На абмежку
Георгій Валкавыцкі
Яна недзе ёсць
Мой унук Эрнік, першы кавалер дзіцячага садка, закахаўся ў суседку, вучаніцу першага класа. Закахаўся безнадзейна. Старэйшая на два гады суседка не хоча бавіцца з ім.
- Што рабіць? — сумуе малы.
— Кінь задаваку, — стараюся вывесці яго з хлапечай хандры. — Вунь, у пясочніцы, колькі харошых дзяўчатак. Выбірай. Кожная — прыгажэйшая за тую...
- Няма нідзе прыгажэйшай! — з плачам і кулакамі кідаецца на мяне.
Малайчына! Умееш пастаяць за свой ідэал. Палагоджваю канфлікт пакаленняў:
- Тады мусіш чымсьці спадабацца ёй, — кажу.
- Але чым? — бездапаможна раскладае рукі.
Каб я ведаў густ ягонай абранніцы! Але не ведаю. Застаецца універсальная слабасць — ласункі. Таму і кажу:
- Паспрабуй прываражыць цукеркамі.
- Ідэя! — уцешыўся ўнук. Схапіў пачак “каровак” і пабег на двор.
Вярнуўся з маркотнай мінай:
- Цукеркі з’ела, а бавіцца не хоча.
Значыць, прычына глыбейшая, дзяўчынка не шалахвостка, кіруецца дальнім разлікам.
Было лета і я меў водпуск. Ужо старэў, не цягнулі ні горы, ні мора. Нават Памора, крыштальная казка Аўгустоўскага паазер’я, мая прывольная Яцвягія, не вабіла. А водпуску многа, адрабляю неадпачытае з мінулых гадоў. Паеду над Нараў, у Плёскі: якраз выдавец заснаваў там фірмавы летнік. Галоўнае — блізка. Узяў я з сабою дачку і ўнука: хай астыне хлопец ад непрыступнай суседкі. Але не паспелі мы асвоіць вакацыйную хатку, як прыбягае Эрнік з нечаканай навінай:
- І яна тут!..
Суседнічалі з дзіцячым лагерам. У ім і высачыў унук сваю багіню.
— Пайшла на рэчку купацца,— кажа. — Ідзем падглядаць, — цягне за руку.
Што ж, ідзем. Тупаем да купальні дзікім, зарослым кустамі берагам Нарава. Бераг абрывісты, унук гарачыцца, баюся, каб не зваліўся ў раку. І прыходзіць у голаў блазенская думка. Моцна трымаючы гарцуна, кажу:
- Вось зараз вазьму і скокну ў раку.
- І што будзе? — цікавіцца ён.
- Утаплюся.
Думаў, што пасля такой заявы Эрнік пачне адводзіць мяне ад самагубнага ўчынку.
Тое, што пачуў, зусім збіла мяне з тропу:
- А хто завядзе мяне да мамы? — жахнуўся ўнук.
Я забыў нават куды ішоў.
Зрабілася на душы сумна: не шкадуе дзеда. Хочаш тапіцца — твая справа, але перад гэтай паказухай адвядзі мяне да мамы. Ну, але тут мая віна, не трэба было ставіць хлопца ў дурное становішча.
На сямейных адносінах берагавы эпізод не згуляў адмоўнай ролі, а ўнук неўзабаве сагрэў маю пасмутнелую душу гарачым цяплом. Скончылася лета ў Плёсках, а адпачынкавыя хвасты не адроблены. Нудна сядзець у хаце, схаджу ў рэдакцыю. Унук ідзе са мною. А па дарозе міжнародная кнігарня. Ніколі яе не прамінаю. Зойдзем, паглядзім навінкі. У сярэдзіне многа наведвальнікаў. Прабіраюся да беларускай паліцы. Па вокладках бачу – прыйшло добрае папаўненне. Пастой, Эрнік, а я пагартаю. Калі адарваўся ад паліцы, абліўся халодным потам: няма Эрніка! Пытаюся ў прадаўшчыцы, ці не бачыла пяцігадовага хлопчыка. Выйшаў з нейкім дзядзькам, кажа. Непрытомны ад жаху, выбягаю на вуліцу. Ні дзядзькі, ні Эрніка. Кідаюся то ў адзін, то ў другі бок, заглядаю ў пад’езды суседніх дамоў, нідзе няма. Нявед чаго брыду ў кірунку рэдакцыі. Што скажу Веры? А што дачцэ?! Расступіся зямля, стрымгалоў кувыркнуўся б у збаўчую бездань. Але зямля цвёрдая, а ногі з кожным крокам мякчэюць. Куды я іду?..
Ажно насупраць чырвонага касцёла — цуд: Эрнік цягне за руку Веру, паганяе яе, аж змакрэў чубок на ўзбуджаным тварыку. Яшчэ мяне не бачаць.
- Эрнік! — задыхаюся ад шчасця.
Эрнік спыніўся. Утаропіўся ў мяне, як у прывід. Мой залаты хлопчык!
Што здарылася? Спрацавалі роднасныя імпульсы. Унучак у набітай кнігалюбамі кнігарні менш цікавіўся дзіцячымі кніжкамі, каля якіх я яго паставіў, чым людзьмі. І спіна аднаго вялікалюды, што праціскалася ў цесныя дзверы на вуліцу, выдалася яму дзедавай, і ён падаўся следам. Выйшаў на тратуар, а дзед як растварыўся. І хлопец папёр у рэдакцыю. Прапаў дзед! Схапіў бабульку за руку — і бягом, выручаць дзеда!
