БЕЛАРУСКАЯ ІНТЭРНЭТ— БІБЛІЯТЭКА

КАМУНІКАТ... | Часопісы... | Кнігі... | Партнэры... | Гасьцёўня... | Форум...

стары сайт


Падпішыся на абнаўленьні КАМУНІКАТУ

Польскі аўкцыён [Allegro.pl - największy serwis aukcyjny w Polsce]
Заходзь!!!
 

    КНІГІ
    Гісторыя
    Літаратура
    Пераклады
    Мова
    Крытыка
    Рэлігія
    Палітыка
    Грамадзтва

 ЧАСОПІСЫ
  •  Akcent
     
Białoruski

  •  АRCHE
  •  Białoruskie
     Zeszyty
     Historyczne

  •  БГА
  •  Беларус
  •  Белорусский
      Сборник

  •  Бельскі

      Гостінэць

  •  Гістарычны
      Альманах

  •  Год Беларускі
  •  Запісы БІНіМ
  •  Зямля N
  •  Inform-Банк
  •  Калосьсе
  •  КАМУНІКАТ
  •  КРАЙ-KRAJ
  •  Ніва
  •  Паміж
  •  pARTisan

  •  Правінцыя
  •  Спадчына
  •  Тэрмапілы
  •  Terra Alba
  •  Terra Historica
  •  Філяматы

  •  Фрагмэнты
  •  Шуфляда
  •  Czasopis

 

Нашыя сябры

Тыднёвік Беларусаў у Польшчы НІВА SETPro://DTP=Designing+Typesetting+Programming/ Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне Belarusan Newspaper in Free World БАПЦ Васіль Быкаў Belarus-NATO Беларуская Палічка ЗБС БАЦЬКАЎШЧЫНА Партыя БНФ Вокаwww.bialorus.pl ПАГОНЯ BrestOnline Вiльня ЗУБР Асамблея NGO Супольнасьць Дранiкi Хартыя ВЯСНА Гаспадар Курс беларускае мовы Правапіс Беларуская мова ў Інтэрнэт ArfaBel Беларусы ў Ізраілі Дзіма Завадзкі Беларусы ў Аўстраліі Ліра Вольны Край ZBM

 

 
ТЭРМАПІЛЫ. N* 4-5 / 2001 г.

Сакрат Яновіч

Дзённікі (1995 – 2000)*

11 – 10 – 1995.

Пяць дзён назад вярнуўся з Гародні, з Купалаўскіх чытанняў. З прафесарскай імпрэзы, на якую не варта было ехаць (настаяў быў Пяткевіч). Нагадвала сабою нараду рэдактараў поўнага збору твораў паэта.

У інаўгурацыю ва універсітэце – у актавай зале – удаўся мне даклад “Канец купалаўскай уяве нацыі”, падрыхтаваны яшчэ ў Крынках.

Наведалі музей Багдановіча (вадзіла Дануся). І раскопкі на гарадзенскім замку. Археолаг Краўцэвіч: гарады Панямоння ўзніклі ўсе напрыканцы Х ст., што вяжацца з уцёкамі сюды, у Яцвягію, славянскіх язычнікаў – ад тэрору хрысціянізацыі Уладзімірам Вялікім...

Знаёмства з Віктарам Шалкевічам, бардам шырокага фармату, глыбокага. Яшчэ паспяваў ён мне на кватэры Карневіча, дзе акрыяў я перад заўтрашнім вяртаннем дамоў (...).

17 – 10 – 1995.

Зусім без сэнсу ездзіў на (...) Беластоцкія дні літаратуры (12-13.Х.). Пераначаваўшы ў запушчаным інтэрнаце на Злотай, ранкам уцёк назад, у Крынкі: Ясь Леаньчук наспрашаў аўтараў з Польшчы, ігнаруючы сваіх, пераўтвараючы іх у публіку камусьці (трэцягатунковым, але затое з вялікіх гарадоў). І як тут не абразіцца?!

22 – 10 – 1995.

На семінары “Белавежы”, прысвечаным творчасці Зосі Сачко (з нагоды выпуску Чыквіным яе кніжыцы “Шчэ одна вэсна”). Палескі дыялект твораў успрыняты з разумным спакоем, як нешта цалкам натуральнае. Украінства на Падляшшы – гэта глупства, маргінальны эпізод, штучна падбухтораны палітыкамі, і знікне разам з заняпадам грашовых яму датацыяў (яшчэ хутчэй кане тое ў магілу самапаланізацыі).

Не цягне мяне пад кватэру на Складоўскай, хоць прамінула ў ёй амаль усё маё дарослае жыццё (ад лета 1962 г.). Чужы Беласток, як і чужыя ўжо Крынкі. Усё чужым робіцца ў надышоўшую агонію нацыі. Абыякавею.

29 – 11 – 1995.

Савецкі Мінск чарговы раз падпісаў з Варшаваю паперыну аб гаспадарчым супрацоўніцтве, якога, вядома, не будзе. І яшчэ раз аб правах на развіццё нацыянальных мяншыняў, што пры нашай тут паланізацыйнай сітуацыі зусім без значэння. Чаго гэта шукаюць у Польшчы беларускія маскалі? (...)

01 – 02 – 1996.

30 студзеня хавалі Марыльку (37 г.). За яе труною ішлі тысячы бяльчан. Маладая смерць заўсёды выклікае вялікую спагаду, але, у Яе выпадку яшчэ і тое, што многія дапамагалі выратавацца Ёй ад рака крыві. Была прытым папулярнай настаўніцай Марыяй Базылюк (па мужу Саснюк). Адной з рэдкіх беларускіх інтэлігентак.

26 – 02 – 1996.

Прачытаў кн. “Невядомая вайна” Генадзя Сагановіча. Уражанне: жах! Хоць і ведаў пра ўсё тое раней. А яшчэ колькі разоў Беларусь выпальвалі ды ўтоптвалі!! Гэта адтуль нашы сённяшнія беды.

25 – 03 – 1996.

З’ездзіў з Крынак у Бельск на вечар, арг. Зьвязам Беларускай Моладзі ў гонар 25 Сакавіка. Вядома, дзеля слова (дамаўляўся са мною лідэр Зьвязу Юрка Асеннік). Уражанне, як некалі ад сустрэчаў з БАСаўцамі: цяжка гэта даецца, бы навучанне літарам першакласнікаў. (...) Такі лёс нацыі без нацыянальнай школы.

Сёння Ельцын, перад адлётам у Нарвегію, палічыў патрэбным заявіць, што не можа быць аніякай гутаркі аб яднанні Беларусі з Расіяй, толькі аб паглыбленні супрацоўніцтва (дадаў: гэта ў Мінску нехта ляпнуў не тое...).

14 – 04 – 1996.

Зіма не адступаецца. Пасля прадвеснай пагоды зноў сыпле, каторы ўжо дзень, густы снег. У агародзе і садзе яго па пояс! Ачышчаю столькі, каб выйсці з дома ў шопу па апал і ў места па прадукты. Уражанне, зрэшты, цудоўнае. Каляднае – у Вялікдзень (сёлетні).

Пад падлогаю дома зімавалі куніцы. Яны тут здаўна. Прыляцелі шпакі на такую снегавіцу.

Спакусіўся прыняць удзел у журы літаратурнага конкурсу, арганізаванага “Нівай” за грошы ваяводскага аддзела культуры (20 млн.). Не вельмі было каго ўзнагароджваць. Пару прыблізна неграфаманскіх вершаў і адно-два апавяданнейкі на цярпімым моўным узроўні. Паланізацыя высушвае беларускую стыхію.

19 – 05 – 1996.

Быў Клаўс Бахман, польскі карэспандэнт “Штутгартэр Цайтунг”. Даў яму трохі тэкстаў, бо гутарка з ім – гэта пакута: у яго бледнае паняцце пра беларусаў. Напрасіўся ён да мяне ў Крынкі, відаць, заінтрыгаваны шумечаю наконт Рэспублікі Беларусь.

Пазьняк зноў у Польшчы.

Без спеху і ў спакойным рытме напісалася мне “Цывілізаванне Сакольскай” (пускаю ў чэрвеньскую старонку “Белавежы”). Трохі пад сваё шасцідзесяцігоддзе.

Прыехаў на тыдзень Яраслаў (яго Малгося ў Францыі, службова). Стаў на паддашку; ціха там і добра яму працуецца.

Вясна. Начамі дажджы з пярунамі. Блаславёна.

26 – 05 – 1996.

Амаль тыдзень пабыў у нас Яраслаў (выехаў 23-га). Ён мае  аўта, усе разам з ім паездзілі аднойчы па сваёй праайчыне: пабачылі Барсуковіну, Плянты, Клышаўку, Грыбоўшчыну, Паўднёвае Вострава... Не пазнаць зарастаючай лесам матчынай айчыны, дзічэючай ад бязлюддзя. На Маму гэта, здаецца, зрабіла меншае ўражанне, чымсьці на Таню і на мяне; а Ярку – гэта “навуковы” экскурс. Ён жа беластоцкі мешчанін.

12 – 06 – 1996.

Канферэнцыя ў маё шасцідзесяцігоддзе (8.VI.) далася мне дзіўна лёгка. Магчыма таму, што не вельмі я жадаў яе?... Часта не ўдаецца тое, чаго надта хочаш.

18 – 06 – 1996.

Юбілей актуалізаваў маю арыентацыю ў блізкім мне свеце людзей. Не радасную, на жаль. Але так, відаць, павінна быць.

Гэта звальняе мяне ад шмат-якіх пачуццяў маральнага абавязку перад тымі асабліва, хто амаль дэманстратыўна праігнараваў маё свята (...). Крыху баліць усё тое, бо не аднаму з іх напамагаўся я за, нялёгкае і мне самому, жыццё.

25 – 08 – 1996.

“Ніва” пакінула свой, больш трыццацігадовы, адрас (па прычыне шалёнай арэнды). Перасялілася ў будынак на Заменгофа, што побач колішняга Электрычнага тэхнікума, які я канчаў (рог вул. Белай). Магія? Як быццам вяртанне па крузе да пачаткаў сваіх... (...)

08 – 09 – 1996.

Учора ездзілі мы да Валодзі Гайдука (Чыквін з Надзяй, я з Шаховічам; аўтамашынамі). У яго тую глуш, ва ўрочышчы Полымя на тарнопальскіх хутарах лясных. Чыквін – трохі надумана – ініцыяваў гэтае віншаванне Валодзі з 55-годдзем, каб падтрымаць яго на духу ў цяжкі лёс. Жыве ён там, як фальклорны дзед ля разбітага карыта (...). Дождж, холад, пушча.

15 – 09 – 1996.

Прыязджаў Давідзюк (12-га). З Гайнаўкі, куды наведаўся да радні. Адчуванне, што свет, у якім мы жылі, хутка аддаляецца ад нас. Прыкрая канстатацыя (...). Памёр Віктар Варашыльскі (учарашняе вечаровае паведамленне ТБ). Жыў 69 г.

22 – 09 – 1996.

Хоць толькі канец астранамічнага лета, ужо ад некаторага часу асеннія халады з дажджамі. Прагностыкі абяцаюць, што бабіна лета, аднак, будзе.

Зноў адчуваю сябе пагана, бо трэба ехаць у Мінск (4.Х.). І рыхтаваць сваё выступленне там на тэму беларускай мяншыні. Я ад гэтага заўсёды хворы, ад разважанняў пра агонію нацыі.

21 – 10 – 1996.

Вераснёўскае “Полымя”, а ў ім: “Мроі Прошапана” – і “Шанц дачкі Поўха”. Падобна на тое, што гэта мой дэбют у іх... На шасцідзесятым годзе жыцця.

29 – 10 – 1996.

Давялося старшыняваць журы спявацкага фестывалю “Бардаўская Восень ’96” у Бельску (трыма днямі назад). Арганізаваў імпрэзу Зьвяз Беларускай Моладзі і таму не меў я сумлення выкручвацца. На маё шчасце ўзнагарода была толькі адна і адзін аказаўся ўдзельнік, сапраўды варты яе, Андрэй Мельнікаў з Гомля. (...) харызматычная асоба, бард!

Мерапрыемства скромнае, як і скромнымі былі грошы на яго. Тым не менш значэнне мае, ламаючы стэрэатып беларускіх спеваў не вышэй народных. Аўдыторыя маладая, вучнёўска-студэнцкая, што абсалютна важнае для нацыянальнае будучыні.

10 – 11 – 1996.

Здаецца, удала завяршыў сюжэт “Змагання з поўхам”.

Інтэлігентная і шырока абгрунтаваная рэпліка ў “Ніве”  Яна Максімюка (Макс) на мой эсэік “Беларусы ў Польшчы...” (20.Х.). З рэдкай у нас культурай палемікі (апубл. падзяку яму!). У лістападаўскім “Часопісе” – класная іронія Глагоўскай наконт маёй асобы. Яна і Макс – доказ таго, што асяроддзе пішучых не апускаецца ў вульгарнасць, у Гайдуковую памыйную яму.

Барскі ў сваім ніваўскім цыкле “Радзіма-Родзіна” дапускаецца недапушчальнага: замест закладзенай тут дакументальнасці чаўпе яўны фальш, свае словы і погляды прышывае іншым.

19 – 11 – 1996.

Адолеў “Аўтабіяграфію” Тарашкевіча ў “Спадчыне”. Хоць і разумею, што ён ратаваўся ёю, але – сумна чытаць пра той заходнебеларускі рух, які трымаўся, пераважна, на потайных савецкіх субсідыях.

21 – 11 – 1996.

На нічым не магу засяродзіцца, цэлымі днямі прыслухоўваюся да падзей у Беларусі. Там няма такое пары году, каб не даходзіла да чарговых фестываляў дурнаты. Утомна!

26 – 11 – 1996.

Капітальная рэфлексія Уладзіміра Конана: “... у лепшым выпадку адбудзецца выцясненне яе (бел. мовы – С.Я.) ў вузкую нішу нацыянальнай эліты і, як вынік, – музеізацыя беларускай культурнай традыцыі (“Голас Радзімы” Нр 47, 21.Х.). Што і адбываецца ў сённяшняй Беларусі.

13 – 12 – 1996.

У “Ніве” пераклады Шведа з Шымборскай: прыклад моўнай бездапаможнасці. Філалагічныя калькі; нават не зважаючы на моўны звычай, вельмі важны ў перакладанні.

02 – 03 – 1997.

У свежай кніжцы “Далёкія і блізкія” Чыквіна яго нарыс пра маё і мяне. Адзін з найлепшых наогул, якія чытаў я пра сябе.

10 – 04 – 1997.

Будзе ўжо чвэрць веку, калі памёр Бацька. Маці яшчэ жыве, не вельмі ўжо кантактуючы са светам. І мая эпоха, таксама, ужо ў мінулым. Вось выйшаў з друку том маіх дзённікаў (“Дзённікі”). Заглядваю ў яго, як у нешта чужое.

21 – 04 – 1997.

Дваццатага – на семінары “Белавежы”, на якім выступіў, запрошаны Чыквіным, Уладзімір Конан. Са спічам пра польскую беларускую літаратуру, напісаць які я даўно яго намаўляў. Трохі расчараваў мяне. Адразу бачна было тое ў ім, што даволі павярхоўна ён пачытаў кніжкі “белавежанцаў” і архіваліі, якіх ужо шмат у Мінску, у яго ж пад рукамі.

Але занадта добры з яго вучоны, каб не звярнуць сваю ўвагу на капітальнае: польская беларуская літаратура – гэта як бы працяг нашаніўскай пары без якіх-колечы савецкіх уплываў. Савецкая беларуская – усё роўна што не існавала нам.

Конан лічыць, што савецкай – наогул не было ў Беларусі. Што гэта штучна накінуты тэрмін, адэкватны Расіі.

Захацелася перакласці на польскую мову і апрацаваць эсэ Сяргея Дубаўца “Герой нашего времени” (“Свабода”, 4.IV.). Нацыя хамаў як супярэчнасць нацыянальных каштоўнасцяў. Бяда беларускага адраджэння ў тым, што яно фармальна павярхоўнае (мова, атрыбутыка). Маральна неглыбокае, уцягнутае ў барацьбу за ўладу. Слабая ў ім тэндэнцыя да фарміравання стэрэатыпу беларуса як лепшага чалавека. Як таго, хто фармуе эліту.

14 – 05 – 1997.

Дванаццатага – у Варшаве. Запрошаны праф. Дравічам, дараднікам прэм’ера Цімашэвіча. На польска-беларускую сустрэчу ў сядзібе Рады Міністраў (1430 – 1830). З беларусаў – я адзін! Рэшта – міністры ды падміністры, дыпламаты (амб. Спыхальская (?) з Мінска прыехала). Чалавек дваццаць. Вёў Дравіч, з якім даўно я знаёмы, ад сямідзесятых.

Сустрэча – фактычна – сакрэтная. Галоўнае – як рэагаваць Польшчы на падзеі ў Беларусі? Якую палітыку весці? Высновы: не абмяжоўвацца ў сферах эканомікі, культуры; палітычныя крокі ўсяго на ўзроўні сярэдняга рангу, не вышэй віцэ-міністраў. Стаўка Лукашэнкі банальна чытэльная: займець кіраўнічую пазіцыю ў Расіі. Нерэальная! Але Расія разумее, што далейшая асобнасць Беларусі паглыбіць яе адрознасць. Крэмль будзе манеўраваць так, каб інтэграцыя адбылася без дапушчэння Лукашэнкі да расійскага “трона” (у рэальным сэнсе, не сімвалічным).

Карыстаючыся прысутнасцю Цімашэвіча – я паўтараў: без незалежнай Беларусі цяжка будзе з незалежнасцю Польшчы; без нацыянальнага адраджэння Беларусі зробіцца яна яшчэ адным расійскім дзяржаўным утварэннем; стратэгічна важнае цяпер – усяляк успамагаць беларускай культуры, без якой не быць беларускай дзяржаве! Польшча мае унікальны шанц выратаваць пульс беларускай духоўнасці, мацуючы гэтым свае ўплывы там (бо эканамічна – не тыя капіталы ў палякаў).

Пачаць з фундаментальнага і, адначасна, фінансава недарагога: успамагчы нацыянальнаму Менску ў выданні тых ста тамоў з сусветнай літаратуры ў беларускім перакладзе, як і фонд “Беларускі кнігазбор” (Цвірка). На палітычна нейтральным грунце. Скажам, арг. польскі фонд дапамогі для беларускай літаратуры...

01 – 06 – 1997.

Дзённікі Максіма Танка, у “Полымі”. Як жа падобныя праблемы! Памятная ўвага ўладаў да пісьменнікаў, асабліва выдатных, руйнавала ім час і сілы дзеля творчасці, хоць і гарантавала добры быт; крыху службовай турыстыкі. Думаецца – вельмі добра я зрабіў, з’ехаўшы з Беластока.

Папа рымскі зноў у Польшчы.

15 – 06 – 1997.

“Наезд на хамутоў” удалося напісаць за тыдзень які ўсяго (...). З жахам чытаю дзённікі Танка ў “Полымі”: колькі адабранага ў яго часу!

29 – 06 – 1997.

Беларусь можна любіць толькі здалёк – капітальная фраза Барадуліна (“Свабода”, 20.VI.).

30 – 07 – 1997.

Рэйд “Сьцяна”. З Крынак (27-га) на Мастаўляны. Дзесяцёх хлопцаў і дзяўчат. Заначавалі ў палатках, у каляпольным закуцці маянтковага парка (бліжэй возера-заліва нельга было, мурашылася пянае паляцтва). Пры нясмела малым агнішчыку ў высознай траве, бы ў казацкім стэпе, давялося (...) сказаць пра ідэю “Сьцяны”. Настрою не было.

Вяртаўся дамоў апоўначы. Як жыву, першы раз у такую пару прабіваўся з ліхтарыкам праз гэты ўдзічэлы двор. Праводзіў мяне хлопец, які ўсё наракаў, што няма ўжо ідэёвых беларусаў.

Перачытваю Бабеля. “Избранное”, мінскае ад 1986 г. (дарунак Артымовічанкі, 12.ХІ.1989).

04 – 08 – 1997.

Буяе ў галаве нешта кшталтам новага апавяданнейка.

14 – 08 – 1997.

“Смерць Далгушова” Бабеля. Падступаўся не раз, а пераклаў за няцэлы позні вечар, калі мае бабы ўлягліся спаць. Заўчора. Яшчэ папрацую, калі дашлюць карэктуру старонкі “Белавежы”. Успомнілася, як гадоў 35 назад быў я ў шоку ад прачытанай (па-польску) “Конарміі”. Божа, як смачным можа быць – здавалася б – банальнае слова! Мой “Фэст” узяўся з “Кладбища в Козине”.

Адзінаццатага – пасяджэнне Управы “Белавежы” (Чыквін, Шаховіч і я). План на ’98. Пагадзіліся з прапановай Чыквіна ліквідаваць старонку “Б.” у “Ніве” у палове н.г., у саракагоддзе. Даўно бракуе матэрыялаў, і сама “Ніва” зрабілася гмінная, безамбітная. Даволі. Будзем выпускаць штогадовы літаратурны сшытак. Чысцей, чымсьці ва ўсёедным “тыднёвіку беларусаў у Польшчы”. (...)

Наведаўся нядаўна Краўцэвіч, гісторык з Гародні (гасцяваў у Лёніка, і ён яго прывёз). За чаркай цікава пагаварылі. – Чорная Русь, кабінетны тэрмін ад расейцаў, была ядром Вялікага княства Літоўскага. Дзякуючы – кажу яму – гістарычнай цішыні ў ёй у тую пару (манголы за Палессем, тэўтоны над Дзвіною, крыжакі ў Прусіі, Масква слабая, ляхі падзеленыя). Гаспадарчая дынаміка.

18 – 08 – 1997.

Перакладаю “Удаву”. Не магу стрымацца, каб не перакласці.

04 – 09 – 1997.

За мною ўжо 61 год... Яшчэ не старасць. Апошнім часам надакучае Лёнік, змяніўся. Яму гэтае варшаўскае прафесарства бокам вылезе; бракуе асабістай класнасці. Такіх прасцячкоў асяроддзе выплёўвае.

Хочацца пісаць, але не кладзецца першая фраза.

16 – 09 – 1997.

Не ўдаецца разгарнуць апавяданне з першай фразай: Ехалі на Верхлес.

27 – 10 – 1997.

Учора – з Кракава (22-26.Х.). З польска-французска-нямецкага сімпазіёна нацменскіх пісьменнікаў Еўропы (Na skraju obcości, Villa Decius). (...) Лішне паспадзяваўся я на глыбіню думкі ўдзельнікаў. Узбагаціўся толькі інфармацыяй, не рэфлексіямі. Усе тыя кельты, туркі, карсіканцы няшмат нагадваюць інтэлектуалістаў. Мае, здавалася б, банальныя ўжо ў нас тут выступленні выклікалі фурор. Але, як сказаў паляк Немец з Парыжа (паэт), сапраўды сур’ёзных людзей на г. імпрэзе ўсяго некалькі... Сумна, бо сама імпрэза багата арганізаваная (за нямецкія, відаць, грошы). – Удала і ў ахвоту чытаў я сваё на літаратурным вечары ў Goethe Institut (Лета ў Мокрым, Існаванне, За Ярашоўкаю, Доўгая смерць Крынак). Па-беларуску; публіка мела на руках анталагійны том “Trialog” з перакладамі на польскую, нямецкую, французскую мовы (акрамя “Доўгай...”).

Настальгічныя гутаркі з Канвіцкім (што будзе з Беларусяй?!). З Юрэвічам не было кантакту, усё піў, бы тыповы хамут, які дапаў да сякіх-такіх грошай (ганарар: 500 зл.). Затое амаль не разлучаўся я з Казімірам Куцам, кінарэжысёрам, ідэолагам Шлёнска (будзе шлёнская нацыя і шлёнская дзяржава!).

Нахадзіўся па старым Кракаве. Горад-музей.

31 – 10 – 1997.

Лёнік прывёз першы экземпляр “Miniature”, італьянскай кніжкі маёй, элегантна выпушчанай у Edizioni del Cavallino (Вэнэцыя). З паралельнымі ангельскімі перакладамі Шырын Акінэр. На шчасце, абедзве гэтыя мовы практычна невядомыя мне і таму не мушу забівацца якасцю перакладаў.

