БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ТЭРМАПІЛЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі часопіс N* 3 / 2000 г.

З лірычных запісаў

Янка Брыль

Купіў паштовак, каб імі павіншаваць сваіх нямінчанак з 8-м Сакавіка. На кожнай паштоўцы – незнаёмая красуня-птушка задумалася на пустой зімовай галінцы. І трэба кожнай адрасатцы нешта адрознае напісаць. Калі дайшло да Ніны Мацяш, у памяці ажылі радкі:

Siedzi ptaszek na drzewie
I ludziom się dziwuje,
Że najmędrszy z nich nie wie,
Gdzie się szczęście znajduje…

Памятаю, чыё гэта, але ж і заглянуў у багаты том “Księgi cytatów z polskiej literatury pięknej”. Так, гэта Аснык. Калісьці мне, вясковаму юнаку, верш гэты так спадабаўся, што я яго нават і пераклаў… на рускую мову. Тады, шукаючы сябе, я рыфмаваў на трох мовах: кніжна-рускай, школьна-польскай і навакольна-роднай, пакуль яна, свая, не выбралася канчаткова. Не вытрымаў, дастаў з антрасоляў папку з надпісам “Першыя творы. Вершы” і перачытаў той пераклад. Даволі прыстойна зроблены, і цалкам, усе васемнаццаць радкоў. А вось назаўсёды, як можна ўжо вельмі старому сказаць, запомніліся ў арыгінале першыя чатыры. Напісаў іх мілай Мацяшцы на адвароце паштоўкі, дадаўшы, што мы з ёю, Богу дзякаваць, ведаем, дзе яно, шчасце, – у працы, у дружбе, у радасці сказаць любімым пра гэта не толькі з нагоды святочнага дня.

Ніна мне адказала:

“Ваш ptaszek усё яшчэ siedzi na drzewie перад маімі вачыма і цешыць мяне kolorem, Асныкам і Вашай сардэчнасцю. Не знайшла Асныка ў сваёй бібліятэцы, а захацелася пачытаць яго, так дакладна леглі на душу тыя, працытаваныя Вамі, яго радочкі”.

Што ж, Асныка ў нас амаль зусім, а можна сказаць і зусім не ведаюць. Дый у Польшчы, багатай на сапраўдных паэтаў, ён далекавата не з першых. Аднак цытатаў з яго паэзіі ў вышэй згаданым анталагічным томе параўнаўча з іншымі паэтамі вельмі нямала. Прыемна помніцца мне, апроч ptaszkа, агульналюдска-мудрае “Daremne żale, próżny trud” і дзве бліскучыя мініяцюры: “Gdym jeszcze dzieckiem był” i “Na szczytach Tatr”. Іх я, тры гэтыя рэчы, Ніне і паслаў, перапісаўшы, бо кніжак пана Адама цяпер у мяне, на жаль, дома няма, не пашлеш.

***

Наколькі лепшымі былі тыя вёсны, якімі захапляўся ў розныя гады, цяжка, а то і немагчыма сказаць, дый не так і патрэбна, – бо вось я, захоплены, зачараваны новай вясной, як быццам і безлічна даўняй, бясконца паўторанай, аднак і зноў незраўнана новай.

***

Кожны дзень хацелася б пачынаць, як малітвай, нейкай добрай справай, патрэбнай працай. А я апошнім часам, ды ўжо й даўнавата, толькі чытаю. Добра, што хоць сапраўднае (Бунін, Талстой), або патрэбнае (чацвёрты том Федароўскага, слоўнік Ластоўскага), пацяшаючы сябе тым, што хоць абы чаго ды абы як не пішу, шануючы свой, нялёгка набыты, узровень.

***

У маім цяперашнім, як быццам сонным, існаванні прыходзіць і такая думка, такія думкі, бо неаднойчы:

Ёсць нешта, што я павінен зрабіць, а не раблю, і прыйдзе той час, калі ўбачу, што іменна павінен быў зрабіць, а не зрабіў!..

***

Чалавек жыве, жыве, а потым памірае, як быццам і не падумаўшы, што гэта ж – назаўсёды.

***

Chociaż do pracy mało nas
Czas wszystko skończy, bo ma czas.

Гэтая школьная “гама туды і назад” раптам ажыла ў маёй памяці, калі думалася пра тое, што час і не спяшаецца, але ж і робіць сваё.

***

Я і раней быў не надта прыткі абараняць свае творы ад крытычных нападкаў у друку, у чытацкіх пісьмах і ў вусных або ў ананімна-запісачных пытаннях на літаратурных сустрэчах. Тым больш цяпер, калі ўжо я даўно бацька і даўнавата дзед, не толькі па-сямейнаму, але і ў літаратуры. І ў гэтым не толькі старэчая абыякавасць, але і нармальная стома ды адпаведнае справе жыцця рашэнне, – няхай яны, мае кнігі, і далей абараняюцца самі.

***

І на гэтай сустрэчы – на юбілеі сям’і Рэрыхаў – да мяне звярнуліся з мікрафоннай просьбай – расказаць, пра што буду гаварыць у сваім выступленні. Тэлевізійнікі нашы, якім гэта зручней, чым крышку пазней запісаць выступленне, якое ў мяне не на паперцы, а ў памяці, да якога я рыхтаваўся ў думках, каб сказаць сваё адзін раз.

І гэта ўжо не ўпершыню, такая іхняя “прафесійнасць”, і кожны раз яно абурае.

***

І день іде, і ніч іде.
І голову схопивши в руки,
Дивуешся, чому не йде
Апостол правди і науки!

Так мог, за чатыры месяцы да смерці, пісаць палымяны пакутнік Шаўчэнка.

Лягчэй было б яму сёння, – падумалася, зноў прачытаўшы ў газеце пра з'яўленне ў нас яшчэ аднаго апостала. Не праўды, не навукі, а нацыі, што, відаць, вышэй.

***

Бунін у сваім “Освобождении Толстого” (раздзел ХV):

“Политика, говорил Гете, никогда не может быть делом поэзии.

Мог ли быть политиком великий поэт Толстой, душа, с детства жившая стремлением к “важнейшему”?..”

Не смейцеся, я прымерваюся не да вялікіх, а да справы паэзіі, да найважнейшага.

…У Буніна, пасля Талстога, перайшоў на Чэхава. А там і тое, дзе нельга не засмяяцца:

“Есть большие собаки и есть маленькие собаки, но маленькие не должны смущаться существованием больших: все обязаны лаять – и лаять тем голосом, каким Господь Бог дал”.

***

Прачынаўся рэдка, і ўсё блытаўся то ў сне, то ў яве з гэтым і зусім нягэтым тэкстам, нібы маім і не маім, сам гэта бачачы нібыта збоку… Цяпер без чвэрткі пяць, і ўжо на даўжэй не засну. Толькі лягчэй, зноў жа то ў сне, то не ў сне блытаючыся ў тым дзесятку сшыткавых старонак, якія я, устаўшы, буду перадрукоўваць…

І не смешна мне гэта, і нібы зноў жа збоку бачыцца далейшае старэнне, без панікі і без завышаных прэтэнзіяў успомніўшы славутае: “Не мешайте. Павлов работает”.

***

У аповесці Барыса Зайцава “Голубая звезда” каторы ўжо раз называецца Звянігарад, у якім я ніколі не быў. Успамінаецца спалучэнне “звянігарадскія салаўі”, якіх я калісьці, больш за трыццаць гадоў таму назад, слухаў з пласцінкі “Голоса птиц в природе”. Але раней за тых, і сапраўды цудоўных салаўёў, успомніўся наш загорскі дзядзька Арсень Коцік (“кіслагубы Авос” у “Ніжніх Байдунах”), які ў тым звянігарадзе быў салдатам, ці пры цары яшчэ, ці па мабілізацыі 1944 года, пра што мне – таксама ўжо даўно – хваліўся летам у вёсцы, а яно вось і прыдалося. Як быццам у гэтым ёсць нейкі большы сэнс. А то і проста таму, што назва хораша гучыць, нібы нават узвышана.

…А ў Зайцава далей:

“Старый, маленький город Красивый издали, беспорядочный, растущий как Бог на душу положит; освященный древнею, благочестивою культурой”.

Ён у яго ў аповесці ўвесь час прыгожы толькі здалёк. А для мяне – з яшчэ большай адлегласці.

***

Сам шчасліва сямейны, а ў сваёй пародыі на верш паэткі, якой доля судзіла застацца самотнай, не вядома за што і навошта крыўдзіць яе кплівым перайманнем – за тугу па каханні?..

***

Наша ўсенароднасць юбілею Міцкевіча. Настаўніцы адной з мінскіх школ спатрэбілася нават… “отчество великого польского поэта”. Мне, ад яе імя, ветлівенька-нясмела пазваніла пра гэта настаўніца маладзейшая, спыталася па-сваяцку.

***

Добрая, даўняя прыяцелька, зямлячка. Так рэдка бачымся, што, выпадкова сустрэўшыся на вуліцы, міжволі павіталіся з чмэкам.

Само так сказалася, апавядаючы пра гэта дома.

***

Дзеля лепшай pogody ducha перачытваў у першым томе двухтомніка “Толстой и зарубежный мир” дзённік і ўспаміны славацкага друга Льва Мікалаевіча Альберта Шкарвана. Перачытванне знаёмага з палавіны 60-х. З падсветкай успамінам пра падарожнае, позневячэрняе наведанне ў лістападзе 1979-га літаратурнага музея ў замачку Брадзяны. Сюды калісьці ў аўстра-венгерскае магнацкае замужжа прышла адна з дачок Пушкіна. У музеі тым было экзатычна-прыемна пачуць, што Шкарванаў пераклад рамана “Воскресение” выйшаў кнігай раней, чым арыгінал у Расіі. Ды яшчэ ж без цэнзурных купюраў!..

Шкарван вёў свае запісы на трох мовах: славацкай, рускай і нямецкай. Згадаўся магутны, на пяцьдзесят тамоў, збор твораў Івана Франко: на ўкраінскай, нямецкай, польскай.

Мая беларуска-руска-польская трасянка ў побыце і часткова ў нататках. А добра было б ведаць, ды грунтоўна, болей моў – з роднай у цэнтры.

***

Купіў у магазіне стужку да машынкі, а незнаёмы, вясёлы мужчына спытаўся:

– Мемарыялы будзеце пісаць?

Пра мемуары. Ведае, што ў модзе.

***

Нешта згубілася, і я шукаю яго, часамі доўга, а то і яшчэ даўжэй, то больш-менш спакойна, а то і нервуючыся, перабіраючы розныя варыянты згадак ды меркаванняў, дзе яно, тое нешта, магло прапасці. А потым яно – тая кніга, той аловак, тыя акуляры – ляжыць сабе ў найпрасцейшым варыянце, толькі сваім, адзіным і нібы хоча сказаць: “А дзе ж мне было ляжаць?”

Гэта ўжо я так думаю, а то і гавару, задаволены знаходкай.

***

– Ды я ўжо тую чарку і ў рот не бяру, – кажа па тэлефоне саракагадовая загладуха, якая неяк перад гэтым, пры сустрэчы, скардзілася на сваю печань.

Адказваю:

– А яе і не трэба браць у рот. Палажыла краёчкам на ніжнюю губку, а тады коўць – і па ўсім страху!..

Смяемся.

***

У сноўскай багатай аграгаспадарцы – галандская апаратура для гадоўлі на адкорм і продаж куранятаў. Карэспандэнтка абласнога радыё ў сваім рэпартажы захапляецца міжволі па-сучаснаму, па-хатняму:

– Жывуць кураняткі коратка, сорак пяць дзён, але ж прыстойна!..

Як пазайздросціла.

***

Здаравенныя зады, размашыста-квяцістыя спадніцы і безаглядна гучная гамана цыганак у сталічным тралейбусе. А яшчэ ж і няўрымсліва-шчабятлівая чарнамазая малеча. І ўвайшлі ўсім гамузам на прыпынку, і выйшлі потым, на прывакзальнай плошчы, з тым самым бесклапотным гоманам.

А наша сухая, паджарыста-загарэлая вясковая цётка, стоячы побач са мной каля вагоннага акна, уздыхнула:

– Во як! А нам толькі ведай – пашы ды пашы!..

І слова не сваё пра ворыва – цяжкую ды бясконцую працу.

***

Проста бутэлька, невядома ад чаго. Яе, глядзі ты, яшчэ і не адмыеш. А то і з пашкоджаным рыльцам, на пункце не прымуць. Нехта шпурнуў яе понізам або і плазам пакаціў па лёдзе так удала, што ад рачнога берага яна няблізка… А можа, і добрая, што тут здалёк задагадвацца, трэба зірнуць.

Трэба, дык трэба. Пайшоў. Адзін дагэтуль на паркавай дарожцы. І праваліўся, крыху не дайшоўшы да знаходкі, ужо на глыбокім. Аднак, на шчасце, дзірка-палонка ў даўнавата адліжным лёдзе аказалася вузкай ды круглай, толькі каб шухнуць туды старчма. А ён паспеў яшчэ распасцерці рукі, затрымаўся над лёдам галавой і плячыма. І дзіка закрычаў. Стараваты пенсіянер, а можа і бомж які, каму таксама ж хочацца жыць.

Той, што падбег яго ратаваць, маладзейшы, здагадаўся абламаць нізка навіслую галіну дрэва, але на лёдзе яна аказалася закароткай, не даставала да крыкуна, і выратавальнік, прыгнуўшыся, асцярожна пасунуўся нагамі раз, яшчэ і яшчэ раз наперад, падсоўваючы туды і найпершае голле… Ды ўсё ж і ён праваліўся. На шчасце – не на глыбокім.

Над берагам гарадское ракі, над паркавым, яшчэ аснежаным адхонам – вышэй праходзіць аднабокая вуліца з паднебнай градою шматпавярховых дамоў. Яшчэ раз падкрэслю словы на шчасце, – праз акно ў безлічы вокан, што зверху глядзелі на раку і парк, нехта “спасёны”, як сказала б мая маці, заўважыў тапельцаў, пазваніў у хуткую дапамогу, яшчэ лепш – пажарнікам.

Мокрых, азяблых, смяротна перапалоханых выцягнулі на бераг (пажарнікі), узялі ў цяпло спецыяльнай машыны (медыкі) і паімчалі туды, дзе ратуюць далей.

Людзі, якіх тым часам паспела крыху сабрацца, спакваля, гамонячы, разышліся.

Не зусім. Бо калі я стомлена дайшоў сюды і прысеў на падсохлай за сонечна-ветраны дзень выгоднай лаўцы, на другім баку асфальтаванай алейкі, бліжэй да ракі, яшчэ стаялі дзве пажылыя жанчыны, трэба думаць, не ўсё дагаварыўшы. Потым адна з іх развіталася і пайшла ў свой бок, а другая накіравалася да мяне.

– Не прастудзіцеся, яна ж халодная, – сказала пра лаўку, нібы замест прывітання. І расказала, зусім незнаёмая, пра ўсё здарэнне. Нават прапанавала перайсці туды, дзе яны толькі што стаялі, і паглядзець уніз, на лёд.

Дзве нястрашныя зводдаль палонкі, ужо зацягнутыя лядовай крошкай. Тая галіна, што аказалася закароткай. А так – праплешыны шэрага, наздраватага лёду, а бліжэй да стрыжня – адкрытая вада, без толку і патрэбы ў пачатку лютага развяснелай ракі.

Пустое бутэлькі на лёдзе не было, – думай, што хочаш.

Яшчэ слухаючы гаманкую жанчыну, падумалася: а што каб гэта я нагадзіўся на першага крыкуна раней за таго, што з галінай, каб гэта мне, амаль бездапаможна цяжкаму ў доўгім кажусе, з непаслухмянымі нагамі, з ходу прыйшлося выбіраць паміж ганьбай страху, “разумнага разліку”і адчаем абавязку?..

***

Накінуліся на мяне за падкрэсліванне на палях чытаных кніжак то алоўкам, а то і шарыкавай ручкай, за такое іх забруджванне.

Спачатку я, забыўшыся, што ў гэтым мне даволі шчодра, нават з выразным падкрэсліваннем радкоў, дапамагалі студэнты, і свае, і кватаранткі-пляменніцы ды іхнія сяброўкі, апраўдваўся тым, што раблю гэта ўсё ж такі далікатна, амаль заўсёды алоўкам ды без націску, што такое падкрэсліванне ўваходзіць у маю работу, – дапамагае знаходзіць потым патрэбнае, што хочацца перачытаць або працытаваць у нататках.

А мог бы дадаць, што мне яшчэ і прыемна бывае сустрэцца з такімі паметкамі на палях, калі нешта з патрэбы або з ахвоты перачытваю праз сорак, трыццаць, дваццаць, а то і праз нейкіх дзесяць гадоў, прыймаючы як новае.

***

Славутыя словы Тургенева пра родную мову ніхто, наколькі мне помніцца, ніколі нацыяналізмам не называў. Яны толькі намі, беларусамі, згадваюцца часамі іранічна, з горкім падтэкстам, з болем даўно ды глыбока пакрыўджанай меншасці, якую ў гэтым крыўдзяць і цяпер, далей…

***

Русіфікацыя пад выглядам другое дзяржаўнае мовы – па праву двухгаловасці і надалей імперскага арла.

***

“Белорусский писатель, пишущий на русском языке”. Гэта якраз тое, чаго не толькі для нашай літаратуры, але і для ўсяго народа дамагаецца сучасная ўлада.

***

Пасля цікавай, шматлюднай сустрэчы з моладдзю ў Купалавым музеі – “Кніжны клуб ТБМ”, – падумалася, што вертыкальныя культурнікі, трэба думаць, ужо даўно мяркуюць, як гэта знайсці спосаб больш падкантроліць нашы музеі, як падкантролілі Дом літаратара, у планавым заціску нацыянальнага, народнага, называючы яго толькі апазіцыйным, бэнээфаўскім, а то і фашысцкім…

Ох, хаця б не накаркаць!..

***

Галоўны рускі камуніст з крывой усмешкай радасці гаварыў днямі на каляровым экране, як гэта будзе добра, калі аб’яднаюцца Расія, “независимая Украина и самобытная Белоруссия”… Яшчэ не аб’ядналіся, а ўжо толькі самабытная. У складзе Расіі?..

***

Дык жа не ў адных нас, беларусаў, такая бядота з роднаю мовай. Вось прачытаў у татарскім квартальніку “Байрам” (1999 г., выпуск 2) пра курдаў у Турцыі:

“Улады вырашылі на тэрыторыі Малой Азіі склеіць усе этнічныя групы ў адзін турэцкі народ… Улады не ўлічылі, што адзін з гэтых народаў – курды – маюць уласную культуру, сваю мову. Улады вырашылі, што курды павінны быць туркамі і ўсё. Або наогул не павінны быць”.

На колькі гэта разлічана? І ў рускіх з намі таксама ж.

А жыць жа трэба!..

***

Нашы глядзелі ў купалаўцаў “Тутэйшых”, а потым задаволена здзіўляліся, як рэагуе на спектакль зала, поўная моладзі, – і сцягі, і воклічы.

А потым я пачуў і смешнае. На спектаклі па “Раскіданым гняздзе” (у рускім тэатры – па-беларуску!), калі са сцэны пачулася: “Чаго сядзіце? Бацька павесіўся!”, моладзь грымнула смехам і воплескамі.

А яшчэ крыху пазней пачуў, што тое “чаго сядзіце?” і далейшае ў Купалавым тэксце… знята. Ці па загаду адных, ці з асцярогі або са страху ў другіх.

***

Па радыё “Свабода”, у нядаўняй Дубаўцовай “Вострай Браме” – слушная думка пра нашу нацыянальную культурную эліту, якую трэба рупліва ствараць ды ахоўваць, як народны скарб, падмурак самастойнасці. Ён спасылаецца на польскага спецыяліста па Беларусі, прозвішча якога я на слых не ўлавіў. А дадаў бы яшчэ і прыказку: “Najgorzej to, jak się dziady zaczną chlebem bić”. А мы гэта ўмеем, і маладыя, і старэйшыя, даводзячы кожны толькі сваё.

***

Студзеньская “Rzeczpospolita”, святочны дадатак “+ Plus - Minus”, фраг-менты з дзённіка Анны Кавальскай:

“4. XI. 61. Żukrowski dixit. Broniewski chory na raka gardła otrzymał w Lecz-nicy od ministra kosz z sokiem pomarańczowym. Powiedział: Mam wszystko. Niech pan minister pośle to ode mnie Kornackemu do więzienia”.

Ежы Карнацкі быў арыштаваны два месяцы перад гэтым. У яго забралі дзённікі. Кавальская трывожылася, што гэта пашкодзіць многім, каго ён там згадвае. І яе, і Карнацкага я, на жаль, не ведаю бліжэй. Мне толькі роднасна бліснуў здалёк Бранеўскі, – мужным характарам, звонкімі вершамі…

***

У Ластоўскага каменаклёў – майстар па выклёўванні надпісаў на валунах.

Перакладчык з лацінскай мовы Шатон да месца і дасціпна карыстаецца словам святуля.

А ў Макаля – таксама ўпершыню сустрэтае – безвач.

***

Дзябёла-пануры дыктар ледзь не ўдушыўся словам фан-ду-мен-та-ліст, пераможна ўзяўшы яго з другога прыступу ды іменна ў такім гучанні.

…Даволі культурны каментатар стараецца ажно так: “Вера, надзея і каханне”. Як не ведаючы, што гэта ж яшчэ і імёны, дзе трэцяе – Люба, Любося, Любоў.

…Замест бізнесмэн у нашых рупліўцаў пра роднае слова ёсць двухмоўны новатвор – бізнесовец. Не меней штучнае і вясковец, замест спрадвечна-традыцыйнага, проста-прыемнага селянін. Нават і радыёперадача такая: “Для вяскоўцаў і пра вяскоўцаў” – зубное цаўканне кожную раніцу.

…Маладая дыктарка дробна ды ясненька чытае перакладзенае іншымі: “З-за гэтага каштавала туды паехаць”. У сэнсе рускага стоило.

…Зрэшты, і ў сталічнага карэспандэнта “Свабоды” неяк пачулася: “Тады яму апранулі кайданкі”. А потым – яшчэ лепш, ажно боязна, што можна і не паверыць: “Ён апрануў боты”… Усё роўна ж ад аднаго надевать.

***

Увосень 1988-га, на адным з трыумфальных мінскіх канцэртаў Данчыка, у перапынку да мяне падыйшоў малады мужчына, сказаў, што ён вясковы настаўнік, сын Пятра Конюха, нядаўна быў у яго ў Канадзе. “Бацька вас памятае”, – дадаў з прасцяцка-шчырай усмешкай. А пра Данчыка пахваліўся, што з бацькам яны сябры, што Данчыку той памагаў ставіць голас.

“За польскім часам”, як у нас гаворыцца і сёння, з Пятром у мяне нейкай большай блізкасці не было. Ён нашмат старэйшы за мяне, хоць такая розніца ва ўзросце не перашкаджала мне сябраваць з некаторымі іншымі старэйшымі хлопцамі ў нашым мястэчку Турэц, аднак яны былі “кніжнікі”, чым Конюх, помніцца, асабліва не вызначаўся. Аднак я паслаў яму сваю новую кнігу “Ад сяўбы да жніва”, атрымаўшы ў яго сімпатычнага сына адрас.

Ці гэта таму, што Канада ўсё-такі далекавата, а мы ўжо былі старыя і тады, ён на дзевятым, а я на восьмым дзесятку, а з перапіскай не вельмі спяшаліся, наш кантакт наладжваўся з вялікімі паўзамі. Кнігу паслаў я напрадвесні, ён напісаў мне пад восень. І прыемна было, што наш славуты ў замежжы спявак піша… ну, земляку-пісьменніку, што паміж намі, людзьмі роднай культуры, нарэшце пачынаецца нейкая лучнасць. Трохі дзіўным, нават і смешным здалося тое, што ў пісьмо, напісанае дастаткова прыстойна па-беларуску, была ўкладзена дваццацідоларавая купюрына. Але ж і прыемна было, што там, у Новым свеце, мяне крыху ведаюць. Пятро спасылаўся на Вітаўта Тумаша, “каторы напісаў некалькі кніг аб Ф. Скарыне”, а да таго яшчэ “ён твае кнігі выкупліваў у савецкім магазіне ў Нью-Ёрку і многім беларусам высылаў…”

Пасля пэўнай паўзы я паслаў Пятру і альбом пра мяне, надпісаўшы, што гэта – “напамін пра нашы родныя мясціны”. Пасля ў Пятра была спроба пабудаваць сабе домік у родных мясцінах, і ён цераз сына звярнуўся да мяне па магчымую дапамогу. Я пачаў варушыцца, але, як неўзабаве аказалася, дарма, – неразбярыха старая змяшалася з новай… А тады наступіла яшчэ даўжэйшая паўза – да некралогу ў заакіянскім “Беларусе”, падпісаным яшчэ адным земляком, маладзейшым за нас абодвух, Янкам Запруднікам, Сяргеем Вільчыцкім з Міра.

Дарэчы, у некралозе адна істотная недакладнасць. “У Італіі ён апынуўся, – піша Запруднік пра Конюха, – як шмат хто з колішняй Заходняй Беларусі, што былі ў 1940 – 1941 вывезены ў Сібір, праз маршрут Іран – Ірак – Палестына ды паходы польскай арміі генерала Андэрса”. Пятро Конюх не быў вывезены, ён дасканаліўся ў расійскім Ржэве на ільнаводчых курсах, жыў там адзін, без жонкі і дзетак, дзе і застала яго вайна. Як былы польскі жолнеж, здаецца, нават і капраль, трапіў да Андэрса, ну і гэтак далей. Я змалку ведаў гэту сям’ю. У школу хадзіў разам з Пятровым братам і сястрою, мой брат служыў у польскім даваенным войску з Пятром, які пасля ажаніўся з адной з маіх школьных сябровак. З ёю я сустракаўся ў пасляваенны, нялёгкі ў яе, бязмужны час. Бачыў і сына іхняга, ужо студэнта, што на “гулянні” ў нашым вясковым клубе ахвотна і хораша іграў на акардэоне, які яму, як з пашанай гаварылася, славуты бацька прыслаў, здаецца, з Італіі.

Ад некралога спакваля, з лёгкім усмешлівым сумам, у памяці паўтарыліся некаторыя малюнкі школьнага маленства.

Як мы крыкліва-весела назіралі за спартыўнымі спаборніцтвамі пажарных камандаў з розных вёсак гміннага наваколля. Верхам на слізкім бервяне, з мяшком у правай руцэ, на палавіну ці менш напоўненым сенам або саломай, – так збіваюць адзін аднага з бервяна. І ніводзін не мог утрымацца на ім – усіх збіваў дужы ды спраўны Конюх. Найлепш запомніўся мне толькі адзін са збітых. Вузкатвары ды белабрысы дзяцюк з недалёкай вёскі Лядкі, адкуль пасля, ужо ў савецкі час, нястомны ў сваіх фальклорных пошуках Генадзь Цітовіч вывеў у людзі “Лядкаўскую кадрылю”. Сустрэўшыся з тым лядчанінам у партызанах, я ажно засмяяўся міжволі, як быццам зноў убачыўшы той жах на яго кадрыльнай белабрысасці пад сіняй канфедэраткай, у момант горкага падзення з бэлькі на траву…

Успомнілася таксама, як Пятро, для нас, падшыванцаў, быў най-галоўнейшым у нядаўна арганізаваным духавым аркестры пажарнай каманды – гарністам. На кожным з паньствовых святаў ён іграў на сваім горне збор на пачатак урачыстасці. Спачатку, пакуль ён няспешна ды важна зыходзіў з ганка Людовага дома, выходзіў далей на “места”, як называлі тады местачковую плошчу, спыняўся на пагорачку, мы, меншыя школьнікі суправаджалі яго захопленай чарадой. А пасля заміралі ў чаканні, калі ён уздымаў сваю ярка бліскучую трубку да прыкметнай таўстагубасці і – нарэшце! – іграў, заклікаў!..

І такое яшчэ. Не памятаю нават, ці я гэта бачыў ды чуў асабіста, ці ўяўляю з чужое падачы, з таго часу, калі ўжо ў царкву я сам, дастаткова крамольна начытаны, не заходзіў.

Як зноў жа Конюх, Пятро, яшчэ і найлепшы спявак у добра наладжаным царкоўным хоры, выходзіў з кліраса да аналоя, крыху не на самай сярэдзіне паўналюднай, ціхай царквы, і ўрачыста чытаў сваім магутным басам “Апостала”. Рэчытатыў быў такі, што вісюлькі панікадзіла над чытальнікам дрыжалі, гайдаліся і крыштальна пазвоньвалі…

…Улетку 1998-га, калі ў нашых раённых Карэлічах святкавалася двухсотгоддзе Яна Чачота – таксама ж земляка! – Пятро па запісе спяваў нам велічна натхнённую “Магутны Божа”…

***

Што за дурны звычай – хваліць аднаго ў дакор другому, трэцяму, якія тут па сутнасці ні пры чым!.. Нібыта нам цесна побач.

А той, што хваліць, не надта і хавае, не можа схаваць у падтэксце самога сябе. Я, маўляў, з тымі быў, што яго блізка ведалі, што хвалілі яго раней ды больш, чым усе іншыя!..

***

Перачытваю Рэнана, “Жизнь Иисуса”. Спыніўся там, дзе адна простая галілеянка, паслухаўшы маладога прапаведніка Ёсуа (Iosua), у захапленні сказала:

“Блаженно чрево, носившее тебя, и сосцы, питавшие тебя!..”

Мне жыва, сонечна згадалася раскошна лясная вясна 1950 года ў доме творчасці “Каралішчавічы”, тое застолле, калі Танкі святкавалі пяцігоддзе нараджэння сваіх дачушак-блізнят.

Тамадзіў тады яшчэ не стары Міхась Лынькоў, з яго адметным, злёгку духоўна-семінарскім гумарам. Так ён звярнуўся да абаяльна сціплай Танчыхі, таксама ж маладой:

– Любоў Андрэеўна, паколькі вы ўжо не корміце малютак бюстам, то, грэшным дзелам, можа-такі ўзялі б на радасць нам недастойным хоць адну, хоць найменшую чарчыну?..

Адгэтуль прыгадалася, як старэнькая Наталля Арсеньева ў сваім, нядаўна прачытаным мною, “Аўтабіяграфічным нарысе”, надрукаваным у кнізе “Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі”, успамінае:

“Мы вельмі пасябравалі з Танкам і ягонай Любай”.

Гэта – працуючы перад вайной у вілейскай “Сялянскай газеце”. А пазней, вярнуўшыся з казахстанскай ссылкі:

“У Беластоку я адшукала Танка (ён, ня ў прыклад іншым, быў мне нават напісаў ліст у Казахстан, не пабаяўся, за што я была яму вельмі ўдзячная), і той уладзіў мяне на кватэру й на працу ў рэдакцыю газеты”.

Дзе тая Галілея, тая Беларусь, той Казахстан, тая Амерыка, дзе хто пра каго думаў, хто каму быў удзячны… А згадваючы такія “дробязі” – весялей, лягчэй на душы.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія