“Я кварту восені вып’ю…”
Ілжэаповяд пра анты-Еву
Альбіна Сямёнава
Калі б мог быць філіял раю на зямлі, ён месціўся б тут.
Да здзіўлення ўдалая задума натуры, надзіва таленавітае жытло чалавека.
Дзевяціпавярховы будынак на вузкім паску зямлі паміж морам і ракой. І некалькі ўтульных катэджаў.
Урачыстасць жыцця – у неабсяжным восеньскім небе ў залеве зялёнай з золатам лістоты, у шэраватым блакіце мора злева і ледзь бачнай стужкі ракі – з правага боку. Адчувалася нешта ад духоўнага ладу сусвету – не проста фізічная цішыня, а празрыста-звонны спакой мудрае прыроды. Гармонія фарбаў была такая неаспрэчная, што здавалася – сама рука Творцы ўчыніла ўсё гэта. Любасць яго да гэтага ўскрайку лёнду выявілася відавочна, зрокава.
Яна зведала менавіта тут нешта большае нават за шчасце: надзейнае суладдзе з прыродай, людскім атачэннем, з самой сабой.
Яна прыязджала сюды ўжо колькі гадоў. Кожную восень. Калі ўдзень лісце, здавалася, падала на зямлю проста з высокага, яркага неба. Надвячоркам сонца аплывала ледзь не ліпеньскай чырванню, далягляд мройна супадаў з вадой марской затокі. А пазней, калі запальваліся ліхтары, усё выдавала ірэальным, прывідным. Лісце на дрэвах лёгка шапацела, было ўражанне, што гэта не дрэвы нават, нешта трапяткое, няўлоўнае.
Удзень было цёпла, не было яшчэ прымаразкаў і ўначы. Туманы, слота не спяшаліся сюды. І яна не мысліла пра дажджы і мокры снег. Ёй было лёгка і злагадна ў гэтай восені.
Паўз мора на ўзбярэжжы можна было ісці доўга-доўга, не стамляючыся і ні пра што не думаючы. Толькі зазнаючы, як вецер свежыць твар, як лёгка ісці па вільготным, шчытным, зворным пяску, каля самай хвалі прыбою.
Яна нібыта станавілася часткай гэтай восені, жыла, адчуваючы кожны дзень, кожную хвіліну, кожнае імгненне. Асалодна ведаючы цану самых звычайных, будзённых праяў: прачынацца, стаяць пад душам, выходзіць ранкам у лоджыю. Урэшце – уваходзіць у вялізную светлую залу, дзе дзве сцяны былі з суцэльнага шкла. Тут адначасова спалучаліся ўтульнасць жытла і адкрытасць няхатняй прасторы. Памяшканне гэтае, паводле звычаю утылітарна-празаізаванага дваццатага стагоддзя і падкрэсленай пралетарызацыі соцыумаў, у якіх даводзілася існаваць ёй, звалася сталоўкай, але найбольш для яго падышла б назва “трапезніца”, як да іх сняданкаў, полудняў, вячэраў было б дарэчы слова “трапеза”. Не па тым, што і як яны ўжывалі, а па той атмасферы, што існавала тут. Асабліва для яе.
Яна сядзела за адным з апошніх столікаў і амаль не бачыла ні залы, ні людзей у ёй. Глядзела ў сваю восень. Пад вакном тут месціўся невялічкі басейн, у ім з трывучай абыякавасцю знікаючага хараства дажывала свой век апалая лістота.
Nazłociło się liści,
Że koszami wynosić…
Ёй падабалася ўладкаванасць побыту і адначасовая адстароненасць ад яго.
Не было атрутнага занятку: кухарства. Яна ненавідзела рандэлькі, гаршчэчкі, місы. Шкварчэнне катлет на патэльні было гукамі пекла – inferno, хатняя катавальня! Не кажучы пра печыва – тут ужо здавалася, што зробленыя піражкі высмакталі з яе хвіліны, гадзіны – гады! – жыцця. Нямыты посуд уяўляўся варожым войскам – яго хацелася проста пабіць!
Магчыма, такое адчуванне было таму, што, заўсёды занятая на службе, яна хацела ўхапіць якую гадзіну для сябе, застацца сам-насам з мальбертам. Гэта ўдавалася толькі тут, на ўзбярэжжы… Кінуць невялікі, але пэўны заробак яна баялася. З многіх прычын…
Яна любіла кавярні: які-небудзь адметны інтэр’ер, чысты абрус, гжэчна-ўважлівыя афіцыянты…
На сняданак яна не хадзіла – ішла па ўзбярэжжы, дзе-небудзь у Дзінтары піла моцную каву з вяршкамі, купляла на тутэйшым кірмашы яблыкі, у кулінарнай краме – сякія-такія прысмакі. І рыбу – для бадзялых катоў Юрмалы.
Ёй падабалася, што ў тым Доме, дзе жыла яна, прадбачна зладавалі ўсё: утульныя, зручныя пакоі, бібліятэку, хаатычна-выпадковую, але з нечаканымі цікавымі знаходкамі, з абаяльнай бібліятэкаркай, часам – яе кампан’ёнкай за кубкам кавы або келіхам шампані. Гэтыя напоі можна было ўжываць у бары – насупраць сталоўкі. Завітаць туды не забаранялася і адной – гэта таксама ўваходзіла ў непазначаны статус мясцовых зносін. Яна любіла, сеўшы за столік, глядзець на ўтравелы пагорак-дзюну, у які ўпіралася вакно бара, а недзе ўверсе высіліся ружаватыя ствалы соснаў і пышныя шаты-вярхоллі. І ўгадвалася мора.
І ёй прыходзіла на думку, што ў яе родным краі ўзгорак абавязкова прыбралі б, адчынілі “від на мора”. І нешта ў непадробнасці і натуральнасці пейзажа было б непапраўна страчана.
Як нешта зрушылася б у яе настроі, калі б яна пачала тут хадзіць у кіно або глядзець тэлевізар.
Яна аберагала сваю адзіноту. Хацела жыць толькі ўражаннямі восені. Прачынацца з імі. Мець асалоду цэлы дзень. Засынаць з імі. Бачыць іх у сне.
Ісці ў гэтую восень з эцюднікам. Шпацыраваць па парку каля Дома, па лесапарку, па ўзбярэжжы, ідучы ўбок Асары; там амаль нікога не было. Дзе-небудзь яна надоўга прыпынялася і пераносіла гэтую восень на палатно. Яна не занатоўвала пэўныя пэйзажы, не прадумвала кампазіцыю, цалкам аддавалася волі ўражання, настрою, уздзеянню фарбаў, пахаў. Мройлівае адчуванне восені – яно перавандроўвала на палатно і паперу.
Яна ведала, што пасля чарговай выставы будуць гаварыць і пісаць: таленавіта, але занадта камерна, непраяўлена, мройна-туманна. Па-за часам. Амаль што па-за рэальнай прасторай.
Аднак яна ўпарта ставіла ля сцяны кардоны і палотны, дзе былі россыпы восеньскага лісця, мора – шэрае, сіняе, сіня-белае, зеленкавата-аквамарынавае, жаўтавата-шэрае. І зноў – неба, мора, паласа ўздоўж берага, што прыцягвала сваёй незразумелай таемнай сілай: лес, дзюны, пясок, трывожна-малінавы захад сонца.
Ёй хацелася працаваць тут. І не з прычыны таго, што, акрамя тых, добразычліва-ўзнёслых, спагадліва-фанабэрлівых водгукаў, былі і іншыя: адчуваецца філасофскі грунт, зусім не хатняга, пакаёвага кшталту, ёсць лірыка, аднак прысутнічае і думка. Проста ёй было неабходна выявіць, пазначыць у канкрэтыцы фарбаў свой настрой, увасобіць у выявах гэты восеньскі гіпноз.
Для яе існавала толькі гэтая восень. Гэты бераг. Гэтае мора. Гэты будынак на пагорку.
Непадалёк быў Дом мастакоў. Аднак яна кіравалася звычна сюды. Каб існаваць адстаронена, засяроджана, на самоце. Хаця атачэнне Дома адчувала заўсёды. Атмасферу яго. Дзеля таго ёй не былі патрэбны асабістыя стасункі.
Гэтай парою сюды зазвычай прыязджалі адны і тыя ж людзі. Для кожнага, мабыць, восень у тамтэйшым кутку мела сваю акрасу.
Яна загадзя ведала, што сустрэне знакамітую перакладчыцу, сухаватую, высокую, без пячаткі свайго ўзросту, але з адбіткам існасці тых, творы каго яна перастварала з мовы на мову. Ведала, што сустрэне разумнага, іранічнага эста, што як добры дамавік атабарыўся тут. Чытаць яго – а нават у перакладах адчувалася непадробнасць яго голасу – было такім жа неад’емным заняткам у той восені, як ездзіць на вечарыны пры свечках у горад, каб паслухаць вершы на незнаёма-прыцягальнай мове аўтара “Эпіфаній” і “Курземітэ” ў выкананні самога паэта.
Увогуле паэты любілі гэты куток. Прыязджалі з таго горада, для якога ніхто і ніколі не шкадаваў высокіх назоваў: паўночная Пальміра, паўночная Венецыя, град Пятра… З’яўляўся з эстонскага горада Пярну, куды яго занеслі жыццёвыя пуцявіны, славуты масквіч. Рушылі сюды знакамітыя і менш вядомыя барды і менестрэлі. Журналісты. Акторы. Рэжысёры. Празаікі і перакладчыкі. Проста людзі, якім імпанавала аўра гэтага Дома. Такою, “міжсезоннай” парой.
Атмасфера гэтага Дома была неад’емнай часткай яе восені. Яна віталася са сталымі гасцямі Дома, абменьвалася нейкімі словамі з суседзямі за сталом, віталася кіўком галавы з тымі, хто сядзеў паблізу. Аднак – яны былі неаддзельныя і неабходныя ў яе восені. Кожны сам-насам са сваімі высокімі турботамі. І – былі нібыта пейзане на якой выяве: неабходныя для кампазіцыі, сюжэта, можа, для галоўнай задумы: аднак недзе на другім плане. У залаціста-зялёнай восені і цішыні.
Неяк з агульнай кампазіцыі, звычайнай і звыклай, вылучылася адна постаць. Неўпрыкмет з’явіўся чалавек з тварам, на які ёй хацелася глядзець. Нават не ўсведамляючы гэтага, яна заўважала яго каля мора, на вуліцах, у бары, у сталоўцы. Высветлілася – яны жывуць на адным паверсе. Ён пачаў вітацца з ёю – лёгкі паклон моўчкі.
Ёй падабаўся яго твар – нешта ад старажытнага ваяра, нешта – ад асветнікаў пачатку дваццатага стагоддзя. Падабалася, што ён вітаецца з ёю без слоў, у лепшых традыцыях гэтага Дома. Хаця тут былі гаваркія хаўрусы, якія шумліва, тлумна ўладкоўваліся за доўгімі сталамі пасярод залы. Тыя людзі таксама падабаліся ёй – здалёк. Яны не перашкаджалі існаваць яе зацішы.
Здавалася, час спыніўся. Так і будуць ісці дзень пры дні празрыста-святочныя будзённыя святы. І заўсёды яна будзе бачыць халаднавата-строгі твар мужчыны.
Яна не чакала ды і наўрад ці хацела, каб ён падышоў да яе, распачаў гаворку. З усімі насельнікамі Дома, у тым ліку з прадстаўнікамі моцнай палавіны роду чалавечага, у яе быў наладжаны стыль адносін прыязны і адстаронены.
Калі яна з’явілася тут першым разам, дык адчувала пошум цікаўнасці тутэйшых бывальцаў. Пазней эст-дамавік у гаворцы за кубкам кавы ў бары хітравата згадаў: спрачаліся, – ці маладая паэтэса, ці чыя дачка. Жанкі назіралі – завядзе раман ці не? Яна не здаволіла іх цікаўнасці: дваццаць шэсць дзён і начэй на самоце. Не ведала – ці расчаравала наконт “маладой” і “дачкі”, але ўсё гэта не мела для яе значэння. Тады яна ўпершыню адчула выратавальную, гаючую абранасць гэтай мясціны. Восеньскай асалоднай адзіноты.
Пазней, калі ўзнікалі “прапазіцыі”, яна ператварала захады патэнцыяльных кавалераў у жарт, а тыя, у асноўным занятыя працай за пісьмовым сталом, былі не супраць лёгкай інтрыжкі, аднак губляць час на доўгія заляцанні не збіраліся. Усё вярталася “на кругі свае”. Яна заставалася ў сваёй непарушнай кастэлі раўнавагі.
Ёй падабалася, што яна ўсё загадзя ведала пра сваё жыхарства ў восені. Як яна сядзе ў вагон з блакітнымі канапкамі, возьме ў горадзе таксоўку, прыедзе ў свой Дом…
Яна загадзя ведала, што, акрамя тых шумлівых гуртоў і заўсёднікаў-бывальцаў, абавязкова будуць прысутнічаць вальяжныя літаратурныя дамы і якая-небудзь з іх, дэманструючы сваю дасведчанасць і добрае стаўленне да “гэтых беларусаў”, прыліпне з пытаннем: “Скажыце, калі ласка, Уладзімір Караткевіч – геній ці не?”
Яна загадзя ведала, як сімпатычная доктарка, паслухаўшы і агледзеўшы яе, пагодзіцца з яе раскладам дня і не стане прапісваць працэдуры: “Гуляйце. І ў слоту таксама. Няма кепскага надвор’я. Ёсць кепскае адзенне”.
Яна была загадзя пэўная, што афіцыянткі – Надзя або Хельгі – знойдуць ёй месца за адным з улюбёных сталоў: тварам у восень і з людзьмі занятымі. Барані Божа трапіць у ласкавыя цянёты жонкі занятага мужа!
…Увогуле тут можна было пазбегнуць непажаданых асабістых кантактаў. Аднак існавала месца, дзе размінуцца было немагчыма: ліфт.
Яе выспартаванасці хапала на тое, каб ім амаль што не карыстацца. Аднак дзевяты паверх часам уводзіў у спакусу: адно імгненне – і ты на сваім гарышчы.
Адноечы ў шчыльна замкнёнай прасторы ліфта апынуліся яна і адна з мясцовых дам біблейскага ўзросту – і ў апошні момант у ліфт заскочыў ён: мужчына з тварам вікінга. Дама была з тых, што прыязджалі сюды на некалькі тэрмінаў, прыхапіўшы ўвесь гардэроб, дэманстравалі шыкоўныя штучныя зубы, натуральныя кляйноты і – мелі схільнасць да французкай парфумы, паэтаў срэбранага веку, а таксама кавалераў, што не мінулі яшчэ рамантычнай пары жыцця.
Нечакана дама капрызліва-млявым голасам шэмізеткі прадэкламавала, свідруючы позіркам мужчыну:
Королева играла
В башне замка Шопена…
Дама відавочна замысліла будоўлю паветрана-мройнага палаца, з радкоў Севяраніна, іскрыстага бляску каменняў на пярсцёнках і замглёных поглядаў. Падобна, гэта асоба не адчувала, што пыл часу – не самы лепшы падмурак для збудавання, нават калі гэта паветраны замак.
Пакуль мужчына з тварам вікінга раздумваў, як яму, не пакрыўдзіўшы, зрабіць выгляд, што ён не падтрымлівае высілкаў дамы, яна, гледзячы на даму і падпарадкоўваючыся выключна нечаму падсвядомаму, рашуча разбурыла першыя зладаванні:
И под звуки Шопена
Полюбил её паж… –
і выслізнула з ліфта.
“Вельмі вам удзячны”, – пачула за спіной голас мужчыны з тварам вікінга.
…Назаўтра пасля выпадку ў ліфце яна вырашыла выправіцца ў горад: пахадзіць па старых вулках, завітаць у крамы, можа, набыць білет на канцэрт у знакамітай бажніцы.
Упершыню за ўвесь час, што яна бавіла тут, апранула не світэр і штроксы, а сукенку, плашч, боты на высокім абцасе. Яна зрабіла гэта інстынктыўна. Але ж інстынкт, падсвядомасць падказвалі ёй і гэта: трэба пазбегнуць сустрэчы з ім – яе раўнавага была відавочна пад пагрозай. Першае, пра што яна падумала, прачнуўшыся: дзе цяпер ён.
Цэнтр горада яна ведала няблага, але звычайна прыпынялася ў скверы насупраць вакзала, каб удакладніць маршрут па схеме горада.
– Збіраецеся заваёўваць горад? Але я ўжо прынёс ключы ад брамы, – пачула яна за сваёй спіной. Гаварылі па-руску, з ледзь чутным акцэнтам.
Ён!
Яшчэ не азірнулася, не паглядзела, не ўбачыла – аднак ведала пэўна: ён.
– Бяру даніну хараством, – усё яшчэ не гледзячы на яго, расцягваючы словы, адказала яна.
– А за вялікадушнасць – Вам частка даніны, – ён стаў на адно калена і працягнуў ружу – колеру золаку.
– “Я кварту восені вып’ю…” – распеўна згадала яна, узяўшы ружу.
І яны пайшлі скверам, не зважаючы на позіркі здзіўленых гараджан, якія спяшаліся па сваіх справах і не разумелі таго, што тут адбывалася. Будзённы дзень, раніца, восень – пара размеркаванага парадку дня, дзелавых сустрэч, цвярозых рашэнняў.
Гэтыя двое парушалі спланаваны пейзаж darba diena. Што за выявы ў духу Вато? Ружа! Кавалер!
Неўзабаве яны сышлі з поля зроку занятых людзей. Выправіліся на спатканне з забудаванай прасторай – як на спатканне з жывой істотай. Хадзілі па вузенькіх вулках старога горада, і яна распавядала пра таго самага беларускага рыцара літаратуры, пра якога пыталася маскоўская літаратарка, пра рамантыка і рэаліста, пра тое, як ён любіў гэты горад, хадзіў па бясконцых Пілс-йела і збіраўся пажартаваць тут з самой пані смерці: хіба можна каго знайсці ў лабірынце бясконцых Замкавых вулак?! Іранічны рамантык…
Новы знаёмы вёў гаворку пра “Сагу аб Фрыцьёфе” і пра яе аўтара, Эсайяса Тэгнера, пра тое, што збіраецца рабіць фільм. Праўда, яшчэ не вырашыў: толькі пра вікінга Фрыцьёфа ці, паралельна, пра аўтара сагі: паэта, вучонага, святара. Яе спадарожнік распавядаў пра ягоны, Тэгнеравы, і свой край – Швецыю, расказваў аб радзіме сваёй маці – Лапландыі.
Потым яны яшчэ вялі гаворку. Пра што – не мела значэння. Чыталі вершы: ён – па-шведску, яна – па-беларуску, і разумелі адно аднаго. Заходзілі ў нейкія кавярні, трапілі на выставу мастакоў…
Наступным днём выправіліся ў Тукумс, які нагадваў ёй горад яе дзяцінства, а яму – яго. Потым – у Сігулду, і абодвум здавалася, што яны ў царстве сапраўднага, дзе кожны з іх чуў галоўную мелодыю свайго жыцця. Трапілі яшчэ ў Рунсдале, прыгожы палац, збудаваны Растрэлі – на пляскатым, што блін, зямельным масіве.
Шпацыравалі ў бок Асары па ўзбярэжжы. Часам яна брала алоўкі і блакнот, ён кінакамеру або фотаапарат.
Яна затэлефанавала на працу і купіла пуцёўку яшчэ на цэлы тэрмін. А ён меўся быць тут ледзь не да самых Каляд.
Яны блукалі па ўзбярэжжы… І яна ведала, што ён таксама адчувае свята восені. Як і яна…
Пра спатканні не дамаўляліся, ён ведаў, што раніцай сустрэне яе, яна была ўпэўненая, што заўтра ўбачыць яго.
…Нейкім вечарам, толькі што развітаўшыся з ім, яна пачула стук у дзверы. Гэта быў ён. Яна не здзівілася. Так і павінна быць. І дарагое віно, і банбаньерка з цукеркамі – усё зразумела. Ну, не піва ж будуць ужываць абраннікі восені: толькі гэтае старажытнае, вытворнае ад вінаграднай лазы – лятарослі віннай. Ад віна патыхае сонцам, зямлёй, вясковай прасторай… Чуецца водар даўніны, чар мелодый патаемных сустрэч, угадваюцца фарбы дыстынктоўных гасцяванняў.
Ён прынёс нават прыгожыя келіхі – гэта яна таксама ўспрыняла як належнае: ну, не з гранёных жа шклянак піць такое віно…
Яны вялі гаворку – і словы зноў не мелі значэння. Часам яна ўлоўлівала нейкую канкрэтнасць, рэальнасць фактаў у прамоўленым ім.
“Мая сястра доўга жыла ў Італіі. Там аддаюць перавагу чырвонаму віну”.
“У Эсайяса Тэгнера я знайшоў цікавы ліст…”
“Мне падабаецца тут сыр. З кменам”.
Ёй здавалася, што яна чуе не толькі ягоны голас, але і гукі мелодый (Моцарта? Глюка?), вызнае нейкія мройныя таямнічыя знакі – не інакш як з самых высокіх сфер.
І выразна-будзённы, настойлівы стук у дзверы падаўся ёй несправядлівым глупствам, нечым нелагічным, недарэчным, як дробат барабана падчас самага спеўнага арпеджыё арфы.
Гэта была аматарка паэзаў Севяраніна:
– У вас няма кіпяцільніка?
– Не. У мяне тэрмас з кавай.
– Даруйце.
Дама імкнулася праслізнуць з калідорчыка ў пакой, але яна не запрашала суседку прайсці.
Праз некалькі хвілін аматарка паэзаў зноў пастукала ў дзверы:
– Ці не разжывуся на дымедрол?
– На бяссоніцу не пакутую. Наша доктарка раіць на такія выпадкі доўгія шпацыры.
Суседка знікла.
Ён засмяяўся:
– Паліцыя маралі.
– Мабыць. Мясцовыя дабрахоты.
– Ну, сёння яна павінна ўжо супакоіцца.
– Наўрад. Вы кепска ведаеце жанчын…
– Трапная заўвага, – ён уважліва паглядзеў на гаспадыню пакоя і пачаў неахвотна развітвацца.
Яна ж, хаця і злавалася на суседку, не мела пэўнасці, што вечар сапсаваны. Хутчэй – адкладзены. І наперадзе – вечары, калі рэальнасць аказваецца большым цудам, як самы чароўны сон.
Спала яна моцна і прачнулася вельмі рана, з адчуваннем радасці. Яна бачыла і хацела ведаць толькі колер світанку сустрэчы. Пра фарбы фіналу не хацела згадваць.
Пра гэтыя фарбы ёй нагадаў твар жанчыны ў ліфце. Вядомая журналістка, яна летась такою ж парой гасцявала тут. З маладым, прыгожым чалавекам. Была яна вытанчана-элегантная, шчаслівая. Гэтым годам шчаслівая каханка прыгажуна не страціла сваёй зграбнасці і пекнаты, але журналістку нібыта попелам пасыпалі… Шэраватая, як нежывая…
Адна…
А шведскі вікінг сёння з’ехаў у горад, папярэдзіў загадзя.
Яна прайшла звычна ўзбярэжжам у Дзінтары, выпіла кавы, доўга хадзіла паркам у Булдуры…
Да вячэры яна збіралася доўга, зрабіла некалькі выразных штрыхоў на твары: стрэлкі каля вачэй, ледзь заўважны тон на павекі… Паглядзела на сябе ўважліва ў люстэрка – здаецца, праходкі пайшлі ёй на карысць…
…Народу ў сталоўцы было мала – ці яшчэ збіраліся, ці вячэралі ў іншых месцах.
Яго не было…
Яна спакойна паднялася да сябе ў нумар. Села ў крэсла.
Вечар падлічваў хвіліны. Спакойна, мерна. Хвіліны нябачна пераўтвараліся ў гадзіны. Восем… Дзевяць… Дзесяць… Цішыня цяжка насоўвалася на яе. Адзінаццаць гадзін, поўнач, гадзіна апоўначы…
Урэшце яна накіравалася ў ванную і ўстала пад душ. Вада супакойліва цурчэла, у мыла быў водар вясны, шампунь ператвараўся ў пену. А што, калі ўзяць ды падысці да яго дзвярей; пастукаць… А другой гадзіне ночы? “Женщина, ваше величество, как вы явились сюда?” Не. “Учитесь властвовать собою”!
Яна ціха і сціпла пойдзе спаць.
Яна старанна раскладвае канапу. Старанна адкусвае яблык. Чамусьці п’е каву. Кладзецца ў ложак – і бачыць, як халаднавата пабліскваюць шыбы вокнаў, стыне абыякавай канкрэтыкай стол.
Яна добра ведае гэтае катаванне чаканнем. Стрэлкі гадзінніка як замарожаныя. Усе рэчы зрабіліся варожымі: бясспрэчныя сведкі няславы расстання. Аграмадны пісьмовы стол, крэслы…
Яна ўстае і выходзіць у лоджыю. Застылыя дрэвы, цёмныя вокны дамоў, пустыя сцежкі парка, пустыя тратуары – нібыта куток іншай планеты…
Рэальныя рэчы страчваюць сапраўдныя абрысы…
…Яна стаіць вельмі доўга, ні пра што не думаючы…
Потым рашуча зноў накіроўваецца ў душ, пускае халодную ваду, доўга стаіць пад ледзянымі стругамі.
Апранаецца, старанна зашпільваючы ўсе гузікі, акуратна завязвае вузел хустачкі на шыі. І таксама акуратна, педантычна пачынае збіраць рэчы.
Урэшце прыходзіць раніца. Ясная, чыстая, дабрамысная.
Яна спускаецца да мора, кідае рытуальную манетку і выпраўляецца ў Маёры, па таксоўку. Не, яна не аддасць свой зямны рай. Каб потым вяртацца сюды з шэрым, пашэрхлым тварам, маркоціцца ўспамінамі… Яна вернецца да цвярозай яснасці адзіноты і незалежнасці. Да высакароднага холаду адстароненасці.
Яна аддае ключы адміністратарцы, нешта мармычучы пра нечаканыя абставіны.
…Таксоўка мякка рушыць з месца.
На перакрыжаванні дарогі каля Дзінтары яна бачыць высокага мужчыну з цэлым бярэмем белых і чырвоных ружаў. Гэтага мужчыну яна пазнала б сярод тысячы.
– Спыніцеся! – сутаргава хапае яна кіроўцу машыны за рукаво, – і тут жа рашуча дадае. – Не! Едзем!
Яшчэ крыху – і яны выязджаюць на шашу.
“Ружы… У псіхолагаў гэта завецца: цукеркава-кветкавы перыяд,” – яна ўважліва глядзіць, як кіроўца машыны вырульвае на шашу.
Яе восень засталася там. На ўзбярэжжы. Разам з высокім мужчынам з тварам вікінга…
Як гэта?
Wypiję kwartę jеsieni,
Do parku pustego wrócę,
Na zimną, ciemną ziemię
Pod jasny księżyc się rzucę.
…Месяца не было. Узышло сонца. Лічыльнік акуратна адстукваў кіламетры. Неўзабаве – вакзал.
“Я кварту восені вып’ю…”
З цыкла “Genius saeculi”