У ВОГНІВЕ ДУХУ ПАЭТА
Галіна
Тварановіч
Адляцеў у вечнасць з заакеанскага Глен
Кова на пачатку імглістага лютага, ужо новага тысячагоддзя, яшчэ адзін спакутаваны
птах з беларускага буслінага выраю. Пакінуў у высокім небе свайго лёсу над роднай
краінай, якая “вачыма сінімі” “між Захадам і Ўсходам” прарасла, агністы лёт, магутны
размах крылаў...
Сутнасць жа гэтага лёту, сваё жыццёвае
крэда Масей Сяднёў дакладна, як відно зараз, выказаў яшчэ ў сакавіку 1985 года,
тлумачачы назоў адной са сваіх паэтычных кніг: “Ачышчэньне агнём” азначае ачышчэньне
духу, душы праз самую-ж духоўнасць, праз высокую
духоўнасць, праз чысьціню яе, праз а
г н і с- т а с ц ь духоўнага пачатку, праз в о г н і в а закладзенай у чалавеку любові, сапраўднай, бескампраміснай, няпрымірнай
да скверны любові. Тут адкідаецца вядомае “агнём і мячом”. Тут замілаванасьць, закаханасьць.
Тут тая блакітная вышыня, што над намі, што атуляе нас. Тут споведзь, як ачышчэньне,
і слова, як дзеяньне”.
Вернасць доўгацярплівай, міласэрнай
любові, што не зайздросціць, не ўзносіцца, не ганарыцца, а ўсё пакрывае з вераю
і надзеяй, любові, якою трымаецца чалавечы свет, была пацверджана Масеем Сяднёвым
на сцежцы шматпакутнага біблейнага Іова, якою наканавана было прайсці шмат каму,
ды нямногім далося вытрымаць знішчальныя, брутальныя іспыты, ацалець і сабраць багаты
ўнутраны плён.
Напрыканцы ХІХ стагоддзя знакаміты
Мацей Бурачок у своеасаблівым нацыянальным маніфесце беларусаў, этапнай прадмове
да “Дудкі беларускай” пісаў: “Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная,
як і другім добрым людцам... Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі!”
О, балючая актуальнасць запавету Францішка Багушэвіча... Колькі сіл, часта найлепшых,
выдаткавана ўжо ў барацьбе за роднае матчына слова! Тых сіл, што мусілі быць укладзены
ў разгортванне найперш унутраных магчымасцей, выяўленне творчай, чалавечай асабовасці.
І тым даражэйшы прарыў у “блакітную вышыню” Масея Сяднёва, выразная унікальнасць
аўтарскага слова да “Ачышчэння агнём”. Гаворка ідзе, як у выпадку Мацея Бурачка,
ужо пра вопратку не душы, а – духу. Сапраўднае мастацтва – вогненная купіна, незгаральная
і неапаляльная, агонь, які ачышчае ды не спапяляе. Верш для Сяднёва – акт тварэння
новага свету праз няспыннае духоўнае ўзыходжанне. Такое сцвярджэнне Масеем Сяднёвым
прыярытэту духоўнага пачатку ў мастацтве слова бачыцца бадай што новай кропкай адліку
ў развіцці сучаснай беларускай паэзіі. Так, і ён, Масей Сяднёў – у заўсёдным змаганні
за родную мову і яму неймаверна баліць: “Я цэлае сваё жыццё аддаў слову.// Дзеля
яго пакутаваў за кратамі.// На алтар слова склаў ахвяры.// І як жа балюча ўсведамляць,//
што яно цяпер непатрэбнае. (...)”. Але ж боль не засланяе даляглядаў, дзе ўладарыць
“а г н і с т а с ь ц ь духоўнага пачатку”. Паэт ужо значатку творчага шляху спасцігнуў,
што па самым вялікім рахунку – ён свабодны, і ў менскай вязніцы, і на Калыме, бо
валодае скарбам, якога не адняць у яго нікому: “І не бойцеся тых, што забіваюць
цела, а душу не могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і цела загубіць
у геенне” (Евангелле ад Мацвея 10:23). Ратуе
“в о г н і в а закладзенай у чалавеку
любові”. А прыватнае, рознапланавая канкрэтыка соцыуму набываюць быційную значнасць,
арганізуюцца ў жывую мастацкую мадэль пры ўмове, калі аўтар шчыры, паслядоўны найперш
светапоглядна.
За апошняе дзесяцігоддзе зроблены значныя
захады ў асэнсаванні ролі і месца Масея Сяднёва ў беларускай літаратуры як паэта
і празаіка, як асобы, але ж яго багатая творчая спадчына, безумоўна, чакае новых
разглядаў, інтэрпрэтацый. Відавочна, пішуцца ўжо ці будуць неўзабаве напісаны ўспаміны,
рэфлексіі пра Масея Сяднёва як чалавека, дарадцу, суразмоўцу, бо за некалькі ягоных
адведзін Беларусі сабралася вакол яго значная сябрына, кола верных прыхільнікаў.
Творы Масея Сяднёва, надрукаваныя на
пачатку 90-х гадоў у “ЛіМе”, “Полымі”, “Крыніцы” і іншых выданнях, аказаліся нечаканасцю
для многіх, а асабіста для мяне – проста ашаламляльным адкрыццём, у прыватнасці
верш-прызнанне
Як зачыніліся за мною дзверы
турмы, душой як занямог,
усёй сардэчнай сілай верыць
я стаў, што ёсць на свеце Бог.
Агонь святы, агонь таемны
мне веру ўліў, пазнаць мне дапамог,
што ўсім зямным і ўсім надземным
валодае адвеку толькі Бог.
Няхай прабачыць мне магутны,
што верыць я раней не мог.
О так. Я грэшнік, раб пакутны,
я прад Табою на каленях, Бог.
Карай мяне за ўсе мае хімеры
і дай глядзець на Твой святы парог.
Пазбаў жыцця, а толькі веру
Табе, усемагутны Бог.
Чым, як не сведчаннем абуджанага ўнутранага
зроку, відушчасці душы, якая пераадолела, узнялася над знешняй парадаксальнасцю
хрысціянства (сіла – у слабасці, набытак праз страту, “каго люблю, таго караю”...),
душы, якая знайшла надзейнае апірышча ў суладдзі з вечнай, існай субстанцыяй, –
быў гэты верш?! І менавіта глыбокі яго сэнс стаўся штуршком, што насмеліў мяне папытацца
ў Масея Сяднёва пра суадносіны ў яго творчасці душэўнага і духоўнага...
Убіраўся ў сілу кастрычнік 92-га года
і восеньскі вецер разам з аджылым сухім лісцем, зрываў, здавалася, з галін дрэў
і самога часу ўсё ілжывае, штучнае, несправядлівае, што засціла доўгія гады беларускія
далягляды. Бел-чырвона-белы сцяг і вершнік-пераможца над злом тутэйшым і патубаковым
зноў вярталіся на сваё адвечнае месца. Досыць ладная зала Інстытута літаратуры Акадэміі
навук Беларусі, што перайшла пазней у валоданне ВАКа, ледзь змясціла, ужо на згасанні
караткаватага дня, усіх ахвотных сустрэцца з Масеем Сяднёвым. Прыехаў нават з-пад
Урэчча бацька Таццяны Дасаевай, настаўнік-паэт Мікалай Жук, які памятаў Масея Сяднёва
яшчэ як студэнта старэйшага за яго курса Педінстытута і ўжо паэта... І вось ён,
невысокі, хударлявы чалавек, які зведаў так шмат крыўды нізашто, а застаўся верным
роднаму беларускаму слову! І хоць быў гэта ўжо не першы прыезд Масея Сяднёва з Амерыкі
на Беларусь, а сустрэча – у шэрагу іншых, кідалася ў вочы, што Сяднёў прыкметна
расчулены і хвалюецца. Шчыра прывітаў госця тадышні дырэктар Інстытута літаратуры
акадэмік Віктар Каваленка, выказаліся пра яго творчасць Барыс Сачанка і Лідзія Савік,
але ж усім найперш хацелася пачуць самога Масея Сяднёва! А яму, сціпламу, інтэлігентнаму
чалавеку, як здзіўленаму такой надзвычайнаю ўвагай да яго асобы, трэ было зрабіць
над сабой відавочнае намаганне, каб разгаварыцца, а захопленай аўдыторыі – каб засяродзіцца
на істотным, найважным, бо час, адведзены на сустрэчу, прамільгнуў амаль бліскавіцаю.
Ды пакінуў па сабе гаючае ўсведамленне, што ў адной з табой часавай прасторы жыве
прыгожы сваёй трывушчай душою самадастатковы чалавек. І на прысутнасць яго ў гэтым
жорсткім і цудоўным свеце можна абаперціся ў самыя цяжкія твае ўласныя хвіліны.
Хай сабе ён аб гэтым і не ведае. Але ж менавіта такімі людзьмі, як апазнавальнымі
арыенцірамі, вызначаецца рух часу...
Пасля гэтай сустрэчы ў Інстытуце літаратуры
мне пашчасціла слухаць Масея Ларывонавіча яшчэ на ягонай вечарыне ў Доме літаратара
(тут прысутнічалі і ягоныя жонка Вольга Піліпаўна і дачка Ірына), затым бачыць на
І з’ездзе Бацькаўшчыны ўлетку 93-га. Аднак пачуццё піетэту, высокай павагі стрымалі
мой намер падысці да яго.
І, пэўна, зараз, калі жыццёвая сцежка
Масея Сяднёва растала ў даляглядах вечнасці, у мяне, як і ў кожнага ўдзячнага чытача,
былі б падставы адно для разваг пра ягоную унікальную творчасць. Ды ў самай сярэдзіне
сакавіка 94-га года ў маёй паштовай скрынцы раптам аказаўся ліст са Злучаных Штатаў.
Ад каго? Не мела я ні знаёмых, ні сяброў у той заакеанскай далі.
Даражэнькая
Галіна, – пачынаўся ліст, датаваны 28.02.94, – Вы для мяне – як ускрэслі:
гартаю “Вестник белорусского экзархата” (№ 5, 1990) і знаходжу ў ім вершы Галіны
Тварановіч, той самай, выбачайце, Галіны Тварановіч, што падчас майго візыту ў Інстытут
літаратуры ласкава падаравала мне цыкл сваіх вершаў. Пасьпеўшы на хаду толькі зазірнуць
у іх, як расцярушаны, недзе страціў іх, на вялікае маё зьдзіўленьне і шкадаваньне.
І от цяпер, калі прайшло столькі часу ад сустрэчы ў Інстытуце, такая нечаканая і
радасная для мяне другая сустрэча з Вамі... у “Вестнику”. Побач сваіх вершаў у ім
– Ваш надпіс “Глыбокашаноўнаму Масею Ларывонавічу – дзейснага святла на Шляху” і
адрас, Ваш адрас. Гэтак вось Вы і ўскрэслі для мяне. Вас як бы ня было. А цяпер
Вы ёсць. От Вам і “дзейснае святло”.
Прыгадваю
Вашае пытаньне для мяне, на якое я тады ня мог адказаць: яно тычылася майго запаветнага
ў творстве. Яно было з усіх пытаньняў пытаньнем па сутнасці. Нялёгкім пытаньнем.
Мне
надта спадабаліся Вашыя высокія вершы ў прыгаданым “Вестнику”. Яны наталяюць душу,
яны – пошук “засені Крыжа”. Гэта вельмі прыгожа сказана. “Засень” тут – як ахоўнасць,
як прыстань, лятуценная краіна.
Прышлеце,
калі ласка, болей сваіх вершаў. Яны будуць для мяне спатоляй.
Выбачайце
за турботу. З найлепшымі пажаданьнямі
Ваш М. Сяднёў
P.S. “Вестник”, разам з іншымі кнігамі,
якія я не мог забраць з сабой, быў дасланы мне толькі цяпер.”
Так пачалася мая перапіска з с а м і
м Сяднёвым. Вядома, ён ліставаўся шырока,
прыязна шмат з кім, што знайшло частковы адбітак найперш у “Масеевай кнізе”. І багаты
ягоны эпісталярый, трэба спадзявацца, па меры магчымасцей будзе сістэматызаваны
– як адно з непасрэдных сведчанняў няўрымслівага, улюбёнага ў жыццёвую шматстайнасць
чалавека, здольнага, як сваім уласным, радавацца знаходцы, поспеху іншага, узбагачацца
імі ўнутрана. Здольнасць, на жаль, досыць рэдкая, мабыць, не толькі ў беларусаў,
ва ўсе чалавечыя часы...
Апошні ліст, атрыманы мною з Глен Кова,
быў датаваны 15.01.01. Заўсёдная раптоўнасць непазбежнага! Масея Сяднёва не стала
5 лютага. Адказаць на ягоны ліст я не паспела. Спазнілася. Як хтосьці, пэўна, яшчэ.
І адно з першых маіх памкненняў – напісаць пра Масея Сяднёва, каб пазбыцца сваёй
віны без віны... Выказаць удзячнасць, ужо ўслед яму, за тое, што ён б ы ў.
І ё с ц ь. Тым болей, што, як – да
болю – ні дзіўна, адыход Масея Сяднёва стаўся на Беларусі нібыта шэраговай з’явай:
куртатая, нават без фотаздымку, толькі сораму вартая, інфармацыя ў “Голасе Радзімы”
ды і “ЛіМ” адазваўся адно сухой кароткай занатоўкай. Так, на беларускім падворку – зусім іншы, чым у пачатку 90-х, сацыяльна-палітычны
час. Са школьных праграм, з гісторыі беларускай літаратуры выкрэсліваюцца імёны
і Масея Сяднёва, і Наталлі Арсенневай, і Ларысы Геніюш. Імёны, вернутыя з гонарам,
здавалася, назаўсёды. Выкрэсліваюцца надоўга?!.
Дык што магу сказаць
пра Масея Сяднёва я, што магу дадаць да вобліку пісьменніка, увасобленага ў яго
творах, у памяці родных, блізкіх?..
Перада мною –
лісты Масея Сяднёва, раскладзеныя па гадах, месяцах. У іх – водбліск настрояў, зацікаўленняў,
турбот аўтара на працягу амаль сямі апошніх яго год. І вельмі часта – водгалас якраз
маіх праблем, мяне: Масей Ларывонавіч з тых асоб, хто найперш гаворыць пра іншага,
а пасля ўжо пра сябе. Мяне падсцерагае выразная небяспека “падсябравання” да вядомага
чалавека і сцвярджэння яго коштам сябе cамой. І ўсё ж няма ў мяне тут іншага выбару – як ісці ад ліста
да ліста прыступкамі гадоў, спадзеючыся ўсё ж дадаць нейкія штрыхі да аблічча аднаго з найадметных птахаў беларускага
буслінага выраю...
У другім лісце,
датаваным 5.04.94, Масей Ларывонавіч
пісаў:
Даражэнькая Галіна, Вы надзвычайны чалавек, пішаце, што калі
б я і ня адказаў на Ваш ліст, Вы ўсё роўна ня пакрыўдзіліся б на мяне. Вялікае,
добрае сэрца ў Вас. А я пакрыўдзіўся б на Вас, каб Вы не адказалі на мой ліст. Хоць
не – шкадаваў бы. Я ж зачапіў Вас першым. Хоць зноў – не: па сутнасці Вы зачапілі
мяне першай (сваім пытаньнем у Інстытуце). О, як бы я хацеў, каб Вы адказалі на
яго самі.
Але досыць уступу. Вялікі дзякуй за прыемны для мяне ліст
(усё, што ў ім Вы напісалі пра мяне, прызнаюся, мне надта да душы, толькі часам
я пытаюся ў сябе самога: няўжо сапраўды я гэткі, як Вы пабачылі, успрынялі мяне,
няўжо мая cціплая творчасць здольная выклікаць прыхільны водгук, водгук наогул, хоць зрэшты я ніколі нічога ня
пісаў з разьлікам на посьпех, ня думаў пра гэта – спавядаўся перад сабою і ўсё (выдзелена мною – Г.Т.)) і за Вашыя ня менш прыемныя, блізкія мне вершы, сярод
якіх мне найбольш спадабаліся: (...). У кожным з іх, у кожным з Вашых вершаў тоіцца
значная, часам бяздонна-глыбокая думка, вобраз. Як чытач, я хацеў бы, каб яны былі
больш даходлівыя, хоць тая даходлівасць аніяк ня можа быць нейкай самамэтай. Экзістэнцыяльная
паэзія, як Ваша, звычайна “недаходлівая”, але яна ўзбагачае нас больш, чымся тая
“даходлівая”. Бачаце, я запярэчыў сябе самога. Як, Вы і сказалі, паэзія – рэч элітарная.
Цяпер я і ў сябе ня люблю лёгкасці. Галоўнае ж, што Вашыя “радкі прыходзяць аднекуль
самі”, значыцца Вы – паэт, Вы самі ў сабе паэт, і ўрэшце няважна, як тыя радкі некім
успрыймаюцца. У Вас яны прыходзяць “самі”, і гэта запарука таго, што яны натрапяць
на свайго, чыя душа адгукнецца на іх, пытаньне той “даходлівасьці” здымаецца тады
наогул. Выбачайце, разьвіў “філасофію”, ледзьве скончыў. Ня зьвяртайце на яе ўвагі:
пішэце так, як Вам пішацца. (...) Я рады, што пазнаёміўся з Вамі, што Вы блізкія
мне па духу: “издревле сладостный союз поэтов меж собой связует”. (...)
Пішэце больш пра сябе, пра літаратурныя навіны, калі Вы выдасьце
сваю паэтычную кнігу? (...)
Чакаю ад Вас ліста і новых вершаў
Ваш М. Сяднёў
Не магу абысці
тут высновы Андрэя Федарэнкі, стаўшыя вынікам міжвольнага ягонага супастаўлення,
параўнання лёсаў Максіма Танка і Масея Сяднёва. Якраз у той час, калі выйшаў нумар
“Полымя”, у якім пачалі друкаваць дзённікі Максіма Танка, пісьменнік рыхтаваў матэрыял
пра Масея Сяднёва для 29-га нумара “Крыніцы”. “Агульнае знайшоў, –пісаў Андрэй Федарэнка,
– адно: іхнія творы нагадваюць таленавітыя справаздачы (перад людзьмі? перад Богам?).
І разам з тым – якая істотная розніца паміж двума гэтымі творцамі! Нібы два полюсы
глобуса.
У аднаго – шчаслівы,
літасны лёс (пры ўсіх бедах, якія, у прынцыпе, выпадаюць на долю кожнага смяротнага):
слава пры жыцці, мноства самых розных званняў і ўзнагарод, у тым ліку і званне народнага
паэта, магчымасць жыць і працаваць на Радзіме, спакойнае сумленне, цалкам суладнае
з тагачаснай палітычнай атмасфераю.
У другога – толькі
зберажоныя Жыццё і Воля”.
Ды магчымасць
споведзі праз творчасць – найперш перад Богам, бо натуральны стымул быць пачутым,
зразумелым, прызнаным у Масея Сяднёва быў гвалтоўна адабраны ў кастрычніку 1936
года, калі НКУС арыштавала яго па абвінавачванні ў прыналежнасці да “нацдэмаўшчыны”.
А г н і с т а с ц ь духоўнага пачатку выпаліла
крыўду, падпарадкавала сабе тугу, узняла над абыякавасцю чужой краіны. Масей Сяднёў
супрацьпаставіў варожасці свайго часу глыбокую духоўную повязь з сутнасным, з тым,
што дадзена ўсяму чалавецтву навыраст. Невыпадкова, як дакладна адзначыў Ян Чыквін
у кнізе “Далёкія і блізкія”, у адрозненне, напрыклад, ад Наталлі Арсенневай ці Алеся
Салаўя, “якія на чужым кантыненце амаль раптоўна замоўклі, большасць ягоных (Масея
Сяднёва – Г.Т.) лепшых твораў напісана
ў Злучаных Штатах Амерыкі”. Звыш таго, творчасць яго развівалася “пад знакам крэшчэнда
– паступовага ўзмацнення гуку, голасу”.
На пачатку лета
94-га года “Бацькаўшчына” разам са Скарынаўскім цэнтрам праводзіла канферэнцыю,
прысвечаную шматлікім беларускім праблемам. Прымаў удзел у ёй і Масей Сяднёў. Як
аказалася, гэта было, на жаль, апошняе наведванне паэтам Беларусі. Наша ж ліставанне
падмацавалася радаснай, прынамсі для мне, сустрэчай, стымулам да далейшага сумоўя.
У пісьме, датаваным
27.07.94, Масей Ларывонавіч з уласцівай
яму ўвагаю да суразмоўцы пісаў:
З Вашага ліста і з далучаных да яго вершаў адчуў Вас неяк
глыбей – і як чалавека і як паэта, хоць у Вашай асобе гэта спалучылася ў вадно,
і няма тут розьніцы паміж адным і другім. (...) Учытаўся ў Вашыя вершы і радасна
ўзбагаціўся. Віншую Вас! Вам трэба кніга (...) Прыгожая, цікавая назва для зборніка
“Ускраек тысячагоддзя”.
