|
Людка Сільнова
НОЧ
...І ад белакалонных Афінаў
Да празрыстых ільдоў дзікіх фінаў
Усю ноч зіхацелі-ляцелі
Боскіх сноў залатыя дэльфіны.
ВАДА І ЖАНЧЫНА
Вада і жанчына –
дзве тайныя сутнасці,
Дзве зменаў прычыны,
два знакі магутнасці.
Дзве змейкі ці хвалі
на камені чыстым
Між іншых малюнкаў,
арнаментаў, рысаў.
І маюць ангельскія
water i women
Крыніцай – крывіцкую
рысу крывую!
(І – помніш? – Ісус
абяцаў нам тады
Даць вечнай, жывой,
жыватворнай вады...)
Вада і жанчына –
дзве тайныя сутнасці,
Дзве зменаў прычыны,
два знакі магутнасці.
ЭГЛЕ
Змейка Эгле
вогненнай рыскаю
У соснах сноў маіх
слізгае, бліскае.
Замкі куфраў памяці
лёгка, навобмацак
Зрывае – напяўшыся
рыскаю моцнаю.
Спявае рытмічнай
рыскай ламанаю
Ў змейкападобным
паўночным арнаменце...
Ляцела па небе
змейка ці рыска
Высока-нізка,
далёка-блізка.
І на шчыце
ваяра старажытнага
Тайна пакінула
грозны адбітак свой.
“ГАБДАНК” *
Стрэлы, соты, крышталь а ці струны?
Знак стары? Вечна юныя руны?
Куфар сімвалаў. Памяці банк.
Гэта герб старажытны “Габданк”!
Шлях вайны і крывой каляіны.
Знак змяі і вады, і жанчыны.
Пара крылаў ці кніг, хвалі знак.
Гэта герб старажытны “Габданк”!
Гэта звонкіх даспехаў метал.
Грозны лес, што пужаць перастаў.
Пад каронаю высахлы мак –
Гэта герб старажытны “Габданк”!
ДУХІ РУСКІЯ
Мы – толькі Духі:
Жаданні і рухі.
Яркія, юныя.
Баярствам, рунамі...
Мы – адмысловыя
Ваўкі пунсовыя!
Струны прасторы мы,
І воск мядовы мы...
Эфір, этрускі,
Мы – Духі рускія!
І напачатку мы – усіх! –
Барусій, Русяў і Расій.
ПАЎНОЧНЫЯ ТЭРМАПІЛЫ
Як Паўночнае ззянне – у небе,
Нам стаяць – на зямлі, колькі трэба.
Не губляцца! Дзядоў не губляць!
На гарачым каменні – стаяць.
Вартавы бо тады толькі варты
Свайго часу, радзімы і Спарты.
ЛЮБІМЫ КОЛЕР
Ён самы боскі і самы амбітны,
Колер блакітны!
І самы таемны, вільготны, імклівы:
Ажыны і слівы...
Мужчынскі, ваярскі,
Рыцарскі, царскі!
Ён самы глыбокі:
Ў ім – рыбы, аблокі...
ПАДАРЫ МНЕ МЕЧ
(Песня жанчыны)
Падары мне меч,
Каб магутнасць мець.
Тонкае лязо,
Звонкае пяро.
Лютню падары
Колеру зары.
Пад шчаку – свой аксамітны
Голас пасцялі...
Падары мне сон –
Як крыштальны звон.
З’едзь, забудзь мяне,
Толькі не сябе.
ТЫЯ, ШТО ЗНІКАЮЦЬ
Кнігу жыцця якім разам чытаю!
Час аддаваць. Расстае і знікае...
Шмат прачытана. І вынікае,
Што найдарожшы – той, хто знікае.
Свой вераўчаны арнамент згадаеш,
Мілы?.. І ты? Гэтаксама знікаеш?
Ў целы кампутары ўжо пранікаюць...
Сама шкада мне тых, што знікаюць, –
Людзей.
* Габданк, Абданк -
прыватнаўласніцкі герб. Пашырэнне набыў на
тэр. ВКЛ
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня
"Белавежа"
|