|
Адам Міцкевіч
Дарога ў Расію
Па снежнай прасторы, па дзікай краіне
Ляціць мой вазок, бы віхор па пустыні.
І вочы мае ў ёй – бы сокалы тыя,
Што бура ўзняла над снягоў акіянам,
Вятрамі ад зор і да зор разгайданым.
Віруе пад небам чужая стыхія.
Каб як адпачыць, дзе спусціцца тут птахам?
Уніз, у той вір, пазіраюць са страхам.
Паўсюль на шляху – ні гары, ні хаціны:
Нямое бязлюддзе бясконцай раўніны!
Хоць след бы дзе ўбачыць – пустая прастора.
Бы свет гэты створаны ўвечары ўчора.
Ды маманта, кажуць, знайшлі ў гэтым лёдзе.
Прышэлец у час наш яшчэ з дапатопу,
Ён мовай, чужою маскоўскаму хлопу,
Гаворыць: зямлі гэтай – тысячагоддзі!
Калісь тут цвіло ўсё, быў край неадсталы –
Аж з Азіі везлі тавар свой мянялы.
Часамі і кніга, што хто-небудзь, можа,
На захадзе ўкраўшы, сюды з падарожжа,
Прывёз быў, – раскажа, што край гэты дзікі
Быў некалі бацькам народаў шматлікіх.
Ды ўсё змыў патоп на бяскрайняй раўніне.
Ні знаку цяпер ад нястрымнай той плыні,
Ні следу ад мноства народаў, што хвалі
З усёй гэтай сцюжнай зямлі пазмяталі.
Яны, дакаціўшыся к Альпам, на ўцёсах
Пакінулі гнеўны свой след пры нябёсах.
А ў Рыме далёкім глухія руіны
Раскажуць пра варвараў з гэтай краіны.
Краіна пустая, прасцяг анямелы,
Бы аркуш паперы няспісаны белы.
Ці Госпада палец пісаць на ім будзе
(За літары ж Богу паслужаць тут людзі),
І ён, Бог, паведае праўду святую:
Што любасць усім чалавецтвам кіруе,
Што свет уратуюць святыя ахвяры,
Ці Бога няпрыяцель прыйдзе паджары
І ў кнізе той мечам сваім аддрукуе,
Што род чалавечы павінен быць скуты
І славіць у свеце патрэбна ўсім путы?
На белае пространі вецер шалее,
Снег з лёту ўздымаючы ў неба – завея!
Ды снежнае мора, узнятае з ложа,
Бясконца ў паднеб’і віхурыць не можа.
Аціхне – і падае цяжка з-пад хмары
Ўжо белымі злепкамі ўніз на абшары.
А там – несутрымны ўраган вылятае
З-пад полюса самага ды замятае
Ажно да Эўксіна прасторы з разбегу,
Спрэс гонячы перад сабой хмары снегу,
Сустрэчных глынаючы – гэтак, бывае,
Ў пустыні лівійцаў самум засыпае.
У роўнядзі нуднай, у шалях завеі
Часамі снягоў белізна зачарнее,
Бы выспа на моры. Ды гэта не мроі:
З-пад снегу тапырацца елкі ды хвоі!
А там што за дзіва: хваіны звалілі,
Аскрэблі і так-сяк у стосы злажылі,
Накінулі дахі й жывуць там вякамі,
Назваўшы іх, гэтыя злепкі, дамамі.
“Дамоў” гэтых тысячы ў полі вялікім,
І ўсе як адзін – і памерам, і лікам.
Дымы над дамамі – бы шапак плюмажы,
Акенцаў рады ў іх – нібы патранташы.
Дамы – то паўкругам, то ў шэраг пасталі,
І горадам полк іх бязладны назвалі.
Сустрэліся мне і тутэйшыя людзі –
Мядзвежыя каркі, шырозныя грудзі.
Як поўначы дрэва, як звер з гэтай пушчы,
З іх кожны бадзёры, здаровы, трывушчы.
