БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ТЭРМАПІЛЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі часопіс N* 2 / 1999 г.

Арышт
П’еса ў трох дзеях

Сакрат Яновіч

Асобы:

Браніслаў Тарашкевіч — незалежны ў паводзінах, элегантна апрануты
Камісар паліцыі — пыхлівы, з манерамі панскага служкі
Пракурор — на выгляд тыповы правінцыяльны інтэлігэнт
Сьледчы судзьдзя — чалавек з езуіцкім складам думкі
Паліцыянты, сышчыкі, сакратарка — без асаблівых рысаў характару
Савецкі сьледчы

Першая дзея

Адслона І

Памяшканьне паліцэйскай камэндатуры, начальніцкі кабінэт зь вялікім пісьмовым сталом, на ім старасьвецкі тэлефон з „круцёлкаю” й звычныя канцылярскія паперы. У крэсьле з высокай сьпінкаю сядзіць суворы тып у афіцэрскім мундзіры ды гартае нейкія дакумэнты ў папцы. Прычэсаны, бы афіцыянт, выразна задаволены, а на ягоным выгаленым твары прабягаюць грымасы, як у важнай пэрсоны. Час-часам звоніць тэлефон і ён, нясьпешна зьняўшы трубку, хвілю слухае ды кажа загадным тонам „Выканаць!” або „Інвігіляваць дакладней, на тры зьмены!”, ці „Мяне вашы ацэнкі не цікавяць, трэба фактаў!” Пасьля кожнага такога званка й нешматслоўнага загаду камісар — ужо даволі нецярпліва — кладзе трубку назад і зноў паглыбляецца ў чытаньне папераў.

КАМІСАР (пасьля чарговага званка). Хай увойдзе.

СЫШЧЫК (дбайна зачыніўшы за сабою дзьверы). Пане камісар, птушка ўжо ў нашых руках (у позе на зважай).

КАМІСАР (хаваючы хваляваньне). Былі пэртурбацыі?

СЫШЧЫК. Не, пане камісар.

КАМІСАР (у задуменьні). Відаць, спадзяваўся... (і да сышчыка). У якім ён настроі?

СЫШЧЫК. У дзіўна спакойным, пане камісар. Людзі ў такіх акалічнасьцях зазвычай падымаюць вэрхал...

КАМІСАР (перабіваючы сышчыка). Пачакайце ў сакратарыяце (і калі сышчык выйшаў, здымае трубку з телефона). З панам сьледчым судзьдзёю. Дзень добры, пане сьледчы судзьдзя! (праз момант, паслухаўшы гаворанае яму). Так, пане сьледчы судзьдзя, Тарашкевіч арыштаваны. Не, адбылося як аплянавалі... Дзякую за віншаваньні, пане сьледчы судзьдзя! Маем добрую інфармацыю, так, непасрэдна зь яго асяродзьдзя. Так, нават нядорага каштуе купіць гэту галоту... Што? Я павінен дапытаць Тарашкевіча? Дзякую, пане сьледчы судзьдзя! За давер мне, дзякую. Так, неадкладна паведамлю потым пра ўсё... Кланяюся, пане сьледчы судзьдзя! Да пабачэньня (удумна пахадзіўшы па кабінэце, аддае па тэлефоне загад). Увесці!

Браніслава Тарашкевіча, з падручным нэсэсарам у руцэ, уводзяць паліцыянт і сышчык; за імі йдзе нейкі сьведка ў цывільным і сакратарка з фармулярамі дзеля пратаколу. Тарашкевіч — у зімовым адзеньні — працірае пальцамі ў рукавіцах свае запацелыя акуляры. Паліцыянт стаіць у позе на зважай, сышчык зашпільвае паліто, сьведка неспакойна азіраецца, сакратарка сядае збоч у крэсла, рыхтуючыся запісваць на ўскраі стала.

КАМІСАР (не ўстаючы, кпліва). Каго я бачу — самога пана Браніслава Тарашкевіча, слыннага беларуса, што завітаў на наш скромны парог... Проша, проша (зіркае на прысутных, але толькі сышчык зневажальна ўсміхаецца). Гара з гарою, як кажуць... (у гэты момант уваходзіць іншы паліцыянт і службіста перадае камісару залякаваны пакет, тоўсты й шырокі). От цо да... (камісар, даволі нэрвова расьпячатвае пакет і хутка пераглядае дасланую яму дакумэнтацыю). Так... так... Усё ясна. Пане Тарашкевіч, фактычна допыт будзе чыстай фармальнасьцю... От, дата, пэрсаналіі, акалічнасьці арышту, сэквэстар прадметаў... Ведаеце, не мая справа з вамі бяседзіць, сваё я ўжо выканаў.

ТАРАШКЕВІЧ (ступіўшы дапераду). Допыту ня будзе, пане камісар! Адказаў вы ад мяне не пачуеце. У мяне пасольскі імунітэт.

КАМІСАР (абражаны катэгарычнасьцю арыштаванага). Пане Тарашкевіч, і каму вы гэта кажаце... Сойм Рэчы Паспалітай ануляваў ваш імунітэт і вы добра ведаеце пра гэта. Так што давайце без фокусаў (да сакратаркі). Запішыце сёньняшнюю дату: пятнаццатага студзеня тысяча дзевяцьсот дваццаць сёмага году...

ТАРАШКЕВІЧ (цэдзячы кожнае слова). Вы, пане камісар, забываеце, што грамадзянін Рэчы Паспалітай мае права адмовіцца ад паказаньняў.

КАМІСАР (гэтак - жа напружана). Так, але — папраўдзе — мне вашых паказаньняў і не трэба, пане Тарашкевіч. Я ня маю намеру дапытвацца ў вас наконт акалічнасьцяў злачынства. У мяне няма такога абавязку (злосна гледзячы на Тарашкевіча). Я вас арыштоўваю й мне трэба толькі для парадку зарэгістраваць вашу асобу, так сказаць, прыняць вас, як прымаюць каго, скажам, у гатэль нанач...

ТАРАШКЕВІЧ (з іскрынкай жарту). Нашто мне ваш гатэль?!

КАМІСАР (да сышчыка, які нешта гнеўліва мармыча). Пачакайце ў сакратарыяце (сышчык з некаторай дэманстратыўнасьцю выходзіць). Дык на чым жа гэта мы запыніліся, пане Тарашкевіч? Ага, на тым, што вы не жадаеце прыпіскі ў нашу начлежню (іранічна). На жаль, я не магу пайсьці вам на руку, мяне абавязваюць законы, якія, між іншым, і вы, як пасол, ухвалілі. У адпаведнасьці зь імі, паважаны пасол, пракурор даў мне наказ арыштаваць вас. Зразумейце маю сытуацыю, у мяне таксама жонка й дзеці...

ТАРАШКЕВІЧ (стрымана). Паўтараю: аніякіх адказаў на вашы пытаньні вы ад мяне не пачуеце (паліцыянт яшчэ мацней выструньваецца, а сьведка як-бы хаваецца за Тарашкевічам).

КАМІСАР (не зыходзячы зь іранічнага тону). Пане Тарашкевіч, вы мяне кепска зразумелі: усё тое, што трэба ў гэты ўступны пратакол, у нас даўно ёсьць (прасоўваючы паперы ў бок сакратаркі). Пані сакратарка паўпісвае ў рубрыкі патрэбныя даныя, аб якіх я ўжо казаў вам, а вы ўсяго падпішацеся пад імі. Прычым усялякія вашы заўвагі будуць, натуральна, гэтак жа ўпісаныя. Ніхто вас тут сілком не прымушае пацьвярджаць няпраўду.

ТАРАШКЕВІЧ (нецярпліва). Пане камісар, я-ж не па добрай волі ў гэтым кабінэце, і ня мой гэта клопат з пратаколам. Патрабую зараз-жа адпусьціць мяне!

КАМІСАР (яшчэ не страчваючы гумару). Даражэнькі прафэсар, ну не магу! (раптам перамяніўшыся на твары). Добра, таварышч Браніслаў Адамавіч: падпішуць сьведкі, і таго цалкам дастаткова ў сьвятле юрыдычных патрэб (падпісваюць — сьведка, і паліцыянт, і сышчык, а камісар набліжаецца да Тарашкевіча). Не дай Бог знайсьціся вам, пане Тарашкевіч, у Савецкім Саюзе: там ніхто з вамі ня будзе цацкацца. Падпішаце ім тады ўсё, што толькі ўздумаюць яны. Памятайце: я ведаю, што кажу (і да паліцыянта з сышчыкам). Вывесьці арыштаванага!

Заслона засоўваецца, калі Браніслава Тарашкевіча выводзяць: паліцыянт паперадзе, а сышчык ззаду. Сьведка разгублена азіраецца наўкола. Сакратарка кладзе пратакол на стол перад камісарам, які міла дзякуе ёй, адначасова пільна адзначаючы нешта ў паперах.

Адслона ІІ

Як быццам той-жа кабінэт, толькі багацей абстаўлены. Падлога заслана дываном. На пісьмовым стале ўсяго адна папка. На сьцяне карта Эўропы. Тэлефон — знамянальная дробязь — знаходзіцца зводдаль, на асобным століку з гнутымі ножкамі. Відаць партрэт Пілсудзкага. За сталом — сьледчы судзьдзя. Як ні ў чым не бывала, з’яўляецца Браніслаў Тарашкевіч, за якім нехта мякка зачыняе дзьверы.

