БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 

ТЭРМАПІЛЫ НА СТАРОНКАХ КАМУНІКАТУ

 
ТЭРМАПІЛЫ. Літаратурна-мастацкі часопіс N* 3 / 2000 г.

Мутанты

Мікола Сянкевіч

Не зважаючы на даволі ранні час, людзей на пляжы было многа. Калі глядзець з маста ўніз на вузкую пясчаную касу – суцэльны паркет з чалавечых спінаў. Мікола, аднак, не губляў надзеі знайсці больш зацішнае месца. Ён мінуў кладку, перасек адзін астравок, уброд дабраўся да наступнага. Вось яно, тое месца. Некалі выратаваў тут васьмігадовага хлопчыка, убярог чалавечае жыццё. За паўтара дзесятка гадоў як падраслі алешыны!

Людзей на астраўку было няшмат. Мікола трохі паблукаў уздоўж прыбярэжных кустоў, стараючыся не перашкаджаць маладым парам, што хаваліся ад людскога вока, выбраў месца ля самай вады. Але няўдала. Праз некалькі хвілін пачуўся нечый перасыпаны лаянкай аповед, за ім рогат. Кампанія хлопцаў з розніцаю ва ўзросце гадоў у пяць-шэсць уладкоўвалася непадалёку. Мянушкі – звярталіся па мянушках – здаліся знаёмымі. Мікола без асаблівых намаганняў пазнаў двух старэйшых: Найчук і Прыбытак, па-другому – Райкін і Лялік. Астатнія, зусім яшчэ падлеткі, былі незнаёмымі. Не дзіўна. Дзесяць гадоў назад, калі Мікола працаваў настаўнікам у прыгараднай вёсцы, яны, пэўна, у кароткіх штоніках пыл па вуліцы ганялі, а вось прозвішчы павадыроў у памяці заселі. Каторы вышэйшы, прыемны на выгляд, і ёсць Лялік. Да непрыстойнасці прыгожы твар, васільковыя вочы, ямачкі на пухлаватых шчоках, лёгкі румянец на далікатнай скуры, пры ўсім тым, настаўнікі лічылі святымі дні, калі Ляліка не было ў школе. Утварыўшы чарговую пакасць, ён нахабна ўсміхаўся ў твар даведзенага да апошняй мяжы чалавечага абурэння і гневу настаўніка. Пры гэтым адчуваў найвялікшае задавальненне ад разгубленасці і бездапаможнасці педагога. Прыйсці нападпітку, ікаць праз кожную хвіліну, кідаць неўпапад бязглуздыя рэплікі – усё гэта былі самыя звычайныя выхадкі былога вучня.

Райкін тады вучыўся толькі ў шостым. Малюзга малюзгой. Шыя доўгая, вушы адтапыраныя, бы нехта кулькі ўставіў па баках галавы. З’яўляўся ў школу ў адным і тым жа рудым свідры навырост, пракураны і неахайны. Баяліся яго, бадай што, адны пачаткоўцы. Прайсці міма малога і не даць яму пстрычку – такое было не ў звычцы Райкіна. Задзіра, ён нярэдка сам атрымліваў ад старэйшых. Не скардзіўся, зносіў усё моўчкі і яшчэ з большай жорсткасцю калаціў меншых і слабейшых. У размове з настаўнікамі Райкін зацята маўчаў, зыркаў з-пад ілба калючымі вачыма затраўленага ваўчаняці. Мікола Зіновіч, на той час малады настаўнік-стажор марна стараўся адагрэць хлопца. Аднойчы папрасіў застацца для шчырай гутаркі. А ў адказ: “Не застануся! Хоць забіце!” Так і не пераканаў вучня ў чыстасардэчнасці сваіх намераў. Найчукова “хоць забіце!” крыўдай і шкадаваннем адазвалася ў душы маладога педагога. “Відаць, нямала табе дастаецца, – падумаў настаўнік. – Столькі нянавісці да ўсіх, столькі азлобленасці…” Адкуль было брацца той дабрыні. Рос без бацькі. У сям’і яшчэ двое малодшых. Маці – вядомая ў акрузе сваімі далёка не цнатлівымі паводзінамі Райка. У доме бруд, чужыя мужчыны. Малога спачатку ахрысцілі Генікам Райчыным, а пасля проста Райкіным. Праз Ляліка Райкін сышоўся з мясцовай хеўрай. І пайшло-пакацілася. Дзіцячы пакой міліцыі, школа-інтэрнат, умоўная судзімасць…

Адпрацаваўшы належны тэрмін у школе, Мікола – а ён не адчуваў у сабе вялікіх педагагічных здольнасцей – уладкаваўся на працу ў газету, абзавёўся сям’ёю, паваяваўшы, атрымаў кватэру і, прызнацца, не часта ўспамінаў райкіных ды лялікаў. І вось такая непажаданая сустрэча…

Лялік амаль не змяніўся. Мо трохі папаўнеў. На твары тая ж задаволенасць і замілаванасць сабою. Лязо да гэтага часу па-сапраўднаму не датыкалася да прыпухлага падбародка. Найчук, відаць па ўсім, толькі што зволіўся з войска – у джынсах, але ў форменнай кашулі.

– Так і ёсць. Тады яму было трынаццаць. Якраз восьмы год пайшоў, – прыкінуў Мікола. Было заўважна, як літаральна заглядваюць у рот малодшыя свайму куміру. Нібы той з другой планеты вярнуўся. А ён трымае дыстанцыю. Адным “салагам” налівае толькі на самае дно, другім не налівае зусім – замнога гонару. І яны, пятнаццацігадовыя, па-халуйску смяюцца з кожнага прымітыўнага жарту ўчарашняга байца.

У які раз закурылі, і Райкін, ён прыкурваў апошнім, шпурнуў карабок з запалкамі ў кусты.

– Белы, да мяне! – Райкін лыпнуў вачыма на белабрысага падлетка. Той падышоў, нясмела выпрастаўся.

– Прынесці! – загадаў Райкін.

Бялявы на хвіліну завагаўся.

– Аглух? Не разумееш, што табе бацька кажа? – павольна выцадзіў Лялік.

Хлопец, угнуўшыся, пабрыў за карабком, падабраў яго, вярнуўся і кінуў на траву.

– Не так, – паблажліва павучаў Райкін. – Туды і назад бягом. На поўную сілу. Не дабягаючы пяці метраў пераходзіш на страявы крок і дакладваеш: “Таварыш Райкін! Ваш загад выкананы!”

Райкін зноў шпурнуў карабок у кусты.

Бялявы подбегам паўтарыў папярэдні шлях, сумеўшыся, прыклаў руку да скроні:

– Таварыш Райкін!..

– Дурак! – перабіў яго Райкін. – І чаму цябе толькі ў школе вучылі? Да пустой галавы рука не прыкладваецца. Паўторым яшчэ раз.

За чацвёртым разам настаўнік застаўся задаволеным.

– Вучыць вас, салажню, трэба. Некалі дзякаваць будзеце. Гэта я яшчэ так… пойдзеце праз тры гады служыць, там вам хутка мазгі ўставяць!.. Цяпер грэй! – успомніў Райкін яшчэ адзін “дзедаўскі” ўрок і выставіў перад самым носам вучня кулак.

– Трэба падысці, з усяе моцы трэснуцца ілбом аб кулак і падзякаваць дзядулю за навуку, – падказаў Лялік.

На гэтым заняткі закончыліся, і падлеткі, якія ўсё ж добра струхнулі, былі велікадушна дапушчаны да картачнай гульні.

Міколу стала не па сабе. Ён ведаў, што цяпер доўга не зможа супакоіцца. Бязглуздыя выхадкі падпітага нягодніка міжволі абудзілі ланцуг успамінаў. Памяць настойліва вяртала ў тую зіму…

Пэўна, адзіны са свайго прызыву Мікола не зрабіў дэмбельскага альбома. Пачаў было. Але розум заўпарціўся: навошта? Добрае яно і так запомніцца. Але побач з ім было многа бруду, глумлення над чалавечай годнасцю, пачварнага і нізкага. Дахаты Мікола вярнуўся без рэгалій, усе значкі раздарыў малодшым сябрам, праўда, камсамольскі, на закрутцы, усё ж пакінуў сабе.

Семнаццаць гадоў прайшло, палова ягонага жыцця. І ўсе гэтыя семнаццаць гадоў ён не можа глядзець фільмы і тэлеперадачы на вайсковыя тэмы.

Райкін – нікчэмнасць. Але колькі людзей страцілі веру ў справядлівасць за час ягонага “дзедаўства”!.. Для колькіх падараванае Богам жыццё ператварылася ў жывёльнае існаванне… Як цяжка было потым аклямацца адным, і з якой жорсткасцю паўтаралі ўрокі сваіх папярэднікаў другія.

Адслужыўшы, Мікола вярнуўся на свой курс універсітэта. Калі выкладчык часам называў яго на “вы”, хлопец адыходзіў убок і азіраўся, яму здавалася, што звяртаюцца да некага іншага, хто стаіць за спіною, а не да яго.

Адна за адной паўставалі ў памяці Міколы постаці “дзядоў” узору канца сямідзесятых. Хаця асабліва крыўдаваць на лёс і не выпадала. Іншым перападала куды больш. Можа, Міколава бяда ў тым, што ўспрымаў ён усю дурноту бліжэй да душы.

“Вучэбка”, вучэбнае падраздзяленне, як тады казалі, адзінае месца ва ўсіх узброеных сілах, дзе поўнасцю выконваецца вайсковы статут. Яны – васемнаццацігадовыя навабранцы. Пашанцавала ім. Камандзір аддзялення за паўгода да звальнення “забіў на службу”, пачаў рыхтавацца да “дэмбеля”. Больш за ўсё Пятроўскі – так яго звалі – клапаціўся пра нервовую сістэму. Прачнуўшыся, ён у помачах доўга прагульваўся па роце, няспешна галіўся складной брытваю, якую перад тым доўга вастрыў. Пятроўскі здаваўся самым цывільным чалавекам у казарме. Падначаленыя па чарзе глянцавалі таварышу старэйшаму сяржанту боты, дакладвалі штовечар, колькі дзён засталося да “дэмбеля” і, дачакаўшыся, калі камандзір засне – ні ў якім разе не раней – укрывалі яго паверх коўдры яшчэ двума шынялямі. Сваю просьбу ў надзвычай тактоўнай форме Пятроўскі не забываў паўтараць перад кожным адбоем. Яшчэ ён любіў чытаць, і кожную нядзелю два-тры курсанты, атрымаўшы адпаведны інструктаж, вышуквалі на стэлажах кнігі, якія б маглі задаволіць эстэтычны густ камандзіра.

Малодшы сяржант Койпаш, камандзір другога аддзялення, быў поўнай супрацьлегласцю Пятроўскаму. Сутулы, вышэй сярэдняга росту. Нейкі сінюшны і вузкаплечы. Ногі настолькі доўгія, што, здавалася, папруга перацягвае гімнасцёрку недзе пад самымі лапаткамі. Койпаш увесь час мітусіўся, загадваў, лямантаваў, налева і направа раздаваў зубатычыны.

– Што, курсанцік, служба мёдам здалася? Дык я табе дакажу, што гэта не так! – верашчаў ён.

Біў Койпаш па-жаночаму, з шырокім размахам, адкрытай даланёю і, амаль заўсёды, па твары. Гваздануць бы такога пад дыхавіцу. Але ж паспрабуй.

Горш за ўсё на палігоне. Дзень, калі ў раскладзе заняткаў стаяла ваджэнне баявых машын, быў чорным днём для ўсіх, хто ведаў тэхніку на адлегласці. Да слова сказаць, у вайсковым білеце аднаго курсанта значылася нават “артыст эстрады”. Калі механік, хвалюючыся, замест другой хуткасці ўключаў чацвёртую, у час начнога ваджэння збіваўся з маршруту, не мог выбрацца з абледзянелага супрацьтанкавага рова, глушыў рухавік на пад’ёме, своечасова не дабавіўшы абаротаў, – усё гэта для яго канчалася блага. Жах апаноўваў бедалагу. Нервовы інструктар не прамінаў прабрацца ў адсек механіка і садануць абцасам – так лягчэй дацягнуцца – між лапатак, або надаваць грымакоў у патыліцу. Нават і шлемафон не ўратуе. А каму паскардзішся?! Сведкаў не было. Ды і ў твар не бачыш таго, хто “вучыць”. Круцішся, тузаеш рычагі і чакаеш удара ззаду.

Другія паўгода службы прайшлі ў лінейным падраздзяленні.

Не, не спяшаецца памяць пазбавіцца ад непатрэбнага друзу. Мурдаян, Мірзаян, Маскалёў… Колькі іх было!..

Радавы Мурдаян. Кандыдат у майстры па боксу. Шырокія пакатыя плечы, сціснутыя вузкаватай гімнасцёркай, бычыная шыя. Твар не помніўся, мо па той прычыне, што “гвардзейцы” баяліся падняць вочы на гэтую гару. Кулак у Мурдаяна быў зубаскрышальны. Палову службы правёў кандыдат у майстры на “губе”, а мо і большую палову. Але аднойчы… Аднойчы радавы Мурдаян быў прызначаны старэйшым на земляныя работы. Цяжка сказаць, з якой нагоды закарцела яму “атрымаць ачко”. Мо зарабляў звальненне, мо хацеў загладзіць грахі перад ротным.

Мурдаян пастроіў асабовы састаў, за выключэннем сяржантаў і стараслужачых. Па-расейску ён амаль не размаўляў:

– Паўгадзіна пахаеце, пасля дзесяць хвілін аддыхаць! Зразумела?

Дзе толькі браліся сілы?! (Рота рыхтавала пляцоўку для пасадкі верталётаў). Рыдлёўкі мігцелі шпарчэй, чым у фільмах пра першыя пяцігодкі. Калі рух запавольваўся, Мурдаян клікаў да сябе перапалоханага на смерць “гвардзейца”, браў яго за гузік і знішчальна глядзеў у твар. Гэтага было дастаткова.

– Падай! – камандаваў Мурдаян праз паўгадзіны. Паўтара дзесятка разгарачоных потных целаў падалі на зямлю, цяжка дыхаючы. Дзесяць хвілін адпачынку праляталі імгненна.

Камандзір роты, калі прыехаў пад вечар ад здзіўлення схапіўся за галаву. Чатырохдзённая норма была выканана за дзень. Стомленыя салдаты ледзьве ўскараскаліся, памагаючы адзін аднаму, у кузаў аўтамабіля. Абышлося без тумакоў. І ўсё ж іх сталёвую моц Міколу адчуць давялося, і па сёняшні дзень, калі расхвалюецца, у вушшу звініць.

Неяк раніцой – рота тады праходзіла вучэнні, – ідучы да возера ўмывацца, Мурдаян успомніў, што забыў у палатцы ручнік. Першым, хто трапіў яму пад руку, быў радавы Зіновіч.

– Адзін мінута, – паказаў Мурдаян на гадзіннік.

Калі малады салдат вяртаўся з ручніком, галінка вербалозу балюча секанула па вачах. Набегла сляза. Мікола, не думаючы, інстынктыўна даткнуўся ражком чужога ручніка да твару. Што было потым – успамінаць цяжка. Мурдаян заўважыў небывалую дзёрзкасць. Куды ўцячэш? Ногі не слухаліся, халадзела ў грудзях – ахвяра набліжалася да месца расплаты.

Прытомнасць вярнулася да Зіновіча хвілін праз дзесяць.

Яфрэйтар Маскалёў… Нізкарослы, прамы. Магутны мясісты шнобель на невыразным твары. Рота едзе на палігон. Маскалёў прабіраецца да лаўкі, дзе прыціснуліся адзін да другога навабранцы, косіць вочы на кабіну (там сядзіць ротны) і нязграбнымі, але дастаткова моцнымі ўдарамі пачынае нізаць у твар маладога салдата, выпускніка універсітэта:

– Маўчыш два месяцы! Думаеш, разумнейшы за іншых? Дык вось табе! Вось табе! (Зыркае на кабіну). Атрымоўвай! Атрымоўвай! Распусцілі вас, “салаг”!..

Дванаццатая гадзіна ночы. Стомлены “баец” засынае раней, чым галава датыкаецца да падушкі. Кавалак паперы між пальцаў ног. Агонь апякае скуру. Атракцыён “палаючы знішчальнік” атрымаўся. Нічога не разумеючы, бядак скочваецца з другога яруса, разгублены зыркае па баках.

– Нешта прыснілася? – як ні ў чым не бывала цікавіцца Маскалёў.

Плылі і плылі балючыя і прыкрыя ўспаміны.

Адкуль брала пачатак гэтае дзікунства ў тых дзевятнаццаці-дваццацігадовых? – пытаў у сябе Зіновіч. – Яны ж не глядзелі ні “Рэмба”, ні яшчэ чаго “круцейшага”. І толькі нямногіх з іх напаткаў лёс Райкіна. Адкуль яна, мутацыя здаровай чалавечай душы, найпершае прызванне якой – любіць? А зараз вось гэтая гульня ў “дзядоў”… Ніводная гульня не мае такіх жорсткіх правілаў. У пяцідзесятыя – бацька расказваў – такога не было. Адкуль гэтае, даведзенае да абсурду, самалюбаванне?.. Нельга маладым заходзіць у пакой для ўмывання, калі там “дзяды”. Нельга часта мыць гімнасцёркі, бо інакш цяжка будзе адрозніць “дзеда” ад “салагі”. Нельга выканаць практыкаванні на “выдатна”, калі ў “дзеда” “тройка”. І яшчэ нельга, і яшчэ… Цэлы кодэкс забаронаў – жорсткіх, бесчалавечных, неразумных. Але пачынаецца ўсё значна раней, ой як раней. Прыгадалася, як на мінулым тыдні здзівіла дачка, прыйшоўшы са школы:

– Тата! Сёння ў нас цікава было! Аднаму хлопчыку сем гадоў адзначалі. Мы па чарзе яму жадалі ўсяго. Вера Іванаўна папрасіла, каб шчыра, што думаеш, тое і гавары. А Марынка кажа: “Жадаю, каб ён праваліўся”. Было так смешна!

Дзіцячая шчырасць, ад якой ніякавата.

З цяжкай галавою вяртаўся Зіновіч да аўтобуснага прыпынку. Людскі паркет на пясчанай касе стаў яшчэ шчыльней. То там, то тут купкі адпачываючых выпівалі і закусвалі на капах пад парасонамі. Малыя чатырох-пяці гадоў сядзелі на каленях у мілавідных паўнеючых матуль. Успомнілася – “сябруюць сем’ямі”…

Па аўтобусным прыпынку вецер перакідаў шматкі засаленай паперы. Мікола ўціснуўся ў перапоўнены аўтобус.

– Мамачка! Прыбяры гэтых людзей, яны мне на ногі наступаюць, – істэрычна енчыў чырванашчокі бутуз гадоў пяці. – Я іх зараз усіх павыкідваю!

Ехаць заставалася яшчэ чатыры прыпынкі.


Публікуецца на сайце з ласкавай згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"

 

УВЕРХ


   Dzied Talasz

Беларуская Інтэрнэт- Бібліятэка КАМУНІКАТ
kamunikat@poczta.onet.pl
Інфармацыйная падтрымка - Беларуская Рэдакцыя Радыё Палёнія