Ды ў кожнага твар – як і гэта краіна:
Адкрытая, дзікая пустка-раўніна.
З іх сэрцаў агонь, як з вулканаў падземных,
Не выплыў да твараў, зямлістых, таемных
І не запаліў вусны ўзнёслым гарэннем,
Не лёг на чало ім нязгасным праменнем,
Што носяць на Захадзе людзі і Ўсходзе –
Там столькі падзей праплыло праз стагоддзі,
Было столькі ўзлётаў, і слёз, і адчаю,
Што кожны там твар – гэта летапіс краю.
Тут, як гарады, нават вочы людскія:
Вялікія, ясныя – іх ніякія
Ўвільготніць не змогуць няшчасці-ўзрушэнні,
Амаль не засмужаць і жаласці цені.
Прыгожыя, чыстыя – толькі здалёку,
А глянеш углыб – пуста, жудасна ў зроку.
Людзей гэтых цела – закрыты, без вокан,
З схаванай душой – сонным вусенем – кокан,
Зіму ўсю ён грудкі сабе толькі робіць,
Не выпусціць крыльцы яшчэ, не аздобіць.
Калі ж гляне вольнасці сонца ў ваконкі,
Што ж вылеціць раптам з тае абалонкі?
Ці ясны матыль пад праменнямі мая,
Ці выпаўзень цемрыва – соўка начная?
Крыжуюцца ў пространі голай дарогі.
Іх не караванаў пратоптвалі ногі,
Не госці-купцы з іхным сальцам ды шмальцам,
А цар у сталіцы накрэсліў іх пальцам.
Калі ж натыкаўся той палец уладны
На польскую вёску ці замак паглядны,
Іх цар безадмоўна раўняў там з зямлёю,
Займаючы месцы дарогай сваёю.
Дарог тых не ўбачыш пад снегам у полі,
Ды ў пушчаў прасеках іх згледзіш міжволі.
Блішчаць, бы між скаламі плыні рачныя,
Кіруюць на поўнач яны ўсе, прамыя.
Хто ж ездзіць па іх? Мчыць во конніца чвалам –
Сняжком зацярушаны полк. Валіць валам
Вунь там пры гарматах – за ротаю рота –
У чорных шарэнгах “царыца” – пяхота.
Адны войскі царскім пасланыя ўказам
З усходу на поўнач – суцішваць там хаты,
Другія ж з той поўначы – біцца з Каўказам.
За што? Для чаго? Не пытаюць салдаты.
Во бачу між вояў мангола: твар плоскі,
Скуласты, чырвоны, глядзіць косым вокам.
Там – бедны ліцвін, селянін з нейкай вёскі,
Збляднелы, журботны, ідзе хворым крокам.
Там стрэльба англійская блісне, там – лукі
Нясуць калмыкі – ледзякамі іх рукі.
Чыны ж дзе? Глядзіць важны немец з карэты,
Ён Шылера ў мроі спявае куплеты
Ды плёткай частуе салдат. Там – гулліва
Насвіствае песню француз. Свету дзіва –
Філосаф вандроўны, кар’еры шукальнік,
Ён чыну калмыцкаму роўны ж начальнік, –
Падсеўшы ў вазок, шэпча ў вуха па-свойску,
Каб меней харчоў ім закупліваць войску:
Палова памрэ салдатні – што ж такое?
Палова казны зберажэцца затое.
Ім ордэн дасць цар за яе зберажэнне,
І будзе ў чынах абаім павышэнне.
Нясецца кібітка – і ўсё перад ёю
Убок адступае, імклівай такою –
Пяхота, абозы, гарматы, лафеты
І нават начальнікаў грозных карэты.
Імчыцца кібітка. Жандар пад рабрыну
Б’е возніка: жыва! І той без упыну
Салдат грэе пугай: з дарогі, з дарогі!
Эгей! Не трапляй, разявака, пад ногі!
Хто ж едзе там? Лепш не ўскрываць таямніцу:
Жандар жа ў кібітцы! Кіруе ў сталіцу.
Вязе ён мо царскім загадам кагосьці?
“Відаць, там сядзяць з-за мяжы ягамосці, –
казаў генерал. – О, улоў тут багаты!
Мо прускі кароль тут, французкі ці саскі?
Ці немец, пазбаўлены царскае ласкі?
І цар загадаў пасадзіць іх за краты?
Ці пруць то важнейшага чына якога?
Мо гэта Ярмолава ўзялі самога?
Хто знае? У вязня зірк дзікі, адважны.
Хоць ён на саломе, ды чын, мусіць, важны.
Вунь колькі вазоў за ім – доўгія цугі.
Картэж яго, пэўна, прыдворныя слугі.
Але ж як глядзяць яны! Смела без меры!
Тады гэта, можа, цара камергеры,
Вяльможы альбо генералы якія?
Ды што гэта значыць? Там – хлопцы малыя!
Куды ж іх нясе па мяцелістым свеце?
Мо то караля паланёнага дзеці?”
Вось так між сабою начальства талкуе.
Тым часам кібітка ў сталіцу прастуе.
ПЕЦЯРБУРГ
З пачатку Рыма і часоў Элады
Сяліўся каля храмаў божых люд.
Яшчэ ў гарах – схавацца б ад прыблуд –
Ды ў пушчах, дзе ля рэк жывуць наяды.
Так Спарта ўзнікла, Рым, краса Афін.
У век гатычны шэрагі хацін
Ляпіліся вакол муроў барона,
Дзе ўсім была ў час войнаў абарона.
Шмат хто яшчэ сяліўся ля ракі,
Дзе гарады ўставалі праз вякі.
Пад неба ўзнеслі іх якіясь боствы,
Якіясь абаронцы ці рамёствы.
А хто сталіцу рускую ўзвёў?
Што прывяло пад выстылае сонца
Славян да гэтых во глухіх краёў,
Прыхопленых у мора і ў чухонца?
Тут слота, сівер у палях пустых,
Не шмат зямля даруе людзям хлеба.
Яе то студзіць, то аж паліць неба,
Што, як тыран, змяніцца можа ўміг.
Ды цар сказаў: “Тут будавацца будзем!”
І праз дрыгву пашыбаваў наўпрост.
Так ён заклаў імперыі фарпост –
Сабе сталіцу, ды не горад людзям.
Ён загадаў забіць у торф вякоў
Сто тысяч паляў – цэлую дуброву.
Туды ўтаптаў сто тысяч мужыкоў
Сталіцы гэтай прагнай у аснову.
Пасля ў вазы, у тачкі, ў караблі
Цар упрагаў другія пакаленні,
Каб звозілі сюды пясок, каменні,
Адборны лес, граніт з усёй Зямлі.
Згадаў Парыж і вось Парыжа пляцы
Будуюць тут. Успомніў Амстэрдам –
І дамбы насыпаюць, як і там.
Чуў пра палацы Рыма – і палацы
Такія ж ставяць. А ці ж свету цуд –
Венецыю – не выштукаваць тут?
Яна здаўна ўсіх вабіць, як сірэна,
Там стоячы ў вадзе вышэй калена.
Такія й тут каналы праляглі
І пад масты гандолы паплылі.
Венецыя, Парыж і Лондан новы!
Ды… без красы прыроднай – іх асновы.
У дойлідаў ёсць прымаўка адна:
Пабудаваны Рым людской рукою,
Венецыя – багамі. Хто з відна
Агледзіць горад – скажа ўслед за мною,
Што Пецярбург узвёў сам сатана.
Тут вуліцы прастуюць да ракі.
Даўгія, быццам у гарах цясніны.
Дамы з камення, з цэглы – на вякі.
Ёсць гмахі толькі з каменю і гліны.
І роўнае ўсё: дах, сцяна, балкон –
Бы на парадзе войска батальён.
А надпісаў на сценах – да карнізаў!
Нібы калісьці ў Вавілоне, зноў
Тут цэлае стаўпатварэнне моў.