А што з багіняй? Упадабаў другую — дзяўчыну з кардонкі Lego:
— Падрасту, паеду шукаць яе, — прызнаўся. — Ну, бо недзе ж яна павінна быць.
- А як жа ты знойдзеш яе? Свет такі вялікі.
- Вазьму з сабою Lego і буду прыглядацца да дзяўчат.
А колькі год маляванка бадзяецца па зямным шарыку? Мо ўжо ператварылася ў Бабу-Ягу і толькі расстаўляе пасткі на Чырвоную Шапачку? Гэта ўнука не цікавіла. Не цікавіў яго і тэрмін адысеі, які ў радасным азарэнні прызначыў сябе. Яна недзе ёсць. І яна чакае мяне. І я знайду яе.
Шукальнік алмазнага свету
Рыбалы — вялікая прыходская вёска: дзве царквы, школа, гурт спевакоў “Хлопцы-рыбалоўцы”. У бруйныя пяцідзесятыя гады гаманлівая, цяпер — аглухлая (за выключэннем памянёных “хлопцаў”), апусцелая — глядзіць бязмэтна шэрымі шыбінамі даўно нямытых вокан, за якімі затаіўся адлеглы час. Кожны раз едучы ў Беласток, лаўлю гэты шчымлівы позірк — у ім дакор і ў мой адрас. Маё пакаленне звышпрычыннае да адліву з нашых вёсак людскога гоману. Віну прымаю, грэх — не. Не ўкладваецца ў заганны ўчынак. А што нам было рабіць, кішэць у гнойнай бытавусе? Ішлі ў горад. Адны на працу, другія на вучобу. Як правіла, у бацькоўскія парогі не вярталіся. Вось і Рыбалы бязлюдзелі, выраджаліся — і цяпер сіратліва зіркаюць пустымі вокнамі.
А мне здаецца, што ў сумна-зашклёных проймах спарахнелых сцен кучаравіцца дапытлівая галоўка Валодзіка Паўлючука: знайшоў у агародзе зачараванае шкельца і бачыць у ім зманлівае ваколле — не тое, у якім жыве.
15 лютага 1958 года я са сваёй калегіяй гасцяваў у рыбалаўскай школе. Народу сабралася шмат і гутарка вялася талковая. Мы зандзіравалі чытачоў, яны рэдактараў. Высвятлялі ўзаемныя адносіны, раіліся. У перадыху кранулі гісторыю — даведаліся, што да вайны Рыбалы славіліся зладзеямі.
- А што, цяпер няма іх? — цікавімся.
- Няма, — чуем. — Усе падаліся ва УБ.
Значыць, тутэйшыя зладзеі мелі нацыянальную гордасць. Даверліва гаманілі.Узніклі і цяжкасці. Васіль Баршчэўскі, наш парторг — лявацкі сверб! — абмяняўся поглядамі з мясцовым бацюшкам. Ледзь развялі.
Тут і сустрэў я ўладальніка зачараванага шкельца. Валодзік — ужо Уладзімір, заадно і вясковы бібліятэкар. Вось адкуль у нашага карэспандэнта салідныя літаратурныя веды! Вядома, згуляла сваю ролю і чарадзейнае шкельца — хлопец з бачным позіркам і непадробным почыркам. У 1964 годзе, калі ён працаваў ужо ў “Ніве”, уразіў нас мройным Дзямянам са Старой Вёскі.
Аблашчаны ўвагай вяскоўцаў, Дзямян запрагнуў ананімнасці, зняўся з наседжанага гняздоўя і ўшыўся ў гарадскі мурашнік. Уцякаў ад суседскіх вачэй у вольную волю, а тут мітусня, бездапаможнасць, і ты ўсім чужак, безыменны мураш, круглы нуль. Скрушаны, стаў загубленым чалавекам.
У спрэчкі кінуўся ўвесь ніўскі авангард. Змагаліся паўгода. Няма ў нас Дзямянаў — заявіла большасць. І Старыя вёскі зніклі! Пагадзіў усіх Дзядзька Квас. Прызнаў адступніка і даказаў, што ягонае месца – на бязлюднай выспе.
Сам жа віноўнік палемічнай бойкі без асаблівых згрызот развітаўся з роднай вёскай, ад свайго лёсу не ўцякаў. Углыблены ў нацыянальнае існаванне, распрацоўваў беларускую тутэйшасць, разбураў аджыўшыя стэрэатыпы, ляпіў новыя, рабіў высновы, назапашваў творчую амальгаму. І заззяла адметным бляскам чарадзейнае шкельца, здзівіў чытацкі свет “Вершалінам”. Умеў Валодзя карыстацца цудоўнай знаходкай.
Міжволі думаю, што ён яшчэ ў нашым даўгу. Што верне Дзямяна на старавясковыя гоні, дапіша жыццёвы лёс загнанага вяртанца. Бачу гэты акт. Колішні нівец з акадэмічнай бародкай вешае на саноўны карак выслужаны фотаапарат і едзе ў Старую Вёску. Недаязджаючы, спыняецца ля бульбянога поля, падыходзіць да найбліжэйшай капальніцы і цікавіцца сялянскім бытам:
- Як жывецца? — пытае.
- Цяжка! — з убітым у зямлю зрокам адмахваецца кабеціна.