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (устаўшы). Прашу, пане Тарашкевіч (паказвае на крэсла, што стаіць перад пісьмовым сталом).

ТАРАШКЕВІЧ (выхаваны чалавек). Дзякую, пане сьледчы судзьдзя (свабодна сядае).

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (разьвязаўшы папку з паперамі, трохі памаўчаўшы). Пане Тарашкевіч, я так думаю, што нам трэба пагаварыць па-шчырасьці. Я разьлічваю на тое, што вы зразумееце мяне; вядома, у самым шырокім сэнсе.

ТАРАШКЕВІЧ (з жартаўлівай ажыўленасьцю). Пане сьледчы судзьдзя (акцэнтуючы слова „сьледчы"), няўжо вы хочаце гэтым сказаць, што адступіце ад сьледчага правіла выкарыстаць усё, сказанае падсьледным, супроць яго-ж?

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (крыху зьбянтэжана). Я прапаную вам размову па-за пратаколам. Паверце, я не ў захапленьні ад свае ролі перад вамі.

ТАРАШКЕВІЧ (цалкам сур’ёзна). Я слухаю вас, пане сьледчы судзьдзя. Вы мяне зацікавілі.

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (мітусьліва). Дазвольце, я ўстану, лекары раяць мне рух, маю надзею, што вы не ўспрымеце гэта як непашану да вашае асобы (устае з крэсла, паволі ходзіць па кабінэце). Пане Тарашкевіч, я даўно задаю сабе пытаньне, чаму вы, прыват-дацэнт былога імпэратарскага пецярбургскага унівэрсытэта, чалавек з глыбокай эўрапейскай культурай, знаўца антычных літаратур, прысьвяцілі сябе гэтак безнадзейнай справе, як беларуская... Выбачайце, я дрэнна выказаўся, хацеў сказаць: бальшавіцкая (запыніўшыся ля стала, насупроць Тарашкевіча). Ня мне вам тлумачыць, што т.зв. грамадзкая справядлівасьць — гэта утопія, як утопіяй былі, напрыклад, ідэалы Французскай Рэвалюцыі. Зрэшты, кожная рэвалюцыя ёсьць спробай рэалізаваць нейкую утопію, нешта ідэальнае, чаго ў натуры не бывае (маўчаньне). Бальшавікі не без некаторай слушнасьці цьвердзяць, што жываты ўсіх такія самыя, з чым пагаджаюцца зь імі перш за ўсё мэдыкі. Але бальшавікі забываюць, што гэта прынцып забойчы для эканомікі. Роўная кожнаму эканоміка — гэта мёртвая эканоміка, гэта голад і холад...

ТАРАШКЕВІЧ (перабіваючы). Пане судзьдзя, не для выкладу эканомікі вам прывялі мяне да вас (таксама падымаецца з крэсла, каб разварушыцца). Вы ставіце сабе зусім памылковае пытаньне, пане судзьдзя. Яно павінна гучаць іначай, менавіта: чаму я ў гэтым руху, а наогул чаму я ў палітыцы, замест быць у навуковым інстытуце й надалей займацца ўлюбёнымі дасьледаваньнямі?

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (ажыўлена). Вось менавіта — чаму?

ТАРАШКЕВІЧ. А вас ніколі не зьдзіўляла тое, чаму беларуская граматыка напісана ажно чатырыста гадоў пасьля польскай?

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ. Вы мяне гэтым сапраўды зьдзівілі! А пропа, я чуў надта пазытыўныя ацэнкі вучоных наконт створанай вамі беларускай-жа граматыкі...

ТАРАШКЕВІЧ. Дзякую, але мы не аб тым павінны гаварыць...

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (паволі сядаючы за стол). А, можа быць, і аб тым якраз, пане Тарашкевіч... (гледзячы Тарашкевічу проста ў твар). Я, як польскі патрыёт, не павінен зьневажаць патрыёта іншай нацыі, вас, пане Тарашкевіч, як выбітнага беларуса. Толькі, бачыце, існуе тут адно "але”: вы хочаце рэвалюцыі, прычым антыпольскай рэвалюцыі, вось праблема з вамі...

ТАРАШКЕВІЧ (уваходзячы ў слова). Не антыпольскай, пане, а антыабшарніцкай! Антыкаляніяльнай!!

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ. На Крэсах, пане Тарашкевіч, толькі антыпольскай; усякае антыўрадавае выступленьне будзе антыпольскім па той простай прычыне, што палякаў тут мала, а ўлада ў іх-жа руках. Усё, што вы ўчыніце на тых землях, будзе менавіта антыпольскае, незалежна ад добрых намераў. Скажу болей: вы чалавек польскай культуры, але, разгортваючы беларускую, вы пашыраеце антыпалянізм. Іначай не можаце, бо іначай вас, беларусаў, заела-б польскасьць. І я вас разумею...

ТАРАШКЕВІЧ (запальчыва). Нічога вы не разумееце, пане сьледчы! (спакайней). Трыбун Французскай Рэвалюцыі Дантон неяк сказаў, што найпершай справай пасьля або акрамя хлеба, аб якой павінен паклапаціцца кожны народ, гэта школа. Зьвярніце ўвагу, пане судзьдзя, на тое, што — школа пасьля! Вы даеце мне зразумець: лепей зрабіў-бы я, займаючыся школаю, а шырэй кажучы: арганічнай дзейнасьцю, асьветаю для люду. І што лішне трачуся, ідучы ў палітыку (уздыхнуўшы). Я вам скажу цалкам шчыра, пане судзьдзя: да палітыкі я не імкнуўся й таленту палітыка ў мяне ні на грош. У палітыку выпхнулі мяне акалічнасьці, вы, пане судзьдзя, і ваша ўлада! Школа з галоднымі дзяцьмі, асьвета бяз хлеба — немагчымыя, пане сьледчы судзьдзя. І гэта таму я, замест прафэсарыць, мітынгую й арганізоўваю рух.

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ. Са смуткам канстатую, што гутарка між намі страчвае сэнс... Шчыра жаль мне вас, пане Браніслаў Тарашкевіч. Вы замахнуліся на нерэальнае ва ўсіх адносінах, менавіта: даць хлеб ня маючы яго. Што-ж, уся гісторыя чалавецтва на гэтым трымаецца: мець — ня мець. Я лічу, што, вось, шкада вашага таленту на такую — выбачайце за слова — мардабойню... Што вы зваюеце ўласным удзелам у ёй? А вось стварыць граматыку вашай мовы, акрамя вас аднаго, так і ніхто ня здолеў. Не месца вам у натоўпе, хай шумяць у ім тыя, хто нічога лепшага ня ўмее рабіць (усьміхнуўшыся сам сабе). Чуў я такі анэгдот: рэвалюцыі прыдумваюць гэніяльныя людзі, ажыцьцяўляюць іх натхнёныя фанатыкі, а карыстаюцца вынікамі рэвалюцыйных перамогаў... жулікі!

ТАРАШКЕВІЧ. Ну, пане сьледчы, з жулікамі мы потым дамо рады...

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ. Верыць у сваё трэба й за гэта вы варты пашаны, але, апрача веры, існуюць яшчэ й аб’ектыўныя законы натуры сьвету, зь якімі нельга не лічыцца. Баюся, што вы, пане Тарашкевіч, якраз імкнецеся абысьці іх бокам... Гэта ваша памылка.

ТАРАШКЕВІЧ. Не абысьці, пане, не, а наадварот: палічыцца, улічыць, узяць пад увагу!

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ. Значыць, найперш хлеб?

ТАРАШКЕВІЧ. Хлеб!

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ. Хлеб, пане Тарашкевіч, гэта ў нас рэвалюцыя!

ТАРАШКЕВІЧ. Рэвалюцыя, пане.

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ. Калі так, дык вашай беларускай справе магіла! Наколькі я ведаю палітыку — саветы вас падмануць, бо ім трэба не Беларусі, а дывэрсантаў на эўрапейскім накірунку, а Польшча вас спляжыць, як і належыцца яе ворагам.

ТАРАШКЕВІЧ. Гэта вашы фантазіі.

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ. Пажывем-пабачым (і ў бок дзьвярэй). Варта! (уваходзіць паліцыянт і выводзіць Тарашкевіча, а судзьдзя ў задуменьні ўпарадкоўвае паперы на пісьмовым стале). Хлеб і беларусы... Не даць хлеба, гм, і ня будзе беларусаў! Як гэта я раней не дадумаўся?.. Гэта вельмі проста — не было такога цуду ў гісторыі, каб галота зрабілася нацыяй, самастойнай! За скарынку адну палякамі будуць.

Другая дзея

Адслона І

Браніслаў Тарашкевіч у турэмнай камэры: млявае акенца з кратамі, просты ложак пад сьцяною, столік з дошак і табурэтка. Тарашкевіч ходзіць з кута ў кут і нешта ціха дэклямуе, каб штораз прысесьці й запісаць у сшытак, перш зазірнуўшы ў раскладзеную на століку тоўстую кніжку.

ТАРАШКЕВІЧ (узважваючы словы). Радзіма Літва! Як здароўе, так ты, дарагая; як шмат цябе трэба цаніць, толькі той і спазнае, хто страціў цябе. Усю красу тваю бачу дзіўную й сягоньня апісваю, бо па табе я сумую... (і паўтарае тое-ж па-польску). Літво, ойчызно моя, ты естэсь як здрове... (за сьцяною падымаецца вэрхал, паліцэйскія крыкі „Вон, пся крэў!”). Як здароўе, так ты, дарагая... (у дзьвярах лёскат замка й на парозе зьяўляецца пыхлівы ўрадовец у стандартным касьцюме, з папкаю ў руцэ — гэта пракурор).

