Радзiм Гарэцкi
Амаль у той жа час, 31 жнiўня 1922 года ў Маскве арыштавалi i Гаўрылу Гарэцкага. Перад гэтым улетку, як i ў мiнулым годзе, студэнты Беларускай асацыяцыi ПСГА паехалi на працу ў Беларусь. Па дарозе назад у Маскву заехаў Гаўрыла ў Малую Багацькаўку i забраў з сабою малодшую сястру Ганну, якая хацела паступiць вучыцца ў Пятроўскую акадэмiю. Планаў i мар у маладых людзей было процьма…
Большасць савецкiх людзей цi зусiм не ведала, цi толькi здагадвалася, што бальшавiзм меў “падвойнае дно”, жыў з “дзвюма душамi”. Як стала вядома толькi ў наш час (артыкул “Владимир Ильич Ленин: “Морали в политике нет” // Комсомольская правда, 1992, 12 лют.), з вясны 1922 года Ленiн задумаў шырокамаштабную акцыю: выслаць за мяжу ўсiх прадстаўнiкоў вальнадумнай iнтэлiгенцыi, якiх ён у пiсьме да М. Горкага ацанiў “как интеллигентиков, лакеев капитала, мнящих себя мозгом нации. На деле это не мозг, а говно”. У лiсце да Ф. Дзяржынскага ад 19 мая 1922 года Ленiн прапануе абмеркаваць усе “меры подготовки”, сабраць пiсьмовыя водгукi на некамунiстычныя выданнi, “собрать систематические сведения о политическом саботаже, работе и литературной деятельности профессоров и писателей”. 17 лiпеня ён пiша Сталiну: “выслать за границу безжалостно”, “всех их – вон из России”, “арестовать несколько сот и без объяснения мотивов – выезжайте, господа!”, “Очистим Россию надолго!”.
Тады лiквiдавалi Асрэўстуд, лiквiдавалi яўрэйскi агранамiчны гурток. Пачалi крытыкаваць Асацыяцыю: чаму яна носiць нацыянальны характар, калi тут проста аграномы. З’явiлiся спецыяльныя людзi, якiя сачылi за студэнцтвам, за яго пралетарызацыяй. У Пятроўскай акадэмii такiм “спецыялiстам” стаў былы супрацоўнiк Арлоўскага ўпраўлення НКУС. Аднойчы ў самым канцы жнiўня ён падышоў да Гаўрылы Гарэцкага i спытаў: “Скажите, Вы будете сегодня вечером у себя? Я хотел бы зайти к Вам поговорить”. – “Конечно. Пожалуйста,” – атрымаў ён адказ. I сапраўды, позна ўвечары пад’ехаў “чорны воран” i забраў Гаўрылу, а з iм разам яшчэ двух студэнтаў: Жыгалава i Артабалеўскага (апошнi потым стаў выдатным вучоным у галiне тэорыi машын i механiзмаў, акадэмiкам АН СССР). Iх адвезлi на Лубянку i размясцiлi там у асобных камерах. Iснуе “Дело № 17729 по обвинению Горецкого Гавриила Ивановича”[13].
4 верасня супрацоўнiк IV Аддзялення Сакрэтнага аддзела ДПУ Калугiн са згоды начальнiка Аддзялення Зарайскага пiша блiзкiя па змесце “Постановление” i “Заключение”, хутчэй за ўсё па ўжо выпрацаванай ў той установе стандартнай форме. Прывядзём вытрымкi з “Заключения”.
«Я, сотрудник IV Отделения СО ГПУ Калугин, рассмотрев дело № 15729 о Горецком Гаврииле Ивановиче, нашел следующее:
С момента Октябрьского переворота и до настоящего времени он не только не примирился с существующей в России, в течение 5 лет, Рабоче-крестьянской властью, но ни на один момент не прекращал своей антисоветской деятельности в моменты внешних затруднений для РСФСР. Все это подтверждается имеющимися материалами.
А посему на основании п.2 лит. Е. Положения о ГПУ от 6.11 сего года полагаю: в целях пресечения антисоветской деятельности со стороны Горецкого Гавриила Ивановича выслать за пределы РСФСР заграницу”.
У самым нiзе “Постановления” Г. Гарэцкi пiша: “с ним я не согласен и заявляю протест”.
Важна адзначыць, што нiводнага факта цi нават намёку аб “антисоветской деятельности” ў справе няма. На чым грунтуюцца
гэтыя трафарэтныя словы “Заключения”, зусiм не зразумела. Вiдаць, таму ў гэты ж дзень Г. Гарэцкi пiша заяву на iмя начальнiка IV Аддзялення: “Предъявленные мне
обвинения в контр-революционности считаю совершенно ложными. Как объективное
доказательство, прошу запросить обо мне мнение Комячейки ПС-Х.А. В случае
подтверждения со стороны коммунистов Академии факта моей контр-революционности
(хотя бы в какой-нибудь из сфер моей деятельности) соглашаюсь на выезд
заграницу, но считаю высылку мою сплошным абсурдом и в смысле политического
воздействия крайне отрицательным фактом.”
Праз два днi ўжо гатова “Выписка из протокола заседания Коллегии ГПУ от 6 сентября 1922 г.”, якая
падпiсана сакратаром Калегii Язерскай. Па дакладу тав. Калугiна i па зацвярджэнню намеснiка старшынi ДПУ тав. Уншлiхта прынята пастанова: “На основании п.2 лит.Е Положения о ГПУ от 6.11 с.г. – выслать под
конвоем за пределы РСФСР заграницу”.
17 верасня Г. Гарэцкi пiша ў ДПУ заяву з паметкай “Срочно!”: “Меня
предложено выслать в четверг. Именем Революции и Социализма прошу отложить срок
высылки на десять (10) дней. Причина: 15 сентября моя родная сестра Анна,
только что поступившая в Зоотехнический институт, везла мне первую “передачу”;
она попала под трамвай – отрезало ногу (с раздроблением ступни), помяло таз,
позвоночник и желудок: положение почти безнадежное. Никого родных здесь не
имею, родители живут в Смоленской губернии, их невозможно вызвать да и не на
что ехать – живут с пяти (5) десятин земли; я лично не имею нисколько денег, и
оставить сестру, умирающую без всякого призора, ухода и помощи было бы огромным
преступлением с моей стороны. Могу представить поручительство о невыезде никуда
от пяти (5) коммунистов.
Выеду тотчас
по заметном переломе болезни сестры или после ее похорон.
Надеюсь, что
просьба моя будет уважена.
Студент
Гавриил Горецкий.”
У гэты ж дзень ён пiша падпiску аб тым, што “обязуюсь явиться в
среду 20 сентября, к 14 часам дня во Внутреннюю тюрьму ГПУ. Обязуюсь за пределы
Москвы не выезжать.” На заяве вiза Зарайскага, датаваная 18 верасня: “Согласно
телефонного распоряжения т. Ягоды дана отсрочка на 10 дней”.
Гаўрыла як на крылах паляцеў у бальнiцу да сваёй Ганулькi. Стан яе быў страшэнны: яна ўжо не верыла, што будзе
жыць, плакала. Каля яе сядзелi студэнткi з Асацыяцыi – Марыя Пуцята, Валя Хоўрынка. Тут жа былi старэнькiя жанчыны – хворыя, якiя таксама плакалi i малiлiся Богу. Яны ўгаворвалi Ганулю: “Малiся Богу – лягчэй будзе”. Гаўрыле доктар сказаў, што трэба дастаць хоць 1 кг
цукру, каб падтрымаць сiлы. Ён усюды бегаў, бегаў, але цукру так нiдзе i не дастаў.
На наступны дзень, 19 верасня, ледзь пачалася ранiца, Гаўрыла ўжо быў у бальнiцы. Ганулька яшчэ не страцiла прытомнасцi, была сумная-сумная, а ў 11.30 яна памерла. У той жа дзень студэнты
Асацыяцыi Дзiма Ярашчук, Сяргей Ждановiч i iншыя дасталi грузавую машыну i дамовiлiся аб месцы пахавання каля Галовiнскага манастыра. Неслi праз усю Маскву, праз усю Акадэмiю – па Iванаўскаму праезду, праз плацiну. Сабралася чалавек 25. Каб не думалi, што гэта дэманстрацыя, на ўсялякi выпадак ахоўвалi ўваход. Так загiнула Ганна –
маладая, выдатная натура, якая яшчэ не разгарнулася, i разам з ёй загiнулi яе вялiкiя здольнасцi. Гору
Гаўрылы не было канца. Ён плакаў i адчуваў сябе вiнаватым у яе
смерцi. Гэты дзень на ўсё жыццё яго
застаўся самым цяжкiм, самым
самотным – ён нiколi не забываў тую жудасную згубу. Амаль праз два дзесяцiгоддзi ў час ваеннага лiхалецця ён
запiша ў запiсную кнiжку: “Ах, Ганулька, Ганулька, кветка растаптаная. Дарагая мая мучанiца. Што ж нарабiў я?”
––
––
Брат Максiм прысвяцiў Ганне
“Хрэстаматыю беларускае лiтаратуры. ХI век –1905 год”: “Яе дарагому вобразу, як памятку на магiлку ў чужыне,
гэтую кнiгу прысвячаю. Брат”. У “Камароўскай хронiцы” ён падрабязна апiсаў гэты трагiчны выпадак i смерць
сястры.
Уладзiмiр Дубоўка на першай старонцы зборнiка вершаў
«Стома» напiша: “Сьветлае памяцi Ганулi Гарэцкай, як вяночак на магiлку ў чужыне, прысвячаю. Аўтар”. Адзiн з вершаў
“Спагадае хто” быў прысвечаны Габрыэлю Г. (Гэта Гаўрыле Гарэцкаму):
[…] Маладое пакаленне
Прачынайся, час прыйшоў,
Залатое Адраджэнне
Клiча ўсiх пад родны схоў.
5-м кастрычнiка датавана зробленая на 2-й вокладцы ўсёй справы рэзалюцыя В.Р. Мянжынскага: “Оставить в Академии и не трогать, т.к. считает для себя всю эту историю оскорбительной ввиду его
прежней советской работы. Просил просмотреть его статьи в “Известиях” под ред.
Преображенского и т.д.”
Не зусiм ясна, у гэты дзень цi раней, але, як успамiнае Гаўрыла Iванавiч, яго на допыт выклiкаў сам В.Р. Мянжынскi, якi быў у той час адным з кiраўнiкоў Дзяржаўнага Палiтычнага
Упраўлення НКУС РСФСР. Размова працягвалася каля 1,5 гадзiны. Мянжынскi больш маўчаў
i з цiкавасцю слухаў студэнта, якi з вялiкай палкасцю апавядаў пра Беларусь, пра яе гiсторыю,
геаграфiю, культуру i яе праблемы, пра неабходнасць нацыянальна-эканамiчнага адраджэння рэспублiкi. Мянжынскi тады сказаў:
«Я Вас з вялiкай цiкавасцю выслухаў, але я вельмi Вам раю больш нiколi не займацца нiякiмi грамадскiмi арганiзацыямi, бо ў Вас зноў будуць непрыемнасцi – займайцеся
толькi навукай».
Ужо на наступны дзень было складзена
«Заключение»:
«Я,
помощник нач. IV Отделения СО ГПУ Бахвалов, рассмотрев дело №15729 гр-на
Горецкого Г.И. 22 лет происхождение из мещан Смоленской губ., нашел, что
Горецкий был арестован на основании агентурного материала, из которого
усматривалась антисоветская деятельность Горецкого, что последний подлежал
высылке за границу, но принимая во внимание, что антисоветская деятельность
Горецкого следствием не доказана. А посему полагаю:
Дело прекратить, Горецкого из-под стражи освободить и дело сдать в архив.
Пом. Нач. Отд. СО ГПУ Бахвалов
Согласен: Нач. IV отд СО ГПУ З.Аранский».
Чырвоным чарнiлам наўскасяк рэзалюцыя:
«Утверждаю. Ягода. 10.Х.22 г.»
12 кастрычнiка адбылося пасяджэнне Калегii ДПУ, якое
пастанавiла: «Во изменение постановления от 6.09.22 г. освободить, дело прекратить и
сдать в архив».
Тым жа днём датаваны «Талон», накiраваны ад
Упраўлення справамi ДПУ начальнiку ўнутранай турмы: «С получением
сего немедленно освободить из ареста Горецкого Гавриила Ивановича. С освобожденного
взять подписку об освобождении…» (так у дакуменце. – Р.Г.).
Такiм чынам, студэнт ПСГА Г. Гарэцкi тады не быў высланы за гранiцу (меркавалi паслаць ў Нямеччыну). Невядома, што
яго выратавала: цi то смерць сястры, што выклiкала адкладанне высылкi з «четверга» на 10 дзён, а там,
магчыма, i сiтуацыя змянiлася, цi тыя добрыя водгукi i хадайнiцтва сумленных людзей з Акадэмii (але, мяркуючы па пратаколах следчых, гэта малаверагодна, бо следчым
факты i доказы былi непатрэбны), цi просьба Цэнтральнага Бюро КП Беларусi, якой Гарэцкi перашкаджаў за мяжой весцi разбуральную
справу сярод «беларусаў-шавiнiстаў», цi размова з В.Р. Мянжынскiм, якому спадабаўся палкi юнак, i ён яго пашкадаваў. Мабыць, усе падзеi разам паўплывалi на яго лёс, якi мог быць зусiм iншы…
Беларуская культурна-навуковая
асацыяцыя студэнтаў Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэмii пасля
вядомых нам падзей у хуткiм часе распалася, а многiя мары маладога студэнта – старшынi гэтай
Асацыяцыi, на жаль, так i засталiся толькi марамi…
–– ––
У канцы кастрычнiка 1923 г.
Максiм з сям’ёй пераехаў з Вiльнi ў Мiнск. У «Полымя» (№ 7-8) надрукавалi: «У кастрычнiку месяцы прыехаў з Вiльнi ў Менск вядомы беларускi пiсьменнiк М. Гарэцкi. У Менску ён заняты выкладаннем беларусазнаўства на
рабочым факультэце Беларускага унiверсiтэта, асабiста працуе над складаннем новага курса «Гiсторыi беларускае лiтаратуры» па
заказу Камiсарыята Асветы. Максiм Гарэцкi таксама рыхтуе ў друк зборы сваiх белетрыстычных твораў».
Гарэцкiя пасялiлiся на «Савецкай вулiцы насупраць
гарадскога сквера. Жылi ў невялiкай камунальнай кватэры на трэцiм паверсе. Два пакоi мелi»[14].
Яшчэ ў Вiльнi Максiм атрымаў пакет ад Гурыка, у якiм «толькi
фатаграфii з нейкiм у труне… […] не хацеў прызнавацца: «Гэта яна, яна даражэнькая сястрыца…» Пазней прыйшоў
лiст, у якiм Гурык пiсаў: «Няшчасце вялiкае, як хмара цёмная, гразавая, абступiла двор наш
[…] Не стала адзiнай сястрыцы нашай, зязюлi лесавыя…» «Страшны быў гэты лiст Кузьме (Максiму – Р.Г.). Вялiкае i доўгае, нiяк негаючае гора зрабiла яму Марынкiна (Ганулькiна – Р.Г.) смерць […]. Хадзiў, працаваў, жыў… Але вобраз Марынкi стаяў яму
ўваччу». Максiм ведаў, як цяжка перажывае смерць адзiнай дачушкi мацi…
Таму па прыездзе ў Менск Максiм адразу
паехаў у Малую Багацькаўку, вярнуўся ў Менск разам з мацi i павёз яе ў Маскву, каб наведаць магiлку Ганулi. На вакзале iх сустрэў
Гурык разам са сваiм лепшым сябрам Уладзiмiрам Дубоўкам. Хоць той нiколi раней не сустракаўся з Максiмам, але
першы ўбачыў iх. Завочна яны былi знаёмы, тым больш, што Максiм дапамог выдаць у Вiльнi першы зборнiк вершаў
Дубоўкi «Строму». Браты не бачылiся больш за тры гады – сустрэча была i радасная, i сумная…
Максiм выкладаў беларускую мову i лiтаратуру не толькi на
рабфаку БДУ, але i ў Камунiстычным унiверсiтэце БССР, спачатку па сумяшчэнню, а
затым (з верасня 1925 г.) як на асноўнай працы. Апрача таго, чытаў лекцыi па
лiтаратуры ў ветэрынарным тэхнiкуме, ездзiў у Вiцебск i Хоцiмск з лекцыямi па
фальклору, беларускай лiтаратуры i мове. Як i заўсёды многа працаваў: друкаваў
артыкулы ў «Савецкай Беларусi»i «Звяздзе», шэраг апавяданняў выйшаў у «Родным
краi», а ў канцы 1924 года – 3-е пераробленае i дапоўненае выданне «Гiсторыя
беларускае лiтаратуры» i «Практычны расiйска-беларускi слоўнiк» (разам з М.
Байковым).
У студзенi 1925 г. пастановай Наркамасветы БССР
зацверджаны новы склад Iнбелкульта, у якi ўвайшоў i М. Гарэцкi. Ён узначалiў
Слоўнiкавую камiсiю, затым мовазнаўчую i лiтаратуразнаўчую секцыi, удзельнiчаў
у працы правапiсна-тэрмiналагiчнай i лiтаратурнай камiсiй, чытаў лекцыi на першых
Калiнiнскiх Акруговых настаўнiцкiх курсах, а разам з Якубам Коласам – цыкл
лекцый у Мсцiслаўскiм педтэхнiкуме, на курсах павышэння квалiфiкацыi
настаўнiкаў. У «Полымя» былі надрукаваны ўрыўкi з запiсак «На iмперыялiстычнай
вайне», п’еса «Жартаўлiвы Пiсарэвiч».
Максiм некалькi разоў прывозiў у Менск сваю мацi, а
кампазiтары М. Аладаў i Я. Ягораў запiсалi ад Ефрасiннi Мiхайлаўны i паклалi на
ноты многiя беларускiя песнi.
На ўрачыстым пасяджэннi, прысвечаным 20-годдзю
лiтаратурнай дзейнасцi Янкi Купалы, Максім зрабiў даклад пра ролю песняра ў
беларускiм нацыянальна-культурным адраджэннi. Максiм i Леанiла Гарэцкiя
сябравалi i сустракалiся не толькi з сем’ямi Янкi Купалы i Якуба Коласа, але i
з многiмi пiсьменнiкамi i навукоўцамi: З. Бядулем, Уладзiмiрам Дубоўкам, Алесем
Якiмовiчам i iншымі.
У пачатку 1926 года ў «Полымя» (№2) паведамлялася: «М.
Гарэцкi пераехаў для працы ў Горкi ў сельскагаспадарчай акадэмii».
––
––
Арышт моцна параніў рамантычную душу Гаўрылы: ён убачыў і глыбока адчуў, што жыццё часта бывае несправядлівым, што ад блізкіх людзей можна чакаць здрады, а магутны палітычны віхор можа змятаць не толькі ліхадзеяў, але і справядлівых людзей. Асабліва ныла сэрца ад незваротнай страты любай сястрычкі Ганулькі. Хаця розум казаў, што не вінаваты ён, а сэрца адчувала вялікую крыўду на лёс і нейкую віну: каб не трапіў ён у турму, каб не несла іменна яму перадачу, каб у свой час праводзіў яе яго сябра, не было б гэтай жудасці, не было б гэтага болю і мукі на ўсё жыццё. Балюча перажываў паступовы распад Беларускай культурна-навуковай асацыяцыі студэнтаў Пятроўскай (Ціміразеўскай) сельскагаспадарчай акадэміі. Але яшчэ з большым натхненнем і ўпартасцю ўзяўся за вучобу, за набыванне ведаў, бо разумеў, што толькі новая адукаваная і культурная інтэлігенцыя зможа пабудаваць моцную Беларусь, сельская гаспадарка якой, у прыватнасці, павінна стаць не горшай, чым у Даніі. Чаму іменна Данія? Таму, што па прыродных умовах яна блізкая да Беларусі, а сельская гаспадарка ў ёй была адной з лепшых у Еўропе. Ён, як і яго старэйшы брат Максім і многія іншыя змагары за нацыянальнае адраджэнне Беларусі, свядома стаў на гэты шлях і рыхтаваў сябе да такой працы.
Гаўрыла ганарыўся званнем студэнта-пятроўца, бо гэта была адна з самых лепшых навучальных сельскагаспадарчых устаноў. Тут выкладалі вядомыя прафесары: В. Р. Вільямс, А. Г. Даярэнка, Я. М. Самойлаў, I. А. Каблукоў і многія іншыя. Як будучаму эканамісту, найбольш блізкімі яму былі выдатнейшыя эканамісты — гонар айчыннай і сусветнай навукі: А.В. Чаянаў, М. Д. Кандрацьеў, А. А. Рыбнікаў, А. Ф. Фартунатаў.
–– ––
Малады (трохі больш за 30 гадоў) Аляксандр Васільевіч Чаянаў — дырэктар Навукова-даследчага інстытута сельскагаспадарчай эканомікі, галоўнымі праблемамі навуковых даследаванняў якога была працоўная сялянская гаспадарка, кааперыраванне на аснове эканамічных метадаў. Яго фундаментальную працу “Асноўныя ідэі і формы арганізацыі сялянскай кааперацыі” выкарыстоўваў У. I. Ленін у рабоце над артыкулам “Пра кааперацыю”. Пры фарміраванні Дзяржплана ён уключыў Чаянава ў яго склад. Працы прафесара былі шырока вядомы ў многіх краінах свету, а ўжо пазней, калі ў нашай краіне нават імя яго было забаронена, у Францыі быў выдадзены збор твораў у 8 тамах, двойчы перавыдаваліся яго працы ў Англіі. А. Чаянаў чытаў лекцыі вельмі прыгожа, артыстычна, з захапленнем. У вывучэнні эканомікі рэальнай сельскай гаспадаркі ён вялікае значэнне надаваў краязнаўчай працы. Шырокаадукаваны чалавек з разнастайнымі захапленнямі, А. Чаянаў быў даволі вядомым у свой час белетрыстам — надрукаваў серыю фантастычных аповесцей з дзівоснымі патаемнымі сюжэтамі — сваю Гафманіяду, якая папярэднічала творам М. Булгакава і пад уплывам якіх апошні стварыў свае знакамітыя “Майстра і Маргарыту” і “Запіскі нябожчыка”. Чаянаў любіў стараннага студэнта з разумнымі блакітнымі вачыма, лічыў яго адным з лепшых студэнтаў Пятроўкі і ў знак асаблівай сімпатыі нават падараваў некалькі кніжачак сваёй Гафманіяды.
Якаў Уладзіміравіч Самойлаў — выдатнейшы геолаг, асабліва многа зрабіў у галіне мінералогіі і біягеахіміі. Яго лекцыі карысталіся вялікім поспехам — вельмі жывая яскравая мова, прыгожая дыкцыя і характэрная міміка аб'ядноўваліся ў яго з глыбокімі ведамі прадмета. Гэты сімпатычны прафесар заклаў тыя асновы ведаў па геалогіі, якія пазней так спатрэбяцца ўжо не проста маладому студэнту, а маладому зняволенаму беларускаму акадэміку.
Мікалай Дзмітрыевіч Кандрацьеў — 30-гадовы прафесар, таленавіты самародак з сялянскай кастрамской глыбінкі, ужо вядомы як аўтар перспектыўнага плана развіцця сельскай і лясной гаспадаркі краіны на 1923-1928 гг. (“пяцігодка Кандрацьева”). Невысокага росту, з бліскучымі чорнымі вачыма, якія вылучаліся на бледным твары, Кандрацьеў поўнасцю валодаў аўдыторыяй, якая не стамлялася ад, здавалася б, сухіх, эканамічных выкладак, бо ён вельмі ўмела чаргаваў іх з жартамі і нечаканымі вострымі параўнаннямі. Хімічная аўдыторыя (“хімічка”) была перапоўнена слухачамі асабліва тады, калі ён чытаў лекцыі пра амерыканскую эканоміку, з якой дэталёва пазнаёміўся непасрэдна ў Амерыцы, пабыўшы там больш за год.
Прафесар А. Г. Даярэнка настолькі быў апантаны сваімі прагрэсіўнымі для таго часу iдэямі севазвароту, папару, культурай глеб, што цалкам захапляў імі і студэнтаў, якіх не змяшчала вялікая аўдыторыя на яго лекцыях. Гэтыя ідэі вельмі імпанавалі многім, таму што яны дазвалялі значна павысіць ураджайнасць, узняць сельскую гаспадарку без вялікай колькасці мінеральных і арганічных угнаенняў, якіх катастрафічна не хапала. Яны адпавядалі тагачаснай задачы аграрнай палітыкі савецкага ўрада і таму былі асабліва папулярнымі.
Асабіста для Гаўрылы найбольш блізкімі былі два прафесары: А. А. Рыбнікаў і А. Ф. Фартунатаў. Першы — ужо сталы чалавек гадоў пад 60, вельмі добры па натуры, заўсёды стараўся як мага больш даць ведаў студэнтам, дапамагчы ім. Ён быў непасрэдным кіраўніком па навучальнай і навуковай працы маладога студэнта. Аляксей Фёдаравіч Фартунатаў — сапраўдны інтэлігент, вельмі тактоўны i далікатны, уважліва адносіўся да студэнтаў, любіў Пятроўскую акадэмію, пра якую пісаў вершы, але яго многія не разумелі і лічылі дзіваком. Студэнтаў здзіўляла, што ён абавязкова крокаў за дзесяць здымаў кепку і першы вітаўся, заўсёды спыняўся, пра што-небудзь пытаўся. Ён чытаў лекцыі па статыстыцы сельскай гаспадаркі, у якой ён быў жывой энцыклапедыяй, і прыводзіў вялікую колькасць першакрыніц ад старадаўняй да сучаснай літаратуры. Лекцыі яго былі надзвычай багатымі па змесце. Але яны не карысталіся ўвагай студэнтаў і часта на іх сядзела ўсяго па 1—2 чалавекі, што яго вельмі крыўдзіла. Сярод пастаянных яго слухачоў быў і Гаўрыла, які быў вельмі ўдзячны прафесару за разнастайныя энцыклапедычныя веды, атрыманыя ад яго. Апрача таго, Фартунатаў дазваляў любімаму студэнту поўнасцю карыстацца сваёй велізарнай хатняй бібліятэкай, якая займала 6 пакояў.
Цікавыя лекцыі дапаўняліся актыўным удзелам у так званых гуртках грамадскай агранаміі, якія павінны былі праводзіць тэарэтычныя веды ў практыку сельскай гаспадаркі і якія тады карысталіся вялікай папулярнасцю. Нярэдка наладжваліся розныя сельскагаспадарчыя выставы (у тым ліку ўсерасійскія), у якіх удзельнічаў і Гаўрыла. Паступова ён уцягнуўся ў навукова-даследчую працу. А ўлетку большасць студэнтаў-беларусаў ехалі на Беларусь працаваць у розныя сельскагаспадарчыя ўстановы, у экспедыцыі па абследаванні сялянскіх гаспадарак і, канечне, Гаўрыла заязджаў да бацькоў у родную Малую Багацькаўку.
Яшчэ ў 1920 годзе, калі Гаўрыла толькі паступіў у Пятроўскую сельскагаспадарчую акадэмію і пачаў збіраць студэнтаў-беларусаў у Беларускую культурна-навуковую Асацыяцыю студэнтаў ПСГА, ён пазнаёміўся і запісаў у асацыяцыю студэнтку з агранамічнага факультэта, родам з Беластока, — Ларысу Парфяновіч, якую так і празваў — беластачанка. Невялічкага росту, худзенькая, яна здалася яму зусім малой, нязграбнай і напужанай дзяўчынкай, падобнай да дробненькай птушачкі, якая трапіла ў чараду рухавых крумкачоў. Ён нават тады падумаў: “Ну і хто возьме замуж такую нязграбную дзяўчыну?”
Бацька Ларысы, Восіп Іванавіч, паходзіў з сям'і малазямельнага селяніна з Беласточчыны, працаваў служачым на чыгунцы. Маці — Марыя Міхайлаўна Караткова — была з сям'і пісьмавадзіцеля, прадзед — арэнбургскі казак, за добрую службу атрымаў дваранскі тытул. Дзед меў цяжкі, шалёны характар, ажаніўся на сіраце з Брэста. Ларыса вучылася ў гімназіях Беластока і Варшавы, а пасля пачатку вайны — ва Уладзіміры і Маскве.
Многія студэнты Пятроўкі жылі ў інтэрнатах, пад якія адвялі драўляныя дамы-дачы, канфіскаваныя ў былых “буржуяў” і размешчаныя недалёка ад Акадэміі. Ларыса пасялілася разам з Валяй Івановай — дачкой вядомага вучонага-фізіёлага — у маленькім пакойчыку на другім паверсе такой дачы. Жылі яны вельмі цяжка, часамі проста галадалі. Стыпендыі, як і карткі на хлеб, дзецям служачых тады не выдавалі, іх атрымлівалі толькі дзеці рабочых і сялян. Трэба было адначасова з вучобай зарабляць на хлеб, на жыццё. Прыходзілася гэтым маладым дзяўчатам няньчыць малых дзетак, мыць падлогу і бялізну ў асістэнтаў ці прафесароў, атрымліваючы за гэта абед ці кавалак хлеба. Даходзіла і да таго, што чысцілі прыбіральні. Больш прыемна было зарабляць грошы і ежу, працуючы ў полі ці агародзе на акучванні бульбы, праполцы агародніны, а таксама дапамагаючы ў бібліятэцы.
Лара-беластачанка вельмі актыўна ўключылася ў працу Беларускай асацыяцыі студэнтаў, старшынёй якой абралі Гаўрылу Гарэцкага. Яна загадвала беларускай бібліятэкай, якую студэнты стварылі пры Асацыяцыі. Валодаючы прыгожым і даволі моцным голасам, удзельнічала ў хоры беларускіх студэнтаў, які меў вялікі поспех.
Гаўрыла быў вельмі задаволены работай Лары, якую за акуратнасць і абавязковасць заўсёды пачалі выбіраць на сходах Асацыяцыі сакратаром. Яна амаль кожны раз падтрымлівала яго прапановы, асабліва тыя, што тычыліся адраджэння і пашырэння беларускай мовы, культуры. Яму падабалася слухаць яе спевы, і яна ўжо не здавалася яму такой нязграбнай. Наадварот, яна аказалася вельмі жвавай, прывабнай, а яе блакітна-васільковыя вочы, заўсёды такія вясёлыя і бліскучыя, свяціліся дабрынёй, ласкай і пяшчотай.
У 1923 г. адкрылася вялікая Першая сельскагаспадарчая і саматужна-прамысловая выстаўка СССР, па арганізацыі якой працавалі Гаўрыла і Лара. Яны часта сустракаліся, узаемная сімпатыя расла і паступова перайшла ў сапраўднае моцнае каханне. Як толькі выстаўка адкрылася, Гурык (так Ларыса стала зваць Гаўрылу, як і яго маці) 8 ліпеня 1923 г. зайшоў да Лары ў інтэрнат, узяў яе чамаданік, невялікі рукзак і раскладушку (вось і ўвесь дзявочы скарб-пасаг) і пайшлі яны разам на другі канец пасёлка, дзе ён папярэдне зняў невялічкі пакойчык у драўляным доме гаспадыні Гімры. Па дарозе сустрэўся прафесар Фартунатаў, які, як заўсёды, зняў кепачку ў прывітанні і сардэчна павіншаваў, адразу здагадаўшыся ў чым справа. Сустрэўся і іх сябар студэнт Іван Рытус, які таксама зразумеў, чаго яны ішлі разам і неслі рэчы. Ён праводзіў іх да хаты, дапамог данесці чамаданік, пажадаў усяго самага добрага. Вось і ўсё вяселле!
У ліпені 1924 года Гаўрыла Гарэцкі скончыў Ціміразеўскую (Пятроўскую) акадэмію і быў пакінуты дзеля навуковай працы ў аспірантуры Навукова-даследчага інстытута сельскагаспадарчай эканомікі, які быў пры Акадэміі. Ён выбраў спецыяльнасць “эканамічная геаграфія”. Чаму? Таму, што, працуючы над велізарным статыстычным матэрыялам па нацыянальнаму прыбытку Беларусі, ён убачыў, наколькі эканамічна беднай была Беларусь, наколькі адсталай была яе народная гаспадарка, наколькі падначалена яна гаспадарцы больш вялікай дзяржавы — Расіі. Ён зразумеў, што для таго, каб намеціць шляхі выйсця гаспадаркі Беларусі з такога жудаснага стану, трэба спачатку вывучыць фактычнае становішча, падлічыць нацыянальны прыбытак Беларусі. Будаваць новае можна толькі тады, калі мы добра ведаем старое, калі мы добра зразумеем тэндэнцыі разгортвання народнай гаспадаркі Беларусі ў пачатку XX стагоддзя, у пачатку развіцця капіталізму ў Беларусі.
Вялікі ўплыў на Гаўрылу ў гэты час зрабіла кніга У. I. Леніна “Развитие капитализма в России”, а таксама кніга С. М. Пракаповіча “Кооперативное движение в России. Его теория и практика”. Ён зрабіў вывады: калі спалучыць гэтыя дзве кнігі, то можна будзе ўбачыць шлях, па якому павінна ісці народная гаспадарка Беларусі. Ленін паказваў, як капіталізм нявечыць гаспадарку, і разам з тым даваў шляхі далейшага яе развіцця. Пракаповіч намаляваў, як фактычна развівалася гаспадарка, якімі былі яе заканамернасці і як выйсці з такога цяжкага стану.
А як жа сама Беларусь, яе гаспадарка і народ імкнуцца выбрацца з такога становішча? У той час пашыраліся хутары, ішла хутарызацыя (сталыпінская палітыка, як і ва ўсёй Расіі). Хутар — гэта значыць асобная моцная гаспадарка са сваім севазваротам, сваім асобным гаспадараннем ва ўсіх напрамках. Каб стварыць хутар, перш-наперш трэба набыць зямлю. А дзе яе набыць? Ці купіць у паноў, ці шукаць яе за межамі Беларусі — у Сібіры ці нават у Амерыцы. Паколькі ёмістасць народнай гаспадаркі і зямлі ў Беларусі былі абмежаваны, пачаўся моцны эміграцыйны рух беларусаў. Каля 1 млн чалавек выехала ў Амерыку і амаль столькі ж у Сібір.
Намеры і думкі аспіранта падтрымалі прафесары-эканамісты і ў першую чаргу А. Ф. Фартунатаў, А. В. Чаянаў, А. А. Рыбнікаў. Гаўрыла паглыбіўся ў акіян лічбаў, статыстыкі, кніжак — матэрыял быў каласальны. Фартунатаў даў яму ў поўнае распараджэнне сваю бібліятэку, у якой былі асабліва рэдкія кнігі земскага выдавецтва і выдавецтва перасяленчага праўлення. Незлічоную колькасць кніг перабраў Гаўрыла, “уеўся” ў іх, як у самы найлепшы і цікавейшы раман. Ён сабраў вялізны матэрыял і пачаў пісаць манаграфію “Народны прыбытак Беларусі (нацыянальны даход Беларусі)”.
–– ––
Маці Лары прывезла маладым на пачатак уласнай гаспадаркі пару посцілак, 2 талеркі, па дзве вялікія і малыя лыжкі, нажы і відэльцы. Жылі небагата (не заўсёды і хлеб быў), але неяк весела, дружна, з упэўненай надзеяй на хуткае лепшае, прыгожае жыццё. Часта былі госці — сябры-студэнты. Праўда, гаспадыня Гімра (ці Гiмраха, як яны звалі яе паміж сабой) вельмі не любіла іх гасцей, бо трэба было дзверы адчыняць ды зачыняць (другім гэта яна не давярала), і ўвесь час бурчэла. Дык улетку нярэдка маладыя госці лазілі ў пакой праз акно, каб абысціся без папрокаў.
Аднойчы ў госці нечакана завітаў Аркадзь Смоліч і папрасіў папіць чаю. Лара наліла чаю, але да чаю было толькі некалькі кавалкаў хлеба і больш нічога, нават цукру. Смоліч, убачыўшы такое, пасаромеўся піць чай, а Лара вельмі доўга перажывала за такі “шыкоўны” пачастунак.
Тут Лара пазнаёмілася з Максімам — братам Гурыка, пісьменнікам і літаратуразнаўцам, які заехаў іх праведаць. Максім пагаманіў пра розныя падзеі, прыхільна аднёсся да маладой братавай і пасябраваў з ёй на ўсё жыццё.
Калі Лара зацяжарыла, Гiмраха адмовіла ў пакойчыку, бо не хацела бачыць дзіця ў доме. Зноў прыйшлося шукаць прытулак...
У гэты час адкрыўся Камуністычны універсітэт нацыянальных меншасцей Захаду. Гаўрыла, які валодаў беларускай мовай, быў запрошаны выкладаць эканамічную геаграфію на беларускім аддзяленні. Гэта было дарэчы, бо давала дадатковыя да стыпендыі ў НДІ сельскагаспадарчай эканомікі сродкі на жыццё. У Камуністычным універсітэце вучыліся маладыя партыйныя дзеячы, якія потым станавіліся членамі ЦК, абкомаў і райкомаў, а таксама кіраўнікамі народнай гаспадаркі і культурных устаноў. Яны імкнуліся хутчэй атрымаць усе звесткі пра Беларусь, паехаць на Радзіму і будаваць новую рэспубліку. Камуністычны універсітэт адыграў вялікую ролю ў фарміраванні партыйных кадраў у Беларусі і яе культурным жыцці. Ён ствараў ядро новай беларускай партыйнай інтэлігенцыі, якая мела вялікае значэнне ў беларусізацыі грамадства рэспублікі 20-х гадоў.
Беларускую літаратуру выкладаў У. Дубоўка, з якім Гаўрыла і Лара вельмі пасябравалі. Ён праводзіў цікавыя семінары па беларускай літаратуры, якія ператвараліся ў гарачыя дыскусіі пра літаратуру, тэатр, наогул культуру. Маладыя вельмі жорстка крытыкавалі больш сталых пісьменнікаў, асабліва нападалі на Янку Купалу і Якуба Коласа. Паэму “Новая зямля” называлі кулацкай, а Якуба Коласа — кулацкім паэтам. Крытыка часта была зусім не абгрунтаванай, а больш эмацыянальнай. Гаўрыла заўсёды прымаў удзел у гэтых семінарах.
5 ліпеня 1924 года ў Гарэцкіх нарадзіўся сын. Гаўрыла, канешне, захацеў даць яму імя славутага дзеяча зямлі беларускай. А калі Усяслаў Чарадзей? Так і вырашылі назваць сына Усяславам. Хлопчык спаў у вялікім жоўтым чамадане, бо ложак для яго паставіць не было куды. Удзень чамаданік ставілі на ложак маладых бацькоў, а на ноч — ці на крэсла, ці на стол.
Гаўрыла ўпарта працаваў над эканамічнай геаграфіяй Беларусі, над напісаннем манаграфіі, але не надаваў ніякага значэння абароне дысертацыі. Яму здавалася, што самае галоўнае — вучыцца пазнаваць жыццё, збіраць новы фактычны матэрыял, апрацоўваць яго, шукаць усялякія магчымыя сувязі паміж з'явамі, заканамернасці развіцця, прадбачыць новы рост. Вось гэта і стварае сапраўдную навуку, а абароніш дысертацыю ці не, будзеш кандыдатам ці доктарам навук — здавалася зусім другарадным, адхіленнем ад сапраўднай навукі, на якую і так не хапала часу. Ён так захапіўся эканамічнай геаграфіяй, што лічыў яе адной з самых лепшых навук у свеце. Ён пачынаў разумець стан эканомікі Беларусі — здавалася, крылы вырастаюць у яго. Усе думкі Гаўрылы былі вакол любімай справы, тым больш, што ён выразна бачыў, як глыбокае пазнанне нацыянальнага прыбытку, эканомікі народнай гаспадаркі і прыродных багаццяў зямлі дапаможа перабудове беларускай дзяржавы і зробіць яе багатай і квітнеючай.
Гарэцкі меў цесныя сувязі з Беларуссю, з Інбелкультам. У 1924–1925 гадах вырашаліся пытанні аб далучэнні да БССР губерняў, якія спачатку ўваходзілі ў яе склад, а затым — Расійскай Федэрацыі. Гаворка ідзе аб тэрыторыях у межах Магілёўскай, Гомельскай, Смаленскай, Віцебскай губерняў. Гаўрылу часта запрашалі ў Менск на пасяджэнні па гэтаму пытанню. Прыйшлося выязджаць, каб збіраць матэрыялы па эканоміцы і беларускай мове. Асабліва часта такія выезды былі ў Гомельскую губерню.
У сувязі з падрыхтоўкай Першай сельскагаспадарчай выстаўкі СССР таксама былі частыя паездкі на Беларусь у якасці інструктара. Так паступова Гарэцкі ўцягнуўся ў працу шэрагу ўстаноў Беларусі і асабліва Інбелкульта, куды яго запрашалі для вырашэння актуальных тэм, на экспедыцыйныя работы. На яго ўжо глядзелі як на будучага супрацоўніка і таму выбралі правадзейным членам Інбелкульта.
Былі і вельмі сумныя падзеі. У снежні 1924 года загінуў пад трамваем Паўлюк Жук — адзін з лепшых сяброў Гарэцкіх, якога любіла ўсё беларускае зямляцтва. Родам з беднай сялянскай сям'і, гэты надзвычай таленавіты хлопец актыўна ўзяўся за вывучэнне Беларусі, асабліва яго цікавіла тэма “Балоты Беларусі”. Ён ужо друкаваў свае працы ў часопісах і газетах. Пахавалі яго каля Галовінскага манастыра побач з магілкай мілай сястрычкі Гаўрылы і Максіма — Ганулькі, і паставілі тут адзін вялікі валун. Зноў сэрца ныла ад страты такіх дарагіх і самых блізкіх людзей.
–– ––
Пражыў М. Гарэцкi ў Горках 2,5 гады. Гэта былi гады плённай педагагiчнай, лiтаратурнай, лiтаратуразнаўчай працы, актыўнай грамадскай дзейнасці, шчаслівага сямейнага жыцця. Ён выступіў на Першым Усебеларускім краязнаўчым з'ездзе з дакладам “Збіранне і апрацоўка фальклору”, на акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, з прывітаннем XI партыйнаму з'езду ў Мінску. М. Гарэцкі стварыў моцную кафедру, на якой працавалі вядомыя дзеячы: Юрка Гаўрук, Паўліна Мядзёлка, Навум Сапранкоў. Усе яны былі актыўнымі сябрамі Аршанскай філіі “Маладняка”. Пісьменнік вельмі многа дапамагаў ім не толькі парадамі, але і ўдзелам у літаратурных вечарах. “На дапамогу Максіма Гарэцкага трэба аднесці і значны поспех філіі ў выхаванні такіх маладнякоўцаў, як Тодар Кляшторны, Васіль Каваль, Алесь Вечар, Уладзіслаў Прыбыткоўскі, Юлі Таўбін і інш.
[…] Гарэцкі вельмі любіў выкладаць мову. [...] У той час выходзіла вельмі многа сельскагаспадарчых брашур па самых розных пытаннях земляробства, жывёлагадоўлі. Усе яны ў значнай колькасці траплялі ў сельгасакадэмію. Студэнты перакладалі гэтыя брашуры з рускай і тым самым засвойвалі тэрміналогію і набывалі практыку перадачы думак па-беларуску. Мы кантралявалі гэты пераклад, памылкі перакладу аналізавалі ў аўдыторыі.
[...] Яго падтрымлівала незвычайная вернасць, адданасць літаратуры, навуцы, народу свайму беларускаму.
[...]У яго мове ёсць натуральнасць, праўдзівасць, зусім няма штучнасці”[15].
У горацкі перыяд жыцця М. Гарэцкі рупліва збіраў матэрыялы да “Камароўскай хронікі”. Каб прасачыць жыццёвыя шляхі некаторых сваіх герояў, ён у час летняга адпачынку 1926 года зрабіў вандроўку ў Сібір і на Далёкі Усход. Пры жыцці аўтара з цыкла “Сібірскія абразкі” было надрукавана каля 10 апавяданняў.
М. Гарэцкі часта ездзіў у Малую Багацькаўку, ды і бацькі, асабліва маці, бывалі ў Горках. Ён вельмі любіў родных і клапаціўся аб іх, дапамагаў усім, чым мог. У бацькоўскай хаце паставіў першае ў Малой Багацькаўцы радыё, якое прыходзілі слухаць вяскоўцы. Максім дапрацаваў зборнік “Народныя песні з мелодыямі”, які ён пачаў рыхтаваць разам з кампазітарамі М. Аладавым і А. Ягоравым яшчэ ў пачатку 1925 года ў Менску. У 1928 годзе зборнік быў выдадзены Інбелкультам. У яго ўвайшло 318 песень, запісаных ад яго маці Ефрасінні Міхайлаўны. Сярод іх шырокавядомая “Кума мая, кумачка”. Мелодыю гэтай песні выкарыстаў М. Аладаў у оперы “Тарас на Парнасе”, П. Падкавыраў — у 2-м скрыпічным канцэрце, Р. Пукст — у 2-й сімфоніі.
У Горкі прыязджалі пісьменнікі, артысты, якія гасцявалі ў М. Гарэцкага. Вельмі памятны быў прыезд Якуба Коласа, гастролі артыстаў тэатра БДТ-1.
У гэты час выйшлі з друку “Гісторыя беларускае літаратуры” (выд. 4-е, пераробленае), “Практычны расійска-беларускі слоўнік” (разам з М. Байковым), аповесці “У чым яго крыўда?”, “Ціхiя песнi”, кніга “На імперыялістычнай вайне”, некалькі абразкоў, шэраг артыкулаў пра творчасць Якуба Коласа, Я. Нёманскага, М. Чарота, М. Зарэцкага, М. Багдановіча, М. Лынькова, З. Бядулі і іншых. У 1928 годзе ў часопісе “Узвышша” Антон Адамовіч надрукаваў першы найбольш сур'ёзны крытычны агляд твораў пісьменніка “М. Гарэцкі (Спроба манаграфіі аб творчасці)”.
У лiпенi 1928 года Максiм ездзiў у Крым падлячыцца. Па дарозе ён спынiўся ў Смаленску, Маскве, Харкаве, у Маскве сфатаграфаваўся разам з Ул. Дубоўкам, рабiў у падарожжы дзённiкавыя запiсы. Вярнуўшыся ў Горкi, Максім адразу напiсаў заяву з просьбай аб звальненні з працы з 1 верасня, у сувязi з тым, што скончыўся тэрмiн, на якi ён даваў згоду працаваць у Беларускай акадэмii сельскай гаспадаркi.
–– ––
«Лёгкадумныя” адносіны да абароны дысертацыі не прайшлі дарма. Былі нядобразычліўцы, якія скарысталі той момант, што Гаўрыла Гарэцкі ў свой час не абараніў дысертацыю, і дабіліся выключэння яго з НДІ сельскагаспадарчай эканомікі.
Якраз у гэты час (верасень 1925 г.) яго запрасілі на працу дацэнтам, загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі імя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Горкі. Яго прызначылі сябрам Праўлення Акадэміі і даручылі кіраваць выдавецкай справай. У Беларусі ў той час ішла барацьба за беларушчыну і супраць яе. Прыхільнікі выступалі за беларусізацыю грамадства, а праціўнікі стаялі за адзіную рускую культуру, навуку, адукацыю і праводзілі курс русіфікацыі. У той час многія кіраўнікі рэспублікі — так званыя “нацыянал-камуністы”, такія, як А. Чарвякоў, М. Галадзед, А. Адамовіч, А. Баліцкі, стаялі на п