БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ТЭРМАПІЛЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі часопіс N* 2 / 1999 г.

Крысціна Лавант

Крысціна Лавант адна з самых яркіх і значных нямецкамоўных паэтак. Крытыкі параўноўваюць творчасць яе з творчасцю Фэдэрыка Гарсія Лоркі ці мексіканкі Сор Хуаны Інэс дэ ля Круз, якія, паводле Тобіяса Голіса, “сваёй лірыкай зваёўвалі ў начным змаганні сваіх дэманаў”.
Дэманы фізічных пакутаў, неўявімага душэўнага болю і адзіноты бязлітасна выпрабоўвалі Крысціну Лавант да яе апошняй гадзіны жыцця (1915 – 1973). Яна была дзевятым дзіцем у беднай гарняцкай сям’і з вёскі Грос-Эдлінг, што ў Лаванталі (Аўстрыя). Цяжка хварэючы ад самага малку, яна не мела магчымасці набыць ні адукацыі (скончыла толькі чатыры класы пачатковай і адзін асноўнай школы), ні прафесіі, не зведала ніякіх зямных радасцей, не пагрэлася ў сонцы ані кахання, ані мацярынства.
Але мова тут не пра тое. І нават не пра вечна напятую волю паэткі (“Мая воля змушае мяне трымцець…”). У духоўнай скарбніцы свету ёсць тры кнігі паэзіі Крысціны Лавант: “Кубак жабрака”, “Калаўрот у месяцовым святле”, “Крык паўліна”. І найістотнейшае – гэта. Жыццё духу, а не варункі лёсу.
Хоць паэтка і сказала: “Мая творчасць гэта маё скалечанае жыццё”.
Адэкватнасць уласнаму “я – перадумова і грунт аўтарскай непаўторнасці.
І гарантыя ўразлівых перазоваў з душамі іншых.
Я не патраплю аналізаваць лірыку Лавант. “Не поверить алгеброй” мне ейны свет смутку і святла месяцовага. 
Але вось я чытаю: “Кроваплын да бога полымя – кроваплын да бога сцюжы”…, і гэтая метафара, як код усяго зямнога жыцця чалавека, успышліва стаецца маім уласным кроваплынам.
І выглядвае з куста крапівы арханёл…

Ніна Мацяш
10. 05. 1999 

* * *

Ты нячутна сыходзіў
і клаў кончыкі пальцаў Сваіх
на мае сны, – о, Збаўца!
Гэта быў найдзіўнейшы спосаб узвысіць аблічча,
бо магла знізу ўгору глядзець я на вачэй Тваіх яблыкі,
і палаў корань сэрца майго ад бядоты,
бо сядзеў ён у целе яшчэ, й пра яго – усё ведаў.
Што яно пакахала, а яго адцуралі былі,
што каханым быць права для яго не йснавала ніколі,
хоць усё-ўсюды гэтакім кшталтам любові й жывое.
Ты прыйшоў быў не дзеля таго, каб той корань палаючы вырваць:
стваралі ў снах маіх пальцы Твае суцяшэнне глыбокае, 
а ў галаве маёй думкі, 
што Ты ў кожным, у кожным з нас
асамотненасць церпіш.
І ціхмянасць сыходзіла на мяне, а значнейшая за пакорлівасць продкаў.
Я мірылася з тым, што я ёсць, выкаўзала з Твайго далікатнага дотыку
і прыўлашчвала права і далей кахаць укаханца.



* * *

Струшчы звон у слыху маім,
ператні вузел у маёй дыхніцы,
сагрэй сцісклае сэрца маё
і выспелі яблык вока.

Кволай прыйшла я з нутробы маці.
О каб на сонца мяне зашпурнуў ты, 
а ўночы – на Сірыус! Спогад твой вінны,
што я, заінелая, папялішча абшнарваю.

Хто мне зарана так дол патушыў?
Звон бы ў ім растапіўся, 
вузёл спапялеў бы, дапалала б і сэрца,
а вачэй маіх яблыкі мелі б і зернеткі.



* * *

Здрадна капліць суровая мужнасць
у пячорах таемных радасцей.
Тым не менш, мушу ўглыб іх занырваць!
Хоць бы дзевяцікроць патанала,
а з вады мушу вобраз Твой выхапіць,
каб ён солана не скамянеў.
Мова ўжо не пра радасці часу:
уратаванага, перахаваць хачу
Цябе ў сэрцы Айца. 
Шмат чаго ўжо ўва мне патанула.
Ты ж павінен дзівосным агнём
стацца ў сферах вышэйшых, тады як
мне – ўва ўсё глыбеючым смутку – 
утаўроўваць у сэрца апёк.



* * *

Нарастай, нарастай, счараваная моц,
як апоўдні нарастае крык пеўня,
поўны вольнасці й годнае перавагі,
і як почасту плач у вачах
маёй маці прасветленай нарастаў, 
калі бралася мужна яна за шытво і спявала
у гонар праслаўленай Дзевы.
І тады ўжо вось гэтак жа пеўні крычалі:
таямніца – яна таямніца заўсёды,
і жыве споміж нас, і ніколі не старыцца, 
нават тады, калі смерць пракаветная
ружавы – з ранаў нямоглых – пакой ,
як гаспадарыня, аглядае, і анёл
дзеля ейнага ўвойсця ўсё зрушвае з месца.
Шмат ён робіць і дзеля саміх ружаў тых пакаёвых,
развітальніцаў з часам і з уцялесненнем,
што з сялянскае хаты выкрасоўваюць гонка
цераз кроквы ўгару, усё вышэй і вышэй,
аж да самых наўзвышных зазнакаў, 
каб аднойчы стацца-такі счараванымі.
Нарастай, нарастай! Бо праклён дабрадайны, 
ён радня крыку пеўня,
няўхільнаму ўздыму.
Але вёска нярэдка вяртае назад цябе
маркотай па дому і нейкай ахінкай
з трывалага вязіва церняў, 
якая цябе, тым не менш, дужа годна ўхінае
дзеля вольнасці і вяртання дадому.



* * *

Ты ўсю мясцовасць між намі зыначыў.
Для кожнага з нас між аблокамі і каранямі зло паўстала.
Пародненыя, ужо не кладземся спаць вобак, 
і мост даверу знік з нашых вачэй.
Я не цямлю ўжо больш, і навошта іду, і куды,
бо Твой голас ні веву да мяне не даносіць,
ані крыку птушынага, ані зыку з альтанкі.
Чатырма накірункамі сцякаюць дадолу нябёсы, 
а рука мая, мацаючы Тваё рукаво, 
ападае пустою і значанай.
Я выкрыкваю гэта, і крык мой – як бура, якая мяне агаляе, 
нашчэнт, да душы агаляе мяне бессаромна пад зоркамі.
Ну чаму Ты, чаму Ты пакінуў мне крык?
І вачэй пяросьветку пад лобам ціхмяным?
Чаму сэрца майго Ты не вырваў з-пад рэбраў,
не стаптаў яго ды не скарміў спакваля сабакам?
Ты павінен быў гэта зрабіць, перш чым выдаць мяне наваколлю!
Гэта ж бо тое пекла, што з’яўлялася мне ў снах жахлівых дзіцячых,
а датуль існавала ў нутробе маёй галадалай матулі.
Стуль сюды ўсё ідзе.
Стуль сюды я прыйшла і зачэзлая ўжо, і прагная цуду,
што нехта ж, нарэшце, мяне аздобіць
тут станам любові, а па часе – яснотай анёла.
Ты павінен быў гэта ведаць!
Шчэ й цяпер адчуваю я гэта пад скурай, дзе расце, скуголячы, звер.



* * *

Ударыў ты – і згас мой светлы дзень.
Шчырую ж я над ружай слепа й далей, 
калючкам выгляд надаю адзіны, 
каб тайніцу насення захаваць,
і вею ветрам, і дажджамі плачу,
а – пры патрэбе – палкаю малітвай
узношу ружу сонца над гарой.

Ударыў ты – і страціўся мой слых.
Няўцямна ж услухоўваюся й далей, 
і галасы, якія абмінаюць,
плывуць, як шэпт анёла, як гук бубна, чуюцца,
а – пры патрэбе – яўняцца рудой, 
каб у імя тваё ператапіцца
і жорстка навылёт працяць мяне.



* * *

Ты ўзыходзіш, як зорка, у сузор’і жыцця майго,
высокаадхіленая ад велікоднага ўзгорку,
я парадчу звычайнае мёртвае цела
і ведаю, што ніколі яно не ўваскрэсне ўжо
са сваімі бязглуздымі ранамі.
Не ламлю я косці правай руцэ, 
не ламлю я косці левай руцэ, 
яны павінны пасобіць спусціцца мне
у адну пячору надзейную.
Пасылала табе я па крыку пеўня
яшчэ не завойстраны, недароблены меч,
пасылала табе па счэпе слабізнаў
пакору, прасветленую наскрозь.
Але цябе ўсё гэта ўжо не дасягае.
Ці маеш што есці ты ў тваім годнасным стане,
ці апранены ты ў тым тваім узвышэнні,
ці не змушаны ты галадаць там і мерзнуць?
Сёння я пахаваю нутробу гасподнюю,
сёння я шукацьму баранчыка матчынага
і пасьвіцьму чорнае касавільна,
подлыя творы гарачкі.
Будзь уважны, я падам табе руку правую,
будзь уважны, я падам табе руку левую,
не павінен застацца ты без ніякай падтрымкі
у чужным тваім узвышэнні.



* * *

Выйдзі з куста крапівы, Арханёле!
Крапіва назапашвае й мёд, 
мёд жа – харч для Духа Святога, – 
будзе ўдзячны крапіўны куст.
Ах, Арханёле, заззяй ува мне!
Ужывіся ў мяне і аддай мне належнае,
бо калі я йшчэ ў матчыным целе была,
для самое яе ўжо не тлела й іскрынкі;
я – пакой без агменю.
Аніразу не спыніўся б там нанач
Дух Святы, нават поблізу ён не праходзіць:
марна сэрца маё цікуе з падвокання – 
не прыпомніць яно такога выпадку.
Маёй матцы не трэба нічога прыгадваць,
выслаўляла яна Дух Святы ўжо й тады,
як стаяла каля агароджы садовай
і на зоркі вячорнае яблык зялёны
так бязбоязна і так гаротна глядела.
А гарота мая без адвагі ўзрастае:
я баюся й сябе, і зялёнага яблыка,
хоць ён і ружавее ў зары вечаровай,
ды – калі крапіву не пакінеш ты – 
не даспеленаю я ўпаду смерці ў рукі.



* * * 

Праз светлую памяць свету
коціцца п’яная поўня
і разладжвае нашы жаданні.
Ды ён надзвычай цярплівы, наш лёс,
а ў пальцах Божых – спрадвечная сіла , – 
мы дабрыдаем да немаёмнасці нашай!

Памажы маёй памяці, Збаўца,
каб сама ў маіх муках знайшала я
светлы, ціхамірны куточак.
Пашлі да мяне анёла свайго,
хай паўстане ён супраць п’янае поўні
і зацьмення пачуццяў.
Калі нават яго я й не вартая!
Як хацела б я вартаю стацца,
і укленчыць змагчы, і быць немаёмнай,
колькі выстарчыць сілы.



* * *

Калі ты мяне ўпусціш, перш чым пеўні твае прачнуцца,
буду я слугаваць табе ў доме касцяным,
біць табе ў бубен сэрца, пераводзіць дыханне
і тройчы ружу духоўную паліваць
наранку, апоўдні, увечары.

Калі ты мяне ўпусціш, перш чым вочы мае дагараць,
вольна буду ў іх дзеля цябе растапляць твой адбітак, 
і ствару з яго цара над анёламі, 
і пакажу яго Богу як воблік ягоны,
поўны веры, надзеі, любові.

Калі ты мяне ўпусціш, перш чым крылы мае надломяцца,
дзевяцікротна я дзеля цябе змея смерці абезгалоўлю,
корань гора выкапаю і сама спажыву яго,
а потым падам табе з авоські сонечнай
хлеб, віно і голуба.

Пераклала з нямецкай Ніна Мацяш


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія