|
Ян Чыквін
БЕМОЛЬ СЯДНЁВА
1
Восень паліць прастору і час мой гарыць.
На дабранач смерць ужо налівае віно:
Як бы вечар апоўдні папоўз па двары,
Бачыш толькі сябе, а далей – ні душы не відно.
Восень кладзецца гаркотай на сэрца тужліва:
На двары позні Рым пад сінім небам айчыны.
Заўсходні чалавек, красы староннік найзвычайны,
Я чую, як шумяць бярозы родныя санскрытам ратавальным.
2
Ноч у імгле і дзень у тумане –
ліхаманкавы вобраз падзей і мыслення,
пераблытаны лёсы, людзі і звенні
у кроплі жыцця, мне дараванай.
А наводдаль, здаецца, светлае кола быцця.
І па крузе тым светлым там ходзіць
сам Хрыстос – там два сонцы мігцяць.
Я іду ўсцяж жыцця нібы злодзей.
* * *
У Дубічы штогод прыходзіла вясна.
Глядзела маці на усход, а бацька спазіраў на захад:
Што ж будзе з намі сёння і што будзе потым ды пасля?
І кожны ўсхліп вясны для іх быў радасна-нярады.
А мы, пакінуўшы ў кутках сваю дзіцячую бяду,
Ляцелі босыя, схапіўшы са стала якую лусту хлеба,
Шчаслівыя, як гусі, з крыкам на ваду,
Ў святлістую купель пад дахам звышагромністага неба.
Нібы вугольчыкі гарачыя, прыроды чуйны голас,
Мы беглі нацянькі і бегла з намі ўсё наўкола.
Штогод у Дубічы зыходзіла цяпло.
І цёплы гул з палёў ішоў да самага парога.
Было адно жыццё паўсюль, і ведала сяло,
Што акрамя жыцця на свеце больш няма нічога.
* * *
Яна ляжала ў забыцці,
І свет з вакна глядзеў на маці,
Як час павольна кропляй капаў,
Быццам вада канчалася у хаце,
І душа цела не хацела сцерагчы.
Ці маці памерлая ўспомніць
Жыццё, што не ведае ўводзін,
І што над ёю акруглае сонца
Ззяла як воблік Гасподзен?
Яна не ўспомніць не можа
Імгненна і прагна пражыты
Палёт свой над спеючым жытам
У трапятанні трывожным.
Успомніць – і станецца кветкай мурожнай.
* * *
Зноў на магіле бацькоў вясна:
на жывой кветцы жывая пчала,
па траве маладой паўзе жук-таўсцяк,
вечны пясок нейк здрадліва нагрэты,
а болей нічога туды, углыб, не відаць.
Яны ж праз надмагільныя партрэты
на неўміручы свет усё яшчэ глядзяць,
і ён глядзіць яшчэ на іх, такіх жывых, дваіх,
стрымаўшы сонца вечнае ў вачах.
О гэта боская формула жыцця,
што не ўмяшчаецца ні ў чалавечы дух,
ні ў логас мудрых кніг!
Можа хоць ім яна азорыцца на міг.
ПАЎНОЧНЫ ПЕЙЗАЖ
Сонца ледзь кругліцца.
Ідзем абы ісці
па неспадзеўных выкрутах дзён
у няведамай напрамнасці.
Табе не матуліцца,
мне – не татуліцца.
З двух бакоў для нас
той самы гарызонт відзён,
падпёрты каменя ілбом.
* * *
Прагнасць жыць паўсюль. Але дні грукочуць
цяжка, нібы па вясковым бруку
фуры, што вязуць каменне з поля.
Вырвацца адсюль. Аднак душа і хоча і не хоча
слухаць і не слухаць сэрца здрадны грукат,
вольнай быць-не быць у мурох сваёй няволі.
Збегчы – а куды? Здарылася ж жыць на ўзбочыне
шляху дзікіх гусей і бетховенскіх гукаў,
загорнутым толькі ў свае кляновыя далоні.
НАСІЛЬШЧЫК АМФАРЫ
Далёкае дваццатае сталецце!
Яно як сон, якога немагчыма расказаць,
Ці як вада распырсканая, што з вышыні пральецца
На камень дзікі воляю нябёс.
Яно было жыццём маім. Яго я нёс
Ў сабе, як ў амфары каштоўнае віно
Нясуць, пасудзіну трымаючы за вушы,
Абачліва, каб не надта боўталася там яно.
Шлях доўгі – і ўсё менш пітва у збане,
Ды і само начынне ў трэшчынах маршчын:
Вось, вось сухое дно на дне прагляне;
Але ж ідзеш, нясеш і сябе трымаеш ў змане,
Што не паспее высахнуць яно ўсё і ўцячы,
Што будзе доўгае, яшчэ з віном, вяртанне.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня "Белавежа"
|