— Нам усім цяжка, – з філасофскім поглядам на справу суцяшае яе гарадскі прышэлец і кіруе ў другі бок, да аратага, з выгляду вылітага Дзямяна. Даганяе яго бабская гаворка:
- Волька, хто гэта?
А Волька, не адгінаючыся ад матыкі, адгукаецца:
— А, якісь дурны пан. Павесіў на пузе бліскучую цацку і кажа, што яму цяжка.
Гэта не ўява. Так было ў дзіўную гамулкаўскую пару шасцідзесятых, калі мы, новая калегія — і Валодзя ў ёй паўнапраўны член — вывучалі ў пленэры абноўлены сялянскі быт. Валодзя не расставаўся з фотаапаратам, лавіў момант. Я любіў такі ўлоў і даваў лаўцу першыя старонкі “Нівы”. Заахвочваў і іншых шчалкапёраў ісці следам. Пераўзысці Валодзю ніхто не змог. І не так з прычыны прафесійнай нямогласці, як з-за фанабэрыстага нораву нашых людзей: з’ява празаічная — амбітнасць. Калі ўжо хочаш фатаграфаваць мяне, то, будзь добры, пачакай, пакуль я памыюся, пагалюся, улезу ў святочную апранаху і сам выбяру месца фіксацыі падзеі. Можна і на трактары, але абавязкова з медалём на грудзях і дыпломам ударніка ў руках. Ведайце нашых! Толькі не на фоне старой хаты ці пахіленага плота. Вось ля Майсеневай забягалаўкі — іншая справа. Стандартная? Але новая. Прагрэс!
Як ні дзіўна, але “прагрэсісты” цюцелька ў цюцельку траплялі ў ацэначныя лінзы ахоўнікаў ідэйнай чысціні. Пакажаш на прызбе старэнькай хаткі дзядулю з рэзбленым гадамі тварам — ага, настальгія па клятым мінулым! Дасі голенькага карапуза на пясчанай дарозе — ага, намёк на беларускі лёс у ПНР! Ці ж у нас ужо і адзення не хапае? Што скажуць у Амерыцы!
Правільна, амерыканскі кантаслуп з роднаснай матэрыі паказвае тое ж самае. Завёз Лёнік за акіян высечаны лес, адны пянёчкі. У друку карціна патлумачана: “Высечка беларускай культуры”. Тлумачыў збеглы чэкіст? З ім не засумуеш.
Ну і хай кажуць, хай тлумачаць, калі яны касавокія. Мы ж робім “Ніву” не для іх. Аказваецца, і для іх. Яны таксама ловяць момант.
Куды я гну? Наш прафесар не паедзе ў Старую Вёску. Ён убачыў, куды ідзе караван — плаўна віруе ва універсітэцкіх аўдыторыях і замест прамінулага часу, ачольвае новыя плыні. Ці не таму загадкава ўсміхаецца да нас з блакітнага акенца беластоцкага тэлецэнтра? Мо ўжо забыў спарахнелыя сцены і агарод, у якім знайшоў зачараванае шкельца? А мо яно ўвесь час з ім? Толькі – дзе тая Старая Вёска? Зарасла крапівою.
Крылатыя словы Барскага
Яны нарадзіліся ў благаславёны час нашага літаратурнага Вig Banga, калі для паэтаў “Руні” вясковыя асілкі знімалі дзверы з клуні, а бельскія ліцэісткі прысвячалі Барскаму свае першыя лірычныя парывы.
І паэт не заставаўся ў даўгу. Пад шквал авацый, укантэнтаваны прызнаннем удзячнай публікі, сходзіў з узнёслай гарызанталі прыгуменных дзвярэй на грэшную зямлю, выбіраў з бязлікага натоўпу спелую папялушку, высвятляў сэрцаедным зрокам стан ейнага нутра і, адчуўшы асалоду ад душэўных пакут ахвяры, ускрыляў яе трапятлівым словам:
- Я вас кахаю!
Тут, не спускаючы з папялушкі намагнічанага эротыкай позірку, рабіў спазматычны перадых і, надаўшы голасу глыбока асабістага зместу, прыкідваўся няўцямным цнатліўцам:
- А вы мяне? — ні то пытаў, ні то прасіў.
І здзяйсняўся цуд. У адно імгненне сціплая папялушка ператваралася ў распаленую каралеўну, прыкметна прыгажэла, млела ад будучага шчасця і палкімі вачыма адказвала:
- Я твая, князь!
Зварушлівыя словы паэта — як лагічнае спараджэнне разбуджанага Пачыну — набылі сілу дэвіза, сталі праграмнай ідэяй, і вабная палова абарыгеннай нацыі лягла вакол рэзвых ног будзіцеля.
І ўспомніўся іншы паэт.
— Я вас любил, — сказаў задуменна Аляксандр Пушкін, кіруючы настальгічную фразу няздзейсненаму каханню — і ўся прыкультурная Расія ахнула ад душэўнага болю, прычыненага паэту няўдзячнай велікасвецкай шалахвосткай. Наш Аляксандр на жаночым фронце не ведаў горычы паражэння. Не карыстаўся і прошлым часам. Атрымаўшы ад прыроды ўнушальныя вонкавыя і ўнутраныя стымулы, прызнаваў толькі цяперашні час. І плыў ад сэрца да сэрца. Сэрцалюбную эстафету значыў на літаратурных старонках “Нівы” і ва ўтоеных лістах прылашчаных спелак, зайздросных пераспелак і слёзных недаспелак.
У гэтай сферы Барскі быў непераўзыдзеным артыстам, і эліта мясцовых казановічаў, не гаворачы пра паспалітых казанюкоў, не адважвалася пераймаць вопыт майстра. Барскі не падлягаў штампаванню. Ляпіла яго неба экспромтам, у разгары херувімскай сябрыны. Дэміург, кульнуўшы добрую чарку, змяшаў зямную гліну з нябеснай. Таму і стаў Барскі непераймальны, боскі. А той, хто пасягае на боскае, выставіць сябе на смех, як Сваяк пад Цілічанкай.
Было так. Стаяла пагоднае лета і мы, ніўцы — Уладзімір Паўлючук, Сакрат Яновіч, Сваяк і я з Сідарам — гнаныя прагай вывучэння роднага краю, выбраліся ў Кнышынскую пушчу. Да Супраслі даехалі рэйсавым аўтобусам, а там рушылі пешкі. Узялі напрамак на Каралёў Мост. Пакуль ішлі цёмным лесам, ні кудлатага лесуна, ні гарбатай ведзьмы не спаткалі. А пад Цілічанкай залаты бор, казка, і між гонкіх соснаў набрынялая маладымі сокамі папялушка.
Абступілі скараспелку. Пачалі абходжваць. Валодзя, які выношваў канцэпцыю абарыгеннай псіхалогіі, падышоў да склаўшайся сітуацыі па-філасофску: убачыў у папялушцы частку акаляючай прыроды, гармонію зместу і формы — і павёў гаворку аб узаемнай адпаведнасці частак цэлага. Сакрат, заядлы рыбак, ломіць галаву над рычагамі, якія ўключылі б рыбныя запасы глеістага раўчака, што чарнее непадалёку, у задавальненне патрэб мясцовага насельніцтва.
- Які а...а...сартымент рыб водзіцца ў ім? — выпытвае, прагна заікаючыся.
- Сартымент? — здзіўляецца папялушка. — Чаго?
— А...а...а... — давіцца Сакрат казённым словам, уганяючы папялушку ў разгубленасць, і яна зіркае на мяне. Я прыняў паставу загадкавага маўчуна. Яна зірк на Сідара. А ён валяе дурня, мацае ўчэпістым зрокам узбуджанае цела папялушкі і нахабна ўсміхаецца з анексійным намёкам. Пікавае становішча. І тут Сваяк — ні з таго, ні з сяго — сячэ Барскім. З ходу карцела вылучыцца ў князі? Баяўся, каб Сідар не апярэдзіў?
Наспех развучаная роля прывяла да адваротнага ператварэння намеру ў скутак. Выйшла, як на аматарскай сцэне. Ад спешкі ніўскі казанова страціў прыпісаны герою лірычны тон і ў яго голасе, замест шчымлівай тугі і радаснага спадзявання, узарваліся ўсе рэсурсы цялеснага жадання. Агаломшаная малодка спярша налілася сарамлівай чырванню, затым у вачах яе ўспыхнула поўнае недаўменне, быццам убачыла згаладнелага сексуальнага вампіра.
- А Божачка! — ахнула, млеючы ад жаху.
І Сваяк, згараючы ад канфузу, кінуўся з усіх ног у лес. Толькі рэха рагатнула ўдагонку:
- Здурэў дзядзька!
Пераймаць Барскага? Лягчэй праз зямлю праваліцца. Застогнеш ад душэўнага болю і яхіднага рогату кплівых хаўруснікаў. І станеш блазнам.
Банальная ісціна, банальны хэпі-энд.
Твая любоў — твая загуба
1
Да вялікага ліцвіна завёў мяне італьянец Амічыс, аўтар гулкага Сэрца, якое праменіла на мае юныя гады, штурхаючы на дарожныя знаёмствы. На беразе Свіцязі наваградскі прарок сказаў мне:
- Кіруйся сваім сэрцам. Яно — твой правадыр.
І я паверыў паэту. Узяў напрамак на ўказку. А што ў гэты час рабіў розум? Куды дзеліся вочы? Розум змоўк, а вочы пачалі фокуснічаць: бачылі то руж, то чэрнь — іншыя колеры зніклі. Пачаў я не пазнаваць і рэальнасць, у якой жыў, і абставін, з якімі зжыўся, і людзей, якіх, здавалася, ведаў. Свет мо стаў і цікавейшым, але як бы зышоў з наканаваных віткоў. Тут і падаспеў хітрамудры Ідальга. Не адну зламалі піку. Ветракоў хапала.
2
Неразважны Германюк падгаварыў Шаховіча, здавалася б, разумнага журналіста, пададэкватніць роднай вёсцы шыльду. Кастусь Майсеня, тадышні сакратар ГП БГКТ, даў камандзіроўку і сродак транспарту. Селі актывісты ў гэпісцкую карэту і (ту-ту!) кіруюць у Доўгі Брод, на братняе памежжа.
Мігам сабралі сход, выступілі з палымяным словам — і за справу. Знялі польскую (дзяржаўную) шыльду, замацавалі беларускую (сваю) і змыліся. А вясковы унтэр Прышыбееў — бах! — рапарт у нядрэмную службу: дыверсія!
Нарад нядрэмных, абследаваўшы месца злачынства, высветліў: Германюк з Шаховічам перасунулі ў некарысць Польшчы дзяржаўную мяжу. І да мяне: “Пакараць Шаховіча!” Я да Шаховіча:
- Якога чорта перасоўваў мяжу?
- Не перасоўваў! — адпіраецца.
- Не вінаваты Шаховіч, — кажу нядрэмным.
- Вінаваты, — кажуць яны. І тыц мне пад нос рапарт унтэра.
- Дык дайце гэты дакумент. Не магу караць без удакументаванага доказу.
- Не дамо.
- Тады зробім канфрантацыю.
Прытураю з суседняга пакоя дыверсанта. Той выкручваецца вужом і перад нядрэмнымі. Такім чынам выбівае з маіх рук падставу ўляпіць страгача. А рукі свярбелі.
3
Яшчэ няраз добрасуседства адгукнецца Доўгім Бродам. “Беларусы перасоўвалі граніцу! Далучаліся!” Колькі іх было? Няважна колькі. Хай нават “перасунуў” мяжу Прышыбееў. Знайшлі матэрыяльны доказ? Знайшлі. Намер праваліўся? Ну і што! Былі? Былі. Выступалі? Выступалі. А што наляпалі? Перайменавалі “Długi Bród” на “Доўгі Брод”. А такія знакі дзе? На Беларусі. А Германюк хто — германец? А Шаховіч — персідскі шах? Беларусы перасоўвалі мяжу.
4
Вам дзіўна? Мне таксама. Хоць здзіўляцца няма падстаў. Нядрэмныя глядзяць на нас праз лагічны кантаслуп. Бо іх вучаць логіцы. У Прышыбеевых гэты прыбор прыродны, у шэрым рэчыве. Таму не выпучвайце вачэй, калі сусед мусоліць вас вітальнай брамай 1939 года. У яго зрашэчаная памяць — забыў, што ён таксама браму ставіў, шанаваў спрадвечны звычай. Каталіцкі Кракаў вітаў напаўпаганскага Ягайлу, Радзівіл — шведаў, цымбаліст Янкель — Напалеона, Алесь Гарун — Пілсудскага. У гэтай традыцыі і драбніца добрасуседскіх пачуццяў. Відаць, за пагром у Старым Беразове новаберазоўцы ўшанавалі помнікам Dziadka. Магчыма, у мройных снах суседзі расстраляных вазакоў Прыбелавежжа здабываюць бронзу для “Бурага”. Ужо ў Пушчы ўганараваны жалезным крыжам нямецкія вешальнікі. Такая логіка нашага жыцця.
5
Сідар кажа: — Ва ўсёй гэтай мітусні вінаваты вялікі ліцвін. Заклікаў жа: Miej serce i patrzaj w serce!
Вось і нашы хлопцы глянулі ў цудоўны твор прыроды. І ўбачылі сябе вялікімі сынамі. Пяройдзем у вякі! Наша справа пачаць, а там — як неўзабаве адгукнецца галосны сэрцагляд Перабудовы — працэс пойдзе. А дзе вочы? Дзе розум? Спіць. Неактыўны дружбак. Актыўная воля! Яна асновай усяго. З зачаткавых нетраў сярэднявечча вызірнуў блажэнны Аўгустын, вучоны муж, іерарх сэрцаглядства. Во якія глыбокія карані. З іх і вырас Міцкевіч — з перавагі ірацыянальных сіл душы над розумам. Калі сціснуць квяцісты тэзіс Аўгустына, выйдзе, што і ў Міцкевіча: “Глядзі ў сэрца і слухай сэрца!”
Трэба меркаваць, старажытны мысляр не пазычыў фразу ў нашага земляка. Хто ж тады падвёў мяне і нашых хлопцаў?
Дарунак восьмага неба
Міжбугаодэрцы вераць у сваю гасціннасць, як у Каралеву Чанстахоўскую.
— Няма шчадрэйшых людзей у свеце! — ціснуць на пляменную псіхіку родавыя магі.
Дзеля чаго? Унушэння выключнай ролі? Комплексу пакрыўджанасці — свет нас не разумее?
І нашы палітыкі — белыя, чырвоныя і мутанты — пратрубілі Клінтану вушы: “Мы спадчыннікі готаў, у нас з вамі агульная мэта. Мы най-най... І “най” — белы папа наш... Да Папы! Да Папы! У Нью-Йропу!”
Толькі зялёныя, карычневыя і чорныя насуплена ашчэраны. І гэтым насцярожваюць еўратузоў:
— Прымаем жа вас! — тлумачаць няўседлівым занудам.— Міжбугаодэрлянд першы ў чарзе. Langsam! Пашырым суполку. Падзелімся спадчынай. Толькі не ідзіце да нас, спадчыннікі, з песняй: “Nie będzie Niemiec pluł nam w twarz...” Verstehen? Langsam, aber gut! Або, як кажуць у вас: Pomalu, no koroso!
— Толькі без злога джына! — узмаліліся нашы дзяржаўныя еўрыкі. — Да млоснасці абрыдлі слінявыя зяпы і ўчэпістыя абдымкі касалапага Мішкі. Баімося каварных азіятаў!
А баяцца няма чаго. Жывуць там сапраўдныя хлебасолы. Рускі з голаду памрэ, а суседа накорміць. Сам замерзне, а цябе абагрэе “ямалам”. Грузін ні за якія скарбы не выдасць ворагу госця. А што казаць пра сярэдніх азіятаў!
Распавядае Барыс Руско, колішні ракетчык: палкоўнік, маёр і я (тады капітан) прызямліліся на палігоне NN пад блакітным казахскім небам. Выпусцілі ў бок вераломных кітайцаў рэактыўнае свінчо і пайшлі ў суседні калгас знаёміцца з тубыльцамі і іх звычаямі. Сустрэў нас старшыня калгаса Сара Сарабаеў, прыняў як родных братоў. Паказаў сваю вотчыну, зарэзаў тлустага барана, завёў у спадчынную юрту, пасадзіў на ганаровыя зэдлікі, узяў у рукі дамбру, — ён і акын, па-нашаму бард, — ударыў костачкамі пальцаў у дзве струны (больш струн інструмент не меў) і ўрачыстым тэмбрам праспяваў вітальную песню. Пачыналася яна прыблізна так:
Вітаем, вітаем вас,
Госці дарагія!
Жадаем, жадаем вам,
Вечна з намі жыць!
Песня доўжылася, таму я запамятаў толькі пачатак. Услаўляла польскіх ракетчыкаў — “непахісных стражнікаў непарушнай Варшаўскай дамовы”.
Рамантычны настрой падтрымлівала жонка Сарабаева, яшчэ даволі рухавая і не надта каб старая. Яна завіхалася каля стала: расстаўляла ёмістыя бутлі градуснага кумысу, абкладала іх “мікіткамі” (кукурузнымі праснакамі) і дарамі Іртыша: асятрынай, нельмай, муксунам, чэбакамі. Напітак і ежу падносілі дочкі — старэйшая, ужо ў гадах, і васемнаццацігадовая — лебядзіны цуд восьмага неба.
Калі гаспадынькі вычаравалі абрус-самабранку, лірыка ўкрапілася ў эпіку. Уважлівы гаспадар стала прапанаваў першы тост выпіць за “доблеснае Войска Польскае і вечную дружбу”. Выпілі і закусілі асятрынай.
Другі тост гаварыў наш палкоўнік. Выпілі за гаспадара, дбайнага ахоўніка праславутай сярэднеазіяцкай гасціннасці і за цудоўных жрыц сямейнага ачага.
Потым пілі за радзіму — адну, другую, агульную — за ўвесь прагрэсіўны свет і ягоную сталіцу. Закусвалі дарамі Іртыша, каўказскім шашлыком і “мікіткамі”.
І наладзілі айтыс “Блакіт-00”, песеннае спаборніцтва. Гаспадар славіў ураджай, гаспадыня мір, мы, вядома, ваенныя дарогі. Усіх пераўзышла “Ракетка”, як мы ахрысцілі васемнаццацігодку. Плаўнымі крочкамі абкружыла яна сябрыну, узляцела на свой зэдлік і пранікнёна праспявала пра каханне. Мы апладзіравалі ёй стоячы.
Селі, выпілі за заваёўніцу цвёрдых салдацкіх сэрцаў і запілі зялёным чаем.
Весела пілося і елася. А калі накумысіліся, нашашлычыліся, намікіціліся, наайтысіліся — гаспадар узняў пытанне дастойнага адпачынку.
— Гонар спаць з маёй жонкай даю палкоўніку! — урачыста аб’явіў ён, з гордасцю бліснуўшы шчаслівымі зрэнкамі. — Да старэйшай пойдзе маёр, — працягваў расстаўляць нас па рангах. — Капітан, прашу прабачэння, ляжа з “Ракеткай”. Выказаўся ясна? Дык да заўтра! Пара...
Мы аслупянелі. Убачыўшы нашу нерухавасць, Сарабаеў вылупіў на нас сярэднеазіяцкія вочы:
— Али русский язык непонятный?
Палкоўнік спрабаваў дыпламатнічаць. Маўляў, мы б з ахвотай, але прысягалі жонкам на вернасць. Дый служба не дазваляе.
— Падумеш, рыцары! — сарамаціў нас пакрыўджаны казах. — Прысяга! Вернасць! — учапіўся за словы палкоўніка, пераходзячы на “ты”. — Я ж табе даю сваю жонку толькі на адну ноч, а не на пажыццёвае карыстанне. Я — што, няясна выказаўся? Ты ў маёй юрце, дык будзь чалавекам, шануй нашы звычаі! — наступаў. — Які-небудзь клёк маеш у галаве? — асведамляўся — Якая ганьба, якая няслава! — захліпаючыся ад крыўды, галасіў. — А калі ты асарамаціў мяне, ушануй прынамсі мой дом! — павучаў.
Ніякія аргументы Сарабаева не пахіснулі прынцыпу палкоўніка. Хоць быў ён пад градусамі, цвёрда стаяў на нашых вартасцях. Выбуховую сітуацыю разрадзіў камендант стрэльбішча. Занепакоены знікненнем саюзных афіцэраў, пусціўся ў пошукі. Ён і ўціхамірыў раззлаванага ахоўніка мясцовай традыцыі. А ці абразуміў? Наўрад. Калі мы развітваліся, у агніста-чорных зрэнках нашага дабрадзея палымнеў душэўны боль:
- Я — азіят! Так?
Пытаеш, як у гэтай сітуацыі чуўся я? А як можа чуцца бравы маладзец, у якога з-пад носа сцібрылі дарунак восьмага неба?
Трасуны
Над Пушчай бесперастанку гудуць прыбойным рокатам рэактыўныя мастадонты. Паветраны калідор. І хочацца мне на крылах з маладых сноў узняцца на строга вызначаную сонечную трасу і зірнуць у вочы паднебных трасуноў і спытаць у твар:
- Куды трасецеся, загуджаныя?
Ведаю, трасунам не да мяне. І яны, канструктыўныя винтики рэальнай стадыі, убачыўшы зарэжымленую зямлёй небрыдзь, гаркнуць на манер маёра Шцірліца:
- Не твое дело!
І гудануць мацней, скручваючы на Буг, і я распластаюся ў белым шлейфе над Шведавым Морам, і толькі Віктар у развітальным вершы адзначыць маё падзенне.
Хочаце верце, хочаце праверце, але я каторы раз шлю ў думках шчырую ўдзячнасць пільнаму купцу паветраных сіл сорак пятага года, які валявым рашэннем не прапусціў мяне, аздобленага нялётным грыфам “Быў у акупацыі”, у гэтыя сілы. Трапіўшы туды, навек закаваўся б у загуджаны тарантас — я ж рваўся ў паветраную гільдыю.
— Удзячнасць выказвай роднаму Сталіну, — устаўляе свае тры грошы Сідар. — Купец выконваў ягоную волю.
Так і быць.
— Дзякую, Бацька, за тваю празорлівасць, за твой сакаліны зрок. Твая рацыя, винтик з мяне нікудышны. Дзякую, Мудры, што не выбраў мяне ў глуміцелі кучаравай зямлі.
— Няўжо, працінаючы Белавежжа, апаражняўся б ты над цудам прыроды? — лезе ў душу Сідар. — Няўжо не растварыўся б у абдымках кучаравай?
— Мер...за...вец! — шыпіць хрыпліва з халодных віткоў Патойбаковіі прастуджаны ўладны голас.
- Хто мерзавец, я ці Сідар? — гукаю з бяспечнай геапатагеннай зоны.
- Шкура! — шыпіць далёкае бязмежжа. — Коньюнктурный флюгер!
Абудзіў дэмана. Бач, прасвідраваў мяне з гэткай далечы. Як сталічныя актывісты ў час ідэйнага пастраення БГКТ. Никто не забыт, ничто не забыто. Ты ўсё на эмоцыях. Не трэба так катэгарычна. Даруй крыўду, ляпнуў здуру — расказарміўся язык у тваю непрысутнасць. Не хвалюйся, усё будзе па-твойму. Спі.
— Ты ў мяне яшчэ запляшаш! — паабяцаў вярхоўны, падмацоўваючы сказ ненарматыўнай лексікай, пернуў турбарэактыўным газам і схаваўся ў хмарах. Узяў курс на Гаагу?
— Тру-бі ў свой бок! — адгукаецца далідальняе рэха. — Тру-бі ўбок!.. Та-кі-я спра-вы... спра-вы... пра-вы...
Па-над небакраем плыве гул грознай ростані.
Ваенная хітрасць
Наша рота спынілася ў толькі што ачышчанай ад немцаў вёсцы. Вяскоўцы сядзелі яшчэ ў лесе, чакалі зручнага моманту для вяртання ў свае сялібы. У вёсцы застаўся толькі адзін гаспадар. Не здолеў ён вывезці ў лес неабходных жыццю набыткаў. Пільнаваў скарб на месцы. Хата гэтага гаспадара стаяла блізка гасцінца і ў ёй размясціўся наш штаб.
Штабісты, да якіх, як сувязны камандзіра роты, быў прыпісаны і я, увіхаліся навокал новай стаянкі. І не так з патрэбы ўладкавання нескладанай маёмасці, як з-за зіркатай дачкі гаспадара, якая з паблажлівай усмешкай сачыла за нашым увіханнем. Даверлівая чарнавокая красуня. І хіба таму, калі мы закончылі работу, апынулася яна ў цэнтры нашай увагі. Адны напрошваліся дроў прынесці, другія — схадзіць па ваду, трэція проста расказвалі анекдоты. Адзін я маўчаў.
Відаць, маўклівай прысутнасцю крануў дзявочую годнасць, бо пачала яна зіркаць у мой бок какетлівым позіркам, а калі выходзілі з хаты, спытала:
- Чаму вы такі сумны?
- Вайна, — патлумачыў я ўхіліста.
Толькі паціснула плячыма.
На дварэ вясновае сонца. Па калдобістай брукаванцы грукочуць нагружаныя вазы. Вяртаюцца ў вёску ўцекачы. А старшы сяржант Капач адклікае мяне ўбок і кажа:
- Не ўлазь у дарогу!
- Ты здурэў?
- Спыніць гутарку. Ведаем такіх...
Якіх — не даказаў, але і так узяў з мяне слова, што заляцацца да чарнавокай не буду. Слова як слова, даў без торгу. Не выпадала з-за дзяўчыны настройваць супраць сябе не так ужо малы ў маштабе роты чын. Дый пры Капачу я не меў ніякіх шанцаў.
Раптам усё ўскладнілася. Раніцай узводы размясцілі па акрузе. Намячалася прачоска лесу. Капач са сваім падраздзяленнем пайшоў за лес. І ў гэтым заключалася складанасць — на месцы заставаўся я.
— Сцерва! — кулаком пагразіў мне адыходзячы Капач. — Трапіш у мае рукі, не прасі літасці.
Падвергнуцца Капачоваму гневу не давялося. Адвячоркам камандзір роты паслаў мяне ва ўзводы з данясеннем аб пачатку лясной аперацыі.
- Глядзі, каб не напароўся на немцаў, — перасцярог. — Помні пра заданне.
Ісці нанач пяшком не было ахвоты. І панскі тарантас з эпохі цара Гароха не выклікаў даверу. Паеду вярхом. У любых абставінах конь прыяцель чалавека. Пайшоў да конюхаў. А ў іх конскі санбат. Усе коні заезджаны. Выбірай, кажуць.
Выбраў найжывейшага. Выкапаны Расінант! Начапіў на худы хрыбет сядло, прыбраў іншай конскай збруяй, уладкаваўся ў сядле, а каняка апусціў маркотна мызу і ўтаропіў памутнелыя вочы ў зямлю. Здавалася, вось-вось упадзе.
Усё ж такі пачаў перабіраць нагамі, і, адчуўшы тузанне павадоў, рушыў няроўным трухам. Два-тры крокі зробіць і спатыкаецца. За варотамі перайшлі мы на маршавы крок.
Але і гэты рух не абяцаў удачы. Сярод поля, калі вёска засталася за намі і наступаючы вечар падуў халодным дыхам, Расінант перастаў падпарадкоўвацца маёй волі. Упёрся лбом у дарогу і прагна смактаў раздутумі храпамі сыры пах зямлі. Не памагалі ні ласкавыя просьбы, ні дубінка, якую я прыдбаў. Расінант непарушна стаяў на сваім.
Злез я з сядла і пачаў разважаць, што рабіць мне з гэтым падлам. Кінуць і ісці пешкі не дазваляў закон. Гэта ж, як і аўтамат, што дындаецца на маіх грудзях, ваенная маёмасць. Трапіш пад суд. Ехаць на хабэце — не выканаць задання. Адышоў я да рова, сеў на ўзбочыне і скрунуў цыгарку. Хто каго! — вырашыў.
Расінант быў іншай думкі. Скубаючы астаўшыміся зубамі прыдарожную траву, павярнуў назад, туды, адкуль мы прыкандыбалі.
Устаў я, падышоў да каня, пагладзіў яго па сухім хрыбце, узяў за цуглі і, не адчуваючы яго супраціву, павёў да лесу. Пакуль мы туды дайшлі, наступілі поцемкі. Ад дрэў несла прэлым мохам і панурай цішынёй. Расінант прыпыніўся, паклаў на маё плячо свае храпы і дружалюбна залыпаў сумнымі вачыма. Я зразумеў, што прапануе пагадненне. Цяпер без вагання сеў у сядло і даў каню поўную волю. Кіраваць не мог, не бачыў дарогі.
З’явіўся месяц — і лес змяніў выгляд. Я пачаў кідаць па баках трывожныя позіркі. Мне здалося, што кусты рухаюцца. Чакаў адтуль стрэлу. Няважна, які куст стрэліць першы. Ну, страляй. А кусты маўчаць. Толькі бясшумна рухаюцца. Ні гуку, ні шораху.
Раптам спераду ўзвілася ў неба ракета. Нешта пачалося. Напружваю слых. Лаўлю нейкія дзіўныя моўныя камкі. Урэшце пачаў адрозніваць паасобныя словы. Каманда, не каманда: „Левым!.. Пра-вым!..”
І зноў ракета. Прашумела ледзь не над маёй галавой. І больш нічога. Каманда — перапынак — каманда. Хоць бы галінка якая трэснула. Складвалася ўражанне, што набліжаецца сам голас. Ніякіх прыкмет чалавечага руху. Вырашыў і я не рухацца. Зашыўся з канём у густыя кусты. Буду чакаць. Што будзе, то будзе.
І вось метраў трыццаць ад мяне вываліўся на дарогу павукападобны клубок. Яшчэ крыху і я пазнаў з’яву: Капач!
Ішоў басанож. Боты нёс у руках. Уся напруга лопнула і я зарагатаў на ўвесь лес. Капач анямеў.
- Вольна, старшы сяржант! — сказаў я, выбіраючыся на дарогу.
Капач, ачомаўшыся, змарсавеў і працадзіў праз зубы:
- Вязе ж табе, гад!
- Што ты пляцеш?
- Наплёў бы, калі б не апазнаў.
Капач паляпаў далоняй па ракетніцы, якая ўпіралася яму аж у пахі. І пачаў распытваць пра немцаў.
- Не бачыў іх, — кажу.
— Ты наогул нічога не бачыш, — узлаваўся ён. — Дык толькі што сюдою прайшлі.
Вось яно што! Капач, як і я, змагаўся з ценямі. І я не стаў яго распякаць, толькі спытаўся:
- Тады навошта крычаў?
Выявілася, што ён прымяніў гэтак званую ваенную хітрасць. Каманда, якую падаваў, мела нагадваць начную аперацыю. Мэта: адстрашыць праціўніка.
— Гэта тактыка, — тлумачыў, адчуваючы поўную перавагу над някемным радавым.
Тактык з яго быў слабы, бо неўзабаве выдаў тайну: ішоў да чарнавокай. І гэтым у маіх вачах ператварыўся ў багатыра. Столькі перажыць страху ў імя сустрэчы з дзяўчынай? Якая цяга!
На жаль, я вымушаны быў паставіць яго ў рэальную абстаноўку, вярнуць ва ўзвод.
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня
"Белавежа"