09 – 11 – 1997.

“Няўдалая пакража” – апавяданнейка, якое пісалася болей двух месяцаў (ад 4.ІХ.). І сёння яшчэ было што выкрасліць у ім; лішнія словы вылазяць наверх з часам, бы каменне з зямлі ў мароз.

Здараецца мне здзівіцца, чаму я ўсё жыву?! Гадаваўся ж нядбайна, часта і доўга хварэючы ў маленстве. А можа і таму?

18 – 11 – 1997.

Шум у Беластоку вакол “Miniature” чыста правінцыйны. – Жарты, кніжка тутэйшага аўтара з’явілася ажно ў Вэнэцыі! Прычым, не польскага нават.

23 – 11 – 1997.

Ледзь даўся мне “Янка Купала і спроба нацыянальнага адраджэння”. На Другія Міжнародныя Купалаўскія Чытанні, паслязаўтра ў Гародні.

Як жа хочацца адчапіцца ад роздумаў аб Беларусі! Каб нармальна пажыць.

01 – 12 – 1997.

Вярнуўся я з тых Купалаўскіх Чытанняў у Гародні, а дома – шпіталь! Таня застуджаная, маці таксама. (...) Мне нельга нікуды выязджаць узіму (...).

Міжнароднасць імпрэзы звялася да майго ўдзелу (меўся быць яшчэ Барскі). (...) Мой даклад выклікаў фурор і, адначасна, тихий ужас! Віншавалі потайна – у прыцемках калідораў, дыскрэцыйным поціскам рукі ў вэрхале натоўпу. Рэжым Лукашэнкі!

10 – 12 – 1997.

Ад Занеўскай – “Strażnicy pamięci”. Першае, так поўнае, даследаванне беларускай паэзіі ў пасляваеннай Польшчы (нямала памылак, але чорт з імі; цяпер яны ўжо норма!). Гэтае выданне паслужыла мне як прэтэкст напісаць роздум над нашым літаратурным рухам тут, у ягонае саракагоддзе (у ніваўскую літ. старонку).

Учора – Лёнік з Юркам Х. Гутарка, абрыдлая, тая самая.

14 – 12 – 1997.

Ударыў мароз. Палепшылася самаадчуванне. Пішацца нешта ў стылі “сакрацікаў”.

23 – 12 – 1997.

Бяруся за новую кніжку. Будзе ёю маё інтэрв’ю Юрку Хмялеўскаму, на дзвесце старонак. Па-польску. Іначай нельга, калі хочам, каб мела яна грамадскае значэнне. І – каб зарабіць на ёй. Беларусапалякі халерныя!

20 – 01 – 1998.

У новым, пятнаццатым, нумары “Borussii” падборка маіх апавяданнейкаў. Пераклала Тамара Болдак-Яноўская. Не надта, на маё здзіўленне. Народжаная ў бел. мове, недзе каля Гарадка, не разумее цяпер такіх банальных словаў, як “зад” (ёй – гэта “plecy”).

03 – 02 – 1998

Чобат прыслаў выбраныя вершы, якія пачынаю польшчыць, – з думкай выдаць іх з паралельна беларускімі арыгіналамі.

21 – 02 –1998.

Дзённікі дапамагаюць мне мець пачуццё парадку ў жыцці: нешта запісаўшы, усё роўна што рахунак выпісаўшы за зробленую работу.

22 – 02 – 1998.

Звыкшыся з тым, што саветы нас не чытаюць, прыемна дзівіўся я наступным запісам Танка: “18.VII. З захапленнем, што ў нас ёсць такі празаік, чытаю Сакрата Яновіча, кнігу якога “Другая смерць Крынак” (трэба: Доўгая. – С.Я.) пазычыў мне мой сусед У.М. Казбярук. Да гэтага часу я мала ведаў аўтара, хоць ён адразу звярнуў маю ўвагу на свой адменны стыль, на сваю мову і нешаблонны падыход да праблем нашага часу”. (“Полымя” № 12, 1997 г. стар. 97).

Гэта шмат. І важна. Падумалася, аднак: а што ён майго трымаў у руках раней? Наўрад ці “Сярэбранага ездака”? Наўрад “Самасея”. Яго засыпалі кніжкамі ўсякія дваровыя (...) пісакі.

03 – 03 – 1998.

Лёгкі выезд у Беларусь (25.ІІ. – 1.ІІІ.). Цяпер там не цягаюць у гасціну, не спойваюць; не маюць за што. – На прэзентацыю “Сцяны” (27-га, музей Коласа). “Мастацкая літаратура” нарэшце выдала гэту кніжку, падрыхтаваную да друку яшчэ Рубанавым. Чамусьці захавалі трохі тарашкевіцы ў самім рамане, а ў апавяданнях ужо не...

Публіка нешматлікая, наогул штатная, і крыху апазіцыянераў з ліку маладых (напр. Славамір Адамовіч).

Важнае для мяне было не “Сцяна” – гэты паўтор “Доўгай сьмерці Крынак” – а кантакт з Быкавым, Арловым, Мальдзісам; потым, у вяртанне, з Чобатам.

Вячэра ў Быкава (28-га). З Шаховічам. З Законнікавым. Абодва схільныя да экзальтацыі, што і перашкаджала ў нармальнай гутарцы (Васіль надта ўраўнаважаны). (...) Беларушчына замінае расейскім інтарэсам.

Законнікаў, як і некалі Бураўкін, участаваў мяне палітычнай археалогіяй – у ЦК КПБ лічылі Сакрата Яновіча... агентам! Амерыканскім?.. У значнай меры дзякуючы Барскаму і Сачанку.

З Чобатам – на гарадзенскім вакзале ўрань 1.ІІІ. – Ліпнасць шматлікіх адраджэнцаў: з беларушчыны робяць сабе т.зв. карыта. Хлебнасць.

13 – 03 – 1998.

 (...) Учора закончыў “Памяць пра Яся-Курыную Дзюбку”. Пісалася паўтары месяца. Кончыў, бо паганяла патрэба: не было што так вельмі даць у красавіцкую старонку “Белавежы”.

14 – 03 – 1998.

Якісьці дурань у амерыканскім “Беларусе” чапляецца “Дзённікаў” (не падабаецца яму эпітэт “саветы”; шые карыслівасць). Спрабуе акампраметаваць мяне ў вачах эмігрантаў, лічачы, што ніхто не чытаў кніжку.

Пачытваю “Бандитов времён социализма” і “Бандитов времён капитализма”.

21 – 04 – 1998.

Пазваніў Арлоў: ужо выйшаў нумар “Крыніцы”, прысвечаны маёй творчасці.

29 – 04 – 1998.

Серада (садзіў бульбу ў агародзе). У ноч на нядзелю вярнуўся з Вільні. З Лёнікам. Восем гадзін дарогі, у іх ліку тры язды, а пяць стаяння на граніцах.

Запрашэнне было ад фонду Адкрытая Літва (Сораса грошы). У сувязі з “Miniature” (арг. Габрыеля Кардацца). (...) Вільня імпануе гістарычнасцяй, дагледжанасцю, жмуда-літоўскасцю. Ажно не верыцца ў яе шматвяковую польскасць. Мінск пры ёй – гэта каланіяльны горад. Перыферыйна-расейскі.

(...) я настаяў на сваёй з Лёнікам сустрэчы з вучнямі віленскай беларускай нібы-гімназіі. І гэта запамятаецца! Спрабавалі адцягнуць мяне ад тае задумы (...). Бо – дырэктарка сімпатызуе Лукашэнку. Адказаў: пляваць я хацеў на палітычныя сімпатыі дырэкцыі школы, мне трэба сустрэчы з вучнямі, з дзецьмі, на будучыя погляды якіх магу, хоць крыху, паўплываць у патрэбным беларускім духу.

Начаўплі мы ўдвух сенсацыі ў гэтай заглухлай школцы, што на ўскрайку Вільні! Дзеля аднаго таго варта было валачыся.

06 – 05 – 1998.

У “ЛіМе” ад 27.ІІІ. змясцілі ўсё ж мой тэкст – выказванне наконт інфантыльнасці іх дыскусіі пра беларускую літаратуру (аўтар і яго творчасць – розныя рэчы!). Сёння дайшоў экз. Вось такая камунікацыя з Мінскам.

10 – 05 – 1998.

У Катавіцах – 8 і 9.V. – на меншасным форуме Wspólny Dom (клуб Marchołt). Вёў Петрасік з “Polityki”. Пару цікавых выступленняў, немцаў. Рэшта – на ўзроўні БГКТ. Таму мы, трох беларусаў, рабілі пагоду, як хацелі! Бо – падрыхтаваліся, мелі што сказаць, была ў нас канцэпцыя, падзел ролямі, матэрыялы.

19 – 05 – 1998.

Італія:  11-17 траўня. З Лёнікам і з Таняю (білет ёй на той жа самалёт – прыватны, а нам ад МЗС). Рым здзівіў балаганным на выгляд вулічным рухам і раямі матацыклаў, скутэраў. Сталі на кватэру ў Польскім Інстытуце (Vittoria Colonna, 1). Наш выезд – з Лёнікам, як і раней у Вільню, – адбыўся, трэба думаць, намаганнямі Габрыелі Кардацца, выдаўцы “Miniature”. Дзеля прамоцыі кніжкі. Арганізаваны на 12 траўня Інстытутам мой – з удзелам Лёніка і Равэнны – літаратурны вечар не меў лепшай публікі, чым у Вільні, але затое з неблагой рэжысурай. У палацавай залі; я чытаў па-беларуску, а Равэнна па-італьянску (“Сыну”, “Трэцяя пара”, “Фэст”, “Валошка”, “Існаванне”). Выбар Равэнны.

У падобным парадку, як у Вільні і ў Рыме, – толькі без фільмікаў Габрыелі, але з удзелам Лёніка і Равэнны, – меў месца літаратурны вечар таксама ў Вэнэцыі, 15-га (галерэя – ? 5269А – Cavallino). Найлепшы, бо не зашмат было на ім выпадковых людзей. Нават нейкія паэткі і паэты, мастакі. На жаль, бар’ер мовы страшэнны! Збольшага даваў рады лаціна-ангельскай трасянкаю (не заўжды мелі час для мяне Лёнік або Андрушкевіч у ролі транслятараў; наогул на бытавым узроўні).

Потым доўга вячэралі ў недалёкім рэстаране, запрошаныя Габрыеляй і яе братам Паолем (былі Равэнна, Андрушкевіч, Лёнік, Таня).

А яшчэ ў Рыме – мы, утраіх, нахадзіліся праз усе дні і крыху вечарамі на руінах антычнага горада (...). Да Ватыкана было блізка, уздоўж Тыбра. Змарыліся Калізэем. Дзеравянелі ногі на Форуме Рамануме. На Палятыныуме. Ля цуду архітэктуры – Агрыпы. Вэнэцкі пляц. І рэнесансны Новы (Nuova p.). І безліч вуліц, завулкаў, навучыўшыся пераходзіць з тратуара на тратуар у вэрхале маторнага гвалту.

У Вэнэцыю выехалі назаўтра пасля элітнай аўдыенцыі ў Папы; настаяў на ёй польскі амбасадар. Трынаццатага траўня, у спякоту на Пятроўскай плошчы пасадзілі нас – з Таняй, Лёнікам, Кардацца, Равэннай – побач (...). На саму гутарку з Папам далі нам можа пяць хвілін... Нейкі біскуп за спіною Айца запытаў у мяне, ці разумею я па-польску... Я прадставіў Таню. Папа запытаў – ці не з Мінска мы. Затым – пару словаў адарацыі, і ягонае “Szczęść Boże”.

Еўрацягнік імчаў праз Балонію, Фларэнцыю, Падую (Скарына!). Заваконная Італія. Упершыню я ў ёй, а ўражанне даўно бачанага (на карцінах).

У Вэнэцыі немагчыма жыць, у гэтым горадзе-музэі. Сярэдневяковая цяснеча. Хоць, дзякуючы каналам, тут ноччу вясковая ціш. Усюды пешкі. Даволі аднае плошчы Сан Марка ды палаца дожаў, каб ледзь устаяць на нагах. І дзесяткі кіламетраў завулкаў шырынёю ў два крокі... Каналы, масткі. – Сталі на кватэру ? 2473.

Зусім іншым убачыўся Мілан (16.V., вечар). Спакойны, чысты. Начавалі ў гатэлі  Star, via del Bossi, 5.

04 – 06 – 1998.

Тэлефон з Міністэрства замежных справаў (Эльжбета Бэрус): мін. Герэмак прызнаў мне дыплом за заслугі ў папулярызацыі культуры Польшчы ў свеце. Што гэта? Так падзейнічаў выезд ў Італію? – Уручыць 10-га а 12-ай.

Поўны камфорт: пішу без спеху, майструючы крыху на сядзібе. Вэнэцыянскае пагоддзе: удзень пад 30o, уночы дождж з грымотамі. Мала хто надакучае карэспандэнцыяй (...).

22 – 06 – 1998.

У ролі эксперта Камісіі нацыянальных мяншыняў Сойма (Гайнаўка, 19-га; Бельск, 20-га; Беласток, 21-га). Замест быць на канферэнцыі ў саракагоддзе “Белавежы” (універсітэт, 20-21.VI.). Цяпер сумняваюся, ці я добра ўчыніў...

Ці быў сэнс? І так, і не. Калі так, дык у значэнні паглыблення традыцыяў галоўных беларускіх пастулатаў: партнёрства з палякамі, змагання супроць антыбеларускіх стэрэатыпаў; прымусіць тутэйшыя ўлады лічыцца з намі, etc. Будаваць ва ўяве Камісіі цывілізаваную канцэпцыю вырашэння беларускага пытання. Дэталі таго ўжо даўно банальныя.

У Гайнаўцы і ў Бельску пасяджэнні адбываліся як трэба, бо мясцовыя ўлады з беларусаў. У Беластоку ж... figa z makiem, поўнае ігнараванне! Дэманстратыўны паказ абыякавасці да гэтай праблематыкі, а нават варожасці. Што ім Курань зробіць? Нічога!

Сітуацыя польска-беларускай сцяны працягваецца. – Jest źle, a będzie jeszcze gorzej, – казаў я ў сваім апошнім выступленні.

Іскарка аптымізму: мой удзел, выступленні спрыялі таму, каб усе бел. асяроддзі загаварылі ўрэшце ў адзін голас.

28 – 06 – 1998.

Дваццаць сёмага – на сустрэчы з прэм’ерам Бузкам у Ваяводскай Управе ў Беластоку. У адчувальным настроі панікі ўладаў пасля пасяджэнняў тут Камісіі на чале з Куранем. Бузэк прыехаў загладзіць становішча (прывёз з сабою, таксама, пастанову аб неадкладнай датацыі далейшай адбудовы манастыра ў Супраслі).

Для мяне гэты ўдзел у сустрэчы з ім аказаўся не менш утомным, чым з Куранем тыднем назад. Празмернай увагай да маёй асобы перш за ўсё. Пастаянным цытаваннем маіх выказванняў ды ацэнак, з чым раней я не сустракаўся ў вярхах (варшаўскіх). Вядома, чаму: мае канцэпцыі, вось, надта прыдатныя цяпер урадавым колам, асабліва ў кантэксце праеўрапейскай палітыкі Варшавы.

Каторы ўжо раз давялося пісьмова рыхтаваць тэзы наконт вырашэння нацыянальнай праблематыкі ў Польшчы: не талеранцыя, а партнёрства; меншасці не як самі для сабе, але і карэнныя інтарэсы дзяржавы ў факце іх існавання; ліквідацыя анальфабэтызму палякаў на прадмет арыентацыі ў іх культурах ды гісторыі. І т.п. Пакончыць з гетызацыяй. Меншасці – як свайго роду міні-Еўропа.

Прыкра слухаць было шэфаў нашых, беларускіх, арганізацыяў. Хоць і маладыя яны – акрамя Сычэўскага – а выступаюць зусім у стылі функцыянераў на нарадах бюракратаў. Без шырэйшага агляду праблематыкі, безрэфлексіўна. Аформіць тое, аформіць сёе, дабіцца грошай на нешта... Так не гаворыцца з кіраўніком ураду!

Бузэк зрабіў на мяне сімпатычнае ўражанне, тым лепшае, што – як прызнаўся – нямала чытаў майго.

19 – 07 – 1998.

Учора вярнуўся я, бы збіты сабака, з канферэнцыі, прысвечанай культуры беларускага замежжа, на якой выступіў з дакладам “Беларускі літаратурны рух у пасляваеннай Польшчы” (Чыквін настаяў). Тыпова савецкі балаган у выкананні яе арганізатараў (...). Прыбыў на пасяджэнне цэлы аўтобус саветак і саветаў, пераважна лішніх, у ролі турыстаў. І жменя тых самых апазіцыянераў, якіх выпускаюць за мяжу, пэўна, дзеля паказу... Яны, відаць, і хлеб ядуць з тае апазіцыйнасці.

У гэты раз улады сяк-так ушанавалі беларускае мерапрыемства: акрамя дзяржаўнай прысутнасці (і слова мела) сп. міністр культуры Унук-Назаравай, прыбронтаўся і надзьмуты віцэ-ваявода Клім. Выразна абразіў я іх сваім здзіўленнем, што даклад мушу паўтараць яшчэ і па-польску; przecież język białoruski nie jest obcy Polakowi! Так справакаваў мяне Вапа, даслаўшы (мне) – у час выступлення – нервовую пісульку...

З’явіўся Зянон Пазьняк і меў класную прамову (без нацыянальнай ідэі не будзе адраджэння).

06 – 08 – 1998.

Чыквін задумаў “Тэрмапілы”, літаратурны штогоднік. Як кожная добрая ідэя – лёгка пачаць, цяжка працягваць. Уся надзея ў... Лукашэнку, палітыка якога панаганяе Ясю аўтараў з Беларусі; на тлумны водгук “белавежаўскіх” няма чаго разлічваць (ды і няма каму).

Галіны Тычка “Чужы сярод сваіх” у “ЛіМе” ад 10 ліпеня. У некаторым сэнсе раўняе яна мяне з Быкавым. Як Акудовіч бачыць мяне – гэтаксама ў некаторым сэнсе – пачынальнікам беларускага інтэлектуалізму (“ЛіМ” ад 19 чэрвеня). (...) толькі цяпер згледзелі “Белавежу”, калі ў іх саміх катастрофа. І відаць па гэтых тэкстах, што начыталіся не столькі кніжак маіх, колькі “Крыніцы” (? 39), прысвечанай майму (Арлоў званіў неяк, што гэты нумар распрадаўся на рэдкасць беззваротна, дачыста).

Мы тут ужо не з’яднаемся з імі там? Не, бо нацыя знікае, а пісьменнікі застаюцца, бы тыя камяніскі на заліўных лугах. Навечна адзінокія.

10 – 08 – 1998.

Чытаеш “Беларускія летапісы і хронікі” і думаеш: якія лагодныя часы цяпер насталі! Нікога не садзяць на кол. Гарадоў да апошняга дома не выпальваюць. Арміі не аб’ядаюць народ. Дзяўчат – на царкоўных алтарах – не гвалцяць. А калі каго заб’юць або хату каму спаляць, дык шум на ўсю Рэч Паспалітую!.. Але ўсё роўна будуць людзі казаць, што даўней было лепей. Такая прырода чалавека.

26 – 08 – 1998.

Назаўтра заказаўся Бахман (“Stuttgarter Zeitung”).

27 – 08 – 1998.

Змарыў мяне гэты Бахман! Не ён, а тэма, за якою прыехаў да мяне: што думаю пра польска-беларускія суадносіны тут (?). Думаю – бяда! Глухая сцяна.

29 – 08 – 1998.

Падумалася: а каб пачаць ствараць фонд Villa Sokrates?! Міжнародны, з перспектывай на спонсара недзе з Еўрапейскай Уніі. У рамках успамажэння тоеснасці малых народаў Еўропы. – Пішу на гэты конт Юрку.

05 – 09 – 1998.

Пахавалі Міколу Гайдука. Раптоўна памёр, паехаўшы ў грыбы недзе пад Саколі... Знайшлі назаўтра (3.ІХ). Маё пакаленне ўжо падыходзіць да ямы. (...)

З днём нарадзінаў – 4 верасня – павіншаваў мяне адзін Ян Чыквін (таксама, вядома, Таня і сыны).

11 – 09 – 1998.

У мазгавым тумане канчаю эсэік “Mickiewicz a Białoruś” (заказ Чыжэўскага). Лішні раз усведамляю сабе, як няроднай мне польская мова. З дзесяць разоў выгладжваў тэкст.

19 – 09 – 1998.

Вярнуўся з Гарадка здыхаючым. Не тое здароўе, што раней. Хаця сама канферэнцыя, прысвечаная 500-годдзю Гарадка, была цалкам банальная, у значнай ступені не на тэму, такая дактаранцкая ды хаатычная. Мяне, як адзінага беларускамоўнага, апланавалі на самюткі канец, і тады, пасля майго выс-туплення, раптам дакладчыкі загаварылі ў дыскусіі па-беларуску (нават польскі ксёндз Бэндза, з украінскім акцэнтам).

27 – 09 – 1998.

Пару днямі назад – на сімпазіёне літаратараў у Гайнаўцы. Былі: Кабатц, Барскі, Пілят, Фэдэцкі, Карась, Сідорскі, Някляеў, Законнікаў, Каржанеўская, Далідовіч... Імпрэза Таварыства Польшча-Беларусь.

Адзіны светлы момант – 24-га аўтарская сустрэча ў т.зв. беларускім ліцэі (разам з Далідовічам і Ю.Хмялеўскім). Вельмі ўдалая! Класічна добрая: пытанні і адказы. Публіка інтэлігентная (...).

Прыехаў, ага, Ягела (цяпер ён дырэктар Нацыянальнай Бібліятэкі). “Пёк свае пляцкі”, вядома. Але сказаў і тое: урад не дасць грошай на аніякія сур’ёзнейшыя мерапрыемствы ў дапамогу беларускай культуры, напр. у выдавецтвах. Акрамя дапамогі бел. нац. мяншыні, дагэтуляшняй. Кропка!

17 – 02 – 1999.

Ад учора добра пішацца новая версія “Арышту” (першая ў 1978 г.). У папярэдніх занадта трымаўся дакументальнасці ды... цэнзурных умоў. Чыквін хоча даць у другі нумар “Тэрмапілаў”. Каб не гэта, пэўна не ўзяўся б... Папраўдзе, не люблю пісаць драмы, і гэтая будзе апошняя.

18 – 03 – 1999.

Добра, што Акруговы Суд прызнаў Villa Sokrates, фіналізую рэгістрацыю (да канца сакавіка).

22 – 03 – 1999.

Блаславёныя дні, ні тэлефонаў, ні пісем, ні візітаў. Сонца. Працярэбліваў яблыні, кусты. Купіў гадзіннік, туфлі. Сёння зездзіў да лекаркі. Чытаю добрыя тэксты ад Радаслава Раманюка (у “Часопіс”). Недзе войны. Польшча ў НАТА. Беларусь у безнадзеі. Свет буіць, а я пачытваю “Гісторыю Еўропы” Дэйвіса. Падсылае свае кніжкі пра Кашубію праф. Бажышкоўскі (дробненькі фрагмент тае ж Еўропы).

30 – 03 – 1999.

Ужо колькі тыдняў няблага пішацца мне. Амаль штодзень паседжваю над новай      версіяй “Арышту” (папярэднюю закончыў 23.ХІ.1983 г.). Аніякі з мяне драматург, але хочацца, у рэшце рэшт, закончыць п’есу. Шкада нагоды сказаць нешта глыбейшае пра беларускі рух як такі.

07 – 04 – 1999.

Villa Sokrates ужо ўзаконена (2.IV.). Можна арганізоўваць фінансы. Скарбнікам – Лёнік.

16 – 04 – 1999.

Заеліся на мяне маладабеларусы: зласлівыя ананімныя тэлефоны, кампраматы ў “Ніве”, пляткарскія акцыі. Чым больш маўчу, тым мацней! Столькі стрываўшы, стрываю і гэта.

24 – 04 – 1999.

Першыя грошы на рахунку Villa S., 2.000 зл. (пазваніў Міраслаў Цялушэцкі як спонсар). (...) Воссю дзейнасці будз