвед капіляраў.
І не ў даўгу ніхто ні перад кім,
Пароўніцы эмоцый і нейронаў.
Ва ўсім – і сваякі і чужакі:
Сам нападзенне, сам і абарона.
А Бог? А Бог на геніяльных раць
Падзівіцца: “Калі ж яны без бога
Зноў двайнікоў пачнуць сабе ствараць,
Каб хтосьці збочыў з правільнай дарогі?.. ”
ХАМУРАПІ
Конь канае. У пеністай храпе
Цуглі золатам зіхацяць.
Дзе ты, хто ты, цар Хамурапі, –
Я не знаў – і не буду знаць.
Пакацілася калясніца –
За гарамі вякоў Вавілон.
Толькі мне неадступна сніцца
Хамурапі акрутны закон.
І зусім не “да нашай эры”:
Я – у нашай, і наш сатрап
Мне такія стандарты адмерыў,
Каб я ведаў: хто цар, а хто раб.
Каб я помніў: адмерлі шумеры,
Клінапісныя знакі маўчаць…
Каб і я, нарэшце, паверыў,
Што ўжо час і мне адміраць…
Як на ўбой, каб і я пакачаўся
Ля карыта: паеў ды ў хлеў.
Каб я знаў: гаспадар зачакаўся:
Хоць свінячы – пачуць хваласпеў…
Каб і мне гісторыі мліва
Ад цароў ухапіць на замес,
Каб мой верш мітусіўся лісліва
Перад тым, хто на трон залез…
Каб адчуў: з удзячнасцю рабскай,
Запрадаўшы волю сваю,
У кампаніі хамурапскай
Са смяротнікам-словам стаю…
Каб і я сказаць не патрапіў,
Што аднойчы мне Бог адкрыў:
Не было і няма Хамурапі,
Покуль сам ты яго не стварыў…
* * *
Калі “бацькі літаратуры”
Пляваліся на “Бум-бам-літ”,
Хвалілі рай наменклатурны
І снілі творчы маналіт;
Калі змагаліся Саюзам
За выжыванне, і калі
Ахвярнікаў калгаснай музы
Пад “вертыкаль” раўняць вялі;
Калі з натхнення выбіў “рынак”
Апошні дух, апошні клёк,
І век дваццаты з літпярыны
На мулкі скочваўся палок;
Калі ў “папсы” і ў самых знаных
Быў роўны велічы глыток:
Ці бухні ў тры тамы раманам,
Ці дзьмухні вершам у свісток;
Калі байцы парасстралялі
Сваю лірычную шрапнэль
І па спажыву вылязалі
На прэзідэнцкую панель, –
Тады ахоўны Спас з'явіўся,
І навучыў, і засцярог, –
Я слову ціха памаліўся:
Бог слова даў – і возьме Бог.
СУЦЯШЭННЕ
Крыві нічыёй не піў,
Нікога не пакараў,
Не збэсціў, не абакраў,
Нікога не затапіў,
Не чвартаваў, не забіў…–
А добрае што зрабіў?..
* * *
Як мне хочацца зноў узабрацца
На сумёт, што вышэй за плот.
Ды нямашака ў студзеня працы –
Час такі: на снягі не ўмалот.
І не скоцяцца санкі з-пад неба
У бязмежжа завейнай смугі…
Час такі: не дапросішся хлеба
І з дзяцінства не вернеш снягі…
СВЯТЫЯ І ГРЭШНЫЯ
Памру, не пабачыўшы Рыма
І не прывітаўшы Парыж, –
Няхай сабе! – грукну дзьвярыма
Я гэтага свету! –
Глядзіш,
І той здрыганецца маўкліва,
Спалохаўшы райскіх дзеў.
А я – усміхнуся журліва:
Я ў гэткія вочы глядзеў!..
* * *
Не знаю – гэтага замала
Ці ўдосталь на адно жыццё:
Ты сны мае не пакідала,
А ці пакінеш небыццё?..
* * *
Аб адным, Божа мой,
Малю –
Дай апору ў сусветнай гонцы:
Беларускаму плугу –
Зямлю,
І Купалавай хаце –
Сонца!..
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|