ПРАКУРОР (да паліцыянта ў дзьвярах). Крэсла! (зь іроняй глядзіць на Тарашкевіча, пачакаўшы, пакуль прынясуць яму крэсла). Не кажу „дзень добры”, бо ня маю пану добрых зьвестак: сьледчы судзьдзя ўхваліў арышт (сядаючы). Ня маеце ўжо юрыдычных падстаў адмовіцца ад допыту. А сёньня вы ў падазрэньні аб удзеле ў тайнай змове, якая ставіць сваёй мэтай замах на дзяржаўны лад Польшчы й яе тэрытарыяльную непарушнасьць. Карацей кажучы — зьвязаліся з камуністычным падпольлем, як устаноўлена, ад дваццаць пятага году... (заглядвае ў паперы).

ТАРАШКЕВІЧ (апусьціўшыся на табурэтку, непрысутным голасам). Так... так, я вас слухаю...

ПРАКУРОР (намагаецца гаварыць у трэцяй асобе). За несапраўдныя паказаньні суд судзіць асобна... Сьледству нельга перашкаджаць...

ТАРАШКЕВІЧ (нецярпліва). Дарэчы, пракурор! Дарэчы...

ПРАКУРОР. Пытаньне: дакладна ад якога часу прыналежыце да камуністычнай партыі? (пільна заўзіраўшыся на Тарашкевіча).

ТАРАШКЕВІЧ. Бачу, што пракуратура лічыць камуністычнай партыяй нашу Беларускую Сялянска-Работніцкую Грамаду...

ПРАКУРОР. Не, хоць Грамада ўтворана на грошы Масквы, зрэшты, як і большасьць структур у беларускім руху, асабліва газэт... Я ўдакладню пытаньне: калі сталі членам т.зв. Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі?

ТАРАШКЕВІЧ (злёгку зьмітусіўшыся). Адмаўляюся даць адказ на так пастаўленае пытаньне!

ПРАКУРОР. Так пастаўленае, ці не так, але адмаўляецеся (нешта запісвае ў раскладзенай папцы). Наступнае пытаньне: адкуль былі фінансавыя сродкі на дзейнасьць Грамады?

ТАРАШКЕВІЧ. Запішыце: зь сяброўскіх складчын.

ПРАКУРОР. Так і запішам (нахіляючыся над паперамі й да сябе). Хоць вядома, што грамадоўцы нават грошам не сьмярдзелі... (да Тарашкевіча). Пяройдзем да наступнага: хто даваў савецкую кніжную прапаганду, якой столькі знойдзена ў час рэвізіі ў кватэры?

ТАРАШКЕВІЧ (упэўнена, суха). Ніхто! Сам купляў, бываючы ў Вольным Горадзе Гданьску. Для ўласных патрэб у навуковых дасьледаваньнях. У Гданьску ўсё можна купіць, гэта міжнародны горад.

ПРАКУРОР (яўна зь недаверам). Так і запішам... (запісвае і адначасна нешта абдумвае). Гм, прафэсар філялогіі, яшчэ й клясычнай, ды аўтар беларускай граматыкі цікавіцца друкамі Камуністычнага Інтэрнацыянала, прамовамі Сталіна й хворымі канцэпцыямі Леніна... (і да Тарашкевіча). Ёсьць пытаньне: на якой падставе лічыце, што Крэсы трэба адарваць ад Польскае Дзяржавы?

ТАРАШКЕВІЧ (нэрвова). Слухайце, пракурор: мы, беларусы, проста былі пераконаны ў тым, што палякі, столькі запакутваўшы самі ў няволі, дадуць нам, як некалі Княству Літоўскаму, аўтаномію. Аказалася, аднак, што не дадуць яе нават украінцам, хоць абавязаліся дзеля таго ў міжнародных дамовах... (пацірае лоб). Дык што нам застаецца рабіць? Чакаць зьнікненьня беларускай нацыі? Мы разумеем, што заходнебеларускае паўстаньне — гэта чыстае вады утопія, але мы ня хочам прападаць, а злучыцца з нашымі братамі ў беларускай рэспубліцы, дзе ўсё беларускае ў пашане й разьвіваецца! Рэвалюцыйная Варшава сама адмовіцца ад калёніяў за Бугам!

ПРАКУРОР (як-бы ня слухаючы). Так і запішам: імкнецца адарваць Крэсы, што падлягае пад кваліфікацыю аб здрадзе дзяржаве... Гм, дзіўная гэтая беларуская справа: саветам яна патрэбна на шкоду Польскай Дзяржаве... (паўза). Пытаньне: калі й дзеля чаго выязджалі ў Маскву?

ТАРАШКЕВІЧ (неспакойна). Хто выязджаў?

ПРАКУРОР. Вы.

ТАРАШКЕВІЧ (надалей неспакойна). За царскім часам, ці цяпер?

ПРАКУРОР (манатонна). Цяпер.

ТАРАШКЕВІЧ. Хто вам гэта сказаў?

ПРАКУРОР. Пытаю тут я!

ТАРАШКЕВІЧ. Не выязджаў... (устае з табурэткі, робіць некалькі крокаў туды й назад, сядае).

ПРАКУРОР (запісваючы). Адказ: не выязджаў. Пытаньне: што вам вядома пра Гурына-Маразоўскага?

ТАРАШКЕВІЧ. Не больш таго, аб чым пішуць у газэтах: гэта палітычны правакатар...

ПРАКУРОР. Пан зь ім сустракаўся...

ТАРАШКЕВІЧ. Слухайце, пракурор: будучы публічнай асобаю, я шмат зь кім сустракаўся, так як і з вамі цяпер.

ПРАКУРОР (крыху ўражаны непашанаю да сябе). Не маглі-ж ня ведаць, што Гурын-Маразоўскі быў высокай фігурай у мінскіх бальшавікоў.

ТАРАШКЕВІЧ. Цяпер нават пан пракурор пра гэта ведае, бо сам Гурын усюды распавядае...

ПРАКУРОР (нешта запісаўшы). Дзеля чаго трымалі кантакт з дарадцаю савецкага пасольства ў Варшаве, Ульянавым?

ТАРАШКЕВІЧ (зьдзіўлены). Як гэта „дзеля чаго”? Трэба дапамогі беларускімі кніжкамі нашым школам!

ПРАКУРОР (нудліва). Напачатак у мяне няма больш пытаньняў (паўза). Вось, прачытайце свае адказы й падпішыцеся пад імі (Тарашкевіч падпісваецца). Ніводзін зь іх не адпавядае праўдзе, але на гэты конт я пагавару з панам у наступны раз (выходзіць).

Пасьля выхаду пракурора, Тарашкевіч схопліваецца з табурэткі й пачынае неспакойна хадзіць, паціраючы далоняй лоб.

Адслона ІІ

У турэмную камэру Браніслава Тарашкевіча ўваходзіць сьледчы судзьдзя. Тарашкевіч чытае кніжку, лежачы на ложку. Угледзеўшы нечаканага госьця, паволі ўстае. Працірае акуляры.

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ. Пане Тарашкевіч, выбачайце, але я да вас з прыватным візытам.

ТАРАШКЕВІЧ. Вы мяне заінтрыгавалі, пане судзьдзя. З чым добрым?

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (радасна). Ёсьць з чым, пане Браніславе — прабачце мне гэту фамільярнасьць. Ёсьць з чым! І лепей нам пагаварыць пра гэта ў турме, чымсьці ў маім кабінэце, у якім сьцены вушы маюць (падыходзіць да дзьвярэй, прыслухоўваецца, але недзе толькі сьпяваюць: Ад веку мы спалі й нас разбудзілі, Сказалі, што трэба рабіць, Што трэба свабоды, зямлі чалавеку, Што трэба паноў усіх пабіць!)

ТАРАШКЕВІЧ. І вы баіцеся? (усміхаецца).

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (напружана). Я да вас са спэцыяльнай місіяй, пане. Ня жарты! (сьцішыўся). З вамі хоча гаварыць урадавая асоба, чынам не ніжэй віцэ-міністра, таксама й афіцэр генэральнага штаба на ўзроўні дырэктара дэпартамэнта, і віленскі ваявода гатоў канфэраваць... Адным словам: вярхі, пане Браніславе! Віншую вас! З вамі лічацца!! Нарэшце вы зможаце нечага дабіцца сваёй, беларускай, справе, так сказаць... (маўчыць). Гонар мне вялікі, што якраз мяне папрасілі перадаць вам гэта. Мне, пане Браніславе, сорамна за свае ўчынкі перад вамі, але, зразумейце — такая ў мяне служба, такі мой хлеб, на жаль...

ТАРАШКЕВІЧ (блізкі сьмеху). Лішне сябе вы дакараеце, пане сьледчы... (прыплюшчыўшы вочы). Вам соладка здаецца, што схапілі вы бога за калені. Вас таму прасілі, што вы сьледчы судзьдзя, якому й так ніхто не паверыць, калі вылезе шыла зь мяшка ў выпадку маёй адмовы. А я, менавіта, і адмаўляюся бачыцца з тымі панамі.

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (з панікай). Пане Браніславе, не парыце гарачкі! Благаю вас!! Шанц, вялікі шанц у вашых руках! Я перадам, што вы аднак-жа падумаеце, разважыце... Добра?