Во надпіс на дзявярах: “Тут хан кіргізаў
Ахмет жыве, начальнік польскіх спраў,
Сенатар”. Там: “Мусье Жако. Іграе
Ў аркестры. Дворскі кухар. Навучае
Парыжскаму акцэнту. Збор збіраў
Гарэлачны. Наглядчык школ вучоны”.
Зноў надпіс: “Італьянец Джока. Ён
Рабіў для царскіх фрэйлін сальцісоны.
Адчыніць тут дзявочы пансіён”.
Яшчэ: “Кватэра пастара Дзінера,
Трох ордэнаў імперскіх кавалера.
У казанні сёння праз амбон
Вяшчуе людзям доказна даволі,
Што цар – для ўсіх нас папа з божай волі,
Што валадар сумлення й веры ён,
І заклікае браццяў кальвіністаў,
Сацыянінаў ды анабаптыстаў
Без спрэчак веру новую прыняць,
Каб, як гавора імператар рускі
І друг ягоны – венцаносец прускі,
Усіх у грамаду адну сабраць”.
Там надпіс: “Строі дамскія”, там – “Дугі”,
Там – “Цацкі”, “Ноты”, “Бізуны і пугі”.
Па вуліцах, адчуўшы палазы,
Нібы ў чароўнай панараме здані,
Нясуцца лёгка калымагі-сані,
Карэты, палягчэлыя вазы.
Вунь на вазку англійскім – барадаты
Фурман. У інеі – армяк шурпаты
Ды бровы, вусы: б’е бічом наўзмах.
Уперадзе імчацца ў кажушках
На конях казачкі – сыны Барэя –
Ды гікаюць. І перад імі тут
Шарахаецца ўбок сустрэчны люд,
Як качак чарада ад шугалеі.
Ад сцюжы людзі ўсе бягом бягуць,
Ніхто не спыніцца ля гурбаў белых,
Не паглядзіць з-пад веек заінелых.
Зубамі стукаюць, рукамі труць.
Густая пара валіць з губ слупамі,
Струменіцца ў паветры між дамамі.
Здаецца, нібы ў холад ледзяны
Не людзі тут во ходзяць – каміны.
А па баках людской бязладнай плыні
У дзве шарэнгі іншыя ў той стыні
Прастуюць важна – бы касцельны ход
Ці на рацэ ў час крыгалому лёд.
Ім цёпла ў футрах гожых – бы якая
Тут сабаліная зляцела стая.
Хоць і мароз, ды што ён людзям тым?
Паходка ж важная: парой такою
Сам цар прывык прайсціся пехатою,
Ну і царыца, дворня ходзіць з ім.
За кім – хто, знаюць: першыя, другія…
Бы шулер карты скінуў гульнявыя.
Кароль, тузы, там – дамы, там – вальты,
Там – з чорных, там – з чырвоных, маладыя,
Старыя і няведама якія.
Па два бакі ідуць – хто паўз платы,
Хто па тэрасах, што блішчаць гранітам.
Уперадзе ж – высокія чыны.
Во нехта ў кажушку напаўраскрытым –
Каб бачылі яго ўсе ардэны.
Таўсты, як жук, паўзе ён і паклонам
Вітанне першым толькі шле персонам.
Як пікі тонкія, два фарсуны
Ідуць, гвардзейскія малакасосы,
Папругай перацятыя – што восы.
А вунь чыноўнікі двара – яны
Глядзяць, каму б у пояс пакланіцца,
Каго б стаптаць і ад каго б стаіцца.
Перад дваровымі гнучыся ў рог,
Як скарпіёны, поўзаюць ля ног.
Мільгаюць дамы ў цэнтры матылькамі
Пад капялюшыкамі, пад плашчамі.
На кожнай не які – парыжскі ўбор,
А ножкі ў чаравічках на падбор.
Іх твары – белы снег і, нібы ракі,
Чырвоныя. Во падаюцца знакі –
Двор ад’язджае. І да ўсіх паноў,
Як да плыўцоў чаўны, ланцуг вазоў
Унь падплывае ўжо. Усе садзяцца
І да цяпла ў жытло сваё імчацца.
Астатнія пяшком ідуць дамоў –
Хутчэй сагрэцца б ля сваіх дымоў.
Забухае з іх нехта кашлем гулка,
Ды скажа, рады: “Ну ж была прагулка!
Цара пабачыў, з пажам побач быў
І генералу там паклон адбіў!”
Гуляла купка й іншаземцаў тут,
Адметных і абліччам, і адзеннем.
Вачмі акідвалі прахожы люд,
На горад жа глядзелі з задуменнем.
У сцены ўсë ўзіраліся, ў шчыты,
У пабудоў жалеза, у граніты,
Бы вывучалі, а ці моцна збіты
Тут кожны дом і гмах-палац круты.
І думка ўспыхвала ў вачах панылых:
Зваліць іх, гмахі, чалавек не ў сілах!
Пайшлі ўсе. Ды застаўся пілігрым
Адзін з тых адзінаццаці. Зласліва
Ўсміхнуўся ды па камені гняўліва
З пагрозай даў ён кулаком цяжкім.
І склаўшы рукі, ў гмах цара высокі
Уткнуў, як два нажы, свае два вокі.
Так на філістыянаў з-за калон
Глядзеў калісьці ў ланцугах Самсон.
На пілігрыма думны твар суровы,
Бы саван, клаўся морак вечаровы.
Здавалася, бы ноч, з-пад неба дзень
Зганяючы, спярша густы свой цень
Паклала на ягоным бледным твары,
Каб разаслаць адтуль па ўсім абшары.
Непадалёк, на вуліцы пустой
Другі якісьці чалавек маячыў.
Тут, у сталіцы, пэўна, быў ён свой,
Бо адараючы натоўп жабрачы,
Ён кожнага па імені вітаў,
Пра жонак, пра дзяцей усіх пытаў.
Адправіўшы галоту, на ўзбярэжны
Граніт апёрся й скіраваў свой зрок
На царскі гмах, на вежу, на канёк,
Ды зірк яго быў не такі мяцежны.
Калі ж ішоў галяк-салдат здалёк
Альбо калека – апускаў свой зрок.
Стаяў і думаў доўга, к небу рукі
Узняўшы з выразам нябеснай мукі.
Бы той анёл, што захацеў з нябёс
Сысці да душ цысцовых і іх лёс
Аблегчыць, нейк, убачыў, як народы
Пакутуюць вякі на свеце тым
І што чакаць збавення доўга ім:
І ці ён блісне, той прамень свабоды?
Стаяў так доўга думны чалавек,
І слёзы ў снег ліліся з-пад павек.
О, Бог збярэ ўсе слёзы, падрахуе,
За кожную з іх шчодра аддаруе.
Быў позны час. На вуліцы адны
Стаялі незнаёмцы два. Яны
І пазіралі ў кожны бок не строга.
Другі з іх да прышэльца падышоў:
“Мой браце, ты, як бачу, з прыбышоў.
Адзін сумуеш. Мо табе што трэба?
Вітаю тут цябе я ў імя Неба.
Я – хрысціянін верны і паляк:
Крыж і Пагоня – во зірні – мой знак”,
Ды чужаземец, думкамі заняты,
Не адказаў, адтуль падаўся прэч.
Назаўтра ўспомніў, калі выйшаў з хаты,
Ён тую цікавейшую з сустрэч.
Хто ж гэта быў? Цяпер, калі спаткае
Яго, то не міне ўжо, затрымае.
Хоць рысаў твару й не запомніў ён,
Ды голас быў яму нібы знаёмы
І чымсь душу лагодзіў, незнікомы.
Ці гэта пілігрыму сніўся сон?
Пераклаў з польскай
Кастусь Цвірка
Публікуецца на сайце з ласкавай
згоды Беларускага Літаратурнага Аб'яднаньня
"Белавежа"
|