За добрыя словы пра мой верш застануся ў Вас назаўсёды вінаватым.
Па сутнасці Ваш ліст стаўся тым прыгожым лістом, якога я прасіў у сваім папярэднім
пасланьні (спадзяюся, Вы яго атрымалі, тое пасланьне-ліст выслаў Вам за два ці тры
дні перад Вашым лістом). Але просьба мая напісаць прыгожы ліст застаецца
ў сіле. Ня меншая просьба прыслаць яшчэ сваіх вершаў. Яны “лагодзяць” маю душу.
(...) Як выйшлі Вашыя чарніцы – смачныя? (...) Чакаю Вашага
прыходу ў маю самотную кельлю.
Ваш М. Сяднёў
Гэтая згадка пра
чарніцы нечакана як кранулася нейкіх струн у маёй душы ды адгукнулася вершам, прысвечаным
Масею Сяднёву. І ў лісце ад 19.08.94 ён
між іншым заўважыў:
Вобраз Сонца, вобраз Чарніц – у Вас нат філасофіяй, нявымушанай,
жывой, нейкай прыгожай пуантай: “Маё сонца бавіць кароткую летнюю ноч толькі ў верасах
пад Дараганавам” (я ўлюбіўся ўжо ў Вашае Дараганава, гэта й добрая назва для зборніка),
“Чарніцамі з ягаднікаў маленства хацела б Вас пачаставаць”. О, які гэта прыгожы,
вабны пачастунак! Шчыра дзякую. (...)
Хацеў бы спадзявацца, што Вашая знаёмая знайшла “Масееву кнігу”,
у мяне за яе трывога – могуць, чаго добрага, ня даць і на продаж. Але я хачу скончыць
гэты ліст на аптымістычнай ноце і пажадаць Вам усяго самага-самага найлепшага. Ваш
М. Сяднёў.
“Масееву кнігу”
на продаж далі, паспела яна выйсці ў спрыяльны яшчэ час (1994 год), як і “Патушаныя
зоры” за два гады ў той жа “Мастацкай літаратуры”. Ды хваляванне за яе лёс было
цалкам зразумелае. Гэтай кнігаю (успаміны, старонкі з дзённіка, эсэ, пераклады,
эпісталярый) Масей Сяднёў як бы падводзіў вынікі свайго чалавечага веку. “У тваіх
руках, паважаны чытач, “Масеева кніга”, створаная з агледзін крыжовай дарогі майго
чалавечага лёсу, з назіранняў за літаратурным працэсам на далёкай Бацькаўшчыне,
з тужлівых пачуццяў вяртання праз дзесяцігоддзі... (...) Ствараючы “Масееву кнігу”,
аўтар песціў думку, што ёю зацікавіцца хтось на далёкай Радзіме”, – тлумачыў пісьменнік
чытачу сваю задуму, ці не першую спробу, магчымасць звярнуцца да суайчыннікаў напрамую,
непасрэдна.
Доўгія гады Масей
Ларывонавіч як творчая асоба быў несправядліва абдзелены ўвагаю. Захаваць душу сваю
непашкоджанай ў горне гэтага іспыту ўдаецца далёка не кожнаму. Масею Сяднёву ўдалося.
Здзіўляе яго здольнасць радавацца радасцю другога, здольнасць бачыць істотнае там,
дзе яно існуе яшчэ ў патэнцыяле, “эмбрыёне”. Так, 19.09.94 ён пісаў мне:
Ваш ліст – гэта як цэлая кніга, з яго мог бы паўстаць геніяльны
твор у ключы экзістэнцыяльнай літаратуры. Тая экзістэнцыя тут выявілася ў поўнай
меры, дармо што толькі ў паасобных момантах. Бо ж зыходным пунктам экзістэнцыі,
экзістэнцыялізму, у розных яго праявах, зьяўляецца ўсё ж наша тое ці іншае дачыненьне
да Творцы. Благачэсьцівы чалавек, усьлед за Габрыелем Марселем, будзе сьцвярджаць:
“Не я думаю, а тое, што ва мне, думае”, ці можа лепш: “Не я думаю, а думае тое, што ва мне”.
Вось жа Вашым пяром пішаце ня Вы, а тое Нешта, што
ў Вас, што знаходзіцца ў Вас, тое, што зьяўляецца Вашай сутнасьцяй. Вашы дзённікі
– гэта пэўна ж споведзь, ачышчэньне і нат, як Вы пішаце, выратаваньне, палёгка.
А што тычыцца майго выказваньня аб дзёньніку, дык гэта хутчэй бравада, поза. Мне
падабаецца Вашае азначэньне дзёньніка: “Душа сама з сабою гаворыць”. Зноў жа “Не
я думаю, гавару, а гаворыць тое, што ва мне”. (...)
Прыемна мне, што Вы ўспрымаеце “Масееву кнігу” як я хацеў,
каб яна ўспрымалася.
(...) Напісаў Чыквіну ліст і выслаў яму сваю кнігу з надпісам:
“Яну Чыквіну, сапраўднаму паэту сярод безлічы паэтаў”. Ці атрымае?
Мы, мужчыны, ня ведаем жанчын. Яны нас ведаць – уга як! –
лепш.
Цікавая думка Яна адносна паэтаў-эмігрантаў – яна новая, ламае
традыцыйнае стаўленьне да Арсеньневай.
І добра, што Вы ня маеце “пачуцця дыстанцыі”. Гэта ж па-чалавечы,
чаго баяцца блізіні? Яе ж нам, людзям, якраз і не хапае.
Самага-самага М.Сяднёў
22.10.94
Даражэнькая Галіна!
Ведаю, чакаеце ад мяне пісьма, а я ўсё маўчу, ня пішу. А можа
й не чакаеце, пішаце сваю планавую, і ўсіх, у тым ліку і мяне, выкінулі з галавы,
а мо” і з сэрца. Хоць не – адчуў, як у чацьвер, 6 кастрычніка, Вы зьвярталіся да
мяне ў думках, значыцца, у Вашым прыгожым
сэрцы ўсё ж я застаюся. Ці так? (...)
А тое, што марудзіў з адказам, прашу мне прабачыць. Быў я
не то што нечым заняты, а тое, што нялёгка часамі быць з самім сабою. Лісты ўсе
Вашыя я атрымаў, свае санеты таксама і – Божа мой! – кляновыя, сьвяжуткія лісьцікі,
пэўна з Вашага Дараганава. У такой надзвычайнай аправе, у “Фотакампазіцыі”! Гэтыя
лісьцікі... не магу налюбавацца імі. З Дараганава ў Амэрыку! І ў такой чысьціні,
ну – первазданныя! Жывыя! Гэтыя лісьцікі – як Вашая крылатая душа, што сюды заляцела.
Надзвычайнае гэтае Вашае пасланьне.
Шчыра дзякую. Гэта нешта накшталт талісману. Але досыць! Залішняй паэтызацыяй можна
нат сапсаваць рэчы. (...) Цікава, Вы Томаса Мана чыталі па-руску, ці мо’ й па-нямецку? Вы трошкі ведаеце нямецкую
мову? Вучылі яе? Я люблю яе і біўся над ёю нямала, але ўсё роўна не апанаваў ёю,
як належылася б. Як і Вы, хацеў бы трошкі ведаць французскую, ды ўжо на яе няма
змогі.
Рады я, што Вы бралі ўдзел у канферэнцыі-сэмінары, прысвечаным
Кірылу і Мяфодзію, а праблема перакладу рэлігійных тэкстаў, дык вельмі надзённая,
ёю цікаўлюся аддаўна і ахвотна прыняў бы запрашэньне на наступную канферэнцыю.
(...)
(...) Меў ліст ад Яна, і перад тым, як узяцца за пісьмо Вам,
напісаў яму, цэлы месяц праляжала Янава пісьмо ў мяне і трэба было загладзіць сваю
віну як найхутчэй. Ён усё чакае майго прыезду да яго і калі-небудзь трэба ж завітаць
да яго.
З найлепшымі прывітаньнямі-пажаданьнямі –
Ваш М.Сяднёў ці
было б лепш –Масей
Студзеньскі ліст
(ад 16.01.95) Масея Ларывонавіча, перш
чым патрапіць у маю паштовую скрынку і стацца мне нечаканасцю, вандраваў у прасторы
(недзе вылежваўся, вычытваўся) амаль два месяцы. Між тым сам адпраўшчык вызначыў
яго як “ліст-сюрпрыз”:
Даражэнькая Галіна, перачытаў некалькі разоў Ваш філасофскі
ліст, хацеў спасцігнуць Вашую, як Вы кажаце, “слабенькую філасофію”. Але Вас нельга
спасцігнуць разумова, інтэлектуальна, Вас можна толькі вычуць. Як Вы і самі
зазначылі (і правільна зазначылі), “рацыянальныя, інтэлектуальныя вопыты над душой...
– тупік, калі не разбурэнне”. Дык я Вас вычуваю і праз гэта спасьцігаю Вас.
Вы ўся ў пачуцьцях, у вычуваньнях, і Вы не змаглі б выказаць рацыянальна тое, што
Вам наплывае, Вам удаецца гэта зрабіць толькі паэтычна, пры дапамозе Паэзіі,
хоць і не заўсёды. “Не заўсёды”? Заўсёды паэт не адбываецца і ў гэтым, калі хочаце,
можа ягоная трагедыя. Але зноў жа “мысль изреченная есть ложь”. Значыцца, сапраўднае,
ня “ложь”, ёсць толькі вычуваньне. (Я тут, як бачыце, таксама “завярнуў слабенькую
філасофію”). Ну дык мы і квіты. Не палезем болей у філасофію, будзем заставацца
ў пачуцьцях, вычуваньнях.
(...) Як Вы ўжо маеце да мяне такі давер (...), Галіначка,
тут ужо мы пярэйдзем на “Ты”. Добра? Не саромся, толькі на “Ты”! Мы ж ужо адчулі
“суладдзе”, Твая ўвага і чуласць саграюць мяне, зварот на “Вы” ўжо адпадае, нашыя
дачыненьні мусяць быць (і яны ўжо ёсць) нявымушанымі, свабоднымі.
Чакаю ад Цябе хутка ліста – Масей
1.03.95
Даражэнькая Галіна,
Відаць, Вы майго папярэдняга ліста не атрымалі. Дык мо нават
і добра – то быў ліст-сюрпрыз. У ім я асьмеліўся (настолькі ўжо зрадніўся з Вамі!)
зьвярнуцца да Вас на “ты”, прапанаваў абраць (для нас абаіх) гэтую больш непасрэдную
форму. “Асмеліўся”, ды па часе, калі ўжо ліст пайшоў, каяўся: мой сюрпрыз можа
разбурыць ўсталяваныя ўжо між намі блізкія дачыненьні. Доўга ад Вас ня было ліста,
дык я ўжо й падумаў было, што я ашарашыў Вас тым сюрпрызам, таму Вы і маўчыцё, раздумваеце,
што рабіць з гэтым “ты”.
Ды надышоў Ваш ліст і мне стала ясна – майго “сюрпрызу” Вы
не атрымалі. Дык што мы будзем рабіць з ім?
У сваё 40-годдзе – праз Споведзь і Прычасце, праз размову
са мною – Вы выратавалі мяне, выратавалі сваёю думкай-малітвай, што дайшла да мяне
ў момант, калі я, можна сказаць... канчаўся: здавала сэрца. Прабыў у шпіталі 5 дзён.
Цяпер у хаце. І ўжо я той самы. Гэтак думаю.
Ды мне ўжо час прывітаць Вас – а шчыра а душэўна – з Вашым,
такім багатым і нейкім своеасаблівым,
40-годдзем. Вы ў сваім зеніце. (...)
Вы мне – як духоўніца: спавядаюся перад Вамі, але сёньня
– далёка няпоўна: ня прыгадваў, што наўзьверх і жонка нагу зламала. Ну, ці ж гэта
можна на гэтым ліст канчаць? Асьвяціце сваёй сьвятлінёю!
Ваш Масей
(на палях ліста:
“Склаў новую кнігу, “Спавядальную кнігу”)
Колькі ж разоў
знясіленае сэрца гэтага мужнага чалавека збіралася спыніцца назаўсёды... І як хацелася,
каб доўжыўся бясконца ягоны мудры век...
У лісце ад 9.04.95 Масей Ларывонавіч пісаў:“Не перабольшвайце маіх здольнасьцяў, маёй “маштабнасьці”.
Я чуюся часам такім маленькім, мізэрным, ніякім, што хоць крычы “ратуй”. І тады
мне, як і Вам, думаю, хочацца не каго-небудзь моцнага, а такога-ж слабога,
як і сам, каб адчуць “суладдзе” і праз яго ўцешыцца і стацца моцным”, – між
тым, прызнанне ў сваёй слабасці – кампетэнцыя моцных, шчырасць чалавека, які ў заўсёдным
узыходжанні, у вычуванні сутнасці зямнога універсума і свайго месца, сэнсу ў ім.
Сухі стан богапакінутасці, як страчанасці сваёй у свеце, звычайна сігналізуе аб
тым, што чакаецца ад чалавека, каб ён зрабіў чарговае намаганне над сабою. Паныласць,
адоленая знутры цярпеннем, пераўтвараецца ў сваю супрацьлегласць, якою рассоўваюцца
межы магчымасцей...
На маё пытанне пра “Спавядальную кнігу”
Масей Ларывонавіч у тым жа лісце адказваў: “Назва
“Спавядальная кніга” мне не падабаецца – гэта банальна ўжо. Хутчэй назаву ўжо яе
“Грэшнай кнігай”. У ёй палавіна старога, палавіна новага і ў ёй бадай няма таго,
пра што Вы гаворыце – нечага глыбіннага. Хутчэй гэта паўтор сябе. За выключэньнем
“Дзёньніка” – я баюся яго, як і некаторых артыкулаў. У кнізе разьдзелы: “Сьвятло
і змрок”, “Дзьве паэмы”, “Ускрослыя”, “Санэты”, “Пераклады”, “Сучаснасьць”, “Лісты”,
“Жартлівыя вершы. Пасланьні”, “Эпілог”.
Ці пабачыць свет гэтая кніга Масея
Сяднёва? Па структуры яна нагадвае “Масееву кнігу” – той літаратурны жанр, які,
здаецца, найбольш адпавядае запатрабаванням нашага мітуслівага часу. Пэўна, калі
аўтарам такой кнігі – асоба з немітуслівай вопытнасцю, павагаю і любоўю да чалавека,
здольнасцю разумець і прабачаць. Тым часам на нашым чалавечым падворку дзіўная эпоха,
у якую перавага аддаецца штучным інтэлекту, харчу, вопратцы, а почасту і штучным
эмоцыям, ідэям. Таму глытком свежага паветра – твор сучасніка, не зроблены, а выдыхнуты
новы свет...
У майскім лісце Масей Ларывонавіч выказваў
трывогу за “Рамана Корзюка”: “... баюся, што
перарвуць яго і заканчэньня ня будзе, якое мусіла б быць у 4-тым нумары “Полымя””,
а таксама з сумам канстатаваў: “Мая “Грэшная кніга” ляжыць бяз ніякага руху”. На
мой аповяд пра літаратурнае жыццё ў Мінску на пачатку ліпеня адазваўся: “Рады, што міла прайшоў вечар Мацяш і Эльке Эрб.
Як хацеў бы быць я на гэтым вечары!” І зноў пра свой раман “Раман Корзюк”: “Прабач, што не пісаў Табе раней пра “Корзюка”.
Колькі чаго я перажыў за Яго! І што ты скажаш пра Яго?” Гаворка зайшла і пра
Анатоля Кудраўца: “О, “Сачыненне на вольную
тэму” цудоўная рэч! (Ліста ад аўтара гэтага твору яшчэ не атрымаў)”. І далей
Масей Ларывонавіч працягваў:
Пішу
і пішу, а пра тое, чаму так доўга не адказваў на Твае два лісты, усё маўчу. Перш
за ўсё выбачай, а чаму, дык пра гэта ня лёгка сказаць, усё тут было: і поўная рашчараванасць
усім, у тым ліку беларускім пытаньнем, і няспынны роздум над самім сабой, над сваім
прызначэньнем, над загадкай, набліжэньнем свайго сыходу і недамаганьне, і цяга да
нечага нязвычайнага, прыгожага, жаданьне апынуцца ў нейкіх ідэальных абставінах,
дзе я мог бы быць заварожаным сьвятлом, музыкай, чароўнымі ў танцы... жанчынамі,
іхнай дабрынёй, іхнай спагаднасьцяй (...) Жаночае, вечна жаночае стаўляецца ў мяне
над усім. Яно нязьдзейсьненае. (...)
Ня ведаю,
што рабіць з сваёй кнігай, усё не магу назваць яе, яна “шкодная”, і нашы “адраджэнцы”
няўзьлюбяць яе.
Пра
што яшчэ табе напісаць? Пра сябе самога ўжо досыць, але я й магу пісаць толькі пра...
сябе. Страшэнная абмежаванасьць!
“Атрымаў
Твае ксэраксы – і свайго артыкулу, і Скоблавай рэцэнзіі, – адзначаў
у лісце ад 31.07.95 Масей Ларывонавіч.
– “Размашысты” ён дужа, а ў дачыненьні да
Яна – недалікатны, дробязны. Цешыцца, што “злавіў” і паэта і рэцэнзента. Нічога
агульнага паміж вобразамі Чыквіна і Хлебнікава! Вобраз “крылышканьня” у Чыквіна
куды глыбейшы, ніякай аналогіі з Хлебнікавым! Толькі хіба сам тэрмін. Дык гэта ж
абсалютна нічагусенькі ня значыць. (...)
Замучыла
спякота – 1000. Няма
ратунку. Хаджу на затоку – плаваю паўгадзіны і назад у хату. Раблю раніцай практыкаваньні
(цэлую гадзіну) – гэтак лячу сваё сэрца (...)”.
І пасярод гэтай спякоты – амаль двухмесячнае
маўчанне, паўза, якая не магла не ўстрывожыць. Ды нарэшце Масей Ларывонавіч адгукнуўся
(ліст ад 21.09.95):
Ты чакала
ад мяне ліста, а я ўсё ня пісаў: змагаўся сам з сабою – лінія фронту праходзіла
паміж гэтым бокам і тым. Зрэшты, такая лінія ішла праз усё маё жыццё.
Але ўсё-такі я заставаўся пераможцам. Гэтым разам таксама. У гэтым змаганьні памагла
мне Багародзіца. (...) Шчыра дзякую за прыгожыя кветкі і добрыя словы – яны ўпрыгожылі
мой дзень народзінаў. (...)
Твая
думка, прапанова скласці кніжачку з маіх “рэлігійных” вершаў цікавая і я вазьмуся
за гэта ахвотна. Ніякіх аўтарскіх правоў, ніякага ганарару! (...)
Другога лістапада Масей Ларывонавіч
у адказ на мой неспакой аб яго здароўі пісаў: “Каб я сябе аберагаў, кажаш. Усё жыцьцё аберагаў сябе, спрацоўваў інстынкт
самазахаваньня. Не, я маю на ўвазе ня толькі Калыму. Але інстынкт самазахаваньня
слабее і мне ня хапае падтрымкі ў выглядзе, перш за ўсё зразуменьня і хоць трошкі
любові, пяшчоты. Гэта тое, што ўсім нам патрэбна, але я адчуваю нібы большую
ў гэтым патрэбу, хоць на самай справе ня маю
і мінімуму таго ўсяго”. Прагаворвала, мабыць, туга па няспраўджаным – вынік
распалавіненага ў маладыя гады лёсу, мус, неабходнасць зноў пачынаць галоўнае на новым жыццёвым загоне...
Жыў-жыў,
не памёр і цябе не забыў, – адгукаўся Масей Ларывонавіч 14.02.96, – адклаў усё, каб напісаць Табе маіх некалькі самых цёплых радкоў (...).
У мяне
нечаканая навіна – напісала ліст Дуся, ад якой у мяне сын (яна фігуруе ў маім рамане
“І той дзень надыйшоў”). Хворая. Прасіла лекаў. Паслаў. Атрымала. Яна ў Гомелі.
Гэта выбіла мяне трохі з раўнавагі, але цудоўна. (...) Мо ўжо ёсць новыя аформленыя
мелодыі? Прышлі.
Можна толькі здагадвацца, якая бура
пачуццяў узнялася ў душы Масея Ларывонавіча па атрыманні ім ліста нібыта з іншага
часу. Часу, што так і не стаўся агульным шляхам я г о і я е. Распалавіненасць!
Раман “І той дзень надышоў” займае
асаблівае месца ў беларускай літаратуры. Як засведчыў сам аўтар у “Масеевай кнізе”,
гэта “асабовая, спавядальная, аўтабіяграфічная кніга (аўтабіяграфіі тут куды больш,
як у “Рамане Корзюку”). Гэта, нарэшце, “інтымная” кніга. Галоўны персанаж кнігі
не шкадаваў сябе ў раскрыцці свайго “я” (...) Ён увесь у самім сабе. (...) Шчаслівы,
ён нават забыў пра турму, у якой сядзеў. (...) У кнізе засяроджана ўвага на духоўным
стане персанажа. Плынь кнігі пераважна лірычная, і ў ёй цяжка шукаць нейкай “аб’ектыўнасці”.
У ёй усё суб’ектыўна”. Сорак з гакам гадоў паміж
падзеямі, што леглі ў аснову рамана і часам яго напісання (1986-1987). І нягледзячы
на аўтабіяграфізм, гэты твор ніякім чынам не ўспрымаецца як адбітак мінулага, успамін,
запісаны па астылых слядах падзей. Мэтаю аўтара было не ўвасабленне рэчаіснасці,
соцыуму – найперш стварэнне рухомай мадэлі ўнутранага жыцця, як матэрыі глыбока
індывідуальнай, непаўторнай. Раману ўласцівы эмацыянальная кантрастнасць, поліфанічнасць.
Побач суіснуюць – глухі, варожы самому чалавечаму існаванню штодзень і вялікае,
прыгожае каханне – трыумф жыццёвых сіл, перамога галоўнага героя над яго драматычным
блізкім мінулым, турмою, катаргай. Палкасць, страснасць пачуццяў паказаны з нязвыклай
для беларускай літаратуры непасрэднасцю, шчырасцю. Пры гэтым, аднак, аўтар не выходзіць
за межы мастацкасці.
Мае рацыю Ян Чыквін,
сцвярджаючы, што ў прозе Масея Сяднёва і асабліва ў рамане “І той дзень надышоў”,
“як і ў яго вершах, адгукаюцца высокія ўзоры еўрапейскай літаратуры – тое ж гётэўскае
светаадчуванне паўнаты жыцця, неўтаймаванае жыццялюбства, плоцевыя радасці. Выразнае
рэха вечна жывога Арфеявага міфа ўлаўліваецца ў вобразе самога галоўнага героя:
Мікола, як і легендарны паэт даўняй Грэцыі, Арфей, усё-такі не здолеў вывесці на
свет божы з падзямелля сваю Дусю-Эўрыдыку”. І Дуся, і сын, радасць яго маленства,
юнацтва назаўсёды сталіся недасягальнымі для Масея Сяднёва...
Затрымалася ў
дарозе пошта Масея Ларывонавіча, датаваная 5.04.96,
і была на гэта свая прычына.
Пасылаю Табе свае “Белыя воблакі”, кніжку, скампанаваную паводле
Тваёй задумы, не ведаю, ці ўдала. Выкажы сваю думку, калі ласка. Але я стараўся.
На маю думку, яна... Яна разьлічана на чытача, якога хаця, але перш за ўсё падрыхтаванага,
духоўна зацікаўленага, у прыватнасці кніжка магла б чытацца семінарыстамі,
студэнтамі наогул, нават, як мне здаецца, магла б быць выкарыстана сьвятаром як
нейкая тэма ці нейкая дэталь для казаньня, у ёй жа бо ёсць нямала таго, што можна
было б абазначыць як катарсіс. (...).
Ліст Твой, – пісаў Масей Ларывонавіч 8.05.96, – якога я чакаў доўга
і з нецярпеннем, атрымаў і дзякую за яго “премного”.
Беларуская пошта ідэальная ўсё ж: знайшла Цябе на Цікоцкага,
нягледзячы на тое, што бандэроль была адрасаваная на вуліцу Лабанка. Гэта ўжо важная
прыкмета нашай дзяржаўнасьці.
А на вуліцы Лабанка жыве пісьменьнік (таленавіты – з неталенавітымі
я не знаюся) Андрэй Федарэнка, ён піша мне часта, і ягоныя, як і Твае, як і лісты
іншых маіх карэспандэнтаў, ляжаць перада мной стопкай у канвэртах і, адрасуючы свой
ліст Табе, замест Твайго Цікоцкага ўпёк Федарэнкавага Лабанка, выбачай.
Галіна, гуляй з маімі “Белымі аблокамі” як хаця – дазваляю:
перастаўляй, тасуй, уключай у іх “Пазнанне Бога” (дарэчы, верш быў напісаны ў падвале,
на рагу вуліц Урыцкага і Савецкай, верш трапіў у рукі вязьняў і ў іншых камерах
і некаторыя чытачы яго (арыштаваныя беларускія паэты, напрыклад Зяма Півавараў)
пашыралі чуткі, што Сяднёў звар’яцеў) і ўсё іншае, што табе падалося б адпаведным
для гэтых “Воблакаў”. Ты рэдактар і ўсе карты ў Твае рукі. Галоўнае, каб знайшоўся
выдавец (...).
На жаль, мецэнат,
спонсар яшчэ дасюль не знойдзены, але ж ёсць надзея, што паэтычная кніга “Белыя
воблакі” ў хуткім часе ўсё ж пабачыць свет... Што ж датычыцца такой дзіўнай рэакцыі
на глыбокі духоўны верш, дык яна, мабыць, непазбежна вынікала з ваяўнічай атэістычнай
прапаганды, што шчыльна ахапіла тым часам усю краіну. Ды і само змаганне з беларушчынай
уласна з’яўлялася дэманічным паядынкам з Промыслам Божым, адпаведна якому кожны
народ, як і асобны чалавек, мусіць сумленна напрацаваць свае евангельскія срэбныя
таланты...
Ты была ў “раю”, а я – у пекле: сьпякота душыць, ад яе некуды
дзецца – сэрца маё пераносіць сьпякоту... ды што я гавару “пераносіць” – не пераносіць!
Зашмат яно пераносіла! І цяпер ужо няздольнае пераносіць. Ды што я пра сваё сэрца!
Я думаю пра Тваё, пра Твой “Ускраек” (шчыра дзякуй, што прыслала, ды яшчэ з кветкамі!)
з ягонай “галубінай непасрэднасцю”. Не, гэта ня так. “Ускраек” – гэта бяскрайнасьць,
спасціжэньне таемна-глыбіннага, зрок у іншае вымярэньне, можа яшчэ больш дакладна
– спасціжэньне (праз сябе) нашага, чалавечага лёсу, боскасці. Але гэта ўсё прыблізныя
азначэньні, у спякоце не магу думаць. Віншую Цябе з “Ускрайкам”, Ты на ўскрайку
вечнасьці, гэта ўскраек Прэстолу. Радуюся Тваёй радасьцяй. Ты выйшла ў сьвет. Зборнік
густоўна выдадзены. Гэта Твой Маліцьвеньнік (ня люблю “малітоўнік”). (...) Атрымаў
ліст ад Каваленкі. Прыгожы, добры ліст. Ён прасіў Яна, каб ён напісаў і пра маю
прозу. Разьдзел у “Гісторыі...”, кажа, мусіць паказаць пісьменніка ў ягоным эвалюцыйным
разьвіцьці. Ян быццам пагадзіўся зрабіць гэта. Каб толькі не зацягнуў.
Добра было б пабыць у гасцёх у Яна. Ён запрашае. Была ў мяне
ахвота і ёсць, ды баюся свайго сэрца. Паглядзець бы цяпер на Беласток, пабываць
у Гайнаўцы, у Варшаве. (...)
Ачуняла Ты там? Чакаў з нецярпеньнем ад Цябе весьцяў, хоць
і вычуваў, што ты там, у Яна. І адгадаў той дзень, калі прыйшло Тваё пісьмо. Адпачынь,
не працуй так забойча (ліст
ад 7.07.96).
Светлая туга па
Беласточчыне, здаецца, суправаджала Масея Сяднёва скрозь усё жыццё на чужыне. Па
яго словах, менавіта “ў Беласточчыне я адчуў жывую Беларусь. Гатовы быў прызнаць
яе маёй другой радзімай. (...) Прыехаўшы з русіфікаванай Усходняй Беларусі, я пачуў
у Беласточчыне сапраўдную беларускую мову (...)” (“Беластоцкі сшытак”). Аднак намерам
паэта адчуць пад нагамі беластоцкую зямлю не дадзена было спраўдзіцца. Не паспелася.
Лічыцца, што душа чалавека пасля яго скону на працягу сарака дзён, перш чым канчаткова
адляцець у таемныя далі, адведвае мясціны, асабліва любыя чалавеку пры жыцці. Спадзяюся,
душа Масея Сяднёва ўсцешана была палымяным дотыкам памінальнай свячы, запаленай
у Мікалаеўскай царкве, галоўным беластоцкім праваслаўным Храме...
У лісце ад 6.08.96 Масей Ларывонавіч паведамляў: “Нацарапаў нешта накшталт рэцэнзіі на Твой “Ускраек” і паслаў яе ў “ЛіМ”.
(...) А рэшта – усё, як было і як ёсць: сум па прыгожым. Прыгожага гэтага няма ў
рэальнасьці, дык яго ствараю ў думках”. Тужлівы настрой не адпускаў яго ўвесь
жнівень. Кожны мае ў гэтай матэрыі свой вопыт, але сапраўды почасту месяц, што папярэднічае
дню народзін і месяц наступны выдаюцца па-свойму рызыкоўнай парою для чалавека,
калі мы найбольш расхінутыя, аслабленыя. Перакрочваецца пэўны часавы парог, за які
можна “зачапіцца”?.. Другога верасня Масей Ларывонавіч пісаў: “Дзень нараджэньня (1.09 – Г.Т.) адзначалі ў Нью-Ёрку – туды запрашалі мяне дзеці (мая малодшая дачка жыве
ў Н.-Ё.)”. Дарэчы, кніга М. Сяднёва “Патушаныя зоры” (1975) мае прысвячэнне
“Памяці бацькоў маіх – Ларыёна і Маланьні”, а “Ачышчэнне агнём” (1985) М. Сяднёў
прысвяціў сваім дзецям – Таццяне, Ірыне, Уладзіміру. Прыгожая жыццёвая паслядоўнасць...
Масей Ларывонавіч, здаецца, ніколі
не баяўся паказацца слабым, маленькім у вачах суразмоўцы і досыць часта іранізаваў
над сабою, што й могуць дазволіць сабе якраз самадастатковыя сваёй унутранай сутнасцю
людзі. “Гэты мой ліст будзе сухім, без пачуцьцяў,
бяз думак (хоць, ці калі я выказваў якую-небудзь думку?). Усё пачуцьці і пачуцьці,
і Ты мо не раз у сваёй добрай душы трошкі ўсміхалася (лагодна) над імі, дзівацкімі”.
Дзень, калі ў маёй паштовай скрынцы
аказваўся ліст з Глен Коў, прасякаўся сонечнасцю, светлай радасцю. Сяброўства з с а м і м
Масеем Сяднёвым нярэдка перакрывала сабой непазбежныя ў жыцці кожнага з нас
мітрэнгі, чыйсьці выразны негатыў, прэтэнзіі ці недавер. Прынамсі, было добрым лекам
ад разбуральных “комплексаў”, як, напрыклад, ліст ад 9.11.96:
Даражэнькая
Галіна! Яшчэ пры першай сустрэчы ў Інстытуце літаратуры я спасьціг, што Ты ў маім
(ці я ў Тваім) “кантэксце”. Гэты “кантэкст” і звёў нас, ці як гэта сказаць. Не скажаш
жа “спалучыў”. Але досыць таго, што мы сябры і ўжо ня можам жыць адзін без аднаго.
Прынамсі, я ўжо не магу.
От і
Твой апошні ліст удыхнуў у мяне жыватворчую сілу, надзею, радасьць, ахвоту жыць,
без усяго гэтага я не магу існаваць, без усяго гэтага я мёртвы. І як жа дапамагае
мне Твой “кантэкст”!
Прыемнае
мне адкрыцьцё Галубовіча, “крывічамі” тут я ўвесь час недаацэньваўся, ды што “недаацэньваўся”
– байкатаваўся! Асабліва падчас маёй працы ў радыё. Нават і сёньня які-небудзь...
не перадасьць мне ліста, што просяць яго падчас адведзінаў Бацькаўшчыны ўручыць
мне. Але выбачай, гэта ўжо іншы “кантэкст”, ён парушае нашу гармонію, гэта я ўжо
тут ня ўтрымаўся, страціў раўнавагу.
Ніколі не распытвала я Масея Ларывонавіча пра атмасферу ў эміграцыйным
асяродку і надалей хацелася б захаваць ідылічнае стаўленне да гэтай крыніцы беларушчыны.
Праўда, здзіўляе, чаму на паліцы кніг, выдадзеных Беларускім Інстытутам навукі і
мастацтва ў Нью-Йорку, няма дасюль тому Масея Сяднёва...
Неўпрыкмет надышоў 1997 год, са звыклымі
і новымі клопатамі, спадзяваннямі. Шостага студзеня Масей Ларывонавіч пытаўся: “А Янава кніга ўжо выйшла? Што за цуд ягоны верш
“Нейк сталася”!” Кніга Яна Чыквіна “Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі
замежжа” якраз адкрывалася артыкулам пра творчасць Масея Сяднёва і была на падыходзе.
Здаралася, пошта часцяком пазнілася: “Што
ж гэта такое – Ты не атрымала майго ліста? А можа нават і абодвух маіх лістоў?
(...)
Атрымаў
Твой ліст сёньня і сёньня ж, сьпяшаючыся, адказваю і сьведчу, што маё “няўрымслівае
і гарачае сэрца” яшчэ працуе і абяцае Табе быць здаровым” (12.03.97).
Тым часам павыходзілі чаканыя кнігі
(маё “дзіцятка” – “Беларуская літаратура: паўднёваславянскі кантэкст”, і “Далёкія
і блізкія” Яна Чыквіна) і 29 нумар “Крыніцы”. Зразумела, усё ўважліва чыталася Масеем
Ларывонавічам, пра ўсё выказвалася неабыякавае меркаванне. Па лістах адчувалася,
што гэтая пара, калі ягоная творчасць нарэшце стала актыўна асэнсоўвацца на Радзіме,
трывала ўваходзіць у родную літаратуру, уваходжанне ў гэтую нязвыклую доўгачаканую
пару, патрабуе ад яго і пэўнага ўнутранага намагання. Статус Масея Сяднёва як творцы
на працягу 90-х гадоў кардынальна памяняўся.
Жнівень – месяц высокага буслінага
крыляння над родным абшарам, назапашвання сіл на доўгую дарогу. Жнівень – месяц
спелых верасоў і зорападаў і найперш Прэабражэнскага Фаворскага святла – увідавочанай
будучыні вызваленага Спасам чалавецтва... Якраз 19 жніўня, на Прэабражэнне, я віншавала
Масея Ларывонавіча з дараганаўскай бацькоўскай хаты з чарговым днём яго народзінаў.
Гэтае свята, як вядома, напрамую звязана з біблейнымі прарокамі Маісеем і Іліёй
– субяседнікамі Ісуса Хрыста на Фаворскай гары.
Даражэнькая
Галіна, – адказваў мне Масей Ларывонавіч 5.09.97, – Тваё Фаворскае сьвятло
асіяла мяне, дапамагло мне лепш уцяміць, зразумець Масея. І радасна, і боязна ад
гэтага ўсьведамленьня. Але ўсё ж гэтае адкрыцьцё – Фаворскае сьвятло – для мяне
як нейкі падмурак (ня сталіся яшчэ ў Цябе вершам Твае радкі “Мне адкрыццём прыемным
гэтым ранкам такая шчырасць Звыш”?).
Дзякую
шчыра за прыгожую картку і добрае слова, адрасаванае Масею на дзень яго народзінаў.
Яно, такое слова, гойнае, і ў ім мы маем патрэбу. Прывітаў і Ян – вытрымаў сваё
вітаньне ў найвышэйшай гжэчнасьці. Напішу яму.
На з’езд
беларусаў меў запрашэньне, але не паехаў, ведаў, што з яго будуць рабіць палітыку.
(...)
Саграе
Тваё Фаворскае сьвятло, напраўляе.
У гэтым годзе Масей Ларывонавіч двойчы
ездзіў у Германію, у чэрвені і ў кастрычніку. У лісце ад 20.11.97 ён пісаў:
(...)
Ня гневайся, што не прыслаў Табе з Германіі карткі – нікому не пасылаў: хацеў адрэзаць
сябе ад усіх і ўсяго, хацеў зьнікнуць. Майго “Нямецкага дзённіка”, думаю, не надрукуюць,
столькі бяды, не даражу ім. Паслаў туды (у “ЛіМ” –
Г.Т.) “Багародзіцу”, моцна хацеў бы, каб яна пабачыла сьвет. Паслаў таксама артыкул
пра Янаў новы зборнік (“Свет першы і апошні” – Г.Т.), назваў артыкул “Паэзія
высокай пробы”. Але артыкул, лічу, ня ўдаўся і яго, думаю, не надрукуюць. (...)
На споведзі,
на жаль, ня бываю – няма як. Спавядаюся адзінотна, але – ведаю – гэта ня тое.
У “Нямецкім дзённіку”, выніку чэрвеньскай
паездкі Масея Ларывонавіча ў Германію, ён зазначаў: “Усё-такі я не здольны знайсці
сябе ў чужой краіне. Усвядоміў: па-за беларускасцю – не існую. Ты шмат у чым не
задаволены ў той беларускасці, але без яе ты непаўнавартасны” (“Тэрмапілы”, № 1,
1998). Радкі гэтыя запісаліся Масеем Сяднёвым у Мюнхене, дзе 1969-1983 гады ён працаваў
у беларускай секцыі радыёстанцыі “Свабода” (пакуль не выйшаў на пенсію і не асеў
у Глен Коў). І якое ж дарагое павінна быць беларусам выпакутаванае цвёрдае ўсведамленне
паэта! Якое апірышча ў наш прагматычны час, калі вернасць беларускасці разглядаецца
практычным чалавекам найчасцей як дзівацкі парадокс... Сістэматычныя ж паездкі Масея
Сяднёва ў Германію, акрамя, магчыма, нейкіх асабістых падстаў, тлумачацца, пэўна,
яшчэ тым, што “мюнхенскі перыяд”, сам па сабе творча не надта плённы, стаўся нібыта
трамплінам для галоўнага творчага ўзлёту паэта і пісьменніка. Паэтычная кніга “Ачышчэнне
агнём”, раман “І той дзень надышоў”, зборнік паэзіі “А часу больш, чым вечнасць”
– няпоўны пералік напісанага ў Глен Коў на працягу толькі 80-х гадоў. Галоўнаю ж
крыніцаю натхнення, нягледзячы на канкрэтыку штодня, заставалася Беларусь.
На пачатку новага 1998-га я артымала
пісьмо ад Масея Ларывонавіча, датаванае 30.12.97:
Доўга
чакаў Твайго ліста, думаў: усе забылі, нат такі мой сябра, як Галіна. Аж прыйшоў
Твой ліст, і не абы які, а ўсім лістам – ліст: столькі ў ім добрых, вызначальных
навінаў!
(...)
усё гэта жыцьцё, рух, захапленьне і... творчасць. І я Табе па-добраму зайздрошчу.
Усяго гэтага ў мяне, праклятага эмігранта, няма.
А прэзентацыя
Янавай кнігі ў Доме дружбы, ягонае выступленьне ў Педагагічным універсітэце! І ўсюды
Ты ягоная спадарожніца! Як гэта прыгожа!
Бачыш,
я па сутнасці каментую Твой ліст, жыву той “рэальнасьцяй”, якую Ты падаеш у сваім
багатым лісьце. У мяне няма рэальнасьці, я жыву нібы па-за рэальнасьцяй. Я эмігрант,
у якога адсечаны карані. Я жыву ў пустэльні. (...)
З Новым
Годам! З новым шчасцем! Мінулы Твой год быў сапраўды прадвыз-начальным.
Ідзі
і ў Новы пасьпяхова!
Скруха і горыч – эмігрант...
У беларускай мове ёсць дакладны адпаведнік
гэтаму замежнаму слову, прынамсі, у выпадку з Масеем Сяднёвым – выгнаннік. У згаданым
ужо 29 нумары “Крыніцы” шчымліва выказаўся на гэту тэму Юры Станкевіч: “Яго (Масея
Сяднёва – Г.Т.) не зламалі ні фізічна,
ні маральна, але зрабілі з ім, можа, найгоршае – змусілі стаць выгнаннікам.
(...) Трагедыя выгнаннікаў у тым, што яны ніяк не могуць спаліць масты і працягваюць
любіць тую “прастору”, якая выштурхнула іх ад сябе і якая завецца Радзімай”. Трагедыя
выгнаннікаў і мігценне надзеі, падтрымка веры ў надыход добрай прышласці...
Зноў затрымлівалася недзе пошта з Глен
Кова, але ж гэтым разам, аказалася, маўчаў сам Масей Ларывонавіч:
Ты думаеш,
не пішу Табе, дык і не думаю пра Цябе – думаю-думаю – кожны дзень думаю (пісаў
ён 4.02.98). Мне лягчэй думаць, чым пісаць. Але ж думка – рэч не матэрыяльная, і ці адчуваеш
Ты на сабе мае думкі, ці кранаюць яны Цябе...
От гляджу
на фотаздымак, што Ты прыслала мне: Ты з сынам Данікам і радуюся: якія вы прыгожыя
сваёй нейкай унутранай прыгажосьцяй! Вы сьвеціцеся! І я ад гэтага сьвятла ажываю
душой. Дзякую. (...)
Гратулюю
Цябе з прыняцьцем у Саюз. Як бы там ні было з тым Саюзам, а прыемна ўсё-такі належаць
да яго.
Іван
Антонавіч (Брыль – Г.Т.)
мае рацыю: эмігранты не аднародныя, адсюль
і разыходжаньні. Прыемна мне, што Іван Антонавіч паспачуваў мне. (...)
Люблю
Твае разважаньні адносна майго (і нашага наогул) “здзяйснення ў Лёсе”, “прарастання
ў Сусвеце”. Наогул, кожны Твой ліст – гэта даследаваньне сябе, як асобы, і нас,
чалавекаў. Былі б у мяне сілы, я вылавіў бы з Тваіх лістоў ізюмінку, самае сподняе,
атрымаўся б надзвычайны твор. (...)
З газеты
“Советская Белоруссия” даведаўся: Арс., Ген. і мяне выключылі з школьнай праграмы
па літаратуры.
А ці
рыхтуецца “Гісторыя літаратуры”? І як у ёй будзе (калі будзе) выглядаць М.С.? Ты
часам ня ведаеш?
Чарговае выгнанне – гэтым разам са
школы! Нездарма ён маўчаў, апанаваны быў невясёлымі думкамі... Пасля кароткага адраджэнчага
перыяду на Радзіме ізноў увабраліся ў сілу знявага і адмаўленне ўласна беларускай
гісторыі і беларускага слова. Новая “Гісторыя беларускай літаратуры” рыхтавалася,
былі замоўлены ў яе і артыкулы пра Наталлю Арсенневу і пра Масея Сяднёва, але, здаецца,
усіх ужо агортвала досыць песімістычнае прадчуванне. Хоць адначасова і кволілася
яшчэ спадзяванне, што ўсё ж зараз беларуская літаратура паўстане ў чатырохтомным
выданні ва ўсёй сваёй шматстайнасці, паўнаце... Дарэмнае спадзяванне! У чарговы
раз чакае чытача, на жаль, скарочаны варыянт “Гісторыі...”.
Пэўна, пакутлівым цяжарам стаўся душы
паэта новы іспыт. Ён жа ўсведамляў, што перад ім ужо замала жыццёвай прасторы, каб
дачакацца перамен на далёкай Айчыне... У лісце ад 27.02.98 Масей Ларывонавіч пісаў:
Атрымаў
Твой ліст з Малітваю (Опцінскіх старцаў – Г.Т.). У ёй – усё. Поўная пакора
перад Госпадам Богам і спадзяваньне на Яго. Я ня ведаў гэтай малітвы, але, калі
азірнуцца назад – хацеў жыць паводле духу гэтай малітвы, хоць кожны дзень быў аб’ектам
і супрацьлеглых сіл. Пражыў у змаганьні між двума пачаткамі – добрым і злым. (...)
Тронут
я Тваім клопатам пра мой настрой, пра маё сьветаадчуваньне, моліш, каб адмоўнае
не ўплывала на мяне “разбуральна”.
Вітай
Івана Антонавіча. Здароўя яму!
У лісце ад 18.04.98, Масей Ларывонавіч, захоплены здольнасцю жанчын адраджацца,
сцвярджаў, што стымулюе здольнасць гэту найперш зацікаўленасць:
Табе
трэба ведаць, “ці разгортваюцца лістотай бярозы ў Глен Кове, ці развінаюць (свае)
пальцы-свечы каштаны, ці ёсць у тым Глен Кове буслы?” Апрача каштанаў, ні
бяроз, ні буслоў, на жаль, у Глен Кове няма”. На шчымлівай
ноце пачынаўся і ліст ад 13.06.98: “Пішу з “буслінага выраю” і сумую, што няма гэтаму
выраю павароту. Вырай без вяртаньня. Вырай, што асуджаны заставацца ў выраі да скону
(мне надта падабаецца твой прыгожы вобраз “Беларускі бусліны вырай”).
Мінаў напружаны і нават драматычны
для мяне год (мітрэнгі з абаронай доктарскай дысертацыі), але ж лістамі мы абменьваліся
досыць рэгулярна, а затрымка пошты кампенсавалася цудоўнымі развагамі:
Галінка, – пісаў
Масей Ларывонавіч 8.12.98, – ня злуйся, што не адказаў дасюль на Твой ліст.
Не адказваў, але ж думаў пра Цябе. А думаць пра некага, гэта ж болей значыць, чымся
тая пісаніна. Думка, яна цяплейшая за літару, больш душэўная, думка здольна ўяўляць,
думка – гэта фантазія, з думкай я бываю часта ў Цябе ў хаце, з думкай мне ўсё можна,
думцы няма перашкодаў. А ліст, што? Бяздушная матэрыя. Яго можна і ў кошык выкінуць.
А думкі, Галінка, ня выкінеш.
Можа
Ты ўжо за гэты час абаранілася і Цябе ўжо можна называць Др. Тварановіч? А?
Пэўна
ж і Ты атрымала “Тэрмапілы”? Мудроная назва, а? З Тваімі вершамі і маім дзённікам.
У часопісе ці не болей аўтараў-замежнікаў. Будуць яго падтрымліваць “замежнікі”?
Уражаньне пакідае добрае. Ян прасіў выказаць сваю думку. Напісаў яму ліст, дзе й
спрабаваў выказаць тую сваю думку.
У Кнізе кніг сцвярджаецца, што век
чалавечы – 70 гадоў, мацнейшым дадзена 80, а найлепшым часам для чалавека – хваробы
й пакуты. “І мы спяшаемся, ляцім у неўміручыя прасторы – бясконцасць вечнага ц я п е р”. Але як цяжка кожнаму, колькі б яму
ні было, змірыцца з наканаваннем... Ды усё індывідуальна. Менавіта ў 70 гадоў пачаўся
найплённы творчы перыяд Масея Сяднёва. У біблейным узросце адбылося яго прызнанне
на Радзіме як творцы. Расцягваліся, аднак, на гады хваробы і пакуты, як бы нешта
мусіла і праз іх спазнацца, напрацавацца. Другога сакавіка 1999 года Масей Ларывонавіч
пісаў:
Трошкі
пра сябе. Апошнім часам даймае адышка (...). Не хапае нібы паветра, кароткае дыханьне,
знайшлі вогкасьць у лёгкіх, прыймаю таблеткі, памагаюць, але тая вогкасьць яшчэ
застаецца і хіба давядзецца выпампоўваць яе іголкамі ў шпіталі. У Купалы ёсць такое
“Крумкач звесіў глюгу” (“Над ракой Арэсай”). Дык я трохі звесіў глюгу.
Пераклаў
апошнімі тыднямі 20 вершаў з Эйхендорфа. Паслаў у “Крыніцу”. Хто ведае, як там на
іх паглядзяць.
Пытаесься,
як з маімі лёгкімі (ліст ад 1.04.99).
ды ня лепш, даражэнькая. Вогкасьць яшчэ ў
лёгкіх ёсць, таблеткі (а іх прыймаю ажно пяць) нібы дапамагаюць, але ж яны і нішчаць
мяне. Прычына – сэрца: яно не спраўляецца з усімі сваімі абавязкамі. Даймае задышка.
Але я навучыўся жыць пакутліва, дык і гэтую пакуту мушу цярпець. Івану Антонавічу
перадай, калі ласка, мой самы найлепшы прывет, ягоны запыт пра стан майго здароўя,
ягоны клопат лечыць мяне лепш, чымся мае таблеткі. Кранула мяне ягоная спагада.
Мяне
ня чуваць, дык Ты хіба думаеш, што я памёр (ліст ад 18.05.99). Ды не. Пакуль не. Трымаюся за зймлю. Гэтак гаварылі зьняволеныя, калі нехта
спаткнуўся і ўпаў. Такому нехта іранічна крычэў: “Трымайся за зймлю!” Гэта калі
ўжо той ляжаў на зямлі.
Ну,
але я трымаюся не за землю, на ёй я цяпер толькі ліплю, а помысламі сваімі я ў іншай
сфэры. Прыгадаю Табе свае радкі:
Я кожны дзень паміраю,
ды ўсё жыву.
Веру у прышласць маю
І яшчэ, таксама сваё:
Цяпер я ў неба болей закаханы
і бег хмурынак разумею болей, чым калі.
Гляджу ў нябёсы я і зажываюць раны,
што атрымаў я на пакутлівай зямлі.
Гляджу і турбавацца больш ня трэба,
Злагоджвае ўсё ў сэрцы сінява.
Ды вось бяда: пачну глядзець у неба,
Закружыцца адразу галава.
Але
мне падабаецца такі стан. “Ападае, – як Ты пішаш, – што лістота, матэрыя, сабраная
быццём”. Глыбокую думку Ты выказала тут. Дык от адпадае пакрысе матэрыя, сабраная
быццём. Але само быццё яшчэ не канчаецца. Пытаесься, што з лёгкімі? Не, не прастуда.
Вадкасьць у лёгкіх. (...) Выганяю тую вадкасьць рознымі таблеткамі. І быццам дапамагае
гэта, але толькі ў нейкай ступені. Завучыў малітву старцаў Опцінскіх, што Ты прыслала
мне. Дык, бачыш, жыву і Тваімі малітвамі. Дадзяе, аднак адзінота. Імкнуся займаць
сябе працаю. Надумаўся напісаць містэрыю – “Масей”. Ня ведаю, што выйдзе.
(...)
Абрадаваў мяне ліст студэнткі Варшаўскага універсітэту. Яна піша сваю дыпломную
на падставе лірыкі М.С. і хацела, каб я адказаў на некаторыя ейныя пытаньні, што
я й зрабіў. Пры тым прасіла напісаць адказ ад рукі. Гэта было для мяне вялікай пакутай.
Наспявалі кардынальныя змены ў маім
жыцці і ліст Масея Ларывонавіча ад 10.09.99
быў апошняю яго поштаю на мой мінскі адрас: “Атрымаў Твой ліст з вітаньнямі да майго дня народзінаў. Шчыра-шчыра дзякую
– вітаньне Тваё мяне адраджае. І яно якраз у часе, калі я ў нейкім расцярушаным
стане.
Учора
атрымаў ад Яна прыгожае вітаньне з днём народзінаў і “Тэрмапілы”-2. А сёньня ад
Цябе. Цалкам ашчасьліўлены. Скончу Твой ліст, коратка напішу Яну”. У другім
нумары “Тэрмапілаў” былі надрукаваны два апавяданні Масея Сяднёва: “Клятва перад
Тасканам” і “Развітанне з Калымой”. Ці не найлепшы спосаб вызвалення ад балючага
мінулага – пераўтварэнне яго ў мастацкую матэрыю... А само супрацоўніцтва Масея
Сяднёва з часопісам Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” было нават сімвалічным:
зноў Масей Ларывонавіч браў удзел у літаратурным жыцці Беласточчыны, вяртаўся сваімі
творамі ў старану, якая заўсёдна вабіла яго сваёй прыхільнасцю.
Між тым наступны, падрабязны, зацікаўлены
ліст Масей Ларывонавіч адрасаваў мне ўжо якраз на Беласточчыну, у старажытны ціхі
Бельск. Шостага кастрычніка ён пісаў:
Даражэнькая
Галіна! Пасылаць лісты ў Янаву хату не да Яна – преступно. Я мусіў бы атрымаць ад
Яна ліцэнзію на такое права, але яе няма і я пішу Табе ліст з вялікай рызыкай для
сябе. Дык найперш дзякую за Твой ліст, які Ты пісала яшчэ будучы ў Мінску, але ўжо
знаходзячыся, паводле Тваіх словаў, “за якіх пару крокаў да сваёй новай жыццёвай
пары”. Спадзяюся, што гэтыя “пару крокаў” Ты зрабіла пасьпяхова і такім чынам апынулася
на сваім новым жыцьцёвым вітку, пачуваеш сябе шчасьлівай і задаволенай. Пачаліся
ж ужо Твае выклады на універсітэце, і Ты паглынута цяпер цалкам сваім новым, прафесарскім
становішчам. Уласна, як называецца курс, які Ты вядзеш, колькі гадзінаў на тыдзень,
ці вялікая Твая аўдыторыя, колькі часу ў Цябе забірае дарога да Беластоку і назад?
Як сустрэў Цябе універсітэт і г.д.? Ян, вядома, як спрактыкаваны выкладчык, падтрымлівае
Цябе на духу ў Тваёй новай, так бы сказаць, экзістэнцыі. Адным словам, мужайся,
акунайся ў новую атмасферу, забудзь на сваіх зласьліўцаў, Ты ўжо цяпер схавалася
ад “зласьлівых вачэй”, Ты ўжо цяпер недасягальная для зласьліўцаў, хоць яны зрэшты
ўсюды ёсьць. Недзе ў Танка чытаў верш пра месяц, дык у тым вершы ён прасіў чалавека,
каб ён не закінуў туды зайздрасьць.
Прыемна
мне, што Табе спадабаўся мой “Спас” і інтэрв’ю ў “ЛіМе”, хоць яно ўжо й застарэлае.
“ЛіМ” гэты я маю, дзякую. А як глядзіць на яго Ян, цікава? Дзякую і за “Навіны” з маім артыкулам
у іх. Свайго артыкулу я туды не пасылаў (з апазыцыйнай прэсай я не маю ніякіх дачыненьняў),
“Навіны” ўзялі яго з эмігранцкай газеты “Беларускі дайджэст” без зазначэньня крыніцы,
маючы, відавочна, на мэце залічыць мяне да ліку супрацоўнікаў свае газеты, а найбольш
– прыхільнікаў ейнага курсу. Зазначу і тое, што артыкул зьмешчаны не пад маім загалоўкам
“Нацыянальная палітыка і міждзяржаўныя дачыненьні”, а пад недарэчным “Прымус любові
не дае”. Мне сорамна за такі загаловак. Да таго ж, апусціўшы з пару сказаў у маім
тэксьце. Але добра, што Ты прыслала мне артыкул, так бы й ня ведаў я пра гэты перадрук.
Падзяка належыцца і Спадарыні Зарэмба, што зьвярнула Тваю ўвагу на яго. Дарэчы,
Сп. Зарэмба прыслала сёньня ліст мне з пытаньнямі, што тычацца “Плачу Яраслаўны”,
з разважаньнямі на тэму перакладу наогул. Рада была майму лісту. (...)
Шкада,
канешне, што Віктар Антонавіч ужо не рэдактар Гісторыі. В.А. – залаты чалавек і вялікі знаўца гісторыі беларускай
літаратуры, дасьведчаны і ў нейкім сэньсе прост незаменны. Але дырэктарам Інстытута
літаратуры ён застаецца? А Гніламёдаў... на мяне ён зрабіў на сустрэчы з ім добрае
ўражаньне, як чалавек, а як знаўца – мне спадабаўся ягоны артыкул пра зборнік твораў
эміграцыйных паэтаў і ў прыватнасьці пра раба грэшнага. Дык можа яно пойдзе і з
ім. Але В.А. незабыўны.
Твой
верш, “празаічна-вершаваны верш” – надзвычайны, цудоўная містэрыя. Шліфаваць яго
ня трэба. Ён добры менавіта ў сваім накідзе.
Хачу
пахваліцца тут і сваім новым вершам “Вуліца”:
Як сяліўся я на гэтай вуліцы,
думаў я, гэта вуліца будзе мая.
Колькі год прамінула, схлынула,
Але гэтая вуліца ўсё не мая.
Я схадзіў гэту вуліцу, вытаптаў.
Колькі дум перадумаў, па ёй ідучы.
Быццам зросься з ёю, бяздомны, я,
але гэтая вуліца ўсё не мая.
Колькі вестак прыйшло мне на гэту вуліцу
ад сяброў на радзіме маёй,
вестак добрых і сумных і радасных,
але гэтая вуліца ўсё не мая
Павязуць мяне з гэтай вуліцы
у сьвет іншы, прыгожы сьвет.
Па ёй пойдзе сьвятар з малітваю,
але гэтая вуліца ўсё не мая.
Ня крыўдуй на мяне ты, зацятага,
заставайся з Богам у турбоце сваёй –
адпусьціць аніяк ня хоча мяне
адна вуліца на радзіме маёй.
1999, Глен Коў, ЗША
Дазволь на гэтым скончыць. Стаміўся, Галінка
Заставайся
з Богам у турбоце сваёй. Перадай мае найлепшыя прывітаньні Яну. Чакаю ад яго ліцэнзіі.
(...)
Чуюся неяк блага і таўкуся во на мейсцы, (ліст ад 11.11.99) бяз тых нейкіх значных думак, а Ты ж у сваім лісьце во як мяне ўзьнясла!
Тут і “вернасць свайму (майму) унутранаму наканаванню”, і (мая) трывучасць, і зайздросная
самадастатковасць, выразнасць пазіцыі, забяспечаная вытрыманым годна жыццём”. На
ўсё гэта, кажаш, Ты абапіраесься. Абапірайся колькі хочаш, нічога супраць я ня маю,
толькі глядзі, каб, абапіраючыся на маю самадастатковасць, абапіралася Ты лёгенька
на мяне аслабелага, а то можам так і паваліцца. Але я моцна дзякую Табе за моцныя
словы пра мяне, у сваю чаргу я буду абапірацца на іх, на Тваю самадастатковасць
і трывучасць. (...)
Атрымаў
Янаву новую кнігу “Лісце срэбнай таполі”, пераклады з польскай лірыкі ХХ ст. Учытваюся.
Пазнаю, што такое польская лірыка. Ян прасіў выказаць думку. Паспрабую. Гэта для
мяне новы сьвет.
(...)
Перакладчык маіх вершаў на расейскую Вадзім Крэйд выказаўся так пра маю “Вуліцу”:
“Вещь классическая, чудная, горькая, просветленная”. Я ўражаны гэтым выказваньнем.
Неўпрыкмет надышоў і 2000 год. Другога
студзеня Масей Ларывонавіч пісаў: Найперш,
каб Ты зьняла з мяне віну – не адказаў жа на Твой папярэдні ліст, усё меў яго наўме,
ды ўсё гэтае “наўме” не магло рэалізавацца практычна: я ўжо раб абставінаў, страціў
сябе, не кірую сабой, плыву некуды самаадвольна. Але гэта не апраўданьне. (...)
Высылаю
Табе тут (з боязяй) свой опус: “Што ёсьць Бог або як я пазнаваў, адкрываў Бога”.
Не асудзі.
Ян добра
ўлез у маю прозу, падняў, узвысіў яе, а разам з тым даў прыклад беларускай літаратуры
і крытыцы новага, сучаснага падыходу да літаратурных зьяў. Дарэмна Ян трывожыўся.
Адаслаў ён артыкул, каму там? (...)
Люблю,
што Ты ходзіш на Споведзь і на Прычасце ў царкву Марыі Магдалены. Я яе бачыў і яна,
пекная, нейкая асаблівая, стаіць у мяне ўваччу. На ўзгорачку. (...)
Ці атрымалі
вы мае сьвяточныя вітаньні і пераклады з Брэнтана? Дзякую за прысланую Багародзіцу
– далікатную, праніклівую.
Нягледзячы на бясконцае недамаганне,
хваробы, Масей Ларывонавіч імкнуўся пісаць, перакладаць і, вядома, чытаць. Спяшаўся
выказацца пра сутнаснае, пра свае духоўныя стасункі з “вечным ц я п е р”. Дух падпарадкоўваў сабе плоць. І
зараз, калі ўжо ўсё, што мог сказаць Масей
Ларывонавіч, ім выказана, з асаблівай
шчымлівасцю ўспрымаюцца яго лісты. Апошняга ягонага году лісты...
Не ўкладваюся
ў свой час, усё недзе як бы па-за часам (ліст ад 1.02.00) і от зноў пазьнюся, выбачай, з адказам на Твой абдымны – Ты й цяпер уклала
сябе ў яго – ліст. Ачысьціў Космас Хрышчэнскім марозам, сьнегам, холадам і нашу
тут гленкоўскую зямлю. Ад Хрышчэнскага маразякі сьціснуўся я яшчэ болей і зрабіўся
дужа ж ценькім. (...)
Было
б добра, каб мой опус пайшоў у часопісе “Агляд праваслаўны”. Тым больш, што Ты яго
прыняла. Дасылаю Табе 1-ю балонку опуса, трошкі папраўленую. Праўка прост патрэбная
была”. (...)
Вітай