|
Дзіна Дудзінская
Вось стану Белым Ветрам
***
Бывае соладка
ісці па расе
у ранішнім лесе…
Бывае соладка
калі нехта
апісвае гэта
трапна-выразна
што чуеш водар і пах…
Бывае –
росныя хвалі
чыёйсьці узнёслай творчасці
нясуць водар майго
асабістага натхнення.
***
Учора Тэрміны, як тэрміты…
Тэрміны, як міны…
Сёння Родны голас па тэлефоне:
“Дзіця, Госпаду давярай!”
Тэрміны, як тэрцэты!
***
Знаёма адтульным
мне падаўся твой
голас утэлефонены –
з-за парога душы,
дзе заканчваецца
яе тутэйшасць –
пачакай, утрымайся…
***
Шчыльная труна
падзей знешніх,
абставін унутраных.
Слухаю,
як забіваюцца
цвікі-дні-мае.
І там, пад
чорным векам,
я яшчэ жывая.
Вось стану
Белым Ветрам
і збягу
праз шчылінку ад
недакладна забітага цвіка.
***
Упершыню сёння плакала
тваёю адсутнасцю.
Цябе мне вельмі не стае.
Уяўленне наперад,
як мне будзе тужліва,
самотна і роспачна,
калі ты гэтак надоўга
пазычыш сябе адлегласці,
бясконца далёкае ад
насамрэч пражывання:
веданне вопытнае
невымерна і невыносна
большае…
***
Ты, што лекі, якія
прымаць трэба
па тры, чатыры разы –
кожны дзень.
І толькі тады
захаваеш сябе ад
хранічнага холаду свету.
***
З ціхай але пякучай
для пачуццяношы
прыязнасцю шлю
пульсарам душы
ў ноасферу
Вашай прасторы
паклоны
і лёгкія
какетлівыя
ці жартаўлівыя
(хто ведае як іх назваць?)
рэверансы…
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|