ТАРАШКЕВІЧ (весела). Няма чаго раздумваць, пане судзьдзя: яны думаюць, што падкупяць мяне (паўза). Пан судзьдзя ня ведае аб тым, што на сваім кароткім вяку я меў канфэрэнцыю нават з Пілсудзкім.

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (з одумам). З маршалкам Пілсудзкім?

ТАРАШКЕВІЧ. І я вам скажу, што ён мне запрапанаваў: заняцца асьветаю для беларусаў, каб у пэрспэктыве стварыць зь іх нацыю, бо нацыяй яны яшчэ ня ёсьць... Вось так, ні больш ні менш (падышоўшы да ашаломленага сьледчага судзьдзі). Пілсудзкі, вядома, іначай гаварыў-бы са мною, калі-б побач мяне стаяла нейкая беларуская дывізія... На жаль, пане судзьдзя, мы тады ня мелі хаця-б якога-колечы батальёну...

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (благальна). Усё-ж я настойваю, пане Браніславе...

ТАРАШКЕВІЧ (па-панібрацку). Сымпатычны з вас чалавек, баржджэй філёзаф, чымсьці сьледчы судзьдзя...

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (зьбянтэжана). Браў я работу такую, якая была, а не якую хацеў-бы... Я не разумею вас надалей, пане Тарашкевіч: ці ня лепш вам мець вераб’я ў жмені, чымсьці салаўя на галіне?

ТАРАШКЕВІЧ. А вы самі падумайце: якія могуць быць уступкі кіраўніку руху, якога ўжо пасадзілі ў турму й будуць судзіць? Ён робіцца самотны чалавек, якога засталося напасьледак выкарыстаць для кампраметацыі гэтага-ж руху! Дзеля таго не шкада даць Тарашкевічу пасаду нават віцэ-міністра, хай дастае добрыя грошы й заслугоўвае на пракляцьце сваіх спадзьвіжнікаў, землякоў...

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ. Матка боская! Што вы гаворыце?!

ТАРАШКЕВІЧ. Дык лепей ужо паслухаць сьпеву салаўя на вярбе, чымсьці ціўканьня ўспалоханага верабейчыка ў далоні...

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (стаючыся катэгарычным). Пане Тарашкевіч, можаце не сумнявацца ў тым, што вам уклеяць цяжкі вырак. Калі вернецеся з турмы, а не памрэце ў ёй, будзе з вас ужо нямоглы чалавек. Нікому непатрэбны... (паўза). У палітыцы, пане Тарашкевіч, інваліды ня маюць значэньня. Яны ўжо спозьненыя людзі. Палітыка — гэта фронт, рух і дынаміка. А на вайну, нават у салдаты, калекаў не мабілізуюць. Буду брутальна шчыры: я гатоў пакланіцца перад Браніславам Тарашкевічам, нават як беларускім дзеячам, але ў службе Польшчы! (паўза). Як гэта служба праходзіла-б — о! справа далейшых узгадненьняў. І ня мой гэта боль галавы (паўза). У супраціўным выпадку Браніслаў Тарашкевіч ужо жывым пахаваны. Адказ у сэнсе „не” абазначацьмець ваша самагубства! Ваша справа загубіць самога сябе, а мой жаль толькі ў тым, што будзе гэта са стратай таксама інтарэсам Польскай Дзяржавы, якой трэба грамадзянскага міру, каб будаваць дабрабыт і будучыню (насоўкаю выцірае лоб).

ТАРАШКЕВІЧ (драўляным голасам). Вось самі бачыце, чаго вам трэба ад мяне: згоды на тое, каб ня было беларусаў.

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (мякчэй). Маеце шанц, пане, не дапусьціць да таго, уваходзячы ў структуры польскай улады.

ТАРАШКЕВІЧ. Як доўга, пане сьледчы судзьдзя: год, пяць? А мы-ж гаворым пра вечнасьць!

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ. Раз хочуць з вамі гаварыць, значыць, ідуць на ўступкі. На як шырокія — узгодніце зь імі.

ТАРАШКЕВІЧ. Ілюзіі, ілюзіі... Дапусьцім, я віцэ-міністр па справах публічнай асьветы, школаў. Але беларускіх школаў я не змагу ўтварыць бяз згоды Сойму, бо трэба ўставы на школы, новай. Няўжо вы лічыце, што Сойм пойдзе на тое?! Хто ў ім прагаласуе ў карысьць беларускіх школаў, га?! Пане, няма нацыянальных школ, няма й нацыі! Я міжвольна зафірмую палянізацыю, зразумейце!

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ (выходзячы). Значыць: не!

ТАРАШКЕВІЧ. Не!

СЬЛЕДЧЫ СУДЗЬДЗЯ. Жаль, жаль... (выходзіць).

Тарашкевіч хвілю стаіць адзін, потым сядае за стол і бярэцца за пераклад: Радзіма Літва, ты як здароўе, дарагая...

Трэцяя дзея

Адслона І

Кабінэт пракурора: пісьмовы стол з тэлефонам, крэслы, пакаёвыя кветкі, бібліятэчная шафа, гэрбавы арол на сьцяне, нейкі партрэт, збоч барык з бутэлькамі мінэральнай вады, шклянкі; на падлозе дыван, чыста й утульна.

Пракурор сядзіць за сталом і нешта прыкідвае ў думках, зазіраючы ў раскладзеныя перад ім дакумэнты. Паліцыянт уводзіць Браніслава Тарашкевіча, без слова казырае й выходзіць.

ПРАКУРОР (усё ў трэцяй асобе). Сядайце.

ТАРАШКЕВІЧ. Дзякую, пастаю.

ПРАКУРОР. Як хочаце... (паўза). Гульні скончыліся, Тарашкевіч, і пачынаецца сапраўднае сьледства. У соймавай прамове ў ліпені дваццаць чацьвёртага сказалі, Тарашкевіч, што пачуліся расчараванымі Польскай Дзяржавай... Не дала беларусам аўтаноміі. А саветы ў сябе далі, значыць, давай вязацца з камуністамі. Лягічна затым, што ваяводзтвы Віленскае, Беластоцкае, Навагрудзкае й Брэсцкае мус абавязкова далучыць да саветаў! Тым больш, што трэба яднаць усе этнаграфічныя беларускія тэрыторыі, у адпаведнасьці зь ідэаламі беларускага патрыятызму (паўза). Але я дапытваю не на акалічнасьць беларускага патрыятызму, толькі ў сувязі з антыдзяржаўнай дзейнасьцю накіраванай на адарваньне Крэсаў ад Польшчы. Таму не пацярплю блытаніны пана на гэты конт (Тарашкевіч маўчыць). Я не чакаю ад пана, Тарашкевіч, прызнаньня ў прыналежнасьці да камуністычнай партыі, бо на гэту акалічнасьць пракуратура мае дастаткова працэсуальных доказаў. Пракуратуры вядома, што пан аніякі камуніст, а стаў ім фармальна, дзеля беларускай справы. Паслужыцца ў ёй камунізмам — гэта таксама злачынства. Таму, магчыма, Тарашкевіч, захочаце нешта заявіць на маё імя?

ТАРАШКЕВІЧ. Не бачу патрэбы.

ПРАКУРОР (пагартаўшы паперы). Гэтае пытаньне лічу вычарпаным (занатоўвае ў пратакольным фармуляры). Далей: сродкі на дзейнасьць Грамады. Гэтая арганізацыя набыла ўсе рысы палітычнай партыі. Не было, праўда, таямніцаю, што Грамада імкнецца пераняць уладу. Так, пераняць, каб магчы Крэсы далучыць да саветаў. Ну, супольна з жыдоўскімі камуністамі ўстанавіць перш у Варшаве рэспубліку. У рэальнасьць такога пляну ня верылі нават саветы, і не на гэта яны рабілі стаўку (зіркае на Тарашкевіча). Ім трэба было дывэрсіі. А калі дывэрсіі, дык дывэрсія каштуе. Тарашкевіч дастае грошы дзеля таго, вядома, тайнымі каналамі. Тарашкевіч, як прафэсар, ясная справа, у палітыцы дурань. Яму здаецца, што калі грошай не квітуе, ня будзе ад іх сьледу, і абдурыць тых і тых, гэта значыць: і саветаў, і палякаў. Існа ленінская хітрасьць — браць, а рабіць па-свойму. Ды ня тыя, Тарашкевіч, маштабы: парумільённыя Крэсы — гэта не бязьмежная Расея. Правінцыяльная гульня не бывае бескантрольнай (паўза). Я, Тарашкевіч, і тут не спадзяюся ад пана прызнаньня ў віне, бо доказы ў нас такія, што пана прызнаньне лішняе. Суд дае веры доказам, а не прызнаньню, от. Ды чаму я кажу пра ўсё тое? Таму, каб на судзе ня строілі зь сябе дурня й не рабілі публічнага пасьмешышча. Толькі ў сэнсе павагі да Польскай Дзяржавы нам залежыць на пана сур’ёзнасьці. Што судзім не якогасьці паяца... Разумеемся?

ТАРАШКЕВІЧ. Стыль гутаркі пана пракурора са мною звальняе мяне ад якога-кольвечы адказу.

ПРАКУРОР. Добра, што ёсьць у пана хоць асабісты гонар (паўза). Дадам, што палітычная гісторыя сьвету ня ведае такое партыі, якая абышлася выключна ўласнымі сродкамі...

ТАРАШКЕВІЧ (ня стрываўшы). Таму Пілсудзкі даіў казну Аўстрыі... А Раман Дмоўскі езьдзіў па мільёны ажно ў Японію...

ПРАКУРОР (манатонна). Я не прапанаваў пану голас. Без майго дазволу нельга! Тарашкевіч у пракуратуры, а не на імянінах жонкі! Аналізы паказваюць, што аніводнае беларускае выданьне ня ўтрымліваецца з уласных даходаў. Іх рэальны збыт маргінальны, некалькі сотняў экзэмпляраў. Рэшта накладу рассылаецца або бясплатна раздаецца. Натуральнае пытаньне: хто за гэта ўсё плаціць? Чые тут грошы? Прашу ня дурыць мне галавы, што абадранская вёска масава падпісваецца на газэты... За што, пане? Зьвярніце ўвагу, Тарашкевіч, што пакуль пан не выступаў супроць канстытуцыйных інтарэсаў Польшчы, ніхто яго ня мог арыштаваць. Памылка ў тым, што лічыце Польскую Дзяржаву слабою, як і памылка ў тым, што сюды прыйдуць саветы. Я кажу: пана цэняць у Маскве ці Мінску не вышэй, чым дывэрсанта зь вялікім размахам. Пана пасадзілі, але, акрамя газэтнага шуму, пару стандартных дэманстрацыяў, сама Масква не занадта турбуецца пана лёсам: вайны Польшчы не аб’явіла, як ні як...

ТАРАШКЕВІЧ (абурана). Што вы мяне ўгаворваеце, пракурор?!

ПРАКУРОР. Ня больш таго, што напісана ў статуце Грамады! Тарашкевіч, няўжо не чыталі статут сваёй партыі? (паўза). Ёсьць сьведчаньні, што вы, Тарашкевіч, таксама прыклалі сваю руку да яго напісаньня... Так?

ТАРАШКЕВІЧ. Хто пракурору казаў пра тое?

ПРАКУРОР. Я задаю тут пытаньні! (паўза). Вядома, запярэчыце. Дзеля чаго, Тарашкевіч, потайна езьдзілі ў Маскву?

ТАРАШКЕВІЧ. Я не разумею пана пракурора. Аб чым гэта?

ПРАКУРОР. Так-так... А вось аб тым гэта, як Тарашкевіч выбраўся праз Вольны Горад Гданьск у маскоўскі Камінтэрн, у чым кансьпіратыўна дапамог яму дарадца савецкага пасольства ў Варшаве, „таварышч” Ульянаў, рэзыдэнт чырвонага шпіянажу й дывэрсіі (паўза). Можа быць, запярэчыце яшчэ й такому факту, што наша памежная варта ссадзіла вас, Тарашкевіч, з кур’ерскага цягніка, які ехаў з Гданьска ў Бэрлін. У Тчэве зьнялі, і мала што пасьпелі вы, Тарашкевіч, зьнішчыць зь везеных матэрыялаў...

ТАРАШКЕВІЧ (перабіваючы). Хочаце ведаць, пракурор, чаго мне трэба было ў Бэрлін? Ехаў, бо там друкуюць беларускія падручнікі.

ПРАКУРОР (зласьліва). Тарашкевіч так сьпяшаўся друкаваць тыя падручнікі, што спачатку купіў білет на пасажырскі самалёт у той жа Бэрлін ды, на жаль, кепскае надвор’е перашкодзіла вылету. Перастаньце плясьці байкі: Тарашкевіч імчаў у Бэрлін, бо ў Бэрліне знаходзіцца замежны цэнтр КПЗБ. Чуеце? Ка-Пэ-Зэт-Бэ!

ТАРАШКЕВІЧ (зьедліва). Дзякую за інфармацыю, ня ведаў.

ПРАКУРОР (злосна). Тарашкевіч усё ведае й Тарашкевіч яшчэ надзякуецца... Ой, людзі-людзі! Слухайце, Тарашкевіч, пан што? Дзіця перад сабою бачыць?! Хачу пачуць, чаму выбіраўся ў Бэрлін з левым пашпартам альяс Уладыслаў Паўлік! Гэта што? Падручнікаў ужо не друкуюць легальна? Трэба аж кансьпірацыі? (пацёршы лоб). Я скажу, чаго Тарашкевічу трэба было ў Бэрліне. Менавіта кансьпірацыі. І не беларуская справа прафэсару Тарашкевічу ў галаве, а камуністычны інтэрнацыянал, Камінтэрн! (прыкрая паўза). Дарэчы будзе запытаць: адкуль узялі гэты пашпарт?

ТАРАШКЕВІЧ. Купіў у Гданьску ад трэцяе асобы, даў сто даляраў. Ня ведаю, хто гэта быў.

ПРАКУРОР. Так, вось, купілі, бы масла на рынку?.. Ну, добра, гэта не так важна, урэшце-рэшт. Пракуратуры вядомая сапраўдная мэта таго выезду Тарашкевіча, як і Тарашкевічу вядома тое, што паліцэйскія дадзеныя віны, якія не пацьвердзяцца ў пракуратуры, ня могуць быць доказамі на судзе. Я казаў пану, Тарашкевіч, што польскім уладам ня вельмі, вось, залежыць на тым, каб Тарашкевіча моцна засудзіць. Хай Тарашкевіч сам падумае, што гэта значыць і перастане распавядаць дубы смалёныя.

ТАРАШКЕВІЧ. Дзякую за шчырасьць, пракурор. А распавядаць байкі, пракурор, у мяне няма магчымасьці, не дапускаеце да голасу.

ПРАКУРОР. Так, праўда, Тарашкевіч, бо й нашто пана голас. Прызнаецеся толькі ў тым, у чым нельга не прызнацца, а рэшту й так зваліце на капіталізм, абшарнікаў. Каб ня тыя фабрыканты ў мястэчках ды аканомы ў маёнтках, дык быў-бы рай у беларусаў...

ТАРАШКЕВІЧ (уваходзячы ў слова). Быў-бы! І сёньня гэта вы, пракурор, сядзелі-б на маім мейсцы!

ПРАКУРОР. Ну, даволі. Я з Тарашкевічам не збрашуся (паўза). Вернемся бліжэй справы: пашпарт на імя Уладыслава Паўліка наша экспэртыза пацьвердзіла як аўтэнтычны. Вось чаму я не магу верыць, што Тарашкевіч купіў яго на чорным рынку. Тут відаць руку прафэсійнай арганізацыі, а не аматарскага злодзея або спэкулянта. Значыць, Тарашкевіч, бачу руку камуністычнай партыі й яе агэнтуры ў гданьскай паліцыі. Бланк аўтэнтычны, пэрсаналіі таксама, ано фотка якраз Тарашкевіча, але пячатка на ёй, а як-жа, аўтэнтычная. Класная работа, пэрфэкт, фірма як мае быць. Добра, Паўлік суду нават нецікавы будзе. Цікавае іншае — Тарашкевіч у Гданьск езьдзіць і езьдзіць, але дзе ён у тым Вольным Месьце начуе, бо сяброў у яго там няма, а ў кнігах гданьскіх гатэляў ні сьледу прозьвішча Тарашкевіча, і Паўліка.

ТАРАШКЕВІЧ. Начую ў прыватных кватэрах, танней.

ПРАКУРОР. Вось чарговая кампраметацыя Тарашкевіча, ня ведае ён гданьскіх варункаў: у прыватных кватэрах таксама заведзены прапісныя кнігі.

ТАРАШКЕВІЧ. Відаць, не ўпісалі, каб не плаціць падатак.

ПРАКУРОР. Пра каго пан гэта? Пра немцаў?! Паляк ня ўпіша, але ня немец, Тарашкевіч! Дарэчы, калі праўду кажаце, дык падайце хоць адзін адрас.

ТАРАШКЕВІЧ. Не памятаю. Усе нямецкія назвы.

ПРАКУРОР. Так, так... Тарашкевіч, значыць, кватараваў у кансьпіратыўных яўках. Я разумею, зусім не дзеля ашчаднасьці кашалька пана раскватароўвалі, але каб ня быць заўважаным тымі, хто не павінен ведаць пра знаходжаньне Тарашкевіча ў Вольным Гданьску. Бо тады адразу ўзьнікне пытаньне: адкуль у Тарашкевіча такая нечаканая замілаванасьць гэтым горадам? Турыст? Які з Тарашкевіча турыст, калі ён ня мае часу хаця-б на асабістае жыцьцё. Працуе й працуе... Ну, так (заглядае ў паперы). Тарашкевічу ня знудзіўся мой пінг-понг?

ТАРАШКЕВІЧ (прымаючы жарт). Усе сэрвы вашы, пракурор. Я тут вам, быццам скураны мяшок баксёру, для трэнінгу...

ПРАКУРОР. Не наракайце, Тарашкевіч. Энтузіястам пана партыі мы льем воцат у нос і лупім гумамі ў пяткі. А з Тарашкевічам, вось, цацкаемся. Бавімся ў салон (доўгае маўчаньне, позіркі). А што, Тарашкевіч, скажаце пра наступную акалічнасьць: Беларускі Банк у Вільні, бедны банк, раптам пачаў абарачаць паважнымі капіталамі, калі Грамада й асабіста пан Тарашкевіч зьвярнуліся ў гэты банк за крэдытам. Дзіўна тут ня тое, што зьвярнуліся, але тое, што раптам знайшліся грошы дзеля таго. Адкуль?

ТАРАШКЕВІЧ. Папытайце ў банку, гэта яго інтарэс.

ПРАКУРОР. Слушна, я й папытаў. Дырэктар, вядома, не адразу прызнаўся, што сумы плылі цераз Рыгу ад саветаў.

ТАРАШКЕВІЧ. Ці я павінен ведаць, адкуль бярэ грошы банк? Законы дапускаюць банкаўскую таямніцу, пракурор! Папыталі-б вы ў швайцарскіх банкаў, адкуль у іх капіталы...

ПРАКУРОР. Тарашкевіч, адвакат не сказаў пану, што ў законе аб банкаўскай таямніцы ёсьць адно выключэньне, менавіта такое, што ў выпадку абвінавачаньня ў дзяржаўнай здрадзе банк абавязаны, ну, таксама патаемна, перадаць у пракуратуру ўсё, усю інфармацыю на прадмет справы.

ТАРАШКЕВІЧ. Я не зьвяртаўся за крэдытам да саветаў, толькі ў Беларускі Банк.

ПРАКУРОР. Лягічна, Тарашкевіч. І банк той фармальна не кваліфікуецца ў суд, але мы яго йначай зліквідуем... Гм, прыдумалі банк беларусам, якім нават на прэнумэрату бракуе грашакоў... (уважліва гартае паперы). Існуе яшчэ некалькі істотных дэталяў, але гутаркі ўжо больш ня будзе, Тарашкевіч. Бачу, пан дакладна трымаецца інструкцыі з Масквы, каб давесьці да шумнага судовага працэсу. На жаль, так будзе, Тарашкевіч, Польшча ня мае выйсьця, як толькі пасадзіць пана й тых, хто з панам. Дзяржава ад таго не пахісьнецца, вядома, але саветы й камуністы сьвету напацяшаюцца. Ім Тарашкевіч акажацца золатам прапаганды. А потым яны пана расстраляюць, будзе ім пан ужо лішнім і нават небясьпечным, бо замнога ведаючым. Даволі пачытаць савецкія газэты, каб уявіць сабе пана, Тарашкевіч, будучы лёс. Пан сам сабе яго выбраў (паўза). На судзе буду дамагацца высокай кары пану. Доўга седзячы ў польскай турме, Тарашкевіч няхутка загіне ад энкавэдоўскага выстралу ў патыліцу... Дасьць Бог, выжыве ў нас.

Адслона ІІ

Тая-ж паліцэйская камэндатура, той-жа камісар паліцыі й той-жа сышчык. Камісар нешта робіць за пісьмовым сталом і раптам уваходзіць сышчык, увесь радасны.

СЫШЧЫК (размахваючы газэтаю). Пане камісар, пракурор дамагаецца Тарашкевічу дванаццаці гадоў цяжкае турмы!

КАМІСАР (абураны). Прашу зараз-жа выйсьці й пачакаць у сакратарыяце!

СЫШЧЫК (зьбянтэжаны). Выбачайце, пане камісар (выходзіць).

КАМІСАР (да сябе). Калі гэты хам навучыцца элемэнтарных манераў... Бач ты яго, усьцешыўся, усё роўна што яго ў тым заслуга (устае й ходзіць па пакоі). Дзіўна судзяць Тарашкевіча, дзіўна... (адчыняе дзьверы ў канцылярыю й коратка кажа). Уваходзь, пан (уваходзіць сышчык з газэтаю ў руцэ). Прашу, сядайце (сышчык сядае). Ну, што чуваць добрае? (сам сядае за стол і прыбіраецца слухаць).

СЫШЧЫК (ажыўлена). Пракурор малайчына, на век засадзіць гэтага камуняку!

КАМІСАР (нецярпліва). Якія настроі вуліцы?

СЫШЧЫК (ніякавата). Розныя, пане камісар... Хто хваліць суд, а хто й не.

КАМІСАР. Канкрэтна, канкрэтна, пане.

СЫШЧЫК. Так увогуле, то чуваць тое, аб чым пішуць у газэтах (паказвае газэту ў руцэ). Пішуць, значыць, што непатрэбна Тарашкевіча судзяць...

КАМІСАР. Я бяз пана ласкі ведаю, што пішуць у газэтах. Мяне цікавіць, што кажуць людзі, у прыватных гутарках і адкрыта.

СЫШЧЫК (зьбянтэжана). Я-ж кажу: лічаць найчасьцей, што Тарашкевіч не камуніст, а нават і не беларус, толькі паляк па духу й па сваім выхаваньні, бо ён-жа католік і ў маладосьці прымаў удзел у польскім падпольным руху гімназістаў...

КАМІСАР (злуючыся). Ох, гэтыя газэты! Пісакам здаецца, што Тарашкевіча можна зрабіць прафэсарам унівэрсытэта й паставіць на службу Польшчы. Даць яму тлустую пасаду й пэрспэктывы для навуковае дзейнасьці, і адразу перастане ён гуляць у палітыку, у якую залез ад няма чаго рабіць... Наіўныя! (непасрэдна да сышчыка). Пан, не адзін год ходзячы за Тарашкевічам, ведае аб ім ня менш, чым я. Праўда?

СЫШЧЫК (прыўстаючы). Праўда, пане камісар!

КАМІСАР (зь ірытацыяй на службовасьць сышчыка). Ай! (махае рукою). З панам гутарка, як з паншчынным мужыком (зноў захадзіў па пакоі). Яны ў тым судзе ўсё спадзяюцца, што Тарашкевіч прыступіў да камуністаў ано дзеля тактыкі ў выйгрышы беларускай справе. Разьлічваюць на тое, што, даводзячы яму да ведама пра рэпрэсіі бальшавікамі беларусаў, прыхіляць яго на свой бок. Гэта таму замоўчваюць шмат-якія факты з сакрэтнай дзейнасьці Тарашкевіча, ствараючы яму такім чынам магчымасьці дзеля нейкага ганаровага адступленьня... Наіўныя!

СЫШЧЫК (палымяна). Яны, пане камісар, ніколі ня бачылі Тарашкевіча ў акцыі! Трэба было чуць яго голас, бачыць яго твар, вочы, каб раз назаўсёды ведаць: ён — камуніст!

КАМІСАР (спыніўшыся перад сышчыкам). Веру пану, бо пан быў зь ім у псыхалягічным кантакце (і павярнуўшыся). Праблема Тарашкевіча ня ёсьць праблемаю інтэлектуальнаю, як гэта лічаць нашы судовыя мудрацы. Гэта праблема эмацыянальная, характэрная ўсім рэвалюцыянерам і тэрарыстам. Яшчэ дакладней кажучы: маральная. У Тарашкевіча комплекс... апостала! (паўза). Апостал адкідае дабрабыт (паўза). Апостал збаўляе люд! Хоча пакуты! Марыць быць укрыжованым!! (падымае руку ў рымскім жэсьце „Авэ!”)

СЫШЧЫК (у захапленьні). Пану, пане камісар, біскупам быць!

КАМІСАР (раззлаваны). А пану дурнем быць! (сядае, супакойваецца). Як рэагуе публіка ў судзе?

СЫШЧЫК. Тарашкевіч вырабляе зь ёю, што хоча, пане камісар! Гаворыць толькі па-беларуску, сыпле народнымі жартамі, анэгдотамі. Кпіць са сьведкаў абвінавачаньня. Словам, адчуваючы, што суд ня цісьне яго да сьцяны, дазваляе сабе на поўны рэгулятар, амаль просячы аб самым цяжкім выраку...

КАМІСАР (перабіваючы). Вось менавіта: комплекс апостала! Такія, як ён, рыхтуюць і праводзяць рэвалюцыі, пасьля чаго самі гінуць на эшафоце. Рэвалюцыі зьядаюць свае дзеці й таму (павярнуўшыся да сышчыка) ніколі, пане, не суньцеся ў рэвалюцыю, калі хочаце натуральнай сьмерцю памерці...

СЫШЧЫК (схапіўшыся). Я?! Я, пане камісар?!.

КАМІСАР (супакойваючы). Гэта жарт, пане. Куды вам да рэвалюцыі... Дзеля гэтага трэба мець унівэрсытэцкі лоб або афіцэрскія пагоны.

СЫШЧЫК. Пане камісар, мы-ж далі сьледчым — такія матэрыялы! Такія матэрыялы! І што яны зь імі зрабілі?

КАМІСАР (нецярпліва). Пане-пане, не з пана мазгамі аб гэтым талкаваць. Тут дзяржаўная палітыка, пане. Тарашкевіч пану ня злодзей і не бандыт, якімі займаюцца сяржанты й пастарунковыя. У нашай рабоце трэба рухаць мазгамі, а не нагамі. Таму яшчэ раз пытаю пана пра настроі вуліцы. Настроі, пане, настроі, і каб бяз пана інтэрпрэтацыі.

СЫШЧЫК. Так, пане камісар, разумею. Простыя палякі ўспрымаюць гэты суд іначай, чым простыя беларусы. Палякі лічаць, што мы самі ўвапхнулі Тарашкевіча ў абдымкі камунізму, не даючы ходу беларускаму руху, ліквідуючы нацыянальныя школы, не дапускаючы беларускай мовы да мясцовай адміністрацыі і, увогуле, трактуючы беларусаў як ворагаў Польшчы. І што такая палітыка бэспэрспэктыўная, бо не дае выйсьця з сытуацыі...

КАМІСАР (перабіваючы). Ці бэспэрспэктыўная, гэта яшчэ пабачым. Галоту лёгка асыміляваць.

