|
Леанід Дранько-Майсюк
Хвароба ў красавіку
1
Цудоўнай весткай, слаўнай навіной,
Як не палацам, то сабачай будкай –
Любімая хвароба, будзь са мной,
У горле пакідай ланцужны гудат.
Ты – рэчаіснасць, думаць аб якой
Усё адно, што думаць пра багацце,
Якое, нібы лекі, пад рукой
У тонкім шкле і парудзелай ваце.
Як шчыры служка, існую з табой
І марнасці былой не чую клікаў,
І ў гэтым столькі радасці малой,
І ў гэтым столькі радасці вялікай.
2
Хварэць, каб рукі халадзелі
Бясконцым ледзяным агнём,
І каб здавалася нядзеля
У тыдні не апошнім днём;
І каб, старая і сівая,
Шаптала музыка сама:
“Пустой ніколі не бывае
Душа, свабода і турма…”
3
Што застаецца яшчэ –
Слухаць якіх дактароў?!
А застаецца яшчэ –
Слухаць уласную кроў!
Хворы, ляжы і лаві
Кожнае слова крыві,
І выштукоўвай, як след,
Звыкла-любімы сюжэт:
“…жыў літаратар-жабрак,
Разбагацець ён хацеў;
Шмат ён пісаў, ды ніяк
Грошай вялікіх не меў.
Што тут рабіць салаўю?
Торбай далей шамацець?!
Не. Пісаніну сваю
Кінуў, каб грошы займець;
Стаў гандляваць, і базар
Даў яму ўсё!.. І пасля
Жыў ён да смерці, як цар,
Пухам, шчасліўцу, зямля…”
Сумна з сюжэтам такім;
Гэты сюжэт нібы дым –
Боль аслабее, і з ім
Знікне сюжэт назусім.
Кліч яго потым, заві,
Сціжму губляючы слоў,
І ап’яняйся наноў
Шумам ўласнай крыві.
4
Цяжкую не падняўшы галаву,
Падумаў задаволена: старэю,
І раптам уявілася – жыву
Адно таму, што жыць не ўмею;
Адно таму, што слодыч надышла,
Напоеная лекавым смарагдам,
І да майго кранулася чала
Спачатку Вераніка, потым – Магда.
5
А, можа, я нешта Міцкевічу вінен,
Ён Польшчы сапраўднай не бачыў ніколі,
А я на варшаўскай разводненай гліне
Арэхавым кіем выводзіў крамзолі.
І цешыўся вельмі з такога мастацтва –
Сірэне пісьмёнаў гліняных не сцерці!
І надта не думаў, што можна сабрацца
Імгненна ў дарогу і ў турках памерці.
6
Адкрыць адкрытае: “…і ты памрэш!”
Пакуль жывы, падварушы глаголы,
Прыдумай надпіс намагільны – верш
(Не сумны і не надта каб вясёлы),
Яго анёлы вывучаць найперш
І прачытаюць мудрыя жывёлы.
Красавік 1998 г.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|