|
БРАТЫ
з Малой Багацькаўкі
Радзiм Гарэцкi
Больш за 200 гадоў таму ў глухiм куточку Мсцiслаўшчыны, амаль за 90 кіламетраў ад блiжэйшай чыгункi, на крутым сонечным беразе рачулкi Вiранкi з глыбокiмi вiрамi, якая круцiлася сярод дрымотных лясоў i непраходных балот, прытулiлася маленечкая вёсачка ў некалькi двароў. Каб адрознiць яе ад Большай Багацькаўкi назвалi яе Меншай Багацькаўкай. Сюды курманаўскi пан высялiў сялян, каб узяць ад лесу больш поля для пасеву. Сярод iх, вiдаць, былi i два браты Гарэцкiя, а магчыма, яны прыйшлi з больш далёкай вёскi Гарэцкаўшчыны, што знаходзiлася на Гарадзейшчыне. Пра аднаго брата зусiм забылiся, нават як яго звалi, а ад другога застаўся сын Кузьма, якi пражыў сто гадоў. Яго жонка Марына нарадзiла дзвюх дачок – Праскоўю i Ганку i двух сыноў – Якава i Iвана.
Самы малодшы з iх, Iван Кузьмiч – невысокага росту, чарнявы, вельмi рухавы – яшчэ зусiм малым пасвіў свіней і авечак у паноў з Курманава, даглядаў кароў, дапамагаў на кухнi, а потым многiя гады служыў кухарам у пана Цэкерта ў Лоннiцы, што каля пасёлку Краснае на Смаленшчыне. Калi Iвану споўнiлася 28 гадоў, адбыўся яго шлюб з Ефрасiнняй Мiхайлаўнай Паповай з сяла Слаўнае. Нявеста – дачка панскага ткача ў Курманаве – мела дзве доўгiя русыя касы, вялiкiя блакiтныя вочы, добры спакойны характар, дужа любiла пець песнi i ведала iх процьму. Як i жанiх, грамаце не вучылася, была непiсьменная.
На той час i вёсачка, якую ўжо часцей называлi не Меншая, а Малая Багацькаўка, змянiлася. Рачулка Вiранка ператварылася ў канаву, па якой толькi ўвесну ды пасля моцнага дажджу цякла мутная вада. Яе так i зваць пачалi – Канава. Двары, якiх ужо налiчвалася каля дваццацi, пачалi ставiць i на другiм яе баку. Тут i хата Кузьмы стаяла.
«Пабудаваў яе дзед Кузьма на месцы сваёй курнай хаты з часоў прыгону. Падлога ў нашай хаце была земляная, халодная, няроўная. Пры ўваходзе налева – вялiкая печ. Ад печы, усцяж левае сцяны, праз усю хату цягнуўся пол – суцэльныя нары, агульны сямейны ложак, – улюбёны прытулак для дзяцей. Над палом, амаль над самай столлю, былi зроблены шырокiя палацi, дзе спалi хлопцы i куды так любiлi запаўзаць дзеткi, каб пагрэцца i пагалузаць.
Каля печы быў шырокi запечак, дзе сядзелi старэйшыя жанчыны, пралi, шылi, гаманiлi ў доўгiя вечары, а да iх тулiлiся дзецi. Гэта – сямейны клубны куток. Ад печы, амаль на ўзроўнi палацей, праз усю хату была перакiнута бэлька, курчына, якая здавалася малым вузенькай кладкай над бяздоннем, перапаўзцi якую было найвялiкшай спакусай i праявай геройскай смеласцi.
У куце вiселi цёмныя абразы, стаяў вялiкi i адзiны стол, з доўгiмi лаўкамi ўздоўж сцен. Пад палом у познюю восень i ўзiмку хавалiся ад халадоў ягняткi, цялёначак, парсючкi, а часам i авечкi, сяброўства з якiмi было самай прыемнай пацехай для малечы.
У хаце было тры невялiкiх акны, з аднымi рамамi i мутнаватымi шыбамi. Самае вясёлае акно было ў левай сцяне, над палом, бо ў яго найчасцей свяцiла сонейка…»[1]
Недалёка ад хаты, блiжэй да Канавы, быў выкапаны калодзеж з такой студзёнай i смачнай вадой, што па яе часта прыходзiлi аж з Большай Багацькаўкi за 1,5 кіламетры. Ён i цяпер ёсць.
Далей ад хаты Кузьмы, на поўнач, усцяж Канавы, жыла вялiкая працавiтая сям’я Сiлаковых, сярод якiх было многа хворых на сухоты. Каб хоць трохi палепшыць беднае жыццё i зарабiць грошы, Антон Сiлакоў, першы з багацькаўцаў, паехаў працаваць на шахты ў Юзаўку (Украiна). Побач iшлi двары Шнарскiх, сярод якiх Пiлiп i Гаўрыла былi першыя пiсьменныя людзi з Багацькаўкi. Апошнi выдатна чытаў псалмы па нябожчыках: яго мiлагучны пявучы голас, душэўныя словы – iмправiзацыi, у якiх ён пераказваў жыццё памерлага, паняволi прымушалi асаблiва жанчын i нават мужчын плакаць. Без яго не праходзiла нiводнае пахаванне. Далей жылi Нажынскiя, якiя вылучалiся тым, што адны з першых пачалi ездзiць на заробкi ў Маскву i Пецярбург, а потым i пераязджаць туды на сталае жыццё.
Яшчэ далей Канава, якая падзяляла вёску на дзве часткi – дзве вулiцы паварочвала ў бок цёмнага лесу – Чортаўшчыны (лiчылi, што там водзяцца чэрцi). Тут пасялялiся больш новыя сем’i. За Чортавым лесам пачыналася балоцiстая нiзiна, а за ёй – сапраўднае балота з вялiкiм густым мохам (таму i звалася яно – Мох). Яно было настолькi глыбокае, што калi-нiкалi там тапiлiся нават конi. Побач балота з вельмi чорнай граззю – калi хто пойдзе туды, дык выходзiць з нагамi чорнымi-чорнымi аж па самыя каленi, як боты начапiў, таму i сталi гэтую мясцiну Боцiкамi зваць. А за iмi пасля нiзкiх журавiнных балот i балоцiстых лясоў стаяла вёсачка Булiна з вельмi беднай занядбалай сельскай гаспадаркай, цiхiмi забiтымi сялянамi, якiя жылi неяк iзалявана, мелi трохі iншую, чым багацькаўцы, гаворку. За нiзкiмi багатымi сенажацямi (Залужжа) пачыналiся прыгожыя дубовыя лясы, дзе заўсёды можна было набраць процьму баравiкоў.
На жаль, цяпер ад тых багатых густых лясоў (Багацькаўшчына, Чортаўшчына, Мох i iнш.) амаль нiчога не засталося. Лясы пачалi вынiшчаць асаблiва iнтэнсiўна ў пачатку ХХ стагоддзя, калi мясцовыя паны няшчадна высякалi іх дзеля грошай, а аголеную ад лесу зямлю кавалкамi прадавалi сялянам. Толькi Цёмны лес, якi раскiнуўся за рачулкай Рэмяствлянкай з Курманавым i Раздзелам на яе берагах, захаваўся да нашых часоў. А па другi бок лесу пабудавалi чыгунку i на ёй станцыя з такой жа назвай.
У Iвана i Ефрасiннi Гарэцкiх нарадзiўся першы сын, якому далi iмя Васiль, але трохі больш, чым праз год, ён памёр. Амаль праз два гады Ефрасiння нарадзiла сына Iвана. Наступнай была Марына, але хутка памёрла з водры. «Памёрла Марынка перад Вялiкаднем, а ў маi, месяцы прыгожым, а для Ганны (Ефрасiннi – Р.Г.) у тым годзе гэткiм сумным, Ганна яшчэ зачала […]. Мiнула лета, восень пачалася, – Ганна паспакайнела, цяжарная хадзiла. I палова зiмы прайшло. Ужо блiзка было радзiць ёй. Гэта – чацвёртым разам. Пасля Каляд, у канцы мясаеда, на стрэчанне, яна яшчэ ў Харошым (сяло Слаўнава – Р.Г.) была. А пасля стрэчання, на масленку, у суботу, радзiла сына […]. У пятнiцу ўвесь дзень мычкi мыкала, пражу матала. У лазню ўвечары схадзiла […]. I на печы з Алёнаю ляжала. Мучылася. Злезла з печы, пайшла ў другую хату, – ужо вiднелася на дварэ. Прыходзiць туды Стахван (Iван Кузьмiч – Р.Г.): “Чаго тут мерзнеш?” А ў iх старая хата ўзiмку халодная стаяла. – “Маўчы, бяжы па Алёну, дзiцёнак радзiўся”… Была Ганна не рада, што хлопец, а не дзяўчынка”.[2] Так 18 лютага 1893 г. нарадзiўся Максiм Гарэцкi.
У наступныя гады Ефрасiння нарадзiла двайнятак – Парфiра i Панаса, але апошнi памёр, пражыўшы чатыры тыднi. Праз чатыры гады, 10 красавiка 1900 г. нарадзiўся сын – Гаўрыла, а яшчэ праз два – Ганна. “Радзiўся Лаўрын (Гаўрыла – Р.Г.) у месяцы марцы, вялiкiм пастом, у сераду, як iдуць на андрэева стаянiе. Кросны стаялi ў хаце. Ганна (Ефрасiння – Р.Г.) ткала. Увечары, дзеля свята, у хаце прыбралi. Ганна хадзiла па хаце, дужа мучалася, стагнала, плакала […]. Ужо цёмна было, як радзiўся. Якраз пад ставы, пад навой, выкацiўся. На другi цi на каторы дзень хрэсьбiны былi[…].
Лаўрык (Гаўрыла – Р.Г.) дужа крыклiвы быў. Ганна мала спала за iм. Раз – грады трэба палоць. I вочы ёй забалелi. Пайшла палоць. А ён крычыць, плача… I яна загаласiла, седзячы з iм у градзе […]. Лячылi яго ад крыксаў […]. Бо раз прыйшоў Стахван (Iван Кузьмiч – Р.Г.) з П’янава (Курманава – Р.Г.) увечары, а Лаўрык той вечар крычыць i крычыць. Ганна насiла яго, насiла: крычыць без сцiхання. I Стахван узяўся насiць. А тады загневаўся ды як махане яго на пасцелю, на падушку”.
Засталося ў сям’i Гарэцкiх чатыры браты – Iван, Максiм, Парфiр i Гаўрыла i адна дачка – Ганна. У цеснай хаце з саламянай страхою i земляной падлогаю разам жылi сем’i Iвана, яго брата Якава з жонкай Хрысцёнай i дачкой Гапкай i iх сястры – Праскоўi з сынам Панасам. Усiх набiралася вялiкая сям’я – 12 чалавек. Рабочых рук, асаблiва мужчынскiх, было мала, бо Iван Кузьмiч часта адсутнiчаў, служачы лакеем у паноў – таму яго сям’ю часта звалi крыўдным iмем – Лакяёнкi. Якаў быў незадаволены, што прыходзiлася працаваць i за брата, увесь час стагнаў i жалiўся на цяжкае жыццё i таму атрымаў мянушку – Тужык. Каб не было спрэчак памiж братамi i папрокаў з боку Якава, Ефрасiння Мiхайлаўна старалася працаваць за некалькi чалавек i рабiла як жаночую, так i мужчынскую працу. З часам Якаў паставiў сваю новую хату. Падзялiлi маёмасць – а гэта нялёгка, бо цяжка пакiнуць абжытае жыллё i адзiн аднаго. Таму перад тым як падзялiцца, накрывалi стол новым абрусам, станавiлiся на каленi вакол стала, малiлiся i ўсе плакалi. Дзеткi, гледзячы на дарослых, таксама плакалi. Пасля яшчэ доўга ўспамiналi, як жылi разам. Але ўсё роўна i пасля падзелу i Лакяёнкi, i асаблiва Тужыкi жылi бедна. У апошнiх да гэтага дабаўлялiся бясконцыя хваробы, асаблiва трахома ў Хрысцёны i Гапкi, а тая яшчэ моцна курыла i ўся хата прапахла табаком.
–– ––
Максiм з маленства бачыў беды i цяжкасцi жыцця сваiх родных i суседзяў-сялян. Ён вельмi блiзка гэта ўспрымаў, перажываў i неяк не мог зразумець, чаму яны, працуючы з самага ранку да позняга вечара, нiколi не адпачываючы, вымушаны на ўсiм эканомiць, лiчыць кожны луст хлеба. Iншы раз нават здавалася, што сяляне, як тыя жывёлы, думаюць i жывуць толькi для таго, каб пракармiць сябе i сваю сям’ю, настолькi забiты ў сваiм клопаце па гаспадарцы, што не маюць нiякай радасцi… З другога боку, ён здзiўляўся не толькi працавiтасцi, але i добразычлiвасцi, цярплiвасцi, пакорлiвасцi i адначасова гумару i нават весялосцi большасцi з iх. Асаблiва вялiкае ўражанне пакiдалi жанчыны, якiя i рабiць умелi ўсё i пры гэтым не гублялi прывабнасцi, i што самае дзiвоснае – зачароўвалi сваiмi бясконцымі цiкавейшымi казкамi, цiхiмi i сумнымi, а часам жвавымi жартоўнымi i вясёлымi песнямi, прыгожымi скокамi з плаўнымi i мяккiмi ці хуткiмi i рэзкiмi рухамi.
Многiя вяскоўцы старалiся “выйсцi ў людзi” – ехалi служыць у паноў, выязджалi ў гарады i г.д. i па магчымасцi аддавалi дзяцей вучыцца. Спачатку Максiм вучыўся грамаце ў школе ў вёсцы Большая Багацькаўка, а пазней Iван Кузьмiч узяў яго да сябе ў Лоннiцу i аддаў у Вольшанскую “образцовую” двухкласную школу. Старэйшы брат Iван, а потым i Парфiр павiнны былi займацца гаспадаркай i таму далей пачатковай школы не вучылiся.
Iван – высокi, прыгожы, добразычлiвы, вясёлы, працавiты, залатыя рукi меў, вельмi любiў сваiх родных, для якiх ўсё быў гатовы зрабiць, – таму i любiлi яго ўсе. Парфiр быў вельмi лагодны, нясмелы, крыўдлiвы, увесь час стараўся, каб усiм было добра, жыў не для сябе, а для сваiх родных. Так яму хацелася вучыцца, але поўнасцю ахвяраваў сябе для гаспадаркi – трэба было кармiць блiзкiх сваiх. У далейшым разам з Панасам ён навучыўся майстэрству шаўца i некалькi гадоў яны зараблялi тым, што шылi розныя армякi, курткi, штаны.
Максiму ў школе ўсё было цiкава, ён прагна глытаў новыя веды. Асаблiвы ўплыў на яго зрабiў настаўнiк Кцiтараў. Ён пазнаёмiў яго з творамi Пушкiна, Лермантава, Гогаля, Талстога, Шаўчэнкі i iншых пiсьменнiкаў, якiя настолькi яго ўразiлi, што ён па-сапраўднаму i шчыра палюбiў на ўсё жыццё мастацкую лiтаратуру. Захапiўся ён i моваю беларускаю. Тут ён навучыўся спяваць i iграць на многiх музычных iнструментах, асаблiва любiў скрыпку.
Гаўрыла ўспамiнаў: “Зiма. Максiм прыехаў з Вольшы на Каляды. Мама сядзiць на палку, каля акна, праз якое прабiваецца струменьчык сонца. Мама, маладая, прыгожая, шые i пяе. На запечку сядзiць дзядзiна Хрысцёна i прадзе. Максiм, Парфiр, Ганначка i я прымасцiлiся каля мамы, слухаем яе песнi, нам так добра…
А потым пачынаюцца доўгiя гамонкi. Максiм распытваецца ў мамы пра ўсiх родных, пра ўсе багацькаўскiя сем’i, iх гiсторыю, пра прыгон i падзеi пасля прыгону, пра панскiх казакоў i стражнiкаў, бойкi з iмi, падзеi 1905 г.
Зiмовыя днi кароткiя. I вось ужо вечар. На запечку сядзяць мама i дзядзiна Хрысцёна, прадуць. На палку каля iх уладкаваўся Максiм, Ганначка, Парфiр i я. Хрысцёна расказвае нам казкi, адна цiкавей за другую. А мама пяе песнi, пераважна сумныя, але i весялейшыя. Многа прыгожых песень ведала мама. Гарыць лучына, устаўленая ў светач. Бегаюць па сухой лучынцы вясёлыя зайчыкi агню, адвальваюцца адгарэлыя кавалкi лучынкi на земляную падлогу i ў адмыслова падстаўлены цэбар, шыпяць у вадзе, кадзяць.
Парфiр старанна сочыць за агнём, каб спрытна ўставiць у светач новую лучынку замест дагарэлай.
I ўзрастае шчасце ў дзiцячых iстотах ад матчынай i дзядзiнавай ласкi, ад пазнання свету, ад гарэзлiвага агеньчыка на лучынках, ад крышталёвай паэзii беларускiх песень i казак.
У Максiма была вельмi добрая музычная памяць; ад мамы ён пераняў многiя песнi. I казак многа запомнiў Максiм. Любiў Максiм выдумляць нешта сваё, iмправiзаваць. Часта расказваў ён нам, меншым, казкi, страшныя апавяданнi, пераважна выдуманыя самiм. Слухалi мы старэйшага брата з найвялiкшай цiкавасцю, ды часта нам надта страшна рабiлася, асаблiва Ганначцы. Тады мы тулiлiся да Максiма, каб абаранiў нас ад усяго страшнага i злога».[3]
Пасля сканчэння Вольшанскай двухкласнай школы, а затым i настаўнiцкiх класаў у той жа школе Максiм прыехаў на лета дамоў i не ведаў, што рабiць: стаць настаўнiкам цi паслухаць бацьку, якi хацеў аддаць яго ў рамеснiцкую школу, а больш цягнула вучыцца далей, але куды пайсцi – усюды грошы патрэбны. Максiм разумеў, што адзiны паратунак збавiцца ад «iдыятызма вясковага жыцця», вырвацца з жудасных вясковых умоў – вучыцца самому i вучыць сваiх братоў i сястрычку. Нарэшце вырашыў паступiць у Гора-Горацкае каморнiцка-агранамiчнае вучылiшча. Адвёз старэйшы брат Iван Максiма ў Горкi да iх родзiча па мацi – Фёдара Канцавога, якi ўсю зiму рыхтаваў яго да экзаменаў, а ўлетку яго змянiў рэпетытар Крэер за 5 рублёў у месяц. Увосень 1909 г. паступiў у вучылiшча, хаця конкурс быў велiзарны: толькi 25 месцаў пры 400 заявах. Столькi было радасцi, што вытрымаў iспыты! Максiм быў такi шчаслiвы i ўзрушаны, што ўначы прыбег за тры дзесяткi кiламетраў дамоў да бацькоў, каб падзялiцца з iмi сваёй радасцю. Ён так заўзята i выдатна вучыўся, што скора i стыпендыю яму далi – 15 рублёў у месяц.
–– ––
Дзяцiнства i Максiма, i Гаўрылы, i ўсiх дзетак сям’i Гарэцкiх было шчаслiвым, бо кожны крок, кожны кавалачак жыцця малых былi звязаны з iх ласкавай мацi. Мама здавалася iм самай магутнай i найдаражэйшай iстотай, нейкiм вялiкiм стварэннем, якое заўсёды можа абаранiць, якое любiць i шкадуе, кормiць i вучыць, вядзе да ўсяго самага прыгожага, самага добрага. Асаблiва выразна гэта разумеў Максiм i таму сваiм меншым – Гаўрыле i Ганульцы тлумачыў: «Мацi першая прамовiла для нас у роднай мове. Мацi – першая i найлепшая настаўнiца нашай роднай мовы – найдаражэйшага скарбу чалавека. Шануйце сваю родную мацi, родную мову». Гэта добра разумелi ўсе дзеткi сям’i. Братам Гарэцкiм усё жыццё ўяўлялася ў выглядзе добрай, выключнай, самай лепшай, ласкавай, роднай мамы.
Гурыка (так звалi ў сям’i Гаўрылу) усе вельмi любiлi i песцiлi, як самага меншага з братоў, ды i быў ён моцненькi, працавiты, пакладзiсты, паслухмяны. Ён вельмi любiў, калi яго малога мацi брала ў лазню. Там было так цёпла ад печкi, складзенай з невялiчкiх валуноў, а кругом сядзелi i стаялi такiя цудоўныя жаночыя стварэннi, якiя прываблiвалi i хвалявалi, асаблiва, калi ён малы, углядаўся на iх знiзу ўгару, i яго вочы бачылi перш-наперш пушысты мох у нiжняй частцы жывата, а вышэй белыя акруглыя прыгоркi… Гэтыя таямнiчыя чароўныя стварэннi абступалi хлопчыка з усiх бакоў, лашчылi, песцiлi, бралi на палок, каб памыць, ласкава цёрлi i намыльвалi, прыцiскалi да сябе, абмывалi цёплай прыемнай вадой. Доўга чуўся дотык жаночага цела, мяккага i пяшчотнага, адчувалася вялiкая асалода, i ён не мог дачакацца, калi зноў сустрэнецца з тымi таямнiчымi незямнымi стварэннямi. Гэта яскравае пачуццё захавалася на ўсё жыццё як лепшы момант дзяцiнства.
На ўсё жыццё запомнiлiся Гурыку i паездкi ў Лоннiцу да бацькi ў госцi. Часцей за ўсё ездзiлi ўвесну. Раненька-раненька, яшчэ цёмна, будзiла мацi хлопчыка. Яму так спаць хочацца, але не капрызiў, бо вельмi любiў гэтую вандроўку. Мацi клала яго ў падол, садзiлася на калёсы i доўга ехалi – ехалi аж за 80 кіламетраў. Дарога была такая цiкавая: кругом лес, усё больш белыя стромкiя бярозы з пушыстымi зялёнымi шапкамi, якiя вагаюцца ад лёгкага ветру i ўздымаюцца высока ў неба, а там паўзуць некуды ўдалеч хмары, адна другой цiкавейшая – то мядзведзь, то сабака, то дзядзька з доўгім носам. Здаецца, што i сам ён ужо ляцiць над зямлёю памiж гэтых хмар… Мама прытулiла яго да сябе, так цёпла, так утульна, радасна хлопчыку i вочы пад скрып калёс i фырканне каня заплюшчвалiся i яму здавалася, што ён узлятае ўсё вышэй i вышэй… Так цiкава было бачыць Днепр, якi ўяўляецца надта шырокiм, затым пераправа праз яго на пароме, якi хiстаецца так, што робiцца аж страшна – раптам перакулiцца.
Каля панскага палаца сустракае здаравенны лахматы сабака Януш, ён лашчыцца, а Гурыку страшна, тулiцца да мамы. Бацька, Iван Кузьмiч, каржакаваты, з чорнай барадой i пышнымi валасамi, ласкава абдымае i вядзе ў маленькi пакойчык – лакейскую. Успамiнаецца кухня, дзе бацька рыхтаваў розную ежу для пана i яго сям’i. А пан Мiкалай Мiкалаевiч Цэкэрт – высачэннага росту, вельмi любiў чым-небудзь пачаставацца i таму нават часта сам заглядаў на кухню. Iван Кузьмiч зарабляў 3 руб. у месяц – на жаль, не заўсёды гэтыя грошы даходзiлi да сям’i, бо на службе ў паноў ён уцягнуўся ў карты i гарэлку.
Гурык дужа любiў лес. Для яго не было цiкавейшага занятку, як хадзiць па грыбы i арэхi-лузганцы, асаблiва збiраць баравiкi – гэта любоў засталася на ўсё жыццё. Часта бегалi яны ў лес з Ганначкай, праўда, тая больш iмкнулася па сунiцы.
Вельмi падабалася глядзець, а калi i дапамагаць паставiць шуркi – лясныя палены дроў, цi акарыць бярозу. Лес вакол вёскi быў пераважна бярозавы з гонкiмi-гонкiмi бярозамi, з чыстымi белымi стваламi, на якiх сукi былi толькi каля самых верхавін. Каб акараць бярозу, зняць з яе кару для гонкi дзёгцю, трэба было забрацца пад самую верхавіну. Асаблiва добра гэта рабiў Раман Казёл: ён так лоўка поўз па ствале бярозы, абхапiўшы яго рукамi, так хутка ўзнiмаўся ўгару, а потым, зацiскаючы бярозу нагамi, пачынаў абкарваць яе, разразаў i падцiнаў нажом кару, якая адвальвалася вялiзнымi роўнымi пластамi.
–– ––
Шасцiгадовы Гурык пачаў хадзiць у школу ў вёсцы Большая Багацькаўка, дзе малапiсьменны настаўнiк Панасёнак прымушаў зазубрываць некалькi вершыкаў i складаць словы. Потым год ён хадзiў у школу ў сяло Слаўнае за 3 кіламетры ад дому, а затым у Большай Багацькаўцы адкрылася земскае вучылiшча.
У 11 гадоў аддалi Гурыка вучыцца ў двухкласнае вучылiшча ў Старым Сяле аж за 12 кіламетраў, таму жыў ён у сям’i Шведавых за тры рублi ў месяц. Тут пасябраваў з аднакласнiкам Лейбам Крэйнгаўзенам. Гаўрыла паставiў сабе мэту вырвацца з сялянскага забiтага асяроддзя, пайсцi па слядах Максiма i таму вучыўся вельмi старанна. У пачатку новага сезона настаўнiк Пётр Паўлоўскi сабраў усiх вучняў абодвух класаў i сказаў: «Ну, вось за добрыя поспехi, за добрае старанне ў вучобе я дарую ад сябе кнiжку I. Тургенева «Записки охотника» нашаму лепшаму вучню Гаўрыле Гарэцкаму, а вам, дурням, – нiчога». Калi ў Раздзеле, што ўсяго ў 2,5 кіламетры ад Малой Багацькаўкi, адкрылi новае двухкласнае земскае вучылiшча, Гурык перайшоў туды. Паўлоўскi прасiў яго застацца, нават прыслаў яму некалькi лiстоў.
У Раздзеле настаўнiкам быў Пётр Платонавiч Максiмаў – вельмi добры чалавек i здольны педагог. Ён многаму навучыў маладога хлопца, якога любiў за старанне i здольнасцi да вучобы, а яго выпускное сачыненне «Что посеешь, то пожнешь» захоўваў у сябе ўсё жыццё. Раздзельскi перыяд жыцця Гаўрылы – салодкае яднанне з роднай прыродай. Каб трапiць у вучылiшча, трэба прайсцi праз густы бярозавы гай, такi чысты, чароўны з гонкiмi бялюсенькiмi стваламi бяроз, на вяршынях якiх сядзяць пухнатыя зялёныя шапкi, высока ўзнятыя ў блакiт неба. Асаблiва цiкава было знайсцi тонкае высахлае дрэва, нагнуць яго, а потым адпусцiць – яно пачынала з нейкiм патаемным шумам разгiнацца i ўзлятаць угару. А калi пачыналi замярзаць азёры ды лужыны, не было большай асалоды, як па тым лёдзе пакатацца i павазiць адзiн аднаго на сваiх школьных торбах. Ледзь не паўдня iшлi, часта спазнялiся на ўрокi, а каб настаўнiк не злаваўся на iх, дык адказвалi, што заблудзiлiся трохі.
Гаўрыла пад уплывам Максiма многа чытаў, пачаў захапляцца i беларускай лiтаратурай. Яму падабалася ўдзельнiчаць у вучнёўскай самадзейнасцi. Асаблiва ўдалым атрымалася чытанне «Тараса на Парнасе», калi малады хлопец апранаўся пад паляўнiчага, выходзiў на сцэну з двухстволкаю, выразна i артыстычна чытаў. Прыемна было ў адказ пачуць дружныя воплескi. Але ўжо тады ён, зусiм яшчэ малы, меў балючую крыўду за сваю прыхiльнасць да беларускасцi. Дзве настаўнiцы, сёстры Клейман, выхадцы з нямецкай сям’i, так не любiлi беларускую мову, што ў яго прысутнасцi сказала адна другой: «Вот прафан!» У адказ на гэта Гаўрыла з яшчэ большым iмпэтам i поспехам выступаў па-беларуску, падкрэслiваў сваю беларускасць.
–– ––
У Горках Максiма, хаця ён i вучыўся вельмi добра, больш прыцягвала лiтаратура. Ён многа чытаў, захапляўся творамi Пушкiна, Лермантава, Гогаля, Дастаеўскага, Бунiна, Горкага, Чэхава, Шаўчэнкi, Кацюбiнскага, Мiцкевiча, Ажэшкi, Янкi Купалы, Якуба Коласа i iнш. Але хутка яго i самога пацягнула пiсаць…
Андрэй Сухi (аграном, брат вядомага авiяцыйнага канструктара самалётаў маркi СУ), якi вучыўся разам з Максiмам, успамiнае: «… я неяк адразу вылучыў Максiма па яго сур’ёзнасцi ў кожнай справе i адносiнах да сяброў. У скорым часе злучыла i супольная цiкавасць да беларускага друкаванага слова […] Максiм Гарэцкi адзiн с першых сярод нас пачаў пiсаць па-беларуску карэспандэнцыi i малыя апавяданнi з жыцця магiлёўскiх сялян, адсылаючы iх у рэдакцыю «Нашай нiвы» […] Варта паслухаць яго гутарку, нашу мову, якая гучала ў яго вуснах як песня, каб запомнiць яго на ўсё жыццё. Ласкавасць, чуласць, пранiкнёнасць гарнулi да яго людзей. Ён меў вялiкi дар чалавечнасцi, крыштальнай людской дабраты”.[4]
Ужо ў 1912 г. пад псеўданiмам “Беларус” у газеце “Наша нiва” былi надрукаваны дзве нататкi, а ў снежнi ён напiсаў сваё першае апавяданне “У лазнi”, якое ў студзенi наступнага года пад псеўданiмам “Максiм Беларус” выйшла ў “Нашай нiве”… Максiму хацелася ўсебакова паказаць рэалii вясковага жыцця. Ён адчуваў, як патроху змяняюцца адносiны многiх сялян да яго па часе – чым больш ён жыў ў горадзе, больш атрымлiваў ведаў, тым выразней яны пачыналi бачыць у iм “будучага пана”. Ён жа не хацеў стаць “панам”, а марыў аб больш светлым жыццi вяскоўцаў, iмкнуўся да асветнiцкай дзейнасцi, ён не разумеў, чаму ў вёсцы пануюць такая абыякавасць, забабоннасць, цемната. Нават родны бацька не разумеў яго i здзiўляўся: чаму ён гаворыць i пiша на гэтай “дзеравенскай” мове. А як прыкра было бачыць бацьку п’яным, якi ўсё часцей i часцей цягнуўся да чаркi. Адданасць беларушчыне была далёкай ад разумення большасцi i сялян i гараджан. Яго ахоплiваў сум… “I хацелася яму быць тут з iмi, з усiмi, як i раней, даўно. I ужо не было таго. У далёкi бок адыходзiла яго дарога. Сумна было яму”. Адчуванне было як “прымача ў панстве” i “пасынка вёскi”. З другога боку, ён бачыў працавiтасць, таленавiтасць гэтых людзей, iх паэтычны дар, якi асаблiва раскрываўся ў фальклоры, i яму ясна было, што трэба быць разам з iмi, што адрывацца ад роднага кута нельга, бо толькi роднае карэнне жывiць iнтэлiгента. Роздум аб месцы i сутнасцi вясковай iнтэлiгенцыi, пытаннi яе суадносiн з народам, супярэчлiвасць стану, захапiлі Максiма, i ён не мог не выказаць усяго гэтага, што так перапаўняла яго, у апавяданнях i нататках.
Пад тым жа псеўданiмам у “Нашай нiве” выйшлі апавяданне “Стогны душы”, драматычны абразок “Атрута”, шэраг нататак.
У лiпенi 1913 г. Максiм скончыў вучылiшча, атрымаў званне “землямера-агранома” i паехаў на каморнiцкую службу ў Вiленскую губерню. А ў “Нашай нiве” выйшла апавяданне “Родныя карэннi”. Аўтара апавяданняў i нататак рэдакцыя адзначыла i ў жнiвеньскiм нумары змясцiла лiст да пiсьменнiка: “Максiму Беларусу. Дужа дзякуем за Вашы творы, каторыя Вы нам прысылалi ў апошнiя часы. Мы верым, кажучы словамi нашых прадзедаў, што праз Вас “памножана будзе слава слаўнай айчызны нашай”, калi толькi агонь, каторы гарыць у Вас, будзе далей разгарацца”. Як бы ў адказ М.Гарэцкi адно за адным надрукаваў апавяданнi: “У панскiм лесе”, “Красаваў язмiн”,”Страхаццё”, “Што яно?”, “Патаёмнае”, “Хаўтуры” i iнш., публiцыстычны артыкул “Наш тэатр”. У апошнiм ён яскрава акрэслiў мэты, задачы i ролю нацыянальнага тэатра. Са сцэны беларусу трэба паказаць “што так жыць, як ён жыве, няможна, гэткага жыцця няможна трываць…”, “… што ён – чалавек, i што ён павiнен мець свой чалавечы гонар…”, што “абодвы беларусы, католiк i праваслаўны, няхай шануюць веды i добры светапогляд адзiн другога i веру ўсякага сумленнага чалавека ўсякай нацыi”, “… што ён мае слаўнае прошлае…”, “… па якому “шляху жыцця” пайсцi…”, “…каб ён гарэлкай не залiваўся” i “многа-многа чаго другога…” Другiм жа народам зямным патрэбна паказаць, “… што за народ такi ёсць беларусы, што маюць яны… нешта гэткае, перад чым прыемна адчынiцца агульналюдская скарбнiца векавечных здабыткаў культуры i цывiлiзацыi…” Ён заклiкаў да галоўнай мэты: “Тэатр наш павiнен стаць Храмам Нашага Адраджэння”. А для гэтага трэба выканаць яшчэ шэраг патрабаванняў: … ачысцiць, абялiць мову i паказаць перад вочы людзей яе гучнасць i гiбкасць…”, “… як дарагi камень, кожнае слоўца зважыць, абсмакаваць i уцямiць сiлу яго…”, вучыцца мове i дбаць… аб яе сiле i прыгажосцi”, “… каб са сцэны беларускага тэатра палiлася беларуская песня, каб ад яе павеяла на людзей араматным пахам беларускай народнай паэзii…”
У лютым 1914 года Максiм закончыў працу над драматызаванай аповесцю “Антон”, пазней падрыхтаваў зборнiк апавяданняў “Рунь”, якi быў надрукаваны Беларускiм выдавецкiм таварыствам у Вiльнi (друкарня пана Марцiна Кухты). Гэта была першая кнiга пiсьменнiка.
Улетку 1914 года Максiм павiнен быў iсцi на ваенную службу, бо адтэрмiнаваннi для каморнiкаў скасавалi. Каб скарацiць тэрмiн службы (3 гады) звычайным салдатам, ён падаў заяву аб залiчэннi вольнанаёмным. У Лепелi, дзе быў воiнскi начальнiк i дзе Максiм праходзiў медычны агляд, яго накiравалi ў артылерыйскую брыгаду ў Вiльню. Максiм заехаў ў Багацькаўку, а адтуль у канцы чэрвеня Iван павёз яго ў салдаты праз Горкi, узялi з сабой і Гаўрылу рыхтавацца да паступлення ў каморнiцка-агранамiчнае вучылiшча. Калi праводзілi, многiя плакалi.
Максiма ў лiпенi залiчылi “на службу на правах вольноопределяющегося 1-го разряда во 2-ую батарею 27-й артиллерийской бригады”.
Гаўрыла атрымаў «Свидетельство» аб тым, што «Окончилъ полный курсъ учения въ Радзельскомъ 2-хъ кл. зем. училище» – па ўсiх прадметах «успехи отличные (5) і толькі «в пънiи хорошiе (4)». 5 лiпеня ён акуратным почыркам склаў «прошенiе» «Его Высокородiю Господину Управляющему Горецкимъ Землемерно-аграномическимъ училищемъ» «крестьянина деревни Малой Богатьковки Шамовской волости, Мстиславского уезда, Могилевской губернии»: «Желая поступить в число учениковъ 1-го отделения приготовительного класса ввъеренного Вашему Высокородiю училища, честь имею покорнейше просить Васъ допустить меня къ экзаменамъ».
Але да экзаменаў заставалася зусiм мала часу. Зноў, як i ў выпадку з Максiмам, звярнулiся да рэпетытара Крэера, але той, убачыўшы малога ростам дрэнна апранутага вясковага хлопца i ўлiчыўшы кароткi тэрмiн падрыхтоўкi, адмовiўся, хаця яму i няёмка гэта было рабiць, бо вельмi паважаў Максiма. Гаўрылу было вельмi крыўдна, ледзь не заплакаў, але паставiў сабе мэту падрыхтавацца самому. Добра яшчэ, што i сябра Максiма Грынкевiч згадзiўся дапамагчы. Упарта кожны дзень па многа гадзiн сядзеў за кнiгамi – i так добра здаў экзамены, што са 140 чалавек па вынiках быў другiм. I стыпендыю далi. Крэер вельмi быў здзiўлены i шкадаваў, што тады адмовiў хлопцу.
–– ––
19 лiпеня пачалася Першая сусветная вайна i Максiм стаў «разведчыкам, групы 4, катэгорыi 7», а ў вераснi ў «Нашай нiве» пад рубрыкай «Нашы пiсьменнiкi i грамадскiя працаўнiкi на вайне» было змешчана яго фота з надпiсам «М.Гарэцкi, пiсьменнiк – мiстык, родам з Магiлёўшчыны, каморнiк (землямер)». У хуткiм часе забралi ў армiю i самага старэйшага з братоў, Iвана, як апалчэнца 1-га разраду.
Ужо ў вераснi пачалi прыходзiць лiсты, што забiлi некаторых хлопцаў з Багацькаўкi i суседнiх вёсак. Прыходзiлi акуратна лiсты ад Івана, а ад Максiма – нiчога. Пайшлi чуткi, што забiты. Усе родныя страшэнна хвалявалiся, асаблiва Гаўрыла. Нягледзячы на радасць ад паступлення ва ўчылiшча, ён жудасна цяжка перажываў i нават горка-горка плакаў па свайму любаму брату…
Максiм трапiў на фронт ужо 24 лiпеня i ўдзельнiчаў у жорсткiх баях. Асаблiва страшны бой быў 27 жнiўня пад Аленбургам (Прусiя). Як высветлiла дачка пiсьменнiка значна пазней (больш чым праз 80 гадоў), М. Гарэцкi за гэты бой быў узнагароджаны Георгiеўскiм крыжом 4-й ступенi[5]. Хоць i цяжка было, Максiм вёў кароткiя дзённiкавыя запiсы.
25 кастрычнiка пад Герытэнам Максiм быў паранены, ляжаў у шпiталi ў Вiльнi, дзе яго наведалі бацька i брат Iван. У «Нашай нiве» змясцiлi паведамленне: «Гарэцкi ранены. Наш вядомы пiсьменнiк М.Гарэцкi, якога фатаграфiя была надрукавана ў № 37 «Нашай нiвы», ранены ў нагу i цяпер лечыцца ў Вiльнi ў шпiталi».
Праляжаў Максiм у шпiталi больш двух месяцаў. Пачаў тут апрацоўваць свае ваенныя запiсы, як, магчыма, будучы твор «На iмперыялiстычнай вайне». Рана канчаткова не зажывала i таму далi яму адпачынак на паўгода для папраўкi здароўя. Адразу пасля новага года ён паехаў да бацькоў. Багацькаўцы з радасцю сустрэлi яго, сабралiся паглядзець, распытацца i паслухаць пра вайну, а гэта iм было так блiзка i балюча: ужо прыйшло некалькi пахавальных, ды i новых хлопцаў забiралi. Да таго ж ён быў першы, хто трапiў з вайны дамоў. Рад быў пабачыць родных i блiзкiх, але асаблiва сумаваў па Гурыку, з якiм сустрэўся не адразу па прыездзе, а толькi на масленку, калi той прыехаў з Горак. Нага зажывала кепска, гнаiлася, на перавязкi прыходзiлася ездзiць у Шамава, настрой быў паганы. Працавалася кепска i марудна – напiсаў толькi апавяданне «Чарнiчка». Прабыў у хаце месяц i паехаў у Мсцiслаўль, а адтуль у Маскву. Тут працаваў чарцёжнiкам, замучылi перавязкi, бо рана ўсё гнаiлася. Накiравалi ў шпiталь у Ляфортаве, а там трымалi як у турме. Праз некаторы час запiсалi на эвакуацыю ў другi горад, вывелi вялiкую партыю раненых i пад канвоем салдат са стрэльбамi, як арыштаваных, павялi на вакзал. Доказы Максiма, што ён знаходзiцца ў адпачынку не хацелi i слухаць. У адным людным месцы ўдалося ўцячы… Як раз у гэты час старэйшы брат Iван прывозiў з фронту палонных, знайшоў Максiма, якi засмуцiў яго тым, што быў такi нервовы, прыгнечаны i раздражнёны. Iван стараўся супакоiць брата, праводзiў яго на вакзал i пасадзiў у цягнiк на Смаленск. Адтуль падводай ён дабраўся да Мсцiслаўля, дзе быў воiнскi начальнiк, якi даў накiрунак у шпiталь Магiлёва.
Перад тым, як легчы ў шпiталь, Максім вырашыў пабыць трохі ў Багацькаўцы, дзе i пражыў з 3 красавiка па 20 траўня. Рана ўсё гнаiлася. Але ранена была не толькi нага, але i душа… Не ведаў, куды дзецца ад тых успамiнаў пра вайну, ад якiх не мог спакойна спаць, i снiлiся забiтыя i параненыя салдаты, з якiмi ён быў на фронце, успамiнаў тых бязвiнных ахвяр вайны, якiх прыслалi сюды па нейкай злой людской волi, дзiвiўся тым складаным псiхалагiчным момантам, у якiя трапляў чалавек у розных, часта неспадзяваных выпадках вайсковай службы i ў якiх сам нярэдка быў уражаны сваiмi учынкамi. Складанасцi i супярэчлiвасцi свету, жорсткасць i бязглуздзiца вайны, уплыў вайны на лёс простага чалавека, разбурэнне маралi чалавека вайной, паводзiны i адказнасць яго ў экстрэмальных ваенных умовах, увесь драматызм жыцця i смерцi ў гэты знiшчальны час поўнасцю займалі думкi Максiма. Ён адчуваў неабходнасць паказаць гэта ўсё ў новых творах, якiя павiнны мець яскравую антываенную скiраванасць. I ў цэнтры ўсiх яго разважанняў – лёс беларускiх вяскоўцаў, беларускага народа, будучыня якога павiнна быць светлай, вольнай i багатай.
Сiндром вайны так ахапiў яго, што ён не мог знайсцi сабе месца. Думкi, думкi… Яны бесперапынна круцiлiся i не давалi спакою нi ўдзень, нi ўначы. Нага ныла, а то i моцна балела. Трохі кульгаў. Лячылi нагу i хатнiмi сродкамi – канаплянай гарэлкай, але рана загойвалася марудна. Зноў ездзiў на падводзе на перавязку ў Шамава, а то i хадзіў. Прыйшоў час прызваць у армiю i Парфiра.
Але не пiсаць ён не мог, асаблiва пра вайну – закончыў апавяданнi «Лiтоўскi хутарок», «Дзёгаць».
А вясна была прыгожая, сэрца зрэдку ахоплiвала радасць – яно хацела жыць… Маладзiцы часта прыходзiлi варажыць, прасiлi напiсаць лiсты, некаторыя заляцалiся да сiмпатычнага хлопца. Адна з iх – Лёкса падабалася яму, але была замужам… Ды i ён тады быў такi сарамлiвы, нясмелы.
У другой палове траўня ён паехаў у Магiлёў. Зноў зашчамiла сэрца, што шмат людзей (у тым лiку i Парфiр) пайшлi на бойню. Тры месяцы Максiм праляжаў у шпiталi, дзе зрабiлi аперацыю – хiрург без наркозу шчыпцамi выцягнуў з раны асколак. Нудота ў шпiталi страшэнная, нават надумаў прасiцца на турэцкi фронт. Але прыйшоў загад эвакуiраваць усiх раненых у Маскву. Увесь час перапiсваўся з Гаўрылам i Ганнай. Злаваўся, калi Гаўрыла рабiў памылкi, папраўляў iх i адсылаў назад. Падабалiся паэтычныя лiсты Ганны.
З Масквы Максiма накiравалi ў Пскоў, дзе пражыў усяго тры тыднi. Начавалi ў фанерных футлярах ад аэрапланаў, дзе «мёрзлi як сабакi». Пiсаў запiскi з просьбаю адправiць у сваю часць. У канцы кастрычнiка пагналi праз Старую Русу, Гомель, Бабруйск, Асiповiчы да Урэчча, а адтуль пехатою ў Слуцк, далей па 20 кіламетраў у дзень, у сваю батарэю, куды дабраўся толькi 15 лiстапада. Быў на пазiцыi, а ў студзенi 1916 года паслалi ў Петраград у Паўлаўскае ваеннае вучылiшча, пасля заканчэння якога (пачатак чэрвеня), накiравалi ў Iркуцк. Па дарозе на некалькi дзён заехаў у Малую Багацькаўку, у Смаленск да Парфiра, якога тут рыхтавалi да адпраўкi на фронт у якасцi тэлефанiста.
Потым паслалi яго ў Гжацк. Заехаў у Смаленск, дзе ў шпiталi ляжаў ранены Iван, восем дзён пабыў у хаце. Дапамагаў па гаспадарцы, асаблiва прыемна было разам з бацькам i Iванам касiць гарох. Пабыў два днi ў Гаўрылы ў Горках, купiў стужачку ў касу для Ганулькi, якую увесь час успамiнаў, як яна плакала, праводзячы яго з дому. Яна так любiла сваiх братоў! Праз Смаленск, Вязьму дабраўся ён да Гжацку, дзе тры месяцы чакаў адпраўкi на пазiцыю. Восень стаяла студзёная, няўтульная – ішоў дождж са снегам. Заняткi вайсковыя – нудныя i пустыя. Чытаць не было чаго, пагаманiць няма з кiм. Было сумна, нават хацелася на фронт. А думкi адольвалi i раптам палiлiся на паперу, i ў творчым сэнсе атрымалася ў Максiма сапраўдная лiтаратурная «гжацкая восень». Ён напiсаў апавяданнi: «Мацi», «Хадзяка», «Генерал», «Амерыканец», «Прысяга», «Асiлак», «Две сястрычкi», урывак з рамана «Крыж» – «На гаi».
У канцы года раптам накіравалi Максiма на фронт, нават заехаць дахаты не змог. Трапiў у раён пiнскiх балот. Тут i лютаўскую рэвалюцыю 1917 года сустрэў. У войску адбывалiся змены: пачалося братанне, выбары ў салдацкiя саветы… Вясною Максiм захварэў вострым гастрытам, месяц быў у палявым шпiталi, потым эвакуiравалi ў Арол, а адтуль у Маскву, дзе праляжаў усё лета, а потым ужо ўвосень адправілі лячыцца ў Жалезнаводск. Так скончылася яго вайсковая служба, пра якую ён запiсаў «… Але чатыры гады жыцця прапала».
–– ––
Гаўрыла з вялiкiм стараннем пачаў вучыцца ў Каморнiцка-агранамiчнай школе ў Горках. Далi яму невялiкую стыпендыю, з якой трэба было заплацiць за вучобу i за кватэру, грошай заставалася зусiм мала, таму часта прыходзiлася неяк перабiвацца i без iх. Але тым не менш выпiсаў сабе часопiс «Жизнь для всех». Хадзiў глядзець як адпраўлялi ў армiю навабранцаў, шкадаваў iх i думаў, што многiя з iх, маладых i моцных, могуць загiнуць. I сэрца сцiскалася за братоў сваiх… Спачатку ў Горках усё здавалася нудным, было сумна… А тут яшчэ да таго памерлi два знаёмыя яго вучні ад прастуды. Бачыў гора бацькi, мацi, блiзкiх. Адчуў жах смерцi…
Але маладосць, прыгожыя краявiды Горак усялялi радасць жыцця. Гаўрыла паступова ўцягнуўся ў вучобу, многа чытаў Талстога, Дастаеўскага, Ганчарова, Гётэ. Як i Максiм, пачаў пiсаць кароткiя нататкi ў «Нашу нiву». У газеце «Горецкий вестник» надрукаваў артыкул, накiраваны супраць русiфiкатарскiх думак рэдактара газеты, лiдэра кадэтаў, выкладчыка вучылiшча С.Г. Цытовiча i падкрэслена падпiсаў яго «Сын мацi Беларусi». А пазней у газеце «Вольная Беларусь» выйшаў яго артыкул «Хто яны», у якiм высмейваў эсэраў за iх ацэнку беларускага пытання, блiзкую да яго разумення манархiстамi, папамi i пагромшчыкамi.
У Горках Гаўрыла арганiзаваў беларускi вучнёўскi гурток, якi затым атрымаў назву Беларуская секцыя вучняў Горацкiх сельскагаспадарчых школ, а з 1914 года – Беларуская секцыя студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага iнстытута, якая iснавала да 1924 года. Пры секцыi дзейнiчалi аддзелы: гiсторыка-эканамiчны, лiтаратурны, тэатральны, музычны, чыстага мастацтва. Гаўрыла асаблiва актыўна ўдзельнiчаў у працы тэатральнага аддзела, члены якога iнсцэнiравалi паэму «Тарас на Парнасе», ставiлi п’есы Ф. Аляхновiча, У. Галубка, В. Дунiна-Марцiнкевiча i iншых. На прадстаўленнях прысутнiчала больш 500 чалавек. У. Галубку спадабалася пастаноўка яго п’есы, i ён падараваў на памяць Гаўрыле свой фотаздымак з надпiсам: «Г. Гарэцкаму – У. Галубок».
У мясцовай газеце Гаўрыла друкаваў рэцэнзii, у прыватнасцi на спектакль «Манька» Ф. Аляхновiча, якi паставiў Горацкi студэнцкi гурток. У той час Гаўрылу настолькi захапiў тэатр, што ён пачаў нават схiляцца да таго, каб стаць акцёрам.
Як толькi выдавалася магчымасць, Гаўрыла наведваў сваю вёску. Звычайна найдаўжэй быў тут улетку, на канiкулах. Многа працаваў па гаспадарцы, як мог дапамагаў бацькам, на якiх лягла ўся цяжкая сялянская праца без забраных на вайну сыноў. Каб трохі зарабiць грошы, узяўся рыхтаваць да экзаменаў у школу пяцёра хлопчыкаў. На душы ў Гаўрылы было цяжка: хваляваўся за братоў, ад якiх лiсты прыходзiлi вельмi нерэгулярна, нудна рабiлася ад сварак i ў вёсцы, i ў хаце, дзе мужыкi многа п’юць i «рэжуцца ў карты», а бабы «дурэюць, пляткараць». Мучыўся сумненнямi, якi жыццёвы шлях выбраць. Максiм у лiстах раiў больш чытаць прыродазнаўчую, сельскагаспадарчую, геаграфiчную лiтаратуру, пiсаў, што ратунак нашага народа не столькi ў «паэтах i кнiжках, а ў плузе i фабрычнай машыне», а Гаўрылу больш цiкавiла мастацкая лiтаратура, з часопiсаў i газет хацелася ведаць, што дзеецца ў свеце. Адольвалi думы пра вайну, братоў, лёс беларускага народа. Быць каморнiкам усё жыццё здавалася нецiкавым. Максiм раiў вучыць замежныя мовы, каб увесь час быў заняты справай, тады чалавека не ахоплiвае сум (ён сам ведаў гэта па сабе). Толькi мiлая сястрычка Гануля радавала сваёй душэўнай чысцiнёй, ласкавымi адносiнамi, светлымi марамi свайго юнага сэрца.
Парады брата для Гаўрылы былi паратункам: вольнага часу для хваробы «нуда i сум» не было. Да мноства iншых спраў пачаў вывучаць эсперанта i нямецкую мову. Сябраваў з Андрэем Сухiм, якi раней скончыў вучылiшча i пакiнуў Гаўрыле «Нашу нiву», беларускiя кнiжкi.
Вясною, калi так прыгожа i радасна ажывае прырода, адчуў Гаўрыла хваляванне свайго сэрца, якое неспакойна стала стукаць пры з’яўленнi швагеркi Надзi, такой прывабнай, вясёлай, мiлай… Сумаваў, калi яе не бачыў, i рабiлася весялей, калi яна была… Нават напiсаў для сябе некалькi вершаў iнтымнага характару. «Снiўся Лаўрыку (Гаўрыле – Р.Г.) сон. Кажуць, што Надзя ў манашках. I ён пазнаў яе. Многа чорных манашак, i яна мiж iх. Твар малады, прыгожы, вочы галубыя, задумлiвыя, валасы русыя, узбiтыя, як i раней. Ува сне ў яго накруцiлiся слёзы, сцiснулася сэрца. I яна перажывае тое самае: ён гэта разумее – «Божа, што, калi гэта спраўдзiцца?»
Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года Гаўрыла сустрэў у Горках. Большасць студэнтаў ахапiла радасць, знiшчалi партрэты цара, генералаў. На вулiцы – манiфестацыя. Некалькi дзён стаяў на пасту мілiцыянерам. Заняткi адмянiлi. Пайшоў пешшу дамоў. На двары – усё, як заўсёды. Аж да кастрычнiка Гаўрыла быў адпушчаны, бо ў Горках панаваў тыфус. Выпiсаў «Курс стэнаграфii» па сiстэме Ф.К. Габельсбергера i авалодаў ім. У пачатку восенi ён паехаў у Мсцiслаў, каб дапамагчы ўсталявацца Ганульцы, якая паступiла тут у гiмназiю. Дарэчы, i Максiм прыслаў для сястры трохі грошай, якiя пайшлi на аплату кватэры. Ён заўсёды дапамагаў бацькам грашыма, хаця ў самога іх ледзь-ледзь хапала на жыццё. Пазней так заўсёды дапамагаў сваiм родным i Гаўрыла.
–– ––
Увосень 1917 года Максiм прыехаў у Смаленск, дзе камiсiя «вызначыла яго ў нестраявыя». Тут ён сустрэў i Кастрычнiцкую рэвалюцыю. Спачатку працаваў у канцылярыi склада на вакзале, потым перайшоў на пасаду прыёмшчыка ад склада, а пазней – каменданта жыллёвага аддзела.
У сувязi з рэвалюцыйнымi падзеямi вучылiшча ў Горках закрылi, вучняў адпусцiлi блiзу на ўсю зiму. Паўстала перад Гаўрылам пытанне: Што рабiць? Куды ехаць? – Канечне, да Максiма – i ўжо ў студзенi 1918 года ён прыехаў у Смаленск. Максiм быў рад пабыць разам з братам, хаця i шкадаваў, што вучоба яго абарвалася, дапамог яму ўладкавацца на працу ў эканамiчны аддзел Губвыканкама спачатку ў якасцi рэгiстратара, пазней – сакратара-стэнаграфiста. Праз колькi дзён па прыездзе Гаўрыла захварэў – аказаўся плямiсты тыфус. Заразны барак бальнiцы быў за горадам, але Максiм так хваляваўся за жыццё брата, што кожны дзень наведваў яго. Той адсылаў яму пiсулькi, але адзiн час яны былi мала зразумелыя, без сэнсу. Максiм адчуў, што яны напiсаны, вiдаць, у непрытомнасцi, i яго ахапiў яшчэ большы жах ад думкi, што брат можа памерцi. Але 20 лютага Гаўрылу ўсё ж выпiсалi з бальнiцы. Максiм пазней высвятлiў, што Гурык падхапiў хваробу, відаць, яшчэ ў Багацькаўцы, калi хадзiў наведаць хворую Надзю, якая ляжала бледная, амаль нерухомая, але такая прыгожая…
З газеты «Вольны Беларус» даведалiся, што бальшавiкi разагналi Беларускую раду. Праўдзiвую карцiну гэтай ганебнай падзеi Максiм пазней (1922 г.) апiсаў у апавяданнi «Усебеларускi з’езд 1917-га года».
Максiм па сумяшчальнiцтву пачаў працаваць у газеце «Известия Смоленского Совета депутатов», а потым перайшоў туды на сталую працу. Ён пiша фельетоны, артыкулы на розныя тэмы, робіць пераклады сваiх жа апавяданняў, галоўным чынам пад псеўданiмам Дед Кузьма, крыптанiмамi Д.К., Д. i iнш.[6] Сярод iх апавяданнi «Сука магната», «Монашенка», аповесць «За што?» i iнш. Пачаў ён пiльна працаваць над складаннем «Руска-беларускага слоўнiка». Гаўрыла як мог дапамагаў.
На Вялiкдзень прыехалi браты на некалькi дзён у Багацькаўку, была вялiкая радасць: уся сям’я сабралася ў двары – «першы раз пасля 1913 г.» У Смаленску Максiм цяжка захварэў на iспанку, думаў нават, што сухоты. Але ўсё абышлося. Лета i пачатак восенi Максiм прабыў у Багацькаўцы, дзе амаль увесь час сядзеў над слоўнiкам, уважлiва вывучаў слоўнiк Насовiча. У кастрычнiку ўжо сабраўся ехаць у Смаленск, як нечакана прыбегла з Мсцiслаўля Ганулька, куды завезлi яе на вучобу – вiдаць, вельмi ёй захацелася на развiтанне пабачыцца з любым братам. Яму шкада было яе, што так далёка бегла, што стамiлася, дык ён, вiдаць, не зусiм ветлiва, бо пакрыўджанай яна здавалася, спытаў: «I чаго ты прыйшла?» Каб ведаў Максiм, што бачыць сваю адзiную, такую родную i блiзкую сястрычку апошнi раз…
У Смаленску тады жыў Янка Купала, якi разам з Максiмам у кастрычнiку 1918 года запiсаўся слухачом факультэта па гiсторыi мастацтваў у Смаленскае аддзяленне Маскоўскага археалагiчнага iнстытута. Янка Купала часта запрашаў Максiма да сябе ў госцi, нярэдка да брата далучаўся i Гаўрыла. Уладзiслава Францаўна гасцiнна частавала братоў. Былi цiкавыя размовы пра беларускую лiтаратуру, гiсторыю Беларусi i яе гарадоў. Янка Купала тады захапляўся нумiзматыкай, i яны нярэдка разглядалi яго досыць вялiкую нумiзматычную калекцыю i адпаведныя кнiгi.
У Смаленск прыехаў Фабiян Шантыр, якi меў на мэце стварыць беларускую партыю левых эсэраў. Гаўрыла думаў, што гэта партыя будзе яму блiжэй за iншыя: яна прымае Кастрычнiцкую рэвалюцыю, адстойвае класавыя iнтарэсы сялян-сераднякоў i беднаты, кардынальна вырашае нацыянальнае пытанне. Быў склiканы першы ўсегарадскi ўстаноўчы сход новай партыi, на якi сабралася чалавек пад 100. Шантыр быў абраны старшынёю, Г. Гарэцкi – сакратаром сходу. I вось на запытанне Шантыра, на якой мове весцi сход, амаль аднагалосна было прынята: сход весцi на рускай мове, а па-беларуску не гаварыць. Шантыр дэманстратыўна пакiнуў сход, Гаўрыла – за iм. Сход не адбыўся, партыя арганiзавана не была.
З Петраграда ў Смаленск прыязджаў А. Чарвякоў, каб арганiзаваць беларускую секцыю РКП, спачатку з гэтага нiчога не выйшла. Пазней прыехалi Жылуновiч, Дыла i iнш. Усе гаварылi, што рыхтуецца абвяшчэнне Беларускай рэспублiкi. Браты Гарэцкiя таксама чакалi гэтага. Тым не менш у «Звяздзе» быў надрукаваны артыкул Кнорына, у якiм адзначалася, што нiякiх беларусаў у Заходняй Камуне няма, што iх выглядзелi ў мiкраскоп беларускiя нацыяналiсты i г.д. А. Чарвякоў, якi зваўся беларускiм камiсарам, усюды насiў з сабой «Этнаграфiчную карту Беларусi», складзеную Я. Карскiм i тэрмiнова выдрукаваную Белнацкомам. Ён раздаваў карту ўсiм знаёмым, у тым лiку падараваў i Гаўрыле з аўтографам: «Ад беларускага камiсара». Адбыўся Смаленскi краёвы з’езд Саветаў Заходняй Камуны, стэнаграфiстам на якiм працаваў Гаўрыла. Стэнаграфаваў ён i прамову старшынi Облiскомзапа Мяснiкова, якi быў супраць стварэння Беларускай рэспублiкi. Выступленне прадстаўнiка Беларускай секцыi РКП з Пецярбургу Лагуна сустрэлi вельмi холадна i нават варожа. Iшла жорсткая барацьба за ўтварэнне рэспублiкi. Гарэцкiм, як i многiм iншым, здавалася, што бальшавiкi шчыра адстойваюць нацыянальныя iнтарэсы раней прыгнечаных царызмам нацыянальнасцей, але многiя факты iх дзейнасцi пакідалi ўражанне, што вырашэнне нацыянальнага пытання носіць толькi дэкларацыйны характар.
У канцы 1918 года I краёвы з’езд РКП Заходняй Камуны ў Смаленску перайменаваў сябе ў I з’езд БКП i абвясцiў утварэнне БССР у этнаграфiчных межах. Браты Гарэцкiя былi ўсхваляваны i шчыра рады, верылi ў пабудову новай Беларусi, тым больш, што былi тады ў Смаленску знаёмы з адданымi справе беларушчыны першымi членамi беларускага ўрада: З. Жылуновiчам, А. Чарвяковым, Ф. Шантырам, Я. Дылам i iншымі. Максiм нават надрукаваў у газеце артыкул «Няхай жыве Камунiстычная Беларусь!» У той жа час браты былi сведкамi страшэнных пакут людзей, якiя прынеслі рэвалюцыя i бальшавiцкi рэжым: расстрэлы «представителей имущих классов» (iх спiсы друкавалiся ў смаленскiх газетах), бясчынства на сяле, хамства, здзекi, страх… Разабрацца ва ўсёй той блытанiне i катавасii многiм было цяжка, у многiх прадстаўнiкоў iнтэлiгенцыi «душа дваiлася»… Iменна тут, у Смаленску, Максiм задумаў, а можа, i пачаў пiсаць аповесць «Дзве душы»[7].
Выйшаў з друку «Руска-беларускi слоўнiк» М. i Г. Гарэцкiх, якi Гаўрыла ў канцы 1918 года вазiў у Менск, дзе здаў Алесю Гаруну – загадчыку кнiгарняй. У Менску ён тады пазнаёмiўся з Я. Лёсiкам, С. Ракам-Мiхайлоўскiм, З. Бядулем. Асаблiва моцнае ўражанне пакiнуў Гарун: былы палiткатаржанiн, рабочы-сталяр, нягледзячы на такую беднасць, з хворай мацi на руках, сам сухотнiк, а так апантаны беларускай нацыянальнай iдэяй!
Гаўрыла вярнуўся ў Горкi на вучобу, а Максiм па прапанове Кнорына ў пачатку 1919 года пераехаў у вызвалены ад нямецкiх акупантаў Менск на сталую працу ў «Звязду». Надзея пабудовы незалежнай БССР i нават эйфарыя, якая ахапiла многiх змагароў i прыхiльнiкаў беларушчыны, у хуткiм часе зноў пахiснулася: пасля Першага ўсебеларускага з’езда Саветаў урад З. Жылуновiча быў скiнуты i маскоўскiя бальшавiкi ўтварылi Лiтоўска-Беларускую Савецкую Рэспублiку са сталiцай у Вiльнi, куды i пераехала рэдакцыя «Звязды», а з ёй i Максiм.
–– ––
Першы Вiленскi нумар газеты «Звязда» выйшаў 1 красавiка 1919 года, а ўжо 21 красавiка горад раптоўна быў захоплены польскiмi войскамi. Максiм прачнуўся ад грукату гармат i кулямётаў. Ён прабраўся пад свiст куль у гатэль «Брыстоль», дзе жылi супрацоўнiкi «Звязды». Кнорына там ужо не было, а «…дапамог нам ратавацца, з немалою рызыкаю i небяспекаю для сябе самога, беларускi драматург i артыст Францiшак Аляхновiч. Ён прывёў нас да сябе на кватэру, i там на Маставой вулiцы, мы i прыпынiлiся, каб троху абдумацца, якiм спосабам выбрацца з Вiльнi […]. Але выбрацца нам тады не прыйшлося, мы мусiлi застацца ў Вiльнi…”[8]
Максiм пачаў выкладаць беларускую мову i лiтаратуру ў Першай Вiленскай беларускай гiмназii (адчынiлася 1 студзеня ў тым годзе), а таксама працаваць на беларускiх настаўнiцкiх i вышэйшых лiтоўскiх педагагiчных курсах. Ён даведаўся, што настаўнiца пачатковых класаў той жа гiмназii Леанiла Чарняўская рыхтуе для друку сваю першую чытанку “Родны край”. Пайшоў пазнаёмiцца i быў уражаны: вельмi прыгожая, зграбная, з вялiкiмi сiнiмi-сiнiмi вачыма, якiя свяцiлiся розумам i добразычлiвасцю, пышнай касой, такiмi плаўнымi рухамi, а калi загаварыла, дык ён пачуў надзiва чыстую напеўную мову, меладычны грудны голас… Адразу вырашыў: “Гэта яна, адзiная… Павiнна стаць маёй!” Аказалася, што Леанiла з Таргуноў Докшыцкага раёна Вiцебшчыны з сялянскай сям’i Усцiна i Амiлii Чарняўскiх, у якiх было аж шасцёра дзетак, закончыла Вышэйшае Марыiнскае вучылiшча ў Вiльнi, займалася рэпетытарствам, настаўнiчала ў сяле Залессе на Вiленшчыне, падрыхтавала зборнiк “Дзяцiнныя гульнi”, пiсала абразкi для дзетак. Максiм стаў частым госцем утульнай кватэры на Вострабрамскай вулiцы каля будынку Беларускай гiмназii, куды заўсёды прыходзiў з букетам руж, хаця i даставаць iх было небяспечна, бо на вулiцах iшла стралянiна. У хуткiм часе i зусiм перабраўся сюды – 16 лiпеня яны абвянчалiся ў Прачысценскiм саборы.
Шчасце ў шлюбе, цiкавая педагагiчная дзейнасць у гiмназii натхнялі Максiма на плённую творчую працу, ён адчуў вялiкi ўздым, прылiў сiл i працаздольнасцi… Больш чым у 10 нумарах “Беларускай думкi” (1919 г.) была надрукавана буйная аповесць “Дзве душы”[9] i ў тым жа годзе выйшла асобным выданнем. Твор адразу заўважылi i прыхiльна сустрэлi многiя сучаснiкi: станоўчыя крытычныя артыкулы напiсалi Зм.Бядуля, Антон Луцкевiч. Яе ўплыў на працэс беларускага адраджэння быў настолькi значны, што, напрыклад, I. Канчэўскi, аўтар брашуры “Адвечным шляхам: Дасьледзiны беларускага сьветапогляду” (1921), у якасцi свайго псеўданiму ўзяў iмя галоўнага героя аповесцi Iгната Абдзiраловiча. Адно за адным выходзяць апавяданнi: “Iдуць усе – iду я”, “Кросны”, “Панская сучка”, “Тамашы”, “Бiрка”, “Злосць”, “Грэшная чарнушка”, “Паншчына”, “Дурны вучыцель”, “Еду дамоў”, “Страшная музыкава песня”, “Скарб”, “Сасна”, “Апостал”, “Прафэсар” i iнш.
Адначасова Максім перарабляў i дапаўняў смаленскi слоўнiк братоў М. i Г. Гарэцкiх, якi пад назваю «Маскоўска-беларускi слоўнiк» выйшаў у Вiльнi ў 1920 годзе, а перад гэтым падрыхтаваў «Невялiчкi беларуска-маскоўскi слоўнiчак», якi меў тры выданнi. Пiльна працаваў Максім над кнiгай «Гiсторыя беларускае лiтаратуры», якая выйшла ўжо ў 1920 г., а на наступны год – другое папраўленае выданне. Апрача таго, убачыў свет на польскай мове «Krótki zarys historіi literatury białoruskiej». На кнiгу адразу адгукнуўся ў «Нашай нiве» А. Навiна: «Мы горача вiтаем працу М. Гарэцкага. Яна бясспорна мае вагу не толькi як учэбнiк, але i як адзiн з фактараў усведамлення «маладых» беларусаў, каторыя так мала ведаюць аб сваiм народзе, аб яго гiсторыi i лiтаратуры. Яна пакажа i нашым суседзям, якiя культурныя скарбы меў i мае беларускi народ».
У розных газетах Максiм надрукаваў крытычныя артыкулы пра Вінцэнта Дунiна-Марцiнкевiча, Уладзiслава Галубка i рэцэнзiю на яго п’есу «Апошняе спатканне», артыкулы пра Лявона Гмырака, Паўлюка Багрыма, Янку Купалу i iншых, шэраг публiцыстычных артыкулаў (звычайна пад псеўданiмамi Дед Кузьма, А. Мсцiслаўскi): «Свабода слова», «Да амерыканскiх беларусаў», «Любiце польскi народ», «400-лецце друку ў Вiльнi», «Беларускiя дзеячы з польскаю душою» i iншыя. У кнiзе «Памяцi Iвана Луцкевiча» (Вiльня, 1920) змешчаны ўспамiны М. Гарэцкага.
Леанiла Чарняўская працавала над чытанкай «Родны край», якая неаднаразова перавыдавалася. Яна падбiрала найбольш выдатныя творы з сусветнай лiтаратуры, сама перакладала іх на беларускую мову. Максiм дапамагаў. Жонка змясцiла ў кнiжцы асобныя апавяданнi М. Гарэцкага i ўрыўкi з iх, а таксама зусiм новыя, такiя як «Бiтва на Уле», «Уцёкi Сярэбранага» i iнш. Вось як успамiнае пра гэтую кнiжку, па якой ён таксама вучыўся, Янка Брыль: «Родны край», трэцяя i чацвёртая пасля лемантара кнiжка для чытання. Танная, шэра-шурпатая папера, няхiтрыя графiчныя малюнкi, усе тэксты ў густую падборку, – нiбы вельмi вялiкая сям’я сабралася ў беднай цеснаце мужыцкай хаты. Аднак, якая яна дружная, разумная сям’я – з якой любасцю да справы, з якiм грунтоўным веданнем яе складзена гэтая кнiжка!.. Тургенеў – «Гора» («Щи»), Чэхаў – «Iванька», Гаршын «Жаба – падарожнiца» i «На полi бойкi» (урывак з апавядання «Чатыры днi»)…Ажэшка – «Рэха», Тэтмаер – «Успамiны», Канапнiцкая – «Як кароль у паход выходзiў…», Да рускiх i палякаў – сусветна любiмы датчанiн Андэрсан – «Каралеўская вопратка», «Апошняя лекцыя» француза Дадэ, «Дарагiя грошы» – украiнскае, «Горкi смех» – яўрэйскае… Туды, у гэтую цудоўную сям’ю, натуральна i раўнапраўна ўвайшло i наша роднае – Багушэвiч, Купала, Багдановiч, Колас, Бядуля, Цётка… Гэта адтуль заселi ў памяцi майго сэрца «Воўк i авечка», «Песнi вайны», «Слуцкiя ткаллi», «Лiпы старыя», «Малiтва малога Габрусiка», «Мiхаська»…
Гэта адтуль пачаўся i мой Гарэцкi, мая любоў да яго…»[10]
Каб мець сваю беларускую газету ў Сярэдняй Лiтве i дапамагчы «чытаючым кiрылаўскiмi лiтарамi беларусам» М.Гарэцкi як рэдактар-выдавец пачаў з 24 снежня 1920 года друкаваць штодзённую грамадска-палiтычную i лiтаратурную газету «Наша думка», у якой асноўная ўвага аддавалася палiтычнаму i эканамiчнаму становiшчу Заходняй Беларусi, змаганню за беларускую культуру i асвету. Выйшла толькi 27 нумароў, бо ужо 8 лiпеня 1921 года газета была забаронена польскiмi ўладамi. Але ўжо 14 верасня М. Гарэцкаму ўдалося пачаць выдаваць на беларускай мове газету таго ж накірунку «Беларускiя ведамасцi». Выйшла 19 нумароў – 15 студзеня 1922 года газета была закрыта. З лiтаратурных i гiстарычных матэрыялаў, апублiкаваных у газеце, былi выдадзены «Беларускi дэкламатар» i 3 зборнiкi «Беларускiя ведамасцi». У газетах друкавалi артыкулы многiя вядомыя беларускiя дзеячы культуры, навукi, адукацыi. Шмат матэрыялаў змясцiў i сам Максiм.
З вялiкiм стараннем i любоў’ю Максiм вёў заняткi ў Беларускай гiмназii, поспехi вучняў якой прыносiлi задавальненне i надзею на будучае пакаленне свядомых беларусаў. Асаблiвую ўвагу звярнуў на вучанiцу сёмага класа Наталлю Арсенневу, якая нядаўна прыехала з Яраслаўля: яна слухала свайго настаўнiка так ўважлiва, баялася прапусцiць хоць адно яго слова, старалася вучыць усе яго заданнi, глядзела на яго як зачараваная ўлюбленымi вачыма… Пазней успамiнала знакамiтая паэтка: «Маiм духоўным настаўнiкам стаўся блiзу з першых дзён навукi ў гiмназii настаўнiк беларускае мовы i лiтаратуры, аўтар «Рунi» й «Патаемнага» Максiм Гарэцкi. Памятую, калi я пабачыла яго ўпершыню на лекцыi ў нашай 7-ай класе, мяне самперш уразiлi ягоныя вочы – вялiкiя, цёмныя, гарачыя, быццам два чорныя знiчы (я гэтак i падумала тады – «знiчы») на худаватым, аскэтычным, крыху татарскага складу твары. Iншых вачэй, падумала я, аўтар «Патаёмнага» мець i не мог… Зразумела я тады й тое, што я мушу цяпер як найхутчэй дасканала апанаваць беларускую мову й заўсёды, заўсёды, найлепей за ўсiх у класе, ведаць задаваныя нам Гарэцкiм лекцыi з беларускае лiтаратуры […] У восьмы клас я перайшла з добрымi ацэнкамi й з беларускае мовы й з лiтаратуры.
[…] Аднак заняткi ў Беларускай гiмназii, якую я ўжо моцна паспела палюбiць, пачалiся ў сваiм часе й я ўзноўкi сустрэлася з сябрамi i настаўнiкамi, мiж iмi з Максiмам Гарэцкiм. На вялiкi мой жаль, ён не быў ужо выкладчыкам лiтаратуры ў нашым класе. Ды сувязь мая з iм дзеля гэтага не парвалася, а яшчэ памацнела”.
Юная гiмназiстка асмелiлася i паказала настаўнiку два сваiх вершы: “Восень” i “Светлы дзень дагарае над сумнай зямлёю”. У той жа дзень у гiмназii праводзiўся лiтаратурны вечар. “Гэтага памятнага для мяне вечара першым выйшаў на сцэну Гарэцкi. Памаўчаўшы, ён абвясцiў прысутных, што мае для iх добрую навiну. “У нас з’явiлася новая Буйлянка, – сказаў ён, – новая паэтка, якая ўжо сёння цi не перавышае Канстанцыю Буйлу сваiм талентам. Вось паслухайце”… I Гарэцкi пачаў чытаць… дадзеныя яму наранiцы мае вершы.
[…] М. Гарэцкi быў вельмi суровым, маламоўным настаўнiкам i крытыкам. Ён блiзу нiколi не правiў слабейшых месцаў маiх вершаў, бо здаралiся ж i такiя, а проста аддаваў iх мне, зацемiўшы: “Гэтак па-беларуску не гаворыцца”, або “Гэтае месца раю перапрацаваць” цi што iншае. Неўзабаве я навучылася разумець яго не толькi з паўслова, але гледзячы адно на ягоныя шырокiя, цёмныя бровы, якiя то насуплiвалiся, то ўзнiмалiся ўгару, залежна ад уражання. Рух гэтых броваў, нячастая ўсмешка на вузкiх вуснах, – былi тым стымулам, што вёў мяне наперад, прымушаў упарта працаваць над сабою, над моваю…
[…] Але гэткi ўжо быў Гарэцкi ў дачыненнi й да iншых i да сябе – суровы, справядлiвы й вельмi паважаны”[11].
Першы друкаваны верш Наталлi Арсенневай “Восень” з’явiўся ў газеце “Наша думка” 8 верасня 1921 года, дзе яго змясцiў М. Гарэцкi. Троху пазней той жа верш, а перад гэтым “Плач старога лясуна”, ён надрукаваў у газеце “Беларускiя ведамасцi”, а затым яшчэ некалькi вершаў у “Зборнiку Беларускiх ведамасцей”. У лiсце да Я. Карскага Максiм паведамiў: “Маем толькi адну прыемнасць, тую, што на странiцах газет, якiя тут выходзiлi, азначылася новая, пэўная i спадзейная талань маладой паэтэсы Наталлi Арсенневой…”[12]
У гэты час адбылася асаблiвая сямейная радасць Леанiлы i Максiма Гарэцкiх – 13 сакавiка 1921 года нарадзiлася дачка Галiна.
–– ––
Пасля вяртання са Смаленску ў Горкi Гаўрыла адначасова з вучобай працаваў сакратаром-стэнаграфiстам павятовага выканкама i яго прэзiдыума. На ўсе павятовыя з’езды Саветаў яго абiралi прадстаўнiком ад Саюза вучняў Горацкага сельскагаспадарчага вучылiшча i прывiтанне з’езду ён прынцыпова рабiў толькi па-беларуску. Працягваў займацца ў беларускiм драматычным гуртку, надрукаваў некалькi артыкулаў па пытаннях нацыянальнай палiтыкi ў мясцовай газеце “Луч Интернационала”.
20 верасня 1919 года Гаўрыла атрымаў дыплом аб заканчэннi вучылiшча i быў накiраваны ў якасцi каморнiка-агранома i iнструктара-рэвiзора па землеўпарадкаванню Уфiмскага губземаддзела (г. Уфа). Так добра i актыўна працаваў, што на наступны год яго абралi членам Прэзiдыума Дзяржаўнага лугавога фонду Уфiмскай губернi. Як карэспандэнт газеты “Известия Уфимского губернского революционного комитета”, ён часта змяшчаў у ёй артыкулы аб саўгасах, паляпшэннi сялянскай гаспадаркi, зямельнай палiтыцы Саветаў i нават аб драме “Углекопы” у гарнiзонным тэатры. Ведаючы эсперанта, дапамагаў гурткам па яго вывучэннi. Прага да ведаў была такая нястрымная, што паступiў у Уфiмскi iнстытут народнай адукацыi, у якiм праслухаў другi курс прыродазнаўчага аддзялення. Лiчыў, што павiнен стаць гарманiчна развiтым чалавекам i таму запiсаўся ў школу мастацкай гiмнастыкi, але туды без тапачак не прымалi, а купiць iх не было за што…
Вельмi хацелася вучыцца далей i як толькi стала магчымым, паехаў у Маскву, каб паступiць у Пятроўскую (пазней – Цiмiразеўскую) сельскагаспадарчую акадэмiю (ПСГА). У лiпенi 1920 г. паступiў iнструктарам у распараджэнне Цэнтральнага аддзела землеупарадкавання Наркамзема i ў хуткiм часе быў залiчаны без экзаменаў на эканамiчны факультэт Пятроўскай акадэмii.
Гаўрыла здолеў улетку наведаць Багацькаўку. Iван пабудаваў новую хату i пераехаў туды сваёй сям’ёю, Парфiр служыў у армii, Ганулька вучылася. Сялянская праца i жыццё былi як i раней, толькi яшчэ трохі горшыя з прычыны вайны i рэвалюцыi. Гурык, што паспеў, памог па гаспадарцы бацькам, якiя зараз жылi адны. З вялiкiм жалем убачыў, што цудоўны лес Багацькаўшчыны значна пасеклi, вялiкае балота Мох яшчэ больш зарасло лазою i дробным балотным лесам, лес Жаб’е зусiм выгарэў… Надзя “пакiнула сваю нясмеласць i сарамлiвасць i да ночы жартавала са Сцяпанам. Узiмку мелася быць iхнае вяселле. Мадонны ў яе поглядзе i феi-русалкi ў яе поступе Лаўрык (Гурык – Р.Г.) ужо не бачыў…”.
Да пачатку вучобы заставалася яшчэ трохі часу, i Гаўрыла вырашыў скарыстаць такую магчымасць, каб з’ездзiць у Вiльню да брата Максiма, па якiм вельмi засумаваў. Раз залiчылi ўжо студэнтам, дык i адпрошвацца ў начальнiка Цэнтразема не стаў, але меў камандзіроўку ад Наркомасветы РСФСР. Набраў кнiжак на беларускай мове, у тым лiку i камунiстычнай лiтаратуры. Пакуль ехаў, войскі Чырвонай армii пакiнулi Вiльню i давялося з цяжкасцю прабiрацца праз лiтоўскi кардон. Сустрэча з братам была вельмi радасная: вялi доўгiя размовы, усюды хадзiлi, Максiм паказаў горад, Беларускую гiмназiю. Гурыку вельмi спадабалася братавая – i ён, i яна адразу адчулi роднасць, блiзкасць. Пазнаёмiўся Гаўрыла з А. Луцкевiчам, С. Некрашэвiчам, Я. Станкевiчам, з мiнiстрам па беларускiх справах пры ўрадзе Лiтвы Сямашка. Са Станкевiчам многа разоў спрачалiся пра шляхi беларускага адраджэння. Гаўрыла даказваў яму, што без эканамiчнага адраджэння вельмi цяжка дабiцца сталага нацыянальнага, што нацыянальная i палiтычная незалежнасць абавязкова патрабуе i эканамiчнай самастойнасцi, што ўсе гэтыя элементы ўзаемазвязаны, таму неабходна iнтэгральнае адраджэнне. У асобе Сямашкі Г. Гарэцкi пабачыў першага гандляра-спекулянта на беларускай справе i зразумеў, колькi небяспекi могуць яны прынесцi сапраўднаму нацыянальнаму адраджэнню. 7 дзён праляцелi непрыкметна. Максiм праводзiў брата, якi набраў беларускай лiтаратуры, надрукаванай у Вiльнi, i пад выглядам настаўнiка зноў перайшоў лiтоўскi вайсковы кардон праз Ашмяны да станцыі Солы. Браты развiталiся каля трох крыжоў з белага мармуру. Гаўрыла залез на адзiн з iх i па-беларуску i на эсперанта напiсаў: “Пралетарыi ўсiх краiн, яднайцеся! Няхай жыве Савецкая Беларусь!”
Па звароце ў Маскву Г. Гарэцкi за самавольную адлучку з Цэнтразема быў пасаджаны ў турму, дзе прасядзеў 4 днi. Не ведаў тады Гаўрыла, што гэта яго пачатковае такое выпрабаванне i нават не лічыў яго “першым арыштам”, бо не мог i падумаць, што наперадзе яго чакаюць значна больш жудасныя яшчэ аж чатыры…
У Маскве адчуваўся яшчэ большы рэвалюцыйны ўздым, якi Гаўрыла ўспрыняў усёй сваёй дзейснай натурай: адразу ўступiў у Асацыяцыю рэвалюцыйнага студэнцтва – Асрэўстуд, тады яшчэ зусiм нешматлiкую, усяго 100-120 чалавек. Хутка стаў членам прэзiдыума Асрэўстуда, загадчыкам культурна-асветнiцкага аддзела, старшынёй мiжгуртковага бюро i рэдактарам першай насценнай газеты Пятроўскай акадэмii “Информатор”.
Але ўвесь час думалася Гаўрыле пра Беларусь, якая ў вынiку шматвяковага заняпаду стала адным з самых мала вывучаных, бедных i закiнутых краёў царскай Расii. Пабудова сацыялiстычнай краiны бачылася адзiнай магчымасцю сапраўднага адраджэння. Чытаў ён Маркса, Ленiна – i ўсё здавалася лагiчным i правiльным. Многiя сумленныя грамадзяне, асаблiва iнтэлiгенцыя, у тым лiку i Гаўрыла Гарэцкi, як i яго брат Максiм, iмкнулiся ўключыцца ў пабудову новага жыцця. Але стан Беларусi ў той час таксама быў вельмi цяжкi, складаны i нейкi дваісты: з аднаго боку – нацыянальнае i культурнае адраджэнне, з другога – палiтычнае раз’яднанне на кавалкi. Заходняя мяжа Савецкай Беларусi праходзiла зусiм блiзка ад Менску. Замест адзiнай этнаграфiчнай Беларусi засталася невялiчкая ССРБ у складзе адной Меншчыны, бо, як быццам па пастановах губернскiх з’ездаў Саветаў, адлучылiся Смаленшчына, затым Магiлёўшчына i Вiцебшчына. Дык што ж гэта за нацыянальная палiтыка бальшавiкоў?
Але ўсё ж Беларусь павiнна быць сацыялiстычнай краiнай, а для гэтага ёй патрэбна свая iнтэлiгенцыя. Таму па iнiцыятыве Гаўрылы Гарэцкага была створана Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя студэнтаў ПСГА, задачы якой вызначылi так: вывучэнне народна-гаспадарчага, грамадска-палiтычнага, культурна-нацыянальнага i прыродна-гiстарычнага бакоў жыцця Беларусi; выяўленне шляхоў i магчымасцей культурна-эканамiчнага адраджэння Беларусi; прапаганда iдэй адраджэння; барацьба з шавiнiстычнымi i вузка-нацыянальнымi плынямi беларускага адраджэнскага руху; правядзенне мерапрыемстваў, накiраваных на культурна-эканамiчнае адраджэнне Беларусi; аб’яднанне i падрыхтоўка культурных працаўнiкоў для дзейнасцi ў навуковым, гаспадарча-тэхнiчным, культурна-асветнiцкім i iншых напрамках; шырокая культурна-асветнiцкая праца; арганiзацыя навуковых даследаванняў, экспедыцый i iншых мерапрыемстваў на тэрыторыi Беларусi i г.д. Старшынёю Асацыяцыi выбралi Гаўрылу Гарэцкага.
Праца Асацыяцыi пайшла вельмi актыўна. Збiралiся не менш, чым 1 раз на тыдзень – чыталi кнiгi, рабiлi даклады, рэфераты, арганiзавалi бiблiятэку, добры хор, якi карыстаўся вялiкiм поспехам. Загадчыцай бiблiятэкi i ўдзельнiцай хору была Ларыса Парфяновiч – будучая жонка Гаўрылы Гарэцкага.
Асаблiва запомнiлася маёўка пад Лiхаборамi, якую студэнты правялi 25 мая 1921 года – у дзень смерцi Максiма Багдановiча. З армii прыехаў Уладзiмiр Дубоўка, з Беларускага прадстаўнiцтва прыйшлi яго кiраўнiк Мароз, супрацоўнiкi Парэчын, Станкевiч i iншыя. Гаўрыла зрабiў даклад, шмат дэкламаваў вершаў на памяць, у тым лiку верш Янкi Купалы “Снi, таварыш, аб камуне”. Многа было выступленняў. Потым аб гэтай сустрэчы былi надрукаваны нататкi Гарэцкага i Мароза ў газеце “Савецкая Беларусь”.
Пятроўская акадэмiя ў той час была адной з самых лепшых навучальных сельскагаспадарчых устаноў. Лекцыi чыталi выдатнейшыя прафесары – гонар сусветнай навукi: А.В. Чаянаў, М.Д. Кандрацьеў, А.Г. Даярэнка, А.А. Рыбнiкаў, А.Ф. Фартунатаў i iншыя. З iх iмёнамi, у прыватнасцi, звязана стварэнне арганiзацыйна-вытворчай школы, якая вельмi многа зрабiла для прагрэсу сусветнай аграрнай навукi. Г. Гарэцкi быў адным з лепшых вучняў гэтых эканамiстаў-аграрнiкаў.
Асацыяцыя арганiзоўвала i агульнатэарэтычныя даклады. Прынамсi, вельмi цiкавыя даклады зрабiлi прафесары А.В. Чаянаў (“Праблемы краю”, прычым матэрыял даў на прыкладзе Беларусi), А.Ф. Фартунатаў (“З сельскагаспадарчай рэчаiснасцi Беларусi”), Н.М. Кулашы (“Прырода Беларусi”), В.В. Вiнер (“Прынцыпы раянавання”) i г.д.
У Беларусi Асацыяцыi надавалi вялiкае значэнне, бачылi ў ёй крынiцу будучых агранамiчных кадраў для рэспублiкi. Заўсёды, калi ў Маскву прыязджаў А. Чарвякоў, Гаўрыла ехаў у Беларускае прадстаўнiцтва i сустракаўся з iм. Чарвякоў – вельмi сцiплы i даступны чалавек – расказваў пра гаспадарчае i культурнае будаўнiцтва на Беларусi i падрабязна распытваў пра студэнцкае жыццё, пра працу Асацыяцыi. Размова iшла толькi на беларускай мове. Ды i супрацоўнiк беларускага НКУС Багуцькi, якi звычайна суправаджаў Чарвякова, таксама размаўляў па-беларуску.
Многiя з сяброў Асацыяцыi ў далейшым сталi вядомымi беларускiмi вучонымi i дзеячамi сельскай гаспадаркi: Павел Рагавы, Сяргей Ждановiч, Мiкiта Лайкоў, Пётра Хоцкi, Iван Ухiн, Пётра Санько i iншыя.
14 лiстапада 1921 года прайшоў урачысты сход Беларускай культурна-навуковай асацыяцыi студэнтаў, прысвечаны першаму году яе працы. Гадавы сход адбыўся ў галоўным будынку Пятроўкi. Прыехаў А. Чарвякоў, усё Беларускае прадстаўнiцтва на чале з М. Марозам, прадстаўнiк Наркамасветы Беларусi М. Лойка i iншыя. На ўсiх сход зрабiў вялiкае ўражанне, бо сабралася поўная зала, хор спяваў цудоўныя песнi, было ўсё дужа ўрачыста i натхнёна. Выступiўшы з уступным словам, старшыня праўлення Асацыяцыi Г. Гарэцкi адзначыў: “… мы пачалi работу па адраджэнню краю, “пакiнутага Богам i людзьмi!” Нас аб’яднала адзiнае мацнейшае жаданне, адзiны творчы парыў – iмкненне да Рэнесансу Беларусi”. З вялiкай увагай заслухалi цiкавую прамову А. Чарвякова, якi абмаляваў сучасную працу на Беларусi. Затым Г. Гарэцкi зрабiў даклад “Вывучэнне Беларусi, як фактар яе адраджэння”. М. Лайкоў гаварыў аб мэтах i задачах Асацыяцыi, I. Грабоўскi – аб гiсторыi стварэння i мiнулай дзейнасцi. Сход закончыўся спяваннем беларускай марсельезы “Ад веку мы спалi”. Пазней была выдадзена кнiжка аб гэтым сходзе.
Беларускi студэнцкi рух пашыраўся. Пад уплывам Асацыяцыi, якая ўжо аб’ядноўвала больш за 200 студэнтаў, узнiклi блiзкiя арганiзацыi ў Межавым iнстытуце, Свярдлоўскiм унiверсiтэце, у Горнай акадэмii, у Ваеннай акадэмii, на медыцынскiм факультэце, на Галiцынскiх сельскагаспадарчых курсах i iнш. Была праведзена першая канферэнцыя студэнтаў-беларусаў у Маскве. Быў створаны беларускi студэнцкi клуб, кааператыўнае выдавецкае таварыства “Маладая Беларусь”. Апошняе выдала навукова-лiтаратурны зборнiк, якi пачынаўся артыкулам Г. Гарэцкага “На новы шлях”. Ён пiсаў: “Беларускi народ гэтак зачакаўся паляпшэння свайго эканамiчнага дабрабыту, што ён гарою пойдзе за iдэямi правадыроў iнтэгральнага ренэсансу беларускага, падмуркам якога можа з’яўляцца найпервей адраджэнне эканамiчнае. У адраджонай эканамiчнай Беларусi закрасуюць мастацтва, навука, закрасуець беларуская мова. […] Дзеля стварэння эканамiчнага фундаменту Беларусi патрэбна свая родная, тэхнiчная i ўсякая iншая iнтэлiгенцыя. Стварыць гэтую новую iнтэлiгенцыю i ёсць заданьне маладых беларусаў. Грамадзянскае, культурнае, эканамiчнае, дзяржаўнае будаўнiцтва паўстае перад беларусамi, як вольным народам. Часовыя палiтычныя завiрухi шыбка мiнуцца. Разарванае цела Беларусi зрасьцецца, ажывiцца i трэба цяпер ужо дбаць аб усебаковай культуры гэтага цела. Мова займае пачэснае, падабаючае ей месца. А папярэднiмi задачамi стануць стварэньне новае гаспадаркi, як падмуроўка культурнага рэнэсансу”. У зборнiку прынялi ўдзел Цiшка Гартны, Уд. Дубоўка, М. Чарот, Я. Журба, З. Бядуля i iншыя.
У газеце “Савецкая Беларусь” Г. Гарэцкi друкуе шэраг артыкулаў, у тым лiку “Усебеларускi студэнцкi зьезд”, “Расейскiя камунiсты аб беларусах”, “Што нам павiнен даць Беларусi Тэатр”, “Дзе быць Беларускай Сел.-Гасп.Акадэмii”, “З Масквы ў Беларускi Ерузалем” i г.д. У першым артыкуле ён заклiкае правесцi з’езд усiх беларускiх студэнцкiх арганiзацый, каб выпрацаваць новую iдэалогiю беларускай iнтэлiгенцыi, каб абмеркаваць “усе пытаннi Беларускага iнтэгральнага Рэнэсансу”.
–– ––
У ноч з 19 на 20 студзеня 1922 года прыблiзна а трэцяй гадзiне ў кватэры Максiма Гарэцкага пачуўся стук. Увалiлiся цэлым натоўпам палiцыянты i некалькi ў цывiльным, пачалi вобыск: перавярнулi, перакапалi ложкi, выстуквалi сцены, перагледзелi фатаграфii ў альбоме, перабралi кнiгi, газеты, асаблiва доўга капалiся ў лiстах i рукапiсах… Нiчога нелегальнага не знайшлi, але тым не менш склалi пратакол, што знойдзены “пазiтыўны матэрыял”. Максiм ў дрывянiчку хаваў падпольную лiтаратуру, грошы, распiскi i шыфры камунiста Русецкага. Добра, што туды не наведалiся… Пакiнуўшы Максiма ў хаце пад наглядам палiцыянта, пайшлi рабiць “рэвiзiю” ў Беларускую гiмназiю, дзе прабылi амаль да паўдня. Заняткi былi сарваны, дзеткi крычалi i “не хацелi аддаваць палiцыянтам свайго настаўнiка”.
Пасадзiлi Максіма ў адзiночку вiленскай турмы Лукiшкi. “На чорнай дошцы ўнiзе не напiсалi прозвiшча, а паставiлi тры крыжыкi: дужа страшны злачынец!” Два тыднi ён сядзеў без допыту. Пасля размовы следчы прад’явiў абвiнавачванне “у прыналежнасцi да партыi камунiстаў, у арганiзацыi тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаваннi i вуснай агiтацыi, у атрымлiваннi грошай ад камунiстаў”. Польскiм карным кодэксам за ўсё гэта прадугледжваўся смяротны прысуд цi катарга.
У ноч з 4 на 5 лютага Максiма разбудзiлi, пад канвоем (палiцыянт i старшы палiцэйскi) адвялi на паўгадзiны дамоў, каб развiтаўся i ўзяў цёплую вопратку. Лёля, якая была на пятым месяцы цяжарнасцi, вельмi напалохалася, але трымалася як магла спакойна, каб хоць неяк падбадзёрыць Максiма, але сама страшэнна баялася, што яго могуць павесцi на расстрэл. У турме сабралi групу лiтоўцаў i беларусаў з 33 чалавек, пасадзiлi ў два вагоны i павезлi да нейтральнай зоны памiж польскай i лiтоўскай межамi i высадзiлi прама ў глыбокi снег. Праз некаторы час спачатку на санях, а потым на цягнiку iх павезлi ў Коўна.
У газетах многа пiсалi пра арышт лiтоўска-беларускiх дзеячаў, быў надрукаваны i пратэст жонак высланых, якi падпiсала i Леанiла Чарняўская, а “полькi-патрыёткi” выступiлi з супрацьлеглым пратэстам, што дарма “злачынцаў выпусцiлi без суда”, актыўна заступiўся за арыштаваных i французскi пасол у Варшаве.
У Коўна М. Гарэцкi спрабаваў трапiць у савецкае консульства, але гэта яму не ўдалося i ён у хуткiм часе пераехаў у Дзвiнск, дзе жыў 4 месяцы. Тут ён чытаў лекцыi на Беларускiх настаўнiцкiх курсах, напiсаў некалькi драматычных абразкоў: “Салдат i яго жонка”, “Свецкi чалавек”, “Не адной веры”, у газеце “Беларускi звон” надрукаваў апавяданнi “Незадача” (“Быль”), “У панскай кухнi (Успамiны)”.
У Дзвiнску Максiма паўторна арыштавалi, даставiлi ў Вiльню, дзе пад вартаю трымалi каля трох тыдняў, пасля чаго выпусцiлi пад залог у 10 тыс. польскiх марак. У “Беларускiм звоне” ад 21 лiпеня было надрукавана паведамленне: “Рэдактар газеты “Беларускiя ведамасцi”, пiсьменнiк Максiм Гарэцкi, вывезены польскай уладай у Лiтву, вярнуўся гэтымi днямi ў Вiльню”. А перад тым радасная вестка: 15 лiпеня ў сям’i Гарэцкiх нарадзiўся сын Леанiд.
–– ––
[працяг]
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня
"Белавежа"
|