|
Анатоль Вярцінскі
Крок за крокам,
або ўрокі рускай мовы
Паводле кнігі ўспамінаў пра Саюз
Беларускіх Патрыётаў, што выйшла
ў выдавецтве “Наша ніва”.
Яшчэ раз перачытаў
гаркотныя ўспаміны і развагі,
якія склалі кнігу “Гарт”
(другая назва “Прысягнулі Беларусі”),
і падумаў, што самы кароткі пераказ
яе асноўнага зместу,
а заадно і самая лаканічная
рэцэнзія на яе
могуць быць пададзены
наступным чынам:
Уварваўшыся падчас урока ў клас,
дырэктар загадаў усім выйсці на калідор,
пастроіцца ў лінейку
і грозна скамандаваў:
“Кто не желает заниматься
на русском языке –
шаг вперёд!”
Мы дружна зрабілі крок наперад –
наш апошні добраахвотны крок.
Потым… Потым з’явіліся
узброеныя людзі,
сталі правяраць дакументы
і безапеляцыйна – злавесным тонам
прапанавалі: “Пройдемьте с нами!”
Мы мусілі пайсці з імі,
мусілі зрабіць першы панявольны крок.
Першы крок.
Першы ўрок.
Урок рускай мовы…
Ведучы нас па вуліцы,
Канвойныя папярэджвалі:
“Не останавливаться!
Не смотреть по сторонам!”
Мы спатыкаліся,
мы з цяжкасцю перастаўлялі ногі,
але, вядома, не спыняліся,
але, вядома, неяк крочылі.
Крок за крокам.
Урок за ўрокам.
Урокі рускай мовы…
На этапах, на перасылках
нам часам дазвалялі спыніцца.
Але тут мы чулі:
“Не спать! Стоять по стойке смирно!”
Альбо: “А ну встать!”
І яшчэ гучалі знявагі, лаянка, мат.
Крок за крокам.
Урок за ўрокам.
Урокі ўсё той жа мовы…
Цягам усяго таго шляху
нас суправаджала яшчэ пагроза:
“Шаг вправо, шаг влево –
считаю побегом
и стреляю без предупреждения!”
Мы не збочвалі
ні направа, ні налева,
мы крочылі прама,
“прямо в светлое будущее”.
Крок за крокам.
Урок за ўрокам…
Хаця – не.
Мусім аддаць належнае
некаторым гулагаўцам,
тым, што светлую будучыню нам,
сябрам Саюза Беларускіх Патрыётаў,
не абяцалі, а казалі адкрыта:
“Здесь вам не исправительный лагерь,
а лагерь карательный.
Вас привезли сюда карать,
а не воспитывать”.
І яшчэ ўдакладнялі з прастатой,
вартай лепшага ўжывання:
“У вас теперь две дороги.
Вот сюда – сквозь проволку, – на работу,
А вон туда, за сопку, – с биркой на левой ноге”.
Вось так мы і хадзілі,
так мы і крочылі:
на працу – правай, правай!
за сопку, у магілы, – левай, левай!
Крок за крокам.
Урок за ўрокам.
Урокі ўсё той жа мовы.
Той мовы, якую класік назваў
“вялікай, праўдзівай і свабоднай”
і пра якую сказаў,
што яна была для яго
“падтрымкай і апорай
у дні сумненняў і цяжкога роздуму
пра лёс яго радзімы”.
Так, мабыць, сапраўды
была для рускага класіка
менавіта такой яна,
сапраўды вялікая, магутная і праўдзівая,
насамрэч цудоўная руская мова.
Але якім бокам паварочвалася,
чым рабілася яна
для нас, беларусаў,
для нас, сяброў
Саюза Беларускіх Патрыётаў,
для нашай Радзімы?
Яна рабілася прыладай гвалту,
мусіла быць на службе
гвалтаўнікоў і катаў.
Крок за крокам.
Урок за ўрокам…
Адно ўдакладненне
Васілю Гроднікаву, аўтару артыкула
“Асцярожна: “пятая калона”!”
Дзякуй, калега, за публікацыю!
За мужнасць, за мудрасць, за ясную рацыю.
Цудоўна пішаш ў сваіх Мазалях
пра беларускі цярністы шлях.
Думаеш добра, пішаш плённа…
Значыць, “пятая калона”?
Нажаль, такая існуе.
Але… Тут ёсць адно “але”.
Тут трэба зрабіць удакладненне
наконт яе месца і наймення.
Калі меркаваць, што наша “пятая” –
не класічная, агульнапрынятая,
у франкісцкім сэнсе яе, –
а мае адметнасці свае;
што наша сябе не канспіруе,
не маскіруе – адкрыта шчыруе,
уголас свой абвяшчае намер:
“Назад у імперскі СССР!”
Калі мець на ўвазе, што наша “пятая”
грыміць па тэле і па радыё,
тут манеўруе звідна да цямна,
то, мабыць, не пятая яна?
Калі мець на ўвазе яе дыспазіцыю,
яе амбіцыю і амуніцыю,
то, зноў жа, пытанне паўстае,
ці слушна “пятай” зваць яе?
Яна не пятая ў нас, а першая…
На гэтым мог бы і скончыць верш я.
Ды вось міжволі да нябёс
я вочы з малітваю узнёс:
“Памажы нам, Божа Прасветлы,
справіцца з калонай гэтай.
Ну, а з астанімі чатырмя
справіцца, можа, краіна сама.
Справіцца можа…
Памажы, Божа!”
Чытаю Гарэцкіх
Чытаю Гарэцкіх.
Максіма. Гаўрылу. Радзіма…
Вось дзіўнае дзіва!
Чытаю Гарэцкіх.
Гаўрылу. Радзіма. Максіма…
Вось слова! Вось сіла!
Чытаю Гарэцкіх.
Радзіма. Максіма. Гаўрылу…
Божа, памілуй.
Чытаю Гарэцкіх.
Тут лучацца слова і дзея.
Чытаю Гарэцкіх.
Тут нашыя боль і надзея.
Чытаю Гарэцкіх.
Тут нашыя сёння і ўчора.
Чытаю Гарэцкіх.
Тут нашыя радасць і гора.
Чытаю Гарэцкіх.
Максіма. Гаўрылу. Радзіма…
Гучаць трыадзіна!
З кнігі “Асобныя радкі”
Беларускі шлях
Беларускі шлях.
Пыл і пот,
стогн і страх.
Колаў скрып у каляіне.
Птушкі посвіст на каліне.
Гацім гаць:
“Га-а-а-х!..”
Беларускі шлях.
Бліскавіц
зіг-заг.
Неба сінь ды хлеб надзённы.
Хто вядзе, а хто вядзёны?
Гацім гаць:
“Га-а-а-х..!
Пытанні
А Марк Аўрэлій “не еврей ли”?
А грады марэнныя – не канцарагенныя?
А беларусы высокай пробы – не русафобы?
А той, хто гаворыць на мове чыстай, – не нацыяналісты?
І гэтак далей.
Вось дык пераможцы
Скажыце, з якой гэта пары
слывуць пераможцамі махляры?
Трыумфатарамі – фальсіфікатары?
Ліха іх матары…
Просьба да аднаго вядомага сацыёлага
Так, павучальныя ўсе твае выбаркі.
Справу тваю лічу карыснай.
Але папулісцкія трукі і выбрыкі
не называй, калі ласка, харызмай.
Аднаму так званаму народнаму пісьменніку
Ты кляўся раней, што служыш Айчыне,
што служыш народу ды ідэі.
Што з гучнымі клятвамі тымі? Дзе яны?
Ты спраўна служыш зграі злачыннай.
З нагоды адной пісьменніцкай заявы
Між падпісантаў я ўбачыў нат
калегу па прозвішчу Ганад.
Звыклая справа – свой манкурт.
Але каб быў манкуртам курд?
Гэта штось новенькае… Гэта –
і сапраўды сканчэнне света.
Вось дык святасць
“Інтэграсты” не пасуюць.
“Федэрасты” прагрэсуюць.
Учора адзін з кампаніі той
справу сваю назваў .. святой.
На свеце хапае розных уладаў,
але каб святой называлі здраду…
Пытанне да Радзімы
З трывогай пытаюся у Радзімы:
“Твой хлеб надзённы – не хлеб адзіны?
Ды хай і адзіны нават, але ж
не хлебам адзіным ты жывеш?
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|