СЫШЧЫК. Так, пане камісар, лёгка і... нялёгка, кажуць нашы людзі. Галота таму й галота, што яе многа. Каб апалянізаваць беларускую галоту, кажуць нашы людзі, трэба даць ёй лепшае жыцьцё й даступнейшыя школы, чаго ня ў змозе ўчыніць Польская Дзяржава, зруйнаваная вайною, кажуць нашы людзі.

КАМІСАР (раздражнёна). ...Кажуць нашы людзі... Нашы людзі... Каго пан мае на ўвазе?

СЫШЧЫК. Ну, не прасьцякоў, бо нічога яны не чытаюць і ня ведаюць. У іх адна думка: як зарабіць на кавалак хлеба. А хлеба палітыка не дае: адны турботы й турма.

КАМІСАР. Дык чаго беларусы пхнуцца ў палітыку?!

СЫШЧЫК. Я так думаю, пане камісар, што беларусам жывецца горш, чым нават простым палякам, калі глядзець на гэта аб’ектыўна. Псыхалягічна падобна на тое, што паляк верыць у лепшую будучыню сваёй беднай дзяржавы й таму ён будзе больш цярплівы...

КАМІСАР. А беларус ня верыць?

СЫШЧЫК. Ня верыць, пане камісар. Польшча не яго дзяржава, вось у чым сутнасьць усяго зьявішча. Польшча, паводле яго, не падзеліцца зь ім сваім будучым дабрабытам.

КАМІСАР. Пан умее думаць. Ого! Рызыкуеш пан.

СЫШЧЫК. Пане камісар, пан прасіў перадаць настроі й думкі, якія я чуў і бачыў.

КАМІСАР. Цяпер пагаворым пра беларусаў, пане. Наогул вядома, што ў іх, але прашу дакладней.

СЫШЧЫК. Калі дакладней, дык трэба сказаць, што арыентацыя на Польшчу сярод іх вельмі цяпер слабая. Лічаць: хутка прыйдзе сюды рэвалюцыя й зажывуць яны па-бальшавіцку; усё пяройдзе ў іх рукі, маёнткі й фабрыкі. Пагаворваюць пра паўстаньне...

КАМІСАР (узбуджана). Ага, паўстаньне! Не пашкадуй Божа ім дурноты падняць паўстаньне, тады мы ўсіх іх актывістаў выкасім да апошняга! Я, пане, ужо даўно падказваў, каму трэба, каб справакаваць менавіта паўстаньне. Нешта браўся ў тым кірунку Гурын-Маразоўскі, але камуністы ўзялі й застрэлілі яго. Расшыфравалі, гады! Беларускае паўстаньне ў Польшчы — вось ідэальная сытуацыя, каб назаўсёды пазбавіцца беларускай праблемы. Тарашкевіч дасканала ўсьвядоміў сабе гэта, рашыўся не на нацыяналізм, а на камунізм. Без падтрымкі саміх палякаў беларусы нічога ў Польшчы ня выйграюць, во ў чым уся стратэгія. Чырвоныя палякі разам з чырвонымі беларусамі — во стратэгія!

СЫШЧЫК. Нашы людзі кажуць, пане камісар: без савецкага падбухтору беларусы ня рушацца. Саветы, аднак, занадта слабыя, каб адважыцца на гэткі крок. Кажуць... З другога боку гледзячы, палякі яшчэ не нацешыліся ўласнай дзяржаваю, кажуць людзі, каб былі ў стане яны палічыцца зь беларускімі дамаганьнямі. Таму беларуская справа ў сьляпым завулку. Кажуць.

КАМІСАР (у задуменьні). Няўжо ня кеміць таго Тарашкевіч? Чаму ён сам сабе капае яму? Стаўка ў яго на савецкую рэспубліку Беларусь? Там жа голая тактыка! У камуністаў няма й ніколі не было, і ня будзе, ідэі будаваць нацыянальныя дзяржавы ды разьвіваць нацыянальныя культуры. У іх гэта ўсяго этап да сусьветнага пажару рэвалюцыі. Гэтага яны й ня ўтойваюць (паўза). Тарашкевіч, несумненна, найперш беларус, не камуніст. Адзіна лягічнае, на што ён можа разьлічваць, гэта на тактыку Масквы моцна падтрымліваць нацыянальныя рухі ў Эўропе. Тарашкевіч, відаць, калькулюе так: з падтрымкаю ад саветаў — матэрыяльнай перад усім — разгарнуць беларускую нацыянальнасьць на Крэсах, ствараючы духоўнае апірышча для ўсяе Беларусі. А потым будзе відаць, ага! Бо жыцьцё не стаіць-жа на мейсцы, праз пакаленьне-два ўсенька можа здарыцца (паўза). Якое выйсьце? Пазбыцца Тарашкевіча й ягонае кампаніі, здаць іх саветам, а яны ўжо навядуць парадак зь імі. Возьмуць іх усіх ад нас, умеюць бальшавікі думаць, плянаваць і прадбачваць на пэрспэктыву. Гэта нам аптымальна... Гэта цудоўна простае вырашэньне: ня мы задушым беларускасьць, але яны, тыя „таварышчы”.

СЫШЧЫК (захоплены). Пане камісар, пану міністрам быць!

Эпілёг

Такі-ж самы пакой, у настроі паліцэйшчыны. Такая-ж мэбля і нават як бы той-жа сьледчы, толькі ў бяднейшым адзеньні й з вусамі „пад Сталіна”. На сьцяне вялікая чырвоная зорка, пад ёю — вялізны партрэт Сталіна. Каравульны салдат з чырвонай зоркаю на рукаве ўводзіць аблахманенага Тарашкевіча з пабітым тварам. Ставіць яго ля дзьвярэй, загадваючы яму: „Так стаяць!”

СЬЛЕДЧЫ (пагладжваючы вусы й зіркаючы на паперы перад ім). Арыштаваны Браніслаў Адамавіч Тарашкевіч, да?

ТАРАШКЕВІЧ (нямогла). Так.

СЬЛЕДЧЫ. У Савецкім Саюзе з верасьня 1933 года, да?

ТАРАШКЕВІЧ. Так.

СЬЛЕДЧЫ. Ад пяці гадоў шпіён польскай і нямецкай разьведак, да?

ТАРАШКЕВІЧ. Не!

СЬЛЕДЧЫ (зьдзівіўшыся). Як гэта, не? Сам-жа прызнаўся на допыце! Да?!

ТАРАШКЕВІЧ. Jak Piekarski na mękach.

СЬЛЕДЧЫ. Гавары, падла, чалавечай мовай!

ТАРАШКЕВІЧ. Finita la commedia...

СЬЛЕДЧЫ. Што-што?!. Не тваё дзела: законна, ці незаконна. Прызнаўся, значыць: факт і праўда.

ТАРАШКЕВІЧ. Argumentum falsum, non argumentum clarum...

СЬЛЕДЧЫ (падыходзячы да Тарашкевіча). Гавары, дурню, гавары: што іменна? Які аргументум, зараза?!

ТАРАШКЕВІЧ. Sprechen Sie deutsch?

СЬЛЕДЧЫ (крыху зьбянтэжаны). Відаць, мала калацілі арыштаванага Тарашкевіча... Ня ўсё сказаў, хітры прафэсар. Дармаед! Нічога, гэту памылку зараз выправім (крычыць у дзьверы). Каравульны! (і ўжо да салдата). Вывесьці артыштаванага на даработку!

СЬЛЕДЧЫ (застаўшыся адзін). Дурань, а яшчэ й польскі прафэсар... Чаго ён лез сюды з Польшчы? Кепска яму там было? Эх, Эўропа... (падыходзіць да тэлефона, бярэ слухаўку). Гэта я. Ну, прызнаецца ў большым? (слухае). Ага, да, да... Асьцярожна з перасолам, ён слабы пан, можа памерці (падсьмейваючыся). Тады мы яго не ўваскрэсім, ані матка боска нам не паможа... Што-о? Адбрэхваецца, што ён ужо і не нямецкі шпіён?! Ну, ладна: зьменім мэтоду, зробім зь яго "карыснага ідыёта”. Да, „карыснага ідыёта”. Кажаш, ня чуў пра такую мэтоду? Вучыся ў старэйшых чэкістаў. Ад мяне вучыся! (паўза). Пазвані ў буфэт — хай прыздобяць багаты стол у маім кабінэце. А затым памый дурня, адзень па-людзку і да мяне зь ім.

Праз кароткі момант, пакуль сьледчы прахаджваецца, заклаўшы рукі за сьпіну, ціха расчыняюцца дзьверы і салдат увозіць у пакой кабінэта барны столік з усякай закусьсю ды смачнотамі, з бутэлькай каньяку, чаркамі, імбрыкам кавы і т.п. Салдат моўчкі ўсё разьмяшчае, падсоўвае крэсла і, казырнуўшы, выходзіць. Сьледчы сядае за пісьмовы стол і прысьвячае хвілю перагортваньню папераў у папцы. Раптам з шумам расчыняюцца дзьверы, нехта ўпіхае ў іх Тарашкевіча ў даволі ўжо прыстойным выглядзе, аднак зь сінякамі пад вачыма й на шчацэ, а таксама бінтом на галаве. Дзьверы зачыняюцца, сьледчы схопліваецца са свайго мейсца й з прывітальным жэстам выходзіць насустрач.

