|
Галіна Тварановіч
Грабарка
І
Дрэвы крыжовыя
карэннем у сэрцы трываляцца,
а растуць на Грабарцы.
Знакамі Веры, Надзеі,
Любові людское абсаджаны Храм.
ІІ
На Грабарцы пра Творцу гавораць
і ліпы, і сосны, і вольхі.
Неспазнанаю сілай святой
прасякнуты кронаў тут рух.
Іхняе сонца – Царква.
Святая Гара – зямны карабель.
2.06. 1997
* * *
Сярод дынарскіх плямён непасрэдна
пасля іхняга прыходу на Балканскі
паўвостраў называецца ў гістарычных
помніках племя драгавічоў.
Паводле Ёвана Цвііча
Разгорнуты лёсы народаў –
укладзены веды, акрэслены шлях.
Гісторыя мусіць патрапіць
падзеі ўцялесніць у час.
Гукае плямёны славянскія
абраная месцам здзяйснення
зямля ў асмужаных далях.
З зялёных азёрных краёў,
па-над прыпяцкіх вод і Дняпра,
уздоўж Віслы, Дунаю
ў мігценне таемных Балкан
спяшае адважна, напорна
асвоіць абсяг абяцаны
русявых драговічаў* гурт.
Сёння сумуе ўслед Беларусь –
сербы, сябры і радня…
------------------------------------------
* Рашаючую ролю ва ўтварэнні беларускага народа адыгралі славянскія плямёны крывічоў, дрыгавічоў (драгавічоў) і радзімічаў.
* * *
Ніне
Дзівосныя колеры, вабныя формы,
чмяліна-пчаліны аркестр
хата рупліва выседжвае,
нібы квактуха сваіх птушанят.
У клубнях прыснулая квецень –
абяцанне цяпла ў мароз –
штуршком адзавецца рукам.
Спеліць вясну пад масніцамі
жанчына вяргіняю-кветкай.
* * *
Сам сабой спазнаны,
ужо ў выбары ты вольны.
Табою не пакрыўджана –
дарма дапытваеш здаля.
Вярнулася наўпрост туды,
дзе мне й належыць быць.
Ад той сябе, што ў спеху
паперад шчасцю забягае,
цвіценне бэзу ды ясміну,
настаў час ратаваць.
Сам сабой спазнаны,
ужо ў выбары ты вольны.
* * *
Дзверы шукаць небяспечна ў сцяне,
за якою цябе ўжо н я м а.
Рака забыцця выхоплівае імкліва
і тутэйшае ў віры свае зглынае,
хоць бы і тупаў цень ўцялеснены побач…
Стань на шляху апошняга кроку –
боль, абыякавы плоці ўладар.
Ратунак.
* * *
Душа ў абалонцы плоці –
сама сабе выпадковасць,
пакуль не адшукана апірышча –
згода добраахвотная
пакутаваць.
* * *
да 12. 12. 1998
Не прапусціць, не зблытаць ані з чым
вывераны час дакладна іспыту –
запісана ад нараджэння быць
праверанай душы на вернасць
таму, пра што адно здагадваешся тут.
Боль абцяжарыць ці аблегчыць плоць?..
Назад альбо ўперад стыхія панясе
бездапаможнага нявольніка выпрабавання?
А пры табе вясло тваё і лодка,
скарб сапраўдны ўвесь з табой.
Апала, што лістота ўвосень,
матэрыя, сабраная быццём.
Вяслуй па бурных водах смела
альбо ідзі, калі ужо навучаны хадзіць,
услед за Тым, Якому шчыра абяцаў
яшчэ пры беразе народзін,
калі дамоўлена было й пра гэты міг і час –
заўжды, паўсюль быць верным абяцаў…
Вывераны час дакладна іспыту.
21. 04. 1999,
першы дзень па Раданіцы
* * *
На выспе міжчасавай –
чалавечага лёсу порамі,
прысела і аглядаю бязмежжа:
за цалікамі цярпення
красуюць півоні і бэз.
Над ганкам высокім хаты
у гуле святочным, пчаліным
заглядаюць у неба гонкія ліпы –
сведкі нашага штодня,
а ён – побач сваю часіну вычэквае…
Няйначай, прыгожы свет хоча яшчэ
праз нас, шчаслівых, папрыгажэць.
22. 02. 1999
* * *
Запрошана была за стол
падчас Успення Багародзіцы Прачыстай,
у ноч, калі Гасподзь сышоў узяць
Душу Яе – немаўля, народжанае
заступніцтвам і ратаваннем свету…
За стол прысела побач з мамай,
павіталася з дзядулем Аляксандрам.
Было тут шмат яшчэ знаёмых,
якіх не бачыла даўно
і нат не думала калі сустрэць.
На роспыты іх гаварыла штосьці
у радасці ад мамінае радасці.
Цякла няспешная размова.
За сваю мяне тут прызнавалі.
Была ўжо я нібыта дома –
побач з мамай дом паўсюль…
Ды ўсё чамусь цясней, шчыльней
плячом ў плячо бяседнікі.
І месца ўжо бракуе мне.
Без ахвоты паднялася, ківаюць строга:
“Адведала радзіну і сяброў,
пагасцявала крыху й досыць.
Ідзі, сядай за і н ш ы стол.
Там чаша-чара ўжо твая сумуе
і верасы твае ліловай хваляй…”
Пайшла. Ў расплюшчаныя вочы
Успенне Багародзіцы
ранкам светлым уставала.
* * *
Падараваны мне ізноў
секунды, хвілі і гадзіны.
На кроснах лёсу час
снуецца мой яшчэ.
Ізноў зямны падворак,
расчынены гасцінна,
прыняць гатовы крок
і шлях – трываць далей.
22.02 1999
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|