СЬЛЕДЧЫ. Браніслаў Адамавіч, як жа мне сорамна! Узьнікла калясальнае непаразуменьне!! (бярэ Тарашкевіча пад паху, вядзе да барнага століка). Калясальнае! Мне падкінулі вашу справу й не пасьпеў я толкам пазнаёміцца зь ёю. Вось толькі цяпер... Сядайце, сядайце...

ТАРАШКЕВІЧ. Ня судзіце, а суджаны ня будзеце... Ne osążdajte... (не сядае)

СЬЛЕДЧЫ (прыкідваецца зноў). Ніхто вас ня судзіць!.. Ну, я гэтым канавалам пакажу, дзе ракі зімуюць! (махае кулаком на дзьверы). Каб так пакалечыць чалавека, га?! (глядзіць са спачуваньнем на сінякі, на бінт). Нічога, пагутарым стоячы, да? Частуйцеся, чым хата багата! Але, да, найперш хлісьнем па чарцы, як камуніст з камуністам (налівае каньяк).

ТАРАШКЕВІЧ (ня верачы сваім вушам). I and you communist?.. Nein schpion? Госпадзе, ты бачыш і не грыміш!

СЬЛЕДЧЫ (міла). Кіньце вы гэта, мілы Браніслаў Адамавіч, і давайце бяз крыўды: дзе дровы рубаюць, там і трэскі ляцяць, як кажуць у народзе. Вы існы камуніст, якіх мала! Да, да... Бальшавіцкая гвардыя, на жаль, нямногалікая. Гэта й зразумела: яны, такія, як вы, Браніслаў Адамавіч, пачыналі рабочае дзела, рабілі рэвалюцыю, давалі прыклад усяму пралетарыяту сьвету... Да, да (падымае чаркі). Ну, мілы Браніслаў Адамавіч, каб мы добра разумеліся...

ТАРАШКЕВІЧ. Не п’ю.

СЬЛЕДЧЫ (зьдзіўлена). Зусім?

ТАРАШКЕВІЧ. Ад роду.

СЬЛЕДЧЫ. Абстынэнт, значыць. Жаль, жаль... Добры каньяк, французскі. Кажуць, карысна ўплывае на працу сэрца, да (адстаўляе чарку, прапанаваную Тарашкевічу). Дазвольце, я, усё-ж, вып’ю. Стомленасьць, ведаеце. Стомленасьць... (выпівае) А-а! Боскі напой. Частуйцеся (паказвае на столік). Закурым? Амэрыканскае мальбара, як ні як... Да, да.

ТАРАШКЕВІЧ (злосна). Не куру.

СЬЛЕДЧЫ. Гэтак-жа ад роду?

ТАРАШКЕВІЧ. Ад роду.

СЬЛЕДЧЫ. Зайздрошчу вам, Браніслаў Адамавіч. Я, грэшны, і выпіваю, і куру. Жонка сварыцца, але нічога не магу зрабіць. Работа ў мяне, як самі бачыце, нэрвовая, да-да (бярэ цыгарэту, ломіць яе ў пальцах і шпурляе ў кут). Усё-ж няёмка нам так стаяць, мабыць, спрабуеце сесьці... Ну, пастарайцеся, Браніслаў Адамавіч (благальна нахіляецца ў бок Тарашкевіча).

ТАРАШКЕВІЧ (пакепліваючы). Любіце ворага свайго, як самога сябе.

СЬЛЕДЧЫ (з рукою на сэрцы). Браніслаў Адамавіч, паверце, так прыкра мне, так прыкра!..

ТАРАШКЕВІЧ. No comment. После драки руками не машут.

СЬЛЕДЧЫ. Ну, ведаеце, Браніслаў Адамавіч!.. Усё цэльна сказана вамі! Ну, а які з вас шпіён?!. Вы чыстае вады камуніст! Скажу вам болей, Браніслаў Адамавіч: ваш арышт толькі ачысьціў вас, упераканаў партыю, што на вас, Браніслаў Адамавіч, можна цалкам аперціся. Да-да! (падняўшы палец угору). Мы, чэкісты, сумленьне партыі! Мы яе ачышчальнікі! Да, да... (пачухаўшы патыліцу). Ну, ладна. Ёсьць да вас адно дзела, Браніслаў Адамавіч. Важнае дзела (паўза, чуйны позірк). Як думаючы чалавек, вы, Браніслаў Адамавіч, мяне правільна зразумееце. Пагаворым, як камуніст з камуністам. Да, да... (запрашае частавацца застольлем). Калі ласка, ласкі прашу...

ТАРАШКЕВІЧ. Убіены брат твой Авель... Не кідай вепрам перлы.

СЬЛЕДЧЫ (прыкідваецца абураным). Ну і канавалы! Ну й дам я-ж ім!!!

ТАРАШКЕВІЧ (нецярпліва). Kruk krukowi oka nie wykole.

СЬЛЕДЧЫ. Якія яны там kruki, Браніслаў Адамавіч!? Звычайныя рабочыя хлопцы, узятыя ў чэкісты, поўныя рэвалюцыйнага запалу, без паняцьця пра тонкасьці работы ў органах... (паўза). Браніслаў Адамавіч, зразумейце: густа ў нас ад ворагаў савецкай улады, турмы бітком набіты імі, няма калі акуратнае сьледзтва праводзіць, усё адбываецца, бы на фабрычным канвэеры, да... Але мы абаронім савецкую ўладу, і вы, Браніслаў Адамавіч, дапаможаце нам у гэтым. Абавязкова дапаможаце, я веру! (пачынае хадзіць па кабінэце; Тарашкевіч стаіць на мейсцы). Вы, як вядомая асоба, зможаце вельмі й вельмі моцна дапамагчы, вось. Да!

ТАРАШКЕВІЧ (няўцямна). Larum! Нешта не разумею я вас, таварышч.

СЬЛЕДЧЫ. А нічога, я вам растлумачу, мілы Браніслаў Адамавіч. Да, да (бярэ зь пісьмовага стала тоўстую папку з паперамі). Вось тут матэрыялы вашай справы. Да, да, яны фальшывыя, несапраўдныя, але ня ў тым справа (кідае папку назад на стол). А менавіта ў тым, Браніслаў Адамавіч, што вы, хоць і не шпіён, а павінны выдаць сябе за шпіёна. Не пратэстуйце, даслухайце мяне да канца. Вельмі прашу! Усе козыры ў вашых руках, мілы Браніслаў Адамавіч: выдатны рэвалюцыянер, дзеяч камуністычнага Інтэрнацыяналу, вучоны, выратаваны савецкай уладаю ад польскай турмы, камуніст, у абарону якога выступаў рабочы клас Эўропы, раптам аказаўся агэнтам міжнароднага імпэрыялізму! Уявіце сабе, мілы Браніслаў Адамавіч, якое гэта ўражаньне выкліча на савецкім народзе! Як ён згуртуецца яшчэ мацней вакол роднай партыі й асабіста таварышча Сталіна!! Гэта будзе ваша найвялікшая ахвяра ў імя дзела, за якое змагаліся. Гэта працяг нашага змаганьня за ясную долю. Міне час і савецкая ўлада скажа народу слова праўды пра вас. А пакуль што трэба змагацца, змагацца і яшчэ раз змагацца, таварышч Тарашкевіч!!!

ТАРАШКЕВІЧ (схапіўшыся за галаву). Dno i wodorosty! (сядае, крывячыся ад болю).

СЬЛЕДЧЫ. Да, да... (няўцямна).

ТАРАШКЕВІЧ (роспачна). Miałeś, chamie, złoty róg!.. Ведоша без езыцы слепогошта... Шолам алейкум!

СЬЛЕДЧЫ (ажывіўшыся й няўцямна). Вось іменна: ашалеў! Няхай так падумаюць пра вас, там Польшча, там можна. А тут, у нас, савецкія людзі, да, усёй савецкі народ падумае як трэба: такі Тарашкевіч, та-акі камуніст, правадыр заходнебеларускіх працоўных мас і — на табе! Шпіён!! Ведаеце, як гэта змабілізуе народ вакол роднай партыі й асабіста таварышча Сталіна?! (паўза). Я разумею вас, таварышч Тарашкевіч, але я заклікаю на гэты гераічны ўчынак: прысьвяціць усяго сябе сьвятому дзелу рэвалюцыі! Тут таксама фронт, ня толькі ў першай лініі акопаў! Да-да! Гэта тайны фронт, на якім гэтак-жа ідуць на сьмерць, хоць і пад чужымі штандарамі... Да!

ТАРАШКЕВІЧ (нецярпліва). Finis et ultimum vale dicere mea magnum comoedia!

СЬЛЕДЧЫ (анямеўшы). Камэды-ыю-ю? Я добра чую? (вырачыўшыся).

ТАРАШКЕВІЧ. Добра чуеце.

СЬЛЕДЧЫ (схапіўшыся на ногі). Вон! (указаўшы пальцам на дзьверы). Вон, беларуская вош! Каравульны!!! (зьяўляецца салдат). Вон зь ім, у турму! У турму!!! (Тарашкевіча выводзяць). Нядобра, нядобра! Але як я мог стрываць?! Ён-жа жартачкі зь мяне строіў. Гэты ўкормлены польскі пан! А яшчэ беларусам прыкідваецца... Сапраўдны беларус увесь гэты столік вылізаў-бы, да-да, галадуха калхозная! Да-да, бульбашы бяздумныя! (паўза). Я яму пакажу камэдыю! Я дзевяць грам яму ў патыліцу, да-да!

Заслона

1978-1999 гг.
Беласток — Крынкі


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія